epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Сіла песні

Гэта здарылася ў час грэка-персідскіх войнаў. У гарах Элады трымаў абарону невялічкі атрад грэкаў. Разведка далажыла, што на іх сунецца велізарная навала персаў. Абаронцы паслалі ў Афіны ганца па падмогу, ды адтуль ім на ратунак, бытта ў насмешку, прыслалі толькі нейкага лысага ды кульгавага чалавечка.

Раззлаваныя абаронцы ледзь не пасеклі яго на кавалкі.

Тым часам кульгавы чалавечак быў піітам. Праз пару дзён ён развучыў з абаронцамі патрыятычную песню і гэтак узняў у суайчыннікаў баявы дух, што зусім невялічкі атрад герояў неўзабаве разбіў ворага ўшчэнт.

Пра здарэнне гэтае я памятаю са школьнай хрэстаматыі.

У Вялікую Айчынную вайну на Беларусі здарылася нешта падобнае.

* * *

У Магілёўскай вобласці партызанам уеўся ў косці нямецкі гарнізон і чыгуначны вузел Чавусы. У ім акапаўся батальён салдат, які высылаў сваіх кулямётчыкаў для засад у самыя нечаканыя месцы. Партызаны цярпелі, цярпелі, а ў ноч пад Новы, 1943 год чатыры брыгады сабраліся разграміць Чавускі гарнізон.

Сярод ночы партызаны абкружылі станцыю ды занялі зыходныя пазіцыі, каб у тры гадзіны раніцы — па чырвонай ракеце — рынуцца ў атаку.

Толькі цяпер партызаны даведваюцца, што вораг іхні намер разнюхаў. Сувязныя з Чавусаў далажылі: учора прыйшло немцам папаўненне — два новыя батальёны. Салдаты пасля абеду выдзёўбвалі ў мёрзлым грунце гнёзды для станкачоў ды агнявыя для гармат і мінамётаў. Потым фашысты, назганяўшы з гарадка дзяўчат, цэлы вечар на пероне танцавалі.

Партызаны доўга думалі-гадалі, аднак вырашылі рызыкнуць.

Дакладна ў тры гадзіны над узгоркам узвілася сігнальная ракета, і чатыры брыгады рынуліся ў атаку. Як трэба было спадзявацца, немцы адкрылі з усіх відаў зброі пякельны агонь. Партызанская атака захлынулася. Не то што крок наперад — галавы ніхто ўзняць не можа ад зямлі, так сякуць фашысты: мін, снарадаў ды патронаў, як вядома, яны не шкадавалі. Да таго ж зброя ўся была добра прыстраляна — з улікам мясцовага рэльефу, асабліва ў месцах, дзе верагодней за ўсё паяўленне праціўніка. Партызанскія камандзіры ўжо думаюць, як зацемна вырваць з гэтага пекла людзей, бо днём на снезе партызаны будуць знізаны на мушку.

Але тут здарыўся выпадак, непрадбачаны ніякімі інструкцыямі, не вядомы нямецкім афіцэрам яшчэ ні па адным тэатры ваенных дзеянняў.

Партызанскі камандзір узвода прарваўся-такі праз варожыя акопы ды забег на станцыю. Там з гарачкі ён уляцеў у будынак вакзала пад ахову мураваных сцен. Ачухаўшыся крыху, давай разглядацца.

Карбідныя ліхтары. Блокі акумулятараў. Радочкі доўгіх рычагоў для пераключэння стрэлак і семафораў, сігнальныя шчыты, яшчэ нейкія прылады. Непачатыя кніжкі квітанцыяў, даведнікі — малыя і вялікія. Тэлефонныя апараты. На тумбачцы — радыёпрыёмнік «Тэлефункен» і кубачак з недапітай кавай.

Цікаўны партызан уключыў прыёмнік, і шкала, на дзіва, загарэлася. Па-нямецку, вядома, хлопец разумеў няшмат, але «Москаў» прачытаў ды пачаў дакручваць ручку...

Яшчэ звечара ад «Тэлефункена» немцы правялі на перон гучнагаварыцель — вайсковы, магутны, яго чуваць радыусам у дзесяць кіламетраў; пад гэты гучнагаварыцель яны танцавалі. І трэба ж было так супасці, што ў гэты момант якраз у Маскве скончылася перадача на французскай мове (у Парыжы было яшчэ толькі 23 гадзіны), а маскоўскі дыктар запусціў пласцінку з песняй.

І вось ляжаць партызаны перад варожымі акопамі, мерзнуць, бедныя, на голым снезе пад кінжальным агнём, ды раптам — сваім вушам нават не вераць! Над Чавусамі ўпэўнена прабілі да болю ў душы знаёмыя куранты Спаскай вежы, а затым рускі густы бас загрымеў так, што ўмерзлая на камень зямля задрыжала:

 

Встава-ай, страна огромная!

Встава-ай на смертный бой!

С фаши-истской силой темною,

С прокля-атою ордой!..

 

 

Партызан бытта ўзняло ветрам. Без ніякай каманды яны ўскочылі, закрычалі ды, узбіваючы ботамі сухі снег, як на крыллях, ламанулі на фашыстаў: для іх перасталі ўжо існаваць агнявыя запоры, зробленыя чужаземнымі афіцэрамі.

На грэбені ўсё той жа эмацыянальнай хвалі партызаны занялі станцыю на працягу дваццаці хвілін.

* * *

На шматпакутнай беларускай зямлі ўзняліся пасля вайны помнікі.

Штыкі-сілуэты — сімвалы мужнасці гаротнікам-пехацінцам, царыцы палёў.

Т-34 — героям-танкістам.

Які і Ілы, «кукурузнікі» і По-2 — сокалам-лётчыкам.

Гаўбіцы, «ЗІСы» і «саракапяткі» — меткім артылерыстам.

Нават пастаўлены на вечны пастамент звычайныя кулямёты.

Усе гэтыя сімвалы народ шануе і беражліва перадае з пакалення ў пакаленне.

Але камплект сімвалаў няпоўны.

У бліжэйшы час у Чавусах узнікне яшчэ, вядома, і помнік савецкай ваеннай песні. Унікальны за ўсю другую сусветную вайну выпадак, замяніўшы легенду старажытнай Элады, яшчэ ўвойдзе ў школьныя хрэстаматыі ўсіх краін і народаў, знойдзе ўвасабленне ў мастацтве — як залаты праменьчык таго высакародна-святога ды бязмерна гарачага па напале агню, якім гэтак гарэў наш народ у часы цяжкіх выпрабаванняў,— і праз ланцужок пакаленняў панясе па ўсім свеце яго неўміручую сілу.


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан