epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Суседзі

У доме цёткі Насці калісьці партызаны ў любы час знаходзілі не толькі сала ды квашаную капусту — яна лясных хлопцаў лячыла, абмывала, а калі трэба, то аж у Маладзечна, у Смаргонь хадзіла на разведку. Падраслі дзеці — і гэты самы дом зрабіўся цесны ад моладзі. Выехала на цаліну старэйшая дачка, пацягнула за сабой другую, і абедзве выйшлі там замуж. Затым шафёр з суседняй вёскі павёз у Карэлію самую маладзейшую, а сын застаўся ў войску кадравіком. Пахаваўшы мужа, цётка засталася адна. Не раз забівала яна ў хаце вокны ды выязджала назаўсёды да дзяцей, але няўмольная сіла як магнітам цягнула бабку назад. Нацешыўшыся ўнукамі, яна пасылала зяця на станцыю даставаць білет ды вярталася зноў у вёску.

Побач з хаткай цёткі Насці вырас дом начальніка нейкай канторы — размаляваны, як цацка, з двума ганачкамі, з адмысловай тэлевізійнай антэнай ды спляценнем правадоў на белых ізалятарах. Яго гаспадара цётка бачыла два-тры разы, бо ён вечна калясіў на сваім «газіку» па раёне, затое часцей трапляла цётцы на вочы яго жонка, Лілія Барысаўна,— дыпламаваны спецыяліст.

— Ал-ла, на дварэ халаднавата, ідзі дамоў і адзень бручны ансамбль! — крычала яна часамі дачцэ з ганачка.

У гарачыню ж мажная кабета ў калматым халаце часта выходзіла ў агародчык і да непрыстойнасці агаляла сваё тлустае цела. Цётка Насця спрабавала з суседкай загаварыць, але размова не атрымалася, і бабка сябе пераканала, што, вядома, вучонай жонцы начальніка гаварыць з простай сялянкай няма пра што і нічога ўжо на гэта не параіш.

Яшчэ часамі на двары ў іх бегаў за пакаёвым сабачкам сямікласнік ды ўсё лавіў момант, каб сфатаграфаваць свайго бобіка, калі той падыме нагу на слупок. Убачыўшы гэтую сцэну, бабка кожны раз плявалася, ківала галавой ды спяшалася дамоў, каб не паганіць сваіх вачэй.

Усё пачалося мінулай вясной, калі бабка ў баковачцы пасадзіла на яйкі квактуху. На праданне цётка не трымала нічога — хапала пенсіі; куранят ёй захацелася мець проста для таго, каб насалодзіць душу жывымі галасамі.

І вось настаў запаветны дзень. Пад квактухай пачулася спачатку кволенькае ціўканне, а неўзабаве кураняты зазвінелі на ўсю хату; жанчына заснула ў гэты дзень шчаслівая, як у дзяцінстве. Раніцой прыпякала сонца, і цётка квактуху з дзеткамі выпусціла на двор — хай яны парадуюцца сонейку, пагрэбаюцца ў пяску.

Рыхтуючы на сняданне бульбу, бабка пачула нейкі лямант. Яна выцерла падолам рукі, выглянула на парог.

За плотам з куранём у руках стаяла Ліля Барысаўна.

— Гэта тваё?! — раз’юшана закрычала суседка.— То курыца твая лезла мне ў агарод, а цяпер цэлы вывадак сюды наслала? Будзеш цяпер ведаць, другі раз не пускаць!..

Маладая жанчына хапіла куранятка за ножкі, разарвала жоўты камячок на дзве палавінкі ды жывыя кавалачкі шпурнула цётцы пад ногі.

Старая спачатку не паверыла сваім вачам. Апрытомнеўшы, яна загаласіла на ўсю вёску:

— Ах, вы-ылюдак ты-ы, што ж ты нарабі-іла?! Так толькі немцы ў вайну з людзьмі-і рабілі-і!.. Ах, фашы-ыстка ты пракля-атая!..

Збегліся людзі, пачалі бабку супакойваць, але яна галасіла больш гадзіны. Лілія Барысаўна зводдаль назірала за ўсім гэтым, нарэшце загадала сыну, які вярнуўся якраз са школы:

— Жоржык, бяры магнітафон і гэтую ідыётку запішы мне на плёнку!

У той самы дзень кабета падала на бабку ў суд за абразу. Народны суд адмераў ёй 30 рублёў штрафу. Бабка адразу падала апеляцыю і на вызначаны тэрмін адправілася ў вобласць са сведкамі — былымі партызанскімі сувязнымі. Яшчэ наняла і адваката.

На разборы справы ў Гродне бабчын адвакат Лілію Барысаўну абазваў цывілізаваным піцекантропам ды складна і пераканаўча гэта абаснаваў. Суддзі доўга раіліся, тады загадалі прынесці магнітафон, пракруціць плёнку. Старшыня аб’явіў:

— Аднак ты, бабка, грамадзянку Пятрову, спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, непрыстойным словам «фашыстка» абазвала? Абазвала! За гэта табе і вынеслі правільнае пакаранне — штраф, і мы яго ўхваляем!

— Лю-удзі, тава-арышы начальнікі, паду-умайце,— узмалілася цётка Насця,— дак яна ж маё куранятка на два кавалачкі разадрала, як той... бы тая... Унь і сведкі сядзяць, прыехалі са мной!..

Законнікі параілі:

— А ты бяры гэтых самых сведкаў ды падай у суд на яе, Пятрову мы аштрафуем гэтаксама.

На гэтым справа скончылася.

— Дак я ж не хачу з ёю судзіцца, хай яе халера возьме, я хачу адно пра-аўды! — скардзілася мне потым у адчаі пажылая жанчына ды паказвала жмут дваццаціпяцірублёвак: — Грошай мне шкада? Іх у мяне во колькі! Я дабіваюся, каб штраф знялі, бо гэта несправядліва! Тая сцерва — і праўда як фашыстка! Дыплом мае? Дык і фашысты вучанымі былі, па сем разоў на дзень мыліся!..

Я поўнасцю згаджаўся з цёткай Насцяй, аднак дапамагчы ёй нічым не змог.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан