epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Шчодрая адплата

Каля аптэкі стаіць чатырохгадовая дзяўчынка са смешным рабаціннем на твары. Адной рукой яна гойдае каляску з дзіцем, якое надрываецца ад плачу, а з другой — ліжа марожанае. Малочныя струменьчыкі цякуць па пальцах, падбародку. Вочкі яе бездапаможна ловяць прахожых.

Нарэшце малая заўважае, што я ўсміхаюся.

— Цёця, ён пла-аца! — скардзіцца даверліва.

Я калыхнула каляску, паправіла пялюшку.

— Як жа цябе зваць?

— Валянціна Іванаўна.

— О-го!.. А дзе ж твая мама, Валянціна Іванаўна?

— У аптэцы.

— Я пакалышу тваю сястрычку, а ты скокні па яе!

Адыходзячы, дзяўчынка кідае з дакорам:

— Ён брацік, а не сястрычка!

Праз хвіліну ў дзвярах аптэкі з’яўляецца жанчына і вінавата апраўдваецца:

— Малы есці хоча, таму і плача. А дзе пакорміш?

— А вы нясіце ў аптэку. Валянціна Іванаўна пабудзе ля калыскі!

— Хіба што!..

Жанчына панесла дзіця. Я намерылася ўжо ісці, але Валя робіць таямнічы рух пальчыкам. Я нахіляюся.

— Прыходзьце да нас,— шэпча,— я дам свае цацкі паглядзець!

Тут жа бачыць, што яе прапанова нерэальная. Хвіліну думае.

— Цёця, лізніце марозанае! Яно сма-ацнае, сма-ацнае!.. Лізніце!..

І яе ліпкая рука працягвае вафельны кубачак, а ў вачанятах свеціцца радасць: нарэшце знайшла чым аддзячыць.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан