epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Рэквіем

Раздзел першы
  1
  2
  3
Раздзел другі
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
Раздзел трэці
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
Раздзел чацвёрты
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
Раздзел пяты
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
Раздзел шосты
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
Раздзел сёмы
  1
  2
  3
  4
Раздзел восьмы
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
Раздзел дзевяты
  1
  2
  3
  4
  5


 

Раздзел першы

 

1

Як звычайна, сабраўся я на работу, ды пазванілі з абкома — прыйсці туды.

Мікіта Іванавіч Паляшчук з арганізацыйнага аддзела сустрэў мяне з таямнічай усмешкай:

— Заходзь, заходзь, зараз пачуеш!

Па яго твары відаць — чалавеку не церпіцца сказаць прыемную навіну.

Я насцярожана прысеў.

— Прыехаў пасол з ПНР узнагароджваць трынаццаць партызан, што дзейнічалі ў вайну на польскай тэрыторыі. Табе, ведаеш, што належыць? Залаты крыж ордэна «Віртуці мілітары».

Падзеі дваццацігадовай даўнасці паспелі грунтоўна легчы на самы спод маёй душы. На іх нагрувасціліся такія напластаванні, што ў першую хвіліну вестка мяне не вельмі і ўзрадавала. Хутчэй — здзівіла:

«А і праўда, быў я некалі партызанам, нават камандаваў цэлым атрадам, толькі ж усё гэта адбывалася так даўно!..»

— Мне-е?!.— не верылася аніяк.

— Табе, табе.

— Здрасце, калі ўспомнілі!..

Гаварыў я так, аднак свет паступова для мяне пачынаў харашэць, набіраць сэнсу і чароўнасці.

— Нябось здаволены, прызнайся? — не даваў мне апамятацца Паляшчук.

— Гм... Успомніў! Пару гадоў таму бралі ў мяне весткі для ўзнагароды і казалі, што ўказ аб’явяць у час юбілею Польшчы! Нядаўна ў ПНР быў юбілей.

— Так ці інакш — узнагародзілі! Віншую! А цяпер, Аляксей, прасуй парадны касцюм і кашулю, наводзь глянец на туфлі і вечарам прыходзь у Палац тэкстыльшчыкаў.

— Ясна.

— Тады — дзейнічай!

К чалавеку я адчуў цёплую ўдзячнасць і гатоў быў яго цалаваць. Я зусім не хацеў з ім развітвацца, жадаў падзяліцца радасцю.

— Мікіта Іванавіч, ты ж таксама дыслацыраваўся апошні час вайны ў польскай Белавежы і твая брыгада, здаецца, адзін час там стаяла?!.

— Я пешкай быў.

— Не прыбядняйся!..

— Ладна, бяжы!.. Прабач, у мяне клопатаў столькі!.. Усё прадугледзець, сустрэча — на ўзроўні паслоў, этыкет трэ захоўваць, бы на Асамблеі ААН, і не дай бог хто яго парушыць — галаву знясе начальства! Будзь здароў!

Паляшчук бесцырымонна выправадзіў мяне з кабінета.

Ліха на яго, хоць бы падзяліцца з кім падзеяй гэткай, абдумаць і абмеркаваць услых!

Пад вечар я быў ужо ў абласной бібліятэцы. Пакапаўся ў польскіх часопісах, разведаў усё пра свой ордэн. Нават прыгледзеўся да яго каляровай фатаграфіі. І ўсміхнуўся сам да сябе: «Лепей позна, чым ніколі!..»

 

2

І вось тая ўрачыстая мінута.

Поўная зала, як кажуць, прадстаўнікоў грамадскасці, а на самай справе — добрая палова сяброў ды знаёмых. На сцэне, за батарэяй вазончыкаў з вогненна-чырвонымі гваздзікамі,— даўзёрны стол прэзідыума, на ім тры флажкі: чырвоны, чырвона-зялёны і бела-чырвоны. Асляпляльны свет юпітэраў. Нацэленыя кінакамеры на трыногах — няўклюдныя апараты тэлебачання. Каля іх з навушнікамі завіхаюцца заклапочаныя барадатыя аператары.

Шыкоўна апранутая публіка, ахопленая азартам чакання.

Запрашальныя білеты па ўстановах і прадпрыемствах раздалі ў апошнюю мінуту, не аб’явіўшы нават толкам, у чым справа. Людзі зразумелі адно: будзе цікава, бо прыехалі аж два паслы, наш — з Варшавы і польскі — з Масквы. У горадзе такога яшчэ, бадай, ніколі не бывала. Позіркі соцень людзей з цікавасцю і напружанай увагай імкнуліся на сцэну, за кулісы, адкуль, ім здавалася,— вось-вось вылеціць нешта надта цікавае.

Ніхто і не здагадваўся, што вінаваўцы ўсёй гэтай заварухі даўно ўжо ў зале.

Тыя, каго выклікалі для ўзнагароды, сядзелі па адным у розных радах. Я іх пазнаў па тварах — разгубленых, вінаватых і перапалоханых.

Бедныя, слаўныя хлопцы!

У прэзідыуме нарэшце з’явіліся людзі, і зала заапладзіравала. Нехта сказаў у мікрафон пару слоў. Гарнізонны аркестр ускінуў трубы, якія аж гарэлі жывым золатам, і ўрачыста ды голасна, бы на гарадской плошчы, прагрымелі ўсе тры гімны.

Пасля кароткай інфармацыі ў прэзідыум паклікалі партызана Косцю Будніка.

Ад хвалявання і яскравага святла кумекаў я вельмі памалу. Ужо чалавек, спатыкаючыся на гладкім ходніку, прайшоў залу, узабраўся па прыступках на сцэну, ужо пасол — дабрадушны і пажылы пан з банцікам сівых вусікаў — прымацоўваў да грудзей ветэрану ўзнагароду, толькі тады я і звярнуў увагу на знаёмае прозвішча. Але ж вядомы мне Буднік быў вялізнага росту, а на сцэну выйшаў самы звычайны чалавек.

«Такіх прозвішчаў да ліха!» — супакоіў я сябе.

Зрэшты, прыглядацца не было калі. Выклікалі па алфавіце, падыходзіла мая літара, і мяне пачалі разбіраць дрыжыкі, агортваў жудасны і прыемны страх — трэба ж было з трыбуны сказаць ад імя ветэранаў некалькі слоў.

 

3

Пасля ўручэння ўзнагарод наладзілі нам прыём.

За сталамі ў банкетнай зале месцы займалі польскі пасол ды члены ваеннай місіі — генерал з маёрам. Побач з імі — пасол СССР у Польшчы і савецкія вайсковыя. Далей уладкаваліся кіраўнікі суседняга ваяводства на чале з сакратаром ваяводскага камітэта ПАРП ды — бытта памаладзелыя — кіраўнікі нашай вобласці. Сталы з пачастункам утварылі літару «Т». Усё кіраўніцтва расселася за верхняй перакладзінай гэтай як бы літары, а нам, узнагароджаным, дасталося месца па абодва бакі ножкі ад гэтага «Т».

Прэзідыум знаходзіўся ад мяне справа, зусім побач. Я прызвычаіўся бачыць сваіх кіраўнікоў заўсёды дзелавіта-строгімі і не мог цяпер глядзець на іх без спачувальнай усмешкі. Яны былі неяк па-жаночы мяккімі, ветліва-стрыманымі, па-святочнаму ўрачыстымі і крыху разгубленымі ды займаліся зусім не мужчынскай справай: са шчодрасцю хлебасольных гаспадынь стараліся дагадзіць гасцям.

У польскіх вайсковых — парадныя шнуры аксельбантаў на мундзірах, узнагароды. Многа ўзнагарод.

«Аднак такой, як у мяне, няма ні ў кога, нават — у генерала. Яна рэдкая.

Крыж зацвердзіў яшчэ ў 1772 годзе Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Цікавы кароль. Пры ім была аб'яўлена канстытуцыя. Устанавіў медаль для тых саноўнікаў, хто гаварыў горкую праўду ў вочы. Так яе і назваў: Sapere aude («Таму, хто адважыцца быць мудрым!»). Першым крыжам «Віртуці мілітары» кароль, здаецца, узнагародзіў Тадэвуша Касцюшку. У 1919-м крыж аднавілі. Яшчэ раз аднавілі яго ў 1943-м, пасля бітвы пад Леніна.

Ордэн мае пяць ступеняў, мая — самая высокая. З чыстага золата. Такім былі ўзнагароджаны зусім нямногія, а сярод іх — князь Генрых Дамброўскі, Тадэвуш Касцюшка. І вось — я... Ха-ха!»

Так выглядалі б у тую хвіліну мае думкі, калі б запісаць іх на паперы. Але ў маёй галаве мільганула ўсё гэта на працягу секунды, і прэзідыум за гэты час не паспеў нават заняць яшчэ месца — там усё спаборнічалі ў ветлівасці.

Разглядзеўшы добра начальства і насыціўшы гэтым сваю цікавасць, я перанёс увагу на нашу братву. Глядзеў я на яе з чуласцю. З кожным злучала нешта перажытае.

Злева ад мяне займалі месцы пяць, а насупраць — сем партызан — прысмірэлых, няўклюдных мужчын, якія яшчэ не прыйшлі ў сябе ад славы, што абрынулася на іхнія галовы. Не хваляваўся толькі супроць мяне мужчына інтэлігентнага выгляду. Я ўсё ніяк не мог успомніць — адкуль ведаю гэтага чалавека з высокімі залысінамі? Менавіта яго выклікалі па ордэн на сцэну першым.

Астатніх ведаў я лепш.

Якія гісторыі прыходзілі на памяць, якія асацыяцыі абуджала гэтая сустрэча!

Побач са мной круціўся, уладкоўваючыся на крэсле, Мішка Цыган. Ён сапраўды — цыган. Прыбыў да нас з Гута-Міхалін з белазубай тоўсценькай рагатухай — Валькай Кананчучкай. Яна, калі гаварыць чэсна, тады мне падабалася, я на яе заглядаўся нават і спрабаваў заляцацца.

Аднойчы, калі мы вячэралі ў будане, Валька з Мішам з-за нечага пасварыліся. І здарылася так, што я незнарок закрануў ботам яе нагу ды ў адказ раптам атрымаў нясмелы штуршок яе бота. На некалькі хвілін я абмёр. Потым скасавурыўся — ці не бачыць Мішка? — і націснуў наском мацней. Дзяўчына адказала зноў, на гэты раз ужо смела, і я адразу вырашыў дзейнічаць. Вальку пасля вячэры я прапусціў першай, хвіліну пачакаў ды кінуўся за ёй па сцежачцы. Аднак, прабегшы крокаў з дваццаць, убачыў яе ўжо... у абдымках Цыгана. Маё самалюбства было закранута надоўга, а Цыган з той пары на мяне пачаў дзьмуцца. Цяпер, калі нас вялі па калідоры, я паспрабаваў загаварыць, але ён нешта буркнуў і нядобра бліснуў на мяне цёмнымі вачыма — злуе, дуралей, дваццаць два гады.

Мішка нарэшце ўсеўся. Пад выгаралым кіцелем з новенькім крыжыкам «Грунвальда» віднеліся белая кашуля і гальштук. Карычневыя тонкія, са слядамі саляркі цыганскія рукі не мелі чым заняцца, таму церабілі махры абруса. Абстаноўка так бянтэжыла ветэрана, што ад напружання на лбе і скронях у Мішы густа выступілі кропелькі, кашуля змакрэла, гальштук з'ехаў пад кіцель, і ад напору жылістай, сяк-так паголенай шыі нацягнутыя ніткі ледзьве ўтрымлівалі гузік...

Я разумеў яго.

Працуе млынаром у глухой вёсачцы. Прывалаклі яго на гэты вечар, каб потым зноў, магчыма, доўга не ўспамінаць.

А раўнівы, чорт. Нават прывітання Вальцы не перадасі. Кажуць, шасцярых дзяцей яму нарадзіла. Я праходзіў каля таго млына і бачыў патаўсцелую і босую Вальку сярод прорвы гусей, качак і парасят...

Інтэлігент, які сядзеў насупроць, па-ранейшаму разглядваў людзей мудрымі і поўнымі спакою вачыма, а на яго твары застыла добрая і шчаслівая ўсмешка. Дырэктар школы ці настаўнік. Ды гэтаксама, як Цыган, з бліскучым «Грунвальдам» на грудзях. Толькі дзе ж бачыў я гэтага чалавека?

За Цыганам уціснуўся ў крэсла тоўсты Бакуноў. Той самы, які гадоў з дванаццаць таму назад, калі я быў дырэктарам сямігодкі, уляпіў мне ні за што вымову. Я з ім паспрачаўся з-за цэглы, якую ён не адпускаў на рамонт, і Бакуноў паабяцаў выцягнуць мяне на выканком, што неўзабаве і зрабіў. Прышыў нейкае глупства, я лёгка апраўдаўся, тады Бакуноў на хаду прыдумаў глупства другое. Пакуль я дзівіўся, вымова была ўжо запісана. Бакуноў яшчэ тады чытаў мне натацыі, хваліўся сваім партызанскім мінулым. А сам атрымаў толькі «Партызанскі крыж». Такім крыжыкам і атрадных кухарак узнагароджвалі...

«Паўзірайся, Бакуноў, у мяне — «Віртуці мілітары», што ў перакладзе з латыні азначае — воінская доблесць. Гучыць?! Яго даюць за сапраўдныя заслугі!»

Чорт вазьмі, як здорава! Бытта ў лазню прыйшлі. Распрануліся, склалі сваю вопратку і мундзіры, і цяпер крытэрыем у ацэнцы чалавека сталі не службовыя рангі, званні, а — зграбнасць постаці, мускулы, колер скуры, вытрымка твая супроць пары...

Адным словам, я быў настроены на легкадумную хвалю, мяне перапаўняла самахвальства. Ад шчасця быў я шчодрым і добрым, хацелася ўсіх абласкаць. Я надта шкадаваў раўнівага Цыгана, у душы хваліў яго, бо ведаў: «Грунвальда» таксама не даюць абы за што.

Начальства ўрэшце ўселася. Уселіся і партызаны. Хлопцы ўжо збянтэжана ўсміхаліся, пазіраючы на бутэлькі са стракатымі этыкеткамі, і чакалі адно каманды. Толькі той, хто сядзеў насупраць, заставаўся непарушны. Ён мяне цікавіў усё больш.

«І чаго так пазіраеш, бытта на пустое месца, бытта я табе зрабіў што кепскае?!»

Чалавек павярнуў галаву ў профіль, і тут мяне раптам нібы токам уразіла — Косця Буднік!

Як жа так, малодшы Буднік, брат афіцэра СД — тут?!. Не можа гэтага быць!

Аднак насупраць мяне сядзеў сапраўды ён. Сядзеў спакойна, упэўнена і з годнасцю. Успомнілася ўся мая ранейшая падазронасць да гэтага чалавека, і цяпер я пачаў у ёй сумнявацца.

Мажліва, я нешта зблытаў?!. Калі малодшы Буднік трапіў сюды, то і яго брат Мікалай павінен быў быць іншым чалавекам, чым той, за каго лічу Мікалая я. А мажліва, гэта — рэдкі выпадак, калі адзін брат быў на службе ў фашыстаў, другі — у нас? Але камандаванне ведала пра такія кантрасты ў сям’і Буднікаў, аднак чамусьці нічога не рабіла.

Ліха на яго, хто вытлумачыць мне, у чым справа?!

Тут сваё апавяданне я вымушаны вярнуць к даваеннаму часу, бо інакш нічога не будзе зразумелым.

 

Раздзел другі

 

1

Восенню 1939 года, пасля ўз'яднання Беларусі ў адзіную дзяржаву, мы з братам Валодзькам прыехалі ў толькі што вызваленую Вільню ды паступілі ў гімназію. Уладкаваліся ў інтэрнаце.

Мой Валодзька знайшоў сабе адразу равесніка-сябра — гэтага самага Косцю Будніка.

Ва ўсім інтэрнаце, мабыць, не было такога чалавека, які б не адчуваў да Косці сімпатыі. Ціхі і поўны мудрага спакою, гэты хлапец з якімсьці невясковым, вельмі далікатным, інтэлігентным тварам усіх купляў сваёй шчырасцю і ўвагай да субяседніка. Пагутарыўшы з ім хоць адзін раз, ты ўжо не мог забыць цяпла яго разумных, добразычлівых вачэй.

Аднойчы ў інтэрнат да нас заглянулі два старэйшыя хлопцы — Антон Лабовіч і брат нашага Косці — Мікалай. Памяць у мяне была яшчэ неперагружаная, і тыя хлопцы ўрэзаліся ў душу назаўсёды. Антон Лабовіч з колішняй Вільні — сёння быў высокім госцем, сакратаром суседняга ваяводскага камітэта Польскай аб’яднанай рабочай партыі, сядзеў зараз за сталом сярод урачыстай пашаны і ўвагі, а тады, у нашым інтэрнаце, яшчэ нічым не вылучаўся. Затое адразу кінуўся ў вочы яго сябар — старэйшы Буднік.

Калі я зайшоў да іх у пакой, Мікалай сядзеў на братавым ложку, і мяне ўразіла, што вялікая русая галава яго была недзе на ўзроўні маёй, хоць я стаяў. Госць быў амаль двухметровага росту, што з’яўляецца незвычайным і ў наш час, а столькі гадоў таму, як вядома, акселерацыі не ведалі.

Паяўленне волата выклікала ў інтэрнаце сенсацыю. З усіх паверхаў збегліся хлопцы ды пачалі адкрыта захапляцца. На маё здзіўленне, госця гэта не бянтэжыла.

— Ну, надзівіліся?! Шчэ не?.. То глядзіце! — падагнаў ён нас дзелавіта, жадаючы хутчэй скончыць з прыкрым абавязкам, ад якога ён увільнуць, аднак, і не думаў.

Волат нават устаў, з лёгкасцю спартсмена павярнуўся раз цераз левае плячо, раз цераз правае, а тады развёў даўзёрныя, як аглоблі, рукі, запрапанаваў:

— Давай мерайся, адно хутчэй!

 

2

Яго цярплівасць к нашаму захапленню пакарыла хлапцоў яшчэ больш. Але і гэта былі не ўсе яго козыры.

Хутка выявілася, што пры Пілсудскім у Віленскай беларускай гімназіі існавала падпольная камсамольская ячэйка на чале з волатам Буднікам, а яе членам якраз і быў гэты Антон Лабовіч. Сябры паводзілі сябе па-геройску, не прызнаваліся і нікога не выдалі. З-за недахопу ўлік шпікі Лабовіча выпусцілі, а Мікалая затрымалі.

Мікалай прасядзеў на Лукішках аж тры гады. Вырваўся з турмы толькі ў мінулы месяц — горад тады якраз заняла Чырвоная Армія і палітвязняў вызваліла насельніцтва.

Жыхары нашага інтэрната былі прагныя да ўсяго незвычайнага і ведалі цану геройству. Калі Мікалай Буднік прыйшоў у інтэрнат наступны раз, на яго ўжо глядзелі як на бога. Сябраваць з яго братам цяпер лічыў кожны за гонар.

Мікалай з Антонам Лабовічам у інтэрнат потым зачасцілі. У нас выбухалі гарачыя спрэчкі. Найбольш мы спрачаліся аб тым, каму павінен належаць горад. Жылі ў нас вучні рознай нацыянальнасці, і, вядома, кожны з гарачай упэўненасцю адстойваў свой пункт гледжання, бо ў юнацтве ўсё здаецца проста і ясна.

— Што з таго, што гэты горад служыў некалі сталіцай Літвы? — разважаў я.— Сталіцай Русі тысячу гадоў таму назад лічыўся Кіеў, а цяпер галоўны горад Расіі — Масква!

Шавіністы Пілсудскага дваццаць гадоў вялі такую палітыку, што законныя гаспадары горада — літоўцы не вельмі тады маглі ў Вільні нават пасяліцца.

— Ды і літоўцаў тут усяго пару тысяч! — дапамагаў мне Валодзька.

— Мальцы, паслухайце! — перабіў нас Бора Кацман.— Якое насельніцтва пераважае ў Вільні? Яўрэйскае! На Пагулянцы — адзіны ва ўсім свеце яўрэйскі навукова-даследчы інстытут знаходзіцца!..

— Выходзіць, Вільню трэ аддаваць вам, яўрэям?! — абурыўся мой брат і аж падскочыў да Кацмана з кулакамі.— Так, кажы?! А фі-фі не хо-хо?!

Шаснаццацігадовы Олек Амільяновіч з Сувалак — шустры і чорны як жук паляк, ад абурэння аж не знаходзіў сабе месца. Олек замітусіўся па пакоі, запратэставаў:

— Панове, гэта несправядліва! Тут жа знаходзіцца універсітэт Стэфана Баторыя, тут рабіў свае казані Пётр Скарга, тут бываў Адам Міцкевіч!.. Панове, Вільня — карэнны польскі горад!

— Да Беларусі далучыць яго, толькі да Беларусі! — патрабаваў мой зямляк — Міша Толуць.

Старэйшы Буднік толькі моўчкі нас слухаў. Нарэшце ён уздыхнуў і аб’явіў:

— Хлопцы, хлопцы, эх, каб усё было гэтак, як мы тут з вамі скажам ці пажадаем. Тут замешаны пытанні вялікай палітыкі, парады нашай ніхто не спытае.

Я раптам падумаў, як многія пакаленні маіх продкаў імкнуліся ў гэты легендарны горад над Віліяй, як нават на тых хлопцаў, што адно служылі ў віленскіх казармах у войску, на вёсцы нават дзеўкі інакш узіраліся.

— Як гэта — «ніхто не спытае»? — прыстаў я да Мікалая.— А Францішак Скарына дзе свае кніжкі друкаваў?! А дзе склаў галаву Кастусь Каліноўскі?! Дзе быў цэнтр Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі?!. Хто можа адняць ад нас калыску беларускай культуры?!

— Няхай толькі паспрабуе! — пацвердзіў пагрозу мой брат.

— А што вы зробіце? — спакойна спытаўся Мікалай.— Зрэшты, літоўцы могуць гэтак жа назваць не толькі сваіх асветнікаў, але і князёў, што тут уладарылі. Зірні на вежу Гедыміна. Залезь у склеп кафедральнага сабора — там іхнія труны... Калі гаварыць па-сапраўднаму аб калысцы нацыянальнай культуры, то Вільня больш іхняя.

Хоць я не здаваўся, крычаў і далей, аднак адчуваў няўмольную сілу яго доказаў.

Адным словам, старэйшы Буднік быў сярод нас самы бывалы і мудры і ростам перавышаў у інтэрнаце ўсіх; найбольш, мабыць, гэта хвалявала мяне, а калі выказаць той настрой словамі, то яны былі б прыкладна такімі:

«Эх, стаць бы і мне гэткім высокім! А што думаеш? Мікалай аж на чатыры гады старэйшы, і я, напэўна, яшчэ падрасту — бацька рос да дваццаці пяці гадоў. У гімназіі Косцеў брат авалодаў нямецкай і лацінскай мовамі і гадзінамі мог чытаць на памяць кавалкі старажытных ды сучасных класікаў, але ж гэта таксама нажыўное. От толькі шкада — зараз не саджаюць на Лукішкі... Эх, каб як-небудзь здабыць яшчэ і арэол такога змагара ды пакутніка за праўду!»

 

3

У Вільні давялося вучыцца нам мала.

Неўзабаве горад перадалі каму належала, мясціна і для нас стала называцца Вільнюсам. Мы з братам і Косцем Буднікам перабраліся ў Навагрудак. Антон Лабовіч паехаў у Беласток ды паступіў у педінстытут. Старэйшы Буднік трапіў у настаўніцкі інстытут у Гродна.

Ад Навагрудка да горада, дзе вучыўся старэйшы Буднік, было дзве сотні кіламетраў. Вакол тады адбывалася столькі перамен, што жыццё нашае нагадвала мільганне нейкай кінахронікі, і чалавек не паспяваў усяго нават як след адчуць, прадумаць, бо ўвесь час нібы трызніў. Але Мікалая я заўсёды меў на ўвазе. Усё пра яго ведаў праз Косцю.

Старэйшы Буднік быў сталінскім стыпендыятам. Ездзіў у Маскву на нейкі злёт, а потым выступаў па радыё. Артыкулы з яго прозвішчам мы з гонарам чыталі ў мінскіх газетах...

І раптам пачалася вайна.

Пацягнуліся трывожныя месяцы фашысцкай акупацыі. Для мяне яны былі тым больш невыноснымі, што я сядзеў дома без руху — у нашым краі не было ні партызанскай зоны, ні атрадаў, ні груп ў лесе. Вось тады я і спаткаўся са старэйшым Буднікам зноў. Спаткаўся пры незвычайных абставінах.

 

4

Ранняй вясной сорак другога года ў лес каля нашага хутара прыбылі дэсантнікі і праз былых падпольшчыкаў Кампартыі Заходняй Беларусі пажадалі мяне бачыць. Я і адправіўся ў лес на вызначанае месца.

На сустрэчу прыйшоў малады гаваркі лейтэнант Мішын. Мы з ім доўга гаварылі. Фактычна, я слухаў, а лейтэнант мяне настаўляў:

— Ведаеш, Аляксей, такія, як артыстка Белая, ужо ад’еліся, цяпер ім ладнага хлопца падавай! Не цырымонься, смела ідзі на збліжэнне, з выгляду ты — арол! А калі створыш умовы і зачэпішся — прывядзеш яе да нас! Далей — наш клопат!

Цяпер, праз дваццаць пяць гадоў, я бачу, што Мішын быў чалавекам легкадумным, але тады такім не здаваўся. Яго варанёны аўтамат, цыгейкавы каўнер дэсантнай курткі, казённая вушанка насілі сляды магутнага тылу, які знаходзіўся недзе далёка за лініяй фронту,— усё гэта напоўніла мяне гонарам і дадало сілы. Я з зайздрасцю падумаў, што ў такім дзеле, да якога падбівае мяне, Мішын сабаку з’еў, толькі ўзяцца за яго чалавеку самому не дазваляюць абставіны, таму гэта ён вымушаны даверыць другім.

А справа была вось у чым.

У Беластоку пачаў дзейнічаць «Беларускі камітэт» пад кіраўніцтвам былога выкладчыка Гродзенскага настаўніцкага інстытута — Хведара Ільяшэвіча. Камітэт выпускаў антысавецкую газетку. Збіраўся з беларусаў скалачваць батальён самааховы супроць партызан. Дапамагаў немцам вербаваць на заводы і шахты Германіі моладзь. Меў нават свой ансамбль...

Учора Ільяшэвічаў ансамбль прыбыў у мястэчка Гарадок — шэсць кіламетраў ад маёй вёскі. Сярод артыстаў знаходзілася і Белая, як называў яе Мішын. Яшчэ ён ведаў, што прозвішча яе — Варанцова.

Яна паходзіла аднекуль з Расіі, валодала цудоўным голасам і цяпер зарабляла сабе на харчы сольнымі выступленнямі. З ёй трэба было завязаць знаёмства.

І вось Мішын чамусьці вырашыў, што я — менавіта тая фігура, якая абавязкова зверне ўвагу прыгажуні, падпарадкуе яе спакутаванае па каханні сэрца, і гэта створыць умовы для здзяйснення планаў дэсантнікаў.

Правёўшы ноч ля вогнішча за размовай, вяртаўся я раніцой з лесу. Распірала грудзі ад нейкага ўзнёслага хвалявання, і ў той жа час мяне грызла сумненне ды разбіраў страх. Здольнасцей сэрцаеда, якога бачыў ува мне Мішын, я нешта ў сабе не заўважаў. Наадварот. З дзяўчатамі заўсёды я быў нясмелы, чырванеў, губляўся ды не ведаў, пра што гаварыць.

Па праўдзе кажучы, з самага пачатку мне было ясна, што заданне правалю, але — от дзіва! — я нават не мог сабе прызнацца ў гэтым. Я ўжо стаў марыць аб сустрэчы, поўнай таямнічага абяцання.

 

5

У той дзень я да абеду адсыпаўся.

З дому так проста не пойдзеш, патрэбен быў «саюзнік», і я пра ўсё расказаў брату. Тады начысціў да люстранога бляску боты, адпрасаваў галіфэ лейтэнанта, якога пры адступленні нашых войск бацька пераапрануў у цывільнае, затым надзеў белую кашулю ды пачаў завязваць гальштук. Назіраючы за ўсім гэтым, Валодзька соп ад страху, што маім планам перашкодзяць бацькі: калі ён хацеў нешта ўтаіць, заўсёды так голасна дыхаў.

Мама насцярожылася.

— Куды ты так выфранціўся, Аляксей? Людзі, гляньце толькі на яго! Народ гіне, вайна ідзе, а ты?! — надта здзівілася яна.

— Мо ён сабраўся да дзеўкі, то ісці загадаеце яму як лахману? — заступіўся за мяне брат.

Я пачырванеў і ледзь прыдумаў тлумачэнне.

Трэба заўважыць, наша мама пра артыстку ведала шмат. У яе была наогул цікавасць да ўсіх прыкметных жанчын, якія перад вайной прыбылі з Усходу. Мама балюча перажывала, калі жонка якога-небудзь савецкага афіцэра заляцалася да немцаў, бязлітасна такую кляйміла і ўжо надта ж ганарылася тымі, каторыя паводзілі сябе з прыстойнай годнасцю.

Белай мама спачувала. Перабіраючы ў памяці ўсё, што аб ёй было гаворана ў нашым доме, я па дарозе ў Гарадок вырашыў: пра артыстку мама ведала куды болей за Мішына і лейтэнанту варта было б першым чынам пагаварыць з ёй.

Паводле маміных звестак, сапраўды, перад вайной Варанцова з бацькам і маленькай дачкой прыехала к нам на гастролі. Белую немцы, калі занялі Беласток, не кранулі. Арыштавалі толькі яе бацьку, а ёй прапанавалі работу ў ансамблі.

— Што было рабіць нешчаслівай жанчыне, у якой на руках грудное дзіця, а жыццё бацькі вісела на валаску? — абараняла артыстку мама.

Белая згадзілася. Яна бытта не спявае нямецкіх песень, а — рускія, беларускія, польскія. І, кажуць, так спявае — хочацца аж плакаць.

У Гарадок прыбыў я пад вечар.

Мне пашанцавала. Белая пасялілася на кватэры ў Пятэльскіх. З іх Толікам і Нінкай пры Польшчы я вучыўся ў сямігодцы. На жаль, Толіка немцы вывезлі на работы, але сястра яго была дома. Я зайшоў да яе нібы ў госці.

— Толік — у Герма-аніі? — прыкінуўся здзіўленым.

— А ты хіба не ведаў? Мне тата выпрасіў даведку ў нашага бацюшкі, бытта я замужам. А падобную даведку Толіку айцец Уладзімір даць пабаяўся. Тата яго надта прасіў, але поп сказаў: «Ні за якія грошы хлапцу не выдам!»

Я пачаў развітвацца. Ніна ўзмалілася:

— Алёшка, пабу-удзь у нас, ты ж за вайну яшчэ ні разу не быў у мяне! Пагаво-орым хоць уволю!.. О, давай сходзім зараз на канцэрт — беластоцкія артысты прыехалі!

Гэта мне і трэба было.

 

6

У самай вялікай сінагозе немцы асталявалі клуб. Там было нешта падобнае на балкон, дзе некалі мелі права маліцца толькі яўрэйкі. На гэтую галёрку цяпер дазвалялася ўзыходзіць жыхарам Гарадка.

Мы з Нінай залезлі на балкон, паглядзелі ўніз.

У зале на лаўках — чалавек з восемдзесят салдат, увесь гарадокскі гарнізон. На сцэне сем пажылых дзядзькоў у нацыянальных кашулях трэнькалі на балалайках і мандалінах «Свеціць месяц». Гэтая песня, як вядома, з-пад Волгі, але нашыя нацыяналісты ведалі, што да беларускага мастацтва «пераможцы» адносіліся зняважліва, як да культуры пігмеяў, і са сваёй «Лявоніхай» ці «Крыжачком» не вылазілі. Я і сам іграў на мандаліне, таму адразу вызначыў, што музыканты перада мной пасрэдныя. Аднак меладычныя пераборы немцы слухалі ўважліва.

Покуль дзядзькі выкамарвалі адмысловыя каленцы «Месяца», я паспеў асвоіцца і разглядзецца.

Салдаты ўсе маладыя. Дзеля канцэрта яны адпрасавалі штаны, а іхнія прычоскі блішчэлі ад брыльянціну. Сядзелі немцы смірна, як у школе. Да чаго ж можа чалавек мяняцца, якім зманлівым бывае часамі яго вонкавы выгляд!

Шпурнуць бы ім што-небудзь на галовы!..

Я ўжо сабе ўяўляў, як зверху паляцелі гранаты, узбіліся клубы дыму, як салдаты перакульваюць лавы ды панічна кідаюцца да акон, выносяць на плячах рамы, як звініць пабітае шкло. Нават адчуў я нейкі пад’ём, бытта немцы драпалі і на самай справе. А што? Яны не такія ўжо і непераможныя, можна прымусіць іх і драпаць. Унь як пад Баброўнікамі адзін палітрук разграміў іхні батальён пры адступленні — паўдня падбіралі сваіх забітых і раненых немчыкаў...

Раптам музыка змоўкла, і на сцэну выйшла зграбная паненка. Яна была вельмі высокая. Кідаліся ў вочы яе пышныя белакурыя валасы.

«Ага, вось чаму называюць цябе Белай! І прыгожая, зараза, нічога не скажаш!..»

Выгаворваючы надта старанна фразы, ад чаго яе нямецкая мова прагучэла няўклюдна і грубавата, бландзінка кінула ў залу жарт. Я яшчэ не паспеў злавіць сэнсу гэтага жарту, а салдаты ўжо дружна зарагаталі. Дзяўчына пачакала, каб у зале сціхлі, тады кіўнула сваім музыкантам. Аркестр сыграў уступ, затым яна прыемным сапрана заспявала на матыў вальса Іагана Штраўса:

«Wiener Blu-ut, wiener Blu-u!..»

— А ну, камэрадэн, бярыцеся за рукі і дапамагайце мне! — раптам закамандавала яна ўжо па-свойску ды ўскінула рукі, як два клічнікі.

— Ну, і пачалі-і: «Wiener Blu-ut, wiener Blu-ut!..»

І сапраўды, маладыя салдаты, пераадолеўшы скаванасць, абняліся, падхапілі прыпеў ды загайдаліся.

Выклікаўшы рытмічнае ажыўленне ў зале, спявачка стала як бы яшчэ вышэйшай. Аркестр то сціхаў, то гучаў на ўсю залу, а паслухмяныя салдаты ад каманды яе белых рук плаўна ківаліся то ўлева, то ўправа і з захапленнем дружна падпявалі. Яны ўжо цалкам былі пад яе ўладай.

А са мной адбывалася дзіўная з’ява.

Бытта стагоддзямі накопленыя ва мне сум, мары ці нейкі нявыказаны жаль раптам знайшлі выхад у прыемным голасе гэтай жанчыны. І я цалкам трапіў пад яе чары. Я таксама ёй падпяваў, не заўважаючы нават, што паўтараю нямецкія словы, ды з нейкай незямной асалодай адчуваў, як пругкія, маладыя нашыя галасы, абмежаваныя сценамі, знаходзяць адзін аднаго ў гэтай зале, пераплятаюцца ды імчаць у нейкую чароўную вышыню, а нам абаім хораша, і я вельмі шчаслівы.

Колькі працягвалася асалода — мінуту, пяць мінут ці цэлую гадзіну — не ведаю. Я нават зусім забыўся, чаго сюды прыйшоў, а толькі, як скрозь імглу, адчуваў, што мая спадарожніца нецярпліва мяне штурхае ды нешта гаворыць.

 

7

Пасля канцэрта я праводзіў Ніну.

Зайшлі мы да Пятэльскіх на кухню. Запалілі лямпу.

Праз нейкі час на кухню заглянула бландзінка. Зірнуў я на яе і ўжо не пазнаў. Цяпер гэта была бездапаможная жанчына, да таго ж надта стомленая, пабляклая і зусім непрывабная,— нібы яе падмянілі.

Убачыўшы нас, артыстка разгубілася ды вінавата прамовіла:

— Добры вечар!

Мы прамаўчалі.

Артыстка разгублена тыцнулася да вядра, к пліце. Падняла накрыўку каструлі.

— Горячая вода, Ниночка, есть?

— Шчэ не гатавала.

— Жаль...

Сказала яна гэта расчаравана, апалым голасам, нібы ад гарачай вады залежала яе жыццё і яна цяпер ужо не ведае, што і рабіць.

Трэба было дзейнічаць. Але з прыходам Белай у мяне абмерла сэрца. Я адчуваў сябе нікчэмнасцю — маленькім ды зусім бяссільным. Я адчуваў сябе нібы той шкаляр перад строгай настаўніцай, якая нечакана зайшла да яго ў дом.

Перамену ўва мне Ніна заўважыла не адразу. Калі ж нарэшце яе ўбачыла, абвяла мяне здзіўлена позіркам і сказала артыстцы, як адрэзала:

— Будзем вячэраць — нагрэю!

— Пожа-алуйста, очень вас прошу!

Ніна тону не збаўляла.

— Закіпіць — паклічу.

— Я не за так!.. Понимаю, дрова теперь очень дорогие... Вот вам сахарин за это!

Артыстка накіравалася да стала, каб пакласці картонны пачак — якраз такі, у якіх да вайны прадавалі ў аптэках аспірын.

— К чаю вам...

— Дроў мы не купляем — прывозім з лесу самі! А гэтага г... нам не трэба, у нас шчэ цукар е! — ужо бесцырымонна паперла артыстку маладая гаспадыня.

— Извиняюсь, я хотела вас отблагодарить...— пакрыўджана забрала яна пачак.

Калі Белая выйшла, я нешта прамямліў, але злосная Нінка мяне ўжо не слухала — пакрыўдзілася. Хоць я быў вінаваты ў аднолькавай ступені з Белай, Ніна, надзіва, злосць пастаралася сагнаць толькі на артыстцы:

— Прыстае, зубы загаворвае!.. Раніцой пра якоесь грудное дзіця дапытвалася, а цяпер суне гэтую агіду, шлюха, нямецкая падсцілка, цьфу!

І ў нашым доме покуль што сахарын не ўжывалі — хапала мёду. Тое, што я бачыў, выклікала да Белай жаласць, але я прамаўчаў — не хацеў дражніць сяброўку. Зрэшты, трэба было мне думаць, як цяпер дабрацца дамоў.

Даўно пачаўся каменданцкі час, ісці па дарозе — трапіць пад кулі. Таму павалокся я ў цемры хмарнай ночы цераз поле і балота да сябе на хутар, а ўвесь канцэрт, як наяву, быў перад вачыма. Успомніў пра заданне і адразу адчуў, як нешта выслізгваецца з маіх рук, таму, агорнуты неспакоем, стаў я лаяцца:

«Здрэйфіў, нікчэмнасць! І перад кім? Правільна Нінка казала — перад якойсьці нямецкай шлюхай!..»

«Мама казала, што плакаць хочацца на яе канцэртах. А як жа, заплачаш!..»

«Эх, дубіна! Ёлуп цара нябеснага!..»

«Ну, пачакай, краля, заўтра ж я за цябе вазьмуся не так!..»

І бачыў ужо сябе пераможцам сэрца артысткі. Вядома, я ёй велікадушна за ўсё дарую...

Разыгралася фантазія і намалявала карціну, як мы з Белай пранікаем у нямецкі штаб, выкрадаем важныя дакументы. Потым яшчэ рабуем беластоцкі «Рэйхсбанк» — партызанам і нават самаму Мішыну з яго дэсантнікамі грошы спатрэбяцца. Новенькім «мерседэсам», паўнюткім мяшкамі з купюрамі, прыставіўшы рулю пісталета шафёру ў вісок, нясёмся па шашы ў лес!..

 

8

Яшчэ ў Пятэльскіх я даведаўся, што ў наступны дзень трупа адпраўляецца ў Беласток. Якім Ільяшэвічавы пасланцы паедуць вагонам, здагадацца было няцяжка: поезд меў толькі два пасажырскія вагончыкі без перагародак — адзін «фюр дойтчэ», другі «фюр полен». Сесці ў поезд гастралёры маглі толькі на Валілскай станцыі.

Каб асвоіцца з абстаноўкай, покуль даеду да Валіл, у вагон «фюр полен» сеў я на паўстанак раней — яшчэ ў сваёй вёсцы. Вагон быў пусты, калі не лічыць дзвюх жанчын, якія ехалі ў Беласток лячыць зубы.

Праязджаў я па знаёмым месцы і прыглядваўся.

Тыя ж узгоркі, дрэвы, кусты ды правады на пранумараваных тэлеграфных слупах. Бытта і не прыйшлі сюды немцы, бытта еду вучыцца...

У вагоне насцярожваў толькі плакат. Паўпанак з залізанай прычоскай насцярожана прыклаў палец да вуснаў, а ніжэй былі надрукаваны яго словы: «Pst!.. Feind hört mit»1.

Астатняе ў вагоне было нязменным. І нават гэтаксама, як і да вайны, кандуктар шчоўкаў кампосцерам, прабіваючы дзірачкі на білетах пасажыраў.

Аб тым, што навокал фашысты, акрамя плаката напамінала яшчэ неасцярожная гутарка жанчын. Жанкі ціха адна адной паскардзіліся:

— Мінулы раз мой доктар ужо не ўзяў савецкіх грошай. Маслам плаціла.

— Усё цяпер, мілая, на абмен!.. А солі, мыла — ні на рынку, ні ў магазінах!..

— Шчэ было б паўбяды гэта, калі б не страх! Толькі і чуеш: таго забралі, таго расстралялі...

Яны глянулі на мяне, спалохаліся ды пачалі шаптацца. А я, здавалася, ужо асвоіўся з абстаноўкай.

Вось і станцыя Валілы.

Перад акном праплыла знаёмая стрэлачная будка з іржавай бляхай на даху, два баракі, у якіх жылі яшчэ польскія чыноўнікі — бацькі маіх школьных сяброў. Памалу стаў наплываць вакзал і замёр — поезд спыніўся. Над уваходам у масіўны мураваны будынак красаваўся партрэт Гітлера, а ніжэй была выведзена готыкай цытата фюрэра: «Ich glaube an Deutschland und kampfe dafur heute und morgen und in der Zukunft, bis der Sieg kommt!»2

Перад уваходам у вакзал і праўда тоўпіліся артысты, трымаючы загорнутыя ў брызент інструменты.

Белая была сярод іх. У яе пад курткай я заўважыў тую самую сукенку, толькі на шыі з'явіліся белыя пацеркі.

На пероне ішла праверка дакументаў. Два салдаты з вінтоўкамі накіраваліся і да артыстаў. Белая падала свой «аўсвайс». Покуль немец уважліва разглядваў дакумент, яе сябры чакалі ў такім напружанні, бытта ад таго, што салдат там убачыць, залежыць — жыць ім ці не жыць.

Нарэшце немец узняў галаву, нешта з пашанай спытаўся ў артысткі, тая з какетлівай усмешкай адказала ды кіўнула на сваю кампанію. Вярнуўшы ёй дакумент, салдат казырнуў і з сябрам накіраваўся да бабак з кошыкамі і бітонамі. Толькі тады яе калегі ажывіліся.

Неўзабаве аб’явілі пасадку. З ляскатам адчыніліся дзверы, пачуліся ажыўленыя галасы. Мужчыны дапамагалі салістцы падняцца ў вагон.

— А куды ж вы мне загадаеце сесці? — з гуллівай заклапочанасцю спыталася артыстка.

— Марыя Міхайлаўна, калі ласка, да мяне!

— Ні ў якім выпадку — вы ж з ім з Беластока сюды ехалі! І каля яго гэты страшны плакат!.. Вы тут сядзьце!

— Марыя Міхайлаўна, ашчасліўце мяне! Глядзіце, якая пышная прырода за акном для вашага любавання!

— Мае вы рыцары, пастараюся быць усюды, толькі з разлікам на пачастунак!

— У мяне — семкі!

— О, тады — да вас!

Я добра прыглядзеўся да Белай у Пятэльскіх на кухні і цяпер яе не пазнаваў зноў. Як тады на сцэне, артыстка ўжо зноў мела выгляд маладзенькай дзяўчыны, была перапоўнена бадзёрасцю, энергіяй і той самай чароўнай прывабнасцю. Яна ведала, што ёю захапляюцца, яе любяць, і купалася ў гэтых адданых позірках.

На мяне ж бытта замрачэнне найшло. Нібы ва мне адпусцілі спружыну, і ўсё тое, што спружына моцна дагэтуль трымала, раптам расслабілася, і я перастаў сабой валодаць, страціў здольнасць што-небудзь кумекаць, а гукі і фарбы набылі нейкі новы сэнс.

Да мяне не даходзіла значэнне яе слоў — мяне паланіла іхняя музыка. Я баяўся падняць вочы. Я зусім на Белую не глядзеў, але адчуваў яе рухі ўсімі клетачкамі сваёй істоты.

— Макар Мікалаевіч, вы сталі падобным на дыякана з сабора Пятра і Паўла, запусціўшы гэтую бародку,— прагучэў яе голас.— Думаеце, яна вас уратуе? Дай бог!

Хлапец, у якога прабівалася чорна-сіняя бародка, знарок надта сур’ёзна паказаў на плакат і з добрым нямецкім акцэнтам прамовіў:

— Pst!.. Feind hört mit!..

Усе зарагаталі смехам, падобным да плачу.

Калі супакоіліся, Белая прадоўжыла гульню:

— А вы, Ільюша, з гэтым ланцужком на жываце — копія купца з «Навальніцы» Астроўскага, і як я раней не заўважала?!. Чаго засумавалі? Частуйцеся, калі ласка, смажаныя! Ільюша, нюні не распускаць, яны вам яшчэ спатрэбяцца! Глядзіце лепш на мяне! Бо няма большай абразы, рыцары, для прыгожай кабеты, чым тое, калі побач з ёю сумуе мужчына!

Белая і ў вагоне працягвала канцэрт. Бесцырымонна, як гэта ўмеюць рабіць толькі артысты, і бяскрыўдна кранала яна па чарзе кожнага пасажыра. З рускай непасрэднасцю знайшла нейкія словы нават для цётак і таксама ім насыпала семак — адзінага, мабыць, ласунку паднявольных людзей у часы акупацыі.

Калі б я мог цвяроза глядзець у тую хвіліну, я б даўно заўважыў, што ўсе яе спадарожнікі — маладыя хлопцы і толькі маскіруюцца пад «дзядзькоў». Аднак мне было не да назіранняў. Я проста паглынуў імгненным, прагным позіркам і абвостраным слыхам усё, што мог бачыць, чуць, не прыцягваючы ўвагі: інтанацыю, наскі маленькіх боцікаў, беражок сукенкі, а калі адварочвалася спіной — каскады хвалістых локанаў. Нават семкі ў яе вузкай і белай далоні мелі для мяне асаблівы сэнс.

Я ўсім нутром жадаў, каб яна пачаставала і мяне, але насуперак гэтаму жаданню разумеў, што пачастунку не прыму. Я лічыў сябе нікчэмнасцю, якая не мае права на ўдзел у гэтай гульні. І калі артыстка наставіла сапраўды і мне руку, я спалохаўся, заматляў галавой і адчуў, як ганебна чырванею.

— Пожалуйста, угощайтесь! — прыемна для майго вуха прапела інтанацыя рускай мовы ў вуснах маладой жанчыны.

На секунду я быў вымушаны адарваць свой позірк ад пацерак, з жахам глянуў ёй у вочы і адвесці позірк ад яе вачэй ужо не мог.

З нялоўка настаўленай рукой артыстка, мабыць, па-сапраўднаму ўбачыла мяне толькі цяпер ды адразу разгадала, што творыцца ў мяне на душы. У яе сініх вачах з'явілася насцярожанае здзіўленне, потым — разгубленасць. На нейкае імгненне яна паказалася мне звычайнай бездапаможнай дзяўчынай, якой ветрам сарвала хустку з галавы, панесла па зямлі, а яна не ведае, што рабіць. Потым вочы яе пацяплелі. У іх я ўжо прачытаў амаль што мацярынскую спагаду, добразычлівасць і жаданне не то вывесці мяне з няёмкага становішча, не то зрабіць мне прыемнае, памагчы мне хацела.

Адным словам, сядзеў я, хутаранін-індывідуаліст, як спаралізаваны, з душой, поўнай супярэчлівых перажыванняў, не здольны ні думаць, ні гаварыць, ні дзейнічаць. Я толькі адчуваў, што чырвань залівае ўвесь мой твар, шыю і нават — вушы.

Мае паводзіны збянтэжылі і артыстку. Яна пайшла ў канец вагона, нібы апараная.

— Эх, жизнь наша цветет пышным пустоцветом! — пастараўся згладзіць уражанне і цяжка ўздыхнуў мужчына з бародкай.

Больш ніхто не сказаў ні слова. Нібы я ўсім сапсаваў песню.

Белая больш не глядзела і ў мой бок, а я сядзеў ды пакутаваў.

Гэта было невыносна. Паслаў бы Мішын мяне нешта падпаліць, узарваць, нават зарэзаць якога-небудзь фашыста ці здрадніка — і я б заданне, напэўна, выканаў, але ж такое?..

Гэтым часам праехалі мы станцыі: Саколе, Жэдню, Кур’яны...

 

1 Ш-ш, не гавары лішняга, вораг падслухоўвае! (Ням.)

2 Я веру ў Германію і за яе змагаюся сёння, заўтра, у будучыні — аж да перамогі! (Ням.)

9

І вось калі кіламетр за кіламетрам мы набліжаліся да Беластока, а я ў душы зноў праклінаў сваю нясмеласць і з адчаем успамінаў выгодныя моманты, якія я, разява, упусціў, раптам дыхнула холадам з тамбура праз рэзка адчыненыя дзверы, і ў вагон уціснуўся высачэзны чалавек.

— Го-осподи! — ад здзіўлення аж успляснула артыстка рукамі.— Ничего себе мальчик! Дядя Степа, достаньте нам воробушка!

Мажліва, адказ волата каму-небудзь пакажацца банальным, але ж, не дай божа, звярнулася б з такім жартам артыстка да мяне,— я, напэўна, згарэў бы ад збянтэжанасці і ўжо на добрую гадзіну страціў бы здольнасць да размовы. У незнаёмага, па-мойму, атрымалася здорава.

Ён пацёр застылы на скразняку твар і адразу падхапіў:

— Такой прыгажуні? Ха, вам я гатовы дастаць нават жураўля! Толькі пакажыце, чараўніца, у якім баку ён? — з надта ж мне знаёмай інтанацыяй маладым голасам спытаўся чалавек, задзіраючы галаву, бытта і на самай справе над столлю меліся ляцець птушкі.

Усё гэта я ацаніў значна пазней, калі тысячу разоў да драбніц разбіраў сустрэчу, успамінаў яе, зафіксаваную нейкай другой свядомасцю, што ў той момант была адно пасіўным сведкам, бо сам я кумекаў не шмат.

Прыгледзеўшыся лепш да незнаёмага, я бытта прачнуўся.

Гэта быў Мікалай Буднік з-пад Ружан, брат Косці — вядома, ён!

Тая ж самая лёгкасць рухаў пры аграмаднай камплекцыі ды энергічная ўпэўненасць, тая самая мудрая сур’ёзнасць у глыбіні хітравата-шэрых вачэй...

Я так засумаваўся па даваенных сябрах, што раптам забыўся, чаму тут знаходжуся.

— Коля, ты-ы?! — ускочыў, бы ўджалены, з лаўкі.

На хвіліну ўжо зрабіўся цэнтрам увагі я. Павярнуў галаву і Мікалай. Буднік бытта спалохаўся, толькі ўсё гэта дайшло да мяне значна пазней.

Ён быў значна старэйшы, мы называлі адзін аднаго на «вы».

— Здароў! — цяпер як роўнаму, сунуў я хлапцу руку ды павёў яго к выхаду.

Ішоў ён за мной як бы пад прымусам, а ў тамбуры наогул павёў сябе дзіўна. Буднік нічога не пытаўся, заклапочана маўчаў ды нездаволена хмурыў твар — бытта я яму ў нечым перашкаджаў і ад мяне ішла пагроза. Але мне здалося, што я аж занадта ведаю, чаму ён такі насцярожаны. Падпольшчыку буржуазнай Польшчы, які сядзеў на Лукішках, было чаго і высцерагацца — немцы такіх хапалі адразу.

Я да сябра загаварыў:

— Ты глядзі, дзе мы сышліся?!

Буднік прамаўчаў і на гэты раз.

— Трэба ж нам так спаткацца пасля такога часу!..— не адставаў я ад яго.— Коля, скажы, што гэта робіцца?

— Не разумею, аб чым ты...

— Калі ж гэтую немчуру халера возьме ад нас?!

Буднік толькі цяпер павярнуў да мяне твар, тады спакойна павярнуўся ўжо і ўсім сваім магутным корпусам.

— А я веру ў перамогу фюрэра! — бытта паставіў ён кропку на мае наскокі ды зірнуў з выклікам.

З мінуту, задраўшы галаву, я на яго дзівіўся — ты гэта кажаш сур’ёзна ці мяне разыгрываеш?

— Гэ?! — вырвалася ў мяне нешта дурнаватае.— Сказануў!..

Буднік разгневана бліснуў вачыма:

— А ты ўсё чапляешся за старое?

— Як гэта «чапляешся»?!

— Дурань яловы! Прыглядзіся — новая сітуацыя склалася на свеце! Гітлер — аграмадная сіла! Гэта — выключны феномен, звышчалавек, які дапаможа нам у барацьбе за самастойнасць!

— О-го!..

— Што «о-го»? Той-сёй на вёсцы не хоча разумець, але ж ты — вучоны хлопец!

— Вярзеш ты, Мікалай!.. Хіба ты глухі і сляпы? Паслухай, што ўсюды...

— Нас абсалютна не павінна цікавіць, што гавораць нейкія слабакі! У нас з табой хутка будуць грошы і ўлада, а дзе ўсё гэта — там і ідэя, прызнанне і слава! Der Mann muss hinaus ins feindliche Leben, muss wirken und streben das Gluck zu erjägen!..1 Галоўны вораг наш цяпер — бальшавізм! Фюрэр ужо надламаў бальшавікам хрыбет, засталося іх толькі дабіць! Вось пасля зімы ўстановяцца дарогі, нямецкая армія пойдзе ў наступленне на ўсім фронце, і будзе ім капец! Неабходна фюрэру дапамагчы наладзіць цывільную ўладу на Беласточчыне, і за гэта трэ брацца нам, адукаваным. Ты, кажуць хлопцы, усё дома таўчэшся. Чаго выседжваеш? Нам, беларусам, тэрмінова неабходна стварыць сваю эліту, падрыхтаваць кіруючыя кадры нацыі, а потым — і сваю армію пад эгідай вермахта!

— Фі-іў!! — зноў я не мог утрымацца ад кпіны, хоць ужо і зразумеў, што выказваць перад здраднікам сваю шчырасць цяпер для мяне небяспечна.

— Ты не смейся, ідыёт! Да твайго ведама, у Навагрудку Рагуля ўжо ўзначаліў батальён самааховы і з літоўскімі часцямі прыступіў да акцыі супроць партызан! Памятаеш нябось Барыса Рагулю з-пад Любчы? А-а, ён на пару гадоў старэйшы, ты яго ўжо не застаў... Палякі хацелі Барыса купіць, нават далі падхарунжага, але ён — фігу вам! — буду чакаць лепшага часу! Малайчына, дачакаўся і цяпер парадак у сябе наводзіць! А мы з табой чым пахваліцца можам на Беласточчыне? Беларусы — раса, шанаваная нават фюрэрам! Пра нас яшчэ ў «Майн Кампф» ён напісаў, што мы — не якія-небудзь задрыпы-палячкі ці маскалі-азіяты! Настаў, Аляксей, доўгачаканы час — выключны феномен, і нам, беларускім фашыстам, трэ горда ўзняць свой бела-чырвона-белы сцяг з «Пагоняй».

Усё гэта Буднік абрушваў на мяне як з кулямёта, а я ўжо крыху паспеў ачомацца ад першага шоку. Успомнілася Вільня ды тое, што ў беларускай гімназіі большасць вучняў былі заядлыя нацыяналісты — дзеці дробных памешчыкаў, кулакоў і сімпатыі іх былі на баку фюрэра. Многія з тых гімназісцікаў цяпер загаварылі дакладна такой самай мовай на старонках прадажных беларускіх газетак — беластоцкай, слонімскай, мінскай...

Так-то яно так, але ж Буднік — з падпольшчыкаў-камсамольцаў, сталінскі стыпендыят, сядзеў на Лукішках, а такія людзі ў сваіх поглядах трывалыя, што ён пляце?!.

Зрэшты, і Барыс Рагуля — з асяроддзя падпольшчыкаў, а вось падаўся к фашыстам на службу ды яшчэ як шчыра, кажуць, яе нясе!..

— І немцы сцяг гэты сунуць табе ў рукі? — ужо не так ўпэўнена і задзірыста ўставіў я былому свайму куміру шпільку зноў ды задам пасунуўся ў бок прыступак, каб у крытычны момант сігануць з вагона.

Буднік аж разлютаваў:

— Яны — вышэйшая, самая дасканалая раса, таму маюць права камандаваць над народамі і ў тым ліку — над нашым! Хто не прызнае гэтай абсалютнай ісціны, не парве з мінулым, не стане на баку арыйцаў, як я, як Барыс Рагуля, той падпіша на сябе прыгавор ды сам сабе выкапае магілу, а ў лепшым выпадку ўсё жыццё будзе карміць камароў, асушваючы балота ці карчуючы лес, зарубі сабе, хлопча, гэта на носе!

— Зарубім, ага...

Буднік пагрозы маёй і не заўважаў. На яго як бы найшло якоесьці ап’яненне:

— Альзо, нам трэ напружыць цяпер усе сілы і дапамагчы Гітлеру! Настаў даўно чаканы час і нашай нацыі! Будзе ў нас Менск — свая сталіца! Яшчэ да вайны каля Рэчыцы бальшавікі знайшлі нафту, пад Карэлічамі — жалеза, а лясоў у нас колькі! А як родзіць лён!.. Мы станем значнай дзяржавай дзякуючы фюрэру!

Не памятаю, развітаўся тады Буднік са мной ці не.

Патаптаўся я адзін у тамбуры ды ўбачыў, што мой поезд стаіць на прыпынку Кур’яны — шэсць кіламетраў ад Беластока. Тут усюды аэрадромы дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі, начных знішчальнікаў, санітарных самалётаў. Аэрадромная ахова расстрэльвала на месцы кожнага незнаёмага без папярэджвання. Але ж і ў Беласток ехаць небяспечна: адукаваны гад, які ведае добра мовы, можа гадзінамі на памяць цытаваць кавалкі са старажытнай і сучаснай класікі,— запраста здасць мяне там у СД ды пачне шантажом дабівацца маёй вярбоўкі ў сваю шайку.

Што рабіць?

Глянуў я на зялёны масіў вакол будынкаў і падумаў — няўжо не праслізну кустамі? Выскачыў на перон ды падаўся ў нізкі ельнічак.

Адчуваў я сябе тады як пабіты сабака.

 

1 Чалавек павінен смела нырнуць у вір жыцця — біцца, цярпець, каб заваяваць сабе шчасце! (Шылер.)

10

Неўзабаве мяне арыштавалі, чаму я спачатку і не здзівіўся.

Аднак у камендатуры да мяне дайшло, што я немцам у лапы трапіў не з-за Будніка, бо неўзабаве туды прывезлі і Валодзьку, нашага бацьку ды шмат землякоў. Нейкі час патрымалі нас у Гарадку на допыце, адтуль паперлі ў беластоцкую турму.

І пацягнуліся турэмныя дні — доўгія, трывожныя. На допыт болей не выклікалі. Нават дазволілі атрымліваць перадачы. Фашысты збіраліся з намі нешта зрабіць, але што — толкам ніхто нічога не ведаў. Мы, вязні, насцярожана чакалі сваёй долі ды лавілі навіны, якія прыносілі калідорныя.

Немцы схапілі на вакзале англійскага разведчыка, кінулі ў адзіночную камеру. Праз паўгадзіны заглянулі да яго афіцэры, а ён — вісіць на падаконніку.

Прывезлі нямецкага салдата-дэзерціра, і ён таксама павесіўся.

На турэмным двары чамусьці з'явіліся цыганкі з дзецьмі...

Але з часам і такія навіны перасталі кранаць. Нашыя мужчыны пакрысе прыладжваліся да абставін, адсыпаліся, успаміналі выпадкі з жыцця, апавядалі адзін аднаму, як жаніліся, служылі ў войску. Людзі ігралі ў самаробныя шашкі і шахматы, спявалі «Волгу-Волгу», «Лучыну», «Валачаеўскія дні» — зладжана, на тры, чатыры галасы, як ніколі перад гэтым, мабыць, не спявалі...

Не легкадумныя яны былі.

Людзі добра ведалі, што іх чакае. Спеў і гульні выклікала ў вязняў унутраная трывога: так механізм самазахавання нервовай сістэмы чалавека знімаў напружанне, страх — інакш можна было звар'яцець.

Большасць вязняў прывезлі здалёк. Перадачы атрымлівалі адно мясцовыя жыхары, астатнія ж жылі на турэмнай баландзе. Голад не цётка. Чаго толькі людзі не выдумвалі, каб раздабыць хоць якую небудзь ежу.

Адзін выламаў з падаконніка кавалак бляхі, змайстраваў брытву і галіў за невялікую плату — за сухарык. Такім ганарарам цырульнік дзяліўся яшчэ з калідорным — той пускаў яго на промысел у суседнія камеры.

Другі апавядаў байкі, чытаў на памяць вершы і потым збіраў падатак — па гарошыне ад слухача (у сялян для перадач карыстаўся поспехам гатаваны гарох — яго можна было і пад’есці, а фашысты на такі харч не квапіліся, аддавалі)...

У адной з камер сядзеў чалавек, які іграў у шахматы на хлеб. Усе былі ўпэўненыя, што ён — бацька артысткі Белай, настаўнік па прафесіі. Перад самай вайной бытта прыехаў у Беласток да дачкі ў госці, і яго засталі тут немцы.

Аднойчы настаўнік прыслаў і мне прапанову сыграць з ім на паўбуханкі. Без усялякай ахвоты я прыняў выклік. Калідорны ўпусціў у нашу камеру шахматыста.

— Ну, ты, задрыпаны Алёхін,— пракрычаў мне крымінальнік,— прымай Капабланку!

І жалезныя дзверы за калідорным з грукатам зачыніліся.

Мой госць быў высокі, хударлявы, старанна паголены мужчына гадоў за сорак. Пад ахайным карычневым пінжаком ён нават умудрыўся захаваць пацёртую, але надзіва чыстую кашулю і гальштук.

— Міхаіл Арсеньевіч! — адрэкамендаваўся чалавек з манерамі старога рускага інтэлігента.

Бытта падумаўшы, што сказаў мала, з такой жа годнасцю праз хвіліну дабавіў:

— Варанцоў!

Чэсна кажучы, мне гэта палесціла. Толькі я пастараўся нічым сябе не выдаць, падхапіў яго тон і гэтак жа назваў сваё імя, імя па бацьку ды прозвішча. Мы паціснулі рукі і з пашанай адзін да аднаго расставілі самаробныя фігуры. Зрабілі першыя, другія, трэція хады.

Пасля шматтыднёвай бяздзейнасці я заўважыў у сябе незвычайную яснасць думкі. Ні да таго, ні пасля з такой выразнасцю я не адчуваў так партнёра і размяшчэння фігур на дошцы — прадбачыў іх камбінацыі на шмат хадоў наперад. Звычайна гуляў я ў шахматы азартна, адключаўся ад усяго, што вакол тварылася. Цяпер жа абсалютная перавага над праціўнікам не давала загарэцца ва мне іскры, не нараджала пад’ёму — я быў спакойны ды ўпэўнены. З лёгкасцю адбіў атаку праціўніка, навязаў яму сваю волю ды пачаў забіраць у яго фігуры адну за адной.

І гэта той хвалёны ігрок?!.

Партыя і далей працягвалася з маёй перавагай. Гуляў я хоць і энергічна, але гэтак жа спакойна. Я бачыў сябе як бы збоку і лёгка адгадваў намер партнёра, нават здзекаваўся з яго ў душы ды любаваўся сабой. Ва мне яшчэ заставаўся нейкі запас на пабочныя разважанні. Гуляў я і думаў:

«Мяркуючы па размове — карэнны рускі чалавек. Настаўнік. Цікава, працаваў у школе ці тэхнікуме? Вельмі салідны, магчыма, нават — у педінстытуце. Які ў яго вуглаваты і шэры твар. Што ж, голад робіць усім аднолькавыя фізіяноміі, толькі паводзяць сябе галодныя па-рознаму: адзін церпіць, іншы клянчыць, крадзе, а гэты застаўся сам сабой. Прыдумаў жа спосаб, як хлеб зарабляць! Старога гарту інтэлігент. Такі і ў студэнтаў, напэўна, карыстаўся аўтарытэтам...»

«Ага, калі ён з педінстытута, тады павінен абавязкова ведаць Буднікавага сябра — Антона Лабовіча...»

А яшчэ мяне свідравала свядомасць: перада мной жа бацька Белай.

«Цікава, як бывае ў жыцці: нядаўна з дачкой сустракаўся, спатканне тое я планаваў, і раптам з мільёнаў людскіх шляхоў два з іх — яе бацькі і мой — як спецыяльна вось зараз перасекліся самі. Ці гэта тое, што людзі называюць лёсам?»

Партыя падыходзіла к канцу. На мяне глядзелі дзесяткі вачэй, і толькі таму, а не па ўнутранаму жаданню дасягнуць перамогі, я ўпэўнена вёў яе к выйгрышу. Вось тут і спахапіўся.

«Нягоднік, што ж гэта я раблю?! Матч гэты для мяне — забава, рысоўка перад землякамі, а для чалавека — пытанне жыцця і смерці. Прайграю нават цэлую буханку — маці прышле другую, а яму дачка нават гароху не перадасць, бо гаспадаркі артыстка не мае, ад немцаў атрымаеш — фігу. Трэ паддацца!» — вырашыў я без шкадавання. За абаіх я ўжо гатовы быў жыццё ахвяраваць.

Надарылася якраз магчымасць падставіць пад бой каралеву. Трэба было мне гэта адразу і зрабіць, але я чамусьці раней вінавата падняў галаву ды зірнуў чалавеку ў вочы.

Адным словам, не ўмеў я хаваць свае намеры. Настаўнік адразу мяне разгадаў і прыгваздзіў позіркам.

І вось я, нешчаслівы, без ахвоты ды здавальнення скончыў партыю. Суседзі прыйшлі ў захапленне, бытта выйгралі яны самі. А настаўнік гэтак жа карэктна, як прыйшоў, як гуляў, з годнасцю паціснуў мне руку і аб’явіў:

— Дзякуй! Заўтра прышлю хлеб!

«Чалавеча, навошта мне твой збіраны па кавалачку ў розных камерах хлеб, еш ты яго сам!..»

Але споўніць абяцанне шахматысту не давялося.

На наступны дзень, раніцой, фашысты ў турэмны двор прыгналі грузавікі з брызентавымі будамі і добрую палову арыштантаў павезлі за горад на Пяскі расстрэльваць. У ліку смяротнікаў апынуўся Міша Толуць з Зуброў, які са мной вучыўся яшчэ ў Вільні. З Толуцем павезлі на расстрэл і Варанцова.

 

11

Як потым удалося вырвацца мне з лапаў фашыстаў ды апынуцца ў партызанах, доўга апавядаць, ды і гэта не адносіцца к тэме — мая аповесць пра Буднікаў.

Неўзабаве я ўжо быў пад Брэстам, у Гута-Міхалінскім лесе, дзе трапіў у гаспадарчы ўзвод дэсантнай групы капітана Громава.

Тады мне вельмі не шанцавала.

Камандзір мой зусім не адпавядаў свайму зычнаму прозвішчу. Атмасфера ў дэсантнікаў, падпарадкаваных капітану, была цяжкой, я сумаваў ад бяздзелля. Калі і выводзілі мяне на заданне, то яно абмяжоўвалася чаканнем на краі лесу, покуль мае дэсантнікі ўзарвуць поезд, вадакачку ці вернуцца з разведкі. Мажліва, таму мне так урэзалася ў памяць суседняя група, хоць і пабываў я ў ёй усяго адзін-адзіны раз.

Ужо глыбокай зімой капітан паслаў мяне да суседзяў з даручэннем. Вялікі ахвотнік верхавой язды Громаў загадаў прывалачы ад знаёмых дэсантнікаў пазычанае сядло. Зайшоў я туды і здзівіўся.

Мы жылі ў зямлянках, а тут на снезе, як індзейскі вігвам,— вялізная вастраверхая палатка. На сучках слупоў, што падтрымлівалі пакаты дах, віселі аўтаматы. Мабыць, у палатцы зімой жыць холадна, але адзін яе выгляд рабіў уражанне, выклікаў у памяці вядомыя з прачытаных кніжак вобразы афіцэрскіх бівуакаў з часоў нашэсця Напалеона, Крымскай вайны, баёў пад Шыпкай і Плеўнай.

Мала таго.

Як высветлілася, дэсантнікі выдатна абыходзіліся і без гаспадарчага ўзвода. Самі былі і кухарамі, і вазніцамі, і дрывасекамі. І на варце яны самі стаялі, а на заданне бралі з сабой толькі правадніка...

Мой прыход супаў якраз з абедам. Дэсантнік-кашавар раздаваў усім самыя звычайныя катлеты, якія падавалі да вайны ў сталовых ды рэстаранах — з гарнірам ды падліўкай. Чарнамазы дзяцюк-кухар спытаўся ў мяне:

— Вы елі?

На секунду я разгубіўся, нешта прамычаў, а перада мной ужо з’явіўся кацялок, з якога валіла пара і прыемны пах разваранага мяса з фасоляй.

— Падсаджвайся і рубай! — загадаў чарнамазы.— Лыжку? Трымай маю!..

За сталом з грубых дошак вакол сядзелі незалежныя маладыя хлопцы, якім нядрэнна жылося. Яны з апетытам здаровых людзей апляталі катлеты, адзін з аднаго пасмейваліся ды з цікавасцю зыркалі на пасланца Громава. У мяне раптам ежа завязла ў горле. Стала няёмка за дзедаўскую капузу, за кажух з чужога пляча і картовыя нагавіцы, за прымітыўны абрэз з пацямнелымі плямамі ржы, за самаробную фінку ў кужэльным чахле.

Я ні разу не бачыў, як і што еў Громаў. Сняданне, абед і вячэру гатавалі капітану ды неслі на стол у строгай таямніцы — мабыць, каб нямецкія лазутчыкі не атруцілі гэтак важнага кіраўніка партызанскага руху. Камандзір жа гэтай групы Марцірасян — чарнявы армянін сярэдніх год — абедаў разам з усімі. Я тады і падумаць не мог, што праз дваццаць год, на сустрэчы з гасцямі з ПНР, буду з напружаннем старацца ўспомніць гэтага самага армяніна, бо лёс Буднікаў, як выявіцца, пераплятаўся з дзейнасцю гэтай якраз групы.

Марцірасян быў у такім, як і ўсе, форменным адзенні: куртка з цыгейкавым каўняром ды нагавіцы з кішэнямі ледзьве вышэй калень. Што менавіта ён тут галоўны, можна было пазнаць толькі па тым паважанні, з якім звярталіся да яго хлопцы, называючы чалавека па імені і па бацьку, а то і проста — «таварыш камандзір».

Абед скончыўся, але ад стала чамусьці ніхто не спяшаўся адыходзіць. Хлапец, які ўзняўся першы, засмучона ўздыхнуў:

— Чорт, мая чарга кацялкі мыць!..

Ён з грукатам сабраў посуд ды выйшаў.

Усе крыху памаўчалі. Дэсантнік, што сядзеў ля слупа, як бы нечага не дачакаўся, зняў аўтамат з-пад галавы, спрытна нашчоўкаў сабе затворам жменю патронаў і зброю павесіў на сучок зноў.

— Валодзька Папоў, заўваж — восем штук бяру ў цябе з дыска! — аб’явіў сябру, зараджаючы свой пісталет.

— Валяй, хопіць шчэ і мне! — са шчодрай велікадушнасцю дабрадзея адказаў яму той з-за стала, гэтаксама нечага чакаючы.

Устаўляючы абойму ў свой «ТТ», дэсантнік захапіўся ды неасцярожна накіраваў рулю ў наш бок. Гэта адразу заўважыў камандзір. Яго макраватыя вочы раптам насцярожыліся.

— Я вас зразумеў, камандзір! — імгненна адрэагаваў хлапец ды адвярнуўся к сцяне.

Марцірасян з усходнім акцэнтам кінуў толькі адзінае слова:

— Чэловэ-эк!..

Як усё гэта было непадобнае на нудныя павучанні ды прыдзіркі нашага Громава. З такой прамашкі байца ён раздзьмуў бы цэлую справу. Даў бы хлапцу нарад, карыкатуру на яго загадаў бы ў насценнай газеце змясціць, азлобіў бы яго ды паставіў бы супроць сябе. Гэты ж — цярплівы, мудры, дзелавы і не дробязны.

Толькі тут я зразумеў, што ў групе запланавана агульная дзелавая размова, што ўсе чакаюць, калі выйдзе чужы — таму я ўсхапіўся.

У кутку ўжо ляжала падрыхтаванае для Громава яшчэ новае сядло польскага ўлана. Падзякаваўшы за абед, узваліў я на плечы цяжар ды хутчэй рушыў у дарогу.

...Неўзабаве Громаў адправіў нас па харчы.

Днём прайшлі мы Гута-Міхалінскую пушчу і к ночы, паскрыпваючы снегам, прыбылі ў незнаёмую для мяне вёсачку Зеляневічы, недалёка ад Ружан.

— Тут жыве сям’я савецкіх патрыётаў! — аб'явіў вядомы ледзьве не на ўсю Гута-Міхалінскую пушчу ахвотнік да выпіўкі наш камузвода Філіпчык, паціраючы рукі. Ён ужо прадбачыў добры пачастунак.— Аляксей, ты не п’еш, стой на варце! Астатнія — шагам арш у хату!..

Не з’яўляліся яны доўга.

«А што, калі там ужо акаселі?!» — падумаў я, прастаяўшы на марозе гадзіны з тры, і адправіўся ў памяшканне на разведку.

Гаспадары нашых частавалі ў баковачцы. Вячэра была ў самым разгары. На кухні — нейкі знаёмы юнак у пасталах. Я ўважліва прыгледзеўся. Не то мудрыя, не то сціплыя вочы. Далікатны, як у дзяўчынкі, твар. Павольныя і спакойныя рухі...

Косця Буднік!!!

Сустрэча мяне так уразіла, што я, бытта ўджалены, вылецеў на вуліцу і там усё стараўся нешта ўспомніць.

А і праўда, Буднікі паходзілі адгэтуль — з-пад Ружан! Вось дык выпадковасць! Вось дык сустрэча!.. Але ж як мне цяпер сябе паводзіць?!.

Я аж успатнеў.

Мінула некалькі дзён. Пра тое, што мне было вядома аб сям’і Буднікаў, я не расказаў ні камузвода, ні Громаву. Камандзіры не выклікалі даверу, не ўзнікала схільнасці быць з імі шчырым: Філіпчык і капітан распраўляліся з падазронымі надта скора. Аднак і насіць у сабе такую таямніцу было злачынствам.

Раздвоенасць майго сумлення, на шчасце, неўзабаве згладзілі падзеі.

 

12

Лёс мой зрабіў раптоўны зігзаг: нечакана мяне забралі з Гута-Міхаліна, перавялі пад Гарадок у лес ды прызначылі камандзірам атрада. Побач з іншымі службамі неўзабаве наладзіў я і сваю разведку. Нас вельмі цікавіў Беласток ды ўсё, што ў ім тварылася.

Аднойчы кіраўнік Беластоцкага антыфашысцкага камітэта, славутая Маруся Мразоўская, перадала нам чарговы спіс здраднікаў. У гэтым лістку фігурыраваў і Мікалай Буднік родам з-пад Гута-Міхаліны. Косцеў брат служыў памочнікам шэфа гестапа «бецырка» — доктара Герберта Цымермана.

«Ого, як ты далёка пайшоў?! — жахнуўся я.— А брат ды бацька, выходзіць,— з намі?..»

Але ў той час я ўжо менш дзівіўся такім кантрастам,— было не да таго. Адно памятаю добра, што, калі паміж іншымі справамі я прыкідваў магчымасць злавіць «беларускага фашыста» жыўцом, мяне агортваў паляўнічы азарт. Надта хацелася помсціць за таварышаў, расстраляных на беластоцкіх Пясках, дзе, напэўна, прысутнічаў і Буднік. Аднак даводзілася рабіць, што загадвалі, што мог. Праходзіў месяц за месяцам майго камандзірства, а шляхі нашыя з мацёрым «беларускім фашыстам» так і не перасякліся.

Цікавасць да Мікалая ўва мне таілася недзе на самым сподзе душы яшчэ доўга ды не пакідала, покуль я не ўчуў аб яго празаічнай смерці.

 

13

...Горад наш толькі што вызвалілі ад фашыстаў.

Крочыў я аднойчы па вуліцы і спаткаў даваеннага знаёмага, з якім вучыўся ў Вільні. Блізкімі сябрамі мы з ім ніколі не былі, я ледзьве ўспомніў яго прозвішча, але сустрэча абаіх нас узрадавала.

Перабралі мы з ім у памяці, здаецца, усё, пара было разыходзіцца, толькі рабіць гэтага мне ўсё чамусьці не хацелася. Пачаў я прыдумваць, пра што спытацца ў хлапца яшчэ.

Знаёмы перажыў усю акупацыю ў Беластоку, таму пацікавіўся я пра Будніка.

— Мікалай утапіўся! — пачуў я ў адказ.— Патануў на маіх вачах!

— Ты што?! — надта мяне здзівіла.— Я-ак?!

І знаёмы расказаў:

— Ноччу ўжо чуваць было, як грыміць савецкая артылерыя ля Ваўкавыска. У горадзе заставаліся толькі вайсковыя часці, астатнія немцы далі драла. Быў канец чэрвеня, стаяла гарачынь — бы ў першыя дні вайны сорак першага. На веласіпедзе заскочыў да мяне ў цывільным ужо касцюме Мікалай ды запрапанаваў: «Давай выкупаемся ў Нарве!» Якое магло быць купанне ў той час? Я — аднеквацца, але як прыстаў, прыстаў, а я шчэ яго баяўся, не хацеў пярэчыць...

І вось пакацілі мы за горад. Дарогі — кіламетраў з дванаццаць, паўгадзіны язды. Ціснем на педалі, коцім — калясо ў калясо, перагаворваемся. Я так асцярожна ў яго пытаюся: «А ты не баішся бальшавікоў? Кажуць, Ваўкавыск ужо захапілі ўчора». Мікалай бытта чакаў такога пытання: «Няхай расстрэльваюць,— кажа,— няхай вешаюць, чацвяртуюць і смажаць, на Салаўкі ці ў Сібір вывозяць, што хочуць са мной робяць, а я ўсё роўна вырашыў застацца! Усё, хопіць папаслужыў гэтым нелюдзям, трэ і адказнасць за грахі несці!»

— Ты бачыш — адумаўся! — заўважыў я.

— Ну, так і сказаў! А я думаю сабе: даўно ты, смярдзючае падла, хваліў «вышэйшую расу», «настольную кніжку кожнага патрыёта-беларуса «Майн Кампф» ды заклікаў узнімаць «бела-чырвона-белы з «Пагоняй» сцяг за непераможны вермахт»?!

— І табе заліваў гэтую дэмагогію?

— Усім гэтая зараза тут нам галовы гэтым дурыла! А з якім шчэ запалам — ты б паслухаў!.. Ну, пад’язджаем да рэчкі. Распранаемся. Бултыхнулі ў ваду. Я паплыў па цячэнні, а ён — супроць стрыміны. Вылажу потым на бераг — няма майго Мікалая! Я туды, я сюды, давай гукаць — ні слыху ні дыху. Толькі валяецца вопратка, афіцэрскія боты ды новенькі «Дуркоп» з бліскучымі планкамі на педалях. Нарва, сам ведаеш, не наш Нёман, летам яе месцамі нават курыца ўброд пяройдзе. Пабегаў, палётаў я па беразе, нават перапароў тычкай увесь іл — нічога! Дзіўна. Магчыма, сардэчны прыступ хапіў, і ён захлынуўся, а цела вадой аднесла ці загнала пад корч...

— Будніка — прыступ? — усумніўся я.— Хіба пры немцах многа піў. Сэрца ў яго было некалі — што трактарны матор!

— Не так каб надта, аднак выпіваў. Мабыць, маеш рацыю. Такі атлёт, спартсмен... Ён жа пудовую гіру не ведаю колькі разоў мог выціснуць, а на ровары ніколі не даваў сябе нікому выперадзіць... Аднак бываюць выпадкі, што здаюць і такія...

— Усё роўна не веру!

— I я часамі думаю — хутчэй за ўсё ўтапіўся сам. Было з-за чаго. Падумай, што добрага несла яму вызваленне... Адным словам, на беразе гляджу — няма Мікалая! Трэ хоць цела знайсці! Хацеў паклікаць людзей, але навокал — ні хутара, ні вёскі, адны кусты. Патырчэў на беразе да вечара, а потым схаваў рэчы ды вярнуўся ў горад. Сказаў таму-сяму ў Беластоку — ніхто нават і не пашкадаваў яго. Недарэчна загінуў чалавек, попусту.

А я са здавальненнем пазлараднічаў:

«А-а, замучыла сумленне! Утапіўся-такі, гад! Юда на асіне павесіўся, а ты — у іл галавой!.. Што ж, лепшай смерці не варты. Ліха цябе бяры, менш работы будзе судам! Ты глядзі, аднак — ёсць, ёсць-такі вышэйшая справядлівасць на свеце, нікуды ад яе не дзенешся!.. »

Стала хораша на душы. Бытта даўно нада мной вісеў непрыемны абавязак і толькі цяпер я ад яго адвязаўся.

 

14

Праз нейкі час пасля апісанага выпадку я нечакана спаткаў Косцю Будніка.

За вайну Косця амаль не змяніўся, і я пазнаў яго здалёк. Пазнаў мяне і ён ды паспяшаў насустрач сваёй мяккай дзявочай хадою. Твар — заклапочаны, змрачнавата-сумны. Бытта вось толькі што яго аблаялі на нарадзе ці нехта захварэў з яго блізкіх і ён выскачыў у аптэку.

— Гэта ты-ы? — спаткаў я чалавека традыцыйным для першых пасляваенных гадоў пытаннем.

Косця ўзрадаваўся. Ён адразу пачаў мяне распытваць, але я хацеў ад яго пачуць усё першы. Хлапец неахвотна адказваў на пытанні.

Гэтак я даведаўся, што ўсю вайну Косця быў дома. Потым адслужыў год у арміі. Паспеў ужо і ажаніцца. Прыехаў паступаць на завочнае аддзяленне педінстытута. Недалёка ад нашага горада працуе ў раёне сакратаром райкома камсамола. Пра ўсё гэта расказаў ён абыякава, нібы жыў вельмі нецікава і не было пра што яму гаварыць.

«Гм, ніякіх у цябе, браце, няма заслуг, а ў райкоме працуеш»

«Калі чэсна гаварыць, то кадраў няма, а ты — не кепскі хлапец. Бедны! Колькі табе, сакратару райкома, даводзіцца цярпець непрыемнасцей з-за Мікалая. А колькі яшчэ выцерпіш з-за старэйшага братца, каторым ты так ганарыўся!»

«Зрэшты, а ці я ім не ганарыўся? Яшчэ як, хоць старэйшы Буднік не мой брат!»

Я раптам уявіў сабе Валодзьку на месцы Косці і жахнуўся.

«Прыемна майму нябось,— пацешыў я сябе,— мець такога старэйшага братана!..»

— А твой Валодзька жывы? — пацікавіўся Косця.

— Жывы.

— Ну і добра! — уздыхнуў ён з палёгкай.— А я ўсё стаю ды надта ж баюся спытацца: а раптам загінуў, як многія? Мы ж з ім сябравалі ў Навагрудку!

— Прайшоў агонь і ваду! Цяпер — студэнт політэхнічнага!

Ва мне тады яшчэ жыло захапленне самім сабой і цяга к самалюбаванню.

Усё адчуваючы тую самую гордасць, перапоўнены свядомасцю сваёй значнасці і зробленым у цяжкую мінуту, я пачаў падрабязна, доўга ды паблажліва апавядаць пра Валодзьку, бацькоў і найбольш, вядома, пра сябе. Мне чамусьці расхацелася яго пытацца. Я паленаваўся, палічыў лішнім прызнавацца Косцю, што некалі з гаспадарчым узводам, ад дэсантнай групы Громава заходзіў да яго ў хату. Толькі не то спытаў, не то паспачуваў:

— А твой Мікалай і на Лукішках сядзеў ледзь не тры гады, і быў сакратаром ячэйкі ў віленскай гімназіі, а — глядзі як атрымалася!..

— Але...— прызнаўся Косця з даверлівасцю дзіцяці, цяжка ўздыхнуў ды панік.

— Эх, халера! — вылаяўся я з прыкрасцю, са шчырым шкадаваннем, са спагадай.— Як у жыцці ўсё бывае складана і не так, як хацеў бы!..

Косця раптам пачаў часта-часта міргаць вялікімі вейкамі, а вочы яго адразу змакрэлі.

Праз хвіліну малодшы Буднік плакаў ужо па-сапраўднаму. Па яго немужчынскім твары цяклі буйныя слёзы не то гора, не то адчаю, не то крыўды. Цяклі спорна, як у дзяўчынкі. Я нават разгубіўся:

— Ты што, Косця, перастань! Чаму ты так?

Я яго ўсё супакойваў, але — беспаспяхова. Косця ўсхліпнуў, адвярнуўшыся ад мяне раз, другі, і раптам з яго вырваўся нечалавечы стогн:

— Ых!.. Ых!.. Ых-х-хых-хы-ых!..

Стала відочным, што для яго цяпер адзіны сродак аблегчыць душу — выплакацца. Толькі ж нельга, нядобра, нясціпла глядзець на мужчыну, калі той плача. Спахапіўшыся, я паспяшыў адысці.

Косцю тады было дваццаць два гады. Мне — мала больш, і я быў яшчэ студэнтам.

 

15

Пасля інстытута накіравалі мяне пад Гута-Міхалін у вёску Біскупцы дырэктарам сямігадовай школы, дзе я зноў спаткаўся з фактам, які меў адносіны да Мікалая Будніка, і яшчэ раз мяне ўразіла ступень падзення гэтага чалавека. Выпадак здарыўся на трэці месяц маёй педагагічнай кар’еры, калі так ганебна асарамаціла мяне першакласніца.

Аднойчы захварэла настаўніца малодшых класаў — Марыя Аляксандраўна. Педагогі былі занятыя, падмяніць хворую давялося мне. Да ўрока, вядома, я не быў падрыхтаваны і з дзецьмі завёў пра тое пра сёе гаворку.

Дзеці пачалі ўспамінаць лета, апавядаць, хто чым займаўся ў гарачую пару, ды неяк непрыкметна загаварылі пра матылёў. Наўмысна расцягваючы час, я ім паведаў, што матылі жывуць усяго па некалькі тыдняў, бываюць толькі вясной, а ўжо рэдка — летам, пасля чаго знікаюць зусім аж да наступнай вясны. І тут шустрая, з вяснушкамі на скуластым тварыку Тася Грыцук з першай парты падняла руку.

— Што ты хочаш сказаць?

— А оты няпраўда! — запратэставала яна, са сціплай ветлівасцю ўстаючы.

Я здзівіўся:

— У чым ты, Грыцук, сумняваешся?

— І цяпер матылі бываюць.

— Сярод восені?

— Ага. Сінія.

— Не мялі глупства.

— А оты е яны і цяпер!

— Ай, не выдумвай, Тася. Садзіся!

К наступнаму ўроку клас мяне чамусьці спаткаў насцярожаным маўчаннем, ды я не прыдаў гэтаму значэння. Але неўзабаве ў напружанай цішыні к сталу падышла Тася ды адкрыла скрыначку ад запалак.

— Во! — выдыхнула яна вінавата.

На класны журнал са скрыначкі вываліўся сіні матылёк.

Ён быў нейкі жорсткі, грубаваты, а тулава меў як бы ўцепленае густымі варсінкамі. Па ўсім было відаць, жывецца гэтаму стварэнню не лёгка, аднак гэта быў самы сапраўдны матылёк — нікуды ты не дзенешся.

Вось ён ужо лапкамі выпрастаў памятыя крыльцы ды збіраўся ляцець, бытта на дварэ чакалі яго пільныя справы і на календары быў не кастрычнік.

— Ты глядзі-і, а і пра-аўда! — здзівіўся я, агорнуты жалем да істоты.

Вачаняты дзяўчынкі свяціліся пераможным святлом. Глянуў я на Тасю, і мне стала няёмка.

Толькі цяпер падумаў, што гэтых матылёў я назіраў кожную восень, але яны чамусьці мне не ўрэзаліся ў памяць. Перад Тасяй, перад дзецьмі, якія застылі гэтаксама ў маўклівай перамозе, перад дасціпнымі першаклашкамі я раптам адчуў сябе вучнем, які нашкодзіў, якога выклікалі за гэта на педсавет і ён не ведае, што гаварыць.

— Вінаваты я перад вамі, рабяты! Аднак ты, Тася, малайчына! — пахваліў я дзяўчынку, загладжваючы віну.

Пра кур’ёз давялося расказаць у настаўніцкай.

Педагогі, вядома, з мяне пасмяяліся, а Марыя Аляксандраўна, яшчэ з абвязаным цёплай хусткай горлам, сваю вучаніцу пахваліла:

— Харошая яна ў мяне! І ўпартая такая!.. Аднойчы паставіла ёй па арыфметыцы тройку. На перапынку гляджу — стаіць ля падаконніка і румзае. «Ты чаго, Тасечка, плачаш?» Яна ўткнулася мне ў кофтачку і зараўла яшчэ мацней: «Не ўмею вучы-ыцца, Марыя Аляксандраўна!..»

— О-о, з характарам дзяўчынка!

— З характарам! — пацвердзіла класная.

— Бы яе бацька! — уздыхнула пажылая завуч родам з Біскупцоў.— Той з-за свайго характару і загінуў нават. Любіў ён сваіх дзяўчынак, ой, як любіў!..— задумалася яна.— Асабліва меншую. Ёй тады было ўсяго які годзік ці паўтара...

Тася і яе сястра — сур’ёзная выдатніца з сёмага класа — жылі за вёскай на хутары. Кожны дзень даводзілася мне крочыць на работу каля ладнага, дахоўкай пакрытага дома, які быў абкружаны пышнай расліннасцю, і кожны дзень я назіраў на падворку хутара лёгкі беспарадак і запусценне, што бываюць звычайна адно там, дзе гаспадарыць жанчына. Самога гаспадара забілі немцы, але падрабязнасцей я не ведаў. Нічога яшчэ і не падазраваючы, цяпер я пацікавіўся:

— А за што яго, Ніна Гаўрылаўна?

— З-за глупства. Немец за штосьці ўдарыў Грыцука па твары, а ён немцу даў здачы. Ну, тыя раз’юшыліся і ...

Эмацыянальныя і сердабольныя настаўніцы пачалі завуча дапаўняць:

— І расстрэльвалі, нягоднікі, на вачах у маці!

— Яна якраз наляцела!..

— Менавіта тады Грыцучыха і з’ехала з глузду. З той пары Галя і мыкаецца адна з дочкамі ды ненармальнай свякрухай.

— Гэтай вясной Галя мне паскардзілася: «Не ўслядзіла, маці выпаўзла ў агарод ды павырывала ўсю гародніну. Расаду, памідоры, бульбу-скараспелку давялося перасаджваць зноў».

— А што дзіўнага? — разважыла завуч.— Грыцучыха яшчэ не так і старая — усяго мая равесніца. Біялагічны інстынкт штурхае жанчыну да дзеяння, а галава не варыць, што да чаго. Галі, беднай, вось і даводзіцца трымаць сваю свякруху пад замком альбо пакідаць пры ёй дачок.

Сваімі назіраннямі падзялілася і Марыя Аляксандраўна:

— Нядаўна заходжу наведаць Тасю. Гляджу, старой адведзены цэлы пакой, а так чыста ў ім ды паўнютка лялек!

— Галін ратунак, што свякруха імі захапляецца.

— Ага. Галя гаворыць: «Я накупіла іх сем штук, толькі б яна нікуды не лезла». Няшчасная іх ахутвае ў пялюшкі, укладвае спаць, люляе... Нават Тася адносіцца да вазні старой сур'ёзна. Дзяўчынка якраз рыхтавала ўрокі. Падняла галаву ад сшытка і шэпча мне: «Марыя Аляксандраўна, не перашкаджайце ёй. Наша баба з-за таты звар’явала, і ёй усё здаецца, што гэта яе сыночкі».

— Звар’явала б на яе месцы кожная! — уздыхнула наша добрая Ніна Гаўрылаўна.— Такі ладны сын — павольны, масцеравы, мажны, аўтарытэтны... Ні табе вылаецца, ні нап’ецца, ні пакрыўдзіць каго...

Мажліва, уся трагічная гісторыя на тым і скончылася б для мяне, а я даведаўся б яшчэ аб адной ахвяры вайны, калі б не настаўніца рускай літаратуры Смірнова. Гэтая энергічная маладзіца не ведала кампрамісаў, загаварыла ўжо з абурэннем:

— А навёў, навёў — хто? Свой — вось крыўда! Прывёў іх ізабэлінскі бобік, Буднік Мікалай!

— Во-во! — падхапілі іншыя жанчыны.

Спачатку мне здалося, што я дрэнна пачуў.

— Хто-о? — жахнуўся я праз хвіліну.

Смірнова загаварыла з лютай нянавісцю і як пра даўно вядомае:

— У Ізабэліне служыў паліцай з Зеляневіч. Доўгі, як тэлеграфны слуп, і хмуры. Звер, а не чалавек! Сам напрошваўся мужыкоў вадзіць на расстрэл. Знішчыў ізабэлінскага мазура Юткевіча. Потым калі служыў у Беластоку, прыехаў у сваю вёску і расстраляў трох паліцаяў за тое, што яму не аддавалі почасцей. А ў Біскупцы ўздумалася яму прывесці немцаў гарэлку тады якраз піць!

— Яны тады і не пілі зусім...— нясмела запярэчыла Ніна Гаўрылаўна, якая любіла дакладнасць.

— Як «не пі-ілі»?! — з маладым запалам абурылася на яе літаратарша.— Так сабе, па-вашаму, папрыязджалі сюды?! Панапіваліся, як свінні, нажэрліся і давай бузіць па вуліцы! Павыстрэльвалі ўсіх сабак у вёсцы!.. Падвярнуўся ім пад руку чалавек, то — бах! — застрэлілі і яго!

— А маці гэтага паліцая яшчэ жыве і цяпер у Зеляневічах! — з асуджэннем уставіла Марыя Аляксандраўна.— Пасля вайны Галя спаткала яе ў Ружанах каля царквы, дык нават плюнула Буднічысе ў твар!

— Гэтага мала старой сцерве! — уся аж кіпела ад абурэння Смірнова.— Я б усіх мацярок, каторыя нарадзілі такіх вылюдкаў, перавешала б!

* * *

Калі нас размяркоўвалі пасля інстытута на работу і мне выпалі Біскупцы, я нават узрадаваўся. У гэтай мясцовасці, хоць і ў голадзе, холадзе ды небяспецы, аднак і ў рамантычных абставінах прайшла частка маёй маладосці. Мне здавалася, працаваць тут будзе надта цікава.

Тым часам да мясцовасці я хутка прызвычаіўся. Неўзабаве яна ўжо ва мне не выклікала ніякіх асацыяцый мінулага. І я тады адкрыў для сябе старую, як свет, ісціну: так як нельга па той самай вадзе перайсці два разы раку, так нельга і другі раз жыць у мінулым. Мне здавалася, што з былым даўно скончана. Выходзіць — не.

Потым я не раз мяняў работу. Пераязджаў з месца на месца, і мяне грунтоўна заматала жыццё. Часта які-небудзь выпадак выклікаў у памяці вучобу ў Вільні ці эпізод з вайны.

Толькі пра Буднікаў мне нічога не напамінала.

Але на душы недзе я не забываў трывогу. Са шкадаваннем, з горыччу і прыкрасцю я часта ўспамінаў Мікалая, бо вельмі ж моцныя захапленні і вельмі ж устойлівыя аўтарытэты нашай маладосці.

Закрыўшы вочы на ваенны час, я часамі выразна ўяўляў сабе, які Мікалай быў у Вільні, захапляўся яго паставай, ладнай фігурай ды ўменнем валодаць сабой, поспехам у жанчын, пасля чаго сябе лаяў:

«Пігмей! Падхалімнічаеш перад вылюдкам толькі з-за таго, што ён быў высокі ды меў добра падвешаны язык, бытта заслуга ў гэтым яго асабістая, а не — прыроды!»

А час ішоў і нагрувашчваў на мяне новыя абавязкі ды клопаты. Так прайшло яшчэ з пяць гадоў. Уражанні юнацтва памалу сцерліся. Я ўжо нават пачаў забываць пра Буднікаў зусім.

І вось толькі сёння, калі ўручылі польскія ўзнагароды ў Палацы тэкстыльшчыкаў, зноў усплыла заблытаная і незразумелая старая гісторыя, закранула сумленне, узяла за жывое.

 

Раздзел трэці

 

1

Такім чынам, пачаўся банкет для ветэранаў з удзелам польскіх гасцей. Я пазнаў чалавека, што сядзеў супроць мяне, і з падлашчваннем, далікатна ў яго спытаўся:

— Ты — Косця Буднік?

З так добра мне вядомай добразычлівасцю цераз застаўлены пачастункам стол сусед павітаўся:

— Здароў, Аляксей.

— Здароў! Дзе ж ты столькі часу прападаў? Чаму цябе нідзе не было відаць? — хаваў я сваю няёмкасць за фальшывай сардэчнасцю.

Малодшы Буднік стрымана ўсміхнуўся:

— Працую старшынёй калгаса. А цябе кожны раз спатыкаю ў вашым горадзе, калі выклікаюць на нараду ў аблвыканком. Але ты стаў такі важны, што і прызнавацца не надта хочаш — куды там!

— ?!.

— Так, так! Кожны раз морду адварочваеш!

— Слова гонару, не пазнаў! Даруй, Косця!

— Я не злапамятлівы.

На перапынку, адчуваючы сябе па-ранейшаму няёмка, павёў я Косцю далей ад людзей у калідор.

Пастаялі мы крыху, покуль я не сабраўся з духам.

— Калі ласка, раскажы,— што ж такі адбылося на самай справе з тваім Мікалаем?! Не муч мяне, злітуйся!..

І малодшы Буднік ахвотна растлумачыў.

Мікалай, выяўляецца, пайшоў на службу да немцаў па заданні. Распараджэнне ён атрымаў яшчэ ў самым пачатку вайны ад падпольнага камітэта Брэста, якім кіраваў тады былы вязень Лукішак, відны дзеяч КПЗБ.

Спачатку Мікалай служыў паліцаем у Ізабэліне. Затым сувязь з ім наладзіла дэсантная група чэкістаў пад камандай палкоўніка Леаніда Іванавіча Ліхайвана.

Па загаду палкоўніка Мікалай, пасля розных перыпетый, уладкаваўся на пасаду аднаго з памочнікаў шэфа гестапа Беластоцкага «бецырка» — «доктара» Герберта Цымермана. Дзякуючы Мікалаю наша камандаванне да апошняга моманту акупацыі Гродзеншчыны ведала ўсё, што адбывалася ў «бецырку».

Калі Буднік замацаваўся ў Беластоку, Косця і самы старэйшы іхні брат, Міхась, сталі ў Мікалая сувязнымі. Браты наперамену выязджалі ў Беласток на сустрэчу к памочніку Цымермана ды прывозілі ў Гута-Міхалін звесткі. Часамі падмянялі іх Цыган з Валькай Кананчучкай, покуль гэтая пара не намазоліла немцам вачэй,— тады давялося яе забіраць у атрад.

У Беластоку браты і Цыган з Валькай мелі явачную кватэру ў аднаго з польскіх гасцей, які прысутнічаў на ўрачыстасці ў Палацы тэкстыльшчыкаў,— у Антона Лабовіча. Менавіта з гэтым Лабовічам Мікалай прыходзіў да нас у віленскі інтэрнат, калі мы восенню 1939 года, адразу пасля вызвалення, жылі на вуліцы Вялікай.

Перад адступленнем немцаў Буднік атрымаў заданне ад Ліхайвана — адыходзіць разам з Цымерманам і прадаўжаць сваю справу. Немцы ж, якія ўсё яшчэ ні ў чым Мікалая не падазравалі, прапанавалі яму абарваць след. Шэф гестапа разважаў прыкладна так: бальшавікі, заняўшы Беласток, адразу даведаюцца, хто ў немцаў з мясцовых гэтак давераны чалавек, і на новым месцы могуць падабраць да Будніка «ключык».

Мікалай разыграў спектакль — бытта патануў у Нарве.

Але далей разведчыку не пашанцавала. У раёне Шнайдэмюле Мікалай, які ўжо, здавалася, перажыў усё самае небяспечнае, трапіў пад абстрэл савецкай артылерыі.

Адразу пасля перамогі дзеянні разведчыкаў па зразумелай прычыне не рэкламавалі: на Захадзе шуганула полымя халоднай вайны, яна магла перарасці ў гарачую, і абнародаваць сістэму нашай разведкі было не разумна. Вось чаму многія па-ранейшаму лічылі Мікалая Будніка здраднікам.

 

2

Ад таго, што расказаў мне Косця, на нейкі час я страціў здольнасць да размовы.

Неўзабаве я бесталкова і вінавата пачаў сябру тлумачыць, чаму паверыў чуткам аб прадажніцтве яго брата. Вядома, тлумачэнне пачаў з сустрэчы ў вагоне з Белай. У гэты час прысутнічаў і Антон Лабовіч. Чалавек гэты хоць і паходзіў з Гродзеншчыны ды быў чыстакроўным беларусам, але зараз лёс яго звязаў з Беластокам, а ў вайну — з польскім падпольным рухам, з Арміяй Людовай.

Выслухаўшы маё тлумачэнне, Лабовіч заявіў:

— А я сабе ўяўляю, што тады ў вас адбылося! Буднік Мікалай такое ж самае заданне, як вы ад дэсантнікаў, атрымаў ад нас, палякаў. Зблізіцца з артысткай вы яму найхутчэй перашкаджалі. Да Белай, памятаю, падступаўся ён не раз...

Этыкет, аб якім трывожыўся Паляшчук, захоўвала ўжо, мабыць, толькі начальства, якое заставалася ў зале. Астатнія ўдзельнікі вечара стоўпіліся ў калідоры. Размова стала агульнай. Мне спачувалі, з мяне смяяліся, а мне было прыкра.

«...Фюрэр ужо зламаў хрыбет бальшавікам, засталося іх адно дабіць!» — «Трэба стварыць сваю армію!» — «Мы — шанаваная фюрэрам нацыя! Беларусам трэ ўзняць бела-чырвона-белы сцяг з «Пагоняй!..» Ха-ха! Ліха на яго, дык яму тады перашкодзіў я?!. Мікола, выходзіць, мне не давяраў?

Па праўдзе гаворачы, ён ведаў мяне замала і рабіў правільна: паводзіў сябе як сапраўдны разведчык. У яго было столькі знаёмых, і кожнаму сустрэчнаму адкрывай душу? Праваліўся б адразу!

Мой выпадак — глупства. Маскіраваўся, мажліва, калі вывозілі на расстрэл сяброў з беластоцкай турмы, а перашкодзіць гэтаму не мог. Яшчэ, яшчэ раз прыкідваўся фашыстам, глядзеў на ўсе жахі дзесяты і соты раз. У яго было столькі перажытага і ўбачанага!.. А я, нягоднік, так кепска пра яго думаў.

І тут я пачуў у сабе бытта голас сумлення:

«Менавіта мне трэба расказаць свету пра цярністы шлях гэтага чалавека!!»

Усвядоміўшы сабе так простую ісціну, я ўжо пачаў думаць. Хто больш за ўсіх можа паведаміць мне пра разведчыка, Косця? Наўрад. Бачыліся браты рэдка. Заданні ў Міхася і Косці, як і ў Цыгана ды яго Валькі, абмежаваны былі тым, каб узяць у Будніка які-небудзь пакунак ды прывезці яго Ліхайвану — спрытна і без затрымкі. Ліхайван, напэўна, ведае больш, трэба шукаць яго.

Нешта цікавае мог бы расказаць і «доктар» Цымерман, якога абвялі вакол пальца. Я недзе чытаў у газеце — гэтая гадзіна жыве і цяпер у ФРГ. І, мабыць, напісаў мемуары: усе гітлераўскія бонзы іх пішуць, а гэты — не радавы. Цікава, як Мікалай выглядае ў яго вачах?

Што мне вядома пра самога Цымермана?

Будучы камандзірам атрада, пра гэтага ката я чуў мала: ім займалася армейская разведка, чэкісты, а мой клопат быў абмежаваны: немцаў напалохаць дзе можна, ім нашкодзіць, падарваць, падпаліць, падстрэліць. Пасля вайны і тое, што калісьці ведаў, грунтоўна выветрылася з галавы,— я і падумаць не мог, што ўсё можа яшчэ спатрэбіцца...

Ага, у час падпольнай работы з Мікалаем, напэўна, сустракалася Белая.

— А што з Варанцовай, Косця?

Замест Будніка адказаў польскі генерал:

— Немцы расстралялі.

— І яе?!

А чаму яна мела быць выключэннем? Гінулі тады і прыгажуні.

— Косця, а з гэтым Ліх... Ліх... трымаеш сувязь?

— Палкоўнікам? Леанід Іванавіч жыў у Маскве. Зрэдку перапісваліся. Нядаўна атрымаў ад яго жонкі пісьмо — памёр, хварэў на рак...

Вось і напішы — з-пад ног знікала зямля.

Гэтым часам Косця з палякамі і Цыганам пачалі ўспамінаць пра нешта сваё, пакідаючы мяне аднаго са сваімі перажываннямі.

Я ўсё думаў.

Даставалася салдатам на франтах. Яшчэ цяжэй было дзейнічаць партызанам у тылу ворага, хавацца пад кустамі ад немцаў і прадажнікаў. Але як было Мікалаю ў зяпе фашыстаў? Якімі словамі, фарбамі, дэталямі выразіць подзвіг гэтага чалавека? А я, наіўны, паверыў шмэндрыкам — утануў прадажнік, туды яму і дарога!

Божа, якую плату, які ордэн прыдумаць, каб узнагародзіць такіх людзей?!

Стала няёмка за свой крыж. Ні перад кім не хаваючыся, зняў я бліскучую жоўтую цацку з грудзей ды апусціў яе ў кішэню.

...У наступны дзень пісаць пра Мікалая я ўжо лічыў сваім абавязкам. Трэ было дасканала вывучыць умовы, у якіх дзейнічаў старэйшы Буднік, знайсці ўсіх яго знаёмых і кожнага распытаць.

З чаго пачаць, з Цымермана?

Цэлы альбом злачынстваў гэтага фашыста апублікаваў мой польскі сябра — Аляксандр Амільяновіч. Гэта з ім мы пасля вызвалення Заходняй Беларусі жылі ў інтэрнаце на вуліцы Вялікай у Вільні, а Олек даводзіў, што Вільнюс трэба аддаць Польшчы, бо ў ім бываў Адам Міцкевіч ды правіў свае казані Пётр Скарга. Зараз Олек жыў у Беластоку, і вечарам я заказаў з ім тэлефонную размову. Толькі перад ёю я вымушаны апісаць адзін выпадак, каб стала зразумелым, што хвалявала Амільяновіча.

 

3

Мясцовасць мая пад акупацыяй апынулася раптоўна. Са спазненнем праз яе адступала аддзяленне нашай пяхоты.

Спякотным летнім днём чырвонаармейцы неслі раненую медсястру і лейтэнанта. Яшчэ яны валаклі станкавы кулямёт, і з імі крочыў «чужы» палітрук. Якой часці былі тыя байцы, якой — палітрук, дзе раней яны займалі абарону, чаму адступалі так позна, ніхто не ведае. Па стратэгічнай артэрыі Беласток — Ваўкавыск якраз валіла лавіна войск фельдмаршала фон Бока, таму жменька стомленых байцоў прабіралася кустамі і лагчынамі.

Паказалася вёска Баброўнікі. Лясы ля шашы скончыліся, да сяла Цецяроўка і чыгуначнай станцыі Бераставіцы ляжала тры кіламетры адкрытай, як далонь, мясцовасці. Апрача таго, дарогу аддзяленню перасякала рэчка Свіслач з адзіным на ўсю акругу мостам. Каб дабрацца да Бераставіцы, трэба было вылезці на загрувашчаную фашыстамі шашу ды бегчы па мосце.

«Чужы» палітрук вырашыў рызыкнуць.

Каля Баброўнікаў ён падпоўз да шашы, залез пад абгарэлую танкетку і ўстанавіў кулямёт.

Ап’янелыя ад поспехаў ворагі валілі па шашы машынамі, не вельмі пазіралі з кузаваў на бакі — былі ўсе агорнутыя ўздымам, бытта на Усходзе іх чакала штосьці вельмі прыемнае. Калі ж схлынуў паток машын, а на грэбені бліжэйшага ўзгорка з’явілася калона салдат, палітрук прыпаў да «максіма».

У бок палітрука якраз крочыў цэлы батальён. Фашысты ў калоне па тры маршыравалі з поўнай выкладкай, пілоткі мелі засунутыя пад пагоны, па локці ўсе закасалі рукавы ды зладжана, як на вучэнні, цягнулі: «Фор дэн казэрне, фор дэн гросэн то-ор...»1

Палітрук падпусціў немцаў зусім блізка і агонь адкрыў адно тады. Салдаты раптоўна змоўклі, на секунду здранцвелі, а затым ламанулі назад, усцілаючы поле целамі.

Кулямётчык даўно перастаў страляць, а на шашы ўсё царыла паніка. Дарога цяпер апусцела да самай бераставіцкай станцыі, а фашысты з ямаў і кюветаў палілі хто куды. Скарыстаўшы гэта, аддзяленне са сваёй ношай перабегла па мосце ды ўпала ў Цецяроўку. Там з затворам «максіма» ў руках дагнаў іх і кулямётчык.

Сяляне байцоў накармілі, а лейтэнанту і медсястры наладзілі фурманку. Аддзяленне праводзілі за Бераставіцу, а палітрука — у Белавежскую пушчу, бо ён не верыў, што можна прабіцца цераз лінію фронту, і надумаў ваяваць з немцамі тут.

Салдаты ў той дзень доўга падбіралі ў барознах ды кюветах сваіх раненых — іх было каля двухсот.

Да вечара на горцы за Баброўнікамі выраслі і цэлыя могілкі. Радочкі 64 магіл са стальнымі каскамі на бярозавых крыжах былі разбіты акуратна і роўна, бытта іх вымералі лінейкай.

І вось насталі для нашай мясцовасці цяжкія дні акупацыі. На працягу трох год было ўсяго: то партызаны пускалі пад адхон удала поезд, то лётчыкі разбівалі беластоцкую станцыю, то з валілскага лагера вырываліся на волю партыі палонных, то даляталі часамі весткі аб паражэнні фашыстаў на далёкім фронце, але менавіта першы той дзёрзкі ўчынак невядомага нашага воіна, які расстраляў батальён, запаў у сэрцы маім землякам больш за ўсё. Не адна жонка ці маці, сына якога ці мужа забіралі ў турму альбо вывозілі ў Германію дачку, у адчаі кідала нацысту проста ў твар:

— Бачыў, нягоднік, як на бярозавых крыжах ля Баброўнікаў сядзяць вароны? Хутка і на тваім будуць яны так дзюбы чысціць!..

— Я, я-а, матка, я-а! — згаджаўся часамі з такой цёткай немец, не разумеючы, што яна кажа.

Цяпер паміж Цецяроўкай і Баброўнікамі пралягае дзяржаўная граніца, а запаветнай рысай служыць рэчка Свіслач. Гэтыя дзве, беларускую і польскую, вёскі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны выбралі сабе для сустрэч. Кожны год ля вогнішча яны ўспамінаюць баявыя эпізоды ды абавязкова гавораць пра незнаёмага кулямётчыка. Як на нашым баку, так і па вёсках Польшчы пра яго ходзяць легенды, але толкам ніхто пра яго нічога не ведае.

 

1 Перад казармай, перад варотамі... (Ням.)

4

Нарэшце тэлефаністка дала міжгорад.

— Цымермана? — пачуў я ў трубцы маладжавы голас энергічнага паляка.— Сам на яго палюю! Ніякіх мемуараў ён пакуль што не выдаў! Спадзяюся неўзабаве спаткацца з ім, тады пацікаўлюся і пра нашага Будніка! Памятаю яго добра з Вільні! Потым не раз задаваў сабе пытанне — дзе ён і што рабіў у вайну!.. Холера ясна, чалавек такога лёсу!..

— Олечак, мілы, пацікаўся ў беластачан, хто шчэ яго памятае, мо хто цікавае раскажа!

— Абавязкова! Разведаю ўсё! Толькі паслуга за паслугу! Збіраю кніжку пра Сібірака. Такі псеўданім меў палітрук, што расстраляў нямецкі батальён пад Баброўнікамі, напэўна, ведаеш гэты выпадак? Сапраўднае прозвішча смельчака — Мікалаеў, запомні! Я дакладна ўжо даведаўся, што пад танк засеў тады з «максімам» менавіта ён. У нашым Беластоку потым кіраваў падполлем! Мажліва, спатыкаўся і з нашым Буднікам! Калі ты сядзеў у турме, не памятаеш такога «ўсходніка»?1 Зусім магло быць, што з ім ты спатыкаўся — фігура каларытная! Прыкідваўся настаўнікам, іграў на хлеб у шахматы!.. Меў за трыццаць пяць гадоў, адзін час называў сябе Варанцовым!..

— Быў адзін такі, Олек! — спахапіўся я.— Настаўнік! Пры мне вывезлі на расстрэл! Але той, Олек, напэўна, не Сібірак! Стары інтэлігент, бацька артысткі Белай, і мне цяжка ўявіць кулямёт у яго руках!

— А ты папытай яшчэ каго са сваіх, мо яны лепш ведаюць! Чэсць!..

Гм, ці толькі адзін Варанцоў зарабляў на хлеб шахматамі? Мог дабываць гэтак сабе на пражыццё і другі Варанцоў-Сібірак, такіх прозвішчаў у рускіх шмат! — разважыў я пасля тэлефоннай размовы ды пачаў варушыць матэрыялы пра Цымермана ў нашых архівах.

 

1 Так на Гродзеншчыне называлі ўсіх, хто прыехаў з усходніх абласцей СССР.

5

З дакументаў я вычытаў наступнае.

У часы акупацыі мая мясцовасць уваходзіла ў склад Беластоцкага «бецырка», які з’яўляўся часткай Усходняй Прусіі. Наш «бецырк» падпарадкоўваўся Эрыху Коху.

Але Кох не толькі ўзначальваў «Бецырк Бялішток», як ён гучыць у нямецкім вымаўленні. Кох лічыўся яшчэ генеральным камісарам Украіны і прыступіў да каланізацыі плануемай жытніцы вялікага рэйха.

З каласальным штатам экспертаў генеральны камісар разбіў радзіму Тараса Шаўчэнкі на маёнткі, дзе збіраліся абсталявацца пераможцы. На ватманах узніклі чатыры лініі сталёвай магістралі Данбас — Рур з шырокай каляёй у тры метры, па якой меліся хадзіць паравозы — вялікія і магутныя, як марскія дрэдноуты.

Карацей кажучы, Коху не было часу, ён даручыў правіць «бецыркам» ляндрату (старасце) Тыльзіта — доктару Брыксу.

У сваю чаргу доктар Брыкс перадаў уладу над сваім паўднёвым абшарам шэфу гестапа тайнай паліцыі, якой кіраваў у нас штурмбанфюрэр войск СС доктар Вільгельм Альтэнлог, а Цымерман быў у яго намеснікам.

Паліцыя і эсэсаўцы Альтэнлога нішчылі камуністаў і палонных, да смерці катавалі людзей на допытах, абкладвалі сялян налогамі, аднак Цымерман лічыў, што Альтэнлог занадта мяккі, ды пачаў засыпаць шэфа гестапа трэцяга рэйха Генрыха Гімлера даносамі аб лібералізме Альтэнлога.

Нарэшце Гімлер звярнуў увагу на даносы. Спецыяльная камісія даследавала дзейнасць Вільгельма Альтэнлога і адразу зняла начальніка з пасады.

Такім чынам шэфам «Бецырк Бялішток» з таго часу, калі ў немцаў ужо замацаваўся Буднік, стаў оберштурмбанфюрэр (падпалкоўнік) войск СС, доктар юрыдычных навук Герберт Цымерман, а тры мільёны жыхароў «бецырка» паступілі ў яго распараджэнне. За рэзідэнцыю Цымерман абраў сабе палац Браніцкіх ды паказаў, на што здольны.

Абшар, падпарадкаваны Цымерману, быў раздзелены на крайс-ды амтскамісарыяты. Валявы, дзейны Герберт Цымерман, высокі, сухарлявы і даўганосы, з акуратным праборам заўсёды напамаджаных валасоў, з вечна іранічнай усмешкай на твары, праз сваіх крайс-ды амтскамісараў пачаў на Гродзеншчыне энергічна насаджаць — «...нямецкі парадак, нямецкую ахайнасць, нямецкую дзелавітасць і нямецкі дух».

Пасланыя ў дапамогу камісары «айзацгрупен» арыштоўвалі, вешалі, білі і рабавалі ды вывозілі на катаргу ў Германію ў шмат разоў больш людзей, чым у часы «ліберала» Альтэнлога. Сам Цымерман стаў старшынёй трыбунала, у якім не было ні пракурора, ні адваката, а на паседжаннях яго прысутнічаў толькі шэф гестапа з начальнікамі аддзелаў. Арыштаваных на такі «суд» не выклікалі. Смяротныя прыгаворы падпісвалі доўгімі спісамі.

Цяпер гарадскія і вясковыя платы і сцены застракацелі наступнымі аб’явамі на беларускай, польскай ды нямецкай мовах:

«15 чэрвеня 1943 года. Для дасягнення спакою ў Беластоцкай акрузе мною была спалена беларуская вёска Шаўлічы пад Ваўкавыскам, жыхары яе расстраляны, маёмасць канфіскавана.

Оберштурмбанфюрэр СС, шэф гестапа

доктар Г. Цымерман».

«20 чэрвеня 1943 года. Расстраляна 22 чалавекі з Андрэевіч, 23 чалавекі з Сендзівуе, 58 чалавек з Ясінавіч, 41 чалавек з крайскамісарыята Гродна, 250 прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі...

Оберштурмбанфюрэр СС, шэф гестапа

д-р Г. Цымерман»1.

Цымерман зараз жа адправіў 50 000 беластоцкіх яўрэяў у газавыя камеры Трэблінкі.

Падчысціў турмы, расстраляўшы вязняў на месцы.

Працерабіў лагеры ваеннапалонных, пакінуўшы ў жывых толькі кожнага дзесятага.

Баючыся партызан, загадаў спаліць вакол Белавежы астатнія вёсачкі, і колькасць белавежскіх сёл, якія немцы сцерлі з паверхні зямлі, дасягнула — 84!

Для барацьбы з партызанамі оберштурмбанфюрэр стварыў шпіёнскія школы ды пачаў рыхтаваць лазутчыкаў для засылкі ў атрады. З былых крыміналістаў, ахвотнікаў лёгкай нажывы і гуляк, з розных п'яніц, шантрапы ды прадажнікаў скалаціў шэф гестапа каманды правакатараў. Такая банда грыміравалася пад партызан, прыходзіла ноччу ў вёску, чаго-небудзь прасіла паесці, затым тых неасцярожных мужыкоў, хто аддаваў ім апошнюю шкварку ды радаваўся перамогамі Чырвонай Арміі, нягоднікі вешалі...

Адным словам, Цымерман навёў такі парадак у «бецырку», што наш край па атмасферы жудаснага тэрора ў ім зраўняўся з Міншчынай ды Віцебшчынай. Калі восенню 1944 года прыступіла да работы Камісія па даследаванні ды ўліку злачынства фашысцкіх малойцаў, яна ўстанавіла, што ў «бецырку» гітлераўцы спалілі 191 вёску, 320 000 грамадзян расстралялі, а 25 000 вывезлі на катаргу. Трэба два сантыметры радочка, каб памясціць на паперы лічбу расстраляных, але ж за гэтымі шасцю знакамі тоіцца насельніцтва сённяшняга Гродна ды Беластока разам узятых!

Колькі Цымерман згасіў пачуццяў, якія не паспелі знайсці сабе выхаду, нявыказаных думак, ідэй, неадведаных радасцей і талентаў, што не паспелі раскрыцца, колькі з гэтых смяротнікаў не даласкалі каханых, не даглядзелі сноў, не дакупаліся ў Нёмане, не данюхалі кветак, не нарадаваліся сонцу!

У кожнага з трохсот дваццаці тысяч была маці, сваякі, кожнаму балела, калі яго забівалі ды ён развітваўся з жыццём у пакутах! Тым больш трагічнай была іхняя смерць і балюча яны пераносілі мучэнні, не хацелі паміраць, бо ведалі — на ўсходзе Савецкая Армія ўжо зрушыла з месца і паперла на захад нямецкую гідру вермахта, а дні катаў палічаныя.

І вось той самы Герберт Цымерман пасля вайны не зрабіў сабе пластычнай аперацыі твару, не ўцёк у недаступныя куткі джунгляў Бразіліі, як доктар Менгэле, не пайшоў у манастыр, каб да канца дзён сваіх прасіць прабачэння ў пана бога за грахі. Покуль прэса заходніх краін спрачалася — варта ці не варта прыцягваць да адказнасці Адольфа Эйхмана, ці трэба шукаць Бормана ды Менгэле, на чыім сумленні мільёны ахвяр, «тысячнік» Герберт Цымерман да апошняга часу спакойна пражываў сабе ў Бэльфільдзе (ФРГ).

Доктар юрыдычных навук надзеў мантыю ды пачаў займацца адвакацкай практыкай. Абараняючы кліентаў на судзе, ён клаў перад сабой на трыбуну шаўковы берэт і заклікаў суд да справядлівасці, гуманізму ды літасці. Аб мінулым яму, мабыць, часамі толькі напамінала жонка, калі клікала юрыста на абед і жартам называла яго — «гер оберштурмбанфюрэр». Цымерман схаваўся за такімі самымі тыпамі, прытаіўся, чакаў адпаведнай пары, каб усплыць вышэй.

Усвядоміўшы ўсё гэта, я задумаўся. З’ездзіць у ФРГ, спаткацца з «доктарам», выведаць усё, што можна? У газетах якраз апісвалі выпадак, як былыя партызаны Югаславіі адправіліся гэтак жа ў Заходнюю Германію ды разведалі, што было трэба...

Не будучы яшчэ ўпэўненым, ці з гэтага выйдзе толк, я пачаў рабіць першыя захады. Пагаварыў у абкоме з Палешчуком, і ён паабяцаў пасадзейнічаць, каб я цераз «Інтурыст» атрымаў у ФРГ пуцёўку.

 

1 Вытрымкі загадаў — аўтэнтычныя.

6

Пакуль я капаўся ў архівах, хадзіў па ўстановах і дамаўляўся наконт выезду, польскі друг мяне апярэдзіў.

Аляксандр Амільяновіч па запрашэнні Пен-клуба паехаў на пару тыдняў у Англію. Вяртаўся Олек дамоў з групай польскіх журналістаў позняй восенню. У Гановеры іхні самалёт зрабіў вымушаную пасадку. Машыну неўзабаве адрамантавалі, але за гэты час алавяныя хмары з Балтыкі аблажылі ўсё неба, заладзіў асенні дождж, і пра вылет не магло быць гаворкі.

У аэрапорт прыбылі забаўляць польскіх калег мясцовыя журналісты. І тут Олек успомніў — побач Бэльфільд, там жыве беластоцкі кат. Сярод нямецкіх журналістаў былі людзі розных палітычных напрамкаў, у тым ліку і перакананыя антыфашысты. Варта было з апошнімі крыху разгаварыцца, і адзін ахвотна падарыў Олеку фота адваката Цымермана, які выступае на судзе. Аб спатканні з доктарам нельга было і марыць, паводле звестак нямецкіх сяброў фашыст трымаў сябе насцярожана, ні з кім у дэбаты не ўдаваўся.

Дождж заладзіў надоўга, ліў, не пераставаў, і лётнае надвор’е сіноптыкі абяцалі не хутка. Гановерскім журналістам напрыкрыла доўга быць нянькамі, яны раз’ехаліся. Транзітнікаў змясцілі ў пакоях адпачынку. Вядома, аднаасабовых нумароў «не знайшлося», у пакоях, якія выдзелілі гасцям, ужо «жылі» па адным немцу: і дурню было зразумелым, што да кожнага «ферфлюхтэ полен» паліцыя прыставіла вартаўніка.

Олеку трапіў здаровы малады дзяцюк, які да палякаў не меў ніякай варожасці, але свой абавязак выконваў чыста па-нямецку і ад падапечнага не адыходзіў ні на крок.

Олек іграў з ім то ў падкіднога, то ў шашкі. Пробаваў завязаць дыскусію, але флегматычны немец эрудыцыю меў небагатую, і, акрамя службы, яго амаль нічога не цікавіла. Неўзабаве Курт не хаваў, хто ён, а з падапечным перайшоў на «ты».

Адным словам, праз нейкі час у пакоі гасцініцы ўстанавілася свойская атмасфера. Заўважыўшы пад пінжаком у немца вялізную кабуру, Олек кінуў:

— Пакажы!

Хлапец разгубіўся.

— Даставай, Курт, даставай! Я ж у два разы за цябе старэйшы, і ты разумееш — страляць па табе не буду. Па-першае, мне гэта ні к чаму, па-другое — настраляўся за вайну на ўсё сваё жыццё!

Курт вывалак зброю.

Пісталет быў калібра дзевяць міліметраў, дзесяцізарадны, з выгляду бытта «Вальтэр», толькі значна большы памерам і меў якуюсьці прыладзіну.

— З фотакамерай,— растлумачыў немец.— Не трапіш куляй, можаш зазняць злачынцу на плёнку. На пяцьдзесят метраў бярэ аб’ектыў.

— Ты глядзі! — не стрымаў Олек здзіўлення.

«Зрэшты, твае суайчыннікі тэхнічнай кемлівасцю славіліся і раней! — зараз жа ён падумаў.— Усе гэтыя «машынгэвэры», «парабелумы», «шмайзеры», «карабіны», «максімы» былі сканструяваны таленавіта, зроблены дабротна, вывераны з максімальнай дакладнасцю. Бяда ў тым, што гэтыя дасягненні чалавечай думкі і творчай працы яны прымянялі так не па-людску. Прыдумаўшы душагубкі і газакамеры, упершыню ў гісторыі чалавецтва паставілі працэс забойства на прамысловую нагу!..»

Каб не прышылі яму «камуністычнай прапаганды» і парушэння правоў транзітніка, Олек нічога больш не сказаў, а пастараўся змяніць тэму. На жаль, зноў упёрся ў глухую інтэлектуальную сцяну маларазвітога чалавека.

Праз гадзіну-другую поўны невычэрпнай энергіі, жывы і непаседлівы Амільяновіч пачаў ужо сумаваць. Разглядзеўся. Убачыўшы на сцяне карту, прыкінуў — да Бэльфільда ўсяго 130 кіламетраў. Дарогі ў немцаў выдатныя, а машыны па іх лётаюць з хуткасцю 160 кіламетраў у гадзіну.

У майго польскага сябра былі свае парахункі з фашыстамі. Гітлераўцы знішчылі кожнага шостага паляка, расстралялі яго сяброў, бацьку і дзве сястры, а самога тры гады пратрымалі ў турмах ды канцлагерах. Увесь свой люты гнеў на іх Олек вылажыў у дакументальных кніжках, якія чытаюцца на адным дыханні. Цымерман знаходзіўся так блізка, вядомы фашыст Амільяновіча вельмі цікавіў з-за Сібірака.

У Олека імгненна зарадзіўся план, і ён узяўся яго выконваць.

Са сваім «хвастом», які не разумеў па-польску ні адзінага слова, Амільяновіч абышоў першым чынам сяброў ды сабраў у іх рэшткі валюты. А далей падзеі паляцелі бурліва — бы ў дэтэктыўным рамане.

— Слухай, Курт,— палез Олек у чамадан, дзе на ўсялякі выпадак трымаў бутэльку польскага спірту.— У мяне яшчэ шнапс застаўся. Толькі вельмі моцны — агонь. Будзеш піць?

— Даставай! — адразу заблішчэлі ў немчыка вочы.

— Толькі цур умова — мая гарэлка, а твая закусь!

— Айн момэнт! — вельмі ўзрадаваны хлапец памчаў у калідор.

Неўзабаве ён вярнуўся з банкамі кансерваў ды пакуначкамі. Олек яму паднёс шклянку:

— Пі, браце!

Аддыхаўшыся, бедны немчык прастагнаў:

— Абэр даст іст фоер! Оу, оу-у, оу-у!..

— Я ж табе казаў!

Праз пару мінут целаахоўнік ледзьве варочаў языком.

 

7

У наступную шклянку Амільяновіч высыпаў некалькі парашкоў ад галаўнога болю, пачаставаў немца кактэйлем, і той быў гатовы. Олек недзе вычытаў, што такое лякарства дзейнічае як снатворнае.

Зняўшы з сышчыка чаравікі, паклаўшы яго на ложак, Олек схапіў свой фотаапарат, сунуў пад плашч і кінуўся на двор. Калі кожнаму пасажыру самалёта служба канцлера Адэнаўэра дала асабістую варту, то абставіць такімі ж вартаўнікамі цэлы горад яна не магла. У гэтым Олек быў так перакананы, што нават не азіраўся. Ён неўзабаве злавіў таксі ды адправіўся ў дарогу.

У адчайнай авантуры Амільяновічу дапамагло валоданне нямецкай мовай. Акупацыя для Олека пачалася яшчэ з восені 1939 года: я з Вільні паехаў вучыцца ў Навагрудак, а ён вярнуўся ў свае Сувалкі, акупаваныя ўжо немцамі. Летам 1941 года васемнаццацігадовага хлапца немцы арыштавалі і тры гады мардавалі па турмах ды лагерах.

У Сувалках Олек рос з дзецьмі немцаў, яму здавалася, што гаварыў па-іхняму, як прусак, але таксіст па акцэнце адразу пазнаў у ім славяніна.

— З Югаславіі? — спытаўся.

— Так! — падхапіў Олек.— Улада ў нас — у руках камуністаў, але я — набожны католік! — Ён расшпіліў кашулю на грудзях ды паказаў сярэбраны крыжык.— Вывучаю помнікі нашай веры — касцёлы.

— О-оу, у Бэльфільдзе — славутая ікона святой Гільды! — ужо з пашанай падказаў немец.

— Ведаю! Каб толькі сёння пускалі да яе! — заклапочана выказаў трывогу пасажыр.

— Думаю, для турыстаў будзе адчынена!

Размаўляючы гэтак далей на рэлігійную тэму, па выдатнай аўтастрадзе яны неўзабаве і прымчалі на месца. Дождж крапаў і ў Бэльфільдзе. Нягледзячы на гэта, таксіст нават вылез з машыны, увайшоў з пасажырам у касцёл ды паказаў самае, на яго думку, важнае. Олек падзякаваў ветліва і з немцам развітаўся.

Яшчэ некалькі мінут Амільяновіч у касцёле набожна жагнаўся ды спісваў са сцяны ў блакнот лацінскія фразы, а толькі тады дазволіў сабе азірнуцца. Вядома, цяпер ён мог распытаць прахожых ды спакойна знайсці патрэбную вуліцу сам, аднак трэба было эканоміць час.

Пераканаўшыся, што за ім няма «хваста», Олек выскачыў з касцёла, злавіў другое таксі ды загадаў шафёру ехаць на запаветную — Доппэльштрасэ. У пачатку вуліцы машыну адпусціў, знайшоў вілу пад нумарам 16, агароджаную высокімі прэнтамі, падстрыжанымі кустамі, і пачаў каля яе шпацыраваць.

«Дык вось дзе ты, даражэнькі, акапаўся?! — падумаў Олек са здзіўленнем, зыркаючы крадком на трохпавярховы, з балкончыкамі, пакрыты хвалістай, маркоўнага колеру дахоўкай дом фашыста. Вядома, гэта табе не палац Браніцкіх у Беластоку! Аднак, холера ясна, і тут у цябе трыццаць тры пакоі! Навошта табе столькі? У вайну жыў каралём. Разбілі фашыстаў, а ты і цяпер кароль, ну і ну!..»

За домам Цымермана красавалася ладная шасціпавярховая будыніна з вокнамі ў адну шыбіну. «Keiserhof» — прачытаў Олек шыльду ды жахнуўся. Ён успомніў, што ў гасцініцы пад такой назвай у Бэльфільдзе адбываюцца зборы былых эсэсманаў і рэваншыстаў.

Зрабілася яшчэ страшней.

 

8

Амільяновіч потым мне падрабязна апавядаў аб сваіх прыгодах у Бэльфільдзе.

Дазволу на прабыванне ў ФРГ ён не меў. Олеку пагражала турма — нямецкая, з якой ён быў знаёмы аж занадта. Выстойваў смяльчак пад дажджом на Доппэльштрасе ля нумара 16, адчуваючы жудасныя дрыготкі, але адступаць і не думаў. У былога падпольшчыка загаварыла памяць аб неадпомшчаных сябрах. Варта сказаць і пра другую прычыну, што штурхала яго на небяспечную справу.

Чалавек, які ў маладосці займаецца цяжкой фізічнай працай, а на старасць возьмецца часамі за лапату ці пілу, са здавальненнем пачне варочаць зямлю альбо пілаваць дровы. Нейкая патрэбнасць прымушае загаварыць у ім даўнія мазалі.

У людзей, якія перажылі ў маладосці многа страху, той самы інстынкт нават у мірны час нараджае часамі патрэбу ісці на рызыку: чалавека тады проста цягне, нястрымана штурхае прага абудзіць душэўныя мазалі. А ў Олека іх хапала.

Калі развалілася Польшча Пілсудскага, у яго горад толькі на два тыдні ўвайшла Савецкая Армія (вызваляючы Заходнюю Беларусь), але гэтага было дастаткова, каб адпаведныя нашыя арганізацыі арганізавалі ў горадзе з палякаў сваю агентуру.

Неўзабаве ў Сувалкі хлынулі часці вермахта — уваходзіў у жыццё план «Барбароса». Сувальскія падпольшчыкі фіксіравалі кожную новую машыну, якая з'яўлялася ў раёне, кожны танк ці самалёт, уздоўж і папярок вымяралі крокамі сувальскія аэрадромы ды на працягу дваццаці месяцаў звесткі перапраўлялі цераз граніцу ў Гродна.

Але вось немцы пайшлі вайной на СССР. Недзе ў лапы ім трапілі архівы нашай агентуры ў Сувалках. За адну ноч у горадзе гестапа арыштавала ўсіх падпольшчыкаў — 308 чалавек! — і кат у Кёнігсбергу адсек ім на гільяціне галовы. Цудам жывыя засталіся Амільяновіч ды яго швагер, Фэлек Мальвінскі, які яшчэ па дарозе ў сталіцу Прусіі ўцёк з машыны.

Хлапца потым тры гады кідалі з турмы ў турму, з лагера ў лагер — Штутгоф, Маабіт, Магдэбург,— пакуль не ўцёк і ён. Перайшоўшы лінію фронту, апынуўся ў Савецкай Арміі.

Неўзабаве нашы закінулі яго зноў да немцаў — на гэты раз перакладчыкам у складзе дэсантнай групы пад Берлін...

Такім чынам, стары канспіратар і разведчык штаба Першага Беларускага фронту ля дома мацёрага фашыста раптам адчуў уладу знаёмай узбуджанасці, якая ў ім прачнулася. Ахоплены жудасным азартам, Олек пачаў чакаць, не заўважаючы кепскага надвор’я, не адчуваючы часу. Прахожых было мала, і людзі, на шчасце, не звярталі ўвагі на прыезджага, які гэтак упарта і самааддана тырчэў пад дажджом. Госці, што прыбывалі ў «Кайзергоф», выляталі з мокрых «мерседэсаў» і, не азіраючыся, бягом пёрлі ў гатэль, а тыя, хто выязджаў, рабілі ўсё гэта ў такой жа спешцы ў адваротным кірунку.

— Хо-лера я-асна, прачнецца ў гасцініцы дрыбляс і хопіцца падапечнага, што рабіць?! — апавядаў мне ўжо на беластоцкай кватэры Амільяновіч з хваляваннем, перажываючы падзеі яшчэ раз.— Злавілі б мяне на вуліцы Гановера і то маглі б прыпаяць тры гады турмы за парушэнне рэжыму, тым больш — тут!

Олек нервова прайшоўся ўздоўж агароджы. Хто ведае, колькі яшчэ чакаць і ці ёсць у гэтым які сэнс?! Мо якраз яго герой выехаў у іншы горад? Чым сябе заняць?

Олек працягнуў руку, пакратаў жалезныя прэнты Цымерманавага плота — роўненькія, адзін у адзін, гладкія і вышмараваныя маззю, каб не ржавелі. Колькі сродкаў трэба на ўсё гэта?! А што яму, шакалу? Атрымаў у спадчыну бацькаў маёнтак, у вайну нарабаваў золата...

Олеку ўспомнілася Англія.

Завезлі яго на вёску, і ў гаспадара, дзе яны спыніліся, таксама быў падобны плот. Толькі яшчэ з меднымі набалдашнікамі. Каб медзь блішчэла, гаспадар чысціў яе кожную суботу салідолам.

І наогул з сялянскіх рысаў у англійскай вёсцы былі хіба адно стрэхі з чароту. Іх спецыяльна абцягнулі капронавымі сеткамі, прапітаўшы нейкім растворам, каб не гнілі. Затое ў памяшканнях на адну сям’ю — па некалькі ваннаў з гарачай вадой, індыйская інкрустацыя, кітайская парцэляна, калекцыя самурайскіх шабляў ды карціны, якія ўпрыгожылі б нават Беластоцкі музей мастацтва, а на доме надпіс: «Пабудаваны ў 1722 годзе».

Олек палічыў, што на працягу чвэрці стагоддзя з усяго зямнога шара ў гэтую «вясковую хаціну» на парусніках і дыліжансах, караблях і паяздах, вярблюдах, аслах і мулах звозілі багацце з дзесяць пакаленняў мораплавацеляў ды піратаў, каланістаў і клеркаў, прадпрыемцаў і дзялкоў, авантурыстаў і звычайных бандытаў. А што ў спадчыну пакінулі яму продкі? Фігу з макам. Зрэшты, не яны вінаватыя.

Олек ведаў лёс толькі пяці пакаленняў сваёй радаслоўнай.

Прапрадзед пасля паражэння Касцюшкі страціў зямлю: з-пад Кракава ўцёк на Валынь.

Прадзед пасля студзеньскага паўстання 1831 года, ратуючы галаву ад Мураўёва-вешацеля, памяняў прозвішча і ўцёк у Сувалкі.

У другую сусветную бацька Олека вырашыў нікуды не ўцякаць, за што са старэйшым сынам і паплаціўся — іх расстралялі немцы.

Усе чатыры пакаленні да апошняй ніткі трацілі маёмасць, а жыллё іхняе, падпаленае карацелямі, да фундамента пажыраў агонь.

А якое багацце пакіне ён, пятае звяно ў радаслоўным дрэве Амільяновічаў? Вось гэты фотаапарат, пішучую машынку «Рейнметал», якая яго чакае на рабочым стале ў Беластоку, паліцы кніжак ды цесную камунальную кватэру з агульнай кухняй.

Што ж, Беласток — не Бэльфільд, фашысты знішчылі яго ўшчэнт. Гораду над Белай яшчэ доўга ўзнімацца з руін, цярпець давядзецца яшчэ і яго, Олека, дзецям,— тым больш калі побач у пашане жывуць такія ваўкі, як Цымерман.

Вось у гэтым «Кайзергофе» яны выношваюць зноў планы паходаў на Усход. Лонданскія журналісты яго дапытвалі, чаму палякі такія нядобразычлівыя да немцаў. Добра ім дзівіцца. За апошнюю вайну ў адным Беластоцкім «бецырку» загінула палякаў куды больш, чым кароль Велікабрытаніі страціў сваіх падданых на ўсіх франтах — марскіх, сухапутных ды паветраных.

Ну і Англія!..

Олек лічыў сябе таксама чалавекам Захаду, але там, куды заехаў, было ўсё цалкам па-іншаму. Нават сабе не ўяўляў такога. Паездкай Амільяновіч быў як бы расчараваны, хоць і ўбачыў не менш, чым спадзяваўся.

Нават і не снілася яму, што людзі жывуць у такім дастатку, заняты так сваімі інтарэсамі, што тэхніка дасягнула аж гэткага ўзроўню.

І праславутага кансерватызму ў бытта бы пурытанскай Англіі Олек не заўважыў. Наадварот. Чагосьці такога ён не сустракаў нават у Польшчы. Амаль незнаёмая журналістка, якая везла яго ў Манчэстэр, на шалёнай хуткасці машыну вяла адной рукой, а свабоднай — спрабавала залезці да яго пад кашулю...

Олек і не спадзяваўся ўбачыць у гэтай краіне столькі чужога ды незвычайнага. Вельмі вобразна, адным штрыхом падкрэсліў яму Англію швагер.

Фэлек Мальвінскі, выскачыўшы пад Кёнігсбергам з арыштанцкай машыны, у тым жа 1941-м перабраўся ў Францыю. Падпольшчыкі пераправілі яго адтуль цераз Ла-Манш у Дуўр. З такіх, як ён, у Англіі арганізавалі польскую дывізію ды пакінулі яе ў метраполіі адбівацца ад дэсантнікаў праціўніка. Для сувязі з мясцовымі ўладамі Мантгомеры прыставіў ёй афіцэра — сэра Пэтэрсана.

Ноччу палякам прыйшоў загад — тэрмінова заняць для абароны энскі ўчастак марскога берага. Дывізію паднялі па трывозе. У прадпісанні значылася ёй дарога даўжынёй 87 міль. Вось-вось меліся вылезці на бераг страшныя германцы. Польскі генерал выявіў на карце прамы шлях у пяць разоў карацей шы і, доўга не думаючы, накіраваў батальён па ім.

«Я быў у авангардзе,— апавядаў швагер.— Не паспелі мы праехаць і дзвюх міль, як шашу нам перагарадзіла шыльда з надпісам: «privat». Доўга не думаючы, я збіў яе матацыклам ды папёр далей. З бліжэйшага хутара наперарэз калоне выбег селянін ды з дубальтоўкі па нас — бах! бах! бах!.. Адразу ўтварылася пробка. Выклікалі афіцэра сувязі. Сэр Пэтэрсан аб нечым з селянінам пагаварыў ды загадаў нам вяртацца — дарога была прыватная, чалавек ехаць па ёй войску не дазваляў».

«Дык жа вайна ідзе, хіба можна інтарэсы дзяржавы падпарадкоўваць дробным інтарэсам гэтага грамадзяніна?» — здзівіўся польскі генерал.

«Можна! — непарушна адказаў сэр Пэтэрсан.— Англійскі кароль вядзе вайну з Германіяй якраз для таго, каб гэты селянін мог тут паставіць дошчачку з такім надпісам».

Англія для паляка — чужы свет. Нават ежа ў іх зусім іншая. Гэтыя шакаладныя соусы да зялёнага салата, мясныя стравы з салодкай падліўкай яшчэ і цяпер выклікалі ў Олека агіду. Ён ужо ўяўляў, як прыедзе ў Беласток ды наесца ўдоваль звычайнага чорнага хлеба.

Толькі б скончыць ужо з гэтым праклятым Цымерманам, холера ясна!..

 

9

Вілу, вуліцу і шыльдачку з надпісам: «Адвакат, доктар Герберт Цымерман» Олек сфатаграфаваў ужо так і гэтак ды па некалькі разоў, а з будынка ніхто не выходзіў.

«Падохлі яны там усе, ці што? А я, дурань, хацеў яшчэ ў Цымермана нават інтэрв’ю браць — хоць бы мысу яго пабачыць!»

Олек зноў і зноў прахаджваўся ўздоўж плота. Спрабаваў стаяць. Схаваўшыся пад нейкі бляшаны навес, рабіў выгляд, што чытае газету. Каторы раз пералічыў пфенігі. Прыкідваўся, што вывучае рэкламны плакат фірмы «Тунгсрам»...

Мінула гадзіна, другая, трэцяя, а ў дзвярах вілы не з’яўляўся ніхто.

Каля шыльдачкі Олек угледзеў чорны гузік званка і загарэўся ідэяй. Олек паціснуў гузічак ды стаіўся ля дзвярэй.

Дзверы адчыніла фрау. Олек ужо ведаў, што ў Цымермана цяпер трэцяя ці чацвёртая жонка — «доктар» аказаўся звычайным бабнікам. Адразу пасля вайны першая яго падлавіла на нявернасці і ў парыве шаленства, забегшы ў камендатуру, расказала ўсё пра былога оберштурмбанфюрэра СС з Беластока.

Пасля Цымерман вымушаны быў мяняць месца жыхарства...

Маладжавая фрау здзіўлена глянула туды-сюды і хуценька знікла за дзвярыма, аднак Олек паспеў шчоўкнуць затворам «ФЭДа».

Узрадаваўшыся, што дом жылы, такі фокус Олек паўтарыў яшчэ раз і яшчэ. Цяпер на вуліцу выглядвалі па чарзе хлапец і дзяўчына — дзеці і ўнукі Цымермана.

Але ж дзе сам гаспадар?

— Хороба, пся крэв!..

Агорнуты азартам, нібы ён у Сувалках на агародах ноччу вартаваў сувязнога з-за граніцы, Олек прыкінуўся лянівым прахожым і пратырчэў на вуліцы больш трох гадзін.

Нарэшце ля варот спыніўся чорны «мерседэс», які аж ззяў храміраваным нікелем. Машына пасігналіла, і Амільяновіч устрапянуўся. Бравага оберштурмбанфюрэра СС з акуратным праборам бліскучых ад брыльянціну валасоў ён ведаў дасканала з соцень здымкаў ды кадраў кінахронікі. Таму ў сухашчавым і пачцівым інтэлігенце, што сядзеў за рулём, Олек пазнаў яго адразу.

— Ха, я нават пазнаў бы шкуру Цымермана ў гарбарні, калі б напаткаў яе там! — запэўніў мяне потым польскі сябар.

Ад цэментавага фундамента, які трымаў прэнты агароджы, адыходзілі дзве чацвярцінкі круга ліставой медзі з жалабкамі. На роліках па жалабках ездзілі створкі варот. З вілы зноў выйшаў хлапец у джынсах, лёгка адчыніў вароты. Цымерман прывітаў хлапца рукой праз акенца, і «мерседэс» без ніякага гуку ўкаціўся ў двор. Але тут з’явілася маладжавая фрау ды ўстрывожана паказала мужу на Амільяновіча.

Заўважылі, пся крэў! Мажліва, ужо пазванілі і ў паліцыю!

Нельга было траціць ні секунды, ды хіба ж мог я ўпусціць такія кадры? — зноў перажываючы сцэну, прадаўжаў апавяданне польскі сябар. Я ўжо адкінуў усялякую асцярожнасць — у любым выпадку ў мяне на плёнцы сёе-тое ўжо было! На ўстрывожаную сямейку нацэліў аб’ектыў ды з азартам пачаў шчоўкаць — яшчэ! яшчэ! яшчэ!.. Шлюс, нех вас крэв залее! — загадаў я сам сабе, сунуў апарат пад плашч ды — бягом за вугал!

Олека яшчэ не пакінула шанцаванне маладосці. Ды, відаць, і Цымерман не вельмі спяшаўся званіць у паліцыю — яшчэ адзін скандал, яшчэ раз пра яго напісалі б газеты...

Неўзабаве Амільяновіч злавіў таксі зноў. Цяпер яго хвалявала адно — ці жывы там аболтус з паліцыі? А калі яму парашкоў у шклянку насыпаў зашмат?

— Калі ласка, паспяшыце, мне неабходна на поезд, а яшчэ чамаданы трэ забраць з гасцініцы! — не клапоцячыся ўжо пра акцэнт, падганяў ён таксіста.

— Нельга! — коратка адказаў яму на гэты раз малагаваркі вадзіцель ды паказаў на спідометр.— Сто пяцьдзесят, хутчэй не маю права, гэр,— закон.

Узбуджаны да дрыжыкаў у каленях, Олек праз гадзіну, якая здалася яму імгненнем, прыляцеў у Гановер. Уся «акцыя» заняла ў яго каля шасці гадзін.

Олек ускочыў у гасцініцу. Ключ прадбачліва забраў з сабой і цяпер застыў ля дзвярэй, паслухаў. У пакоі стаяла мёртвая цішыня. Не памятаючы сябе ад напружання, Олек уставіў ключ, павярнуў яго і памалу стаў адчыняць дзверы.

Таму, што ён убачыў, спачатку не хацеў верыць. Вартаўнік яго бяздумна спаў. Паміж ложкам ды персідскім дываном цямнела лужына.

— Нех цень шляг трафі!1 — з палёгкай вылаяўся Олек і вымушаны быў прысесці, бо раптам у яго падкасіліся ногі, а ўсё цела абяссілела, бытта яго ўдарыла токам.

Крыху ачуняўшы, Олек пачаў сышчыка штурхаць.

— Уставай, ну!..

— О-оу, гімэль, о-оу, копфшмэрц! — трымаючыся за галаву, малады немец сеў на ложак.

— Ты, сукін сын, што навычаўпляў! — з перабольшаным абурэннем наляцеў на яго падапечны.— Не ўмееш піць — не бярыся! А калі б памёр — мне несці адказнасць, так? Я ж табе гаварыў — агонь, а не гарэлка, дзевяноста пяць градусаў!

— Оў, оў, усё нутро гарыць!..

— І няхай сабе гарыць, мне цябе не шкада, калі ты такі дурны!

— Падай, Алекс, вады! Сколькі праспаў? — паўзіраўся ён на гадзіннік.— Не можа быць!.. Я ж зусім не памятаю, калі заснуў!

— Як не памятаеш?! Яшчэ клікаў нейкую Гертруду, біўся са мной!

— Нічога не прыпамінаю, фэрфлюхтэ!.. А дзе мой пісталет?.. Ага, тут!.. Пачакай, а ты нікуды не выходзіў?

Олек не паспеў адказаць. Наглытаўшыся лакома вады, Курт брыкнуў на падушку ды захроп зноў.

 

1 Каб на цябе ліха! (Польск.)

10

Атрымаўшы з Беластока такія весткі, я сабе ўсвядоміў, што ехаць у ФРГ няма сэнсу — ад Цымермана даб’юся не больш за Амільяновіча. Зрэшты, беластоцкага ката хутка не стала.

Вярнуўшыся дамоў, частку фатаграфій з Бэльфільда Олек памясціў у газетах ды часопісах. Неўзабаве тысячы людзей пачалі завальваць рэдакцыі абуранымі пісьмамі. Пісалі былыя вязні лагераў смерці, турмаў. Пісалі тыя, хто ўцёк з-пад расстрэлу. Пісалі сваякі ахвяр, сведкі...

— О сакрамэнцкі бандыто, о драно сабачы, пачакай жа! — радаваўся мой сябар.

Матэрыялы на Цымермана ўрад ФРГ атрымаў з указаннем адраса былога ката, з фатаграфіямі яго вілы, рабочага месца — суда ў Бэльфільдзе. Усё гэта з Польшчы паслалі ў Германію з пузатымі мяшкамі свежых пісем, у якіх былі тысячы сведкаў злачынстваў «доктара». Уладзе ФРГ нічога не заставалася рабіць, як узяць ваеннага злачынцу пад стражу.

Олек прысутнічаў на Нюрнбергскім працэсе.

Ён выступаў сведкам, калі судзілі былога гаўляйтара Украіны і Усходняй Прусіі — Эрыха Коха.

На працэс гаўляйтара Генералгубернатарства Ганса Франка не трапіў толькі таму, што той да суда пакончыў самагубствам...

Атрымаўшы з генеральнай пракуратуры ФРГ выклік, Амільяновіч ужо збіраўся ехаць у Бэльфільд сведкам наступнага працэсу, але прысутнічаць на ім не давялося таксама. Шэф гестапа «Бецырк Бялішток» суда не дачакаўся. Згодна з афіцыйнай версіяй, доктар Цымерман 31 снежня 1965 года налажыў на сябе рукі.

Атрымаўшы інфармацыю аб самагубстве Цымермана, усхваляваны Олек пазваніў мне па міжгорадзе:

— Чуў навіну?!. Здрэйфіў — падавіўся і тон збуй, холера ясна, пся крэв!

А праз тыдзень прыбыло пісьмо з удакладненнем.

З Гановера сябры-антыфашысты паведамлялі, што афіцыйная версія смерці Цымермана — фальшывая. Прыпёрты да сцяны дакументамі, оберштурмбанфюрэр войск СС — такі, здавалася ўжо, перакананы нацыст ды верны служака ідэй фюрэра, пачаў «сыпаць» сваіх. «Доктар» падказаў, дзе знаходзяцца яго папярэднікі — Вільгельм Альтэнлог ды былы шэф гестапа «крайс» Гродна — Гайнц Эрыліс.

Суд гонару былых эсэсманаў, які сабраўся ў бэльфільдскім гатэлі «Кайзергоф», вынес Цымерману смяротны прыгавор. У навагоднюю ноч сябры былога оберштурмбанфюрэра зайшлі на кватэру свайго былога калегі і, прыставіўшы да скроні пісталеты, загадалі выпіць атруту.

Так ці інакш, фашыст забраў у магілу падрабязнасці пра Будніка. Мяне агарнула роспач: хто цяпер больш падрабязна раскажа пра Мікалая?

Ішлі тыдні, месяцы. Я ўжо пачаў мірыцца са сваім бяссіллем, ды нечаканая сустрэча дала мне зноў надзею.

 

Раздзел чацвёрты

 

1

Аднойчы летам з Ліепаі прыехаў к нам на гастролі тэатр Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту. Вечарам артысты давалі спектаклі, а днём знаёміліся з горадам. Ён у нас малы, глядзець асабліва няма чаго, і госці пачалі неўзабаве сумаваць.

Мясцком трупы прыдумаў падапечным занятак — сустрэчы з мясцовымі мастакамі, вучонымі, персанальнымі пенсіянерамі. Дайшла чарга і да журналістаў — на сустрэчу запрасілі і мяне.

З першых рэплік прыбалтыйскіх гасцей я зразумеў, што горад наш ім вельмі спадабаўся. Тут, на іх думку, надзвычай ціха, старажытнасць ужываецца з мадэрнам, многа зеляніны, а галоўнае — іх уразілі гледачы.

— Ведаеце, у вас такія тэатралы, якіх рэдка цяпер дзе і спаткаеш! — з павагай заўважыла пажылая дама.

Для мяне прызнанне было прыемным.

— Няўжо? — шчыра здзівіўся я.

— Великолепная публика! — у адзін голас падтрымалі яе старыя і маладыя артысты поўным ёмкага і своеасаблівага значэння рускім словам, якое, на жаль, ніяк не перакладзеш на беларускую мову.

Артысты распалілі ва мне мясцовы патрыятызм, і я вырашыў ім паддаваць жару: ах, так? Тады паслухайце і ведайце нашых!..

Адчуваючы непадробленую цікавасць аўдыторыі, перабраў я ўсіх вядомых пісьменнікаў нашага краю, дайшоў да сучасных,— і ў жывых пастараўся знайсці ў біяграфіях такое, каб здзівіць людзей. Адначасна другім паверхам сваёй свядомасці я ліхаманкава шукаў у памяці чаго-небудзь такога, каб было звязана з тэатрам ды палесціла балтыйцам.

І тут мяне раптам азарыла: а гісторыя з Белай? Падыдзе якраз!

І вось пачынаю апавядаць аб тым, як роўна дваццаць пяць гадоў таму назад мне далі заданне закахаць у сябе артыстку Варанцову і што з гэтага атрымалася. Гісторыя адразу гасцей запаліла. Твары ў іх выцягнуліся, вочы ўважліва ды з цікавасцю ўставіліся на мяне, людзі замерлі і не варушыліся. Толькі адзін рэжысёр не мог чамусьці ўседзець на месцы. Ён некалькі разоў схопліваўся з крэсла, спрабаваў мяне перабіць, але ў апошнюю хвіліну стрымліваўся.

Нарэшце я скончыў. Мяне, вядома, спыталі пра далейшы лёс Белай.

— На жаль, яе немцы расстралялі,— аб’явіў я тое, што чуў ад польскага генерала.

Рэжысёр падхапіўся з крэсла зноў:

— Варанцову расстралялі?!. Ха-ха! Няпраўда! Жыве яна, дзякуй богу, жыве-е! І другі раз замуж выйшла!.. Зноў працуе ў тэатры ды яшчэ якім карыстаецца поспехам!

Мабыць, у мяне быў дурнаваты выгляд.

— Толькі прозвішча цяпер у яе іншае — Ніканава яна ўжо! — дабавіў рэжысёр.

Часамі толькі даводзіцца дзівіцца, якую ролю ў тваім жыцці іграюць звычайныя выпадковасці: перада мной была адна з іх.

Мы ўсе памаўчалі.

— Як у рамане! — шапнула пажылая дама.

Пасля паўзы нехта дабавіў:

— А і праўда, свет цесны!

Адным словам зала была загіпнатызаваная, а я зразумеў, што мне сёння здорава пашанцавала.

— Уладзімір Міхайлавіч, даражэнькі, не мучце мяне, не цягніце, дайце адрас!

І рэжысёр назваў вядомы на ўвесь Саюз тэатр у горадзе над Волгай, дзе цяпер працуе мая даўняя знаёмая.

Вярнуўшыся дамоў, я адразу адправіў па новым адрасе пісьмо.

 

2

Неўзабаве мяне чакаў яшчэ адзін сюрпрыз.

І прыйшоў ён не ад Белай. Артыстка чамусьці ўпарта маўчала.

Аднойчы вечарам да мяне заглянуў швагер і паміж іншым кінуў:

— Слухай, у вайну ты быў у Гута-Міхаліне, так? Прачытаў якраз я кніжку пра разведчыкаў, якія там базіраваліся. Здорава, бадзягі, дзейнічалі!.. Ага, у ёй апісаны і нейкі Буднік з нашых краёў, меў падпольную клічку «Зубёр». Ведаў такога?

— ?!

— Кніжку праглынуў за адзін вечар — можаш яе ўзяць.

Праз паўгадзіны я ўжо з хваляваннем трымаў у руках невялічкую кніжачку ў бардовай вокладцы. «Радзіруе «Зубёр» — стаяў на ёй надпіс. Напісаў яе перад самай смерцю былы камандзір дэсантнай групы чэкістаў-разведчыкаў, палкоўнік Леанід Іванавіч Ліхайван. Той самы, пра якога гаварыў Косця ў час узнагароды ветэранаў польскімі ордэнамі. Толькі Косця называў сапраўднае прозвішча чэкіста, і я яму не прыдаў значэння. У кніжцы ж — над загалоўкам тытульнага ліста стаяла і яго падпольная клічка, якую, выяўляецца, я добра ведаў.

Для нас, партызан, палкоўнік у Гута-Міхалінскім лесе называўся Марцірасянам. Менавіта ён камандаваў той групай дэсантнікаў, дзе частавалі мяне смачным абедам, калі я хадзіў па сядло польскага ўлана для Громава.

І Буднік там бываў? Мажліва, ён якраз, пераапрануты ў вайсковае, і сядзеў тады сярод тых хлопцаў за сталом?

Не, я б яго пазнаў адразу па росце. Затое нашыя шляхі на сцежках Гута-Міхалінскай пушчы абавязкова зыходзіліся ды перасякаліся, напэўна, напэўна, не адзін раз. І даведваюся пра гэта аж так позна!

Як пераблытана жыццё!

У кніжцы пералічваліся ўсе васемнаццаць разведчыкаў-чэкістаў групы Ліхайвана. Яшчэ там гаварылася, што, за выключэннем камандзіра, астатнія і цяпер жывы-здаровы. Нават месца працы іх значылася па гарадах Саюза — ад Таліна да Уладзівастока.

І тут я адчуў, што мне суджана распытаць усіх хлопцаў Ліхайвана аб Мікалаі. Я перапісаў адрасы сабе ў блакнот — перапісваў дакладна, з прагнасцю, адчуваючы ўздым.

На жаль, з запісанымі прозвішчамі ў кішэні я прахадзіў яшчэ цэлы год, покуль не падвярнулася магчымасць адправіцца ў дарогу па матэрыял.

 

3

І вось я ў маскоўскім аэрапорце. Сяджу ў кабінеце начальніка аддзела перавозак аэрапорта Быкава — у Антона Васільевіча Агурцова. Дзесьці побач васьмімільённы горад з тэатрамі, метро, помнікамі ды святымі для кожнага з нас мясцінамі, а за акном равуць стрэлавідныя сігары лайнераў, бурляць патокі пасажыраў, але мне не да іх.

Перада мной — сам гаспадар кабінета. Хутчэй за ўсё менавіта яго я бачыў чвэрць стагоддзя таму, калі Агурцоў у той дзень не стаяў на варце ці не быў на заданні, напрыклад,— каля Гарадка. Толькі як я ні прыглядваўся, як ні напружваў памяць і фантазію, Агурцоў мне не напамінаў ні аднаго з тых жывых, белазубых і цікаўных хлапцоў, якія тады з апетытам апляталі партызанскія катлеты, ладавалі зброю ды з няўтоенай перавагай пазіралі на пасланца Громава — збедненага, у аблезлым кажусе не са свайго пляча, у дзедаўскай капузе з бандыцкім абрэзам на вяровачцы цераз плячо.

Супроць мяне сядзеў зараз мажны, сіваваты, інтэлігентны мужчына, якому так і хацелася параіць, каб ён выязджаў на лыжах часцей за горад зімой, а летам не разлучаўся з веласіпедам, а галоўнае — менш еў.

Мужчына мяне ўважліва выслухаў.

— Ці ведаю я Будніка з Зеляневіч?! Яшчэ як! — адразу забыўшыся аб сваёй самавітасці, чалавек маладжава ўскочыў з крэсла.— Паміж членамі нашай групы абавязкі былі падзелены. З Зубром працаваў наш Лукашык Віктар Міхайлавіч, а я трымаў сувязь з віцэ-прэзідэнтам горада Варшавы. Але не адзін раз давялося і мне сустракацца з зеляневіцкімі братамі. У кніжцы «Радзіруе «Зубёр» гаворыцца пра Буднікаў мала — кніжка рыхтавалася да друку яшчэ тады, калі гэтая тэма лічылася надта далікатнай. Час памяняўся. Пра Буднікаў, асабліва пра Мікалая, было б варта цэлы раман напісаць.

— Хачу ўзяцца...

Слова за слова, і Агурцоў расказаў аб сустрэчы, якая яму добра запомнілася.

Выяўляецца, нашы шляхі ў лесе перасякацца не маглі. З-за канспірацыі браты Буднікі ў Гута-Міхалінскую пушчу паказвацца не мелі права. Больш за ўсіх падпарадкаваны забаронам быў Мікалай. Ён нават і ў свае Зеляневічы мог прыязджаць толькі ў выключных выпадках, ды і то днём, бо яго вёска, як і астатнія сёлы навокал, ноччу станавіліся партызанскай зонай, таму першая сустрэчная група лясных хлопцаў магла Мікалая застрэліць як звычайнага здрадніка.

Да ўсяго ж паміж Зеляневічамі і Гута-Міхалінскай пушчай пралягала шаша. Дарога вяла да ружанскага аэрадрома бамбардзіроўшчыкаў далёкага вылету — па шашы безупынна снавалі патрульныя браневікі і танкеткі, па ёй часта перабягалі групы партызан, таму на дарозе амаль ніколі не сціхала перастрэлка.

Такім чынам, сувязь з Буднікам была не з лёгкіх. Кантакты з сям’ёй патрыёта група трымала цераз цэлую сістэму сувязных і тайнікоў — прымушалі абставіны.

Аднойчы Мікалай дамогся асабістай сустрэчы з камандзірам. Як назло, Ліхайвана якраз хапіў радыкуліт. Аднак палкоўнік усё роўна вырашыў ісці. Армянін узяў з сабой намесніка — Віктара Лукашыка, узяў аўтаматчыкаў, у тым ліку і Агурцова.

 

4

У пачатку дарогі радыкуліт у камандзіра абвастрыўся. Падпалкоўнік ужо ледзьве перастаўляў ногі, але ні за што не хацеў перадавяраць сустрэчу каму-небудзь другому,— Мікалай быў надта каштоўным для камандавання, а патрабаванне разведчыка камандзіра ўстрывожыла. Цераз шашу Ружаны — Пружаны камандзіра давялося пераносіць на руках. На шчасце, усё абышлося: немцы адкрылі страляніну, калі хлопцы нырнулі ў кусты.

Хвароба скруціла камандзіра так, што ён не мог ужо і разагнуцца, а толькі па скрыўленым твары ды па цяжкім і няроўным дыханні дэсантнікі бачылі, што ён церпіць. Ісці Ліхайван не мог аніяк, а несці грузнага мужчыну — цяжкая ноша для такога пераходу, трэба было штосьці рабіць.

Неўзабаве разведчыкі раздабылі на хутары канягу, пасадзілі на яе згорбленага камандзіра, наўючылі цяжкія рэчавыя мяшкі і гэтакім караванам адправіліся далей, клапатліва падтрымліваючы хворага з бакоў.

Хлопцы валакліся цэлую ноч. Агурцоў памятаў, што ён, каб не згубіцца, увесь час трымаўся за хвост каня.

Світанне застала іх у невялікай вёсачцы: сувязны павёў групу дняваць на званіцу. Увесь час на дашчанай падлозе варочаўся ды прыглушана стагнаў Ліхайван — армянін аніяк не мог выбраць месца, каб улегчыся,— а яго хлопцы гэтым часам разглядваліся.

З верхатуры добра было відаць, як па двары гарнізона крочылі ў чорных шынялях ды з шэрымі нарукаўнікамі паліцаі, як старэйшы паліцай развучваў з імі прыёмы — вінтоўку к назе, на плячо, паварот — кругом...

Трое з гэтых чорнашынельнікаў прагаварыліся па п’янцы на хрэсьбінах, што яны бытта ведаюць, хто такія на самай справе Буднікі, і толькі маўчаць да пары. Браты адразу праінфармавалі Мікалая, а той устрывожыўся ды патрабаваў спаткання з камандзірам. Але дэсантнікі пра ўсё гэта даведаліся пазней, цяпер жа праз шчыліны ў дашчаных сценах званіцы з ліхаманкавай насцярожанасцю — бо было небяспечна — разглядалі ўнізе цёмныя фігуркі ворагаў ды вельмі шкадавалі, што нельга гадаў узяць на мушку ды перакасіць з аўтаматаў.

Мясцовы свяшчэннік быў заадно з партызанамі.

Неўзабаве матухна з вёдрамі падышла да каланчы і на вяроўцы, якой б’юць у званы, падала дэсантнікам суп, затым бульбу з мясам. Пад’еўшы, Агурцоў да вечара з хлопцамі праспаў і нічога больш не бачыў.

Ад гэтай вёскі было зусім недалёка да Зеляневіч, але чамусьці ў наступны дзень разведчыкі туды не пайшлі, чакалі Будніка яшчэ цэлыя суткі. Лукашык толькі памяняў месца днёўкі.

Потым яны сядзелі ў нейкім склепе. Быў склеп надта малы, нават не гарэла свечка — не хапала ў ім кіслароду. У цемры ды халоднай сырасці толькі чуваць было цяжкае, з перарывамі дыханне камандзіра. Астатнія сябе падбадзёрвалі. Хлопцы час ад часу аж давіліся ад прыглушанага рогату, калі ўспаміналі, як пры сустрэчы са свяшчэннікам Сярожа Панін не ведаў, як да папа загаварыць, і звяртаўся да яго са словамі — «таварыш бацюшка».

Сустрэча з Буднікам, паводле слоў Агурцова, выглядала інакш, чым яна апісана ў кнізе. Мяне гэта не здзівіла, бо даўно пераканаўся, што кожны чалавек тую самую падзею бачыць па-свойму. Калі мы часамі сыдземся з братам Валодзькам ды пачынаем успамінаць які-небудзь выпадак з часоў вайны, Валодзька апавядае зусім не тое, што апавядаю я, а той, хто слухае нас у гэты момант, напэўна, успрымае расказы як дзве розныя гісторыі.

 

5

На світанні наступнага дня дэсантнікі ўжо былі ў Зеляневічах. Старэйшы з Буднікаў, Міхась, прывёў лясных гасцей да сябе ў дом.

Мікалая яшчэ не было.

Маці братоў — жылістая і рухавая сялянка — адразу занялася Марцірасянам, а кожнаму дэсантніку выдала па пары бялізны ды паказала на пліце пузатыя саганы з гарачай вадой, падала нямецкага мыла.

Хлопцы пачалі сябе прыводзіць у парадак.

Пачынаўся дзень. З кухні смачна пахла — гатавалася сняданне. Паголены і памыты Агурцоў адчуў сябе як дома, але камандзір падміргнуў — бярыцеся за справу! Група збіралася правесці тут цэлы дзень, і на ўсялякі выпадак трэба было прыкінуць, куды ўцякаць, калі выдарыцца непрадбачанае. Агурцоў з Лёнем Мядзведзевым выйшлі праверыць сені.

У сенцах панаваў паўзмрок, гэта — тое, што і трэба было. Агурцоў стаў прыглядацца.

У кутку тырчэла драбіна, над ёй свяціўся люк на вышкі. За сцяной адчуваўся хлеў, там рохкалі свінні. На драбіну хлопцы накідалі нейкіх мяшкоў, ануч — стань за іх, і ты зусім-зусім невідочны.

Агурцоў падняўся наверх.

На вышках — салома, па ёй можна прабегчы над хлявом, з маху высадзіць плячом дошкі ў шчыце ды з трохметровай вышыні скочыць у мяккі чарназём агарода, у густую сцяну канапель, якую Міхась спецыяльна пасеяў ля сцяны. Немцы атакуюць дзверы, а ты заходзіш з тылу — таксама не кепска.

І вось калі яны з Лёнем усё гэта вывучылі ды абгаварылі ў сенях, з вуліцы ўваліўся раптам высачэзны эсэсаўскі афіцэр з новенькай кабурой на левым баку і з жоўтым сакваяжам у руцэ. Антон Васільевіч ведаў, што разведчык Мікалай высокага росту, і чакаў хлапца з мінуты на мінуту. Але дэсантнік не змог перамагчы ў сабе жудасны рэфлекс. Рука мімаволі пацягнулася к пісталету. Ды і Лёня Мядзведзеў потым чэсна прызнаваўся, што здорава перапалохаўся, калі ўбачыў эсэсаўца.

— А, а вось і вы! — першы загаварыў Мікалай, спыняючыся.— Ну, як справы, бандыты? Ці доўга яшчэ будзеце блытацца па гэтай самай Гута-Міхаліне?

У голасе Мікалая скразіла радасць ды гонар за хлапцоў. Бывалы, амаль трыццацігадовы мужчына дабрадушна разыгрываў васемнаццацігадовых юнакоў. Але Агурцову спатрэбілася здабыць у сабе нямала сілы волі, каб падтрымаць тон.

— У нас справы — першы сорт! — ледзьве ён выдавіў з сябе скрозь хваляванне.— А твае, гестапавец, як стаяць справы?

— Лепшымі і быць не могуць!

Усе трое ўсміхнуліся.

Першым апамятаўся Мікалай.

— Тады айда ўсе ў хату, бо тут хто з суседзяў яшчэ заўважыць нас цераз плот!

Па-гаспадарску, бытта адгэтуль і не адыходзіў, Мікалай адчыніў дзверы на кухню:

— Заходзьце, калі ласка! За вуліцай Косця і Міхась паглядзяць.

Агурцоў, на маё шчасце, валодаў выдатнай памяццю. Размову, якая неўзабаве адбылася ў хаце Буднікаў, і тыя падзеі перадаў мне падрабязна.

 

6

У бакоўцы за сталом любоўна абкладзены мяшочкамі з гарачым пясочкам, ухутаны коўдрай сядзеў Ліхайван. Побач прымасціўся Лукашык. Жадаючы, мабыць, каб аўтаматчыкі чаму-небудзь навучыліся, Ліхайван-Марцірасян дазволіў застацца і ім.

Агурцоў, Мядзведзеў, Конюхаў ды Панін таксама занялі месцы за сталом. Мікалай прымасціўся ля акна, і з вуліцы можна было разгледзець яго ладны сіні мундзір — шырокай спіной ён засланіў усё акно. Маці — з карычневым ад старасці і нялёгкай сялянскай работы тварам, глыбока парэзаным чорнымі ад клопатаў маршчынамі, стала падаваць сняданне на стол ды шчыра запрасіла ўсіх сесці.

Ліхайван першым чынам пацікавіўся, чаму Мікалай яго выклікаў.

— Міша, раскажы ты! — звярнуўся сярэдні Буднік да старэйшага брата, які толькі што ўвайшоў.— Ты лепш ведаеш усе падрабязнасці.

— Кепска, таварыш камандзір,— як бы просячы прабачэння, што так атрымалася, загаварыў старэйшы Буднік. Ён не спяшаючыся падрабязна расказаў пра ўсё тое, што гаварылі ў вёсцы паліцаі.— Калі іхнія пагрозы так і пакінем, то можам пагарэць. Нават як уцячэм мы, мужыкі, у лес, то куды дзявацца нашым малым дзецям, маёй жонцы, старой маці? Немцы — самі ведаеце, літасці не маюць.

Мужчыны памаўчалі.

— А што за яны, гэтыя трое? Як сябе паводзяць на вёсцы? — праз хвіліну спытаўся камандзір.

— Не лепшыя і не горшыя за астатніх бобікаў,— заўважыў Міхась.— Мясцовыя гады. Але нават сваіх не саромеюцца: што знойдуць у каго, так і грабуць! Вынесла наша суседка бяліць палатно на балота — і тое забралі ды прапілі на вёсцы. Шкада — жонкі няма дома, яна шмат бы расказала, але я адправіў яе з дзецьмі на сёння к швагру ў Аплевічы...

— Як іх толькі зямля на сабе носіць!

— Хіба ж добры хто пойдзе ў паліцыю?

— Мішка, а ты раскажы пра Івана Палітыку! — папрасіла сына старая.

— А праўда, гэта ж яны паддалі старога Івана! — спахапіўся Мікалай.— Я зусім выпусціў з галавы!

— Вядома, яны,— пацвердзіў Міхась ды пачаў тлумачыць Ліхайвану.— Быў у нас такі стары дзівак. Хваравіты, кульгавы, лядашчы... Дома і дроў жонцы ні разу не насёк. Бывала, падвяжа сябе пастроначкам, кіёчак у рукі ды клыпае па вёсцы, расказвае навіны. Усё ён ведаў — і што робіцца ў Брэсце, і што — ажно ў Італіі... Сустрэнеш яго на вуліцы, бывала, а Іван яшчэ здалёк крычыць: «Чуў, Японія спалохалася бальшавікоў і накіравала паслоў у Маскву!.. То-та ў Бібліі гаворыцца: чырвоны певень задзяўбе жоўтага, і — во, маеш!..»

— Што ты, Мішка, нагаворваеш на старога чалавека, царства яму нябеснае! — пакрыўдзілася маці.— Хіба Іван кепскае каму зрабіў? Дзяцей не меў, то і бегаў, апавядаў байкі, а жонка патурала, бы малому!

— Мам, я ж і не гавару нічога благога!.. Такі сабе бяскрыўдны балбатун! На вёсцы Івана празвалі Палітыкам, мянушка так і прырасла.

— І вось у мінулым годзе вяртаецца дзядзька з Ружан дамоў. У Гута-Міхаліне з’явіліся першыя партызаны — падпалілі немцам бранявік. Чалавек наслухаўся ў горадзе навін, яго аж разрывала ад вестак, а расказаць няма каму. Каля рэчкі бачыць — купаюцца загарэлыя хлопцы. Старыя людзі хлапцоў пазнаюць па падабенстве з бацькамі. Іван вызначыў, што перад ім — юнакі з суседняй вёскі, і засемяніў да іх. «А-а, Іван-Палітыка! — адразу тыя закрычалі да яго.— Ну, як там вайна?» Дзівак і давай бяспечна прысачыняць, бытта на шашы партызаны спалілі немцам тры танкі, пусцілі пад адхон на брэсцкай каляі эшалон, забілі двух афіцэраў... Бачыць раптам, а у кустах — вінтоўкі ды ровары. Стары язык прыкусіў, ды позна. «А-а, так тваю растак, ты радуешся бандытам?! Бальшавік, жыдоўскі парабак!..» Паліцаі на старога напалі, збілі яго і здалі ў камендатуру.

— Так і прапаў, бедны, а яго Юлька вочы выплакала! — уздыхнула маці ды патэпала на кухню.

— Цяпер мне ўсё ясна! — прыняў рашэнне Ліхайван.

Камандзір шэптам растлумачыў Мікалаю, што той павінен цяпер рабіць.

 

7

Калі ўляглося першае ўражанне ад непрыемнай размовы, Ліхайван пацікавіўся, ці добра Мікалай замаскіраваў свой ад’езд з Беластока.

— Надзейна, таварыш камандзір! — запэўніў яго разведчык.— Цымерман паслаў мяне на тыдзень у ваўкавыскі лагер ды заадно дазволіў заехаць да хворай маці ў Зеляневічы.

Потым Ліхайван пацікавіўся, ці не паправіліся ў Мікалая адносіны з намеснікам шэфа «бецырка», са Шмідтам. Ці з-за таго, што Цымерман выказваў сімпатыю да Мікалая, ці Шмідт нешта падазраваў, намеснік адносіўся да разведчыка варожа, ад чаго некалькі разоў паміж імі выбухалі вострыя сутычкі.

На жаль, у адносінах паміж імі нічога не змянілася і цяпер.

На мінулым тыдні Мікалай са Шмідтам адправіўся ў Аўгустоўскі лагер ваеннапалонных. Былі яны ў купэ ўдвух. Селі выпіваць. Пілі спачатку моўчкі. Потым Мікалай паспрабаваў спадарожніка ўцягнуць у гутарку і выклікаць давер.

Калі чалавек шчыры? Калі шчыры перад ім ты.

Мікалай пачаў апавядаць Шмідту, як у інстытуце закахаў у сябе студэнтку родам з Аўгустова, з якой не супроць спаткацца і цяпер, толькі невядома — ці засталася жывая. У вайну Мікалай яшчэ ні разу там не быў. У Будніка так атрымалася гладка, што ён і сам з сябе здзівіўся. Аднак немец панура маўчаў ды адводзіў вочы ўбок.

Неўзабаве надышоў момант, калі Мікалай інтуітыўна адчуў, што Шмідт яго разгадаў і не верыць ніводнаму яго слову.

Мікалая агарнула трывога. Першым жаданнем было — забіць немца, ірвануць стоп-кран, а калі поезд сцішыць ход, нырнуць у кусты і бегчы, бегчы з усіх ног да Гута-Міхаліна, адчуваючы дзікую радасць, што скончылася нарэшце гэтая гульня з агнём і раздвоенасць.

Мікалай ледзьве стрымаўся. Узяўшы сябе ў рукі, пачаў спойваць немца.

У Сувалках да іх нечакана падсеў памочнік старасты Тыльзіта доктара Брыка — Ота Вінц, які вяртаўся з «Вольфшанцэ»1. Мікалай пачаставаў і Вінца, балазе марак на такую справу хапала, пра гэта клапаціўся Лукашык.

Падвыпіўшы, Ота Вінц пахваліўся, што прысутнічаў са сваім шэфам на інструктажы, дзе гаварылася пра тое, як немцы будуць распараджацца занятымі тэрыторыямі.

«Оу, оу-у, абэр грандыёз!» — Ота яшчэ не мог прыйсці ў сябе ад пачутага.

Гэта цяпер, шмат гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі з’явілася маса літаратуры аб планах гітлераўцаў, калі ведаем, чым гэтыя планы скончыліся, мы пачынаем да іх прывыкаць ды пакрысе лекцэважыць. Калі ж пра іх гаварылася ў зеляневіцкай хаце, вясной 1943 года, а наперадзе была яшчэ большая палавіна вайны і немцы стаялі пад Ленінградам, Вязьмай, Курскам і Арлом, праекты тыя таілі ў сабе смяротную пагрозу для народаў, а вестка пра іх для нашай разведкі мела немаведама якую цану. Мажліва, якраз праз радыстку Ліхайвана — Олю Міхайлаву — наш штаб у Маскве ўпершыню меўся і даведацца аб гэтых людаедскіх пражэктах. Таму не дзіва, што камандзір дэсантнікаў адразу насцярожыўся.

— Ну, ну, што ж гэты немец вам расказаў? — падагнаў ён разведчыка.

— Выяўляецца, Леанід Іванавіч, усё ўжо ў іх падзелена, спланавана ды вызначана. Берлін перайменоўваецца ў Германію. Другім горадам Нямеччыны становіцца Кёнігсберг, у ім загадана будаваць оперу і Усходні музей. Ландарт Брыкс тэрмінова павінен скалаціць брыгады архітэктараў і будаўнікоў. Доктар Брыкс атрымаў заданне — усе прадметы мастацтва Беластоцкага «бецырка» накіраваць туды і покуль што накопліваць экспанаты ў каталіцкім касцёле. У праваслаўны сабор будуць накіраваны вагоны з музейнымі каштоўнасцямі Мінска, Кіева...

— Вельмі важная інфармацыя, вельмі важная! — Ліхайван разгарнуў карту ды пачаў наносіць на ёй знакі.— Ну, ну, прадаўжайце, я слухаю!

— Дык вось. Еўропа па Урал маецца належаць Германіі. Уся Азія — Японіі. А Злучаныя Штаты, пасля таго як яўрэяў ды неграў вывезуць адтуль на Мадагаскар, таксама паступяць пад упраўленне Германіі ды Японіі. Афрыка стане пратэктаратам Італіі. Каб жыхары Аўстрыі ды Тыроля не дражнілі італьянцаў пагранічнымі інцыдэнтамі, іх перасяліць у Крым, ачысціўшы паўвостраў ад туземных татар.

— Подэлылы шкуру незабытага мэдвэдзя! — паківаў галавой Ліхайван.— А-яй, яй, і гэта — пасля Сталінграда!..

Скінуўшы з сябе коўдру, армянін пачаў паспешліва разгортваць другую карту, не могучы ўтаймаваць у сабе ўсходніх эмоцый.

— Вельмі важная размова, дарагі таварыш, вельмі важная!.. Толькі з-за яе варта было вам прыязджаць!.. Слухаю!

— Шмідт захроп, і гэты тып з гонарам ад таго, што быў у стаўцы самога фюрэра, усю дарогу апавядаў мне аднаму. Часамі ўспомніць пра будаўнічыя брыгады і архітэктараў, пабурчыць нешта на арганізацыю «Тодта»2 ды зноў апавядае пра нараду. Дык вось, каля 30 мільёнаў славян вызначана ўжо ў газкамеры як непаўнавартасны чалавечы матэрыял. Усе астатнія застаюцца нявольнікамі.

На нарадзе так і гаварылася — славяне, што будуць пакінуты ў жывых, пераўтвараюцца ў такіх дакладна нявольнікаў, якія былі ў старажытным Вавілоне ды Егіпце. Галоўныя славянскія гарады зраўняюцца з зямлёй. Каб не пакідаць ніякіх ілюзій у людзей, на месцы Масквы і Ленінграда, Варшавы і Кіева запланаваны штучныя азёры. Максімум асветы для славян — крыху ведання нямецкай мовы, па геаграфіі — ведаць, як называецца сталіца вялікага рэйха ды разбірацца ў дарожных знаках. Умець пісаць ім зусім неабавязкова. Славяне могуць сабе выміраць, прафілактычныя прывіўкі ды лякарствы ім — лішняя раскоша. У славян адбіраюць лепшыя землі — нібы ў амерыканскіх індзейцаў. Землі гэтыя засяляюць немцамі і «германцамі» з усяго свету. У лік гэтых самых «германцаў» трапляюць нарвегі, шведы і нават — «расава поўнавартасцёвыя» амерыканцы. Кожны з іх на абшарах Расіі і Украіны атрымлівае па некалькі соцень гектараў зямлі...

Слухаючы ўсё гэта, Агурцоў з сябрамі не вытрывалі ды пачалі лаяцца. Ліхайван прызваў іх к парадку.

Мікалай прадоўжыў:

— У Германіі пачынаюць ствараць установы, у якіх будуць гадаваць «пародзістых немцаў».

— Як у зеляневіцкім калгасе перад вайной — племянных бычкоў на ферме! — пакпіў Міхась.— Мо і са штучным асемяненнем?

— А ты не смейся! — заўважыў брат.— Племеннікамі будуць эсэсманы, і ім ужо ў канцлагерах падбіраюць дзябёлых бабаў — неабавязкова немак. Дзяцей у мацярок такіх потым забяруць ды выхаваюць у эсэсаўскіх школах. Для немак плануюцца вышэйшыя школы «мудрасці і культуры». Дыпламанткі атрымаюць тытул «высокай дамы» (hohe Frauen) і будуць вызначацца ў жонкі для «пародзістых шлюбаў». Заслужаныя гітлераўцы і салдаты будуць мець права на дзве-тры жонкі. Першая атрымае тытул «домны», яна стане лічыцца галоўнай, будзе камандаваць усімі дзецьмі, домам ды мецьме права на развод, калі другая ці трэцяя жонка ёй нечым не спадабаецца.

Антон Васільевіч тады надта здзівіўся, што да гэтай пары ворага так упрошчваў. Пачутае ад Мікалая абудзіла ў Агурцова думкі, напомніла аналогіі.

У юнацтве Агурцоў многа чытаў аб жудасным перыядзе Чынгісхана — Атылы, калі дзікія орды, пусціўшы гарады і сёлы з дымам, звязвалі паланянак, славянскіх жанчын косамі і гналі на поўдзень у гарэмы. Агурцоў уяўляў сабе тых захопнікаў не то вялізнымі чародамі чалавекападобных малпаў, не то грандыёзным табуном конепадобных істот — тупых, лютых, брудных ды смярдзючых, зусім без звілін у галаве і агорнутых спантанным выбухам якойсьці звярынай крыважэрнасці, істот тых стыхія раптоўна зрывала з наседжаных мясцін, і яны перліся па краінах, змятаючы, як саранча, на сваім шляху ўсё падчыстую. Ён радаваўся, што тыя часы беспаваротна адышлі ў нябыт, а да няшчасных ахвяр, якім выпала нарадзіцца пакаленняў семдзесят — восемдзесят таму назад ды пераносіць такія жахі, адчуваў спагаду.

А вось і самому давялося бачыць, чуць і перажываць падобнае.

Правёўшы аналогію паміж эпохамі, Агурцоў зрабіў сабе адкрыццё: а што, калі і ў тых выпадках быў не стыхійны разгул дзікай азіятчыны, а — праява цэлай сістэмы са сваімі тэарэтыкамі ды філасофскай базай?!

Гэтым часам Буднік працягваў сваё:

— Гімлер на тым самым інструктажы-нарадзе аб’явіў, што пачынае арганізоўваць ордэн з немцаў, першым чынам з эсэсманаў — падобны на сярэдневяковы ордэн «крыжаносцаў». Замкі для іх Гімлер збіраецца будаваць на Каўказе, Урале, а потым — па ўсёй «сусветнай імперыі трэцяга рэйху», але галоўным чынам — на Усходзе. Жыццё ў гэтых замках будзе «цвёрдым ды суровым». Выхаванцы маюць там не толькі «піць малако дзікай кабылы». Яны павінны будуць так сябе загартаваць, каб потым, не міргнуўшы вокам, не пачуўшы ніякай жаласці і пакут сумлення, умець усадзіць кінжал у сэрца і старому, і малому, і прыгажуні-палюбоўніцы з племені «непаўнавартасных народаў». Кандыдатаў для такой «гартоўкі» будуць пастаўляць спецыяльныя каманды. Адно прайшоўшы «загартоўку» ва ўсходніх замках, члены ордэна змогуць бытта б вярнуцца да дабрабыту і раскошы Германіі, а гэта стане лёсам толькі «гэрэнфолька». Цэнтрам эсэсаўскага ордэна, пупам гітлераўскага свету, як яго называлі на інструктажы-нарадзе, павінен стаць замак у Вавэльбургу.

— Дзе, дзе гэта? — уражаны Ліхайван нахіліўся над картай.

— Ва ўсходняй Вестфаліі, Леанід Іванавіч! Я ўжо глядзеў па карце,— паказаў адразу Мікалай.— Вось тут, на захад ад Кэсэля, каля Падэборна. У рэстаўрацыю замка ўкладзена ўжо 20 мільёнаў марак. Гаварылася, што там і цяпер ёсць на што паўзірацца. Кожны пакой абсталяваны ў іншым стылі. Пабудаваны апартаменты для Гітлера і яго блізкіх, а 50 пакояў — для «hohe Frauen». У адным памяшканні замуравана пліта з чыстага золата — яна сімвалізуе цэнтр «сусветнага германскага руху».

— У Вавэльбургу будуць кананізаваць галавароў ордэна. А пасля вайны там збіраюцца паставіць 12 каласальных помнікаў з граніту — самым выдатным героям трэцяга рэйху. Адным словам, ствараюць нешта падобнае на новы Мальбург, толькі з куды большым размахам. Гранітныя брускі для помнікаў каманды «Тодта» ўжо высякаюць у каменяломнях Фінляндыі.

— Няхай высякаюць. Нічога, нічога, дачакаюцца і другога Грунвальда!..— прамовіў усхваляваны Ліхайван над картай.— Эх, было б бліжэй да гэтага Вавэльбурга, каб наша авіяцыя магла яго накрыць!.. Мікалай Восіпавіч, калі надарыцца выпадак, загадваю,— абавязкова паспрабуйце там пабываць! Абавязкова! Дамовіліся?

 

1 Цэнтральны бункер у Кеншыне (Усходняя Прусія), дзе знаходзіўся Гітлер са сваім штабам.

2 Міністэрства працы.

8

Мікалай са Шмідтам прыбылі да Аўгустова набіраць у лагеры ваеннапалонных добраахвотнікаў у шпіёнскую школу. Трэба было выбраць самых здольных, якіх потым меліся паслаць у партызанскія атрады лазутчыкамі.

Толькі зрабіць гэта аказалася не так лёгка.

Спачатку паспрабавалі яны адабраць, як выразіўся Шмідт, здаровы і «прызваіты» матэрыял візуальна і потым гадзінамі «фільтравалі» яго ў канцылярыі. Затым заглянулі ў лазарэт для палонных, дзе на голай падлозе валялася па трыццаць — сорак чалавек у адным пакоі.

— Падбіраць «матэрыял» у лазарэце — ідэя Шмідта,— апавядаў далей Буднік.— Яму здавалася аксіёмай: ранены, хворы, без ніякай медыцынскай дапамогі і лякарстваў «фэрфлюхтэ руссэ» павінен з удзячнасцю прыняць яго, гада, прапанову ды ратавацца ад немінучай смерці. Аднак нашы раненыя часцей за ўсё цвярдзілі: «Ну, што ж,— загіну, такі ўжо лёс. А ратаваць шкуру не хачу. Хай будзе так, як усім!» Трапляліся маўчуны — такія, што ніводнага слова ад іх не дабіліся! Трапляліся і феномены — такія і не думалі хаваць сваёй нянавісці. Чаго толькі не наслухаўся ад гэтых залатых хлопцаў — і «прадажны сабака» і «гітлераўскі найміт»!.. Такая мяне брала крыўда, што і намёкам і маеш права паказаць сваё захапленне яго паставай! Ой, Леанід Іванавіч, пасля вайны трэба будзе гэтым шматпакутным героям паставіць залатыя помнікі на кожным скрыжаванні дарог!

Шмідт такім чынам мала «нашкроб» кандыдатаў для дыверсійнай школы і вырашыў да палонных падступіцца з іншага боку. Загадаў выстраіць на «апельпляцы» худых — адно скура ды косці — істот у шэрых шынялях ды звярнуўся да іх, палонных, з прамовай. Мікалай пачаў тлумачыць.

— Рускія! — крычаў ім немец.— Настаў той запаветны час, калі кожны індывід мусіць выбраць, з кім ён! Непераможныя кагорты вермахта на сваіх сцягах нясуць краінам Еўропы новы парадак і лад! Кожны больш-менш разумны чалавек павінен далучыцца да велікадушна арганізаваных немцамі для вас вайсковых часцей, і такім зараз жа будзе выдана смачная ежа, добрае адзенне, цёплая казарма з асобным ложкам для кожнага чалавека і на адны суткі па пачку цыгарэт «Юньён»!

У такім высакапарным стылі Шмідт гаварыў доўга.

І з гэткай агітацыі, вядома, у немцаў нічога не выйшла. Палонныя ўсяго Аўгустоўскага лагера моўчкі сціснуліся плячо к плячу, а каб ніхто з іх не паддаўся спакусе ды не выйшаў «тры крокі наперад», тысячы шынельнікаў моцна счапіліся ззаду рукамі. Шмідту давялося здаволіцца тымі кандыдатамі, якіх камендант лагера падабраў яшчэ да прыезду беластоцкіх гасцей і трымаў ужо іх у асобным бараку.

Мікалай даў сабе зарок — не прапусціць ні аднаго добраахвотніка. Немец жа не валодаў рускай мовай і без перакладчыка абысціся не мог.

Праз нейкі час Буднік заўважыў, што Шмідт узяў лагернага перакладчыка ды пачаў падбіраць групу сам. Доўга не думаючы, Мікалай загадаў каменданту выклікаць прадажнікаў другі раз і хутчэй перапісаў іхнія прозвішчы сабе ў сшытак.

Буднік скончыў перапіску, калі да яго ўляцеў ашалелы Шмідт.

— Хто вам даў права дапытваць рускіх? — залямантаваў, як уджалены.— Я ж ужо гаварыў з імі!

— Чаму вы мяне не папярэдзілі? — Мікалай разыграў перад немцам здзіўленне.— Гэтыя людзі, гэр Шмідт, нечым прыглянуліся і мне.

Буднік у зеляневіцкай хаце паклаў на стол перад Ліхайванам спіс і нават фатаграфіі:

— Атрымлівайце. Гэтых тыпаў у атрадах ці ў нашым тыле можна чакаць адно праз паўгода — столькі працягваецца вучоба дыверсантаў.

Мікалай прывёз яшчэ і спіс рэзідэнтаў, якіх немцы збіраліся днямі пасылаць у атрады Гута-Міхалінскага лесу. Ён параіў звярнуць увагу на лысага з адтапыранымі вушамі. Нягоднік хваліўся на кожным кроку, што ў яго вялікі вопыт: такімі справамі займаўся яшчэ пры буржуазнай Польшчы.

— А не трапяць сярод іх невінаватыя?! — засцярог Мікалая старэйшы брат.

— Верагоднасць малая.

— Глядзі, а то наламаеш дроў!

Мікалай ужо вывалак з сакваяжа кансервы, бутэлькі са стракатымі этыкеткамі, а з-пад усяго гэтага — планы Ружанскага аэрадрома ды перадаў камандзіру. Ліхайван уважліва разгледзеў лісты калькі з карычневымі лініямі і нейкімі знакамі ды загаварыў з разведчыкам намёкамі.

Аб чым яны далей гутарылі, Агурцоў зразумець ужо не мог. Адно памятае, што Мікалай раптам узмаліўся:

— Леанід Іванавіч, пашкадуйце мае ногі, я ўжо і так стаптаў іх аж да калень! Дазвольце мне, урэшце, дапусціць да справы іншых беластоцкіх хлопцаў — яны ў мяне жывуць на кожнай больш-менш значнай беластоцкай вуліцы, іх не так проста было падабраць! Скончыцца вайна, а небаракі ўсё так і застануцца на карсервацыі? Братцы, навошта ж тады з імі я такую работу правёў?! Людзям наабяцаў, усе рвуцца да якой-небудзь справы, усім рукі свярбяць!

— Нельга, Коля! — даваў яму выказаць свой жаль і мякка угаворваў Ліхайван.— А раптам ты правалішся і цябе давядзецца адзываць з горада ў лес, што тады будзе? Нічога, няхай пацерпяць. У нашай справе неабходны НЗ, як паветра, сам разумееш. Давай дамовімся — раз і назаўсёды, што размовы на гэтую тэму ўзнімаць больш не будзем, баста!

— Зноў вы сваё!..

Агурцоў улавіў на твары Мікалая прыкрую разгубленасць, як у малога, якому дарослыя з-за ўяўнага насмарку не дазволілі выйсці пакатацца на санках.

 

9

Пры напружанай гутарцы прасядзелі яны так некалькі гадзін.

Радасна ўстрывожаная маці то з набожнай павагай прыслухоўвалася да іхняй размовы, то заклапочана падносіла з кухні новыя талеркі з ежай. Міхась час ад часу падліваў у шклянкі самагонку з чайніка. Агурцоў поўны быў захаплення Мікалаем і павагі да гэтай сям’і.

Тым часам з вуліцы ўляцеў запыханы Косця:

— Немцы ў вёсцы!

У бакоўцы ўсе замёрлі, і запанавала напружанае маўчанне. Аўтаматчыкі хапіліся за зброю.

— Што ім трэ? — першым азваўся Мікалай.

— Халера іх душу ведае! Робяць чамусьці павальны вобыск! Пачалі з таго канца!

— Леанід Іванавіч, дарагі, прабачце, цяпер камандую я! — узняўся над сталом Мікалай. Паправіўшы на рамяні жоўтую кабуру, ён загадаў брату:

— Міхал, вымай з бочкі кулямёт! Выведзеш, калі спатрэбіцца, маму, а пакуль што рассавай людзей куды каго! Косця, не хвалюйся так, сачы спакойна далей за вуліцай і галоўнае — не панікуй, мо шчэ пранясе! Хворага наверх!

Хлопцы ў адзін момант узвалаклі Ліхайвана на вышкі. Агурцоў з іншымі адскочылі ад акна і замерлі, чакаючы, як разгорнуцца падзеі. Шчоўкнулі засцерагальнікі — дэсантнікі прывялі зброю ў баявую гатоўнасць.

Калі чалавек усхваляваны, час ляціць непрыкметна.

Дзверы з сяней на вуліцу ўвесь час былі замкнутыя з сярэдзіны, але Косця, прылятаючы з весткай, адкрыў іх вядомым толькі Буднікам спосабам і цяпер у гарачцы пакінуў адчыненымі. Менавіта ў гэты момант уздумалася зайсці к Буднікам суседу.

Згледзеўшы на падворку дзядзьку, Конюхаў і Агурцоў ледзьве паспелі нырнуць за драбіну з анучамі. Мядзведзеў сам не памятаў, як апынуўся за шафай.

— Дзень добры табе, Восіпавіч!..

— ...

— Кажу — дзень добры!.. Прыехаў да братоў і да маці ў госці? Не забываеш, бачу. Малайчына!.. А ў нас немцы шпацыруюць па сяле, Колечка! Шпацыруюць, а чаго ім трэ, трасца іх ведае! — праз адчыненыя на кухню дзверы выразна пачуў Агурцоў шамканне старога.— Вечарам, халера, прыйдуць з лесу партызаны і таксама будуць нечага шукаць...

— Ісціны бог, праўда! І тыя стануць трасці нас, аняўжэ! — падтакнула суседу маці.

— Эх, і жызня настала, не давядзі госпадзі! — уздыхнуў стары, збіраючыся правіць доўга.— Нездарма мой пакойны дзед гаварыў, што шчэ шылам хлеб станем есці, а чалавек цэлымі днямі будзе шукаць чалавека на гэтай зямлі!..

— А чаго нам з вамі баяцца, дзядзька Юзік, чаго нам дрыжэць! — пачуўся ўпэўнены голас Мікалая.— Хто вінаваты, хто таго заслужыў, няхай і трымае адказ, а нам з вамі — што? Гэ, большай бяды не было б!..

— Добра табе так гаварыць! Жывеш сабе, як пан, у горадзе ды ніякага клопату не ведаеш, хіба што — прыехаць унь да братоў, да маці па сала ці кумпяк, а нам?.. Падкажы немцам, што ноччу шарылі партызаны,— заўтра зялёныя табе гэтага не даруюць, а не скажаш, то шчэ даведаюцца як-небудзь немцы, і таксама бяды не абярэшся! І як тут быць невінаватым?!.

Хвіліну панавала маўчанне, покуль не азваўся зноў дзед:

— Але што гэта робіцца, скажы, Восіпавіч? Ці доўга так усё працягнецца, халера на яго? Адкажы мне, Мікола, ты ж — вучаны хлапец, у Вільню цябе бацькі пасылалі, і ў турме столькі прасядзеў, табе ўсё вядома.

— Што ён можа ведаць, чаго ты да хлапца, Юзік, чапляешся? — пачуўся ўстрывожаны голас маці.— Хто цяпер увогуле што ведае? Мо адзін бог!

— Але...

— Вы, дзядзьку Юзік, ішлі б лепш дамоў, можа, і ў вас што знойдуць — трасуць жа вёску покуль што з таго канца, і вы паспееце прагледзець! — умяшаўся ў гутарку Міхась.

— І знойдуць пры такім праве! — дапамагла маці сыну.— Унь Юлька Кандратавага за што восенню расстралялі, і не падумаў, што гэта яго згубіць можа — намерваўся кабана тым штыком на каляды калоць!.. Што ім да чалавека прычапіцца?

— Не дай бог, не дай бог, суседка!.. Трэба, мусіць, ісці...

Калі старога агульнымі намаганнямі выперлі з хаты, Агурцоў выйшаў са схованкі і праз акно убачыў немцаў сам. Яны неяк вяла і неахвотна, бытта адбывалі нікому не патрэбную павіннасць, заходзілі ў дамы, сланяліся па падворках, шарылі ў хлеўчуках ды ў кастрагах дроў, спрабавалі лавіць курэй.

— Будзьце начаку, я пайшоў к ім! — рашуча аб'явіў Мікалай ды зашпіліў усе гузікі і паправіў кабуру.

Неўзабаве ён з’явіўся на вуліцы.

Агурцову было добра відаць, як вялізная яго фігура ў эсэсаўскай форме пасунулася насустрач немцам — апранутым у мундзіры болей цёмнага, чым уніформа Будніка, колеру. Як бы ў насмешку над тым, пра што было толькі што гаворана за сталом аб «пародзістай расе немцаў», усе салдаты трапіліся нізкарослыя, няўклюдныя ды пажылыя, а ўжо Мікалай сярод іх быў Гуліверам. Вось «эсэсавец» упэўнена і не спяшаючыся падышоў да першага салдата, і той выцягнуўся, стаў насмірна.

Аднекуль вынырнуў невялічкага росту афіцэрык ды таксама застыў як слуп. Мікалай да яго загаварыў. Афіцэр адразу ўстрапянуўся і нешта салдатам пракрычаў. Немцы нястройным, рэдзенькім натоўпам прасачыліся міма будынкаў Буднікаў, прыняліся за вобыск у суседнім двары ды ўспалашылі новыя процьмы курэй і расцкавалі сабак і там.

Мікалай з афіцэрыкам накіраваўся ў хату. Хлопцы нырнулі хто куды і замёрлі.

Праз мінуту на кухні пачулася нямецкая гаворка. Зазванілі шклянкі і відэльцы.

Дзверы на кухню па-ранейшаму былі адчынены.

Агурцоў часта чуў незразумелае для сябе нямецкае слова «просіт»! Ды і з цемры яму было добра відаць, як пры слове «фюрэр» афіцэрык, бы паяц, усхопліваўся, стукаў абцасамі ды піў стоячы.

Зноў з’явілася старая і стала дапамагаць сыну ачмураць немца.

— Пане, во, бярыце селядца! — ласкава гаварыла яна дзіўным і прыемным для вуха Антона Васільевіча дыялектам.— Грыбочкаў, грыбочкаў салёненькіх бярыце, паночку, во, гэтых маладзенькіх!.. Закусвайце, пане, закусвайце, ешце на дарогу, наядайцеся, бо да Ружан надта далё-ока!..

Не паварухнуўшыся, з узведзенымі аўтаматамі, з пальцамі на спускавых кручках, Агурцоў з Конюхавым за драбінай, а Лёня Мядзведзеў за шафай прастаялі мінут з дваццаць. Калі нарэшце немец пайшоў, Антон Васільевіч мусіў расціраць нагу — так яна анямела.

— Я ўжо думаў — не мінаваць перастрэлкі! — паскардзіўся ён Лёню, адчуваючы вялікую слабасць ад толькі што паспытанага напружання.

— Наеўся і я страху, а няхай на яго хвароба! — паківаў галавой старэйшы Буднік, яшчэ не верачы, што ўсё абышлося найлепш.

З радасным здзіўленнем на тварах злазілі з вышак камандзір і Панін. Напружанне спарадзіла цуд — у Ліхайвана раптам радыкуліт нібы рукой зняло.

Мужчыны з пытаннем у вачах паглядзелі на Мікалая.

— Глупства, узвод «ляндсвера»1 — той супакоіў іх.— Спісаныя з франтоў па старасці ці калецтве салдаты з Ружанскага гарнізона. Шукалі па хатах падпольную літаратуру. Такую аперацыю праводзяць кожны месяц. Трэба ж было ім прываліць якраз сёння, халера!..

— Лёгка табе ўдалося загаварыць ім зубы! — дзівіўся камандзір, а яго макраватыя карычневыя вочы глядзелі на разведчыка з захапленнем і любоўю.

— Як толькі заявіў я афіцэру, што служу ў Цымермана афіцэрам па спецыяльных даручэннях, дык яго, беднага, ледзь кандрашка не хапіла ад пашаны і службістасці! — выдаючы і сваё хваляванне, і радасць, што пранесла, абмінула бяду, загаварыў Мікалай.— Немец адразу загадаў нашу хату салдатам абмінуць. Але я на ўсялякі выпадак вырашыў яго пачаставаць — ліха яго ведае, мажліва, ён са сваім узводам тут яшчэ не раз будзе, прыгадзіцца калі-небудзь, Міхал, праўда? Няхай пажарэ, думаю, і нап'ецца, самагонкі нам не шкада!

Ліхайван пахваліў:

— Малайчына!

 

1 «Ляндсвер» — тылавыя часці, якія прымяняліся для аховы вайсковых аб’ектаў.

10

Праз нейкі час Мікалай узяў веласіпед ды адправіўся па справе ў суседнюю вёску, дзе быў гарнізон. Міхась павёў дэсантнікаў на ноч у гумно.

Сам не свой Мікалай вярнуўся дамоў у наступны дзень аж вечарам. Сабраліся яны зноў у бакоўцы, але вокны шчыльна пазавешвалі посцілкамі, на гэты раз высцерагаючыся партызан. Пачакаўшы, калі маці пойдзе даіць каровы, Мікалай стаў дакладваць камандзіру, як ён выконваў параду Ліхайвана.

Прыбыў Мікалай у суседнюю вёску, прадставіўся камандзіру гарнізона — былому капралу паліцыі Пілсудскага.

— З інспекцыяй ад Цымермана?! — успалашыўся не на жарты камендант.— Яволь, слухаю вас!

Самае галоўнае з паліцаямі-даносчыкамі Мікалай вырашыў зрабіць у наступны дзень. Покуль што папрасіў падрыхтаваць ложак ды паказаць гаспадарку. Для блізіру, агледзеўшы тое-сёе, Буднік адправіўся спаць ды паабяцаў інспекцыю прадоўжыць у наступны дзень. К абеду загадаў выклікаць тых самых паліцаяў, што прагаварыліся на вёсцы.

Праверыўшы ў гарнізоне ўсё, да апошняга патрона, Мікалай назаўтра захапіў пяць вартаўнікоў і накіраваўся ў канцылярыю. Нягоднікі ўжо там чакалі Будніка. З’явіліся яны без вінтовак, бо палічылі — інспектар прыехаў пераводзіць іх на службу ў Ваўкавыск, куды яны прасіліся ўжо каторы месяц. Аднолькава нізкарослыя і мардатыя, у чорных шынялях з шырокімі абшлагамі рукавоў — падобныя адзін на аднаго, як блізняты.

Мікалай пералічыў паліцаям іхнія п’янкі, напомніў украдзенае ў Зеляневічах палатно, але бобікі жартаўліва адбрэхваліся — Буднік для іх быў усё яшчэ земляком, сваім хлопцам, з якім «за польскім часам» хадзілі яны летам на музыкі, а яшчэ раней — пасвілі кароў.

— Вы — што, ганьбіць салдат фюрэра наняліся ў партызан? — павысіў ён голас.— Бальшавікі вас навучылі быць марадзёрамі?! Ану, узяць іх!

Выкліканыя толькі цяпер убачылі няладнае, ды было позна. Вартаўнікі сталі ім вязаць назад рукі, хоць і ўзнялі паліцаі крык. Прыбег камендант гарнізона. Мікалай яму аб’явіў, што па загаду самога Цымермана гэтыя тры тыпы за сістэматычныя рабункі будуць расстраляны. Капрал здзівіўся, аднак Мікалай пераконваць яго не стаў.

Забраўшы пад канвоем арыштаваных, Буднік накіраваўся на плошчу, а каменданту загадаў пастроіць увесь асабовы склад гарнізона ды весці яго за сабой.

У мінуту перад расстрэлам чалавек становіцца самім сабой. У Мікалая цеплілася надзея, што хлопцы, якіх ён крыху ведаў, яшчэ не зусім скончаныя нягоднікі, што трапілі ў паліцыю з дурноты ды цемры, гэта вось-вось выявіцца, і ён ухітрыцца ўсіх трох, прынамсі, ад смерці выратаваць. Мікалай нават ведаў, як гэта робіцца — трэба паліцаяў весці на расстрэл цераз лес, каб усе трое маглі нырнуць у гушчар. Адным намерам іх пастраляць ён дабіваўся таго самага эфекту ды ствараў у землякоў сабе рэпутацыю вернага служакі фюрэра — такое парушэнне загаду Ліхайван, мабыць, адобрыў бы.

І вось павалакліся яны праз вёску ў бок царкоўнай званіцы, дзе была плошча. Арыштаваныя пачалі паміж сабой спрачацца, адзін аднаго паддаваць — той палатно браў, а той толькі яго прадаваў, гэты піў больш, а гэтаму не дасталося. Затым яны памірыліся ды паабяцалі Мікалаю выкуп. Калі ў мінулым годзе вывозілі з Пружан яўрэяў, гэтая тройка нарабавала сярэбраных лыжак ды падсвечнікаў. Дабро ў іх было закапанае цяпер у лесе, яны і запрапанавалі яго Мікалаю.

Разведчык успомніў той абоз смерці — нешчаслівых пружанцаў, якіх дабівалі па дарозе ў Ружаны, прыйшоў на памяць Іван Палітыка, і яго пачала разбіраць злосць. Аднак Буднік сябе яшчэ стрымліваў. На ўсялякі выпадак спытаўся:

— Чаго вы так імкнецеся ў гэты паршывы Ваўкавыск, што вас туды цягне?

Паліцаі пераглянуліся.

— Там жа наш Савосьчык служыць камузвода! — адказаў той, што крочыў бліжэй да Мікалая.

— А-а, дык гэта вы з ім бушавалі на мінулым тыдні ў ваўкавыскай турме? — спахапіўся Мікалай, прыпамінаючы рапарт, які заадно яму даручыў расследаваць Цымерман.— Наклалі вы там камуністаў, як дроў,— цяпер зусім няма чаго рабіць ваўкавыскай жандармерыі!.. Расказаць мне пра ўсё шчыра і дакладна! — загадаў ён «зямлячкам».— Па-першае, як вы там апынуліся?

— Вазілі з Ружан восемдзесят фурманак партызанскіх сем’яў,— ахвотна пачаў тлумачыць крайні паліцай, яшчэ не адчуваючы ў словах Мікалая ніякага падману.— Вечарам Савосьчык прывёў нас да сябе...

— Добра жыве? — пацікавіўся Мікалай.

Адказалі яму ледзь не хорам:

— О-о, бы князь Радзівіл!

— Шэсць пакояў!

— А навалена дабра колькі ў іх!..

— Дзве служанкі трымае!..

— Не ўсе адразу, ты адзін і гавары!

— Ну, Савосьчык паслаў адразу служанак за дзяўчатамі. Гулялі да дзвюх гадзін ночы. Калі крыху працверазелі, ён прапанаваў праветрыцца — заглянуць у турму. Хадзілі па камерах. Савосьчык паднімаў з падлогі сонных людзей, мы выводзілі на двор і ставілі ўздоўж сцяны. Наставілі дакладна столькі, колькі было ў абоймах патронаў. Вырашылі, у каго не трапім, таму жыццё даруем.

— Ну, ну, далей! — не то са злым, не то з вясёлым бляскам у вачах заахвоціў паліцая Буднік.— Выкладвай, як псавалі патрэбныя на фронце патроны!

Загаварыў другі паліцай:

— Не псавалі, пан афіцэр! Хоць выпілі здорава, вядома, але рукі яшчэ мелі цвёрдыя. Стралялі з дваццаці метраў, і я з сямі набояў — чатыры партызанскія шкуры зваліў! Жэнька — траіх, бо перапіў, бедны! Затое Серафім,— паліцай паказаў на задняга замухрышку,— малайчына, шэсць трупаў зрабіў адразу — ні адзін потым нават не пікнуў!

Мікалая разабрала лютая злосць:

«Ах, мярзотнікі, шчэ чыкайся тут з вамі, шкадуй вас, гнідаў смярдзючых, бытта свет што-небудзь страціць, калі вы на ім цьміць не будзеце».

...Скончыўшы апавядаць, Мікалай дастаў з сакваяжа бутэльку французскага віна, паскардзіўся:

— Усё згаджаюся рабіць, Леанід Іванавіч, але такой работы, калі ласка, больш не даручайце, ну яго к д’яблу! Гадка і агідна, я ж не кат які-небудзь!.. Ну, вып’ем!

Яны распілі віно, ды на гэтым сустрэча скончылася.

Паклікалі з вуліцы Косцю.

— На вёсцы ціха, можаце адпраўляцца, покуль не хлынулі сюды лясныя хлопцы! — аб’явіў ён.

Рэчавыя мяшкі цяпер палягчэлі. Магнітныя міны, толавыя шашкі і таўшчэзныя пачкі акупацыйных ды рэйхсмарак засталіся ў Буднікаў. Крочылі дэсантнікі бадзёра — усе былі пад уражаннем сустрэчы і ўсім было прыемна, бо нешта зрабілі ды бачылі цудоўнага чалавека. Ад хлопцаў не адставаў ужо цалкам выздаравелы Ліхайван. Ён думаў цяпер толькі пра адно — хутчэй дабрацца да рацыі, каб радыстка Вольга Міхайлаўна навіны перадала ў эфір.

 

11

— Мікалай быў скарбам для нашай разведкі,— скончыў сваё апавяданне Антон Васільевіч.— Тое, што ён рабіў, варта цэлых раманаў. Не разумею, як беларусы маглі дапусціць, каб такія людзі, як Мікалай Восіпавіч Буднік, лічыліся яшчэ ледзь не прадажнікамі, каб нехта сумняваўся ў яго сумленнасці. А калі і выйшла кніжка пра яго справы, то не на радзіме, не ў Беларусі, а тут,— у Маскве.

Для мяне было таксама непрыемна.

Нядаўна сустрэў я дзяўчыну з Зеляневіч, студэнтку таго інстытута, дзе яшчэ да вайны вучыўся Мікалай. Я пацікавіўся, што ж яна ведае аб сваім земляку.

— Сярэдні Буднік служыў фашыстам, людзей расстрэльваў! — не задумваючыся, адказала дзяўчына.

Паміж Ваўкавыскам і Падароскам ляжыць вялізная вёска з прыгожай назвай — Ізабэлін. Тут у паліцыі сапраўды, як і гаварылі мне біскупіцкія настаўніцы, адзін час служыў Мікалай Буднік — яшчэ ў самым пачатку вайны паслалі яго туды падпольшчыкі, бо побач, у Гута-Міхалінскім лесе, арганізоўваліся першыя партызанскія групы, ім патрэбны былі свае людзі ў немцаў.

Потым, калі з’явілася магчымасць Будніка ў Ізабэліне замяніць, падпольшчыкі пазнаёмілі яго з Ліхайванам. Палкоўнік загадаў Мікалаю рабіць па службе ў немцаў кар’еру, трапіць на работу ў Беласток і прабрацца да Цымермана.

Пасля свайго дырэктарства ў Біскупіцкай школе я працаваў у абласной рэдакцыі.

Аднойчы для артыкула збіраў матэрыял у Ізабэліне, і ў мяне там зайшла гутарка пра вайну, пра жудасныя расстрэлы немцамі нявінных людзей. Ізабэлінцы з абурэннем пачалі мне апавядаць, як паліцай Буднік падвёў пад кулю аднаго селяніна толькі таму, што захацелася выслужыцца. Як выглядала справа папраўдзе, я тады ўжо ведаў ад Косці, і было вельмі крыўдна слухаць такую хлусню.

А здарылася вось што.

У першыя дні вайны былы легіянер Пілсудскага «асаднік» Юткевіч даў прытулак ў сябе маладой жонцы камандзіра пагранзаставы, каравокай Людміле ды цэлае лета выкарыстоўваў яе, як батрачку. Па нейкім часе Юткевіч заўважыў, што маладзіца нешта перапісвае, а вечарамі паперкі з сшытка вырывае ды некуды носіць. Перапалоханы мужык выкраў у жанчыны яе паперы ды паляцеў у камендатуру. Косця падарыў мне адзін лісток з таго сшытка, спісанага рукой невядомай мне Люды.

Хімічным алоўкам там было выведзена так:

 

Силой, угрозой и смертью голодной

ты принужден был оружие взять,

и с кровожадным рассчетом холодным

послан ты был родных убивать.

        Но близится радость победы,

        а праздник тебе не встречать!

        Родина-мать не простит тебе беды —

        сбрось ненавистну немецку шинель!

Ждут в Михалине тебя партизаны,

а если не хочешь понять,—

ждет тебя девять увесистых

советских грамм из нагана.

 

Жанчына, чыёй рукой напісаны гэтыя няўклюдныя, але катэгарычныя ды не без патрыятычнага тэмпераменту радочкі, мабыць, даўно стала бабуляй, мае ўнукаў, а то і праўнукаў. Патрыётка і не падазравае, як ёй аднойчы пашанцавала.

У той момант, калі Юткевіч прыпёр у камендатуру сшытак, на варце стаяў Буднік. Ён затрымаў барадача ды пацікавіўся, што ў дзядзькі за справа да амтскамісара.

— Во, паночку, бальшавічка што мела!..

Заглянуўшы ў сшытак, Буднік адразу ўсё зразумеў. У Ружанах немцы арганізавалі першы ўзброены атрад з прадажнікаў. Кожную раніцу там знаходзілі гэтыя няўклюдныя самаробныя лістоўкі. Выходзіць, піша іх каравокая Людка? Трэба было яе ратаваць.

Як на тое, праз акно выглянуў сам амтскамісар:

— Вас іст дэн?1

Часу, каб прыдумаць што-небудзь лепшае, не было, і Мікалай сказаў тое, што прыйшло ў галаву:

— З лесу прыйшоў здавацца пераапрануты палонны! Гаворыць, што захварэў і больш не мае сілы жыць пад кустамі!

— Мажліва, ціфозны! — віскнуў камісар ды паклікаў унтэр-афіцэра: — Вернер, выведзі смярдзючую анучу за агароды і прыкончы яго!

Цела «асадніка» сваякі потым знайшлі ў бульбе ды пахавалі на могілках.

Падрабязнасці гэтага выпадку ведалі толькі пара чалавек ды Косця. Калі ўсё ўляглося, забойства мужыка было людзьмі вытлумачана па-свойму і выйшла — Буднік кат, а «асаднік» — нявінная ахвяра.

Публічным расстрэлам трох паліцаяў Буднік адразу гасіў крыніцу плётак, а ў вачах сялян станавіўся яшчэ больш верным слугой фашыстаў, і сумнявацца пасля выпадку не павінен быў ужо ніхто. Цяпер, калі з таго часу мінула столькі гадоў, гэткае рашэнне Ліхайвана ўвогуле можа здацца каму-небудзь неапраўдана суровым.

Што ж, пайшла цяпер мода маляваць разведчыкаў у кіно бравымі хлопцамі, шчасліўчыкамі, перад якімі ўсе нямецкія кардоны і шлагбаўмы, вароты і сейфы адчыняюцца, як пад уплывам чарадзейнага кіёчка. Глядзіш, ідзе такі герой па экране ў новенькім мундзіры «фельдграў», з элегантным чамаданчыкам, з жоўценькай кабурой на левым баку, крочыць скрозь падзеі ды шчоўкае гітлераўцаў налева і направа, крадзе машыны, цэлымі пачкамі вызваляе арыштаваных, з-пад носа аховы хапае сакрэтныя дакументы.

Ад таго, што часамі паказваюць на экране, я не абліваюся халодным потам, ад трагічнай неабходнасці падзей мяне не давіць ком крыўды, не ўстаюць ад жаху валасы дыбам, і ў большасці выпадкаў з кінатэатра я не выходжу ўражаны ды ашаломлены.

Вядома, аўтарам трэба карыстацца і штучнай рамантыкай. Але, не адмаўляючы мастацтва, разведчыкаў варта паказваць у бязлітасна складаных умовах, у якіх яны і дзейнічалі, бо і дурань ведае, што жыццё на вайне — не аперэта, калі нават яе ўдзельнікі і хадзілі пераапранутымі ў касцюмы з варожага лагера.

Словам, гэта яшчэ недастаткова распрацаваная старонка асаблівага гераізму нашых сяброў, братоў ды бацькоў.

Ішло лютае змаганне «не дзеля славы...». Наш герой трапіў на службу да азвярэлых, але далёка не дурных ворагаў. Па няўмольным законе вайны Мікалай Буднік павінен быў падпарадкавацца рашэнню мудрага Ліхайвана, бо толькі яно было больш-менш надзейным сродкам выратавацца ад правалу і садзейнічала перамозе. А гэты жалезны чалавек зрабіў усё без запінкі. І шкадаваць, бы тыя бабкі, трох нягоднікаў няма чаго: на «работу» такіх наглядзеўся і я — да смерці будуць стаяць перад вачыма некаторыя сцэны.

 

1 У чым справа? (Ням.)

12

Гэта здарылася ў беластоцкай турме на другі дзень пасля таго, як выклікалі маіх сяброў, суседзяў ды знаёмых на расстрэл, а я з братам па шчаслівай выпадковасці не трапіў таксама ў буды з брызентавым верхам. Немцы нам аб’явілі, што вывезуць усіх на работу ў Германію, паадчынялі нашыя камеры, далі па буханцы хлеба ды загадалі чакаць транспарту.

З Валодзькам мы згаварыліся ўцякаць, таму перад дарогай вырашылі добра падсілкавацца і вынялі ўсе свае запасы. Спачатку мы не звярнулі ўвагі на рэдкія стрэлы за глухім плотам. Паступова інстынктыўна адчулі — там адбываецца штосьці нядобрае, і нам адразу расхацелася есці.

Валодзька падкраўся да плота, прыпаў да шчыліны ў дошках. Падкраўся туды ды заглянуў у дзірку і я.

За плотам мы ўбачылі асноўную турэмную пляцоўку — вялікую, плошчай з гектар. Там раслі дрэвы, віднеліся леташнія загончыкі агародаў з рэшткамі бадылёў. Пад самым мурам чарнела вывернутая зямля. Злева ад яе стаяла маладая яўрэйка ды нейкі вясковы дзядзька, а справа з вінтоўкамі на плячах — два паліцаі: Чэсек Павала з Гарадка, Матрунін сын, і незнаёмы. Дзяўчына плакала. Селянін нерашуча чагосьці таптаўся, бытта на балоце выбіраў пад сабой цвярдзейшае месца, каб потым ускінуць на плечы мяшок бульбы. Паліцаі на іх не глядзелі, стаялі сабе мірна ды курылі.

Толькі цяпер мы з братам спахапіліся — гэта ж падворак адзіночных камер, тое страшнае месца, дзе расстрэльваюць некаторых вязняў. Транспарціроўка асуджаных адзіночак у Пяскі за горад, дзе гітлераўцы праводзілі масавыя расправы, патрабавала лішніх клопатаў. Тут фашысты расстрэльвалі тых, хто чаму-небудзь не трапіў у масавую магілу.

— Бяжым наверх,— кінуў мне брат, пазнаўшы ў селяніне дзядзьку Волеся з суседняй са Страшавам вёсачкі, са Свіслачан.

Мой брат разлічыў правільна — з другога паверха відаць лепш, што робіцца на пляцоўцы.

Калі мы выглянулі зверху праз акно, каля вывернутай зямлі нічога не змянілася. Цяпер можна было добра разгледзець квадратную зяпу чорнай ямы, а ў ёй — васковага колеру голыя целы. Ля ўваткнёнай у зямлю рыдлёўкі валяліся вопратка і абутак. Тоўстыя сцены і пустыя калідоры гоман выпушчаных з камер вязняў глушылі цалкам, затое дакладна было чуваць, што робіцца ў агароджаным наглуха двары.

— Дзядзьку, раздзявайцеся...— не то загадаў, не то папрасіў Волеся высокі паліцай і цыркнуў слінай праз зубы.

Мы пазналі яго.

Паліцай быў з той самай, што і дзядзька, глухой вёсачкі Свіслачаны,— ён і дня не хадзіў у школу. А Матрунін Чэсек дацягнуў толькі да пятага класа. Покуль іхнія бацькі пры буржуазнай Польшчы займаліся прарокам Альяшом з Грыбава, «абноўленымі» іконамі, хлопцы пасвілі кароў, а падросшы, на вячорках рэзалі адзін аднаго нажамі ды пілі гарэлку. Потым вясковага абармота з Свіслачан і гарадскога жуліка фашысты апранулі ў сапраўдныя мундзіры, выдзелілі ім паёк каўбасы ды папярос у сярэбранай фальзе і далі неабмежаваную волю піць і рабаваць.

Свіслачанскі дзядзька моўчкі сцягнуў з сябе замусолены пінжак. Дзяўчо не рухалася.

З-за вугла выглянуў афіцэр СС і нецярпліва ляпнуў чорнымі пальчаткамі сабе па начышчанай да люстранога бляску халяве.

— Лёс, бээндэн, абэр шнэль!..1 — залямантаваў ён прарэзліва, нібы трэба было надта спяшацца, бо іх недзе вельмі чакаюць, бытта ён злавіў паліцаяў на злачынстве — бач, ухіляюцца ад выканання таго, што даўно павінна быць зроблена.

Паліцаі пакідалі папяросы, выцягнуліся смірна і адначасова адказалі:

— Яволь, гэр шэф!

Афіцэр знік.

Падагнаны дзядзька з вінаватай паспешлівасцю цягнуў ужо цераз галаву кашулю, выставіўшы белыя, як папера, плечы, перапаясаныя шляёй.

Чэсек штурхнуў яўрэйку ботам, закрычаў:

— Што-о, мо цябе гэта не датычыць таксама?!

— Хам! — з пагардай кінула дзяўчо, страціла раўнавагу і тыцнулася задам у свежы пясок.

— А-а, жыдоўская курва, ты шчэ будзеш агрызацца?! — разлютаваў тып.

Мы з братам не паспелі нават ахнуць, як Матрунін сын прыўзняў вінтоўку і стрэліў ва ўпор.

— Мама-а...— у бяссіллі, з нейкай крыўдай і абурэннем ды ўсё цішэй загаварыла дзяўчына, прагна хапаючы паветра.

Праз хвіліну яна выцягнулася на жоўтым пяску і нерухома застыла.

— Го?! — не то з захапленнем, не то са здзіўленнем, што гэтак хутка ўсё скончылася, выгукнуў другі ды піхнуў ахвяру ботам, пераканаўся, што мёртвая.

— Доўга я не прывык цацкацца! — пахваліўся забойца, разглядаючы рану ў сваёй ахвяры.— Глядзі — дакладна ў цэль і — гатова!

Паліцаі, не спяшаючыся, пачапілі рамяні вінтовак на шыі, дзелавіта ўзялі дзяўчыну за рукі і ногі, падвалаклі да ямы ды з размаху шпурнулі цела на голыя трупы.

— Цьфу, трэба канчаць і з гэтым, а то шэф зноў наляціць ды ўсыпле перцу! — прабурчэў Чэсек.

Абодва павярнуліся з нядобрай рашучасцю да дзядзькі.

Селянін якраз закарэлымі кіпцюрамі здзіраў кальсоны і выставіў напаказ сонцу сваё калецтва. Цяпер на голым целе дакладна віднелася зашмальцаваная шляя, што падтрымлівала грыжу.

Свіслачанін на вёсцы калі і вылучаўся чым, то толькі сваім калецтвам. Аднак грыжа яму жыць не перашкаджала. Дзядзька гэтаксама, як усе, араў, касіў, вазіў прадаваць у мястэчка дровы, на базар — выструганыя зімовымі вечарамі драўляныя лыжкі. У свой час дзядзька Волесь з бацькамі гэтых паліцаяў «егдзіў» і ў Грыбава да святога Альяша, вымольваў там сабе і дзецям шчасця.

У першыя дні акупацыі Волесь на балоце ў сваім абарозе знайшоў раненых байцоў з медсястрой, якая іх лячыла. Дзядзька яшчэ з першай сусветнай вайны памятаў, што з немцамі жарты малыя, яны расстрэльвалі сялян нават за знойдзены ў хаце патрон, які дзеці прынеслі з вуліцы, аднак стары, не задумваючыся, стаў насіць байцам ежу.

Аднойчы немцы яго злавілі, калі ён з кошыкам кіраваў дамоў. Знайшлі неўзабаве і параненых. Байцоў пастралялі на месцы і шпурнулі ў ямы, дзе жанчыны мачылі каноплю, а селяніна з медсястрой-яўрэйкай завезлі ў турму.

За год і пару месяцаў на падарункі бераставіцкаму амтскамісару жонка яго перавяла дзве каровы, усіх авечак, каня, але нічога не дапамагло. Мужыка і медсястру прывезлі ў Беласток, вывелі да ямы і вось...

Волесь зараз чакаў смерці са спакоем практычнага мужыка. Ён не надта і абураўся на паліцаяў, бо галоўнымі заправіламі бачыў тых, хто стаяў за гэтай свалатой,— кожны ж заваявацель знаходзіць парабкаў для бруднай работы.

Да дзядзькі падляцеў Чэсек ды ўдарыў яго ботам у сцягно:

— Ну, кілавы, скончыш ты сёння калупацца ці не?! Што, дапамагчы мо табе?! З табой хочаш па-чалавечы, а ты?!

— Каго падганяеш, сынок?! — пасарамаціў дзядзька маладых нягоднікаў.

— Цябе, вядома!

— Падганяй, падганяй! Страляй, страляй — дастраляешся на сваю галаву!..

— А-а, то ён яшчэ і палохаць будзе, бачыш ты яго?! — здзівіўся служака.— Нездаволены — жонкі больш не ўбачыш, прызнайся? Не ўба-ачыш ужэ яе, гэта то-очна! Можаш пераслаць ёй кілу ў Свіслачаны, перадамо!

— Га-га-га-га!..

— Што вы робіце, гіцлі?! У вас жа абодвух мацяркі е!

— Не вучы нас, стары разумнік! Пакінь мацярок нашых у спакоі! — злаваў Чэсек.

— А вы, дзядзьку Волесь, не цягніце! — з абурэннем падступаў да яго збоку свіслачанец.— Казаў жа вам Чэсек па-добраму! З вамі, і праўда, нельга, як з нармальнымі людзьмі, усе вы — бы тое быдла!..

Мы з братам не вытрывалі і закрычалі на паліцаяў.

Праз імгненне пасыпалася шкло — вартаўнік з вежы, пра якога мы зусім забыліся, паласнуў па нас з кулямёта, і мы пападалі на падлогу.

Немец так і не дазволіў нам высунуцца больш з акна, і канца трагедыі мы ўжо не ўбачылі.

 

1 Давай, прыконч іх, хутчэй!.. (Ням.)

13

Спадзявацца на тое, што знішчаныя Буднікам тры паліцаі потым адумаліся б і ў іх, мажліва, загаварыла б сумленне,— наіўна. Гэткі вывад зрабіў я сабе пасля таго, як трапіў у такое кодла.

У 1973 годзе ў Гродне адбыўся суд над былымі паліцаямі. Рэлікты гэтыя прытаіліся сабе ў ціхіх куточках краіны ды пражылі трыццаць гадоў бязбедна і спакойна, покуль работнікі дзяржаўнай бяспекі не вывелі іх на чыстую ваду.

Перад судом разам са сведкамі — недабітымі ахвярамі гэтых падонкаў — прайшло дванаццаць былых паліцаяў, якія ў свой час адбылі кару ды цяпер, як звычайныя грамадзяне, сведчылі на сваіх саслужыўцаў.

Вось некаторыя штрыхі з таго працэсу.

Шасцідзесяцігадовы мужчына неакрэсленага выгляду цяжка ўздыхае ды гаворыць:

— Дзяцінства маё прайшло без бацькоў — сірата я, грамадзяне прысутныя! Таму і маленства ў мяне было цяжкое! Пас кароў... Усё па чужых... Прыйшлі немцы — куды дзецца? — паціскае ён плячыма.— І пайшоў я ў паліцыю. Памыліўся, грамадзяне суддзі! Вельмі зглупеў!.. Затое потым чэсна прызнаўся, і радзіма мне ўсё даравала. Я надта вінаваты перад бацькаўшчынай, але яна, як маці родная, усё мне спісала і сказала — жыві сабе на здароўе!.. Грамадзяне прысутныя, выхоўвайце сваіх сыноў і дачок адданымі Радзіме, каб яны ніколі не пераходзілі на бок ворагаў, а былі такімі, як Аляксандр Матросаў!

У зале некалькі жанчын запляскалі ў далоні.

— Што вы тут святыя імёны кранаеце — на апладысменты зарабляеце? — абарваў яго пракурор.— У паліцыі вы ў кашаварах хадзілі? Вы ж разам з іншымі расстрэльвалі дзяцей, жанчын ды старых бабак, рабавалі ды палілі, білі людзей ды глуміліся з іх!.. Хіба ж гэта даруецца?! Вы ж нават свайго апошняга дзядзьку з Зеляневіч паддалі на расстрэл за адно тое, што ён вам некалі надраў вушы за яблыкі! Мо гэта няпраўда?

Рэпліка з залы:

— Расстраляў усіх сваіх ды шчэ крычыць — пашкадуйце мяне, сірату!

Едкі смяшок збіў паліцая з панталыку, некуды падзелася яго бадзёрая наігранасць.

Тым часам пракурор раздзяваў яго дагала.

— У вас, як выявілася сёння на працэсе,— медаль за храбрасць. За што вы яе атрымалі? Напомнім. Прачэсвалі лес і ля вёскі Бяляны надышлі на сонную радыстку. Дваццацігадовае дзяўчо з рацыяй пасля дальняй дарогі заснула пад елкай на голым снезе. Перад тым як здаць яе немцам на расправу, вы дзяўчыну згвалцілі!

Зала ахнула.

— А потым? — прадоўжыў пракурор.— Вось вы вялі цераз Гута-Міхалінскі лес затрыманых лесарубаў. Вам здалося, што яны хочуць уцячы, і вы давай іх расстрэльваць! Дзядзька адзін стаў перад вамі на калені, аднак вы са сваім калегам,— пракурор кіўнуў на лаўку асуджаных,— стрэлілі яму ў рот! У чатырнаццацігадовай дзяўчынкі вырашылі раней сцягнуць боты і кінулі вашаму сябру цынічны жарт са свайго лексікону: «Каб не папсаваць, бо буду цэліць у грудзі, а траплю шчэ ў халяву!» Затым вы хадзілі між тымі, хто шчэ варушыўся, і дабівалі. Ваш калега толькі што паказаў, як вы ля самай дарогі прыкончылі маладую жанчыну — лёгка параненую. Дастрэлілі?

Пасля хвіліны цягучага маўчання паліцай не то з абурэннем, не то з жалем заявіў:

— А чаго яна ўздумала якраз у той момант спадніцу на калені нацягваць? Хто бы так ведаў, што жывая?!.

— Ах-х!..— па зале пракаціўся выбух абурэння.

На лаўцы падсудных — пяць тыпаў. Камандзір узвода карацеляў, трое радавых ды спераду, апусціўшы галаву, кулямётчык Кнап з Зеляневіцкага гарнізона. Худзенькі замухрышка ў светлым пінжачку. Яго маладая адвакатка мне расказвала: «Зайду да яго ў камеру, а ён усё плача. Дам цукерачку, і ён адразу супакойваецца ды робіцца ласкавы, бы дзіця...»

Давала ўжо паказанні пяцідзесяцігадовая жанчына:

— І мяне, дзеўку, выгналі тады ў лес на работы. Як пачалі яны па нас страляць, дак кінулася ўцякаць ад бобікаў і я! А гэты, што сядзіць унь сперадзі ды зыркае воўкам, па мне ўсё разрыўнымі — бах! бах! бах!.. Трапіў! Два гады пластам ляжала і аніяк не магла памерці!.. Кішачкі наверсе ўвесь час сінелі, усё скурай ніяк не зацягвало!.. Вядома, бедна жылі, не было нават солі!.. Здавалася тады — наесца бы ўволю солі і зажыве!..

Сведка зацягвала сваё паказанне непатрэбнымі дэталямі, і пракурор яе далікатна стрымаў:

— А вы добра памятаеце, што гэта быў менавіта Кнап? Столькі часу прайшло, можаце і памыліцца!

— Ці ж я магу такое не памятаць, таварыш пракурор? Ён жа з гарнізона часта да нас п’яны прылазіў, нават заляцаўся да мяне!.. Гэта ён тут, перад вамі, такі смірненькі, як тая авечка, а каб вы бачылі, які нахабны быў тады!.. Нічога, што маленькі — ніколі сваю бляшаную шапку не здымаў: нацягне яе аж на вушы!.. А калі нас гналі, усё стараўся мяне аблапіць...

— Падсудны Лапуста,— звярнуўся да былога камандзіра ўзвода пракурор.— Карысталіся вы тады разрыўнымі кулямі? На «акцыі» ездзілі ў касках?

З-паміж канваіраў усхапіўся мажны мужчына і бытта з крыўдай на тое, што яго хочуць тут улічыць у бракаробстве, нядобрасумленнасці, удакладніў:

— Калі адпраўляліся на заданне ці праводзіць «акцыі», грамадзянін пракурор, усе дыскі і магазіны ладавалі толькі разрыўнымі, а кулямётчыкам яшчэ выдаваліся і каскі, так точна!

У камандзіра ўзвода — чорная густая шавялюра, укладзеная пад польку. На ім цёмны касцюм, сам ён пад гальштукам... (Паводле адваката, з хаты яму пішуць родныя: «Сцеражы сябе ад скразнякоў, усё з’ядай, што даюць, і не пі сырой вады; напішы нам, якога табе лякарства лепш прыслаць, якіх дастаць вітамінаў...»)

Расказваў ужо наступны сведка — былы паліцай з Зеляневіч:

— Нічога ўжо не засталося ў галаве, грамадзяне суддзі. Адно памятаю, што ішлі, ішлі і бачым — вёска. Падпалілі, пастралялі ды адправіліся да іншай.

— Гульня для іх была гэта! — дзівіцца нехта ў зале.

Пракурор паліцаю напомніў:

— Потым на пажарышчы пасля вас заставаліся абгарэлыя трупы жанчын і дзяцей, прывязаныя да сцен дротам. Навошта ж вы іх прывязвалі, хіба не разумелі, што ад гэтага іх чакала страшная смерць у пакутах?

Паліцай сцішыў голас:

— Бо загад быў такі, грамадзяне суддзі!.. Што вы ад мяне, простага чалавека, хочаце? Пытайце ў начальнікаў!.. Я пры паляках служыў панам, а прыйшлі немцы — і пры іх стаў служыць! Што загадалі, тое і рабіў, хіба ж я вінаваты ў гэтым?

— Шчэ адзін сірата! — рэпліка з залы.

У час перапынку выйшаў я ў калідор.

Прабіваючыся цераз шчыльны натоўп узбуджаных гараджан, я пашукаў паліцаяў, каб пагаварыць з кім-небудзь з вока на вока. Я ўвесь час стараўся не паддавацца эмоцыям, быць аб’ектыўным ды сябе пераконваў — што паліцаі трымаюць гэтак сябе на судзе, шчэ нічога не значыць. Ад страху і хвалявання людзі могуць плесці няведама што. Не цярпелася даведацца, як такі чалавек адносіцца цяпер да страшнага перыяду сваёй біяграфіі і да сваіх учынкаў, бо не толькі важна, якую кару адмерае яму наш закон, самы галоўны суддзя чалавеку — ён сам.

Неабходна было з кім-небудзь з іх пагутарыць з вока на вока.

Я доўга не мог знайсці патрэбнага мне сведку.

Нарэшце ля туалета, у падвале, надышоў я на сходку якіхсьці людзей. На бочках ад піва і тары з-пад бутэлек рассядалі не то грузчыкі, не то землякопы. А былі яны ўсе якіясьці памятыя, шэрыя, невыразныя з твараў; цьмяныя вочкі гэтых мужыкоў неспакойна бегалі па баках.

Прыгледзеўшыся лепш да сабраных, я раптам пазнаў нядаўніх сведкаў-паліцаяў — тых, хто былі на свабодзе. Тут ім ніхто не перашкаджаў, яны былі самі сабой і спакойна гутарылі. Я хутчэй выцягнуў блакнот, ручку і шмыгнуў у цень.

— Не выпусцілі б тады гэтай дзеўкі з «сінімі кішачкамі» жывой, і зараз не было б каму на нас капаць! — сцвердзіў «сірата».

— Ды трэці ўзвод якраз кінуўся сцягваць барахло з бабаў! — з абурэннем дадаў яго сусед.

— Бытта не паспелі б! — заўважыў той, хто казаў «ішлі, ішлі і бачым — вёска. Падпалілі...».

А незнаёмы мне паліцай, паказанні якога я правароніў, пахваліўся:

— Адзін наш Кнап у той час аказаўся на вышыні! Мішка хапіў «дзягцяр», упаў каля пня і з двух дыскаў паклаў усіх... Потым немец паслаў нас дабіваць!..

— І трэба было ж ёй чапаць гэтую спадніцу! Было там на што глядзець, было ў яе што прыкрываць — адныя жылы! — задумана абураўся забойца.— А скажы, халера, якія гэтыя бабы жывучыя — бы кошкі! Ідзі, заткні цяпер ёй рот!..

— Чаго яны тут да нас чапляюцца? — абураўся нехта невідочны для мяне.— Мы дастрэлілі там адно пару чалавек, астатнія былі ўжо ўсе трупы, праўда, братва?.. Няхай Кнапа цяпер і судзяць за яго работу!

— У «бляшанай шапцы», ха-ха!..

— А я скажу вам от што — па савецкім законе за адну справу два разы не судзяць! Нас жа судзілі ўжо пасля вайны, і мы сваё адпакутавалі! Хто ім дасць права парушаць савецкія законы? — з глыбокім перакананнем пытаўся яшчэ нехта.

І тут яны толькі ўбачылі мяне ды спалохана змоўклі.

— Не рабей, рабяты! — са штучнай бадзёрасцю кінуў «сірата» ды палез у кішэню.— Давай закурым!

Я раптам пазбыўся цалкам і назаўсёды сваіх ілюзій.

Гэтыя людзі некалі сваімі ўчынкамі перайшлі ўмоўны Рубікон, адкуль ім да нармальных людзей не было ўжо назад дарогі. Яшчэ тады, становячыся на службу да немцаў, яны самі на сябе падпісалі прыгавор, бо ёсць учынкі, за якія дараваць нельга аніяк. Гэтыя тыпы яшчэ нават цяпер былі тымі самымі паліцаямі. Іх не грызла ніякае сумленне, а мучыў толькі жывёльны страх за свае шкуры.

Пра што з імі мне гаварыць?

Каму была б карысць, калі б на бочках з-пад піва да на старой тары паміж гэтымі дванаццаццю пачварамі сядзела яшчэ тры тыпы з Зеляневіч? З тымі сурова і па законах ваеннага часу разлічыліся яшчэ трыццаць гадоў таму назад, і шкадаваць іх няма чаго.

Смешна, калі некаторыя літасціўцы спачуваюць тром аболтусам ды кляймяць Будніка. Так і ўяўляю сабе, як сердабольныя цёткі, абляпіўшы каменні перад цэркаўкай у Ружане, охаюць і ліслівяць старым мацяркам расстраляных паліцаяў:

— Падумайце, сярэдні Буднік загубіў хлопцаў!.. Гэта ж вы, цётка, унукаў сваіх мелі б даўно, радасць такую паспыталі б!

— І за што загубіў? Ну, узялі хлопцы звоец кужалю, так халера яго бяры, маладзіца выткала б яшчэ — жыццё чалавечае даражэйшае!..

— А скажыце, хто загубіў? Разам з ім усе трох за польскім часам на музыкі хадзілі!..

Зрэшты, нашто ківаць на людзей.

Я і сам адносіўся несправядліва да Мікалая Будніка, лічыў яго прадажнікам. А ўсё гэта — вынік неразбярыхі, якую прынесла людзям вайна, ці — наша легкадумнасць?

Ліха яго ведае.

А на вёсцы жыве і цяпер маці Буднікаў. Яна, бедная, цяжка перажывала суровую службу сына ў немцаў, а потым — плёткі, якія ганьбавалі яго імя.

Ох, і нялёгкая доля мацярок герояў! Нездарма два тысячагоддзі на нашай грэшнай зямлі ў такой пашане маці Ісуса Хрыста.

 

Раздзел пяты

 

1

Разахвоціўшыся, Агурцоў паведаміў мне ўсю сваю гута-міхалінскую адысею. Дайшоў аж да апошніх дзён прабывання ў лесе і да таго моманту, калі дэсантнікі Ліхайвана выходзілі з пушчы ў вёсачку, занятую ўжо Чырвонай Арміяй: з радасці яны пад елкай забыліся нават цэлы мяшок нямецкіх марак.

Тут я ўбачыў, што пра Мікалая больш нічога чалавек не скажа. Аб Будніку трэба гаварыць цяпер з іншымі людзьмі.

Я Агурцова перабіў ды спытаўся пра артыстку.

— Белую?!. Гм, Белую!.. Белая, Белая... Пачакайце...

З напружаннем нейкі час ён успамінаў ды раптам ажывіўся:

— Здаецца, такую ведаю і памятаю... Так точна! І таксама бачыў яе толькі адзін раз, але ў мяне выдатная зрокавая памяць! Калі ж гэта было, пачакайце?!. Вядома, за шмат дзён да сустрэчы з Мікалаем. У Зеляневічах на агародах стаяла зялёная сцяна каноплі, а ў Ваўкавыск мы, здаецца, прыехалі з Ліхайванам на сустрэчу з Белай яшчэ зімой. Так, бо дабіраліся на санях! Мы з камандзірам былі апрануты ў сялянскую вопратку. І вазіў нас той самы сувязны — пасля вайны неўзабаве памёр ад звычайнага апендыцыту. Ехалі, і я між калень трымаў загорнуты ў цёплую хустку аўтамат. Памятаю, як мяне тады ўразіла жонка сувязнога — зняла з галавы хустку і сказала: «На, сынок, загарні, яна ў мяне шчаслівая!..» Прыбылі мы на рынак недзе гадзін у восем раніцы. Вы гэты горад добра ведаеце? Ля рэчкі там стаіць будка, заўважылі? Мы ў ёй замкнуліся, а побач з будкай — мосцік і дарога. Насупроць — нейкі склад з вартаўніком. Такі сабе сярэдніх год немчык у саламяных буцах і шынеліку якраз пахаджаў туды-сюды ды прытэпваў, каб не акалець, а мне аж не верыцца, што ўсё гэта наяву. Чакалі мы доўга, перад намі праходзілі людзі, ды ўсё не тыя, хто быў патрэбны. Раптам: «Ком, ком!» — пазваў немец нейкага селяніна ў аблезлым кажусе. Дзядзька, бы не сваімі нагамі, падышоў. Немец яму паказвае — распранайся!.. Тады выняў штык, а ён у іх шырокі, што фінка,— адрэзаў штыком у кажусе рукавы і кінуў чалавеку — забяры! Безрукаўку апрануў сабе пад шынелік, старанна заправіў рамяні. «Вэг!» — папёр чалавека, наставіўшы на яго рулю вінтоўкі. Збялелы мужык у пінжаку, разглядваючы рукавы, з разгубленай усмешкай пакрочыў па вуліцы. Колькі чакалі, цяпер не памятаю. Нарэшце сувязны паказаў дзвюх дам. Адна з лісой, а маладзейшая — з вуалькай. Гэта і была Белая. Яшчэ я заўважыў у яе чолку. Стройная такая ды высокая прыгажуня са светлымі валасамі — шчэ і цяпер стаіць перад вачыма! Ліхайван, памятаю, прамовіў: «Та-ак, гэта, мабыць, падыдзе!» І сфатаграфаў іх «лейкай». Там для гэтага былі ідэальныя ўмовы. Акно выходзіла на мост, хто па ім крочыў, быў нам відочны як на далоні, а мы заставаліся ў ценю. Калі вам давядзецца бываць у Ваўкавыску пацікаўцеся гэтым мостам!

Дзівак чалавек.

Мой бацька пасля вайны дванаццаць гадоў працаваў дырэктарам ваўкавыскага рынку. Мосцік — на Ваўкавыі, па імені рэчкі называецца і сам горад. А будка ля рэчачкі бацьку служыла канцылярыяй. Туды міліцыя прыводзіла на допыт жулікаў, п’яніц, і я любіў прыслухоўвацца да іхняй размовы...

Выяўляецца, будка — вунь яшчэ якую сыграла ролю!

— ...Дамы паспяшалі на рынак, потым гэтай жа дарогай вярталіся назад. Болей артыстку не спатыкаў. Толькі цьмяна прыпамінаю, што імя Белай вымаўлялася кімсьці яшчэ не раз у Гута-Міхаліне, але кім і ў сувязі з чым — не магу ўжо сказаць, даруйце.

Я назваў тэатр, у якім Варанцова цяпер бытта працавала, і заўважыў, што ў мяне дастаткова фактаў, каб сцвярджаць, што яна была сувязной Мікалая.

— Цалкам магчыма! У нас быў цвёрды закон — ведаць толькі тое, што цябе датычыла, інакш, што за разведка? Толькі Ліхайван ды радыстка Оля Міхайлава, якая перадавала звесткі ў Цэнтр, ведалі ўсё... О!

Агурцоў раптам ускінуў на мяне здзіўленыя вочы, ударыў сябе кулаком па лбе ды аж прысвіснуў:

— Фі-іў, я ж яе днямі бачыў!.. Па тэлевізары ішла творчая справаздача гэтага самага тэатра! Сяджу з сынам перад экранам, гляджу — мільгануў нейкі надта знаёмы твар, потым яшчэ раз, яшчэ!.. Артыстка, між іншым, здорава іграла! Абудзіла ва мне нейкія даўнія асацыяцыі, даўнія вобразы, але колькі я ні думаў, ні напружваў памяць, нічога ўспомніць не змог! Дык гэта была, няйначай, яна!..

 

2

У наступны дзень, проста ад Агурцова, прыбыў я ў горад, дзе, па маіх звестках, павінна была жыць і працаваць Марыя Міхайлаўна Варанцова.

Без цяжкасцей знайшоў самавіты, старадаўняй архітэктуры, будынак тэатра. Час быў для такой установы не рабочы, і я пранік у тэатр праз службовы ўваход. У прахадной будцы за сталом пажылыя мужчыны і жанчыны ў камбінезонах якраз абедалі; я спытаўся ў іх пра артыстку.

Так, тут яна працавала. І, мабыць, даўно, бо ўсе яе добра ведалі пад двума прозвішчамі — Ніканава-Варанцова. Тады чаму ж не адказвала на мае пісьмы?

Дзіўна.

Мяркуючы па той паспешлівасці, з якой гардэробшчыца, вахцёры і пажарнікі адставілі свае бутэлькі з кефірам ды пачалі талкаваць мне, за кім цяпер Варанцова замужам і дзе яе кватэра, артыстка ў гэтым тэатры была асобай значнай ды ўсімі паважанай. Заўважыць усё гэта было прыемна. У інтанацыі простых людзей з дзіўным для майго вуха волжскім оканнем адчувалася да яе яшчэ і нейкае спачуванне ці спагада — так звычайна гавораць пра чалавека, які перажыў цяжкую трагедыю.

Я падзякаваў людзям ды адправіўся па названым адрасе.

Ліха яго ведае, з чаго гэта, але я ўжо даўно так не бянтэжыўся. Бытта ішоў на першае спатканне з каханай і ў глыбіні маёй душы загаварылі раптоўна даўнія рэфлексы — я і не падазраваў, што яны набытыя мной на ўсё жыццё.

Нарэшце прыбыў я на месца.

Чатырохпавярховы дом з доўгімі лоджыямі, поўнымі кветак ды рознай зеляніны. Ідэальнай чысціні лесвічная клетка з прыступкамі пад штучны мармур...

Вось і медная шыльдачка з выгравіраванымі выкрутастай вяззю прозвішчамі: «НИКОНОВ Н. Н. и ВОРОНЦОВА-НИКОНОВА В. М.»

З хваляваннем пацягнуў я руку да гузічка званка.

— Блям-блям! — меладычна прагучэў за дзвярыма сігнал.

Шчоўкнуў французскі замок, і ў дзвярах з’явілася сама Белая. На ёй быў звычайны дамашні фартух у гарошыну,— яна, здаецца, якраз рыхтавала абед.

Кажуць, жанчыны з часам вельмі мяняюцца, але гэта не мела адносін да Варанцовай. Артыстка была такой жа лёгкай, энергічнай і абаяльнай, толькі крыху папаўнела, і каб сустрэў цяпер я яе на вуліцы, то, як і Агурцоў, напэўна, пазнаў бы.

Калі я сказаў, хто я такі, Варанцова чамусьці надта спалохалася. Потым на яе твары з’явілася раздражненне, нешта насцярожанае і нядобразычлівае. Я нават разгубіўся і ўжо не ведаў, як мне далей быць. Але ў паездку столькі было ўкладзена надзеі, што я пастараўся сябе перасіліць: набраўся рашучасці ды ў прасторнай прыхожай пачаў бесцырымонна вешаць паліто.

Праз мінуту я — усё яшчэ не жаданы госць — заняў за сталом месца насупроць артысткі.

Яна адразу выпаліла:

— Вашыя пісьмы я атрымала! Адно і другое! Але на іх не давала адказу, бо з вашым сябрам, як яго... Здаецца, Буднікам Мікалаем, не мела гонару быць знаёмай!

З-пад маіх ног знікала зямля.

— Вы яго не ве-едалі?! — вырвалася з мяне не так здзіўленне, як роспачная просьба.

Я, мабыць, вельмі разгубіўся.

Варанцова-Ніканава аказалася даволі чулай жанчынай. Яна раптам мне паверыла і адразу перамянілася.

— На жаль, не ведала такога, не,— уздыхнула яна вінавата, нават са спачуваннем і зусім супакоілася.— А яшчэ, чэсна гаворачы, не пісала і таму, што баялася правакацыі. Усе гэтыя візіты, намёкі, шаптанні, ліслівыя пісьмы, плёткі, ананімкі ды тэлефонныя званкі — паверце, мне надта ж абрыдлі! Я і вас аднесла да катэгорыі такіх людзей!

Ага, вунь яно што. Тады цябе, бедную, і праўда можна зразумець.

— Даруйце, радзі бога, за такі прыём!.. Так вы аж з тых краёў, з Беласточчыны?!. Вам, мабыць, вядома, што я сядзела пасля вайны?

— У турме-е?!.

— Дзевяць гадоў.

Пабачыўшы маё шчырае спачуванне, Марыя Міхайлаўна ужо па-сяброўску загадала:

— Ідзіце мыць рукі, будзем абедаць, а заадно і пагаворым. Дарэчы, вось і мой муж ідзе!

У прыхожай знімаў паліто мужчына. Ён быў у гадах, хоць яшчэ і не зусім стары.

— Коля, гэта і ёсць той чалавек з Беларусі, што прыслаў мне два пісьмы! — растлумачыла Белая з палёгкай, бытта дзяўчынка, якая толькі што прыйшла ў сябе ад перапалоху, убачыўшы сваю апору і патрона.— Знаёмцеся, мужа зваць — Мікалай Нічыпаравіч. Аказваецца, Коля, ён і праўда шукае свайго таварыша!

— А я табе, дурненькая, што гаварыў? — па-бацькоўску цёпла папракнуў Мікалай Нічыпаравіч жонку.— Гэта вайна такога натварыла, што людзі яшчэ два-тры пакаленні будуць распытваць адзін пра аднаго! Сядайце, калі ласка, к нашаму сталу, будзьце як дома! — звярнуўся да мяне гаспадар ды паглядзеў вачыма, якія разумелі ўсё.

За свой век я навучыўся амаль адразу вызначаць незвычайнасць чалавека. Вось і цяпер я зразумеў — мне здорава пашэнціла. З Ніканавым стала лёгка, проста ды хораша, бытта чалавек гэты пражыў са мной з трыццаць гадоў і дзяліў усе беды.

А яшчэ было такое адчуванне, бытта прырода некалі распалавініла нас ды запусціла на розныя жыццёвыя арбіты, але вось, пасля складаных перапетыяў па калдобінах Сусвету, мы цяпер спаткаліся, і мяне чакала асалода ад таго, што буду пераймаць інфармацыю ад другой сваёй часткі, якая куды багацей жыццёвым вопытам і па якой я страшэнна столькі часу сумаваў. Толькі ж я тут быў у якасці самадзейнага следчага, таму ўсё, што не мела адносін да мэты майго прыезду, даводзілася, на жаль, адкладваць да лепшага часу. Мне нельга было адхіляцца.

 

3

Белая насіла з кухні талеркі, гаспадар адкаркоўваў бутэльку, а я азіраўся па кватэры.

На сцяне, побач з грузінскай чаканкай па медзі,— вялізная, 40x60, фатаграфія шчаслівай Белай у абдымку з белакурай і вясёлай дзяўчынкай.

Заўважыўшы, што разглядваю фота, гаспадыня за абедам пачала сваё апавяданне.

— У Беласток прыехала я з першым мужам ды Леначкай. Паўтара годзіка яна мела, калі я там нарадзіла яшчэ і Віцю. Стала яму ўжо тры тыдні, і — вайна!.. Муж пабег раніцой у гарком, а я з малымі кінулася на станцыю, села ў эшалон адступаць. Толькі мы ад’ехалі, як наляцелі самалёты, закідалі ўсё бомбамі, пашкодзілі пуць — няма далей дарогі! Стала дабірацца да бліжэйшай вёскі, каб перачакаць момант. Аднясу чым далей адное з клункам, пакладу ў баразну і целам прыкрыю, покуль немец страляе па нас зверху! Ён паляціць, тады вяртаюся па другое з чамаданам!.. А вакол ірвуцца бомбы, гараць машыны, бегаюць і ашалела вішчаць людзі!.. І вось занесла я Леначку ў якісьці хлеўчык, вяртаюся да кусціка па Віцю, а яго — няма! Разумееце, як напалохалася? Клунак мой валяецца, нават сосачка ляжыць у пяску, а дзіцяці — няма! Я туды, я сюды, я рву на сабе валасы, крычу, пытаюся ў людзей — ніхто нічога не ведае. Каб ён хоць большы быў — каму такая малеча патрэбная?! Цэлы тыдзень шчэ лазіла па навакольных вёсках, спадзеючыся, што верне мне яго хто... Ужо даўно тыя вёскі занялі немцы, а я ўсё не веру нічому і сябе ўгаворваю — гэта сон, гэта нейкае непаразуменне!..

Тады вярнулася ў Беласток на старую кватэру. Мужа фашысты злавілі. Ён быў яўрэем, яго адразу і расстралялі, але я гэтага яшчэ не ведала і лічыла — сядзіць разам з многімі. Неўзабаве пачалі перапісваць людзей для паспартызацыі, я прызналася, што скончыла тэатральны ды працавала артысткай. Мне адразу прапанавалі работу. Пабаялася пашкодзіць мужу і яе прыняла, толькі ў тэатр ісці не згадзілася. Арганізоўвалі ансамбль песні і танца, я ўспомніла, што калісьці мела поспех у самадзейнасці, адразу падумала, што выступаць трэ будзе па навакольных вёсках — усё яшчэ не траціла надзеі знайсці Віцю. Адным словам, пайшла ў пракляты ансамбль. Колькі нацярпелася потым!.. Што ж, чалавек сіл сваіх нават і не ведае, покуль не спатрэбяцца яму!..

Яна на хвіліну змоўкла. Я то пранікаўся павагай да гэтай жанчыны, то насцярожваўся.

— Доўга, да самага вызвалення Беластока, ездзіла па «бецырку», распытвала жанчын, заглядала ва ўсе прыюты ды выконвала свае песні на пажарышчы... Вось за гэта і цярплю,— цяжка ўздыхнула Белая.— Аднак усё было дарэмным: і мая работа мужа не ўратавала, ды Віцю я не знайшла. Адзінае, што змагла,— захавала Леначку. Захавала, зберагла ў такія цяжкія гады, каб страціць яе цяпер...

Артыстка заплакала.

— Маня, перастань, колькі можна! — пачаў супакойваць яе муж.

Кабета зарумзала яшчэ мацней.

— Ну, дарагая, хопіць! Падумай, у цябе ж сёння прэм’ера, не расстрайвайся, інакш — ніякі грым не дапаможа і ты нас здорава падвядзеш!

— Зараз, Коля, ведаю сама...

Пра дачку Белай ведала нават мая мама, але пра сына ўчуў я ўпершыню.

— А што з дачкой здарылася? — устрывожыўся я за Лену.

— Пахавала... Два гады назад...

Артыстка пачала смаркацца пачырванелым носам у фартух — дакладна так, як робяць усе жанчыны, калі апавядаюць пра сваё гора. І толькі цяпер я разгледзеў на яе шыі, пад вачыма, каля вуснаў ужо не маладыя маршчыны.

— Памерла ад хваробы, якую дактары яшчэ не лечаць. Дваццаць шэсць гадоў ёй было, скончыла таксама тэатральны, мела талент, ёй прарочылі будучыню...

Жанчына паказала на фатаграфію вясёлай бялявай дзяўчынкі, якая ўткнулася ў плячо маці:

— Тут шчэ ў трэці клас хадзіла!..

Вось гэта трагедыя. І нікуды ты, выходзіць, ад свайго лёсу не ўцячэш?!

Адна пара маладажонаў з гродзенскага гета сваю малую атруціла цыяністым каліем, бо дзіця перашкаджала дарослым хавацца у склепе, але потым бацькі ўсё роўна загінулі ў газкамеры.

У час блакады Гута-Міхалінскай пушчы выдавала нас сваім плачам маленькае дзіця. Звар’яцелая маладая маці на вачах атрада задушыла яго, але гэта таксама не было выйсце: і да сённяшняга дня не магу дараваць той бабе, нягледзячы на тое, што партызанка потым падстрэліла нямецкага афіцэра.

Белая ваявала за сваіх дзяцей менавіта такім чынам. Працавала ў вайну ў самадзейнасці, бо магла толькі спяваць. Няхай кожная на яе месцы паставіць сябе і ўлічыць пры гэтым, што Беласток — не Мінск. Галоўны горад «бецырка» быў глыбокім тылам вермахтаўскай махіны — устойлівай, строгай і суровай. Там не было магутнага падполля, што падрыхтавала за дваццаць тры гады Савецкая ўлада, напрыклад, у сталіцы Беларусі. Да таго, фашысты шантажыравалі Варанцову арыштаваным мужам, а я на ўласнай скуры пазнаў, што гэта такое.

Калі Валодзьку з бацькам у 1943-м арыштавалі, я быў у ад’ездзе, і мне эсэсаўцы наказалі праз старасту з’явіцца да іх самому. Адчуваў я смяротны жах, было і вельмі неразумна лезці к д’яблу ў зяпу. Я мог тады ўцячы ў лес. А ўсё ж такі не змог перайсці нейкага псіхалагічнага бар’ера, які быў мацнейшы за ўсе страхі і лагічныя разважанні — я пайшоў у камендатуру ды здаўся немцам як міленькі. Праўда, потым нам здорава пашэнціла, усе трое мы засталіся ў жывых ды і ў сваіх не выклікалі падазронасці, нават яшчэ ўволю наваяваліся. Але маглі быць тысячы іншых варыянтаў...

Адным словам, па-чалавечы Белую я разумеў ды падзяляў яе гора. Але ж яна аказалася зусім не тым чалавекам, да якога я імкнуўся з гэткай надзеяй.

Усё для мяне было вельмі нечаканым.

— Марыя Міхайлаўна, скажыце, ваш бацька, Варанцоў, не памятаю ўжо яго імя і па бацьку, сядзеў у беластоцкай турме і быў расстраляны вясной 1941-га, праўда? — успомніў я шахматыста-настаўніка, якога потым на маіх вачах вывезлі ў кузаве з брызентавым верхам на Пескі.

Белая адказала не задумваючыся:

— Вы нешта блытаеце. Мой стары ўсю вайну знаходзіўся ў эвакуацыі. Цяпер жыве ў Смаленску. Пенсіянер. Адзіны, хто застаўся ў мяне з даваеннай сям’і...

Што за ліха, выходзіць, у шахматы са мной гуляў на хлеб яе муж?! Але ж ігрок меў яўна славянскія рысы твару!

Мажліва, гэта і быў Сібірак-Мікалаеў, якога шукае Олек Амільяновіч з Беластока? Няважна, што ў палітрука выгляд старога інтэлігента!

Тады чаму ўсе цвярдзілі ў турме, бытта настаўнік мае адносіны да артысткі?

І гэта сітуацыя знаёмая.

Гадоў сорак таму назад, калі я вучыўся ў Вільні, у адным класе вячэрняй школы знайшоўся яшчэ хлапец з такім жа, як у мяне, прозвішчам. Мы былі зусім з розных мясцін і — рознымі па характары ды і выглядзе. Да ўсяго, я быў сынам селяніна, а ён — памешчыка. На кожным кроку я адмаўляўся ад сваяцтва, бо лічыў яго для сябе абразай, а памешчыкаў сынок мной ганьбаваў. Тым не менш да канца вучобы настаўнікам і таварышам гэта не перашкодзіла лічыць ды называць нас братамі!

Выходзіць, ва ўсе часы людзям уласціва спрошчваць з’явы.

Выгодная легенда сваяцтва з Варанцовай-артысткай, напэўна, прыйшла арыштанту ў галаву ў турме, і з гэтага чалавек чэрпаў карысць.

 

4

Такім чынам, артыстка Мікалая нават і не ведала.

Не пацвердзілася версія і аб яе бацьку.

Я прыбыў у госці к іншаму чалавеку. Што і гаварыць, Белая, якую на маёй шматпакутнай радзіме захліснула хваля гістарычных падзей, таксама вартая ўвагі. Аднак мне патрэбен быў хто іншы, таму агарнула прыкрае расчараванне. Трэба было перастрайвацца, ды вельмі ж не хацелася развітвацца з даўно створанымі ў глыбіні душы стэрэатыпамі, бо да гэтай пары ўсё было так ясна ды зразумела — я ж таксама валодаў уласцівасцю ўпрошчваць. Нагвалт пастараўся знайсці хоць якую зачэпку, каб уратаваць тое, што распаўзалася, як дым.

Нагадаў яе словы: «...З Буднікам Мікалаем не мела гонару быць знаёмай...» — і раптам падумаў: «Гм, як жа тады разумець заданне дэсантніка Мішына пазнаёміцца мне з артысткай?»

Як вытлумачыць імкненне Мікалая зблізіцца з Белай у вагоне «фюр полен», калі я ехаў разам поездам у Беласток, а потым такое ж гаварыў і Антон Лабовіч у Палацы тэкстыльшчыкаў? Сакратар ПАРП выдумляў?

А камандзір дэсантнікаў Ліхайван, пераапрануты ў цывільнае, ездзіў з Агурцовым у Ваўкавыск, ставіў сябе ў нябеспеку толькі для таго, каб сфатаграфаваць нямецкую шансанетку? Гэта зрабіць мог з меншай рызыкай сувязны, калі там, за лініяй фронту, хтосьці прагнуў паўзірацца на яе фізіяномію.

І, урэшце, чаму, з кім ні загавары пра артыстку, яна вядомая людзям часцей за ўсё пад псеўданімам, як былая падпольшчыца.

Тут штосьці не тое.

Ліха на яго, што пад усім гэтым хаваецца? Расказаць артыстцы падрабязнасці ажыятажу нашай разведкі вакол яе персоны ў вайну? Каму прыемна слухаць пра сябе такія дэталі, не трэба псаваць ёй настрою. Ды і яна, здаецца, нічога болей дадаць не можа да таго, што сказала.

Як усё заблытана!

Адным словам, разгадваў я непасільны рэбус і вёў з гаспадыняй гутарку, даваў ёй магчымасць супакоіцца.

— Чорт вазьмі,— паспачуваў я.— У першую сусветную вайну з Заходняй Беларусі ды Украіны эвакуіравалі 14 мільёнаў чалавек! У гэтую ж — мала мог хто ўцячы, бо — век тэхнікі, іншыя былі тэмпы наступлення. Жанчыны, дзеці перажывалі жудасную трагедыю акупацыі, а знайшліся потым некаторыя праведнікі, якія паставілі гэта людзям у віну. Уяўляю, колькі давялося вам перацярпець і вытрымаць!

— Жах! — падхапіла Белая, удзячная, з затоенай крыўдай уздыхнула.— Ах, якой толькі ганьбы не наслухалася ад зайздросніц — галоўным чынам ад тых, хто акалачваўся недзе ў тыле ды гора не бачыў. І шлюха, і нямецкая падсцілка, і прадажніца!.. Ды і цяпер шчэ... Мае аднагодкі даўно ўжо хто заслужаныя, хто ў народных, а я ўсё — радавая.

Хацелася яе супакоіць. Я намерыўся ўжо ёй тлумачыць, што ў гэткіх паводзінах людзей праяўляецца законнае абурэнне народа, які столькі перацярпеў,— менавіта ў гэткія формы выліваецца яго абурэнне, гнеў на прадажнікаў, ворагаў і квіслінгаў. Ды сказаць мне нешта перашкаджала.

Раптам Ніканаў, які доўга маўчаў, заўважыў:

— Маня, раскажы, калі ласка, таварышу пра Максімава. Мажліва, яму будзе цікава.

 

5

Крыху авалодаўшы сабой, Варанцова ўзялася апавядаць зноў:

— Ну, пра Максімава. Ён быў дырэктарам лепшай у Беластоку школы. Відны такі чалавек, вядомы ў горадзе, паважаны ўсімі ды аўтарытэтны. Заўсёды яго бачыла ў прэзідыумах на ўрачыстых вечарах — сядзелі з маім мужам, а я любавалася і нават крыху ганарылася знаёмствам з ім. На трыбуну часта выходзіў — умеў што сказаць, меў пра што гаварыць, і ў яго гэта складна так атрымлівалася. Пачалася вайна, і Максімава адразу не стала. Думала, ён адступіў, як большасць, і нават калі плакала па сваім мужу, то зайздросціла яму, што дзе-небудзь ваюе і там усё для яго проста і ясна.

Мінула з паўгода вайны.

Прылятае аднойчы сяброўка ды са слязамі просіць:

— Маня, вазьмі на кватэру Максімава!.. Ён не паспеў адысці з нашымі, увесь час хаваецца ў мяне, але ж я жыву ў адным пакойчыку, ды і суседкі чужога ўжо заўважылі! Не прыдумаю, куды б яго запіхнуць — вось-вось бяда здарыцца, ты ж ведаеш, што для немцаў жыццё чалавека!.. Ты яго не бойся, ён стаў пранырлівым спекулянтам! Смела бяры, цяпер такія людзі надта выгодныя, будзе дапамагаць трымацца, і ты пабачыш, як адразу стане табе лягчэй!..

А я надта здзівілася:

— Я-ак, такі ідэйны таварыш, камуніст, не ваюе з немцамі, а займаецца ганебнай справай?!

— Не асуджай,— просіць яна,— так ужо атрымалася ў яго! Пашкадуй, няўжо дапусціць, каб і такога мужчыну на Пескі вывезлі?!. Будзь чалавекам, пашкадуй! Ён і вусы адпусціў, з выгляду зусім-зусім змяніўся — ніхто не пазнае, пабачыш!

Адным словам, узяла я яго. І ўзяла зусім не з ідэйных матываў, а — з чыста жаночай жаласці. Занесла ва ўправу немцам узятку ды атрымала на яго пашпарт. Гэткім жа чынам даволі лёгка і прапісала чалавека пад выдуманым прозвішчам. З таго часу Максімаў пару гадоў і побач са мной жыў на адной кватэры ды займаўся сваёй спекуляцыяй.

Ніканаў жонку паправіў:

— Гэта яна так думала!

— Я так лічыла. Памалу ўцягнуў і мяне ў свае справы. Едзем, напрыклад, на гастролі ў раён, Максімаў адпраўляе са мной цяжкую пасылку ды гаворыць:

«Цвікі тут. Глядзі, надта не кідай!..»

Атрымлівалася дзіўна. Чаму не кідаць? Не шкло, не фарфор. Цвікі, як вядома, з жалеза. Але мне было ўсё роўна. Ва ўмоўленае месца пасылку, часамі даволі вялікую, здавала і ўзамен атрымлівала таксама габарытныя пакункі. Я не мела права ў іх заглядаць — такая была ў нас дамоўленасць. Ды, чэсна гаворачы, не надта мяне і цягнула заглядваць. Нават агідна было пра гэта і падумаць, тым больш што Максімаў акуратна выдаваў маю долю харчоў, а мне больш нічога і не трэба было. Мой клопат — толькі б з дачкой пражыць ды мець у турму на перадачы. Пасяліла яго ў асобным пакойчыку, а мы з Леначкай жылі ў другім...

І вось надыходзіць ліпень 1944 года, вызваляюць Беласток. З першымі часцямі чырвонаармейцаў прыязджае ў горад ледзь не сам міністр са світай з Масквы, ды майго Максімава некуды з гонарам адвозяць на «вілісе»!.. Уяўляеце маё здзіўленне?!. Паўтараю, я была шчыра пераканана, што ён — спекулянт.

Нарэшце тое-сёе высвятляецца!

— Марыя Міхайлаўна, успомніце, бо гэта надта важна, куды вазілі тады вы пачкі? — асцярожна, каб не спужаць надта важнае, пацікавіўся я.

— Толькі два ці тры разы — аж у Варшаву. Амаль заўсёды — на хутары пад Ружаны і Пружаны. Ужо менш, мо ўсяго разоў з дзесяць — пятнаццаць — пад Аўгустоў, Сувалкі, Асавец...

Белая па-жаночы не разумела, што менавіта ў названых ёю краях былі партызанскія раёны «бецырка» і, вядома, спекулянты там пажывы мелі мала, бо лясныя хлопцы ў бліжэйшых партызанскіх ад лагераў вёсках харчы падчышчалі пад бубен.

Ага, дык вось у чым справа?

Белая ўсё ж такі, мабыць, прымала ў падполлі ўдзел. Дзякуючы гэтай жанчыне наш разведчык меў у Беластоку «цёплае» месца, мог разгарнуцца і дзейнічаць.

Але ж чаму яна не разгадала Максімава?

Грош цана была б яму як разведчыку, калі б гэта здарылася.

І ўсё ж такі занадта яны былі блізкія, вельмі ён быў ад яе залежны...

Толькі ўсё гэта яшчэ не сведчыць, што Максімаў быў ад Ліхайвана. І дыверсійных, і разведчых груп у «бецырку» налічвалася шмат, ды былі яны ад розных устаноў — НКВД (НКУС), Штаба Чырвонай Арміі, разведкі, контрразведкі. Ліхайван, мабыць, артыстку адно знайшоў і, як было тады ў звычаі, перадаў іншаму камандзіру — памяняў на другога чалавека...

Белая апавяданне сваё працягвала:

— Калі мяне пасля дзесяці гадоў адпускалі з лагера, прыехаў сам Максімаў. Генерал усё смяяўся з мяне, прапанаваў заглянуць у дакументы ды паглядзець, хто Максімаў на самай справе. З-за крыўды глядзець не стала...

Свінтус, мог бы паклапаціцца аб ёй раней.

Зрэшты, хто ведае, як там атрымалася,— падумаў я.— Максімава пасля маглі кінуць у іншае месца — ці да Белай чалавеку было?!

А ты, Белая, не надта прыкідвайся, што ў Беластоку не ведала, хто такі твой пастаялец і што за пасылкі возіш у партызанскія зоны. Найхутчэй за ўсё табе было выгодна не бачыць, не разглядваць сапраўднага твару Максімава, бо вельмі ж ты была занятая тым, каб было што есці, каб над табой не капала ды каб перад табой слаліся мужчыны — я ж сам бачыў. Пра мужа, мажліва, ты і клапацілася, ну і што?

Тым не менш з горкага вопыту ведаю, як гісторыя з Максімавым некаторым нахрапістым людзям паслужыла б для таго, каб на кожным кроку ўсім цвярдзіць пра свае заслугі перад Радзімай. Варанцова нават як бы адмаўлялася ад таго, што рабіла сапраўды для перамогі.

Але ж зноў тут пачыналася аповесць другая, а мне трэба было вяртацца да Будніка.

 

6

Ужо нічога ад артысткі не чакаючы, без усякага настрою пачаў я апраўдвацца за прынесены кабеце клопат, стаў расказваць пра Мікалая Будніка.

— Вельмі высокі?! — адначасна і здзівілася і ўзрадавалася Белая.— У эсэсаўскім мундзіры, выдатна валодаў рускай мовай?!. Не ведаю ні яго імені, ні прозвішча, але менавіта такі мяне два разы... Не, пачакайце, што я кажу? Тры разы — ад смерці ўратаваў!

Я насцярожыўся зноў.

— Было гэта... Зараз, зараз, хвіліначку, дай бог памяць!.. Недзе вясной. Ага, якраз на вялікдзень, бо ў цэрквах білі ў званы, бабулі ў кошычках неслі фарбаваныя яйкі!.. У той час якраз ішла паспартызацыя ў Беластоку. Немцы не захацелі даць зарабіць мясцовым фатографам і выклікалі майстра з Кёнігсберга, таму паспартызацыя зацягнулася. Нарэшце к фатографу атрымала запрашэнне і я. Са знаёмым палякам, Паваляй Янекам, адправілася ў пашпартны стол. Між іншым, Паваля таксама з вашых краёў, з мястэчка Грудэк, мо чулі такі гарадок?

— Вядома,— усміхнуўся я.

— У Беластоку тады якраз гітлераўцы распраўляліся з яўрэямі. Ноччу была «акцыя». На вуліцах валяліся голыя целы. Выпадковыя прахожыя прыкрывалі іх газетамі. Каб паперу вецер не змёў, газеты прыціскалі цаглінамі і камянямі. Чалавек з пятнаццаць людскіх ценяў — на іх была скура ды косці — валаклі воз. Яны спыняліся перад кожным трупам, бралі яго за рукі і ногі ды кідалі на платформу.

На Ліпавай, ля касцёла святога Роха, гітлеравец на маіх вачах стрэліў у старога, і той упаў. Немец дабіў чалавека ды зняў фуражку — дзень быў спякотны, фашыст увесь спатнеў. Ён выняў белую хусцінку, асушыў змакрэлую шыю, старанна выцер сярэдзіну аколыша фуражкі, надзеў яе зноў ды сабе пайшоў, нават не азірнуўшыся на забітага. Недарэкаваты пажылы салдат, які таксама глядзеў на гэтую сцэнку, паківаў мне галавой ды ўздыхнуў: «Іммэр блют, обер іммэр блют, майн гот!..»1

Упершыню ўбачыла я тады і яўрэйскіх паліцаяў у «акцыі». Яны выконвалі нямецкі загад — хапалі на вуліцы сваіх суайчыннікаў бытта на работу. Тады ўжо ўсе ў нас ведалі, што людзям гэтым давядзецца не працаваць, а — дыхаць цыклонам у газкамерах Трэблінкі ля чыгуначнай станцыі Малкіні.

Па тратуары якраз ішлі дзве дзяўчыны. Паліцаі адну хапілі. Яна вырывалася ды з крыкам вісла на шыю сяброўцы, развітвалася з ёю, давала ўсё паспешліва нейкія наказы...

У іншым месцы злоўлены хлапец безнадзейна адбіваўся ад цывільных тыпаў з дубінкамі ды з белымі павязкамі на рукавах, пробаваў хоць крыху прадоўжыць сабе жыццё...

Жах той мне ніколі не забыць.

Прыходзім у пашпартны стол. Сядзіць афіцэр, над ім лозунг: «Памятай словы фюрэра — вартае толькі тое, што карысна нямецкаму народу!» Немец узяў нашыя фатаграфіі ды пачаў афармляць дакументы. На стале перад ім ляжала вялікая стопка чыстых бланкаў для «аўсвайсаў», афіцэр жа то адварочваўся, то часта падыходзіў да іншых сталоў за клеем, нажніцамі. У калідоры тоўпіліся яўрэі з тых, хто стараўся пераканаць немца, што яны палякі ці беларусы.

І тут артыстка бытта спатыкнулася ды хвіліну вырашала — гаварыць ёй мне ці прамаўчаць.

— Не, не, я далёка не Зоя Касмадзем’янская, вы нават і не падумайце нічога такога! — раптам пачала мяне запэўніваць.— У мяне ўзнікла звычайная простая думка, што гэтыя бланкі могуць каго-небудзь з яўрэяў уратаваць, мне ж украсці іх — так лёгка! І я пару паперак сцягнула. Гледзячы на мяне, Янек пацягнуў ужо цэлую кіпу. Вядома, адразу мы іх перадалі ў калідор. Там пачалі іх неасцярожна раздаваць ды рассыпалі на падлогу.

Праходзіў, як на тое, паліцай, гэта заўважыў.

Адным словам, усіх нас, хто ў той момант знаходзіўся ў пашпартным стале, адразу забралі. Даставілі ў гестапа. Чым такое заканчвалася, усім вядома.

Я ўжо ў думках развітвалася з Леначкай ды плакала: што з ёю будзе?! Гадавалых дзяцей, якія заставаліся без бацькоў, фашысты пачкамі вывозілі ў Германію ў спецшколы, выхоўвалі іх на немцаў. Толькі такіх малых, бы мой Віця, не бралі туды...

З’явіўся эсэсман рабіць нам вобыск. Загадалі ўсім скінуць вопратку. Няхай лепш заб’юць тут, думаю, а ўніжацца распрананнем не стану — так і гэтак смерць. Ды зноў успомніла малую і пастаралася сябе пераканаць, што перада мной жывёліна, а, напрыклад, перад каровай ці свіннёй раздзявацца не саромелася б.

Яўрэек пакраталі за грудзі, пляснулі па ягадзіцах, і на гэтым вобыск скончыўся. Мяне не чапалі.

Праз суткі прывялі на допыт.

«Ну, загаворыш перад смерцю, жыдоўская шлюха? — пакпіў цынічна з мяне малады прышчаты «эсдовец» з тых нашых падонкаў ваеннапалонных, што пайшлі да немцаў на службу. Тып адразу згасіў ва мне ўсялякую надзею.— Ваша сапраўднае прозвішча, адкуль вы і колькі вам гадоў?»

Ва мне раптам усё ўзбунтавалася.

«А вам навошта гэта ведаць? — кажу яму.— Я ж за вас — такога красаўчыка — замуж не збіраюся!.. Расстрэльвайце ўжо так, без прозвішча і біяграфічных дадзеных!»

Падонак пазелянеў ды ўскочыў на ногі з бізуном, і ў гэты момант якраз у кабінет увайшоў той вялізны бландзін-эсэсавец, пра якога збіраюся вам і расказаць. Следчы адразу абсеў. А вялізны прачытаў у пратаколе маё прозвішча ды следчаму кажа:

«О, яна мне якраз і патрэбная, забіраю яе! Біттэ шён, фроляйн, комм міт!»

Іду за ім па калідоры ды ўжо і не ведаю, што і думаць. Наложніцу сабе выбраў, ці што? Часта бывалі такія выпадкі. Ну, не, лепш ужо смерць! — падумала з жахам, а сама вельмі баюся і таго, і таго.

Гэтым часам немец вывеў мяне на вуліцу ды на чыстай рускай мове абвясціў:

«Барышня, спакойна адпраўляйцеся дамоў і болей пастарайцеся не пападацца!»

Я, вядома, спачатку не паверыла сваім вушам. Няўпэўнена іду, аглядваюся, а ён усё стаіць ля варот, глядзіць мне ўслед ды чакае.

Што за дзіва?!

Потым доўга не магла я прыйсці ў сябе ды супакоіцца. З усіх, каго ўзялі за тыя няшчасныя бланкі для «аўсвайсаў», уцалела тады адзіная я. Паваля быў надта разумны, прыгажун і на гітары здорава іграў...

Рускім уласціва блытаць польскае «л» з «ль». І Белая дарэмна яго змякчала, бо сапраўды хлапца звалі — Павала. А ўсе яго называлі проста — Матронін сын, але, вядома, артыстка ведаць гэтага не магла.

З братамі Паваламі, як ужо аднойчы я ўпамінаў, мы з Валодзькам вучыліся ў сямігодцы ў Гарадку, які палякі называюць — Грудэк; такую назву мястэчка артыстка і запомніла. Чэсек Павала потым стаў паліцаем. Гэта ён на нашых вачах, у двары беластоцкай турмы, забіў медсястру ды дзядзьку Волеся са Свіслачан, а пасля вайны я на яго судзе нават пабываў сведкам. І трэба ж было праз дваццаць гадоў прыехаць сюды, аж да Волгі, каб даведацца пра братоў усё дакладна!

 

1 І зноў кроў, і зноў кроў, бо-ожа!.. (Ням.)

7

Артыстка апавядала мне далей ужо свабодна, як роднаму чалавеку:

— Другі выпадак здарыўся праз паўгода. Перадачы мае, нягоднікі, у турму забіралі, але ад мужа вестак не атрымлівала. Ужо і сама пачала разумець, што фрыцы абдурваюць, бытта ён жывы, але ўсё не паддавалася, бо надзея давала мне сілы. Аднойчы адчула — і нада мной навісае пагроза. Раптам перасталі пасылаць з канцэртамі. Нейкія тыпы пачалі хадзіць па пятах. Максімаў надавуміў зрабіць дзёрзкую спробу, каб зняць усялякую падазронасць. Ён параіў зайсці ў камендатуру з дачкой на руках ды заявіць, што мне вядома, як сочаць за мной, таму няхай лепш расстраляюць, няхай мяне ў канцлагер высылаюць, няхай што хочуць робяць, толькі б не было гэтай цяжкай атмасферы. Маўляў, калі б я была такой, за каго вы, немцы, мяне прымаеце, то будзьце пэўныя — у рукі вам сама не прыйшла б.

І вось калі я сядзела ў прыёмнай, раптам заходзіць зноў той самы шыракаплечы ды высокі эсэсавец-бландзін. Згледзеўшы мяне, ён, здзіўлены, спыніўся ды спытаў, чаго сюды прыйшла. Я растлумачыла. Тады эсэсавец узяў мяне пад руку, вывеў на вуліцу ды гэтак добразычліва, як ніколі не мог бы сказаць звычайны немец, раіць:

«Маладая ды сімпатычная, ідзіце адсюль ды болей ніколі-ніколі не падыходзьце да гэтага дома нават і блізка, бо вам тут няма чаго рабіць, зразумела?»

Выходзіць, Мікалай Буднік з Максімавым не былі нават знаёмы, калі адзін з іх адмяняў тое, што раіў другі?!

Ліха на яго, як усё зразумець?!

— Марыя Міхайлаўна, мілая! — узмаліўся я.— Успомніце добра, як тады ўсё адбывалася!.. Мне трэба з падрабязнасцямі, дакладна — вельмі гэта важна!

— Вось вам і падрабязнасці. Памятаю, я тады надзела сінюю сукенку, якую ўсю вайну хавала. Зрабіла нават прычоску, уклала вось так валасы і патраціла на гэта з дваццаць марак. Леначцы апранула матроскі касцюмчык. У яе была прыгожая чолачка, я яшчэ яе наслініла... Абула яе ў белыя басаножкі, а на мне былі новыя «лодачкі»...

Аднак памяць у артысткі была чыста жаночай. Як, бедная, не разумела, што дэталі яе туалета цікавяць мяне найменш?!

— А калі прыйшлі ўжо дамоў ды расказалі Максімаву, што ён на гэта?

— А нічога. Прамаўчаў. Думаў спачатку хавацца, шукалі другую кватэру, планавалі перабрацца ў Варшаву, але, дзякуй богу, абышлося.

— Ну і далей? — зразумеў я са шкадаваннем, што больш ад яе нічога не выцаджу.

— А трэцяя сустрэча адбылася ля турмы. Як звычайна, прынесла я перадачу ды стала апошняй у чаргу. Праехалі якіясьці легкавыя машыны, але апошняя раптам спынілася ды пачала даваць задні ход. Легкавая спынілася каля мяне, і толькі цяпер я ўбачыла, што за рулём — зноў той самы эсэсавец. Афіцэр галантна адчыніў дзверцы ды запрасіў мяне сесці. У машыне болей нікога не было, і я чамусьці ані крыху не баялася. Калі мы ад’ехалі, ён уголас прачытаў напісанае хімічным алоўкам на пачцы прозвішча вязня ды сказаў мне, каб сябе не ашуквала, бо майго мужа няма даўно сярод жывых, што паліцыя, забіраючы пасылкі, мяне гэтак шантажыруе, што трэ паберагчы сябе і дачку. Не пытаючы нават адраса, давёз да самай кватэры, дапамог выбрацца, падаў перадачу, галантна пацалаваў мне руку і ад’ехаў.

І вось я на вуліцы засталася зусім адна. Але не ўпала без прытомнасці на брук, не залямантавала. Да сумнай весткі за два гады паспела ўжо прызвычаіцца, толькі падумала: адкуль гэты эсэсавец ведае, дзе я жыву, адкуль ведае пра нас усё астатняе і чаму клапоціцца аж так пра мяне, што за пашана з боку немцаў? Выходзіць, вунь што за чалавека я спаткала тады — вашага сябра! Вось табе і волат!..

Яшчэ заходзячы да артысткі на кватэру, я прыкінуў — Белая майго росту, а сто восемдзесят сантыметраў для жанчыны — не мала. І калі ўжо такая называе эсэсаўца волатам, то, хутчэй за ўсё, гэта і быў Буднік. Сярод немцаў высокіх траплялася шмат, але ж цяжка сабе ўявіць, каб у горадзе знайшоўся яшчэ адзін эсэсавец-бландзін такога росту, каб адначасна яшчэ ведаў рускую мову ды цікавіўся артысткай.

— З-пад Ружан каго-небудзь памятаеце з тых людзей, каму вазілі пакеты ад Максімава? — пацікавіўся я на ўсялякі выпадак, нічога ўжо не чакаючы ад субяседніцы.

— Чаму не,— задумалася Белая.— Лукашыка з Зеляневіч, братоў Барэйкаў з хутара Круглікі...

— Вы і іх ведаеце?! — жахнуўся я.— Іх жа расстралялі!

— Гэта потым. За раненага, здаецца. А покуль хлопцы былі жывыя, наведвала іх разоў з пяць. Яшчэ добра памятаю Соньку Хіцук з Вількаўшчыны і яе кавалера добра памятаю. Вёсачка бедная-бедная, кавалер гэты няўклюда з няўклюд, а сама Сонька — спраўная, палец у рот такой не кладзі!

Маё здзіўленне артыстку насцярожыла:

— І вы знаёмы з гэтай жанчынай?

Соньку я не толькі ведаў.

Не, я чамусьці ўжо цалкам быў упэўнены, што названая сялянка з далёкай Вількаўшчыны мае прамыя адносіны да трагедыі артысткі. Раптам я аж перапалохаўся, каб не забіць весткай гэтую затузаную кабету. Мне зрабілася не то холадна, не то горача, і я пачаў вагацца — гаварыць пра яе сына ці не гаварыць, бо ўсё ж такі гэта была толькі мая здагадка.

— Марыя Міхайлаўна, дарагая, скажыце, а дзе ў вас Віця згубіўся? — асцярожна пацікавіўся, яшчэ не ведаючы, як перадаць ёй сваю здагадку.

— Пераехалі станцыю Бераставіцу, у вёсцы Клепачы...

Ад Вількаўшчыны да Клепачоў кіламетраў сем-восем. Зусім мажліва, што той, пра каго я падумаў,— яе сын, і артыстка цяпер гэтай самай вількаўшчынскай Соньцы Хіцук, якой у час вайны вазілі пакеты,— сваячніца.

Мо гэта толькі супадзенне і артыстку не варта мучыць ілюзіямі? Аднак калі зяць Сонькі — сапраўды родны сын Варанцовай-Ніканавай, ці ж маю права маўчаць?

 

Раздзел шосты

 

1

Здарылася гэта гадоў з восем перад тым, як я прыехаў да Варанцовай-Ніканавай над Волгу. К таму часу я пакінуў сямігодку ў Біскупцах і паступіў на працу ў абласную газету.

У пачатку лета паслаў мяне рэдактар у Крыніцкую машынна-трактарную станцыю апісваць работу парторга — лепшага ў вобласці па МТС. Па дарозе з Гродна, не памятаю ўжо чаго, заглянуў я ў Ваўкавыск. Затым выйшаў на Мінскую шашу ды стаў чакаць машыну ў бок Крыніцы.

Кожны раз, калі трапляю на гэту шашу, па целе пачынаюць бегаць мурашкі. Нечаканасць агрэсіі, непадрыхтаванасць да вайны, пакінутыя без бензіну машыны, вопытнасць ды нахабства праціўніка — усё мне гэта добра вядома, аднак душа не хоча мірыцца і шаша Беласток — Мінск здаецца мне дарогай нашай ганьбы ды немаведама якога цярпення і гора. У першыя дні вайны на ёй было кінута шмат нашых танкаў ды іншай вайсковай тэхнікі. Кюветы і абочыны ўздоўж яе былі ўсланы трупамі чырвонаармейцаў, цывільных мужчын, жанчын і дзяцей, якія не паспелі эвакуіравацца з Беласточчыны, а «месеры» ім на галовы выкідвалі цэлымі скрынямі маленькія бомбачкі, ад якіх не было ратунку. Тут блытаўся тады і я, ачмурэлы, ды дзівіўся — чаму так здарылася. Пытанне не пакідае мяне ў спакоі да сённяшняга дня, як не пакідаюць сны пра вайну. Цяпер ля гэтай шашы не магу ні смяяцца, ні голасна гаварыць. Калі гляджу на дарожны пыл,— такі нявінны сабе і звычайны, на прыдарожныя кветкі ды маўклівыя кусцікі, мне тады здаецца, што гэта цені і душы тых ахвяр, якія ад ветрыка сцелюцца перада мной, не сцяблінкі сакавітай травы, якія выраслі на жывой глебе, а — людскія натоўпы; тады штосьці сціскае горла ды перашкаджае дыхаць.

Адным словам, чакаў я ды думаў. Паступова заўважыў, што паблізу знаходзяцца яшчэ людзі. У кювеце сядзелі тры жанчыны. Самая маладая, каравокая, чамусьці плакала, астатнія яе суцяшалі, а яна скрозь слёзы казала:

— У вайну для бандытаў і паліцаяў бардак са сваёй хаты зрабіла, то і цяпер... Так апанавала вёскай, так ёй авалодала, так усіх аблытала, што няма нікому жыцця. Што хоча, тое і робіць. Са старшынёй калгаса, з настаўнікамі, з мужыкамі... Усе да яе бягуць, валакуць грошы, бяруць ў доўг. П’юць, а потым распутнічаюць, крадуць, б’юцца. Прыедуць з міліцыі пратакол пісаць ды — дзе там: таго спойвала, калі шчэ партызанам быў, таго пусціла ў вайну на ноч, калі з лагера палонных уцякаў,— ніхто з іх пратакола да канца і не дапіша.

Што за ліха, аб чым яна?!

Ужо, зацікаўлены, пачынаю прыглядвацца.

На галаве ў маладзічкі — байкавая хустка. Сядзела жанчына, прыкрыўшы спадніцай ногі, ад чаго віднеліся толькі невялікія, з высокім пад’ёмам, чыстыя ды загарэлыя ступакі.

І хоць яна хацела прыдаць свайму твару збедаваны выраз, аднак было відаць, што жыццё мілавала яе і жыве яна ў дастатку.

— Ах, чаго на свеце не бывае! — уздыхнула пажылая кабеціна.

— Ну,— згадзілася другая.— Такая сцерва адаб’е мужыка ад тваіх дзяцей, а ты шчэ нічога ёй і не скажы, от фокус!

— Што зробіш, бабская наша доля: так было заўсёды і так будзе да сканчэння свету.

Захацелася прыняць удзел у размове, і я да кабет павярнуўся. Жанчыны адразу заўважылі маю зацікаўленасць — іхнія твары ўмомант парабіліся штучна ветлівыя.

— Так раскажы таварышу начальніку пра Соньку! Мо таварыш начальнік з горада, дапаможа! — падказала старэйшая кабеціна маладзіцы.

Але тая не падняла на мяне нават вачэй. Толькі высмаркалася ў канец хусткі ды ўздыхнула.

Узялася тлумачыць цётка:

— Гляньце вы, таварыш начальнік, то ж учора сабралася гэтая кабетка з мужыком на базар у Крыніцу. Але ён паклаў на воз клетку з парасём, пасадзіў ля сябе тую курву ды папёр каня. Ці ж так можна?! Бойцеся ж бога, хто гэта бачыў?!.

— Яе, цяжарную, скінуў, а нейкую лярву павёз,— дадала другая.— І на вачах людзей!..

— Ах-ха-ха-ха-а! — уздыхнула маладзіца ды зарумзала зноў: — Яшчэ з воза яна мне фі-гу пак-каз-за-ала-а!..

— Ну, супакойся, раскажы толкам!

— Род-дам я з Падароска. Як была дзеўкай, то ён кляўся і бажыўся, што будзе любіць адну мяне. Вывезлі яго ў Германію на работы, і за мной адразу пачалі файныя хлопцы сватацца, але я нікога да сябе не падпусціла, бо ўсё гэтага дурня чакала. А вярнуўся адтуль пасля вайны, і мне адразу далажылі, як ён у Кёльне жыў з францужанкай, але я яму даравала. І колькі шчэ паперажывала, калі яго за службу ў паліцыі следавацелі цягалі!.. Тата з мамай хату за мной далі, ён угаварыў перавезці яе да сябе, у Вількаўшчыну. Навошта я, дурная, згадзілася?! Жыла б сабе пры маме, на такі пасаг хлапец куды лепшы знайшоўся б, столькі іх сваталася!..

— Пабочныя гісторыі мяне не цікавяць, вы пра галоўнае раскажыце! — паспрабаваў я перавесці гаворку.

Аднак у жанчын быў свой рытуал вядзення гутаркі, парушаць яго і не думалі яны.

— На тую хату — новую, з падмуркам? — здзівілася цётка, бытта нічога я і не казаў.— Чаму не, знайшоўся б кавалер шчэ і не такі!

— Мо і гэты быў бы чалавекам, каб не Сонька...

— Каб яго з тропу не збівала!

— Дык хто ж яна такая? — зазлаваў ужо я.

— Хто Соньку Хіцук не ведае?

— Што мае дзеці праз яе намэнчыліся, нацярпеліся! — цягнула ўсё сваё маладзічка.

— Ці ж толькі ты мардуешся? Бегае, як сучка, і за іншымі мужчынамі, зазывае да сябе! Такога старога, як мой, не чапае, вядома, але чуць крыху маладзейшы...

— Бо свайго не мае!

— Самагонку тую жане, іх, дурняў, спойвае! А вядома, што іншаму абармоту трэба? Абы выпіць ды свежая спадніца.

— Цётко, што выдумляеце, хіба цяпер дазваляюць гнаць самагонку?!

Жанчына паглядзела на мяне, як на дурня, пахітала галавой.

— Заўша апарат у яе дыміць!

— Адкрыта!

— Ніколі яго з хлеўчыка не ўбірае!

На самагоншчыкаў — рассаднікаў хвароб, хуліганства, сямейных непаладкаў, зубы тачыў я даўно, і тут бабы задзелі мяне за жывое. Чаго не бачыў у той эмтээс? Лепш выведу на чыстую ваду пачвару-самагоншчыцу.

— Я з рэдакцыі. Даю вам, цёткі, слова гонару, што болей не пагоніць. Зараз паедзем з міліцыяй, забяром яе і ўсю апаратуру. Як дакладна яе зваць? — пачаў я запісваць сабе ў блакнот.— Хіцук Софія... Вёска?

Старыя падказалі.

— Ой, таварыш гарадскі! — спалохалася маладзіца.— Толькі рабеце як-небудзь так, каб ні адная душа не ведала, што сказала вам я, бо зараза маіх дзяцей пакалечыць, а мужык паленам прыб’е, як даведаецца! І паслухайце: сярод начальства яна мае паслушэнства, бо яны знаёмыя шчэ з партызан!

У гэты момант на асфальце з’явіўся «масквічок». Я падняў руку, машына спынілася.

— Толькі дваіх! — высунуў галаву шафёр.

— І вам у той бок? — спытаўся я ў маладзіцы.— Паехалі!

У машыне я ўжо маляваў сабе карціну, як заходжу ў міліцыю, як абураюся, што яна сама разводзіць нездаровыя ачагі, як потым з бравымі хлопцамі ў сініх мундзірах з малінавымі пагонамі прыбываем у вёску, як арыштоўваем распутніцу. Тады я пішу ў газету хлёсткі фельетон, а рэдактар замест эмтээсаўскага матэрыялу залічвае мне гэты.

— Тава-арыш,— даверліва зашаптала маладзіца, нахіляючыся да майго вуха.— У мяне ўжо е тры хлопцы, навошта мне чацвёртае дзіця? З такім дурнем і з гэтымі клопатаў хапае!.. Хадзіла ў Ваўкавыск, думала на аборт дамовіцца, цяпер правіцельства дазваляе. Але не ведала, куды звярнуцца. Сорамна пытацца ў чужых людзей... Палазіла, палазіла па горадзе дый вяртаюся ні з чым. Мо дапаможаце мне вы, га?

Я адчуў, што чырванею.

Апрытомнеў я толькі праз кіламетраў дзесяць, падумаў: чаго маю саромецца? Усё гэта чалавечае, а жанчыне сапраўды няма іншага выйсця. Што мне каштуе пазваніць у бальніцу ды спытацца?

— Добра, паспрабую ў Крыніцы разведаць у доктара. Прыеду ў вашу вёску з міліцыяй, вам скажу.

— Ой, рабеце толькі так, каб ні адна душа не здагадалася, што мы знаёмыя! Сонька шчэ маіх дзяцей пакалечыць, а муж з хаты прапрэ!

— Пастараюся.

— Налева унь Крыніцы. А мая вёска — направа. Мяне тут выпусціце. У горадзе хто яшчэ ўбачыць з вамі, перадасць, і бяды не абярэшся ад майго дурня. Я цераз палі да сябе павалакуся. Адгэтуль да Вількаўшчыны — восем кіламетраў.

Машына спынілася.

 

2

Начальнік міліцыі Крыніцкага раёна, пажылы маёр, выслухаў мяне з насцярожанай увагай і без слова распарадзіўся падаць машыну. Калі мы выйшлі на двор, нас ужо чакала трохтонка.

— Калі ласка! — запрасіў ён мяне ў кабіну.

Там было толькі адно месца. Куды ж сядзе начальнік — наверх? Няёмка прыніжаць яго перад шафёрам.

— Я лепш — у кузаў! — скочыў я на кола.

Маёр разгублена развёў рукамі.

— Тады і мне давядзецца з вамі...— выразна шкадуючы, што прападае месца з камфортам, кінуў чалавек ды пачаў узбірацца за мной.

На мацёрую самагоншчыцу начальнік чамусьці не выказваў дагэтуль ніякага абурэння. Прафесійная звычка — быць стрыманым і пакідаць эмоцыі адвакатам, пракурору?

Мабыць, не толькі таму.

Выглядала на тое, што чалавек не надта верыў у карысць нашай паездкі. Ехаў, бо баяўся мяне. Якраз ішла кампанія супроць самагонаварэння, рэдакцыя не давала спуску і міліцыі. Ды вось у Крыніцу з’явіўся з вобласці карэспандэнт, які лепш ведае, што тут робіцца, чым ведае ён, начальнік міліцыі цэлага раёна, што, мажліва, ужо гатовы матэрыял для фельетона.

Чалавека мне ўжо было шкада. Хіба ён вінаваты? За ўсім не ўсочыш. Сорамна, бытта пажылому і самавітаму дзядзьку вымушаны я паказаць, што ў яго ззаду на нагавіцах дзірка.

Нарэшце маёр з няўклюднасцю стараватага мужчыны пераваліў сваё масіўнае і нягнуткае цела цераз борт, прымасціўся побач са мной на лаўцы, паклаў на калені планшэт. Здзіўлены шафёр, высунуўшыся з кабіны, усё чакаў.

— Вількаўшчыну ведаеш?

— Так точна!

— Вязі!

Машына рванула.

— Лятучка наша паехала на аператыўнае заданне,— пачаў тлумачыць начальнік.— Давялося выпрасіць грузавую на маслазаводзе, прабачце...

— Дабярэмся, таварыш маёр, і на такой! — запэўніў я чалавека як найбольш шчыра.— Лета, не памёрзнем! — Хоць ты залезь пад дошкі ад таго, што гэты бывалы чалавек з такім вымоўным і самавітым тварам, трыма накатамі ордэнскіх планак на сінім кіцелі вымушаны мне, па ўзросце — яго сыну, дагаджаць. Кім ён быў у вайну? Камандзірам батарэі? Батальёна?.. Гэткага ніякая Сонька спаіць не магла б.

Перасеклі мы Мінскую шашу, выскачылі на палявую дарогу.

Калісьці тут былі маляўніча параскіданыя ў купінах прысад дамы. Не адзін бывалы чалавек з-пад якога-небудзь Калініна, Волагды або Чэлябінска, мажліва, якраз у гэтую мінуту глядзіць на свае старыя раны ў ванне ці лазні ды ўспамінае з удзячнасцю бедную цётку з-пад беларускай Крыніцы, якая дала яму кавалак хлеба, кубак малака. А мо ўспамінае тутэйшага дзядзьку, які перавязаў байца, даў цывільную вопратку і завёў да партызан...

Потым фашысты помсцілі гэтым людзям — ні следу цяпер ад тых домікаў. Сям-там віднеліся кавалкі калодзежных цымбравін ды астаткі падмуркаў — бытта контуры старажытных крэпасцей.

А во, здаецца, у той вёсачцы жыла і Палагея Казлоўская.

У сенніку яе сястры, жандары, шукаючы зброю, знайшлі палкавы сцяг. Сястру выратавала бяздзетная ўдава Палагея — яна сказала, што сяннік яе. Жандары загадалі збірацца ў камендатуру.

Цётка ведала, што едзе на смерць, дастала з сундука і апранула на сябе ўсё новае, на развітанне пацалавала сястру і маленькага, падабранага на ваеннай дарозе сірату — таго самага, пра якога я і збіраўся расказаць Белай.

У гарнізоне паліцаі жанчыне на плечы цвіком прыбілі ў жывое цела сцяг так і павялі да шыбеніцы. Цётка была не вучоная і не мела здольнасці да прамовы перад смерцю, што потым прыпісала наша абласная газета. Ды і часу на прамовы каты не давалі — яны бываюць толькі ў кепскіх фільмах. Паліцай закідваў ёй вяроўку на шыю, і цётка Палагея толькі пракляла яго маці, самога абазвала дрэнню ды перахрысцілася,— на, вырадак, вешай!

Пра наступны выпадак трэба расказаць грунтоўна.

 

3

З калоны палонных, якую вялі унь там, па Ваўкавыскай шашы, уцёк маладзенькі лейтэнант, родам з Масквы, пра якога яшчэ вядома, што называўся Васілём. У тых кустах хлапца дагнала нямецкая куля, і палонны зваліўся, страціў прытомнасць.

На другі дзень масквіча Васю з прастрэленым тазам знайшлі Барэйкавы хлопцы з ляснога хутара Круглікі, Міша і Ваня,— тыя самыя браты, з тых самых Круглікаў, пра якія так успамінала артыстка Белая. Разумеючы сваё становішча, Вася ўзмаліўся, каб яго дабілі. Браты, як маглі, лейтэнанта перавязалі, завалаклі да сябе ў лес, што сінее за Зяльвянкай, змайстравалі пад дубам шалаш, раненага паклалі на сена і паабяцалі прывезці ўрача.

Слова сваё хлопцы стрымалі.

Знаёмы фельчар з Крыніц агледзеў рану ды заявіў Барэйкам — справа падапечнага безнадзейная. Тут яшчэ на хутар звалілася бяда: ноччу бандыты забілі старога Барэйку. Прыйшлі два ўзброеныя тыпы, палезлі ў куфар, бацька давай іх сарамаціць, тады адзін наставіў абрэз і стрэліў старому ў грудзі.

Сям’я пахавала бацьку, пагаравала ды змірылася. Хлопцы і далей даглядалі Васю.

Надышлі замаразкі. Браты выкапалі Васілю зямлянку, уцяплілі, паклалі туды раненага. Па-ранейшаму два разы ў дзень прыносілі ежу.

Неяк маці пякла масквічу коржыкі з мёдам, а старэйшы сын ёй заявіў:

— Салодкае Васілю апрыкрала. Просіць тое, што самі ямо — бульбу, боршч...

— Ванечка, баршча я згатую,— заўважыла маці,— але ж глядзі, сынок, каб з вамі не здарылася чаго кепскага!

— Мама, хіба можна адмовіцца ад хворага? — умяшаўся малодшы сын, Міша.— Ці ты нас так вучыла?!

Вася памёр толькі праз год. Барэйчыха здагадалася, калі засмучоныя хлопцы вярнуліся з лесу і папрасілі мыла і палатна. Сыны ўзялі вядро, лапаты і адправіліся зноў у лес. Там лейтэнанта абмылі, захінулі ў пасцілку ды пахавалі каля зямлянкі, а капец вырашылі насыпаць пасля вайны.

У апошні момант хлопцам не хапіла вытрымкі. Іхнія клопаты заўважыў сусед-асаднік, данёс каменданту. Сыноў і старую арыштавалі.

— Вы яго кармілі?! Лячылі палоннага?! — доўга мучыў іх начальнік крыніцкай паліцыі, былы паліцыянт з часоў санацыі, які ўжо другі год служыў фашыстам.

Скатаваных ды павязаных пастронкамі сыноў Марыя толькі ўбачыла, калі абодвух вялі ў машыну. Маці хлапцоў ледзь пазнала. Ваня паклаў ёй на калені галаву і пачаў нешта гаварыць. Яна і не здагадвалася, што ён памірае, падумала — сын хоча спаць. Маці падклала яму хустку, накрыла палой і ўсю дарогу, пакуль рухалася машына, падтрымлівала сынаву галаву ды бедавала — а што ж будзе з дачкой, дзесяцігадовай Марынкай, якая засталася дома адна.

Прыбылі яны ў гродзенскую турму. Паліцай заглянуў да іх і закрычаў сябру:

— Ты глядзі — здох гэты! Вутлы тавар ты, Фэлек, прывёз!..

Ваню вывалаклі на турэмны двор, кінулі ў яму. Покуль з цынічным здзекам паліцаі шукалі лапат, маці яшчэ паспела накрыць яму хусткай твар.

Мішу расстралялі ля фартоў за Навумавічамі.

Былая падпольшчыца Люба Зорка ў 1955 годзе ўгаварыла мяне наведаць удаву на хутары Круглікі, пра якую яшчэ я нічога не ведаў. Селі мы на самакаты і пакацілі.

Люба дзяцей не мела і ўсю сваю энергію аддавала другім. Круцячы педалі, паскардзілася на жаночую долю ды расказала пра Барэйкаў.

Паводле Любы, яшчэ здаровая жанчына жыла як пустэльніца і нікога не хацела бачыць — ні знаёмых, ні сваякоў, ні сябровак. Яе хлопцы не былі ў арміі, кабета не мела нават права на пенсію (па законах таго часу). Старшыня сельсавета, райвыканкомаўцы — аднагодкі Вані і Мішы — звольнілі ўдаву ад падаткаў, давалі каня абрабіць агарод, прывозілі на зіму дровы...

Выехаўшы за тую вёску, дзе жыла Казлоўская Палагея, мы апынуліся ў глухім лесе. Былая партызанка арыентавалася ў ім, бы ў сябе на падворку. Папятляўшы па сцежцы скрозь густы ельнік, выбраліся мы нарэшце на паляну.

— Вось і Круглікі! — паціху аб’явіла спаважнелая спадарожніца.— Якая цяпер Марыя? Колькі мы з ёю перажылі!.. І ў бежанства ў царскую вайну разам выязджалі, і дзеўкамі разам гулялі, і афішкі за польскім часам разносілі, а я сванькай была ў яе на вяселлі разам з Палагеяй Казлоўскай!.. Не бачыла яе ўжо гадоў з пяць. Не любіць, калі да яе хто заязджае. Але ж і пакідаць адну кепска...

Зрабілася ніякавата, заныла сэрца і ў мяне.

Хутар меў толькі два дамы. Што прадажнік жыў у хаціне побач, здагадацца няцяжка — у ёй былі забітыя аполкамі вокны і дзверы. Люба павяла мяне да дома, крытага дахоўкай, ля самых яго сцен працякала Зяльвянка. Пакінулі мы веласіпеды ля плота ды неўзабаве апынуліся на кухні — прасторнай і ахайнай, з бліскучымі ад чысціні каструлямі.

Што за ліха, тут усё стварала ўражанне, бытта ў доме жыла і харчавалася немалая сям’я. Я ж ведаў, што яе адзіная дачка, Маня, пасля вайны скончыла педінстытут і працавала зараз недзе далёка настаўніцай.

— А, Люба! — даволі спакойна кінула ад кафельнай пліты незнаёмая жанчына, нібы сяброўку бачыла яшчэ сёння раніцой.

Гэта была не зламаная жыццём старая, а — надзіва моцная і рухавая кабета.

— Дзень добры, Марыся! — не пакрыўдзілася Люба на халодным прыём.— А мы з таварышам вырашылі наведаць цябе!

— То сядайце вунь на лаве.

Кабета на мяне нават не глянула.

Што ж, яе сыны — прыкладна майго ўзросту. Глядзець жанчыне на мяне — што вярэдзіць аголеную рану. Я не мог адвесці ад яе вінаватых вачэй.

У Барэйкаў мы засталіся на ноч. Жанчыны ляглі ў бакоўцы, а мне паслалі каля сябе, на лаве, хоць побач было пустое памяшканне. Сяброўкі доўга ўглядаліся праз адчыненыя дзверы ў вялікую хату, маўчалі.

— Лес перастаў гаманіць,— першай азвалася Барэйчыха.— Мо мая Марынка з’явіцца, калі надвор’е палепшае?!

— Павінна ўстанавіцца! — падхапіла Люба, узрадаваная, што знайшлася тэма, каб адцягнуць увагу сяброўкі. Пастаралася не выпускаць ініцыятывы з рук: — А той хлопец, пра якога мне казалі ў Крыніцах, ездзіць яшчэ да яе?

Маці прамовіла пасля паўзы:

— Раз ці два прыязджаў на ровары...

— Ой, будзе так перабіраць, то дзеўкай застанецца!..

— Дык ён якісьці хвалько і надта пагана гаворыць.— Хвіліну памаўчала і скончыла: — Нічога, знойдзе свайго чалавека, калі перацярпела столькі ды выжыла!..

Не адрываючы вачэй ад вялікага пакоя, маці цяжка ўздыхнула. Туды не пераставала глядзець і Люба. Паступова, як магнітам, суседняе памяшканне прыкавала і маю ўвагу. Я нават прыўзняўся ды паглядзеў.

Вялікі пакой праз вокны з чыстымі шыбамі залівала святло месяца. У пакоі было відна. На сцяне сярод партрэтаў вісела рамка з фатаграфіяй, да якой прыглядзеўся я яшчэ днём. Барэйкавы хлопцы да вайны вучыліся ў Гродзенскім настаўніцкім інстытуце і былі знятыя з цэлым курсам. Сярод студэнтаў я пазнаў і Мікалая Будніка, але, дурань, не прыдаў гэтаму значэння, бо справу яго лічыў раз і назаўсёды высветленай — здрайца ён і паслугач фашыстаў... Маю ўвагу цяпер прыцягвала што іншае.

Ля кафельнай грубкі стаялі тры жалезныя ложкі, а над кожным вісела мужчынская вопратка. Здавалася, мужчыны толькі што распрануліся, пайшлі да рэчкі памыцца і зараз уваляцца сюды — дужыя, рухавыя, каб пакласціся спаць. Стала не па сабе: «Ці не наслядзіў я там, разглядваючы фота?»

— І там кафельную печ топіш, Марыя? — пачуўся голас Любы.

— Толькі зімой.

— А падлога як чыста вымыта...

— Кожны дзень праціраю...

— ?!.

— І кожны дзень ложкі перасцілаю, вопратку чышчу, абутак...

— І так трынаццаць гадоў?!

— А я іх, мілая, не лічу! — пакрыўдзілася Барэйчыха.

 

4

Адным словам, быў я поўны рвення дапасці да Вількаўшчыны і вызваліць людзей ад агіднага павука, які пасля немаведама якіх цярпенняў, гора ды крыві зараз спрабуе аблытаць сялян сваім павуціннем.

Сустрэлі мы ўчастковага. Машына спынілася.

— Сяржант, вы ведаеце, дзе жыве Хіцук Сонька? — спытаўся ў яго маёр.

— Ведаю.

— Кажуць, яна жане самагонку?

Малады міліцыянер здзіўлена паціснуў плячыма:

— А хто яе цяпер не жане, таварыш маёр?

— ?!.

— Чаму да Сонькі, таварыш маёр? Можам заехаць і да каго іншага, бо там у яе хаце — не ўвайсці!

Відаць, маёр хлапцу міргнуў, бо сяржант раптам прыкусіў язык.

— Падавайце сюды свой самакат, паедзем забіраць апарат! — маёр пацягнуўся па сяржантаў веласіпед.— Самі ў кабіну сядайце!

— У кабі-іну? — хлапец замяўся на секунду, вырашыў загадку, чаму там пуставала месца.

— Залазь, залазь туды! — выйшаў з цярпення начальнік.— Пакажаш, дзе жыве, бо я даўно ў яе быў!

Нарэшце сяржант убачыў мяне і зрабіўся сур’ёзны. Хвіліну ён ламаў галаву, як быць.

— Я і адгэтуль шафёру пакажу! — участковы са сваім двухкалёсным транспартам ураз апынуўся наверсе.— І веласіпед буду трымаць!

— Паехалі! — не стаў больш спрачацца маёр.

Машына зноў узняла за сабой воблака пылу.

Я глядзеў па ходу трохтонкі. З левага боку ў зялёнай даліне віднелася Зяльвянка. Перада мной — выбоістая шаша. Ці хоць паспела зайсці маладзіца? Кіламетраў за тры на дарозе не было ні душы. З правага боку — узгорак з камяністым полем. На палетках ледзьве можна было разабраць замораныя кусцікі бульбы. Маёр паважна і салідна маўчаў, затое яго сяржанта аж разрывала — так хацелася пагаварыць, беднаму.

— Ну і ўраджай тут у вас! — паспачуваў я.— Бульбы ўсяго па пятнаццаць цэнтнераў з гектара будзе!

— Нашыя мужыкі кажуць — нічога, што малы, радзіва дабавіць! — з хітраватай усмешкай заўважыў хлапец.

Маёр асуджальна на яго зыркнуў, маўляў — ведаеш, перад кім мелеш языком?!

Я зарагатаў.

Паказалася вёска. Яе сонныя стрэхі выцягнуліся ўздоўж рэчачкі. Я сабе на хвіліну ўявіў, якая там страшэнная сумота. Успомніў намёк сяржанта, што самагонку гоняць многія, і Хіцук мне ўжо здалася не такой пачварай. Забярэм у яе апарат, напішу артыкул, а што зменіцца? Ведае, мабыць, пра гэта і начальнік міліцыі, таму такі абыякавы. Каб што-небудзь тут перамянілася, трэба штосьці іншае, чаго не ў сілах зрабіць ні я, ні маёр.

Раптам я ўспомніў просьбу маладзічкі.

— Таварыш начальнік міліцыі, трэба нам падстроіць так, бытта да Хіцук заходзім выпадкова.

Ля першых будынкаў маёр машыну стрымаў:

— Сяржант, пасядзі тут з вадзіцелем. Тлумач, каторая хата Соньчына.

 

5

Хіцук жыла недзе ў канцы вёскі.

З маёрам крочылі мы па вуліцы. Адгэтуль вёска здалася яшчэ больш мёртвай. Сям-там лазілі парасяты, забаўляліся дзеці. Купаліся ў пяску куры. Перасохлая, засмечаная зямля. Струхлелыя платы, якія, мажліва, памятаюць, яшчэ прыгоннае права. Усё зацярушана саломай, высахлым гноем. Электрычнасці няма. Да горада далёка. Праўленне адгэтуль кіламетры за чатыры. Жывучы ў горадзе, я часта ўяўляў сабе вёску па кніжках і газетах, дзе пішуць больш пра тое, што павінна быць...

Там, дзе праўленне, напэўна, фермы стаяць з водаправодам, электрыкай, ці не крыўдна? У мураваных і сухіх фермах каровы жывуць лепш, чым тут людзі. Што далі гэтым гаротнікам за першыя пасляваенныя гады?! Тут амаль нічога не змянілася з часоў Пілсудскага, калі пад гэтымі стрэхамі дзялілі запалку на дзве палавінкі. Тое, што натварыла вайна, забірае ўсе сродкі. Устаюць з руін гарады, будуюць заводы, паўстае база сяла — фермы, а ў дамы яшчэ нічога не трапляе, хіба што — асвета. Покуль што мы ўсіх вучым, а людзям трэба цярпець...

З правага боку за брамкай тырчэла пара старых. Абое пачцівыя, высокія, хударлявыя і апранутыя ў чорныя безрукаўкі з сукна.

— Таварышу начальніку,— затрымаў стары маёра ды ледзьве не абыякава аб’явіў: — Нас абакралі.

Насцярожаны маёр спыніўся.

— Але! — пацвердзіла бабка.— Прыехаў з флоту на пабыўку ўнук і ноччу забраў у нас трыццаць рублёў...

Мужык з жонкай чакалі, што скажа начальнік міліцыі. Нібы бездапаможныя дзеці глядзелі з надзеяй і верай. Зрабілася шкада — пакрыўдзіць такіх старых?!

Аднак іхняя заява парушала нашыя планы.

— Ладна, Казлоўская, мы яшчэ да вас зойдзем,— кінуў маёр.— Чакай нас дома, Юзэф!

— Каб не забылі толькі,— спалохана папрасіла бабка.

— Казлоўская, не бойся.

Так і не глянуўшы на мяне, старыя пакорна патэпалі дамоў. Людзі бачылі ў начальніку міліцыі апору, патрона. Я ж адчуў сябе тут лішнім прыблудай, але нізавошта не адстаў бы ад яго, бо прадбачыў нешта цікавае.

Праз некалькі хат налез на нас, абсыпаны мукой, п’яны мужчына.

— Таварыш маёр, здрасце! — ледзьве варочаў ён языком.

— Здароў, Мікодым.

— Здрасце, тав-варыш маёр...— пасунуў п’яны руку начальніку міліцыі, падтрымліваючы яе другой, ды спахапіўся, што маёр не раўня, і руку апусціў.

— Ну, здароў.

— Таварыш начальнік, бярыце мяне, я прызнаюся!

— ?!.

— Я ўзяў тыя праклятыя мяшкі! Тры штукі! Я! — незнаёмы грымнуў сябе кулаком у грудзі, ад чаго над вопраткай узнялася белая хмарка, а сам ён захістаўся на кволых нагах.

— Ты?

— Я! Толькі ўбачыў вас праз акно, так адразу ёй і кажу: «Ж-ж-жонка, ужо ідуць па мяне, збірай торбу з харчамі, цяпер мне — амба!..» Бярыце мяне, арыштоўвайце, таварыш маёр, прызнаюся вам, як на споведзі ў касцёле! — чалавек наставіў абедзве рукі, бытта яго мы меліся вязаць.

— Тады валяй у канец вёскі, там машына з міліцыянерам! — спакойна загадаў маёр.

Чуў ён пра пакражу мукі раней?

Удакладніць я не паспеў, бо глянуў за агароды на рэчку, і мяне як бы хто тузануў за руку — я ж тут бываў!

У сорак трэцім прыйшлі мы сюды ноччу з Гута-Міхалінскага лесу узрываць мосцік, каб у Крыніцы немцы не маглі пасылаць на лес браневікоў. Мінёры закладвалі тол, а я з сябрам вартаваў тут дарогу. Заадно збіраў у цётак збанкі са смятанай для хлопцаў на вячэру...

Цяпер я раптам выразна ўчуў крухмальны скрып снегу, брэх сабак, якіх ужо даўно няма і на свеце, убачыў ігрывае блісканне дзявочых вачэй. У вялікім доме мы засталі кудзельніц і крыху падурэлі з імі!

У іншай хаце я амаль закахаўся. У баптыстку.

Адчыніў дзверы на кухню — чысціня, цяплынь, парадак, а на сценах ільняныя палотнішчы з вышытымі фразамі. Што гэта баптысцкія лозунгі, я здагадаўся потым. Покуль што маёй увагай авалодала дзяўчына ля печы. Яна была далёка не прыгажуня. Таўставатая. Залішне скуластая. Але зусім не такая, з якімі я кожны дзень сустракаўся. Надта хатняя. З разапрэлым тварам. У свежым зялёным світэры і новай сукенцы. З цёмнымі ад вады, мокрымі, толькі што ўкладзенымі ў моцны вузел косамі...

«Яна!» — як бы хтосьці крыкнуў мне на вуха, бытта ўразіла токам.

Хлопцы перабольшана жартавалі з яе бацькам, тактоўна абмінаючы веру гаспадароў, не заўважаючы лозунгаў, без прычыны спрачаючыся, а я сачыў. Дзяўчына трымалася асобна і нібы казала — на, глядзі, узірайся сабе на мяне, калі так хочаш!..

Я тады нават не пачуў яе голасу, а пасля цэлымі тыднямі, месяцамі марыў, каб мяне паслалі на заданне зноў праз гэтую вёску. Дом яе стаяў уздоўж вуліцы, памятаю добра. Цяпер чамусьці ўсе дамы стаяць шчытамі да яе...

А мо мне толькі так здаецца, і мы былі ў іншай тады вёсцы — усе яны так падобны адна на адну!

Гм, дзесьці менавіта тут знаходзіцца і той млын, каля якога я бачыў Вальку Кананчучку з прорвай гусей ды мурзатых дзяцей. Мо дзядзька ўкраў муку якраз у яе мужыка? І не зойдзеш у госці, бо толькі перапалохаеш Вальку...

— Прыйшлі, відаць! — абудзіў мяне з думак маёр.

 

6

Былі мы ўжо за вёскай.

Дарога ішла праз касагор. З левага, сонечнага, боку касагор спадаў лагодна ў рэчачку, а да яго правага боку прыляпілася хаціна з маленькімі шыбкамі, са счарнелай страхой ды крывым комінам з чатырох абсмоленых дошчачак. Адзін канец хаціны, напаўразбураны, наскрозь свяціўся.

Паміж дарогай і хаткай — лужа з астаткамі мыльнай пены і памыяў. На гэткім падворку, залітым сонцам, пад дзічкай стаяла нізкарослая маладзіца ў паркалёвай сукенцы, прышчастая дзеўка з грудным дзіцем ды кешкалася з паўтузіна абарванцаў. Пад кустом валяўся мардаты салдат і касіў вочы на голыя ногі дзеўкі.

— Добры дзень, Сонька! — павітаўся маёр.

Маладзіца насцярожана адказала.

— Госці ў цябе? — маёр кіўнуў на вайсковага.

Салдат ужо прыкінуўся, што дрэмле. Адно цяпер я ўбачыў яго чорныя пагоны з дзвюма жоўтымі літарамі, якія паказвалі, што хлапец з вайсковага марфлоту. Няйначай — з берагавой абароны, але на вёсцы, вядома, лічыцца мараком.

Ага, мабыць, старыя Казлоўскія менавіта на яго скардзіліся.

— Змарыўся хлапец, таварыш начальнік, няхай адпачне сабе, хіба падворка шкада? — гулліва, зычна і маладжава, нават бы з какецтвам выпаліла кабеціна. У яе былі моцныя і ладныя зубы, скуласты твар, кірпаты нос ды кароткія выгаралыя валасы. Паркалёвую сукенку адтапырвалі малыя грудзі.

— Чаму ж ты нас у госці не запрашаеш?

Па шэрых вачах кабеты і па яе твары прабег цень неспакою ды трывогі. Секунду яна вырашала — што ўсё гэта мае значыць.

— То заходзьце, калі не ганьбуеце маім палацам, прашу! — прамовіла яна ўжо няўпэўнена.

— Вядзі! — маёр накіраваўся да парога.

— Толькі галаву не пабіце, асцярожна!

Увайшлі мы ў сені. Гэта была нежылая палова хаты. Яе, відаць, паступова разбіралі на дровы. Маёр адчыніў дзверы направа, і мы апынуліся ў памяшканні.

Я ўпёрся галавой ў засмоленую столь. Злева — печ. За ёю, уздоўж сцяны — прыкрытыя трантамі нары. Анучы на нарах — перамяшаныя з пацёртай саломай. Уздоўж другой сцяны перад намі — лава, стол. Каля правай сценкі — пуста. Ззаду нас — вядро і некалькі саганоў. Падлога гліняная, непадмеценая. Сцены абдзёртыя.

Такую беднасць я бачыў толькі ў вайну. Страшна падумаць, што тут жывуць людзі.

— Колькі вас тут памяшчаецца? — здзівіўся маёр.

— Многа, таварыш начальнік! — Сонька кінулася выціраць нам счарнелую лаву са шрамамі парэзаў.— Сюды во сядайце, калі не паганьбуеце!

— Як жа вы на гэты ложак улазіце?

— Папярок кладземся!

Толькі цяпер я заўважыў адзіную прызваітую рэч у хаціне. Ля печы стаяла новая дзяжа. У ёй, відаць, было рашчыненае цеста, бо дзяжу гаспадыня накрыла цёплай хусткай.

— Сядайце, таварышы начальнікі, на лаву, сядайце! — кабета адчула спачуванне і адразу аджыла: голас яе стаў гасцінны, шчыры, ажыўлены.

Мы селі. На вёсках дзяжа лічыцца свяшчэннай. На маё здзіўленне Сонька апусцілася менавіта на яе, павярнула да нас твар.

— Ну, як жывеш? — пацікавіўся маёр.

— Самі бачыце — так і жыву! — ахвотна загаварыла жанчына.

— А дзе ж твой муж?

— Пахавала шчэ ў мінулым годзе!

— Дак ён жа ў цябе, здаецца, не стары быў?

— Туберкулёз зваліў... Яго пад Берлінам ў лёгкае раніла. Дахтары казалі яму высцерагацца, але ж у нас такая хата... Захварэў і — няма!

Я ўжо глядзеў на кабеціну са спачуваннем і павагай; мяне ж і самога раніла — і ў лёгкае, і ў Берліне, і гэтаксама ўрачы папярэджвалі. Мо і служылі ў адной часці? Вядома, нумара палка яна не ведае.

— Фатаграфіі яго ў вас няма?

Сонька зірнула на мяне, як на дзівака, ды збыла пытанне маўчаннем.

Ля парога стоўпіліся дзеці з прышчатай дзеўкай і разглядвалі нас з тупой цікавасцю, бытта заморскіх звяроў. Быў канец лета, загару ў малых — ні следу. Не дзіва,— пігмент вырабляецца адно ў здаровым і добра харчаваным арганізме. Брудныя і струпастыя тварыкі мелі зямлісты колер. З дзеўкай і дзіцём, якое трымала, я налічыў шэсць душ. Маці — сёмая. Амаль у два разы болей, чым членаў маёй сям’і. Як такую араву пракарміць, як даглядзець? Хтосьці разумны прыдумаў дзяржаўную дапамогу шматдзетным сем’ям. А маці на выгляд зусім маладая.

— Шчэ тут не ўсе,— Сонька заўважыла, што лічу яе сямейку.— Старэйшая дачка пайшла ў Ваўкавыск паддувацца ў тубдыспансер. Зара, відаць, вернецца...

— Вы — маці-гераіня?

— Не. Самае меншае — яе! — кіўнула яна на дзеўку.

— Яна ўжо замужам? — са здзіўленнем зірнуў я на яе пухкія, як у дзіцяці, калені і твар.

— Шчэ не! — маці з бессаромнай весялосцю перавяла вочы з дачкі на маёра, мяне.

Успомніў я каравокую маладзічку, у якой гэтая мнагадзетная распутніца і самагоншчыца адбівае мужа, і спахапіўся:

«Фу, раскіс, як баба. Ці маю права быць добранькім? Мо «балтыец» і грошы ўкраў, каб заплаціць ёй за паўлітра. А муж — паранены пад Берлінам, памёр інвалідам вайны. У хаце хворая дзеўка, нэндза. Ліха на яго, як усё заблытана!»

Я неспакойна заварушыўся, паклаў рукі на стол. Пальцы мае натрапілі на абгрызены пенал, невылівайку, самаробную торбу з кужалю. І мне калісьці маці пашыла дакладна такую самую торбу кароў пасвіць, а ў гэтай — сшыткі. Падручнікі — жмуты пацёртай на мачала паперы. Недзе ходзяць з гэтым у школу, настаўнікі ў такіх сшытках выводзяць адзнакі...

— Сонька, а на чым ты сядзіш? — пацікавіўся маёр.

— От, няма на чым іншым, то сабе села абы на што і сяджу! — пасля хвілёвай разгубленасці кінула маладзіца з фальшывай бесклапотнасцю.

— І пахне нешта ў цябе...— пацягнуў маёр носам.

— Мала чым можа пахнуць?!.

— А ну, падыміся!

З вясёленькага настрою ўдава перайшла адразу да слязлівай просьбы ды хапіла маёра за рукаў:

— Таварыш нача-альнік, не трэ-эба!

Але мужчына ўжо звалок яе з дзяжы, сцягнуў цёплую хустку, зняў века.

У дзяжы ўзыходзіла наздраватае бардовае цеста. Пах бражэння цяпер пачуў і я. Толькі зараз уцяміў — гэта ж і ёсць славутая брага, з якой гоняць самагонку.

— Што ты намерыўся рабіць? — раптам перамянілася жанчына.— Дзяцей загубіць хочаш?!. Лю-удзі, рату-уйце! — загаласіла яна з надрывам, і адразу памаглі ў гэтым шэсць галасоў; у хаце ўзняўся лямант. Маёр спакойна чакаў, каб у памяшканні супакоіліся.

У мяне сціснулася сэрца ад літасці. Я крануў жанчыну, папрасіў:

— Перастаньце, малых палохаеце!

Удава мяне бытта і не заўважала.

— Гэтая чарнявая ведзьма паддала мяне, я ведаю! Усё жыццё чапляецца з-за мужа! Чаму яе там у Падароску машына не раздавіла, трактар не пераехаў, шалёны сабака не пакусаў?!. Хай задавіцца сваім лысым прыдуркам! У вайну я са сваім мужыком усё ад яго хавалася і дрыжэла, каб у камендатуру на нас не данёс, а цяпер бяды ад яго ведзьмы маю! Ах, чортавая зараза, паддала ўжо!..

— Ніхто вас не паддаваў,— спалохаўся я,— мы зайшлі да вас выпадкова, не плачце!

— Не плакаць?! — толькі цяпер убачыла яна і мяне.— А чым дзяцей мне карміць загадаеш? Ты ім хлеба дасі, ты-ы?!. Паглядзі, панок, што на мне!

Жанчына адхіліла на грудзях сукенку і паказала голае цела аж да жывата:

— Так зімой і летам хаджу, а ты шчэ кажаш не плакаць! Мне выць трэба, глядзі!

Кабета падляцела да сцяны і ткнула кулаком у дзерава там, дзе бярвенні ўваходзілі ў вушак ад акна. Рука яе па локаць улезла ў спарахнелае дзерава, а цераз сцяну засвяцілася дзірка; сцяну гэтую будавалі, напэўна, да адмены прыгоннага права.

— Твае дзеці, панок, у цяпле жывуць? Думаеш, мне не хочацца, каб не мерзлі і мае? Пасядзеў бы тут зімой!..

Раптам я адчуў, што сапраўды чамусьці вінен у яе беднасці, як і ў тым, што знайшлі ў яе брагу. Як найбольш мякка, я запрапанаваў:

— Трэ ісці працаваць у калгас, то будзе ў вас хлеб і да хлеба.

— А ты сам хоць адзін дзень парабіў у калгасе? Ты ведаеш, што гэта такое? Летась цэлае лета жала са сваёй сям’ёй, а брыгадзір мне і грама не выдаў! Каб з яго, п’яніцы, на тым свеце ў пекле гэтак збыткавалі, як ён з маіх дзяцей назбыткаваў!

— Іхні калгас амаль нічога не выдае на працадні! — асцярожна ўставіў маёр.

— Даведку дачцэ вырабіць для бальніцы — нясі сакратару сельсавета літар! Завезці да доктара дзіця — каня не дадуць без літра! Купіць што дзецям на ногі трэба, а ўзяць грошай адкуль? Хто мне іх заробіць, хто дасць, як не за паўлітра? Хату трэ паставіць, лесу дамовілася купіць, адкуль мне ўзяць на той лес тысячы? За гарэлку — калі ласка!..

— Ну, перабольшваеш, не зусім так! — абарваў яе маёр.— Сонька, ты добра ведаеш, што самагонку гнаць забаронена. Дзе твой апарат?

Жанчына апусцілася на лаву, паклала на калені рукі. Жылы на іх набухлі. Сонька паплявала на іх ды пачала пальцамі расціраць.

— У хляве, бярыце! — кінула яна, стомленая, пасля доўгай паўзы. Потым цяжка ўздыхнула ды загаварыла спакайней: — Не забірайце яго, таварыш маёр! Ён не мо-ой, мне добрыя лю-удзі пазычылі...

— Нічога, нічога, скажаш ім, няхай дзякуюць, што шчэ танна абышлося і так.

Выйшлі мы на двор. За хатай быў хлеўчык. У агародзе па калені ў гнаі стаяла карова. Побач — змайстраваная печ з сістэмай жалезных бочак, катлоў і медных трубачак. Самагонны апарат я бачыў упершыню. Даволі прымітыўная канструкцыя. Дзве ржавыя бочкі з адціснутым нямецкім словам «petroleum». Счарнелая медзь трубачак. Нядбайна склееныя глінай цагліны. Вышчарблены і брудны гаршчок, куды сцякала разагрэтая вадкасць. У печы спакойна сабе гарэлі трэсачкі...

Маёр перакуліў нагой гаршчок, разбурыў печ, затаптаў агонь. Выкаціў бочкі на двор, папрабіваў сякерай. Рабіў усё гэта ён не спяшаючыся, з веданнем справы.

 

7

Вярнуліся мы ў хату. Начальнік міліцыі паклаў на лаву медныя спіралі, палез у планшэт за блакнотам.

— Дзядзя-а, не забірайце мамку-у! — абкружылі яго дзеці.

— Не садзіце ў турму-у!

— Нічога, дзеткі. Забяруць мяне, забяруць і вас, вам будзе не горай!

— Ма-ам, мы не хо-очам нікуды, не хадзі-і!

— Не дава-айся!

— Дзядзя-а, не бяры-ыце яе!

Малыя павіслі ў маёра на кіцелі.

— Ладна, дзеці, мы яе не возьмем,— запэўніў ён.— Толькі марш адгэтуль на двор! Марш, марш, марш! — начальнік павыпіхваў усіх у сені, зачыніў дзверы.— Сонька, падыдзі бліжэй, пратакол будзем пісаць.

Жанчына не кранулася з месца. Рушыўся парадак яе жыцця, і перад сабой цяпер яна не бачыла выйсця.

— Пішыце, што сабе хочаце! — заявіла яна апатычна.— Пішыце і мяне забірайце. Заадно бярыце і малых, горай нам не будзем там, абы былі разам!

Пратакол — гэта суд. Трэба быць апошнім шэльмай, каб садзіць кабеціну ў турму. Маёр з пытаннем глянуў на мяне — ці не стану потым скардзіцца, што ён парушыў закон?

— Ты, кажуць, у партызанах была? — спытаўся ён так, нібы мне аб’яўляў.

— Бытта не ведаеце! — падхапіла яна намёк.— Дзіця грудное мела, таму ў лес не бралі. З мужыком былі ўсяго толькі сувязныя. З Беластока, а нават з самой Варшавы ці з Мінска ўвесь час да нас прывозілі пасылкі. Тады брала малую — тую, што туберкулёзам цяпер хварэе — на рукі, пакет загарну ў пялюшкі і сцежачкамі ля гарнізона — у лес, а там мяне ўжо чакаюць.— У жанчыны вочы бліснулі гневам: — За гэта потым усе яны сабе паатрымлівалі чыны, ордэны, а нам з мужам выдалі — фігу!

Маёр пабачыў, якое ўражанне на мяне зрабілі яе словы, і ўжо ўпэўнена аб’явіў:

— Ладна, пісаць нічога не будзем. Толькі больш не гані гэтай дрэні, не ганьбі сябе! — ён схаваў блакнот і накіраваўся да пліты.— А брагу, Сонька, пасалю. Дзе ў цябе соль?

— Пакі-іньце, таварыш начальнік! Апошні раз выганю! Столькі мукі, столькі дражджэй змарнавала!.. Дзецям што-небудзь прыкуплю, ім жа ў школу хутка, не псуйце дабро-о!..

— Сама ведаеш, што не магу так пакінуць — закон.

— Вы ўсё мо-ожаце!..

— Нічога — карове яе аддасі.

Сонька напружана сачыла за яго рукамі. Маёр з вышчарбленай глінянай міскі зачарпнуў жменю солі, кінуў яе ў бардовае месіва. Брага ціха сыкнула — нібы надзьмутая камера спусціла дух. Удава адразу асунулася — бытта ў яе на вачах толькі што памёр родны чалавек.

— Трубкі пакіньце,— папрасіла глухім голасам.— Добрыя людзі пазычылі мне...

— І іх забяру, нават не прасі. Гэй, матрос! — стукнуў ён у шыбу.— Ану, занясі мне змеявік у машыну — у канцы вёскі яна!

— Слухаю, таварыш маёр! — даляцела з двара.

Салдат ляніва ўвайшоў у хату, узяў трубкі ды паплёўся.

Калі за хлапцом зачыніліся дзверы, Сонька не вытрывала. Яна хапілася за галаву ды ўпала ў істэрыку зноў:

— Ах, гэтая курва, ах, чортавая ведзьма, як яна загубіла маіх дзяцей?! Ну, цяпер табе каўтуны вашывыя павыдзіраю, будзеш бачыць свайго лысага чорта!.. Гэты матрос і сіратой з-за яго пакутуе, Палагея Казлоўская праз яго загінула!.. Лукашык убачыў яго ў Зеляневічах і шапнуў: «Скачы бягом у сваю вёску і кажы Палагеі, хай аддасць каму дзіця ды ў лес уцякае, бо да яе едуць з вобыскам немцы!» Але ж яму прыспічыла выпіць з кампаніяй. У Вількаўшчыну прыбыў, калі яе ўжо забралі. Потым пабаяўся, што не даруюць яму партызаны, падаўся служыць у паліцыю да Ізабэліна! Пастаяў на варце тры месяцы перад камендатурай ды ўцёк да Германіі рабіць на завод!..

На жаль, я тады яшчэ зусім не ведаў, хто такі быў Лукашык, што за пакеты прыбывалі з Беластока, Мінска і Варшавы ў Вількаўшчыну, якую ролю сыграла Казлоўская ў жыцці артысткі Белай і што за дзіця гадавала ўдава. Я толькі бачыў мнагадзетную жанчыну, якая сыграла ў вайну пэўную роль, а цяпер патрабуе ад мяне дапамогі.

— Не плачце, супакойцеся! — пачаў я зноў суцяшаць.— Мы вернемся ў раён да начальства ды пастараемся, каб выдзелілі вам лесу, грашовую дапамогу...

Удава зняважліва на мяне зірнула.

— Буду я не Сонька, калі не выдзеру ёй слепакоў!

Вось і надышоў якраз момант ствараць умовы, каб зайсці да маладзіцы.

— Скажыце, пра каго вы ўсё гаворыце, хто вам перашкаджае? Мы зараз пойдзем і папярэдзім, каб вас не чапаў! Я з рэдакцыі. Напішу пра яго ў газеце! Пра якую жанчыну вы ўсё цвярдзіце?

— Так вы і праўда яе не ведаеце? — Сонька паказала праз акно: — Унь, у шаляванай хаце жыве!

— Ну, нам трэба ісці,— уздыхнуў маёр.— Цяпер я нічога канкрэтнага не абяцаю, а вярнуся ў раён, пагавару з начальствам, і падкінем табе што-небудзь. Калі будзе пастанова, заеду і скажу. Не забудзь вядро вады завалачы ў хлеў. Агонь мы затапталі, гарэць там у цябе няма чаму, аднак на бяду мала трэба. Бывай!

— Ой, пачакайце! — успомніла ўдава ды кінулася да дзвярэй.

Цяпер толькі я ўбачыў у сенях высокага мужчыну ў сіняй фуфайцы ды гумовых ботах.

— Гэта мой брат! Гэты — усе тры гады вайны прабыў у Гута-Міхаліне! Цяпер жыве тут, за рэчкай! — Сонька выхапіла з яго рук бутэльку самагонкі з папяровай затычкай.— Тава-арыш, не адкажы-ыце нам, заста-аньцеся, пачасту-ую вас!

Я ачмурэў.

— Не!..— кінуў маёр ды рашуча пайшоў з хаты.

— То вазьміце з сабой, у Крыніцах вып’еце! — пабегла за ім удава.

Я не вытрываў і зарагатаў. Кабеціна глянула на мяне, пакрыўдзілася і адстала. Мне зрабілася няёмка.

Зноў мы крочылі па вёсцы ўдвух. Толькі я цяпер адчуваў сябе з маёрам зродненым, як роднішся на фронце з новым салдатам ці камандзірам пасля першага бою. Мы абодва перажывалі тое, што бачылі.

— Старшыня калгаса тут нікудышні,— нібы думаў услых, нібы скардзіўся мне маёр.— Васько. Адкуль яго ўжо не здымалі!.. Вількаўшчыну далучылі яму нядаўна. Яшчэ і са сваімі вёскамі не разабраўся, навошта яму клапаціцца пра гэтую?.. Зрэшты, Васько такі, што прапанавалі б далучыць яму Марс, і ён не адмовіўся б, а потым не заглядваў бы і туды.

Маёр уздыхнуў:

— Эх, кадры вёсцы патрэбны ды грошы на будаўніцтва! Праўду кажучы, то і Сонька з такіх бабаў, што не надта з ёю дамовішся. Лянівая да работы, уяўляю сабе яе працадні. Дзеўкі дома, а які бруд, і нават не саромеецца. Як птушкі божыя жывуць, адно апраўданне — цемра. Давайце заглянем цяпер да Юзэфа!

— А я мушу шчэ зайсці да Соньчынай саперніцы! — спахапіўся я.— Найду вас, відаць, у Казлоўскіх!

 

8

Ступіў я на чысценькі падворак. Ашаляваны домік быў пакрыты гонтай, вокны пафарбаваны ў сіні колер. Зайшоў я ў сені, адтуль — на кухню. Там была падлога з новых дошак. Шыбы, мэбля кантрастна свяціліся чысцінёй і свежасцю. Сцены — белыя, без плямінкі.

За пакрытым новай цыратай сталом абедалі — лысы мужчына, тры дашкольнікі і каравокая маладзічка. У дарослых лыжкі застылі ў руках. Шустрыя ды загарэлыя хлопчыкі ўзнялі на мяне жывыя, цікаўныя вачаняты.

— Дзень добры! — павітаўся я.

— Дзень добры...— пасля паўзы, насцярожана буркнуў мужчына.

— Прыемнага апетыту.

Мужчына нездаволена прамаўчаў.

— Дзякуем! — падхапіла яго жонка.— Калі ласка, да стала, тут шчэ і вам хопіць!

Кабета нахіліла каструлю са стравай. Запахла перцам, лаўровым лістам, развараным гарохам. Няўжо яна ўправілася і абед згатаваць?

— Тады хоць сядайце! — падставіла яна сваю табурэтку.

Я сеў і глянуў на яе мужа.

Ахайная зялёная куртка з замком! А галава! Звычайна лысіны бываюць у людзей поўных і дадаюць ім саліднасці. Гаспадар жа меў худзенькі тварык, сам быў шчуплы, таму чэрап яго разіў галізной — чалавек выглядаў на коміка.

Мужчына ўсё быў насцярожаны, і я адвёў вочы. Яшчэ раз палюбаваўся чысцінёй і парадкам у памяшканні, шустрымі, коратка стрыжанымі лобікамі малых.

Пра што гаварыць?

— У мяне да вас справа,— пачаў я няўпэўнена.— Але няхай мо спачатку дзеці пад’ядуць, каб без іх...

Маці так і не садзілася болей, яна падхапіла:

— Паелі ўжо!

— Ай, ма-ам, шчэ не-е! — занылі хлопчыкі — ім яўна захацелася паслухаць дарослых.

— Хлопцы, а ну, марш на двор! — крыкнула маці.

Дружна загрукаталі табурэткі. Стукнулі дзверы. Мы засталіся ўтраіх.

Муж усё гэтаксама спадылба насцярожана глядзеў. Яму было каля трыццаці пяці. Зялёная спартыўная куртка на замку рабіла чалавека спрытным і маладжавым.

Што ты за фрукт і чаго мяне гэтак баішся?

— Скардзяцца на вас, што людзям жыць перашкаджаеце.

— Хто? — са шчырым здзіўленнем узняла цёмныя бровы маладзіца, а муж трывожна заёрзаў на табурэтцы.

— Софія Хіцук.

— Хіцу-ук? — як артыстка разыграла кабета.

— А хто вы такі? — непрыязна буркнуў муж.

— З рэдакцыі. Правяраю факты для фельетона.

— Я ў Соньчын бок нават не гляджу! — лёгка падхапіла маю выдумку маладзіца ды з імпэтам напала на мужа: — Гэта ты ад яе не вылазіш! Столькі грошай распутніцы перанасіў, а яна, бачыш, шчэ брэша на цябе! Во, так табе, яловаму дурню, і трэба! Толькі як ты глянеш у вочы дзецям, калі кожны малы стане тыкаць ім шчэ і газетай?!

— Змоўкні! — не надта ўпэўнена буркнуў ён ды бліснуў на мяне вачыма, поўнымі затоенай злосці.

— А оты не буду маўчаць! Не буду! Намаўчалася, досыць! — яна адвярнулася да печы ды с сілай бразнула бляшанай міскай па пліце. Але і гэтага здалося ёй мала: — Што, думаеш, на цябе і ўправы няма? Як ты дужы, то табе ўсё дазволена?

— Мне сказалі на вёсцы, што ён б’е вас, гэта — праўда?

— Хай вам сам пра гэта раскажа! І пра ўчарашняе! Чаго вады ў рот набраў?

Я сабе тут пагавару ды пайду, а ім трэба жыць разам, дзяцей гадаваць. Ліха на яго, складаная сітуацыя, не азлобіць бы адно на другое. Угаворваць? Звычайна мы слухаем парады старэйшых, а я ім — амаль равеснік. Дзе ў яго слабінка, каб зачапіцца? Лысы баязлівец, а з такім можна і не цырымоніцца.

— Дак вы, значыць, учора нічога другога не прыдумалі, як пабіць жонку? — схітраваў я зноў.

— А чаго яна есці не наварыла? Я гэтым займацца буду?! — падскочыў муж на табурэтцы.

Нездарма з-за такога загінула Палагея. Дзе былі вочы ў таго Лукашыка, каб такому даручаць сур’ёзную справу? І ездзіў па свеце, а толку — ніякага. Яшчэ і францужанка ласілася на такога...

Маладзічка расплакалася:

— Бо толькі ўбачыла, што зноў... У мяне ўжо е тры хлопцы! І так расстроілася, што злягла-а-а... А табе адразу біцца? У хаце не было чаго есці і ты з голаду ўмёр бы? Сына прымусіў назносіць каменняў і давай пуляць у дзверы!..

— Мы прыйшлі з агарода, а вячэры — няма! — усміхнуўся ён дурнавата.

Жыццё гэтай прыгажуні працякае таксама не ў ружах. Аднак энергічная, ахайная і поўная здароўя маладзічка зможа і без мяне надзець вуздэчку на свайго мужанька.

Я не даў ім больш сварыцца, паспрабаваў як мог памірыць. Пакінуў на стале рэдакцыйны бланк са сваім адрасам ды накіраваўся да дзвярэй. Гаспадыня праводзіла.

— Не лёгка вам, спачуваю! — шапнуў ёй у сенях.— Але паправіць усё можаце толькі вы. Знайдзіце сілы.

— Сама ведаю! — уздыхнула.

Выйшлі мы на падворак, і я расказаў пра тое, што даведаўся ў Крыніцах:

— Валяйце проста ў бальніцу, і праз тры дні вас выпусцяць. Даведак ніякіх не трэба.

Жанчына ўдзячна кіўнула.

— І не прыставайце да той гаротніцы, да Сонькі!

— Не буду,— з хітрай какетлівасцю бліснула яна цёмнымі вачыма.

— Ёй яшчэ цяжэй. Яна і партызанам здорава дапамагала, і муж ад ран памёр...

— Што праўда, то праўда. А праз майго і Сібірака злавілі і Палагею забралі... Вырастуць сыны, стануць пытацца, што ім бацька скажа — не ведаю. Трэба нам покуль што хоць у Падароск пераехаць,— шчэ малыя, нічога не разумеюць цяпер...

Вядома, сказанае ёю пра Сібірака тады прайшло міма маіх вушэй.

 

9

З дзедавай хаты ўбачыў мяне маёр, высунуў праз акно галаву:

— Ля Сонькі недзе салдат, калі ласка, паклічце!

Павярнуў я назад.

Перад хацінай удавы — ні душы. Я накіраваўся падворкам у памяшканне.

За сталом рассядала ўся сям’я і з ажыўленым вяселлем распівала бутэльку самагонкі. Задам да мяне тырчэў мужчына ў сіняй фуфайцы ды гумовых ботах, а побач — салдат. Дзеці мяне заўважылі першыя, паказалі маці.

— Оо-о! — шчыра ўзрадавалася Сонька ды скочыла насустрач.— А я ўжо думала — вы ганьбуеце мною!

— Я не за гэтым...

— Заходзьце, заходзьце! — не давала яна мне сказаць і слова.

Мяне пачала ўжо разбіраць злосць, і я нецярпліва нахабніцу перабіў:

— Таварыш Хіцук, тую жанчыну я папярэдзіў! Калі яшчэ будзе вас даймаць сваім мужыком, напішыце мне, вось мой адрас! — пачаў я аддзіраць бланк.

— Але ж сядайце,— ужо не так упэўнена прыставала ўдава ды пагнала дачку: — Вера, дай места!

— Мы з маёрам даб’ёмся вам дзерава...

— Многія так абяцалі, цяпер ужо нікому не веру! За так мне нічога ніхто не дасць!

— Тады напішыце мне па гэтым адрасе.

— Стану шчэ я!

Яе сумненне перадалося і мне. Ужо неахвотна сунуў я жанчыне ў рукі лісток паперы, паклікаў салдата і пайшоў з хаты.

— Чаму вы прыбылі з войска да дзеда, а не да бацькоў? — пацікавіўся я ў хлапца.

— Каб жа іх меў...

— Памерлі?

— Кінулі пры адступленні. Мне і месяца не было. Адна жанчына падабрала ў кустах ля Бераставіцы ды выкарміла з соскі. Вы ж у газеце пра яе пісалі пару гадоў таму. Толькі сцяг яна не на полі знайшла, ёй даў схаваць Сібірак. Палітрук так называўся, потым у нас з паўгода жыў. Калі маму павесілі ў гарнізоне, мяне пару гадоў гадавала яе сястра, цёця Маруся, покуль не памерла. Затым рос у дзеда з бабай.

— Як гэта цябе бацькі маглі кінуць, што ты вярзеш, адкуль такі пэўны? Мо загінулі, пры адступленні было ўсяляк!

— Мажліва. Толкам цяпер ніхто не ведае, і нікога не спытаеш.

Адзін мой знаёмы з жонкай таксама адступаў тады з малой. У Лідзе наляцелі самалёты. Людзі ў гарачцы хапілі што маглі з кузаваў ды нырнулі ў склеп. Толькі там спахапіліся мае знаёмыя — няма дзіцяці. Муж падумаў, што яго ўзяла жонка, а яна, што — муж. Чалавек выскачыў да машыны, а дзіця — бытта ў ваду канула.

Гадоў з дзесяць пасля вайны высветлілася справа.

Якраз у той момант беглі хавацца манашкі ды пачулі плач малога. Малое яны забралі і здалі ў прыют. Дзяўчынка даўно жыве ў сям’і палкоўніка, зараз канчае дзесяты клас і ўпэўненая, што вайсковы — яе бацька.

А тут — унь якая трагедыя. Я паўзіраўся на спадарожніка са спачуваннем.

Побач са мной крочыў дужы мацак. Твар шырокі, вочы шэрыя, разумныя, чэсныя. Ішоў ён не спяшаючыся, з пачуццём уласнай годнасці ды рабіў уражанне самастойнага і разважлівага мужчыны.

Але ж — трыццаць рублёў?!

— Навошта вы бралі ў старых грошы?

— Ён паскардзіўся ўжо? Так бы адразу і сказалі, чаго клічаце!

— Было няёмка гаварыць пры людзях.

— Чаго тут няёмкага? Зразумелі б яны! Учора атрымаў пісьмо з Ленінграда з паведамленнем, што выслалі перавод. Грошы ідуць на два дні даўжэй. Заўтра я іх атрымаю ды старым аддам.

Хлапцу спатрэбіліся грошы, каб дапамагчы Соньцы? Я пабаяўся яго перапытваць, каб не расчароўвацца.

— Трэ было не самавольнічаць, а пазычыць.

— Прасіў! Хіба ж з імі дамовішся, як з нармальнымі? Падумаў, не заўважаць, атрымаю ды пакладу зноў на месца, я ж — не да чужых прыехаў, у сваю хату!..

Салдат гаварыў шчыра і пераканана, як чалавек, які не сумняваецца, што рабіў правільна.

Наіўнасць ці маладая бесклапотнасць?

 

10

Маёр пісаў пратакол. Перапалоханыя старыя пакорна давалі паказанні. Убачыўшы ўнука, яны апусцілі вочы, змоўклі.

— Дзеду, я ж вам казаў, што аддам заўтра. Навошта вы паніку ўзнімаеце? — з ходу напаў хлапец.

— А я вас яшчэ, салдат, не пытаюся!

— Слухаю, таварыш маёр!

— Вашы дакументы!

Пакуль начальнік штосьці выпісваў сабе ў блакнот з салдацкай кніжкі, я азірнуўся па няўтульным памяшканні.

У хаце было ўсё засмечанае, апушчанае, чорнае — як у пустым свірне, куды рэдка заглядваюць людзі. Пахла мышамі, павуціннем і нечым кіслым. Тут нават мухі не жылі. Бедны салдат чакаў паўгода пабыўкі, прыехаў ды — вось, трапіў. У мяне сціснулася сэрца. Стаяў я перад вушаком, думаў, глядзеў на абшмуленую частым карыстаннем дошчачку, якая вісела перад носам, ды слухаў.

— Я ж яму гаварыў, што заўтра вярну! — адказаў на пытанне маёра салдат.

Начальнік маўчаў, даючы сваякам магчымасць дамовіцца самім.

— Аддасі? — недаверліва перапытваў дзед.

— Хіба ж я вас калі-небудзь ашукваў? — загаварыў хлапец з ім цярпліва, як з малым дзіцём.— Тлумачыў жа вам, што трэба дапамагчы хвораму чалавеку, ён сёння пайшоў у Ваўкавыск, а грошы ў мяне будуць адно заўтра. Вы прамаўчалі. Я падумаў, што вы ўчора згадзіліся. Мы ж — свае людзі, дзеду, навошта міліцыю ўблытваць?

Запанавала маўчанне. Дзед патупіў вочы, яму на дапамогу прыйшла старая:

— Мы самі хворыя, слабыя, і не чужым, а — нам трэ дапамагчы!

Зноў усе няёмка памаўчалі. Зняў я з цвіка дошчачку і толькі цяпер убачыў, што ў ёй спецыяльна выбіты сучок. Чаму яна зашмулена да глянца?

— Юзэф, то мо пачакаеш унуку да заўтра? І пратакола я не пісаў бы...

— Чаму не, можна і пачакаць...

— Дамовіліся,— з палёгкай уздыхнуў начальнік.— А вам, малады чалавек, заяўляю: калі вы не выканаеце абяцання, напішу ў часць. Ведаеце самі, чым гэта пахне.

— Так точна, таварыш маёр!

Узняўшыся, начальнік пацікавіўся дошчачкай таксама:

— Што ў вас?

— А-ай, яны — бы малыя! — асуджальна паківаў галавой унук.

— Надта ж вы цяпер разумныя ўсе пасталі! — пакрыўдзіўся стары.

— Казлоўскі, для чаго гэта? — не адставаў маёр.

Дзед сур’ёзна пачаў тлумачыць:

— Каб у каровы ўдой не прападаў, жонка цэдзіць праз яе малако.

— Гэтае дрэва асаблівае? — разыгрываў старога маёр.

— Ну.

— То раскажы, раскажы — цікава!

— Дошчачку выбіраюць з сасны на ветраным баку за магілкамі. Ну, і вырабляюць яе толькі ноччу. Як прапяе першы певень. Ну, і трэ тады аднаму на каленях маліцца...

Мы ўтрох пераглянуліся.

Неўзабаве са старым і ўнукам мы развіталіся.

* * *

У Вількаўшчыну я не заглядваў гадоў з трынаццаць. Толькі чуў, што Сонька дзерава на хату раздабыла, а салдат пасля дэмабілізацыі ажаніўся з яе хворай дачкой і працуе ў калгасе механізатарам.

* * *

Калі я скончыў апавядаць вількаўшчынскія прыгоды, заплаканая артыстка ўпала на калені і абхапіла мяне рукамі.

— Там, напэўна, мой Віця! Гэта — ён, я ведаю! Я заўсёды верыла, што ён знойдзецца! — галасіла яна.— Ой, як буду вам удзячная, калі знайду сына! Божа, куды яго, беднага, лёс закінуў! Зараз жа еду да яго!.. Коля, ні на якую прэм’еру не ідзём! Даруй, але я мушу зараз жа там быць!

Уражаны, я маўчаў.

 

Раздзел сёмы

 

1

Вярнуўшыся ад Волгі, праз пару тыдняў зноў выбраўся я ў Вількаўшчыну, бо ўсё не траціў надзеі знайсці хоць якія-небудзь сляды Будніка.

Па Мінскай шашы ездзяць цяпер з камфортам. Мяккім «Ікарусам» ехаў і я. Трагедыя, што разыгралася на гэтай дарозе чвэрць стагоддзя таму, здавалася ўжо далёкай гісторыяй і ніякіх асацыяцый не выклікала. Ужо і я глядзеў на шашу з перспектывы часу, спакойна разважаў: што зробіш, гэтаксама крывавілі дарогі, калі саранчой праходзілі па іх татары, валілі закаваныя ў жалеза крыжаносцы і шведы, а ў сініх мундзірах маршыравалі французы — стань над усім плакаць.

Малады мой сусед трымаў на каленях пяцігадовага Толіка. Уключыўшы «Спідолу», яны праз вялізныя шыбы разглядалі божы свет, нічога не прапускаючы.

— Тата, а во — кароўка! — крычаў малы.— А во — кароўкіна дочка! А там яшчэ штось!..

«Штось» было жарабяткам.

Хлопчык затое выдатна разбіраўся ў марках машын, якія нас абганялі, а з транзістарам абыходзіўся як з добра вядомым прадметам.

Адзнака часу.

Цяпер і на вуліцах майго горада ходзяць усе ў капроне, перлоне і элегантныя прычоскі ў жанчын, мабыць, не горшыя, чым у модніц маскоўскіх ды варшаўскіх, а скажы вось гэтаму жэўжыку, што па балоце вунь лазіць той самы бусел, які з выраю дзяцей носіць, такі «акселерат» табе адрэжа: «Хіба ў буслоў са сваімі клопатаў мала? Няпраўда, дзядзя, мамка мяне з раддома прынесла!»

Чамусьці ехаў я да Сонькі з трывогай. І трывожыўся не з-за таго, што скажа яна пра сябра надта важнае, чаго я дагэтуль не ведаў. Калісьці пасля дэмабілізацыі з фронту вяртаўся я да блізкіх і гэтаксама непакоіўся: вось я выжыў, мне добра, а як там яны, ці жывыя таксама, ці добра ім.

Як жа я даў такую прамашку — не заглядваў да яе столькі часу?! Жанчына магла б шмат расказаць на тэму, што мяне цікавіла. Беластоцкае падполле было магутнае, аб гэтым сведчаць вынікі баёў летам 1944-га.

Горад над Белай генерал Гарбатаў заняў амаль з ходу, страціўшы толькі 490 забітых. Маленькая мясціна Аўгустоў каштавала генералу 1500 байцоў і камандзіраў, Бельск Падлянскі — 2199, Саколка — 1991, Ваўкавыск — 2500, Гродна — 3000...

Каб не падпольшчыкі, за магутны стратэгічны вузел і адміністрацыйны цэнтр «бецырка» «Белішток», за гэтыя вароты ў Прусію, напэўна, палегла б нашых людзей у дзесяць разоў болей, а тры разы столькі яшчэ былі б раненыя і агулам выбыла б са строю тысяч з дванаццаць — вось што далі арміі добра наладжаныя разведка і падпольшчыкі. Хто б мог падумаць, што вількаўшчынская ўдава мае адносіны да тых падзей! Ці памятае што з тых часоў?

Здалёк паказаліся Крыніцы.

Гарадок гэты некалі славіўся на ўсю цэнтральную Еўропу конскім кірмашом. Яшчэ сто гадоў таму адзін граф Сапега прыганяў сюды кожны месяц на продаж да тысячы скакуноў. Розныя прайдзісветы і праныры адкрывалі тут гульню ў рулетку, і яна ў сваю чаргу сцягвала сотні памешчыкаў ды чыноўнікаў-гуляк. Яшчэ крыніцкія кірмашы заманьвалі людзей дзіўнай з пункту гледжання сённяшняга дня вольнасцю. Там можна было: «Апрануцца як хто хоча, і давалася права курыць сігары ды люлькі не толькі ў карчме, тракціры, але — на вуліцы, у крамах і тэатры». Крыніцы адзінаццаць месяцаў спалі, але адзін — гулялі на ўвесь прынёманскі край.

У апошнюю вайну фашысты ўблыталі мястэчка ў сваю авантуру. Яны вызначылі тут усходнюю граніцу «тысячагадовага рэйха» ды плакаты з такой інфармацыяй расклеілі па ўсіх вёсках і гарадах...

 

2

Вылез я з «Ікаруса».

У Крыніцах прыбыло дамоў і зеляніны. І тут прахожыя апранутыя элегантна ды па-сучаснаму. Дзесьці на акраіне грымела безупынна пальба, нібы там метадычна білі мінамёты. Зіхацеў вітрынамі даўзёрных шыбаў аўтавакзал. На фоне стромкіх вежаў касцёла выдзяляўся белы куб школы...

Я спахапіўся, што прыехаў сюды па справе, ды стаў азірацца, каб знайсці які-небудзь транспарт.

Ля будынка з шыльдай «Фотаатэлье «Ландыш» стаяў грузавік — можа, ён давязе ў Вількаўшчыну? З кузава на брук якраз вылазілі гаварлівыя сваты і сванькі. Вяселле чакала, калі адчыніцца фотамайстэрня.

Сярод ажыўленай кампаніі — чатырнаццацігадовы хлопчык. У ладным касцюмчыку, новых чаравіках ды ў белай кашулі. Падхмеленыя сваты і сванькі штосьці адны адным даводзілі і спрачаліся, адно хлопчык не меў кампаніі, хоць і ў яго на грудзях бялеў бант з міртам. Малы стараўся звярнуць на сябе ўвагу.

Напяліў на вочы чужы капялюш. Спрабаваў узлезці на ліпу. Каменьчыкамі трапляў у перакладзіну тэлеантэны, але ні адна сванька ў белай і доўгай сукенцы не звярнула на яго ўвагі. І хлопчык засумаваў.

У канцы вуліцы з’явіўся матацыкл з каляскай.

— На тратуар, машына! — з перабольшаным стараннем ды клапатлівасцю закрычаў малы, хапіў двух п’яных за рукавы, пацягнуў з бруку. Тыя ўпіраліся, галасілі далей.

Матацыкл праехаў, і ў вачах малога зноў з’явіўся сум. Толькі цяпер сум гэты быў адчайны — аж да плачу.

А мае грудзі напоўніла нейкая цяплынь. Я ўспомніў сябе такім, о, як я малога разумеў!

І тут толькі я заўважыў, што матацыкліст, праехаўшы атэлье, спыніўся ды чакае мяне. У чалавеку з насунутай на галаву чырвонай каскай я ўжо разглядзеў знаёмага настаўніка. Ён адкінуў кірзавую накрыўку, запрасіў мяне ў каляску.

— Тава-арыш, і мне-е ў той бок! — узмалілася якаясьці бабка. Покуль я здагадаўся ўступіць ёй месца, сялянка з юнацкай жвавасцю ўзабралася на задняе седала — ехаць такім чынам для яе не была навіна.

Праз хвіліну мы імчалі грунтавой дарогай, але мясцовасць здавалася ўжо мала знаёмай. Я, сын мужыка, адразу заўважыў, што расліны ад мінеральных угнаенняў набралі колеру сакавітага ландышавага ліста, а зернавыя тут дадуць не менш як 30 цэнтнераў з гектара. На палетках не стала каменняў, ад чаго змяніўся цалкам і ландшафт.

— Каменням цяпер капут! — пераможна аб’явіў настаўнік.— Створана цэлая арганізацыя з магутнай тэхнікай. Гэтае дабро збірае і вывозіць — яшчэ і прыбытак маюць сяляне ад будаўнікоў. У Крыніцах спецыяльны палігон, аманалам ірвуць іх на шчабёнку. Чулі выбухі за горадам?

— Цяпер і нам плацяць за работу ў калгасе кожны месяц! — не вытрывала, умяшалася ў размову і цётка, і на яе загарэлым, бясхітрасным твары засвяцілася непадробленая гордасць.— Бы на заводах, плацяць!..

Успомніўся маёр міліцыі, як ён уздыхаў аб тым дні, калі зможа паслаць на вёску кадры і даць сродкі.

Нарэшце здзейснілася. Вось табе, што далі тыя самыя фермы, куды правялі ваду і святло — раней чым у хату. Цяпер жыві, цётка, радуйся, працуй, гадуй дзяцей і ўнукаў!..

У Вількаўшчыне — высакавольтная лінія. Замест саламяных стрэх усе дахі пакрытыя шыферам. На доўгіх жалезных тычках антэны ад тэлевізараў — праграмы і тут людзі глядзяць з трох сталіц: Мінска, Вільнюса і Варшавы. На загончыках бялелі якіясьці снапы не то сена, не то саломы.

— Гэ! — паздзекаваўся з майго няведання настаўнік.— Нашыя калгаснікі цяпер на сотках позняй восенню сеюць жыта, у пачатку чэрвеня жнуць яго і сушаць каровам на сена, а на ўчастку садзяць бульбу. Восенню бульбу выбіраюць ды цыкл увесь пачынаюць нанова!

— Як у Егіпце — два ўраджаі ў год?! А на якое ліха ім ўсё гэта, яны ж, напэўна, не толькі хлеб, а і да хлеба маюць?

— Каб запоўніць свабодны час. Вярнуўшыся з поля, грэхам лічаць сядзець толькі ля блакітнага экрана. Шукаюць, да чаго прыкласці рукі. Ды старыя звычкі — без каровы і парасяці жыцця не ўяўляюць!

Скончыць свае вывады настаўнік не паспеў — давялося злазіць.

 

3

На зялёным схіле гары цяпер — гладкая пляцоўка, густа зарослая сакавітымі лістамі дзьмухаўцу, падарожніку, рамонку. Болей — ні каменя, ні кіёчка, ні кусціка. Толькі знаёмая дзікая груша напамінала, што менавіта тут калісьці стаяла хаціна, быў хлеўчык ды жыла шматлікая сямейка. Зрабілася сумна, агарнула мяне трывога — вымерлі яны, ці што?

За горкай на санцапёку пад бэзам сядзелі жанчыны. Прывітаўшыся, я асцярожна спытаў пра Соньку.

— Яе дом за рэчкай! — паказала жанчына ў белай хусцінцы.— Унь той, незашклёны шчэ, пакрыты дахоўкай!

— Наўрад ці дома застанеце, яна — у дачкі! — дадала другая.

Ад сэрца адлягло.

Тым часам бабы адна перад адной мяне інфармавалі:

— Невядома толькі ў каторай. У Софіі іх — па ўсім свеце!

— Напэўна, у старэйшай, каторая за марачком. Гэты зяць у турме сядзіць. Сонька дапамагае гадаваць дзяцей без бацькі. Мараку, кажуць, шчэ год застаўся!

— Падумайце, маці родная знайшлася, а яму — марынуйся ў астрозе!..

— Шкада, Палагеі не ўваскрэсіш ужэ!..

Выходзіць, артыстка тут была.

— А за што марак трапіў у турму? — насцярожыўся я.

— Гарэлка нарабіла! Выпілі і пабіліся вечарам! Цяпер за гэта судзяць моцна!

На загарэлых тварах цётак прабівалася цікавасць. Ім аж не цярпелася ведаць, чаго ад Сонькі хачу, таму ўсе былі гатовыя мне дапамагчы.

— Скажыце, калі ласка, Палагея Казлоўская, якую павесілі немцы, як тады дзіця знайшла?

— Бо надта хацела мець малое. У першыя дні вайны бабы беглі да шашы па дабро, а там яго валялася — хоць набірай вазамі. Паляцела з бабамі і Казлоўская. Хто прасціню ці якую падушку хапаў, а яна — дзіця. Ну, і стала гадаваць. На пялюшках было вышыта імя, яна і не мяняла яго. Праз два гады ранены Сібірак лячыўся ў яе сястры, Марусі, і немцы штосьці пранюхалі ды прыехалі з вобыскам. Сібірака злавілі ўжо на полі, а ў сенніку знайшлі яго сцяг. Маруся мела трое дзяцей, таму Палагея віну ўзяла на сябе, толькі папрасіла заапекавацца сіратой...

— А як жа маці малога?

Што артыстка шукала сына, ніхто і не чуў. Пра знаходку мала хто і ведаў, бо Казлоўская не надта хвалілася. Такіх маленькіх іншы бобік браў за ножкі і — аб вушак галоўкай!

— Мо захавалася ў вас у каго фатаграфія Палагеі?

Бабкі хвіліну напружана моршчылі пад хусцінкамі загарэлыя лбы.

— Наўрад ці знойдзеце іх нават у бацькоў!

— Хто калісь ведаў тыя картачкі, гэта — цяпер!..

— Сваякі, калі хочуць растлумачыць каму, як выглядала Палагея, прыводзяць Марусіну ўнучку:

«Во, такія валасы ў яе былі!..»

— Яе пляменнік, Міша, трактар водзіць. Калі жартам падвяжа хустку, падапрэ кулаком шчаку — вылітая Палагея!

Нічога сабе партрэт.

Зайшоў я да старых. Яны амаль не змяніліся, мелі на сабе нават тыя самыя безрукаўкі з чорнага сукна. Толькі старыя сталі больш даверлівыя — атрымліваюць ад калгаса пенсію. Пра падпольныя справы дачок у вайну не ведалі нічога. Не мелі, вядома, і фота Палагеі.

— Пры Польшчы фатаграфавацца надта дорага каштавала! — растлумачыў стары.

 

4

Соньку знайшлі мы праз гадзіну за дваццаць пяць кіламетраў ад Вількаўшчыны, у старэйшай дачкі, якая некалі хварэла туберкулёзам — яна і была за «марачком» замужам.

Бабе гады дарма не прайшлі. Яе толькі што выпісалі з бальніцы пасля аперацыі зоба. Твар у жанчыны выразна пастарэў, і ўся яна змянілася. Сонька выйшла да мяне ў тоўстым байкавым халаце — падарунку сванькі-артысткі. Хацела яна быць вясёлай ды бадзёрай, але гэта ў яе не атрымлівалася. Пазнала мяне адразу.

— У гэтай — двое, васьмігадовы хлопчык і дзяўчынка пяці годзікаў. Другая дачка замужам за трактарыстам, у яе трое. Трэцяя — выйшла замуж за гарадскога, паехала на цаліну. Старэйшы сын адслужыў армію, застаўся на Урале, забраў і брата. Пры мне самы меншы. Яму — 15, ходзіць у школу. Не ведаю, мо зноў не пяройдзе ў сёмы, бо не хоча, падла, вучыцца. Адпусціла зараз на вяселле сватам...

— А — школа?! — жахнуўся я, успамінаючы сцэнку каля фотаатэлье.— Канец жа вучэбнага года!

— Усе так ездзяць, хіба ён горшы? Усё роўна ў шостым другі год сядзіць і вучыцелька збіраецца пакінуць на трэці. Будзе мець хоць што ўспомніць!

— Дом чаму не канчаеце?

— Навошта. Апошні сын хутка пойдзе ў свет, а я пры ўнуках. Гэтай дачцэ яшчэ дапамагаць цэлы год, покуль мужа выпусцяць...

— Артыстку пазналі?

— Адразу! — чакала гэтага пытання Сонька. З крыўдай, якая ў яе таілася праз дваццаць пяць гадоў, з жаночай зайздрасці, яна помсліва кінула: — Нябось, калісь брыдзілася ў нас нават абедаць, а цяпер і сваячніца стала, во! З немцамі абедаць не брыдзілася, а з намі — шчэ як! А тут — на табе, маеш!

І на самай справе — на фоне зробленага гэтай малапісьменнай сялянкай-патрыёткай Белая выглядала такой сабе звычайнай мяшчаначкай, якую водаварот вайны ўцягнуў у сваю вірлівую стрыміну. Артыстка са сваім становішчам, выхаваннем ды магчымасцямі не прыдумала нічога лепшага, як «спяваць у час пажару» сярод руін і агульнага гора ды прыкідвацца, што не бачыць падполля. Вось чаму я быў да яе ўвесь час так насцярожаны.

Гэтым часам жанчына мяне ўсё інфармавала:

— Віктар у Ваўкавыску на цагельні, у арыштанцкай роце робіць. Белая са сваім мужыком ездзілі да яго на спатканне. Сюды прыехала сваёй «Волгай», я карміла якраз унука, а хлопчык — выліты бацька. Марыя Міхайлаўна як глянула на малога, так адразу: «Віценька, родны мой, Ві-іця!..» Залілася слязамі і давай мяне цалаваць у калені ды ногі! А я гляджу на ўсё гэта ды ўспамінаю, як калісьці яна спекуляцыяй займалася, нават сахарынай гандлявала, запалкамі, з нямецкімі афіцэрамі ў легкавых машынах раз’язджала, шакаладкі жэрла, прыкідвалася лялечкай ды немчуру цешыла, як мы пасылкі ад яе і бралі і высцерагаліся... Гляджу і сабе думаю: «Во, аднак бог пакараў за ўсе твае фокусы — у цябе — ні то, ні другое!» Падумала так і адразу ёй усё даравала.

Я цярпліва вытрываў, пакуль Сонька выладуе эмоцыі, і спытаўся пра тое, з-за чаго прыехаў.

— Многа іх пабывала за вайну ў маёй хаце,— пачуў я ад кабеціны.— І браты Буднікі — Косця з Мішам, і Цыган з Валькай, і Сібірак з нейкім татарынам, і з Беластока многія, і з Варшавы палякі нейкія наязджалі, але іх я ўжо мала помню. Бо скажуць пароль, возьмуць што трэба, аддадуць — і будзь здароў! З партызанамі я справы мела мала, больш — з дэсантнікамі, з адным армянінам. Заходзілі да мяне і Барэйкавы хлопцы, покуль братоў не пастралялі — яны жылі унь там, у лесе. На іхні хутар, у Круглікі, артыстка не заўсёды магла даехаць. Браты самі прыходзілі да нас ды забіралі пачкі...

Мне неабходна было заглянуць на хутар.

— Старая Барэйчыха яшчэ жыве?

— Ужо не. Дачка Марына прадала хату ды з мужам пераехала ў Крыніцу. Была такая партызанка — Люба Зорка, яна са сваім Віталем памерла, Марыя і пасялілася ў іхнюю хату...

Больш ад Сонькі выпытаць нічога не здолеў.

* * *

Вось і ўсё, што магу сказаць пра Мікалая Будніка на падставе бясспрэчных дадзеных. Я не вінаваты, што аповесць мая атрымалася ў выглядзе фрагментарных замалёвак пра розных людзей — так мне яе дыктавалі факты і падзеі. Я цяпер хачу ўявіць сабе пару момантаў з напружаных і небяспечных будняў майго героя.

У пачатку аповесці я расказаў, як мне, дырэктару сямігодкі, давялося трапіць на след Мікалая Будніка ў той вёсцы, дзе я працаваў. Давайце мы сэрцам перажывём разам з маім сябрам тыя хвіліны, што ўпаўне мог перажыць і Мікалай, калі суправаджаў на хутар да біскупіцкага Грыцука немцаў.

 

Раздзел восьмы

 

1

У Ізабэліне — не то вёсцы, не то маленькім мястэчку паміж Ваўкавыскам і Ружанамі,— у мясціне, названай магнатам Сапегам у памяць дачкі Ізабэлы — немцы трымалі гарнізон. На трэці месяц вайны ён мясціўся ў школе і налічваў усяго дваццаць салдат. Пры ім былі яшчэ на ўліку пару чалавек паліцаяў родам з бліжэйшых вёсак.

Паліцаі ізабэлінскага гарнізона жылі ў прыватных кватэрах, а салдаты змяшчаліся ў класным пакоі. Іхнія двухпавярховыя нары, абвешаныя біклажкамі, ранцамі ды скаткамі, мог разглядзець і нават палічыць праз вокны кожны прахожы — немцы ў пачатку вайны адчувалі сябе як дома, пра партызан у гэтых мясцінах тады яшчэ ніхто не чуў.

Другія класы яны абсталявалі пад склады з радыёпрыёмнікамі ды паляўнічымі стрэльбамі, што пазносілі сюды людзі па загаду, пад стаянку веласіпедаў, арыштанцкую ды жыллё для амтскамісара — лейтэнанта Вернера.

Былую настаўніцкую акупанты абсталявалі сабе пад клуб. Дырэктарскую амтскамісар зрабіў сваім кабінетам.

Мінулай ноччу Вернер вадзіў гарнізон у засаду на савецкіх парашутыстаў. Цяпер яго салдаты, выставіўшы перад камендатурай на пост паліцая, адсыпаліся, а ён сам, адпачыўшы толькі пару гадзін, у кабінеце пісаў даклад начальніку Ваўкавыскага крайскамісарыята — капітану Шуму.

Амтскамісар — сын сярэдняга баўэра з Заходняй Прусіі — прыбыў у Ізабэлін на адпачынак пасля баёў за Кіеў.

Гэты высокі трыццацігадовы мужчына належаў да тых афіцэраў вермахта, якія з педантызмам адносіліся да свайго вонкавага выгляду і да абавязкаў, бо ў гэтым бачылі галоўны закон нямецкай ваеннай традыцыі.

Добра падагнаны і заўсёды свежы мундзір «фэльдграў» каменданта гарнізона ўпрыгожвала чырвона-бела-чорная стужка жалезнага крыжа ў пятліцы. Шырокі верх яго фуражкі выгінаўся элегантнай седлавінай. Боты блішчэлі. Твар афіцэра быў старанна паголены і свежы, а ён сам — падцягнуты, спружыністы і дзелавіты.

Гледзячы на амтскамісара за сталом, ніхто не сказаў бы, што гэты чалавек цэлую ноч правёў без сну.

Вернера аж распірала ад гонару за маштабы тых грандыёзных перамог, якія тварылі яго суайчыннікі ў дадзены момант у шырокіх стэпах Украіны, у камарыных велікалукскіх балотах, у высушаных на пыл пясках Афрыкі і бязмежным прасторы Акіяніі. Душой ён быў там, са сваімі бясстрашнымі камарадамі, адчуваў іх намаганні і напружанне: іх поспехі напаўнялі яго ўзнёслым настроем і не давалі спакою. Адначасна ён быў перапоўнены гонарам ад сваёй місіі ў глухой беларускай вёсачцы.

«Дарагая Роза,— пісаў ён сваёй сяброўцы.— Ты сабе не можаш уявіць, якія вы там шчаслівыя, на Захадзе. Чалавек тут вымушаны сутыкацца з такімі людзьмі, ад прысутнасці якіх валасы становяцца дыбам. Ад усяго рускага, польскага і яўрэйскага нясе гноем. Толькі тут я канчаткова пераканаўся, што адно мы з’яўляемся панамі, а рэшта — сапраўды Untermenschen. Гэтыя дзікуны, якім невядома, што такое лазня і летам усе як адзін ходзяць босыя, валодаюць магутнай біялагічнай сілай размнажэння, выжываюць у цяжкіх умовах і тояць патэнцыяльную небяспеку для Германіі.

Я б ахвотна згадзіўся быць на перадавой, але ж і тут трэба некаму несці крыж. Шкада, закончаць вайну без мяне!..

Сёння ноччу вартавалі парашутыстаў, расстралялі двух камісараў. Зараз падрыхтаваў рапарт шэфу, дзе прыкінуў, колькі народу трэба адтуль тэрмінова выселіць, дзе на пясчаным полі пасадзіць лес, закласці дрэнаж, дзе пазбіраць каменні і пусціць пад ворыва.

Не, тут я не хачу браць надзела — не спадабаецца тутэйшая зямля і табе. Наш Вульф з дывізіяй на Украіне, я чыркнуў яму, каб тэрмінова напісаў, якая там глеба, быдла, вазы, батракі... Усходняя кампанія да восені, напэўна, скончыцца, возьмем на Украіне надзел і паедзем з табой туды...»

Вернер быў тыповым афіцэрам вермахта пачатку вайны з Савецкім Саюзам. За нястомную дзейнасць і прыкладныя паводзіны за тыдзень у Ізабэліне салдаты паспелі прасякнуцца да яго павагай, крыху баяліся і слухалі без усякіх пярэчанняў. Заваяваны ж раён быў для амтскамісара res nullies (нічыя рэч), як цвярдзіла сярэдневяковае права аб краінах варвараў ды паганаў, для якіх не існавала ніякіх ні законаў, ні этыкі, а толькі — воля пераможцы.

 

2

Калі «ізабэлінскія» немцы на ўзгорку пад лесам чакалі з начнога неба міфічных «чырвоных камісараў», у Ізабэліне заставаліся на варце салдаты Гофман, Брумель ды обер-яфрэйтар Ліке.

Ноччу ўсе яны ўмудраліся выспацца і цяпер, адпрасаваўшы свае мундзіры, сумавалі ў клубе. Яны перачыталі старыя газеты да аб’яў з чорнымі крыжыкамі «гэфаленэн фюр фюрэр унд фатэрлянд» (пра загінуўшых за правадыра і бацькаўшчыну). Разгадалі ўсе рэбусы і шарады. Перагаварылі анекдоты.

І вось цяпер, пакурваючы цыгарэты «Юньён», балабанілі пра ўсё, што прыйдзе ў галаву.

— Калі ўставіць чалавеку ў вуха рулю і выстраліць — вочы павыскакваюць з арбіт, як корак! — дзяліўся сваімі франтавымі назіраннямі Брумель і кончыкам пальца манерна збіў попел у банку з-пад кансерваў, якая служыла попельніцай.

— Го, колькі мы гэтак адправілі на той свет партызан у Полацку, майн гот! Я з прыемнасцю браўся за такую работу!

Гофман слухаў абыякава, чаго нельга было сказаць пра яго таварыша.

Обер-яфрэйтар прыбыў на Гродзеншчыну з Даніі. У арміі ён ужо пяты год, паспеў скончыць школу малодшых камандзіраў і атрымаць нашыўкі, але сапраўдных смерцяў яму бачыць так і не давялося. Адчуваючы, як яго агортваюць нейкія дрыготкі жаху і адначасова цікавасці, обер слухаў салдата з затоенай зайздрасцю і павагай.

— Але больш за ўсё нам давялося перастраляць камуністаў у Смаленску. Адны нашы заходзілі на чацвёрты паверх бальніцы і выкідвалі праз акно, а мы цалялі ў людзей на ляту. О была пацеха, донэр-вэ-э-тэр! Тысячамі адпраўлялі гэтых насякомых на ўлонне Аўраама! Тыя, хто застаўся жывы, назаўтра абміналі нас. Пачуе каторы мярзотнік нашыя крокі, адразу сходзіць з тратуара і пакорліва здымае шапку. Толькі так з імі можна. А з яўрэямі што вытваралі!.. Там яны носяць зоркі на вопратцы — адну спераду, другую ззаду, бы ў нас палякі ў генералгубернатарстве...

 

3

Калі тры салдаты так сабе балабанілі, з кабінета выйшаў Вернер. Кампанія не ведала, што іхні начальнік быў на рабоце. Усе трое разгублена ўскочылі ды выцягнуліся на «смірна».

Лейтэнанта аж распірала прага дзеяння. Ён уважліва прыглядзеўся да падуладных.

Вернер зразумеў адразу, што салдаты бяздзейнічаюць, і ведаў, як гэта для іх шкодна. Ды чым іх заняць? Да вонкавага выгляду не прыдзярэшся. Учора вечарам праверыў з імі ўсе ранцы і рэчавыя мяшкі — лішняе выкінулі, астатняе перамылі, адрамантавалі і вычысцілі да бляску. На бліжэйшыя тыдні гарнізон быў забяспечаны боепрыпасамі, лекамі, паперай для пісем і туалетнай, харчамі ды дровамі для кухні, а два хлявы завалены калючым дротам.

Даклад ён збіраўся паслаць фельдпоштай.

Падумаўшы хвіліну, афіцэр кінуў старшаму па званні:

— Обер-яфрэйтар Ліке!

— Слухаю вас, пан камендант! — яшчэ больш выцягнуўся падначалены.

— Бярыце салдат, перакладчыка, прагуляйцеся па амтскамісарыяце!

— Яволь!

Камісар улавіў у голасе обера нерашучасць і адразу адрэагаваў:

— Што яшчэ?

— Мэта нашай паездкі, пан камендант?

Гофман з жахам глянуў на сябра. Брумель усміхнуўся: дзівак, яшчэ і пытаецца. Камісар жа цярпліва паўзіраўся на обера, даў яму магчымасць авалодаць сабой.

— Без лішніх слоў!

— Яволь! — вінавата адказаў Ліке, хоць яшчэ ўсё, здаецца, не зусім разумеў, чаго ад яго патрабуе камандзір.

— Выязджайце!

— Цу бэфэль!..— стукнуў чотка ён абцасамі і загадаў салдатам: — Комэн!

На варце перад камендатурай у той момант стаяў якраз паліцай Буднік.

— Ніколяс! — выглянуў у адчыненае акно і закрычаў Вернер.— Збірайцеся ў дарогу, паедзеце з обер-яфрэйтарам Ліке перакладчыкам!

Амтскамісар мог гэтага Будніку і не гаварыць — Ліке і сам забраў бы паліцая. Але афіцэр выказваў хлапцу асаблівую ўвагу. У ім бачыў прадстаўніка народа, якога перамог. І па той жа прычыне, па якой заўзяты кат-прафесіянал знаходзіць патрэбу і нават асалоду пагаварыць са сваёй ахвярай і давесці ёй, што адсячэнне галавы — дабро для няшчаснага, так і Ліке ўсе тры дні, якія Мікалай знаходзіўся на службе ў амтскамісарыяце, не прапускаў ні хвіліны, каб не весці гутарку з паліцаем аб сіле і пачэснай місіі нацыянал-сацыялізму.

Вернер маляваў Мікалаю жахі, якія нясуць чалавецтву разбэшчаныя французы, скнары яўрэі, плутакратыя на чале з Англіяй ды наследнікамі ўсходніх дэспатаў — бальшавікамі-камісарамі.

Вернер з захапленнем расказваў аб адраджэнні краіны Зікфрыда, аб свяшчэннай місіі Германіі і крыжовым паходзе, які распачаў фюрэр у інтарэсах культуры ды прагрэсу супроць Усходу і гнілога Захаду.

— Яволь, гэр шэф! — пачуў у адказ амтскамісар голас паліцая.

Вернер пачакаў ля акна, пакуль чатыры веласіпедысты выехалі на вуліцу. Тады, зірнуўшы на гадзіннік, лейтэнант паклікаў дзеншчыка і загадаў будзіць салдат.

 

4

У Біскупцах ля крайняй хаты маладзіца карміла грудное дзіця. Падзяліцца навінамі да яе падсела старая з мехам зелля. Хоць і так іх ніхто не мог пачуць, суседкі трывожна азіраліся ды гаварылі пра тое, каго немцы арыштавалі, дзе забралі карову, у каго проста з воза ўзялі кошык з маслам і сырамі. Гаварылі ледзь не шэптам, што хутка вернецца памешчык і стане адбіраць зямлю, што тады ўжо на ўсіх людзей прыйдзе пагібель.

З боку Ізабэліна на веласіпедах выскачылі раптам тры салдаты з нейкім цывільным. Маладзіца прыціснула да грудзей дзіця і з жахам прашаптала:

— Ах, цё-отачку, далібог, яны!

Суседка перапалохалася не менш. Калі салдаты загамавалі ды пачалі злазіць з веласіпедаў, старая ўскочыла, закінула мех на плечы.

— Нінка, гэта твой певень?! — знарок закрычала яна.— Ах, ліха на яго, палез ужо агарод мне палоць, я яму зара, паскудзе!.. Кыш, каб на цябе паморак, халера ты! — замахала яна рукой і хутчэй падалася прэч.

Ліке хацеў папрасіць у маладзіцы халоднага малака са склепа, але ён нават не згледзеў, калі маладая маці знікла следам за старой.

— Фэрфлюхтэ гундэ! — вылаяўся обер.

Яму ўспомнілася Данія. Аднойчы ён ехаў на машыне праз Капенгаген і дагнаў сям’ю. Бацька з маткай па асфальце вялі дваіх дзяцей. Усе чацвёра добра чулі за сабой машыну, але і не думалі сысці з дарогі. Ён пасігналіў раз, другі — яны нават не азірнуліся. У Ліке ўзнікла жаданне наехаць на іх. Але ад таго, што зрабіць гэтага не мог, што давялося аб’язджаць гэтую жывую перашкоду, обер-яфрэйтара аж закалаціла, і ён цэлы дзень быў не ў гуморы.

І ў паводзінах гэтых басаногіх жанчын оберяфрэйтар адчуў такое ж непаважанне да сябе, варожасць і выклік. Захацелася крыкнуць, вярнуць нахабніц, толькі стрымлівала самалюбства — зводдаль глядзеў паліцай-перакладчык.

Злаваў яго і гэты пракляты беларус.

Обер быў надта незадаволены Буднікам. Перакладчык паводзіў сябе так, бытта рабіў вялікую ласку, што служыў у паліцыі.

Зрэшты, паліцай сваёй прысутнасцю раздражняў і астатніх. Бо немцы свае радасці і клопаты не жадалі паказваць перад абарыгенам, які, як назло, аказаўся адукаваным, разумным, дужым ды чамусьці станавіўся любімчыкам шэфа Вернера. Усё гэта прымушала як бы выцягвацца перад ім, паводзіць сябе са штучнай ветлівасцю, што вельмі іх злавала. З маўклівай згоды паміж сабой немцы за ўсю дарогу паслугай перакладчыка ні разу не карысталіся, хоць знешне і былі карэктныя.

Каб не паказаць перад салдатамі, што ён спыніўся з-за гэтых паршывых баб, Ліке прыставіў машыну да плота, выняў ключы ды пачаў рэгуляваць педаль. Салдаты расшпілілі мундзіры, пачалі абціраць пот. Перакладчык разглядаў пажарышча.

З падворка выбегла шчаня, павалілася на спіну, выставіла блыхасты жывоцік.

— Фі-у, фі-ц, фі-у!..— пасвістаў Брумель, як свішчуць на сабак толькі немцы — з дзвюма адрывістымі нотамі — сі і ля дыез. Салдат хацеў палашчыць шчаня, але яно спалохана вільнула куртатым хвосцікам і ўцякло.

Ліке схаваў ключы, азірнуўся.

Быў спякотны летні дзень. Праз дрэвы прабіваліся промні гарачага жнівеньскага сонца. Спакойна лазілі па вуліцы парасяты, куры. Цьмяна блішчалі шыбы. Цераз платы прабівалася запыленая крапіва, цягнуліся ўверх мальвы, сланечнікі. Пахла разапрэлай саломай і гноем. Сярод абгарэлых пнёў ліпы тырчала напаўразбураная печ са слядамі сажы, за ёй нейкі дзед у белым, нібы істота з іншага свету, вязаў кошык і нават не павярнуў на немцаў галавы. Затое з-за веснічак, вуглоў і з-за калодзежаў насцярожана сачылі за кожным яго рухам перапалоханыя да смерці хлапчукі.

— Трэба зазірнуць да старасты! — прамовіў чырвоны як рак Гофман, якога заліваў пот.— Ведаю, дзе ён жыве, у яго і нап’ёмся!

— Давай! — згадзіўся обер.

Немцы пабрылі па вёсцы з веласіпедамі ў руках.

Крануўся і Буднік.

Услед за імі, трымаючыся адпаведнай дыстанцыі, ішлі паланёныя жудаснай цікавасцю і страхам хлапчукі.

За знешняй карэктнасцю ў кожным позірку немцаў Буднік адчуваў да сябе недавер і пагарду. Ён яшчэ не верыў, што незвычайную службу суджана несці яму доўга. Ён увесь час парываўся ўскочыць на свой «дюркопф» ды пакаціць у свае Зеляневічы. Але што зробіш? Трэба было прывыкаць да свайго новага і такога чужога для сябе абавязку.

Буднік аж надта бачыў, як раздражняе немцаў, як яны змаўкаюць пры ім або гавораць зусім не пра тое, што хацелі б. Ды бегчы наперадзе немцаў і выслужвацца, як гэта рабілі іншыя паліцаі, было не ў яго характары.

Між іншым, праз многа месяцаў, калі начальніку Ваўкавыскага крайскамісарыята капітану Шуму ён прынёс атрыманыя ад дэсантнай групы Марцірасяна дакументы на фольксдойча, самастойныя і незалежныя паводзіны ў мінулым сыгралі яму на руку: пацвердзілі, што ён сапраўды з расы выбраных. Але покуль што жыццё для яго было суцэльнай невыноснай пакутай.

Адным словам, Буднік, які яшчэ не знайшоў патрэбнага такту, не прыцёрся да немцаў, адчуваў нейкую няёмкасць нават перад біскупіцкімі хлапчукамі і паныла валокся за немцамі ды насцярожана чагосьці чакаў.

Уперадзе была лужа. Уздоўж плота па цянёчку, фарсіста закінуўшы хвост на спіну, трусіў сабака. Спаткаўшы людзей, ён спыніўся, і выразна было відаць, што ён падумаў: абыходзіць ці не? Тады трэба лезці ў ваду. Тузік пачухаў пераноссе, чхнуў ды вярнуўся назад.

Не выпускаючы з рук веласіпеда, Брумель імгненна зняў з пляча карабін.

— Бах! — аглушальна прагучэў стрэл.

З кудахтаннем паляцелі ва ўсе бакі куры. Заскуліў, у перадсмяротных сутаргах забіўся на пяску сабака.

Хлапчукі з вуліцы сыпанулі ў падворак. Гофман і Брумель зарагаталі. Толькі твар обера быў без выразу.

Буднік, вядома, не мог не адчуць, як Ліке разгубіўся. Яму трэба было аблаяць салдата. Але Ліке ў паводзінах сябра ўбачыў франтавую зухаватасць. Обер нават захапіўся яго спрытам: трымаючы карабін адной рукой, амаль не цэлячы, трапіць у рухомую мішэнь — трэба ўмець.

— До-онэр-вэ-этэр! — вылаяўся ён са здзіўленнем.

 

5

Старасты дома не аказалася. Яго жонка — яшчэ не старая і нават прыемная з выгляду кабета — на кухні рыхтавала свінням корм.

— Яйкі?! Мліко?! — з парога кінуў Брумель.

— Нэ-эй, паночку! — узмалілася жанчына.— Яйкі муж у горад павёз мяняць на соль!.. І кароў яшчэ не даіла, а кіслае выпілі нядаўна!

— Маслё?..

— І ма-асла — нікс!..

Пакуль яны таргаваліся, Ліке аглядзеў памяшканне.

Дзверы былі адчынены ў вялікі пакой, і там ён убачыў дакладна такую ж абстаноўку, якую назіраў тут у кожным доме. Па сцяне між вокнамі — рамкі з фатаграфіямі. Обера непрыемна ўразілі сярэбраныя зігзагі на каўнерыках мардатых польскіх салдат і фарсістыя фуражкі з царскімі кукардамі. У кутку ззяў пасярэбранай паперай радочак ікон. Пад іконамі бялеў накрыты сурвэткай стол. Уздоўж сцяны ішлі дзве лавы. Ложак з горкай высокіх падушак з вышыванымі навалачкамі...

Успамінаючы малюнак са школьнай хрэстаматыі, ён не без пагарды заўважыў сабе:

«Як у нас было сто гадоў таму назад!.. Бачыш ты, нахабнікі,— і фатаграфіі сваіх вайсковых паразвешвалі, яшчэ не хапае толькі партрэтаў камісараў!..»

Старасціха, не спаласнуўшы нават цеста з рук і прыкідваючыся надта напалоханай, пачала соваць салдатам шчарбаты збанок з вішнямі. Паскардзілася, што на кухні многа мух. Ліке заўважыў, што хітрая ведзьма спецыяльна выстаўляе брудныя рукі і дэманструе сваіх мух, каб выклікаць агіду, пазбавіцца гасцей.

Обер абурыўся, але прамаўчаў.

Патаптаўшыся крыху ў старасты на кухні, пакаштаваўшы цёплай вады і з жоўтымі кропінкамі мушыных слядоў вішань, накіраваліся зноў на вуліцу.

Хутка, не то раззлаваныя старасціхай, не то галодныя, не то прагныя дапасці да добрай вады, апынуліся яны зноў у канцы вёскі. У суцэльным зялёным масіве дрэў воддаль ад дарогі патанаў хутар.

— О, там вулляў многа! — успомніў Гофман.— Едзем туды, паспрабуем мёду!

— Эўрыка! Аднойчы я там пажывіўся — мёд аж абрыд! — спахапіўся і Брумель.

— Давай! — дазволіў Ліке.

 

6

На хутары ў гэты час панаваў спакой і парадак.

Пад хлявом сохлі акуратна складзеныя кастрагі дроў.

Пад акапам Грыцук у белай кашулі выпілоўваў планкі да рамак у вуллі. Ля ног яго ляжаў вялізны кудлаты сабака і ляскаў зубамі на надакучлівых мух.

Сярод падворка ля бетоннага калодзежа ў лужыну пчолам была насыпана сечка, і над ёй калясіў цэлы рой. На шчыце свірна быў прымацаваны ветрачок. Пад акном вялікай хаты цвілі пярэстыя вяргіні. Дах з ацынкаванай бляхі блішчэў на сонцы, як з серабра.

У чатырохкутніку паміж домам, свірнам, хлявом і гумном увесь падворак парос сакавітым зялёным дываном з дробнай мазаікай трыпутніку і рамонку.

У агародзе за плотам цвіў мак, буялі буракі, памідоры, гуркі і тычковая фасоля. Грыцучыха з нявесткай наводзілі там парадак — прарэджвалі расаду, а вырванае зелле кідалі свінням. Тлустыя пародзістыя парасяты, не спяшаючыся, выбіраючы сабе самыя смачныя лісты, плямкалі ратамі. Побач паўтарагадовая Тася стукала каменьчыкамі, яе сястра ў баразёнцы «пякла» з пяску аладкі.

За вогненнай ракой маку пад грушамі і яблынямі стаялі радочкі жоўтых, сініх і зялёных вулляў.

Райскую ідылію першы парушыў сабака. Ён нешта пачуў ды насцярожыўся: няйначай што чужыя.

Гыркаючы, сабака кінуўся да брамкі.

Гаспадар узняў галаву ад верстака, убачыў немцаў і высокага ізабэлінскага паліцая. Нязваныя госці ўжо ставілі пад плот веласіпеды.

— Нанесла іх аднекуль зноў, халера! — прабурчэў Грыцук і неахвотна адклаў нажоўку.— Рэкс, да буды!

Мужчына з планкай у руцэ накіраваўся да брамкі. Злавіўшы сабаку за аброжак, ён, шкадуючы, ударыў яго пару разоў планкай па кудлах, прывалок у буду, пачаў прывязваць на ланцуг.

Не павітаўшыся, немцы ўваліліся на падворак і адразу накіраваліся да калодзежа, дзе на бетонным крузе грэлася на сонцы вядро вады. Гофман выняў хустачку, пачаў выцірацца, а Брумель прыставіў да калодзежа карабін і ўсунуў у вядро палец.

— Оу-оу-у, абер, вун-дэр-ба-ар! — закрычаў ён з захапленнем ды пачаў расшпільваць мундзір.

А обер і тут быў нездаволены. Яго сябры, калі вярталіся з такой паездкі па раёне, заўсёды прывозілі цэлыя сумкі масла, сыру, яек і самагонкі, а ён з салдатамі нават паесці нідзе не змог — давядзецца, вярнуўшыся ў Ізабэлін, брацца зноў за агорклы гарохавы суп, гуляш ды пудзінг. Яшчэ гэты доўгі паліцай стругае з сябе графа Валенрода!..

На хутары яго ўсё раздражняла. Не падабаўся і сам гаспадар, які зумысна доўга вазіўся з сабакам. Загарэлы і спакойны твар гаспадара ды закасаныя па локці мускулістыя рукі проста прыводзілі обера ў шаленства. У той час, калі ён, Ліке, з такой тонкай ды багатай, яшчэ нікім не адкрытай душой вымушаны цярпець гэткія нягоды, гэты вось грубы суб’ект з закасанымі да лытак парткамі радуецца тут сабе жыццём, бы на курорце...

Злаваў обер і на Брумеля — ён многа сабе дазваляе. І яшчэ яму здавалася, што салдаты ў душы насміхаюцца з яго, бяздарнага камандзіра.

— Ком, ко-ом! — нейкім сухім і злым голасам паклікаў Брумель гаспадара ды паклаў мундзір на рамонак.

Мужчына, не спяшаючыся, падышоў і спыніўся перад гасцямі. На яго шырокі лоб звісалі спатнелыя пасмы. У валасінках на разапрэлай грудзіне засела пілавінне. Разумныя шэрыя вочы глядзелі незалежна, але насцярожана.

За немцамі, што спыніліся ля калодзежа, з трывогай сачылі дзве жанчыны: маці і жонка Грыцука.

Злавіўшы на сабе позірк немца, спалоханая маладзіца сцягнула жменяй паркалёвую сукенку з вялікім выразам, патупілася, але сачыла краем вока за няпрошанымі гасцямі. Яе свякруха, адчуўшы сэрцам бяду, сагнала злосць на парасятах. Яна лупцанула іх фартухом, пракрычала:

— Ксю-уля!.. Халера на вас, ксю-уля!..

Тым часам Гофман зазірнуў у калодзеж. На ланцугу ў цёмную халаднаватую адхлань была апушчана банка з малаком. Ён пакратаў ланцуг, прыўзняў банку.

Брумель узяўся за край акутага вядра, усадзіў у яго галаву па самыя вушы, пусціў бурбалкі. Тады страсянуў мокрыя валасы і зарагатаў. Выцерся, паказаў гаспадару на вуллі ды патрабавальна кінуў:

— Гэніх!.. Эсэн!..

Мужчына адразу зразумеў, чаго ад яго хочуць,— такія сцэны на падворку разыгрываліся кожны дзень па некалькі разоў. Ён ужо гатовы быў частаваць мёдам і гэтых прышэльцаў, каб толькі заразы адчапіліся: вынесці міску з сотамі на табурэтцы — жарыце, чорт вас бяры.

Але чалавек прыкінуўся, што не разумее, і цягнуў час для парадку.

— Што-о? — спытаўся.— Нікс фэрштэйн...

— Гэніх!.. О, ням, ням!.. Бж-ж-ж!..

Немец яшчэ не скончыў фразы, як другі салдат нязграбна павярнуўся і заблытаўся ў ланцуг, якім было прымацавана масіўнае вядро да калаўрота. Вядро з ляскатам перавярнулася і абліло першага. Той адскочыў ды ўлез у лужу з сечкай, адкуль пчолы бралі ваду.

Патрывожаная пчала з налёту ўджаліла немца ў патыліцу.

— О-оу, мэншэзкі-інд!.. О-оу, сакрамэ-энт, фээрфлюхтэ! — зароў ён, пляснуў сябе па патыліцы і закруціўся як ашалелы.

Гофман зарагатаў.

Засмяяўся і гаспадар.

Звар’яцелы ад болю і абразы Брумель падскочыў і смальнуў яму па твары.

Грыцук спачатку здзівіўся, а потым закіпеў ад злосці. Ён, не спяшаючыся, як і прывык усё рабіць, левай рукой схапіў салдата за грудзі, а правай узняў над немцам планку. Новая вайсковая кашуля, якую ён згроб на грудзях салдата, затрашчала адразу ў некалькіх месцах.

— Ай, То-олечка, ай, сыночачак, што ты ро-обіш, апамятайся! — праз плот узмалілася маці.— З кім ты ду-ужаешся, што ты ўзду-умаў!

Грыцук апусціў руку. Ён толькі ўжо стаяў і цяжка дыхаў.

Тое, што здарылася, на нейкі час аж ашаламіла немцаў. Брумель ад здзіўлення ажно раскрыў рот.

Але хутка ім тром прыйшло адначасова ў галаву, што гэты тубылец дазволіў сабе нечуваны жэст — узняў руку на нямецкага салдата — і таму павінен быць пакараны.

— Гэнуг! — зларадна сказаў Гофман, бытта толькі такога выпадку і чакаў. Ён сунуў у кішэню мокрую хустачку, падышоў да Грыцука, вырваў у яго планку і аб’явіў: — Ду біст — камуніст!.. Ду біст — бальшавік!..

Обер-яфрэйтар Ліке раптам адчуў, якія слаўныя ў яго хлопцы, і злосць яго адразу прайшла. Ён ужо згаджаўся, што перад імі сапраўды небяспечны камуніст. Уся злосць, якая накапілася ў ім за цэлы дзень, раптам знайшла сабе выйсце.

— Ком! — обер кіўнуў Грыцуку пальцам і паказаў на брамку.— Форвэртс!.. Лёс!..— з кожным словам ён усё больш і больш сябе распальваў, пераходзіў на віск.— Абэр шнэль, фэрфлюхтэ, лёс!

— Гэй! — штурхануў прыкладам Грыцука Гофман.

— Ну і пайду, што ты мяне палохаеш, думаеш надта збаяўся вас?!.— узбуджаны, не разумеючы яшчэ таго, што з ім збіраюцца рабіць, сказаў Грыцук з выклікам.

Ля сцяны стаяла рыдлёўка. Гофман даў яе Грыцуку ў рукі і загадаў:

— Мітнэймэн!

Брумель паспешліва апрануў мундзір, бытта яго чакала штосьці вельмі вясёлае і цікавае.

У гародзе заенчылі жанчыны, узнялі плач дзеці.

Ля буды хрыпеў, ірваў ланцуг раз’юшаны Рэкс.

 

7

За брамкай устрывожаны Буднік сказаў жанчыне:

— Цётку, вы не енчыце па-пустому, а лепш прасіце за сына ў немцаў — яшчэ час!.. Каб вы мелі што сунуць ім у лапы...

Пакуль немцы выходзілі з падворка, разбіралі веласіпеды і кіравалі на сцежачку, цераз грады падбегла да іх Грыцучыха. Не разбіраючыся ў нямецкіх рангах і адзнаках, палічыўшы Брумеля за старшага, яна кінулася немцу ў ногі:

— Ах, пано-очку, за што ж вы яго?! Ах, зо-олатца, ён жа і мухі не пакрыўдзіць, што вы за віну знайшлі такую, адпусці-іце!..

— Капут, капу-ут!..— зларадна заявіў ёй немец.

— То-олечка, куды-ы яны цябе вяду-уць?! — абнімаючы малых, здалёк, жаласліва і чула, бытта яна тут адна з мужам і дзецьмі, спыталася маладзіца.

— Не паказвай гэтага дзецям! — загадаў ёй яшчэ ўсхваляваны сутычкай і поўны рашучасці муж.— Вядзі іх лепш дамоў!

— Лёс, лёс, абэр лё-ос, фэрфлюхтэ! — стукнуў яго колам у зад Гофман.

Усе рушылі па сцежачцы. Ліке ішоў апошнім, а за ім з веласіпедам — Буднік.

Обер заўважыў, як паліцай пра нешта дамаўляўся з жанчынамі. Слоў ён не разумеў, але і так было ясна — пракляты паліцай з гэтымі басаногімі бабамі заадно. Заўважыўшы, як збялеў камянелы Буднікаў твар, обер адчуў мсцівую асалоду — нарэшце настаў час правучыць гэтага смярдзючага тыпа і даць яму добра зразумець, з кім мае справу.

Ліке вёў веласіпед і рабіў выгляд, што нават не заўважае паліцая. Вочы яго спыніліся на крайнім гумне. Страху абляпілі разамлелыя ад спякоты вароны. Пры набліжэнні людзей птушкі паспрабавалі падняцца, нават узмахнулі крыллямі, але тут жа іх апусцілі — відаць, не чакалі ніякай небяспекі.

Ля дарогі рос тытунь, а паміж ім і гумном чарнела свежая ралля. Обер успомніў здымак расстрэлу партызан, які бачыў на стале ў Вернера. Саломай крыты рускі хлеў з такімі ж варонамі на страсе. Побач — свежая яма. На краі ямы — голы мужчына і белыя, як цеста, целы жанчын. З пісталетамі, настаўленымі ў патыліцу асуджаных, вясёлыя салдаты...

Ліке надта пашкадаваў, што не захапіў апарата.

— Гін! — обер махнуў рукой у бок гумна.

Немцы прыставілі веласіпеды да жэрдак, якімі быў агароджаны тытунь, і накіраваліся да паказанага месца. На дарозе застаўся адзін паліцай — ён бытта думаў і вырашаў, што яму рабіць.

Грыцук ішоў спакойна і ўпэўнена, яму яшчэ не хацелася верыць, што болей ніколі не ўбачыць гэтага расцёртага на муку сотнямі пакаленняў і высушанага на попел дарожнага пяску, выгаралай травы, што апошні раз дакранаўся да яловых жэрдак, якімі сам гарадзіў яшчэ ўчора тытунь.

Грыцук сябе суцяшаў: не можа быць, каб яго расстралялі. Ён жа адзіны мужчына дома, гаспадар, як жа будзе жонка з дзецьмі, са старой маці?.. І рамкі для вулляў не паспеў зрабіць, цяпер медабранне якраз!.. Вечарам з Замкавага лесу меліся прыйсці на хутар тры байцы, што хаваліся два месяцы ў гушчары.

Грыцук яшчэ не ведаў, што двое з іх мінулай ноччу напароліся на ізабэлінскіх немцаў, якія сядзелі ў засадзе, і загінулі.

Хлопцы прасілі, і ён падрыхтаваў дзесяць галовак квашанай капусты...

Учора і ліпу спілаваў на клёпкі!..

Немцы не дурні, не павінны за нішто ўзяць ды і расстраляць здаровага мужчыну, яны ж ад яго карысць могуць мець. Нічога не зробяць, напалохаюць ды пусцяць...

Грыцук быў і рэалістам. Адначасова ён бачыў і разумеў, што сапраўды вядуць яго на расстрэл. Успамінаючы падобныя выпадкі ў суседніх вёсках, ён адчуў — няма ратунку.

Што рабіць?

Стукнуць таго, якога пчала ўкусіла, рыдлёўкай па галаве, вырваць карабін, перастраляць здыхлякоў і — да рэчкі, у кусты! Покуль ізабэлінскі паліцай зніме вінтоўку, покуль пачне паліць — да альшынкі дабяжыш, адтуль — у Замкаў лес ці ў Козі горы!.. А куды падзецца Галі з дзецьмі?.. А Біскупцы?!.

Хіба не так было ў Шаўлічах, за што потым знішчылі ўсю вёску?..

Няўжо няма выйсця?

І няма!

Грыцука агарнула жудасная трывога, у галаве ліхаманкава паўставалі абрыўкі вобразаў.

Учора вечарам вярнуўся ён з лесу ад хлопцаў, а Тася ўжо спала з маткай. Перакладваючы малую да бабкі, ён заўважыў — яна трымае нешта. Расшчаміў кулачок, а з яго выпала фасолька...

Прасіцца ў немцаў?.. Ліха іх бяры, дзеля дзяцей трэба застацца жыць...

— Шнэлер, гунд! — Гофман стукнуў яго ў плечы кантам акутага прыклада, а ў голасе пачулася такая варожасць, што ў Грыцука прапала ўсялякая надзея.

Цяпер ён не прасіў бы літасці, калі б расстрэльвалі і цэлую сям’ю,— усё роўна дарэмна. Калі Грыцук набліжаўся да паказанага месца, сэрца яго абліваў халодны страх.

Брумель пабег наперад. Вось ён спыніўся і з маўклівай згоды обера пачаў крэсліць ботам на мяккай зямлі квадрат: два метры на паўтара.

Ліке падвёў Грыцука і загадаў:

— Гір грабэн! Лёс!..

У обера злосць паволі праходзіла. Яму гэты мужчына станавіўся нават сімпатычны. Чалавек так спакойна і незалежна ўзяўся капаць сабе магілу, як гэта адно рабілі французскія камуністы перад расстрэлам, што паказвалі ў кінахроніцы. А як гэты мужык схапіў загрудкі выскачку Брумеля?! Гэтаму чалавеку тут можна паставіць помнік — Ліке лічыў сябе культурным чалавекам, паважаў гордых і смелых ворагаў.

Але обер-яфрэйтар быў перапоўнены пачуццём абавязку, а сімпатыі да гэтага селяніна былі не такімі моцнымі, каб адпусціць яго. Ліке быў цвёрда перакананы — перад ім сапраўдны вораг, а вораг кожны мусіць быць бязлітасна знішчаны, гэта ясна. Нечуванае нахабства! Што атрымаецца, калі кожны паршывы славянін пачне кідацца на нямецкага салдата з кіем?! Толькі кулю і бізун заслугоўваюць гэтыя басаногія насякомыя, адно так можна іх выхаваць і прыручыць, каб былі нам карысныя!

Пра тое, што Брумель мужчыну абразіў, Ліке і не ўспомніў: па цвёрдым перакананні обера не мог той пратэставаць, хто на гэта не меў права.

Аднак обер-яфрэйтар быў ужо часткова здаволены і ранейшай злосці да чалавека не адчуваў. Цяпер ён мог нават выканаць яго апошняе пажаданне, паказаўшы сваю велікадушнасць: завязаць яму вочы перад расстрэлам, даць пакурыць цыгарэту ці чаго-небудзь напіцца, але не было часу. Ды і з падворкаў за імі напружана сачылі дзесяткі пар вачэй. Не тое што Ліке іх вельмі баяўся, але хацелася хутчэй скончыць гэты спектакль.

Недалёка ад іх пасвілася прывязанае да коліка пярэстае цяля. Устрывожанае крыкам, яно падняло сваю вільготную мысачку і нявіннымі вачыма здзіўлена глядзела на людзей ды пускала сліну.

«Цікава, пра што яно думае?» — спытаў сам сябе Ліке, але зараз жа выкінуў гэта з галавы.

Яму здалося, што ў яго цяпер вельмі маляўнічы выгляд. Усё яшчэ адчуваючы на сабе напружаныя позіркі вясковых людзей, Ліке нагнуўся да мяжы, сарваў васілёк і панюхаў. Знаёмы з дзяцінства пах...

Эх, каб убачылі яго ў гэткай ролі родныя!.. Фэрфлюхтэ, як шкада, што не захапіў фотаапарата, атрымаўся б цудоўны здымак!.. Хацелася есці. Мабыць, даўно пара абедаць. Каторая гадзіна?

Обер па звычцы зірнуў сабе на руку, але там бялеў незагарэлы след ад раменьчыка. Адно цяпер ён успомніў, што збіраўся ехаць у ваўкавыскае гета к яўрэю па адрамантаваны гадзіннік — жыць без яго нельга. Ваўкавыск побач, вярнуўшыся ў Ізабэлін, абавязкова папросіць у лейтэнанта дазволу, толькі змазаць трэба будзе заднюю вось у веласіпедзе, нешта заядае.

Ліке ўявіў сабе, як вяртаецца ў гарнізон. Дакладвае па форме амтскамісару пра выпадак, кладзе на стол планку. Амтскамісар з той няўлоўнай ваеннай грацыяй і спрытам, якія былі ўласцівыя толькі Вернеру, падносіць да казырка руку і ўхваляе яго ўчынак. Затым з маўклівай павагай сустракаюць яго астатнія: пакуль яны адсыпаліся, яму ўдалося знішчыць таго, хто кінуўся на нямецкіх салдат з кіем. Такі потым ліха ведае што мог бы натварыць — машыну ўзарваць ці поезд!.. Зайздрасць сяброў для Ліке — проста шчасце. Ён цэлы дзень ходзіць з узнёслым настроем. Вернер абавязкова пусціць яго ў Ваўкавыск. У Даніі ён з сябрам злавіў яўрэя, то яны атрымалі па тыдню пабыўкі дома...

Вярнуўшыся вечарам з ваўкавыскага гета, ён сядзе пісаць дамоў. На гэты раз будзе пра што пісаць. Але ж як гэта ён не захапіў апарат, паслаў бы заадно і фота, донэрвэтэр!..

Тым часам Гофман, трымаючы карабін напагатове, умудрыўся разглядзець сябе ў люстэрачка з фатаграфіяй дзяўчыны ў купальніку і, здавалася, нікога больш не бачыў. А Брумель, прычасаўшы мокрыя валасы, пачаў церці ўджаленае месца. Гэта не дапамагала, таму ён выцягнуў з похвы плоскі штык і паспрабаваў прыкласці да патыліцы халоднае жалеза.

 

8

А Грыцук усё так жа моўчкі капаў яму.

Вось і жоўценькі пясок. Рыдлёўка прывычна ўлазіла ў мяккую вільготную зямлю, і чалавек рытмічна выкідваў яе наверх. Ад таго, што з вёскі глядзелі людзі, яму было як бы лягчэй. З імі яго яднала варожасць да немцаў і ўпартая зацятасць. Гэтае пачуццё было магутным, у ім ён бачыў працяг сваёй сутнасці, якая мала мела адносін да таго, будзе ён жыць ці не. Толькі часамі ў яго ад страху млела цела, аднімаліся ногі, перасыхала горла, і чалавеку многа каштавала, каб не выдаць сябе.

Халаднаватая і вільготная яма была ўжо яму па калена.

Грыцук раптам спахапіўся, што ў яго зусім мала часу. Няўжо так і не ўбачыць нікога са сваіх?!

Баючыся, што не паспее пра ўсё нават падумаць, ён пачаў ліхаманкава ўспамінаць. Перад вачыма паўстала Галя — яна абнімае дачку.

«І трэба ж было мне на яе так напаследак накрычаць!» — папракнуў ён сябе.

Пад ногі шлёпнулася жаба. Грыцук падчапіў істоту на рыдлёўку, узяў у жменю і пусціў на раллю. Упершыню да гэтага стварэння не паспытаў агіды і адзначыў, якое халоднае, моцнае і трапяткое ў яе цельца.

Ад хутара, выбіваючыся з апошняй сілы, цяжка бегла маці.

Убачыўшы яе, Грыцук адчуў аблягчэнне і надзею. Зямлю стаў выкідваць павальней.

 

9

Калі мужа павялі, Галя ўспомніла:

— Ізабэлінскі паліцай хацеў, каб узятку ім далі!

Маці спахапілася:

— Ах, бо-ожа, у мяне недзе ж тыя пяць царскіх рублёў!

Пра маленькі залаты кружочак, з якога свякруха ўсё збіралася яшчэ перад вайной уставіць сабе зубы, ведала і нявестка. Яна з надзеяй і перапалоханая, што могуць не паспець, закрычала:

— Мамо, хутчэй іх даставайце!

Грыцучыха кінулася ў дом. Перавярнула ўсё ў куфры, але манеткі не знайшла. Па беспарадку ў сваёй маёмасці яна зразумела — там гаспадарылі ўнучкі.

Жанчына накінулася на старэйшую дзяўчынку:

— Ты сюды лазіла, прызнавайся!

— Я семак шукала...— вымавіла тая пасля адгавораў і расплакалася.— Капейку Тася ўзяла...

Галя пачала тузаць малую, але дзіця толькі бяздумна на яе пазірала перапалоханымі вачыма.

— Тасечка, дзетка, успомні, куды ты падзела капейку? — падступіла Галя да яе з ласкай.

Малая ўпарта маўчала.

— Такі жоўценькі-жоўценькі кружочак... Ён вельмі, вельмі патрэбны тату, разумееш, дзетка?! — вымальвала яна ў дзіцяці ратунак, баючыся, што старанні яе дарэмныя, з жахам адчуваючы, як знікаюць яе апошнія надзеі, і ў яе чамусьці мяняецца нават голас.

— Мамо, вы бяжыце туды да іх, а я, калі выпытаю, прынясу адразу! — разважала яна ўжо амаль спакойна, раптам пастарэўшы на многа гадоў.

Грыцучыха панеслася на вуліцу прадухіліць няшчасце.

 

10

Сына старая ўжо застала ў яме па пояс.

— Пано-очку, за што-о вы яго?! — кінулася маці к Брумелю і ўпала перад ім на калені.

— Вэг! — вызверыўся салдат, запіхваючы штык у пахву.

— Што ж гэта ро-обіцца?! Пашкадуйце вы хоць мяне-е — ён адзіны ў мяне, адзінае ў мяне дзіця!.. І ў вас недзе ж таксама мацяркі е!.. Сын мой пагарачыўся, так з кім не бывае!.. Не пралівайце нявіннай крыві, дзеці, што вы ўзду-умалі?!

Раззлаваны салдат накіраваўся да старой і замахнуўся на яе падкутым ботам.

Грыцук выскачыў з ямы. Гофман і Ліке кінуліся яго пераняць.

Калі старую з рассечаным тварам жанчыны адвалаклі на бліжэйшы падворак, Брумель ужо пра яе забыў. Але жанчына крычала на яго і адтуль:

— На, на, антыхрыст, страляй і ў мяне!.. Каб ты свету не бачыў! Вылюдак няшчасны, хай праклятай будзе твая маці, такога нехрысця спарадзіўшы!.. Пусці, Тэкля, я яму слепакі выдзеру, сіла ў мяне шчэ е-е!.. Я задушу гэтага гада, пусці, Тэклечка!

— Сціхніце, мама!.. Прыйдзе час і на іх! — крыкнуў ёй сын.— Даглядайце дзяцей з Галяй!..

— Швайгэн! — абрынуўся на яго Ліке.

Гофман выбіў нагой у Грыцука рыдлёўку.

 

11

Грыцуку загадалі павярнуцца тварам да ямы. Брумель прыставіў яму рулю карабіна да вуха.

Жанчыны і дзеці на падворках залямантавалі.

Бах! — у сухім паветры грымнуў стрэл, чалавек асунуўся ў яму.

З гумна ўзняліся вароны.

Цяля парвала вяроўку і, задраўшы хвост, панеслася да рэчкі.

Людзі прыціхлі і пахаваліся.

Брумель паклікаў да ямы сяброў, і яны ўсе хвіліну глядзелі ўніз. Затым немцы накіраваліся да дарогі.

Буднік заўважыў, што ішлі яны бадзёра, у іхніх вачах з’явілася нешта новае: у іх свяцілася калі не радасць, то нейкая самаздаволенасць і пачуццё выкананага абавязку.

— Біттэ! — Гофман з паважаннем перадаў планку обер-яфрэйтару.

— Данке! — адказаў той, засаджваючы кавалак дрэва за папругу з бляшкай, на якой віднеліся словы: «Гот міт унс».— Абфарт!

Пералазячы праз жэрдку, немцы неяк занадта велікадушна запрасілі Будніка не адставаць, разабралі веласіпеды і паехалі не азіраючыся.

Але Буднік застаўся.

Да ямы пакуль што ніхто не падыходзіў. На гурбачцы жоўтага пяску там сядзела Грыцучыха. На каленях у звар’яцелай жанчыны ляжала сынава галава. Растрапаная, з рассечаным і акрываўленым тварам маці старанна вытрасала з абсмаленых парахавымі газамі сынавых валасоў пясок, скідвала з аголеных грудзей пілавінне, дзьмула ў крывавыя ямы вачніц, як дзьмуць малому на драпіны, і ласкава, цярпліва пыталася:

— Табе, сынок, баліць?.. Нічога, Толічак, пацярпі!.. Хутка з Ваўкавыска вернецца татка з доктарам... А покуль што я табе загавару: лішай-лішай, агонь мяшай!.. Лішай-лішай, агонь мяшай!.. Цьфу, цьфу, цьфу, згінь, Ярыла!..

Амярцвелы Буднік доўга глядзеў на дзікі малюнак. Затым сеў на веласіпед ды націснуў на педалі. Круціў з лютасцю педалі і думаў: гэтага акупантам ён не даруе ніколі.

 

Раздзел дзевяты

 

1

Гэтаксама я магу сабе ўявіць і «акцыю» расстрэлу людзей, пачатак якой мы некалі з Валодзькам назіралі праз турэмнае акно ў Беластоку, калі з пад’езда выводзілі Мішу Толуця, як вязалі іх ды кідалі ў машыны з брызентавымі верхамі, каб адправіць іх у страшнае месца Пескі. У смяротнікаў, сціснутых у кузавах, бы селядцы ў бочках, ні ў кога не было сумнення, што іх чакае. Бо арыштантаў нават павязалі дротам,— як непатрэбную рэч, якую збіраюцца выкінуць на сметнік і таму не клапоцяцца аб выгодзе. Але людзям здавалася, што здарыцца самае страшнае яшчэ не скора, і покуль што яны рукі стараліся трымаць так, каб менш упіваўся ў запясце метал.

Толькі апошні шлях надта кароткі. Апамятацца ніхто не паспеў, як машыны спыніліся.

Скурчыўшыся ад ранішняй сырасці, з аўчаркамі на павадках стаялі эсэсаўцы. Галодныя сабакі ўзнялі шалёны брэх. Выштурханыя з кузаваў людзі жмурыліся ад яскравага сонца, ад мільярдаў бліскучых расінак на траве. Неўзабаве паліцаі павялі іх да ўзгорка.

Прыгавораныя яшчэ нічога не ведалі пра страшную яму, яны бязладна і паспешна брылі ў той бок, куды іх перлі бобікі.

Звар’яцела гарланілі немцы, каторыя камандавалі «акцыяй». Гэта быў адзін з прыёмаў катаў. Крыкам і віскам паралізавалі ахвяры на тыя пару мінут, пакуль ішла працэдура дастаўкі людзей да месца. Шалёны віск сваіх хлебадаўцаў паліцаі чулі кожны дзень і заўсёды яго тлумачылі па-рознаму.

Мінулы раз выладаваная з машын партыя стала разбягацца. Бобікам здалося, што гэта з-за іхняй непаваротлівасці расстралялі тады цэлую партыю не ля ямы, і акрываўленыя целы давялося потым далёка валачы, ад крыві рукі і мундзіры доўга адмываць ля рэчкі.

Бобікі думалі, што немцы памятаюць той выпадак і таму гэтак шалеюць.

Каб дадаць адзін аднаму злосці, паліцаі гарланілі таксама. Яны лаяліся і лупцавалі смяротнікаў прыкладамі, не разбіраючы — галава, плечы, жывот. Паліцаі бралі рэванш і лезлі са скуры, каб давесці, не так яшчэ могуць, бо недарма пераводзяць нямецкі паёк.

Матрунін сын заўважыў знаёмых. Цяпер яны нікому нічога больш не маглі сказаць, можна было не цырымоніцца. Былога члена Кампартыі Заходняй Беларусі з Гарадка Чэсек Павала здзяліў ботам, а настаўніка-шахматыста Варанцова — па спіне прыкладам:

— Ага, і вы, сабакі, трапілі сюды?! — крыкнуў ён ужо цяпер без аглядкі.— Хіба я вам не абяцаў гэтага яшчэ на падворку турмы? Казаў вам, паршывыя свінні, нэ?!. А вы ўсё думалі — на вяселле вязуць!..

Аглушаныя і прыдаўленыя гвалтам людзі паступова сталі кумекаць, чаго ад іх хочуць, і нястройнай калонай рушылі каля навалам пакіданай у вялізныя кучы вопраткі.

Асуджаныя не бачылі, што лявей таго месца, куды іх гналі, з-за бруствера выглядаў нацэлены на іх «машынгэвэр» з закладзенай у казённік металёвай лентай.

Кулямётчык обер-яфрэйтар, звесіўшы ногі ў ячэйку, пакуль што сядзеў на брустверы, з апетытам аплятаў бутэрброд з шынкай і глядзеў на іх вачыма раўнадушнага мясніка. Побач на газеце ляжала яго снеданне і стаялі дзве бутэлькі піва.

Недалёка ад кулямётчыка, ля горкі свежай зямлі тырчэў камандзір узвода з доўгім бізуном і нездаволена чакаў, калі «фэрфлюхтэ поліцістэн» зробяць тое, што трэба. Камузвода «эсэсманаў» раптам выявіў: не ўсе ахвяры раздзетыя. Абураны такім непарадкам, ён закрычаў і, збіваючы расу на траве, кінуўся насустрач калоне.

Крайні ў калоне брыў Толуць з Зуброў. Атрымаўшы бізуном, Міша спыніўся і пачаў сцягваць нагавіцы. Звязанымі рукамі зрабіць гэта было нялёгка. У гэты момант афіцэр, які камандаваў усёй «акцыяй», здалёк віскнуў:

— Ахтунг!..

Узводны ўстрапянуўся — позна. Немец толькі піхнуў мокрым ботам Толуця ў бок доўгай ямы і рынуўся прэч, пакідаючы людзей кулямёту. А обер-яфрэйтар, пачуўшы каманду, не спяшаючыся, адклаў бутэрброд, дажаваў сняданне.

Тады ён узяўся за бліскучы, пакрыты свежым лакам прыклад «машынгэвэра» і стаў спакойна даводзіць ствол.

Людзі здзівіліся, што нарэшце няма звар’яцелай паспешнасці, што ніхто іх больш не лупцуе. Усе стаялі босымі нагамі — хто на халаднаватай траве, хто на пацямнелым ад вільгаці пяску. У апошні момант эсэсаўцы прыперлі аднекуль і далучылі да іх сям’ю з шасці чалавек — мужыка, жонку, чацвёра дзяцей. Самае меншае маці несла на руках і, каб супакоіць, яму паціху штосьці спявала. Муж трымаў васьмігадовага сына, ласкава штосьці яму тлумачыў ды гладзіў па галоўцы, а хлопчык уздрыгваў ад прыглушанага плачу. Крыху большыя два хлопчыкі ішлі, трымаючыся за рукі, і ўсхліпвалі, бытта іх хто пакрыўдзіў.

За гэтай сям’ёй Міша толькі цяпер з жахам убачыў яму, а ў ёй — поўна народу. Людзі там нібы спалі, аднак позы ў іх былі незвычайныя, і ляжалі яны адзін на адным, як дровы...

— Шлюс! — рэзка прагучала апошняя каманда.

— Шлюс! — як рэха, паўтарылі яе арганізатары «акцыі».

— Шлюс, фэртых!..

— Анфангэн! — зноў падаў голас першы немец.

Міша ніяк не чакаў, што самае страшнае здарыцца вось цяпер, у гэты момант. Ён жа яшчэ не гатовы, тут жа дзеці і ўсё гэта так недарэчна! — апошні раз у ім устрапянулася ды закрычала душа. Але нечакана секануў кулямёт. Хлапец не паспеў нават перавесці дых. Нешта чужое і бесцырымоннае раптам штурхнула яго ў спіну, апякло, і ён адразу перастаў чуць стрэлы. У вушах зазвінела, перад вачыма пайшлі нейкія колы, і таго імгнення, калі хлапец, змецены чаргой хуткастрэльнага «машынгэвэра», падаў у страшную адхлань з целамі, для яго свядомасці ўжо не існавала. Яму папоўніў яшчэ адзін труп.

Па заданні оберштурмбанфюрэра Цымермана разам з транспартам асуджаных мог ехаць і Мікалай Буднік. Потым ён мог прысутнічаць пры ўсім гэтым жаху ды бачыць, як расстрэльвалі яго знаёмага, Мішу Толуця. Магчыма, такое бывала не раз, і Мікалай глядзеў на жудасную бойню, але не мог і пальцам пашавяліць у абарону няшчасных. І, магчыма, было б тое самае, калі б ля ямы ў Песках апынуўся я, Валодзька ці каторы-небудзь з яго братоў, бо адмяніць лёс няшчасных ён бы не змог, а толькі выдаў бы сябе.

Апісаныя выпадкі ўражваюць чалавека нават у перасказе. Як жа было перажыць патрыёту тыя жудасныя мінуты, будучы побач з сябрамі і знаёмымі, якіх арыштоўвалі, дапытвалі, катавалі ды расстрэльвалі?

Як было цярпець такое амаль кожны дзень на працягу двух доўгіх ваенных гадоў, не выдаючы сябе, застаючыся з чыстым сумленнем, не пераходзячы той граніцы, дзе канчаецца патрыёт ды пачынаецца саўдзельнік злачынстваў?!

Якая патрэбна чалавеку вытрымка для таго, каб у гэткім пекле працягваць сваю справу. Ці знайшоў бы ў сабе столькі сілы волі я?

І, як парадокс, герояў такіх, як Мікалай Буднік, чакала трагічная, фатальная доля. Партрэты людзей, падобных да Косцевага брата, часамі пачалі друкавацца пару дзесяцігоддзяў пасля вайны і часта — пасля смерці.

 

2

Болей пра свайго знаёмага, на жаль, нічога не ведаю. У дзейнасці яго многа для мяне самога няяснага.

Напрыклад, я не ведаю, якую Мікалай займаў апошні час пасаду ў немцаў. Па архіўных дадзеных канцылярыі Беластоцкага «бецырка» ў Цымермана лічацца людзі з карэннымі нямецкімі прозвішчамі і такімі ж імёнамі. Выходзіць, Мікалай у іх служыў пад чужым прозвішчам? Тады паўстаюць іншыя пытанні.

Фашысты, гэтыя абаронцы чысціні расы, такую далі прамашку, што паверылі фальшывым дакументам Мікалая і на высокую пасаду ў СС узялі самага звычайнага беларуса?

Як Мікалай пазбег падазронасці? Якія былі ў яго непрыемнасці ў сувязі з гэтым?

Мы не ведаем, у каго ён быў закаханы, як наогул нічога невядома пра жыццё героя ў Беластоку.

Нам невядомыя і падрабязнасці таго, як Мікалай загінуў. Дабівацца і шукаць іх? Зашмат часу прайшло з тых гарачых дзён, а паміж людзьмі існуе суровы і няўмольны закон: жывыя, як бы яны ні кляліся помніць, рана ці позна ўсё ж такі забываюць мёртвых, а мёртвыя не могуць расказаць пра сябе ўжо таму, бо мёртвыя.

На аснове некаторых звестак, недарэчную смерць Мікалая я прыблізна магу апісаць.

 

3

У пачатку сакавіка Мікалай праз Заходнюю Прусію вяртаўся ў Берлін са службовай камандзіроўкі. Цяпер у яго быў абавязак — кантраляваць настрой «русской добровольческой армии» (РДА). Гэтай вайсковай фармацыі былі падпарадкаваны рэшткі батальёна Рагулі, роты Камінскага, Кушаля ды астатнія ўзброеныя банды беларускіх нацыяналістаў.

Наслухаўся і наглядзеўся Мікалай шмат, у яго было што перадаваць у Маскву.

Недзе побач грымела перадавая. Мікалай імчаў уздоўж фронту па ракаднай шашы, уяўляючы, як дома ўключыць рацыю ды пачне перадаваць шыфроўку. Ён укладваў сабе тэкст ды адначасова прыдумваў, як абдурыць нямецкіх радыёпеленгатараў. У той жа час Мікалай уважліва сачыў і за тым, што тварылася вакол. Да сваёй ролі ён ужо даўно прызвычаіўся адносіцца менш-больш спакойна. Страху няма месца, калі ведаеш, што трэба рабіць і жывеш толькі клопатамі, страх тады — перашкода к мэце.

Было да чаго прыглядвацца.

Уся дарога — забітая тэхнікай і людзьмі разгромленай арміі. Пад незлічонымі коламі і гусеніцамі хлюпала слізкая гразь. Адусюль несліся нервозныя крыкі і лаянка. Немцы былі разгубленыя. Іх наогул нельга было пазнаць — шэрыя, брудныя і нават як бы меншыя ростам салдаты, бесталковыя камандзіры, пакіданыя на абочынах, зарытыя насамі ў зляжалы снег машыны.

У нейкім гарадку яны не маглі пераадолець затору, утворанага з гармат, грузавікоў ды фурманак з перасяленцамі. Буднікава машына вымушана была спыніцца ў гэтым хаосе, і ветравое шкло амаль упёрлася ў тры пары ботаў, якія звісалі зверху.

Далей грувасцілася горба трэсак, зямлі, пакрышанага танка, а на ўцалелай сцяне з абрыўкамі абояў недарэчна блішчаў лакам карычневы шкафчык сцяннога гадзінніка.

Мікалай высунуў галаву з кабіны.

На тоўстых вяроўках, закінутых на жалезны гак да тэлефоннага слупа, пагойдваліся тры маладзенькія салдаты з плакатамі на грудзях:

«Я — дэзерцір. Я прадаў фюрэра і Германію. Ганьба мне!»

Буднікаў шафёр Ротэк — прыбалтыйскі немец і закаранелы нацыст — абурыўся:

— У гэтакі цяжкі для радзімы час здрадзіць фюрэру!.. Подлыя шкуры!

Мікалай за Ротэкам ведаў не адно злачынства. Нарэшце не трэба было падтрымліваць добрых адносін з гэтым ненавісным тыпам, і ён напаў на шафёра:

— А ты — што, спецыяльна машыну загнаў у тупік? Хочаш заняць месца побач з гэтымі трыма тыпамі? Пяць мінут табе часу на выезд з кавардака!

Мікалай вылез з машыны.

Усяго з паўсотні кіламетраў адгэтуль кацілася лавіна армій Ракасоўскага. Мікалаю выпала быць яе авангардам і ў тыле праціўніка глядзець поўнымі вачыма, прысутнічаць пры разлажэнні войска нацыстаў, быць сведкам краху трэцяга рэйха.

На плошчы, каля біцюга з задранымі капытамі, расцягнулася чарга цывільных. Пажылыя мужчыны і жанчыны тупымі нажамі адпілоўвалі нясвежае чырвонае мяса ды клалі яго сабе ў сумкі. Чарга за канінай доўгая, немцы і тут засталіся немцамі — не тоўпіліся, стаялі адзін за адным з інтэрвалам на метр...

Пакуль Ротэк нейкімі дварамі ды агародамі аб’язджаў нагрувашчванне машын, Мікалай паспеў заглянуць у апусцелую рэдакцыю і набраць свежых газет. Калі ж выехалі за горад, ён разгарнуў газету і ўсміхнуўся.

Гледзячы на паперу, можна было рагатаць.

У занятай савецкімі войскамі Усходняй Прусіі кінаперасоўкі ўжо паказвалі дакументальныя фільмы аб злачынствах нацыстаў на савецкай зямлі. Цэнтральны орган нацыянал-сацыялістаў «Фолькішэр бэобахтэр» інфармаваў пра гэта і гразіў:

«Ладна, ладна, няхай покуль што паказваюць. Палатняны экран сцерпіць усё!..»

У «Пройсішэ нахрыхтэн» замест перадавой — тлустым шрыфтам надрукаваны заклік — не паддавацца паніцы, вытрываць і браць прыклад са Сталінграда.

«Гэты горад,— павучала газета,— таксама быў абкружаны з усіх бакоў ворагам, і амаль поўнасцю занялі яго нямецкія войскі, але бальшавікі ўсё ж такі знайшлі ў сабе сілы выстаяць ды адагнаць праціўніка. Хіба не здольны на такое мы, немцы — слаўныя нашчадкі нарманаў?! Як бы цяжка ні было, мы павінны ваяваць! Мы будзем ваяваць і ніколі не капітуліруем! Нам патрэбны, гаворыць фюрэр, толькі тры рэчы: вайна, вайна, вайна, бо любы мір будзе для нас шмат горшы!..»

У чэрвені 1941 года немцы ў сваіх зводках не інфармавалі, дзе знаходзіцца лінія фронту, каб толькі інфармацыяй не карысталася камандаванне Чырвонай Арміі. Цяпер немцы самі не ведалі, дзе знаходзяцца іхнія часці. Становішча на франтах нямецкія газеты вызначалі па дакладах карэспандэнтаў англійскага агенцтва Рэйтэр, амерыканскага Асашыэйтэд Прэс, нашага ТАСС...

 

4

У раёне Шнайдэмюле, калі аб’язджалі танкавую калону, Мікалай насцярожыўся — з’явіліся савецкія самалёты. Паветраныя браневікі ядавіта-змяінага колеру са свежымі чырвонымі зорачкамі на плоскасцях ляцелі нізка і адразу выклікалі ў калоне паніку. Мікалай забраўся ў кювет, дзе яму ўспомніліся першыя дні вайны.

Бездапаможнае прыгранічнае Гродна. Мікалая са студэнтамі ўзялі ў атрад СПА. Перад яго вачыма зараз паўсталі загарэлыя спатнелыя зенітчыкі, якія плакалі ад крыўды ды рвалі на сабе гімнасцёркі,— скончыліся снарады, і з навалай варожых самалётаў яны сваімі шматлікімі стваламі нічога не маглі зрабіць. У бясхмарным ды смярдзючым ад дыму небе нахабна снавалі «штукасы» і «месершміты» з крыжамі ды свастыкамі на бартах. Ашалелыя ад страху жанчыны з дзецьмі, якіх самалёты засталі на сярэдзіне моста, з лямантам скакалі цераз парэнчы з дванаццаціметровай вышыні ў Нёман, бытта ў вадзе чакала іх збавенне. З занёманскай часткі горада ў цэнтральную, з цэнтральнай у занёманскую з трывожным лямантам насіліся адной вялізнай чорнай хмарай ашалелыя галкі...

Усё гэта было.

Таму, калі савецкія штурмавікі цяпер зайшлі на шашу зноў, Мікалай адчуў, якую маленькую мясціну займае ён на зямлі і якая вялізная перад «Іламі» плошча прасціраецца з варожай тэхнікай. У нашпігаваным нямецкімі машынамі полі неўзабаве пачуўся танец смерці. Да ашалелага ад узбуджанасці Мікалая сталі даходзіць толькі асобныя яго фрагменты.

Уздыбленыя танкі, грузавікі, злоснае фырканне асколкаў.

Над галавой — імклівыя віхры грудак з мёрзлай зямлі і калючага, як агонь, снегу.

Абрубак чалавека, сіратлівая кісць рукі, замест нагі — агалёная белізна бедранай касці.

Сплюшчаны чэрап.

Слізкае, крывавае месіва. Застылы жах на твары ашалелага танкіста, які, ахапіўшы галаву, разбрызгвае нагамі гэтую ліпкую, тлустую, бардовую гразь, бяздумна некуды ляціць ды плача чорнымі слязьмі.

Напоўнены дзікім шчасцем Мікалай закрычаў пілотам:

— Ну-у, родныя хлопчыкі, давайце!.. Малаціце іх, мярзотнікаў, за ўсё!.. Даўно яны гэтага вартыя!.. Заходзьце, мілыя, заходзьце яшчэ раз!..

Для чалавека, які надта ўзбуджаны, час ляціць імгненна. Будніку здалося, што самалёты адляцелі надта скора. Выбраўшыся з кювета, ён выявіў, што машыны яго разам з шафёрам не існавала. Мікалай вельмі здзівіўся — здарылася гэта на вачах, а ён нават не заўважыў.

І Мікалай павалокся па разварочаным полі ўздоўж абсмаленых «пантэр» і «тыграў», браневікоў і танкетак з абгарэлымі на вугаль чалавечымі лялькамі, у што ператварыў агонь танкістаў.

Нехта кагосьці панічна клікаў, прасіў дапамогі.

Нехта лаяўся — доўга, адмыслова, успамінаючы чорта і святыя дары, пераплятаючы нямецкую лаянку з рускай.

У бліжэйшай яме хтосьці прарэзліва вішчэў — бытта яму прышчаміла пальцы...

Мікалай адзін радаваўся гэтаму разгрому. З вышыні свайго двухметровага росту ён з трыумфам разглядваў былых уладароў Еўропы, якія ў яго Зеляневічах не адчынялі інакш і брамкі як толькі ботам.

Цяпер гэта былі бездапаможныя чалавечыя фігуркі ў зялёных шынялях, што бесталкова мітусіліся, енчылі ды клікалі адзін аднаго.

І раптам — выбух!

Ракавая дэтанацыя наступіла раней, чым Мікалай паспеў падумаць, што разарваўся прыстрэлачны снарад нашай артылерыі і хутка пачнецца тут новае пекла, але гэта майму земляку ўжо ведаць не было суджана. Мікалай толькі адчуў моцны штуршок ды заўважыў, што шаша з абгарэлымі танкамі раптам павярнулася да яго вертыкальна, а ён ужо спрабуе беспаспяхова ўзбірацца па ёй, як па драбіне, убіваючы кіпцюры ў месцамі адталую зямлю.

Потым Мікалай адчуў, што ён чамусьці ляжыць, як спавіты, не можа варухнуць ні рукой, ні нагой, і яму раптам стала лёгка-лёгка, бы ў сне. Далей Мікалаю здалося, што ён нясецца па дарозе і з нейкай вышыні, зводдаль разглядвае даўно не голеныя, напружаныя, злыя морды.

«Што гэта са мной? — падумаў ён.— Ага, я ранены і трызню. Ды ранены, здаецца, грунтоўна. А як жа радыёграма?! — агарнуў хлапца адчай. Ён нават упікнуў сябе, што не паслухаўся вадзіцеля і паехаў карацейшай дарогай, а не ў аб’езд: — Адчуваў, мярзотнік, няладнае!..»

Дзесьці побач трэснуў новы выбух прыстрэлачнага савецкага снарада. Мікалай улавіў яшчэ нейкія гукі, але яго ўжо ахапіла апатыя да ўсяго на свеце і толькі прабілася жаласць да сябе. На імгненне, як у сне, перад патухаючым зрокам мільганулі Зеляневічы, маці, браты, нейкае поле з адзінокай грушай, і на гэтым свядомасць яго пагасла.

 

5

А неўзабаве пачалася артпадрыхтоўка армій Ракасоўскага.

Столькі мінут, колькі было прадугледжана штабам Другога Беларускага фронту, дрыжэла і падскоквала навокал зямля ад выбуху снарадаў рознага калібру. Як цацкі, лёгка падскоквалі і зноў дыбіліся абгарэлыя танкі, машыны, ды хадуном хадзіла мёрзлая зямля. Нешматлікія і дэмаралізаваныя немцы пазашываліся ў траншэі, ямы, варонкі, наверсе засталіся толькі падсмажаныя і страшныя лялькі з танкістаў, шафёраў, ды ў кювеце ўсё ляжаў даўзёрны белакуры эсэсавец. Калі побач ухалі снарады, усе трупы падкідвала, яны, як жывыя, мянялі палажэнне, целы абсыпала грудкамі ды калючым снегам...

Ішоў сакавік 1945 года. Снарадаў ды гарматных ствалоў Савецкая Армія мела ўжо дастаткова. Нашая артылерыя малаціла варожыя парадкі доўга, грунтоўна і шчодра. Яна нанесла немалую шкоду тэхніцы ворага, разбурыла яго вузлы сувязі, бетонныя і земляныя агнявыя кропкі. Гарматы сваімі вогненнымі джаламі дабраліся і да салдат у траншэях і ямінах, але, як знарок, як часта бывала на вайне, Мікалая не кранула болей і асколачкам.

Праз некалькі гадзін суцэльным патокам хлынулі сюды лавіны чырвонаармейцаў. Ішлі і ішлі шэрыя ад стомы, з каменнымі тварамі, зацятымі вуснамі тысячы байцоў — вялікіх пакутнікаў гістарычнага змагання з нацыстамі — белых і чорных, рускіх і беларусаў, украінцаў і грузінаў...

Нарэшце першыя эшалоны пракаціліся.

У тым месцы, дзе «Ілы» разбамбілі танкавую часць, пахавальная каманда, якая складалася з пажылых дзядзькоў, не вельмі спяшаючыся, прыступіла да свайго невясёлага абавязку. Трупаў чырвонаармейцаў на гэты раз байцы не выявілі, затое ўсюды валяліся нацысты.

Дзядзькі падаставалі з нямецкіх кішэняў дакументы ды прыняліся звалакаць целы.

Вялізнага эсэсаўца ледзьве ўдвух прывалаклі.

— Слаў, слаў недзе сваёй фрау пасылкі з Расіі, абяцаў і сам завітаць і — не дайшоў!..

Гэтыя салдаты, як яны самі пра сябе казалі, усю вайну «прапоўзалі на жыватах». Адзін з іх быў аж дванаццаць разоў ранены, у іншага на фронце загінула тры сыны. Камандаванне аб іх паклапацілася. Восенню, калі 3-я Ударная армія закончыла ў Курляндыі ліквідацыю варожай групіроўкі і адышла ў тыл, каб перавесці дых, ветэранаў забралі з батальёнаў ды накіравалі на гэтую спакойную пасаду. Спачатку салдаты выяўлялі цікавасць да кожнага нябожчыка-немца, разглядвалі яго раны, прыкідвалі, які ён быў пры жыцці, і нават шкадавалі, калі нябожчык быў малады, але цяпер прызвычаіліся і сваёй увагай абдзялялі не кожнага.

На заўвагу таварыша другі салдат толькі буркнуў:

— Адваяваўся і гэты гіцаль, царства яму нямецкае!

Ён адчапіў у Мікалая незаўважаны раней планшэт ды шпурнуў яго на нямецкую пярэстую плашч-палатку, дзе ўжо ляжала горба «зольдатэнбухаў» і незразумелых папер, з якімі пакідалі яны разбірацца штабнікам. Ветэран ссунуў на патыліцу замызганую вушанку з зорачкай, выразанай з банкі з-пад кансерваў, папляваў на рукі ды ўзяўся за рыдлёўку.

Салдаты ўзяліся закапваць трупы. Рабілі яны гэта спрытна, грунтоўна і не без задавальнення — бытта ў глыбокім бліндажы, разварочаным снарадам буйнакалібернай гаўбіцы, завальвалі яны зло, якое, можа, ліха на яго, яшчэ вярнуцца, калі сваю работу пахавальная каманда зробіць абы-як.

Гродна

1968—1979 гг.

 


1968-1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Белая Дама: Аповесці. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1992. – 447 с.
Крыніца: скан