epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Тры сустрэчы з Коласам

1954 г. У тэатры Янкі Купалы ідзе III з’езд пісьменнікаў Беларусі. Тры дні ішоў дыспут, а цяпер — галасаванне. Усе разабралі бюлетэні. Колас таксама ўзяў свой бюлетэнь, пайшоў за кулісы, сеў на пянёк ад нейкай дэкарацыі і старанна кагосьці стаў выкрэсліваць.

Я на дзядзьку Якуба наляцеў знячэўку ды вельмі разгубіўся. Гляджу, а ён — разгубіўся таксама і таропка ды вінавата, як хлопчык, каб, барані божа, не ўбачылі, каго ён крэсліць, закрывае ад мяне бюлетэнь газетай, нецярпліва глядзіць мне на ногі ды чакае, калі я пайду.

Потым трапіў я ў Дом творчасці — Каралішчавічы. У час абеду нехта прынёс сенсацыю — Колас з нявесткай па грыбы прыехаў! Я хапіў на кухні нейкі кошык ды кінуўся даганяць незвычайнага госця, уяўляючы сабе ўжо, як буду аб гэтай сустрэчы калісьці апавядаць сваім унукам.

Яго з нявесткай знайшоў я ля дарожкі. Насцярожана-ветліва павітаўся. Дзядзька Якуб таксама даў мне «дзень добры» ды пацікавіўся, адкуль я родам, як мяне зваць і што пішу — прозу ці вершы.

Адказаўшы на ўсе яго пытанні, здаволіўшы сваё самалюбства, я, перапоўнены шчасцем, яшчэ крыху пахадзіў з імі па лесе і, каб не быць надакучлівым, нырнуў у гушчар ды панёс на кухню кошык.

Назаўтра дзядзька Якуб прыехаў па грыбы зноў, і я яго знайшоў каля той самай дарожкі. У нас адбылася дакладна такая самая размова. Колас зноў пацікавіўся — адкуль я прыехаў, як мяне зваць, пішу прозу ці вершы...

Вяртаўся я тады ад яго надта расчараваны, што на дзядзьку Якуба не зрабіў аніякага ўражання і ён мяне праз суткі забыў. У той жа час я быў уражаны прастатой гэтага чалавека — ну, дакладна, як звычайны вясковы стары, а гэтак узрушыў душу народа!..


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан