epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Урок з нагляднасцю

У дзевятым «Б» праходзілі якраз «Вайну і мір». Настаўніца талкавала вучням пра тое, як Леў Мікалаевіч Талстой паказвае ў рамане Напалеона. Яна разбірала сцэну, калі пасля Аўстэрліца, толькі дзеля таго каб здаволіць сваё ганарлівае самалюбства, на страшнае месца разгрому саюзных армій уздумаў прыехаць сам Банапарт.

Настаўніца вобразна малюе, як гэты маленькі, нікчэмны, але ўладалюбівы эгаіст і пазёр велічна, са скрыжаванымі на грудзях рукамі азірае жудаснае поле з тысячамі ні за што ні пра што загубленых ім чалавечых істот, як, трымаючыся адпаведнай дыстанцыі, маршалы, генералы і ад’ютанты яму лесцяць:

«Сір, тут ляжыць храбрая пяхота, пасечаная тваімі непераможнымі драгунамі!..»

«Сір, а во — уся іх артылерыя!..»

«Там, сір,— адважны рускі князь...»

Моладзь успрымае карціну як жывую, і ў класе пануе атмасфера сур’ёзнай эмацыянальнай напружанасці, так пажаданай у працэсе навучання.

Ніхто і не заўважыў, калі адчыніліся дзверы.

У класе паказваюцца прыстойна апранутыя людзі, а на чале іх — вядомы ў раёне кіраўнік. Маленькая яго фігурка для важнасці секунду затрымліваецца на парозе, а тады плыве да стала. У адпаведнай дыстанцыі за ім рухаецца і світа.

Хударлявы мужчына спыняецца пасярэдзіне класа ды робіць пыхлівую позу. Не павітаўшыся, не папрасіўшы ў настаўніцы прабачэння, ён позіркам без ніякага выразу паволі абводзіць сцены над галовамі здзіўленых вучняў і настаўніцы.

— Ну-ну, то чым вы тут займаецеся? — расцягваючы словы, унушальна пытаецца ён тонам мецэната.

— Мы?..— разгубілася настаўніца.— «Вайной і мірам»... Урок літаратуры ў нас...

— Па праграме! — падказвае ад дзвярэй завуч.

Мужчынка ва ўме як бы ўзважвае значнасць сказанага педагогамі і пасля паўзы сцвярджае:

— Та-ак!

— Напалеона праходзім...— чамусьці яшчэ больш вінавата гаворыць жанчына.

Госць тонам шчодрага дабрадзея заўважае:

— Напалеона? Гм, гэта до-обра! Гэта нічо-ога!.. Займайцеся, займайцеся сабе!..

— Тут — кабінет літаратуры, Аляксандр Восіпавіч, у іх! — паслужліва і з пачцівасцю нагінаецца да начальніцкага вуха, гаворыць — бытта вялікі сакрэт — высокі ды на цэлае пакаленне старэйшы загадчык гарана.— У іх нават тры магнітафоны ёсць!.. Вось тут, стаяць у гэтай шафе!..

«Начальства» нібы не чуе, і загадчык абрывае фразу ды гасіць няёмкую ўсмешку.

Маленькі мужчынка яшчэ раз велічна абводзіць вачыма сцены, затым гэтак жа сама важна і размерана плыве да выхада, а за ім крочаць астатнія.

Калі за імі зачыняюцца дзверы, дзевяцікласнікі, як па камандзе, выбухаюць рогатам. Хлопцы і дзяўчаты смяяліся доўга, ад душы. Разам з імі шчыра, да слёз, рагатала і настаўніца. Яна захлыналася ад трапнай выпадковасці — трэба ж, каб якраз у гэты момант зайшлі, ні раней і ні пазней, а — у самы раз, бытта іх хто падаслаў!..

Яшчэ радасна смяялася настаўніца і таму, што яе выхаванцы гэткія разумныя, ім не трэба нічога разжоўваць і з іх, напэўна, выйдуць выдатныя людзі.


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан