epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Запіскі дырэктара музея

Роздум ля экспанатаў
  1
  2
  3
  4
  5
Крыж
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8


Роздум ля экспанатаў

 

1

У Рэспубліканскім музеі гісторыі рэлігіі нікога не пакідае раўнадушным карціна народнага мастака Грузінскай ССР Чолы Кукуладзе «Інтэрнацыянал». Вялізнае, два метры на паўтара, палатно з агорнутым жывымі языкамі полымя, перакошаным ад болю тварам гарманіста прыслаў у Гродна аж з Сухумі сам аўтар, аднак падзея, што натхніла мастака, выдарылася на Віцебшчыне.

У вёсцы Малыя Асеткі (Расонскі раён) жыў сляпы музыкант — Фадзей Андрэевіч Іваноў. З яго пляменнікамі — Васілём, Паўлам і Цвінцікам Чола Кукуладзе — тады 19-гадовы танкіст з Абхазіі — партызаніў. Дзядзьку сваіх сяброў абхазец запамятаў па тым, як высокі, мажны мужчына, закінуўшы за плячо трохрадку, перабіраўся босы з вёскі ў вёску на вечарынку, хрэсьбіны ці вяселле, бо танцавалі, радзіліся, пасылалі сватоў ды выходзілі замуж нават і ў вайну. Калі аднойчы Чола спытаўся ў сляпога, чаму заўсёды дзядзька ходзіць босы. чалавек грузіну растлумачыў:

— Браточак, зямельку лепш адчуваю. Бачыш без кіёчка тэпаю.

Адзін час у сляпога хаваўся хворы партызанскі камісар Варфаламей Якаўлевіч Лапенка. Калі далечваць хворага забралі сваякі, немцы музыканта схапілі і пачалі катаваць.

Нічога ад гарманіста не дабіўшыся, нацысты для застрашэння людзей сабралі ўсю вёску, запіхнулі арыштанта ў хлявок, падпалілі страху. Скрозь прыадчыненыя дзверы людзям было відаць, як сляпы вывалак з сенавала гармонік ды ўрэзаў «Інтэрнацыянал».

Камандзір нацыстаў раптам спахапіўся — можа атрымацца выдатны здымак! — і кінуўся да машыны.

Калі ён вярнуўся з фотаапаратам, нельга было ўжо нічога разабраць: галасілі бабы, хлеўчык вышчарыўся чырванню голых крокваў і лат, паміж імі шугалі ў неба языкі полымя, хоць з вогненнага пекла і даляталі яшчэ слабенькія гукі неўміручай мелодыі.

Нацысцкі афіцэр прыйшоў у адчай — майн гот, упусціць такі кадр!

Сказаць, што карціна пакідае кожнага гледача нераўнадушным — мала.

Натуральна-шчыры, страшны дакумент пэўнай эпохі па ланцужку пакаленняў цяпер будзе доўга перадаваць і перадаваць нашчадкам водгукі гераічнага мінулага, хваляваць людскія сэрцы ды фарміраваць іхнія душы.

 

2

У суседнім аддзеле музея вісіць ікона блажэннага айца Максімільяна.

Гісторыя іконы такая.

Ксёндз Максімільян Марыя Кольбэ пры буржуазнай Польшчы быў душой папулярнага сярод католікаў месячніка «Рыцар прачыстай дзевы» («Rycerz Niepokolanej»). Выдаваўся часопіс пяць гадоў і ў Гродне, паралельна нават па-японску — у Нагасакі. Тыраж яго даходзіў да мільёна экземпляраў, і толькі ў часы акупацыі (1940) немцы месячнік абрэзалі да 120 тысяч.

Побач з апісаннем жахаў, якія бытта нясе людзям «сусветны крыважэрны камунізм» і ўсхвалення каралёў, прынцаў, генералісімуса Франко, маршалаў Пілсудскага ды Рыдз Сміглага, побач са зняважлівымі артыкуламі ў адносінах да іншых нацый (асабліва яўрэяў), у «Рыцары прачыстай дзевы» яшчэ падавалася дробная інфармацыя, пісьмы1.

Акупіраваўшы Польшчу, нацысты, як вядома, адразу ўзяліся нішчыць яе народ. Пачалі з інтэлігенцыі і нават у такіх людзях, як Кольбэ, убачылі сабе пагрозу.

У 1941 годзе а. Максімільяна арыштавалі, прывезлі ў Асвенцім ды — іронія лёсу! — разам з камуністамі і іншымі савецкімі палоннымі памясцілі ў барак 14А, на арыштанцкую вопратку ксяндза пачапілі нумар 16670.

К таму часу жыццё Кольбэ шмат чаму навучыла. А. Максімільян, мабыць, дараваць сабе не мог ужо, што, трымаючы ў руках масавы орган, друкаваў у ім розныя «бздуры», не паказваючы землякам пагрозы рэальнай.

У дні гістарычных выпрабаванняў палякі здзіўлялі свет сваім патрыятызмам. Без ніякай перспектывы кідаліся на штыкі, пад кулі ці бралі на сябе віну сваякоў, камандзіраў, знаёмых і нават — чужых ды з горда ўзнятай, бы наш Фадзей, галавой значылі шляхі гісторыі сваімі смерцямі. Ксёндз Кольбэ аказаўся дастойным сынам свайго народа. Лагерныя будні неўзабаве падсунулі яму момант для подзвігу.

 

1 Напрыклад:

«Італьянцы будуюць бамбардзіроўшчык, які прасвечваецца, бы аконнае шкло. Калі стане такі самалёт кідаць бомбы, на небе яго не ўбачыш.

Студэнткі амерыканскага універсітэта ўзялі на сходзе абавязацельства — не насіць кароткіх сукенак і кофт без рукавоў.

Сямігадовы румынскі цар пачаў хадзіць у школу.

У Афрыцы адно племя для вайны з суседзямі прымяняе цэцэ. Выпускае рой мух на праціўніка, і ворагі адразу гінуць.

У Маскве судзілі прафесара за тое, што чалавек пад Новы год купіў на базары елачку, прывалок дамоў ды адважыўся паставіць яе дзецям.

У савецкіх магазінах няма брытваў і мыла, таму рускія мужчыны запусцілі вусы і бароды...

Пісьмо гродзенца:

«Вельмі прашу часопіс аб’явіць усім пра ласку, якую я паспытаў ад дзевы Марыі. Пару гадоў нада мной вісела ў судзе справа і не давала спакою. Атрымаўшы павестку, я паслаў 10 злотых на распаўсюджванне «Рыцара прачыстай дзевы», даручаючы сябе пад апеку багародзіцы. І вось здарыўся цуд: справу ў судзе выйграў!

Цяпер пасылаю Вам яшчэ 10 злотых на тое самае. Прашу аб’явіць пра ўсё веруючым і няверуючым хрысціянам — да смерці буду маліцца прачыстай дзеве, чаго дагэтуль ніколі не рабіў».

3

У канцы ліпеня 1941 года з Асвенціма ўцёк зняволены. Камендант канцлагера штурмбанфюрэр Фрытцшэ загадаў — за ўцёкі аднаго з барака 14А пакараць галоднай смерцю дзесяцярых.

Эсэсманы адлічылі ахвяры, падвялі да баракаў, дзе адбывалася такое пакаранне, паставілі ўсіх на калені. Умомант збегся натоўп схуднелых істот у паласатых балахонах. Знаёмых і сяброў камендант ад няшчасных не адганяў. Наадварот, якраз ён і хацеў, каб жывыя добра на ўсё паўзіраліся ды зарубілі сабе на носе — з немцамі жарты малыя.

Пакуль апаражнялі ад трупаў цэментавыя клеткі ды рыхтавалі «памяшканне» для свежых кандыдатаў у нябожчыкі, няшчасныя, абкружаныя арыштантамі, развітваліся. Малады ляснік Францішак Гаёўнічак услых усклікнуў:

— Божа, як шкада жонкі! Езус Марыя, як мне шкада малых дзетак!..

Пачуў гэта Максімільян Марыя Кольбэ ды звярнуўся па-нямецку да Фрытцшэ:

— Пан камендант, мне сорак сем, я адзінокі. А гэты няшчасны — малады і ў яго сям’я. Абмяняйце нас, вам жа ўсё роўна!

Цар і бог славутай фабрыкі смерці надта здзівіўся ды хвіліну падумаў. Затым практычны немец кінуў:

— Гут! Станавіся замест яго на калені! А ты — вэг!

Дзевяць прыгавораных палякаў памерлі ў бетонных клетках — хто на сёмы, хто на восьмы дзень, іх адправілі ў печ, а ксёндз усё жыў — лагернікі ўмудрыліся праз шчыліну ў дзверцах запіхваць яму ежу.

Застаўшы арыштанта з нумарам 16670 жывым-здаровым і праз два тыдні, раззлаваны Фрытцшэ зараз жа загадаў даць апошняму заложніку ўкол фенолу — орднунг мус зайн, фэрфлюхтэ! Немец яшчэ і прасачыў, каб цела дзесятага паляка адправілі ў крэматорый таксама.

 

4

Францішак Гаёўнічак, прайшоўшы агні і воды, вярнуўся пасля перамогі дамоў ды расказаў усім пра сваё незвычайнае ўратаванне. Гісторыю падхапілі касцельныя газеты, пачалі размалёўваць яе на розныя лады. Затым шуміху падхапіла ватыканскае радыё, тэлебачанне...

Ішлі гады, адно дзесяцігоддзе змяніла другое, а шуміха вакол учынку а. Максімільяна не сціхала. Скончылася ўсё тым, што касцельная ўлада Польшчы звярнулася ў Ватыкан з прапановай — аб’явіць Кольбэ святым. Ім стаць цяпер не так проста, і першую атаку польскага клера апастольская сталіца адбіла.

Тады каталіцкія газеты ўзнялі новую кампанію.

На гэты раз размалявалі набожнасць усіх членаў сям’і Кольбэ, пералічваючы, хто з іх, колькі разоў і якую малітву кожны дзень гаварыў. Напомнілі пра работу а. Максімільяна ў «Рыцары прачыстай дзевы», яго місійныя дасягненні ў Японіі. Але гэтага ўсё яшчэ было мала, і пачалі яны збіраць сведчанні «лекарскіх камісій» пра цудоўнае выздараўленне людзей, якія прыкладвалі да хворага месца фатаграфію Кольбэ ці маліліся на а. Максімільяна...

Нарэшце кардынал Вышынскі адправіўся ў Ватыкан, папрасіў у рымскага папы прыватнай аўдыенцыі. Прымас Польшчы стаў горача даводзіць Іаану XXIII, як у даны момант Польшчы важна мець свайго святога. Папа рымскі жахнуўся:

«— Але ж столькі кандыдатаў цяпер паспяшае ўзысці на неба, столькі родзічаў жадае іхняй хвалы!

Вышынскі адказаў яму ў тон:

— Ваша светласць будзе ласкава адно крышачку прыадчыніць нябесныя вароты для паляка, і ён праскочыць на неба без чаргі!..»1

Нарэшце 17 красавіка 1971 года рымскі папа новага святога баніфікаваў. Адразу касцельныя кіёскі Польшчы напоўніліся рознафарматнымі іконамі, на якіх на фоне сілуэта маткі боскай віднеўся сімпатычны мужчына ў акулярах з адным плячом, апранутым у паласаты лагерны балахон і з нумарам 16670, а другім — у сутану:

— Наце, прыхаджане, маліцеся на яго!

 

1 Цытата з касцельнага выдання.

5

У аддзеле каталіцызму гледачоў уражваюць індульгенцыі на адпушчэнне грахоў. Дзівіцца моладзь: от былі дурні — яшчэ збіралі на такое грошы ды верылі, што паперка на лацінскай мове выбавіць іх ад пекла.

Побач красуецца масіўны шчыт. Ён трапіў у музей з дрысвяцкага касцёла. На медным і круглым экспанаце віднеецца крыжавіна, а вакол вяночкам — надпіс: «За тое, што прамовіш «ойча наш» ды пацалуеш гэты крыж — будзеш мець праз 200 дзён дараваныя грахі па аднаму разу на дзень».

Шчыт вялізны і медзь вышэйшай якасці. Адлілі на шчыце салідна і літары. Аж не верыцца, што шчыт рабілі ўсур’ёз, вешалі ўсур’ёз у прытвор, а тысячы людзей, пакаленне за пакаленнем яго з набожным трапятаннем сэрца цалавалі ды ўсур’ёз адносіліся да надпісу.

Зрэшты, індульгенцыі на старажытнай паперы з вадзянымі знакамі, медзяны шчыт з крыжам — рэчы даўнія. Можна іх растлумачыць агульным цемрашальствам ды адсталасцю колішніх людзей. Але ж тое, што і зараз клер шукае дурняў ды спекулюе нават на незвычайнай смерці, не можа аніяк укласціся ў маёй галаве.

Кольбэ — святы?

«Сапраўдны мучанік,— сказаў Станіслаў Лем, — той, каму адмовілі нават у гэтым тытуле».

 

Крыж

 

1

Сілуэт яго маячыў пад вёсачкай Шылава ля самага скрыжавання дарог. Начамі гэты крыж служыў нам добрым арыенцірам: камандзіры заўсёды вызначалі тут зборы. У макрэнь, слякаць ці завею, калі на прывале не было куды прыткнуць зброі, цэлы ўзвод, бывала, чапляў на яго ўсе свае вінтоўкі, аўтаматы, «дзегцяры» з дыскамі, а крыж — хоць бы ўздрыгнуў. Масіўны, шырокі яго ніз пры засадзе — ідэальная заслона кулямётчыку...

Аднойчы, абладаваныя харчамі, хлопцы адзін за адным прыбывалі цішэчкам на ўмоўленае месца — тутэйшыя вёскі партызанам спрыялі, высцерагаліся мы толькі ружанскага гарнізона, да якога — падаць рукой. Каб сялянскія падарункі ў паходзе не скоўвалі рукі, партызаны і на гэты раз развешалі на крыжавіне свае стрэльбы ды пачалі піхаць у рэчавыя мяшкі боханы хлеба, сала, кумпякі, качаны капусты ды тытунь. З заткнёнымі за рэмень поламі шыняля камандзір Скарынін нас пералічваў ды асцярожна прыслухоўваўся. У Зелянкевічах крыху пастрэльвалі, ніхто не ведаў, што там здарылася, трывога памалу агортвала ўсіх.

Раптам з цемры выпаўз ранены.

— З брыгады Панамарэнкі,— аб’явіў, стогнучы.— У калена мяне, сволач, секануў!.. Заходжу да сувязнога ў Зелянкевічах, а там — бобікі! Ведаю нават, каторы гад стрэліў. Не дарую яму ніколі...

Умомант хлопцы пасадзілі небараку на рэчавы мяшок пад крыж, пачалі перавязваць, а Скарынін папёр мяне выламваць з прыдарожнай агароджы дручкі для насілак. Гэта азначала — рыхтуйся раненага несці, а ў мяне ад стомы ногі і так адвальваліся. Валокся я праз дарогу і сябе суцяшаў: партызан — невялічкі, з вопраткай і аўтаматам вага такога — кілаграмаў 70, для чатырох чалавек — не страшна...

 

2

З год пасля вайны адправіўся я рэйсавым аўтобусам у Брэст. Пад Ружанамі выглянуў праз акно ды ўстрапянуўся: справа ад шашы маячыў масіўны, да болю знаёмы сілуэт. Цяпер, пры дзённым святле, я добра крыж разглядзеў. Шэры, няўклюдны, больш падобны на караткарукую снежную бабу. Выцесалі яго з кавалка граніту тоны на тры — не дзіва, што не перакульваўся, колькі б мы жалязяк на яго ні чаплялі.

Крыжу ўзрадаваўся я, бы старому знаёмаму.

З таго дня праз гадоў пяць, едучы ў Брэст ці з Брэста, я ноччу і днём чакаў з нецярпеннем моманту, калі стужка асфальту прывядзе мой аўтобус пад Шылава і я хоць на секунду зірну на сваю вешку. Калі ж аднойчы старога знаёмага не ўбачыў у належным месцы, ад непапраўнай страты ўпаў у адчай.

Неяк расказаў я пра крыж археолагу Лысенку, контуры гранітнай фігуры намаляваў яму яшчэ і на паперы. Славуты адкрыўца «Бярэсця», не задумваючыся, кінуў:

— Мальційскі. Чатырнаццатае стагоддзе. На Беларусі такіх надта мала. Ставілі продкі адно з выпадку вялікіх падзей. Наколькі ведаю, ніхто з вучоных яго не бачыў.

Словы вучонага распалілі мяне яшчэ больш, адчай некалькі гадоў не даваў спакою. Падмывала нешта рабіць.

Нарэшце выбраў я час і спецыяльна адправіўся пад Ружаны даследаваць — што здарылася з маім знаёмым. Абабег шмат дамоў, апытаў старых і малых, але ўсе людзі на мяне ўзіраліся, як на дзівака, пакуль я не спахапіўся — пераблытаў вёскі; а сонца ўжо хіліла к захаду.

У Гродна давялося вяртацца спадарожным грузавіком. Разгаварыўся я з шафёрам, а ён:

— Ха, добра ведаю той крыж! Паставіў яго нейкі цар, а пад ніз закапаў золата. Калі працаваў я ў Шылаве трактарыстам, старшыня калгаса загадаў завалачы крыж у балота. Падчапіў я тросам, завалок. Потым хадзіў ноччу з лапатай на тое месца, але ніякага золата там не было — хтосьці ўжо выкапаў. Ці можна крыж з балота дастаць? Наўрад. Засмактала дрыгва грунтоўна.

 

3

Ішоў год за годам, а шылаўскі крыж, бы зубны боль, не даваў мне спакою. Звязаныя з ім перажыванні юнацтва паступова адыходзілі на задні план. Фантазія ўжо малявала таямнічыя і вялікія падзеі, з-за чаго мае продкі той крыж выцесалі. Тысячу разоў праклінаў я незнаёмага старшыню калгаса, заадно абураўся і на іншых дурняў, якія звялі са свету помнікі народнай культуры.

Нечакана для сябе стаў я раптам дырэктарам Музея атэізму і гісторыі рэлігіі. Адразу падумаў пра крыж. Быць таго не можа, каб трохтонную глыбу ў наш час нельга было знайсці — балоты цяпер асушылі, яго напэўна выперла наверх.

Ружаншчына — не наша вобласць, трэба захоўваць субардынацыю. Пра экспанат я асцярожна пацікавіўся ў Брэсцкім музеі. Пачуў адказ:

— А яго шылаўскі старшыня загадаў пабіць. Адзін дзядзька кавалкі пазбіраў ды паклаў сабе ў фундамент. Калі вам аддасць — мы не супроць.

Выходзіць — яшчэ адна версія знікнення помніка?!

Няўжо знайшоўся ідыёт, што пабіў такую каштоўнасць?..

Да старшыні пранікся я ўжо лютай нянавісцю, а сябе пацешыў: не панікуй, можа быць яшчэ і версія трэцяя, на гэты раз — самая праўдзівая, лепш з’ездзі на месца ды разбярыся толкам, мажліва не ўсё яшчэ страчана.

 

4

У разгар лета музейны аўтобус мяне з супрацоўнікамі даставіў у Шылава. Была нядзеля. Умомант сабраўся вялізны натоўп загарэлых і цікаўных мужыкоў ды баб — ужо дзяцей, унукаў тых, хто партызанам даваў хлеб і кумпякі.

— Кры-ыж? — людзі адразу загаласілі хорам, бытта пытання такога чакалі.— Ён там на дарозе закопаны!

— Як старшыня кінуў у тую яму, так і ляжыць!

— Ужо гадоў з дваццаць!

— Хадзем пакажам!

Натоўп павёў нас да месца. Людзі не пераставалі:

— Старшыня калгаса, абармот, вывернуў яміну ды ўпіхнуў туды яго.

— Перашкаджаў, бачыш, яму, халеры! Да ямы загадаў валачы трактарысту. Той адмовіўся. Так палез, зараза, у кабіну сам.

— А думаеце, яму гэта не адрыгнулася? Нага аднялася, жонка і дзеці пахварэлі.

— А што сабе думаў — такое з рук сыдзе?

— Прыезджы? — цікаўлюся.

— Мясцо-овы! Зараз працуе ў Зелянкевічах старшынёй сельсавета.

— Ці хоць цэлы крыж у зямлі?

— О-о, ён надта моцны — каб хацеў пабіць, не паб’еш!

— Во, тут і ляжыць!

Спыніліся ў месцы, дзе дарога выходзіла на асфальт.

Шафёр прывалок бярэмя інструменту. Мае навуковыя супрацоўніцы няўмела, з наманікюранымі пальчыкамі ўзяліся за лапаты ды пачалі бездапаможна тыкаць іх у зацвярдзелую на бетон зямлю. Мужыкі без слова інструмент паадбіралі, і ў іх адразу закіпела работа. Не прайшло і мінуты, як у яме паўстала знаёмая да болю гранітная няўклюда.

Наш аўтобус — слабенькі, за экспанатам трэба ехаць грузавіком. Буксірам сцягнулі покуль што яго ў кювет, выраўнялі дарогу. Людзі ўжо маўчалі. У настроі натоўпу адчувалася якаясьці перамена.

— А вы — што, мо надумалі сабе яго забраць? — раптам узарвалася бабка.

— Не-е, не аддамо ніко-ому! — падхапілі іншыя.

— Бо крыж — наш! Дзяды і прадзеды на яго глядзелі і маліліся мо тысячу гадоў. Кожнага нябожчыка трымалі перад ім, покуль везці ў Зелянкевічы на могілкі.

Нейкі п’яны з веласіпедам у руках уставіў:

— Трэ спытацца Сянкевіча — як ён скажа.

— І Сянкевіч яго не аддасць.

— А ты ведаеш?

— Бо ведаю! — скочыла да дзядзькі з кулакамі загарэлая маладзіца.

— Мая баба казала — да каменя са слядочкамі багародзіцы і да крыжа, калі ён шчэ стаяў на палосцы, усіх дзяцей з коклюшам прыносілі.

— І з крэсным ходам хадзілі да яго, калі не было дажджу.

— Ні крыжа, ні валуна са слядамі мацеры божай не аддамо, хай нас хоць страляюць.

— Толькі паспрабуюць узяць!..

— Ляжам перад машынай і не выпусцім.

Дружны натоўп баб гаманіў з пагрозай і нянавісцю. Жаночы крык паступова перайшоў на віск. Яшчэ момант, і ўсе рынуцца на нас з кіпцюрамі. Пабялелыя мае дзяўчаткі не ведалі, куды дзяваць блакноты, у якія меліся запісваць легенду экспаната. Мяне больш за ўсё здзівіла — лютавалі не толькі старыя, а і — выфранчаныя маладзіцы, якіх і бабамі не назавеш. Такія, напэўна, канчалі васьмігодкі, сярэднія школы і вучылі, адкуль бярэцца дождж, што такое коклюш, зараз усе яны карысталіся пральнымі машынамі, халадзільнікамі, каляровымі тэлевізарамі...

Мужчыны покуль што маўчалі, але было відаць аж занадта, на чыім баку і яны.

Спантанны выбух псіхозу трэба было гасіць. Бытта нічога не здарылася, я спытаўся:

— Пра якога Сянкевіча, вы, дзядзька, успаміналі? І дзе ў вас ляжыць камень са слядамі багародзіцы?

— А-а, ты, антыхрыст, і яго хочаш узяць?

— Без дазволу нічога ў вас браць не буду.

— Паказаць, бабы, можам! Халера яго бяры, хай паглядзіць, хай! Ніякі трактар, ніякі кран той валун не падніме...

— Не ве-ерце, яму! Дальбо, бабы, не ве-ерце! І гэты што-небудзь зробіць валуну, бы старшыня — крыжу.

— Ціха, кабеткі, ціха. Паедзем. Сядайце, хто можа, і паказвайце той цуд.

 

5

Думаў я так натоўп рассеяць, але нічога не выйшла. Людзі забілі поўнасцю наш аўтобус, астатнія ж, усе як адзін,— павалілі на запаветнае месца пехатой.

Заехалі ў Шылава па Сянкевіча.

То быў ружовенькі і сівы як лунь, чысценькі ды ахайны васьмідзесяцігадовы інтэлігент з васільковымі вачыма. Дзядзька ціхім і спакойным голасам паведаў:

— Крыж не стары. На маёй памяці рабіў яго Мікодым з Шылава. Высек на сваёй палосцы. Мужыкі ў вольны час жлукцілі гарэлку, зубаскалілі, а Мікодыму было гэтага мала. Чаму лепшаму яго не навучылі, і ён з ломікам у нядзелю прыходзіў на сваю палоску ды дзёўб граніт. Высякаў фігуру гадоў з пяць. Потым паклікаў з Зелянкевіч бацюшку, крыж высвянціў. Бабы вакол крыжа адразу ўзнялі вэрхал. А тут абрынулася царская вайна — казакі паперлі ўсіх на Усход. Мікодым у 1920-м з бежанства не вярнуўся, палоска дасталася пляменніку — Кісламу Сцяпану. Калі ў 1935-м памёр Пілсудскі, солтыс, каб выслужыцца перад панамі, даў Сцяпану 5 злотых, сабраў з вёскі ўсіх коней ды прывалок бандуру да ружанскай шашы. Кіслага забілі немцы, сапраўдную гісторыю крыжа цяпер мала хто і ведае. Зараз месца яму толькі ў музеі. Забірайце ў Гродна, бо тут вакол яго наплятуць яшчэ столькі баек, што праз пяцьдзесят гадоў сам чорт не разбярэ, дзе праўда.

Сяляне нібы панабіралі ў рот вады.

Маладзенькія супрацоўніцы музея ў Сянкевіча пацікавіліся:

— Пётр Сямёнавіч, вы — з настаўнікаў?

— Не. Быў царкоўным папячыцелем.— Стары заўважыў у вачах дзяўчат расчараванне.— Тады, дочачкі, не тое, што цяпер вам. Вучыцца не змог, скончыў толькі прыходскую...

Дзяўчаты горача старому дзякавалі, а я падумаў: даць бы ў свой час чалавеку адукацыю, што б з яго выйшла! Шкадаваў я і дзядзькі Мікодыма. Упарты, працавіты, з характарам — выліваў сваю энергію ліха ведае на што... Колькі і цяпер такіх самародкаў трацяць сілы па-пустому. На ўліку страты энергіі ад сонца, вугалю, нафты, электрыкі, ветру, марскіх прыліваў, вакол ідуць гарачыя дэбаты пра тое, як дабро гэтае гаспадарліва ўжываць, а людской — нават ніхто не бярэцца падлічваць. І найбольш мяне займала гісторыя з крыжам. Колькі людзі нагрувасцілі тут глупстваў!

Зрэшты, вакол гэтай самай лаканічнай геаметрычнай фігуры разгаралася і не такое.

 

6

Аўтобус уз’ехаў на ўзгорак. Натоўп, што адправіўся пешшу, быў ужо тут — бабы замерлі ў набожным чаканні. Загарэлая, з вузлаватымі рукамі крыкачка паказала ўніз:

— Во, гляньце!..

Перад намі з травы выставіў пуза камень — сівы, вялізны. Па цэнтры выпукласці ішлі зарослыя сям-там рыжаватым мохам ямкі — бытта хтосьці вызначыў пункцірам лінію ды падзяліў валун на роўныя палавінкі. Зірнуў я на ямкі і адразу зразумеў, у чым справа. Не разумець яе можна было толькі наўмысна.

— Ту-ут хадзіла мацер бо-ожая?! — з жахлівым недаверам і перапалохана спыталася самая маладая супрацоўніца музея.

— Святымі ножанькамі хадзіла і унь аж колькі нам пакінула сваіх слядочкаў! — скорагаворкай зачасціла бліжэйшая старая.— Мы тут усе да яе молімся і — ах! — колькі дабра ад яе атрымліваем! У Шылаве — ні паморкаў на свінні, як у іншых вёсках, ні тых пажараў... І ў вайну немцы расстралялі адно шэсць чалавек...

Старая — з тых самых прыткіх, энергічных бабуль, якія ўзнімалі агні ажыятажу вакол «Вершалінскага раю», «абнаўлення ікон». Ліха на яго, але ж тое было гэтак даўно! Выяўляецца — унь як жывучае такое племя!..

Мяне разабрала злосць:

— Стой! І гэта, па-вашаму,— чалавечыя сляды? За дурняў нас маеце? Такія мог бы пакінуць толькі кот! Дзядзькі, ану, падыдзіце ўсе бліжэй, прыглядзіцеся! Хтосьці яўна валун хацеў раскалоць і набіў дзірак ля кліночкаў. Дзе вашы вочы?

Цёткі адразу змоўклі. Сянкевіч зводдаль усміхаўся. Пасаромленыя мужчыны адводзілі вочы. Нехта пачаў апраўдвацца:

— Ды з нас тут ніхто, мабыць, і не бываў — мо адно тады, калі без нагавіц бегалі!.. Гэтыя бабы, каб на іх халера, заўсёды нешта намудрагеляць! Заўсёды ім патрэбна нейкая цацка для гульні!..

 

7

Баючыся, што экспанат давядзецца выдзіраць ад шылаўскіх баб ледзь не сілай, забіраць яго адправіўся я сам. З брэсцкім начальствам дамовіўся — старшыня Зелянкевіцкага сельсавета падгоніць кран, дапаможа ладаваць.

І вось я ў сельсавеце.

Малы тоўсценькі старшыня выйшаў з-за стала і павітаўся. Я заўважыў — чалавек моцна кульгае, а па нездаровай чырвані твару здагадаўся — інвалід вайны. Нядобразычлівасці да яго ў мяне не стала. Толькі з папрокам я спытаўся, навошта закопваў крыж.

— Халера на іх, фанатычак! — вінавата і шчыра пачаў старшыня скардзіцца.— Вы б паўзіраліся, што тут было трыццаць гадоў таму! Баб трэ пасылаць у агароды, акучваць картоплю, даіць кароў, карміць свіней, а яны, заразы, бывала, збяруцца ля гэтай дурной хламіды раніцой і да глыбокай ночы малітвы енчаць. Адна адну як расквеліць, як навінціць — валасы дыбам станавіліся. Я і так, і гэтак, я і прасіў, маліў і палохаў, а яны — сваё. Паверыце — свінні дохлі, пра сваіх дзяцей іншая забывала... Што рабіць? Быў у мяне яшчэ з партызанства тол, хацеў крыж узарваць, ды пашкадаваў. Аднаго дня, калі вывелі з цярпення зусім, прываліў іхнюю забаўку зямлёй. Пабурчалі, паабзывалі, але прыціхлі адразу, і меў я спакой.

Раптам успомніўся мне май 1950 года, калі працаваў я ў Сапоцкіна. Там жанчын таксама агортвала падобная эпідэмія. Збіраліся ў вялізныя натоўпы ля прыдарожных крыжоў, распявалі малітвы, забываючы пра родных дзяцей. Даходзіла да таго, што ўласныя мужыкі хадзілі па іх з кіямі.

Старшыня выглядаў на майго равесніка. Яшчэ выявілася — партызан. Я пацікавіўся, дзе і калі яго ранілі.

— У Зелянкевічах,— кінуў ён малаважна.— Ат, ноччу налез на бобікаў... Не пашыхавала...

— Перад самым Новым годам?! — жахнуўся я, усхапіўшыся з месца.— Дык я ж цябе, чалавеча, валок тады ў Гута-Міхалінскі лес на насілках з дручкоў!..

 

8

Нарэшце караван нашых машын — грузавая дзесяцітонка, кран і «масквічок» старшыні сельсавета — вырушыў з Зелянкевіч у Шылава. Праз хвіліну грузавічок спыніўся — паляцела нейкая трубка. Толькі яе замянілі, а кран — ні з месца. Машыны зношаныя, нічога незвычайнага ў паломцы не было, але і гэтага хапіла б, каб бабкі сказалі пра помсту мацеры божай і святога духа. Адрамантавалі кран, а матор у грузавіку замоўк зноў...

Праз пару гадзін усё ж такі ля крыжа апынуліся мы цэлым караванам. Адзін шафёр пачаў раскладваць лапы крана, другі — пад’язджаць да экспаната бортам.

Побач на ячменным полі працавалі сем камбайнаў. Быў панядзелак, вяскоўцы ўсе разышліся на работу, і толькі камбайнеры спынілі свае дрэдноўты ды прыбеглі да нас, каб назіраць момант пагрузкі. Хлопцам у камбінезонах было вельмі дзіўна — гэткі няўклюда-камень, а — ты глядзі! — не паленаваліся прыехаць па яго аж з самога Гродна.

Маладзенькі шафёр грузавіка адразу ўключыў поўны газ, і на спідометры паказала 110 кіламетраў. Я абмёр — трапіць на такой хуткасці хто пад колы, і будзе новая легенда пра цуд: цяпер ужо стану яе героем я.

— Сынок, два разы цішэй едзь! Бо пры раптоўным тармажэнні трохтонны гранітны снарад знясе па інерцыі кабіну разам з нашымі галовамі.

Хлопец глянуў на мяне з маладой легкадумнасцю. Дакладна гэтак на вайне глядзелі яго равеснікі, калі ім раілі надзець каску, схавацца за бруствер, лезці ў ровік: што, мяне возьме куля?

— Слухай, што табе кажуць!

— Я, дзядзьку, атрымліваю ад тона-гадзін! З вамі так і на абед не зараблю.

Давялося паабяцаць — падпішу пуцявы ліст з двайным маршрутам. Тым не менш да самага Гродна сядзеў я ў кабіне як на іголках.

Нарэшце заехалі ў двор музея. Збегліся супрацоўнікі. Адны ўслых абмяркоўвалі, як крыж экспанаваць, якую яму даваць падсветку і надпіс, іншыя ўдакладнялі назвы вёсак, прозвішчы, а тым часам я не спускаў з яго вока. Толькі калі масіўная і крыжападобная глыба граніту тоўстым сваім нізам з борта гупнула ў выкапаную яму, я з вялікай палёгкай уздыхнуў.

 

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Данута: Аповесць. Апавяданні. Публіцыстыка / Прадм. У. Калесніка.— Мн.: Маст. літ., 1991.— 463 с.
Крыніца: скан