epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Простае пытанне

Пасля званка з задняй парты восьмага «А» ўстаў Андраюк Міша ды спытаў:

— Мар’я Іванаўна, скажыце, што такое каханне?

Памаўчаўшы крыху, класная заявіла:

— Цяпер, Міша, у нас Лермантаў. На перапынку падыдзі да мяне, і я скажу.

Вы думаеце, яна адвязалася ад яго?

Пасля ўрока ўжо дабягала да настаўніцкай, як вучань яе перапыніў.

— Мар’я Іванаўна, вы абяцалі мне расказаць, што такое каханне!

— Абяцала...— разгубілася яна вінавата.— О! Сёння, Міша, якраз я дзяжуру па школе да вечара і, разумееш, мне не да цябе!

— А калі скажаце?

— Ну-у... мо... А ты дома спытай у сваёй мамы!

Назаўтра Андраюк чакаў класную ў вестыбюлі.

— Я пытаўся ў мамы, яна не ведае. Сказала, каб растлумачылі вы.

— Гм... Дарагі Міша, як табе ўталкаваць больш зразумела... Ну, слухай! Ты маму сваю любіш?

— Люблю!

— І брата, і сястру, і мяне, сяброў, з якімі ў хакей гуляеш ды ў кіно ходзіш?

— І іх!

— Ну, дык чаго ж ты яшчэ пытаеш, калі сам ведаеш?

— Тады што такое дружба? Не, Мар’я Іванаўна,— закруціў ён галавой, расчараваны ў настаўніцы.— Паміж каханнем, любоўю да мамы і сяброў — розніца. Але — якая, каб хто растлумачыў? — уздыхнуў ён заклапочана.

«Вось і выраслі мае дзеці! — падумала яна журботна аб сваіх выхаванцах, якіх вяла з пятага класа.— Што ж, гэтага трэба было і чакаць. Трэба пагаварыць з дырэктарам і арганізаваць школьны дыспут».

І ў актавай зале ў бліжэйшую суботу ідзе ўжо дыспут на тэму: «Што такое каханне і што такое дружба». Выступаюць вопытныя людзі, заслужаныя дзеячы мастацтва, нават — адзін прафесар, які прыводзіць вельмі разумныя словы класікаў — ад грэчаскіх да сучасных. Усе гэтыя цытаты для выхаванцаў Марыі Іванаўны — гарох аб сценку. Ім трэба гаварыць канкрэтна, але што і як — класная і сама не ведае.

У зале моладзь сумуе — такога дыспуту лепш было б і не пачынаць. Сыплюць у прэзідыум яхідныя запіскі — так, усё ж такі, што такое каханне і якая розніца паміж адным і другім?

Раптам слова бярэ стараста восьмага «Б», пятнаццацігадовая Таня Гайко.

— Пра што тут доўга гаварыць — гэта ж так проста! — заяўляе яна ды ставіць кропкі: — Каханне, як сказаў паэт, словамі не акрэсліш, яго трэба адчуць сэрцам! А розніца паміж адным і другім такая: калі ты з хлопцам можаш у адным пакоі спакойна рабіць урокі — гэта будзе дружба, калі не — каханне!


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан