epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Узарвала

Сваякі з Гнойніцы запрасілі на вяселле педагога з Гродна. Маладая ўперлася, каб вянчацца толькі ў царкве. Сорамна настаўніку туды ехаць, але, падпіўшы, хлопец падумаў — ніхто ведаць са сваіх не будзе, а ён жа яшчэ ніколі ў жыцці не бачыў, як вянчаюцца перад аналоем, і, мабыць, гэта вельмі смешна ды цікава.

І вось у халодным, як склеп, храме цьмяна гараць свечкі, тоўпяцца бабулі, блішчаць іконы з журботнымі тварамі, бялее худзёрнае цела Хрыста на крыжы, а перад аналоем цярпліва стаяць ды мерзнуць малады з маладой, апранутыя па-летняму; бацюшка глядзіць у пажоўклую, з закапанымі воскам старонкамі, кнігу, манатонна штосьці сабе бубніць...

П’янаваты настаўнік узіраецца на ўсё гэта і не знаходзіць нічога ні цікавага, ні смешнага, а выпітае віно робіць у ім сваю работу. Праз хвіліну юнак не вытрымлівае: ён кідаецца да бацюшкі, адбірае ў яго кніжку і крычыць:

— Ах, лодыр стары! Як табе, сівому чалавеку, не сорамна? Калі я іду на фізіку да сваіх вучняў, дык кожны ўрок ведаю на памяць, а ты, падла, усё жыццё робіш адно і тое самае ды з павагі да гэтых кабет ды бабуль не можаш вызубрыць свайго матэрыялу?! Часу ў цябе мала, гультай?!

Бабкі кінуліся ратаваць свайго духоўнага пастара.

...З той пары мінула ўжо амаль трыццаць гадоў. Настаўнік нават забыў пра ўзбучку, якую ён атрымаў на мясцкоме за тыя вясельныя прыгоды. Даўно памёр і стары поп, а тую вёсачку перайменавалі на Вішнёўку. Але і цяпер у ёй са смехам расказваюць гасцям пра даўні выпадак.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан