epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Клачко

Пра раман Цішкі Гартнага «СОКІ ЦАЛІНЫ»

 

 

У творчай спадчыне Ц. Гартнага раман «Сокі цаліны» і па актуальнасці тэмы і па маштабнасці апісаных падзей, якія папярэднічалі Вялікаму Кастрычніку, займае асобнае месца. У 20-я гады гэты твор карыстаўся вялікай папулярнасцю ў чытача і асабліва сярод моладзі. Яго чыталі і перачытвалі.

Першая квадра рамана «Бацькава воля» была напісана яшчэ да рэвалюцыі (1914—1916 гг.) і ўрыўкамі друкавалася ў газ. «Дзянніца» (1916), выдаўцом і рэдактарам якой быў сам Гартны. Поўнасцю «Бацькава воля» ўбачыла свет у 1922 годзе. Яе сюжэт заснаваны на сутыкненні характараў двух пакаленняў — бацькоў і дзяцей. У аснове канфлікту — матыў сацыяльнай няроўнасці. Местачковы хлопец, а пасля рабочы рыжскага завода Рыгор Нязвычны любіць Зосю Прыдатную. Бацькі Зосі — заможныя сяляне — і слухаць не хочуць пра «галадранца» Рыгора, якога кахае Зося. Яны хочуць выдаць замуж сваю дачку за багацея Васіля Берага.

Зося знаходзіць у сабе сілы і кідае выклік дамастроеўшчыне. Яна змагаецца за свабоду пачуццяў, супроць бацькавай волі. У пратэсце Зосі адчуваюцца павевы новага, рэвалюцыйнага часу. У гэтым сэнсе слушную заўвагу зрабіў Ю. С. Пшыркоў у сваёй працы «Эпас рэвалюцыі» (Мн., 1975), што «Зосю можна назваць папярэдніцай Ганны Чарнушкі з «Палескай хронікі» І. Мележа. Гэта першы раманны герой у нашай літаратуры, а значыць, важнае мастацкае адкрыццё не толькі аўтара аповесці, а і ўсёй тагачаснай літаратуры». Справядлівасць выказанай думкі засведчыў і сам Мележ, які аднойчы ў размове з аўтарам гэтых радкоў сказаў, што бытапісанню ён вучыўся і ў Ц. Гартнага.

«Бацькава воля» — першы буйны празаічны твор дакастрычніцкай пары, які вызначаецца кампазіцыйнай зладжанасцю, выразнай і дакладнай характарыстыкай местачковага асяроддзя, у якім жывуць і дзейнічаюць героі. Аўтар стварыў запамінальныя вобразы кулакоў і прадстаўнікоў духавенства, выявіў уменне характарызаваць герояў праз іх мову. Асабліва ўдаліся пісьменніку вобразы жанчын: Стэпы Нязвычнай — маці Рыгора, Зосі Прыдатнай, Тадосі Бераг.

Аднак ва ўсіх квадрах-кнігах рамана «Сокі цаліны» цэнтральным вобразам з’яўляецца вобраз Рыгора Нязвычнага — прадстаўніка новага пакалення, якое фарміравалася ў гады рэвалюцыйных падзей у Расіі. Яшчэ ў 1905 годзе Рыгор са сваімі местачковымі сябрамі Сёмкам і Янкам «запісваўся» ў дэмакраты, спяваў рэвалюцыйныя песні, хаваў лістоўкі, пракламацыі і забароненыя кніжкі. Пасля Рыгор апынуўся ў вялікім горадзе, папрацаваў у гушчы заводскага калектыву і, зразумела, набыў пэўны вопыт падпольнай работы. Праўда, у дарэвалюцыйным варыянце «Бацькавай волі» Рыгор Нязвычны не ўзняўся да рэвалюцыянера пралетарскага тыпу, але і ён заклікаў да актыўнай барацьбы з самаўладствам, са светам прымусу і гвалту. На думку Рыгора, «няма большага грэху, калі бачыць няпраўду і маўчаць, патвараць ёй...». «Жыццё ў тэрміне перабудоўкі»; «Хто спаў — прачынаецца; хто маўчаў — пачынае гаварыць»,— заяўляў Рыгор.

У савецкі час пад уплывам ленінскай партыі Ц. Гартны прайшоў даволі складаную эвалюцыю ў сваім светапоглядзе. Працягваючы працу над раманам, ён па-новаму асэнсаваў і падышоў да стварэння вобраза галоўнага героя «Бацькавай волі» з пазіцыі савецкага пісьменніка. У наступных кнігах рамана «Сокі цаліны» — «На перагібе», «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы» — аўтар значна ўзмацніў класавыя пазіцыі Рыгора Нязвычнага, надаўшы яму рысы пралетарскага рэвалюцыянера. Гэтым творам Гартны адкрыў у беларускай савецкай літаратуры новую тэму, новага героя і новы жанр — сацыяльны раман.

Рыхтуючы раман «Сокі цаліны» для перавыдання ў Зборах твораў, пісьменнік у 1931 годзе карэнным чынам перапрацаваў «Бацькаву волю», прывёўшы яе ў адпаведнасць з астатнімі кнігамі рамана. Цэлыя раздзелы гэтай кнігі былі перапісаны нанава. Галоўны герой Рыгор Нязвычны паказаны актыўным свядомым рэвалюцыянерам з яскрава выражаным пралетарскім светапоглядам. Увесь сэнс жыцця Рыгор бачыў у «змаганні рабочага класа, у яго перамозе, у яго дыктатуры». Выступаючы перад рабочымі свайго завода, ён заклікаў да актыўных рэвалюцыйных баёў, да ўзброенага паўстання: «Нам няма чаго губіць, апроч сваіх ланцугоў! Ланцугі ж нам пара скінуць, пакуль яны не пераелі нашага цела, пакуль ёсць хоць малая мажлівасць зрабіць рух, шавяльнуцца». Яго баявым дэвізам стала: «Лепш памерці ў змаганні, чымсь жыць у няволі...» Сам Рыгор перанёс турэмнае зняволенне, адміністрацыйную высылку і загінуў на вуліцах Пецярбурга ў дні Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі са словамі: «Далоў самаўладства!», «Няхай жыве рэвалюцыя!»

Аднак, надаючы свайму герою новыя якасці рэвалюцыянера пралетарскага тыпу, пісьменнік парушыў рэалістычныя прынцыпы стварэння характару і, як гаворыць Алесь Адамовіч, «механічна ператварыў сялянскага хлопца Рыгора Нязвычнага ў нерухомы эталон «стопрацэнтнага пралетарыя». Сапраўды пісьменнік не здолеў зрабіць гэта псіхалагічна апраўдана і па-мастацку абгрунтавана. І ўсё ж пры аналізе мастацкіх якасцей рамана «Сокі цаліны» мы не павінны траціць пачуцця гістарызму, маючы на ўвазе, што ў гэтым творы адлюстраваны пошукі новага героя ў ранні перыяд развіцця беларускай савецкай літаратуры, у якой не было неабходнага вопыту ў раскрыцці чалавечай псіхалогіі. У гэтых умовах Гартны здзейсніў подзвіг, узяўшыся ўслед за Горкім за стварэнне шырокамаштабнага сацыяльнага рамана, у якім галоўным героем выступае рабочы-рэвалюцыянер. Менавіта адсутнасць вопыту ў раскрыцці характару рабочага чалавека абумовіла і пэўныя слабасці рамана. Да іх трэба аднесці апісальнасць і публіцыстычнасць стылю ў другой і трэцяй кнігах «На перагібе» і «Крыжавыя дарогі», у якіх падзеі падаюцца ў абагульненым выглядзе без належнай драматызацыі дзеяння і сутыкнення лёсу герояў, іх жыццёвых пазіцый.

Па-іншаму ўспрымаецца чацвёртая кніга — «Чырвоныя зарніцы», дзе ёсць удалыя гарадскія замалёўкі рэвалюцыйнага Пецярбурга і трапныя апісанні грамадскіх падзей.

Многія крытыкі папракаюць Гартнага за шурпатасць мовы рамана, за празмернае напластаванне ў ім дыялектызмаў і архаізмаў. З гэтай прычыны неабходна адзначыць, што ў часы напісання рамана Ц. Гартны адначасова быў і мастаком і побач з іншымі пісьменнікамі — стваральнікам беларускай літаратурнай мовы, і гэта тады, калі грамадска-палітычная і вытворчая лексіка толькі фарміравалася і ў стылёвым плане яна была асвоена слаба. Таму шырокае выкарыстанне ў тыя часы ў літаратурных творах пластоў народнай лексікі і фразеалогіі трэба лічыць натуральнай і заканамернай з’явай. Значная частка лексічных элементаў уведзена ў раман з мэтай індывідуалізацыі мовы герояў, з мэтай стварэння мясцовага каларыту. На наш погляд, мова рамана абцяжарана не столькі дыялектнай лексікай, колькі своеасаблівымі словаўтваральнымі элементамі і кніжным сінтаксісам.

Адзначаючы недахопы і слабасці творчай манеры Гартнага-празаіка, раман «Сокі цаліны» быў і застаецца цікавай старонкай у гісторыі беларускай савецкай літаратуры, у якім асвятляецца барацьба рабочага класа і сялянства Расіі, у тым ліку і Беларусі, супроць царызму паміж дзвюма рэвалюцыямі — першай рускай рэвалюцыяй 1905—1907 гг. і Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй 1917 года. У гэтым сэнсе раман Ц. Гартнага «Сокі цаліны» мае не толькі літаратурна-мастацкае, але і гісторыка-пазнавальнае значэнне.


1989?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гартны Ц. Збор твораў. У 4 т. Т. 3: Раман.— Мн.: Маст. літ., 1989.— 511 с.
Крыніца: скан