epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Пстрычка

Падземны пераход ад станцыі метро Свердлава да Ахотнага рада якраз пуставаў, таму сцэнку гэтую Макар Кірылавіч бачыў у развіцці.

Па мармуровых плітах ішла пажылая кабеціна з абшарпанай сумкай пад пахай, якія калісьці называлі рыдыкюлем, а бліжэй да Макара Кірылавіча, з моднай сумачкай цераз плячо, крочыла дзяўчынка-падлетак. Міні-спаднічка ў дзяўчынкі зусім адкрывала цыбатыя незагарэлыя ногі. Яна крочыла лёгка, бытта не нагамі яна перабірала, а двума, добра пеленгаванымі пальчыкамі.

Макар Кірылавіч вызначыў, што перад ім — васьмікласніца.

Такія падлеткі ўжо многа чаго ведаюць, аднак веды іхнія яшчэ не сталі перакананнем. На пяцёрку такія прадэкламуюць перад класам «Маналог Любы Шаўцовай перад расстрэлам» і на вуліцы не прапусцяць ні адной вітрыны, каб не палюбавацца на свой адбітак. Яны вельмі чулыя на крыўду, а найбольшым аўтарытэтам для іх з’яўляюцца чамусьці ўжо не бацькі і настаўнікі, а — такія ж цыбатыя Люські, Светкі, Галькі. Адным словам, у галаве ў такіх яшчэ гарох з капустай, і што з іх вырасце, ведае адзін толькі бог.

Макару Кірылавічу прыйшлі на памяць яго дочкі. І яны не зналі ні бяды, ні гора, ды ўмелі яшчэ толькі браць. Чалавеку чамусьці зрабілася трывожна.

Уперадзе ўжо загулі трыбы на эскалатарах, а сярод залы паказаліся нікеляваныя парэнчы — там пераход апускаўся ўніз. Бабка пачакала падлетка ды паскардзілася:

— Дзевачка, я надта баюся ўзыходзіць на рухомую лесвіцу, галава кружыцца!.. Ты мне паможаш, дочачка, добра?

Дзяўчо са здзіўленнем хмыкнула, як бы спалохана азірнулася, ці не бачаць такой ганьбы сяброўкі, але хударлявая кабеціна з прамяністымі маршчынкамі ля вачэй ужо ўшчаперылася ў яе тонкую руку.

Макар Кірылавіч здзівіўся, чаму старая не звярнулася з такой просьбай да яго. Што ж, даглядаючы недзе вось такіх унучак, мабыць, мыючы, гатуючы ды прыбіраючы за імі, бабка захацела цяпер сплаты,— разважаў ён і пра незвычайную пару на нейкі час забыўся.

Пераход скончыўся. Макар Кірылавіч пакрочыў механічна да гафрыраванай дарожкі, якая збягала ўніз, зірнуў убок і зноў убачыў знаёмых.

На правы эскалатар, бытта збіраючыся нырнуць у калодзеж, намервалася ўзысці тая самая кабеціна. Зводдаль паказаліся матросы; цыбаты падлетак трымала бабку так, каб яны бачылі, якая яе спадарожніца недарэка, але што яна, дзяўчынка, тут ні пры чым.

Нічога яшчэ не падазраючы, Макар Кірылавіч спакойна ўзышоў на лесвіцу.

Не адпускаючы дзяўчыны, баязліва, бытта ў агонь, ступіла, нарэшце, на рухомую сходку і старая ды свабоднай рукой хутчэй цапнула за гумавы пасак. Пасак гэты ў самым пачатку ідзе не сінхронна з лесвіцай, калёсікі перадач, бытта тракі гусеніц на танку, нясуць гуму ўверх.

Жанчына спалохалася: ногі яе ехалі ўніз, а руку імчала ўгару. Урэшце яна здагадалася адпусціць гумовы пасак, але адразу страціла раўнавагу і ўпала на гафрыраваную дарожку. Разам з бабкай паляцела і сумка, з якой са звонам пасыпаліся бутэлечкі з лякарствам, бігудзі, акуляры. На падмогу старой зверху кінуліся матросы.

Як толькі старая пачала падаць, маладая пстрычка са жвавасцю козачкі адскочыла назад і апынулася на другім эскалатары. Часта перабіраючы нагамі, яна ў момант дагнала Макара Кірылавіча і, бы вінаватая школьніца, зыркнула ўбок.

Там бабку трымаў ужо рыжы матрос у бесказырцы, а яго сябры ў чорных бушлатах спрытна збіралі бабчын скарб ды запіхвалі яго ў старэнькі рыдзікюль.

У жанчыны Макар Кірылавіч заўважыў дакладна такі самы выраз, які бывае ў яго цешчы, калі яе пакрыўдзяць унучкі і крыўду старая пераносіць у сабе. Ён перавёў позірк на суседку.

— Я ж яе зусім не ве-едаю! — ні то паскардзілася, ні то паведаміла дзяўчо голасам, разлічаным і на тое, каб яе пачулі матросы.

Яна нявінна паціснула худзенькім плечуком, сваімі падсіненымі вачыма пашукала ў Макара Кірылавіча спачування ды заявіла ўжо больш упэўнена:

— Прывязалася да мяне нейкая, от яшчэ!..

Чалавека разабрала злосць.

Адчуваючы бяссілле ад таго, што пстрычку гэтую зараз не пераканаеш ніякімі словамі, Макар Кірылавіч механічна, як гэта рабіў не раз са сваімі дочкамі, калі тыя з-за яшчэ адной моднай кофты ці новых басаножак давядуць маці да слёз, з усяе сілы шпарнуў падлетка па худой попе.

Яна не азвалася, толькі ў спалоханых вачах дзеўчаняці ён улавіў так добра знаёмую нянавісць. І раптам усвядоміў сабе толькі цяпер, што дамастроем у такіх выпадках нічога не даб’ешся. Адчуваючы непапраўную страту, ён падумаў і пра сваіх дачок: дзе ён, калі іх выпусціў са сваіх рук?


1976-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан