epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Трое

Шасцікласніца Лена ўголас зубрыць гісторыю. Яе брату, пяцікласніку і вучню музычнай школы Ваню, страшэнна абрыдла развучваць практыкаванні «на левую руку», «на правую», «на трэці палец», «на чацвёрты»... Хлопчык заняўся імправізацыяй.

Да піяніна ён прывалок восем паўлітровых слоікаў з-пад «Рагу з агародніны», вядро вады і кубак. У першы слоік ён налівае ваду, стукае па ім кіёчкам, а пальцам прабуе клавіш «до». Пад рукі лезе настырная балонка, хлопчык бесцырымонна яе адпіхвае ды з захапленнем працягвае няпланавы занятак. Яшчэ крыху, яшчэ. Цяпер толькі кроплю... І вось ужо звон шкла супадае з гукам струны піяніна. Напоўнены слоік ён нясе ў другі пакой.

Хутка ў яго там з’яўляецца цэлая гама з васьмі пасудзін.

— ...Сяляне плацілі феадалу аброк натурай, як, напрыклад, хлебам, быдлам, грашыма, і гэта называлася аброкам,— закрыўшы падручнік, гаворыць сама сабе з прыжмуранымі вачыма Лена ды раптам спахопліваецца: — Ванька, мамка казала, каб ты збегаў па хлеб і малако ў магазін — унь грошы ляжаць!

Хлопчык з неахвотай пакідае свае слоікі, бярэ сумку і грошы, ідзе да дзвярэй. За ім бяжыць балонка.

— Моцька, сядзі дома, я — на работу! — адпіхвае ён сабаку нагой ад парога ды выходзіць.

На дварэ пачынае ўжо цямнець. Ад мокрага снегу стаіць лёгкі туман. На пустой вуліцы відзён адзін школьнік. У Вані ля ног шлёпаецца снежка ды абдае яго пырскамі.

— Эй, пацан, куды я табе трапіў? — цікавіцца незнаёмы.

Ваня ўвесь перапоўнены запалам творчасці, заклік да знаёмства не прымае.

— І нікуды ты не трапіў — за кіламетр ад мяне яна ўпала! — кпіць ён ды бягом кідаецца ў хлебны магазін.

Вярнуўшыся дамоў, хлопчык папрывязваў да слоікаў драцяныя дужкі, прасадзіў пад іх кіёк, абодва канцы паклаў на спінкі крэслаў і давай выстукваць гаму. На дзіва, у яго ўжо не «до», не «рэ», не «мі»...

Што за ліха?!

— Ленка, ты ваду адліла? — нападае ён на сястру.

— Прывецік! Не бачыш, што я нават ад стала не адыходжу?

Заклапочаны брат зноў валачэ слоікі да піяніна, клёпае пальцам па клавішах, далівае па кроплі ды носіць слоікі ў другі пакой. Чуваць, як сястра ўсё зубрыць:

— Добра. А цяпер мы паўторым яшчэ раз. Адрабляць феадалу працадні будзе называцца — бар-шчынай, а плаціць натурай — аб-рок. На аброк яны аддавалі пану быдла, грошы, хлеб... Ванька! — заглядвае яна ў сумку і робіць вялікія вочы: — А дзе малако-о? Ы-ы-ых, не купіў?! Бессаромны ты ўжо зусім — мама ж хутка вернецца!..

Брат нездаволена бурчыць, хапае сумку, адпіхвае ад дзвярэй балонку ды імчыць у магазін яшчэ раз.

Прынёсшы пакупку, Ваня чапляе слоікі на кіёк ды бярэцца выстукваць мелодыю. Гама фальшывіць зноў.

— Ваду зноў ты выліла? — Ваня з кулакамі кідаецца на сястру.

Вяртаецца дамоў маці, а дзеці б’юцца. Яна іх сяк-так мірыць, ды пачынаюць яны ўсе разам шукаць прычыну загадкавай з’явы. Раптам глядзяць, а з аднаго слоіка Моця... хлябае ваду.


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан