epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

У сталовай

У чарзе за нікеляваным бар’ерчыкам нервуюцца людзі. Вось ужо з дзесяць хвілін, як знік кухар і няма каму раздаваць страву. Кліенты прыстаюць да пажылой жанчыны, што мые посуд.

— Ён, мабыць, да бочкі з півам пабег?!

— Па апельсіны!..

— Жывуць яны сабе тут, як на курорце!..

— Кнігу скаргаў давай!

— Пачакайце крыху, лю-удзі! — стрымлівае іх бабка, адным вухам бытта прыслухоўваецца да нечага важнага, што адбываецца за сцяной.

— Ого, дасць яна табе кнігу, так і чакай! За гэта іх па галоўцы не гладзяць!

— Абедзенны перапынак і так кароткі, а тут шчэ выстойвай чорт ведае дзе!.. У газету трэ напісаць пра іх!..

Паступова атмасфера награецца да таго, што, здаецца, каб увайшоў вінаваты, дык людзі з ім невядома што зрабілі б. Бабка ж з посудам у прыполе, выцягнуўшы шыю, усё гэтак жа з насцярожанай цікаўнасцю прыслухоўваецца.

Раптам на кухню ўрываецца ўзбуджаны і шчаслівы юнак у белым каўпаку. Ён механічна бярэцца за апалонік, абводзіць людзей за бар’ерам нейкімі непрытомнымі вачыма і сарамліва, ні то сабе, ні то пасудамыйцы, ні то ўсяму свету, аб’яўляе:

— Званіў у раддом — сы-ын у мяне!

Уся чарга вінавата сціхае, яму ўжо ўсміхаюцца. Кожны кліент цяпер, беручы ад яго поўную талерку, вінавата як бы гаворыць вачыма:

«Дык чаго ж ты?! Ляцеў бы туды, мы ўжо тут самі як-небудзь справіліся б!..»


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан