epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Кулакоўскі

Дванаццаты, жорсткі

Паступова ўсё стала прыходзіць да звычайнага ў дарозе парадку. Правадніца ўскінула на верхнюю полку свой жоўты сцяжок, з якім нядаўна стаяла на пероне, і пачала хадзіць па купэ, збіраць плацкартныя білеты. Рупліва ўладкоўвалася на сваіх полках адна ўжо даволі немаладая пара, якую ўсе прыкмецілі па тым, што яна зайшла ў вагон з чатырма вялізнымі чамаданамі і здаравенным куцахвостым бульдогам. На кручку суседняга купэ ўжо вісеў доўгі вайсковы балахон з капюшонам і каля яго стаяў, прыгладжваючы мяккія жаўтлявыя валасы, стройны лейтэнант. На ніжняй полцы гэтага ж купэ сядзела між клункаў дзяўчынка такога ўзросту, калі пяткі ног лёгка дастаюць рота. Каля яе нешта папраўляла і перакладвала ў клунках яе маці, зусім яшчэ маладая жанчына з гладкімі светла-русымі валасамі, заплеценымі ў дзве касы.

Лейтэнант пачуў, што ў тым купэ, дзе разам з немаладой парай ехаў бульдог, узнялася не надта ціхая гаворка, засмяяўся, нібы ўзрадаваўшыся выпадку павесяліцца, і паспешліва выйшаў. Бульдог насцярожана ляжаў у канцы ніжняй полкі і сустрэў лейтэнанта такімі ласкавымі і даверлівымі вачыма, што ў таго адразу прапала прыкрасць да жывёліны, а пачаў забіраць толькі смех з гаспадароў. Наперабой адно перад адным яны тлумачылі свайму суседу, таксама лейтэнанту, што сабака мае поўнае права ехаць у купэ, бо на яго куплены білет. Лейтэнант-сусед паклікаў правадніцу. Тая падышла, абыякава глянула на сабаку і моўчкі падалася далей.

- Дык што? - амаль у адно слова спыталі наўздагон абодва лейтэнанты.

- Мае права, - ціха адказала правадніца.

- Значыць, пасажыр?

Правадніца безуважна кіўнула галавой.

А куцахвосты пасажыр, нібы зразумеўшы, што спрэчка наконт яго ўжо скончана, смялей улёгся на полцы, шырока пазяхнуў і лагодна высалапіў язык.

- Ён жа ў нас вельмі спако-о-йны, - пявучым голасам загаварыла гаспадыня сабакі і, працягнуўшы голую да пляча руку, унізаную нейкімі каляровымі абручыкамі, пагладзіла сабачы хвост. - Цюльпан ніколі нікога не чапае і нават не брэша.

- Дык гэта, можа, і не сабака? - спытаў лейтэнант, сусед па купэ.

- Сабака, вядома, - адказала жанчына, - але ж гэта такі сабака, якіх мала. Мы за яго, калі ён яшчэ быў шчанём, пяцьсот рублёў заплацілі.

- І ўсё ж такі я не хачу ехаць побач з ім, - сказаў лейтэнант і ўстаў.

- Дык ведаеце што? - звярнуўся да яго другі лейтэнант, - у маім купэ ёсць вольнае месца. Пераходзьце да нас.

Спыталі аб гэтым у правадніцы, і тая здалёк зноў моўчкі кіўнула галавой.

Перанёсшы рэчы, лейтэнанты пазнаёміліся.

- Валодзя, - сказаў той, што запрасіў да сябе суседа.

- Ярмолаў, - адказаў сусед.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і тады Валодзя зазначыў:

- У вас прозвішча ого!.. Не тое што маё - Мох. Здаецца, нейкі адмірал быў некалі ў нас з такім прозвішчам.

- Не адмірал, а генерал, - заўважыў лейтэнант.

- Ну, я ж кажу: нехта быў. А гэта - мая спадарожніца жыцця, - паказаў Валодзя на жанчыну, - Зіна. А гэта - дачка.

Ярмолаў сеў на сваю полку, нахіліўся да дзяўчынкі і працягнуў ёй руку:

- Давай пазнаёмімся, прыгажуня!

Дзяўчынка засмяялася, шырока разявіўшы свой яшчэ зусім бяззубы роцік, і так зморшчыла трошкі сіняватае пераноссе, што здавалася, нібы яна сама хацела пазабаўляць незнаёмага дзядзьку.

- Як жа цябе завуць, прыгажуня? Як?

Дзяўчынка ўзмахнула худзенькімі ручкамі і нахіліла галоўку да мамы.

- Скажы, Людачка, як цябе завуць, - папрасіла мама. - Не ўмееш? Не ўмеем, скажы, мы яшчэ гаварыць, зусім не ўмеем. Яшчэ нам толькі дзевяць месяцаў.

- Ну, цяпер нам ужо вядома, як цябе завуць, - з усмешкай сказаў лейтэнант. - Пазнаёміліся. А вось гэта табе падабаецца? - Ён выняў са свайго пакунка цукерку. - Бачыш, Мішка тут намаляваны. Мядзведзь!

Маці ўзяла дзяўчынку на рукі, прытуліла да сябе і пяшчотна засмяялася. Лейтэнант заўважыў, што ў яе таксама крышачку зморшчылася пераноссе, але ўсмешка толькі адной рыскай нагадвала дзіцячую, а так яна была вельмі своеасаблівай. Добры, адкрыты твар стаў спачатку вясёлым, ледзь не ўрачыстым, а потым адразу ж спахмурнеў, нібы на яго найшоў цень. Жанчына, відаць, хацела ўзняць на суседа вочы, каб адказаць на яго добрыя словы, але чамусьці не здолела зрабіць гэтага.

- У карты гуляеце? - спытаў Валодзя.

- Не, - адказаў Ярмолаў. - Некалі трохі гуляў у дурня, а цяпер і гэта забыў. Як толькі сяду з кім гуляць, дык адразу і адчуваю сябе дурнем.

- Мы вас навучым, - пачаў угаворваць Валодзя. - Варта адзін раз перакінуцца, і ўсё.

- Не, не! - запярэчыў Ярмолаў. - Не паважаю я картаў.

- Шкада, - прытворна ўсміхнуўся Валодзя. - Пайду шукаць партнёраў. У мяне калода карт з сабою.

Ён падышоў да суседняга купэ, яно было не закрыта. Жанчына ў каляровых абручыках карміла з алюмініевай міскі сабаку, а яе спадарожнік, відаць, муж, вылізваў нешта з шырокага шклянога слоіка.

- Прашу прабачэння, - звярнуўся да іх лейтэнант. - У карты вы гуляеце?

Жанчына падаравала юнаку доўгі, поўны давер'я погляд і адразу ж вельмі ахвотна загаварыла:

- А хто ж гэта не гуляе ў дарозе ў карты? Вядома, гуляем. У нас недзе і карты ёсць. Дзіма, у цябе гэтая новая калода?

- У мяне старая, - адказаў Дзіма, аблізаўшы тоўстыя і шырокія губы. - А новая недзе ў цябе.

- Дык згуляем? - задаволена спытаў лейтэнант.

- Вядома, вядома! - пацвердзіла жанчына, падсоўваючы бліжэй да сабакі міску. - Вось толькі чацвертага партнёра ў нас няма.

- А гэты? - паказаў Валодзя на сабаку і гучна засмяяўся ад свае знаходкі.

Маці тым часам забаўляла Людачку. Яна паказала ёй вялікі лысы каштан. «Глядзі, Людачка, мячык». Дзяўчынка пацягнулася рукамі да каштана, а калі забрала цацку сабе, то адразу панесла ў рот.

- Няможна так, Людачка. - Маці зноў узяла дзяўчынку на рукі і выйшла з ёю на калідор.

- Валодзя! - паклікала яна, пачуўшы голас мужа ў суседнім купэ. - Ідзі патрымай хвілінку дзіця, а я тут выму з клункаў ды пасцялю пасцельку.

- Зараз! - адказаў Валодзя.

Зіна пастаяла некалькі хвілін ля акна і вярнулася ў купэ.

- Дайце я пазабаўляю, - прапанаваў Ярмолаў. - Ідзі, Людачка, да мяне.

- Ой, што вы? - здзівілася маці. - Прыйдзе ён і пазабаўляе. Вельмі ж любіць у карты гуляць. Дома ледзь не кожны вечар. Як пойдзе да сваіх партнёраў, дык мы з Людачкай ужо выспімся, а яго ўсё няма.

Валодзя не прыйшоў у сваё купэ. Зіна пачала варушыць клункі адна, і, каб не замінаць ёй, Ярмолаў выйшаў у калідор. За акном плыў у шызую далечыню асенні лес. Сумесь жоўтага з зялёным нагадвала нешта блізкае да цёмна-шэрага. Гэтая своеасаблівая паласа крыху мільгацела ў вачах, бо раз-пораз перабівалася блакітнымі, хоць і не зусім яснымі прасветамі. З суседняга купэ даносілася заўзятае шлёпанне картаў, рознагалосае прыгаворванне і зрэдку свіст. А паміж гэтымі прыгаворваннямі і свістам Ярмолаў чуў абыякавыя, нібы дрымотныя словы жанчыны:

- Яка-я-а там пагодка-а... будзе-э... цяпер у Крыму? Вясной у Цхалтубе-э... добрая была пагода. Пагрэліся-а. Летам у Рызе-э... Нашто ты, Дзіма, сунеш караля? У Рызе таксама цёпла-а... было.

Лес за акном скончыўся, неўзабаве пачалі трапляцца будынкі, слупы высакавольтных перадач, чыгуначнае палатно спачатку раздваілася, а потым з'явіліся і трэцяя і чацвертая лініі, - цягнік стаў прыцішваць свой ход. На прыпынку Валодзя таксама выйшаў у калідор, заглянуў у сваё купэ. Людачка спала, сурова надзьмуўшы губкі, а маці ляжала побач і таксама, відаць, драмала.

- Паснулі мае, - сказаў Валодзя, стаўшы побач з Ярмолавым. - Цэлую ноч збіраліся - бяда з імі. Сядзелі б дома!

- А куды вы едзеце? - спытаў Ярмолаў.

- Дадому еду, да сваіх. У мяне адпачынак на трыццаць тры дні.

На пероне з'явіўся Цюльпан у суправаджэнні свае гаспадыні. Следам ішоў Дзіма. Гаспадыня была ў даўжэзным цёплым халаце, Дзіма - у паліто паверх піжамы. Цюльпан так высока трымаў свой тупы, выгнуты ўгору нос і крочыў так смела і рашуча, што перад ім усе расступаліся. Гаспадарам, відаць, падабалася гэта. Жанчына з незалежным і крыху ганарлівым выглядам на твары нешта ўвесь час гаварыла сабаку, а Дзіма трымаў тоўстыя губы трубкаю і мнагазначна пасвістваў.

Ярмолаў міжвольна ўсміхнуўся. Відовішча гэтае было смешным для ўсіх, але яму кінулася ў вочы тое, пра што не надта зручна было і гаварыць: выгляд бульдога нейкай рыскай нагадваў у гэтую хвіліну выгляд свайго гаспадара.

- Хар-рошы сабака! - з прыціскам сказаў Валодзя. - Шкада, Людачка спіць, паказаў бы ёй цюцю.

Пасажыры сюды-туды снавалі па калідоры, а дзверы ў купэ, дзе спалі Зіна з Людачкай, былі адчыненымі. Ярмолаў павярнуўся, ціха прычыніў дзверы і зноў стаў побач з Валодзем.

- Ціхія яны ў вас, спакойныя, - сказаў ён лейтэнанту, ужо без усмешкі паглядваючы ў акно.

- Хто?

- Я пра вашых гавару.

- А... Яны? - Лейтэнант глянуў на зачыненыя дзверы. - Яны спакойныя, а што ім? Хвалявацца асабліва няма чаго. Калі што, дык адна мая галава баліць.

- Даўно вы разам?

- Не. Яна з дзесяцігодкі, а я нядаўна з вайсковай школы. Сустрэліся выпадкова на вакзале... А вы нежанаты?

- Не.

- Ну і правільна! Маладзец!

Ярмолаў здзіўлена паглядзеў лейтэнанту ў вочы.

- Чаго вы так глядзіце? - без затрымкі працягваў Валодзя. - Маладзец, гавару. Я вам зайздрошчу. Толькі дурні з гэтым дзелам спяшаюцца.

На станцыі пачуўся званок дзяжурнага, пасажыры на пероне замітусіліся, пачалі разбягацца па вагонах.

Ярмолаў наглядаў, як трывожна падбірала халат і апярэджвала сабаку Валодзева партнёрша па картах, як следам папырхваў губамі Дзіма, нагружаны смажанымі куранятамі, яблыкамі, пляшкамі ліманаду. Хутка гэтая прыкметная для ўсіх тройка з сапеннем, цахканнем і стогнамі праціснулася па калідоры. Валодзя пайшоў у іхняе купэ, і гульня ў карты ўзнавілася.

Ярмолаў астаўся ля акна насупраць свайго купэ. Нейкае дваістае адчуванне з'явілася ў яго пасля гэтай кароткай размовы з Валодзем. З аднаго боку, трэба было б чалавека паважаць за такую непасрэднасць і даверлівасць, а з другога - хочаш не хочаш, а падумаеш, што гэта не тая непасрэднасць і не тая даверлівасць. З суседняга купэ чулася яго пасвістванне, а ўяўлялася, што ён стаіць побач, высокі, падцягнуты, з прыгожымі гуллівымі вачамі. Стаіць і ўвесь час расказвае пра сваю жонку. Ніхто ўжо і не пытае яго пра гэта, і слухаць ужо становіцца непрыемна, а ён усё расказвае. А Зіна спіць у гэты час і нічога не чуе. Ёй, мабыць, сняцца прывабныя сны, магчыма, тая першая сустрэча на вакзале... Першае светлае каханне...

«А можа, яна ўжо не спіць?»

Ярмолаў ціхенька бярэцца за дзвярную ручку, заглядвае ў шчылінку. Сапраўды, не спіць.

- Заходзьце, заходзьце! - гаворыць Зіна. - Чаго ж вы ўвесь час стаіце на калідоры?

І Ярмолаў заходзіць у купэ, збянтэжана апусціўшы вочы, садзіцца ля століка. Яму непрыемна, што ён загаварыў з Валодзем аб такіх справах, пра якія можна было і не гаварыць. Магчыма, Зіна і тады не спала і ўсё чула. Не так сорамна за свае пытанні, як за Валодзевы адказы.

- Чаму ж вы не адпачываеце? - нясмела гаворыць Ярмолаў. - Няхай бы паспалі, пакуль малая не турбуе.

- Я паспала крыху. - Зіна ўдзячна ўсміхаецца, але глядзіць не на Ярмолава, а ў акно. - А лепш сказаць - не паспала, а падрамала.

- Станцыю адну нядаўна праехалі, астаноўка была. Не чулі?..

Ярмолаў заўважыў, як у Зіны здрыгануліся вейкі, калі яна памкнулася глянуць на яго.

- Не чула я, - ціха адказала жанчына і зноў пачала глядзець у акно.

А Ярмолаў цяпер зусім упэўніўся, што ўсё яна чула, бо напэўна ж не спала. Больш ён не мог сказаць ні слова. Гэтае няёмкае маўчанне цягнулася некалькі хвілін, бо і Зіна, відаць, не ведала, пра што гаварыць.

Нарэшце яна спавольна ўзняла вочы на Ярмолава і спытала:

- Вы ў Менску жывяце?

- У Менску, - адказаў Ярмолаў.

- А мы цяпер - далекавата ад Менска. Сумна іншы раз... Да таго хочацца дадому... Не чулі, хор Шыловіча дома цяпер ці на гастролях?

- У Менску Макар Іванавіч, - упэўнена адказаў Ярмолаў. - Што, падабаецца вам гэты хор?

Зіна цяжка ўздыхнула і зноў адвяла вочы ў акно.

- Я спявала ў гэтым хоры, - ціха сказала яна.

Ярмолаў здзівіўся і сам не заўважыў, як яго залішне здзіўлены позірк пачаў лавіць Зініны вочы, каб нешта сказаць, нешта выявіць хоць позіркам, бо словы ў гэты момант не знаходзіліся. Зіна заўважыла гэтае здзіўленне, і ёй стала крыху непрыемна. «Чаму ён так здзівіўся? Няўжо я зусім не падобная на спявачку або спяваць у хоры - вельмі ўжо складаная, мала каму даступная справа?» Потым убачыла, што гэта - добрае, таварыскае здзіўленне і пагляд у чалавека шчыры, даверлівы. У вачах Ярмолава не мільгала тая ледзь прыкметная, але вельмі калючая насмешка, якую Зіна часта бачыла ў Валодзі, калі гаворка заходзіла аб хоры, аб яе голасе. Відаць было па ўсім, што з гэтым чалавекам вальней можна гаварыць пра музыку, пра мастацтва, не трэба баяцца, што ён цябе абсмяе або прынізіць халодным абыякавым позіркам.

- Больш двух год я спявала ў гэтым хоры, - пачала расказваць Зіна. У яе вачах свяцілася затоеная і вельмі насцярожаная просьба паслухаць і зразумець яе. - Спявала і вучылася ў вячэрняй дзесяцігодцы. У многіх харавых нумарах я запявала. Калі Макар Іванавіч даведаўся, што я збіраюся пакінуць хор, выклікаў да сябе, угаворваў, прасіў пабыць яшчэ хоць некалькі месяцаў, пакуль ён падрыхтуе замену. Не паслухала я Макара Іванавіча, а цяпер мне сорамна нават сустрэцца з ім, глянуць у вочы...

- Чаму ж вы не паслухалі? - спытаў Ярмолаў. - Прабачце, калі не тое пытанне задаю і, можа, крыху нясціпла ўмешваюся ў вашы справы.

- А што ж тут нясціплага? - прыязна сказала жанчына. - Я часта і сама сабе задаю такое пытанне. Пакінула хор таму, што... Як вам сказаць? Сустрэліся мы з Валодзем, а ён жа не ў Менску служыў. І цяпер не ў Менску. Я не магла не паехаць з ім...

- Калі ў вас ёсць голас і вы любіце музыку... - пачаў Ярмолаў і спыніўся, бо ў гэты час заварушылася і замахала ручкамі Люда.

- Быў у мяне голас, - ледзь не шэптам працягвала Зіна. - Людзі гаварылі, ды і сама я адчувала, калі выходзіла на сцэну. Гэта няцяжка заўважыць па людскіх вачах. А цяпер, вядома, ужо няма таго, што было.

- Там жа ў вас, напэўна, ёсць харавыя гурткі, - заўважыў Ярмолаў, - самадзейнасць. А то маглі б вы і адна выступаць у канцэртах.

- Выступіла адзін раз, - супакоіўшы Люду, сказала Зіна. - Выступіла, дык Валодзя тры дні праходу не даваў. Не любіць ён у мяне музыкі і сам ніколі не спявае. - Зіна сарамліва засмяялася. - Толькі свішча часта, ды і то немаведама што. Калі я іншы раз заспяваю што-небудзь сама сабе дома, дык ён або начынае свістаць, або ўключае радыё. Смешны ён у мяне...

Людачка зноў замахала ручкамі, і цяпер ужо мацеры не ўдалося прыспаць яе. Дзяўчынка ўстала і адразу засмяялася, зморшчыўшы крыху ўспацелы носік.

- Вясё-о-лая, - пяшчотна заўважыў Ярмолаў.

Маці ўзяла дзяўчынку да сябе.

- Амаль што ніколі не плача, - радасна сказала яна, - хіба толькі іншы раз ноччу, або калі вельмі ўжо есці захоча.

І Людачка раптам заплакала.

Маці спачатку засмяялася ад нечаканасці, а потым на твары яе з'явіўся неспакой, сінявата-шэрыя, стомленыя вочы трывожна ўставіліся на дзяўчынку.

- Чаго ж ты, Людачка, чаго ты хочаш? Гэта яна галодная, - з папрокам самой сабе і нібыта са скаргай на некага сказала жанчына. - Малачка хоча. Хочаш, Людачка, малака?

Адной рукой трымаючы дзяўчынку, маці развязала клунак, дастала адтуль пляшку малака. Дзяўчынка працягнула рукі да пляшкі і перастала плакаць.

- Зараз мы нальем табе ў кубачак, - цешылася разам з дзіцем маці. - Дзе ж гэта наш кубачак?

Зіна яшчэ раз патармашыла адной рукой клунак, выняла адтуль фарфоравы кубак з адбітым вушкам, адаткнула пляшку, нахіліла над кубкам, а малако не палілося. У мацеры аж спалох мільгнуў на твары.

- Няўжо скісла? Яно ж добра кіпела дома.

- Цёпла ў купэ, - спачувальна заўважыў Ярмолаў.

Зіна патрасла пляшку, паглядзела на пабялелае заткала і, мацней абхапіўшы дзяўчынку, выбегла ў калідор.

- Валодзя, Валодзя! - з роспаччу паклікала яна. - Хутчэй ідзі на хвіліначку сюды!

Лейтэнант выйшаў і нездаволена паглядзеў на жонку.

- Чаго ты крычыш?

- Малако ў пляшцы скісла, - ледзь не з плачам прашаптала Зіна. - Што будзем даваць Людачцы?

- Давай кіслае! - гучна і бестурботна сказаў лейтэнант. - Вось праблема! Кіслае яшчэ лепш!

- Для цябе лепш, - трошкі супакоіўшыся, сказала Зіна. - А для яе?..

- Нічога, нічога!

Валодзя сурова паківаў галавою і вярнуўся ў суседняе купэ.

- У нас ёсць малако-о, - пявучым голасам сказала яму партнёрша па картах. - У тэрмасе. - Пры гэтым яна вінавата паглядзела на Цюльпана. - Мы можам даць, калі трэба-а. Наліць?

- Дзякую, не трэба, - адмовіўся Валодзя, зразумеўшы, для каго тут вязецца малако. - Ваш ход. Давайце!

Зіна пачала карміць Людачку кіслым малаком, а Ярмолаў не ведаў, што рабіць з самім сабою. Ён не мог падняць галавы, не мог глянуць на дзяўчынку. У яго раптам стала глуха шчымець пад грудзьмі, а ў роце зрабілася так прыкра, нібы ён сам жывасілам глытаў гэтае дачасна скіслае малако.

На наступнай станцыі Ярмолаў, мабыць, першым выйшаў на перон. Паколькі жанчына з абручыкамі таксама збіралася выходзіць, то і Валодзя заглянуў у сваё купэ, каб узяць шапку.

- Купі чаго-небудзь Людачцы, - папрасіла яго Зіна.

Пакуль цягнік стаяў, яна паказвала Людачцы праз акно, якія вялікія яблыкі былі ў кошыках тых цётак, што снавалі сюды-туды па пероне, якія жоўтыя грушы. А калі заляскалі буферы і цёткі з кошыкамі неяк асабліва замітусіліся, маці з дачкою пачалі глядзець у канец калідора, дзе павінен быў хутка паказацца бацька. Але вось прайшлі ўжо многія, вярнуліся і адразу зачыніліся ў сваім купэ суседзі з Цюльпанам, а Валодзі ўсё не было. Прыйшоў Ярмолаў, ласкава ўсміхнуўся Людачцы.

- Ці вы не бачылі Валодзю? - звярнулася да яго Зіна.

- Не, не бачыў, - адказаў Ярмолаў. - Ды вы не хвалюйцеся, ён, напэўна, у другі вагон ускочыў.

Але як жа не хвалявацца? Прайшла хвіліна, другая, цягнік ужо набраў вялікую хуткасць, а чалавека ўсё няма і няма.

Ярмолаў бачыў, што ў Зіны збялеў твар, яна раз-пораз перасаджвала дзяўчынку з адной рукі на другую, не магла ні сядзець, ні стаяць на адным месцы. І дзяўчынка, мабыць, нейкім чынам адчувала матчыну трывогу: часта азіралася, махала ручкамі. Прайшла па калідоры правадніца з вядром і мятлою ў руках. Зіна звярнулася да яе: «Што рабіць? Муж астаўся на станцыі!» Правадніца доўга моўчкі глядзела ў вядро, нібы там магла знайсці нейкі адказ, а потым абыякава спытала:

- Ваенны ваш муж?

- Ваенны.

- Не прападзе. Ён там недзе. - І паказала мятлою ў канец калідора.

Гэта, відаць, азначала, што чалавек недзе ў канцы састава, Зіна так і зразумела, але не супакоілася. З роспаччу і маўклівай просьбай яна пачала глядзець на Ярмолава. Той рашуча ўстаў, надзеў фуражку, але ў гэты момант у калідоры пачуўся бязладны пералівісты свіст. Зіна ў радасці кінулася туды і хутка з'явілася ў купэ разам з Валодзем.

- Напалохаў ты нас, - тулячыся да грудзей мужа і з бязмежнай адданасцю гледзячы яму ў вочы, гаварыла жанчына. - Што б мы тут рабілі без цябе? Сядзь адпачні. Ты, мабыць, даганяў цягнік?

Ярмолаву неяк аж ніякавата стала, калі ён убачыў, што Зіна так шчыра і глыбока кахае свайго мужа. Унутры з'явілася нешта падобнае не то на зайздрасць, не то на прыкрасць - самому цяжка было разабраць.

- Я ў буфет забег, - пачаў растлумачваць сваё здарэнне Валодзя і амаль увесь час глядзеў на Ярмолава. - Забег, а там - чарга. Пастаяў крыху, бачу - цягнік наш паплыў за акном. Я крыкнуў на буфетчыцу і бягом. Ледзь ужо самы апошні вагон дагнаў.

- Купіў што-небудзь Людачцы? - нясмела маргаючы доўгімі густымі вейкамі, спытала Зіна.

- От, дзівачка! - сурова адказаў Валодзя. - Яшчэ пытае. - Зіна разгублена нахіліла галаву да Людачкі. - Я ж кажу, што перад самым званком забег у буфет. А да гэтага не мог. - Лейтэнант засмяяўся і ступіў крок да Ярмолава. - Разумееце? Гэты самы Цюльпан з суседняга купэ раптам як падскочыць на пероне, як тузане! І вырваўся з рук гаспадыні. Я за ім, а ён драла. Чорт яго ведае, што яму прыйшло ў галаву. Хвілін дзесяць я патраціў, пакуль злавіў яго.

- А гаспадар што? - хмура спытаў Ярмолаў. - Гэты самы Дзіма?

- Куды яму? - насмешліва махнуў рукою Валодзя. - Па ім то сабака быў бы ўжо, напэўна, у Менску. Не хоча Цюльпан ехаць на курорт. Давай будзем абедаць! - звярнуўся лейтэнант да жонкі. - Есці хочацца!

Зіна паспешліва стала развязваць адной рукой клункі.

- На, патрымай трошкі Людачку, - няўпэўнена сказала яна, а сінявата-шэрыя пакорлівыя вочы так прасілі, каб ён хоць на гэты раз не асароміў яе перад чужым чалавекам, каб хоць для прыліку ўзяў на рукі дзяўчынку. Ярмолаву аж балюча было глядзець на гэтыя вочы.

- Пасадзі яе! - суха сказаў, нібы аддаў загад, Валодзя.

Пакуль Зіна падрыхтоўвала ўсё на століку, Людачка сама знайшла на полцы свой лысы каштан і пачала абедзвюма рукамі падымаць яго вышэй носа і апускаць уніз. Іншы раз пры такім руху каштан дакранаўся да рота, і ад гэтага ўсе бакі яго хутка сталі мокрымі.

Ярмолаў выпяў з кішэні бразготку і працягнуў яе дзяўчынцы.

- Вазьмі, Людачка, вось гэтую цацу. Глядзі, якая прыгожая.

- У яе ёсць такая дома, - заўважыў Валодзя.

А Зіна чамусьці разгубілася ў гэтую хвіліну, не ведала, што сказаць. І толькі калі ўжо Людачка добра завалодала новаю цацкаю і, махаючы ручкамі, пачала залівацца ўцешным смехам, маці села бліжэй да дзяўчынкі, сарамліва паглядзела на Ярмолава і сказала:

- Нашто вы турбаваліся, дальбог праўда.

Тады Ярмолаў выняў з другой кішэні пляшку смятанкі.

- Мне здаецца, што гэта можна было б даваць дзяўчынцы, - ціха сказаў ён.

Зіна спалохана глянула на мужа: «Што вы, што вы!.. Не трэба!»

Валодзя ў гэты час прыдзірлівым вокам аглядаў падрыхтаваную закуску і таксама вымаў з кішэні пляшку, толькі не са смятанкай. Зіна пачырванела і апусціла вочы.

- Дзякуй вам, - глыбока ўздыхнуўшы, сказала яна Ярмолаву.

- Я думаю, - гаварыў тым часам Валодзя, - я думаю, што мы з калегам... - Ён азірнуўся і ўбачыў у руках Зіны смятанку: - Дзе ўзяла? Ага. Вы купілі? - Ён крыва ўсміхнуўся суседу. - Ну, добра. Дык я думаю, што мы з вамі возьмем перад абедам па службовай. Га? Ледзь паспеў ухапіць у буфеце. Дастань, Зіна, шклянкі.

- Я не п'ю, - сказаў Ярмолаў, глянуўшы на столік, - хіба ўжо толькі за кампанію. - Ён міжвольна павярнуўся да гаспадыні.

- Сядайце з намі! - запрасіла Зіна, і Ярмолаў адчуў у яе голасе шчырасць і быццам бы спадзяванне на нешта добрае. Звыклы ўглядацца ва ўсякую з'яву, ён падумаў, што Зіна баіцца пакідаць свайго мужа аднаго з пляшкаю. Таму, падзякаваўшы, ён стаў даставаць з-пад полкі свой чамадан.

Пасля першай шклянкі Валодзя стаў на рэдкасць гаваркім і бадзёрым. Кожнае слова, кожны жэст, трапныя яны былі ці не, з'яўляліся ў яго надзвычай лёгка, мімаволі. Відно было, што выпіўка для гэтага чалавека - справа звыклая і што тут ён умее паказаць сябе.

- Жонка мая не п'е, - ужо ў каторы раз паўтараў ён Ярмолаву. - Зусім не п'е. Так што вы яе і не прасіце. Артыстка і не п'е. Дзіўна? Праўда, яна былая артыстка. Ну, і дзякуй богу! Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Правільна я сказаў, таварыш Ярмолаў? Адмірал Ярмолаў?

«Адмірал» без крыўды ўсміхнуўся і хацеў нешта сказаць Валодзю, але Зіна так паглядзела на яго, што ён не рашыўся ўступаць у размову. Зіна і сама ўвесь час маўчала, бадай-што мала і слухала, аб чым гаварыў муж. Яна старанна карміла свежай смятанкай Людачку. Скажы Валодзю адно слова, ён табе - дваццаць. Скажы яму ласкава, ён табе адкажа груба і жорстка. Гэта, відаць, добра разумела Зіна, таму і сама маўчала і прасіла, каб Ярмолаў нічога насупроць не гаварыў. Калі не раззадорваць гэтага чалавека, не падліваць масла ў агонь, то ён пагаворыць, потым пасвішча крыху ды ляжа спаць. Зачапіся ж з ім, - усю ноч прагаворыць.

Дапіўшы гарэлку і назваўшы Ярмолава яшчэ разоў дзесяць то адміралам, то генералам, Валодзя сапраўды неўзабаве палез у ботах на верхнюю полку, і як толькі паклаў на падушку галаву, дык адразу і захроп. Зіна пачала прыбіраць са стала, а Ярмолаў выйшаў, каб не перашкаджаць ёй. Калі ён вярнуўся, то заўважыў, што Валодзя ляжаў ужо разуты, вялізныя ступні з шырокімі пяткамі звісалі пальцамі ўніз з полкі. Гэта, вядома. Зіна разула яго. Ярмолаў уявіў, як для гэтага яна, напэўна, падстаўляла да полкі лесвічку, як спяшалася, каб зрабіць гэта да яго прыходу, і яму стала шкада жанчыну. Відаць, не першы раз яна разувала свайго мужа...

Людачка сядзела на полцы адна і гуляла з новай цацкай. У яе руках гэтая цацка грымела і крыху заглушала храпенне Валодзі. Зіна спачатку быццам не адважвалася глянуць на Ярмолава: яна больш, як трэба, корпалася ў клунках, затым узялася выціраць мокрай паперай столік, збіраць крошкі хлеба пад столікам, у тым месцы, дзе сядзеў Валодзя. І толькі калі побач з ёй упала, нібы разарвалася, бразготка, жанчына глянула з усмешкай спачатку на дзяўчынку, а потым на Ярмолава.

- Спадабалася ёй цацка, - замілавана сказала яна. - Сваю старую ўжо некуды закінула.

Маці пагрымела цацкай, села ля дзяўчынкі і, калі тая зноў стала забаўляцца сама, начала гаварыць далей:

- Бывала, у нас, у хоры... Часта, вельмі часта я ўспамінаю наш хор. - Голас жанчыны гучаў глуха, з глыбокімі перадышкамі, вочы то пачыналі іскрыцца вясёлай радасцю, то раптам патухалі і прыкрываліся крышку вільготнымі вейкамі. - Была ў нас там замужняя адна, таксама салістка. Мая сяброўка. Дзяўчынка ў яе была. От як мая Людачка цяпер. Бывала, збяромся ў выхадны дзень да гэтае мае сяброўкі... Чалавек дзесяць нас прыйдзе. І кожная прынясе якую-небудзь цацку дзяўчынцы. Як наскладаем, дык - цэлая гара цацак. Дзяўчынка радуецца, ідзе да кожнай з нас на рукі, а маці яшчэ больш радуецца. Потым муж яе бярэ акардэон... Рабочы ён, просты чалавек, але вельмі любіў музыку. Акампаніруе нам, а мы спяваем, развучваем што-небудзь новае. Дзяўчынка заўсёды слухае, здаецца, што нават і вочкамі не маргае...

- І Людачка, я думаю, любіць слухаць, як мама спявае, - ціха заўважыў Ярмолаў. - Дзеці наогул любяць песні.

- Я цяпер не спяваю, - сумна сказала жанчына.

- А мы з Людачкай папросім, каб вы заспявалі нам што-небудзь. Мы таксама вельмі любім песні. Праўда, Людачка?

Дзяўчынка зашамацела цацкай.

- У мяне ўжо, мабыць, і голасу няма, - сказала Зіна. - Мне толькі часта ў сне сніцца, што я спяваю...

 

Выспаўшыся, Валодзя зноў пайшоў гуляць у карты, а Ярмолаў доўга стаяў на калідоры, слухаў хрыплае радыё, размовы і песні тых пасажыраў, якія не надта любілі ехаць у цвярозым выглядзе, міжвольна заглядваў у цёмнае акно і бачыў там свой лоб, вядома, больш бледны, як у люстэрку, і амаль зусім гладкі. Праводзіў рукою па лбу і адчуваў на ім маршчыны, неглыбокія яшчэ, але частыя. І ўвесь твар выглядаў у акне залішне маладым. Значыць, не трэба верыць ценю. Пачынаў апаноўваць сум. На хвіліну Ярмолаву здалося, што ён можа пазайздросціць Валодзю. Той не сумуе ў дарозе, бадай-што і нідзе ён не сумуе. І цяпер з купэ даносіліся яго вясёлыя ўсклікі, амаль бесперапынная гаворка і бязладныя посвісты.

Ярмолаў узлез на верхнюю полку, лёг і заплюшчыў вочы. Ён спрабаваў заснуць, а сон чамусьці не прыходзіў.

Праз адчыненыя дзверы купэ час ад часу даносілася далёкае ад якой-небудзь меладычнасці пасвістванне. Кожны раз пры гэтым пасвістванні Зіна прыпаднімала галаву, нервова азіралася і накрывала Люду. Дзяўчынка спала дрэнна, увесь час варочалася, ссоўвала з сябе прасціну. А маці, відаць, зусім не магла заснуць. Гэта міжволі непакоіла Ярмолава. Жанчына ўжо другую ноч не спіць. Збіралася ў дарогу - таксама не спала. Сам Валодзя аб гэтым гаварыў. Ды ці толькі гэтыя ночы былі ў яе бяссоннымі? Уяўлялася, што кожную ноч Зіна спіць вось так, як цяпер. Гэты неспакой, нервовыя азіранні наўрад ці толькі сёння з'явіліся.

На світанні правадніца ціхенька пастукала ў дзверы. Ярмолаў адразу пачуў, бо спаў вельмі нямоцна. З трывогай заўважыў, што пачула гэта і Зіна: яна ледзь прыкметна паварушыла рукой, якою абнімала Людачку. Дзіця, мабыць, толькі нядаўна і заснула. Ноччу Людачка плакала. Можа, ад духаты, а можа, і жывоцік ад чаго-небудзь балеў. Ярмолаў доўга чуў гэты плач, у яго балела ад гэтага на душы, а потым сон усё ж змарыў, - на нейкі час усё адышло. Затым зноў прачнуўся, таму што прыйшоў з гульні Валодзя і ўключыў святло.

- Пяцьдзесят дурняў ім даў! - сказаў ён Зіне, калі тая прыўзнялася на пасцелі. Сказаў і палез на верхнюю полку.

Ярмолаву трэба было хутка выходзіць. Ён пачаў ціхенька і асцярожна збірацца, каб нікога не разбудзіць. Абуўся, выняў з-пад полкі чамадан. Аднак, калі ўзяўся за ручку дзвярэй, Зіна нечакана ўстала.

- Вы ўжо сходзіце? - папраўляючы валасы, прашаптала яна.

- Я разбудзіў вас? - занепакоіўся Ярмолаў. - Прабачце, Зіна. Мне і хацелася развітацца з вамі, і баяўся перабіць вам сон.

- А я амаль што і не спала, - даверліва загаварыла жанчына. - Нешта Людачцы нездаровіцца. Толькі яшчэ горш змучылася за ноч і бок стаў балець, пералежала. Усё на адным баку ляжу.

- А мая ўжо станцыя вось тут, блізка, - нібы з жалем сказаў Ярмолаў. - Трэба сыходзіць. Будзьце здаровенькі! Шкада, што мы ўжо, мабыць, ніколі не ўбачымся... Але вы, Зіначка, павінны спяваць! Спявайце абавязкова!..

- Жадаю вам шчасліва вярнуцца ў Менск, - з кранаючай шчырасцю прашаптала Зіна і падала Ярмолаву цёплую, крыху пералежаную за ноч руку. - Вельмі прашу вас, калі ўбачыце там Макара Іванавіча, перадайце яму прывітанне ад мяне. Маё дзявочае прозвішча - Вішнеўская.

- Добра, - паабяцаў Ярмолаў, - абавязкова перадам. Будзьце здаровы.

На цемнаватым пероне ён адышоўся крыху ўбок, паставіў чамадан і стаў чакаць адыходу цягніка. Адразу пазнаў сваё акно, хоць яно нічым не вылучалася. Было яно яшчэ цемнаватым, невыразным, як і ўсе астатнія. Прыгледзеўшыся, ужо можна было заўважыць белыя фіранкі, але толькі прыгледзеўшыся. Вельмі б радасна было, каб гэтыя фіранкі хаця б крышачку, хаця б на адзін момант заварушыліся.

Аднак што ж зробіш? Не заварушыліся фіранкі. Неўзабаве пачуўся кароткі гудок і адзін за другім пачалі ляскаць буферы. Праплыло акно перад вачамі Ярмолава... Блізкае, незабыўнае акно, нібыта было яно ў роднай хаце. Услед праплыў белы надпіс на сіне-блакітным, як і неба ў гэты час, фоне: «Жорсткі». А затым - нумар дванаццаць. Не пакідала ўяўляцца Зіна ў хвіліну развітання: ласкавая, шчырая, трошкі сумная. Пра яе хацелася думаць...

«Будзе яна яшчэ спяваць ці не?» Гэтае пытанне не давала Ярмолаву спакою нават і тады, калі ён выйшаў з маленькага стандартнага вакзала і накіраваўся ў вайсковы гарадок.

 

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая