epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Сіла мацярынства

Пакінула я ў Бабруйску бабцы двухгадовую Святланку, а сама — у партызаны.

Зімой адправіліся мы на заданне. Трэба было пераправіцца праз раку каля самага гарнізона. Плылі мы паміж крыгаў, стараліся нават не дыхаць, ды раптам вялізнай крыгай лодку падняло, і яна перакулілася. На мне кажух, вінтоўка, рэчавы мяшок з пяццю кілаграмамі толу ды сотняй патронаў: я адразу так і пайшла каменем на дно.

Сабрала ўсе сілы, устрапянулася, стала выплываць. Стукнулася ў днішча галавой ды зноў патанула. Гэтак другі раз, трэці, покуль не выбілася з сілы.

Канец мне! Адчула, што млею.

І тут успомніла светлую галоўку дачушкі ды падумала — а на каго ж яе пакідаю?! Аднекуль з’явіліся ў мяне новыя сілы. Нібы адкрылася другое дыханне.

Узяла я крыху ўбок ды вынырнула побач з перавернутай лодкай. На днішчы ляжалі нашы хлопцы.

— Таня, мілая, жыва-ая?!

Сябры дапамаглі. Успаўзла я да іх, і мы, грэбаючы рукамі ваду, дабраліся да берага. Толькі тут «дазволіла» я сабе абамлець — асунулася на снег без памяці.


1962-1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан