epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Сустрэча з дзяцінствам

1
2
3


1

Больш за ўсё я наслухаўся некалі пра зуброў.

Ля нас была вёска Зубры. У лесе расла духмяная зуброўка. У дзядзькі Лавіцкага на акне ляжаў грэбень з зубровага рога. Цётка Кірыліха пазычала цяжарным маладзіцам магічны пояс з зубровай скуры, каб радзіліся здаровыя хлопцы. Пра гэтага звера ў нас хадзілі легенды, ён быў абкружаны культам рамантычнай пашаны і захаплення.

Бывала, збяруцца мужчыны на вуліцы і апавядаюць:

— Калі загінуў адзін зубёр, уся вёска Масева заказала малебен у царкве. Бо стане табе на мосце і — ні прайсці, ні праехаць. Сколькі жывёлы перапсаваў!..

— Наогул яны спакойныя. Пілуем, бывала, асіну, ён зводдаль стане ды чакае. Дрэва гупне на зямлю, зубёр падыдзе і есць сабе верхавінкі. Мы абсякаем голле, а ён — хоць бы што!.. Рахманыя, калі не дражніць...

— Любімая забава яго — рагамі падкопваць дрэўцы. А рогі ў яго моцныя, выгнутыя паўмесяцам ды расстаўлены шырока — тры мужыкі сядзе свабодна — і называюцца бадала. Калі зубёр злуе, то махае хвастом і аблізваецца, халера на яго, ды хрукае, бы кныр. Не смей тады кінуць у яго сучком — так і ўзніме на бадала!

І я ўжо дакладна ўяўляў, як зубры дужаюцца з дрэвам, як траскаціць у лесе, калі бягуць гэтыя волаты.

 

2

У вайну адзін час я быў у дэсантнікаў, а стаялі мы тады ў Гута-Міхалінскім лесе. Зімой да нас у Гуту прыбыў з партызанскай брыгадай капітан Вайцяхоўскі — геройскі камандзір ды абаяльны чалавек. Разам з капітанам прыбыла і яго слава, і, доўга не думаючы, я перамахнуў у яго брыгаду.

Вайцяхоўскі неўзабаве атрымаў загад перабазіравацца з брыгадай у маю мясцовасць — лясы паміж Гродна і Беластокам. Сталі збірацца ў паход. Камбрыг звярнуўся да мяне з пытаннем:

— Парай, Алёша, дзе б нам па дарозе харчовыя запасы папоўніць. У нас — сто дваццаць едакоў, улічы...

— Го, па дарозе вёсак шмат! — здзівіўся я.

— Не падыходзіць,— уздыхнуў Вайцяхоўскі.— Раніцой вясковыя старасты пад пагрозай смерці мусяць дакладваць у камендатуру, што за ноч узялі ў сяле партызаны — кожнае яйка, кожны кавалак хлеба, збанок малака, галоўку капусты... Маючы такія дадзеныя з цэлай акругі, дзяжурны афіцэр разносіць іх па карце. Праз пару дзён яму няцяжка вызначыць кірунак прасоўвання групы і колькасць людзей у ёй. Наш паход на Гродзеншчыну павінен стаць нечаканасцю для немцаў — ежу мусім браць так, каб фрыцы не заўважылі. У Гута-Міхаліне — тысячы едакоў, сам ведаеш, як тут усё навокал падчысцілі — хутка шышкі будуць збіраць у кацёл!..

— Та-ак, зада-ача!..— задумаўся я: мне надта захацелася зрабіць паслугу гэтаму чалавеку.

І раптам я ўспомніў, як перад Грунвальдскай бітвай кароль Ягайла з дружынай цэлую зіму ў Белавежскай пушчы паляваў на тураў, зуброў, аленяў, дзікоў ды сушыў мяса для арміі. Потым так забяспечвалі сябе мясам паўстанцы 1831 года, а ў 1863 — каліноўшчыкі. Праўда, тураў даўно выбілі, а за драбнатой не надта станеш ганяцца — тэмп жыцця цяпер іншы, затое ля Свіслацкай дачы, у Белавежы, засталося 14 зуброў. Гэта — адзінае месца на свеце, дзе яшчэ ў натуральных умовах пасвіліся стэпавыя веліканы. Адзін наш вучоны (Дземяшкевіч з Оршы) нават ахвяраваў сябе высакароднай мэце — захаванню чалавецтву апошніх магікан Беларусі, застаўся ў немцаў у тыле ды з чэрвеня 1941 г. не пакідаў запаведніка. Шкада, вядома, пераводзіць рэдкіх звяроў, але ж у зубровым стадзе — палова самцоў, і жывуць яны нязгодна. Аднаго для такой справы можна ахвяраваць.

І я ўжо з гонарам пахваліўся багаццем свайго краю.

— Мікалай Калістратавіч, заб’ём аднаго самца, тады харчу ўсім хопіць! Ведаю прыблізна, дзе іх шукаць у пушчы!..

Пачалі мы ўдвух лічыць. Трапляюцца самцы і па тысячы чатырыста кілаграмаў — пра гэта і ў школьных хрэстаматыях напісана. Выпатрашаны нават меншы волат заважыць, мабыць, з тону. Тысячу кілаграмаў мяса падзяліць на сто дваццаць чалавек — выйдзе паўпуда на брата. Зубровае мяса спажыўнае, ды і тлушч легкастраўны: васьмікілаграмовай запраўкі кожнаму партызану хопіць, прынамсі, дзён на дзесяць.

— Ладна, вядзі! — згадзіўся камбрыг.

 

3

У Белавеж валакліся мы дзён з пяць: хітрылі, блыталі сляды, разведвалі дарогу. Як часта бывае ў канцы сакавіка, пасля цудоўнага надвор’я, раптам пахаладала. Узняўся вятрыска, бязлітасна сёк нас снегам. Ад харчоў усухамятку ўсе паслаблі, а тут пайшла мясцовасць зусім вымерлая; Белавежскую пушчу вермахт «падараваў» фельдмаршалу Герынгу для палявання, і каб ачысціць яе ад партызан, вакол пушчы фашысты спалілі 87 вёсак, а насельніцтва вывезлі.

Адным словам, брыгада рухалася даволі вяла і без настрою. Самым бадзёрым сярод хлопцаў быў, мабыць, я. Не дзіва. Вёў я ў свае мясціны цэлую партызанскую брыгаду. Толькі было шкада зубра, якога мы з Вайцяхоўскім ахвяравалі. Я стараўся сябе суцешыць: гэты звер нашых людзей выручаў не раз, выручыць і цяпер. Застанецца яшчэ іх аж трынаццаць, пасля вайны развядзём...

Нарэшце, згаладнелыя, перамерзлыя і аслабелыя, апынуліся мы ў Свіслацкай дачы ля загарады з тоўстых жэрдак. Брыгада, распаліўшы вогнішча, мелася чакаць, покуль мы асвяжуем ды прывалачом з разведчыкамі тушу, але партызаны нечакана парушылі план. Сто дваццаць хлопцаў раптам ажывіліся ды на чале з Вайцяхоўскім палезлі цераз жэрдкі.

А вось і звяры.

Статак бурых аграмадзін бесклапотна адпачываў сабе на снезе. Тырчаў толькі на кароткіх ножках ды спакойна жаваў жвачку барадаты самец з абледзянелай поўсцю. За імі дурэлі шустрыя цяляткі. Трэцяе маці аблізвала, і з яго валіла пара.

Пачуўшы шастанне ботаў, зубры неяк даверліва ды з цікавасцю павярнулі да нас макраватыя мысы і не крануліся з месца. Бытта лічылі зусім натуральным, што тут апрача іх — яшчэ хтосьці. Адно цяляткі пазадзіралі хвасты ды памчалі да матак. Барадаты ж волат праз хвіліну нязлосна набычыўся на нас, грэбнуў капытамі, абдаў сябе клубамі снежнай крупы і страсянуў бародкай, ад чаго заляскаталі ледзяшы на баках. Тады зубёр пругка выгнуў спіну, раскошна пацягнуўся ды гучна, нібы паравоз, уздыхнуў, бытта сказаў:

«Эх, хлопчыкі, а сілы, халера, колькі накапілася ва мне!.. Што зробіш, няма куды яе падзець!..»

Ад відоку самаўпэўненых і бяспечных волатаў партызаны анямелі.

— Да-а! — толькі праказаў у цішы начальнік нашай разведкі Міцька Табуноў.

— Гэта дык гэ-эта!..— дадаў нехта другі.

Раптам мне зрабілася сорамна: няўжо і праўда,— я думаў забіць зубра?! Усім адхацелася ўжо есці. Стала нават бы цяплей. Мы ж з Вайцяхоўскім не маглі глядзець адзін аднаму ў вочы.

Сорамна — падвёў камбрыга.

Але Вайцяхоўскі, здаецца, не злаваў. Не злавалі і астатнія. Мінут з пяць усе яшчэ падзівіліся на зуброў ды сталі пералазіць агароджу назад.

— Да пабачэння! — па-панібрацку кінуў звярам Табуноў ды памахаў ім рукой.

...Неўзабаве наша брыгада размясцілася дняваць у ельнічку. Я з разведчыкамі адправіўся на месца спаленых Борак шукаць адзічэлых кароў.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан