epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Выпадак з хлопчыкам

1
2
3


1

Удава сынам давала наказ.

— Мішка, нá грошы, схадзі ў палітмахерскую ды пастрыжыся, покуль шчэ рана і калейка там малая. Паедзеш у Ваўкавыск на экскурсію з настаўніцай, то хоць на чалавека падобны будзеш! А ты, Вася, пагуляй у двары з Коляй! Толькі не лезце да рэчкі! Вернецца Мішка, папасеце на выгане карову!

Шчарбаты брат з круглымі ад жаху вачыма ўдакладніў:

— Мам, а ў палітмахерскай будуць Міску дусыць духам?!

— Духі, сынок, для жанчын выдуманы. Для вас, мужыкоў,— адэкалон.

— А генералам пырскаюць на валасы «Шыпр»! — пахваліўся сваімі ведамі суседчын Коля.

Удава ўзяла з этажэркі скрыначку ад халвы, стала перабіраць у ёй капейкі.

— Дзесяць, дваццаць, трыццаць, трыццаць пяць... Мо даволі? — жанчына заклапочана паўзіралася на сына і пяць капеек прытрымала.— За такія грошы і праўда генералаў стрыгуць з гэтым самым «Шыпрам», а ты ж у мяне шчэ не генерал, хопіць з цябе і «Трайнога»?.. Ладна, бяры ўсе, калі застануцца — рэшту прынясеш!

— Мам, хай мне марозанае купіць! — падказаў Васіль.

— Я ж табе ўчора купляла — не такі пан, каб кожны дзень прысмакі выядаць!.. Мішачка, толькі не згубі грошай! І не баўса там! Памятай, што ўжэ не маленькі — у другі клас перайшоў і цяпер у мяне гаспадар ты!.. А захочаце, хлопцы, есці — каструля ў духоўцы!..

Маці вярнулася ўжо ад парога:

— А-га, а што ты, Міша, скажаш, увайшоўшы туды, там жа на цябе розныя людзі глядзецімуць!..

Навучыўшы сына, як у «палітмахерскай» казаць «дзеньдобры», як спытацца, хто апошні ў «калейцы», ды правёўшы з ім яшчэ і рэпетыцыю, каб размова з людзьмі ў сына выглядала хораша, маці кінула:

— Ну, я пайшла!

 

2

Адзіная ў пасёлку цырульня змяшчалася ў цэнтры — паміж магазінам і сельпо.

Калі Міша адчыніў шкляныя дзверы ў вестыбюль, там у «калейцы» стаяў толькі дзядзька Барыс, які гэтаксама, бы Мішаў бацька, на самазвале вазіў з кар’ера на камбінат жвір. Калі Мішаў тата трапіў у аварыю, дзядзька Барыс быў на памінках, саджаў братоў на калені і суцяшаў. Цяпер ён тырчаў ля вушака ды гаварыў у другі пакой да абкладзенага прасцінай чалавека.

Дзядзька Барыс на прывітанне не адказаў, бо голасна выхваляўся, як з сябрам учора раздабыў паўлітра і што з гэтага атрымалася. Размовы такой хлопчык не любіў, а мама казала — каб не праклятыя паўлітры, тата з машынай не перакуліўся б. Міша не стаў пытацца пра «калейку», бо і дурань разумеў бы, што стрыгчыся яму пасля дзядзькі.

Хлопчык з цікавасцю пачаў азіраць залу.

Пасярэдзіне вестыбюля тырчаў голы стол, за ім на сцяне вісеў градуснік. Хлопчык падышоў і прыгледзеўся.

Дакладна такі самы красаваўся ў іхнім класе — з чырвонай кропелькай на канцы шклянога аловачка. А Колька гаварыў, што ў горадзе, адкуль ён з мамай пераехаў, маразы бываюць па тысячы градусаў! Яшчэ Колька расказаў, бытта там пры такіх, як тут, маразах — трава зелянее і людзі ў кашулях ды босыя ходзяць, а градуснікі там вялізныя, бы тэлеграфныя слупы!

Няма таты, не спытаеш, ці можа такое быць.

Зрэшты, звычайным тысячу градусаў напэўна не змераеш. Нават школьны градуснік яны выносілі зімой на снег, і ён ніякага марозу не паказаў — чырвоная сэрцавінка некуды апала, і ўсё...

Са жмутам газет з вуліцы якраз зайшоў сярдзіты дзядзька.

— Хто апошні? — спытаўся ён.

За дзядзькам Барысам цяпер стаялі два мужчыны.

— Я! — кінуў крайні з іх, бытта Мішы тут і не было.

— Буду за вамі! — чалавек паднёс стол да акна, прысеў да яго, выняў акуляры і пачаў гартаць газету.

Пакрыўджаны Мішка паўзіраўся на вішню за акном, пачаў лічыць зялёныя пупышкі, але пасля сотні збіўся. На сучку застыла бліскучая смаляная кропелька...

Тут Міша праз акно заўважыў Васю з Колем і кінуўся займаць «калейку». Цяпер у ёй тырчала аж пяць заклапочаных мужчын, хлопчык вымушаны быў далучыцца да іх.

Праз хвіліну адчынілся раптоўна дзверы, і на секунду паказалася Колькава галава.

— Генерал! — крыкнуў ён у залу, і вось ужо Колька з Васем давалі драла за магазін. Сярдзіты мужчына, які дагэтуль чытаў газету, зыркнуў з-пад акуляраў і хітравата яму ўсміхнуўся, ад чаго хлопчык адчуў у сабе прыліў гордай сталасці ды на момант спазнаў, як прыемна быць дарослым.

Увайшоў дзядзька з новай касой. Мужчыны як бы ажылі, пачалі кончыкам касы стукаць па батарэі ды вызначаць — мяккая ці цвёрдая, а тады яшчэ сталі на касу хукаць ды прыглядацца — ці хутка зыходзіць з яе раса. Нагледзеўшыся на ўсё гэта ўволю, Міша пайшоў да вушака, заглянуў у другі пакой.

Чалавек у белым халаце нарабіў з парашку мыла і на бараду ды шчокі дзядзькі Барыса наклаў ужо столькі пены, што можна было ёю кідацца. Пена была белай-белай. Хлопчык здзівіўся.

«Ты глядзі, а зробленая з жоўтага парашку — як гэта атрымліваецца?! Альбо яшчэ большае дзіва — як у каровы з зялёнай травы атрымліваецца малако?!»

Міша пашкадаваў, што не спытаўся калісьці ў таты. Ён многа пра што не паспеў спытацца. Напрыклад— пра «кнігу», якая, кажуць, знаходзіцца ў кароўім жываце. Да Красулінага боку на днях ён прыкладваў вуха і доўга прыслухоўваўся, як у неабсяжным чэраве нешта перакатвалася і грымела, булькала ды напружана скрыгітала...

А малако робіцца ніжэй.

Мішу раптам прыйшло ў галаву пусціць карову на выган ды прыкласці да вымені вуха. Не можа таго быць, каб ён не падслухаў які-небудзь сігнал вялікай таямніцы!

Мішу ўжо не цярпелася дамоў, толькі ж абавязкова трэба было пастрыгчыся, інакш маці не пусціць на экскурсію.

Хлопчык адно цяпер спахапіўся, што ў «калейцы» стаяла ўжо чалавек сем. Дзядзька, які з’явіўся з касой, жаліўся суседу, што ў яго зламалася брытва і ён вельмі спяшаецца. З гаспадарчай сумкай у руцэ зайшоў яшчэ чалавек і спытаўся:

— Хто апошні?

 

3

Жыў тады я ў Свіслачы на правах дачніка.

Адной раніцы зайшоў я ў цырульню ды заняў чаргу. Неўзабаве маю ўвагу прыцягнуў хлопчык, які з бездапаможнай паныласцю таптаўся ў вестыбюлі. Калі ж малы заплакаў ды пайшоў на двор, я адклаў газету ды кінуўся следам.

Мішу ўдалося перапыніць за магазінам.

— Пусці-іце! Пусці-іце!..— выбухнуў хлопчык яшчэ большым плачам ды забарабаніў кулакамі мне ў грудзі.

Нямала я патраціў часу, покуль малы выдавіў з сябе сваю крыўду.

Выйшлі мы потым з цырульні сябрамі ды адправіліся шукаць Мішавага брата. Васю з Колем удалося знайсці ў полі. Хлопчыкі прывалаклі на мяжу літровую бутэльку з вадой і, бытта цераз лупу, разглядалі цераз яе мурашак. Яны так захапіліся сваім доследам, што нас не адразу і заўважылі.

 

А што было б, калі б і я ў цырульні вельмі спяшаўся ці меў кепскі настрой, што часта са мной здараецца?!

Ці менавіта не з такіх выпадкаў, які перажыў Міша, хлопчыкі пачынаюць адыходзіць ад дарослых, а то яшчэ і горш — рабіцца кепскімі людзьмі?


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан