epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Кулакоўскі

Нявестка

Даніла нахіліўся над трухлявым падаконнікам і праз адталы ражок шыбы ўбачыў Ларысу. Ішла яна па вуліцы ў белым кароткім кажушку — аўчынкі мясцовага, крушнікоўскага вырабу. Невялічкі каўнерык і манжэты — шэрыя. У вузкім ражку шыбы яна, здавалася, толькі мільгнула, а потым зноў вока ўпала на тое, што можна было ўбачыць адсюль кожны божы дзень: нізкі, пакрыўлены ад вуліцы агародчык, ледзь не да самай верхняй жэрдкі занесены снегам, каструбаватую рабіну пад левым вуглом хаты, калі глядзець на вуліцу.

Стары з натугай разагнуў паясніцу і падышоў да печы. Лезці на чарэн не хацелася, бо і ён сёння халодны. Прысеў на чачоткавую калодку, здзёўбаную з усіх бакоў сякерай.

У хаце была яшчэ шырокая лава бог ведае з якога дрэва. Для таго каб гэта вызначыць, трэба было б дні два скрэбці яе. Стаяла яна на сваіх нагах толькі таму, што рубам прыхінулася да сцяны. Быў таксама стол і пры ім — невялікі ўслончык, а ложка ў Данілы не было. Ужо некалькі год ложкам для Данілы служыць печ. Начуе ён тут і зімой і ўлетку, і не трэба яму там амаль што ніякага ні засцілання, ні падсцілання. Таму ў мінулую зіму, калі ўзырыў холад, а дроў зусім не было, Даніла пасек ложак і, можа, з тыдзень прапальваў ім у печы.

Холадна і ў гэтую зіму. Дроў таксама няма, і ўжо секчы каля дому няма чаго. Хіба ўзяць ды ссекчы вось гэтую рабіну пад акном?

Даніла падумаў так, і яму стала яшчэ горш сумна. Пасадзіў ён гэтую рабіну, калі быў яшчэ маладым, у той год толькі ажаніўся. Састарэлі яны цяпер: і ён, і рабіна.

Дык як жа рука паднімецца? Возьмеш для гэтага сякеру, дык усё роўна, што на душу самому сабе наступіш. Лепш ужо ўзяць заўтра саначкі ды з’ездзіць саматугам у лес. Або там застанешся, або ўсё ж такі прывязеш што-небудзь.

Нібы ў пошуках чаго на падпалку, Даніла абвёў позіркам хату. Нідзе нічога не было. Пад лавай ляжала крыху рыжага пасконня — гэта Даніла прынёс пад крысом з калгаснай адрыны, дзе ён учора спускаў вяроўкі. Каля мыцельніка валялася некалькі маткоў сухой лазы, бо ўлетку Даніла, калі трохі здаровілася, плёў кашы. На прыпечку — сямейная міска з абабітымі берагамі і толькі адна лыжка. Смецце на глінянай падлозе, ужо колькі год не мазанай.

Старому ўспомнілася, што ён толькі што бачыў Ларысу. Прыйшла ўжо, мабыць, дзяўчына дадому, там у яе ў хаце цёпленька, утульна і, напэўна, смачнай стравай пахне. Бацькі яе нестарыя, яшчэ ходзяць на калгасную работу, але ж каб і не хадзілі, то гэтая дзяўчына ўтрымала б гаспадарку. Дае бог людзям шчасце!

Некалі яны разам бегалі ў школу: Ларыса, яе брат Павел і Віцька, Данілаў сын. Дзяўчынка была кволенькая, і гаварылі тады, што вучылася тугавата. Са школы яна бегла заўсёды першай і ледзь не кожны дзень забягала ў Данілаў двор, скардзілася на Віцьку. То ён, гэты нягожы хлапчук, калючага дзядоўніку назапускаў дзяўчынцы ў валасы, то шыпшынавых зярнятак насыпаў за шыю, то намаляваў што-небудзь непатрэбнае ў яе сшытку. Даніла кожны раз абяцаў, што накруціць за гэта Віцьку вушы, падчас адчуваў, што і сапраўды трэба было б так зрабіць, але калі ружовашчокі свавольнік прыбягаў дадому, у бацькі знікала ўсялякая злосць. Бацьку хацелася толькі аднаго: хутчэй бы даць папалуднаваць сыну ды паклапаціцца, каб яму не было сумна.

Цяпер і Віктар і Павел служаць у арміі на звыштэрміновай службе. Крыніцкія, бацькі Ларысы, ад гэтага вельмі не гаруюць, бо Ларыса іх дагледзіць. Яны нават ганарацца, што іхні сын астаўся яшчэ служыць. Ганарыцца, вядома, сваім сынам і Даніла, але ж яму цяжка жыць аднаму, ды вось ужо колькі год. Да службы Віця таксама мала быў дома.

Ноч Даніла пракаратаў, нацягнуўшы на сябе ўсё, што было ў хаце з вопраткі і рознага рыззя. На досвітку ссунуўся з печы, пачаў хадзіць з кута ў кут па хаце, размінаць ногі.

Захацелася глынуць крыху вады. Узяў цяжкі кубак, зроблены з гарматнай гільзы, апусціў у вядро, а ён стукнуўся там звонка, як аб тонкае шкло. Вада ў вядры замерзла. Даніла сумна паківаў галавой і пачаў тужэй падпяразвацца, папраўляць на нагах валёнкі з жоўтымі бахіламі. Трэба было ўсё-такі ехаць у лес, шукаць сякога-такога ламачча.

Снегу за ноч намяло многа, Даніла пракладаў па крушнікоўскай вуліцы першы след. Ішоў стары сагнуўшыся, цяжка сапучы, хоць санкі паўзлі за ім лёгка. На дварэ яшчэ толькі ледзь світала, але пад нагамі ўжо відно было, куды ступаць.

На момант спыніўшыся, Даніла пачуў, што перад ім таксама нехта сапе і нават нібы стогне, нібы мармыча. Прыгледзеўся на снег,— няма, не відаць ніякіх слядоў. Значыць, насустрач чалавек ідзе. Праз некалькі крокаў убачыў, што сустрэчны не ідзе, а ляжыць у снезе. «Што ж гэта такое? — затрывожыўся стары. — Можа, чалавек вязе што на сабе ды знясілеў, паваліўся, а можа, няшчасце якое здарылася?»

Але вось гэты чалавек заварушыўся, злосна крактануўшы, узняўся, сяк-так выпрастаўся. Закрочыў наўскос, ледзь выцягваючы са снегу ногі і трымаючы рукі так, каб зберагчы твар пры чарговым акунанні ў снег. Неўзабаве заўважыў Данілу.

— Хто тут такі? — спытаў гучна і ўладарна. — Каго чорт носіць?

Па голасу Даніла здагадаўся, што гэта брыгадзір Крушнікоўскай брыгады Шандыбовіч.

— Што, не пазнаеш? — азваўся стары.

— Куды едзеш сярод ночы? Красці што-небудзь?

— Дурань ты барадаты! — не сцярпеў Даніла. — Сам ты піў усю ноч, глядзі што за крадзенае, а на людзей брэшаш. У лес еду, бо траха не адубеў сёння праз тваю ласку.

— А-а, у лес? — Шандыбовіч растапырыў ногі і падняў на Данілу выкачаную ў снезе бараду. — Гэта ты? Бірук? Ну, едзь, едзь! Газуй!

Данілу яшчэ больш цяжка стала ісці, зашчымела ў грудзях. Мала таго, што дома гэтак пакутна жывецца, дык яшчэ ж і ў брыгадзе, страшна падумаць, які непарадак.

Пакуль дабраўся да лесу, дык ужо добра развіднела. Сеў на пні, адпачыў,— зацішней у лесе, здалося, што і мароз паменшаў. Стаў потым прыкідваць з месца, што тут можна ўзяць на скорую руку, каб доўга не затрымлівацца. І з трывогай убачыў, што хоць і сапраўдны тут лес, але дроў спадручных няма. Калі што і было сухое на зямлі, дык пакрылася цяпер снегам, а сухастой, які быў, даўно людзі выбралі. Давядзецца ездзіць з санкамі па лесе і збіваць з дрэў сучкі.

Пад паўдня Даніла адчуў, што калі яшчэ трохі паходзіць, дык ногі не захочуць слухацца. Усё часцей і часцей ён пачаў садзіцца на пні, сядзеў падоўгу, але ранейшая сіла не прыходзіла. Калі выехаў, нарэшце, у поле і ўзяў напрамак на Крушнікі, ісці стала лягчэй, вецер падганяў у спіну. Але старэчая лёгкасць ненадзейная. Праз якія гоні ці двое ў Данілы пачала з’яўляцца неадчэпная думка, што да Крушнікоў яму не дацягнуць. Намагаўся адганяць ён гэтую думку, уяўна клікаў на дапамогу сына, свайго Віцю, які ўсё ж такі павінен прыехаць дадому, павінен уступіць няспынным бацькоўскім просьбам. І як ні змагаўся з сабою, жудасная думка не знікала, а што далей, то ўсё глыбей і глыбей забіралася ў душу, выклікала нязведаны дагэтуль страх.

Бірук спыніўся, працёр вочы, нібы пасля сну, і, ступіўшы крок назад, сеў на санкі. Яшчэ была вера, што, крыху адпачыўшы, можна будзе ўстаць, прайсці некалькі гоняў, а там павінна быць дарога, нейкі след, і ісці будзе лягчэй. Вецер падняўся большы, зашумеў лес, і Данілу быццам бы шкада стала, што ён выехаў з гэтага лесу. Зацішней там было, цяплей і не так самотна паміж дрэвамі. Гукні — рэха далёка пойдзе і нават людзі могуць пачуць. А тут — гало, ні сцежкі, ні следу, вецер гуляе і пачынае круціць з усіх бакоў. На дапамогу паклічаш, дык і голас твой загасне на месцы.

«Нічога, Даніла, нічога... — падбадзёрваў сябе стары. — Адпачнём і паедзем... Яшчэ так паедзем, што аж палазы будуць шумець. А дома напалім печ, наварым бульбы... От яшчэ трошкі пасядзім... Каб толькі калені не памерзлі...»

Прайшла хвіліна, другая. Даніла разумеў, што пара б ужо і ўставаць, але не хацелася ні кратацца, ні нават паварушыць нагой ці рукой. Яшчэ хоць хвіліначку... У калені ўжо не вельмі холадна і ў вушы менш дзьмуць стала... Вецярок зусім не марозны... Каб хоць на волас задрамаць, адагнаць сон...

Укалола пад сэрцам гэтая думка. То ж бяда, калі забірае дрымота! Але адразу ж і супакаенне: якая ж тут бяда? Цэлую ноч амаль не спаў, паехаў не снедаўшы... Стамілася цела, і ўся ў гэтым прычына.

...Прачнуўся Даніла толькі тады, калі адчуў, што нехта моцна ўзяў яго за плечы і скалануў. Спужаўся ад гэтага, ледзь не крыкнуў, а вочы расплюшчыць не мог.

— Што, стары, адпачываем? — нібы здалёк данёсся да яго голас.

Нешта цвёрдае і не надта гладкае пачало жвава хадзіць па яго вушах, па носе, па ўціснутаму ў каўнер старога кажуха падбародку, потым учапілася ў сасулькі на вусах, брывах, на вейках. Тады стары адчуў, што гэта нечыя рукі і нават без рукавіц. З болем у надброўі паварушыў павекамі, і вочы збольшага расплюшчыліся. Перад Данілам стаяў высокі немалады чалавек у бурцы з капюшонам, у новых белых валёнках.

— Так можна і заначаваць тут, — з папрокам, а больш з трывогай загаварыў ён. — Што, устаць можаце? Не? Ногі не адмерзлі? Давайце, бярыцеся за мае плечы!

Чалавек давёў старога да свайго вазка, пасадзіў, ухутаў ногі сенам, потым вярнуўся па санкі з дровамі і прывязаў іх ззаду да вазка.

— Наце, хутчэй глыніце! — загадаў ён і паднёс да губ Данілы адвінчанае рыльца салдацкай пляшкі.

Бірука вельмі мучыла смага, і ён выпіў бы што б там ні трапілася, аднак металічная пляшка на момант насцярожыла яго.

— Хутчэй, хутчэй! — падганяў чалавек.

Даніла павольна падняў руку да таго добразычлівага рукава, адкуль тырчала пляшка, злёгку штурхнуў яго і глынуў на поўны рот. Адчуў, што добра запякло ўсярэдзіне, а ў нос аддало хмяльком.

— Бярыце яшчэ, бярыце!

Даніла пацягнуў яшчэ разы два.

— Ну, як сябе адчуваеце? — пачаў распытваць чалавек, калі яны выехалі на дарогу. — Дзе-небудзь баліць, шчыпае? Дайце, я вам яшчэ патру шчокі.

— Нідзе так асабліва і не баліць, — удзячна адказаў Даніла, — калені толькі нібы мурашкі пакусваюць, але дарма, адыдуць, калі я вось іх яшчэ патру сваімі рукамі.

— Добра, што ў пару мы з вамі сустрэліся, — сцебануўшы лейцамі каня, сказаў чалавек, — а то такі мароз і вецер на дварэ... Адкуль вы самі?

— З Крушнікоў, — адказаў Даніла.

— А, дык мы з вамі амаль што суседзі. Я з Паддубаўскай МТС, інструктар па зоне. Які ж гэта ў вас там калгас, дайце ўспомніць!

— «Свабода», — нагадаў Даніла.

— Ага! «Свабода»! Хачу раблю, хачу не! Вядомы калгас, вядомы! Толькі не дабром, на жаль. Ну, што ж зробіш! Усё ў свой час. Дык як жа вы гэта? Саматугам па дровы? Ды ў такі мароз?

— Мароз і выгнаў з хаты, — сказаў Бірук.

Першачок на пусты жывот прыдаў старому цеплаты, абудзіў думкі ў галаве і пачаў нават хіліць на якую-небудзь жартаўлівую гаворку, чаго ўжо даўно з Данілам не здаралася.

— Ці дровы мае хоць едуць за намі? — спытаў ён.

— Едуць, — аглянуўшыся, сказаў інструктар. — Аж падскокваюць.

— Цяпер некалькі дзён буду жыць, як пан, — сказаў Даніла і засмяяўся.

— А потым зноў у лес?

— А потым зноў паеду. Можа, зноў які-небудзь начальнік падбярэ на дарозе і дасць першаку на абагрэў.

— Не, вы ўжо не рызыкуйце гэтак, — параіў інструктар. — Папрасіце брыгадзіра, няхай дасць каня, вазьміце яшчэ каго-небудзь сабе на дапамогу і навазіце дроў на ўсю зіму.

— Дапросішся ў нашага брыгадзіра. Спадзявайся! Цяпер хоць санкі, а летам я на сабе насіў дровы. Дык колькі на спіне наносіш!

— Са старшынёй пагаварыце, — не адступаў інструктар.

— Са старшынёй? — Даніла наўкос глянуў на інструктара і расшырыў ва ўсмешцы белыя ад намаразі вусы. — А я ўжо, мабыць, з год не бачыў нашых старшыняў. Ні старых, ні новых. Кажуць, што цяпер там яшчэ нейкага прывезлі. Без нас становяць, без нас здымаюць. Мы далёка ад праўлення, мо за паўсотню кіламетраў, калі па летняй дарозе ехаць. Камчаткай нас завуць.

— Так, так, — сумна паківаў інструктар галавою. — Тут, здаецца, сенажаць калгаса «Свабода».

— Ды якая там сенажаць? — не згадзіўся Даніла. — Балота дзесятак гектараў. Яго калгас і не касіў з таго часу, як узбуйніліся.

— Шкада, што вы не ў нашай зоне, — заўважыў, уздыхнуўшы, інструктар, — а то трэба было б пацікавіцца, што там у вас за парадкі. Ну, нічога, я ў раёне пагавару. Хто ў вас яшчэ ў сям’і? — дадаў ён праз некаторы час.

— Сын яшчэ ў мяне, — з гонарам сказаў Даніла.

— Дык чаму ж ён? Няхай бы сын ехаў у лес.

— Ён у мяне ў арміі, камандзірам!

— Ага. І старой няма?

— Няма і старой. — Даніла журботна апусціў галаву.

Калі да Крушнікоў асталося не больш якога паўкіламетра, Даніла падзякаваў інструктару, злез з вазка і адчапіў свае санкі.

— Я заеду як-небудзь да вас, — паабяцаў інструктар. — Не прагоніце?

— Рады вам будзем, — гасцінна адказаў Даніла.

Дома ён заехаў з санкамі проста ў хату, пасек там ламачча на сваёй калодцы і распаліў печ. Потым праламаў лёд у вядры і ў той вадзе намыў бульбы. Вячэра выйшла смачная, такой даўно не было. Спаў Даніла ў гэтую ноч таксама добра і сасніў сваю жонку Ульяну, маладую, белатварую, з шэрымі ласкавымі вачыма. Калі прачнуўся, дык нават шкада было, што так хутка мінуўся сон. Не хацелася злазіць з печы.

 

* * *

 

Пад вясну Даніла атрымаў пісьмо, што Віктар хутка дэмабілізуецца і прыедзе дадому. Старога апанавала такая радасць, што ў гэты дзень ён не мог уседзець у сваёй хаце. Паклаўшы пісьмо за пазуху, ён накіраваўся ў адрыну да свайго «вераўчанага камбайна», як тут жартавалі, хоць гэты «камбайн» быў яму сёння непатрэбны, бо не было пянькі. Данілу проста хацелася прайсціся па вуліцы, каб хоць каго-небудзь сустрэць ды падзяліцца з ім сваёй радасцю. Сустрэўся конюх Мяфодзій, глуханямы. Даніла спыніў яго за рукаў, паказаў знакамі, што яго сын — во, во, зорка на шапцы і з пагонамі — прыязджае адтуль, паказаў рукою на поўнач, — дадому. Зусім прыязджае. І выняў з-за пазухі сіні канверт са штэмпелямі.

Мяфодзій з поўным разуменнем справы радасна выціснуў той адзіны гук, які быў у яго на ўсе выпадкі жыцця, паківаў старому галавой і пайшоў далей.

Дома Бірук аж да болю ў спіне гнуўся, усё прыбіраў, падхарошваў у хаце. Павыносіў некуды ў клець рыжае пасконне, што валялася пад лаваю, сухую лазу і ўсялякую іншую непатрэбіцу. Дні два мазоліў далоні рыдлёўкай — раўняў гліняны дол.

Непакоіла толькі тое, што зноў у хаце не было дроў. Гэта цяжэй за ўсё. На санках не паедзеш, дарога ўжо не самавітая, ды і колькі там прывязеш на санках. Падысці да брыгадзіра? Дык як да яго падыдзеш? Прагоніць, барадаты, гаварыць не дасца.

І надумаўся тут Даніла пайсці на хітрасць, хоць, можа, потым і вомегам вылезе гэтая хітрасць. Аднак жа — сын прыедзе, не страшна!

Усім было вядома, што Шандыбовічыха, жонка брыгадзіра, больш за ўсіх у Крушніках гоніць самагонку. І гандлюе яна самагонкай, але за што ж купіць? Паспрабаваць, хіба, угаварыць, каб уступіла пляшку на павер? Паабяцаць ёй хоць усю сваю маёмасць, рухомую і нерухомую.

Доўга Бірук улучаў такую часіну, каб брыгадзірыха была адна дома. Нарэшце дачакаўся — барадатага паклікалі некуды на вячэру. Лепшага выпадку і не прыдумаеш. Падышоў да Шандыбовічавай хаты, ціхенька пастукаў у акно (ён чуў, што калі ідуць людзі сюды па самагонку, то гэтак вось стукаюць).

Гаспадыня без маруднасці адчыніла дзверы і развяла рукі ад здзіўлення.

— Што гэта? Няйначай воўк недзе здох, дый годзе! Ніколі ж вы да нас не заходзілі! Праходзьце ў хату, садзіцеся. Калі вы да майго старога, то няма, ведаеце, яго дома, але я перадам, калі што трэба.

— Не, я да вас, — спыніўшыся ля парога, сказаў Даніла. — Сын мой дадому прыязджае, дык, самі разумееце... Трэба было б сустрэць па-людску, ды няма, як той казаў... — Бірук правёў вачамі па шарэнзе пустых бутэлек, што стаялі на паліцы.

— Прыязджае Віктар? — здзіўлена перапытала гаспадыня. — Вось гэта навіна! Чуеш там? Віктар Бірукоў прыязджае!

— У мяне нават пісьмо ў запазусе, — дадаў стары.

— Няхай сабе прыязджае,— данёсся абыякавы голас з бакоўкі, якая служыла брыгадзіру і канторай.

Даніла ведаў, што гэта, канешне, Вольга сказала, брыгадзірава дачка. Яна ж — не то ўчотчыца, не то рахункавод у брыгадзе, — ніхто гэтага не мог разабраць.

— Не вельмі багаты мы на тое, што вы просіце, — мякка загаварыла гаспадыня, — але ж для такой радасці трэба падзяліцца.

— Дзякуй вам, дзякуй! — пачаў паўтараць раз-пораз Даніла і ледзь не кланяцца гаспадыні. — Мы заплацім, як прыедзе сын, а то я адраблю вам, кашоў напляту ці што іншае...

— Ды ўжо ж неяк памірымся, — добразычліва сказала гаспадыня.

Здабыўшы пляшку ў брыгадзірыхі, Даніла стаў цяпер падпільноўваць на вуліцы самога брыгадзіра. Падпільнаваць яго наогул было няцяжка, ён часта праходжваў сюды-туды па вуліцы, але злавіць начальства цвярозым, — гэта было амаль што немагчыма. Гаварыць жа з Шандыбовічам п’яным — марная справа, нарвешся на лаянку і толькі.

Усё ж Данілу пашанцавала і на гэты раз. Выйшаў ён назаўтра ледзь золак на вуліцу, бачыць — Шандыбовіч ідзе з нейкай папкай у руках. Галоўнае ж — ідзе роўна і крок цвёрды, значыць яшчэ не паспеў нідзе клюнуць. Даніла яму напярэсцікі:

— Памажы, Адам, старому, дай каня ў лес з’ездзіць. У хаце ні трэскі няма.

— Нікому не даю цяпер коней! — пачаў адмахвацца брыгадзір. — Паставіў на адпачынак перад пасяўной!

— Сын у мяне прыязджае, Адам!

— Прыедзе, то і сходзіце ўдвух, прынясеце ламачча.

— Дык я ж не так сабе... Слухай! — Даніла выняў з-за пазухі пляшку.

Шандыбовіч спыніўся, хоць зрабіў выгляд, што на пляшку не звяртае ніякай увагі.

— Дык, кажаш, сын прыязджае? Тэ-эк, тэ-эк. Ладна! Знай маю дабрату! — Ён трапным рухам згроб пляшку і паклаў сабе ў кішэню.— Ідзі скажы конюху!

— Як жа яму скажаш?

— Пакажы на бараду, ён і зразумее. Здаецца, тут я адзін барадаты, ты ж сваю выскубваеш.

— Якая ў мяне цяпер барада, — засмяяўся стары, — тры валасінкі. Слухай, Адам, а можа, запіску якую напішаш?

— Не трэба ніякай запіскі! — раздражнёна махнуў рукою брыгадзір. — Мяфодзій усё роўна чытаць не ўмее. Скубанеш рэшткі свайго шчаціння два разы. Вось так, — Шандыбовіч пацягнуў сябе за раскладзістую рыжую бараду, спачатку за адну палавіну, потым за другую. — Вось тады ён табе ўжо не адмовіць.

 

Калі ехаў стары ў лес, дык заўважыў, што з хаты Крыніцкіх выбегла Ларыса з пэндзлем у руках, а хвартух яе быў густа закроплены пабелкай.

«Беліць хату, — падумаў Бірук. — А перад чым жа гэта? Каляды даўно мінуліся, вялікдзень і першы май далёка. Значыцца, Павел прыязджае».

І неяк непрыемна стала Данілу ад гэтай думкі. Крыніцкія заўсёды лепш жылі, чым ён, ім шанцавала ў сям’і, у гаспадарцы. Таму Бірук у душы ледзь не ўсё жыццё ўпотай зайздросціў ім. Цяпер уяўлялася, што калі Павел і Віктар прыйдуць дадому адначасова, то радасці для Данілы будзе менш. Павел, напэўна, будзе і лепш адзеты, і, можа, камандзір ён большы, і падарункаў бацькам больш навязе. Побач з ім Віктар будзе выглядаць горш. А ці ж горшы Данілаў Віця за каго б там сабе ні было?

І вось хлопцы прыехалі. Адзін трошкі раней, другі трошкі пазней, але здарылася так, што на вуліцу выйшлі разам. На радасць Данілу, усе ўбачылі, што Віктар выглядаў лепш і страйней за Паўла. У Віктара боты былі хромавыя і блішчалі так, што хоць ты глядзіся ў іх. У Паўла ж былі боты звычайныя, шчыгрынавыя, і хоць таксама блішчалі, але ўжо зусім іншым бляскам. У Віці шынель быў новенькі, з падагнанай спінкай, у Паўла ж, наадварот, шынель быў не новы, з дзвюма складкамі на плячах і са старанна падчышчанымі, але ўсё ж прыкметнымі плямамі на рукавах. Што ж датычыць воінскіх званняў, то абодва былі старшымі сержантамі, толькі ў Паўла пагоны танкісцкія, а ў Віктара агульнавайсковыя, з белымі лычкамі. Праўда, у гэтым мала хто ў Крушніках разбіраўся, а сам Даніла дык і зусім нічога не разумеў.

Калі ж у брыгадзе даведаліся яшчэ і пра тое, што Віктар прывёз бацьку новыя кірзавыя боты і ватоўку, дык некаторыя гатовы былі аж на руках насіць такога хлопца.

На другі дзень Павел зняў пагоны і пайшоў у суседнюю МТС наймацца на работу, а Віктар яшчэ доўга хадзіў у пагонах. Здаралася, што ён заклапочана раіўся з бацькам, як жыць, — аставацца дома ці паспрабаваць пашукаць якой-небудзь работы ў раённым цэнтры або ў Мінску. У бацькі слёзы свяціліся на вачах, калі ён уяўляў, што зноў будзе нудзець у адзіноце, але, каб не замінаць яго шчасцю, згаджаўся на ўсё. Жыць засталося не многа, пражывецца як-небудзь. А сыну добра было б мець чыстую службу. Усё ж такі ён сямігодку скончыў ды ў арміі, мабыць, вучыўся.

І Віктар хадзіў пакуль што па вуліцы вольным казаком. Форма на ім заўсёды была чысценькая, боты блішчалі. Па вечарах у клубе дзяўчаты заглядаліся на яго.

Мабыць, прыглянуўся хлапец і Вольцы Шандыбовічавай, бо ў адзін з вечароў брыгадзір запрасіў яго да сябе пасядзець, пагаманіць.

На стале, вядома, з’явілася пляшка ды і закуска не абы-якая. Побач з гаспадаром на лаве сядзела гаспадыня, яшчэ ружовая ад завіхання каля чалеснікаў і надзвычай ахвочая да гаворкі, а насупроць — дачка Волька, трошкі рыжаваценькая, з дробным тварам. У яе жывых іскрыстых вачах, у хітраватай, але прыемнай усмешцы было нешта нават прывабнае, сімпатычнае.

Гаспадыня падсоўвала і падстаўляла Віктару па чарзе ўсё, што было на стале. І кожны раз прыгаворвала так, што хлапец не ведаў, як прымаць яе словы.

— Паспрабуйце, — прасіла яна, паказваючы на свежае колца смажанай кілбасы, — вы ж яшчэ, мабыць, не калолі? Вазьміце больш,— падсоўвала яна скавараду з яечняй,— у вас жа яшчэ куры не нясуцца?

Віктар разумеў, што ўсё гэта не ад душы гаварылася, але рашыў не звяртаць увагі. Ведае Шандыбовічыха, што ў яго бацькі няма ні свіней, ні курэй, — толькі і клопату, няхай сабе ведае.

Пакуль выпівалі і закусвалі, ішла звычайная размова аб хатніх справах, а калі пляшка стала пустой і гаспадар, адваліўшыся спінаю да падаконніка, пачаў выкалупваць з зубоў, гаспадыня адразу ж успомніла, што ў яе ёсць яшчэ адзін вельмі неадкладны клопат. Услед за ёю выйшла з-за стала і Вольга. Паміж мужчынамі пачалася гаворка ўжо не пра хатнія інтарэсы, хоць Віктар не надта чакаў гэтага.

— Дык як яно, таварыш старшы сержант? — пачаў брыгадзір, трымаючы ў зубах зламаную запалку. — Пара, мабыць, ужо і здымаць пагоны?

Пры гэтых словах Шандыбовіч спачатку неяк прыціснуў к зубам свае прамоклыя ў тлустасці вусны, а потым усміхнуўся і пагладзіў бараду. Ён не быў цяпер п’яны, магчыма, таму, што збіраўся сур’ёзна пагаварыць з чалавекам. Некаторыя ж гаварылі, што дома Шандыбовіч наогул не напіваўся.

— Хто яго ведае, — нерашуча адказаў Віктар. — Можа, і яшчэ з які год ці больш давядзецца панасіць форму.

— Чаму ж гэта?

— Пайду ў часць у якую-небудзь недалёкую адсюль, напрашуся, каб узялі.

— А тут не знойдзецца работы?

— Ды вось, не бачу пакуль што. Самі спраўляецеся.

Брыгадзір выняў з рота запалку, падціснуў зубамі ніжнюю губу. Барада яго пры гэтым нібы падскочыла і стала ледзь не старчма.

— Ну, спраўляемся мы ці не спраўляемся, — заўважыў ён, крыху памаўчаўшы, — пра гэта начальства скажа. А я толькі кажу тое, што і ў нас для цябе работа знойдзецца. Кім ты ў арміі быў? Кладаўшчыком? Ну, і ў нас склад ёсць. Праўда, там пакуль што сядзіць адзін чалавек, але ж для дэмабілізаванага гэта можна паправіць.

— Я загадчыкам склада быў, — апусціўшы галаву, сказаў Віктар.

— Ну і ў нас будзеш загадчыкам. Гэта ўсё роўна. Шандыбовіч падсунуўся бліжэй да госця і прыцішыў голас:

— Я гэта з павагі да цябе. Быў я тут старшынёй. Ты ж ведаеш, да ўзбуйнення... Бацьку твайго падтрымліваў. То да капцоў яго, бывала, прыстаўлю вартаваць, то да малатарні...

— А цяпер мой бацька на сабе дровы возіць, — не стрымаўся Віктар, і яго ніжняя губа непрыемна здрыганулася.

— Ну, цяпер што ж ты раўняеш? — брыгадзір скрывіўся, барада ад гэтага паехала ўбок. — Хіба можна раўняць, што цяпер і што было раней. Усё лепшае пайшло ад нас у адсталыя брыгады. Падстрыглі, падраўнялі ўсіх. Але ж і стары твой цаца добрая. Што, цяжка было прыйсці, сказаць. Папрасіў нядаўна, і я без слова дазволіў.

Віктар ціха ўсміхнуўся.

— Прымеш склад, — гаварыў далей брыгадзір, — і лепшага месца табе не трэба. Калі да чаго там не дойдзеш сам у першыя дні, дык вось, — ён паказаў вачыма на бакоўку, — Волька дапаможа. Яна, брат, у нас усё ўмее.

— Калі трэба, то і заменіць іншы раз, — уставіла гаспадыня.

Брыгадзір сурова глянуў на яе, і жанчына змоўкла, пачала старанна перабіраць дровы, якія толькі што прынесла.

— Я толькі з павагі, — зноў паўтарыў ён Віктару. — Мы маглі б жыць па-суседску, як і жылі з тваім бацькам. А там... — гаспадар хітра, зморшчыўся, і дзве палавіны яго барады нібы адвярнуліся адна ад другой. — А там, хто ведае? Калі бог дасць усё добра, то, можа, і сваякамі станем.

Віктар ніякавата маргнуў вачыма і без патрэбы паправіў рукою сваю кароткую светлую прычоску.

— Можа, яшчэ пакрысе возьмем? — спытаў брыгадзір і ўжо ласкавей глянуў на гаспадыню.

Віктар пакруціў галавой.

— Дык ты, маці, ідзі, ідзі! — загадаў Шандыбовіч, і вочы яго адразу змяніліся, у іх бліснула нервовая суровасць. — Заўтра прыязджае да нас высокі госць, — перайшоў брыгадзір на другую гаворку, — дык трэба падрыхтавацца, курчо якое звесці са свету ды парасё.

— А што за госць? — пацікавіўся Віктар.

— Старшыня калгаса нашага.

Віктар так гучна зарагатаў, што брыгадзір аж адхіснуўся ад яго:

— Вось знайшлі госця! Ён павінен кожны дзень бываць у брыгадзе. Гэта яго абавязак!

— Ну, не вельмі скочыш кожны дзень за пяцьдзесят кіламетраў, — стрымана заўважыў брыгадзір. Легкавой машыны ў яго яшчэ няма, а на грузавой бакі растрасеш па карчах ды па калдобінах. Павінен табе сказаць, сусед, што не надта шанцуе нам гэтыя гады на старшынь. Мяняюцца, як карты. Не паспееш прывыкнуць да чалавека, разгледзець яго добра, як прысылаюць паперку, што ўжо знялі. Пасля пленума пхнулі на ферму нашага даўняга старшыню, прыслалі з раёна загадчыка чайной, жанчыну. Ну, чайная, дык чайная. Нам што? Асабліва тут, у Крушніках. Дапамогі вялікай мы не чакалі і не чакаем. Нам важна, каб не вельмі перашкаджаў чалавек. Ну, гэтая чайная толькі адзін раз і пабыла тут. Выспалася, схадзіла ў ягады, і пасля гэтага мы яе ўжо больш не бачылі. Кажуць, паслалі кабету на нейкі маслазавод.

Прывезлі новага старшыню ўжо з вобласці. Стары чалавек, год пад шэсцьдзесят пяць. Быў начальнікам турмы ў абласным горадзе, ну, ды, мабыць, па старасці звольніўся. Гэты прыязджаў да нас часта. І от, скажы ты, — начальнік турмы, а чалавек быў добры, ціхі. Бывала, паснедаем з ім разам, тады я запрагаю жарабка і вязу старшыню на рэчку. Высаджваю яго там на беразе, стаўлю побач бутлю першаку, кладу кусок сала, паўбуханкі хлеба і еду па сваіх справах. А ён цэлы дзень сядзіць на беразе з вудай. Увечары прывожу яго дадому. Па тыдню, а то і больш ён так у нас жыў.

Перавялі некуды і гэтага чалавека, кажуць, што, быццам бы, дырэктарам дзіцячага дома паставілі. І вось цяпер, месяцы два таму назад, прыехаў гэты самы высокі госць, як я сказаў, а ты засмяяўся. — Брыгадзір горка скрывіўся і махнуў рукой. — Чорт яго ведае, што гэта за чалавек! Быў нядаўна я там, у яго. На дзвярах бакоўкі шыльдачка вісіць: «Без спраў не заходзіць! Прыём ад такіх-та гадзін да такіх». Папрасіў я бухгалтара, каб далажыў гіра мяне. Той схадзіў у бакоўку і вярнуўся нешта закапыліўшы нос. «Пазней, кажа, зайдзі, старшыня заняты».

Заходжу праз паўгадзіны. Сядзіць за вялізным сталом мужчына, так, прыкладна, майго ўзросту, толькі без барады. Чысты, гладкі; міністэрскі касцюм на ім. Побач, за меншым сталом, сядзіць дзяўчына і піша пад яго дыктоўку. Пакуль не скончыў дыктаваць, не загаварыў са мною. А што, ты думаеш, дыктаваў? Нарад на заўтрашні дзень, звычайны нарад. Я такія нарады па памяці раздаю.

Распытваў я потым у сваіх людзей, што гэта за птушка. Кажуць, што сапраўды не з простых гатункаў. Быў ён у Мінску такім начальнікам, у якіх звычайна ёсць і прыёмныя, і сакратаршы, і персанальныя машыны, адна для сябе, другая для жонкі. Потым пайшлі нелады ў яго ўстанове: быццам бы сакратаршы на яго скаргу напісалі ці яшчэ там нешта. Адным словам, начальніку прыйшлося крута, маглі шыю намыліць і сапсаваць асабістую картку. Тады ён — бах заяву, што хоча добраахвотна ехаць у калгас. Усё адразу ўціхла, усе скаргі на яго паклалі пад сукно, а яго такую асабістую заяву апублікавалі ва ўсіх газетах.

Убачыўшы такі паварот справы, начальнік рызыкнуў зрабіць так, каб і козы былі сытыя, і сена цэлае: выпараў у сябе нейкую старую, даўно залечаную хваробу, падгадзіў дактароў і лёг у бальніцу. Праляжаў там з месяц, думаў, ужо ўсё ператрэслася, перацёрлася за гэты час. Аднак калі выйшаў, яго ўсё ж такі паслалі. Вось заўтра прыедзе сюды, паглядзіш, што за ён. Адчуваю, што голас будзе падаваць, дык мы ўжо, Віця, давай будзем разам рэагаваць на крытыку. Добра?

 

* * *

 

Назаўтра ледзь не з самага ранку брыгадзір шлындаўся ў канцы вуліцы, усё паглядваў на дарогу. Калі з-за горкі паказалася грузавая машына, ён пабег насустрач, замахаў рукамі. Старшыня не спыніўся на дарозе, а паехаў у вуліцу. Тут дачакаўся брыгадзіра, які бег да яго так шпарка, што аж барада падгіналася да кадыка. Ніякіх прывітальных слоў, ні намяканняў на адпачынак пасля дарогі не захацеў і слухаць, а адразу ж засыпаў брыгадзіра пытаннямі. Адказаў патрабаваў дакладных, з лічбамі на руках. Шандыбовічу прыйшлося паклікаць і дачку. Пра што ўдалося добра адказаць, тым ужо больш старшыня і не цікавіўся, а дзе брыгадзір мармытаў замест адказу і не прыводзіў лічбаў, тое старшыня браў пад асабістую праверку.

Увечары быў сход. Новы старшыня выдаў вельмі доўгую прамову, але ўсе праслухалі яе ўважліва, бо, як прызналі потым крушнікоўцы, ніхто дагэтуль так гладка не гаварыў і ніхто так прывабна не размахваў рукамі. Калі прыйшла чарга выступаць з месцаў, усе маўчалі, а потым з куткоў пачало выплываць звычайнае і да гаркаты шаблоннае: Усё ясна!

Шандыбовіч пачынаў ужо ў думках іграць марш усяму гэтаму сходу, з асалодай уяўляў, як ён зараз вып’е з новым старшынёй і закусіць смачнай парасяцінай з брыгаднага пагалоўя. Ды нечакана для яго, а магчыма і для ўсіх, у паўзмрочнай зале былога калгаснага, а цяпер брыгаднага клуба паднялася рука ў манжэце з блішчастымі вайсковымі гузікамі.

— Калі ласка! — бадзёра, нібы нават узрадавана сказаў старшыня. — Як ваша прозвішча, таварыш?

— Бірук, — ціха адказаў Віктар і стаў праціскацца да стала.

Пачаў хлопец гаварыць, і амаль ва ўсіх твары пасвятлелі, толькі Шандыбовічава барада пусцілася ў нейкія шалёныя скокі. Людзям было прыемна, што і Віктар умее гаварыць гладка і нават рукамі махае глядзі што не горш за старшыню. А галоўнае — праўду хлопец гаворыць пра брыгадзіра і пра ўсе тутэйшыя парадкі.

Ідучы са сходу, Віктар нагнаў дзяўчат, бо яны ішлі чамусьці вельмі ж памаленьку. Ледзь не шаргануўшыся аб рукаў Віктаравага шыняля, прайшоў са старшынёй Шандыбовіч. Глядзець не трэба: вядома, што завернуць у брыгадзіраў двор.

Дзяўчаты маўчалі, таму што сярод іх была Волька. Нікому не хацелася крыўдзіць сяброўку, успамінаючы пра такі няўдалы для Вольчынага бацькі сход. Дзяўчына зразумела гэта і, шчыра ці не шчыра, але пачала гаварыць сама.

— Ты правільна выступіў, Віця, — сказала яна быццам бы зусім спакойным голасам.— У нас тут вельмі мала крытыкі і самакрытыкі. Праўда, Ларыса?

Ларыса не запярэчыла, аднак услых не сказала нічога. Толькі калі яны з Віктарам засталіся ўдваіх, лёгенька кранула хлопца за локаць.

— Я проста зайздросціла табе сёння, — з затоенай радасцю загаварыла яна. — Устаеш сабе спакойна, упэўнена, нібы ў сваёй хаце, і пачынаеш гаварыць. Кожнае слова на месцы, і жэст, і ўсё... А вось я не магу выступіць на сходзе. І ведаю, аб чым трэба сказаць, словы на памяць набягаюць, хвалююся, бурліць усё ўнутры, а як падумаю, што трэба падняцца ды стаць перад людзьмі, жаўцее ў вачах і выскаквае ўсё з галавы. У нас і Павел такі.

— Ну, табе і па штату паложана выступаць як сакратару камсамольскай арганізацыі.

— Паложана, а не магу, — нібы апраўдваючыся, адказала Ларыса.

Вечар быў нехалодны, хоць і вясны яшчэ сапраўднай не было. На вуліцы падшэрхла нанач, і калі хто ішоў, то боты месцамі грукалі па голай зямлі, а месцамі скрыгацелі на рэдкім прымарожаным снезе. На палях яшчэ ва ўсіх нізінах ляжаў снег, і дарога яшчэ трымалася зімняя.

Віктар і Ларыса стаялі ў той вечар каля двара Крыніцкіх аж да таго часу, пакуль ногі ў іх не памерзлі, а на досвітку хлопец пайшоў з вёскі, нічога не сказаўшы пра гэта ні Ларысе, ні бацьку.

Даніла прачнуўся толькі тады, калі Віктар з прыціскам зачыніў сенечныя дзверы. Стары злез з печы, абуўся і пачаў гатаваць снеданне. Зварыўшы бульбы і падсмажыўшы трохі той нейкай шкуркі, што аднекуль прынёс Віктар, ён засланіў печ і стаў чакаць сына. Аднак прайшла гадзіна і ўжо ледзь не другая, а Віктара ўсё не было. Даніла рашыў прайсціся па вуліцы, пацікаваць, можа, зайшоў сын куды, можа, яго якая справа затрымала? Прыцішыў крок насупраць хаты Шандыбовіча. Стары не быў учора на сходзе і не ведаў, што Віктар цяпер ужо, мабыць, доўга не пойдзе да Шандыбовічаў. Прайшоўся да брыгаднага двара, завітаў на свінаферму, нідзе сына не было. Ідучы назад, сустрэў Ларысу. Дзяўчына вельмі ласкава і весела прывіталася з ім. Стары азірнуўся і з хвіліну глядзеў ёй услед, мяркуючы, што, можа, тут хаваецца якая здагадка наконт яго сына. Аднак гукнуць Ларысу і спытаць не адважыўся.

Дома стары еў у адзіноце адубелую бульбу і ўсё думаў, куды ж мог так раптоўна знікнуць яго сын? Хаця б слова сказаў! Хіба ж так можна?

Віктар не прыйшоў увесь той дзень, не было яго назаўтра і на паслязаўтра. Ужо ўсе Крушнікі ведалі, што Данілаў сын цішком пайшоў некуды з дому. Ларыса часта прабягала паўз Данілаў двор, бледная, устрывожаная, і ўсё паглядвала на вокны хаты. Нібы неўпрыкметку прайшлася разы два каля агародчыка і Волька. Мабыць, і ў яе не зусім было спакойна на сэрцы.

А к Данілу зноў вярнуліся сумотныя думы, ды яшчэ цяжэйшыя як раней. Здавалася, што ён ніколі так не перажываў. Не было да гэтага сына дома, — што ж ты зробіш? Прывыклася неяк і жылося. Ведаў чалавек, што хоць праз некалькі год, але ж вернецца хлопец дадому, калі жыў будзе.

А тут зусім нічога невядома. Можа, кінуў бацьку назаўсёды. Кінуў і пайшоў, не сказаў ні слова. І за што? У чым бацька вінаваты?

Даніла намагаўся ўспомніць усе дні, пражытыя цяпер з сынам, усю гаворку ледзь не да кожнага слова. І не мог зразумець, чым ён пакрыўдзіў Віктара. Ужо нязімнія, з вясновым подыхам, вечары здаваліся даўжэйшымі, як у Піліпаўку, ноччу не браў сон. І што толькі не прыходзіла ў галаву ў гэтыя ночы. Трывожныя і крыўдлівыя думкі пра сына змяняліся далёкімі, зацяжнымі ўспамінамі. Бацька глядзеў з печы на шырокую старую лаву, і яму здавалася, што ў негустым змроку ён бачыць сваю нябожчыцу жонку, сваю Ульяну. Сядзіць яна на лаве з малым Віцем на руках і прыгожа і трошкі сумна ўсміхаецца...

Як бы ні жыў Даніла, які б ні быў боль у яго на душы, яму заўсёды было радасна ўспомніць пра сваю жонку. Нават калі і цяжкія былі гэтыя ўспаміны.

Ажаніўся Даніла позна, тады было яму ўжо больш за трыццаць год. Ульяна была дзяўчына маладая, па прыгажосці мала каторай тут, у Крушніках, уступала, і кахала Данілу шчыра, самааддана. Першыя гады сямейнага жыцця прайшлі ў Данілы так светла, нібы ў тыя часы сонца над Крушнікамі не заходзіла ні на адну хвіліну. Кожны дзень прыносіў радасць, прыемнай здавалася самая цяжкая работа, не наганялі суму і змроку ні беднасць, ні нястача. Уперадзе чакала яшчэ большае шчасце — дзеткі, свая сапраўдная сямейка.

І вось праходзілі гады, а дзетак у Данілы не было. Старэў пакрысе Даніла, уваходзіла ў жаночую сталасць, хоць і не траціла ад гэтага свае прывабнасці, Ульяна. Сніліся ім дзеці, а шчасце паступова пакідала хату. Цэлымі гадзінамі, здаралася, хадзіў у задуменні Даніла, патухалі ад незвычайнай загадкі карыя вочы Ульяны. У душы яна праклінала сябе за тое, што зрабіла няшчасным Данілу, хоць зусім не мела за сабою ніякай віны. Даніла ж лічыў, што бог пакараў толькі яго, а праз гэта пакутуе і жонка. Хаваючыся адно ад другога, яны ўсё больш заглядваліся на чужых дзяцей, калі трапляўся выпадак, песцілі іх і плакалі ад нязведанай радасці і ад свайго гора. У Данілы з’явілася неадольнае жаданне насіць у кішэнях што-небудзь цікавае або смачнае для дзяцей. Суседская дзетвара яго любіла і часта сустракала больш весела і шчыра, як сваіх бацькоў.

Так была пражыта лепшая пара чалавечай сталасці, і толькі праз добры дзесятак год пасля жаніцьбы ў Данілы нарадзіўся сын. Прыйшло такое шчасце ў хату, што Даніла аж баяўся за яго, бо за мінулыя гады страціў веру ў свой добры лёс. Не было той ночы, каб ён некалькі разоў не падышоў да калыскі, не паслухаў, як маленькі спіць, ці роўненька дыша. А выпраўляўся ўдзень на работу, дык не ведаў, як развітацца з сынам. Жонку не пускаў нікуды, сам цягнуў за дваіх. І хоць прыбавілася ў хаце клопату і гады ішлі сваім парадкам, маладзеў Даніла проста на людскіх вачах, у рабоце не адчуваў стомленасці, пры хадзе ног пад сабою не чуў.

Мала хто мог зраўняцца ў Крушніках і з Ульянаю. Стала яна такой весялухай і глядзела людзям у вочы так шчыра і светла, што, здавалася, яна ўвесь час цешыцца, любуецца жыццём і налюбавацца ім не можа.

Віцю было ўжо больш за два гады, калі Даніла, аднаго разу носячы яго па хаце, заўважыў у дзіцячай усмешцы быццам бы не зусім знаёмую рыску. Закалола ў бацькі пад сэрцам, некалькі начэй ён не спаў, але ўсё ж прыдушыў у сабе змрочную думку, не даў ёй волі. Доўга не браў сына на рукі, баяўся грэшных думак пра жонку. А цягнула да малога страшэнна, часамі месца сабе не знаходзіў. І шкада было дзіцяці, так шкада, што аж слёзы іншы раз цяжка было стрымаць. У чым яно вінавата, беднае? Бяжыць насустрач, працягвае ручкі і не ведае, што бацька можа падумаць пра яго гэтак крыўдна і няхораша.

Час — вялікі лекар, як усім вядома. Прайшоў месяц, другі, і Даніла пачынаў ужо зусім вылечвацца ад сваёй незвычайнай хваробы. Ульяна не магла нарадавацца, што муж зноў спыняў на ёй вясёлы, закаханы пагляд, хоць зусім не ведала, чаму Даніла так доўга быў хмуры і задумлівы. Але вось аднойчы стары Шандыбовіч, калом яму зямля, бацька цяперашняга брыгадзіра (Даніла ўсё жыццё праклінае яго) сказаў сп’яна, што, па яго меркаваннях, у яго ёсць ужо ўнук, хоць і не ў сваёй хаце.

Даніла дачуўся пра гэта і ў цяжкім замарачэнні не стрымаў сябе, упікнуў Ульяну. Тая плакала некалькі начэй узапар, потым стала чарнець, сохнуць і праз некаторы час памерла.

І больш ужо ніколі не з’яўлялася для Данілы незнаёмая рыска на светлым і бясконца дарагім тварыку сына. Нібы ў пошуках нейкага спакою для свайго сумлення, нібы замольваючы віну перад нябожчыцай Ульянай, нібы ад такога бацькоўскага пачуцця, якога яшчэ свет не ведаў, Даніла стаў жыць толькі для сына, іншай мэты для яго не існавала. На Шандыбовіча-малодшага не сердаваў, бо не мог абражаць гэтым нябожчыцу. Толькі зрэдку ўскіпала на яго міжвольная, але лютая злосць і то, мабыць, усё-такі з-за яго бацькі, за тое, што пусціў той па свету такую жудасную, пагібельную плётку...

 

* * *

 

Віктар вярнуўся дадому гэтак жа нечакана, як і пайшоў з дому. Ён прынёс выпіску з пратакола калгаснага праўлення аб прызначэнні яго брыгадзірам Крушнікоўскай брыгады. На выпісцы стаяла пячатка і быў каляровы, расчыркнуты і раскручаны ледзь не па ўсю паперку подпіс старшыні.

Шандыбовіч доўга ўглядаўся ў гэтую паперку і вырабляў немаведама якія рухі барадой. Хоць усё ў выпісцы выглядала правільным і даволі ўнушальным, брыгадзір не паверыў ёй і сам накіраваўся ў праўленне. Шандыбовіча не было некалькі дзён, і ўсе гэтыя дні Крушнікі аставаліся без калгаснага кіраўніцтва, ад чаго, вядома, нішто тут ні пагоршылася, ні палепшылася.

У той дзень, калі Віктар прыняў брыгаду, Даніла надзеў падараваныя сынам кірзавыя боты, ватоўку і, не спяшаючыся, прайшоўся па вуліцы. Было якраз самае разводдзе, гразь усюды па калена. На гэтыя дні яго старыя дэмісезонныя бахілы якраз былі б дарэчы, але Бірук не пашкадаваў і ботаў. Няхай хоць раз убачаць людзі, што і ён можа быць шчаслівы, няхай хто і пазайздросціць, калі вельмі ўжо зайздросны.

Старому нешта падказвала, і гэтаму ён быў асабліва рады, што жыццё ў яго цяпер пойдзе вельмі гладка. Праўда, пакуль што ён быў дома больш за гаспадыню, чым за гаспадара: гатаваў сыну снеданні, варыў капусту і тушыў бульбу на абеды. Але гатоў быў рабіць для сына што б там ні давялося, каб толькі Віця не пакідаў яго, жыў дома. І думкі ішлі, вядома, далей. Прыйдзе час, калі пашанцуе, што і гаспадыніць яму не трэба будзе: з’явіцца ў хаце маладая гаспадыня, дагледзіць і сына і бацьку. А там і канца не было думкам. Уяўляўся ўнучак, круглатвары, беленькі, якраз такі, якім быў некалі Віця.

Падчас, снедаючы разам ці абедаючы, Даніла намякаў сыну пра жаніцьбу. Той, лагодна ўсміхаючыся, круціў галавой і гаварыў, што цяпер яму няма калі нават і думаць пра гэта,— трэба наводзіць парадкі ў брыгадзе.

І сапраўды, Віктар цэлыя дні быў заняты работай. Зняўшы пагоны, ён, здавалася, залішне ўжо актыўна мераў гразь на вуліцы, кожную гадзіну знаходзіў сабе справу, магчыма, яшчэ нават добра і не разбіраючы, карысная яна ці не. Ледзь не кожны дзень з праўлення прыходзілі паперкі з доўгім каляровым подпісам. Новы брыгадзір стараўся дакладна выканаць усё, аб чым там было напісана, і пасылаў справаздачу ў праўленне.

Калі сын прыходзіў дадому вельмі позна, Даніла жвава злазіў з печы, каб адчыніць яму, а потым, пакуль зноў не агортваў старэчы сон, думаў, з каторай жа гэта хлапец сёння бавіўся? Стары ківаў пакуль што толькі на Вольку і Ларысу. І вось, калі б сын раптам спытаў у яго: да каторай сватацца, каторая нам лепш падыходзіць? Хто яго ведае, што можна было б і сказаць. Волька багацейшая, вядома. У гэтай усякага дабра многа ды бацька вялікі пасаг дасць. Затое Ларыса з твару прыгажэйшая і ласкавая, ніколі нікога не пакрыўдзіць.

Наконт Волькі былі і яшчэ некаторыя думкі. Не вінавата, праўда, дзяўчо, але вельмі ж ужо, калі ўдумацца, бацька яе несамавіты чалавек. Не любяць яго людзі. І не таму Даніла так глядзеў на суседа, што той ледзь не кожны раз пры сустрэчы нагадваў старому даўняе мінулае. Пражытыя гады многае сцёрлі з ранейшага. Былы брыгадзір не падабаўся яму проста як чалавек, з-за свайго характару. Але ўсё ж бывалі іншы раз і цяжкія моманты пры такіх начных разважаннях, і тут у бацькі не хапала сілы змагацца з імі. Раптам стукне ў галаву, што Волька, магчыма, сястра Віктарава, і адразу цёмна становіцца ў вачах, не хочацца жыць на свеце.

Калі Даніла гаварыў дома пра Вольку, сын абыякава ўсміхаўся і часцей за ўсё зводзіў гаворку на жарт. Тады бацька і радаваўся ў душы і як быццам бы нечага шкадаваў. Ну, шкадоўля была, усё-такі, вядомая. Ці ж не радасна было б адразу паставіць у хлеў добрую карову, увагнаць у свінух, які ўжо многа год пустуе, гладкага вепрука?

Калі ж хоць адным словам упаміналася Ларыса, вочы ў Віктара загараліся, ён глядзеў на бацьку з радасным хваляваннем.

 

* * *

 

Ларыса стаяла на невялічкім мастку з нізкімі парэнчамі і глядзела адсюль на шырокі палетак. Пад мастком спакойна, з ціхім гаманком, цякла рэчка. Якой ласкавай і прыгожай стала цяпер гэтая рэчка! Берагі зялёныя, мяккія, так і вабяць да сябе. Вада чысценькая, празрыстая, на дне відны каменьчыкі.

А здаецца, што яшчэ зусім нядаўна рэчка была бурнай і магутнай. Хвалі шумелі пад самым насцілам мастка і неслі з сабою дробныя крыгі і пачарнелыя камы снегу. Боязна было падумаць, што будзе, калі вада падымецца яшчэ хоць на некалькі сантыметраў. Нястрымныя хвалі зрушаць тады масток і панясуць яго ў другую вялікую раку, а адтуль — у самае мора.

Боязна тады было стаяць на гэтым мастку. Адна б Ларыса і не асмелілася, а з Віктарам нічога, не думалася ў тыя хвіліны пра якую-небудзь небяспеку.

Перад гэтым яны ўдваіх аглядалі ўчастак пад лён. Не ўсюды яшчэ можна было прайсці, так што ўсяго поля не агледзіш, аднак збольшага межы ўчастка былі вызначаны. Пасля вады і грузкасці пад нагамі на мастку адчувалася такая легката, нібы яны стаялі на клубнай сцэне. Ларыса абаперлася далонямі на сухія і, здавалася, нават падагрэтыя ўдзень парэнчы. Кароткі кажушок з шэрай барашкавай абшыўкай быў расшпілены. Кубаначка з такога ж самага бараніну трымалася, мабыць, толькі на пляцёнцы шатэнавых валасоў. Увесь лоб у дзяўчыны быў адкрыты, шчокі ружавелі ад нялёгкай хады і вясенняга ветру.

Віктар быў у прыгожа скроеным бушлаціку, у летняй шапцы з ледзь прыкметнай адзнакай на тым месцы аколышка, дзе нядаўна была чырвоная зорка. Ён нахіліўся над парэнчамі, спрабуючы дастаць рукою ваду, і Ларыса войкнула, нечакана для сябе схапіла хлопца за плечы. Віктар выпрастаўся, з радасным здзіўленнем паглядзеў на дзяўчыну.

— Мне здалося, — сарамліва ўсміхаючыся, сказала яна, — што парэнчы захісталіся.

Віктар ласкава ўзяў яе за рукі.

— Усё тут моцна зроблена, — спагадліва загаварыў ён. — Але ты не глядзі доўга на хвалі, можа замарачыцца ў галаве, тады ўсё загойдаецца пад нагамі. Глядзі лепш на мяне, Лара.

— А ты на мяне глядзіш?

— Гляджу, Ларыска, з малых год я на цябе гляджу, калі хочаш ведаць.

— Не ўспамінай ты лепш пра малыя гады, — усё яшчэ не адыходзячы ад жарту, сказала Ларыса. — Жыць ты мне тады не даваў!

— Бо кахаў, — моцна сціснуўшы яе рукі, сказаў Віктар, — толькі і сам пра гэта не ведаў. Ларыса, мілая! Цяпер то я ведаю! Днём і ноччу думаю пра цябе. — Ён ціхенька, нясмела пацягнуў яе за рукі.

Дзяўчына не вырывала рук і не прыхіналася, а толькі глядзела на Віктара неяк зусім-зусім па-асабліваму. Маўчала і глядзела, нават не ўсміхалася. Вочы яе блішчалі, і здавалася ў вясеннім паўзмроку, што гэтыя імклівыя, неўгамонныя хвалі адбіваліся ў іх.

Раптам яна моцным рыўком вызваліла свае рукі. Віктар здрыгануўся. Але не паспеў ён апамятацца, як дзяўчына гэтак жа імгненна і парывіста абхапіла яго шыю і ўпала тварам на грудзі...

...Няхай бы нават і сарваўся ў гэты момант крушнікоўскі масток! Няхай бы імчаў іх разам з бурнымі хвалямі ў самае сіняе мора! Нішто не было б страшным! Паплыла б тады Ларыса хоць на край свету, абы толькі з Віцем, каб толькі заўсёды трымаць яго вось так у першых сваіх дзявочых абдымках і адчуваць радасны, нястрымны стукат яго сэрца...

 

У той вечар Ларыса не магла доўга быць у сваёй хаце. Ёй здавалася, што маці паглядае на яе з нейкім дакорам і падазронасцю, што Павел быццам бы ўвесь час хоча сказаць нешта смешнае ды падбірае зручны выпадак. Дзяўчына ледзь не на хаду павячэрала і выбегла на вуліцу. Тут зноў жа не ў кампанію яе пацягнула, не да сябровак. На сэрцы ляжалі такія адчуванні, пра якія не здолееш расказаць нікому: ні мацеры, ні самай дарагой сяброўцы. Нават Віктару Ларыса не змагла б цяпер сказаць ніводнага слова. Хацелася пабыць адной, толькі адной. Ісці некуды і ісці, думаць, успамінаць. І каб ішла так суткі ў адзіноце і ў цішыні, дык усё не меншала б свежасць тых адчуванняў, якія прыходзяць, бадай-што, адзін раз у жыцці. А як бы хацелася захаваць іх на самы доўгі час! Таму — адзіноцтва і маўчанне. Скажаш каму-небудзь слова, і ўжо не будзе таго нязведанага трапятання ў грудзях, таго чароўнага святла на душы.

Сама не заўважаючы, Ларыса выйшла ў поле і апынулася на той самай дарозе, па якой зусім нядаўна ішла з Віктарам дадому. Прайсці яшчэ кіламетры два і — масток. Але не! Чаго ж цяпер ісці на масток? Хіба для таго, каб паўтарылася ўсё тое, што было? Не трэба туды ісці, таму што і масток і Віктар увесь час перад вачыма: у вушах гучыць ціхі, усхваляваны Віктараў голас, на шчоках і па вуснах палымнеюць яго пацалункі.

Ларыса вярнулася назад. Ішла ўжо цішэй. Не хацелася адразу ўваходзіць у вуліцу, каб там каго не сустрэць. Вечар быў ціхі і зусім не халодны, першы сапраўды вясенні вечар...

Прайшло з таго часу многа вясенніх дзён і вечароў. Кожны дзень Ларыса з радаснай урачыстасцю сустракала на полі першы сонечны прамень, а ўвечары, як бы позна ні прыйшла з работы, якую б стомленасць ні адчувала, усё роўна перад сном думала пра Віцю. Думкі гэтыя былі такімі светлымі і прывабнымі, што часта адганялі сон. І ўсё ж назаўтра Ларыса зноў апярэджвала сонца і ніколі не адчувала ніякай стомленасці.

На прадвесні, калі яе прызначылі звеннявой па ільну, яна доўга трывожылася, перажывала, як давядзецца працаваць, ці хопіць сілы, ведаў, умельства? Бывала, толькі ў думках ёй хацелася многае паправіць у брыгадзе. Бачыць, што тая ці іншая справа ідзе не так, як трэба, а ўзяцца паправіць не можа. Не хапала рашучасці, самастойнасці ў дзеяннях.

Цяпер жа Ларыса не нацешыцца сваёй работай. Пакуль што ўсё выходзіць не горш як у людзей. Часам нават здаецца, што малавата цяжкасцей сустракаецца на дарозе.

Магчыма, яшчэ будуць цяжкасці, але яны не наганяюць страху. На ўчастку ўжо вунь які лён.

Ларыса стаіць на мастку і любуецца сваім ільном. А лён ужо зацвіў. Глянь на неба і глянь на зямлю, — не заўважыш розніцы. Колькі разоў у сваім жыцці Ларыса бачыла, як цвіце лён! З малых год знаёма ёй гэтае цвіценне. І ніколі яна яшчэ не бачыла такога хараства, не адчувала такой асалоды, гледзячы на мора блакітна-сініх кветачак. Зусім асаблівымі, незвычайнымі здаваліся ёй цяпер гэтыя кветачкі. Ад іх цяжка было адарваць зрок. Адчувалася тут нешта сваё, роднае, бясконца дарагое. Нібы вочкі дзіцячыя пасылалі Ларысе сваю свежую ласку і цеплыню, нібы песні тых дзяўчат, што тут працавалі, і запеўкі самой Ларысы ператварыліся ў чароўнае сіне-блакітнае мроіва.

 

* * *

 

Калі Даніла ўпэўніўся, што сын збіраецца ажаніцца з Ларысаю, дні два хадзіў, насунуўшы на бровы старую аўчынную вушанку. Шкада было ўсё ж такі Шандыбовічавага пасагу. Потым яму сказалі, што дачка Крыніцкага можа стаць у гэтым годзе багацейшай за Вольку.

— Як гэта яна стане?

— А заробіць на льне.

Даніла верыў гэтаму і не верыў. За яго памяць яшчэ не было такога выпадку, каб хто-небудзь у іхнім калгасе вельмі многа зарабляў. Але ж даходзілі чуткі з іншых калгасаў, — зарабляюць людзі, дык, магчыма, што і Ларыса заробіць. Няхай зарабляе на здароўе.

Пры сустрэчах з Ларысай Даніла неяк па-асабліваму, з павольным нахілам галавы, здароўкаўся, а спаткаўшыся аднойчы са старым Крыніцкім, яны, мабыць, каля паўгадзіны гаманілі аб надвор'і, аб ураджаях, аб тым, што Шандыбовіч пачаў вырабляць дома аўчыны. Пра вяселле, а значыцца, і пра хуткае сваяцтва ніводзін з іх нават і не намякнуў.

А між тым запаветны дзень набліжаўся. Самыя большыя клопаты па падрыхтоўцы да вяселля ляжалі на Ларысінай мацеры, бо ў хаце жаніха, як вядома, не было гаспадыні. У Крыніцкіх дні два валіў з коміна дым, а ўжо на трэці сталы гнуліся ад усяго варанага, смажанага, печанага. Па старанню Шандыбовічыхі ледзь не адна каля адной стаялі на вышываных абрусах пляшкі, заткнутыя сапраўднымі коркамі, піўнымі каўпачкамі, істужкамі розных колераў, кукурузнымі пачаткамі і проста скруткамі паперы. Гасцей найшло столькі, што сядзець ім давялося шчыльна і на чым папала: на розных зэдліках і ўслончыках, сабраных ледзь не з усёй вёскі, на дошках, пакладзеных на калодкі. Сядзелі таксама на ложку, засланым даматканай капай. Шырокія малінавыя палосы гэтай капы відаць былі толькі каля самай сцяны. Стол быў прыстаўлены і да прыпечнага палка. Тут сядзелі адна пры адной некалькі бабулек, відаць, не надта блізкіх па радству.

Маладым было адведзена месца на покуці. Маладога і маладую звычайна ў вочы ўсе хваляць, а за вочы бывае так перамыюць костачкі, што каб маладажоны даведаліся пра гэта, то, напэўна, уцяклі б з вяселля. Віктар жа і Ларыса, сказаць праўду, усім падабаліся, нават самы бязлітасны язык не здолеў бы павярнуцца, каб што-небудзь ляпнуць на іх. Абое яны былі прывабнымі ад прыроды, а калі на вяселле надзелі самае лепшае, што ў іх было: Віктар новенькую гімнасцёрку з белым, як снег, падкаўнерчыкам, Ларыса — белае прыгожае плацце; калі яшчэ кветак напрыколвалі: Віктар — да верхняй левай кішэні, Ларыса — да валасоў, то ўсім стала відавочным, што такой пары ўжо даўно не было ў Крушніках.

Даніла сядзеў поруч з маладой. Ён мала бываў на розных вяселлях, радзінах, хрысцінах, таму адчуваў сябе так, нібы ўсе гэтыя людзі, што тут сабраліся, нечага патрабавалі ад яго. Аднак, калі глядзеў на сваю нявестку, яму рабілася радасна, ўяўлялася нават, што яна ўвесь час будзе хадзіць вось у гэтым белым плацці і з кветкамі ў валасах.

Бацька Ларысы, сівавалосы, але з твару яшчэ не стары, сядзеў недалёка ад жаніха. У процілегласць Даніле гэты чалавек трымаўся на людскіх вачах хоць і не ганарліва, але зусім вольна і незалежна, нібы спраўляў такія вяселлі кожны тыдзень.

Чарка за здароўе маладых выпілася ўсімі з пэўнай урачыстасцю, але ціха, спаважліва, без лішніх рухаў і слоў. Закуска пасля чаркі таксама бралася быццам не па ахвоце і пераважна якімі-небудзь прыладамі: відэльцамі, лыжкамі, нажамі. Калі ж прайшла другая чарка, трэцяя, — да маладых пасыпалася столькі жартаўлівых слоў, што аж Ларысін бацька стаў адчуваць сябе ніякавата. Відэльцы, лыжкі, нажы ў большасці выпадкаў недзе пазасоўваліся, а то пападалі пад стол, і пальцы часцей замільгалі над талеркамі, міскамі, скавародамі.

Больш за ўсё сустракаліся людскія пальцы над тымі пасудзінамі, у якіх была смажаная парасяціна. Ларыса заўважыла неяк міжволі, што адна жанчына, даглядчыца на свінаферме, узяўшы ў блішчастыя ад тлушчу пальцы кусок парасяціны, нешта шапнула суседцы і ледзь прыкметна павяла вокам на Віктара. Ларыса таксама трымала на відэльцы парасяціну з чыстай жоўтай скуркай. Відэлец у яе руцэ затрымцеў. Потым такое ж трымценне адчулася пад сэрцам. Рука з відэльцам квола апусцілася. Цягнула хутчэй глянуць на Віктара і не хапала рашучасці. А што, калі пра нешта дрэннае шапнула даглядчыца?..

Нехта з крайняга стала сіпаватым, але пранізлівым голасам пракрычаў тост за маладую, яго дружна падтрымалі. Ларыса ледзь не праз слёзы ўсміхнулася, узяла ў рукі чарку. Трошкі надпіўшы, яна глянула на свой відэлец з парасяцінай, і ў роце ў яе стала горка і непрыемна. Раптам апанавала здзіўленне, як яна магла есці гэтую парасяціну? З прыглушаным адчаем глянула на Віктара. Той пакручваў у пальцах чарку і, стоячы, абменьваўся з некім прывітальнымі жэстамі. У яго ўсмешцы, у прыгожых вясёлых вачах было столькі шчырасці і чалавечай прастаты, што Ларысе стала сорамна за свае думкі. Яна ўжо сабралася крыху адкусіць са свайго відэльца, як убачыла, што ў дзвярах паказаўся Шандыбовіч і ўрачыста зняў кепку. Гэта развеяла яе цяжкія думкі, але прынясло іншую трывогу. Ведаючы натуру былога брыгадзіра і яго адносіны да Віктара, Ларыса падумала, што чалавек прыйшоў не з добрым намерам. Вочы яе сустрэліся з позіркам Волькі, якая сядзела недалёка ад Паўла. Дзяўчына таксама здзіўлена і недаверліва глядзела на бацьку.

Аднак Шандыбовіч і не думаў учыняць якія-небудзь непрыемнасці. Праціснуўшыся ледзь не да покуці, ён разгладзіў бараду і, не шкадуючы слоў, павіншаваў маладых. Затым адхінуў правае крысо пінжака і дастаў з кішэні штаноў адну бутэльку, адхінуў левае крысо і дастаў другую.

— Хоць я асабіста і не званы сюды, — на папоўскі манер загаварыў ён, ставячы гарэлку на стол, — але рашыў, што не магу, не маю права не раздзяліць з вамі хлеб-соль у гэты радасны дзень, а тако ж і вось гэта, — ён паказаў на бутэлькі. — Сусед усё-такі жэніцца, а не хто-небудзь! Ну, і ты, Кузьма,— падняў ён бараду на Ларысінага бацьку, нічога дрэннага мне не зрабіў, тако ж, як і я табе.

— Сядай, Адам! — сказаў Крыніцкі і паціснуўся бліжэй да жаніха.

Шандыбовіч абагнуў стол і ўмясціўся побач з гаспадаром хаты.

Праз некаторы час, добра глынуўшы, ён за спінаю Крыніцкага ўжо гаварыў Віктару:

— Ты думаеш, што я злую на цябе за гэтае самае брыгадзірства? Думаеш, канешне. А я нават рады, што так выйшла. Ты маладзейшы, табе і карты ў рукі. Энергія, ініцыятыва! А я адпачну тым часам.

— Адпачываць яшчэ рана, — мірным тонам заўважыў Віктар. — У нас для ўсіх многа работы.

— А хіба я супраць? — падхапіў Шандыбовіч. — Я асабіста ніколі не быў супраць работы. А табе я нават хацеў бы дапамагчы. Не сталі мы сваякамі, — ну, што ж? Тут справа такая... Але ж мы ўсё-такі суседзі...

Калі на двары загаманіў на ўсе лады гармонік і загрымеў бубен, Ларыса выскачыла з-за стала, як птушка з клеткі, хацела падбегчы да сваіх сябровак і ў віхрыстай польцы забыцца на ўсе рытуальныя фармальнасці, стаць такой жа вольнай, шчаслівай дзяўчынай, якой яна была яшчэ нават учора.

Аднак, сустрэўшы ў сенцах стомленую клопатамі маці, вінавата ўзняла на яе цёмна-карыя вочы, спынілася. Адразу ўспомніла, што няма ўжо таго, што было, мінулася. З заўтрашняга дня на яе рукі ўзваліцца чужая хата, гаспадарка і трэба будзе вось гэтак жа, як мацеры, і днём і ноччу рупіцца аб усім і аб усіх. Блізкасць Віктара цешыла, а стары Даніла палохаў Ларысу. Яна паважала яго ўвесь час, з самых малых год, а вось як давядзецца назваць яго другім бацькам, жыць з ім у адной хаце, есці з адной міскі?..

— Можа, што памагчы вам? — звярнулася маладая да мацеры.

— А што ж ты мне цяпер будзеш памагаць? — з жалем і нібы з папрокам сказала маці.— Ёсць табе цяпер каму памагаць. — Яна хацела засмяяцца і звесці ўсё гэта на жарт, ды толькі ледзь стрымалася ад слёз. Жанчына замаргала пачырванелымі ад стомленасці вачамі і нагнулася, каб узяць у рукі хвартух. Ларыса абняла яе.

— Не трэба, мамачка, не трэба так!

Потым, калі старая супакоілася, спытала:

— Мама, вось гэтыя самыя парасяты, што вы смажылі... Адкуль яны ў нас?

— Віктар прынёс, — раптам насцеражыўшыся, адказала маці. — А што?

— Нічога, мама. Вельмі смачныя, таму я і спытала.

— Дык я ж з імі... Ты ведаеш?..

Тут маці гатова была б цэлую гадзіну расказваць, што яна рабіла з гэтымі парасятамі, але падышлі развясёлыя ад гарэлкі жанкі, сталі наперабой хваліць закуску і асабліва выпіўку.

— Ідзі, дачушка, пагуляй, — сказала Ларысе маці, а сама пайшла з гасцямі.

На двары, ужо добра ўтаптаным нагамі, маладую абкружылі дзяўчаты. Волька пацягнула яе на кракавяк, але танец выходзіў у іх трошкі халаднаватым, не было ў ім той асаблівай жывінкі, якая вабіць вока, натхняе і адрознівае адну пару ад другой. Абедзве былі вінаватыя ў гэтым: і Волька, і Ларыса. Вольцы стала сумна ад таго, што яна ўявіла, гледзячы на Ларысу, як Віктар будзе цалаваць вось гэтыя чарнявыя вочы, якія чамусьці сёння не надта весела глядзяць на яе, вось гэтыя свежыя вусны, шчокі ды валасы, на якіх ужо не будзе кветак. І міжвольна падумалася дзяўчыне, што вельмі ж шчаслівая Ларыса. Гэтае шчасце не раз уяўлялася Вольцы самой, але не судзіў лёс. Яна зусім-зусім не крыўдуе на сваю сяброўку. Няхай здарова жыве. Можа, калі-небудзь шчасце прыйдзе і да яе, да Волькі, дачкі Шандыбовіча, якога ў Крушніках ніхто не любіць. Дачка Шандыбовіча, дачка Крыніцкага... Там дачка і тут дачка, а розніца, мабыць, вялікая. І мацеркі ў некаторых дачок не такія, як трэба: людзі працуюць у калгасе, а яны гоняць самагонку. І гандлююць гэтай самагонкай. А некаторыя дочкі ведаюць пра гэта і маўчаць. Не асмельваюцца пярэчыць бацькам, баяцца, каб не звяліся на стале смачныя блінцы з мачаннем, ды каб, часам, не здолеў хто-небудзь у вёсцы лепш і прыгажэй адзецца...

Волька павяла вокам па кругу і ўбачыла Паўла. Хлопец танцаваў з адной дзяўчынай з Ларысінага звяна. Твар яго палаў радасцю і натхненнем, а ногі хадзілі так лёгка, што, здавалася, зусім не датыкаліся зямлі. Ён узбуджана глядзеў на сваю партнёршу, а тая гатова была ўвесь свет здзівіць сваёй спрытнасцю.

«І гэты мяне пакіне, — з болем падумала Волька. — Няхай пакідае! Усе няхай пакідаюць, бо за што мяне любіць?! І Ларыса, і гэтая, што з Паўлам, Варка, — абедзве лепшыя за мяне. Ім і за бацькоў не сорамна, і самі яны на сапраўднай рабоце. А я?.. Што я раблю? Падлічваю працадні ды пішу ў праўленне паперкі пад Віктараву дыктоўку. Кіну ўсё к чорту! Няхай сам падлічвае тое, што іншы раз і на пальцах можна паказаць, няхай сам піша свае паперкі. Папрашу Ларысу, каб узяла ў звяно».

А Ларыса паглядала на дзверы сянец і чакала, што павінен хутка выйсці малады. Хацелася яшчэ раз глянуць яму ў вочы тым жа самым паглядам, якім глядзела за сталом. А можа, спытаць пра гэтыя парасяты ў Волькі? Яна ж там усё выпісвае і запісвае.

Рука ў Волькі чамусьці халодная, хоць гэтак цёпла на дварэ. І ні кропелькі поту на твары дзяўчыны, толькі рэдкія вяснушкі каля маленькага носа і над вачамі сталі больш прыкметнымі. А вочы сумныя, засмучоныя. Не, не трэба цяпер у яе пра гэта пытацца...

Віктар з’явіўся, на здзіўленне ўсім, ледзь не ў абдымках Шандыбовіча. Ларыса адчула, як задрыжала Вольчына рука. Ногі абедзвюх узышлі на траву каля плота, і, нібы па нечаму загаду, іх танец стаў затухаць. Гарманіст заўважыў, што маладая стамілася, і перастаў іграць, але добра захмялелы барабаншчык не звярнуў на гэта ўвагі. Ён лупіў у ручны бубен яшчэ з большым імпэтам. Паколькі ўсе танцоры былі на тым жа вясельным узроўні, што і барабаншчык, то і яны не заўважалі, што гарманіст ужо даўно сядзіць, успёршыся падбародкам на складзены гармонік. Жарылі пад барабан так, што аж пыл курэў з-пад ног.

Волька моўчкі накінула Ларысу і пайшла да тых дзяўчат, якія ўжо таксама скончылі танцаваць і, стоячы пад развесістым галлём ігрушы, абмахваліся хустачкамі. Ларыса наблізілася да Віктара. Жаніх быў не п’яны, хоць размаўляў з усімі гучна, раскаціста смяяўся і ахвотна прымаў залішнія знакі павагі ад Шандыбовіча. Убачыўшы маладую, ён памкнуўся да яе, але Шандыбовіч утрымаў яго за плячо.

— Пачакай, Бі-бірук, — ужо слабавата валодаючы языком, прамовіў ён, — з ёй ты яшчэ нацешышся...

Ларыса ўзяла Віктара пад руку.

— Ты, суседачка, — звярнуўся да яе Шандыбовіч, — націскай на лён, націскай! Я асабіста думаю, што ты можаш праславіць і бры-брыгадзіра і ўсіх нас грэшных, разам тут узятых.

— Заўтра аб гэтым пагаворым, — стараючыся адарвацца ад неадчэпнага суседа, сказаў Віктар. — Пойдзем цяпер прытупнем, каб аж падэшвам горача стала.

Гарманіст урэзаў польку. Ларыса радавалася, што Віктар не п’яны, бо яна вельмі баялася п’яных, і наважыла адразу распачаць з ім тую гаворку, якая не давала ёй спакою.

— Віця, ты на ферме ўзяў гэтых парасят? — нясмела і ціха спытала яна.

— Якіх?

— Што мама засмажыла на вяселле.

— А-а! Гэтых? На ферме. Дык што?

Голас у Ларысы задрыжаў.

— Віця, дык як жа гэта?.. Як ты мог?..

— Я іх выпісаў, — спакойна і ўпэўнена сказаў Віктар. — Па ўсіх правілах! От якая ты! Хочаш, дакументы пакажу. Няўжо на вяселле брыгадзіра не могуць адпусціць парачку весенчукоў?

Ларыса супакоілася, на сэрцы ў яе адлягло.

 

* * *

 

У Данілавай хаце адразу пасвятлела. Змянілі свой выгляд сцены, столь, печ, комін. Вывеўся той застаялы пракіслы пах, які трымаўся ў хаце на працягу многіх год. Глянеш — і вока радуецца: ля сцяны — вялікі ложак з гарой падушак, ляжыць падушка нават і на палку ля печы. Гэта для Данілы.

А Даніла ўжо даўно адвык ад мяккай пасцелі. Калі ў першы раз ён уступіў Ларысінай просьбе і падклаў пад галаву падушку, то доўга не мог заснуць. Усё яму здавалася, што нешта варушыцца, шамаціць пад вухам.

Завялася і сякая-такая гаспадарка. У хлевушку хоць і не было каровы, аб чым Даніла, канешне, доўга марыў, але стаяла цяпер вельмі ласкавая белалобая цялушка. Калі стары заходзіў у хлеў, яна выцягвала шыю і праз парканчык лізала шурпатым языком яго руку. У катуху побач здаволена рохкаў вепручок. Бывалі выпадкі, што ноччу Даніла прачынаўся і ішоў праведваць, ці не здарылася што з яго худобінай.

З’явіліся, такім чынам, у Данілы пад старасць прыемныя і якраз яму па сіле клопаты. З самага ранку ён хадзіў каля хаты, даглядаў цялушку, вепручка. Двор цяпер быў не пусты, значыць, і адносіны да яго змяніліся. Хацелася то плот паправіць, то катушок перагарадзіць, то страху ў хляве залапіць. Нават сваёй старой рабіне Даніла ўдзяліў патрэбную ўвагу і быў вельмі давольны, што ў мінулую зіму не спілаваў яе. Дрэва пахарашэла, калі з яго было знята сухое галлё, а зямля каля ствала ачышчана ад крапівы, лопуху і дзядоўніку. Найбольш ураджайныя і надломленыя ветрам галіны былі падпёрты дручкамі. Дзеля гэтых падпорак і колляў на платы Даніла яшчэ не адзін раз хадзіў пехатой у лес, хоць конюх Мяфодзій дакараў яго за гэта і паказваў на пальцах, што ў любы час бацька брыгадзіра можа ўзяць каня.

Памаладзеў Даніла, падужэў, стала лягчэй яму хадзіцца, лягчэй дыхацца, і думкі ў галаве з’яўляліся часцей за ўсё светлыя, вясёлыя. Паспрабаваў адпусціць бараду і здзівіўся: барада стала расці больш густой і жорсткай. Учапіўся пальцамі за валасіну, пацягнуў, — куды там! Не вырвеш, як раней. Мусіў ісці да свата і прасіць, каб той яго пагаліў.

Наведваўся Бірук і ў калгасную адрыну, калі было з чаго віць вяроўкі. І там яго рукі хадзілі спраўней, «вераўчаны камбайн» лепш слухаўся. Больш яму брыгадзір нічога і не загадваў.

І ўсё ж, як ні завіхаўся стары, усцешаны сваім новым жыццём, у многіх справах ён не мог зраўняцца са сваёй нявесткай. Устане сам, здаецца, так рана, што птушкі яшчэ дрэмлюць, глядзіць — а Ларыса ўжо на нагах. Не паспее глянуць у вядро, ці ёсць там вада, а нявестка ўжо схапіла гэтае вядро і пабегла да калодзежа. Не паспее дайсці да павеці ўзяць дроў, як Ларыса ўжо там:

— Не трэба, тата, я сама набяру.

Накарміць і напаіць цялушку, паглядзець там яшчэ што-небудзь каля хаты, — колькі там на гэта часу трэба? Пройдзе, здаецца, якая-небудзь паўгадзіна, не больш, і ўжо чуе Даніла звонкі і ласкавы голас з парога сянец:

— Тата, ідзіце снедаць!

Снедаюць яны ўсмак, бо ўсё на стале свежае, гарачае і прыгатавана ўмелымі рукамі. Пасля снедання Ларыса збіраецца на работу. Хуценька, паваротліва збіраецца і на хаду гаворыць бацьку, што трэба зрабіць у хаце і каля хаты ўдзень. Барані божа, — не загадвае, не камандуе, а просіць, ды такі голас у яе ў гэты час, такія словы падбіраюцца, што Даніла на неба палез бы, каб толькі выканаць нявестчыны даручэнні.

— Вось гэта Віцю я зварыла, — паказвала Ларыса на гаршчок у печы.— Як устане, дасце яму. А гэта — вепручку. Як будзеце замешваць цеста, крыху пасоліце. Глядзіце ж тут, самі не галадайце. Калі мы спознімся на абед ці зусім нельга будзе нам прыйсці, то вунь у кутку — капуста ў накрытым скаварадой гаршку.

Уставаў Віктар, і для Данілы пачыналася самая складаная частка работы. Трэба было, па-першае, дзейнічаць віламі так, каб не паабварочваць гаршкоў у печы, а па-другое,— разабрацца і не пераблытаць, дзе стаяла прыгатаванае для Віктара, дзе для вепручка, а дзе для самога Данілы.

Паснедаўшы, Віктар ішоў спачатку да Шандыбовічаў і дыктаваў там Вольцы розныя данясенні і распараджэнні. Вольга моршчылася і крывілася ад гэтых дыктаванняў, але ўсё-такі пісала. Гадзінам к дзесяці перад вокнамі Шандыбовічавай хаты з’яўляўся Мяфодзій з асядланым жарабком. Віктар выязджаў на поле, а Вольга часта ламала сабе галаву, каб прыдумаць якую-небудзь работу на дзень, і не магла прыдумаць.

Даніла, выправіўшы сына, выконваў астатнія даручэнні нявесткі і знаходзіў сабе безліч усялякай іншай работы. Каля паўдня ён чакаў Ларысу і што б ні рабіў каля хаты, то міжвольна прыслухоўваўся, ці не чуцён нявестчын адметны, заўсёды ласкавы голас, ці не кліча яна: «Тата, ідзіце абедаць!»

Калі ж не прыходзіла нявестка (а сын амаль кожны дзень не прыязджаў на абед), то і стары не даставаў з печы запаветны гаршчок. Крані страву, памяшай,— і страціць яна смак, знікне той свежы, прывабны пах, які прымушае чалавека браць лыжку нават і тады, калі ён зусім не галодны.

Раз нявестка заставалася галоднай, то і Даніла нічога не еў да вечара. Прыцемкам вярталася дахаты Ларыса, даставала з печы гаршчок, і яны разам елі ўпрэлую за дзень капусту. Потым яна падпальвала ў печы, каб згатаваць чаго-небудзь свежага для Віктара, а пасля вячэры налівала у начоўкі цёплай вады, ставіла на падлогу каля палка і гаварыла свёкру:

— Тата, папарце ногі перад сном. Вельмі ж добра спіцца пасля гэтага.

І Даніла пакорліва разуваўся, садзіўся на палок і апускаў у ваду падапрэлыя ад руплівага тупання пальцы. Часта ён задрэмваў так над начоўкамі, а да таго пакуль задрэмваў, дык аб чым толькі не думаў у гэтыя лагодныя хвіліны, пра што толькі не ўспамінаў? Прыемнае цяпло ў нагах іншы раз нагадвала аб адным выпадку з часоў акупацыі, калі Даніла, хоць і вельмі баяўся, але рызыкнуў украсці ў немцаў вось такое ж цяпло.

Ідучы неяк перад змярканнем агародамі, ён убачыў, што немцы падвезлі да крушнікоўскай лазнічкі ледзь не шурку сухіх дроў. Заскрабло ў Данілы на сэрцы: дома ў яго ні сучка, ні трэсачкі. Віця сядзіць на печы, ухутаны коўдрай. Намерзся за дзень да таго, што пасінеў увесь і зубы пачалі ляскаць. «Ухапіць бы паленцаў са тры, — падумаў Даніла, — вось бы шчасце!» Але каля дроў стаяў вартавы, — не падыдзеш.

Доўга патупваў Бірук непадалёку ад лазні, усё цікаваў, ці не адвернецца куды вартавы. Потым стала відавочным, што немцы будуць напальваць лазню сёння, значыць, нікуды адсюль не пойдуць. Даніла схадзіў праведаць сына, але ўседзець дома не мог. Цягнула яго да лазні: гэта ж уявіць сабе, колькі там сухіх дроў! Дзяжурыў у зацішку з гадзіну, потым заўважыў, што на яго шчасце немцы раптам шмыганулі з лазні і падаліся на вуліцу. Няйначай, нешта ўстрывожыла іх. Пачакаў Даніла з хвіліну, каб упэўніцца, што ніводнага злыдня ў лазні не асталося, і давай цягаць гэтыя дровы. Ледзь не падарваўся, пакуль перанасіў. Заскочыў на апошнім рэйсе ў лазню, а там такая пара, што аж дух заняло. І вады гарачай многа. Гэта ж усё астыне і прападзе!

Выпускаць у паветра такое дабро? Хуценька раздзеўся ды на гарачую полку. Як паддаў яшчэ пары, дык, здавалася, касцям горача стала. Як хвасцянуў венікам, — здавалася, скура злазіць.

І толькі саскочыў з полкі, узяўся за вопратку, чуе — немцы гергочуць непадалёку. Ён згроб усё сваё дабро ў бярэмя і — дай божа ногі!

Хоць давялося бегчы дадому без нагавіц, але ж затое папарыўся ў ахвоту.

Розныя ўспаміны прыходзілі Данілу па памяць, пакуль ён не задрэмваў, спусціўшы ногі ў цёплую ваду. А калі задрэмваў, падыходзіла да палка Ларыса, папраўляла падушку, і стары клаўся адпачываць. Засынаў ён у тую ж хвіліну і толькі, калі прачынаўся пасля поўначы і ўпадаў у непазбежную старэчую бяссонніцу, узнаўляў у памяці ўсё, што было ўчора. З’яўлялася тое ж самае слодычна-млявае адчуванне, што авалодвала ім, калі грэў у вадзе ногі, тое ж самае пачуццё ўдзячнасці, якое ўчора мільганула перад сном, калі Ларыса папраўляла падушку і накрывала старому ногі. У такія бяссонныя гадзіны іншы раз нават сумленне пачынала непакоіць. Ну, за што яму такая павага ад нявесткі, чым ён яе заслужыў? І прыходзіў да думкі, што, мабыць, проста шчасце напаткала чалавека пад старасць, не ўсё ж жыццё быць яму нешчаслівым. А калі больш паглыбляўся ў свае развагі, то меркаваў, што пэўная заслуга ў яго ўсё-такі ёсць. Выгадаваў сына — вось табе і галоўная заслуга. Не было б сына, не было б і нявесткі.

 

Віктар па-ранейшаму ўяўляўся бацьку хлапцом незвычайным і да таго своеасаблівым, што раўняць яго з кім-небудзь іншым было б проста грахом. Таму, мабыць, і жонка яму трапілася такая незвычайная. Ларыса ведала, за каго ішла.

Праўда, у апошнія часы Даніла ўжо не раз падумваў аб тым, што трэба было б сёе-тое сказаць сыну для яго ж карысці. Чаго варта, напрыклад, тое, што Мяфодзій кожную раніцу круціцца з канём перад вокнамі? Нават пры Шандыбовічу гэтага не было. Затым, можна ж было б крыху раней уставаць і дапамагаць каля дому жонцы, пакуль ісці на работу. А ён спіць сабе і ні аб чым не думае. Як пры бацьку жыў без ніякіх хатніх клопатаў, так цяпер і пры жонцы.

Думаў стары пра гэта сказаць, ды не асмельваўся. Цяпер Віктар самастойны чалавек, жанаты. Няхай яму жонка скажа. Параяцца між сабою, пашэпчуцца і ўсё ўладзяць. Людзі разумныя.

Бацькоўскі гонар за сына не змяншаўся з-за гэтага. Што ёсць, тое ёсць. Без маці, без чыёй там ні было б дапамогі выхаваў чалавека, адукаваў. А цяпер і бацькава старасць будзе шчаслівай. Асталася толькі старасць, усё лепшае пражыта, і яно было падаравана сыну. Не шкадаваў Даніла аб тым, што не мог цяпер прыгадаць такую хвіліну, калі б ён не клапаціўся аб сыне, не дрыжаў за яго лёс. Не шкадаваў і аб тым, што для таго, каб сын еў смачней за іншых, насіў лепшую вопратку, бацька не толькі днём, але і ноччу не меў упынку ў рабоце. Не мог Даніла ў чым-небудзь адмовіць сыну-сіраце, пазбавіць яго той або іншай радасці. Гадаваўся Віця ў дастатку. Усё для яго было. Каб навучыць малога біць у барабан, Даніла некалькі разоў хадзіў у суседнюю вёску Гдзень, вытаргоўваў там у аднаго прыдуркаватага музыкі пабітую на жончынай галаве скрыпку. Склеіў потым гэтую скрыпку і месяцы два пілікаў па вечарах, пакуль не ўзнавіў у пальцах і ў памяці завучаны некалі ў ранняй маладосці кадрыльны галоп. Тады па святах бацька іграў, а падлетак-сын лупіў у барабан, таксама зроблены Данілам. Людзі ішлі па вуліцы і супыняліся ля Данілавай хаты: «Весела жывуць Бірукі».

Паступова ўвайшло ў жыццёвае правіла — толькі тое мела пэўны сэнс для бацькі, што было карысным і цікавым сыну.

 

* * *

 

Малады брыгадзір сядзеў за сталом у сваёй хаце і разбіраў пошту. Пошта прыходзіла ў Крушнікі не часта, затое ўжо калі прыходзіла, то вялікім пакункам, за некалькі дзён адразу. Віктар абрэзваў канверты нажніцамі, як сапраўдны канцылярыст, і чытаў кожную паперку доўга і ўважліва, нібы вывучваў яе на памяць.

Некалькі дырэктыў было ад калгаснага праўлення з адметным подпісам старшыні. Усе яны пачыналіся словамі «пад вашу асабістую адказнасць», якіх брыгадзір, звычайна, не прачытваў. Дзве дырэктывы былі ад сельсавета і адна з раённай пажарнай каманды. У іх таксама пісалася: «Пад вашу асабістую адказнасць прапануецца...»

Віктар разгладзіў далонямі ўсе лісткі, акуратна праставіў дату атрымання і склаў іх у папку.

Вярнулася з поля Ларыса, ля парога развязала пад барадою клятчастую хустачку, радасна ўсміхнулася мужу.

— Чаго ты такая ружовая? — беручыся за газеты, спытаў Віктар.

— Мне сказалі, што ты паехаў дадому. Спяшалася, каб хоць раз паабедаць разам.

— Ну, як там лён? — тонам гаспадара спытаў Віктар.— Увесь разаслалі?

— Увесь! — адказала Ларыса, і яе твар стаў яшчэ больш ружовым і ўзбуджаным. — Каб толькі цяпер росы цёплыя!.. Шоўк быў бы, а не лён!

— Тут табе пісьмы, — з ноткай абыякавасці сказаў Віктар і на момант спыніў позірк на двух сініх канвертах.

Ларыса ўзяла адзін канверт, глянула праз яго на святло ў акне і адарвала палоску. «Пад вашу асабістую адказнасць, — ціха чытала яна,— прапануецца тэрмінова прыслаць звесткі аб зборы членскіх узносаў...»

— Ад каго гэта? — улавіўшы знаёмы стыль, спытаў Віктар.

— Ад нашага сакратара камітэта, — раптам здзівіўшыся, адказала жонка, — але я ўжо даўно паслала такія звесткі!

Гэта крыху папсавала яе настрой, і, мабыць, для таго, каб зусім не раззлавацца, Ларыса адклала другое пісьмо ўбок і стала папраўляць за вушамі крыху ўзварушаную за час работы пляцёнку валасоў.

— Можа, будзем ужо абедаць? — прапанавала яна, і ў голасе, відаць міжвольна, прагучала насцярожаная просьба і нейкая боязь, што Віктар можа раптам адмовіцца ад абеду, устаць і выйсці з хаты. — Я выбегу тату пазаву, — працягвала Ларыса. — Паабедаем, тады і прачытаем усё: і пісьмы, і газеты.

Пакуль яна шукала на двары бацьку, а потым вымала з печы страву, Віктар усё-такі паспеў праглядзець газеты. У абласной быў вялікі артыкул пра Крушнікоўскую брыгаду, а ў раённай — цэлая паласа. Самым падрабязным чынам апісвалася, як у брыгадзе дамагаліся высокага ўраджаю льну і ледзь не ў кожным абзацы называлася прозвішча брыгадзіра.

— Тут усё аб табе! — сказаў Віктар жонцы, калі тая ставіла страву на стол. Паклаў на падаконнік газеты, а сам падумаў: «Не так і многа пра яе. Гэта ўсё Шандыбовічава работа. Умее чалавек і людзям сказаць, калі трэба, і паперку скласці».

— Ну, што ж гэта іх няма? — запыталася Ларыса.

— Каго? — гучна спытаў Віктар.— Бацькі?

— Сказалі, што ідуць, і вось няма.

— Прыйдзе, нідзе не дзенецца!

Ларыса ўсё ж такі пабегла зноў клікаць Данілу, а Віктар без асаблівага апетыту пачаў сёрбаць гарачую капусту.

«Усе справаздачы піша Шандыбовіч, — вярнуўся ён к таму, аб чым нядаўна думаў. — Волька нешта артачыцца цяпер, злуецца. Усё з Паўлам аб нечым шэпчацца. Той мне ўпікаў, што я Шандыбовіча кладаўшчыком паставіў. А што тут такога, што паставіў? Я адказваю за ўсё! У мяне асабліва не разгоніцца. А чалавек практычны. Такія людзі патрэбны».

— Што цябе чакаць, як пана? — сустрэў ён бацьку не зусім стрыманым пытаннем.

Ларыса глянула на яго здзіўлена, а бацька прамаўчаў, толькі, калі ўжо сеў за стол, ціха сказаў:

— Я там катух ладзіў, вяпрук падкапаў лычом колле.

— Дык мог бы даўно наладзіць.

— З ранку аж да самага поўдня вяроўкі віў.

Невялікая сямейка збіралася ўжо вылазіць з-за стала, як у хату нясмела ўвайшла нізенькая ды яшчэ прыгорбленая ад старасці калгасніца, падобная па вопратцы на манахіню.

— Хлеб-соль вам, суседзі добрыя, — прыгнуўшыся яшчэ ніжэй, сказала яна. — Не дзівіцеся, што не ў пару зайшла, вельмі ж патрэба такая скорая.

— Да нас заўсёды просім, — сказала Ларыса і падышла да яе. — Сядайце ў нас, калі ласка!

— Няма калі і сядзець, сказаць вам праўду. — Бабулька ступіла крокі два к сталу. — Гэта ж я да вас, Віктарко.

— Каня? — устаючы з-за стала, спытаў Віктар.

— Ага. Каня. У бальніцу заўтра з ранку трэба паехаць. Нешта мой стары, не пры вас кажучы...

— Можна, — перабіў яе брыгадзір. — Скажыце Мяфодзію, няхай дасць.

— Дзякуй вам, Віктарко, — ледзь не кланяючыся, загаварыла з націскам на «ко» бабулька, — дзякуй. Мы ўжо як-небудзь гэтае самае... — Яна чамусьці паказала рукою на сенцы, але, бадай, ніхто не зразумеў яе жэсту.

— Дык што там у твайго старога? — спытаў Даніла. — Учора ж мы разам вяроўкі спускалі.

— Я і не ведаю, Данілко, — адступаючы бокам да парога, прамовіла бабуля. — Стогне. Цэлую ноч стагнаў і цяпер усё стогне і стогне.

Ларыса ўдзячна глянула на мужа і выйшла за бабулькай у сенцы. Там яна па нейкіх справах затрымалася хвіліны на тры, а потым увайшла ў хату з бутэлькай у руках. Яна ледзь не плакала ад абурэння.

— Што гэта такое? — звярнулася да Віктара і, гледзячы на яго здзіўленымі вачамі, падала бутэльку.

Той узяў пасудзіну ў рукі, па закупарцы пазнаў, што яна Шандыбовічава, і абыякава засмяяўся.

— Ну, чаго ж ты яшчэ пытаеш, што гэта? — Ён аддаў бутэльку і лёгка абняў жонку за плечы. — Гарэлка, вядома! Панюхала б і пытацца не трэба.

— Ведаю, што гарэлка, — з крыўдай за такі тон сказала Ларыса і адступіла ад мужа. — Мяне цікавіць, як яна трапіла сюды? Стала я падмятаць падлогу ў сенцах, бачу — пляшка на лаўцы. А дагэтуль не было. Адкуль гэтая пляшка? Вось пра што я ў цябе пытаюся.

— Адкуль, адкуль? — Віктар нахмурыў бровы, і яго светлыя, у апошнія часы ўжо не надта гладкія валасы пад’ехалі бліжэй да пераносіцы. — Мабыць, гэтая самая бабка Дзічыха пакінула. Можа, нават забыла тут сваё дабро па старэчай памяці.

Даніла крактануў разы два, пацёр тылам вялікага пальца запушчаны падбародак і выйшаў з хаты. Яму, напэўна, успомнілася, як ён некалі насіў гарэлку Шандыбовічу.

— Як табе не сорамна, Віця? — дакорліва ківаючы галавой, загаварыла Ларыса. — Няхай Шандыбовіч на ўвесь раён праславіўся як п’яніца і хабарнік. А ты? Ты ж камсамолец. Ды наогул... Як жа так можна?

Віктар салдацкім крокам падышоў да стала, выцягнуўся, заправіў гімнасцёрку і, коса паглядаючы на жонку, стаў гаварыць, нібы дыктаваць суровы загад.

— Вось што! — Ён пастукаў пальцамі па стале. — Ніякіх натацый я слухаць не хачу! Ясна? Наслухаўся за чатыры гады! А хочаш ведаць праўду? Скажу. Ніякім Дзічыхам я не загадваў прыносіць мне гарэлку. А прынесла — назад не панясу. Я на іх усіх працую. За маёй спінаю жывуць!

— Ты не панясеш, дык я занясу, — цвёрда сказала Ларыса. — І стукаеш надарма! Даўно мне трэба было табе сказаць, ды ўсё маўчала, думала, сам зразумееш.

— Гэта я ведаю, што даўно злосць носіш,— мякчэй сказаў Віктар, аднак зноў пастукаў пальцамі па стале. — Па вачах бачу.

— Учора пад'ехаў да нашага поля, — не пераставала жонка, — і, не злазячы з каня, дзяўчат падзываеш. Размаўляеш з людзьмі цераз плячо, вось, як са мной сёння. І п'яны ты быў учора, Віця. Вось яшчэ бяда! Прызнайся сам, што быў п'яны і, мабыць, не першы раз.

— Гэта я з нашымі «вышкаўцамі» выпіў,— панура адказаў Віктар і сеў ля стала на лаўку. — З-за іх, чарцей, кроплі нідзе не знойдзеш, каб і хацеў. Усё асушваюць. Эмтээсаўская крама...

— Ты не зварочвай у другі бок, — перапыніла яго Ларыса. — Вышкаўцы — гэта іншая справа.

— Я хацеў сказаць, што з-за іх эмтээсаўская крама заўсёды пустая і, разумееш...

— Наўрад ці патрэбна табе гэтая крама. Вось ты адкуль бярэш гарэлку! Вось! — Ларыса выставіла Шандыбовічаву пляшку. — Мабыць, з-за гэтага і на абед цябе не дачакацца, а калі і прыйдзеш, то ясі ўсё роўна як чужым ротам. Што ты толькі робіш, Віця!

Яна ўзяла з падаконніка газету, абгарнула ёю пляшку і, непрыкметна выцершы рукой вочы, выбегла з хаты.

Віктар некалькі хвілін сядзеў моўчкі, упарта глядзеў на дзверы і барабаніў пальцамі па стале. Барабаніў што далей, то ўсё мацней і драбней. Хутка злавіў сябе на тым, што выстуквае польку-весялуху. Тую самую польку, што ігралі ўчора ў клубе. У руках у яго была тады балабешка, гладкая да слізгаты і чарнаватая ад чужых рук. Ён барабаніў так, што гарманіст баяўся за свой барабан, а тыя, што скакалі, спыняліся, каб паглядзець на Біруковы цуды. Балабешка лётала, нібы цапы ў малатарні, і барабан таксама лётаў і біўся то аб локаць, то аб калена, то аб галаву. Потым Віктар грымнуў барабан вобземлю і пайшоў гуляць па кругу з балабешкай. Некага выцяў і цяпер не ведае, каго. Лётаў страшэнна, усіх паразганяў вакол сябе. А галава закружылася, не ўстаяў на нагах і паваліўся. Не памятае, хто падняў яго, хто прывёў дадому.

Прачнуўся позняй раніцаю, Ларысы ўжо не было дома. Ведае яна пра гэта ці не? Мабыць, не ведае. Нахадзілася за дзень, спала ноччу моцна, — стары адчыняў дзверы. А на досвітку яна зноў пабегла на работу.

...Віктар усё жвавей барабаніў пальцамі па стале.

Ларыса вярнулася на змярканні. У хаце нікога не было. Запаліла лямпу, стала ўходжвацца. Не мала клопату каля дома. Хапалася маладая гаспадыня за некалькі работ адразу, рукі аж млелі часамі, а ў галаве — усё тыя ж неадчэпныя думкі. Крыўдна было за Віктара, што ён не астаўся дома, не пачакаў яе. Не хоча слухаць, што яму гаворыш. А паслухаць было б чаго.

Старая Дзічыха не хацела забіраць назад самагонку. Яна вельмі здзівілася, калі ўбачыла ў сябе ў хаце Ларысу з пляшкаю ў руках.

— Хіба мы горшыя за людзей? — крыўдліва скардзілася яна. — Усім можна, а нам дык і не. Вунь Перагудзіха, слухайце, два разы ўзяла каня за аднаго паўлітра, а нам дык ужо і адзін раз нельга. У бальніцу з’ездзіць. Вунь жа хворы чалавек. Думаеце, хлушу?

— Дык вы бярыце каня, бярыце! — з запалам даводзіла Ларыса. — Але без гарэлкі. Разумееце? Без пляшкі!

— Без пляшкі? — Бабулька так паглядзела на Ларысу, нібы тая хацела пакрыўдзіць яе на ўсё жыццё. — Дык гэта больш ужо нам ніколі і не заікацца пра каня?

«От да чаго давялі людзей спачатку Шандыбовіч, а цяпер і Віця, — думала, завіхаючыся то каля мыцельніка, то каля печы, Ларыса. — Што за чалавек гэты Шандыбовіч? Чаго ён так прывязаўся да Віктара?»

Да болю ў душы было крыўдна, што нельга пагаварыць з мужам. Хацелася б пра ўсё гэта расказаць яму, параіцца. Няўжо з ім нельга параіцца? Гаварылі ж раней, дзяліліся ўсялякімі думкамі. З кім жа тут пагаварыць аб тым, што непакоіць душу? Павел — брат. Ён будзе слухаць і ўсміхацца. Скажа: «Гаварыў я табе, каб не спяшалася выходзіць за яго замуж». Волька? Дык і зразумець нельга гэтую Вольку. То яна гатова ўцякаць з сваёй хаты, то сядзіць спакойна ў бакоўцы і піша пад дыктоўку Віці. Хіба да сваіх дзяўчат пайсці? Варка — кемлівая, разумная, але сама, здаецца, пакутуе ад няскладнага кахання. Гэты наш Павел усё яшчэ вагаецца ды хістаецца: то ён на Вольку глядзіць так, што, здаецца, жыць без яе не можа, то Варцы ласкава ўсміхаецца.

Успаміналіся шчаслівыя вечары, калі Віктар рады быў кожнаму Ларысінаму слову і сам многа расказваў пра вайсковую службу. Калі б можна было так пагаварыць і цяпер, Ларыса папракнула б не толькі яго. Вельмі сурова і ўслых яна папракнула б сама сябе за тое, што, заняўшыся толькі сваім звяном, яна выпусціла з-пад увагі многія іншыя справы, мала цікавілася, што робіцца ў брыгадзе наогул.

Але не прыйшоў дадому Віктар, і не было з кім Ларысе пагаварыць. Увесь гэты вечар і аж за поўнач ён праседзеў у Шандыбовіча за бутэлькай адмысловага першаку. Ахмялеў да таго, што і начаваў там.

 

* * *

 

Пакуль Ларыса прыехала з Усесаюзнай выстаўкі, якраз настала пара падымаць з насцілу лён. З дарогі звеннявая трошкі прымарудзіла з хатнімі зборамі і прыйшла на поле на якое паўгадзіны пазней за сваіх дзяўчат. Ларыса здзівілася, што ў звяне была і Волька. Дзяўчына старанна працавала, яе твар і адкрытая шыя былі ўжо крыху ўпацелымі, а ў вачах свяцілася радасць.

— А хто ж цяпер у бакоўцы? — яшчэ не зусім верачы Вольчынаму энтузіязму, спытала звеннявая.

— Бацька там... — апусціўшы вочы, сказала Волька. — Абыдуцца і без мяне.

У абедзенны перапынак Ларыса расказвала дзяўчатам пра выстаўку. Прызналася, што ледзь не замучыла яе нейкая трасучка, калі людзі папрасілі выступіць у калгасным лекторыі. А як сказала першае слова, дык і нічога, усё адышло.

— Пыталіся многія, як вырошчваем лён на нашым Палессі. Расказала. А потым сказала і пра Крушнікоўскую брыгаду. Дзівіліся многія і смяяліся, калі пачулі, што Крушнікоўская брыгада знаходзіцца за паўсотні кіламетраў ад калгаснага цэнтра і што старшыня калгаса бывае ў гэтай брыгадзе, мо, які адзін раз у год. А некаторыя пры гэтых словах вымалі з кішэняў блакноты і нешта запісвалі.

— От добра! — здаволена сказала Волька.

— Што добра? — не зусім зразумела звеннявая.

— Што запісвалі! — удакладніла Волька. — Можа, у газету пададуць!

Увечары, калі ішлі дадому, яна прыадстала ад дзяўчат і падала знак Ларысе. Яны пайшлі цішэй. Дзяўчаты ім не перашкаджалі, бо ведалі, што ў Волькі і Ларысы могуць быць свае сакрэты.

— Будзе на Паўла скардзіцца, — хмыкнуўшы, сказала Варка і з цікаўнасцю азірнулася назад.

Аднак Волька і не думала скардзіцца на Паўла, на душы ў яе было зусім іншае гора.

— Я ўцякла з гэтай бакоўкі, — задуменна сказала яна. — Калі можна, то вазьмі мяне ў сваё звяно. Больш я так не магу. Павер, Ларыска! Не магу!

— Я табе яшчэ вясной аб гэтым казала. Памятаеш?

— Памятаю, але тады... — Волька зусім прыцішыла голас. — Я думала, што, можа, чаго не разумею, можа, няправільна гляджу на некаторыя з’явы... У роднай сям’і жыву, а не дзе-небудзь. Як і ўсім дзецям, хацелася мне любіць сваіх бацькоў, верыць ім, ганарыцца імі. Падумай, як бы ты асмелілася хаця б сказаць што-небудзь супроць бацькоў, а не тое што зрабіць?

— Мне здаецца... — няўпэўнена пачала Ларыса. — Я думаю, што смеласці ў мяне хапіла б, калі б была для гэтага патрэба.

Яна разгублена глянула на сяброўку і раптам задумалася. Некалькі Вольчыных слоў прайшлі міма слыху: «А што, калі давядзецца супроць мужа выступаць? Гаварыць адкрыта, перад людзьмі. Ці хопіць смеласці, рашучасці, ці вытрымаюць нервы? Гэта не на выстаўцы пра лён свой расказваць».

Ларыса аж спалохалася гэтай думкі, ёй стала сумна і чамусьці адпала жаданне хутчэй прыйсці дадому.

— Колькі разоў я збіралася! — гаварыла тым часам Волька. — Колькі разоў прысягала сабе!.. Кіну ўсё! Кіну не толькі бакоўку, а і самую хату! Каб вочы мае не бачылі і вушы не чулі, што каля мяне робіцца. Пайду раскажу якому-небудзь добраму чалавеку пра ўсё на свеце, або напішу ў райком. І кожны раз што-небудзь стрымлівала мяне. Хапала за руку, за язык. То бацькоў мне шкада было, то самой сябе, то цябе, Ларыска.

— Чаму гэта мяне? Волька!

— Таму, што вельмі хутка і Віктар пачаў наведвацца ў нашу бакоўку. Маўчала, бо ведала, што ты будзеш перажываць, калі я ўмяшаюся, і, можа, нават кепска падумаеш пра мяне. Разам жа некалі гулялі, і — не буду таіцца — Віктар падабаўся тады і мне.

— Я ведаю, што падабаўся, — Ларыса з ціхай шчырасцю глянула на сяброўку.— Але я дрэнна не падумала б пра цябе.

Узышлі на масток. Сухія дошкі непрыветна скрыпнулі пад нагамі, і у Ларысы кальнула пад сэрцам. Першы раз яна не спынілася тут, не паглядзела на прыгожую, заўсёды гаманлівую раку.

— Вясною я рада была, — гаварыла далей Волька. — Віктар прыняў брыгаду. Думала я, што будзе і ў нас парадак, як у людзей. Ажно ж, куды там! Новы брыгадзір пайшоў па сцежцы старога, ды яшчэ, бадай, апярэдзіў яго. ў некаторых справах. Ты ўжо ведаеш пра яго танец з балабешкаю? — дзяўчына мімавольна ўсміхнулася.

— Ведаю, — адказала Ларыса.

— Усе гэтыя дні, як ты была на выстаўцы, ён піў без просыпу. Не крыўдуй на мяне за гэтыя словы. Даў падпіску майму бацьку, што выдасць яму палавіну свае прэміі за лён, і піў, дзівачыўся. У нядзелю ўвечары мы гулялі ў клубе. Глядзім, адчыняюцца раптам дзверы і высоўваецца з-за вушака конская галава. Вочы блішчаць, як у д’ябла. Мы папалохаліся, нарабілі крыку. Думалі, што, можа, хто наўмысля які цуд падладзіў. Ажно ж уязджае ў залу Віктар на кані. «Іграй! — крычыць гарманісту. — Іграй, як на маім вяселлі іграў! Калі мой жарабок навучыцца скакаць польку, прэмірую цябе жывым парасём!»

Ледзь выбавілі яго хлопцы адтуль. Лётаў па вуліцы потым аж да таго часу, пакуль Мяфодзій не адабраў жарабка. Бацьку, кажуць, выганяў з дому... Ты пагавары са свёкрам, Ларысачка, мілая! — раптам з роспаччу ўсклікнула Волька і спыніла сяброўку, уткнуўшыся тварам у яе плячо. Рукі яе дрыжалі на Ларысіных грудзях. — Каб ты ведала, як мне цяжка пра гэта гаварыць! Я проста не ведаю, што раблю, мабыць, забываю, што ён твой муж!

— Нічога, Волька, — суцяшала дзяўчыну Ларыса, абнімаючы яе. — Я разумею, што ты не толькі пра яго гаворыш. Табе гэтак жа цяжка, як і мне. Пойдзем паціху!

Яны ішлі некаторы час моўчкі, ішлі абняўшыся. Волька ўсхвалявана камячыла ў адной руцэ ражок свайго мяккага шарфіка, якім злёгку прыкрывала патыліцу, плечы і вастраватыя дзявочыя грудзі. Вечар быў цёплы, хоць восень адчувалася і ў паветры, і ў колеры неба, і ў розных палявых пахах. Яна прыкметна была і на той дарожцы, па якой дзяўчаты ішлі. Час ад часу пад ногі трапляліся то жмачкі саломы, якія засталіся пры сціртаванні ці перавозцы, то каліўі спелага траскучага лубіну, а то і бульбіна, на якой можна было лёгка пакаўзнуцца. Ларыса раптам наступіла басаножкамі на нешта сухое, жорсткае і аж прысела. Яе клятчастая хустачка спаўзла на шыю. Ларыса падняла некалькі каліўяў насеннай канюшыны і пачала церці ў руках падсохлыя галоўкі. На далоні адчуліся дробненькія жвавенькія зярняткі.

«Золата, — падумала звеннявая, — сапраўднае золата, а прападае з-за нашага брыгадзіра». Яна глянула на адзін бок дарогі, на другі. Вялікая плошча насеннай канюшыны толькі пры самай дарозе была месцамі скошана, а так уся стаяла пад сухімі вятрамі, асыпалася.

«Трэба выратаваць гэтае багацце, — пачалі непакоіць Ларысу думкі. — Сабраць дзяўчат, хто ўмее касіць...» І раптам — боль у сэрцы: «А ці здолею я заўтра гаварыць з дзяўчатамі, ці здолею ўзяцца за касу сама?»

Мільгануў перад вачамі твар Віці. Спачатку мілы, дарагі, светлы, а потым — з патухлым, сярдзітым паглядам, з занослівымі складачкамі над пераноссем. А свёкар уявіўся худым і зарослым. «Дзе ён начаваў, бедны маўчун? Мабыць, хадзіў цэлымі начамі па загуменнях, каб людзі не бачылі, і думаў пра сваю цяжкую долю...»

Дзяўчаты, што пайшлі ўпярод, ужо, мабыць, даўно разышліся па хатах, а Ларыса з Волькай гатовы б былі хоць звярнуць куды-небудзь, каб толькі не заходзіць у вуліцу. Волька непрыкметна павяла шарфікам па вачах і зноў палажыла сваю руку Ларысе на плечы. Яна была крыху вышэйшая за Ларысу, і ёй было зручна так ісці. Ларыса ж абняла дзяўчыну за гібкую талію, падклаўшы руку пад мяккі шарфік.

— Горш за ўсё, Ларыска, — зноў пачала гаварыць Волька, — што я знайшла ў свайго бацькі цэлую кіпу розных актаў: на сена, на салому, на збожжа, на прапажу парасят на ферме. Усё копіі, вядома. Там і за мінулыя гады і за цяперашні. Баюся, што гэта не сапраўдныя акты. Бацька трымаў копіі пры сабе, мабыць, на ўсякі выпадак, каб ведаць, як апраўдвацца. Калі, не дай божа, і Віця там замешаны?..

Яна сказала так мякка «Віця» таму, што адчула рукой, як пахаладзелі пры гэтых словах Ларысіны плечы, як задрыжалі пальцы яе рукі, калі яна хацела пацягнуць на галаву касынку.

— Божа мой! — глуха, з унутраным надрывам прамовіла Ларыса і прыпынілася.— Чаму ж ты маўчыш!

— Я не маўчу! — з крыўдай і адчаем усклікнула Волька. — Я іх толькі ўчора знайшла. А да гэтага толькі мучылася, пакутавала ад прадчуванняў, ад падазронасці, а цвёрда нічога сказаць не магла. Толькі п’янка была перад вачыма. Разумееш? — Яна падняла рог шарфіка к вуснам і моцна, неяк вельмі ж па-жаночаму, заплакала. Відно было, што сапраўды нагаравалася гэтая дзяўчына, мабыць, цэлымі гадамі жыла без радасці, без весялосці, заўсёды імкнучыся заглушыць унутры пакутлівыя супярэчнасці, барацьбу думак.

— Волька! — Ларыса стала насупраць і са спалохам глядзела дзяўчыне ў твар. — Волька! — паўтарыла яна і ўзяла сяброўку за руку. — Ты ведаеш, аб чым ты гаворыш? Ведаеш?

Незвычайнае мільганне ў Ларысіных вачах насцярожыла Вольку. Слёзы на шчоках у Ларысы былі відны нават і ўпоцемках.

— Ведаю! — рашуча сказала Волька і ўжо на ўсю руку, бо, напэўна, у апошні раз, выцерла шарфам вочы і твар.

— Позна? Так? Позна ўжо, Волька? — усё дапытвалася Ларыса, да болю сціскаючы Вольчыны рукі.

— Мабыць, позна, — няўпэўнена згадзілася Волька. — Толькі не ведаю, як для Віці.

— Эх, чаму ж гэта мы раней не пагаварылі?! — нібы хочучы пранізаць сябе за гэта, крыкнула звеннявая і ў адчаі ўпала на прыдарожны ахапак канюшыны. — Нас трэба спачатку судзіць. Нас! Павыганяць з камсамола! Сядзелі ў бакоўках, хандрылі!... Я за ракой усё лета праседзела! А тут!.. Дзе ж былі нашы вочы? Балела ў мяне сэрца. Не адзін раз балела... Але няхай бы ты мне хоць паўсловам намякнула. Я не думала, што ў такі бок усё хіліцца. Не думала! І ведаеш што! — Ларыса раптам падхапілася і ледзь не тварам у твар стала каля Волькі. — І цяпер не думаю! Не веру! Чуеш? І не гавары мне больш пра гэта. Не гавары. Не веру! Асабліва пра Віктара!

— Я і не гавару пра Віктара, — ціха, не то вінаватым, не то спалоханым голасам сказала Волька.

Але Ларыса была ўжо далёка ад яе і гэтых слоў, бадай-што, не чула.

Ларыса ішла ўперадзе шпаркім крокам, а Волька не ведала, што і рабіць, даганяць яе ці ісці ўжо да вёскі адной. Балюча разанула па сэрцы думка аб тым, што няма куды ёй сёння зайсці і больш ужо не будзе з кім так шчыра, як сёння, пагаварыць.

Раптам Ларыса павярнулася і гэтак жа шпарка пайшла Вольцы насустрач.

— Ну, вось што! — надзвычай цвёрда і, здавалася, ужо без крыўды прамовіла яна. — Што будзе, тое і будзе, а копіі гэтыя заўтра ж аддасі мне! У нас тут няма камуністаў, дык за ўсё павінны адказваць мы, камсамольская арганізацыя. Разбяромся, праверым!

— А пра што ж, ты лічыш, я думала? — Цяпер ужо ў голасе Волькі гучала крыўда. — Я прыйшла сёння да цябе не толькі таму, што ты мая сяброўка.

...Яны ўвайшлі ў вуліцу і крочылі павольна, нібы на прагулцы. Амаль ва ўсіх хатах ужо гарэлі агні, у дварах было ціха. Людзі прыйшлі з работы, упыніліся, а цяпер сядзяць за сталамі, вячэраюць.

Ларыса параўнялася са сваім дваром. У хаце гарэла лямпа. Спелая гронка рабіны, нібы раскошная кветка ружы, заглядвала ў шыбу вулічнага акна. У жоўтым святле яна здавалася чорнай. Ларыса прыпынілася на момант, з ёй прыпынілася і Волька. Потым Ларыса, нібы пад уплывам нейкай цяжкай сілы, ступіла крок далей. Ступіла і аглядвалася на чорную рабінавую гронку.

Волька таксама мінула свой двор, яна нават і не прыпынілася насупраць хаты.

Хто ведае, да якой пары яны хадзілі ў гэтую ноч па вуліцы?..

* * *

 

Праз некалькі дзён Варка спыніла Віктара па дарозе ў поле.

— Віця, знаеш што? Сёння ўвечары сход камсамольскі. Прыходзь у клуб.

— Няма мне часу, — скрывіўся брыгадзір. Пацягнуў на лоб выгаралую за лета шапку і таркануў абцасамі жарабка.

— Не, ты пачакай, Віця! — Дзяўчына ўчапілася за падбароднік аброці. — Пачакай, паслухай! Прыязджае з райкома нейкі прадстаўнік.

— З райкома? — Віктар нацягнуў павады. — А чаму ж наш сакратар мне нічога пра гэта не сказала? — а сам падумаў: «Пабегла на канюшыну яшчэ прыцемкам, калі ёй было гаварыць».

— Яна мне даручыла сабраць сход, — гулліва, але з сур’ёзнасцю ў тоне, сказала Варка. — Паспрабуй толькі не з’явіся, як у мінулы раз! На вяроўцы прывалаку!

Віктар засмяяўся і, нічога не сказаўшы, паехаў далей. Яму падабалася гэтая свавольная, заўсёды вясёлая і беленькая, як падлетак-козачка, дзяўчына. У горадзе ён бачыў, як многія модніцы рознымі прыпаркамі ды электрычнымі тонамі прымушаюць свае валасы віцца, а тут, у Варкі, ад прыроды заўсёды свеціцца бела-залацісты венчык вакол ілба і ніжэй скроняў. Нават пад дажджом ён не расходзіцца і не змяняе колеру. Амаль з усімі людзьмі Віктар быў сухаваты, быццам бы афіцыйны, нават з моладдзю не надта ўдаваўся ў жарты і не дазваляў якога-небудзь панібрацтва ў адносінах да сябе. Гэтай жа дзяўчыне ён прабачаў усё, нават тое, што яна падчас не слухала яго, як брыгадзіра, падсмейвалася з яго, калі не было блізка Ларысы.

Увечары Віктар прыехаў з поля, аддаў каня Мяфодзію і, не заходзячы дадому, пайшоў у клуб. Там была яшчэ толькі Вара, яна наладжвала вісячую лямпу, якая нешта дрэнна гарэла, страляла іскрамі і дымілася.

— Солі нейкі дурань у газу насыпаў, — сказала яна, убачыўшы брыгадзіра.

— Дык вазьмі ў Шандыбовіча, налі свежай газы, — параіў Віктар.

Ён гаспадарскім крокам прайшоўся па зале, спыніўся каля свежага кукурузнага плаката на сцяне, у вялікім кружку святла на падлозе заўважыў глыбокія ўмяціны і ніякавата адвёў вочы.

— Што, непрыемна глядзець? — насмешліва сказала Вара. — Гэта ж твая работа! Толькі адзін нейкі дурны цар, недзе я чытала, рабіў так, як ты, — заводзіў каня ў палацы.

— Кінь ты! — змрочна, аднак не злосна агрызнуўся Віктар. Паспрабаваў затым уявіць, як гэта ён заязджаў вярхом у клуб? І не здолеў успомніць. Толькі нешта невыразнае, як праз густы туман, мільганула ў памяці. — А якое пытанне сёння? — звярнуўся ён да Вары і сеў на самую нізкую лаўку каля стала.

— Я добра не ведаю, — не збаўляючы сваёй гарэзлівасці, адказала дзяўчына. — Мабыць, пра тваю верхавую польку будуць гаварыць.

Віктара нібы снегам абдало. Ён неяк сціснуўся, пацёр рукі і, бліснуўшы на Вару нясвежымі вачамі, ціха прамовіў:

— Ты ўжо хоць на сходзе язык свой не распускай. Паднялі шуміху! Падумаеш, выпіў чалавек!

Увайшла Волька з Паўлам. Павел падаў Віктару руку, бо дні два не бачыў яго, а Волька толькі глянула на брыгадзіра з нейкай разгубленасцю і села непадалёку на другую лаўку.

«Усё сваякі, — падумаў Віктар, паглядаючы на Паўла і Вольку. — Родзічы. Яшчэ Ларыса прыйдзе. Калі і прабяруць тут, дык не вельмі пякуча. У сваёй сям’і ўсё можа быць».

Прыйшлі яшчэ дзве камсамолкі, і ўся арганізацыя была ў зборы. Не хапала толькі самога сакратара. Віктар моўчкі кідаў позірк на дзверы: вось прыйдзе Ларыса, а з ёю — прадстаўнік. Напэўна ж, так яно і ёсць: калі Ларыса затрымалася, значыць, — там у яе людзі. Параяцца, падрыхтуюць павестку і прыйдуць разам.

Аднак Ларыса прыйшла адна. Віктар яшчэ некалькі хвілін пачакаў, а потым сурова, з крыўдай паглядзеў на Варку. Тая страсянула сваімі кудзеркамі і ледзь прыкметна ўсміхнулася.

— Усе нашы? — спытала Ларыса і села таксама каля стала, амаль што насупраць Віктара. Вара адказала ёй, што ўсе, хоць гэта відно было і так. Але Ларыса чамусьці не спяшалася адкрываць сход. Яна нешта запісвала на лістку ў касую лінейку, аб нечым думала. Усе насцярожана маўчалі, бо ведалі, што сход будзе незвычайны, а Віктар усё яшчэ не верыў, што гаворка можа пайсці пра яго, што вось гэтыя людзі, яго падначаленыя ды пераважна сваякі, хутка пачнуць яго прабіраць. Ён утаропіўся ў твар Ларысы, жадаючы па яе вачах зразумець, што тут падрыхтавана. Але Ларыса ў гэты момант не глядзела на яго, і толькі па яе прыморшчаным надброўі, неспакойных вейках і залішне хуткаму, нібы нервоваму руху яе рукі з карандашом Віктар адчуў, што набліжаецца нешта сур’ёзнае. І раптам ім пачаў авалодваць страх. Намагаючыся пераадолець яго, брыгадзір паспрабаваў успомніць, ці быў ён калі-небудзь раней у такім становішчы? Усплылі ў памяці два-тры выпадкі з часоў службы на вайсковым складзе, але яны ўявіліся нязначнымі ў параўнанні з тым, што можа адбыцца сёння. Тады затрывожыла пытанне, што ж тут можна будзе сказаць, як апраўдвацца, калі раптам пачнуць выкладваць усё начыстату?

І не знаходзілася што сказаць. З горыччу Віктар успомніў, што ніколі раней не думаў аб апраўдваннях, бо не лічыў сябе вінаватым. Прызнацца цяпер у памылках, пастукаць сябе ў грудзі? Не, гэта зусім не тое. Перад гэтымі Волькай ды Варкай ён ніколі не стане на калені. А страх і разгубленасць міжвольна апаноўваюць усё больш і больш...

Ларыса ўстала. Лісток у касую лінейку задрыжаў у яе руках. У зале стала так ціха, што яна пачула дыханне Віктара. Вельмі знаёмае, блізкае дыханне. Баязліва глянула на мужа. Іх вочы сустрэліся. Віктар глядзеў на яе мякка, даверліва і з такім спалохам, які выклікаў жаласлівасць. Твар яго быў бледны і бездапаможны. Здавалася, што наўрад ці знойдзецца цяпер такі чалавек, які здолее кінуць у гэты твар папрок. Сашчэпленыя ў пальцах рукі ляжалі на рагу стала. Ларыса падумала, што гэтыя рукі, мабыць, таксама дрыжаць, хоць і сашчэпленыя.

— Сход нашай камсамольскай арганізацыі, — сказала Ларыса натужна-бадзёрым голасам, — лічу адкрытым. На павестцы дня... — Голас яе раптам сцішыўся, затрымцеў, нібы захлынаючыся ў грудной клетцы. — На павестцы дня адно пытанне, — вымавіла яна з вялікім напружаннем волі, аднак ужо ледзь чутна. Ёй стала жудасна. Вось ужо і трэба гаварыць... Ужо? Цяпер?.. Праз якую хвіліну?.. Гаварыць перад усімі, што яе муж — вельмі дрэнны чалавек? Яе Віктар?.. І потым застацца без яго?.. Без такога, якім ён быў яшчэ так нядаўна. Адной, зусім адной!.. Толькі з горам сваім і каханнем. Такім каханнем, якога, можа, яшчэ ніхто на свеце не ведаў. І, мабыць... — У яе пажаўцела ў вачах. — І, мабыць, з сынком ці дачкою... З яго дзіцяткам.

— ...Адно пытанне,— паўтарыла жанчына і, схапіўшыся рукамі за твар, стала зняможана хіліцца над сталом.

Варка хуценька падставіла ёй лаўку.

Віктар працягнуў рукі да жонкі, але ў гэты ж момант падняўся з месца Павел.

— Хоць я цяпер і не ў гэтай арганізацыі, — пачаў ён, — але папрашу слова наконт павесткі дня.

— Гавары, Паўлуша! — скрозь слёзы сказала сястра.

 

* * *

Даніла позна для свайго распарадку не лажыўся спаць. З вечара тупаў каля хаты, сёе-тое рабіў, а потым запаліўшы лямпу, шукаў сабе якой-небудзь работы і ў хаце, ды мала знаходзіў. Хіба знойдзеш за гэтаю нявесткаю? Ён чуў ад Ларысы, што сёння будзе камсамольскі сход, і па яе выгляду здагадваўся, што будуць гаварыць пра Віктара. Даўно ўжо Даніла не быў ні на якіх сходах, а на гэты, каб пусцілі, то пайшоў бы. І паколькі, значыцца, не пусцілі (Ларыса сказала, што сход закрыты, то, мабыць жа, замкнуць дзверы), Даніла намерыўся дачакацца сваіх і хоць па вачах даведацца, чым там усё скончылася.

Ён сядзеў на палку каля печы і крыху падрэмваў, але ж калі вырашыў не глядзець на падушку, то дрымоты часта пераціналіся, як павуціна. Для таго каб у тую ж хвіліну, як толькі пастукаюць, выйсці і адчыніць сваім дзверы, стары надта не распранаўся; і на нагах у яго былі валёнкі з бахіламі. З самай вясны Даніла збіраўся перайсці на які-небудзь больш лёгкі абутак, ды так амаль усё лета і пратупаў у бахілах. Лапцей няма з чаго плесці, а ядлоўцавыя вельмі нямоцныя, ды аборы муляюць старэчыя ногі, асабліва, калі намокнуць.

Прымарнеў Даніла за гэтыя часы: шчокі ўпалі, падбародак станчаў, і з-пад яго выступае тонкі худы кадык. Рэдка цяпер Даніла і галіўся, хоць сват амаль пры кожнай сустрэчы нагадваў яму пра гэта. Маўчаў пры такіх сустрэчах стары. Цяжка яму было прызнацца, што не ўладзілася яго жыццё з сынам. Нікому не сказаў і аб тым, што некалькі начэй пракаратаў у хляве, побач з цялушкаю...

Віктар пастукаў першы. У хаце шпурнуў шапку на ложак, абедзвюма рукамі прыгладзіў валасы, ад чаго яны сталі яшчэ больш ускудлачанымі, і пачаў хадзіць з кута ў кут расхваляваны.

— Можа, вячэраць будзеш? — нясмела спытаў Даніла, стоячы каля прыпечка, і памкнуў адставіць заслонку.

— Адчапіся з вячэраю! — крыкнуў Віктар і стаў яшчэ шпарчэй хадзіць па хаце.

Як толькі ўвайшла Ларыса, ён адразу замахаў рукамі на яе, нібы працягваючы размову на сходзе.

— Ну, чаго, чаго дурніца рыжая лезе ка мне з гэтымі парасятамі? Чаго? Злодзея знайшла? І Павел яшчэ падтаквае. Піў я? Няхай піў. Гуляў, буяніў. Няхай сабе! Але не краў! Ніхто гэтага не дакажа. Ясна? Бацька яе ўсё сваё жыццё крадзе, а яна маўчыць!

— Яна не маўчыць, — упэўнена сказала Ларыса, расшпільваючы жакетку. — Больш Шандыбовіч не пажывіцца калгасным дабром! А ты, Віця, незаконна ўзяў парасят з фермы. Я сама праверыла. І мяне ты ашукаў. Я ў цябе некалі пыталася пра гэта. Памятаеш?

— Незако-онна! — крыкліва перагаварыў Віктар. — Што тут незаконнага? Не аформіў, як паложана? Дык аформлю! Мне падпішуць! Паўфермы забяру, дык падпішуць!

Ён, відаць, хацеў адгаварыцца за сход, дзе больш глытаў словы, чым гаварыў, і спагнаць усю злосць на сваіх хатніх.

— Не афармляць цяпер трэба, — сурова запярэчыла Ларыса, — а вярнуць ферме парасят і прасіць праўленне, каб не перадавала справу ў суд.

— Дакапаліся! — з агідай і злосцю гаварыў брыгадзір, ходзячы па хаце. — Назбіралі!.. Выключылі з камсамола. Напляваць мне на гэтае ваша выключэнне! Ясна? Мяне ўся вобласць ведае! Не закрэсліць усё райком, дык абком возьмецца за вас! А на крайняе, дык і без камсамола пражыву! Усё роўна пераростак.

— Звязаўся ты з гэтым барадатым д’яблам, — падыходзячы да свайго палка, дзе Ларыса падбівала падушку, сказаў Дапіла. — Адсюль усё і пайшло.

— Што? — крыкнуў Віктар так, што аж агонь у лямпе задрыжаў. — Чаго ты яшчэ?! Кладзіся вось і дрыхні, калі табе сцелюць! А то зноў пойдзеш у хлеў к чортавай мацеры!

— Віктар! — Ларыса з адчаем кінулася да яго, узняла далоні, нібы хочучы адгарадзіць ад сына ні ў чым не вінаватага бацьку. — Апамятайся, што ты гаворыш?!

— А чаго ён лезе ў вочы ўсе гэтыя дні, жыць мне не дае? Чаго ён ходзіць па маіх пятах?

— Ён жа твой бацька! — ледзь не задыхаючыся ад абурэння, гаварыла далей Ларыса. — Сэрца ў яго баліць за цябе! Што ты думаеш?

— А ён мне не бацька! Ясна?! — Віктар раптам прыглушыў голас, і твар яго зрабіўся чужым і страшным.— Няма ў мяне бацькі! І не было! І жонкі ў мяне цяпер няма! Так, няма! Адзін буду! Жыў без вас, дык ніхто мне ямы не капаў.— Ён схапіў з ложка шапку і выйшаў, моцна стукнуўшы дзвярыма хаты і яшчэ мацней дзвярыма сянец.

Нейкі момант Ларыса стаяла, як непрытомная. Збялелыя вусны сутаргава ўздрыгвалі, а вочы былі сухімі, толькі спалох, разгубленасць і бязмежная крыўда адбіваліся ў іх. Потым яна квола, нібы баючыся, што не ўстаіць на нагах, павярнулася і ўбачыла Данілу. Седзячы на палку, стары надзяваў той валёнак з бахілам, які да гэтага паспеў ужо зняць. Высока падбітая падушка некранутай ляжала на пасцелі.

 

На вуліцы было цёмна, а на твар і рукі падала густая імгла. Ларыса ведала, памятала, што неўзабаве пасля Віктара пайшоў некуды і Даніла. Пайшоў і нічога не сказаў. Надзеў толькі світку сваю старую ды ўзяў у рукі аўчынную вушанку. Пайшлі абодва. Але Ларыса не магла цяпер думаць аб тым, каб іх шукаць. Ні аб чым яна не магла цяпер думаць. Пайшла па вуліцы толькі з-за таго, каб не стаяць на месцы. Некуды цягнула, у хадзе быццам бы лягчэй было. Добра, што хоць жакетка на плячах. Не памятае Ларыса, калі яе надзела, мабыць, проста па звычцы. А хусткі няма на галаве і не холадна, і імгла не чутна па валасах...

Колькі той крушнікоўскай вуліцы... Па ветры Ларыса адчула, што выйшла ўжо ў канец вёскі. Імгла стала асядаць толькі на адной шчацэ ды на той частцы вуха, якая не прыкрыта завіткамі. Па нейкай міжвольнай прыкмеце ўгадала, што ідзе па той самай дарозе, па якой хадзіла некалі вясной. Не такая позняя тады была пара сутак і не было тады вось гэтай надакучлівай імглы. У той вечар не хацелася ісці далёка, бо самае радаснае і дарагое было тады дома, у Крушніках. А цяпер цяжка будзе вяртацца дадому...

...Уявілася ёй — непадалёку загаманіла рака. Што ж, значыць, скора масток. Тут усе дарогі вядуць на масток.

...Масціны былі мокрымі. Яны не скрыпелі пад нагамі, як у пагодлівы дзень. Можна было прайсці масток і не заўважыць, каб пад ім не гаманіла, не шумела рака. Ларыса працягнула руку. Парэнча была мокрая і слізкая. Правяла рукой па гэтай слізі і спынілася. Хвалі з-пад мастка імчалі хутка, даганяючы адна адну. І вады было больш, чым з тыдзень таму назад. Мабыць, недзе ў другім месцы былі вялікія дажджы. «Глыбока цяпер тут», — чамусьці падумала Ларыса. А страшна ёйне стала. Раней яна баялася глядзець у глыбокі калодзеж, не магла без жудасці падумаць аб вірах, аб бурных хвалях.

Слізкая парэнча... Калі на яе легчы грудзьмі, то можна лёгка сплысці ў гэтыя хвалі, яшчэ цёплыя і зусім-зусім не страшныя... Нешта нават вабіла да іх. І цяжка зразумець, што. Магчыма, гэты імклівы, парывісты шум, магчыма, глыбіня, дзе можна схавацца ад усяго і пра ўсё забыцца...

Ларыса адхінулася. Што за думкі, адкуль яны? Адразу вярнуўся страх. «Не прызнавацца, не гаварыць пра гэта нікому, нават самой сабе. Забыцца аб гэтай хвіліне на ўсё жыццё! Як не сорамна! Ці гэта яшчэ людзі перажываюць?! Маці мая чацвярых дзяцей пахавала, пры немцах цэлымі месяцамі ў балоце з намі сядзела, а, напэўна, ні разу не думала аб смерці...»

На шыі пачаў адчувацца халадок. Падумалася аб тым, што можна прастудзіцца без хусткі ў такую пагоду. А каму гэта трэба? Віктару? Віктар не пашкадуе, калі не любіць. Калі ж яшчэ любіць, то пашкадуе і вось такую, якая ёсць. Забаліць у яго сэрца ад яе пакут, ад яе цяжкіх і супярэчлівых перажыванняў.

«Няўжо не кахае? Няўжо ўсё гэта было страшэнным ашуканствам? І нават тыя, навек незабыўныя хвіліны, праведзеныя, здаецца, так нядаўна вось на гэтым мастку? Ці такім дробненькім і маленькім было яго пачуццё, што адразу астудзіў сустрэчны вецер? Калі так кахаць, то лепш не радзіцца!»

Саступаючы з мосціка, Ларыса пакаўзнулася і ледзь не ўпала. Дарожка макрэла і рабілася яшчэ больш цёмнай, яе ўжо нельга было адрозніць ад свежай раллі па баках. Густая цемень была і навокал. У вёсцы ўжо даўно не гарэлі агні. Калі хоць трошачкі замарочыцца ў галаве, то можна збіцца з дарогі або трапіць на другую і пайсці не ў той бок. Ларыса закрочыла хутчэй.

...Над хатай Біруковых шумела рабіна, бо вецер пабольшаў і восеньская імгла пачынала пераходзіць у дробны дождж. Па гэтаму шуму Ларыса і пазнала свой двор. Памкнулася зайсці, паглядзець, хто ёсць дома, але на двары была такая цемра і пустата, вокны выглядалі такімі чорнымі і непрыветнымі, што яна пабаялася заходзіць у хату. Вярнулася і пастукала ў мыцельнікавае акно сваёй матулі.

Матчына сэрца адчула, што ў дачкі вялікая бяда. Яна ўлажыла сваю Ларысу ў цёплую пасцель на палку каля печы (якраз жа на такім палку спаў дома Даніла), і сама цэлую ноч не адыходзіла ад пасцелі.

 

* * *

 

Назаўтра Ларыса яшчэ досвіткам пайшла да свайго двара. Пасля начнога шаптання з маткай і шчырай сямейнай гаворкі з бацькам і братам ёй трошкі лягчэй стала на сэрцы.

Вароты ў двор былі зачынены, але не так, як заўсёды. На стаячок не быў ускінуты абруч са скручанай лазы, што рабілася заўсёды; паміж слупком агародчыка і стаяком варот была недазволеная ў гэтым двары шчыліна. Гэта адразу здзівіла Ларысу. Учора, у такім хваляванні і разгубленасці, яна магла не зачыніць як след вароты. Мог, вядома, не прыйсці або не звярнуць на гэта ўвагі Віктар. Але ж свёкар? У старога ніколі, як яна памятае, не было такога выпадку, каб ён не праверыў, як зачынены нанач вароты, як замкнуты хлеў.

Увайшла ў двор. Мокрыя дзверы сянец паціху матляліся на завесах. Усю ноч, відаць, так матляліся, ці ёсць хто-небудзь дома?

У хаце нікога не было. Пасцель была не разабрана, а на Данілавым палку, гэтак жа, як і ўчора, ляжала высока падбітая падушка. Ларыса з трывогай выбегла з хаты. Падумала, можа, зноў бацька начуе ў хляве.

Пачуўшы на двары крокі, падала свой голас цялушка. Відаць, не кармілі яе сёння.

На дзвярах хлява вісеў замок. Ларыса не ведала, што рабіць, дзе шукаць Данілу. Да суседзяў ці так да каго ў вёсцы ён не пойдзе, век не хадзіў. Заставалася толькі паглядзець яшчэ ў адрыну, дзе быў Данілаў «вераўчаны камбайн».

Кінулася Ларыса да варот і ледзь не спалохалася ад нечаканасці: насупраць двара стаяў Мяфодзій і ласкава ківаў ёй галавою. Ён паказаў знакамі, што сам бачыў, як стары Даніла ноччу пайшоў у напрамку вёскі Гдзень.

Ларыса аддала яму ключы ад хлява і хаты, а сама хуценька сабралася і пабегла наўздагон.

Толькі на чацвёрты дзень ёй пашанцавала даведацца, дзе быў Даніла. Шукала яна яго ўсюды, распытвала па вёсках, бліжэйшых да шляхавай дарогі (а прасёлкавымі ўвосень тут не надта пройдзеш — балота ўсюды), не мінала амаль ніводнага сустрэчнага чалавека; дзе пехатою ішла, дзе пад’язджала на машынах. І ўжо ў адчаі хацела вяртацца назад, як у кузаве адной машыны, на якой ехала, пачула незвычайную гаворку.

— А ўчора нашы хлопцы, — сказала адна кабета, дзелячыся сваімі навінамі,— чалавека ў балоце знайшлі. Выйшлі атаву касіць, а ён падаў голас, яшчэ жывы быў.

Ларыса з усёй сілы застукала па кабіне.

Шафёр спыніўся.

— Дзе гэты чалавек, дзе? — затармасіла яна кабету. — Стары ён ужо?

— Ды стары, — сказала кабета. — Выбіўся з сілы, вылазячы з багны, каб яшчэ трохі, то і капцы, не тут кажучы. А ляжыць ён у нашай бальніцы, дык вам не трэба злазіць, бо гэта ў Вялічкавічах. Я сама туды еду.

У сельскім медпункце Даніла ляжаў адзін на ўсю невялічкую палату, больш тут хворых не было. Калі ўрач увяла да яго Ларысу, ён спаў.

— Цэлую ноч стагнаў і кашляў, — прашаптала ўрач. — Вельмі знясіліўся і прастыў, бо, мабыць, доўга сядзеў у балоце. Але небяспечнага, можа, нічога і не будзе, — я зрабіла ўсё, што магла.

Ларыса села на белы зэдлік каля ног бацькі і стала чакаць, пакуль ён прачнецца. А які старэчы сон нават і пры добрым здароўі? Праз якую хвіліну ці дзве Даніла зноў цяжка застагнаў і закашляў. З натугай і пакутай павярнуўся на бок, да Ларысы, і расплюшчыў вочы. Спачатку здзіўленне і спалох мільганулі ў яго вачах, а потым бледныя вусны крануліся ў ласкавую ўсмешку.

Ларыса прытулілася шчакою да яго рукі і заплакала.

— Што ж ты зробіш, дачка? — з уздыхам сказаў Даніла і паклаў другую руку нявестцы на галаву. — Так яно прыйшлося. — Голас яго быў глухі і скрыпучы, у ім не чулася ніякай надзеі на што-небудзь лепшае ў жыцці.

— Чаму вы пайшлі? — спытала Ларыса, узняўшы на бацьку поўныя смутку вочы.

— А што ж мне было рабіць? — часта перадыхваючы, загаварыў стары.— Калі ў мяне няма сына, то і нічога няма. Усё я аддаў для яго. Ты, можа, не ведаеш пра гэта, а бацькі твае ведаюць. Ён у мяне адзін быў, і маці рана памерла, — царства ёй нябеснае. Усё я перанёс бы, бо і пераносіў не мала. Усё сцярпеў бы, а тое, што ён сказаў...

Стары ўдушліва закашляўся, зморшчыўся ад болю і потым ужо не ўшчынаў гаворкі, а толькі, часта дыхаючы, варушыў сівымі, апушчанымі ўніз вусамі.

Ларыса нейкі час не турбавала яго. Яна таксама пачала думаць аб тым, што, відаць, ляжала цяпер на бацькавым сэрцы. Сапраўды, як гэта перажыць? Выгадаваў чалавек сына, а цяпер... Уяўляўся позірк Віктара, калі ён выкрыкваў гэтыя словы, якія так цяжка ранілі бацьку. Ніколі не думала Ларыса, што такія мяккія, шэрыя вочы могуць гэтак жорстка і калюча глядзець. Каб сама не чула, каб сама не бачыла, то ніколі б не паверыла. І адкуль ён узяў гэтыя словы? Разам гадаваліся, а Ларыса ні разу не чула пра гэта. Ні ад Віктара, ні ад сваіх бацькоў, ні ад каго-небудзь іншага.

Глыбока, трывожна ўздыхнуўшы, Даніла заплюшчыў вочы, і Ларыса збаялася ў гэтую хвіліну глядзець на яго твар. Ёй здалося, што павекі ў старога задрыжалі, і калі, не дай божа, з-пад іх выплывуць слёзы, то і самой ёй цяжка будзе вытрымаць, каб не расплакацца. А Даніла зноў думаў пра самае цяжкае і непераадольнае, што магло быць у яго жыцці. І каторы ўжо раз ён пра гэта думаў? Калі Віктар, значыцца, не яго сын, то чый жа ён тады? Чый? Няўжо Шандыбовічаў? І Ульяна памерла з-за гэтага, і самому вось жыцця няма. Што ж гэта за доля такая, што за няшчасце?..

— А дзе ў вас баліць? — спытала Ларыса, адчуваючы, што лепш было б перабіць яго надакучлівыя думкі.

— У баку коле, — ціха сказаў Даніла і расплюшчыў вочы, — і ногі вельмі ж ныюць, а так можна было б уставаць. Натрудзіў вельмі ногі. Каб яшчэ ў лапцях быў, а то гэтыя валёнкі... Здавалася, што і сцежка відаць была, думаў, — напрасцяк прайду. А тут — сцямнела, куды ні падамся, еду ўніз, хоць ты хрысціся ды прымай смерць...

— Дык вы б ужо на машыну якую папрасіліся, калі так далёка трэба было.

— А хто ж мяне возьме на машыну? — адказаў Даніла.— Каб пляшка з сабою была або грошы?.. Ды і дарогі мае не надта машынныя. Я хачу вунь у Забалоцце дабрацца, гэта, мабыць, і не нашага раёна. Туды яшчэ, як для маіх ног, то на добрыя два дні хады. Там у мяне Параска, стрыечная сястра, павінна яшчэ быць жывая. Да вайны то пэўна жыла, пераказвалі людзі, а цяпер, можа, і няма яе ўжо, хто ведае.

— Паедзем, тата, дадому, — з просьбай і настойлівым патрабаваннем сказала Ларыса. — Я вас нікуды не пушчу. Дастану машыну і паедзем!

Стары квола, але рашуча пакруціў галавой.

— Не, дачухна, — хрыпла прамовіў ён. — Няма чаго мне ўжо туды ехаць. Хоць і шкада мне цябе, але, мабыць, не прасі. Я дажыву сваё і там, хоць у чужых людзей. Не многа засталося. Скарынкі хлеба і кубка халоднай вады не пашкадуюць, а больш мне нічога і не трэба.

— Я не пакіну вас тут, — з трывогай і з глыбокай шчырасцю загаварыла Ларыса. — Не выйду адсюль адна. А ўстанеце, пойдзеце ў Забалоцце, дык і я пайду з вамі. Мне таксама няма чаго вяртацца дадому адной.

Даніла спыніў на нявестцы свой доўгі, сумотны пагляд, і твар яго падабрэў.

— Што я там буду рабіць адна? — працягвала Ларыса. — У сваю хату, да бацькоў, я не вярнуся. Ужо калі прыйшла да вас, то буду жыць, што б там ні было. Буду вас глядзець, як роднага бацьку.

— Дзякую табе, — сказаў Даніла. — Я ведаю, што ты такая. Глядзела мяне, як дачка, і за гэта дзякую. Але ж я думаю, што Віктар дома будзе. Дзе ж ён дзенецца?

— Віктар можа і не быць дома, — ледзь чутна прамовіла Ларыса, і вочы ў яе напоўніліся яшчэ большай трывогай і смуткам. — Ён вельмі ж ганарысты па натуры і самалюбівы, — дадала яна ўжо больш выразна. — Яму цяжка будзе абдумацца і зразумець, што мы з вамі не хацелі яму бяды.

— Ганары-ысты, — згадзіўся Даніла. — Такі ўжо ганарысты, што аж дурным стаў. Не ведаю, у каго ён і ўдаўся такі. Маці была ціхая, і сябе і людзей паважала. Ну і я, здаецца, таксама...

Тут Даніла зноў змоўк быццам ад таго, што яго пачаў душыць кашаль. На самай жа справе язык у яго не павярнуўся сказаць, што ён увесь час быў лепшым прыкладам для сына. Міжвольна падумалася, што часта было і зусім не так. Занадта ўжо хацелася, каб Віця быў лепшы за ўсіх: лепш еў, лепш апранаўся. Занадта ўжо чулымі былі бацькоўскія вушы і вочы да ўсялякага хлапчуковага жадання.

— Але я ўсё ж такі буду чакаць яго, — сказала нявестка, — доўга буду чакаць. Усё жыццё буду адна, са сваім...

«Горам», — падумаў Даніла, услухаўшыся ў словы нявесткі. «Вядома ж, з горам, а з чым жа? Гора, мабыць, нікога не мінае».

«Са сваім маленькім», — падумала нявестка і потым ціхім шэптам, нібы толькі самой сабе, сказала:

— З вашым унучкам, калі ўсё будзе добра...

Даніла залішне жвава для яго здароўя падняў галаву.

— Што ты, дачка?

Ларыса не паўтарыла таго, што сказала, а толькі яшчэ ніжэй апусціла галаву.

— Ага, — прамовіў Даніла і дакрануўся рукою да яе пляча. — Калі так, то я разумею... — Ён на хвіліну задумаўся. — Разумею, дачка... Што ж гэта я раней?.. Га? Вязі мяне дадому, калі так. Застануся жывы, нянькай табе буду, памагу гадаваць унука.

Яны хацелі ехаць у той жа дзень, але ўрач не пусціла іх. Давялося старому паляжаць, а Ларысе падзяжурыць каля яго яшчэ трое сутак. Тады Ларыса выпрасіла ў Вялічкаўскім калгасе машыну, і яны выехалі.

Калі Ларыса са сваім бацькам дапамагалі Біруку злезці з кузава машыны, да іх нечакана падышоў зусім незнаёмы Ларысе чалавек, прывітаўся і моўчкі ўзяў старога пад руку. На вуліцы было ўжо цёмна. Пры святле лямпы ў хаце чалавек сеў каля палка насупраць Данілы і спытаў:

— Што, не пазнаеце мяне?

Даніла ўгледзеўся ў яго твар і няўпэўнена сказаў:

— Быццам бы нехта знаёмы, але не пазнаю, памяць кепская стала, старэчая.

— Мы сустракаліся з вамі зімою, памятаеце? Дровы разам везлі.

— А-а, памятаю, памятаю, — Дапіла працягнуў чалавеку абедзве рукі. — Гэта вы з зоны гэтай самай эмтээскай? Дзіва што памятаю. Каб не вы, замяло б мяне тады. Чаму ж не прыязджалі? Абяцалі ж заехаць.

— Ды ўсё неяк часу не было, — трошкі сумеўшыся, адказаў чалавек. — Але цяпер ужо я часта буду тут у вас.

— Гэта наш цяперашні старшыня, — сказаў Ларысін бацька. — Пакуль вас не было, тут і сход у нас прайшоў. Далучыліся мы цяпер да суседняга, Гдзеньскага калгаса, а там старшынёй — вось яны. — Крыніцкі паказаў вачамі на былога інструктара.

— Чакалі мы вас, — сказаў новы старшыня. — Я ўжо хацеў пасылаць машыну на пошукі. Адпачывайце, папраўляйцеся. А вас папрашу, — ён звярнуўся да Ларысы, — зайсці заўтра ў праўленне. Нам з вамі ёсць аб чым пагаварыць, ды і сакратар нашага камсамольскага камітэта даўно вас чакае.

 

* * *

 

Віктар не хадзіў самотна па вуліцы пасля таго, як балюча пакрыўдзіў бацьку і жонку, не шукаў такога прытулку, дзе можна было б спакойна абдумацца, заглянуць самому сабе ў душу. Не было ў чалавека схільнасці да адзіноцтва нават у такія незвычайныя гадзіны. Шандыбовіч спачатку не хацеў адгуквацца на стук, — было ўжо не надта рана, але, пачуўшы голас Віктара, устаў, запаліў лямпу і ўпусціў у хату позняга наведвальніка.

— Нешта вас сёння сон не бярэ, — сярдзіта сказаў Віктару, зачыняючы за ім дзверы. — І маёй да гэтага часу няма, і ты сярод ночы сноўдаешся па дварах.

— А дзе ж Волька? — панура спытаў Віктар.

— А чорт яе ведае! — з прыціскам сказаў Шандыбовіч.— Мабыць, недзе з тваёй балбатухай, а то, можа, нават з тваім, са швагрыкам засталася.

— Сёння ваша балбатала горш за ўсіх, — з папрокам сказаў Віктар. — Не паважала нікога, нават родных бацькоў.

Шандыбовіч насцеражыўся.

— А што гэта ў вас там было, камсамольскі сход?

Віктар кіўнуў галавой.

— І што ж яна там?.. На мяне што-небудзь?

— Усе вашы копіі расклала на стале, — сказаў Віктар і развёў над сталом рукамі, нібы хочучы паказаць, як усё гэта рабілася.

Шандыбовіч спалохана вытарашчыў вочы, заківаў сюды-туды барадой, потым схапіў стаячую лямпу і пабег у сенцы. Там ён доўга недзе пароўся, нешта пераварочваў, а Віктар увесь гэты час сядзеў у цемнаце і слухаў, як ля печы на палку трывожна дыхала гаспадыня. Вярнуўся Шандыбовіч з пабялелым тварам і чырвонымі злоснымі вачамі.

— Гэта ўсё твая! — крыкнуў ён так, што аж гаспадыня падняла галаву.— Не думаў я, што ты такі слабы і нікчэмны блазнюк! Нават жонцы сваёй не стукнуў пры патрэбе кулаком пад бараду, каб прыкусіла язык, а не то што яшчэ каму-небудзь. На мой парог цябе, дурня, не трэба было пускаць!

— А вы сваёй дачцэ стукнулі пад бараду? — ужо таксама пачынаючы злавацца, спытаў Віктар.

— Пры мне гэтага не было, што цяпер пры табе! — закрычаў Шандыбовіч і пачаў трэсці перад сабою кулакамі. — Але я стукну! Так стукну, што аж іскры пасыплюцца. Я выплыву, за мяне не бойся! Мяне голымі рукамі не возьмуць. Калі мяне возьмуць, дык палавіну праўлення за сабою пацягну. А вось цябе, аболтуса, скінуць з брыгадзірства к чортавай мацеры, ды яшчэ і пад суд аддадуць. І жоначка твая камсамольская ні ў чым не дапаможа!

— Я пайду пашукаю Вольку, — прыўзняўшыся, папрасіла гаспадыня.

— Ляжы! — сурова загадаў ёй Шандыбовіч і з яхіднай усмешкай нагнуў галаву да Віктара, які сядзеў ля стала.

— Там у некаторых дакуменціках і твой ганаровейшы подпіс пастаўлены: кароткі, з даўжэзным хвастом.

— Я нічога такога не падпісваў, — абурана сказаў Віктар і ўстаў.

— Падпісваў, хлопча, ды толькі памяць у цябе курыная, вельмі хутка забываешся.

— Не падпісваў я!

— Падпісваў, — з агіднай ліслівасцю працягваў Шандыбовіч. — Пасля чаркі ты нават смертны прыгавор на сваю жонку можаш падпісаць. Вось глядзі! — Ён выняў з кішэні чысты лісток паперы, разгарнуў яго і паднёс да лямпы. Унізе лістка стаяў Віктараў подпіс: літара «Б», падобная на сядзячую мыш, і ад яе доўгі пакручасты хвост.

— Ну і сволач жа ты! — нечакана вырвалася ў Віктара. — Не ведаў я!

— Гэта ты сволач-ч! — зашыпеў гаспадар, як змяя, і, выставіўшы ўпярод бараду, наблізіўся да Віктара. — Думаў, — толькі на мне выедзеш?! Вон з мае хаты, байструк, каб мае вочы не бачылі больш такога нягодніка!

На вуліцы, якраз насупраць Віктару, дзьмуў ужо не надта цёплы вецер, густая імгла лезла ў вочы. Ісці не было куды, хіба толькі ў канюшню, да Мяфодзія, або ў клуб. Рашыў брыгадзір пайсці ў клуб. Сеў на тое месца, дзе сядзеў у часе камсамольскага сходу, апусціў галаву на рукі, пакладзеныя на стол. Шкада было, што не даў Шандыбовічу ў морду, — гэта непакоіла больш за ўсё. Аж рука сашчэплівалася ў кулак, калі думаў аб тым, як гэтая паганая барада абражала яго. Злосці і крыўды на самога сябе чамусьці не было.

...Прачнуўся Віктар позна, нават пазней свайго звычайнага часу. Адчуў пад спінаю голую лаўку, успомніў пра ўсё ўчарашняе. «Мабыць, некаторыя рады, што са мною так здарылася, — падумаў ён. — Выглядаюць у вокны, шэпчуцца. Вось я зараз ім пакажу!»

Ён прыйшоў на канюшню і загадаў Мяфодзію сядлаць жарабка. Рашыў праехацца па вуліцы, з усёй сваёй выпраўкай і бадзёрасцю, з усмешкай на твары, каб усе ўбачылі, што жыве брыгадзір і ўладу ранейшую мае, нягледзячы ні на што.

Але Мяфодзій выйшаў з канюшні чамусьці без жарабка.

— Што? — узняў брыгадзір на яго вочы.

Мяфодзій развёў рукі і пакруціў галавой. Гэта, як Віктар зразумеў, азначала, што няма ў канюшні жарабка.

Тады Віктар памкнуўся зайсці ў канюшню сам, але Мяфодзій раптам заступіў яму дарогу. Падняў брыгадзір руку, каб адштурхнуць конюха, але той моўчкі, ды залішне выразна ўзяўся за сахор.

Давялося адступіць. Зразумеў Віктар, што стары конюх ужо ведае пра ўсё і не лічыць больш яго брыгадзірам. Значыцца, і ўсе не лічаць.

Страшэнна захацелася выпіць гарэлкі ды закусіць чым-небудзь горкім або кіслым. У Крушніках ужо не зручна было шукаць гэтага, таму Віктар пайшоў да «вышкаўцаў». Піў там сутак трое і начаваў у палатках каля геалагічнай вышкі.

Потым і «вышкаўцы» даведаліся, што ён ужо, па сутнасці, не брыгадзір, перасталі запрашаць на выпіўку. Начальнік геалагічнага атрада прапанаваў Віктару ўзяцца за работу, калі хоча: падносіць прылады і інструменты, капаць пробныя варонкі. Але такая работа, па-першае, ніколі і не снілася Віктару, а, па-другое, — блізка ад дому ён цяпер не прыняў бы хоць і самай ганаровай работы. Узяўшы дома шынель ды яшчэ тыя боты, што некалі падараваў бацьку, ён рушыў у напрамку раённага цэнтра. Ад хады пасвяжэла галава, сталі нават з’яўляцца розныя думкі: спачатку апанавала здзіўленне ад таго, што хату яму адмыкаў Мяфодзій. Дзе ж тады бацька, дзе Ларыса? Дарма не спытаў аб гэтым у Мяфодзія...

Паспрабаваў успомніць, што было з ім на працягу трох мінулых сутак. Мільгалі некаторыя эпізоды, гучалі некаторыя словы, а ўсё мінулае заплывала туманам. Ці гаварыў хто-небудзь у гэтыя дні пра бацьку, пра Ларысу? Хто яго ведае, можа, і гаварыў, але ў памяці нічога не засталося. Зусім нічога.

«Куды ісці? У раён? А там што? Можа, у вобласць падацца адтуль? Можа, у Мінск?.. Каб толькі не бачыць гэтых... Каго? Няўжо бацьку і жонку? Не, гэта не тое. Дарэмна пакрыўдзіў старога. Усё ж такі ён бацька мне. Родны бацька. І гэтак любіў ён і песціў мяне... Усё барада рыжая вінавата. Прайдзісвет! Нездарма людзі кажуць, што паклёпы на суседзяў пісаў. Колькі ён нагаварыў мне агіднага пра людзей, колькі разоў падпускаў непрыстойныя жартачкі пра бацьку?»

Агідным уяўляўся цяпер Шандыбовіч, незразумелымі і няшчаснымі бацька з Ларысай, скрабло і шчымела на душы ў самога. Сваё становішча аж цяжка было ўявіць. Спытаў бы хто, куды вядзе дарога, і не здолеў бы адказаць. Можа, у райком, можа, у абком, а можа, проста ў праўленне свайго калгаса. І гонар, і сорам, і яшчэ многа ўсялякіх адчуванняў, якім у гэты момант нават нельга было знайсці вызначэння, выганялі яго з свае хаты, з свае вёскі.

«А калі давядзецца ў горадзе цягаць мяшкі з мукой, грузіць вугаль?»

Халадком пацягнула па целу, а ў памяці прамільгнулі асядланы жарабок перад акном Шандыбовіча і конюх Мяфодзій з павадамі ў руках...

 

* * *

 

У наступным годзе вясна была не такой ласкавай, як у папярэднім, але Ларысін лён рос вельмі прыгожа. Цвіў ён потым таксама не горш, як у мінулым годзе, а сіне-блакітнае мора выглядала яшчэ больш шырокім і неабсяжным.

На льняным палетку ў Ларысы вельмі хутка праходзілі летнія дні. Здавалася, толькі-толькі ўзыходзіла сонца, іскрылася даўжэзнымі праменнямі ў расе, а вось глядзі — і ўжо абедзенны перапынак, пара бегчы дадому, карміць маленькага Даньку. Здавалася, яшчэ толькі гадзіну таму назад сонца стаяла ледзь не над самай галавой, дзяўчаты са звяна старанна закрываліся касынкамі, а вось, глядзі, — ужо і захад блізка, чарада авец падаецца бліжэй да вёскі. Лёгка дыхалася на палетках, нават і ўздыханні, калі яны здараліся, праходзілі без асаблівага болю ў душы.

А дома з дзіцем заставаўся Даніла. Унук мала калі і плакаў на руках у дзеда, цягнуў пакрысе соску, калі не спаў, а то вучыўся смяяцца і вылузваць з пялёнак ногі. Маці яны абодва сустракалі з нястрымнай радасцю.

...Сядзеў аднаго разу Даніла на сваім палку, трымаў на руках малога і думаў: «Даў бы бог яшчэ хаця б дзесятак год пражыць, падгадаваць вось гэтага чалавека».

Гадаваў бы ён свайго ўнука зусім не так, як некалі гадаваў сына. І сам цяпер жыў бы не так.

Нечакана вельмі паціху адчыніліся дзверы ў хату. Даніла павярнуў галаву. Ля парога стаяў Віктар у стаптаных кірзавых ботах, з размахручаным унізе шынялём на руцэ.

— Дзень добры, — глуха сказаў ён і не крануўся з месца.

Даніла без радасці і, здавалася, без здзіўлення кіўнуў галавой, адвярнуўся, а потым нізка нахіліўся над унукам.

— Дзе Ларыса? — спытаў Віктар.

Стары не сказаў ні слова, толькі ўнук чамусьці жвава заварушыў пульхнымі ручкамі і засмяяўся. Ён, мабыць, падумаў, што прыйшла з работы мама.

 

1957 г.


1956; 1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кулакоўскі А. Збор твораў у чатырох тамах. Том другі. Аповесці. - Мінск: Беларусь, 1970. - 392 с.
Крыніца: скан