epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

У хірурга

Хірург Ася Майсееўна сядзіць за сталом і піша.

Адчыняюцца дзверы — неўрапатолаг уводзіць старую. У незнаёмай шырока адкрыты рот, але хірург не ў гэтым бачыць бяду. Яе напрактыкаванае да паламаных рук і ног да розных вывіхаў вока спыняецца на вывернутых ступаках кабеціны.

— Ася Майсееўна! — заклапочана просіць малады неўрапатолаг.— Паглядзіце, калі ласка, што з ёю?! Я ў гэтай бабкі ўсё-ўсё праверыла, ды ўсё-ўсё, здаецца, у норме! Тваравы нерв — эн! Рэфлекс на руках — эн! Нервы жывата — эн! Рэакцыя вачэй — эн!.. Усё эн! эн! эн! Аднак у яе параліч. У чым справа, ніяк не зразумею! Паглядзіце яшчэ і вы!

— Які пара-аліч, яна ж — хо-одзіць?! — дзівіцца хірург яшчэ раз на вывернутыя ступакі старой, а тады глядзіць ёй у разяўлены рот.— Што з табой, мі-ілая?!

— А-а-а!..— бездапаможна стогне кабеціна і тыкае пальцам некуды ўверх.

Ася Майсееўна бярэ старую за ніжнюю сківіцу ды рэфлекторна штурхае ўверх. Старая не паспела нават войкнуць, як сківіца стала на сваё месца.

Выцершы рот белай хусцінкай, старая кабеціна на каталіцкі манер — цэлай пяцярнёй — набожна хрысціцца тры разы, уздыхае ды з палёгкай кажа:

— Ну, слава Езусу Хрыстусу, усё-о!

— Гэ! Яна загаварыла?! — дзівіцца неўрапатолаг.

— Так што здарылася, скажыце мне, урэшце?! — нічога не разумее Ася Майсееўна.

— Каля нас, пані дакторка, загарэўся дом. Выбегла я на вуліцу у чым стаяла, сказала — а! — ды не змагла больш закрыць рота! Езус Хрыстус, мацер божая, за што на мяне такая кара?!

— Ввывіх сківіцы, гэта бывае! — тлумачыць хірург.— А што з тваімі нагамі, мілая?

— Ат, глупства!.. Пераблыталі ў спешцы чаравікі! Правы абулі на левую, а левы — на правую нагу!.. Нявесткі так мне іх нацягнулі, выпраўляючы да вас, калі «хуткая» прыехала!.. Нічога, у калідоры пераабуюся!


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан