epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Выступленне на V з’ездзе пісьменнікаў БССР у Мінску 13 мая 1966 года

Хутка святкавацімем 50-годдзе нашай улады. Хачу напомніць Леніна, калі ён заклікаў на юбілеях быць дзелавымі, менш ужываць параднай траскатні, менш кічыцца тым, што дасягнулі, больш гаварыць пра недаробленае. Перамогі і святы людзі выкрасаюць з сэрцаў у цяжкой барацьбе.

Зроблена многа. У нядзелю нават у нашым Гродне кожны трэці юнак фланіруе па вуліцы з транзістарам. Амаль у кожнай кватэры — тэлевізар, ён прымае па чатырох каналах: з Масквы, з Мінска, з Вільнюса і Варшавы. Да Ташкента ў мінулым годзе я дабіраўся за шэсць гадзін... Аднак і сёння яшчэ часам каб пражыць чэсна і сумленна адзін дзень і гаварыць усім толькі праўду, то душэўных сілаў дабыць трэба з сябе куды болей, чым касманаўту злётаць у космас.

Пісьменніку, мабыць, дастаецца найбольш.

Калі фізік ці хімік зрабіў адкрыццё, то ўсе яго калегі Савецкага Саюза адразу бяруць ноўшаства на ўзбраенне, і наступная думка ўжо развіваецца з уліку гэтага дасягнення. Калі ж пісьменнік напісаў рэч, якую дагэтуль яшчэ не пісалі, то покуль дойдзе яна да народа, аўтару трэба часамі патраціць куды болей сілы, чым для напісання.

Нікому не прыйдзе і ў галаву збіраць хворых і дазволіць ім вырашаць, як урачам лячыць. Возьмем інжынераў-электрыкаў: не збіраюць жа жыхароў камунальных кватэр, каб тыя вырашалі, якой канструкцыі і з якога матэрыялу мае быць кацёл электрастанцыі. У адносінах да пісьменніка такія выпадкі — нармальныя.

(Для смеху. Адзін архітэктар сказаў: гэ, чае ты ныеш? Каб пакрытыкаваць пісьменніка, трэба, прынамсі, прачытаць кніжку. Мяне ж можна разбіць, глянуўшы на пабудову нават праз акно машыны!)

Калі памёр Леў Мікалаевіч, сталічныя газеты змясцілі артыкул: «Падумаеш, Талстой! Пакладзі ў лінію яго кніжкі, яны дасягнуць адно Масквы. А пакладзі ў радочак усе тамы мадам Вярбіцкай, то лінія пойдзе ад Пецярбурга да Уладзівастока і назад да Масквы!..»

Пры ўсім нашым прагрэсе, на жаль, і цяпер можна назіраць такія погляды на дасягненні таго ці іншага літаратара.

Вакол зямлі паляцяць два сабачкі, то некалькі дзён пра іх будуць пісаць усе газеты СССР (хоць праз два тыдні пра выпадак грунтоўна забудуць), а калі б у нас з’явіліся новыя «Людзі на балоце», то ў «ЛіМе» змясцілі б невялічкую рэцэнзію, і толькі. Я не супроць сабачак. Я за тое, каб ажыятаж вакол іх не рабіўся за кошт дасягненняў сумлення і душы народа.

Ствараецца ненармальнае палажэнне на нашым фронце. Мабыць, рэдка калі аж так праяўлялася адміністрыраванне літаратарамі і літаратурай. Часамі адмаўляецца аўтару права на паказ заганных бакоў нашага жыцця.

Калі радар вядзе самалёт праціўніка, у яго апаратуры ўлічваецца тэмпература паветра, хуткасць самалёта, паталок і яшчэ сотня дадзеных, інакш убачаны вораг візуальна не перакрыецца ў прыцэле зеніткі з ценню на экране і са стрэлу атрымаецца фіга з макам. Калі ты, апісваючы героя, не возьмеш пад увагу ўсе моманты з жыцця народа, дык герой твой не перакрыецца ў сэрцы чытача.

Толькі раўнадушны чалавек, якому не дарагія нашы заваяванні, што дасталіся такім дарагім коштам, можа праходзіць міма адмоўных бакоў нашага жыцця, не ўзнімаць іх у творах.

Ці ж у нашай краіне так усё ўжо гладка?

На Гродзеншчыне цяпер усё ў квіценні яблынь, груш і сліваў. Ці магу я памірыцца з тым, што восенню мы будзем фруктамі карміць зноў жывёлу, а пасля Новага года — слівы і памідоры есці балгарскія?

За апошнія гады ўпаў у цане наш рубель. Ці магу я памірыцца, што даём мы яму падаць, што ніхто не гаворыць пра гэта?

Крытыкуючы паасобныя творы, чаму мы не асуджаем і тыя ўмовы, якія даводзяць аўтараў да крайнасці?

«Хлусня — рэлігія слабых!» — сказаў Горкі. Пра гэта ведалі і раней (між іншым, яшчэ 100 гадоў таму назад Мікалай І, пабыўшы на прэм’еры «Рэвізора», сабраў назаўтра чыноўнікаў і загадаў: усім паглядзець абавязкова спектакль!). Памятаючы гэта, глянем і мы праўдзе ў вочы.

Мабыць, даўно ў нас не было такога становішча, каб рэдакцыі вярталі аўтарам столькі раманаў, аповесцей, апавяданняў, п’ес, вершаў і паэм.

Яшчэ некалькі гадоў таму мы перажывалі буйную хвалю анекдотаў. Армянскіх. Маскоўскіх. Разанскіх. Ішло як бы спаборніцтва паміж гарадамі, рэспублікамі. Па гэтым пытанні былі нават рашэнні партыйных органаў, але гэта толькі выклікала новыя іх хвалі.

Анекдоты адпалі самі па сабе, калі не стала прычын, якія іх спараджалі.

Цяпер якраз перажываем хвалю так званага самвыдата. Ад Гродна да Уладзівастока, ад Архангельска да Сухумі ходзяць па краіне рукапісы аўтараў. Людзі іх зачытваюць да дзірак, не лічачыся з часам, перапісваюць нанова і перадаюць далей. Пераважная большасць гэтага самвыдата — таленавітыя творы нашых вядомых пісьменнікаў, і праз год-два бачыш іх нават у друку.

Ці да твару нам гэтая з’ява? І ніякімі забаронамі яе не спыніш, калі не зменіш атмасферу ў рэдакцыях, якая з’яву спараджае.

Ой, яшчэ ў нас не ўсё гладка!

Нядаўна я прачытаў у польскай газеце такую сабе бяскрыўдную інфармацыю. На мітынгу ў нейкім горадзе ў Егіпце выступаў Насэр. Як бацька, як звычайны чалавек, ён паскардзіўся 40-тысячнаму натоўпу, што яго дачка праваліла ўступныя экзамены ў Каірскі універсітэт. Я ведаю добры дзесятак дачок і сыноў некаторых адказных работнікаў, якія ў школе вучыліся на троечкі, калі ж дайшло да экзаменаў у гродзенскія ВНУ, пры страшэнным конкурсе яны раптам дружна ўсе атрымалі пяцёркі. А гэта адбываецца на вачах у народа. Зусім тут не хачу выстаўляць у дрэнным святле нашых кіраўнікоў. Мне, як савецкаму патрыёту, вельмі ж крыўдна: будуем Асуан, а ў нечым прынцыповым варта і самім павучыцца ў арабаў.

Мне моладзь падабаецца. Нават з яе танцамі, прычоскамі і модамі. Шкадую, што не магу такіх і я насіць. Пры сустрэчах з моладдзю надта хутка знаходжу агульную мову. Я, у мінулым заядлы камсамолец-падпольшчык, радуюся, што і ў сённяшнім камсамольскім племені жывы інстынкт да дзеяння. Камсамольцы робяць шмат для краіны і нашай ідэі. З-за вялікай любві да іх не магу мірыцца са з’явамі, якія часамі дапускаем сярод нашых дзяцей.

Ці не ў камсамоле побач з героямі нараджаюцца і асобы без сваёй думкі, угоднікі, кар’ерысты, падхалімы ды людзі — чего изволите? Могуць мне сказаць, што такіх мала. Гэта не апраўданне. Прырода кар’ерыста такая, што ён адзін можа знявечыць намаганні тысяч герояў. На жаль, вопыт — не залаты гадзіннік, які ад бацькі пераходзіць да сына. І недастаткова яшчэ ўсвоіць лозунгі і вывады камуністычнай навукі, іх трэба прапусціць праз свае жылы, мазгі і кроў.

Чаму ж часамі ствараем для моладзі інкубатары, а не ўмовы, дзе б яны вучыліся здабываць вялікую праўду жыцця ў мазалях, барацьбе, як здабывалі яе мы самі?!

У нас чамусьці не прынята выступаць супроць такой катэгорыі тыпаў, як кар’ерыст, дагоднік. Кажуць, тлумачэння слова даносчык няма нават у слоўніках. А даносчыкі існуюць у нас не толькі ў выдавецтве «Беларусь». Між іншым, аднаго там я назваў гэтым ганебным тэрмінам. Назваў спецыяльна пры сведках, каб ён меў магчымасць падаць на мяне ў суд ці на партбюро. Дудкі, нікуды не падаў. І не выклікаў мяне на дуэль. Ён нават шчасліва ўсміхнуўся, бытта яму паказыталі за вушкам.

Чамусьці прытупіліся, ой, прытупіліся ў нас крытэрыі сумлення, гонару, прыстойнасці. Да таго часамі назіраецца падзенне маральных крытэрыяў, што месцамі бярэ верх мяшчанскае разважанне, якое нічога агульнага не мае з марксізмам. Іншы табе будзе хоць цэлы дзень слухаць яўнага балбатуна, які на трыбуне таўчэ ваду ў ступе, і з дзіўным стараннем абзаве таго чалавека наіўным, хто кажа ўсё, што думае.

Пералічваючы балячкі нашыя, мы не можам бачыць, як некаторых людзей пакалечыў культ. Ад таго, што чалавек такі век свой адно ведаў падпарадкоўвацца загадам зверху, у яго, беднага, атрафіравалася здольнасць самастойнага мыслення, знікла прыродная чалавечая рыса не ісці наперакор свайму сумленню. Загадаюць яму сеяць кукурузу на нашых пясках замест лубіну — прымусіць сваіх падуладных яе сеяць. Скажуць заараць лугі, канюшыну,— заарэ і іх. Прагаласаваць за два аблвыканкомы? Калі ласка! Яшчэ выступіць у газеце і ўяўныя поспехі новага парадку падмацуе кашчунна цытатамі з Леніна. Праз два гады выканкомы і абкомы аб’яднаюць, ён напіша другое і зноў падмацуе свой артыкул Леніным. І не пачырванее перад людзьмі, якіх дурыў, з дзіўнай бяспечнасцю ў апраўданне скажа:

— Партыя тады ставіла адны задачы, цяпер — другія!

А тое, што партыя яму нагадвала яшчэ і думаць ды не губляць сумлення, да яго бытта не адносіцца.

Аднойчы я назіраў такога чалавека, калі ён даваў загад свайму інструктару напісаць даклад. Не саромеючыся мяне, ён яшчэ дадаў:

— Кіркевіч, ты толькі добра яго напішы, бо з дрэнным прымушу выступаць самога!

Хіба можна сабе ўявіць Леніна, каб яму хтосьці пісаў даклады?

Разумею, з таго часу краіна вырасла. Сакратару ЦК для даклада, мабыць, трэба выкарыстаць паслугу і не аднаго інструктара. Але ж чаму мода гэтая практыкуецца зверху да раённага цэнтра? Гэтак і там часамі выступаюць з разносамі пісьменніка, не прачытаўшы ніводнага яго твора.

Гэтак «пішуць» артыкулы ў газеты. Здараецца, нават — дысертацыі. Не дзіва, што людзям такія артыкулы і дакладчыкі набілі аскоміну, аўтарытэт кіраўніка ўпаў. А з чаго яму быць, з адной цікавасці да футбола? Не можа яго быць у такога кіраўніка, нават калі цікавасць гэтая шчырая і разбіраецца ён у ігры футбольных каманд выдатна.

На долю такіх людзей выпаў нялёгкі час. Па-чалавечы можна іх і пашкадаваць. Толькі ж яны маюць уплыў на наша жыццё, а сумленны пісьменнік, якому дарагія дасягненні краіны, праходзіць міма такой з’явы не можа.

«Творчасць — не юбілейныя рэчы, яна трудная, як акт нараджэння дзіцяці» (Кайсын Куліеў). Не лёгка быць пісьменнікам? Што ж, як сказаў мой зямляк Адам Міцкевіч: «Паэт не мае права быць шчаслівейшым за свой народ!» У нас яшчэ не камунізм.

Асабліва дастаецца нашаму брату на перыферыі. Вядома, чым начальства ніжэй на сваёй адміністрацыйнай лесвіцы, тым яно... А сярод мастакоў якраз наадварот — Рэпіны прыходзяць з Чугуева.

Кажуць, у вайну адзін генерал напісаў сыну-лейтэнанту на фронт пісьмо:

«Шура, помни,— ты являешься командиром доблестной Красной Армии и должен с честью и гордостью нести знамя, овеянное Октябрем, сквозь бури, лишения, невзгоды и свято хранить да умножать наши завоевания ибо...»

Сын адпісаў:

«Папа, листовку твою получил. Спасибо. Напиши, наконец, родила ли Наташа и здорова ли мама».

На перыферыі некаторыя кіраўнікі хочуць звесці мастацтва да ўзроўню пісьма такога генерала. Калі ж ты спрабуеш растлумачыць, што гэта прымітыў, на цябе нападаюць са ўсёй сілай улады і адміністрацыйнага аўтарытэта:

— Што-о? А чаму табе не падабаецца пісьмо генерала? І-іш ты яго!..

І такія людзі перакананню не паддаюцца, іх можна толькі паканаць.

Цяжка, вельмі цяжка жыць пісьменнікам на перыферыі.

Я, камуніст, не хацеў бы выступаць супроць крытыкі ў партыйным друку. Аднак быў бы дрэнным я марксістам, калі б бачыў непарадак у нашай прапагандзе і з-за пакорнасці і бяздумнага падпарадкавання прамаўчаў бы, не падказаў бы партыйным органам на недахоп, не паспрабаваў прадухіліць недарэчнасць: у гэтым бачу свой абавязак савецкага грамадзяніна.

Эх, каб усе артыкулы пра Быкава мелі адно тыя скуткі, што людзі па бібліятэках рынуліся чытаць яшчэ раз нашага і так шырокавядомага і таленавітага гродзенца. Бяда ў тым, што сігналы зверху, покуль дойдуць данізу, у нас часамі становяцца вульгаршчынай.

Па гродзенскіх школах работнікі КДБ адразу пачалі чытаць лекцыі пра пільнасць, прыводзіць прыклады, што побач з Сіняўскім, Даніэлем і наш Быкаў, бачыце, пісаў творы, якія накіраваны на падрыў Савецкай улады і разлагаюць моладзь. Уявіце сабе, як было слухаць такую лекцыю дзецям-школьнікам і яго жонцы-настаўніцы!

На партактыве першы сакратар абкома таварыш Міцкевіч І. Ф. аб’явіў усім, што Быкава ўжо апрацоўваюць італьянскія фашысты, а нейкая фашысцкая газета ўзяла яго на ўзбраенне. Дзіва, і як той Быкаў, халера, пасля ўсяго таго зачасаўся ў прэзідыум V з’езда беларускіх пісьменнікаў і сядзіць побач вунь з першым сакратаром ЦК КПБ т. Машэравым? Глядзіце, ці не з якой мэтай!..

У Слоніме жыве паэт Заходняй Беларусі Анатоль Іверс (Іван Міско). Гэтага чалавека спаткала страшэнная несправядлівасць. Усе 20 гадоў пасля вайны ён патраціў на тое, каб давесці, што ён у перыяд акупацыі ў якасці кіраўніка міжраённага антыфашысцкага камітэта зрабіў што мог для Радзімы, што бацьку яго і жонку забілі немцы. Яго вінавацілі ў супрацоўніцтве з немцамі, не друкавалі. Яшчэ два гады таму ў Слоніме, калі чыталі лекцыі пра «бдительность», Івана Міско абзывалі нямецкім паслужнікам. Адно ў канцы 1964 паклёпы адпалі, Іверс атрымаў партызанскія дакументы, урадавую ўзнагароду, выйшла яго кніжка з творамі, а зараз аўтар прысутнічае нават на з’ездзе. Хоць бы папрасіў у яго хто прабачэння з тых людзей, якія яго тапталі. Дык не, яны робяць выгляд, што нічога не здарылася.

Чатыры гады я працаваў загадчыкам агенцтва «Інтурыст». Калі ж у мюнхенскай «Бацькаўшчыне» з'явілася хвалебная рэцэнзія на маю аўтабіяграфію з «Маладосці», сакратар нашага абкома партыі т. Міцкевіч даў загад: мяне з «Інтурыста» прагнаць па прынцыпе — калі вораг хваліць, значыць, я кепскі. Прынцыпам такім кіравацца цяпер трэба асцярожна. Бо пасля Ташкенцкай канферэнцыі ў «Нью-Йорк Геральд трібун» я сам чытаў хвалебны артыкул на т. Касыгіна! Так можна і ўсю «Звязду» разагнаць. «Бацькаўшчына» ўмудраецца па матэрыялах перадавых са «Звязды» даводзіць, што ў Беларусі развальваецца Савецкая ўлада!..

Па рабоце я не меў ніводнай нават заўвагі. Дык што вы думаеце? Зрабілі так, бытта я даў амерыканскаму турысту недазволенае пісьмо, і на аснове фальшывага абвінення бюро гаркома выканала загад — зняло мяне з работы.

Душой «Бацькаўшчыны» з’яўляецца Станіслаў Станкевіч, бурмістр Барысава. Гэта яму партызаны паслалі смяротны прыгавор з подпісамі яго былых вучняў, у тым ліку і з маім прозвішчам. Такія рэчы Стась не мог забыць. Цяпер, бачыце, ён мяне хваліць. Правакацыя! Чаму мы верым такім Станкевічам?

Т. Міцкевіч, прачытаўшы «Бацькаўшчыну», не выклікаў мяне, не сказаў: ану, выступі ў друку, дай мярзотніку, заткні яму глотку, я дамовіўся ўжо з газетай! Не. Ён, фактычна, рубануў па сваім пісьменніку, пайшоў у ворага на паваду! Чаму, чаму, чаму мы так лёгка аддаём ворагу пазіцыі?!

Потым на працягу месяца дабіваўся я прыёму ў т. Міцкевіча. Нарэшце, ён зрабіў ласку мяне прыняць. Размова ў нас адбывалася 4,5 гадзіны, і ўвесь гэты час ён крытыкаваў «Маю Джамалунгму», надрукаваную ў «Маладосці» і адзначаную «Бацькаўшчынай». Толькі заўважыў, што сказаў бы больш, але яшчэ яе не прачытаў. Не «Бацькаўшчыну» не прачытаў, а «Маю Джамалунгму». Крытыка яго была плыткай, я яе лёгка адвёў.

Цяпер на сходах і ў прыватнай гутарцы з камуністамі т. Міцкевіч абураецца: во, які Карпюк закаранелы ў сваіх памылках — за чатыры з палавінай гадзіны не мог яго пераканаць нават сакратар абкома! Як жа можна пераканаць мяне, ведаючы віну толькі па чутцы? Звычайна размовы з вока на вока не выносяць на народ, але т. Міцкевіч парушыў этыку першы, таму не маўчу і я.

І вось сёння на V з’ездзе ў дакладах мае творы нават хваляць, а ў нашым Гродне недзе і сёння выступае на сходах нейкі адказны кіраўнік, абзывае мяне і маю творчасць ганебнымі словамі ды трасе з трыбуны ўсё той жа «Бацькаўшчынай». І не набрыдне ім. Прадаўжаецца гэта ўжо амаль два гады.

На хвіліну вярнуся ў Мінск. Прабачце, буду зноў аб сабе, але ж гэта, мабыць, не толькі мая асабістая справа. Бо пісьменнікам, мне здаецца, апрача таго, што трэба добра пісаць, праўду пісаць, яшчэ абавязкова трэба быць дружнымі і салідарнымі. Я хачу ўступіць у палеміку з адным вельмі паважаным у нашай краіне чалавекам. Яго тут няма на з’ездзе, але яму пра маё выступленне скажуць, і ён пачытае стэнаграму.

Другім правадыром «Бацькаўшчыны» з’яўляецца Якуб Стральчук. Мінчане, запомніце гэтае прозвішча! Я. Стральчук з 1906 г. нараджэння. З вёскі Крывой, з-пад Бельска. У 1923 уступіў у падпольны камсамол (у Польшчы), потым стаў сакратаром райкома і адначасова завербаваўся на работу ў дэфензіву (так называлася ў Польшчы тайная паліцыя). З гэтага часу працуе на два франты. Польскага шпіка, як актыўнага камсамольскага дзеяча, у 1931 годзе кампартыя накіроўвае сюды да вас, у Мінск на вучобу. Тут ён «вучыцца», фактычна разведвае і вынюхвае, а праз год вяртаецца назад у Заходнюю Беларусь. Цяпер ён «працуе» інструктарам ЦК.

За некалькі год нягоднік пабываў у кожнай ячэйцы Кампартыі і камсамола Заходняй Беларусі. На аснове яго дадзеных дэфа ледзь не ў адзін дзень арыштавала ўсіх камуністаў і камсамольцаў Заходняй Беларусі. Стральчук стаў выступаць, як сведка, на працэсах камуністаў.

У студзені 1936 года Стральчуку спрабаваў заткнуць горла Сяргей Прытыцкі — стрэліў у правакатара на судзе ў час працэсу, калі той сведчыў на камуністаў. Стральчука тады ўратаваў панцыр пад пінжаком, і Прытыцкі яго толькі параніў.

Дэфа правакатара прывезла ў Навагрудскую бальніцу, вылечыла, а тады паслала на работу ў Познань. Там, выкрываючы польскіх камуністаў, ён сышоўся з нямецкай контрразведкай і перайшоў на службу да яе.

У 1941 годзе, калі Гродзеншчыну занялі немцы, Стральчук стаў дарадцай шэфа Беластоцкага гестапа Герберта Цымермана ўжо пад клічкай «СС-ман» Заўэр (кіслы) 1141». У іх з Цымерманам на сумленні 150 000 маіх землякоў. Стральчук нават паддаў на расстрэл хлопчыкаў са сваёй вёскі, якія ў яго бацькі рвалі яблыкі.

У Беластоку ў Вялікую Айчынную вайну на Стральчука палявалі нашыя разведчыкі, але зноў толькі паранілі. Ён вылечыўся другі раз і пераехаў на «работу» сюды да вас, у Мінск. Тут паддаў на расстрэл тых, хто ў 1931—1932 гг. давалі яму хлеб-соль. Пасля вайны апынуўся на службе ў амерыканскай контрразведкі. Сям'я яго жыве ў Чыкага, а рабочая пляцоўка Стральчука — Мюнхен. Адна з яго «работ» — выданне «Бацькаўшчыны».

Стральчук пераходзіць мне дарогу трэці раз. У 1935 па яго спіску мяне з бацькам арыштавалі і давалі ў косці за падпольны камсамол ды партыю польскія дэфензіўшчыкі. У вайну па яго спіску мяне з бацькам і братам арыштавалі немцы, я апынуўся ў лагеры смерці Штутгоф, з якога ўдалося потым цудам уцячы. Цяпер, выходзіць, ён ударыў мяне яшчэ раз. Тонка, балюча, абдумана, ведаючы як.

Днямі ў Мінскім політэхнічным інстытуце сакратар ЦК КПБ Сяргей Восіпавіч Прытыцкі заявіў студэнтам, што ў нас адкрытых Сіняўскіх і Даніэляў няма, у нас яны скрытыя, як Карпюк, якога пахваліла «Бацькаўшчына». Дарагі Сяргей Восіпавіч, я схіляю голаў перад вашым гераічным учынкам у 1936 годзе! На вашым вобразе я выхоўваўся. Але чаму вы даеце веры мацёраму правакатару, з якім вы самі змагаліся, чаму прынімаеце ўсур’ёз тое, што піша «Бацькаўшчына» Станкевіча і Стральчука, чаму ён з такой лёгкасцю і цяпер смаліць па савецкіх пісьменніках ужо вашай рукой, якая некалі страляла ў яго?

Няхай будуць праклятыя тыя мацяркі, што пад сэрцам насілі такіх вырадкаў, як Стральчук і Станкевіч. Толькі ж яны яшчэ дужыя. У аднаго з іх стралялі два разы, а ён, мярзотнік, жыве. Ці не пара нам лепш аб’яднацца супроць мацёрых ворагаў Радзімы і пальнуць па іх дружным залпам? Бо толькі тады мы зможам заткнуць ім паршывыя горлы.

Памыляюцца, вядома, і кіраўнікі, бо яны людзі. Толькі ж памылка кіраўніка надта дорага каштуе. Асабліва калі з-за чэсці мундзіра потым не хочуць яе прызнаваць. Тады яна ўжо робіць цэлы шэраг новых памылак.

Прашу прабачэння, што затрымаў вашу ўвагу і на асабістай справе, але што мне было рабіць? Звярнуўся б да кіраўніцтва СП БССР, яно са званнямі, уладай, аўтарытэтам — павінна было б абараніць, заступіцца за літаратара, адстаяць яго. На жаль, яно ў нас не такое. От, пазычыла б тры рублі, калі б не хапала на цягнік у Гродна, мажліва, дало б нават машыну пад’ехаць на вакзал, калі б машына была свабодная. Нават маглі б выратаваць мяне, калі б я трапіў у выцвярэзнік. Але ж да такой справы яны не спрабавалі б нават падступіцца. Вось чаму ў нас розныя сходы, пленумы, нарады часамі насілі фармальны характар, набывалі форму нейкага рытуалу, параднасці.

Слухаючы ўчора выступленне Андрэя Макаёнка, я захапляўся ім і думаў: божа, няўжо наш урад і ЦК не бачаць, што ў нашым кіраўніцтве СП БССР даўно трэба памяняць таго-сяго месцамі,— гэта ж і вам самім, таварышы кіраўнікі, будзе лепш! Хацелася б, каб на V з’ездзе мы абралі сабе такое кіраўніцтва, якое было б прынцыповым памочнікам партыі і нават падказалі б, дзе трэба нам, мякка кажучы, халастыя стрэлы, а не чакалі б толькі, што зверху загадаюць рабіць. Але я ўжо адхіляюся ад тэмы, я забег наперад, прабачце, вяртаюся назад.

Дык я намаляваў, як цяжка жыць пісьменніку на перыферыі. Хоць ты ўнясі прапанову V з’езду зацвердзіць для такіх людзей медаль, як за цаліну: пражыве літаратар год у раёне ці вобласці і чапляй яму кругленькую цацку на грудзі. А літфонд няхай яшчэ кожнаму такому члену СП БССР, як у гарачым цэху, выдае па бутэльцы малака.

Як бачыце, вытрываў Анатоль Іверс. Не слабак і Васіль, вытрывае таксама. Вытрываю і я, нават сябе цешу, што ў мяне цяпер ёсць новы матэрыял «Маёй Джамалунгмы». Атрымаецца ледзь не так, як у таварыша Кажэўнікава («Щит и меч»): з сышчыкамі, шыфрамі, разведкай і контрразведкай. Толькі на мяне потым накінуцца крытыкі ды закрычаць: адкуль аўтар узяў такіх тыпаў?! Аднак і гэта я вытрываю. Разглядваючы намаляваныя тры выпадкі, як адну балячку, каб сказаць — ну, дакуль у нас будуць цягнуцца рэцыдывы мінулага ды практыкавацца звычай: раней збэсціць чалавека, затаптаць, а потым ужо разбірацца — вінаваты ён ці не.

Дарэчы, успамінаецца мне выпадак з даваеннага жыцця.

У маёй вёсцы жыў панскі даносчык Ёзік Госцік. Пасля 17 верасня 1939 года машынай КДБ прыехалі яго арыштоўваць. Спыталі ў цёткі, якая капала бульбу, дзе такі жыве. А ў нас было два Ёзікі Госцікі. Цётка не ведала, якога трэба, паказала іншага.

Так і забралі невінаватага чалавека ў ваўкавыскую турму.

Ну, здаецца, памыліліся, папрасі прабачэння ды выпусці чалавека. Дык не. Праз нейкі час забралі і другога. Абодва і прасядзелі да вайны, калі турма распалася. Між іншым, правакатар з польскіх часоў потым пачаў і немцам служыць...

У сярэднявечча жанчыну, падазраваную ў вядзьмарстве, спачатку кідалі ў рэчку. Выплыве, значыць, ведзьма, зараза,— палілі на вогнішчы. Калі ж нешчаслівая ахвяра патанула, значыць, пакойніца невінавата — выбачайце, калі ласка! Я тут не раблю абагульненняў, не прыводжу паралеляў, толькі ўспамінаю гістарычныя і бытавыя факты. А нам не шкодзіла б, ой, як не шкодзіла б часцей звяртацца да гісторыі. Бо яшчэ вельмі нядаўна бралі людзей па прынцыпе — быў бы чалавек, а справа для яго знойдзецца. Панавала не марксісцкая логіка — лепш сто невінаватых няхай загіне, чым адзін вінаваты застанецца. Ці не пара нам стаць мудрымі?

Нашыя балячкі можна пералічваць без канца. Але я не ўпаўнаважаны тут ускрываць усе нашыя недахопы. Толькі на паасобных прыкладах хачу давесці, што, на жаль, побач з дасягненнямі яшчэ недахопаў шмат. Не ведаю, як хто, а я часамі лаўлю сябе на думцы, што падобнае нешта ўжо перажываў.

Перад вайной шчырыя савецкія патрыёты, якім не засціла вочы, бачылі, што ў нас і тое адстае, і гэта робіцца не па-гаспадарску, і іншае не па-ленінску, спрабавалі падказаць каму трэба, каб справу выправіць. Тады на іх наляталі ў брызентавых ботах і ў гімнасцёрках пад Сталіна крыкуны:

— Ты што ўздумаў гаварыць? У нас рай, мы шчасліва жывём, ворага шапкамі закідаем, маўчаць!

І пачыналі пытацца ў суседзяў, колькі ў цябе гектараў, хто твае бабуля, дзед. Калі ж немцы адно стрэлілі, такія гарлахвацкія першыя далі драла, пакінуўшы сумленных людзей расхлёбваць кашу.

Цяпер не 1941-шы, мы ўжо не тыя, і свет даўно іншы. Але ж трапляецца, што і цяпер, калі скажаш праўду, на цябе накінецца іншы крыкун. Гэты ўжо нават у капронавым гальштуку і вузкіх нагавіцах. І энергічны. Адно не той, якому дарагая ісціна. У сваім чыноўнічым ірвенні ён гатовы перавыканаць любы загад зверху.

Няўжо вопыт для нас нічога не значыць? Ён жа дастаўся нам такім коштам.

Танечка намалявала на паперы Бармалея і ўстрывожана закрычала:

— О-ей, я яго баюся, мама!

Гэтак і мы часамі па камандзе зверху нешта арганізуем, а потым і самі пачынаем верыць у створанае. Даволі ў нас было непаразуменняў у галіне сельскай гаспадаркі, калі ўсю краіну ператварылі ў эксперыментальнае поле, замест таго каб выдзеліць на доследы сто гектараў. Да чаго такі парадак прывёў, ведаем добра. Дажыліся, і сакратары ЦК перад святамі атрымліваюць па 2 кг мукі (будучы ў Эстоніі ў ЦК, сам бачыў!).

Выступаю я не за мяжой, дзе трэба было б дыпламатнічаць і гаварыць не тое, што думаеш, што ведаеш. Мы сабраліся на свой форум і калі ўжо і тут, паддаўшыся ачараванню юпітэраў, вазонам з кветачкамі, плюшавым занавесачкам, аксаміту мяккіх крэслаў, не будзем казаць сабе праўду, то як глянем сваім дзецям у вочы, вярнуўшыся дадому. На лакіроўцы не паедзеш — нават і сучасным класікам не ўдаюцца раманы пра камуністычныя брыгады.

У нас таму няма «Рэвізораў», бо і Шолахаў выступае адно супроць міністра рыбнай прамысловасці, нібы студэнт на КВН, а пры яўных недахопах чаго большага, і ён тлумачыўся толькі ў «мужской любви». І гэта не яго віна, а бяда.

Рана, ой, рана выдаюць нам на пёры гумовыя наканечнікі!

Ужо настаў момант, каб ад асобных думак у літаратуры, ад смелых выступленняў на сходах мы пераходзілі да разважлівага і сумленнага разбору і праз творчасць таго, што старэйшае пакаленне перажыло. Пасля ХХ, XXII з’ездаў, дзякуючы клопатам партыі, у апошнія часы ідзе якаясьці гіганцкая мазгавая работа ў галовах нашых людзей, яны раптам як бы прачнуліся ды зірнулі на свой жыццёвы шлях па-новаму. Калі ты сумленны літаратар і працуеш не толькі для начальства і ганарару — прачынайся, бо толькі тады зможаш паказаць сучаснасць.

Партыя ад нас патрабуе быць прынцыповымі, не абмяшчаньвацца і быць шукальнікамі ісціны. Баязлівае маўчанне пра адмоўнае — шкоднае. Гэта брахня, што крытыкаваць лягчэй. Кранаць балячкі не лёгка і не беспакаральна. Адвечная барацьба дабра са злом патрабуе сілы і адвагі, як слушна сказаў дэлегат XXIII з’езда КПСС Міхаіл Дудзін. Калі мы кажам, што літаратура вучыць людзей, то вучыць павінна мужнасці. Эстафета мужнасці — бесканечная. Мы, будаўнікі новага грамадства, павінны вытрымаць і несці яе, як у муках яе няслі пакаленні папярэднікаў.

Дык няхай нас не асляпляюць дасягненні тэхнічныя: машыны — не літаратура і душы чалавечай не ўзнімаюць. Ведаю выпадак, калі на суд мешчанін прывалок магнітафон з запісанай на плёнцы бруднай лаянкай суседкі па кухні. Але ж завідкі бяруць, гледзячы на дасягненні нашай касманаўтыкі, хіміі, фізікі, якія выходзяць на першыя месцы ў свеце. Некалі рускі вынаходнік паравую машыну выдумаў першы, але паравоз людзям даў Стэфенсан, бо развіццё Захаду да таго часу дасягнула такога ўзроўню, калі вынаходніцтва Стэфенсана магло быць рэалізавана. Памятаючы гэта, гледзячы на дасягненні нашых вучоных, тэхнікаў, хочацца звярнуцца да некага з пераканаўчай просьбай:

Давайце кіраваць літаратурай больш стрымана, абгрунтавана і пераканаўча ў духу XXIII з’езда з улікам псіхічнага стану пісьменніка, каб крытыка дапамагала, а не траўміравала яго. Калі літаратар і сарвецца, то разглядайце яго промах з сяброўскай спагадай ды спачуваннем — не ўяўляю сабе сучаснага беларускага пісьменніка, які б тварыў нешта з мэтай нашкодзіць Радзіме.

Дарагія таварышы, мазгі — не каробка скарасцей, пад стандарт іх не падгоніш. Ніякімі аргументамі, нават — рашэннямі ЦК. Напрыклад, я і цяпер лічу, што «Мёртвым не баліць» з паасобнымі недахопамі — выдатны твор беларускай літаратуры і дай бог кожнаму напісаць такі, як напісаў наш таленавіты гродненец. Мажліва, ва мне гаворыць мясцовы патрыятызм, мажліва, што іншае, але — біце мяне, рэжце, мучце, на дыбе распінайце — што з таго, калі гэта мая асабістая думка, маё сумленне?!

Па-мойму, часова ўзяла верх думка Гарбацюкоў і Сахно. Не? Пераканайце мяне. Я яшчэ не надта стары, не дзеравяны, чалавек, які шукае, і нават папрашу ў вас прабачэння, калі пераканаеце. І наіўны будзе, дурнем будзе чалавек, які падумае, што я горшы камуніст, грамадзянін і патрыёт за таго, хто, прачытаўшы аповесць, віншаваў аўтара, на канферэнцыі чытачоў хваліў «Мёртвым не баліць», а прачытаўшы неабгрунтаваны, аднабаковы, ачарніцельны артыкул у «Савецкай Беларусі» на гэтую кніжку Быкава, адразу стаў думаць інакш. Такія — флюгеры!

Выступленні прэсы не прыносяць карысці, калі яны ніжэй сярэдняга ўзроўню літаратурнай свядомасці чытачоў, таму людзі такую крытыку ўспрымаюць, як праявы мінулага. Крытыка будзе тая эфектыўная, калі пісьменнік убачыць, што навокал сябры, а не ідэйныя праціўнікі ці звычайныя зайздроснікі. І пара нам, беларусам, падыходзіць ужо да сябе з сусветных крытэрыяў — мастацтва не прызнае граніц, а мы выраслі з пялюшак.

Давайце будзем заўсёды памятаць, што пісьменнік — звычайны чалавек, таму і мае права на памылку. Асабліва калі бачыць да сябе нядобразычлівасць. Я тут мушу прызнацца і ў сваіх грахах. Часамі хачу сказаць адно, атрымліваецца ж другое. Асабліва калі выступаю без тэксту. На жаль, некаторыя ў нас акцэнціруюць не тое, што скажаш разумнае ў выступленні, а хапаюцца за твае прамашкі і самі ўпадабняюцца да аўтараў, якіх крытыкуюць, што бачаць адныя адмоўныя бакі. Такія — нібы цвікі, толькі зазявайся, сядзь!

Давайце ствараць адпаведную атмасферу і пісьменнікам. Не тузайма літаратараў. Не арганізоўвайма калектыўных лінчаванняў, не вешайма на іх ярлыкоў. Калі каму няма чаго сказаць, то ў творах, напісаных аголенымі жыламі і нервамі пісьменніка з-за вялікай любові да Радзімы, або ў такіх жа выступленнях не шукайце элементаў варожай прапаганды. Тады ў нашай краіне з'явіцца літаратура, якая авалодае душамі людзей зямнога шара.

Мае словы, магчыма, будуць камусьці не даспадобы. Што ж, мне нічога не трэба. Як гаворыцца ў песні: «Жила бы страна родная, и нету других забот!» Я стаю на сваёй зямлі, ды яшчэ каб не гаварыў на ёй таго, што думаў? Навошта тады жыць?!

Я нікога не збіраўся тут павучаць, бо яшчэ сам надта ж мала ведаю. Проста хачу, каб і мае думкі ўліліся ў паток усхваляваных думак народа і паслужылі справе.

Выступленне маё не для газет, бо яны ідуць за мяжу, хоць мне не зусім зразумела такое тлумачэнне. Ленін у пісьме да т. Варгі, гаворачы аб прэсе, сказаў: «Нам патрэбна поўная і праўдзівая інфармацыя. А праўда не павінна залежаць ад таго, каму яна павінна служыць» (т. 54, с. 446, рус. выд.). Толькі прашу рэдактараў: пашкадуйце мяне, не прыпісвайце майму выступленню таго, чаго не было.

Напярэдадні 50-годдзя, калі мы сапраўдныя ленінцы, то мусім сказаць аб недаробленым. Пра многае ўжо гаворым, і гэта вельмі добра. Бо згодна з марксісцкім вучэннем аб грамадскім жыцці, зло абнародаванае — напалавіну пакананае. Гэта і ў мяне ўсяляе веру і дадае сілы для аптымізму.

О-о, быць таго не можа, усё роўна «наша возьме»!

Дзякуй за ўвагу.


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Данута: Аповесць. Апавяданні. Публіцыстыка / Прадм. У. Калесніка.— Мн.: Маст. літ., 1991.— 463 с.
Крыніца: скан