epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

У вагоне

Іван Мікалаевіч едзе ў Маскву. У купэ ён не адзін.

Сярэдніх год жанчына распранулася, лягла на ніжнюю лаўку ды стала чытаць кніжку. На ёй паркалёвы халат без рукавоў, тугая пляцёнка русай касы па-маладому закінута на грудзі.

Іван Мікалаевіч ляжыць на другой лаўцы, разглядае часопіс. Паміма волі яго вочы зрыкаюць на белыя плечы суседкі. Ён дакладна адчувае халадок яе рук, плячэй, шаўкавістую мяккасць валасоў...

«Цьфу, ліха тваёй матары, я ж — бацька дарослых дачок!» — лае сябе чалавек за грэшныя думкі ды рашуча бярэцца чытаць абзац спачатку.

Яму ўдаецца ўлавіць сэнс артыкула, але толькі на хвіліну. Зноў яго ўся ўвага пераключаецца на суседку.

Жанчына нейкімі біятокамі адчувае, што робіцца ў яго на душы.

Яна насцярожваецца, кладзе сабе на грудзі кніжку ды пачынае з ім гутарку.

Гадзіны тры абое вельмі міла і жыва гавораць пра тое, пра сёе, аднак Івана Мікалаевіча не пакідаюць ранейшыя эмоцыі.

Спыняецца поезд у Смаленску. Іван Мікалаевіч успомніў, што трэба абавязкова даць тэлеграму ў гасцініцу. У спадарожніцы просіць прабачэння, накідвае на сябе паліто, абуваецца ды выходзіць з купэ.

У калідоры пасажыр натыкаецца на заплаканую жанчыну з вырванымі гузікамі на світэры. Правадніца якраз падводзіць да яе міліцыянера і на хаду дакладвае:

— Таварыш сержант, вось якраз да гэтай, што плача, п’яны прыставаў! Ламаў рукі, цалавацца лез! Яны толькі дваіх былі ў купэ!..

Мікалай Іванавіч пайшоў на пошту ўжо вінавата і няўпэўнена, бытта злодзей.


1962-1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан