epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Слепата

Студэнтку Юлю спакусіў адзін тып. Ён — забулдыга, п’яніца, хам і мае сабе ў горадзе некалькі жанчын. Да Юлі прыходзіць раз у тыдзень, каб добра нажэрціся, выманіць грошай. Юля ў такі вечар лётае па сямі паверхах інтэрната. За вочы ўсе яе асуджаюць, з яе смяюцца, абзываюць дурной, бязвольнай авечкай, але з жаласці даюць, колькі хто можа.

Сёння еду з ёю ў тралейбусе. Юля да мяне нахіляецца і давярае таямніцу:

— Ведаеце, я пасябравала з адным маладым чалавекам. Ён такі чулы і добры, так мяне разумее, так за мной глядзіць, пра мяне клапоціцца, і мы так з ім ладна жывём, што і не раскажаш!.. Ой, паверце мне, я такая шчаслівая, такая шчаслівая, мне так до-обра на душы!..

Голас і вочы ў яе шчырыя, чыстыя, натхнёныя... Адкрыць ёй усю праўду? Тое ж самае, што надта слабому ды безнадзейна хвораму чалавеку сказаць, што ён усё роўна праз пару дзён памрэ.


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан