Калі яшчэ Скідэль быў райцэнтрам, адправіліся мы аднойчы з Міхасём Васільком на яго радзіму праводзіць літаратурнае выступленне. Ехаў я і трывожыўся. Быў звычайны рабочы дзень, і не верылася, што выйдзе якая-небудзь карысць з нашай задумы. Сказаў я пра гэта Васільку, але Міхась прамаўчаў.
Прыбылі мы нарэшце ў Скідэль, зайшлі да начальства. Старшыня райвыканкома павёў нас у раённы Дом культуры. Па дарозе пахваліўся:
— Клуб у нас — новы, павінен вам спадабацца!
— Каб толькі былі ў ім людзі, каб недарэмна мы прыехалі! — заклапочана заўважыў я.
— Гэта наша бібліятэкарка прыдумала! — з раздражненнем прамовіў старшыня райвыканкома.— Я загадчыцы прапанаваў вечар на суботу вызначыць ці нядзелю, але яна ўперлася і — хоць ты што хочаш рабі з ёю, ведаеце, якія жанчыны ўпартыя?! Нічога, будзе мала народу, загадаем дырэктару школы прывесці вучняў старэйшых класаў, школа тут побач.
Міхась толькі хітра ўсміхнуўся.
Падыходзячы да клуба, яшчэ здалёк я ўбачыў фурманкі. Такое скапленне іх бывала толькі да вайны на кірмашах у мястэчках. Вазамі вакол новай будыніны былі літаральна забіты ўсе двары. Людзей не відаць. Распрэжаныя коні спакойна жавалі сабе аброк з торбаў. Ля сцен і платоў зіхацелі лакам шарэнгі веласіпедаў і матацыклаў.
— Вось і наш клуб! — аб’явіў узрадаваны старшыня.
Аднак увайсці ў яго было не проста. У калідоры мы наткнуліся на цесную сцяну людскіх спінаў і завязлі. Старшыня тады павёў нас хітрымі хадамі, і апынуліся мы адразу на сцэне. Зірнуў я ў залу, а там — галовы, галовы, галовы ды ў прагным чаканні напружаныя цікаўныя вочы.
Пачалі мы распранацца, складваць плашчы на крэслы.
На літаратурных вечарах заўсёды прытрымліваюцца няпісанага закону, падказанага жыццёвым вопытам,— слова даюць перш за ўсё празаіку, а ўжо затым — паэту.
Старшыня аб’явіў:
— Сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі лічу адкрытай. Першым перад вамі выступіць Аляксей Карпюк. Калі ласка, таварыш Карпюк, просім!
Не паспеў я дайсці да трыбуны, як у зале нехта выгукнуў:
— А чаму яго-о?
Другі азваўся ўжо смялей:
— Васілька-а нам давай!
Трэці закрычаў на ўсё горла:
— Што ты нам якогось Карпюка сунеш, мы прыехалі не яго слухаць!
Во становішча, што рабіць?
Ад сораму гатовы я быў праваліцца праз падлогу, але дошкі насцілу не расступаліся.
Апусціўшы галаву, цалкам разгублены, пад абстрэлам соцень вачэй, некалькі хвілін я бяссэнсава перабіраў старонкі сваёй кніжкі.
На падмогу прыйшоў старшыня:
— Таварышы, таварышы, што за шум, чаго вы хвалюецеся? Наш паважаны Міхась Восіпавіч выступіць абавязкова! Выступіць потым! Пацярпіце! — стаў ён упрошваць аўдыторыю.— А покуль што паслухаем, давайце, мы...
Яму не далі гаварыць — узнялася цэлая бура:
— Васілька-а!
— Міхася-а нашага!
— Мы хочам толькі яго-о!
— Няхай нам прачытае «Як я пана перанёс»!
— І «Эх, гарэліца мая, што ты вычаўпляеш»!..
— «Век дваццаты, век харошы, абы грошы, толькі б грошы!..»
— І пра бульбу: «Бульба парана, пячона, бульба сёння, бульба ўчора!..»
Тут я ціхенька сышоў з трыбуны. Было невыносна сорамна. У той жа час я па-харошаму пазайздросціў паэту.
Гэты чалавек мог сказаць, што жыў на свеце недарма.