epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Сон

Апошні час я зусім нічога не рабіў. І было пра што пісаць. Мне ўдалося знайсці багаты матэрыял пра віцебскіх партызан і нямецкага штурмана. Матэрыял быў з вострым сюжэтам, нікім не крануты, але ж было вышэй маіх сіл пераадолець якісьці бар’ер ды ўзяцца за пяро. Я знаходзіў сабе прычыну — то непрачытаную кніжку, то непрагледжаны часопіс, то чакаў пошту, спадзеючыся атрымаць які-небудзь выклік ды паехаць у камандзіроўку, каб адно не брацца за работу, то ўкрадкам ад сваіх хадзіў у кіно...

Я не знаходзіў сабе месца. Зрабіўся няўпэўнены, раздражнёны, сам сабе абрыд, а пры гэтым ведаў дакладна, што варта адно пераскочыць нябачны рубеж, акунуцца ў работу — і адразу апынуся ў атмасферы цудоўнага творчага ўздыму ды буду зноў насіцца па горадзе, бы закаханы, а знаёмыя, як заўсёды, будуць пытацца, куды так спяшаюся.

Мінуў цэлы месяц, а я ўсё не знаходзіў сабе месца.

І вось па тым, мабыць, прынцыпе, па якім галоднаму сніцца хлеб, у юнака бываюць палюцыі, а здароваму чалавеку, што жыве аднастайна, прысніцца, бытта ён ляціць з гары ці трапіў пад машыну,— і ў маім, гадамі прызвычаеным да творчасці арганізме спрацаваў засцерагальны механізм і ўскалыхнуў ссумаваную па рабоце душу: ноччу падкінуў незвычайны сон. Раніцой я прачнуўся шчаслівы і ўражаны — бачыў сваю першую настаўніцу, пані Стражынскую з мястэчка Гарадок!

Я і не падазраваў, што мая душа гэтак адданая гэтай польцы — бы роднай маці!

Дакладна так, як перад мамай, калі б яна раптам аджыла, я захацеў пахваліцца пані Стражынскай сваімі справамі, дзецьмі, сябрамі, поспехамі, кватэрай; захацеў расказаць ёй перажытае ды паскардзіцца на кепскіх людзей.

Прачнуўшыся, я пачаў успамінаць Стражынскую ды з жахам спахапіўся, што не магу сабе ўявіць яе твару. Кінуўся я да шафы, разгарнуў альбом з фатаграфіямі ды прыгледзеўся да настаўніцы праз лупу. Няўжо мой любімы чалавек меў такі вялікі рот, доўгі нос і няўжо была яна аж такая худая?!

Што ж, у тым узросце людзей запамінаюць па паху цукеркі, якую ён табе даў, па шаўковай кофце, бліскучай брошцы, пярсцёнку; мяне пані Стражынская падкупіла душой. Усе гады вучобы ў сямігодцы яна перажывала маё няўменне, радавалася поспехам, падбадзёрвала, нечага ад мяне ўсё чакала, бараніла і ратавала, і ні разу не абразіла.

Бараніць нас было перад кім; разам вучыліся дзеці багацеяў і чыноўнікаў, але пані Стражынская якраз была на баку пакрыўджаных і абяздоленых, слабых і знямоглых.

А вось пад лупай і я. Падстрыжаная галава з кірпатым носам ледзь выстае з-над плячэй школьніц. У класе я быў, бадай, самым малым, да таго ўсе астатнія вучні былі абутыя. Каб не відаць было босых ног і я не сапсаваў здымка, фатограф уціснуў мяне паміж Валяй Савіцкай і Соняй Цукерман.

Валін брат, Шурка, стаіць у другім радзе. Праз восем гадоў гэты самы Шурка з Цыклопам канваіраваў Соню Цукерман ды пані Стражынскую на конскія могілкі. Цыклоп для фашыстаў быў знаходкай, ад яго можна было спадзявацца ўсяго, але ж я не магу і да сённяшняга дня зразумець, як на ганебную службу да немцаў трапіў Шурка. Нармальны, здаецца, хлопец, сын прафсаюзнага дзеяча і «грамадоўца», паважанага ў Гарадку чалавека. Шурку не падвядзеш ні пад якія шаблоны.

Сонін бацька быў хірургам. Калі ў маёй вёсцы захварэў на заварот кішок Дзямідка і страшаўца без грошай не прынялі ў бальніцу, Цукерман зрабіў яму аперацыю бясплатна...

На фатаграфіі нас трыццаць двое — дваіх не захацелі. Сашку К. бацька забараніў фатаграфавацца, каб не плаціць за здымак трыццаць грошай.

У Гарадоцкай сямігодцы заіклівы Сашка быў для мяне апорай. Сашкаў брат удзельнічаў у забастоўках, паходах на штрэйкбрэхераў, і ўсе гэтыя падзеі мы перажывалі разам. Потым Сашку ўзялі ў Чырвоную Армію. У першы дзень вайны на граніцы немцы яго злавілі і да дня Перамогі пратрымалі ў палоне. Вярнуўшыся дамоў, Сашка ажаніўся, пусціў на свет гурбу мурзатых дзяцей ды гэтаксама, як яго бацька перад вайной, ходзіць няголены, а падворак яго зарастае травой. Праўда, Сашка ўжо тым-сім розніцца. У яго велькай хаце вісіць заседжаная мухамі электрычная лямпачка. Сашкава поўная кабета карыстаецца пральнай машынай...

Бываючы ў ПНР, кожны раз я імкнуся ўбачыць сябра, але Сашка заўсёды ўхітраецца ўцячы ды схавацца. Я на сябра не крыўдую. У Сашкі не столькі зямлі, каб развярнуць гаспадарку на сорак кароў, купіць трактар, наняць работніка, што ў ПНР дазваляецца, але ж у яго няма і характару, каб кінуць бацькаў надзел ды куды-небудзь падацца. Зрэшты, з сямігадовай адукацыяй куды Сашка пайшоў бы?! І ён, бедны, цягне паныла лямку, зняверыўшыся ў сабе, як цягнулі яго продкі.

Стражынскую ў сне спаткалі мы разам. І вось мы водзім настаўніцу па Гарадку — адбудаваным, з новым гмахам Дома культуры імя Кастуся Каліноўскага, з фабрыкай трыкатажу... Водзім, шчаслівыя, бы імяніннікі, сябар перастаў нават заікацца і ўвесь час гаворыць. На гэты раз па-польску гаворыць чыста, мовай інтэлігента. Мы абодва ведаем, што ніколі не перайшлі б з класа ў клас, каб не Стражынская. Колькі ёй даводзілася змагацца за двух беларусаў на педсаветах, даводзіць, прасіць і ўгаворваць настаўнікаў!.. І малады, прыгожы Сашка ўзахлёб здае цяпер ёй справаздачу за гады выпрабаванняў. А чаму і не пахваліцца яму? Чыноў ён, праўда, не нажыў, ордэнаў не мае таксама, але, дзе б ні знаходзіўся, я ведаю пэўна, Сашка быў чалавекам і Стражынскую не падвёў. Мне вядома, што ў Стражынскай засталася сіратой дачка, трэба было б спытацца ў маці пра лёс малой, але мяне аж падмывае гаварыць пра сваё.

Мы абодва ведаем, што Стражынская расстраляна, ведае і яна сама, але пра гэта ніхто з нас не гаворыць. Пані Стражынская мамінай посцілкай прыкрыла на грудзях свежыя раны ад куль Цыклопа ды слухала Сашку так, як гэта ўмела рабіць толькі яна: з жывой, непадробнай і сардэчнай зацікаўленасцю, спагадліва і цярпліва. Бо яна, як маці, любіла ў нас свой боль, свой страх, начное ўставанне для нас. Яна любіла нас так, як скупы любіць сваю скарбонку. Любіла нас у сабе, сябе ў нас — мы мелі шмат супольнага, што нас яднала, а яе скарбонка дала потым плёны, і яна цяпер хацела ведаць якія.

...Я ўсё разглядаю здымак. Для цяперашніх дзяцей фота гэтае ўжо такой даўнасці, бытта для нас былі малюнкі з часоў Напалеона. Трыццаць два чатырнаццацігадовых хлапчукоў і дзяўчынак — палякаў, яўрэяў, немцаў, беларусаў, рускіх і татар — пазіраюць са здымка ў аб’ектыў зусім не так, як глядзелі б цяперашнія дзеці. Вочы і твары ў маіх аднакласнікаў не па ўзросту сур’ёзныя, у іх няма бяздумнасці і тупога самаздавальнення. Усе яны бытта ведаюць, што для пераважнай большасці з іх гэты пажоўклы здымак — адзіная магчымасць пакінуць па сабе след. Сямёра загінула ў гета. Пяцёра склалі свае галовы на фронце (двое ў нямецкай арміі, адзін у польскай, двое ў савецкай). Двое выпадкова трапілі пад бомбы. Чацвёра памерлі ад звычайных хвароб, Шурка Савіцкі ўцёк у Швецыю, яго праклялі свае людзі...

Пані Стражынская сядзіць у цэнтры, побач з кіраўніком школы. Я каторы раз дзіўлюся, што настаўніца зусім не такая, якой я запомніў, якой яна да мяне з’явілася ў сне. З ночы ў мяне застаўся нядосып: мы доўга хадзілі па Гарадку. Сашка, бадзяга, усё гаварыў ёй пра сваё, я намагаўся перахапіць ініцыятыву, але так і не здолеў. Увесь час я не адводзіў вінаватых вачэй ад мамінай посцілкі, пад якой у настаўніцы былі крывавыя раны.

Яе забіў Дыгендышаў пляменнік — вучань нашага класа. Яго імя я не памятаю. Ведаю толькі, што ён быў сіратой і жыў у дзядзькі, Дыгендыша. Правае вока хлопчык меў змешчанае на сантыметра паўтара к цэнтру лба. Дзеці прыдумалі для яго здзеклівую мянушку Цыклоп, а пані Стражынская толькі і мела клопату яго бараніць. Але ж не магла настаўніца хадзіць за няшчасным крок за крокам. Таму Цыклоп не прыйшоў і фатаграфавацца.

«Вы шчэ пра мяне пачуеце!» — крычаў ён у тую хвіліну да нас цераз плот. Мы тады абыякава слухалі пагрозы, бо да яго выхадак прызвычаіліся. Напрыклад, пасадзім з мужам Стражынскай у агародчыку пад акном кветкі, а Цыклоп іх павырывае. Аднойчы знішчыў цэлую выстаўку нашых малюнкаў, арганізаваную панам Стражынскім...

Муж настаўніцы, пан Станіслаў, быў высокім брунетам. Гэта ад яго я навучыўся вастрыць аловак доўгімі, смелымі зрэзамі, маю ўяўленне аб гарызантальнай і вертыкальнай перспектыве, ведаю ноты ды асновы нямецкай граматыкі...

Мама аднойчы вярнулася з мястэчка, усхвалявана гаворыць бацьку:

— Ой, слухай, Нічыпар, то ж Стражынская развялася з мужам! Увесь Гарадок толькі пра гэта і гаворыць!.. Такі файны пан, а яна — захацела і кінула яго!.. Ты чуў калі-небудзь пра такое?!

Я ўпершыню бачыў маму такой. У яе бойкім голасе было захапленне ўчынкам настаўніцы ды выглядала на тое, бытта ва ўчынку Стражынскай — частка і мамінага геройства.

Так і я не дазнаўся потым, ці Стражынская разводзілася з мужам сапраўды.

У канцы 1942 з беластокскага гета ўцяклі Цукерманы. Дабраўшыся нейкім чынам за ноч да нашай вёскі, на світанні дачку і жонку хірург павёў грэцца да Дзямідка, якога некалі выбавіў ад смерці. Дзямідавы бабы ўзнялі гвалт ды выперлі гасцей з хаты, а гаспадара пагналі на паўстанак у нямецкі бункер. Хутка два салдаты з аховы пуці, дапіўшы сваю каву, ускінулі карабіны на плячо ды адправіліся па свежых слядах Цукерманаў. Стомленую сям’ю немцы дагналі за тры кіламетры ад Страшава, пад лесам Дубава...

Я ўжо не памятаю, за што тады бралі ў Гарадку заложнікаў, у лік якіх трапіла і Стражынская. Потым арыштаваных павялі на конскія могілкі і далучылі да іх сям’ю хірурга. Дыгендышаў пляменнічак, які ў ролі паліцая для фашыстаў быў знаходкай, папрасіў дазволу ў фельдфебеля расстраляць настаўніцу. Стары Цукерман над ямай трымаў аслабелую жонку, а яго Соня абнялася з настаўніцай...

Тое ўсё адбылося вельмі даўно, але сёння Стражынскую ўбачыў я так выразна, што нават разгледзеў кожную нітку на посцілцы, а ў вушах яшчэ гучыць яе голас. Сон разварушыў ва мне злы боль, аднавіў страсці, гукі і пахі дзяцінства ды так мяне ўскалыхнуў, што ляніўства ды неспакой некуды ў момант выветрыліся, увесь я напоўніўся прагай да працы ды з жахам падумаў: «О-ей, як я мог цэлы месяц біць бібікі?!»


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан