epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Разважанні аб храбрасці

У Судане водзіцца вялізная змяя аскала. З яе скуры робяць сумкі, туфлі, партфелі. А ловяць змяю так.

Босы суданец мажа нагу вярблюджым тлушчам, кладзецца ля нары. Прывабленая цяплом чалавечага цела, аскала высоўваецца з нары. Калі б нага варухнулася, змяя імгненна абвілася б вакол чалавека і патрушчыла б яму косці. Суданец ляжыць нерухома.

Бяспечная аскала пачынае заглытваць нагу — яна няздольная зразумець, што нага гэтая з целам. Калі дабіраецца ўжо вышэй калена, паляўнічы сядае і дастае нажыска. Ён цяпер спакойна садзіць лязо ў зяпу ды ўздоўж сваёй нагі распорвае, як панчоху, аскале галаву, затым — шыю, тулава...

Ці патрэбна для гэтага геройства?

Тады і нашыя бабкі, што ловяць п’явак, былі б гераінямі. Такая бабуля ноччу з хаты баіцца і носа высунуць, а залезе ў балотную цёплую лужыну, стоіцца ды стаіць мінут з пяць. Затым вяртаецца на грудок, скідвае з лытак п’явак сабе ў слоік ды лезе ў балота зноў.

Нашыя продкі магутнага зубра заганялі на лёд, дзе ён станавіўся бяссільным ды рахманым, як спутанае цяля. Да барадатага валадара пушчы падыходзіў хударлявы мужычок у саматканай світцы, не спяшаючыся, пляваў сабе на далоні, узнімаў доўбню, аглушаў паўтаратоннага звера ды пераразаў яму горла.

Храбры быў першы суданец, які перамог гэтак аскалу. Храбры быў і першы дрыгвіч, які забіў гэтак зубра і ўратаваў ад галоднай смерці сваю сям’ю. Для астатніх такое паляванне — рамяство без рызыкі.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан