epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

У заапарку

Макака-рэзус нарадзіла мёртвае малое, а ў вальеры запанавала ўзбуджаная весялосць, бытта яно на свет з’явілася жывое. Сяброўкі падлізваліся да маці, спрабавалі яе іскаць, каб тая адно дала ім патрымаць дзіця; да малога падбіраўся самец, каб яго ўшчыпнуць, і ўсё дзівіўся — чаму яго сын не пішчыць, не дурэе; спрабавалі з ім пагуляць падлеткі — маці не падпускала нікога.

Два дні малпа не выпускала дзіця з рук, туліла да грудзей, цалавала ды лашчыла, а то піхала малому ў роцік сасок і скуленнем як бы клікала ў сведкі сябровак, што вось — стараецца, робіць усё, а гэты няўмека ўпарціцца, хоць ты трэсні. Яна і спала з ім так, што трупік нельга было адабраць.

Калі я падышоў да вальера, там збіліся якраз уражаныя прыбіральшчыцы, а ветэрынарны ўрач адмыкаў дзверцы. Бабкі ў сініх камбінезонах не спускалі спагадлівых вачэй з няшчаснай маці ды паціху абменьваліся заўвагамі.

— Бедная, як мэнчыцца,— бы парадуха!..

— Ого, не ўсе так убіваюцца і парадухі! Іншая знясе малое ды стараецца хутчэй у дзіцячы дом спіхнуць!.. Тыцнуць бы носам такую верціхвостку ў гэтыя краты ды сказаць: «Во як трэ дзіця любіць!..»

Прыбіральшчыца вальера не прамінула пахваліцца сваімі ведамі:

— А гэтая мартышка якаясь надта важная — амэрыканцы на ёй адкрылі хваробу рэдкую! Ой, дальбо, забыла, як называецца...

— Не хваробу, а — рэзус-фактар! — кінуў малады хлопец у белым халаце ўжо з вальера.

— Во-во. Ён — спірант, лепш ведае...— апраўдвалася бабка.

Толькі цяпер я разглядзеў, як у маці ад малака набрынялі грудзі. Ад болю мартышка не знаходзіла сабе месца і каторы раз запіхвала сасок у маленькі роцік. Няўклюдна падышоў важак, стаў абнімаць самку ды заглядваць ёй у вочы; палёгкі ад яго залётаў малпа не адчула і маркоўнага колеру сасок яна ўзяла ў рот ды з прагнасцю пачала высмоктваць малако сама.

У гэты момант ветэрынар у белым халаце спрытна выхапіў у малпы трупік, скочыў назад ды зашчоўкнуў за сабой дзверцы.

Што тут пачалося! Макака-рэзус кінулася на краты ды так закалаціла імі, што нельга было зразумець, адкуль у маленькім цельцы бярэцца такая сіла. Малпа ўзняла такі гвалт, што ўзняла на ногі ўсіх звяроў заапарка. Тонкія малпіны пальчыкі на жалезных прутах, жудасны мацярынскі крык ды звар’яцелыя вочы мне і цяпер часам сняцца.


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан