epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Толік

Паміж Нетупай і Юзафовам, у лесе, стаяў хутар, дзе цяпер толькі кусты дзікага бэзу ды астаткі цэментовага калодзежа. Гісторыя хутара такая.

З пачатку вайны па юзафоўскай дарозе вялі палонных. Адзін баец уцёк і забег на гэты хутар пераадзецца.

Праз гадзіну на веласіпедах ехалі жандары з паліцаямі. Дзядзька запіхнуў байца ў падполле.

У хату ўвайшоў спатнелы паліцай напіцца вады, а пяцігадовы Толік яму кажа:

— А от я цябе не баюсо і не сказу, сто ў насай яме дзядзя хаваецца!

Жандары вывалаклі ды расстралялі палоннага.

Затым вывелі з хаты ўсю сям’ю — бацькоў, хлопчыка, дзве дзяўчынкі і паставілі пад гумно.

Мацеры захацелася ўратаваць хоць сына. Яна ўпрасіла немцаў дазволу паслаць яго па ваду. Малое, вядома, уцячы не здагадалася.

Хлопчык падышоў да калодзежа, дзе два паліцаі стаялі ля веласіпедаў, ды пачаў дужацца з калаўротам. Бабка Тэкля якраз несла з лесу ягады; жанчына з-за плота давала хлопчыку знакі, паказвала на густое жыта, але ён упарта спрабаваў крутануць корбу.

Паліцай, які выдаў палоннага, моршчачыся ад сваёй дабраты, наліў паўвядра свежай вады. Затым падаў бляшаную конаўку ды буркнуў:

— Бацька твой думаў, што надта разумны, а хтосьці дурны!.. Цяпер будзе мець!.. Нясі, хоць нап’ецеся шчэ!..

Ужо крыху разумеючы, што ён натварыў, Толік пацікавіўся ў другога паліцая:

— Дзядзя, а вы таксама за немцаў? Ці вы за рускіх?

Знаёмы бобік гыркнуў:

— Ідзі, заменак, хутчэй назад, калі натрапіў на добрых немцаў!..

— А ты, старая ведзьма, чаго тут растапырылася? — пагнаў другі старую Тэклю.— Хочаш таксама яму заскварыць?!

Ля гумна два жандары — мажныя мужчыны ў жоўтых мундзірах і ў касках са ссечанымі вярхамі — нарыхтавалі ўжо аўтаматы ды з нецярпеннем азіраліся. Калі Толік, нарэшце, прыйшоў, адзін з немцаў дзелавіта, бытта збіраючыся падсадзіць хлопчыка на каня, падагнаў малога:

— Ком, ком! Прэндко! Шнэль!

Вядро і кружку Толік паставіў на мурог пад ногі звар’яцелай ад гора, заплаканай маці. Бацька зачэрпаў вады і напаіў малых. Калі ўсе напіліся, фашысты скасілі сям’ю з двух аўтаматаў ды пачалі падпальваць будынкі.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан