epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Кулакоўскі

Расце мята пад акном

І
ІІ
III
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ
ХІІ
XIII
XIV


І

 

Дождж, проста лівень. Ніхто не супроць цёплых вясенніх дажджоў, але ж не надта прыемна, калі яны размываюць дарогі, робяць столькі гразі, што ні прайсці ні праехаць.

Высоцкаму давялося спыніць машыну. На ветравым шкле — імклівыя хвалькі, з бакоў таксама ўсё пацямнела. Нібы праз густы туман, відны пры дарозе дзве бярозкі. Яны ўжо зялёныя, свежыя да яркасці, а пад ліўнем здаюцца цемнаватымі. Высоцкі памятае гэтыя бярозкі з пазалеташняй восені. Калі прыязджаў сюды, яны былі жоўтыя, і навакол усё жаўцела. Часткова ад апалых лісцяў, а больш — ад незаворанага жытнішча. Тут не аралі, бо і гэты палетак адводзіўся пад новабудоўлю.

...Косы дождж перакатамі наплываў спераду, а задняе шкло было не заліта, і Высоцкі ўбачыў у люстэрку, што па дарозе нехта ідзе. Пазнаць нельга — зялёны плашч закрываў постаць, а капюшончык — твар. Высоцкі прачыніў пярэднія дзверцы. Дождж з ветрам шугануў праз шчыліну, стаў больш чуцён шквальны шум, але вуха ўлавіла і тое, як густыя кроплі барабанілі па плашчы.

— Хутчэй сюды!

Плашч залапатаў каля дзверцаў, і перш-наперш з-пад яго паказалася мокрая рука, маленькая, ружовая і нібы так вымытая, што можа прасвечвацца наскрозь.

— От дзякуй вам! — пачуўся зусім спакойны жаночы голас. — Гэта ж трэба — такі дождж!

Сеўшы побач, яна зняла з галавы капюшончык, і на шыю шчодра сыпануліся пышныя каштанавыя локаны, трошкі макраватыя, але непадатлівыя нават і вільгаці. Высоцкі ўбачыў на дзіва выразныя і прыгожыя вочы — бадай, ніхто не здолеў бы ўтрымацца, каб не заглянуць у іх. Наўрад ці можна было адразу сказаць, якога яны колеру, ды такое пытанне не ўзнікала: прывабныя і ўсё.

— А што ў вас?.. На маё шчасце, машына сапсавалася? — спытала нечаканая пасажырка. Спытала і засмяялася, прыязна паглядзела на суседа.

— Не, не сапсавалася, — адказаў Высоцкі. — Спыніўся, каб перачакаць дождж.

— А мне вось выпала, што ні сюды ні туды: ні на работу вяртацца, ні дадому бегчы.

— Дзе жывяце, кватаруеце?

— Там у адных... на астраўку.

Высоцкі ўсміхнуўся: ён добра ведаў, што гэта за астравок, і чаму людзі празвалі так вялікую вёску Галубоўка, з клубам, з добрым памяшканнем сельсавета і сярэдняй школай. Трохі смешная недарэчнасць была ў тым, што толькі ў гэтай вёсцы ўсё яшчэ не было святла, і яна выглядала як цёмны астравок сярод агнёў новабудоўлі і суседніх вёсак.

— Дык я вас і завязу ў Галубоўку, якраз тут па дарозе.

— Куды ні едзь, то яна па дарозе, — сказала пасажырка, — але туды не даедзеце.

— Чаму?

— Гразі па калена. Калі і даедзеце, то ў вуліцы машына сядзе.

Супроць гэтага не было чаго сказаць — Высоцкі ведаў, якая тут у некаторых мясцінах калатушка ранняй вясною і ўвосень. Непадалёку адсюль, дзе будуюцца першыя кварталы новага горада, спрадвеку была нізіна, мясцовыя людзі празвалі яе калясішчам.

Каб неяк згладзіць няёмкае маўчанне, ён пачаў праціраць далонню запацелае бакавое шкло і ўглядацца ў мутнаваты ад дажджу прастор за бярозкамі. Там было ўжо не так гола і пуста, як у мінулую восень. Нават скрозь густыя кроплі прасвечваліся белыя карпусы першых жылых дамоў. Заўважыў тым часам, што дождж пачаў крыху радзець, і сказаў, не паварочваючыся да пасажыркі:

— Перагоніць, вада збяжыць, тады паглядзім, даедзем ці не.

І між тым падумаў: «Як да яе звяртацца? Маладая яна зусім, дзяўчынка яшчэ, ці проста гэтакая маладжавая?»

— Дзякую, — пачуў ён вясёлы голас. — Перастане ліць, то я сама дабягу, хіба толькі да павароткі даедзем.

Высоцкі глянуў на суседку больш уважліва. Яна сустрэла яго пагляд кароткім, цікаўным позіркам і добрай усмешкай. Гэты позірк быў звычайны для першага знаёмства, але не такі, каб яго можна было не запомніць. Пры ўсмешцы шчокі быццам яшчэ больш пасвяжэлі і з-пад вуснаў заблішчалі белыя, прыгожыя роўныя зубы з невялічкім свішчыкам зверху.

«Не, — падумаў Высоцкі, — гэта не маладжавасць, гэта сапраўдная маладосць, вельмі натуральная і шчырая».

— Мне здаецца, што я вас недзе бачыў, — сказаў ён, трохі саромеючыся сваіх занадта ўжо звычайных слоў. Чакаў, што дзяўчына засмяецца ад іх, але яна зноў паглядзела на яго і з даверам паведаміла:

— Я ўжо даўно тут, з першых дзён будаўніцтва.

— А цяпер дзе працуеце, прабачце?

— У бібліятэцы пабудкома. Здорава гучыць! Праўда?

— Гучыць, — згадзіўся Высоцкі. — Чаму ж не? А дзе гэта ваша бібліятэка? Нешта я не ведаю.

— У часовай прарабскай, — ахвотна адказала дзяўчына. — Заходзьце, паглядзіце. Хоць і ў будцы жывём, але кніг маем многа. І газеты ёсць, часопісы.

— Дзякую, — адказаў Высоцкі. — Зайду.

 

Каля павароткі дзяўчына паспешліва вылезла з машыны і хуценька пайшла ў Галубоўку, спрытна абмінаючы на дарозе лужыны. Высоцкі паехаў далей, відаць, меў на ўвазе падабрацца як мага бліжэй да тутэйшай будаўнічай пляцоўкі. Ехаць таксама было нялёгка пасля такога ліўня. Выбіраючы цупчэйшыя мясціны, ён час ад часу намагаўся ўспомніць, дзе здаралася яму бачыць гэтую дзяўчыну. І нарэшце ўспомніў.

Амаль два гады назад, пад восень тут засноўвалі новы горад. На запусцелым калгасным палетку збілі трыбуну, паставілі паабапал высокія жэрдкі са сцягам і, пасля адпаведных такім урачыстасцям прамоў, пачалі ўкопваць цэментавы слуп з гранітнай шыльдай. Укопвалі пераважна дзяўчаты з новага набору, а мужчыны стаялі. Адна з іх была вось гэтая самая.

У той дзень Высоцкі прыязджаў сюды з Мінска, прадстаўніком ад трэста, якому даручалася будаваць усё тое, што павінна стаяць тут на зямлі: горад, прамысловыя аб’екты камбінатаў — аднаго, другога, трэцяга. А ўсе падземныя работы ўзяла на сябе такая арганізацыя, якую ў той час не кожны тут мог вымавіць: Шахтспецбуд.

Гэтая дзяўчына капанула разы два каля слупка, а потым стаяла з рыдлёўкай у руках і ўглядалася ў пазалочаны надпіс. Было каму тут капаць і без яе.

— Чаму яны гэтак назвалі новы горад? — спытала яна ў нейкага вельмі ж даўганосага хлапца. Спытала смела, без аглядкі, так што і Высоцкі пачуў.

— Хто гэта яны? — не надта задаволена спытаў хлопец.

— Хто б ні былі, а недарэкі! — ужо трохі цішэй сказала дзяўчына. — Ці гэтак павінен называцца наш малады горад?

Высоцкі не прымаў удзелу ў так званым «хрышчэнні» горада, але і яму стала няёмка ад такіх непасрэдных і, відаць, праўдзівых слоў. Ён падышоў бліжэй да слупка і яшчэ раз стаў чытаць надпіс: «Здесь заложен город Новостаробин...» «Сапраўды няўдалая назва, — падумаў ён. — Новастарая!»

Меркавалася ў тыя часы,што яму і даручаць будаваць новы горад. А потым, як часта бывае, планы перамяніліся, і давялося ледзь не цэлыя два гады кіраваць будаўнічым упраўленнем у суседнім раёне. І вось толькі нядаўна перавялі сюды.

«Дык гэта яна», — чамусьці зноў падумаў Высоцкі.

Спраў было многа: і ў той дзень і ў наступныя ён не меў амаль ні адной вольнай хвіліны. Аднак выпадковая пасажырка ўспаміналася, і ён рашыў усё ж такі як-небудзь знайсці час і заехаць у бібліятэку.

Дашчаны барачак (сапраўды, так наспех збівалі толькі часовыя прарабскія) быў пастаўлены на невялічкім узгорку, а вакол яго чарнела голае і нізкаватае поле, аднак жа не забытае вадзіцелямі цягачоў і самазвалаў. Гэтыя хлопцы цяпер ездзілі тут усюды. Шукаючы больш сухое месца, забіраліся на цаліну, на пасеяныя палеткі, а часам нават пад самыя вокны вясковых хат і новых гарадскіх дамоў. Каля гэтага прарабскага будыначка яны таксама нарабілі нямала каляін, месцамі так глыбока размясілі гразь, што, здавалася, яна ўжо ніколі не высахне.

Прабрацца да бібліятэкі было пакуль што цяжка, калі чалавек не ў гумавых ботах. Высоцкі быў у туфлях, яшчэ трохі жоўтых, пад колер ужо летняму касцюму: усё ж такі вясна на дварэ, хоць і часта праходзяць халаднаватыя дажджы ды прыкрываюць сонца цягучыя туманы. Сяк-так абмінаючы выбоіны і тванныя мясціны, ён паволі набліжаўся да барака і з сумам думаў пра таго культдзеяча, які выбраў гэтае месца і гэты будынак пад масавую бібліятэку. «Хто сюды пойдзе, хто знойдзе закінутую прарабскую?»

У мокрым цемнаватым калідорчыку Высоцкі ўбачыў на дзвярах лісток паперы, беражкі якога былі жоўтыя ад клею. Ступіўшы бліжэй, прачытаў, што бібліятэка пачынае работу з дзевяці гадзін раніцы, а калі спыняе — не было напісана. Паведамлялася толькі, што перапынак удзень бывае з першай гадзіны да чацвёртай.

«Хто пра гэта ведае? — зноў падумаў Высоцкі. — Хто прачытае гэтую шыльдачку, напісаную ад рукі?»

Аднак, калі ён адчыніў дзверы, дык ледзь не падаўся назад ад нечаканасці: невялічкі зальчык з двума вокнамі быў амаль увесь запоўнены людзьмі. Некалькі чалавек стаяла (сесці тут не было дзе) вакол двух столікаў з падшыўкамі газет і часопісаў, а цэлая чарга, як іншы раз у магазіне, выстраілася каля перагародкі, якая аддзяляла стэлажы ад чытальнага зальчыка. За перагародкай то паказвалася, то знікала між стэлажоў тая самая дзяўчына. Яна не заўважыла Высоцкага, а той не надта і хацеў, каб яго адразу заўважылі, — праціснуўся між людзей і стаў крайнім каля перагародкі.

Бібліятэкарка то паказвала людзям кніжкі з тых, што ляжалі ў яе пад рукою, то жвава паварочвалася і бегла шукаць іншыя. Твар яе быў вясёлы, нібы бесклапотны, але Высоцкі заўважыў, што калі яна гаварыла з тым ці іншым чытачом, то ў вачах з’яўлялася нешта падобнае на разгубленасць і трывогу. Чаго ёй трывожыцца? — можна было б падумаць, стоячы збоку. Але паспрабуй пабыць на яе месцы! Чытачы тут розныя: і старыя, і малыя, пісьменныя і малапісьменныя, а то часам ужо нават і залішне адукаваныя. Трэба кожнаму дагадзіць, кожнаму знайсці тое, што яму больш па густу. Некаторыя прасілі такую кніжку, якой не было, — тады дзяўчына старалася падабраць нешта блізкае ўзамен. Некаторыя нічога пэўнага не прасілі, але неахвотна бралі і тое, што ім давалі. Яны перабіралі і разглядвалі кніжкі, як часам які тавар у прадаўца.

Цярплівасці і такту ў дзяўчыны было многа — Высоцкі аж дзівіўся такой вытрымцы. Як ні даймаў яе хто-небудзь сваімі патрабаваннямі, усё роўна яна глядзела на яго так, нібы адчувала поўную сімпатыю і павагу. Некаторых гэта магло прывесці часам і ў зман, асабліва хлопцаў і маладых мужчын.

Такі ж доўгі і ўважлівы пагляд яна спыніла на Высоцкім, калі ён падышоў бліжэй.

— Добры дзень, — павітаўся ён як са знаёмай і зірнуў на стосік кніг на маленькім століку. Яму не хацелася, каб дзеля яго дзяўчына бегала, шукала чаго на стэлажах.

Яна кіўнула галавой і ўсміхнулася:

— Вам што-небудзь па аўтасправе?

— Не, чаму ж, — спакойна запярэчыў Высоцкі. — Я хацеў бы ўзяць нешта цікавае з мастацкай літаратуры.

— Прабачце, — сказала дзяўчына, — вы ў нас новенькі, дык я яшчэ не ведаю, што вы чытаеце, што любіце.

— Вось мне з гэтых, — сказаў Высоцкі і ўзяў са століка «Рускі лес». Некалі ён ужо чытаў раман, ды не дацягнуў да канца.

— Калі ласка, гэта цікавая! — ухваліла выбар дзяўчына і быццам зарадавалася, што так лёгка знайшлося патрэбнае. — Я вам запішу... Тут у нас некаторыя формы... Як ваша прозвішча, імя і па бацьку?

Высоцкі назваўся.

— Цяпер буду ведаць, — пішучы вучнёўскай ручкай, ціха прамовіла дзяўчына. — Леанід Аляксандравіч... Заходзьце да нас.

— Дзякую, — сказаў Высоцкі. Адступіў ад перагародкі і, паколькі за ім ужо людзей не было, прыпыніўся, павёў вачыма па сыраватых, сяк-так атынкаваных сценах.

— А што, лепшага памяшкання пад бібліятэку не знайшлося? — спытаў са шчырай заклапочанасцю.

Дзяўчына без асаблівай цікавасці паглядзела на яго: відаць, не ад першага чула такое пытанне. Заўважыўшы, што чалавек не насміхаецца, пачала гаварыць хоць і пошапкам, каб не перашкаджаць іншым, але ўсхвалявана, з абурэннем і глыбокай крыўдай.

— Чаму б гэта не! Чаму б не знайшлося, каб тыя, каму трэба, думалі пра гэта! Колькі ўжо гаварылася, колькі пісалася! Я сама ў каго толькі не была: і ў Жамчужнага, і ў Крывашыпа, і ў галоўнага інжынера трэста. А свайму гэтаму пабудкому, дык праходу не даю.

— Ну і што яны? — пацікавіўся Высоцкі. — Абяцаюць?

— Хто абяцае, а хто і проста адмахваецца. Асабліва гэты наш галоўны, Істужкін. З месяц назад у яго была. «А што вам, харомы там патрэбны? — пытае. — Кнігі ўмясціліся, і ладна!» А сам ні разу не завітаў у бібліятэку, не паглядзеў, як яны тут умясціліся. — Дзяўчына паказала рукой на стэлажы. — Толькі палавіна тут сяк-так уціснута, і то ў два рады. А колькі яшчэ ляжыць у стопках і ў пакунках! Літаратуру нам даюць як новабудоўлі, а яе нават складваць няма дзе, не то што раскладваць.

Высоцкі зноў падышоў да перагародкі і, трошкі перахіліўшыся, заглянуў у цемнаватыя шчыліны між стэлажоў. Каля процілеглай сцяны сапраўды ляжала многа кніг, магчыма, нават не разабраных. Тут жа былі складзены старыя падшыўкі газет, розныя часопісы і брашуры.

— Больш нічога ў вас і няма? — адчуўшы сапраўдную крыўду за такое становішча, спытаў ён. — Ні бакоўкі якой, нічога?

— Няма! — адказала дзяўчына. І голас яе нібы сарваўся, прагучаў так абурана, што амаль усе чытачы каля столікаў азірнуліся. — Мне так набалела ўсё гэта, што не магу гаварыць спакойна. Прыйду да каго ў кабінет, дык і там, бывае, пачынаю крычаць, хвалявацца.

— Часам гэтак і трэба, — сказаў Высоцкі.

— Не ведаю. — Дзяўчына ўсміхнулася неяк вінавата, разгублена. — Тут я сябе не хвалю. Аднаго разу так раскрычалася ў галоўнага інжынера, што аж успомніць сорамна. Праўда, і ён вінаваты: «Паляжаць твае кнігі і там, глядзі толькі, каб мышы не завяліся. Мне перш за ўсё людзей трэба забяспечваць». А як на свой катэдж, дык знайшоў і матэрыялы, і час, і рабочыя рукі!

Высоцкі заківаў галавой нібы ў знак згоды, нібы ў знак сумнення, потым сказаў нешта аб цяжкасцях першых часоў і развітаўся.

— Дык заходзьце! — зноў запрасіла дзяўчына і неяк адразу спахмурнела, быццам патухла. Відаць, ёй непрыемна стала ад таго, што амаль кожнаму стрэчнаму і папярэчнаму скардзіцца на свае цяжкасці, а карысці ад гэтага ніякай. Пайшла за стэлаж і не выходзіла адтуль да таго часу, пакуль каля перагародкі зноў не сабралася чарга.

А новы чытач таксама не ў вясёлым настроі выйшаў з бібліятэкі. «Дзеля чаго пачаў такую размову? — неяк само сабою ўзнікла пытанне. — Каб памагчы гэтаму чалавеку, ці толькі каб пагаварыць? Канечне, трэба было б памагчы. Але ці выйдзе гэта? Людзей на будоўлі многа, большасць з іх кватаруе ў вёсках. А колькі яшчэ прыедзе шахцёраў, хімікаў!..»

Перад вачыма стаяла жвавая і, мабыць, вельмі энергічная загадчыца першай тут бібліятэкі. Чамусьці зноў, як і тады ў машыне, запомнілася яе маленькая, нібы вучнёўская, рука... Нават плямка ад чарніла на пальцы. І здалося, што задрыжаў гэты палец, калі яна запісвала новае прозвішча... Пэўна ж, ад холаду, бо нават і цяпер у памяшканні вільготна. А як тут было зімой?..

 

ІІ

У кабінеце галоўнага інжынера — амаль уся будаўнічая брыгада, а самая прыгожая ў трэсце сакратарка асталася ў прыёмнай адна. Пад валікам машынкі — два лісткі паперы, перакладзеныя капіркай, аднак дзяўчына быццам бы і не збіраецца друкаваць — крыўдуе. Ніколі раней таго не было, што здарылася некалькі хвілін назад.

...Уся гэтая маладзёжная брыгада раптам увалілася ў прыёмную.

— Чаго вы такім гамузам? — Пачакайце ў калідоры!

— Нам трэба да галоўнага!

— Ён заняты!

— Далажыце, што ў нас вельмі важная справа!

— Пачакайце там!..

І толькі дзяўчына выставіла руку ў бок калідора, як у дзвярах кабінета паказаўся галоўны інжынер.

— Што тут такое? — ціха, але незадаволена спытаў ён у сакратаркі.

— Ды вось пруцца!

— Не пруцца, а прыйшлі да мяне. Заходзьце, таварышы! А вы, калі ласка, не ўчыняйце асаблівых кардонаў тым, хто хоча сюды зайсці.

«Кардонаў?..» — паўтарыла сама сабе дзяўчына, калі дзверы ў кабінет зачыніліся і больш дзесятка хлопцаў было ўжо там. — Якіх гэта кардонаў? I што гэта за слова такое?.. Чуш сабачая!..»

Узяўшыся потым падхарошваць манікюр, дзяўчына думала пра сваю добрую сяброўку — сакратарку Жамчужнага, якая не так даўно выйшла замуж, але ўжо збіраецца ў дэкрэт. От каб заняць яе месца, хоць часова! Там і аклад на дзесяць рублёў большы, і работы менш, і спакойная будзеш заўсёды. Жамчужны чалавек мяккі, ветлівы, іншы раз, калі нікога няма, спявае ў кабінеце. І голас у яго такі прыемны, мілагучны. Майка толькі сядзіць ды слухае...

У гэты час зайшла ў прыёмную загадчыца бібліятэкі.

Сакратарка ўкінула нажнічкі ў шуфлядку століка і па звычцы напусціла на сябе нейтральна-бесклапотны выгляд.

— Вам што?

— Мне б на хвілінку да галоўнага інжынера.

— Заняты! — спачатку адрэзала дзяўчына, а потым, відаць, перадумала і абыякава махнула рукой. — Заходзьце! — сказала ледзь чутна. — Усё роўна там...

Сама зноў дастала нажнічкі, паціснула вузкімі плячыма пад клятчастым шалікам і сумна паглядзела ў туманнае акно.

— Холад сабачы...

А загадчыца бібліятэкі ў думках падзякавала дзяўчыне за тое, што так хутка прапусціла, але, адчыніўшы дзверы, разгубілася і міжвольна падалася назад.

— Прабачце! — сказала яна, не здолеўшы схаваць свайго здзіўлення. — Я...

— Калі ласка, заходзьце! — запрасіў галоўны інжынер і прыўзняўся з месца. — Пасядзіце хвіліну, пакуль мы тут... — І ён паказаў на крэсла ля краю бакавога прадаўгаватага стала.

Дзяўчына села і чамусьці перш-наперш стала непрыкметна аглядваць тых людзей, што былі цяпер у кабінеце: ці няма сярод іх абанентаў бібліятэкі? Гэта было самае зручнае для такога моманту, бо іначай яна проста не ведала б, што ёй у гэтыя хвіліны рабіць, куды скіроўваць свае позіркі. На інжынера ёй хацелася б глядзець, нават разглядваць яго і слухаць роўную спакойную гаворку з маладымі будаўнікамі. Аднак жа гэта было няёмка, бо з яе думак і вачэй не сходзіла здзіўленне: за сталом сядзеў Высоцкі, той новы абанент, якому яна прапаноўвала кніжкі па аўтасправе.

«Значыцца, не шафёр, — дакараючы і трохі падсмейваючыся з сябе, думала дзяўчына. — І як гэта адразу было не здагадацца, яшчэ тады, калі хавалася ў яго машыне ад дажджу? Падумалася, што калі за рулём, то і шафёр, то і возіць некага. А з выгляду хіба цяпер пазнаеш! Прыходзяць у бібліятэку хлопцы з аўтакалоны — часам духамі ад іх пахне».

Будаўнікі, што сядзелі тут, таксама амаль усе былі ў чыстых і добрых касцюмах. Пасадзі каторага за начальніцкі стол, і ніхто не скажа, што ён не на сваім месцы.

Высоцкі гаварыў па тэлефоне спачатку з дырэктарам завода бетонных вырабаў, а потым з будаўнічым упраўленнем. Бадай, нічога няма больш непрыемнага, як слухаць тэлефонныя размовы чалавека, да якога прыйшоў пагаварыць. Але цяпер загадчыца бібліятэкі магла б слухаць іх нават і доўга. Не кожнага, вядома, а вось гэтага чалавека, які сядзеў за шырокім сталом, на большую палавіну закладзеным рознымі папкамі ды скруткамі ватману.

Голас Высоцкага быў спакойны і неяк асабліва ўнушальны. Ён нікому на загадваў, не даваў суровых даручэнняў. Ён прасіў, але адчувалася, што ўсе гэтыя просьбы павінны быць выкананы. Адчувалася і тое, што калі падначалены або і не падначалены забудзе пра якую-небудзь просьбу, то Высоцкі нагадае аб ёй, і тады ўжо наўрад ці будзе гэтакі абыходлівы.

— Мы спачатку хацелі напісаць вам пра ўсё, — загаварыў адзін з хлопцаў, відаць, брыгадзір. — А потым — вось... — Ён абвёў вачыма астатніх. — Рашылі зайсці.

— І правільна зрабілі, — падтрымаў Высоцкі. — Пішуць цяпер многа і без вас. Лягчэй напісаць, чым самому прыкласці, дзе трэба, рукі.

— Нам каб толькі не стаяць, — занепакоіўся ўсё той жа хлопец. — Замучылі гэтыя прастоі не па нашай віне. А ў канцы месяца — вінаваты ўсё-такі мы.

— Пабываю ў вас, — паабяцаў Высоцкі. — Хутка пабываю! Можа нават сёння!

Хлопцы ўсталі, брыгадзір цераз стол працягнуў Высоцкаму руку і следам за ўсімі пайшоў да дзвярэй. Ля парога глянуў на бібліятэкарку і пачціва кіўнуў галавой, залішне светлай для яго ўзросту, а тады надзеў падношаную з маленькім казырочкам кепку.

Сын Бранаўца, Віктар, — кіўнуўшы яму ўслед, сказаў Высоцкі. — Знаёмы вам?

— Трохі ведаю, — адказала дзяўчына. — А пра бацьку яго, то і больш ведаю... Ад людзей, ды і сама, можна сказаць, тутэйшая.

— Адкуль?

— З суседняга раёна, але вёска наша недалёка адсюль.

— Я таксама мясцовы, — устаючы з-за стала, паведаміў Высоцкі. — І Бранаўца ведаю добра. Глянуў на сына, дык пазнаў адразу: вельмі падобны на бацьку...

Леанід Аляксандравіч уздыхнуў і на момант задумаўся. Потым, нібы спахапіўшыся, ступіў да бакавога стала, гасцінна паказаў рукой на пярэднія крэслы.

— Сядайце, калі ласка, бліжэй, а то ў мяне тут тэлефон, можа званіць людзі будуць. Вы, пэўна, наконт бібліятэкі?

— Вядома, — сумеўшыся, сказала дзяўчына і ўстала. — Толькі, прабачце, я зусім не ведала, што іду да вас. Пра Істужкіна чула, што яго перавялі, а хто на яго месцы, не ведала. І зусім не чакала...

— Што я тут? — падхапіў Высоцкі.

Дзяўчына пачырванела, і вочы яе заблішчалі гарэзліва і вінавата.

— Па сваёй наіўнасці я думала, што вы шафёр.

— І правільна думалі, — падтрымаў Высоцкі. — Я сапраўды шафёр, нават трэцяга класа, і адпаведныя правы маю.

— Мне здалося, што возіце некага.

— Не, не важу і не вазіў, а сам езджу. І скажу вам — люблю ездзіць, вельмі люблю! Калі ўсё ладзіцца ў машыне і дарога харошая, дык адпачываю за рулём. Рызыкую часам толькі тым, што задумваюся едучы, пачынаю абрахоўваць розныя свае справы. Аднаго разу ледзь не зваліўся ў канаву на абочыне.

Ужо больш заспакоеным рухам дзяўчына паправіла пышныя і доўгія локаны, смялей паглядзела на свайго неспадзяванага субяседніка.

— Дык памагайце, Леанід Аляксандравіч! — папрасіла проста, даверліва.

— Хочаце лепшае памяшканне?

— Ну, перш за ўсё. Вы ж самі бачылі. Гэта цяпер... А каб зайшлі зімою! Холад, мароз — чарніла замярзала.

— І вы былі там? Кожны дзень?

— Была. А як жа. Людзі прыходзілі... Стаяць, бывала, каля перагародкі, стукацяць нагамі ад холаду, а ўсё роўна просяць кніжак.

— Там і вясною холадна, — спагадліва сказаў Высоцкі. — Не магу нават уявіць, як вы трывалі зімой.

Ён зноў крыху памаўчаў, потым падсунуў да сябе газету і апусціў вочы на ніжнюю калонку. Відно было, што ён ужо чытаў тут нешта, ды не дачытаў да канца — хтосьці перашкодзіў.

— Гэта вы пісалі? — спытаў у дзяўчыны, узняўшы на яе добрыя шэрыя вочы.

Яна глянула на стол, заўважыла мясцовую шматтыражку і кіўнула галавой.

— Псеўданімам падпісаліся ці тут ваша прозвішча?

— Маё гэтакае! — засмяяўшыся, сказала дзяўчына. — Неважнецкае ў мяне прозвішча, але я нідзе яго не хаваю. Пішу, дык падпісваюся, выступаю дзе, дык усім гавару, хто я такая.

— Ева Дым, — разборліва і з ласкавасцю ў голасе прачытаў Высоцкі. — Чым жа кепскае прозвішча? Ды хіба гэта важна? А па бацьку, як вас? Скажыце ўжо ўсё.

— Кузьма яго звалі, — ахвотна паведаміла дзяўчына. — Але я — проста Ева. Так мяне ўсе завуць.

— Папала тут нам! — яшчэ раз глянуўшы на невялікую падвёрстку ў паласе, прамовіў Высоцкі. — І правільна, зусім правільна!

— Вам самім не папала, — неяк захваляваўшыся, прамовіла дзяўчына. — Я мела на ўвазе Істужкіна... Вы, мабыць, ведаеце, што гэта за чалавек?.. Для яго існавала толькі тое, што на карысць самому...

Высоцкі слухаў гэтыя шчырыя апраўдванні і ўжо больш па памяці перачытваў некаторыя абзацы з артыкульчыка. Яны былі вельмі непасрэдныя і прамыя, часам рэзкія, але цвёрдыя па логіцы. Словы і выразы падабраны трапна: хто прачытае, то наўрад ці хутка забудзе. Непрыкметна глянуў на яе руку: той раз у бібліятэцы яна дрыжала ад холаду. Уявілася, як гэтай рукой, у перапынку паміж выдачамі кніг, пісалася вось і сённяшняя заметка. Почырк круглы і выразны. Такім почыркам выведзены той надпіс, што вісіць на дзвярах бібліятэкі. На заметку, вядома, ускладаліся надзеі, а вось ці прачыталі яе тыя, каму яна адрасавана?..

— Што ж, будзем старацца... — паабяцаў Высоцкі. І адразу заўважыў, што Ева апусціла вочы. Адчуў, як яна падумала ў гэты момант пра яго, і паправіўся. — Я разумею, што вы ўжо, мабыць, чулі такія словы ад іншых, але я сапраўды хачу памагчы. Тут і вам асабіста і агульнай справе. Праўда, не ўсё ад мяне...

— От гэтага не гаварыце! — перапыніла яго дзяўчына. — Сапраўды надакучыла! Да таго ўжо модныя сталі гэтыя словы, што слухаць прыкра. Асабліва ад вас. Скажыце проста: можаце што зрабіць ці нічога не можаце?

— Добра, — лагодна ўсміхнуўшыся, прамовіў Леанід Аляксандравіч. — Скажу проста, што зраблю, але не адразу.

— Ну, гэта ўжо больш канкрэтна. Дзякую! Хоць там у мяне і вельмі цесна, нязручна, аднак летнія месяцы сяк-так пражывём. Я вельмі баюся аставацца там на восень ды яшчэ на адну зіму. Ужо сілы маёй не хопіць.

— Не. Да восені пераселім, — пацвердзіў Высоцкі. — Думаю, што і раней.

Ева адхіліла вузкі рукаўчык жакеткі і глянула на гадзіннік.

— Што, у вас абед? — спытаў Леанід Аляксандравіч, і зноў перад яго вачыма мільганула шыльдачка на бібліятэчных дзвярах.

— Наогул-то перапынак, — адказала Ева, — але наўрад ці я паспею ўжо збегаць дадому.

— А як жа?.. Хіба... Дзе вы абедаеце?

— Нідзе. — Ева раптам пачырванела і, засмяяўшыся, вінавата глянула на Высоцкага. — Ото, бывае, на хаду з’ем што-небудзь, а бывае, што забегаюся, дык і забуду пра абед. Да самага вечара не хочацца есці.

— Маладая вы, трывалая, — тут ужо як старэйшы пачаў гаварыць Высоцкі. — Арганізм усё пераносіць, аднак не злоўжывайце сваім здароўем.

— Дык я не такая і здаровая, — нібы даўняму знаёмаму, прызналася Ева. — Нядаўна ляжала дзён некалькі. Паехалі ў калгас выступаць, а дождж як лінуў... На мне толькі гэтая жакетка была.

— Вось бачыце! — Высоцкі дакорліва паківаў галавой. — Значыць, трэба нам хоць трохі, але і пра сябе думаць. А з чым вы там выступалі?.. З дакладам, лекцыяй?

— Ды не, што вы! З самадзейнасцю.

— О, гэта цікава! А ёсць ужо ў нас што-небудзь?

— Ёсць. Пры клубе.

— Вы, мабыць, спяваеце?

— Усяк бывае. Трохі спяваю, трохі танцую, а больш — чытаю. Байкі вельмі люблю чытаць.

— «Вороне где-то бог послал...» — працяжна, пад тон некаторым цяперашнім паэтам, прадэкламаваў Высоцкі і засмяяўся. — Сто гадоў жыве гэтая варона, а новых такіх баек я нешта і не чуў.

— Чаму, ёсць у нас не толькі Крылоў, — удакладніла Ева.— Крапіву чытаем, Міхалкова. А частушкі ды эпіграмы свае. — Дзяўчына зноў глянула на гадзіннічак. Ой, загаварылася я ў вас... Пабягу!

— Дык куды вы, дадому?

— Ну, калі вы гэтак напалохалі мяне, то прыйдзецца збегаць паабедаць.

— Я падвязу, якраз еду ў той бок.

 

Машына стаяла з тылавога боку часовага барака, у якім размясціўся будаўнічы трэст. Тут ужо былі пасаджаны дрэўцы. Не толькі пасаджаны, а і адгароджаны нізкім парканчыкам. А парканчык гэты пафарбаваны пад колер той зеляніны, якая неўзабаве павінна тут зашумець. Але пакуль што малавата тут зялёнага: увесь палетак заняты будаўнічымі матэрыяламі, фундаментамі і карпусамі. Тут пачне што-небудзь расці толькі ўжо ў наступную вясну.

Каля парканчыка — уезджаная дарога, яшчэ не асфальтаваная. На абочыне Высоцкі і пакідае сваю машыну пад нагляд трэстаўскага вартаўніка.

Усюды ўжо добра падсохла, дні два не было дажджу. Высоцкі адкрыў пярэднія дзверцы і знакам рукі запрасіў Еву сесці. Яна села адразу, неяк вольна і спрытна, нібы ездзіла ў гэтай машыне кожны дзень.

— Не ведаю, ці прызнавацца вам у адной маёй бядзе, — загаварыла проста і даверліва.— Вельмі люблю ездзіць на машыне. Неяк усё хутка змяняецца перад вачыма і бяжыць-бяжыць табе насустрач...

— Тут мы з вамі — пара, — з усмешкай сказаў Леанід Аляксандравіч. — От каб вы яшчэ за рулём пасядзелі!

— Гэтага пакуль што не ўяўляю, — прызналася Ева. — Нічога не разумею ў гэтых самых старцёрах, тармазах. А галоўнае — наўрад ці здолею глядзець увесь час толькі перад сабою. Мне хочацца бачыць, едучы, усё-ўсё навакол...

— Шкада, што ў нас так мала часу, — сказаў Высоцкі. — А то праехалі б нават сёння туды, пад хлебазавод. І да самай рэчкі лесам. Па нашаму генпраекту — гэта, як вы ведаеце, парк культуры і адпачынку. І будзе тут парк, вялікі, прыгожы. Аднак гэта для тых людзей, што прыехалі сюды і яшчэ прыедуць, для тых дзяцей, што ўжо нарадзіліся тут і яшчэ народзяцца. Для мяне ж гэта — памяць маленства, месца лепшых забаў вясковых канапасаў.

— А хіба што-небудзь можна пазнаць з тых далёкіх часоў?

— Можна! — з захапленнем прамовіў Высоцкі. — Уявіце — сапраўды можна! Лес, вядома, не той цяпер: у вайну яго месцамі спалілі, месцамі высеклі — вырас новы. Але асталіся некаторыя лужкі, горкі з густым ядлоўцам, сям-там свежыя крыніцы. Іх я пазнаю. Канечне, патрэбна фантазія, каб уявіць, як тут было каля трыццаці гадоў назад. Але яна лёгка прыходзіць.

— Як-небудзь другім разам праедзем, калі ў вас і ў мяне выпадзе хвіліна. — Ева збоку, нібы неўпрыкметку, паглядзела на Высоцкага. — Цікава пабачыць, дзе гэта вы некалі пасвілі коней.

— А ведаеце што? — неяк вельмі шчыра ажывіўся Высоцкі. — Давайце надта і не адкладваць! А то вясна хутка праляціць, і не заўважым. У мяне ўжо некалькі год так: восень трохі памятаю, а вясну не. У вас калі наступны выхадны?

Ева хвілінку падумала і сказала:

— Па правілу ў аўторак, але я ўсё роўна хаджу на работу.

— А вы не ідзіце хоць адзін раз, — параіў Высоцкі. — У мяне больш складана з выхаднымі, і то стараюся хоць трохі вырываць іх. Аўторак... — задумліва паўтарыў ён. — Далекавата трохі... Што ў нас сёння? Серада? Ці няма там якога пасяджэння? Ладна! У другой палове дня... Які час вам больш спадручны?

— Гадзіны ў чатыры, — сказала Ева і раптам густа пачырванела. — Не ведаю... — дадала ціха і разгублена. — Можа абаненты затрымаюць... А можа...

— Што? — насцярожана спытаў Высоцкі.

— Мы яшчэ ўсё-такі мала знаёмыя.

— А мне здаецца, што я вас ведаю даўно. Сапраўды, бачыў гады два назад.

— Дзе?

— От і пагаворым пра ўсё. Пад’еду я вось сюды. — Ён паказаў на крайнія хаты Галубоўкі.

 

III

Назаўтра брыгада Віктара Бранаўца павінна была выйсці на работу ў восем гадзін раніцы, і ў гэты ж час прыехаў туды Высоцкі. Вуліца, на якой хлопцы працавалі, не лічылася самай цэнтральнай, але мела тую асаблівасць, што на ёй рассяляліся сямейныя шахцёры і спецыялісты па хіміі. Дамы будаваліся па некалькі кватэр у кожным, але пакуль што аднапавярховыя і падобныя адзін на адзін, як дзве кроплі вады. Яшчэ здалёк Высоцкі ўбачыў высокую арку ў пачатку вуліцы і трохі здзівіўся: чаго яна тут. Некалькі дзён назад заязджаў сюды, дык яе не было.

Сэнс новага збудавання прасвятліўся, калі Леанід Аляксандравіч пад’ехаў бліжэй. На верхняй папярочнікі аркі вісела шырокае чырвонае палотнішча, а на ім белымі літарамі паведамлялася, што гэты будаўнічы ўчастак ударны, што камсамол узяў над ім баявое шэфства. Ні адной хвіліны тут не павінна быць прастою, ніводнага выпадку невыканання нормы! Літары былі вялікія і перапісаны з тэксту, відаць, мастаком. Пасля кожнага сказа стаялі клічнікі, ды такія даўжэзныя, што калі б яны былі з дрэва, то можна было б скарыстаць на жэрдкі.

Пад гэтай аркай стаялі хлопцы з Віктаравай брыгады, курылі, злосна сплёўвалі і, нецярпліва пераступаючы з нагі на нагу, паглядвалі на трэстаўскі «газік». (На гэты раз Высоцкі прыехаў па службовай машыне.)

— Добрай раніцы, сябры! — прывітаўся Леанід Аляксандравіч, падышоўшы бліжэй. Ён пазнаў тут некаторых з тых, што ўчора былі ў яго ў кабінеце.

Хлопцы прыязна адказалі і сталі менш дыміць папяросамі.

— Што, вымушаны перакур ці проста размінка перад пачаткам работы?

— Размінка, — зласнавата адказаў адзін з хлопцаў, відаць, не зразумеўшы жарту ў пытанні. — Так амаль кожны дзень размінаемся.

— А Бранавец дзе?

— Пабег шукаць прараба.

— Чаго няма? Раствору?

— І цэглы толькі на адзін заход.

Высоцкі ступіў да машыны і, ужо адкрыўшы дзверцы, затрымаўся, зноў глянуў на арку.

— А гэта чыё тварэнне? Не ваша?

— Ды не! Гэта Шчабятун!.. Генька прыдумаў. Шчабятунчык!

Хлопцы дружна засмяяліся, і пад гэты смяшок нехта так моцна і салёна вылаяўся, што нават шафёр Высоцкага, такі ж забіяка, як і тыя, балюча скрывіўся і зацмокаў языком.

Леанід Аляксандравіч паехаў у тое будаўнічае ўпраўленне, якое вяло гэтую вуліцу, але па дарозе сустрэў самога начальніка ўпраўлення Каробкіна. «Газікі» спыніліся ледзь не буфер у буфер, і першыя паздароўкаліся між сабою шафёры. Потым спусціўся з сядзення кароценькі, паўнацелы чалавек у вайсковай шапцы, відаць, не так даўно з арміі. Найбольш папулярнае з яго тутэйшай біяграфіі было тое, што ён самаўладна, без ніякай чаргі даў асобны пакойчык у новым доме адной прыгожай дзяўчыне з рознарабочых. Жонка даведалася пра гэта, падагрэла мясцком, некаторых іншых зацікаўленых, і рашучаму начальніку давялося перасяліць красуню зноў у інтэрнат.

— Ведаю, ведаю! — умела прыхоўваючы няёмкасць, загаварыў Каробкін, падыходзячы да Высоцкага і працягваючы кароткую, але дзябёлую руку. — Раствору няма, цэглы не хапае? Усё ведаю! Вось і еду, каб паправіць!

— Дык можа не сюды вам?.. — усумніўся Высоцкі.— З заводам трэба наконт раствору, а цэгла ваша, мабыць, на станцыі.

— Звязаўся ўжо з заводам! — энергічна заявіў Каробкін. — Паразганяць бы іх там усіх, каб гэта па сапраўднай воінскай дысцыпліне. Нагаварылі, наабяцалі, мы паверылі ды свой палігон прыкрылі... А цяпер не забяспечваюць растворам...

— Зрабіце, калі ласка, усё, каб тут хлопцы не прастойвалі, — папрасіў Высоцкі. — А я хутка буду на заводзе. А то — бачыце? — Ён паказаў на арку.

— Шумім, браткі, шумім! — падхапіў Каробкін. — Ну, гэта не мы, я асабіста вельмі не люблю шуму. Камсамол агіціруе — што ж ты тут скажаш?

— Я вярнуся сюды да абеду, — сказаў Леанід Аляксандравіч і сеў у машыну. Папрасіў шафёра ехаць проста на завод жалезабетонных вырабаў, аднак праз некаторы час мякка дакрануўся да яго рукі. Той ужо ведаў, што гэта азначае, спыніў машыну. Непадалёк ад дарогі будаваліся прамысловыя і службовыя карпусы калійнага камбіната, і ўвагу галоўнага інжынера прыцягнула адна даволі характэрная для тых часоў з’ява. Паабапал рыжых ад цэглы насілак сядзелі дзве ўжо добра загарэлыя дзяўчыны і, раз-пораз заліваючыся вясёлым смехам, нагружалі насілкі. Тое, як яны нагружалі, і ўразіла Высоцкага. Цэгла ляжала з аднаго боку насілак і з другога; адна дзяўчына працягвала руку ў свой бок, а другая — у свой. Кожная павольна брала па цагліне і клала на насілкі. Дзяўчаты не ўсталі і нават не змянілі сваіх рухаў, калі падышоў галоўны інжынер.

— Так, значыцца, стараемся, — прамовіў Леанід Аляксандравіч, і голас яго ледзь не заскрыпеў ад абурэння.

Дзяўчаты нібы і не заўважылі гэтага, трошкі павярнуліся да яго і са спакойнай абыякавасцю запыталі:

— А што, хіба кепска?

— І не сорамна вам?

— А чаго саромецца? Як умеем, так і працуем.

— Што ж вы заробіце, так працуючы? — спытаў Высоцкі ўжо мякчэй, бо зразумеў, што строгасцямі гэтых дзяўчат не проймеш. Адна з іх, шыракатварая, мажная і, відаць, байчэйшая за першую, узняла на інжынера вялікія, як слівы, вочы і ўпэўнена сказала:

— Мінімум усё роўна заплацяць, а больш не заробіш, як ні старайся.

— Ну і як жа вы пражывяце на гэты мінімум?

— А што нам, — прамовіла ўсё тая ж дзяўчына, расплыўшыся ў шырокай усмешцы і заблішчаўшы белымі, як часнок, зубамі. — Бульба ёсць, вада — радам. Дроў прыпром — і парадак!

Высоцкі нехаця засмяяўся і, мабыць, не знайшоўшы, што адказаць, марудна павярнуўся і пайшоў да машыны.

— А можа вы гэта карэспандэнт які? — пачуў ён за сабою голас. — То напішыце пра нас у газету, як мы тут працуем!..

«От і пагавары з імі, — думаў, ідучы, Высоцкі. — Паспрабуй пераканаць, што трэба працаваць лепш. Уцяклі з калгаса, атрымалі пашпарты, а цяпер ядзяць тую ж калгасную бульбу і грэюцца на сонцы. Трыццаць рублёў у месяц ім усё-такі заплацяць, а каб выпрацаваць больш па цяперашніх нормах, то трэба сапраўды рукі сарваць насілкамі».

Яму ўспомнілася, як на днях прыходзіў у кабінет інжынер з аддзела працы і зарплаты. Скардзіўся, што некаторыя падсобныя рабочыя і па дзесяць рублёў у месяц не зарабляюць, калі налічваць ім паводле правілаў. Але ж як гэта можна плаціць чалавеку толькі дзесяць рублёў? І вось прыходзіцца ісці на розныя прыпіскі, каб дацягнуць да мінімуму. Падносілі дзяўчаты цэглу на дзесяць крокаў, а пішацца, што на цэлую сотню. Перанеслі за месяц які дзесятак кубаметраў, а пішацца ўтрая больш.

Па вуліцы ехала калясачка з блакітным верхам. Ехаць было яшчэ цяжкавата: месцамі не зраўняліся каляіны, месцамі не зусім высахлі лужыны. Яе везла перад сабою маладая жанчына ў шэрай паношанай спяцоўцы, а каляска была новенькая, уся блішчала нікелем, нават здавалася, што яна ехала сама.

Высоцкі спыніўся каля гэтай каляскі. У ёй ляжаў яшчэ спавіты гаспадар такой раскошы, спакойна пасмоктваў соску і лупата паглядваў на маці. Побач з ім ляжала баханка хлеба.

— Ваш? — спытаў Высоцкі, неяк адчуўшы, што гэта павінен быць сын.

— Мой, — адказала жанчына. Яна таксама спынілася, сарамліва апусціла вочы.

— Няхай вялікі расце.

— Дзякуй вам. — Яна, мабыць, пазнала галоўнага інжынера. — Вось едзем дадому, з магазіна, бабка нас пасылала. А хутка зноў на работу.

— Не буду затрымліваць, прабачце, — вінавата сказаў Леанід Аляксандравіч, а сам так і не мог адарваць вачэй ад здараўчанага, вясёлага немаўлёнка. І, каб неяк апраўдаць сваю гэтую ўвагу, ён спытаў:

— Бранаўца часам не бачылі?

— А ён толькі што быў дома, абедаў. Мабыць, пайшоў ужо на аб’ект.

— Дык вы, мабыць...

— Я Ірына, яго жонка.

Брыгадзір комплекснай брыгады Віктар Бранавец быў на рыштаваннях, калі Высоцкі падышоў да перацятага вялікімі праёмамі вокнаў корпуса. Убачыўшы галоўнага інжынера, Віктар памкнуўся спусціцца ўніз, але Высоцкі надаў яму знак рукой і палез на рыштаванні сам.

— Дай на хвілінку, — звярнуўся ён да брыгадзіра, любоўна глянуўшы на кельму. І адразу зняў пінжак, стаў нецярпліва закасваць рукавы сарочкі.

Потым яны стаялі на рыштаваннях побач, абодва русагаловыя і, калі здалёк глядзець, дык і абодва маладыя. Толькі зблізку можна было заўважыць, што Леанід Аляксандравіч намнога старэйшы, хоць гэтак жа, як і Віктар, статны, падцягнуты, нічога лішняга няма ні ў постаці, ні ў твары. З рыштаванняў добра відна была ўся новая вуліца і наваколле.

— Аднастайна усё-такі, — заўважыў Высоцкі. — Нешта падобнае на вайсковы гарадок.

Віктара гэта здзівіла, ён паглядзеў на галоўнага інжынера не зусім даверліва і не згадзіўся.

— А мне здавалася, — апусціўшы вочы, загаварыў ён, — што наша вуліца будзе самая прыгожая ў горадзе.

— Гэта добра, што вы так лічыце, — ухваліў Высоцкі. — А то адпала б ахвота будаваць. Аднак жа вуліцы гэтай усё-такі нечага не хапае, аднатыпнасць быццам аказёньвае яе.

— Будуць прысады, — гаварыў далей Віктар, — тратуары, асфальт — можа і выгляд зменіцца.

— Сюды магазінаў хаця б два-тры, — прыкідваў у думках Высоцкі. — Ды з прыгожымі фасадамі, з вітрынамі. Потым, і ў праектах дамоў можна палепшыць некаторыя дэталі. Не толькі знешнія. Нам трэба будзе разам падумаць аб гэтым.

...Новая вуліца... Ужо не першая яна ў новым горадзе, бадай, самым маладым у краіне. Растуць вуліцы на былых калгасных выганах і палетках, а гэтая — амаль на агародах невялічкай вёсачкі. Некалі была шматдваровая гэтая вёска, але ў вайну не адзін раз гарэла ад баёў і ад рук карнікаў. Потым ужо мала хто і будаваўся тут, усё роўна як ведалі, што ўся плошча зоймецца горадам. Некалі стаяла тут і хата Бранаўцоў, Віктар ледзь толькі памятае пра гэта.

Высоцкі прайшоў па рыштаваннях да вугла дома і стаў задумліва глядзець на палетак, які цягнуўся адсюль аж да самага лесу.

— Мой бацька, — сумотна прамовіў Віктар, паказаўшы рукою на недалёкі помнік.

— Ведаю, дружа! Сам хараніў!

— Праўда? Як гэта?!

— Мы былі тут разам... Нямецкая граната разарвалася перад намі, мы абодва ўпалі. Потым я ўстаў, а камандзір...

Не першы раз чуў Віктар расказы пра тутэйшы бой, але не ад саміх удзельнікаў. Кароткі штрышок Высоцкага ўзнавіў у памяці блізкі сэрцу воблік бацькі, пра мужнасць і геройства якога ведалі тут усе.

...Некалі завітаў ён у той лясны лагерок, дзе яны ўсёй сям’ёй хаваліся ад немцаў. Узяў яго, самага меншага, на рукі, прытуліў да няголенай шчакі, спытаўся:

— Ну як ты, мой ваяка?..

Маці плакала ад радасці, чацвёра большых хлапчукоў разглядвалі бацькаву зброю, і хто як мог стараліся пакратаць аўтамат ці гранату...

— Вось з таго лесу мы і выйшлі, — гаварыў далей Высоцкі, паказаўшы вачыма на цяперашні гарадскі парк. — Прыйшоў у брыгаду загад аб разгроме фашысцкага логава, і твой бацька ўзяў гэта на сябе. Ён заўсёды не абмінаў самага цяжкага. Гарнізон быў моцны, немцы лічылі яго нават непрыступным. Аднак нічога там не ўцалела...

Леанід Аляксандравіч пабываў яшчэ на другіх вузлах корпуса і потым спусціўся з рыштаванняў. Ішоў па вуліцы і зусім не спяшаўся, нібы вымерваў нешта крокамі. Побач ціха ступаў і Віктар.

— Быў я сёння на заводзе, — нібы дзяліўся інжынер сваімі думкамі. — І ў ваша будаўнічае ўпраўленне заязджаў. Зробім усё, каб больш не было прастояў. А вы старайцеся, каб людзі потым не клялі вас, а ўспаміналі добрым словам. Ведаеш, як будзе называцца гэтая вуліца?

— Вішнёўкай завуць, — сказаў брыгадзір. — Як і вёску.

— Гэта старая назва, выпадковая, проста людзі так назвалі па звычцы. А я сёння пастанову чытаў: вуліца імем бацькі твайго названа. Маці жывая ў цябе? Браты?

— Нікога няма. Усе загінулі ў блакадзе.

— Ну, значыцца, і ў іхнюю памяць.

 

У свой кабінет Высоцкі прыйшоў толькі пад вечар. Сакратаркі ў прыёмнай ужо не было, ды ва ўсім трэсце наўрад ці туліўся дзе хоць адзін чалавек.

Каля тылавога пад’езду ўжо сядзеў на лавачцы начны вартаўнік Архіп у зімовай шапцы і высокіх гумавых ботах. На плечы ў яго было накінута нешта парусінавае, а што гэта, дык, мабыць, ніхто б не мог разабраць.

— Вы зноў гэтак позна? — звярнуўся ён да галоўнага інжынера і, бадай, хацеў нагаманіцца па вольнаму чаму, аднак Высоцкі толькі павітаўся і пайшоў у калідор.

Гэта сёння ён не спыніўся каля старога Архіпа, бо вельмі стаміўся і ад хады і ад рознай гаворкі: хацелася пабыць аднаму ў цішыні і спакоі, сабрацца з думкамі і ўражаннямі. А тыя разы часта спыняўся тут і, бадай, кожны раз чуў амаль адно і тое ж:

— Дык вы, значыцца, тутэйшы будзеце, Аляксандараў сын? Ведаю я Аляксандара. Ведаю! Харошы быў чалавек!.. Тытунь у калгасе саджаў... Ага... тытунь... А маці яшчэ жывая? Колькі гэта ёй ужо?..

І пачынаў вылічваць, колькі можа быць цяпер мацеры гадоў. Успамінаў безліч усялякіх даўніх падзей і потым, відаць міжвольна, пераходзіў на самога сябе. Тады ўжо толькі не перашкаджай, слухай!.. Хоць цэлыя суткі стары мог расказваць пра ўсякія свае ўдачы і няўдачы, шчасці і няшчасці, заслугі і павагі.

Калі было хоць трохі часу, то Высоцкі сядзеў побач на лавачцы, слухаў і сумна паглядваў на яго паношаныя гумавыя боты:

«Усяго было ў жыцці чалавека: і ваяваў, і калгас арганізоўваў, і кіраваў калгасам, а цяпер вось сядзіць тут вартаўніком».

У кабінеце Высоцкі зноў успомніў пра гэтыя гумавыя боты і памеціў у настольным календары: «Выдаць дзеду спяцоўку». Потым пачаў перагортваць лісткі, каб даведацца, што не зроблена за мінулыя дні, і нечакана наткнуўся на такі ж запіс: «Выдаць дзеду спяцоўку». Усміхнуўся і з дакорам самому сабе паківаў галавой: «Мала таго, што не паспяваю ўсяго зрабіць, дык яшчэ і забываю. А гэта ўжо горш за ўсё. Стамляюся, мабыць, залішне, не ўмею выбіраць галоўнае з безлічы ўсялякіх спраў».

Адкінуўся ў крэсле, прыплюшчыў вочы. Задрамаць на хвіліну была б, відаць, найлепшая асалода, але неяк сорамна зрабілася ад думкі пра гэта: засні за рабочым сталом, тады яшчэ больш адалее непавага да самога сябе і можа нават пахіснецца ўпэўненасць, што такое вялікае будаўніцтва па сіле інжынеру з невялікай практыкай.

Стомленасць паступова ўляглася, калі Высоцкі пачынаў абдумваць свае планы на бліжэйшы час. Было, вядома ж, нямала такіх спраў, якіх на хаду не вырашыш, з абы-якога боку не падыдзеш. Яны прыносілі клопат, турботы, выклікалі хваляванне, калі не паддаваліся. Але ж яны і радавалі, асвятлялі думку натхненнем, калі, хоць і пасля доўгіх пошукаў, пачыналі выглядаць рэальнымі і падавалі добрую надзею.

Цішыня і спакой рабілі кабінет вельмі ўтульным і свойскім — удзень ён такі не быў. Думалася і ўспаміналася лёгка, быццам усё тут памагала гэтаму.

...Пісьмовы стол з белым лістком пад прэсам. Ні лісток, ні прэс не крануты, хоць пыл усюды выцерты, паліроўка па краях блішчыць. Гэта добра, што ніхто нічога не чапае на стале.

...На працілеглым краі ўчора ляжала Евіна рука. Учора, а здаецца, што зусім нядаўна, можа яшчэ і гадзіны не прайшло. Дзяўчына сядзела тут, зусім блізка. Чутны былі яе самыя ціхія словы, нават дыханне, калі яна нічога не гаварыла. Здавалася, што і цяпер вось-вось прагучыць яе голас і павернецца да яго твар з харошай чыстай усмешкай, з поўнымі шчырасці вачыма...

...Каляндарны лісток мінулага дня не зусім прылёг пасля перагортвання. Праз паперу прасвечвалася серада, якраз пачатак чэрвеня. Няхай будзе памятны гэты лісток, хоць на ім і няма ніякіх адзнак. На ўсіх астатніх ёсць і будуць далей.

Высоцкі да канца пералажыў учарашні ліст, адгарнуў сённяшні і стаў рабіць паметкі на наступных. А вось і аўторак...

Думкі пра той яшчэ не блізкі дзень паплылі вольна і асалодліва. Магчыма, гэта і будзе першы адпачынак за ўсе мінулыя месяцы ў годзе. Дажджоў цяпер мала, можа і чаканы аўторак будзе пагодлівы. Шкада, што нельга адключыцца на ўвесь дзень...

...У калідоры раптам пачуўся скрып палавіц. «І новая ж яшчэ падлога», — перш за ўсё падумаў Высоцкі.

Скрып павольны, прыцішаны, у звычайныя рабочыя гадзіны яго не пачуў бы.

«Хто ж там можа быць у такі час? Хіба толькі вартаўнік надумаў прайсціся па калідоры?..»

Каля прыёмнай скрыпенне зусім сціхла, і не чутно было яго некалькі хвілін.

«Стары, мабыць, хоча пра нешта спытаць, ды не адважваецца. А спытае, тады ўжо і не сунімецца ў гаворцы...»

Аднак, калі праз некаторы час пачуўся асцярожны, нібы баязлівы, стук у дзверы кабінета, Высоцкі стрымана прамовіў:

— Заходзьце!

І зусім нечакана, зусім неспадзявана зайшла жанчына. Леанід Аляксандравіч устаў з крэсла, чамусьці адразу падумаў, што трэба быць спакойным і вытрыманым, ды ўсё ж не здолеў схаваць здзіўлення і разгубленасці.

— Ты як гэта?.. Як знайшла? — вырвалася ў яго быццам бы і не да месца. — Праходзь, сядай!

— Здрастуй! — між тым даволі абыякава сказала жанчына і з посным, незалежным выглядам падышла да таго крэсла, дзе ўчора сядзела Ева. Тут вызваліла правую руку ад вялізнай квяцістай сумкі і цераз стол павіталася. Была яна ў лёгкім светлым пыльнічку, наглуха зашпіленым з правага боку каля шыі. Тут жа блішчала доўгая, як вусень, брошка. На галаве ледзь вісела лёгкая газавая касынка: здавалася, фукні — дык і паляціць. Яна прыкрывала шчокі да самага носа і амаль увесь падбародак, а звышмодная прычоска добра відна была і з-пад касынкі: над ілбом тапырыліся пышныя валасы, над патыліцай вісеў венік. І ўсё гэта, відаць, зусім нядаўна было прахімізавана і вымучана ў яркі барвовы колер.

«Гімалайскі заяц», — успомнілася Высоцкаму рэпліка наконт адной жанчыны, якая амаль кожны тыдзень перайначвала колер валасоў.

— Я ўжо заходзіла сюды, — пачала гаварыць жанчына, сеўшы ў крэсла. — Сакратарка сказала, што калі і будзеш сёння, то толькі пад самы вечар. А цяпер у старога нейкага спытала — сядзіць там на лаўцы...

Высоцкі не стрымаў усмешкі, і гэта насцярожыла жанчыну.

— Чаго ты смяешся? — крыху збянтэжана спытала яна. — Я што-небудзь смешнае гавару?

— Ды не, гавары, гавары! — заспакоіў ён сваю госцю, бо няёмка было прызнацца, што смешна стала з гімалайскага зайца. — З кім ты прыехала сюды? Адна?

Жанчына пакруціла галавой, і Высоцкаму здалося, што ён пачуў, як пацёрся аб каўнер барвовы венік яе валасоў.

— З ім тут? Дзе спыніліся?

— Ён паехаў нечага ў раён, там, мабыць, і заначуе. А ў мяне тут знаёмая.

— Ну, як жывяце, расказвай. Што робіць цяпер гэты твой... Як ты яго завеш?..

— На птушкафабрыцы, у Мінску.

— Кім?

— Замдзірам.

Высоцкі зноў ледзь не засмяяўся, але своечасова паднёс да вуснаў насавую хустачку і нібы сцёр ёю ўсмешку.

— А якім замдзірам? Там жа, мабыць, не адзін.

— Я не ведаю, — прастадушна прызналася жанчына. — Замдзір дык замдзір. А што ён там робіць?..

«Гэта на цябе падобна, — падумаў Леанід Аляксандравіч. — Добра, што хоць не фінціш, не прыкідваешся, а гаворыш, што думаеш...»

Высоцкі ведаў, што калі ў гэтай жанчыны ёсць нешта і прывабнае акрамя знешняй прыгажосці, дык гэта перш за ўсё непасрэднасць ці можа нават шчырасць у адносінах да самой сябе. Усё гэта часам выглядала наіўным або зусім непатрэбным, аднак праяўлялася часта і ў асобных выпадках надавала характару нейкую своеасаблівую абаяльнасць. Яна любіла паказаць усё лепшае на сабе і ў сабе, але магла адразу ж прызнацца кожнаму стрэчнаму і папярэчнаму, што ў яе раптам сапсаваўся страўнік, або цэлую гадзіну расказваць пра свой колішні апендыцыт. Калі траплялася на вочы што не даспадобы, яна шчыра абуралася, аднак жа і радавалася шчыра, калі ўдавалася раней за іншых купіць модную шапачку або безразмерныя панчохі. Асцерагалася мужчын, нікому быццам не давярала, аднак паўднёўку магла прашаптацца з сяброўкамі аб тым, як хто за ёю ўвіваўся, якія дамаганні праяўляў. Замужжа праклінала, смяялася з сямейных людзей, але не саромелася пазахапляцца і пазайздросціць, калі бачыла якую даму з сабачкам ды яшчэ ў машыне.

«Калі ўжо ісці, дык ведаць за каго; калі так сабе мець знаёмага, то не ніжэй як міністра».

Даўно гэта было сказана, тады яна была яшчэ зусім маладая дзяўчына. Доўга смяялася сказаўшы, можна было падумаць, што і пажартавала. Але часта здаралася так, што нельга было зразумець, дзе яна жартуе, а дзе гаворыць праўду.

Многа спісвалася ў тыя часы на маладосць ды яшчэ на тое, што расла без бацькоў, амаль увесь час жыла пры не вельмі высокасвядомай цётцы. Леанід таксама быў тады малады. Цяпер успомніліся гэтыя словы і ўразілі, абурылі, а тады толькі прымусілі крыху паперажываць.

Праз некалькі дзён пасля таго яна раптам сказала, што рашыла выйсці за яго замуж. І ўсё ранейшае не толькі згладзілася, а быццам зусім знікла: лягчэй было скрозь зямлю праваліцца, чым успомніць пра гэта. Наконт жаніцьбы Леанід тады яшчэ не думаў, бо толькі што скончыў інстытут, не меў яшчэ ні кватэры, ні нават выхадных штаноў. І наогул сам ніколі не адважыўся б сказаць ёй пра гэта, каб не збянтэжыць, не адпужнуць ад сябе такой дзіўнай нечаканасцю. Якое ж тут замужжа, калі яна толькі на першым курсе медінстытута, калі і ўхажорства таго сапраўднага было яшчэ зусім мала.

— Ты праўду сказала? — спытаў тады Леанід дрыготкім ад хвалявання голасам. — Ты не жартуеш, Люда?

Дзяўчына пакруціла галавой.

— Ты яшчэ ні разу не сказала, што кахаеш мяне. Праўда ж?

— Ну вось цяпер і кажу. Што, не верыш?

І Леанід змаўчаў. Як ён мог папракаць яе, а тым больш дапытвацца аб нечым, калі сам кахаў моцна і ўжо часта лавіў сябе на думцы, што лічыў бы за шчасце выканаць кожнае яе жаданне, нават і зусім свавольнае і недарэчнае. А тут жа хіба свавольства?..

— Калі не хочаш ці баішся, то ў мяне ёсць за каго... — нібы нажом разанула тады Люда.

Як гэтыя словы гучаць у памяці цяпер? Ад іх аж мароз па целе ідзе, сорам забірае за сваю чалавечую годнасць! А тады падумалася, што гэта са злосці дзяўчына сказала, бо, мабыць, заўважыла яго нерашучасць.

І тая рашучасць была праяўлена — назаўтра яны запісаліся.

«...Вось яна, Люда... — думаў цяпер Высоцкі, употай паглядаючы на сваю нечаканую наведвальніцу. — Неяк ужо і не стасуецца да яе гэтае пяшчотнае імя».

— Людміла! — раптам сказаў ён уголас, ды так рэзка, што жанчына аж здрыганулася. — Ты ж добра ведаеш, што нашы цяперашнія сустрэчы зусім не радасныя... Асабліва мне. Чаму ты не шануеш мяне як чалавека? Вось і раней колькі ўжо разоў наведвалася без ніякай патрэбы.

Людміла маўчала, відаць, пытанне гэтае было вельмі нечаканае для яе. Аднак ні на твары, ні ў шэрых, быццам вадзяных, вачах нельга было заўважыць ніякіх змен ці адчуванняў. Яна, мабыць, не зазлавала за такія словы і не пакрыўдзілася. А неўзабаве проста засмяялася і нават збянтэжыла Высоцкага.

Гэтую рыску ў яе характары Леанід Аляксандравіч заўважаў і раней, асабліва ў часе мінулых сустрэч. Іншы раз гаварыў ёй такое, што, здавалася, заплакаць трэба было ад крыўды ці ад усведамлення сваёй віны. А яна і тады смяялася. Няўжо гэта вытрымка, прыкмета цвёрдасці нерваў? А можа проста абыякавасць?

Смеючыся, Людміла і загаварыла:

— А чаму ўжо табе гэтак непрыемна? Я ж аліментаў не патрабую, няма за што. І сям’ю тваю не разбіваю, бо ў цябе яе няма, наколькі мне вядома. А можа хто ўжо запусціў у душу кіпцюры? Ты ўлюбчывы — я ведаю.

— Не было калі табе пра гэта даведвацца, — стрымана заўважыў Леанід Аляксандравіч.

— Чаму не было? У мяне дык вельмі хутка ўлюбіўся.

— Было такое няшчасце, мабыць ад маладосці.

— Чаму няшчасце? — крыху ўзвысіўшы голас, спытала Людміла. — А можа якраз шчасце для цябе?.. Яшчэ і цяпер рады былі б некаторыя...

— Ну, хопіць! — перабіў Высоцкі. — Я ўжо ведаю, пра што ты будзеш гаварыць.

— Зусім і не пра гэта, — запярэчыла жанчына. Вочы яе гарэзліва зыркнулі. — Канечне, ёсць там сякія-такія... Калі б мець час ды ахвоту...

— Гэтага ў цябе хапае. Нідзе ж не робіш?

— Пакуль што нідзе, але ж... Ну, чаму ты мяне перабіваеш, не хочаш паслухаць?

— Гавары, слухаю!

— Я хацела сказаць, што каб не той цяжкі выпадак, то мы і цяпер жылі б разам. Можа і шчасце было б.

Высоцкі цяжка ўздыхнуў і ўстаў. Калі абагнуў скруглены на вуглах край стала, быццам пад нейкім прымусам глянуў на стройныя ногі ў надзвычай модных і зграбных туфлях. Людміла заўважыла гэта і не змяніла сваёй позы, нават не памкнулася прыкрыць плашчыкам каленяў.

«Глядзі на мяне, — гаварылі яе крышачку смяшлівыя, але ўжо з адценнем суму вочы. — Глядзі і любуйся, колькі хочаш, бо я не саромеюся цябе. Успамінай мінулае і ведай, што невыпадкова некалі закахаўся. Яшчэ не было такога мужчыны, каб не заглядваўся на мяне».

— На каторы дзень пасля мяне ты выйшла за другога? — прыглушана спытаў Высоцкі. Спытаў і чамусьці пайшоў да дзвярэй, хоць наўрад ці была ў гэтым патрэба. Дайшоў, адчыніў для нечага, паглядзеў у прыёмную і зноў вярнуўся да стала, а жанчына ўсё маўчала. З натугай хаваючы хваляванне ад далёкіх і цяжкіх успамінаў, спыніўся каля крэсла, у якім учора сядзела Ева. На нейкі момант уявіў яе твар, малады, адухоўлены, з вясёлымі і ў той жа час вельмі ўважлівымі вачыма.

Цяпер тут — Людміла. Каб неяк адарвацца зрокам і думкамі ад яе крыклівай моднасці і прыгажосці, ён чамусьці агледзеў свой касцюм вельмі звычайнага гатунку, шэры ды ўжо не новы. Зірнуў потым на свае туфлі, нібы жоўтыя, нібы ўжо чорныя, на тоўстай мікрапоры. Якімі бахіламі яны выглядалі побач з новенькімі лакіроўкамі на цвічках-абцасіках! Высоцкі нібы спалохаўся гэтага параўнання і адышоў.

— На каторы дзень, пытаеш? — загаварыла ў гэты час Людміла. — Не памятаю ўжо, на каторы, але каб не твой аднакашнік, то можа б і ні за каго не выйшла. Як прычапіўся, як прывязаўся!.. Прыліп, як смала... Уверыў мяне, што ты... не вернешся.

— Няхай бы ты мне паверыла, маёй праўдзе. Я ад цябе нічога не хаваў.

— Ён можа плакаў і па табе, але і без мяне жыць не мог.

— І колькі ж вы пабылі разам?

— Каля года. Не ўспамінай лепш пра гэта!..

— Малавата для шчаслівых, — ледзь не са здзекам сказаў Высоцкі. — Я ж не перашкаджаў вам.

— У кожнай жанчыны ёсць свой ідэал, — нібы завучана прамовіла Людміла і ўтуліла акруглены падбародак у каўнер плашча. Ёй вельмі не хацелася гаварыць пра такія складаныя рэчы, і Высоцкі адчуваў гэта. Колькі разоў заўважаў і раней, што Людміла старанна пазбягала якога б там ні было самааналізу, яе вочы і твар пачыналі іграць толькі тады, калі яна хвалілася сама або яе хвалілі.

І ўсё ж Леанід Аляксандравіч спытаў пра цяперашняга мужа, замдзіра, — ідэал ён ці не ідэал?

Людміла павярнулася да яго, калі ён зноў сеў за стол, шаўковы плашчык ад гэтага зашумеў. Уставіла ў твар вочы, нібы і шчырыя, але глядзець у іх не хацелася. Сказала рашуча, быццам ішла на вялікі подзвіг:

— Не, не ідэал! Мабыць, толькі аднаго цябе і любіла.

Памаўчала з хвіліну, апусціўшы вочы, потым ледзь чутна дадала:

— І цяпер люблю.

У гэтых словах сапраўды была шчырасць, і калі б сказала іх не Людміла, то напэўна можна было б паверыць. Але гэтай жанчыне Высоцкі не мог больш верыць, хоць часам лавіў сябе на тым, што іншы раз нешта прачыналася ў душы, калі які-небудзь выпадак нагадваў пра яе. Асабліва хвалявала і падчас доўга аставалася ў памяці далёкае мінулае, чаго ўжо ніякім цудам нельга цяпер вярнуць. Можа таму і хвалявала і хіліла яно на глыбокі сум, што было незваротнае і непаўторнае. Відаць, і ўспаміналася Высоцкаму толькі тая далёкая і цяпер ужо нібы казачная дзяўчына, крыху наіўная, ветранаватая, але бясконца прывабная. За яе незвычайную прыгажосць і неспадзяваную пяшчотнасць можна было дараваць усё. У тыя часы хацелася верыць ёй, бо яна ўмела быць і шчырай.

Дык гэта яна, тая Людачка, студэнтка першага курса медінстытута. Але ж зусім не гэтая Людміла, што сядзіць цяпер насупраць, па другі бок стала. Прыгажосць у яе аставалася, хоць ужо і не тая, што была раней, а больш адкрытая, паказная. Але яна яшчэ можа засланіць усё, што ёсць у натуры дробнага і нядобрага, можа асляпіць некаторых і прымусіць глядзець праз крывое люстэрка не толькі на яе самую, а і на іншых людзей.

Высоцкі бачыў гэтую прыгажосць, адчуваў яе моцную прывабную сілу, але яна ўжо нібы зусім не закранала душы, не нараджала ў ёіі ранейшай пяшчоты і веры. Самая лепшая праўда ад яе магла выглядаць цяпер няпраўдай, ды яшчэ часам і непрыстойнай, балючай.

— Не кахаеш ты мяне! — ледзь не крыкнуў Высоцкі.

Глянуў на дзверы і апусціў галаву, прыціх. Ад яго голасу ў кутках пакоя адазвалася рэха, хутка знікла, а потым у кабінет быццам бы разам са змрокам нахлынула глухая і сумная цішыня. Цяжка аставацца ў такой цішыні хоць адну хвіліну. А тут яшчэ з чалавекам, які не можа прынесці нічога светлага.

Высоцкі чуў сваё няроўнае, усхваляванае дыханне, чуў, як дыхае ў каўнерык плашча Людміла. Нешта падмывала крыкнуць яшчэ раз, каб парушыць, адагнаць ад сябе гэтую непрыемную цішыню, але ён стрымаў сябе і прыглушана дадаў:

— Раней таксама не кахала! А калі што і было, дык толькі легкадумства, гульня ў пачуцці! Табе падабалася ствараць уражанні, каб больш налюбавацца сабой. Ні душы, ні сэрцы людзей цябе не цікавілі. Мне цяпер здаецца, што ты нават і не здольна была каго-небудзь пакахаць.

Пры апошніх словах Леанід Аляксандравіч неяк расслаблена і раздражнёна ўспёрся локцямі на стол і апусціў на далоні галаву. Ён не бачыў, як рэагавала на яго словы Людміла, але чакаў, што яна вось-вось падасць свой голас, можа нават і вельмі рэзкі, пакрыўджаны, злосны. Магчыма, што і раскрычыцца, каб адвесці ад сябе віну.

Але прайшло каля хвіліны, і ніякага голасу не чулася, у пакоі зноў запанавала тая самая маркотная і надакучлівая цішыня. Высоцкі не кратаўся і быццам міжвольна нечага чакаў. Няхай хоць крыку, хоць плачу, хоць ласкі, абы толькі не таго, што было да гэтага ды так растрывожыла душу.

І раптам зусім неспадзявана пачуў, як зашамацеў шаўковы плашчык. Падняў галаву. Людміла ўжо стаяла бокам да яго і нешта шукала ў сумцы, мабыць насоўку. Пад вачыма ў яе пачырванела.

— Бывай здароў, — сказала, ледзь не заплакаўшы, хораша павярнулася і пайшла. Тоненькія абцасікі ступалі цвёрда і роўна, усе крокі да дзвярэй былі нібы вымераны і разлічаны, бо кожны з іх нідзе не збіўся, нідзе не скрывіўся. Плашчык лёгка пераліваўся на згібах і падкрэсліваў прыгажосць і стройнасць постаці.

...Зачыніліся дзверы спачатку кабінета, потым прыёмнай, заглух стук абцасікаў на калідоры, а шаўковы плашчык са сваімі пяшчотнымі пералівамі ўсё стаяў перад вачыма. Чуўся яго лёгкі шумок, і чамусьці не хацелася верыць, што Людміла вось раптам устала і пайшла, зусім пайшла і, мабыць, ужо ніколі не вернецца.

Многа дум перадумалася некалі пра яе, многа пакут перажылося. У апошнія часы была ўпэўненасць, што мінулае ўжо даўно нібы ў ваду канула і не нагадае больш аб сабе. Пры нядаўніх сустрэчах гэтая ўпэўненасць амаль не парушалася. А вось сёння выйшла нешта зусім нечаканае і неспадзяванае: у Высоцкага не хапала сілы ўзяць ды адразу ўсё выкінуць з галавы, забыцца, як яна тут сядзела, што гаварыла, як потым устала і пайшла, маўкліва і сумотна, але не губляючы свайго спрыту і чароўнай стройнасці.

 

Леанід Аляксандравіч адчуў, што больш не можа аставацца ў кабінеце. Захацелася хутчэй пайсці, каб хоць крыху вызваліцца ад нечаканых уражанняў і думак... А можа каб дагнаць Людмілу ды пагаварыць яшчэ?.. Пра што гаварыць? На гэтае міжвольнае пытанне адказу не знаходзілася.

...У які бок яна пайшла? Няўжо спытаць пра гэта ў старога Архіпа?..

Высоцкі нібы спалохаўся сваіх адчуванняў: тут нешта выпадковае, яно павінна хутка прайсці!.. Гэта пазыўныя далёкага мінулага, кароткія і нязначныя.

Архіп устаў з лаўкі, калі ўбачыў паблізу галоўнага інжынера.

— Ужо больш не прыйдзеце? — спытаў нібы з жалем, што не будзе з кім пагаварыць, нібы з жаданнем хутчэй збавіцца ад начальства ды прыдрамнуць соладка на свежым паветры.

— Сёння не прыйду, — адказаў Высоцкі. — Паглядайце на машыну!

— Ды ніхто яе тут...

Стомленасць сапраўды вельмі адчувалася: пашумлівала ў галаве, цяжкавата ішлі ногі. Адпачынку ў кабінеце як і не было, бо не палегчыла на душы, не атрымалася супакоенасці.

Цяпер, ідучы дадому, толькі б і памарыць пра свой дамашні ўтулак, пра старэнькую матулю, якая, мабыць, ужо даўно чакае і, пакуль яшчэ віднавата, паглядвае з агароду на тую сцяжынку, што вядзе з горада. Аднак жа замест гэтага ўзнікла ў памяці зусім даўняе і неспадзяванае.

...Невялічкі пакой у цётчынай кватэры на ціхай гарадской вуліцы. Невялічкі, але быццам бы і прасторны, бо з яго павыносілі ўсё, што можна было вынесці. Тое павыносілі, а пазычаных сталоў і крэслаў паўносілі.

Чыя гэта цётка? Ды, вядома ж, Людзіна, тая самая, у якой дзяўчына гадавалася.

...Цёткі ўжо даўнавата за сталом не было, бо ёй хапала работы на кухні. Спачатку вельмі патрэбнай для гасцей, а потым ужо — нікому непатрэбнай: яна супакойвала і ўладкоўвала свайго трэцяга ці чацвёртага прымачка, які скачурыўся яшчэ ад першых тостаў за маладых.

— Ты знаеш, хто я? — пытаўся ў яе маленькі з чырвонай лысінай чалавек і ўсё намагаў скаціцца з канапкі, каб выпаўзці ў гасцявы пакой. — Ідзі — пашапчу на вуха! Толькі табе!..

— Ды ведаю я ўжо, ведаю! — адказала жанчына, падкладваючы свае ацёклыя рукі яму пад бок ці пад спіну, каб адкаціць кволую постаць назад.

— Ні д’ябла ты не ведаеш! — крычаў прымачок. — Я тайны міліцыянер! Чула? Вось хто я! І глядзі, не прабалбачыся!

— Ды сам ты ўжо не раз пра гэта балбатаў. Пажарнік ты... І ніякі не міліцыянер.

— Я табе дам «пажарнік»!

А ў пакоі ў гэты час ледзь не ўвесь цётчын кагал крычаў «горка!». Націск быў такі, што больш падатлівы Леанід ішоў на згоду нават без асаблівай затрымкі, хоць за сталамі побач з некаторымі маткамі і таткамі сядзелі падлеткі. А Люда супраціўлялася вельмі настойліва і ўмела, быццам такія вяселлі былі ў яе ўжо не раз. І ўзяла верх над самымі заядлымі крыкунамі, не дазволіла Леаніду нават нахіліцца да яе.

Тады адзін з неўгамонных вясельных завадзілаў працягнуў сваю чарку да аднаго расквечанага світара ў канцы стала і пачаў крычаць, што таму распаранаму ад выпіўкі і душнаты юнаку ў гэтым світары споўнілася сёння дваццаць два гады.

Амаль усе зашумелі ў падтрымку, бо іх зусім не цікавіла, за каго выпіць — абы выпіць.

Юнак устаў і разгладзіў на жываце свой світар. Тады Люда выскачыла з-за стала, птушкай падляцела да гэтага імянінніка і з прагай, зусім не саромеючыся нікога, пачала абцалоўваць хлопцу потныя шчокі, вушы, лоб.

— Горка-а! — закрычаў той, што абвясціў тост.

...Не паспела дзяўчына вярнуцца на сваё месца, як у калідорныя дзверы, якія відны былі з пакоя, нехта патрабавальна пастукаў. Гаспадыня пакінула свайго прымака і пабегла адчыняць.

Увайшлі тры чалавекі. Нікога гэта асабліва не здзівіла, бо ўсе ведалі, што гаспадыня гэтай, быццам непрыкметнай, кватэркі мае вельмі шырокі круг знаёмых. Аднак яна пакуль што не запрашала новых гасцей у вясельны пакой, а тапталася каля іх неяк панура і разгублена.

— Нам бы тут Высоцкага, — сказаў адзін з тых, што прыйшлі, чалавек ужо ў гадах і з пукатым жывоцікам пад чорным плашчом, — імеяцься сярод вас такі?

— Я Высоцкі, — сказаў Леанід і ўстаў. — Прашу, таварышы, распранайцеся, будзьце гасцямі!

— Не, мы хацім папрасіць вас! — сказаў чалавек з жывоцікам, крыва ўсміхнуўся і кіўнуў рукою на кухню...

Калі Леанід падышоў туды, чалавек расшпіліў верхнія гузікі плашча, дастаў з кішэнькі вайсковага кіцеля чырвоную кніжачку і падаў Высоцкаму. Той узяў, глянуў на вокладку і, нібы апёкшы ёю рукі, паспешна вярнуў.

— Імелася на ўвазе, — усё з тою ж крывою ўсмешкаю загаварыў чалавек, — што вы разгорнеце сію кніжачку... А там вось што!.. — Ён адхіліў вокладку з пазалочанымі літарамі і выняў паперку з трыма размашыстымі подпісамі, выразным штампам і пячаткай. — Я сажалею, што ў такі час прыйшлося... Но... Служба, знаеце... Вяшчычкі тут у вас, кніжачкі, цятрадкі?.. Збірайце!

— Нічога ў мяне тут няма, — апалым голасам прамовіў Леанід.

— А што, кватэрка собстная імеяцься?

— Няма яшчэ. У інтэрнаце жыву.

— Ну, вот будзеце імець... Будзеце імець...

Расчомаўшы, у чым тут справа, узняўся з канапкі прымачок, з натугай выпрастаўся, нават выцягнуў па швах рукі. Стаяў гэтак, пакуль няпрошаныя госці разам з Леанідам не зніклі за дзвярыма. Тады махнуўся ў калідорчык і закрычаў:

— Вы знаеце, хто я?!.

...Яго асіплы крык Леанід яшчэ пачуў. Гэта быў апошні адгалосак вяселля...

...На дварэ стаяла позняя восень, і ўжо зусім сцямнела. Леаніду зрабілася так холадна, нібы хто прымусіў нырнуць у ледзяную ваду. І колькі ішоў, дык увесь час адчуваў гэты жудасны дрыготкі холад.

 

Так задумаўшыся, Высоцкі і не заўважыў, як дайшоў да Галубоўкі. Параўняўся з хатамі і нібы міжвольна павярнуў у вуліцу. Круг тут невялікі: ці дарогаю паўз магазін дадому, ці па вуліцы, а потым цераз поплаў.

Ужо змерклася. Усюды на будаўнічых аб’ектах і на вуліцах горада загарэліся ліхтары. А ў Галубоўцы было цёмна, хоць яна самая бліжэйшая вёска ад горада. Ды што вясновае сутонне! Гэта ж не асенняе. Такі вясновы змрок на зялёнай вуліцы нікога не засмучае, не трывожыць. Бадай, ніхто не пазайздросціць тым людзям, якія стаяць ці сядзяць у гэты час дзе-небудзь пад электрычным ліхтаром.

Высоцкі ішоў паціху вузкай сцяжынкай паўз самыя платы. Сцяжынка пралягла проста і роўна там, дзе перад ёю не было бярвенняў або ляжачага слупа пад ліхтар. Такія рэчы яна абмінала і зноў ішла між прыпыленага, хоць і маладога яшчэ трыпутніку і драсёну. Яе лёгка было намацаць нагамі.

Амаль ля кожнага двара стаяла лавачка, дзе большая, дзе меншая, але кожная ў тым месцы, якое было найбольш прыгожае і ўтульнае для гэтага двара: пад палісаднікам, пад ліпай ці таполяй, слівай ці вішняй. І мала каторая была ў гэты час незанятая. І мала на каторай сядзелі па трое ці па чацвёра ды размаўлялі моцна, смяяліся або спявалі. Амаль усюды туліліся па двое, і не чутно было ні іх размоў, ні галасоў.

Падыходзячы да такой лавачкі, Высоцкі міжвольна прыбаўляў крок і стараўся не глядзець на тых, хто там сядзеў, каб чым-небудзь не перашкодзіць. Была б другая сцяжынка, то абышоў бы іх.

Сады і прысады толькі пачыналі добра зелянець. Каля тых платоў, дзе рос вішняк, яшчэ бялелі на зямлі нядаўна апалыя пялёсткі. Сяды-тады выплываў на вуліцу і казытаў нюх тонкі і чароўны пах квецені позніх яблынь. Усё гэта трошкі адводзіла Высоцкага ад ранейшых успамінаў, згладжвала ўражанне ад нядаўняй сустрэчы.

Уперадзе, па той бок вуліцы, — славутая на ўсю ваколіцу таполя. Тым славутая, што расце быццам лежачы і ўтварае над вуліцай зялёную арку. Даўняя гэта таполя, шматгадовая. Яшчэ падлеткам Леанід разоў некалькі лазіў па ён, ды не толькі лазіў, ступаў нагамі па камлі. У гэтым была тады галоўная фатэцыя, каб прайсці па камлі галубоўскай таполі і не зваліцца.

А потым, у часы яго ранняга юнацтва, тут часам наладжваліся вечарынкі. Кульгавы кравец Афонька, бывала, так расцягваў свой гармонік, што калі вецер быў адтуль, то заліхвацкая полька чутна была і ў Арабінцы. Тут адлегласць — менш за кіламетр, усё Лёнева таварыства бегла туды.

У перапынках паміж танцамі самая меншая дачка галубоўскага папа спявала песні. І абавязкова адна. Калі пачыналі памагаць другія, то яна змаўкала. Голас у яе быў моцны, але не надта прыемны.

— Накіну плачгі тарой пад полою... — заводзіла яна, і ўсе слухалі.

— Плащ с гитарой, — папраўляў Леанід, улучыўшы зручны момант. Але папоўна не звяртала на гэта ніякай увагі — яна была на некалькі год старэйшая за яго і лічыла, што ведае больш.

Цяпер Высоцкі спыніўся каля гэтай таполі, каб паглядзець, палюбавацца ёю ды вызначыць, наколькі гэта можна ў змроку, што тут змянілася, перайначылася. І толькі ў гэты момант заўважыў, што пры самым палісадніку пад таполяю прытулілася маленькая лавачка і на ёй таксама нехта сядзіць. Памкнуўся адразу даць шырокі крок, але з лаўкі імкліва ўстала дзяўчына, падышла бліжэй.

— Леанід Аляксандравіч? — здзіўлена і крыху, мабыць, разгублена спытала яна. — Як вы сюды папалі?.. Куды вы?

— Ды вось... іду дадому, — таксама адчуваючы ніякавасць, сказаў Высоцкі. — Сядзеў там у трэсце... Сцямнела...

— Рашылі нашу вуліцу паглядзець? Прыгожа тут вясною. Праўда?

— Вельмі. Вось іду і любуюся. Таполю гэтую ўбачыў...

— А цяпер вам у канец і там напрасткі поплавам?

— Ага. Там блізка.

— Я вас правяду.

Высоцкі глянуў на лавачку і заўважыў, што хлопец,які дагэтуль сядзеў побач з Евай, устаў і, мабыць, не ведаў, што яму рабіць: аставацца на месцы, ісці следам ці падавацца дадому?

— Пачакай тут, Вілен, — сказала яму дзяўчына і пайшла побач з Высоцкім. Леанід Аляксандравіч уступіў ёй сцежку, але яна ішла травою, а сцежка, нібы ціхі ручай, плыла паміж імі.

— Можа нядобра, што вы яго пакінулі? — ціха спытаў Высоцкі. — Пакрыўдзіцца.

— Ды не, — упэўнена сказала Ева. — Чаго яму?.. — І з лёгкім смяшком дадала: — Малодшы за мяне, то няма чаго крыўдзіцца.

— Вы яшчэ таксама маладая, — з сяброўскай лагоднасцю сказаў Леанід Аляксандравіч. — Мабыць, якраз яму і пара.

— Ого! Не. Я ўжо старая. Мне хутка чацвёртая частка веку.

— Якога? Жаночага?

— Не, звычайнага.

— Не падобна нешта.

Высоцкі быццам жартаваў, рабіў выгляд, што ўсё гэта мала яго цікавіць, і ў той жа час ледзь знаходзіў сілу прыхоўваць тыя нечаканыя пачуцці, якія пачыналі авалодваць ім.

— А гэты хлопец, што там астаўся, хто такі? — неяк паспешліва і можа нават нясвоечасова спытаў ён. Спахапіўся і папрасіў прабачэння за нясціпласць.

— А гэта Перапечка, — проста і адкрыта сказала Ева. — З Галубоўкі, жыве там па суседству.

Яна прайшла з Высоцкім у самы канец вуліцы, аж за царкву, а там — і да мосціка, што быў пакладзены на канаве, выкапанай для падсушкі поплава. Цяпер гэты мосцік разваліўся, таму па вуліцы рэдка хто праязджаў; менш было ранняй вясною і ў познюю восень гразі, а ўлетку пылу. Можа для таго галубоўцы і не рамантавалі мосціка, каб пры цяперашніх умовах жыць спакайней і ўтульней. Дарог хапала ўсюды, аднак добрая палова самазвалаў і цягачоў ішла раней вуліцаю, бо сюдою на нейкага паўкіламетра бліжэй да будоўлі.

Мабыць, насуперак традыцыям гэтай вёскі, Ева каля мосціка не спынілася, а пайшла далей.

— Я вам пакажу, як тут перабрацца, — сказала яна Высоцкаму, нібы жадаючы апраўдаць свой намер ісці яшчэ. — Тут усяго дзве суцэльныя маснічыны, але ў мяне вопыт, кожны дзень хаджу.

Яна спрытна ўзышла, нібы ўскочыла, на мосцік, з вясёлай усмешкай аглянулася на Высоцкага і роўненька, хоць і расставіўшы рукі, перабегла на той бок. Там спынілася і зноў стала глядзець на Высоцкага. Леанід Аляксандравіч нерухома стаяў на другім баку мосціка і быццам не збіраўся ісці следам. Дзяўчына здагадалася, што ён любаваўся ёю, але пры ўсёй сваёй непасрэднасці сказаць пра гэта не адважылася.

— Можа вам руку падаць? — гучна спытала яна.

— Я ўжо іду, — азваўся Высоцкі і ступіў на хісткія маснічыны. Да сярэдзіны ішоў паглядваючы сабе пад ногі, а потым убачыў Евіну руку, выстаўленую яму насустрач, і ледзь не бежкам памкнуўся да яе. На хаду схапіў тонкія, кволыя пальцы і раптам адчуў поўную раўнавагу, мог ісці цяпер доўга нават па адной, самай ненадзейнай маснічыне.

Ева не адводзіла сваю руку, калі яны пайшлі далей, але і гэта ў яе выходзіла без ніякай наўмыснасці, проста і натуральна, па-таварыску. Высоцкі таксама жадаў душою толькі гэтага, таму хацеў бы адчуваць у сваёй руцэ пяшчотнае і даверлівае цяпло ўсяго толькі добрага і спагадлівага спадарожніка. Гэта ў сваіх вельмі ўжо асталелых думках, а сэрца міжвольна радавалася ад прадчування нечага намнога большага, небывалага, мала кім зведанага.

— Вы ж будзеце баяцца бегчы адна, — сказаў ён, шчыра выяўляючы клопат старэйшага чалавека.

— А я тут як дома, — нібы адвяла ўсе клопаты дзяўчына. — Яшчэ трошкі правяду... Вунь да сцежкі, што праз пасевы.

Так яны перайшлі ўвесь поплаў. Яе жаданне спыніцца Леанід Аляксандравіч адчуў сваёй даланёю: нагрэтыя ў руцэ пальцы заварушыліся. Ева павярнулася да яго тварам, і нават у змроку засвяціліся яе чыстыя, вялікія вочы.

— Ну, вось!.. — Цяпер вы ўжо на сваім палетку. Пабягу!

— Я не пушчу вас адну! — настойліва сказаў Высоцкі. — Пойдзем зноў да мосціка.

— Ну што вы? — запярэчыла Ева, і ў гэтым пярэчанні таксама адчулася шчырасць. Высоцкі сумеўся.

— Хіба некалькі крокаў... — згадзілася дзяўчына, мабыць зразумеўшы, што чалавеку стала няёмка.

«Вілен жа там,— раптам успомніў Высоцкі. — Сапраўды! Чаму гэта я забыў пра яго? Усё ў яе, мабыць, там, а тут — звычайная ветлівасць, а можа нават і спачуванне новаму і ўжо даволі стомленаму чалавеку».

— Вы цэлы дзень былі ў раз’ездах, — нібы ўгадваючы яго думкі, загаварыла Ева. — Здаецца, ад цямна да цямна. Я некалькі разоў сёння бачыла вашу машыну.

— Многа работы, — заўважыў Высоцкі. Голас прагучаў абыякава, суха. — «Мабыць, скажа яшчэ: ідзі ты хутчэй спаць. Я ж дзеля гэтага і праводзіла цябе...»

Дайшлі ўсё ж такі да самага мосціка. Тут Высоцкі спытаў без усялякай надзеі і з цвёрдасцю чалавека, які не хоча быць настырным і не збіраецца падаць духам пры няўдачах:

— У аўторак вы... Як?.. Знойдзеце вольную гадзіну?

— Мы ж дамовіліся, — нібы нават здзівіўшыся, што аб гэтым перапытваюць, сказала Ева. — Прыязджайце, буду чакаць!

І яна зноў быццам узляцела на мосцік. Адтуль працягнула руку, але ўжо не гэтак, як ідучы сюды:

— Да пабачэння!

Высоцкаму здалося, што цяпер яна толькі дакранулася да яго далоні, жвава крутнулася на абцасіках і імкліва пабегла па маснічынах. Пераляцела мосцік і не сцішыла крок там далей: гэта чутно было ў вячэрняй цішыні...

Ён пастаяў, пакуль Ева знікла ў змроку, атуленым прысадамі, і паціху рушыў дадому. Ішоў тым напрамкам, які нядаўна выбрала дзяўчына. Ён сапраўды самы зручны, мабыць, Ева ўжо не раз была на гэтым поплаве. Пад нагамі ўжо густая мураўка і нават крыху з расою — гэта адчуваецца праз абутак. У хадзе чамусьці знікла тая лёгкасць, якая была некалькі хвілін назад. Назалялі ўсякія думкі і ўяўленні. Некаторыя хацелася адагнаць, збавіцца ад іх назаўсёды. Навошта, к прыкладу, думаць аб тым, як яна прыбяжыць цяпер да лавачкі пад таполяй ды абхопіць маладога Перапечку за шыю?.. Можа абхопіць, а можа і не. Можа папросіць у яго прабачэння, што затрымалася, а можа і не папросіць. Гэтая натура не на далоні, хутка не разгадаеш. Ды не трэба браць усё к сэрцу! Няхай яна пажывае, як сама знае...

Як толькі Леанід Аляксандравіч выйшаў на сцежку праз поле, арабінкаўскі ліхтарык засвяціў яму проста ў вочы. Паглядваючы на яго, можна было б трапіць дадому нават і без сцежкі. Але тут да таго ўжо выбітая пешаходка, што адчуваецца пад нагамі: вельмі многа людзей ходзіць з горада і ў горад.

Праз некаторы час стаў паказвацца і яшчэ адзін агеньчык, трохі ніжэй за той, што на ліхтары. Ён то свяціўся, то знікаў, быццам нешта яго засланяла. І можа ад гэтага часам здавалася, што ўспыхваў ён то бліжэй, то далей.

«Канечне, гэта ў акне, — здагадаўся Высоцкі. — Толькі невядома, у чыім».

Падыходзячы бліжэй, ён усё больш пераконваўся, што святло гарыць у матчынай хаце. Яна стаіць у канцы агародаў, непадалёк ад выгану і шляхавай дарогі. А гэтая сцяжынка вядзе на выган і, нібы ручаёк у рэчку, уліваецца ў шляхавую дарогу.

Толькі год назад гэтая хатка перамясцілася сюды і набыла больш вясёлы выгляд. А гадоў сорак з гакам стаяла каля самай арабінкаўскаіі вуліцы і кожную вясну падплывала вадой. Старажылы гавораць, што там некалі працякала маленькая рэчка, а потым высахла. Вось і поплаў астаўся ад таго часу ў людской памяці, хоць ён ужо даўно высах і ператварыўся ў галубоўскі выган.

Адным словам, гэта бацькаўская хата, а цяпер матчына. Амаль усе гады пасля вайны яна пуставала, таму што бацькі ўжо даўно не было ў жывых, а маці жыла пры старэйшым сыне, які меў на гэтым жа сэдасе сваю хату...

Маці сустрэла Леаніда каля варотцаў у агарод.

— Чаму ж ты гэтак позна сёння, мой унучак? — Яна так прырасла душой і сэрцам да сваіх унукаў, што і меншага сына часта звала ўнукам.

— Затрымаўся: мала што бывае.

— А я чакала-чакала... І на абед не прыязджаў. А дзе ж твая машына?

— Там пакінуў, у трэсце.

— Сцямнела, дык я прыйшла і ўключыла лямпачку... Думала, можа ўгледзіш адкуль, то ўспомніш, што трэба дадому...

Яна ішла ўперадзе па вузкім замежку каля старога плота і апіралася на свой ядлаўцовы кіёк. Спяшалася як магла, бо не хацела прыпыняць хаду сына. Хісталася часам, хоць і з кійком, тады хапалася за пачарнелы слупок або калок плота.

— Памаленьку, мама, не спяшайце! — папрасіў Леанід.

— Дык, мабыць жа, ты вельмі галодны?

— Не, мне не хочацца есці.

— То не пойдзеш і ў тую хату? Там чакаюць вячэраць.

— Не пайду ўжо.

— Я табе прынесла там... Паставіла...

У хаце Высоцкі ўбачыў на сваім пісьмовым стале вялікі фарфоравы кубак, а на ім — лусту хлеба. Побач стаяла талерка, накрытая ручніком з малінавымі пеўнікамі... З-пад гэтых пеўнікаў тырчалі тронкі нажа і відэльцаў. Леанід ведаў, што на талерцы павінна быць сала, парэзанае на скрыгалікі, а ў кубку свежае малако.

Але перш за ўсё ён узяў у рукі каліўца маладзенькай мяты, якое ляжала тут жа на стале. Яго таксама прынесла маці са свайго агародчыка. Мятка хораша запахла, калі яе кранулі, і здавалася, што яе водар разносіўся па хаце ўжо ўвесь час.

 

IV

У той вечар Ева не застала Вілена на лавачцы пад ліпаю. Трошкі здзівілася, што хлопец надумаў паказаць нейкую сваю прынцыповасць, аднак занадта не перажывала, бо ведала, што гэтай фанабэрыі надоўга ў яго не хопіць. Пасядзела хвіліны тры, каб адпачыць пасля прабежкі, і пайшла ў хату спаць.

У аўторак гадзіны ў чатыры пасля паўдня яна выйшла ў канец вуліцы і ўбачыла, што за мосцікам на новай дарозе стаіць знаёмая машына. Ніколі раней Ева не прыкмячала па выгляду чужых аўтамашын, а гэтую чамусьці адразу прыкмеціла і ўжо на другі дзень, пасля таго як уратавалася ў ёй ад ліўня, здалёк пазнала на дарозе. І пазнае цяпер заўсёды, хоць «Масквіч» Высоцкага нічым асабліва не вызначаецца. Па колеру ён такі, якіх усюды вельмі многа, толькі хіба што шыльдачкі для нумараў пафарбаваны пад лімон.

Леанід Аляксандравіч выйшаў насустрач і, калі Ева села і закрыла за сабою пярэднія дзверцы, падарыў ёй каліўца мяты. Яна ўзяла падарунак з захапленнем:

— Гэта ўжо мятка такая?

— У маёй матулі ў агародчыку, — адказаў Высоцкі. — Яна ў яе ледзь не з-пад снегу пачынае зелянець. І расце потым вялікая ды пахучая! А сёння гляджу — у мяне каля хаты, пад вокнамі, таксама пачынае прабівацца мятка. Ну, здагадаўся: гэта матуля пасеяла і мне.

Ева трымала каліўца то ля шчакі, то ля вуснаў аж да таго часу, пакуль не даехалі да гарадка. Там убачыла дзяўчат з нагружанымі цэментам насілкамі і, мабыць, засаромелася сваёй лагоды, апусціла руку з мяткай.

Высоцкі заўважыў гэта і зразумеў яе няёмкасць.

«Ці такія яшчэ бываюць кантрасты», — падумаў з болем у душы, але не сказаў нічога.

У лесе Ева зноў пажвавела, з цікавасцю глядзела то ў адзін бок дарогі, то ў другі:

— Колькі жыву тут, а не была ні разу ў парку.

— Пакуль яшчэ гэта не парк, — сказаў Высоцкі, — дык ёсць на што паглядзець. Вось толькі... — Ён прыцішыў ход машыны. — Проста не ведаю, што рабіць з такімі шафёрамі. Кожнаму гаварылася, усім паказаны месцы звалкі. А ёсць жа такія!..

Ева таксама ўбачыла, што на свежай зялёнай мураўцы пад раскошным кустом маладога алешніку згружаны самазвал бітай цэглы, кавалкаў шыферу і ўсякага іншага друзу.

— Гэта мне нагадвае некаторых маіх абанентаў, — сказала яна. — Возьме кніжку новую, толькі што выпушчаную, яшчэ клеем пахне. А прынясе, дык аж у рукі ўзяць страшна.

Высоцкі трошкі прыбавіў газу, але яна лёгка, нібы баязліва дакранулася да яго рукі і папрасіла:

— Едзьце гэтак, як ехалі, я хачу на ўсё тут паглядзець.

І яны паехалі зусім ціха. Ева з такім любаваннем глядзела на стройны малады сасняк паабапал дарогі, на роўныя пешаходныя сцяжынкі каля гэтага сасняку, што Леанід нават крыху насцярожыўся. Вельмі падобна было на тое, што дзяўчына раптам адчыніць дзверцы ды выскачыць з машыны, каб прабегчыся па чароўнай сцяжынцы, каб рукамі пакратаць свежыя, яшчэ мяккаватыя шыпулькі ды смалістыя, пакрытыя жоўтым пылком парасткі. Сапраўды, наўрад ці можна ўявіць сабе што больш прыемнае, як сарваць малады сасновы парастак, расцерці яго ў пальцах і панюхаць. Уся вясна адчуваецца душою...

— Вы тут некалі пасвілі, — раптам загаварыла дзяўчына. — У вайну — партызанілі, потым і так гулялі... Вам тут, мабыць, кожная мясцінка знаёмая.

— Пагуляць то яшчэ і не даводзілася, — шчыра прызнаўся Леанід Аляксандравіч. — А партызаны былі ў асноўным не тут: за ракою ў нас вялікі лес... І там, далей на Палессе. Сюды, у гэтыя мясціны, мы толькі часова заходзілі, калі трэба было наступаць на гарнізоны.

— Я трохі ведаю пра вас, — паведаміла Ева. — Стары Перапечка расказваў.

— Пра што ведаеце, то добра, а чаго не ведаеце — сам раскажу.

— І я вам усё раскажу, — паабяцала дзяўчына. — Калі толькі захочаце слухаць, калі гэта будзе вам цікава. Хоць у мяне яшчэ якая біяграфія?..

Праехалі яшчэ з кіламетр, і лес скончыўся. Перад вачыма спачатку, нібы ў казцы, разаслаўся вялікі зялёны дыван, а потым зусім нечакана для Евы выбліснула рэчка, ціхая, лагодная, са свежа-зялёнымі і месцамі зусім пакатымі берагамі.

— Як хораша! — ледзь не ўсклікнула дзяўчына і раптам адвяла вочы ад такой з’явы, якую, можа, не варта б і заўважаць. Па самым роўным і чыстым плёсе ездзіў сюды-туды адзін самазвальчык і такім спосабам абмываў колы і ніз кузава.

— Ну, гэта ўжо чорт знае што! — абурана прамовіў Леанід Аляксандравіч і спыніў машыну. — Вы тут адну хвілінку, а я пайду пагавару...

Потым яны паехалі паўз самы бераг рэчкі. У адным месцы яшчэ не зусім перасохла канаўка, і давялося трохі пабуксаваць. У кабіне запахла перагарэлым маслам, але Ева не адчула ад гэтага якой-небудзь удушлівасці ці шуму ў галаве. Калі вярнуліся зноў у лес, то Высоцкі абвазіў яе бадай на ўсіх сваіх памятных мясцінах. Перад вечарам спыніліся ў Белым балоце.

— Гэтае месца найбольш нагадвае мне пра мінулае, — сказаў ён, вылазячы з кабіны. Зайшоў з правага боку і адчыніў дзверцы Еве. Дзяўчына спусціла ногі, трошкі агаліўшы круглыя каленкі, потым ступіла на траву і раптам пахіснулася. Леанід спалохана выставіў рукі.

— Што з вамі, самлелі ногі?

— Не. Так нешта... — Яна ўхапілася адной рукою за дзверцы, а другую падала Высоцкаму. — Ніколі так не было, я ж трохі ездзіла ў машынах.

— Гэта, мабыць, ад газу, — заклапочана прамовіў Леанід Аляксандравіч. — Буксавалі, а матор ужо не новы. Я вам дыванок рассцялю, паляжыце на свежым паветры.

— Не, давайце лепш пройдзем, паглядзім гэтае ваша Белае балота. Сапраўды, прыгажосць якая!..

Лёгкім штуршком яна зачыніла дзверцы і гэтай жа рукой абвяла вялікі, прадаўгаваты лужок, акаймаваны раскошным сасняком. Толькі на самай сярэдзіне лужка было трохі вады, і там ужо цяпер паказваліся зялёныя язычкі аеру. А ўсё астатняе, некалі быццам азёрнае плёса, было цяпер амаль зусім сухое. На ім расла такая спорная трава, што праз які тыдзень можна было б касіць. І скосяць, вядома; знойдуцца такія людзі, што агледзяць гэтую мясціну. А калі не скосяць, то колькі ўсялякага хараства тут нарасце! Белае балота ператворыцца ў велізарны букет самых разнастайных кветак. Пчолы з усяго наваколля зляцяцца сюды.

Некалькі крокаў Ева прайшла, злёгку апіраючыся на локаць Высоцкага, а потым убачыла перад сабою блакітны званочак і пабегла да яго. Сарвала раннюю кветку з доўгай сцяблінкай, потым знайшла яшчэ метлючок, прыклала ўсё гэта да свайго каліва мяты, і выйшаў букецік. Панюхала і засмяялася.

— Вам трошкі лепш? — спытаў Леанід Аляксандравіч.

— Ужо ўсё, — не спыняючыся, адказала дзяўчына, нібы мелася на ўвазе нешта зусім нязначнае. — Прайшло!

Яна ішла то крыху наперадзе, то побач з Высоцкім, і на кожным кроку знаходзіла нечаканыя для яе прыгажосці, захаплялася імі, як падлетак.

— Я так люблю ўсё гэта! — шчыра прызналася яна. — Можа таму, што мала бачыла нашу прыроду. У маленстве жыла ў Слуцку — маці працавала там зубным урачом. Там толькі ў парк бегала ды на могілкі, яны былі блізка ад нашага дома. Потым бацька пакінуў нас абедзвюх і амаль па суседству сышоўся з другою жанчынаю. Маці не магла гэтага перажыць і аднаго разу ўзяла мяне за руку і павяла на вакзал. Усе рэчы былі ўжо там.

Ехалі мы двое сутак, а маці ўсё не гаварыла, куды едзем і чаго. Відаць, і сама не ведала і не спадзявалася на добрае, бо амаль усю дарогу плакала... Ой, што гэта? — Ева спынілася перад разгалістай рабінаю, густа ўсыпанай бела-зелянцовай пахучай квеценню. На ёй было столькі пчол, што іх гудзенне чутно было за некалькі крокаў.

— Яны не рынуцца на нас?

— Не. У іх не аб гэтым цяпер клопат... Дык куды вы тады прыехалі? Расказвайце!

— У Крым, — ахвотна пачала гаварыць далей Ева. — У Джанкой. Там у нас нейкая сваячка жыла. Дык што я хацела сказаць?.. Ага... Там амаль ніякай прыроды не было. Мора далёка, а ў горадзе — сушыня: трава з вясны пакажацца і хутка выгарае. Чамусьці ніякіх ні садоў, ні прысад. Быў тады невялікі парк, дык дрэвы топкія, худасочныя. Ад сонца не было дзе схавацца...

... А потым я на Урале была. Там зноў у такое месца трапіла, што не надта налюбуешся...

— Чаго на Урал? Прабачце, што распытваю.

— Доўга расказваць, але раскажу, калі пытаеце. Мы прыехалі ў Джанкой у саракавым годзе. Прытуліліся ў сваячкі. Мама ўладзілася на работу ў гарадскую бальніцу, а праз год ці больш трапіўся мясцовы чалавек, за якога яна выйшла замуж. Толькі выйшла, і пачалася вайна — майго айчыма забралі ў армію. Мы асталіся ў хаце з яго бацькамі, зусім ужо старэнькімі і хворымі дзедам і бабкай. Эвакуіравацца нікуды не маглі, і давялося акупацыю перажываць на месцы. Помню, як немцы некалькі разоў выкідвалі нас з кватэры, як адзін налошчаны пастаялец страляў у маці над галавою, патрабуючы, каб яна прыбірала яго пасцель і ачышчала ад усякага бруду.

Пасля вызвалення Крыма прыйшло ад айчыма пісьмо. Ён пісаў са шпіталя, але ўсе радаваліся, што рана, хоць і не першая ўжо, ды не вельмі цяжкая. Праз некаторы час — тэлеграма: яму далі тыднёвы адпачынак, каб наведаць сям’ю. Пачалося чаканне. Старыя не адыходзілі ад вокнаў, маці і начамі не спала, але замест айчыма прыйшлі зусім нечаканыя людзі...

Праз некалькі год Ева вярнулася ў Беларусь, да сваёй цёткі. Тады ўжо не было ў жывых ні дзеда, ні бабкі. Маці таксама памерла ад тыфу. Айчым загінуў на фронце ў сорак чацвёртым годзе.

Сказаўшы аб гэтым, Ева быццам непрыкметна адвярнулася і пачала занадта ўважліва разглядваць нешта на другім баку Белага балота.

Высоцкі ўзяў яе за локці і лёгенька павярнуў тварам да сябе.

— Расхваляваліся з-за гэтага, растрывожыліся. Шчыра кажучы, я думаў, што якія ў мяне былі складанасці, то можа ні ў кога такіх... Ажно вы перажылі больш...

Ева глянула на яго вільготнымі вачыма:

— Прайшло ўсё. Цяпер толькі ўспаміны...

Яны ўжо абышлі ўвесь прастор чароўнага лужка і набліжаліся да машыны з процілеглага боку. Тут дзяўчына выбрала высокае і нагрэтае сонцам месца непадалёк ад пышных альховых парасткаў і прылегла неяк бачком, вольна і бестурботна.

— Сядайце, — сказала Высоцкаму.

Леанід Аляксандравіч сеў, а потым прылёг на локаць гэтак жа, як і яна.

— Стаміліся вы? — спытаў са спагадай і ласкай.

— Не, — ціха адказала Ева. — Не было ж ад чаго стамляцца. Гэта так нейкая млявасць у мяне. Цяпер часта бывае.

— Можа вады глыток?

— Дзякую. Нічога не трэба. От паляжу трошкі ды паедзем.

Высоцкі адчуваў, што цяпер дзяўчыне патрэбны толькі спакой і цішыня. Ніякія словы, ніякія ўцешныя размовы гэтага не заменяць. Перад самымі яго вачыма быў яе твар, чароўныя абрысы свежых, трошкі пухленькіх вуснаў. Ён чуў і нібы лавіў яе дыханне, роўнае, зусім заспакоенае і можа нават шчаслівае. Яму хацелася верыць, што шчаслівае. І што б толькі не ўчыніў для таго, каб гэты спакой і цішыня не парушаліся доўга, каб Ева сапраўды адпачыла тут пад яго аховай і шчырай павагай. Няхай бы нават і заснула. Сам таксама невядома колькі часу мог бы ляжаць вось так нерухома і нічым не парушаць яе сцішанасці. Нават і позіркамі ў твар, бо ад гэтых позіркаў дзяўчына можа прачнуцца.

...Каля ракі нехта заспяваў працягла і магутна — голас данёсся аж да Белага балота. Ева расплюшчыла вочы, прыўзняла галаву.

— Паедзем ужо? — спытала ласкава і нібы вінавата. — Я, мабыць, трошкі задрамала?

— Паляжыце яшчэ, — папрасіў Высоцкі. — Адпачніце на свежым паветры.

— Ой, мне так нестае свежага паветра! — паскардзілася дзяўчына. — Каб вы толькі ведалі! Іншы раз нешта такое зробіцца, што дыхаць цяжка і цямнее ў вачах.

Голас з-пад ракі зноў даляцеў сюды, яшчэ выразней як першы раз.

— Вы ведаеце, хто гэта спявае? — яшчэ больш прыўзняўшыся, спытала Ева.

— Трохі здагадваюся, — адказаў Высоцкі, — бо заўважыў машыну на дарозе, калі мы павярнулі сюды. А вы не заўважылі?

— Не. Я, мабыць, у гэты час пейзажамі любавалася. А чыя машына?

— Па-мойму, Жамчужнага. Блакітная «Пабеда».

— Ну вось так яно і ёсць, — пацвердзіла Ева. — Гэта ён і спявае, яго голас. Цяпер ён чамусьці менш спявае. А раней, дык нават на самадзейнасць да нас прыходзіў.

— І памагаў?

— Многа памагаў. Асабліва па першым часе, калі ў нас тут яшчэ амаль нікога не было. Ноты ведае — некалі хорам дырыжыраваў, як быў настаўнікам. Мы часта гаварылі між сабою: от каб нам Мечыслава Юльянавіча дырэктарам клуба!

— А каго ж тады сакратаром парткома?

— Туды лягчэй падабраць.

Высоцкі засмяяўся, але пярэчыць не стаў.

— Там, здаецца, і яшчэ нехта сядзеў у машыне, — выказаў ён меркаванне.

— Магчыма, Запрагаеў. Яны часта ўдвух ездзяць на рыбу.

— А што, калі ўбачыў вас непасрэдны начальнік?

— Ну і няхай сабе, — без ніякай скрытнасці прамовіла Ева. — Мая душа чыстая, і я нікога не баюся.

Калі яны ехалі дадому, Высоцкі, быццам бы і нехаця і з адчуваннем пакутлівай няёмкасці, усё ж загаварыў пра маладога Перапечку. Што ён за хлопец і якія ў іх узаемаадносіны?

Ева і на гэта адказала проста і шчыра:

— Бачымся часта, ён амаль кожны вечар, калі не на змене, то чакае мяне.

— А сёння на змене?

— Здаецца, не. Прыйдзе, відаць, пад таполю.

— Ну і што вы скажаце, як убачыць лесавы букецік?

— Скажу, як было. Толькі вас выгараджу, калі вы гэтага хочаце.

— Не, не хачу! — рашуча прамовіў Высоцкі. — Мяне нідзе не выгароджвайце і ні ў чым! Можа хіба вам самім непрыемна наша знаёмства?

— У нас дружба, — паправіла Ева.

...Перад самай Галубоўкай яна спытала:

— Помніце, аднаго разу вы сказалі, што мы сустракаліся раней. Дык дзе гэта і калі?

— А вы самі не ўспомнілі?

— Ото ўсё здаецца, што сапраўды недзе бачыла, а дзе — прыпомніць не магу.

— Тады слухайце, — задаволена ўсміхнуўшыся, сказаў Высоцкі. — Я вам буду гаварыць, як іншы раз пішуць у газетах. Стаяў цёплы жнівеньскі дзень... На калгасным полі сабраўся натоўп людзей, каб азнаменаваць гістарычную падзею... Тут жа імправізаваная трыбуна, сцягі. Адгучалі гімны і прамовы, дзяўчаты з рыдлёўкамі ў руках абступаюць цэментавы слупок, на якім напісана...

— А-а! — здагадалася Ева. — Цяпер ведаю. Ведаю! Значыць, мы сапраўды старыя знаёмыя.

 

V

У той адвячорак Высоцкі не паехаў у трэст, а завярнуў у Арабінку і да часу паставіў машыну на выгане, насупраць сваёй хаты. Зайшоў у братаву хату даведацца, ці не было чаго па службе, і ўбачыў, што маці там вельмі нечым пакрыўджана і ўстрывожана. Прысеўшы ў мыцельніку, уважліва выслухаў яе скаргу і пайшоў вузкаю сцежкаю праз агарод да сваёй хаты. Дома толькі спыніўся каля пісьмовага стала і ўзяў у рукі свежую газету, як убачыў праз акно, што каля яго «Масквіча» спынілася блакітная «Пабеда».

Пакуль што не кратаючыся з месца, Леанід Аляксандравіч назіраў за тымі двума чалавекамі, што неяк ленавата, спінамі да плота, вылазілі з машыны, і калі пазнаў Жамчужнага і Запрагаева, паклаў газету, пайшоў сустракаць.

— Вось і гаспадар! — яшчэ здалёк усклікнуў Жамчужны сваім густым, гартанным голасам. — А мы ўгледзелі, едучы шляхам, «Масквіча» і рашылі завітаць. Рад не рад, як кажуць...

— Чаму ж не рад? — прыветна ўсміхнуўшыся, сказаў Высоцкі. — Прашу бліжэй да хаты!

— То, можа, Ваню адпусцім? — звярнуўся Жамчужны да Запрагаева. — Адсюль пехатою пройдзем да горада, а калі што, дык у нас жа ёсць шафёр. — Ён з добрай усмешкай глянуў на Высоцкага і прыгладзіў рукой светлыя, непаслухмяныя валасы. — Едзь, Ваня, дадому! — гукнуў шафёру, нават не дачакаўшыся згоды Запрагаева. І стройным спартсменскім крокам рушыў следам за Высоцкім да хаткі з белымі вокнамі і невялічкай верандай, прыбудаванай нядаўна.

З выгляду гэта быў прыгажун-мужчына, як часам любяць гаварыць між сабой жанкі. Высокі, статны, без сутулінкі ці якой-небудзь крывінкі, з адкрытым, заўсёды юнацкім тварам. І на службе, і проста на людзях заўсёды ўмеў сябе трымаць суадпаведна настроям і абставінам, вельмі рэдка траціў раўнавагу, нават пры самых складаных сітуацыях, не цураўся спрэчак, нават дыскусій, аднак жа такту ніколі не парушаў і гучнымі слоўцамі не абараняўся.

Адам Адамавіч Запрагаеў быў трохі іншы чалавек, і калі глядзець страгавата, дык наўрад ці падыходзіў у дружбакі Жамчужнаму. Але Мечыслаў Юльянавіч не так ужо глыбінна ўглядаўся ў асабістыя якасці людзей, быў вельмі памяркоўны і кампанейскі, да саслужыўцаў хутка прывыкаў і тады дараваў ім нават і тыя недахопы, якія часам асабліва вытыркалі. З Адамам Адамавічам Запрагаевым крыху зблізіўся на «прынцыпах» рыбнай лоўлі.

— О-о, у цябе тут... — Ён шырока развёў абедзве рукі, нібы намерваючыся абхапіць густую і свежую зеляніну разгалістай антонаўкі, што расла пад самымі вокнамі ад двара, ды раскошны вішняк за хатаю і ўздоўж усяго плота. — Чароўны куток для адпачынку! Ты часта бываеш дома?

— Начую, калі не ў камандзіроўцы, — адказаў Высоцкі. — Сядайце!

Мечыслаў Юльянавіч спачатку ўважліва паглядзеў на лаўку, што стаяла пры сцяне, а потым сеў, ды вельмі асцярожна, няўпэўнена.

— Яна моцная, — запэўніў Высоцкі, — хоць служыла нам з братам яшчэ малым. Некалі ў хаце стаяла.

— Што, дзедаўская? — спытаў Жамчужны і на ўсякі выпадак мацней упёрся доўгімі рукамі ў калені.

— Не, бацькава.

— А гэта што? — Жамчужны нагнуўся і сарваў пад хатаю маленькі лісток мяты. І адразу здагадаўся. — Вунь яно!.. Бачыў? — Панюхаў сам і паказаў Запрагаеву. — Толькі з зямлі вылезла, а як пахне! З карэння расце ці пасеяна?

— Пасеяла маці і даглядае, — з павагай да яе клопатаў сказаў Высоцкі. — А сёння вось пакутуе...

— А што, чаму? — зацікавіўся Жамчужны.

— Пазней скажу.

— Можа, пакрыўдзіў хто? — спытаў Адам Адамавіч і, мабыць па звычцы, крануў пальцамі верхнюю кішэньку свайго кіцеля: там былі ў яго аўтаручка і блакнот.

— Нічога асаблівага, — ухіліўся ад гэтай размовы Высоцкі.— Скажыце лепш, як там рыба?

— Адкуль ты ведаеш, што мы былі на рыбе? — з хітраватай смяшынкай уставіўшыся на яго, спытаў Жамчужны. — А можа мы з раёна едзем? З пасяджэння важнага?

— Сустракаліся ж на дарозе,— абыякава заўважыў Высоцкі.

— А... што я казаў?.. Што? — перавёў Жамчужны свой ужо ўзрушаны пагляд на Запрагаева. — Ты спрачаўся. А я адразу пазнаў: яго машына! І яшчэ што я сказаў?..

— Ну... што... — замяўся Адам Адамавіч.

— Пачакай! Я сам паўтару! — перапыніў яго Жамчужны. — Я сказаў, што Высоцкі вольны чалавек і мае права на сваёй машыне ездзіць куды хоча і з кім хоча. А вось мы з табою ездзім на рыбу на службовай машыне... Так?..

Запрагаеў зноў падняў руку да верхняй кішэнькі і раптам апусціў, потым неяк разгублена скрывіўся:

— Я магу і пехатою... Мне што?..

— Сюды-то можаш, — смяшліва ківаючы галавою, згадзіўся Жамчужны. — А калі трошкі далей?.. Кіламетраў за сотню?..

— Паколькі вы сёння нічога не ўлавілі, — пад тон Жамчужнаму загаварыў Высоцкі,— то паспрабую закінуць вудачку я. Пасядзіце трошкі, хутка вярнуся.

Ён сапраўды не затрымаўся, бо схадзіў толькі ў братаву хату. Прынёс адтуль гладышык з кіслым малаком, паўбаханкі хлеба і нешта пад крысом пінжака.

— Давай сюды! — сказаў Жамчужны, выставіўшы рукі, — а то яшчэ выпусціш да разаб’еш.

— Пойдзем у хату!

Па дарозе Жамчужны выняў з каньячнай пляшкі нестандартны корак, панюхаў і задаволена прыплюшчыў адно вока.

— Нічога іншага не было паблізу, — шапнуў яму Высоцкі.

— Ціха, — паказаў Жамчужны вуснамі і прыплюшчыў вока на Запрагаева.

Высоцкі даволі ўвішна вызваліў месца на пісьмовым стале, заслаў яго старой газетай і паставіў гладыш з малаком. Потым накроіў хлеба і прынёс з шахаўкі, што стаяла ў сенцах, чаркі, шклянкі для малака ды некалькі лустак сала.

— У цябе і тут пахне мятаю, — сказаў Жамчужны, падсядаючы к сталу.

— Дык вось жа яна, — падхапіў Запрагаеў і ўзяў з белага падаконніка вялікае, ужо галінастае каліва. Двойчы панюхаў яго, прытуліўшы крыху завялыя лісткі да шырокага качынага носа, і зноў паклаў на тое самае месца.

— Прысаджвайцеся, Адам Адамавіч! — сказаў яму Высоцкі, і той адразу сеў, зняў з галавы фуражку і пацёр далоняй сціплы чубок, зачэсаны ледзь не на брыво. Гадоў трынаццаць пасля вайны Запрагаеў прасядзеў у райваенкамаце, таму яшчэ і цяпер насіў вайсковую форму.

— Давайце за нашы поспехі! — сказаў Жамчужны, відаць проста для пачатку, і ўзняў сваю чарку. У хаце быў ужо амаль прыцемак, святла пакуль што не ўключалі.

Запрагаеў таксама працягнуў руку па чарку, уважліва і крыху падазрона паглядзеў на яе, падняўшы, потым перавёў пагляд на этыкетку пляшкі.

— Узялі! — сказаў Жамчужны, і Запрагаеў амаль што адным глытком выпіў. Потым сціснуў вільготныя вусны, ухапіўся рукою за падбародак, аднак праз мінуту засмяяўся і паставіў каля сябе пусты кілішак. Зноў паглядзеў на пляшку і не сказаў ні слова.

— Здорава? — спытаў Жамчужны. — Можа яшчэ па адной?

— Не, я пачакаю, — сказаў Запрагаеў.

Жамчужны ўзяў скібку хлеба, паклаў на яе амаль такую ж па велічыні лусту сала, пачаў смачна есці і дружалюбна паглядваць на Высоцкага.

— Дык што там са старою? Раскажы!

— Бачыў сляды ботаў на мятцы? — пачаў Высоцкі з пытання.

— Не. Чаму ты не паказаў?

— Ладна. Не ў тым справа. Важна — хто нарабіў слядоў і чаму.

— Сапраўды, хто так мог? — перапытаў Запрагаеў.

— Мабыць, той, хто ходзіць летам у ботах, — адказаў Жамчужны і зноў прыплюшчыў вока, засмяяўся.

Запрагаеў падабраў свае ногі пад крэсла, на якім сядзеў, і пачырванеў.

— Я не жартую, — дадаў Высоцкі. — Прыйшоў сёння п’яны чалавек, выламаў плот, стаптаў мятку і абразіў маю маці — яна якраз была тут на агародзе.

— А знаеш што? — раптам узбудзіўшыся, прапанаваў Жамчужны. — Давай, як некалі ў партызанах, пагуляем у інтуіцыю. Ты адкажаш мне на два-тры нязначныя пытанні, а я паспрабую ўгадаць, хто гэта. Ён мясцовы?

— Мясцовы.

— Гарадскі?

— Гарадскі.

— Табе добра знаёмы?

— Не.

— Адказваю: Хілько, дырэктар саўгаса.

Высоцкі кіўнуў галавой.

— Дык што тут было ўгадваць? — заўважыў Адам Адамавіч, ужо, відаць, не разлічваючы на тое, што яго словы будуць пачуты.

— А чаго ён сюды прыплёўся? — ужо сур’ёзна спытаў Жамчужны.

— Мабыць, ішоў баразною, якая праведзена на ўсіх агародах для абрэзкі, і наткнуўся на плот. Выламаў, убачыў, што тут меткі няма, і пачаў...

— Хіба ёсць тут лішняе?

— Я не мераў. Але калі і ёсць, то хаміць не трэба. Мне, напрыклад, усё роўна, дзе будзе стаяць бацькава хата: на саўгаснай зямлі ці ў агародзе брата.

— Маці твая, як былая калгасніца, мае права на трыццаць сотак? — пачаў пералічваць Жамчужны. — Мае. Брату з жонкаю, як настаўнікам, таксама нешта трэба. І табе пад хату сотак шэсць.

— Хата не мая — матчына цяпер.

— Ну, усё роўна няма чаго абрэзваць.

— Тут галоўнае — будзь чалавекам! — гучна прамовіў Запрагаеў, найлепш адчуваючы, што гэтыя словы будуць да месца. — Навошта людзей крыўдзіць?

— Таму што рогі выраслі, — не хаваючы абурэння, сказаў Жамчужны. — А абламаць іх быццам і няма каму.

— Ну-у...— працягнуў Адам Адамавіч і апусціў галаву.

— Што? — звярнуўся да яго Жамчужны. — Чаго нукаеш? Вось ты, напрыклад, можаш выступіць супроць Хілько?

— Я-а?.. — сумеўся Запрагаеў. — Я... Чаму ж... Толькі ад мяне мала што...

— Не можаш! — пацвердзіў Жамчужны. — Значыць так: адзін не можа, другі, трэці... І мужчынка ўявіў сябе тут царком. Жыве ў гарадскім катэджы, карыстаецца ўсімі свяжынкамі і навінкамі нашых магазінаў і амаль на ўсіх глядзіць зверху. А чаму? Вось скажы ты — чаму? — Жамчужны патрабавальна нахіліўся да Запрагаева.

— Ну... Як тут сказаць?.. — прамармытаў Адам Адамавіч і пачырванеў.

— Таму што, — не сунімаўся Жамчужны, — у яго тут агароды і птушкаферма. Каму агурчык, памідорчык, а каму і пеўніка або яек быццам бы няпланавых. У пачатку мінулай зімы тут у яго нібы цуд курыны адбыўся: маладыя нясушкі далі сустрэчны план — пачалі несціся раней часу. Яйкі сыпаліся дробненькія, але бескантрольныя: паядалі тут некаторыя яечні.

Каб прыхаваць сваю вельмі ўжо адчувальную чырвань, Адам Адамавіч выпіў яшчэ адну чарку, а потым загаварыў нават з пэўнай смеласцю:

— Слухай, Мечыслаў Юльянавіч! Ты ўжо вушы мне пратрубіў гэтымі яйкамі. Ну было адзін раз... Было!.. Памыліўся... Жонка брала, не я. Дык ужо і «Мятла» прабірала, і на партбюро гаварылі... Хопіць!

— Што за «Мятла»? — пацікавіўся Высоцкі.

Жамчужны зарагатаў раскаціста і весела:

— Дык гэта ж ён і падабраў сабе такую загадчыцу бібліятэкі, што яго крытыкуе...

— Яна нікога не мілуе, — рашуча ўставіў Адам Адамавіч. — І правільна! Крытыка і самакрытыка, як вядома...

Тут яго Жамчужны перапыніў і растлумачыў Высоцкаму больш падрабязна:

— У нас, разумееш, дзяўчына такая ёсць, Ева Дым. Баявая, начытаная, частушкі сама піша, карыкатуры малюе. Арганізавала сатырычную насценгазету пад такой назвай і брала на карандаш кожнага, хто гэтага заслугоўваў.

— А чаму цяпер не выходзіць такая газета? — зацікаўлена спытаў Высоцкі.

— Мабыць, занадта многа нездаволеных з’явілася, і дзяўчына спасавала.

— Яна не спасуе, — зноў падаў упэўненую рэпліку Запрагаеў. — Ды там у іх цэлы штат, не адна яна.

Жамчужны перастаў смяяцца, працягнуў руку да настольнай лямпы і націснуў на кнопку. Трохі зажмурыўшыся ад святла, загаварыў:

— Жарты жартамі, а ты скажы там сваёй падначаленай, каб выпускала газету, як і раней. Гэта харошая, папулярная ў нашым калектыве газета, і мы нікому не дазволім яе закрываць.

— Дык хто закрываў, хто закрываў?! — раптам ледзь не закрычаў Адам Адамавіч. — Яны самі нешта перапыніліся пасля таго, як размалявалі катэджы!.. З таго часу і маўчаць.

Высоцкі ўстаў, уключыў яшчэ і верхнюю лямпачку і, падышоўшы зноў к сталу, загаварыў:

— Пра гэтыя катэджы, сказаць праўду, я ўжо некалькі разоў думаў. Іх жыллёвыя габарыты трэба будзе перагледзець і падсяліць туды яшчэ людзей, якім пакуль што няма дзе жыць.

— Дык вось жа, вось!.. — з імпэтам падхапіў Запрагаеў і абедзвюма рукамі палез у другую кішэньку свайго кіцеля. Яна тапырылася, як і першая, хоць тут не відно было ручкі ці карандаша. Выняў адтуль пакунак складзеных у чатыры столкі папер, разгарнуў на стале. — Вось гэта спісы тых, каму патрэбны кватэры. І ў першую чаргу, а не то што... Паглядзіце, Леанід Аляксандравіч!

Высоцкі працягнуў руку, але Жамчужны першы згроб гэтыя спісы са стала, згарнуў іх і сунуў Запрагаеву ў кішэню.

— Ведаю я, што гэта за спісы, — раздражнёна прамовіў ён. — Каб быць усім добранькім, наш старшыня пабудкома абяцае кватэры кожнаму, хто да яго звяртаецца. Выйдзе справа — добра: старшыні аўтарытэт і навага. Не выйдзе — усю віну валіць на Крывашыпа, на Жамчужнага, а цяпер вось будзе валіць і на цябе, — ён глянуў на Высоцкага. — І зноў ён чысты і ружовенькі!

— Ну, гэта ты, Мечыслаў Юльянавіч!.. — запярэчыў старшыня. — Пачытай спісы!.. На, пачытай!

— Ды згодзен я, што там ёсць людзі, якім няма дзе жыць, — гаварыў сваё Жамчужны. — Але ж тваімі спісамі ім не паможаш. Ужо два гады ходзіш, запісваеш, усім паказваеш гэтыя спісы, а карысць з гэтага хіба толькі табе самому!

— О-ё-ёй! — чамусьці зусім бяскрыўдна азваўся Запрагаеў. — Калі ўсё гэта так, дык мне, бадай, і жыць няма чаго.

— Вытрымаеш! — Жамчужны раптам засмяяўся. — Ладна!.. Мы з табою ужо надакучылі тут.

На агародзе, мабыць, была пасаджана бульба, таму ўтрох нельга было ісці побач вузкім замежкам. Запрагаеў пайшоў паперадзе, а Жамчужны, хоць часам і трапляў у разору, усё ж трымаўся суседства Высоцкага. Ішоў, нюхаў каліўца мяты, падоранае Высоцкім, і маўчаў. Па яго дыханні і неспакойным пакашліванні адчувалася, што хацеў нешта сказаць, ды быццам не адважыўся ці не ведаў, з чаго пачаць. І толькі падышоўшы да варотцаў, калі Запрагаеў ужо ледзь відзён быў за плотам, пачаў гаварыць з нейкім асаблівым пачуццём і ўсхваляванасцю, зусім не ў той манеры, якой трымаўся амаль увесь час за сталом.

— Слухай, Лёня! Давай мы як-небудзь выберам час ды аб’едзем хоць тыя партызанскія мясціны, што бліжэй адсюль. Мы ж нават па гэты бок ракі колькі разоў былі. Памятаеш?

— А як жа. Добра памятаю! — пацвердзіў Высоцкі.— Ты ў Бранаўца часта бываў. А потым і ў мяне...

— Нават у атаку разам хадзілі. Памятаеш?

— Хіба можна гэта забыць?

— Я цяпер, бывае, прыеду на рэчку, — гаварыў далей Жамчужны, — сяду на беразе з вудачкай... Сяджу і сам не заўважаю, як задумваюся, пачынаю ўспамінаць мінулае. Як люблю лавіць рыбу, гэта нават цяжка выказаць, а часам забываюся пра яе... Гляджу на ласкавыя, спакойныя хвалі, якія цяпер па-свойску песцяць мае босыя ногі, і не веру, што некалі, каб не ты, яны паглынулі б мяне... Гэтыя ж самыя хвалі, гэтай жа ракі...

— Зімой рака не такая, — заўважыў Леанід Аляксандравіч. — Але ты выбраўся б і без маёй дапамогі.

— Не, не выбраўся б! Гэта я заўсёды адчуваю. Вельмі нечакана праваліўся ў глыбокім месцы. А лёд быў такі, што ні ўхапіцца за яго, ні скрозь абломваць, каб плысці. Ты лягчэйшы, і то ледзь трымаўся каля проймы, нават лежачы...

За варотцамі Жамчужны спыніўся каля «Масквіча», пачакаў, пакуль Высоцкі падыдзе бліжэй.

— ...Ты верыш, што я тады нічога не знаў пра тваё ранейшае падполле? — ціха і са шчырасцю ў голасе спытаў Мечыслаў Юльянавіч.

— Канечне, веру!.. Што ты?! Мяне паслаў у паліцыю Меркуш, сакратар падпольнага райкома. Ведаў пра гэта яшчэ Бранавец, а больш ніхто. Абодва яны загінулі.

— А потым і пра арышт твой я доўга нічога не ведаў... Мучыўся, пазней хацеў памагчы... Ды як?.. Якім чынам?..

— Тады ніхто не мог мне памагчы. Шчасце, што праз некалькі год добрыя людзі знайшлі дзённік Меркуша.

— Ты ідзеш? — данёсся голас Запрагаева.

— Іду, пачакай,— адгукнуўся Жамчужны. — Ну, бывай! — Ён працягнуў руку Высоцкаму. — Я рад, што мы зноў разам. А наконт гэтых гастроляў Хілько я пазваню ў райком партыі.

Ён дагнаў Адама Адамавіча ўжо на сцяжынцы цераз саўгасны палетак. Нейкі час ішлі побач моўчкі, потым Запрагаеў спытаў:

— Якую гэта дрэнь мы пілі там? Аж і цяпер у горле пячэ.

— А ты не разабраў?

— Разабраў, ды гаварыць не хацелася.

— Вось як!

Запрагаеў моцна засоп, пацёр свой качыны нос і зноў змоўк на некалькі крокаў.

— Здаецца, крутавата бярэ? — сказаў потым з няпэўнай інтанацыяй у голасе. — Як думаеш?

— Няхай бярэ.

— Няхай, кажаш? Ну, тады — няхай. Вы што?.. Партызанілі разам?

— У адной брыгадзе. З палавіны сорак другога года.

— Так-так...

Зноў ішлі моўчкі аж да самага павароту на гарадскую вуліцу.

— Ты дадому? — суха спытаў Жамчужны. — Калі ўгледзіш там каго з маіх, скажы, што затрымаўся ў Высоцкага.

— А ты куды?

— Пахаджу крыху, развеюся.

— Ну, хадзі, хадзі...

Запрагаеў прыспешыў крок, а Жамчужны пастаяў з хвіліну перад цёмным у змроку поплавам і вярнуўся зноў на сцяжынку, што, нібы тэлефонная нітка, злучала Арабінку з горадам. Увечары тут было ціха і спакойна, рэдка хто праходзіў. Гарадскія ліхтары трохі падсвечвалі таму, хто ішоў з горада. Але і там, куды святло не даходзіла, ісці было зручна і прыемна. Пакуль яшчэ няма ў горадзе ўтульных паркаў і сквераў, то адпачыць лепшага месца не знойдзеш.

У гасцях у Высоцкага Жамчужны гаварыў і думаў аб усім, але найбольш хацелася яму ўспомніць з Леанідам Аляксандравічам сёе-тое з партызанскага жыцця. Дзеля гэтага, калі гаварыць праўду, і заехаў. Гаворка аб мінулым выйшла там зусім кароткая, а цяпер у думках яна нібы працягвалася з большай падрабязнасцю і спакойным асэнсаваннем. Некаторыя малюнкі і з’явы паўставалі ў гэтых абставінах адзіноты і спакою так жыва і адчувальна, нібы ўсё тое, што было, сапраўды паўтаралася.

...Рака даўно застылая, замеценая снегам. Колькі разоў даводзілася ў тую зіму пераходзіць яе?..

...Камандзіра атрада Высоцкага пазвалі ў штаб брыгады. У гэты час у тым атрадзе быў і ён, памочнік камісара брыгады па камсамолу. Камандзір атрада камсамольскага ўзросту — яго гонар і эфектны тэзіс для ўсіх рапартаў і данясенняў аб камсамольскай рабоце. Сабраліся ісці ў штаб брыгады разам.

...Сцюжная і нялітасная зімовая ноч. Праз добра знаёмую, здавалася, зусім сваю, заўсёды лагодную рэчку першы пайшоў Высоцкі. Нешта рэпнула пад глыбокім снегам, калі яны выйшлі на сярэдзіну... І толькі гэта ўлавілі слых і памяць... Далей усё жудаснае і безнадзейнае... Холад, смяртэльнае здранцвенне ўсяго цела... Цяжкае і няўмольнае асяданне ўніз з ніколі не чуваным гулам над галавой, са страшэнным болем у вушах... І як першая праява змагання — штуршок нагамі ў рачное дно.

...Глыткі... Доўгія і згубныя глыткі вады... У адчуванні не асталося якой: ледзяной ці гарачай... Помніцца толькі, што цела налівалася і камянела, але ад моцнага штуршка і работы рук падымалася на паверхню. Крыкнуць, абавязкова крыкнуць, калі толькі можна будзе разявіць рот!..

І ён, здаецца, крыкнуў, хоць голасу свайго не пачуў. Мільганула ў свядомасці, што, быццам, зрабіў усё тое апошняе, што мог... І калі зноў забулькала і загудзела над галавой, адчуў, што сіла цяжару неадольная, і змагацца з ёй, мабыць, ужо не знойдзецца моцы.

У гэты час нешта пацягло яго на паверхню. Цяжасць паступова знікала, пачалося глытанне вады ўжо ў надзеі, што яна не захлыне і зноў уніз не пацягне...

...Калі першы раз дыхнуў без захлёбвання, то адчуў, што яго цягнуць за валасы, — добра, што вушанка не была падвязанай выплыла раней.

— Што, хлябнуў трохі? — спытаў Высоцкі такім тонам, быццам нічога асаблівага і не здарылася. Відаць, наўмысля, каб падбадзёрыць.

А можа ён і яшчэ што-небудзь гаварыў да гэтага?..

У вушах было поўна вады... Здавалася, што ўсё цела — адзін лёд, страшэнна цяжкі і калючы...

Першыя мінуты не верылася, што ўжо не ў вадзе... Потым Высоцкі надзеў на мокрую галаву зусім сухую вушанку, сваю. Стала яшчэ халадней, хоць пад горла падкатвала вада, здаецца, цёплая. Усё яшчэ страшна было разняць рот, але Высоцкі сам яго разняў і ўліў нечага вельмі гарачага, як кіпень. Закалола на языку, потым — у горле.

...Зноў Высоцкі ўчапіўся за нешта моцна і ўпэўнена... Толькі не за валасы. Учапіўся і пацяг... Няўжо наверх?.. Няўжо да гэтага ўсё яшчэ над целам была вада? Не. Вось жа снег, чутно, як ён шархаціць пад спінаю.

Потым ужо ясна адчулася, што Высоцкі яго некуды нясе. Падумалася нават, што яму вельмі цяжка, бо невялікі па росту нясе такога вялікага і дужага...

На хутарку дазнаўся, што давялося перапаўзці зноў на свой бераг, бо толькі тут былі паблізу надзейныя людзі.

Гэта было выратаванне.

З таго часу пачалася дружба. Колькі разоў даводзілася бываць у атрадзе ў Высоцкага?..

...А да гэтага? Як адбылася першая сустрэча і калі?

...Яшчэ жывы быў Бранавец, а Высоцкі камандаваў у атрадзе Бранаўца ротай.

— А?.. Новы пампаліт? — спытаў Высоцкі, прытрымліваючыся вайсковай тэрміналогіі.

— Што, служыў у арміі?

— Не. Меў адтэрміноўку, як студэнт політэхнічнага інстытута. Мабілізавацца не паспеў, прыйшоў з Мінска па шпалах.

— З якога курса?

— З другога.

— А я з трэцяга, Мазырскага.

— Ясна. Настаўнік.

Неўзабаве Бранавец загінуў пры разгроме фашысцкага гарнізона вось у гэтым месцы, дзе цяпер жывём, працуем... У штабе брыгады тады было многа гаворкі пра адважнага і здольнага камандзіра Леаніда Высоцкага. Перш чым прызначыць яго на месца Бранаўца, параіліся і з камсамолам. Кандыдатуру рэкамендаваў і падтрымліваў Меркуш, сакратар падпольнага райкома партыі і камісар брыгады. Але ж не абавязкова яму было гаварыць, што Высоцкі яшчэ да атрада быў пасланы ў самы вялікі местачковы гарнізон і зрабіў там надзвычай важную справу.

Канечне ж не абавязкова! Нават зусім нельга было гаварыць, бо гэта вялікая тайна.

Адкуль хто мог ведаць, што Высоцкі меў такое заданне? Ніхто не мог ведаць! Адзін толькі Меркуш!

...Толькі што Леанід сказаў, што яшчэ Бранавец ведаў, блізкі яму ледзь не з самага маленства чалавек. Магчыма, што і Бранавец! Але ў канцы сорак другога года ён загінуў...

...Потым былі сустрэчы на пазіцыях, у паходах, у атаках... Хто калі мог успомніць пра даўняе складанае падполле?.. Высоцкі, мабыць, і сам забыўся пра яго.

...Яны партызанілі да вызвалення Беларусі. Потым абодва пайшлі ў рэгулярную армію, на папаўненне той дывізіі, якая памагла вызваліць зону брыгады. Трапілі ў розныя падраздзяленні, у баях зусім раз’ядналіся і нічога не ведалі адзін аб адным. Дэмабілізаваліся таксама ў розныя тэрміны, і, як высвятляецца цяпер, кожны пайшоў сваёй дарогаю: Высоцкі — у політэхнічны інстытут давучвацца на інжынера-будаўніка, а Жамчужнага паслалі на Палессе дырэктарам школы. Давучваўся ён завочна.

...Што зрабіў бы на яго месцы Высоцкі, даведаўшыся, што пасадзілі сябра? Позна даведаўшыся, амаль праз паўгода?..

Нічога не зрабіў бы і Высоцкі! А можа і знайшоў бы што?.. У яго неяк усё ў жыцці быццам бы выразней і пэўней, хоць часам і складана да здзіўлення.

Так у роздумах і разважаннях, у неадольным палоне ўспамінаў дайшоў Жамчужны амаль да хаты Высоцкага. Убачыў машыну каля агарода і вярнуўся, рашыў ісці дадому. Стаў прыбаўляць крок, паглядваючы на ліхтары ўперадзе, прымушаў сябе пераключыць свае думкі на што-небудзь іншае, хоць нават на жанчын, якія, здаецца, ніколі не крыўдзілі яго сваёй увагай. Уяўляў самую прыгожую з іх, не надта даўнюю па знаёмству і не надта далёкую па ўзаемаадносінах. Чароўнасць успамінаў крыху захапляла, але зусім не надоўга, а потым, зноў супроць волі, бурлівай і неадступнай хваляй нахлыналі ўспаміны і пачыналі сціскаць душу сваёй складанай і супярэчлівай сутнасцю.

Дома гэтак жа стаяла ў памяці ўсё перадуманае і нібы патрабавала, каб яго абдумалі, перадумалі, узважылі і пераважылі яшчэ раз. Ніякія іншыя справы і ўражанні не ішлі ў галаву. Сон не браў. Гэта была, мабыць, тая першая ноч, калі Мечыслаў Юльянавіч не спаў аж да самага світання.

Машына Высоцкага так і начавала той раз на дарожцы супроць яго хаты. Раніцою Леанід Аляксандравіч выйшаў, каб перад выездам агледзець машыну, і ўбачыў каля плота каліўца мяты.

«Каторы ж гэта кінуў? — міжвольна апаліла крыўдай пытанне. — Мятка была ў абодвух, як падарунак гасцям. Няўжо Мечыслаў? Не. У яго было, здаецца, меншае каліўца...»

 

VI

Некалькі дзён пасля гэтага Высоцкі быў у камандзіроўцы — выязджаў на адзін з самых далёкіх участкаў трэста. Вярнуўшыся, доўга не мог вырвацца з кабінета, бо вельмі апанавалі яго розныя неадкладнасці па галоўным упраўленні. Толькі перад самым вечарам паехаў у горад і там завярнуў на знаёмы пустырчык, на ўскрайках якога ўжо раслі лебяда і малады дзядоўнік. Паставіў тут машыну і рашыў заглянуць на хвілінку ў бібліятэку — балазе і справа знаходзілася, трэба было памяняць кнігі.

Зайшоў у калідорчык былой прарабскай і зусім нечакана ўбачыў тут Еву.

— Добры дзень, Леанід Аляксандравіч! — ціха прамовіла яна і парывіста ступіла насустрач. — Я праз акно ўбачыла вашу машыну...

Твар яе палыхаў нібыта і свежай чырванню, але вочы былі запалыя і на здзіўленне сумныя, быццам запалоханыя. На іх не было ў гэты момант слёз, але адчувалася, што дзяўчына яшчэ зусім нядаўна была ў страшэнным адчаі і, мабыць, плакала.

— Што з вамі? — насцярожана і клапатліва спытаў Высоцкі.

Яна раптам упала тварам яму на грудзі і залілася слязамі.

— Захварэла я, — неяк вельмі глуха, быццам не сваім голасам і не сваімі вуснамі прамовіла яна.

— Што?!. — Леанід паклаў кніжкі на падаконнік і ўзяў дзяўчыну за дрыготкія плечы.

— Сёння правяралі на рэнтгене, — выціраючы слёзы і прыхоўваючы заплаканы твар, пачала яна гаварыць больш выразна.— Першы раз за гэтыя два гады праверылі.

— Ну і як?

— Вось, — яна падала згорнутую паперку.— Накіроўваюць у дыспансер. Туберкулёзны.

— Дык чаго гэтак перажываць? — пачаў угаворваць Высоцкі, углядаючыся ў паперку.— Магчыма, і памыліліся тутэйшыя нашы эскулапы, а можа сумняваюцца ды хочуць атрымаць кваліфікаванае заключэнне.

— Сказалі, што сур’ёзнае ў мяне, — паўтарыла дзяўчына. — Але я гэта толькі вам, Леанід Аляксандравіч. Толькі вам!.. Што мне цяпер рабіць?

— Паехаць-то трэба, — спакойна і ўпэўнена стаў раіць Высоцкі. — Заўтра паедзем разам — мне трэба ў Мінск. А пакуль што супакойцеся і нічога кепскага не думайце.

— Я аўтобусам паеду,— запярэчыла Ева. — Адна паеду.

— Адну не пушчу! — ціха, але з настойлівасцю прамовіў Леанід і прыхіліў яе да сябе. — Са мною паедзеце, я не пакіну вас!..

Ева зноў заплакала, але ў празрыстых і ўзнятых на Леаніда вачах мільгнулі іскрынкі радасці і надзеі.

— Зачыніце пакуль што бібліятэку, — прапанаваў потым Высоцкі, — ды адпачніце. Давайце падвязу дадому!

— Тут у мяне дзяўчаткі са школы, — ужо амаль роўным голасам сказала Ева. — Памочніцы мае. Разложым з імі, упарадкуем новыя кніжкі, тады пайду.

— Заехаць па вас?

— Не, не трэба. Дзякуй, што цяпер заехалі. Забраць у вас гэтыя кнігі? — яна глянула на падаконнік.

— Забярыце. І заўтра выходзьце за мосцік з самага ранку.

У Высоцкага адлягло на душы, калі ён убачыў, што Ева перабягае мосцік імкліва і ўпэўнена, што падыходзіць да машыны з харошай, ветлівай усмешкай. У руках у яе зноў свежы букецік, сабраны, відаць, з таго, што расло ў агародчыку яе гаспадыні. Тырчма стаяў і вылучаўся сярод іншых каліўцаў зялёны, аж трошкі белаваты касачык, махрыліся галінкі завушніц, жаўцела некалькі адуванчыкаў, а пасярод усяго гэтага была ўсё ж такі мята. Усю дарогу дзяўчына трымала гэты букецік у руках, шкадавала, што ён пачынаў проста на вачах вянуць, і не ведала, як яму памагчы. Ад гэтага часам перажывала.

Аднак такія перажыванні не засланялі таго, што асабліва цешыла Высоцкага: Ева была вясёлая, пераспявала за дарогу амаль усе тыя частушкі, што напісала за мінулыя часы, пераказала безліч розных эпіграм і подпісаў пад карыкатурамі.

— Памятлівасць у вас!.. — здзівіўся Леанід Аляксандравіч. — Каб мне хоць частку такой памяці!

— А я і не ведаю, якая ў мяне памяць, — сказала на гэта Ева. — Нічога наўмысля не запамінаю, што само астаецца ў галаве, тое і помню.

Да самага Мінска пра хваробу не гаварылі, толькі ўжо ў горадзе Высоцкі спытаў, ці не было вялікіх перажыванняў і пакут ноччу.

— Доўга не магла заснуць, — прызналася Ева. — Толькі перад днём паспала. Але я ўжо даўно мала сплю ноччу.

— Гаспадыня ведае, куды вы паехалі?

— Не. Што вы?

— А Вілен?

— Я нікому нічога не гаварыла.

— Ну і правільна! — адобрыў Высоцкі. — Калі там правераць сёння, без затрымкі, то к вечару і дадому вернемся.

...У рэнтгенакабінеце дыспансера спачатку не было электратоку, потым урача некуды пазвалі, потым здарыліся яшчэ нейкія непаладкі, і выйшла так, што Еву агледзелі толькі перад вечарам. Самой не сказалі нічога, а Высоцкаму паведамілі, што ўся канчатковая дыягностыка будзе зроблена заўтра.

— Вы ўжо не паспееце даехаць! — занепакоілася дзяўчына, калі яны ўбачыліся ў прыёмнай. — Сцямнее ў дарозе.

— А я і не паеду сёння, — запэўніў Высоцкі. — Заўтра ўсё скажуць і паедзем разам.

Ева ўдзячна глянула на яго і хутка апусціла вочы: павекі яе задрыжалі. Яна нічога не сказала аб сабе, а толькі заклапочана спытала:

— А па рабоце ў вас нічога?

— Я пазваню, — адказаў Высоцкі.

Ён сеў у машыну і ціха паехаў па вузкай, нялюднай вуліцы. І толькі цяпер стаў прыкідваць, дзе паставіць машыну, дзе пераначаваць самому. Усе апошнія гады яму не так часта даводзілася бываць у Мінску, таму знаёмых тут амаль што і не было. А калі б хто і знайшоўся, то наўрад ці хапіла б смеласці заехаць да яго нанач. У гасцініцу таксама не ўпросішся з машынай.

Ніякай трывогі з-за гэтага не ўзнікала — можна было пераначаваць і ў кузаве на ўсякай стаянцы. А пакуль што прыйшла думка — паездзіць крыху па горадзе, больш уважліва, як іншы раз на хаду, агледзець некаторыя новыя і даволі цікавыя ў архітэктурных адносінах будынкі, кварталы і цэлыя вуліцы.

Ужо блізка было да змяркання, калі Высоцкі трапіў на зусім ціхі, пуставаты і нават не забрукаваны правулачак: колы пасунуліся з горкі па пяску плаўна і роўна, нібы паплылі. Змены і тут заўважаліся — з левага боку сям-там бялелі фасады вялікіх дамоў, — аднак жа многія мясціны асталіся амаль такія, як і былі дзесятак год назад.

Высоцкі паглядваў на драўляныя домікі з вузкімі дворыкамі з правага боку. І чым далей ехаў, тым цікавасць разбірала ўсё больш: угадаецца той, некалі знаёмы домік ці не? Стаіць ён на тым жа месцы ці можа даўно няма, і селішча не пазнаеш, бо на ім пабудавана што-небудзь новае?

...Ні людзей насустрач, ні якога-небудзь транспарту — можна ехаць зусім ціха, хоць нават і пяць кіламетраў у гадзіну. І ўвесь час з горкі, машына коціцца амаль без матора. Дарога роўная: ні калдобін, ні аб’ездаў — можна ўвесь час спакойна разглядаць усё навакол.

...Уперадзе з правага боку з-за суседняй будынінкі паказаліся вялікія і па-вясковаму пышныя кусты бэзу. А з левага — глухая сцяна мураванага дома. Гэтага дома раней тут не было, а бэз і тады рос у маленькім агародчыку, толькі не гэтакі раскошны і густы. За зялёнымі кустамі стаяў тады маленькі домік з нізкімі вокнамі. Часам яго нават не відно было з-за бэзу.

Ёсць там цяпер што ці асталіся толькі кусты?

Пад’ехаўшы бліжэй, Высоцкі ўбачыў, што домік стаіць і цяпер, толькі быццам бы не такі, як раней, і не на тым месцы. Вокны сінія замест белых, але гэта нічога: шалёўку маглі перафарбаваць. Ды сам домік быццам ніжэйшы за той, што калісьці быў вельмі знаёмы. Двара амаль і зусім няма: з каліткі павяла некуды толькі сцежачка, акаймаваная свежай травою. З аднаго боку сцежкі — грады, з другога — прыбуцвелая сцяна доміка.

Высоцкі і сам не заўважыў, як лёгенька націснуў на тормаз — машына стала проці вокнаў, зацененых бэзам. Нехта быццам бы глянуў у акно — Леаніду стала няёмка, і ён адпусціў тормаз.

...Машына ціха пайшла, кусты бэзу і домік пачалі адплываць назад, а ўпэўненасці так і не было — той гэта домік ці не той.

Ужо ад’ехаўшы да наступнага двара, Высоцкі раптам пачуў, што нібыта яго нехта заве. Глянуў у люстэрка і аж здрыгануўся ад нечаканасці: за машынай бегла Людміла, махала газавым шалікам і крычала:

— Лёня, Лёня, пачакай!

Ён спыніў машыну.

— Ну, чаго та-ак?! — з добрай усмешкай, але і з крыўдай накінулася на яго жанчына, перш чым паздароўкацца. — Прыехаў, бачыць, што я гляджу ў акно, махаю рукою, дык хаця б які знак!.. Паехаў! Гэта ўжо і няветліва, калі хочаш... Цётка таксама здзівілася.

— Я не бачыў, як ты махала, — апраўдваўся Высоцкі, адчыніўшы пярэднія дзверцы.— Я наогул цябе там не пазнаў.

— Вокны пагнілі, не адчыняюцца, — пачала Людміла браць віну на сябе. — А то пачуў бы, як мы з цёткай гукалі. Падай машыну назад ды заглянь хоць на хвіліну: цётка вельмі просіць. Ёй нешта нездаровіцца, і я зайшла праведаць.

— Можа пазней? — стаў аднеквацца Высоцкі. — Я хацеў яшчэ пабываць...

— Дадому сёння не едзеш?

— Ды не... Так выйшла, што...

— Тады давай зойдзем! Дзеля цёткі зрабі гэта. Яна так паважае цябе...

— А стары дома?

— «Тайны міліцыянер»? — Людміла горка ўсміхнулася. — Даўно няма — прагнала яго цётка. Цяпер жыве адна і ўсё чакае, калі разбураць гэтую хібару і дадуць ёй кватэру ў новым доме ды на новым месцы.

— Ладна! — памяркоўней прамовіў Высоцкі. — Скажы, што наведаюся, вось толькі заеду ў магазін ды куплю што-небудзь. Старая ж чарку любіць, праўда?

— А не падвядзеш? А то сама сяду ў машыну, тады ўжо нікуды не дзенешся!

— Сказаў, дык прыеду!

 

Людміліна цётка сапраўды была рада госцю, многа распытвала, многа скардзілася, а потым, калі даведалася, што Высоцкі нідзе не ўладкаваўся нанач, стала прасіць астацца ў яе.

— Мы ж вам не чужыя, — даводзіла яна, спадылба паглядаючы на Людмілу. — Каб выхвараў да вычарнеў той, хто гэтак вам зрабіў!.. Як я ненавіджу, як праклінаю такіх людзей-ірадаў! І свайго гэтага дурня, абібока выгнала. Можа ён і не зрабіў нічога кепскага нікому, але пасля таго вяселля я цярпець не магла, калі ён часам выхваляўся ды пагражаў людзям.

...Людміла пачала збірацца дадому.

— Табе далёка? — спытаў Высоцкі.

— Ды не надта блізка. На Слуцкую шашу.

— Хочаш — падвязу?

— Гэта было б міла з твайго боку.

— Дык я вас чакаю! — сказала гаспадыня цяжка і грузна ўстаючы з-за стала. — Машыну тут паставім, я пакажу дзе.

На Слуцкай шашы Людміла спачатку паказала, дзе трэба зрабіць левы паварот, а потым стала падаваць каманды адну за другой:

— Права, лева, прама!

Камандавала і свавольна памахвала перад рулём белым газавым шалікам. Па яе жэстах і арыстакратычна-абыякавым голасе Высоцкі здагадваўся, што яна часта ездзіла сюды з незнаёмымі вадзіцелямі, відаць таксістамі.

Па апошняй камандзе Леанід Аляксандравіч завярнуў у шырокі асфальтаваны двор і затармазіў каля вялікай і жоўтай пад фарамі сцяны.

— Вось тут расцвітае маё сямейнае шчасце! — з ненатуральнай урачыстасцю прамовіла жанчына, вылезшы з кабіны, і паказала шалікам на каторы там паверх, відаць не першы. — Зойдзем паглядзім!

— А ён... дома?

— Ды дзе там! У камандзіроўках усё. І слава богу!..

Пад святлом ніжніх вокнаў яна павярнулася да машыны, і Высоцкі ўбачыў залішне ўзрушаны, нават разгарачаны твар, блішчастыя, зыркія вочы.

«У машыне душна, — падумаў ён, жадаючы неяк апраўдаць жанчыну. — Вось і разабрала крыху ад чаркі».

У кватэры Людміла ўключыла святло і войкнула ад нечаканасці: у пакоях быў такі адмысловы беспарадак, што і наўмысля цяжка дасягнуць такога. Відаць, яна забылася, што не прыбірала сёння ў кватэры. У зале на кожнай рэчы што-небудзь ляжала ці вісела. Нават на таршэр было ўскінута нешта лёгкае, нацельнае. Пасярод пакоя ляжала дагары тварам вялікая голая лялька.

Гаспадыня без жалю пхнула гэтую ляльку нагою, зняла з таршэра ружовую адзежыну і кінулася зачыняць спальню. Але пакуль зачыніла, Высоцкі паспеў убачыць там непрыбраны двухспальны ложак самага новага стылю, а побач на падлозе — вялізныя, нумару так сорак шостага, мужчынскія скураныя пантоплі.

— Вось так і жывём, — сказала яна, вінавата і крыху разгублена паглядаючы на госця.— Запрасіла б пераначаваць тут, але ж ведаю характар: не застанешся. Ды і суседзі ў нас балбатлівыя. Пасядзі хоць хвіліну!

— Не, я паеду, — адмовіўся Высоцкі. Яшчэ раз акінуў позіркам залу і пераканаўся, што сесці няма дзе: усе крэслы і атаманка былі хоць чым-небудзь ды заняты.

Вярнуўшыся на ціхую пясчаную вулічку, ён уладкаваў машыну і неўзабаве ўлёгся на адпачынак сам: Людміліна цётка паслала яму ў пакоі, а сама лягла на кухні. Ён хутка заснуў першым моцным сном і, мабыць, спаў бы доўга, але праз некаторы час прачнуўся ад стукату ў дзверы.

«Што такое, няўжо ноч так хутка прайшла?» — З натугай расплюшчыў павекі, нібы іх хто склеіў, глянуў у акно: на дварэ было яшчэ цёмна.

Стукат паўтарыўся. «Значыць, нешта нечаканае». І чамусьці мільгнуў у памяці даўні выпадак на вяселлі. «Вось той стол, за якім сядзеў тады побач з Людмілай. Вунь там куханька, дзе адбылася тая «ветлівая» размова, з якой не можа зраўняцца самае што можа быць на свеце прыкрае і цынічнае».

Гаспадыня пачула стукат, з крахтаннем і сапеннем паднялася з пасцелі і пашлёпала да дзвярэй.

— Хто там? — спытала сонным і хваравітым голасам.

— Адчыніце, хутчэй!

Высоцкі пазнаў Людмілін голас.

— І што гэта ты надумалася сярод ночы? — пачала прабіраць яе старая, адцягваючы драўляную дапатопную засаўку. — І сораму ў цябе няма... Ні сну табе, ні спакою...

— Страшна мне адной, — неяк жаласліва прамовіла жанчына і хуценька прайшла на кухню. Там яны ўключылі начнічок, і Высоцкі — хацеў гэтага ці не хацеў — вымушаны быў слухаць іх ціхую, насцярожаную размову.

— Ён спіць?

— Спіць, напэўна. Я сама была заснула ўжо.

— А дзе вы яму паслалі?

— На канапе. Ты можа раскладушку палезеш дастанеш з вышак?

— На чорта яна мне! Лягу, дзе заўсёды, на ложку. Усё выпілі?

— Што ўсё?

— Ну, тое, што Лёня купіў...

— Колькі асталося пры табе, столькі і ёсць. Мы не пілі.

— А дзе яно?

— Нашто табе?

— Хачу яшчэ выпіць.

— Здурнела — так позна?

— Не ваш клопат! Дзе?

— У шахаўцы! Нешта ты распілася гэтыя дні. Глядзі!.. Прыедзе той зноў будзеш хадзіць у сіняках!

— А хваробу! Рукі не дастануць!

Потым чутно было, як Людміла лазіла ў шахаўку, брала там пляшку і шклянку (яны дзынкнулі адна аб адну), як налівала спачатку сабе...

— І мне налі ўжо, калі гэтак! — загадала цётка. Людміла яшчэ раз бразнула дзверцамі шахаўкі і стала наліваць другую шклянку.

— Пакінь трохі! — бурчліва сказала гаспадыня. — Можа на снеданне спатрэбіцца.

— То і яшчэ купіць, — сцішана хіхікнуўшы, прамовіла Людміла. — Але ён за рулём не п’е. Вы ж бачылі.

Яны выпілі, нечым трохі закусілі, і тады Людміла, яшчэ жуючы, зайшла ў пакой. Каля нікеляванага ложка зняла туфлі, паставіла іх пад ложак. Ціха і лёгка ступаючы, разабрала ложак, пасядзела на ім з хвіліну неяк задумліва і сумна, потым пачала раздзявацца. Здымала з сябе ўсё верхняе спавольна і марудна, нібы раздумваючы, трэба гэта рабіць ці не трэба. І зусім нікога не асцерагалася: відаць, была ўпэўнена, што Высоцкі спіць.

— Схадзі паглядзі засаўку, — прашаптала за перагародкаю цётка. — Я, мабыць, не засунула.

У кухні ўсё яшчэ свяціўся, мабыць забыты, начнічок.

Людміла пайшла ва ўсім спартсменскім, і нават у змроку былі відны стройныя абрысы яе сапраўды гімнастычнай постаці. Вярталася, дробна ступаючы на пальчыкі і віляючы пышнымі бёдрамі, як у танцы. Лягла, накрылася ледзь не з галавой і прыціхла.

Так прайшло некалькі хвілін. Высоцкі адчуваў, што яна ўслухоўваецца ў яго дыханне, але прытварыцца сонным не мог. Ды не лёгка было прытварыцца: яго канапа ад ложка насупроць — усяго якія два-тры крокі. У гэтай прагаліне ўмяшчаўся толькі стол, старамодны, чатырохкантовы. Ён стаяў больш к галовам, але паміж точаных ножак Высоцкаму відна была падушка і Людзіны валасы, шырока раскінутыя па белай навалачцы. Значыць, і Люда зможа ўбачыць, што ён не спіць, што вочы ў яго толькі прыплюшчаныя. Няхай вось толькі прыгледзіцца пасля кухоннага святла.

Люда павярнулася зусім на бок — адна пружына ў ложку звонка трэнкнула. Высоцкі бачыў, што яна адкрыла твар і ўставіла свае зыркія, не надта сарамлівыя вочы проста на яго. Спачатку гэтыя вочы толькі ўяўляліся — ён добра памятаў іх з нядаўняй паездкі ў машыне, а потым здалося, што і сапраўды яны блішчаць у змроку. Бляск іх настойлівы, гарачы, неадольны. За ім не відно твару, вось ужо злілася са змрокам і навалачка падушкі, зусім зніклі пышныя распушчаныя валасы, а пранізлівы бляск усё мацнее і мацнее, здавалася, што дасягае кожнага кутка, кожнай шчылінкі.

— Ты, мабыць, не спіш, Лёня, — пачуўся ціхі, спагадлівы шэпт.

Сапраўды шэпт і сапраўды ціхі, а ў першы момант здалося, што ён нейкі рэзкі і моцны, што яго маглі пачуць нават суседзі па кватэры. Магчыма, гэта ад таго, што ў пакоі было надзвычай ціха, нішто нідзе не парушала самага лепшага ўтулку і спакою, нават ходзікі не чэкалі, як бывае амаль ва ўсіх гэтакіх кватэрах.

— Не сплю, — адказаў Высоцкі і прыслухаўся: чуе іхні шэпт гаспадыня ці не чуе?

— Я так і ведала, — зашаптала ўжо крыху мацней Людміла. — Разбудзіла цябе сваім стукам...

«Ведала... — неяк разанула гэтае прызнанне: Леанід аж зазлаваў. — Ведала і раздзявалася тут жа, на вачах. А потым яшчэ і прайшлася раздзетая. Не дай божа мець з такой натурай жонку — добра, што цяжкі выпадак збавіў ад гэтага».

— Чаму ты прыехала? — не хаваючы раздражнення, спытаў Высоцкі, хоць ужо і чуў амаль такое ж пытанне ад цёткі.

— Думаеш, да цябе? — апякла яна нечаканым пытаннем.— Не, не да цябе! Проста мне абрыдла там... Я часта начую ў цёткі.

Высоцкі змаўчаў, бо, відаць, проста не ведаў, што на гэта сказаць. Яна таксама сціхла, хоць адчувалася, што вачэй не адводзіла і дыхаць стала трывожней.

«Паляжыць ды засне, — падумаў Леанід, час ад часу паглядаючы ў той бок, адкуль ішоў бляск яе вачэй. — У гаворку ўвязвацца няма чаго: падвыпіла, думкі ўзвінчаны. Шкада толькі, што сон перабіла».

А сон і сапраўды знік, быццам і не было яго, быццам і не ноч цяпер на дварэ. Ад гэтага з’яўлялася дакорлівая нездаволенасць, бо Высоцкі ўжо ведаў, што не засне да самага світання, а заўтра работа, многа ўсякіх клопатаў. Такія бяссонніцы бывалі ўжо і раней.

Калі б у звычайным стане ўявіць усё тое, што перажыў за дзень, што здарылася вось цяпер, дык яшчэ можна было б ва ўсім разабрацца. А пры бяссонніцы?..

«Устаць бы, можа, ды пайсці ў машыну... Там пасядзець да відна, а пацягне на сон — то і прылегчы... А можа завесці матор ды паехаць на тую вуліцу, дзе дыспансер?.. Дзяжурныя, пэўна, не спяць...»

— Лёня! — зноў пазвала Людміла. — Усё роўна ты ўжо не заснеш, і я не засну... Давай ідзі сюды, хоць нагаворымся, душу адвяду, усё табе адкрыю...

— Гавары адтуль, не далёка ж!

— Цётка пачуе.

У гэты час сапраўды заварочалася і застагнала ў кухні гаспадыня, нават сказала нешта, толькі нельга было разабраць, спрасонку гэта ці наўмысля, каб перасцерагчы Людмілу.

Абое на нейкі час змоўклі.

— У цябе там цвёрда і вузка, — першая зашаптала Людміла. — Канапа старая, як мая цётка. Гэта яшчэ, мабыць, пасаг яе.

— Мне тут добра, — адказаў Высоцкі. — Спі, і я засну.

— Спала ўжо, — неяк адразу страціўшы ўсю сваю лагоднасць, прашаптала жанчына.— Сну было многа — я і ўдзень магу паспаць, калі захачу... А што з гэтага?..

Яна зноў накрылася амаль з усёй галавой, зыркі бляск вачэй знік, на падушцы быццам заварушыліся найбольш доўгія пасмы валасоў.

Высоцкі лёг на спіну, каб хоць трохі адвесці пагляд і думкі, сцішыцца ды заснуць. Ужо нямнога аставалася часу да дня, як заўсёды, не лёгкага і не гладкага, з безліччу розных вялікіх і малых, складаных і нескладаных спраў. Цягнула глянуць у акно, каб упэўніцца, што яшчэ не світае, але праз нейкую млявасць у целе не хацелася паварочвацца, ды траскатня канапы раздражняла.

— Якія дурні ўсе! — раптам данеслася з-пад Людмілінай коўдры.

— Хто? — не паварочваючы галавы, спытаў Леанід.

— Вы, мужчыны! Вось і ты як блазнюк які!.. Адхрышчваешся ад мяне, утульваеш галаву!.. А ці ведаеце вы, кабялі, што вы мне і не патрэбны зусім! І ты, Лёня, не патрэбен! Можа баішся, што сама ўстану ды прыйду?.. Дык не бойся, можаш спаць спакойна!..

— Чаго мне баяцца?

— Калі ад нас, жанчын, нешта шчырае ды адкрытае, — шаптала далей Людміла, ужо не баючыся разбудзіць цётку, — дык вам здаецца, што гэта... А ў мяне зусім іншае ў галаве і на сэрцы... Хацела пагаварыць блізка, а не спакушаць цябе, гэтакага Адама нявіннага.

— Ну давай пагаворым, чаго ты! — крыху пакрыўджаны такімі папрокамі, азваўся Высоцкі.

— Ды што гаварыць з чалавекам, у якога ў галаве...

— Дагаворвай! — Леанід зноў павярнуўся на бок, каб цішэй гаманіць самому і лепш чуць яе.

— Адзін цэмент і бетон, — уздыхнуўшы, сказала жанчына. — Як і ў майго цяперашняга...

— Не вельмі ты знаеш, што ў мяне ў галаве.

— Больш, як ты пра мяне.

— Калі ты хацела сур’ёзна пагаварыць са мною, чаму піла на ноч?

— Таму, што п’яная толькі і магу выказаць свае перажыванні. Ды няма каму... Адна я... Адзінокая... Ні бацькі ў мяне, ні маці... А цётка толькі чацвярцінку патрабуе, калі прыйду...

Шэпт яе задрыжаў, стаў мала разборлівы. Яна, відаць, адчула гэта і ледзь не да пояса сцягнула з сябе коўдру. Потым павярнулася на спіну і раскінула рукі. Высоцкі ўбачыў яе невялікія, туга сцягнутыя грудзі, роўны і нерухомы, нібы на карціне, профіль твару. Насцярожана і з увагай стаў чакаць, што яна скажа яшчэ.

Аднак Люда маўчала і быццам не дыхала, відаць, стрымліваючы плач. Праз нейкую хвіліну зноў крыху павярнула галаву да Высоцкага, цяжка, з перабоямі ўздыхнула.

— А бацька ў мяне ўсё-такі ёсць, — неўзабаве зашаптала выразна і смела. — Людзі паказалі, бо сама яго не ведала... Некалі я, дурная, саромелася табе гаварыць пра гэта... А можа і баялася, каб не спужаўся ды не разлюбіў. Байстручка я... Так гаворыць мая цётка, калі раззлуецца...

Высоцкі насцярожыўся пасля гэтых слоў: раптам пачуе гаспадыня ды ўстане, ды ўчыняць яны тут адна адной «шпектаклю»...

Але з-за перагародкі не даносілася ніякага варушэння, цётка, мабыць, спала. А можа прыціхла ад праўдзівых слоў і рашыла маўчаць. Што яна крыху пабойвалася сваёй выхаванкі, гэта Высоцкі заўважыў яшчэ ўдзень.

— А нядаўна я сустрэла яго на вуліцы, — пачала гаварыць Людміла далей.

— Каго? — спытаў Леанід.

— Ну, бацьку свайго... Віноўніка майго з’яўлення на свет. Убачыў мяне — утуліўся ў каўнер, згорбіўся і наўцёкі. Думаў, што я прасіць чаго буду ці патрабаваць. А я век ні ў кога нічога не прасіла. Здохну, а не папрашу!..

Людміла зацяжна перадыхнула і крыху сцішыла шэпт:

— Толькі да мамкі бягу, калі мне вельмі цяжка. Пастаю каля магілы, паплачу... Была б жывая мая мамка, усё было б іначай, і я не гэтакая была б...

Высоцкі здаўна ведаў, што Люда вельмі любіла сваю маці і смерць яе ў час акупацыі ледзь перанесла. Таму не перабіваў цяпер горкіх успамінаў, ляжаў ціха і слухаў.

— Сіратой я асталася, — зноў зашаптала Людміла, — сіратой і жыву. Можа і памерці давядзецца адзінокай, нават на магілу некаму будзе прыйсці... Людзей навакол быццам бы і многа, здаецца, ёсць і харошыя, а ўсё не мае. Сустрэла некалі цябе — душой адчула, што гэта той самы, з якім можна ўзяцца за рукі... Адчула, выгляду не падала: натура была вельмі ганарлівая і, мабыць, дурная. Потым гэтае вяселле —ты сам памятаеш... Як толькі за табою зачыніліся дзверы, твой жа дружбачок у модным світары сказаў: «Няма нічога дзіўнага, што яго, беднага, узялі! Дзіўна тое, што не ўзялі раней!» А назаўтра і я паверыла, што ты быў вінаваты...

— Чаму ў цябе няма дзяцей? — раптам спытаў Высоцкі, нібы хочучы перапыніць успаміны пра даўно мінулае. Яны цяжкія для Людмілы, пакутлівыя і для яго. Аднак не заўсёды зразумееш цяперашняе, не крануўшы мінулага. Людміла не чакала такога пытання, яно нават збянтэжыла яе, але, хочучы быць праўдзівай, зноў не абышлася без мінулага.

— Ад цябе я збаялася мець сына ці дачку!.. — з суровай шчырасцю і адчаем прашаптала яна. — Падумала: які будзе лёс у гэтага дзіцяці?.. Чаго яму радзіцца на вечныя пакуты?.. Іначай мне і не ўяўлялася тады, можа таму, што сама нарадзілася ў такі час... А потым ужо ў мяне і не маглі быць дзеці... Вось такая мая праўда, калі ты хацеў пачуць яе. Сам спытаў, не крыўдуй! А цяпер спі, непакоіць больш не буду. Хутка ноч пройдзе!

— Няхай праходзіць,— задумліва прамовіў Высоцкі. — Ты хіба можаш заснуць?

— Не, не засну.

— Тады адкажы яшчэ на адно пытанне. Ты сама хоць што-небудзь зрабіла для таго, каб лепш было жыць? Табе, мне і наогул — людзям? Ты калі-небудзь думала пра гэта?

Людміла маўчала, нават не падала ніякага знаку, што пачула і зразумела гэтае пытанне.

— Скардзіцца на свой лёс, — гаварыў далей Высоцкі, — гэта не тое, што змагацца за яго. Там кожнаму — прастор. А я прыхільнік таго, што трэба жыць не толькі аднымі чаканнямі ды спадзяваннямі. Нездарма ў людзей гаворыцца: шчасце не шукаюць, а робяць. У гэтым, мабыць, тая аснова, якую мы з табой разумелі кожны па-свойму. А можа ты і зусім не разумела.

Людміла зноў нічога не адказала. Высоцкі толькі і пачуў, што яна цяжка і пакрыўджана ўздыхнула.

 

VII

У дыспансеры зранку зноў не было току, потым доўга ішла службовая лятучка, і Высоцкі не мог сустрэцца з галоўным урачом. Дазволілі зайсці толькі недзе каля паўдня.

Галоўурач, маленькая каратканогая жанчына, загадала магутнаму на пагляд мужчыну прынесці ўсё, што трэба вось па «данаму пытанню». Потым яна ўважліва разглядала рэнтгенаскапію, чытала розныя заключэнні. Магутны мужчына ў белым халаце стаяў каля белага стала.

— Сядайце, — сказала жанчына, не глянуўшы на яго.

Мужчына сеў. Яна паказала яму адну паперку і нешта спытала па-лацінску. Той згодліва кіўнуў галавой. Тады галоўурач звярнулася да Высоцкага:

— Вы хто будзеце хворай: блізкі родзіч, сваяк ці проста знаёмы?

— Мы працуем разам,— сказаў Высоцкі.

— А бацькі ў яе ёсць?

— Няма.

— А хто ёсць?

— Цётка ў суседнім ад нас раёне. А больш, здаецца, нікога.

Жанчына паківала кучаравай галавой у высокім накрухмаленым каўпаку, глыбока ўздыхнула.

— Значыцца, вы з Калійска? Чула, чула пра такі горад. І што ж у вас там — да гэтага часу ўрачоў няма?

— Чаму ж? — запярэчыў Высоцкі. — Ёсць урачы. І бальніца ёсць.

— Няўжо там рэнтгенаўскіх установак не было?

— Не магу паручыцца, — сказаў на гэта Высоцкі, — бо я не так даўно прыехаў туды. Але думаю, што былі. — Ён уважліва сачыў за вачыма і тварам галоўурача, стараючыся адгадаць, што яна павінна вось-вось сказаць. І рыхтаваўся пачуць самае цяжкае.

— Ева Кузьмінічна Дым, — павольна вымавіла галоўурач, мабыць для таго, каб пераканацца, што памылкі тут няма. — Яна і ёсць ваша... прабачце, знаёмая?

Высоцкі кіўнуў галавой.

— Пра яе мы і гаворым, — удакладніла жанчына. — Іменна пра яе. — Глянула на атлета ў халаце, і нават у гэтых абставінах нельга было не заўважыць, што пагляд яе быў залішне ласкавы. — Мы вымушаны сказаць вам... Перадайце цётцы ці каму там... Павінны вам сказаць, што становішча ў хворай вельмі цяжкае... Хвароба запушчана... І цяпер...

— Што цяпер? — не хаваючы трывогі, спытаў Леанід Аляксандравіч. — Няўжо?.. Не можа гэтага быць!.. Яна ж...

— На вялікі жаль, — падкрэсліла галоўурач. — На вялікі жаль!..

Аддаўшы «гісторыю хваробы» свайму прывабнаму калегу, відаць ардынатару, яна яшчэ разы тры паўтарыла гэтае сваё «на вялікі жаль», а Высоцкі заўважыў, што пры гэтым не адчувала ніякага жалю, адносілася да лёсу дзяўчыны як да штодзённай звычайнай з’явы.

— Як жа далей? — сумна, аднак патрабавальна спытаў Леанід Аляксандравіч.

— Далей? — перапытала жанчына.— Далей пабачым, а пакуль што мы пакінем яе тут, паспрабуем лячыць.

— Тут, на месцы?

— Не, адправім у бальніцу... Ёй спатрэбіцца аперацыя.

Высоцкі сапраўды адчуў нешта падобнае на спалох, але своечасова схапіў сябе за нервы і не падаў выгляду.

— Далёка гэта? — стараючыся быць спакойным, запытаўся ён.

— У Зарэчнае.

— Дык можа я сам і завязу?.. Пагляджу там... Пагавару з урачамі...

— На жаль, там мястоў яшчэ няма, — паведаміла галоўурач. — На вялікі жаль! Прыйдзецца ёй паляжаць пару дзён у нас.

— Можна мне цяпер пабачыцца з Евай?

— З гэтай хворай? — перапытала жанчына. — Можна, вядома, толькі тое, аб чым мы з вамі гаварылі...

— Я разумею, — сказаў Высоцкі і ўстаў.

Галоўурач падала нейкі свой знак ардынатару, і ён таксама ўстаў, спартсменскім крокам накіраваўся да дзвярэй.

 

Ева, мабыць, усё ведала. Яна выйшла ў тое месца вузкага калідорчыка, дзе дазваляліся сустрэчы, усміхнулася Высоцкаму і сарамліва агледзела свой бальнічны халат. Ведала ці здагадвалася, што Леанід быў у галоўурача, але не спытала, пра што там гаварылі.

— Затрымаліся вы з-за мяне, — паспачувала яна і адхіліла рукаў халата, каб глянуць на свой наручны гадзіннік, зусім просценькі, на пластмасавым браслеціку. Халат шэры, паношаны, можа сто разоў ужо мыты. Рукавы шырокія, і Евіны рукі ў іх здаваліся танчэйшымі як заўсёды. І сама яна быццам пастарэла за ноч, паменшала ростам. Толькі ўсмешка асталася тая самая, што і раней; крышку прыбавілася ў ёй сарамлівасці, але гэта, мабыць, з-за халата. Не ведала дзяўчына, як трымацца ў гэтым халаце без гузікаў, надзетым амаль на голае цела: то ў адным месцы яго захіляла і прытрымлівала рукой, то ў другім. Ніколі ёй не даводзілася бываць у такім халаце.

— Не думайце пра мае затрымкі, — стаў заспакойваць яе Леанід Аляксандравіч. — Усё ў мяне навярстаецца. Цяпер самае важнае — адолець вашу бяду. Вы, мабыць, і не спалі ноччу?

— Зусім мала, — неахвотна прызналася Ева, — незнаёмае месца, ды суседкі гаманілі. А вы? Няўжо дадому паспелі з’ездзіць?

— Не, тут начаваў, — паведаміў Высоцкі. Успомніў мінулую ноч і не здолеў адагнаць пачуццё няёмкасці, пачырванеў.

Ева заўважыла гэта, але не падала выгляду.

— Я прыеду да вас туды, — быццам не сваім голасам гаварыў далей Высоцкі. — Буду наведвацца...

І ў гэты ж момант гатоў быў пранізаць сябе за тое, што не можа сказаць усю сваю праўду, што, мабыць, так і астанецца між імі нешта прыхаванае, не зусім высветленае.

— Там павінны быць лепшыя ўмовы, — абнадзейваў ён сам сябе і Еву. — Можна будзе спакойна пасядзець і пагаварыць... Аб усім пагаворым...

— Я бібліятэку не здала, — занепакоілася Ева. — Усё так пакінула. Калі надоўга мяне затрымаюць, то...

— Доўга не будуць трымаць, — сказаў Высоцкі. — Толькі праверка там пройдзе большая ды падтрымка лякарствамі.

— Там — аперацыя, — раптам вымавіла дзяўчына і глянула яму ў вочы.

«Не, гэтаму чалавеку няможна гаварыць няпраўду, — падумаў Леанід Аляксандравіч.— Ні адной іёты няпраўды».

— Хто вам сказаў пра аперацыю?

— Суседка адна... Яна ўжо не першы раз тут.

— Не слухайце суседак. Тут у кожнага сваё. Калі ў вас і будзе што, то не цяжкае.

...Развітваючыся, Ева зноў усміхнулася, хацела быць спакойнай, нават не сумнай, але ў вачах свежымі расінкамі бліснулі слёзы. Высоцкі ледзь толькі заўважыў іх, бо яна хутка апусціла павекі і, абедзвюма рукамі прытрымліваючы халат, пайшла да дзвярэй сваёй палаты.

— Нікому пра гэта! — патрабавальна шапнула яна, узяўшыся за дзвярную ручку. Падумала трошкі і дадала: — Ключ ад бібліятэкі ў мяне дома, гаспадыня ведае дзе.

І потым на нейкі момант прыклала пальцы да вуснаў...

Што азначала гэта?.. Высоцкі ехаў дадому і ўспамінаў своеасаблівы па сваёй чароўнасці Евін жэст. Відаць, паўтарыла знакам, каб маўчаў, не гаварыў нікому, што гэтак захварэла. І больш тут нічога. А хіба трэба было паўтараць?.. Хіба ён сам гэтага не ведае?..

Успомнілася цяпер і многае з таго, што ўяўлялася раней зусім іначай.

...Дрыжалі пальцы, калі яна ў бібліятэцы запісвала людзям кніжкі... Думалася: замерзла дзяўчына, і больш нічога.

...З’явілася нечаканая слабасць пасля паездкі ў машыне па лясных дарожках... Думалася, што гэта ад паху бензіну, ад гайданняў па ўхабах.

...Не хацелася есці цэлымі днямі... Ну што ж?.. Ці мала бывае, што дзяўчаты харчуюцца на хаду, а часам і забываюць пра абед?..

І ўсё гэта павярнулася вось як... Крыўда адольвала і балела ў сэрцы, калі ўяўляліся тыя людзі, ад якіх нямала тут залежала. Даўно маглі даць лепшае памяшканне пад бібліятэку. Не далі.

Скажам цяпер ад сябе: не надта каго цікавіла здароўе і асабістае жыццё той бібліятэкаркі, пра якую толькі і ведалі:

— Ага, гэта тая?..

— Якая?

— Ну, што піша на ўсіх ды малюе.

— І частушкі складае.

Ніколі Ева не пісала на ўсіх, не было і таго, каб навяла крытыку на невінаватага. Але яна «не надта разбіралася ў кадрах», як сказаў аднаго разу старшыня пабудкома Запрагаеў. Калі чалавек давёў сябе да фельетона ці эпіграмы, то якую б пасаду ні займаў, усё роўна трапляў у газету.

У такіх абставінах як мог бы трымаць і адчуваць сябе, скажам, хоць той жа Адам Адамавіч Запрагаеў? У бібліятэку ён іншы раз заходзіў, хоць кніжак не браў. Бачыў, што там не толькі цесна, а і сыра, нават улетку. Зімой такі холад, што ногі і ў валёнках мерзнуць. Была там некалі печка, будаўнікі грэліся ў першую зіму работы, а цяпер комін разваліўся, дыміць.

Сам Адам Адамавіч не мог выдзеліць памяшканне, ён павінен быў бы ісці да тых, ад каго гэта больш залежала, і прасіць, патрабаваць. I вось зайшоў бы ён, напрыклад, да Істужкіна, які быў тады галоўным інжынерам і часта замяшчаў кіраўніка трэста.

— А-а!.. Прафсаюзны бос! — усклікнуў бы той. — У чым справа?..

— Ды вось у чым. Я наконт памяшкання пад бібліятэку.

— А гэта бачыў? — спытаў бы Істужкін.— I паказаў бы спісак розных устаноў, якім таксама патрэбны памяшканні.

Тады Запрагаеў выняў бы з верхняй кішэні свой спісак на кватэры. Паківалі б адзін перад адным галавой, паўздыхалі б... І потым Істужкіну, напэўна, прыйшло б на памяць:

— А хто гэта ў цябе там над кніжачкамі?

— Дык хіба не ведаеш?

— Ах, гэта тая самая, што...

— Тая самая.

— Ну, знаеш, і адкапаў жа ты скарбік!

— Прыслалі, сам не шукаў. Вось калі б сам падбіраў, то...

— Яна, значыць, цябе ў газетку, малюначак на асмяянне абывацелям... А ты ёй ужо, мабыць, і кватэрку, і камфорцік на рабоце... А прыгледзься як след: можа яна яшчэ і не на тым месцы, што трэба? Мала што прыслалі! Каго толькі не пасылаюць на новабудоўлю!

— З дыпломам яна... Сам бачыў. Вышэйшая адукацыя.

— Якая?

— Бібліятэчная.

— Ну што гэта за адукацыя?..

І выйшаў бы Адам Адамавіч з кабінета разгублены і збянтэжаны.

Падказаў бы нехта ўрачу Вікенцію Львовічу Панурыну (бо сам ён не меў асаблівай звычкі здагадвацца), што трэба агледзець умовы работы ў бібліятэцы. Тады б ён перш-наперш успомніў, колькі разоў бываў на такіх аб’ектах, як сталовая, бытавы камбінат, інтэрнаты рабочых. За сталовую неяк яшчэ можна было б адгаварыцца: туды хадзіў абедаць, іншы раз браў сёе-тое з буфета. Калі вельмі ўжо спаўзлі на вушы валасы, то заходзіў і ў бытавы камбінат, бо там была цырульня.

А вось з інтэрнатамі ўсё выглядала іначай. Вікенцій Львовіч — чалавек ціхі, не любіць турбаваць людзей і пазбягае ўласных турбот. А зайдзі ў інтэрнат, дык там столькі насыплюць, што па месяц клопатаў хопіць.

Дык вось, ні разу ён яшчэ не быў у інтэрнатах, а ў бібліятэку раптам пайшоў бы. Якая логіка?..

Можна было б даручыць пазваць бібліятэкарку ў амбулаторыю на прафілактычны агляд, паколькі чуткі даходзілі, што ўмовы работы ў яе нялёгкія. Але чаго зваць, калі сама не ідзе? Тут нельга адбіцца ад тых, што гатовы б і начаваць у бальнічных калідорах.

Акрамя таго — пазаві, вышлі запрашэнне!.. Хто яе ведае, калі яна збярэцца зайсці. Раптам з’явіцца ў такі час, што калідор будзе не вымыты або ў рэнтгенакабінеце пачуецца пах спірту. Як ні хавае Вікенцій Львовіч гэты «службовы прэпарат» у сваёй шафе, усё роўна ён пакрысе выпараецца.

І вось калі пакуль што не было заметкі ў газеце, то пасля гэтага яна абавязкова будзе. А потым і карыкатура і частушкі!.. І хоць бяры ды ўцякай тады з горада...

Прыкладна такія думкі і меркаванні ўвесь час і трывожылі Высоцкага ў дарозе. Што далей, то ўсё больш і больш траплялася сустрэчных машын, і толькі цяпер прыйшла здагадка, што сёння субота, кароткі дзень. Як хутка прайшоў гэты тыдзень!

Можа і ўсе гэтыя людзі, што так спяшаюцца ў горад, толькі нядаўна даведаліся, што можна раней скончыць работу, а заўтра і ўвесь дзень адпачываць. Каму не хочацца вымеркаваць лішнюю вольную гадзіну? Усе машыны ідуць на вялікай хуткасці, так што толькі і глядзі, думаць ды разважаць тут ужо асабліва не будзеш.

...Ледзь не ў прыцірку шмыганула адна «Пабеда». Перад гэтым яна абагнала пярэднюю машыну і толькі паспела крыху ўзяць управа, каб прапусціць сустрэчную. Яшчэ нават сігналіць не перастала.

«Ліхачыць нехта, — падумаў Высоцкі і праз люстэрка глянуў на нумар. — Як ні спяшаецца, а ўсё ж так гнаць нельга. Ды яшчэ з парушэннем правіл».

Нумар здаўся знаёмым, але не паспеў Леанід Аляксандравіч прыкінуць у памяці, чыя гэта машына, як насустрач прашумеў «газік», і таксама з сігналамі і, бадай, на самай апошняй хуткасці. Гэтую машыну Высоцкі пазнаў, на ёй ездзіў начальнік трэстаўскай аўтабазы.

Праз нейкую хвіліну падала рэзкі і доўгі, нібы пажарны, сігнал яшчэ адна сустрэчная машына. Высоцкі ўзяў шчыльней да абочыны, знізіў хуткасць, І ў гэты час пачуў за сабою пранізлівы піск тармазоў. Ён спыніўся, падумаўшы, што здарылася нешта непрыемнае. Адчыніў дзверцы і ўбачыў, што машына заварочваецца. «Аўтаінспекцыя?» — чамусьці мільганула ў галаве, хоць ніякіх парушэнняў за сабою не адчуваў.

Тым часам вадзіцель моцна газануў і выруліў на хаду на правы бок. Потым ужо па адной інерцыі падкаціў ледзь не ўпрытык да «Масквіча».

Дзверцы «Пабеды» рыўком адчыніліся, і адтуль саскочыў, нібы выкаціўся, Кажушка, начальнік другога будаўнічага ўпраўлення.

— Я заўважыў знаёмую машыну... — яшчэ здалёк працягнуўшы руку, загаварыў ён,— і рашыў... Адкуль гэта вы?

— З Мінска, — адказаў Высоцкі. — А вы туды?

— Туды. Рашылі ў вольную гадзіну наведацца... Сем’і там, знаеце, кватэры...

Шафёр між тым выйшаў з кабіны і пачаў абстукваць нагой далёка не новыя скаты.

— Чаго так гоніце? — тут ужо амаль прафесійна спытаў Высоцкі. — Рызіна ў вас не зусім надзейная... Ды і машына ўжо... — Ён ступіў некалькі крокаў да кузава, каб глянуць на спідометр.

Шафёр змаўчаў на першы момант, а Кажушка рашыў паказацца больш шчырым і просталінейным:

— Там нашы ўперадзе, — нібы свайму кампаньёну, прызнаўся ён. — Выехалі разам, дык хацелася б...

— Хто адстане, з таго... — памкнуўся ўжо дадаць і шафёр, але Кажушка зыркнуў на яго, і хлапцу заняло.

— У пярэдніх машынах, хто там?

— Каробкін, Струк, яшчэ некаторыя.

Падышоўшы да пярэдняга сядзення, Высоцкі больш адчыніў дзверцы і зусім нечакана для сябе адчуў застаялы пах не бензіну, як гэта часта бывае ў недагледжаных машынах, а самага звычайнага спірту. Глянуў у кузаў і ўбачыў там на заднім сядзенні Панурына. Ён сядзеў у раскошнай позе, крыху падаўшыся плячыма ў куток і шырока расставіўшы тоўстыя калені. Пакуль не спынілася машына, ён напэўна драмаў. І цяпер яму, мабыць, вельмі хацелася спаць, таму не вылез з машыны і нават не змяніў сваёй паставы. Твар ільсніўся — здавалася, што нажытая спакоем тлустасць выступала нават на паверхню.

— І ваша сям’я ў Мінску? — не хаваючы здзеклівага тону, спытаў Высоцкі. Паглядзеў на ўрача — і ледзь не затросся ад нейкай нясцерпнай крыўды і болю. Рукі самі цягнуліся, каб схапіць яго за абвіслую, густую чупрыну, выцягнуць з машыны ды спытаць пры ўсіх тут, як лечыць ён людзей, як клапоціцца аб іх здароўі... Чаму не ведае, што адзін харошы чалавек трапіў з-за яго ў вялікае няшчасце, ды можа на будоўлі і не адзін гэтакі чалавек?..

Панурын маўчаў: відаць, па сваёй тугавухасці не пачуў пытання. А Кажушка адразу заступіўся.

— Гэта ён з намі... У горад чалавеку трэба.. Медыкаменты, сёе-тое...

— Скажыце яму, калі праспіцца, — сурова прамовіў Высоцкі, — што я прашу ў панядзелак пасля абеду зайсці да мяне. А цяпер едзьце, бо далёка адстанеце.

— Не адстанем, — бадзёра запэўніў Кажушка і звычным жэстам абцёр зусім аблыселую галаву. — Мы не прывыклі адставаць! У панядзелак тэхнічная нарада. Так?

Высоцкі кіўнуў галавой.

— Будзем роўна ў дзевяць!

 

 

VIII

— Ты куды, Аленка?

— Да Волькі на Гуляева!

— Эх вы, гуляеўцы!..

Ён пачуў гэта, ідучы па новай вуліцы, і не мог не спыніцца. Галасы звонкія, дзіцячыя, але яны нагадалі тыя часы, калі вясёлых галасоў тут не чутно было: фашысцкія гарнізоны былі расстаўлены ўсюды.

І ў тыя часы людзі чулі гэтае імя: Гуляеў. Чулі таксама і часта паўтаралі надзейнае слова «гуляеўцы».

Партызанскі камандзір Гуляеў, як і Бранавец, змагаўся з акупантамі ў гэтых месцах. Ён загінуў у гераічнай барацьбе, і наш урад пасмяротна прысвоіў яму званне Героя Савецкага Саюза.

Гуляеў загінуў, але асталіся гуляеўцы. Іх прыходзіла ўсё больш і больш. Тут была арганізавана партызанская брыгада імя Гуляева, яна ваявала з фашыстамі да поўнай перамогі...

— А вы бранаўцы! — адказала Аленка.

Гэтыя вуліцы недалёка адна ад другой.

Дзяўчынкі зусім не папракалі адна адну, яны нават і не думалі сварыцца. Аленка была круглатварая, тоўсценькая, у кароткай сукенцы і ўся да таго загарэлая, што, здавалася, сонца толькі і свяціла на яе адну.

Як звалі другую, Высоцкі не ведаў: тут бегала многа дзяцей, і ўсе, мабыць, з вуліцы Бранаўца. Калі не адтуль, то з Гуляева або Заслонава. У горадзе некалькі партызанскіх вуліц. Яны малалеткі, як і Аленка.

Бегайце, гуляйце, маленькія гуляеўцы і бранаўцы! Вы маеце на гэта права!

Пабегла на Гуляева Аленка, пайшоў следам за ёю і Высоцкі. Аленка ўжо, мабыць, і жыла на вуліцы Бранаўца, а Леанід Аляксандравіч заходзіў сюды на ўчастак Віктара.

Ужо больш за месяц прайшло з таго часу, як Высоцкі завёз у Мінск Еву. Нядаўна быў там зноў, наведваўся ў бальніцу.

...Ад’язджаў, дык за вароты выйшла старэнькая нянька ў белым халаце і чорных стаптаных чаравіках. Пра яе Ева гаварыла, што яна часам і харчуецца разам з хворымі, бо ніякай інфекцыі не прызнае.

— Мне Евачка расказвала пра вас, — чамусьці азірнуўшыся на вароты, ціха загаварыла яна. — Бачу, што вы перажываеце, хвалюецеся вельмі. Дык я хацела вам сказаць, каб не перажывалі. Паверце, я ўжо тут пятнаццаць гадкоў, і якіх толькі хворых не бачыла!.. Ева паправіцца: я па характару бачу. А тут галоўнае — характар. Яна ж у нас і спявуха, і танцорка, і газету малюе. А сціфа як пачне расказваць, дык уся палата слухае.

— Здароўе як у яе? — заклапочана спытаў Высоцкі. — Галоўнае — здароўе.

— Па здароўю, то яшчэ слабенькая, — прызналася бабуля. — Але гэта нічога...

...Віктар Бранавец за гэты час пабудаваў вялікі новы дом, на яго вуліцы многа прыбавілася навасёлаў, а Ева ўсё яшчэ слабенькая. Там, у бальніцы, выходзіць газета, там людзі чуюць вясёлы дзявочы голас. Гэтаму можна верыць — сапраўды Ева такая. Але ж тут, на новабудоўлі, ужо даўно няма ніякай сцен газеты. Ужо даўно не чутно нідзе Евінага голасу...

Аленка прыбегла на вуліцу Гуляева і знайшла там сваё таварыства. Зашчабяталі, заспрачаліся аб нечым дзяўчаткі і памчалі да маладога парку. Ён непадалёку ад вуліцы Гуляева. Тут былі ўжо лавачкі, спартыўная пляцоўка, некалькі забавак для дзяцей і нават фантанчык.

Высоцкі сеў на лавачку. З завулка насупраць выйшаў Панурын, відаць, заходзіў у інтэрнат. Прасунуўся ледзь не побач і не падняў галавы, не павітаўся. Пасля той размовы, што адбылася паміж імі ў кабінеце Высоцкага, урач пазбягае сустрэч. Хоць і не падначалены, а ўсё ж, відаць, саромеецца глянуць у вочы чалавеку, які сказаў чыстую ды балючую праўду.

Яно і добра, што не спыніўся, а то невядома, пра што б яны цяпер маглі гаварыць. Больш за ўсё Высоцкаму хацелася пабыць аднаму. Вось толькі дзеці няхай тут бегаюць, гуляюць — яны не перашкодзяць.

Дзень быў гарачы ад сонца і ад работы. І не шкада было, што ён праходзіць, не было такога адчування, што канчаецца не ў пару. Многа зроблена за гэты дзень, і ўжо адольвалі думкі пра заслужаны адпачынак, — у мінулую ноч амаль зусім не давялося адпачыць. Перад вечарам прыйшоў у кабінет галоўны інжынер завода жалезабетонных вырабаў, потым запрасілі Кажушку. Пачалі ўдакладняць канструкцыю клееных арак для складаў пад сільвініт і засядзеліся амаль да відна. Калі Леанід прыехаў дадому, яго матуля ўжо тупала каля хаты з кіёчкам і палівачкаю ў руках і апырсквала мяту, якая ледзь не раўнялася з вокнамі.

...Насупраць той лавачкі, дзе сядзіць Высоцкі, гарадскі фантан. Гэта самае ўлюбёнае месца тутэйшых дзяцей. Нават і з навакольных вёсак часам прыбягаюць малыя, каб паглядзець на імклівыя, празрыстыя струменьчыкі ды падставіць пад іх руку, а калі можна, то і галаву.

Вада ціха і суразмерна льецца ў цэментаваны басейн. Калі дзеці не вельмі крычаць ды смяюцца, то Высоцкаму добра чуцён гэты шумок фантана. Ён заспакойвае, можа нават хіліць на дрымоту.

Вакол басейна многа зеляніны, і ўся яна добра расце, бо сюды падаюць кроплі вады. Вельмі ж разнастайная тут зеляніна, мабыць самасейка. Аднак, прыгледзеўшыся. Высоцкі заўважае, што сярод пустазелля ёсць і мятка, і нават не палявая, а самая сапраўдная. Ён устае, зрывае каліўца і зноў садзіцца на ранейшае месца. І калі пачынае нюхаць, то перад вачыма паўстае маці са сваім неразлучным кіёчкам у руках. Уявілася, што гэта яна і тут пасеяла мятку, толькі не дагледзела яшчэ пакуль што, не прапалола.

— Чаго так задумаўся? — раптам данёсся збоку голас.

Леанід Аляксандравіч павярнуў галаву і ўбачыў, што да яго ідзе Жамчужны.

— Не перашкоджу?

— Ты не перашкодзіш, — прыветна сказаў Высоцкі і трошкі адсунуўся на лаўцы, даў месца.

Жамчужны сеў, потым павітаўся за руку. Быў ён ужо да бронзы загарэлы і можа таму выглядаў зусім свежа і молада. У параўнанні з ім Высоцкі здаваўся бледным, і асабліва паказвалі кантраст іхнія рукі, калі апынуліся адна пры адной. Мужчыны былі ў тэнісках, у абодвух рукі па локаць аголеныя, але ў Жамчужнага нават локаць пакрыўся густым загарам, а да Высоцкага быццам ён і не прыставаў.

— Што, усюды пешачком сёння? — глянуўшы на яго вельмі запыленыя шчыблеты, спытаў Мечыслаў Юльянавіч.

— Сваю аддаў Струку, — паведаміў Высоцкі, — на прафілактыку. А з «газіка» шафёр папрасіўся на выхадны.

— Відаць, і на нагах тое самае, што тут? — Жамчужны паказаў на яго далонь з мазалямі. — Таму і сеў... А можа дзецьмі залюбаваўся?

— Ты ўгадаў, — згадзіўся Высоцкі. — Бачыш, вунь дзяўчынка кругленькая, уся як запечаная, аж бровы выгаралі ад сонца. Гэта Аленка. Мы разам прыйшлі сюды з вуліцы Бранаўца. І вось цяпер сяджу, слухаю іхняе шчабятанне.

— Быў я сёння на заводзе, — пачаў Мечыслаў Юльянавіч, сагнаўшы з твару бесклапотную і крыху паблажлівую ўсмешку.— Бачыў тваю вынаходку... у рабоце... Ну што ж? Я табе веру! Але глядзі, каб не падвялі выканаўцы.

— Вось і гляджу! — падхапіў Высоцкі. — Гляджу кожны дзень.— Ён падняў правую руку і намахаў ёю ў паветры, нібы хочучы астудзіць яшчэ зусім свежыя, а таму і пякучыя мазалі.

— Сёння клей правяраў... Спецыяльны. Колькі нерваў каштавала, пакуль дастаў яго. Учора склеілі некалькі пластоў дошчак, сёння адрэзалі кавалак і спрабавалі раскалоць. Білі хлопцы па чарзе: адзін калун пашчарбілі, у другім тапарышча паляцела, а склеены чурбак не паддаўся. Дошкі сыплюцца пасярэдзіне, а клей — як жалеза. Тады ўзяўся я сам. Некалі на лесараспрацоўках усякі камель мяне пабойваўся. Не ад сілы, а ад вока; трэба ведаць, куды секануць, дзе яго найбольш слабае месца. Сем патоў з мяне выйшла, вось нават мазалі панаганяў, а склеены кавалак, як на зло, вытрымаў. Ну, мне было больш радасна, чым злосна: цяпер ужо ведаю, на гэты клей спадзявацца можна.

— Я слухаў твой даклад на тэхнічнай нарадзе, — сказаў Жамчужны. Сказаў і змоўк, нібы пачаў нешта абдумваць. А ў памяці Высоцкага мільгнулі штрышкі гэтай нарады.

...Кіраўнік трэста Яўмен Захаравіч Крывашып, чалавек ужо з падазронай вагою і валідолам у кішэні, не вельмі стараўся браць у галаву штосьці занадта спрэчнае і складанае. Ён разумеў, што ўсё тут вырашаць і без яго, а рызыкі і адказнасці ў гэтым выпадку не баяўся. З заведзенай практыкі ведаў, што за правалы ў такіх справах б'юць перш за ўсё галоўнага інжынера, а не кіраўніка трэста. Таму сядзеў спакойна на мяккай канапе і можа нават не вельмі слухаў, пра што гаварылі інжынеры, аб чым спрачаліся. Адзінае жаданне часам узнікала ў яго: калі б хоць трохі дазвалялі тэрміны, узяць бы гэты арачны праект сабе ў кабінет на адлежванне. Паляжаў бы ён у шуфлядзе хаця б з тыдзень, а там відно было б, што з ім рабіць, куды павярнуць справу.

Каробкін таксама не праяўляў асаблівай актыўнасці, а спрэчкі па праекту больш за ўсіх разводзіў Кажушка, начальнік таго будаўнічага ўпраўлення, якое несла адказнасць за прамысловыя аб’екты. Ён канечне ж ведаў з вопыту аналагічных промыслаў, што калі пабудаваць склады па праекту Высоцкага, то яны больш паслужаць, бо соль нават бетон раз’ядае, а дрэва — не. Але ж калі яшчэ будуць гэтыя драўляныя аркі? Калі іх зацвердзяць у вышэйшых інстанцыях? Усё гэта можа зацягнуцца, і тады ўжо не разлічвай на прэмію за датэрміновае выкананне плана. І між тым у аўтамагазіне падыходзіла чарга...

— Вы ўсё-такі інжынер! — сказаў яму тады Высоцкі.— Як вы не разумееце, што цяпер нельга будаваць так, як нават два-тры гады назад?! А салікамскія і беразнікоўскія склады будаваліся значна раней.

—I ўсё-такі служаць! — уставіў Кажушка.

— А вы ведаеце, як служаць? Вы былі цяпер там?

— Цяпер не быў, але знаю!

— Нічога не знаеце, калі не былі! Людзі там мучацца з гэтымі складамі, бо соль не мілуе нічога — кожны год рамонт. Я сам усё гэта бачыў нядаўна.

Высоцкі гаварыў з запалам і з такой пераканальнасцю, што цяжка было яму пярэчыць, але Кажушка трымаўся свайго. Тут перш за ўсё ўпартасць яго і самалюбства разыграліся, але мела значэнне і тое, што, можа нават спінаю сваёй, ён адчуваў маўклівую схільнасць да яго Крывашыпа і некаторых іншых, што тут прысутнічалі. Таму хітравата і саманадзейна жмурыў вочы, таму і паварочваў голую, без адзінай валасінкі, галаву то да аднаго аднадумца, то да другога. Чырвоная і трошкі потная патыліца, шырэйшая за цемя галавы, раз-пораз пераменьвала свае тоўстыя складкі.

На Жамчужнага Кажушка не глянуў ні разу. Можа таму, што не лічыў яго спецыялістам у гэтай справе, а хутчэй за ўсё — не спадзяваўся, што сакратар парткома не адчувае пазіцыі кіраўніка трэста. І выйшла зусім неспадзяванае. Ведаў Жамчужны думку Крывашыпа ці не ведаў — гэта яго справа, а ўзяў ды выступіў, і без ніякіх агаворак падтрымаў Высоцкага.

Пасля гэтага складкі на Кажушкавай патыліцы нібы застылі і крыху разгладзіліся: ён апусціў галаву і стаў глядзець толькі сабе пад ногі.

— Я давольны, што ты падтрымаў мяне тады, — сказаў Леанід Аляксандравіч, паглядаючы на Аленчынае таварыства, якое гулліва шчабятала ўжо каля самага фантана. — Крывашып ледзь не драмаў на канапе, але я ведаў, што некаторыя вельмі любяць чытаць яго нават прытоеныя думкі.

— Мая падтрымка, відаць, мала паможа табе, — неяк вялавата азваўся Мечыслаў Юльянавіч. — Асабліва ў канкрэтных справах, бо яны ж ведаюць, што я толькі настаўнік, ды яшчэ вясковы. Аднак самую ідэю, творчую, цікавую, я заўсёды буду падтрымліваць. Значыць, і цябе. Прадумай толькі ўсё, каб не было потым якіх нечаканасцей. Там гаварылі мне дзяўчаты, клеевікі твае: «Як жа ён потым выбавіць такую махіну з цэха? На чым павязе на будоўлю, калі кожная паўарка трыццаць тры метры даўжынёю?»

— Гэта ўжо знойдзена, — спакойна заявіў Высоцкі. — З цэха яна лёгка выплыве, а на аб’ект паедзе на маленькіх спараных санках. На іх некалі нашы бацькі доўгае бярвенне вазілі.

— У нас чамусьці іх звалі «сучкамі», — успомніў Жамчужны і засмяяўся.

— У нас таксама, — пацвердзіў Высоцкі. — Можа таму, што яны заўсёды прывязваліся ззаду, да капылоў вялікіх саней, і вілялі па дарозе, калі конь бег улегцы. А наогул, то старыя людзі ведалі, што рабілі. Пакладзі доўгае бервяно на такія ж доўгія сані — ніякі конь не пацягне. Гэтак жа і трактар па зямлі...

Жамчужны зноў на нейкі час быццам задумаўся ці загледзеўся на дзяцей, а потым усёй сваёй спартсменскай постаццю павярнуўся да Леаніда Аляксандравіча і спытаў:

— Скажы мне, калі ласка, толькі шчыра: адкуль у цябе паявілася ідэя арачных збудаванняў? Ты дзе-небудзь вычытаў пра гэта ці бачыў, чуў?

Высоцкі чакаў такіх пытанняў ад некаторых сваіх калег, таму па тэорыі ведаў, што адказаць. Але неспецыялісту, ды зусім блізкаму чалавеку рашыў паведаміць і сёе-тое практычнае.

— Што соль можа мірыцца толькі з дрэвам,— пачаў ён з добрай, таварыскай усмешкай, — пра гэта ведалі яшчэ нашы далёкія продкі. Што ў складах для сільвініту павінна быць вялікая прастора — пра гэта ведаюць усе цяпер: там размесціцца складаная канвеерная тэхніка. Астатняе прыйшло з некаторага вопыту... з мінулых год...

— Аленка, Аленка, — неяк залішне гучна пачаў клікаць Жамчужны. — Ідзі сюды, нешта скажу!

— Дзяўчынка спынілася каля басейна, пачала глядзець на абодвух «дзядзькаў», аднак не надта даверліва.

— Ідзі сюды! — памахаў Жамчужны абедзвюма рукакамі. Ідзі.

Спыніліся і глядзелі ў гэты бок ужо ўсе дзеці, а Аленка нясмела пайшла да лавачкі.

— Ну, здрастуй! — сказаў Жамчужны і выставіў шырокую загарэлую далонь.

Дзяўчынка спачатку абцерла сваю руку аб сукенку, а потым маўкліва падала.

— Давай пазнаёмімся, — прапанаваў Мечыслаў Юльянавіч. — Прозвішча тваё як?

Дзяўчынка маўчала, і ў яе круглых сіняватых вачах было столькі шчырай разгубленасці, што Жамчужнаму нават цяжка было вытрымліваць такі пагляд.

— А як завуць твайго татку, ведаеш?

Дзяўчынка зноў нічога не сказала, вочы затуманіліся, пачала маргаць часта і дрыготка.

— На табе мятку, — сказаў Высоцкі. — Панюхай, як хораша пахне! Яна расце там, каля фантана, ідзі нарві сабе букецік!

Аленка пабегла, а Жамчужны ў першую хвіліну не знаходзіў нават, што сказаць.

— Вось і пазнаёміліся... — паспрабаваў пажартаваць Высоцкі, але Мечыслаў Юльянавіч усё яшчэ маўчаў. Ён з цікавасцю, але задумліва назіраў, як Аленка падбегла да свайго таварыства, усім дала панюхаць мятку, а потым яны гуртам пачалі рваць сабе букецікі.

— У яе, мабыць, няма бацькі, — прамовіў нарэшце Жамчужны. — Ты адчуў гэта?

— Дык відно ж было па вачах... І наогул...

— Так... Сапраўды, вочы... А магла ж і схлусіць?.. Праўда?

— Не, яна не магла схлусіць.

— Назвала б якое-небудзь прозвішча або якое-небудзь імя бацькі... Ну, проста адчэпнага...

— Не такая дзяўчынка.

— А падрасце, будзе хлусіць? Як ты думаеш?..

Жамчужны засмяяўся, але не так, як заўсёды, весела і задорна, а неяк стрымана і нават з болем.

— Дарэчы, я трохі здагадваюся, чыя гэта дачушка, сцішана загаварыў ён. — Памятаеш, была ў нас пры штабе брыгады разведчыца Наташка. Тоненькая і невялічкая, як падлетак...

— Не, не помню,— сказаў Высоцкі. — Там у вас многа было дзяўчат.

— Ну, гэтую ты не мог не заўважыць... Хіба забыў? Дык вось, яе раніла ў ногі, і з таго часу на пратэзах... Замуж, канечне, не выйшла, жыла ўсе гады адна. А некалькі год назад з’явілася ў яе дзяўчынка, і ніхто добра не ведае, нарадзіла яна яе ці ўзяла з раддома. Дык гэта, мабыць, тая самая дзяўчынка. Ты адкуль ведаеш яе імя?

— Чуў. Клікалі дзеці.

— Сумуеш, хілішся да дзетвары... Даўно заўважаю гэта. Яны тут штодня... Трэба падказаць пасялковаму савету, каб пляцоўку абсталявалі. Помніш, што некалі было на гэтым месцы?

— Дзот тут недзе стаяў, — адказаў Высоцкі. — Толькі не намятаю добра, у якім пункце.

— Ды вось жа тут, дзе гэты фантан, — удакладніў Жамчужны. — Пры мне ўзрывалі рэшткі фундамента.

Праз некаторы час да фантана падышла жанчына, стройная, прыгожая, у блакітным сарафанчыку.

— Аленка! — ласкава назвала яна. — Пойдзем ужо дадому!

Аленка ў гэтую хвіліну была вельмі занята гульнямі і не бачыла, як падыходзіла мама. Пачуўшы яе голас, азірнулася і з радаснымі воклічамі набегла насустрач.

— Глядзі, які ў мяне букецік! Глядзі! На панюхай!

Жанчына падхапіла малую на рукі, спачатку абцалавала смуглыя шчочкі-мячыкі, а тады панюхала букецік.

— Хораша пахне, — ухваліла маці. — Дзе ж ты нарвала мяткі?

— Во тут! — Аленка паказала на фантан.

— А можа тут няможна рваць?

— Дзядзя сказаў, што можна.

— Які дзядзя?

— Вунь!

Жанчына глянула ў той бок, дзе сядзелі мужчыны, і ўдзячна ўсміхнулася. Потым падышла бліжэй да фантана. Імклівыя струменьчыкі іскрыліся ў косых чырванаватых праменнях, і здавалася, што гэтыя іскры абсыпалі жанчыну. Яна працягнула руку да самага блізкага струменя, і Высоцкаму відно было, як адразу памакрэла яе далонь. Аленка таксама выставіла сваю руку...

Потым, нібы набраўшы поўныя жмені халодных іскрынак, яны пайшлі на вуліцу Бранаўца, мабыць, дадому. Аленка злезла з матчыных рук і жвава тупацела побач. Жанчына ішла роўна і ўпэўнена, злёгку памахваючы мокрай рукой.

— Не яна? — ціха спытаў Леанід Аляксандравіч.

— Яна, — адказаў Жамчужны.

Некалькі хвілін пасля гэтага мужчыны сядзелі моўчкі.

 

Высоцкі ішоў дадому перад захадам сонца. Пачуццё адзіноты чамусьці не пакідала яго, хоць і прабыў пэўны час з блізкім чалавекам і гаворка ішла сяброўская, не без цікавасці і не без душы. Нечага ўсё ж не хапала, і гэтае нешта было такое моцнае і трывалае, што нельга было заглушыць ні работай, ні самымі цёплымі сустрэчамі і размовамі з сябрамі. З кім ні сустракаўся, з кім ні размаўляў з самым душэўным пачуццём, усё роўна аставаўся асадак нейкай нездаволенасці і суму. Амаль кожны раз пасля такіх сустрэч успаміналіся ранейшыя сустрэчы, нават выпадковыя... Ад іх потым і ў сне хацелася спяваць...

Параўняўшыся з павароткай на галубоўскі мосцік, Высоцкі нібы міжвольна прыпыніўся, пастаяў з хвіліну, а потым зноў жа не зусім наўмысля рушыў па гэтай дарожцы. Калі і было падсвядомае імкненне, дык гэта яшчэ раз прайсціся па кладках мастка ды зблізку паглядзець на поплаў, які ўжо стаў трохі жаўцець ад сухаватых дзён.

...На мосціку зусім нічога не змянілася: тыя самыя прадоўжныя маснічыны, толькі дзве, гэтак жа яны ківаюцца, калі ступіш на іх. Здалося, што вось зараз і пачуецца на іх імклівы і лёгкі стукат абцасікаў.

Ішоў па гэтых маснічынах павольна, быццам намацваў, куды ступіць, быццам наўмысля затрымліваўся, каб лепш уявіць і мацней адчуць мінулае. А перайшоўшы, пакрочыў па галубоўскай вуліцы.

Вечарэла. У садку крайняга двара ўсаджваліся на нізкарослую яблыню куры. З хлеўчука насупраць выйшла бабуля з прутам, паспуджвала іх адтуль, каб ішлі ў катух і не псавалі дрэўца. А яны ўзнялі кудахканне і лямант на ўсю Галубоўку. Далёка ўжо быў Высоцкі, а ўсё чуў гэтую курыную трывогу.

...Паказалася таполя, што нібы ляжала цераз вуліцу. Крона яе падрасла і больш падалася ўгору. Каля плота пад таполяю павінна быць лавачка, дзе некалі сядзела Ева. Не адна сядзела. Але не гэта кранула тады душу, а тое, што ўстала, заўважыўшы, што прайшла поруч ледзь не да самай Арабінкі.

Чым бліжэй падыходзіў Высоцкі да таполі, тым усё больш адольвала яго нейкая боязь гэтага месца. Памкнуўся нават вярнуцца, бо ўжо здалёк заўважыў, што на лавачцы нехта сядзіць. Аднак жа і такую нерашучасць праяўляць не хацелася: «Няхай сядзіць, каму трэба. Можна ж прайсці і ў той бок не глянуць».

І ўсё ж глянуў на лавачку, і ўсё ж заўважыў, што там сядзеў Вілен Перапечка ў абдымку з нейкай дзяўчынай.

Гэта так уразіла, што спыніўся, паглядзеў на яго пранізліва, з нянавісцю, і вярнуўся назад, далей па вуліцы не пайшоў.

...Зноў мосцік, зноў у памяці Евіны крокі, але ўжо не такія імклівыя і лёгкія. «Добра, што хоць не на яе вачах, што не ведае пра гэта. Мабыць, цяжка было б перажыць пры яе цяперашнім становішчы».

І пайшоў у Арабінку праз поплаў, тым самым напрамкам, якім ішоў некалі з Евай...

 

ІХ

— Малаткі, малаткі!.. Давай таскай!..

Воклічы даносіліся з прачыненага пакоя камітэта камсамола, а насупраць, у прыёмнай Жамчужнага, сядзелі дзяўчаты і смяяліся.

— Што ён там гаворыць? — дзівілася сакратарка Высоцкага, якая зайшла да сваёй сяброўкі адвесці душу.— Чуш сабачая!

— А хто гэта? Генка?

— Не, не яго голас. Відаць, Валера дае некаму тэлефонныя дырэктывы.

— Ідзі зачыні дзверы!

У прыёмнай стала амаль зусім ціха, бо людзей тут не было, а ў самім кабінеце калі і адбывалася якая гаворка, то сюды не даходзіла. Усе найбольш значныя кабінеты ў трэсце былі адгароджаны ад прыёмных дубальтовымі дзвярыма са спецыяльнымі прыбудоўкамі, падобнымі на шафу.

Калі б хто моцна крыкнуў у кабінеце або стукнуў кулаком па стале, то не памагла б і прыбудоўка. Але ў кабінеце Жамчужнага ніколі не было крыку, не чулася і павышанага голасу. Сам Мечыслаў Юльянавіч заўсёды гаварыў з людзьмі ціха і памяркоўна, нікога асабліва не папракаў, не распякаў. Іншы раз нават і рэгламенту ніякага не ўстанаўліваў: гаварыў з адным чалавекам, а астатнія, каму трэба ці не трэба, маглі сядзець тут жа ў кабінеце паабапал доўгага стала і слухаць або паціху размаўляць між сабою. Калі хто хацеў, то мог падысці і бліжэй, нават нахіліцца над пісьмовым сталом. З людзьмі Мечыслаў Юльянавіч адчуваў сябе лагодна і добра, ніколі не сумаваў і не надта заўважаў чыю-небудзь дакучлівасць. Калі іншы раз і спяшаўся куды, то ўсё роўна гаварыў пра гэта так, што нікому не было крыўдна.

Часам Жамчужны пачынаў сумаваць і адчуваць ніякаватасць якраз у тыя хвіліны, калі ў яго кабінеце не было людзей. Тады, нават чытаючы ці пішучы, успамінаў якую-небудзь песню. Сакратарка непрыкметна прачыняла дубальтовыя дзверы-шафу і слухала. І так змянялася ў твары, так хваравіта крывілася, калі ў гэты час хто заходзіў у прыёмную.

Сёння амаль з самага ранку зайшло ў кабінет адразу некалькі чалавек. Сярод іх сакратарка заўважыла толькі старшыню пабудкома Запрагаева і рэдактара шматтыражкі Пласковіча. Астатніх нават і не памятае, бо нікога не затрымлівала, не заводзіла ніякай чаргі. Так тут бывае амаль заўсёды, толькі калі ідзе пасяджэнне бюро, то даводзіцца некаторым трохі пачакаць у прыёмнай. Гэта, між іншым, самыя цяжкія дні для сакратаркі, бо каля яе сядзяць пераважна тыя, хто чакае вымовы або суровага папярэджання. Яны сядзяць моўчкі і вельмі многа кураць.

Забег у прыёмную сакратар камсамольскага камітэта трэста Генадзь Шчабятун. З вясёлай усмешкай павітаўся з дзяўчатамі і паказаў вачыма на дзверы кабінета.

— У сябе?

— Там, — адказала сакратарка Жамчужнага.

Генадзь зайшоў у шафу, тады для ветлівасці пастукаў у наступныя дзверы.

— Заходзьце! — пачуўся нечы голас, можа нават і не Жамчужнага.

У кабінеце амаль ніхто не звярнуў увагі на яго ўваход, толькі Мечыслаў Юльянавіч па-свойску кіўнуў галавой.

— У вас пасяджэнне? — тонам блізкага тут чалавека спытаў Генадзь.

— Ды не, — адказаў Жамчужны, аглянуўшы ўсіх. — Так вось... Па розных справах... А ў цябе што?

Хлопец наблізіўся да стала і зайшоў нават туды, дзе сядзеў Жамчужны.

— Узгадніць хацеў... Толькі што ад машыністкі. — Ён разгарнуў скрутак і выняў адтуль дзве сколатыя паасобку дакладныя. Кожная — па некалькі лістоў.

— Аб чым тут? — спытаў Жамчужны, узяўшы ў рукі першую.

— Аб мерах па разгортванню культмасавай работы сярод моладзі.

— А яшчэ што?

— Гэта — аб мерах па выхаванню ўдарнікаў камуністычнай працы.

— Таксама ў абком камсамола?

— У абком.

— Можа і трэцяя ёсць? Там нешта ў цябе...

— Ды не-е... — разгублена прамовіў Генадзь, але аддаў Жамчужнаму і той плакатны ліст, у які былі загорнуты дакладныя.

Мечыслаў Юльянавіч паклаў усё гэта на стол перад сабою, прыціснуў шырокай, бронзавай ад загару далонню і сказаў:

— Ніякіх дакладных ні пісаць, ні пасылаць я табе не раю, Генадзь. Ёсць у нас каму пісаць і без цябе. — Ён глянуў на Запрагаева. — Я ўпэўнены, што падобныя дакладныя ўжо напісаны і адасланы. Праўда, Адам Адамавіч?

— Кожны можа па сваёй лініі,— крыху пачырванеўшы, заўважыў старшыня пабудкома.

— Аднак па лініі камсамола, я думаю, не трэба. — Жамчужны акінуў вачыма ўсіх, хто тут быў. — Ды па лініі прафсаюза, відаць, таксама. Я вам скажу, калі хочаце, адкуль бярэцца гэтая ідэя дакладных. Ты сядай, Генадзь! Мне адзін мой прыяцель расказваў. З міністэрства нарыхтовак. Паехаў ён у калгасы. Не ў вобласці і раёны, як звычайна, а непасрэдна ў калгасы. У абласцях і раёнах заўсёды стараюцца расказаць пра лепшае, а калі і паскардзяцца на што, дык толькі намёкамі, каб не псаваць настрою. А ў калгасах, ды яшчэ адсталых, усё відно, як ёсць, само сабою: тут нічога не палепшыш, не пагоршыш.

І вось паездзіў гэты мой сябра па вёсках, нагледзеўся ўсяго і, вярнуўшыся дадому, страціў спакойны сон. Як лягу, кажа, у пасцель, так і пачынаюць успамінацца розныя недахопы... Чамусьці толькі недахопы. Варочаюся, кажа, усю ноч, а заснуць не магу.

Потым прыйшла ў галаву ідэя — напісаць пра гэтыя недахопы дакладную. Цэлы дзень пісаў, прыводзіў розныя факты... Увечары перапісаў начыста, адаслаў. Лёг спаць пасля гэтага і адразу заснуў!

Усе ў кабінеце засмяяліся. Запрагаеў яшчэ больш пачырванеў, а Генадзь толькі маргнуў разы два, быццам бы вінаваты, і пачаў глядзець на Жамчужнага смела і незалежна.

— Павінен вам сказаць, — працягваў Жамчужны, — што ў гэтых адносінах — сіла-чалавек наш новы галоўны. Гэты пісаць ды скардзіцца не будзе. Убачыць непаладкі, цяжкасці — з ног саб’ецца, а дойдзе свайго.

Генадзь ужо трымаў над сталом руку, каб узяць назад дакладныя, але Жамчужны быццам не заўважаў гэтага. Выказваючы свае адносіны да рознай пісаніны, ён раз-пораз прыгладжваў гэтыя дакладныя далонню і такім чынам трохі выпростваў іх, бо не мог спакойна глядзець на службовыя паперы ў трубках.

Калі скончыў гаварыць, то прыняў далонь з друкаваных лістоў і апусціў вочы, нібы намерваючыся прачытаць.

— Дайце, я яшчэ падумаю, — папрасіў Генадзь.

— Ага! — Жамчужны стаў перабіраць лісты пальцамі. — Правільна! Падумай, ды можа ўлічыш сённяшнюю нашу гаворку. А гэта што?

Шчабятун прыўзняўся над сталом і ўгледзеў плакатны ліст з малюнкамі і вершамі.

— Гэта? З архіва проста... Загорнуты былі дакладныя.

— З макулатуры, ты хочаш сказаць? — удакладніў Мечыслаў Юльянавіч. — Паглядзіце, таварышы, якая ў нашых камсамольцаў макулатура! Самы лепшы экземпляр «Мятлы»!

— Ды гэта... — паспрабаваў апраўдвацца Генадзь. — Выпадкова трапілася пад руку...

— Так і выпадкова не павінна быць! — без суровасці, аднак з пэўным патрабаваннем сказаў Жамчужны. — Глядзіце, што тут... — Ён разгарнуў ліст і паказаў усім. — Карыкатуры не горшыя, як у «Вожыку». Тут і пра інжынераў некаторых і начальнікаў участкаў. А подпісы якія, частушкі!..

Мечыслаў Юльянавіч павярнуў ліст да сябе і пачаў уголас чытаць некаторыя эпіграмы. Чытаў хораша, з прыемнай дыкцыяй, і не зніжаў голасу нават на самых вострых мясцінах.

Маўклівы рэдактар шматтыражкі раптам ад душы засмяяўся, быццам толькі цяпер пачуў гэтую сатыру. У тон яму смяяліся і яшчэ некаторыя, пэўна ж, усё тыя, каму яшчэ не пападала ад «Мятлы». Запрагаеў сядзеў моўчкі, апусціўшы над сталом галаву. Потым выняў з верхняй кішэнькі нейкія паперы, разгарнуў іх, разгладзіў далонню, як Жамчужны Генадзевы дакладныя, і зрабіў выгляд, што чытае.

— А чаму ўсё-такі не выходзіць такая газета? — раптам спытаў Мечыслаў Юльянавіч і даволі-такі строга паглядзеў на сакратара камсамольскага камітэта.

— Ну... вось... знаеце... — быццам не знаходзіў тых слоў. — Захварэла Ева Дым, паехала... Дык яно...

— А калі мы з табой захварэем? — зусім нечакана павярнуў гаворку Жамчужны. — Я, вядома, не хачу гэтага... Але...

— Нас лёгка заменяць! — з такой жа нечаканасцю адказаў Генадзь і пачырванеў. У зале пачуўся асцярожны смяшок.

— Правільна! — падтрымаў Жамчужны. — Я такой жа думкі — ты не бойся! А што ж яе, па-твойму, дык ужо і замяніць нельга?

— Цяжка, — з цвёрдай упэўненасцю сказаў Генадзь. — Так маляваць, як яна... І пісаць... Пакуль што не ведаю, каго б тут...

— Адам Адамавіч! — звярнуўся Жамчужны да Запрагаева. — Па-мойму, гэта і прафсаюза датычыцца: як ты думаеш наконт гэтага?

— Думаю, што знойдзецца чалавек! — адарваўшыся ад сваіх паперак, сказаў старшыня пабудкома.

— Чуеш? — Мечыслаў Юльянавіч зноў глянуў на Генадзя, але на гэты раз у вачах ужо мільгнула смяшынка. — Знойдзецца, значыць! Вось знайдзіце, арганізуйце, і каб газета ў нас была! А то пішаце дакладныя аб культмасавай рабоце... Як гэта можна спыніць такое выданне?!

— Ясна! — ціха сказаў Генадзь і, забіраючы з рук Жамчужнага паперы, уважліва паглядзеў яму ў вочы.

Хоць і малады яшчэ камсамольскі работнік Шчабятун, аднак ён ужо добра ўцяміў, што не ўсякае распараджэнне трэба абавязкова выконваць. Гэта залежыць ад тону, якім яно аддаецца, ад выразу твару, бляску вачэй і многіх іншых прыкмет.

Вось і намагаўся хлопец адгадаць: сапраўды патрэбна была Жамчужнаму сатырычная газета ці ўсё гэта гаварылася проста пад настрой? Успомніўшы пра надзейную ў такіх выпадках хітрыку «час пакажа», Генадзь сабраўся ісці, але Мечыслаў Юльянавіч яшчэ на нейкі час затрымаў яго.

— А як там цяпер гэтая дзяўчына? Дзе яна? Хто з вас ведае?

Генадзь ніякавата ўсміхнуўся, паказаўшы доўгія пярэднія зубы, і павярнуў галаву да Запрагаева. Жамчужны таксама спыніў на ім ледзь-ледзь смяшлівыя вочы.

— Мы нядаўна бюлетэнь паслалі, — сказаў старшыня пабудкома.

— Куды?

Запрагаеў маўчаў.

— Вось бачыце, таварышы!.. — пачаў Жамчужны, але ў гэты час зазваніў тэлефон, і ён узяў трубку. Твар яго паступова стаў чарсцвець, смяшынкі ў вачах патухлі.

— Так-так... — гаварыў ён быццам бы незнаёмым для ўсіх голасам. — Ясна... Калі?.. Ясна-ясна!..

Паклаў трубку, працёр твар, пачынаючы з ілба, памаўчаў з хвіліну, і калі ўзняў галаву, вочы зноў сталі пасміхвацца.

— Да нас прыязджае... — мнагазначна загаварыў ён і стаў глядзець чамусьці толькі на аднаго Запрагаева, — вельмі адказны чалавек... Ён цяпер у Мінску.

Запрагаеў адразу сабраў свае паперкі, устаў.

— Хутка? — голасам чалавека, якога паднялі па трывозе, спытаў ён і падаўся да дзвярэй. Гарачай хваляй ударыла ў галаву думка, што там недзе і яму звоняць ды не могуць знайсці. А калі не звоняць, то самому трэба неадкладна пазваніць.

— Гэтымі днямі, — сказаў яму наўздагон Жамчужны і зноў узяў тэлефонную трубку, каб адказаць на званок.

Назаўтра Высоцкі не пайшоў зранку ў трэст, а завітаў на некаторыя аб’екты, бліжэйшыя ад яго дарогі.

Павярнуўшы на ўчастак Віктара Бранаўца, яшчэ здалёк убачыў, што на высокіх слупах аркі сядзіць па чалавеку. Потым стала відно, што і пад аркаю топчацца некалькі юнакоў.

«Камсамольцы, — падумаў Леанід Аляксандравіч,— Генка арганізаваў».

Але тут былі хлопцы толькі з Віктаравай брыгады. Яны пакуль што нічога значнага не рабілі, а пасміхаючыся, нібы жартам, трымалі ў руках хто партрэт, хто лозунг на чырвоным палотнішчы, хто транспарант. Некаторыя паглядвалі ўгору на верхалазаў, якія здымалі з напярэчніка старое, злінялае ад дажджоў і вятроў палотнішча, а на яго месца прымервалі новы, шырачэзны аншлаг.

Віктар таксама падышоў сюды.

— Нашто гэтулькі людзей на арку? — спакойна спытаў у яго Высоцкі.

— Хіба не ведаеце?

— Ведаю. Дык не гэта ж трэба. Вы лепш там, на аб’екце!..

— Там можа і не пабываць, — запярэчыў Віктар, але з такой выразнай усмешкай, што Высоцкі таксама засмяяўся.

— Тут, знаеце... — пачаў удакладняць брыгадзір. — Прыехаў з самага ранку Запрагаеў... І Генка з ім... Пачалі прасіць, каб усё гэта «правярнуць» хутка і аператыўна. Вось я і паслаў...

— Дык не гэтулькі ж... Тут двух чалавек даволі. У крайнім выпадку — трох.

— Пабудком заедзе, пакрыўдзіцца.

— Скажаш, што я даў каманду.

...Ідучы па новай вуліцы, Высоцкі зноў убачыў Аленку, але не адну: яна ішла насустрач, трымаючыся за руку сваёй мамы. Калі яны параўняліся, дзяўчынка, мабыць, пазнала яго і хацела прыпыніцца, але мама чамусьці тузанула яе. Потым Высоцкі адчуваў патыліцай, што Аленчына маці азіралася і глядзела яму ўслед, аднак не мог здагадацца, чым ён мог выклікаць яе цікавасць.

...Усюды на брукаваных і нават асфальтаваных вуліцах і дарогах з’явіліся рамонтныя брыгады. Месцамі яны засыпалі і зараўноўвалі такія яміны, да якіх нічые рукі не дайшлі б, можа, і ўсё лета. Гэта Высоцкаму падабалася: няхай папрацуюць дарожнікі, а то іначай іх сюды не загоніш.

Непадалёк, вакол клуба будаўнікоў, мітусілася некалькі чалавек. Яны ўпрыгожвалі фасад. Сярод іх Высоцкі заўважыў і старшыню пабудкома. Ён стаяў воддаль і энергічна падаваў знакі двум хлопцам, якія цягнулі на балкон вялізны святочны плакат.

— Што, мітынг? — спытаў у Высоцкага прахожы чалавек у шахцёрскай спяцоўцы.

...Будаўнічая пляцоўка камбіната з кожным днём разрасталася і цяпер выглядала такой велічна-грандыёзнай, што нязвычны чалавек мог адчуваць сябе тут, магчыма, зусім маленькім і бездапаможным. Перш за ўсё гэта, мабыць, ад таго, што ён не мог бы адразу разабрацца, як тут што робіцца і які мае парадак.

Інжынеры, будаўнікі, напэўна, адчуваюць сябе іначай. Леанід Аляксандравіч яшчэ толькі краем прайшоў; здавалася, што не паспеў і агульныя контуры ўбачыць, аднак жа адразу заўважыў, што за раніцу з’явілася тут нешта незразумелае і недарэчнае, бо зусім няпланавае. Няхай сабе яно і маленькае, і непрыкметнае на фоне вялікіх аб’ектаў, але яму кінулася ў вочы.

Высоцкі збочыў са свайго раней намечанага маршруту і пайшоў да таго нязначнага, негаданага аб’екціка, які ўжо заяўляў аб сабе чатырма жалезабетоннымі слупамі.

— Што гэта такое? — спытаў у дзяўчат-бетоншчыц, якія стаялі тут.

Тыя паглядзелі адна на адну і чамусьці пачалі хіхікаць. Спачатку нясмела, сарамліва, а потым адна перад адной набраліся смеласці і зусім разышліся. У ахвоту насмяяўшыся, адна з іх сказала:

— Начальства лепш ведае. Вунь яно!

Высоцкі глянуў у той бок і ўбачыў, што да аб’екціка паспешліва шыбуе, выціраючы голае цемя, Кажушка. Высоцкі, трохі азадачаны смехам дзяўчат, пайшоў яму насустрач.

— У чым справа? — запытаў, не хаваючы абурэння.

— Што? — перапытаў Кажушка, быццам не ведаючы, аб чым ідзе гаворка.

— Ну вось!.. — Высоцкі паказаў на аб’екцік. — Людзей з работы знялі!

— Яны робяць... Чаму ж?..

— Што робяць, я ў вас пытаю?! — сарваўся Высоцкі голасам. — Хто вам дазволіў здымаць людзей з пускавога аб’екта?

— Вы гэта сур’ёзна? — Кажушка неяк прыкра і злавесна змяніўся з твару, расчырванелы ад старання лоб пабляднеў, вусны задрыжалі. — Вы што, з неба зваліліся, нічога не ведаеце?

— Ах, гэта ў сувязі... А нашто яно?

— Як нашто? А вы былі ў той іхняй раздзявалцы? Ведаеце, як яна выглядае? Там шчыліны — палец лезе, бруд і сырасць! Шахцёры ж і цяпер выходзяць мокрыя, бо ў ствалах цячэ.

— Вось няхай шахтбуд і падумае, як навесці там парадак. А вы сваіх людзей вярніце на аб’екты. І зараз жа!

— Не магу!

— Я патрабую!

Высоцкі сабраўся ісці далей, але Кажушка нібы перагарадзіў яму дарогу.

— Што вы робіце? — быццам узмаліўся ён, быццам прыгразіў са злосцю і адчаем. — Няўжо не разумееце, што...

— Усё разумею! — цвёрда прамовіў Высоцкі. — І адказнасць бяру на сябе! Гэта вы мелі на ўвазе?

Кажушка асекся, разгублена заморгаў.

— І наогул, што гэта такое? — злаваўся Леанід Аляксандравіч. — З інжынерам я размаўляю ці проста з выпадковым чалавекам? Аб чым вы перш за ўсё думаеце?

— Падумалі без мяне, — стрымліваючы крыўду, прызнаўся Кажушка. — Вунь Крывашып... А там і яшчэ... — Ён узмахнуў рукамі і ўзняў тоўстыя далоні вышэй сваёй ласнёнай галавы. — Спрачаемся пры такой сітуацыі! Ужо каму-каму, а вам павінна быць вядома, што гэта значыць...

— На што намякаеце? — сурова глянуўшы Кажушку ў вочы, спытаў Высоцкі. — На маё мінулае? Дык знайце!..

— Я толькі аб тым, — перабіў Кажушка, — што за такія справы не гладзяць па галоўцы і цяпер. Што скажа Яўмен Захаравіч?.. І...

— А мяне зусім не цікавіць, што хто пра гэта скажа! Я раблю сваю справу і ведаю, што яна патрэбна людзям, а не каму-небудзь аднаму. Вось так! Думаю, што вы не будзеце прымушаць мяне паўтараць свой загад.

— Я пайду да Яўмена Захаравіча!

— Можаце ісці! Толькі прарыў на асноўным аб’екце ляжа на вашы плечы! Тады пабачым, як выручыць вас Яўмен Захаравіч.

— Я думаў... — нервова заківаўшы галавой, ледзь не зашыпеў Кажушка, — што жыццё вас чаму-небудзь навучыла... Ваша жыццё! Аднак жа, як здаецца...

— Навучыла! — цвёрда прамовіў Высоцкі і павярнуўся, каб ісці на прамысловыя аб’екты. — Праз тры хвіліны ўсе вашы людзі павінны быць там! Вось так!

Яўмен Захаравіч прыехаў на работу крышку раней звычайнага тэрміну — без пятнаццаці дзевяць. У трэсце яшчэ нікога не было, толькі прыбіральшчыцы шумелі кранам водаправода — відаць, налівалі графіны і разносілі па кабінетах.

У прыёмнай таксама нікога не было, нават сакратарка не прыйшла, хоць яна і ведала, што кіраўнік трэста мае звычку пачынаць службу раней. Чалавек ён ужо далёка не малады, позна спаць не любіць, а ўстаўшы ў шэсць гадзін раніцы — чым толькі не зоймешся дома? І ўсё надакучыць, пакуль прыедзе шафёр. Пехатою ісці ад горада да трэста — не так блізка, ды і наўрад ці пойдзеш адразу, бо нехта абавязкова пярэйме. А на машыне хоць і памалу ехаць, усё роўна за якіх дзесяць — пятнаццаць хвілін ужо на месцы.

Тое, што сакратарка не прыйшла, трошкі ўкалола Крывашыпа. Няёмка было рабіць заўвагу, тым больш што яна не толькі яго сакратарка, а і Высоцкага. (Калі ўразаліся штаты трэста, то па яго ж прапанове траплялі пад скарачэнне перш за ўсё сакратары і прыбіральшчыцы.) Але ж, каб гэта было некалькімі гадамі раней, то яна зразумела б усё і без заўвагі. Здаралася ў тыя гады, што ён прыходзіў на работу на цэлыя паўгадзіны раней, і ўвесь штат быў ужо на месцы.

А ў часы начной актыўнасці?.. Бывае часам, што з болем у душы прыходзіць на памяць выпадак, калі ён націснуў кнопку званка ў другой гадзіне ночы. Знураная ад бяссонніцы сакратарка хуценька праслізнула праз падвойныя дзверы, насцярожана спынілася каля бакавога стала.

— Сініцкага! — абыякава загадаў Яўмен Захаравіч, пе адрываючыся ад тэлефоннай трубкі.

— Ён толькі што пайшоў, — спалохана заявіла дзяўчына. — У яго...

— Што гэта значыць? — спытаў Яўмен Захаравіч і так нахмурыўся, што тая куляй выскачыла з кабінета.

— Гэта я не табе, — тлумачыў ён потым у трубку. — Тут сядзіш, разумееш, ні сну, ні адпачынку, а некаторыя памочнікі... Ты заўтра калі прыязджаеш?.. Гадзін у дванаццаць?.. Так, так... Ну і я к гэтаму часу... Заязджай, партыю закончым. Помніш хады?.. Ну, давай!

Праз некалькі хвілін з’явіўся Сініцкі, па яго высылалі дзяжурную машыну. У гэты час Яўмен Захаравіч таксама размаўляў па тэлефоне і доўга не заўважаў чалавека, бо сядзеў адвярнуўшыся ад стала. А той моўчкі стаяў ля парога і чакаў.

— Вы мяне выклікалі? — нарэшце спытаў ён, выкарыстаўшы момант, калі Яўмен Захаравіч паклаў трубку аднаго апарата і намерыўся зняць з другога.

Атрымалася няёмкая паўза, бо Яўмен Захаравіч ужо забыўся, навошта выклікаў Сініцкага. Справа, відаць, была там нязначная, дык ужо і вырашылася сама сабою ці проста адпала.

— Вазьмі папку,— сказаў Крывашып і паказаў вачыма на свой стол.

Сініцкі падышоў, нерашуча выставіў уперад рукі: на стале ляжала некалькі розных папак.

— Вунь тую, — удакладніў Яўмен Захаравіч, — цёмна-сінюю.

Пасля гэтага Крывашып стаў набіраць чарговы нумар, а Сініцкі пайшоў. Каля дзвярэй ён неяк раптоўна пахіснуўся і ўзлёг локцем на бакавы стол.

— Што з табою? — спытаў Яўмен Захаравіч, наклаўшы руку на рычажок тэлефона. (Здарылася так, што якраз жа ў гэты момант глянуў на дзверы.)

— Нічога, — квола адказаў Сініцкі і зайшоў спачатку ў лакіраваную прыбудоўку, а праз нейкую хвіліну чутно было, як павольна адчыніў падвойныя дзверы ў прыёмную.

Яўмен Захаравіч паклаў трубку тэлефона і званком выклікаў сакратарку.

— Што з Сініцкім? — спытаў з павагай, але не выяўляючы ні сваёй трывогі, ні віны.

— У яго дачка хворая, — сумна адказала дзяўчына. — У бальніцы ляжыць.

— Што?.. Чаму ж ты мне...

— Дык я гаварыла, — пачала апраўдвацца сакратарка. — Гаварыла!.. Але вы... — І ледзь не заплакала ад хвалявання і крыўды.

— Вы... Вы!.. — папракнуў Яўмен Захаравіч. — Усё, калі што, дык я!..

І змоўк пасля гэтага, успёрся локцямі на стол. Толькі цяпер яму ўспомнілася, што Сініцкі быў вельмі бледны і зняможаны, што ў яго запалых і сумных вачах свяцілася прытоеная, але балючая крыўда.

Сакратарка пераміналася з нагі на нагу каля бакавога стала і не ведала, што ёй рабіць: узяць ды моўчкі выйсці, каб Яўмен Захаравіч нават і не пачуў скрыпу, ці чакаць, пакуль будзе яшчэ нешта сказана.

— І даўно яна хварэе? — нарэшце спытаў Крывашып. Узняў галаву і разгублена паглядзеў на дзяўчыну.

— Ну як даўно? — сумелася тая. — Не год і не два... З месяц ужо хварэе. І вельмі цяжка.

— А колькі дзяўчыне? Вялікая ўжо?

— Мая равесніца. Разам некалі ў школу хадзілі.

— Хоць бы сказала калі... Ты ж тут...

— А вы пра гэта не пыталіся.

Яўмен Захаравіч устаў, залажыў вялікі палец за борцік кіцеля і задумліва прайшоўся па суцэльным, на ўвесь кабінет, дыване. Мяккія, налошчаныя боты парыпвалі.

— Дык вы гэта з бальніцы і даставілі яго сюды? — нібы спытаў, нібы выказаў здагадку.

— З бальніцы, — пацвердзіла дзяўчына.

— От жа народ! — Ён узрушана ўзмахнуў рукамі. — Ідзі скажы, каб Сініцкага зараз жа завезлі назад.

Дзяўчына імкліва выбегла.

Яўмен Захаравіч яшчэ некалькі хвілін хадзіў па дыване: дакараў сам сябе, што праявіў такую нячуласць, а сваіх падначаленых — што не сказалі пра няшчасце Сініцкага. На працягу гэтых хвілін ні разу не падышоў да тэлефоннага століка, каб набраць які-небудзь нумар. Зазваніў тэлефон, дык і то не спяшаўся здымаць трубку, а толькі паглядзеў, па каторым апараце звоняць. Заўважыў, што не па «вяртушцы», і адвярнуўся, пайшоў да дзвярэй. Тут у кутку стаяў вялікі, яшчэ, мабыць, з часоў Пятра Першага, гадзіннік. Ён нібы адчуў набліжэнне гаспадара — зашумеў, заскрыпеў і адсалютаваў двума ўдарамі.

Тады гаспадар глянуў на стрэлкі: сапраўды было дзве гадзіны пасля поўначы. Ён адчыніў адны і другія дзверы насцеж і выйшаў у прыёмную. Сакратарка перапалохана ўсхапілася, але Крывашып прайшоў у калідор, нічога ёй не сказаўшы. Там з размахам адчыніў пакой, у якім сядзеў Сініцкі. Некалькі супрацоўнікаў, у тым ліку і жанчыны, усталі.

— Дзе ён? — і глянуў на пусты стол у найбольш зручным месцы.

— Паехаў у бальніцу. У яго...

— Знаю! Ідзіце дадому і вы! Дзве гадзіны ночы!

Дома Яўмен Захаравіч не заснуў аж да самага світання. Разы два нават намерваўся ўстаць ды выклікаць машыну: думалася, што калі б паехаць у бальніцу ды пагаварыць з Сініцкім, то адлягло б на душы.

Гадзін у восем раніцы, калі прыйшоў нарэшце сон, пазваніў на кватэру старшыня мясцкома і папрасіў дазволу заказаць за кошт міністэрства жалобны вянок.

— Каму? — спытаў Яўмен Захаравіч, і голас яго адразу змяк і заглух. Далей ужо ён гаварыў так, што за дзвярыма ніхто б не пазнаў голасу, і, мабыць, старшыня мясцкома не верыў, што размаўляе са сваім непахісным кіраўніком.

Гэта адбылося ў тыя даўнія часы, калі Яўмен Захаравіч быў яшчэ ў самым сваім зеніце, калі ўсе далягляды быццам бы адкрываліся перад ім, і здавалася, што кожны з іх мог бы нават сам наблізіцца, калі б гэтага пажадаць.

У першыя часы, калі Яўмен Захаравіч стаў дэпутатам, яму іншы раз нават і ў холад не хацелася зашпільваць сваё паліто. Ехаў у машыне — і таксама адхінаў борт, каб не закрываць значок.

Тады Крывашып быў першым намеснікам міністра.

З таго часу прайшло нямала год. Многа чаго пабудаваў Яўмен Захаравіч за гэтыя гады — будаўнік ён выдатны, гэтага ніхто не мог ад яго адабраць. А сёе-тое іншае і адбіралася часам і зноў аддавалася, было трывалае і нетрывалае. Жыццё ніколі не ішло ў яго лёгка, аднак быццам бы і залішне хутка прайшлі тыя часы, калі мала каторы дзень не прыносіў спадзяванняў на лепшыя змены ў лёсе. Тады здавалася, што ёсць на гэта ўсё неабходнае: адукацыя, працаздольнасць, біяграфія. І ўсё ж кульмінацыя абмежавалася міністэрствам, а далей пайшоў спуск — значыць, нечага вельмі патрэбнага не хапала.

Чаго не хапала, Яўмен Захаравіч і цяпер па-сапраўднаму не ведае, але ўжо не надта і думае пра гэта.

...Праз які год — на пенсію. Як гэта змяняе погляды, імкненні, як уплывае на характар і паводзіны! Пачынаецца рабочы дзень, дык не вельмі і радуе. Канчаецца, дык не шкада яго, як некалькі год назад. Калі выпадае магчымасць вырвацца на рэчку ды яшчэ са сваім калматым Цюлікам, дык хіба толькі пасланцы нагадаюць пра службовыя справы.

Аднак жа вось сёння, прыехаўшы ў трэст, Яўмен Захаравіч адчуў сябе быццам бы ўсур’ёз пакрыўджаным. Хоць і праз падвойныя дзверы, але, прыслухаўшыся, ён чуў, што людзі неўзабаве пачалі заходзіць у прыёмную, але ўсё не да яго, не да яго! Сакратарка таксама, як толькі з’явілася, адразу зашчабятала па тэлефоне наконт Высоцкага.

Справы пакуль што ніякія асабліва не падпіралі, таму Яўмен Захаравіч стаяў ля акна, глядзеў на завалены рознымі матэрыяламі двор завода жалезабетонных вырабаў і ўспамінаў некаторыя падзеі мінулых дзён. Адсюль Кажушка ўчора вазіў цэментавыя слупы і дошкі для звышпланавага і звыштэрміновага будынка. Заходзіў сюды, прасіў дазволу на такое збудаванне і нават паказваў спехам накіданы праект. Аднаму харошаму інжынеру не сорамна было складаць такі праект, а другому, яшчэ лепшаму... зацвярджаць. Дык той яшчэ параўнаўча малады будаўнік. А яму, аўтару многіх праектаў, стваральніку цэлых гарадоў і буйных прадпрыемстваў!.. Некалі нават заікнуцца перад ім не адважыліся б наконт такога праекціка.

Пачаць сваю работу Крывашып намерваўся кнопкай званка і нахмураным загадам сакратарцы — запрасіць сюды галоўнага інжынера. Але потым перадумаў і пайшоў да Высоцкага сам. Ад яго грузных крокаў столік у прыёмнай задрыжаў — сакратарка падняла галаву і збянтэжана павіталася. Мабыць, яна і не ведала, што кіраўнік трэста ўжо даўно тут.

У Высоцкага ля стала сядзелі два інжынеры з тэхаддзела, яшчэ зусім маладыя і даволі модныя з выгляду хлопцы. Убачыўшы Яўмена Захаравіча, абодва ўсталі, даючы яму месца насупраць Высоцкага. Але Крывашып спавольна паківаў ім рукой і сеў збоку, на канапку. Не паспеў ён і двух слоў сказаць Высоцкаму, як у кабінет паспешліва зайшоў Кажушка. Кепка ў руках, ласнёная галава ўжо крыху запацела. Ледзь успеўшы паздароўкацца, ён адразу звярнуўся да Крывашыпа:

— Вы тут, Яўмен Захаравіч? А я да вас.

— А што там? — не надта даверліва спытаў Крывашып. — Сядай, гавары!

Кажушка збянтэжана гляпуў на Высоцкага і, зразумеўшы, што Яўмен Захаравіч не збіраецца пераходзіць у свой кабінет, прысеў ля краю бакавога стала.

— Шахтспецбуд патрабуе... — адводзячы пагляд ад Высоцкага, пачаў ён.

Але Крывашып перабіў яго даволі нечакана і насмешліва.

— Чаго ён яшчэ патрабуе? Чаго? Можа прыбіральню з камфортам ім пабудаваць?

Адзін з маладых інжынераў гучна і даволі развязна зарагатаў.

Кажушка сурова паглядзеў на яго, як на школьніка, і ўдакладніў з пачуццём сваёй перавагі:

— Там забетаніраваць трэба... Вакол капроў.

— І, канечне ж, тэрмінова? — пачаў выказваць свае здагадкі Яўмен Захаравіч. — За адзін дзень, а то і за паўдня? Зняць людзей з аб’ектаў? Забраць планавы раствор?

Кажушка нібы згодліва, нібы з папрокам ківаў потнай галавой.

— Хопіць! — зусім катэгарычна прамовіў Крывашып. — Дзе яны раней былі? Не бачылі, што ў іх там у дождж падысці нельга? Няхай паказваюць цяпер, як усё ёсць!

— Што вы, Яўмен Захаравіч! Гэта ж мы павінны...

— Нічога тут не павінны! — зноў не даслухаў яго кіраўнік трэста. — Няма чаго вельмі завіхацца! Я ўчора даў згоду на збудаванне гэтай бытоўкі, але, шчыра кажучы, рад, што цябе пагналі адтуль. — Ён з усмешкай глянуў на Высоцкага.

— Шумок увесь пусценькім аказаўся, — між тым заўважыў Леанід Аляксандравіч, не надта выяўляючы сваю задаволенасць такім паваротам спраў. — Мне званіў Жамчужны.

— Што, не прыедзе? — адразу здагадаўся Крывашып.

Высоцкі пакруціў галавой.

— Ну вось!.. — Ён адкінуўся да спінкі канапкі і пачаў уцешна і нібыта здзекліва рагатаць: канапка аж трэслася.— Вось гэта яно!.. Э-эх!.. І праўду ты гаворыш?.. Леанід Аляксандравіч?!

— Можна пазваніць Жамчужнаму.

— Не трэба!.. Веру! — Ён раптам даволі бадзёра ўзмахнуў рукамі і ўстаў. Нейкі час узрушана хадзіў па пакоі, а потым пранізліва глянуў на Кажушку і сказаў: — Выкопвай цяпер свае слупы!

Той ужо стаяў ля парога і з нервовым дрыжаннем у руках нацягваў на галаву цеснаватую кепку. Нічога не сказаўшы, ён гэтак жа імкліва, як і зайшоў, знік з кабінета.

Усе зразумелі, што ён пабег высвятляць і ўдакладняць сітуацыю.

Праз некалькі хвілін, вырашыўшы свае справы, пайшлі ў свой аддзел і маладыя інжынеры, а ў кабінеце асталіся толькі Крывашып і Высоцкі. Яўмен Захаравіч усё яшчэ хадзіў упоперак пакоя, пасміхаўся, але ужо не з уцехай, як раней, а чамусьці сумна і задумліва.

— Калі ўжо мы адвучымся ад гэтага? — быццам бы пытаўся ён у Высоцкага, быццам сурова і бязлітасна папракаў самога сябе. — Ну, прыязджае кіраўнік, міністр... Няхай сабе прыязджае! Няхай пабачыць усё, як яно ёсць. Паможа, калі трэба, падкажа. Няхай і пакрытыкуе, калі ёсць за што. Чаго гэтага баяцца, наганяць адзін на аднаго трывогу, выбрыкваць адзін перад адным, каб паказацца лепшым? Вунь Запрагаеў, дык аж у Слонім пасылаў людзей. А чаго? Па кветкі.

Увайшла сакратарка і сказала, што Яўмену Захаравічу звоняць з міністэрства будаўніцтва.

— Перавядзі сюды! — загадаў Крывашып.

Павольна падышоўшы да стала, ён з халоднай абыякавасцю ўзяў трубку і слухаў доўга, але адзываўся больш нязначнымі гукамі, чым словамі, таму нельга было зразумець, пра што ішла гаворка. Каб не перашкаджаць у размове і даць магчымасць старэйшаму чалавеку сесці, Высоцкі ўстаў і выйшаў з-за стала. Яму трэба было ўжо ехаць на аб’екты, але няёмка было сказаць аб гэтым кіраўніку трэста — мог стары зразумець, што яго выжываюць з кабінета.

— М-м-мгу... так, так, м-м-гу... — між тым вымаўляў Крывашып, і ўсё гэта выходзіла ў яго неяк залішне спакойна і безуважна. Высоцкі нават паспачуваў таму чалавеку, які слухае такія няпэўныя адказы.

— А як там наконт гасцей? — спытаў нарэшце Крывашып. І ў голасе адчуўся зусім не абыякавы смяшок. — Ах, мала цікавіць?.. Ну-ну... Добра, добра...

Ён павольна, гэтак жа, як і браў, павесіў трубку і выйшаў з-за стала.

— Бач ты! — загаварыў здзіўлена, аднак з нейкай ухвалаю. — Яго мала цікавіць!.. Гэта Сініцкі, начальнік вытворчага аддзела. Ці сказаў бы ён гэтак раней?

— Ён мог бы сказаць, — заступіўся Леанід Аляксандравіч. — Здольны інжынер і чалавек з цвёрдымі поглядамі.

— Некалі бацька яго ў мяне працаваў, — успомніў Крывашып.— Вельмі слабы быў... І без ніякай цвёрдасці...

Калі Высоцкі прыехаў на прамысловыя аб’екты, часовага спецбудыначка ўжо не відно было і следу. Нават усе матэрыялы былі вывезены з таго месца. Сям-там на новых сценах і галерэях яшчэ віселі прывітальныя лозунгі, але ўжо толькі тыя, што не надта кідаліся ў вочы.

На будаўніцтве арачных складаў сустрэўся Кажушка. Ён зрабіў выгляд, што між імі і не было ніякай непрыемнай размовы, ахвотна і дружалюбна пачаў расказваць і паказваць, што паспеў зрабіць за мінулыя дні.

— А ўсё-такі здорава! — прызнаў ён, узмахнуўшы над галавой рукамі. — Прастор, ажурнасць!.. Палацы проста, а не склады!.. Толькі затрымліваемся крыху — не хапае арак.

— Сёння пабываю на заводзе, — паабяцаў Высоцкі, зразумеўшы, што цяпер трывожыць кіраўніка будаўнічага ўпраўлення. Успомніў, што і Крывашып, мабыць, з-за гэтага прыходзіў у кабінет, ды захапіўся другой тэмай. З міністэрства, відаць, таксама званілі наконт тэрмінаў — гэта заўважалася па аднаскладовых рэпліках Крывашыпа і па яго твары. Склады могуць выйсці сапраўды прыгожыя, трывалыя — такіх збудаванняў у рэспубліцы яшчэ не было. Але і вымова за парушэнне графіка ўжо, відаць, падрыхтавана.

Кажушка праводзіў галоўнага інжынера да машыны і, калі той узяўся за ручку дзверцаў, вінавата папрасіў:

— Вы, Леанід Аляксандравіч, забудзьце нашу ўчарашнюю размову, калі можаце.

— А нашто яе забываць? — мякка запярэчыў Высоцкі. — Размова карысная для нас абодвух, дык помніць яе варта. А крыўдаваць не будзем!

— Вось гэтага я і хачу, — падхапіў Кажушка. — Тут, знаеце, націснулі на мяне... Сітуацыя такая...

— Усё разумею! — запэўніў Высоцкі. — Усё!

Ён сеў у машыну і, пакуль крануўся з месца, чуў, як Кажушка захапляўся каля адкрытага бакавога шкла:

— Харошая, чысценькая, акуратная... Што значыць — свая!..

 

 

Х

З бальніцы Еву паслалі ў санаторый. Там яна прабыла два месяцы. Урачы сказалі, што пакінуць і на ўвесь трэці, а потым чамусьці перадумалі і выпісалі раней. Прыехала дзяўчына на бліжэйшую ад будоўлі станцыю, сышла з ручным чамаданчыкам на перон і чамусьці не адчула радасці, што вярнулася дадому. Было ўжо каля дзевяці гадзін раніцы, аднак здавалася, што яшчэ толькі пачынала развідніваць: дзень стаяў хмурны, непрыветны, па пустым асфальце вецер гнаў сухое таполевае лісце.

Ніхто Еву не сустрэў, яна і не чакала гэтага, бо нікому не паспела напісаць. Але ўсё-такі крыху зашчымела ў душы, калі ўбачыла, што амаль усіх астатніх пасажыраў — колькі іх там было — яшчэ каля вагонаў хто-небудзь з блізкіх прывітаў, узяў з рук цяжэйшыя рэчы, запрасіў на машыну ці на фурманку. Ад станцыі да будоўлі было каля трыццаці кіламетраў; у той бок наўрад ці трапіцца цяпер машына — зранку больш ідуць адтуль, — і пехатою дайсці нялёгка. Потым жа — адзін толькі плашчык паверх жакеткі на плячах. Выязджала з дому вясною — хіба думалася тады, што прыехаць давядзецца ўвосень?

І ўсё ж дзяўчына пайшла на дарогу з намерам ісці да таго часу, пакуль не нагоніць які грузавік ці аўтобус. Трохі халаднавата было, але калі нідзе не спыняцца, то цярпець можна.

На шчасце, машына нагнала на другім кіламетры, і нават галасаваць не прыйшлося — шафёр спыніўся сам.

— Вы ў Калійск? — спытаў ён добразычліва і адчыніў дзверцы кабіны. — Сядайце!

Ева пазнала аднаго са сваіх абанентаў, зарадавалася, нібы сустрэла самага блізкага чалавека.

— Змерзлі вы, — паспачуваў хлапец. — Зябкавата сёння ў адным плашчыку.

— Нічога. Бегучы не холадна.

— Няўжо хацелі сваім ходам да канца?

— А што было б рабіць, каб не вы? Дзякуй, што спыніліся.

— Ну, за гэта дзякаваць!.. Я вам яшчэ кніжку вінаваты: «І адзін у полі воін». Усё не было як здаць: калі ні зайду — зачынена. А потым і хадзіць перастаў.

— Хіба нікога не было на маім месцы?

— Не ведаю. Можа цяпер і ёсць: даўно не заходзіў.

— І не чыталі з таго часу нічога?

— Не памятаю ўжо. Здаецца, нічога.

— Ну, як жа гэта вы?..

Шафёр не адказаў на папрок, нечага задумаўся, а потым загаварыў нездаволена, нават з абурэннем:

— Што бібліятэка была на замку — дык гэта яшчэ паўбяды. А вось што «Мятла» ў нас так доўга не выходзіць, дык проста і не ведаю, як гэта назваць.

— Ніводнага нумара не было?

— Быў адзін, але ніхто яго не чытаў: нічога смешнага.

Шафёр быў хлопец гаваркі і адкрыты, без асаблівых падахвочванняў ён гаварыў амаль усю дарогу і меў пра што сказаць, бо добра ведаў, што робіцца ў горадзе і на камбінаце. Ад яго Ева дазналася пра шмат якія змены і навіны, ад яго ж выпадкова пачула, што Высоцкі цяпер у камандзіроўцы і невядома, калі вернецца на будоўлю.

Дзяўчына не перапытала пра гэта, зрабіла выгляд, што нават і не звярнула асаблівай увагі. Аднак жа нечаканае паведамленне вельмі балюча азвалася ў душы. Да гэтага ўсю дарогу ўяўлялася першая сустрэча пасля такой доўгай разлукі. Няхай сабе не на станцыі, не на аўтобусным прыпынку... Няхай у самым неспадзяваным месцы і пры нечаканых абставінах. Але ж радавала надзея, што гэтая сустрэча адбудзецца хутка, адразу пасля вяртання...

А цяпер усё адыходзіць, адкладваецца, і ніхто ў гэтым не вінаваты. Урачы неяк вельмі хутка змянілі свае ранейшыя намеры, нават не асталося часу паведаміць, што выпішуць раней.

Шафёр гаварыў і гаварыў, але Ева слухала яго ўжо не з такой увагай. Павярнулі на гравійку, што вяла на камбінат, і нават праз ветравое шкло сталі відны быццам бы зусім новыя карпусы і розныя збудаванні. Ева ледзь пазнавала свае так блізка знаёмыя мясціны. Хацелася б парадавацца, што ўсё гэтак вырасла за некалькі месяцаў. Падрос, вядома ж, і горад. Мужнымі і блізкімі душы ўяўляліся тыя людзі, што так многа зрабілі. Але раптам пакутлівае адчуванне: ці патрэбна яна гэтым людзям? Ці дадому яна цяпер прыязджае? Можа гэта зусім не тая новабудоўля, якую на яе вачах пачыналі, можа гэта будзе і не той горад, першы камень якога яна сама закладвала?

— Куды вас падвезці? — спытаў шафёр.

І ў першы момант Ева не ведала, што сказаць: можа ў горад, а можа тут спыніцца, каля шахтаў? А ў Галубоўку? Ёсць там які прыстанак ці не? Ад гаспадыні даўно не было пісьма.

— У бібліятэку, калі можаце, — папрасіла нарэшце Ева. Самым зручным уявілася тое, што ўвесь час непакоіла, — яе рабочае месца. Па ім за апошнія месяцы збалела душа, тым больш, што ад’езд быў такі нечаканы, нават кніг не было калі перадаць.

...У горадзе з’явіліся новыя кварталы. Насупраць бібліятэкі таксама перасоўвалася сюды-туды некалькі будаўнічых кранаў. А пустырок аставаўся некрануты, і былая прарабская не змяніла свайго выгляду. Здалося толькі, што крыху паменшала, уціснулася ў зямлю, быццам ад страху перад вялікімі мурамі. Зашчымела ў Евы пад сэрцам, калі глянула на яе. Неяк адразу адчуліся і пах, і змрок гэтага памяшкання, і радасці, і пакуты мінулых год.

Падышла бліжэй, спынілася, паглядзела на маленькае, цемнаватае акно. І раптам убачыла ў акне віхрастую дзіцячую галаву.

«Чытач гэтакі? Не. Залішне малы для чытача. Можа хто прыйшоў па кніжкі з дзіцем?»

Адчыніла дзверы ў калідорчык і ўбачыла цынкавыя начоўкі... Адразу вярнулася і пайшла далей.

...Будаўнічыя краны за пустырком быццам усе разам пасунуліся на яе. Дзяўчына спынілася і нейкі час глядзела на іх, бо проста не ведала, куды цяпер ісці. Горнасць адольвала, мабыць, ад дзвюх прычын: невядома, дзе цяпер бібліятэка і ці ёсць яна наогул; потым — каму гэта магло прыйсці ў галаву пасяліць сюды людзей, ды яшчэ з малымі дзеткамі? Восень на дварэ, а яны там!.. Магчыма, што і зімаваць будуць...

...Надумала ехаць у трэст, але па дарозе на аўтобусны прыпынак сустрэла тых дзяўчат-школьніц, якія некалі памагалі ёй у бібліятэцы. Яны здалёк пазналі сваю старшую сяброўку, кінуліся насустрач, забралі з рук чамадан.

— Куды вы ідзяце? Мы вас правядзём!

— І сама не ведаю, — прызналася Ева. — Толькі што прыехала. Бібліятэка цяпер дзе?

— Вунь там! — наперабой сталі паказваць дзяўчаткі. — На вуліцы Бранаўца.

— Вы ўжо былі там?

— Не, не былі. Яна нядаўна пераехала.

...Шыльды пакуль што ніякай не было, але на той вуліцы ўжо ўсе ведалі, дзе бібліятэка, таму Ева знайшла яе хутка. Дом аднапавярховы, нядаўна, відаць, скончаны. Ва ўсіх пад’ездах жывуць людзі, але два пакойчыкі адведзены пад бібліятэку. Адчыняючы яшчэ блішчастыя ад маслянай фарбы дзверы, дзяўчына зноў успомніла Высоцкага, і ёй захацелася выказаць яму шчырую ўдзячнасць перад кім-небудзь або хоць прашаптаць самой сабе. За круглым столікам у зальчыку сядзела ўжо не першай маладосці жанчына і вышывала сурвэтку. У другім пакоі два хлапчукі самі лазілі па стэлажах і выбіралі кнігі пра шпіёнаў.

— Усюды не парыцеся! — азвалася да іх жанчына, калі Ева ўвайшла ў пакой. — Глядзіце на дзіцячых паліцах!

На новую наведвальніцу жанчына амаль і не звярнула ўвагі, відно было, што ёй вельмі не хацелася адрывацца ад сваёй сурвэткі. Толькі калі Ева павіталася, яна ўсё ж узняла вочы і не надта прыязна спытала:

— Што вы хацелі?

— Я вось падшыўку... — ухапілася Ева за першае, што трапілася на вочы, і падышла да другога століка, на якім ляжала некалькі газет. Перагарнула адну, другую — сярод іх былі старыя і новыя нумары, падшытыя і непадшытыя, — потым з адчуваннем няёмкасці, што адрывае такую спакойную жанчыну, спытала:

— А ЛІМа ў вас няма?

— Каго?

— ЛІМа, «Літаратура і мастацтва»?

— Гэта кнігі такія? — Жанчына апусціла сваё вышыванне на жывот, прыкрыты цёплым шалем, крыху разгублена паглядзела на незнаёмую наведвальніцу.

— Газета ёсць такая, — растлумачыла Ева. — На першае паўгоддзе я выпісала яе сюды.

Жанчына пакруціла галавой, ніякавата ўсміхнулася:

— Не разумею... Як гэта вы сюды выпісвалі?

— Працавала тут, — сказала Ева, — таму і выпісвала. — Я загадчыца гэтай бібліятэкі.

Жанчына паклала вышыванне на столік, рухава ўстала.

— Ах, вунь што... Дык гэта вы?.. Мне гаварылі... І чамаданчык у вас... Толькі што прыехалі?.. Дык сядайце, калі ласка... Вось крэсла...

— Дзякую, — не вельмі прыветна прамовіла Ева і села каля свайго століка. — Даўно вы тут?

— Не, яшчэ і месяца няма.

— Прымалі фонд?

— Які гэта?

— Ну, кніжкі, усю літаратуру...

— А-а... Збольшага пералічылі, калі перавозілі. — Жанчына падышла да перагародкі і звярнулася да хлапчукоў:

— Ну як?.. Знайшлі, што шукалі?..

— Тут во яшчэ...

— Хопіць! Давайце запішу тое, што ў вас у руках, ды ідзіце дадому чытайце!

— Чаму яны самі? — спытала Ева, калі юныя чытачы выйшлі з бібліятэкі.

— А як тут з імі?.. Не ведаюць, чаго хочуць.

— Вы працавалі раней у бібліятэцы? — стараючыся быць тактоўнай, спытала Ева.

Жанчына зноў пакруціла галавой, але ўжо ледзь прыкметна, і не сказала нічога.

— Мы нядаўна сюды прыехалі, — пачала яна нібыта апраўдвацца, як толькі села на сваё ранейшае месца. — Муж у мяне маркшэйдэр. Вы можа не ведаеце, што гэта такое?.. То я...

— Чаму не ведаю? — перапыніла Ева. — Усе горныя спецыяльнасці мне знаёмыя, і літаратура пра іх тут ёсць.

— Дык вось... Прыехалі, а ні кватэры пакуль што, нічога... Двое дзетак у нас і бабка, яго маці... Работа ў шахтах толькі пачынаецца — заработак малы. Пайшла і я шукаць якога месца. Усіх тут абхадзіла — нідзе нічога няма. І вось таварыш Запрагаеў, дзякуй яму: «Ідзі, — кажа, — у бібліятэку, якраз па табе работа!» І праўда... Пры маім цяперашнім становішчы... — яна направіла на плячах шырокі вязаны шаль і зноў клапатліва прыкрыла ім жывот.

— Разумею, — кіўнула галавою Ева. — Усё разумею. Працуйце пакуль што, я вам перашкаджаць не буду.

Яна ўстала і ўзяла свой чамаданчык.

— Таварыш Запрагаеў сказаў, — нервова перабіраючы ў руках сваю вышыўку, загаварыла новая бібліятэкарка, — што вы яшчэ не скора... І пра нейкія курсы была тады гаворка...

— Якія курсы?

— Не ведаю... Паверце, нічога не ведаю... Толькі чула, што вы павінны былі ехаць вучыцца, пасля...

— Я скончыла інстытут! — крыху раздражнёна прамовіла Ева. — Ніякія курсы мне не патрэбны! Але няхай гэта не турбуе вас. Працуйце спакойна, толькі аб адным хачу папрасіць...

— Калі ласка, — ніякавата сказала жанчына і горка ўсміхнулася.

— Я вельмі многа патраціла часу... — ледзь стрымліваючы хваляванне, загаварыла Ева. — Не ўспамінаю тут пра іншае... Адным словам, мне нялёгка было арганізаваць гэтую бібліятэку і зацікавіць чытачоў. Не страцьце ўсяго гэтага!

— Ды я ўжо, знаеце... Я ўжо як умею, як магу... — паабяцала жанчына.

Ева развіталася і выйшла.

Не так лёгка застаць на месцы Запрагаева, але на гэты раз Еве пашанцавала: старшыня пабудкома яшчэ не паспеў знікнуць са свайго службовага пакоя. Убачыўшы дзяўчыну, быццам бы спалохана залыпаў вачыма, але ў той жа момант узяў сябе ў рукі, выйшаў з-за стала і, шырока ўсміхаючыся, ступіў два крокі насустрач:

— Прыехала? Ужо? Ну, маладзец! Маладзец! А як яно? Усё добра? Настрой харошы?

— Не надта, — стрымана адказала Ева і падалася ў куток пакоя, каб паставіць там чамадан.

— Толькі з дарогі? — спытаў Запрагаеў. — І дадому не заходзіла?

— Яшчэ невядома, ці ёсць у мяне гэты дом.

— Ну, чаму ж?.. Тут мы ўмяшаемся, калі што... Ніхто не меў права...

— Якое там права! — з лёгкім абурэннем прамовіла дзяўчына. — Прыватная кватэра: каму захоча гаспадыня, таму і здасць. На маю пасаду вы не мелі ніякага права, ды ўсё ж аддалі!

— Ну, гэта знаеш?.. — Запрагаеў зрабіў выгляд, што раптам нешта згубіў ці забыў, куды паклаў, і стаў шарыць па кішэнях кіцеля. — Гэта не адно і тое самае... Ды ты сядай, сядай!.. — Ён быццам нехаця паказаў на крэсла каля свайго стала. — Наша бібліятэка не магла так доўга быць зачынена. Праўда? Культурны ачаг усё-такі... Ды пакуль што адзіны ў горадзе.

— Вы назаўсёды яе прызначылі, ці толькі да майго прыезду?

— Што? — Запрагаеў нарэшце знайшоў нейкую паперку ў верхняй кішэньцы, разгарнуў яе, прачытаў і зноў згарнуў. Тады разгублена паглядзеў на Еву:

— Ты ўжо была там? Бачыла? Харошае памяшканне? Праўда? А знаеш, як лёгка было яго вырваць? Ногі адхадзіў, пералаяўся з усімі!

— Хто вам прыслаў гэтую жанчыну? — добра ведаючы характар Запрагаева, настойліва запытала Ева.

— Хто, хто... — нездаволена пераказаў старшыня пабудкома. — Ніхто не пасылаў, сама прыйшла, папрасілася.

— Сама яна не магла папрасіцца, — запярэчыла Ева, — бо бібліятэчнай справы зусім не ведае. Тут нехта добры ўзяў прыцэл, нічога не скажаш.

— Ну, пазванілі з шахтбуда... — нарэшце прызнаўся Адам Адамавіч. — Сам начальнік... Знаеш, як гэта бывае?..

— Знаю! — цвёрда сказала Ева. — Найлепш ведаю, як у нас бывае! А мне цяпер куды?

— А ты ўжо... гэтае самае?.. — Запрагаеў акінуў дзяўчыну прыдзірлівым і даволі бессаромным паглядам. — І скакаць ужо можаш?.. І частушкі спяваць?

— Я ў вас пра службу пытаю! — рашуча прамовіла Ева. — А будзе настрой спяваць, дык паспяваем і паскачам. Перш за ўсё я працаваць хачу! Вы можаце ўявіць, што такое мой сум па рабоце, па калектыву? Не, вы гэтага не ўявіце!.. Гэта не па вашай душы!..

— Чаму не па маёй? — крыўдліва запярэчыў Адам Адамавіч. — Кожны мо0жа заскучаць па рабоце... З усякай душой. Асабліва ў наш час, калі «хто не робіць, той не есць»лб.

— Ну вось!.. Зразумелі!..

— А што тут разумець? Філасофія?

— Дык куды мне ісці? Я сёння ж хачу ўзяцца за справу!

— Ну, можа, туды і ідзі... На сваё месца, вядома...

— А яе куды?

Запрагаеў нагнуўся над сталом, шырокі, але нізкаваты лоб сабраўся ў гармонік.

— Вы тады ведалі, што яе нельга будзе крануць з месца? — настойліва запытала Ева.

— Як гэта?.. — здзівіўся Запрагаеў, нібы першы раз аб гэтым пачуў.

— Ды проста так, што ёй неўзабаве ў дэкрэт.

— Праўда? — Ён узняў галаву і моцна зарагатаў, але нельга было зразумець, ад задаволенасці ці якога іншага адчування.

— Вы ж ведалі пра гэта? Чаму не пашукалі для яе вольнага месца?

— Ну, знаеш!— Тут Адам Адамавіч нават узмахнуў рукамі і па-салдацку выпнуў грудзі. — Мне яна, прабач, не жонка, што я павінен усё ведаць. У анкеце пра гэта не напісана. Ды і дзе ў нас ты бачыла тыя вольныя месцы? Дзе? Людзі наязджаюць і наязджаюць! З усяго свету!

— Па закону я маю права заняць сваё месца, — не надта рэагуючы на яго запал, прамовіла Ева. — І каб правучыць вас, трэба было б гэтак зрабіць. Але я сказала той жанчыне, што турбаваць яе не буду. Я магу стаць і на іншую работу, а яна не можа, ды, відаць, і не ўмее нічога.

— І дзеці ў яе, — падхапіў Запрагаеў. — Малыя дзеці!.. Яшчэ і свякруха на шыі... А ён, муж яе — вельмі патрэбны нам чалавек. Маркіроўшчык.

— Маркшэйдэр, — паправіла Ева, а сама падумала, што ўсё ведае пра гэтую жанчыну старшыня пабудкома і добра ведаў раней, каго пасылаў у бібліятэку.

— Ты гэта правільна зрабіла, што так ёй сказала, — між тым гаварыў далей Запрагаеў. — Гэта з твайго боку сапраўдная гуманнасць, я сказаў бы... І здагадлівасць... Зачапі яе, а раптам што-небудзь здарыцца па медыцыне?.. Тады і табе... І ўсім нам... Поўная газетка матэрыялу. А для цябе мы што-небудзь знойдзем... Падумаем... От я з Жамчужным параюся. Шчабетуну пазваню... Ты ж камсамолка?

— Ну, вядома.

— Слухай! — Запрагаеў раптам шырока ўсміхнуўся і пляснуў далонню сабе па лбе. — Ідэя! У Жамчужнага ёсць паперка — сам я чытаў... Падавай у партшколу!.. Га? У цябе такая хватка масавіка, арганізатара. І пісаць там яшчэ лепш навучышся... Прынось заяву! Рэкамендацыю напішам...

— А чаму б вам самім туды не падацца? — зусім нечакана для Запрагаева спытала Ева. — У вас хватка, здаецца, больш дасканалая, як у мяне. І адукацыі няма. А я ўсё ж такі трохі вучылася.

— Ну вось, я сур’ёзна... — пакрыўдзіўся Адам Адамавіч. — А яна...

— І я сур’ёзна, — дадала Ева. — Заўтра прыйду на работу! І проста сюды, да вас. Не будзе месца — ваша займу! Жанчыну з дзецьмі пашкадавала, а вас не пашкадую!.. Так і знайце! І не прыдумвайце нічога, каб мяне выжыць адсюль! Не выжывеце! Я раней сюды прыехала, як вы!

Ева на хаду падхапіла свой чамадан і выйшла з пабудкомаўскага пакоя. Па ўсім трэстаўскім калідоры ішла бойка і жвава, нібы вось толькі што даказала сваю праўду, пераадолела самае цяжкае. Каля прыёмнай Крывашыпа і Высоцкага на момант спынілася, потым адчыніла дзверы. У пакоі не было нават сакратаркі, адтуль пацягнула сырасцю ад нядаўна памытай падлогі і пракураным пахам сцен. Выйшла на шашу і адчула, што нічога нікому не даказала, нічога не пераадолела.

На аўтобусным прыпынку было многа людзей, усе яны некуды спяшаліся; калі прыходзіў аўтобус, імкліва атакавалі дзверы. Некалі і яна рабіла гэтак жа, некалі і ў яе была разлічана кожная хвіліна. А сёння няма куды спяшацца, няма куды ні ехаць, ні ісці.

Яна не звярнула на аўтобусны прыпынак, а пайшла ціхам у вёску. Пасля такіх непрыемных наведванняў ёй ужо не хацелася куды-небудзь заходзіць, а тым больш расказваць пра нечаканыя складанасці свайго лёсу. Цяпер, як ніколі, душы патрэбен быў толькі сябра, вельмі блізкі чалавек. З ім бы параіцца, на яго плячы або пад яго добрымі вачыма адпачыць...

Ішла ў Галубоўку, але зусім не ведала, варта заходзіць на сваю былую кватэру ці не варта. Гаспадыня сама па сабе — някепская жанчына: з ёй можна пагаварыць нават і па шчырасці. Аднак, калі яна ўжо здала кватэру, то якая можа быць гаворка?

Спадзявання на добрае ўжо чамусьці не было. Пэўна ж, маглі знайсціся такія людзі, што пусцілі насцярожаныя чуткі наконт яе неспадзяванага ад’езду.

І ўсё ж, што менш аставалася да Галубоўкі, то ўсё выразней паўставала перад вачыма бакоўка з даматканай посцілачкай замест дзвярэй. Адно акенца ў гэтай бакоўцы, але святла, быццам бы, заўсёды хапала. Выходзіла яно ў агародчык, што перад вуліцаю. У вольную хвіліну можна было паглядзець і на вуліцу, але агародчык вабіў больш. З самай ранняй вясны і да позняй восені, аж да замаразкаў, тут што-небудзь расло і нават цвіло. Розныя кветкі, пахучыя і дэкаратыўныя расліны былі падабраны і размешчаны так, што некаторыя пачыналі зелянець, як толькі паказваліся з-пад снегу; калі адны адцвіталі, то другія зацвіталі; калі адны пачыналі вянуць, то другія толькі наліваліся сокам.

Пасля таго як пазнаёмілася з Высоцкім і атрымала ў падарунак каліўца мяты, сама пасадзіла ў агародчыку гэтую ласкавую расліну. Да ад’езду каліўцы толькі што прыняліся. А як цяпер? Можа яны выраслі аж да акна, калі гаспадыня хоць трохі палівала.

Стомленасць і самота адольвалі ўсё больш і больш. Здавалася, што калі не прытуліцца цяпер дзе-небудзь у цёплым куточку, то падкосяцца ногі, паплывуць перад вачыма жоўтыя кругі. Не знойдзецца нічога ў тых месцах, дзе пражыла два гады, дзе было столькі харошых сяброў, таварышаў, дык прыйдзецца ісці на аўтобусны прыпынак, а адтуль — у вёску, да цёткі, хоць наўрад ці будзе тая рада нечаканай госці. За ўвесь час лячэння адказала ўсяго на адно пісьмо, і толькі на тое, у якім было паабяцана прыслаць крымскага вінаграду.

Яшчэ здалёк Ева ўбачыла свой агародчык, можа нават раней, як хату. У ім яшчэ цвілі раскошныя вяргіні. Яны, мабыць, занадта лезлі ў вокны, таму гаспадыня падзяліла іх на асобныя часткі-снапы і папрывязвала да сцяны. Такім чынам было вызвалена ад густога ценю і тое акенца, што выходзіла з Евінай бакоўкі. Пад ім расла мята, яшчэ таксама зялёная, хоць з адцвілымі гронкамі на некаторых сцяблінах. Дзяўчына і зайшла спачатку ў агародчык. Прывыкла да ўсяго тут за два гады: колькі разоў ногі самі заводзілі сюды, колькі разоў у самыя цёмныя ночы гэты агародчык вылучаўся сярод іншых і нібы голасам запрашаў да сябе. Хоць і чужы ён, а заўсёды ўяўляўся сваім.

Ева прайшла паўз вокны, каб сарваць каліва мяты. Нагнулася над градкай і амаль у той жа момант пачула, як над самай галавой з парывам адчынілася акно.

— Евачка, гэта ты?

Дзяўчына аж не паверыла голасу, паспешліва ўстала. Гаспадыня ляжала вялікімі грудзьмі на падаконніку і радасна ўсміхалася. Потым яна працягнула да Евы голыя па локці рукі і абхапіла яе за шыю.

— Заходзь жа ў хату! Чаго ты?

На дзвярах бакоўкі вісела тая самая даматканая посцілачка і дакраналася берагамі да стракатага палавічка, чыстага і гладкага. Ева ступіла на гэты палавічок, памкнулася зайсці ў бакоўку, ды не адважылася, разгублена паглядзела на гаспадыню.

— Заходзь, заходзь! — падахвоціла жанчына. — Там тваё ўсё, як і было.

— Праўда?.. — Ева па-дзіцячы зарадавалася, адхіліла посцілку.

Сапраўды, у бакоўцы ніхто нічога не перастаўляў, нават не кратаў: усё аставалася як і раней. Каля цямнейшага кутка — вузкі ложак, засланы блакітнай капай: гэта Евіна капа. На акне — цюлевая шторка, таксама Евіна. На стале — маленькае круглае люстэрка, некалькі кніжак стопкаю. Усё на ранейшым месцы і ў ранейшым выглядзе.

— Нікому не здавалі, — са шчырай удзячнасцю прамовіла Ева.

— Ні аднаго дня ніхто тут не быў, — пацвердзіла жанчына. — А як жа? Мой стары і то сказаў: «Раз яна тут жыла, то за ёю ўсё і астанецца. Мала што з чалавекам можа быць?»

— Дзякую вам, цётачка, — расчулена сказала Ева.

Праз некаторы час яна заснула ў сваёй пасцелі і спала так соладка, што гаспадыня не адважылася пабудзіць яе не толькі на абед, а нават і на вячэру. Прачнулася і нейкі момант не магла паверыць, што ўжо дома, а не ў лячэбнай палаце, хоць тут і зусім іншае было адчуванне: ні разу ў палаце гэтак не спала. Потым глянула на столік з люстэркам і кнігамі, на акно са шторкай, якую сама прыладжвала, і здаволена ўсміхнулася: сапраўды дома, у сваіх, блізкіх людзей, а таго, што ўявілася спрасонку, ужо няма.

На змярканні пайшла ў клуб. Там якраз ішлі рэпетыцыі калектываў самадзейнасці, дык пабывала ва ўсіх. Ёй былі рады, а ў хоры папрасілі заняць сваё ранейшае месца. Дзяўчаты трошкі расступіліся, і Ева звычна і зручна стала паміж імі, нібы стаяла тут увесь час.

Заспявалі знаёмую песню. У дружным хоры яна не чула свайго голасу, але здавалася, што ўвесь акорд — гэта яе голас. Мелодыя лілася лёгка, натхнёна і напаўняла ўвесь пакой вельмі адчувальнай, упэўненай радасцю. Ева не бачыла твараў ні сваіх суседак, ні тых, хто стаяў за ёю, але ўяўляла, што ўсе яны павінны быць вясёлыя і радасныя. Мабыць, ніхто ў гэты час не думаў пра якія-небудзь цяжкасці і непрыемнасці ў жыцці, забывалася крыўда, адыходзіў сум, не адчуваліся нават голад ці смага, калі яны ў гэты час у каго былі.

Прачыніліся дзверы, і ў невялічкай шчыліне на момант паказаўся востры нос. Дзяўчына здагадалася, чый нос, але і пра гэтага чалавека ёй не хацелася цяпер думаць. Прыемнага ад яго чакаць ці непрыемнага? Не баялася яна непрыемнасцей і нават самых неспадзяваных паваротаў лёсу. Цяпер вось асабліва адчула неабходную трываласць.

Але ў гэты момант існавала толькі песня, толькі тыя галасы, з якімі зліваўся і яе голас.

Спявалі ў той вечар доўга. А ў зале на сцэне іграў вельмі яшчэ нязладжаны духавы аркестр, і маладзенькі дырыжор з кучаравымі валасамі, здавалася, больш пазіраваў перад музыкамі, чым памагаў ім. Аднак танцы ішлі з поўным сучасным каларытам: што ні пара, то свой стыль.

Каб вельмі не тырчаць на відавоку, Ева таксама прайшлася разы два кругам у пары з адной удзельніцай спеваў. Танец быў не самы прывабны і не захапляў так, як песні. У павольных рухах можна было і паглядзець куды хочаш і пагаварыць з кожным сустрэчным, толькі што аркестр крыху заглушаў словы.

Як толькі зайшла ў залу, дык заўважыла, што таго, хто нядаўна паказваў нос у харавы пакой, тут чамусьці няма. Агледзела ўсіх яшчэ ў танцы і пераканалася, што сапраўды хлопец знік ці завітваў сюды выпадкова.

...Уперадзе па крузе ішла вельмі прыгожая з выгляду і найлепш зладжаная ў танцы маладая пара. Ева любавалася ёю, і калі спыняла пагляд на тых, што не танцавалі, дык заўважала, што амаль усе паглядаюць на гэтых прывабных танцораў. Мабыць, прыемна было назіраць за іх танцам, надзвычай плаўным і рытмічным, і за імі самімі. Партнёр быў высокі, стройны і светлавалосы. Не пра кожнага тут можна было сказаць, які ён з валасоў, бо некаторыя хлопцы танцавалі ў шапках. Партнёрша таксама нічога не мела на галаве, але яе валасы, хоць і хораша ўкладзеныя, не так прыкметна вылучаліся ў крузе, таму што былі трошкі цямнейшыя.

Абаіх Ева ведала, партнёршу нават добра, бо яна часта брала кніжкі ў бібліятэцы. Гэта былі Бранаўцы, Віктар і Ірына.

...Міжвольна і непрыкметна Ева глянула на сваю партнёршу. Дробненькі тварык, зблізку трошкі рабаваты, невялічкая сама, і ногі, здаецца, не надта стройныя. Спявае хораша, а на танцы не вельмі здатная. Кружыцца з ёю ўсё ж лёгка, не так, як некалі з Віленам. Аднак чамусьці ўсё думаецца аб тым, каб хутчэй скончылася музыка. Так некалі было і з Перапечкам: як ні адводзіла вочы, а ўсё бачыла яго доўгі апушчаны нос.

З’явіўся б ён цяпер, дык наўрад ці адчула б асаблівую радасць. Запрасіў бы на наступны танец, то наўрад ці пайшла б. А вось няма яго — і быццам чагосьці не хапае.

І вельмі цяжка сказаць чаго: можа проста звычнага партнёра, а можа хоць частачкі таго спакойнага і чароўнага шчасця, якое заўважалася на тварах Бранаўцоў.

Удваіх з рабенькай дзяўчынай яны пайшлі і ў Галубоўку — тая кватаравала таксама ў вёсцы. Ніхто людскі іх не праводзіў; увязаўся быў нейкі п’янаваты хлюст, дык яны яго хутка адшылі. Цераз поплаў ішлі моўчкі, відаць, кожная адчувала нейкі сум, нейкую сваю адзіноту ў густой цемені.

— Давай заспяваем! — раптам прапанавала рабенькая.

І яны заспявалі. Галасы паліліся вольна і звонка, пачуццё адзіноты адышло: поплаў стаў выглядаць зусім свойскім, да кожнай сцяжынкі знаёмым. Спяшацца дадому не хацелася.

Развіталіся дзяўчаты непадалёку ад Евінага двара. Толькі дабегла Ева да седлаватай таполі, як пачула, што нехта ціха пазваў. Дзяўчына спынілася. З лавачкі пад таполяй устаў Вілен Перапечка і паспешліва падышоў да яе.

— Я чакаў цябе, Ева. Здрастуй!

— А чаму ў клубе не пачакаў? — даволі рэзка спытала дзяўчына. — Толькі нос паказаў праз дзверы!

— І ты пазнала?

— Чаму ж не!

— Мне пачулася, што хор сёння вельмі здорава спяваў. Ажно ж гэта ты там была...

— Не падлізвайся!

Ева памкнулася ісці дадому, але Вілен узяў яе за руку:

— Пачакай трошкі, давай пасядзім!

— Холадна ўжо сядзець на дварэ!.. Ды і позна сёння.

— Не позна... А па холадзе, дык у мяне паліто... Накінеш...

Лавачка сапраўды здалася спачатку вельмі халоднай і няўтульнай. Пад нагамі шамацела сухое таполевае лісце.

— Я нядаўна даведаўся, што ты прыехала, — неяк залішне вінавата загаварыў хлопец. — Толькі як прыйшоў са змены. Хацелася, каб сустрэцца адным, не на людзях...

— А чаму, каб не на людзях?

— Бо вельмі сумаваў я тут без цябе... Паверыш?..

Ён ахінуў Евіны плечы крысом свайго паліто, прытуліўся да яе і пацалаваў у шчаку. Пацалунак выйшаў нібы выпадковы, асцярожны да прыкрай халоднасці.

— Чаму не пісаў? — спытала Ева, і зноў разкавата, нават сурова.

— Дык адкуль я ведаў, куды пісаць? — быццам узмаліўся хлопец. — Паехала... Не сказала... А потым ні адрасу, нічога...

— Калі б хацеў, то знайшоў бы адрас, — абыякава прамовіла Ева.

І быццам міжволі ўспомніла, што і Высоцкаму яна ні разу не пісала аб сваіх перамяшчэннях. А ён заўсёды знаходзіў яе, і калі не наведваўся сам, то прысылаў пісьмы.

Пакуль яна пра гэта думала, Вілен яшчэ раз пацалаваў яе, ужо нават дакрануўся да вуснаў. Ева спачатку адхілілася, а потым, нібы ад жахлівай здагадкі, раптоўна павярнула галаву да хлопца. Глянула ў твар і заўважыла, як той непрыкметна выціраў аб каўнер паліто свой дзюбкаваты рот...

— Я пайду! — рашуча сказала яна і ўстала. — Мне холадна!

— Дык на вось!.. — Перапечка стаў знімаць з сябе паліто.

— Не трэба!.. Бывай!..

Ева бежкам памчала ў свой двор.

Назаўтра яна ўстала на самым світанні, раней за гаспадыню, бо амаль усю ноч не спала. Выняла з чамадана свой кубачак, паставіла ў мыцельніку.

— Нашто гэта? — спачатку даволі абыякава спытала гаспадыня. — Там жа ёсць кубкі.

— Мне, мабыць, трэба асобны, — ціха сказала Ева. — Усё асобнае...

— Што-о? — ужо больш насцярожана запыталася жанчына. — Нас гадзішся?

— Не я вас... А...

— А?.. Дык няма чаго тут! Не адсаджвалі мы цябе, і цяпер не адсаджваем!.. Сама лішняе не выдумляй!

— Усё ж такі я... — прыглушана прамовіла Ева і адвярнулася, каб прыхаваць свае вочы, бо на іх проці волі паказваліся слёзы. — Я доўга не была дома, лячылася...

— Ну дык што, калі лячылася?.. Хіба дактары так сказалі?

Ева пакруціла галавой.

— Ну дык і няма чаго! — узрадавана і яшчэ больш настойліва сказала гаспадыня. — Не наганяй сама на сябе страхаў! Не думай нічога кепскага, то і людзі не будуць думаць!

Аднак Ева не магла вызваліцца ад цяжкіх думак пра сваё цяперашняе становішча. Відаць, нямала тут будзе такіх людзей, як Перапечка. Яны кожны дзень нагадаюць аб нейкай непаўнацэннасці, пакрыўдзяць і прынізяць сваёй бояззю падаць руку, стаць блізка ў час размовы. І гэта могуць рабіць блізкія людзі, тыя, што лічыліся шчырымі сябрамі і быццам гатовы былі нават на нейкія ахвяры дзеля дружбы. А што гаварыць пра розных Запрагаевых, якім не раз пападала ад яе вострага пяра, ад выступленняў на сцэне?..

І ўсё ж такі трэба было зноў ісці да гэтага Запрагаева, прасіць, патрабаваць работу...

Дні тры пабудкомаўскі пакой быў зачынены. Потым час ад часу з’яўлялася туды адна супрацоўніца, якая і сама не ведала, хто яна па сваёй пасадзе: сакратар, інструктар ці касір. Некалькі разоў Ева пыталася ў яе пра Адама Адамавіча, але жанчына заўсёды разводзіла рукі і сумна круціла даўлосай галавой з вялікай куксай ледзь не на самым цемені. Кукса ківалася сюды-туды, і можна было падумаць, што яна і надавала галаве патрэбныя рухі. Магчыма, што жанчына і сапраўды не ведала, дзе бывае ў той ці іншы час старшыня пабудкома, а хутчэй за ўсё — была вельмі ўжо вышкалена і заўсёды адчувала, як трэба каго прыняць і што каму сказаць.

За ўсё сваё сталае жыццё, ды нават і з малых год Ева ніколі не была без работы. Нават у выхадныя дні або пры рэдкіх выпадках бюлетэню старалася не траціць час без карысці: калі не ішла ў бібліятэку, то чытала ці пісала дома.

А цяпер нічога ў яе не было і ні да чаго не цягнуліся рукі. Тую любімую работу, аб якой некалькі месяцаў сумавала ды ўвесь час марыла, едучы дадому, вярнуць ужо нельга. Іншая таксама не знаходзілася, і дзень за днём усё нарастала і ўзмацнялася адчуванне самоты і пакутнай беспрацоўнасці, прыглушалася, а то і зусім знікала жаданне ўзяцца хоць за што-небудзь дома, захапіцца кніжкай ці творчай работай. Дні пачыналіся сумна і часам безнадзейна; думка аб тым, што трэба зноў ісці шукаць Запрагаева ці каго-небудзь іншага, засцілала туманам усё перад вачыма. І часта здаралася так, што ўвесь дзень выглядаў туманным, хоць і пасвечвала сонца ды патыхаў сухі і не надта халодны вецер.

Некалькі такіх дзён было патрачана на самастойныя пошукі работы ды на размовы з Генадзем Шчабетуном у камітэце камсамола. Гэты хлопец спачатку праяўляў вельмі многа актыўнасці: некаму званіў па тэлефоне, да некага бегаў, вырываў абяцанні і запэўненні, заадно і сам абяцаў і запэўніваў, а потым сказаў Еве проста і адкрыта:

— Слухай! Я ж табе не аддзел кадраў!

Пасля гэтага дзяўчына адважылася на апошняе і пайшла да Жамчужнага. Доўга сядзела ў прыёмнай, чакала, пакуль у кабінеце трохі паменшае людзей, хоць знаёмая сакратарка раіла ісці адразу. Выбраць такі час, калі Мечыслаў Юльянавіч застаецца тут адзін, справа нялёгкая, але Еве трэба было пагаварыць без пабочных слухачоў і ахвотнікаў аналізаваць і каменціраваць кожнае слова.

Сакратарка зразумела гэта і прытрымала некаторых у прыёмнай. Неўзабаве выйшаў апошні наведвальнік, але следам за ім паказаўся з падвойных дзвярэй і сам Жамчужны. Крануў пальцамі прыгожыя валасы, акінуў паглядам усіх, хто сядзеў на крэслах паабапал сакратаркі.

— Усе, таварышы, да мяне?

— Да вас, — адказала за іх сакратарка.

— Калі ласка! А то мне хутка на бюро райкома. — Вы таксама? — Ён звярнуўся да Евы, якая сядзела амаль побач з сакратаркай. Дзяўчына кіўнула галавой і ўстала.

— Заходзьце!

Некаторыя наведвальнікі, ведаючы характар Жамчужнага, таксама ўсталі, каб ісці ў кабінет, але сакратарка папрасіла іх пачакаць яшчэ хвіліну. Пайшла следам за Жамчужным толькі адна Ева.

— Прабачце, што я не адразу спытаў у вас, — праводзячы дзяўчыну да свайго стала, загаварыў Мечыслаў Юльянавіч. — Мне чамусьці падумалася, што вы да Маі прыйшлі. Сядайце! Даўно прыехалі?

— Даўнавата ўжо, — адказала Ева, — у пачатку мінулага тыдня.

— Расказвайце, як здароўе, як наогул вашы справы?

Ева пачала расказваць вельмі паспешна, бо ведала, што ў Жамчужнага мала часу. Аднак ён ні адным рухам не паказваў, што спяшаецца, слухаў яе ўважліва, з усёй добразычлівасцю. Праз некаторы час зноў папрасіў прабачэння і зняў тэлефонную трубку.

Ева чула, як гучалі ў мембране доўгія і безнадзейныя назыўныя, як некалькі разоў глыбока і сумна ўздыхнуў Жамчужны. Не дачакаўшыся адказу, ён устаў і запрасіў у кабінет сакратарку. Каля шуфлядкі стала быў у яго званок, можна было націснуць, не кратаючыся з месца, але Жамчужны вельмі рэдка карыстаўся званком.

— Мая! — звярнуўся ён да гэтай маладой жанчыны, калі яна ўвайшла і зачыніла за сабою дзверы. — Паспрабуйце зрабіць для нас, — ён паказаў рукамі на Еву і на сябе, — даволі нялёгкую справу — знайдзіце Запрагаева. І калі можна, то хутка, зараз жа! І Шчабетуна пашукайце таксама.

— Пастараемся, — з нейкай асаблівай упэўненасцю сказала сакратарка і, лагодна ўсміхнуўшыся, знікла.

Вярнулася яна праз хвіліну. Еву аж здзівіла, што яна так хутка здолела выканаць даручэнне.

— Адама Адамавіча выклікалі ў вобласць, — як па пісаным далажыла яна, — а Шчабятун будзе праз гадзіну, у яго сход на ўчастку.

— Так, та-ак, — холадна азваўся Жамчужны і зноў глыбока ўздыхнуў. Вінавата і крыху разгублена паглядзеў на Еву, потым другі раз, ужо быццам без ахвоты і без надзеі, працягнуў руку да тэлефоннай трубкі.

На гэты раз адказалі хутка. Жамчужны назваўся і ціхім прыгожым голасам пачаў задаваць пытанні. Адтуль дакладвалі гучна, амаль што без затрымак і ваганняў.

— Ці ёсць там у нас што-небудзь у сэнсе?.. — спытаў Мечыслаў Юльянавіч.

— Для каго? — адразу пачулася пытанне.

— Ну, для чалавека... З адукацыяй... А калі трэба, то магу назваць і канкрэтна.

— Нічога няма! — прагучаў упэўнены мужчынскі голас. — Нідзе нічога!

Жамчужны глянуў на Еву і прыкрыў другою рукою трубку. Па яе вачах ён заўважыў, што, пэўна, ужо не раз чула дзяўчына такія адказы, што і цяпер яны балюча ўкалолі ёй душу.

— Чаму гэта так? — патрабавальна спытаў Жамчужны, але, мабыць, ужо не так для поспеху справы, як для спакою дзяўчыны.

— Калійшчыкі прыехалі!.. Калійшчыкі! — усё ж такі чулася ў тэлефоннай трубцы. — У каго жонка, у каго сястра, брат, сват... Вось і пазаймалі ўсё...

— Дык што ж вы за аддзел кадраў! Брат, сват!.. Трэба знайсці адно месца! Прыстойнае... Паглядзіце ўсюды!..

— Толькі ў гардэробе! — моцна прагучала ў трубцы, бо Жамчужны на гэты момант не прыкрыў мембрану. — У клубным гардэробе!

Мечыслаў Юльянавіч паклаў трубку і квола апусціў руку на стол.

— Я разумею... — зноў ціха і быццам ураўнаважана загаварыў ён, хоць на вачах было відно, што вельмі перажываў і спачуваў дзяўчыне. — Разумею, як вам неабходна хутчэй уладзіцца, пачаць працаваць... І для нас вы чалавек патрэбны... Але трэба ж вось так здарыцца... І ў бібліятэку вярнуцца цяпер ужо... Сапраўды!.. — Ён падсунуў да сябе настольны каляндар і на заўтрашнім лістку запісаў: «Перагаварыць з Запрагаевым і Шчабетуном. Абавязкова!» І шматкроп’е. Далей: «Ева Дым».

Загарнуў лісток, адсунуў ад сябе каляндар і быццам павесялеў, падбадзёрыўся.

— Я вам абяцаю! — сказаў шчыра і ўпэўнена. — Зраблю ўсё, каб вы мелі зручную для вас работу. І як можна хутчэй! Ну, яшчэ можа дзень ці два прыйдзецца вам пачакаць. Не больш! Папрашу вас: заўтра к канцу дня, а лепш — паслязаўтра, зайдзіце сюды. Калі мяне не будзе, то Мая скажа вам усё — я ёй перадам.

— Дзякую, — сказала Ева і ўстала, каб ісці. — Вельмі ўдзячна, мне аж лягчэй стала.

— І не забывайце свае грамадскія абавязкі, — дадаў Жамчужны. — Бярыцеся за іх! Ваша адсутнасць тут вельмі адчувалася.

У прыёмнай Ева весела падышла да сакратаркі, шапнула ёй, што яшчэ наведаецца, і накіравалася дадому. У гэты дзень яна аж да самага змяркання чытала, каб хоць трохі нагнаць тое, што ўпусціла за доўгія часы блукання па розных прыёмных і кабінетах. Потым пры лямпе падганяла свае хатнія справы: будзе работа, тады не будзе вольнай хвіліны. І цэлы вечар думала пра сваю новую пасаду: якая яна будзе, у якім месцы, што давядзецца рабіць, з кім працаваць?..

А можа ў клубным гардэробе? Ну што ж... Калі Жамчужны адважыцца прапанаваць гэтае месца, то можна будзе пайсці і туды. Прыйдзе ён сам у клуб: калі ласка, ваша паліто! Можа аддасць і не заўважыць каму, у каго ўзяў металічны нумарок? Прыйдзе Запрагаеў — той напэўна не заўважыць. А Генка Шчабятун спыніцца каля перагародкі і нейкі час будзе моўчкі стаяць, здзіўлена паглядаць, нібы на зусім чужую... Потым абурыцца, закрычыць, замахае рукамі!.. І нічога не зробіць.

Такія ўяўленні засмучалі і трохі смяшылі, бо недзе ў глыбіні душы ўсё ж расло перакананне, што гэтага не будзе. Жамчужны не для ветлівасці так шчыра запэўніваў: хто б ні слухаў яго ў гэты час, адчуў бы тую шчырасць, хто б ні глядзеў на яго, пераканаўся б у найлепшых намерах і жаданнях.

Назаўтра ў другой палове дня Ева зайшла ў прыёмную Жамчужнага. Мая ўсміхнулася ёй так узнёсла і бадзёра, што ў дзяўчыны аж душа заспявала. Пасля такой усмешкі можна было чакаць і слоў радасных, вясёлых...

Яны і былі, гэтыя словы, толькі не для Евы. Майка паведаміла, што ў магазін прывезлі нейлонавыя кофтачкі, і адна з іх ужо тут, у яе століку.

— Паглядзі, што за цуд!

Ева з апалым настроем агледзела кофтачку, пахваліла, а потым, нібы між іншым, спытала пра Жамчужнага.

— Быў тут, — абыякава сказала Мая. — Хвіліны дзве як выйшаў.

— Нічога не перадаваў?

— Пра каго?

Ева паказала на сябе.

— Не, нічога.

Назаўтра Ева зноў зайшла ў прыёмную, ужо ў канцы Дня.

— Нічога не перадаваў?

— Не, нічога.

А ў наступныя дні Мая ўжо нічога і не гаварыла, убачыўшы Еву, а толькі сумна пакручвала галавою.

 

 

ХІ

Вікенцій Львовіч Панурын ішоў з Галубоўкі абочынаю дарогі і старанна ўтульваўся ў каўнер паліто. Халодны з вільгаццю вецер дзьмуў яму насустрач, моцна ўпіраўся ў мажную постаць і ледзь не збіваў з ног. Па мокрым асфальце вельмі часта снавалі сюды-туды машыны, з-за іх нельга было і два крокі прайсці шашою, дзе б не слізгаліся так ногі.

У такое надвор’е цяжка было стрымаць зайздрасць да кожнага, хто ехаў у машыне, асабліва ў легкавой. А ў горадзе ўжо многа такіх машын. Акрамя розных службовых, «Масквічы» ёсць у многіх шахцёраў, геолагаў, будаўнікоў. Прыехаў службовы персанал калійнага камбіната, і таксама некаторыя на ўласных машынах.

«Толькі ўрачу тут заўсёды даводзіцца хадзіць пехатою, — з сумам падумаў Вікенцій Львовіч. — І ва ўсякі час сутак, ва ўсякае надвор’е. Колькі ўрачу трэба працаваць, колькі сумяшчэнняў займець, каб здолець купіць хоць якую-небудзь машыну?..»

Непадалёк ад бальніцы яму сустрэўся Высоцкі. У таго гэтак жа быў настаўлены каўнер паліто, але толькі ад спіны, бо вецер дзьмуў яму па дарозе. Яны паздароўкаліся, і Панурын раптам спыніўся, нібы самая патрэбная думка прыйшла яму ў галаву толькі ў гэты момант.

— Вы вельмі заняты? — спытаў у Высоцкага і дружалюбна ўзяў яго за гузік паліто.

— Не, а што? — Леанід Аляксандравіч насцярожыўся.

— Зойдзем на хвіліну да мяне — справа ёсць.

У бальнічным кабінеце яны паздымалі свае мокрыя капелюшы і паліто, паглядзелі адзін на аднаго, нібы ўпершыню знаёміліся, тады Панурын моцна пацёр свае рукі і запрасіў Высоцкага сесці каля белага стала.

— Я надумаўся быў зайсці да Жамчужнага, — грузна ўсеўшыся насупраць, пачаў ён. — Але вось сустрэў вас... Некалі вы прабіралі мяне за слабую прафілактыку і, скажам канкрэтна, за Еву Дым, загадчыцу бібліятэкі. Правільна прабіралі, але не заўсёды галоўная бяда ў нашай медыцынскай прафілактыцы... Не заўсёды!..

— Пра што вы?.. Пра каго?.. — устрывожыўся Леанід Аляксандравіч. — Калі ласка, хутчэй гаварыце!

— А я і гавару пра Еву Дым, загадчыцу бібліятэкі. Вярней — былую загадчыцу. Вы сапраўды нічога не ведаеце?

— Я толькі гэтай ноччу прыехаў!.. Зусім нічога!.. А што, яна вярнулася ўжо?

— Даўно вярнулася... Ды вось ляжыць зноў... Я толькі што ад яе.

— Дзе ляжыць? Дома? — Высоцкі ўстаў.

— Пачакайце трошкі, раскажу па парадку. Ляжыць не таму, што прыехала хворая... Была яна ў норме: я глядзеў, цікавіўся. А злягла адтаго, што вось ужо хутка месяц як без работы. Хадзіла, шукала, прасіла, а потым пайшла ў брыгаду Бранаўца падсобніцай. Дні былі халодныя, мокрыя, вопраткі цёплай не было, а арганізм яшчэ...

— Дык у яе ж пасада!.. — усхвалявана сказаў Высоцкі. — У бібліятэцы.

— Туды пасадзілі ўжо... Мнагадзетную ды перад дэкрэтам.

— Што ж цяпер?.. — разгублена спытаў Леанід Аляксандравіч. — Як вы лічыце?.. Цяжка там у яе? Можа ў бальніцу трэба?

— Не. Пакуль што пачакаем, паглядзім... — не надта ўпэўнена загаварыў Панурын. — Думаецца, што гэта нешта грыпознае, ад прастуды... У яе наогул арганізм, я не сказаў бы...

— Гэта зразумела... — згадзіўся Высоцкі.

У яго памяці прамільгнула біяграфія дзяўчыны, некалі расказаная на Белым балоце, але тут ён нічога не сказаў пра гэта. Падзякаваў урачу і пайшоў.

У Евіну бакоўку ціха зайшла гаспадыня і яшчэ больш ціха сказала:

— Да цябе прыйшлі.

— З бальніцы? — без асаблівага здзіўлення перапытала дзяўчына і крыху нацягнула на сябе коўдру.

— Мабыць, не з бальніцы, — прашаптала гаспадыня і выйшла.

Леанід Аляксандравіч павольна і нячутна крыху адхінуў даматканую посцілку:

— Можна да вас?

Ён спытаў ледзь чутна, але дзяўчына здрыганулася, неяк спалохана павярнула галаву і ўставіла на шырму здзіўленыя вочы. Яна пазнала голас Высоцкага, ды не паверыла сама сабе: ужо колькі разоў чуўся ёй гэты голас за доўгія месяцы лячэння!

— Заходзьце, калі ласка!.. — Ева прыўзнялася на левы локаць, дружалюбна працягнула руку. — Я не заразная, не бойцеся! — І хваравіта, але радасна ўсміхнулася.

— Ну, што вы гаворыце? — з глыбокай шчырасцю папракнуў Леанід Аляксандравіч. — Я ніколі так не думаў і не магу падумаць.

— Я ведаю, — згадзілася Ева. — Гэта я проста так...

Не знайшла што сказаць... Сядайце!.. Вазьміце сюды бліжэй зэдлік! Даўно прыехалі?

— Толькі гэтай ноччу.

— Дзякуй, што зайшлі. Хто вам сказаў, што я вось зноў?.. Бранавец?

— Не. Панурын. Сустрэў яго толькі што.

— Нагаварыў ён, мабыць, вам?

— Якраз — не. Нічога такога... Прастуда. Але трэба ж было так!.. А?.. Падсобніцай у такі час... Ды з вашым здароўем!..

— Значыць, расказаў усё?

— Не ўсё, канечне, але збольшага я ўжо ведаю, што тут натварылася. Вы ў Жамчужнага былі?

Ева сумна кіўнула галавой, памаўчала з хвіліну, а потым, быццам трохі і не да месца, пачала хваліць сваю цяперашнюю работу:

— Шкада, што здароўе гэтакае, а то б назаўсёды асталася ў брыгадзе. Каму яны патрэбны цяпер, такія спецыялісты, як я? Трэба хадзіць, кленчыць, прасіцца на работу! Душу сабе парвеш, пакуль уладкуешся. А дзяўчаты ў брыгадзе працуюць і вучацца завочна. Атрымаюць свае дыпломы — і гарантыя на ўсё жыццё. Яны не будуць ацірацца па ўсякіх прыёмных.

Высоцкі разумеў, што не кожнаму з гэтых слоў Ева верыць сама, але ёй ужо надакучыла вінаваціць толькі тых, хто яе здзівіў і пакрыўдзіў раўнадушшам, а можа і наўмыснай непавагай. І чым скардзіцца на каго за асабістую крыўду, то ці не лепш пашукаць віны ў самой сабе, у сваёй прафесіі?

Наконт адносін да яе сакратара парткома ўжо нямала думалася, гадалася, і цяпер, перад блізкім чалавекам, невядома было, што пра гэта і сказаць. Магчыма, тут непаразуменне якое-небудзь, нечаканы, непрадбачаны выпадак.

— Я сам пагавару з Жамчужным, — сказаў Леанід Аляксандравіч. — Ён мне ўсё апіша.

— Наўрад ці варта ўзнаўляць усё гэта, — выказала сумненне Ева. — Не па душы мне надакучаць людзям. Калі б была я па-сапраўднаму патрэбна, самі знайшлі б.

— Людзям вы патрэбны, — запярэчыў Высоцкі. — Людзям! А Запрагаеў і некаторыя на яго падобныя яшчэ не ўсе людзі. Тут бяздушша і коснасць, самыя агідныя!..

— Можа і так. — Ева нясмела падняла вочы, усміхнулася, нібы саромеючыся сваіх слоў, і ціхім шэптам папрасіла:

— Не будзем больш пра гэта. Скажыце лепш пра сябе. Я так чакала вас!..

— Калі б я ведаў, што вы ўжо дома, — усхвалявана прамовіў Высоцкі, — усё зрабіў бы, каб прыехаць раней, хоць работы, раз’ездаў і спрэчак было вельмі многа: утрасалі дакументацыю абагачальнай фабрыкі.

— Я некалькі разоў падыходзіла да вашай хаты, — прызналася Ева, і раптоўная невясёлая чырвань заліла яе твар. — Мята пад вокнамі... яшчэ зялёная тады была...

— І цяпер зялёная...

Высоцкі ўзяў у свае далоні яе кволую, чамусьці пахаладзелую руку, атуліў яе, нібы ратуючы ад зябкасці, і папрасіў:

— Скажыце мне праўду, Ева. Усю праўду! Як сябе адчуваеце?.. Ніякі доктар часам таго не ведае, што носіць чалавек у сваім нутры, у сваёй душы.

— Хутка папраўлюся! — упэўнена сказала дзяўчына. — Не хвалюйцеся за мяне. Я ні разу не траціла надзеі.

— Мабыць, цяжка было тут пасля вяртання?

— Цяпер усё мінулася, дык здаецца, што і нічога асаблівага. А тады?.. Начамі асабліва мучылася — сон не браў. Нават пагаварыць душа ў душу не было з кім...

Дзяўчына глянула на невялікі зашклёны партрэт над яе ложкам, і Высоцкі таксама стаў глядзець туды. З прыгожых драўляных рамак уважліва і бесперапынна нібыта сачыла за ім маладая мілавідная жанчына, трошкі падобная на Еву.

— Мабыць, сястра ваша? — спытаў Леанід Аляксандравіч.

— Не, гэта мама.

Высоцкі ўважлівей паглядзеў на партрэт і адчуў няёмкасць адтаго, што задаў такое недарэчнае пытанне, быццам не мог ведаць, што ў Евы няма сястры.

— Мама і цяпер памагае мне, — задумліва сказала дзяўчына. — Як ні дзіўна, а так. Кожны раз, калі мне становіцца вельмі цяжка, я думаю пра яе, бачу нават у сне. Ці такія беды яна перажывала?!! І ўсё моўчкі, без суму і жальбы, і ніколі нікому не скардзілася. А я вось скарджуся вам... — Ева на нейкі вельмі непрыкметны момант прытулілася да яго рукі, а потым вызваліла сваю. — Больш не буду скардзіцца.

— Якія ж гэта скаргі? — заўважыў Высоцкі. — Тут крычаць трэба, пратэставаць, можа нават напісаць у газету. З вамі так абышліся, што калі б не факты, то не паверыў бы ніхто.

— Я і напісала б, — ціха сказала дзяўчына.— Ужо нават пачала пісьмо ў «Правду». Але мне вельмі не хацелася, каб усе ведалі пра маю былую хваробу. І так у мяне столькі перажыванняў з-за гэтага.

— А што?.. — шапнуў Леанід Аляксандравіч і падазрона глянуў на шырмачку. — Можа і тут?..

— Не, тут нічога...

Ева ўспомніла пра сустрэчу з Віленам і чамусьці змоўкла. Сказаць, як тады было, не адважвалася, а звальваць самае балючае на каго іншага і зусім не магла.

Маўчанне было чароўнае, зусім не надакучлівае, яно магло цягнуцца нават доўга і не выклікаць крыўды ці няёмкасці. Леанід нахіліўся бліжэй да яе твару і сустрэў вочы, ласкавыя і бязмежна шчырыя.

— Я рада, што вы прыйшлі, — прашаптала дзяўчына і лёгенька дакранулася да яго рукава. — Цяпер не буду адчуваць сябе адзінокай.

— Пакуль вы маўчалі, я ўсё думаў, думаў, — гэтак жа, ледзь не шэптам, загаварыў Высоцкі. — Хачу сказаць такое, што можа вас і здзівіць, але яно ў мяне ад душы, ад сэрца... Пераязджайце да мяне... Ну... калі не да мяне, то да нас, да маёй матулі, якая заменіць вам родную маці. Яна ў мяне харошая, ласкавая... Дагледзіць вас, будзеце адчуваць сябе як у сваёй сям’і.

Гаворачы пра гэта, Леанід, вядома, чакаў здзіўлення, аднак на такое ўражанне, якое хутка ўбачыў, не спадзяваўся. Твар у Евы збялеў, павекі задрыжалі, моцна сплюшчыліся, а потым праз іх пасачыліся светлыя і блішчастыя, як маленькія крышталікі, слёзы. Дзяўчына закрылася рукамі і павярнула галаву да сцяны. Доўга маўчала, нібы не знаходзячы ні слоў, ні думак, каб што-небудзь сказаць.

Леанід таксама разгубіўся і не ведаў, як працягваць такую гаворку далей. Мільганула і моцна закалола сэрца меркаванне, што нясвоечасова, залішне рана сказаў аб тым, што насіў у думках ужо даўно. Мабыць, не супалі гэтыя думкі з яе думкамі і спадзяваннямі, засталі дзяўчыну знянацку.

— Нашто я вам, хворая? — нарэшце спытала Ева.

І ўсё яшчэ хавала вочы, не магла ўзяць пэўнага і роўнага голасу.

— Вы мне патрэбны ўсякая, — ледзь чутна, але ўпэўнена і шчыра прамовіў Леанід. — Мы людзі дарослыя і можам гаварыць прама... Але калі вам...

— Я ніколі не думала пра гэта, — раптам амаль перабіла Ева. — Ніколі!

— Дык я кажу... — стаў гаварыць Высоцкі далей. — Калі вам цяжка пра гэта падумаць, то будзьце ў нас проста кватаранткай. Вам трэба спакой і сямейная ўтульнасць. Усё гэта ў нас будзе. Можна жыць у братавай хаце — там месца ёсць, можна і ў бацькавай, дзе пакуль што жыву я. Тады я маму зусім забяру да сябе. Цяпер яна больш у брата. Я ўпэўнены, што ўсе нашы прымуць вас як сваю. Асабліва мама.

Ева прыняла рукі з вачэй, паглядзела на Высоцкага, трошкі павярнуўшы галаву, і зусім асталела і цвёрда, нібы ўжо раней гэта перадумала, сказала:

— Я не змагу быць у вас кватаранткай. Не, не змагу!

— А сваячкай?

— І сваячкай не змагу. Вы разумееце?.. Ды гаспадыню крыўдзіць шкада, яна харошая і вельмі добрая да мяне.

Вочы ў дзяўчыны былі яшчэ вільготныя, але так шчодра і шчыра іскрыліся, што здавалася, аж рассыпалі ўдзячнасць сэрца і душы.

 

Убачыўшы Высоцкага ля парога свайго кабінета, Жамчужны шырока ўзмахнуў рукамі і выйшаў з-за стала насустрач.

— Чаму так затрымаўся? Мы ўжо непакоіцца пачалі.

— Добра, што хоць помнілі, — пажартаваў Высоцкі.

— А як жа іначай? Учора Крывашып заходзіў, таксама ўспамінаў.

Не чакаючы стандартнага запрашэння, Высоцкі сеў ля пісьмовага стала і не надта прыязна паглядзеў на Жамчужнага, а потым перавёў нецярплівыя вочы на дзверы.

— Ты можаш удзяліць мне некалькі хвілін?

— Хоць гадзіну, хоць дзве, — з таварыскай гатоўнасцю адказаў Жамчужны. — Хочаш астацца ўдвух? Зараз я скажу.

Ён папрасіў сакратарку нікога пакуль што но пускаць, а сам падышоў да стала і сеў насупраць Высоцкага ў такое ж бакавое крэсла.

— Слухаю цябе, — вымавіў Жамчужны даволі насцярожана і, мабыць, з інтуітыўным адчуваннем сваёй віны.

— У цябе была загадчыца бібліятэкі?

— Была. А што? — Твар Жамчужнага ўвачавідкі змяніўся, каля вачэй выступіла чырвань.

— Я табе некалі гаварыў, — пачаў Высоцкі, не хаваючы крыўды і абурэння, — што гэта чалавек вельмі складанага і цяжкага лёсу, што і цяпер, вось ужо ў нас, з ёй абыходзіліся так, што на доўгі час яна выбыла са строю... І гэта пры яе энергічнасці і вытрымцы. Нядаўна вярнулася з лячэння, і тут зноў натварылі такога, што аж цяжка паверыць.

— Дык ёй жа... Дык я ж... Хіба?.. — Жамчужны апусціў на калені рукі і змоўк. Цяжкая, пакутлівая здагадка нібы апаліла ўсё нутро, і ён ужо бадай з поўнай дакладнасцю ўяўляў, што здарылася пасля таго, як дзяўчына пабывала ў яго на прыёме. Назаўтра ён вельмі мала быў у сваім кабінеце. Паслязаўтра перагарнуў на календары адразу два лісткі. Мільгнуў у вачах запіс пра загадчыцу бібліятэкі, але ў гэты ж час узнікла неабходнасць зрабіць адразу некалькі запісаў на наступным лістку. Справы наплывалі адна на адну. Неяк пры сустрэчы ён даручыў Запрагаеву ўладкаваць Еву Дым. Сказаў аб гэтым жа і Шчабетуну. Сказаў, ды не праверыў ні аднаго, ні другога.

І вось здагадка: ні першы, ні другі нічога не зрабілі, пэўна, да гэтага часу дзяўчына пакутуе без работы.

— Што з ёй? — прыглушана спытаў Жамчужны і, узняўшы галаву, з болем паглядзеў сябру ў вочы. — Гавары прама!

— Яна зноў захварэла, — сумна паведаміў Леанід Аляксандравіч.

— Так!.. — Жамчужны ўстаў і неспакойна захадзіў па пакоі. — Я з першага твайго слова адчуў, што здарылася нешта цяжкае. Дзе яна? У бальніцы?

— Не, дома. Я толькі што быў там.

— Як сябе адчувае?

— Ляжыць... А скардзіцца яна не будзе — не такі чалавек.

Мечыслаў Юльянавіч з размаху сеў зноў у крэсла, нервова прыгладзіў крыху зблытаныя валасы.

— Ты ведаеш, што я тут глыбока адчуваю сваю віну, — з таварыскай шчырасцю загаварыў ён, — што па-сапраўднаму перажываю, таму аб гэтым цяпер лепш памаўчаць. Скажы адразу, што мы можам зрабіць, як памагчы дзяўчыне?

— Перш за ўсё — даць работу,— упэўнена прапапаваў Высоцкі.— Па душы і здольнасцях. А то яна пайшла ў будаўнічую брыгаду падсобніцай... Халады якраз, а без адзежы...

— Ну што тут прыдумаць?.. — Жамчужны пакутліва зморшчыўся і падсунуў да сябе свой настольны каляндар. Пагартаў яго, прачытаў некалькі апошніх запісаў, і раптам твар яго пачаў весялець. — А знаеш што? — запытаў ужо больш вясёлым голасам. — Яна ж у нас, так сказаць, пісьменніца: вершы піша, фельетоны... Давай хоць часова пакінем яе пры газеце. Га? Неяк рэдактар скардзіўся, што яму цяжка з адным літсупрацоўнікам выпускаць газету. Вось толькі каб стаўку дзе знайсці.

— Знойдзем, — коратка запэўніў Высоцкі. — А работа якраз па ёй.

Жамчужны ўзяў са стала аловак, каб неадкладна зрабіць чарговы запіс у календары, і рантам схамянуўся, устаў.

— Знайдзіце Пласковіча! — дзелавіта сказаў сакратарцы, адчыніўшы дзверы кабінета.

— Дык я спадзяюся, — не зусім даверліва прамовіў Высоцкі. — Ты мне пазвоніш?

— А як жа. Адразу пазваню.

— Чакаю.

Жамчужны без асаблівых турбот у тую ж гадзіну дамовіўся з рэдактарам шматтыражкі, пазваніў аб гэтым Высоцкаму і астаўся ў кабінеце адзін. Рабочы дзень падыходзіў к канцу, ніякія неадкладныя справы не наплывалі, таму Мечыслаў Юльянавіч рашыў выключыцца з дзелавой сферы. Дазволіўшы сакратарцы ісці дадому, ён націснуў кнопку французскага замка ў дзвярах і пачуў сухі металічны шчаўчок, нібы асечку пісталета. У пакоі адразу стала ціха, быццам знікла ўсё жывое не толькі тут, а і ў наваколлі. Да заходу сонца было яшчэ подалека, аднак здавалася, што і пацямнела тут ужо і ўсе службовыя рэчы анямелі ў чаканні начнога адпачынку.

Жамчужны сеў на нізкую канапу ля сцяны і адчуў нязвычны цяжар ва ўсім целе, хоць, здавалася, нічога такога і не рабіў на працягу ўсяго дня, нікуды не хадзіў, не ездзіў. У першы момант быццам бы хіліла на сон, нават павекі пачыналі зліпацца, але адразу ж свідранулі мазгі тыя думкі, што прымусілі тут астацца, і дрымота, нібы цень у раптоўным святле, знікла. Як уладзіцца з гэтымі думкамі, як ужыцца?..

Ужо колькі разоў Мечыслаў Юльянавіч лавіў сябе на тым, што найбольш яго адольваюць думкі і развагі пасля якой-небудзь сустрэчы ці размовы з Высоцкім. Часам вельмі складаныя і супярэчлівыя.

Некалі вясною ён ледзь не ўсю ноч прахадзіў па ўтульнай сцежцы паміж горадам і Арабінкай. Потым здарылася нешта падобнае і яшчэ разоў колькі. Пазней Высоцкі часта бываў у раз’ездах, таму бачыліся рэдка. Пад восень і надоўга выехаў. І вось да сённяшняга дня не было блізкай сустрэчы і размовы сам-насам.

...У якім настроі ён зайшоў!.. Як гаварыў змрочна, насцярожана!.. Каб не зайшоў, не сказаў, мабыць, і асталася б забытай такая справа, якую ніяк нельга было забываць.

...У якім настроі ён пайшоў? Ці паверыў душою, што той чалавек, які можа забывацца пра лёс людзей, здольны зрабіць хоць што-небудзь карыснае? Наўрад ці паверыў, бо такія правалы ў памяці і душы зусім не ўласцівы ні былому партызану, ні цяперашняму інжынеру Высоцкаму...

Сапраўды, як гэта здарылася, як можна было забыць пра свае ўласныя абяцанні, ды такія цвёрдыя, упэўненыя?.. Нанесена душэўная траўма харошаму чалавеку. Гэты чалавек, напэўна, верыў яму, сакратару парткома, спадзяваўся на яго дабрату, справядлівасць, прынцыповасць. А там вельмі патрэбна была прынцыповасць... Дапушчана тое, што ўжо цяжка паправіць. Абыякавасць да аднаго чалавека балюча закранула і другога, ды не каго-небудзь, а блізкага сябра, саратніка па партызанскай барацьбе.

...Нямала перажыў гэты чалавек і зазнаў незаслужаных пакут. Напэўна, не было б гэтай несправядлівасці, каб у свой час падаў свой голас Мечыслаў Жамчужны.

...Ці наўмысля праявілася цяпер абыякавасць да Евы? Безумоўна, не. Калі яна была ў кабінеце і расказвала ўсю сваю апошнюю гісторыю, то абурэнне агнём апальвала душу, хацелася загрудкі схапіцца з тымі чэрствымі людзьмі, якія дапусцілі да гэтага, пайсці на якія хочаш ахвяры, каб памагчы дзяўчыне. А потым яна пайшла з кабінета... Другі, трэці, чацвёрты раз не заходзіла... З’явіліся іншыя справы, таксама важныя, таксама неадкладныя і вострыя. Размова з Евай спачатку крыху прыглушылася, а потым і зусім адплыла, выйшла з памяці. І вось — вынік... Дзяўчына зноў захварэла, злягла... Ці здолее ачуняць, вярнуцца да актыўнай дзейнасці? Працэс сур’ёзны, можа абвастрыцца... Нікому нічога не скажаш, нікога не папракнеш, бо ніхто, як быццам, і не вінаваты, а чалавека можа і не быць. Магчыма, што і не патрэбны ўжо цяперашнія старанні і клопаты...

Такі паварот падзей ніколі не забудзецца, ён будзе жыць у памяці да апошняй тваёй гадзіны, заўсёды стаяць перад вачыма, як тая даўняя гісторыя з Высоцкім...

Пра ўсё гэта цяпер ніхто нічога не ведае, ніхто не спытаў і не спытае. Па такіх «клопатах» можна было б жыць спакойна. Некаторыя ў такіх умовах і жывуць спакойна, ды не ім трэба зайздросціць, не іх прыклад браць у душу.

...Некалі Дзяржынскаму таксама ніхто не гаварыў, што быццам бы ён вінаваты ў эсэраўскім мяцяжы васемнаццатага года. Ніхто не папракаў, а ён сам прыйшоў у Крэмль да Леніна, каб падаць заяву аб вызваленні яго ад абавязкаў старшыні ВЧК. Уладзіміра Ільіча не было ў гэты час у Саўнаркоме, і Дзяржынскага сустрэў Свярдлоў. Як пакутаваў Фелікс Эдмундавіч, як перажываў з-за таго, што левым эсэрам удалося арганізаваць мяцеж і нават захапіць яго самога! «Чаму яны мяне не расстралялі? — з абурэннем гаварыў ён Свярдлову. — Шкада, што не расстралялі, гэта было б карысна для рэвалюцыі!»

Якаў Міхайлавіч доўга суцяшаў свайго лепшага сябра, прасіў не мучыцца гэтак душой: «Не, дарагі Фелікс, добра, вельмі добра, што яны цябе не расстралялі. Ты яшчэ нямала папрацуеш на карысць рэвалюцыі».

Аднак Дзяржынскі лічыў сябе маральна вінаватым перад партыяй і ўсё ж такі падаў сваю заяву. Савет Народных Камісараў у той жа дзень задаволіў просьбу, а праз некалькі тыдняў зноў прызначыў яго старшынёй ВЧК.

Чыталася пра гэта даўнавата... Цяпер і не згадаеш, дзе чыталася, а ў часы роздумаў заўсёды ўзбрывае на памяць...

 

 

ХІІ

У будынку трэста не знайшлося кутка для рэдакцыі шматтыражкі, таму яе размясцілі ў двух невялічкіх пакоях другога ўпраўлення. У першым пакоі стаяла вялікая шафа з падшыўкамі і рознымі матэрыяламі, насупраць яе туліўся столік сакратара-машыністкі, а ў другім быў адзін нават пісьмовы стол — гэта рэдактараў і два проста кухонныя. Калі іх засцілалі старымі газетамі, дык яны адразу пачыналі нагадваць пісьмовыя.

За адным такім столікам вось ужо трэці дзень сядзела новая супрацоўніца Ева Дым. Прыходзіла яна раней за ўсіх і пакідала рэдакцыю апошняй, аднак усё роўна ёй здавалася, што робіць вельмі мала, бо ў параўнанні з масавай бібліятэкай тут была не работа, а проста адпачынак.

На вялікую ды цяжэйшую работу ў дзяўчыны можа яшчэ і сілы не хапіла б: усяго толькі з тыдзень назад яна ўстала, праляжаўшы больш за месяц. У той дзень, як амаль і ў кожны, быў у яе Высоцкі. Зайшоў якраз і Панурын. Абодва не раілі дзяўчыне спяшацца выходзіць на работу, але япа іх не паслухала: праз некалькі дзён Леанід Аляксандравіч выехаў у далёкія ўпраўленні, а яна, хаваючыся ад гаспадыні, паціху сабралася і пайшла на аўтобусны прыпынак.

На дварэ ўжо быў невялікі марозік, трава на поплаве зжаўцела, а на мосціку бялеў і ў асобных мясцінах пабліскваў ад ранняга, але нізкага сонца іней. Калі яна ўвайшла ў аўтобус і той з моцным гулам рушыў з месца, у галаве пагрозліва закружылася, але, як на шчасце, паблізу аказалася вольнае месца, і дзяўчына села. Спачатку ўсё здавалася незнаёмым у акне, а потым паступова пачалі выплываць будынкі і прамысловыя аб’екты камбіната. Некаторыя з іх сапраўды можна было б і не пазнаць — яны выраслі нядаўна, за гэты час, пакуль Ева ляжала. Прамільгнулі ў акне і тыя бярозкі, на якія ўпершыню Ева глядзела ранняй вясною, хаваючыся ад дажджу ў машыне незнаёмага тады чалавека. Цяпер толькі заўважылася, што яны бязлістыя і нібыта меншыя, як былі.

На рабоце так усё падыходзіла да душы, што першыя гадзіны Ева нават і не ўспомніла, што яна нядаўна з пасцелі. Што ні даручаў ёй рэдактар, яна рабіла не то што ахвотна, а з вясёлым стараннем, з радасцю. Неўзабаве вызначыўся пэўны круг яе абавязкаў, і можна было адчуваць сябе у асноўным самастойнай і даваць ход нейкай ініцыятыве.

Сёння дзяўчына асталася пасля ўсіх, каб прагледзець свежую пошту, прынесеную амаль што ў самым канцы дня. Акуратна, нажнічкамі разрэзвала канверты, не спяшаючыся чытала пісьмы, скаргі, адказы на красворды. Калі што было цікавае, то ўчытвалася, забывала на ўсё, а ў прамежках давала волю сваім асабістым думкам і прыемным спадзяванням.

...«Сёння абяцаў прыехаць з камандзіроўкі Леанід», — так іншы раз яна звала яго ў сваіх думках. Часам звярталася і на «ты», хоць таксама яшчэ толькі ў думках. І ўжо не адчувала ад гэтага такой няёмкасці, якая часта мучыла раней.

...«Калі прыедзе, то напэўна зойдзе ўвечары, будзе сядзець у бакоўцы пры свечцы: яшчэ ж і цяпер у Галубоўцы няма электраправодкі. Напэўна спытае пра новую работу і ўцешыцца, калі скажу, што вельмі давольна і адчуваю сваю папраўку на гэтай рабоце. Будзе зноў прасіць пераехаць... Ды дзе там пераехаць!.. Проста ўзяць ды перайсці да яго... «Там светла... Там цёпла... Там маці будзе даглядаць...» — яго добрыя словы. Ды хіба ў гэтым справа? Ён жа ведае, што не ў гэтым, ды не асмельваецца сказаць... Сама яму сёння, мабыць, скажу, што не тое арабінкаўскае святло ды цяпло мне патрэбна, а ён сам... Да яго імкнуся сэрцам, а з ім будзе мне і светла, і цёпла. Таму не кватаранткай пайду туды. Не...»

...Узяла наступны канверцік, невялічкі, сіні. Разрэзала і выняла невялічкае, але складзенае ў чатыры столкі пісьмо. Пачала ўглядацца ў тэкст, потым уважліва чытаць, разбіраць кожнае слова. Так яна чытала пакуль што кожнае пісьмо — дай божа, каб такая манера асталася на ўвесь час!

«Тое, што ў нас тут нямала былых паліцаяў, — пісалася дробным уборыстым почыркам, — мяне не здзіўляе. Некаторыя з іх працуюць на будоўлі, некаторыя ў шахтах. Некаторыя ездзяць на ўласных машынах, некаторыя ходзяць пехатою. Ведаю, што не кожны з іх быў вінаваты. А хто быў, той адсядзеў. Аднак калі сустракаеш чалавека, якога сама бачыла ў паліцэйскай форме, і калі гэты чалавек на вялікай кіруючай пасадзе...»

Зірнуўшы трошкі ніжэй, Ева ўбачыла прозвішча Леаніда Аляксандравіча і трывожна здрыганулася. Нельга сказаць, каб гэтае паведамленне было зусім нечаканае: Высоцкі гаварыў ёй аб усім, і наўрад ці ёсць у яго нават самы маленькі штрышок у біяграфіі, пра які б яна не ведала. Але кальнула ў сэрца ўяўленне, што зноў пачнуцца ў яго непрыемнасці і пакуты. Многія тут яго не ведаюць, знойдуцца такія, што і недалюбліваюць або зайздросцяць. Пойдзе гэтае пісьмо па руках, па пасяджэннях, паплывуць чуткі і плёткі, і невінаваты чалавек можа ў лепшым выпадку патраціць нямала нерваў і здароўя.

Лісток трымцеў у руках, пакуль што яшчэ толькі ў яе, а ўяўлялася, што яго ўжо «вывучае» Запрагаеў. Што робіцца на яго твары? Як блішчаць і ў кожную хвіліну мяняюцца яго вочы?..

...Заўтра зранку пісьмо будзе чытаць Пласковіч, рэдактар гэтай шматтыражкі. Калі б не пайшоў раней дадому, то прачытаў бы сёння. Някепскі чалавек гэты Пласковіч, памяркоўны, але ж хто яго ведае, як аднясецца да такога пісьма. Можа дасць распараджэнне падрыхтаваць да друку?..

Дзяўчына перавярнула лісток, глянула ў канец тэксту: подпісу не было. Трошкі лягчэй стала на душы: ананімак рэдактар не паважае, бо ёсць указанне, што іх нельга друкаваць.

«А што, калі не паказаць гэтае пісьмо рэдактару?.. І нікому не паказваць. Безымяннае яно і не зусім лагічнае... Якая карысць з таго, што яно пойдзе па руках?..»

Гэтая думка і прыцягвала і палохала. Прыхаваеш пісьмо — сумленне замучыць; дасі яму ход — трывога за Леаніда свет закрые, і работа ў рэдакцыі ператворыцца ў пакуты.

Ледзь не да змяркання Ева аставалася ў рэдакцыі. Разабрала і перачытала ўсе пісьмы, склала іх хораша адно на адно і замкнула пакуль што ў сваёй шуфлядцы. А нечаканую ананімку ўсё трымала перад вачыма. Рукі не падымаліся пакласці яе таксама ў шуфлядку...

...На самым краі стала — яе маленькая сумачка, нібы кашалёк. Яна такая ж сіняя, як і канверт, і па велічыні быццам толькі для гэтага канверта. Вочы ўжо каторы раз спыняліся на ёй. Трывожна, насцярожана...

Нарэшце прыйшло канчатковае рашэнне: параіцца з Леанідам, выслухаць яго парады і меркаванні. Калі не прыйдзе ён сёння ўвечары, то пайсці самой у Арабінку... Не будзе там, — шукаць, шукаць усюды!.. Калі яшчэ не прыехаў, то можа нават паслаць тэлеграму, каб вяртаўся хутчэй, як мага хутчэй...

Яна адчула, што бадай яшчэ ніколі так не імкнулася да яго, яшчэ ніколі не ўяўляла яго такім блізкім, сваім, патрэбным і жаданым.

Зусім выпадкова яны сустрэліся каля галубоўскага мосціка. Высоцкі пабываў ужо ў Евы на кватэры і, даведаўшыся, што дзяўчына яшчэ на рабоце, накіраваўся на аўтобусны прыпынак, каб ехаць у рэдакцыю.

Ева пазнала яго здалёк, хоць ужо было і цемнавата, імкліва падбегла, абхапіла за шыю:

— Ой, божа!.. Як я рада!..

Яна доўга трымала яго ў абдымках і часта, узбуджана дыхала на вуха, на адрослыя на патыліцы валасы. Яго капялюш упаў на траву, і ніхто з іх нават не адчуваў гэтага, не заўважыў.

«Няўжо гэта шчасце? — у радасці і асалодзе думаў Высоцкі і маўчаў. — Тое сапраўднае шчасце, якое часам толькі снілася, але яшчэ ніводнага разу не прыходзіла?»

— Я засумавала па-а... — Ева перадыхнула, нібы збаялася слова, — па табе, — прашаптала нарэшце. — Мой мілы, харошы...

Леанід трошкі нахіліўся да яе, упершыню абняў моцна і смела і, мабыць упершыню, адчуў такую блізасць, якая не можа зраўняцца ні з чым, перад якой адступаюць усе чалавечыя пачуцці, нават радство, бацькоўства. Здавалася, што ў яе ўжо не было нічога, што належала толькі ёй адной, не аставалася рыскі характару, звычкі, якія былі б яму не па душы і сэрцы.

...У руках нават праз паліто адчуліся дзявочыя лапаткі, вастраватыя пасля зацяжной хваробы, але пяшчотныя і далікатныя. Потым ён крыху развёў рукі і ўзяў яе пад пахі, лёгка, нібы сам гэтага не заўважаючы, падняў.

— Куды цябе занесці, шчасце маё?

— Сама пайду.

Не згаворваючыся, яны рушылі паціху ў бок Арабінкі. Сцяжынка цераз застылае зябліва была вузкая, як толькі аднаму прайсці, але яны ўмяшчаліся ўдваіх. Ева трымалася за локаць яго рукі і ступала лёгка, нячутна, быццам плыла побач з ім. Сустракаліся людзі, знаёмыя і незнаёмыя, хто з іх вітаўся, хто не вітаўся, а дзяўчына не мяняла свайго поступу, не адводзіла пляча. Абедзвюм рукам было цёпла ад дужага мужчынскага локця, і яна не кратала сваіх рук, туліла яго локаць да сябе.

А Высоцкаму ўяўлялася, што ўжо даўно ідуць яны вось так поруч, што іначай і нельга ім хадзіць. І калі б яна раптам адхілілася, прыняла свае ласкавыя, але ўчэпістыя рукі, ён напэўна пахіснуўся б і ўпаў на той бок, з якога не было такой жаданай і трывалай апоры. Ісці б так усю сваю самую доўгую дарогу, ісці ўсё жыццё...

— Ну, як табе працавалася, рэдактар? — трошкі з жартам, але і са шчырым гонарам спытаў Леанід.

— Ужо трэці дзень рэдагую, — мякка засмяялася Ева. — Пісьмы чытаю, гартаю падшыўкі. Адстала за лета, хачу многа чаго перачытаць.

— Гэта трэба, — падтрымаў Высоцкі. — Асабліва газетнаму работніку. Паступова ўвойдзеш у курс.

— Пакрысе асвойваюся, — згадзілася Ева. — Сёння зранку падрыхтавала адзін матэрыял, то не ведаю, як Пласковіч...

— Ён чалавек памяркоўны, — заўважыў Леанід, — і не прафан у гэтай справе. Паможа. Шкада, што я тут амаль нічога не разумею, а то наняўся б табе ў памочнікі.

— Вы будзеце памагаць, — упэўнена сказала Ева. — Я не абыдуся без вашай дапамогі.

— Чаму «вы», «вашай»?

Ева сумелася, мацней прыціснула да сябе яго локаць:

— Не магу ў звычайнай размове, — прызналася шчыра і даверліва. — Здаецца, што не будзе той натуральнасці і сур’ёзу.

Потым яна змоўкла і стала часцей і трывожней дыхаць, быццам кожны момант збіралася нешта сказаць, ды не знаходзіла ў сабе сілы. Высоцкі адчуў, што рукі яе разоў некалькі затрымцелі.

— Табе холадна? — спагадліва запытаўся ён.

— Ды не, гэта так, — намагаючыся быць спакойнай, сказала Ева. — Гэта так... Проста не магу, як успомню... Вось бачыце, вы і сёння павінны мне памагчы.

— Чым толькі змагу.

— Вы зможаце.

— Скажы іначай, тады змагу.

— Ну добра: ты паможаш.

Высоцкі павярнуўся тварам да яе і стаў чакаць просьбы ці патрабавання, а яна зноў нібы не адважвалася ці не знаходзіла таго слова, з якога трэба было пачаць.

— Гавары смялей! — падахвоціў ён. — Я слухаю.

— Пісьмо адно... — нарэшце быццам і без асаблівай увагі да гэтага прамовіла Ева. — Пошту сёння разбірала, давялося прачытаць... Глупства ўсё, ананім... Можна было проста і ў архіў пакласці...

— Пра што пісьмо? — ужо крыху адчуваючы, што яго гэта не абміне, спытаў Высоцкі.— Мне можна ведаць?

— Хацелася, каб ведалі... А цяпер сумненне забірае: можа дарэмна трывожуся і вас трывожу...

— Значыць, пра мяне?

Ева сумна кіўнула галавой.

«Людміла, — у першы момант надумалася Высоцкаму. — Мабыць, яна нешта напісала. Няўжо дайшла да такой пакасці?..»

— Пра што там, не можаш сказаць?

— У мяне яно з сабою, — відаць, адчуваючы няёмкасць і сваю віну, сказала Ева. — Баялася я, што потым вас маглі б яшчэ горш растрывожыць нечаканасцю...

— А я не трывожуся, — запэўніў Высоцкі. — Пакажы!

Ева адкрыла сумачку, што вісела ў яе на руцэ, дастала сіні канверцік. Яшчэ ў паўзмроку Леанід заўважыў, што почырк не Людмілін, і адчуў нейкае задавальненне: цяжка было б уяўляць былую сваю жонку ў такой пачварнай ролі. Паспрабаваў чытаць, але напісана было так дробна і неразборліва, што пры такім святле літары зліваліся.

— Патрымай трошкі, — звярнуўся ён да Евы. — Здаецца, у мяне былі недзе запалкі — замест капейкі ў магазіне далі.

Разгорнуты лісток так і аставаўся потым у Евіных руках — яна трымала яго перад вачыма Высоцкага, а той падсвечваў запалкамі і ўголас чытаў. Словы і сказы разбіраліся без запінак, голас гучаў роўна і спакойна. Гэта радавала Еву, і ўсё ж у асобныя моманты прарывалася думка падставіць гэтае тварэнне ражком да запалкі, і няхай яно зоймецца полымем ды вылеціць з рук шэрым попелам.

— Аддай яго рэдактару! — сказаў Высоцкі, як толькі дачытаў да апошняга радка.

— Ото я і хацела параіцца... — нерашуча і нібы разгублена прамовіла Ева. — Мне цяжка было вырашыць самой... І за вас трывога, і...

— Ніякай трывогі! — паўтарыў Высоцкі. — Аддай! Я ішоў сюды на работу, то ведаў, што такія рэчы могуць здарацца. Твая цётка таксама паглядвала на мяне скоса... Помніш, аднаго разу ў тваёй бакоўцы? Нічога не гаварыла табе?

— Сказала, што, мабыць, абазналася.

— А ты што?

— А я сказала, як было.

— І ты думаеш, што яна паверыла? Магла і не паверыць, вось як і гэтая, што піша, — почырк там жаночы... Многім цяжка цяпер уявіць, як гэта ўсё было ў мінулую вайну. Некаторыя з маладых не вераць нават відочнаму гераізму. У гэтым пэўная складанасць нашага часу і пэўныя недахопы выхавання.

Ева паклала пісьмо зноў у сумку, зноў шчыра і ласкава ўзяла Леаніда пад руку, і яны пайшлі далей.

— А ты верыш мне? — раптам спытаў Высоцкі. — Цвёрда, непахісна... Верыш?

— Больш як самой сабе, — неяк вельмі проста і таму зусім пераканаўча адказала Ева. — Няўжо вы сумняваліся?

— Не. Я так і думаў. Душа мая чыстая, таму ўсё астатняе мала хвалюе. Няхай Пласковіч хоць нават і надрукуе гэтае пісьмо. Мне выпала такая пасляваенная доля, і я з ёй саўладаю!

— Я вельмі буду перажываць, калі што-небудзь здарыцца з-за такога ананіма, — трывожным шэптам паскардзілася Ева. — Кожны дзень цяпер буду неспакойная.

— Не думай нічога кепскага, — з цёплай ласкай заспакойваў яе Высоцкі. — Што можа цяпер здарыцца? Не тыя часы. А на паклёпы мы заўсёды здолеем адказаць.

...Непадалёк ад бацькоўскай хаты абое спыніліся. Абое нейкую хвіліну маўчалі, стоячы адно перад адным. Потым Леанід быццам бы павярнуўся да горада і паглядзеў на пройдзеную сцежку... А можа Еве толькі здалося, што ён павярнуўся... І ўявілася, што вось пойдуць хутка назад, у Галубоўцы яна астанецца, а ён пакрочыць дадому адзін. Усю дарогу будзе думаць аб нечаканым ананіме... Усю дарогу будзе змагацца з прадчуваннем нечага нядобрага, злога. Не прывыкаць яму да розных паваротак лёсу, і хопіць сілы, каб выстаяць, але кожпаму бывае цяжка ісці супроць ветру-віскутню, ды яшчэ калі дарога доўгая, зусім не гладкая... Каму ён раскажа аб тым, пра што сёння чытаў, падсвечваючы сабе запалкаю, з кім падзеліцца сваімі думкамі, перажываннямі, а можа нават і пакутамі?..

Магчыма, што з таго часу, як вярнуў сабе законныя правы, упершыню так востра адчуў у сэрцы застарэлы боль... Упершыню крануў нехта зарубцаваную рану.

...Ева спачатку нясмела ўзяла яго пад локаць, нібы жадаючы павярнуць тварам да Арабінкі, потым прытулілася падбародкам к плячу і ціха сказала:

— Я астануся сёння з табою... Добра?

 

XIII

Зашклёная шыльда гарадскога кінатэатра была ўжо зацярушана па краях снегам. Скрозь бялелі галоўная вуліца і ўся плошча каля тэатра. На плошчы было многа мужчынскіх і жаночых слядоў — людзі збіраліся на трэстаўскую партыйную канферэнцыю.

Жамчужны, як былы работнік раённага маштаба, пастараўся арганізаваць тут усё так, каб выглядала салідна і па-дзелавому ўрачыста. У фае радком, з пэўнымі прамежкамі адзін ад аднаго, былі размешчаны столікі, накрытыя чырвоным. За гэтымі столікамі сядзелі сакратары, пераважна модныя дзяўчаты, «мабілізаваныя» з розных прыёмных. Яны рэгістравалі кожнага дэлегата. У зале таксама ўсё было падрыхтавана і прыстасавана да знамянальнага дня: на сценах віселі свежыя дыяграмы і заклікі, ад іх яшчэ пахла фарбай. Над сцэнай таксама чырванела шырокае палотнішча з залатымі па колеру, але даволі традыцыйнымі словамі. Ля сцэны туліліся два сталы для стэнаграфістак, ды паколькі іх тут не было, то месцы займалі пратакалісты з навостранымі алоўкамі і стопкамі паперы.

Пакуль ішоў даклад, яны крыху сумавалі. Калі ж пачаліся спрэчкі, сакратарам ужо было што рабіць, асабліва ў часе выступленняў прамоўцаў без гатовых тэкстаў.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што даклад Жамчужнага слухаўся лёгка і прыемна. Нішто нідзе не вытыркала, як серада з-пад пятніцы, і не рэзала вуха непісьменнасцю. Прыклады, як станоўчыя, так і адмоўныя, былі падабраны найбольш жывыя, разлічаныя на пэўныя эмоцыі і правільнае ўспрыманне. Калі ж яшчэ ўлічыць і здольнасці Мечыслава Юльянавіча як прамоўцы ды яго прывабны голас, то можна было смела сказаць, што канферэнцыя праходзіла на патрэбным узроўні.

Яно і сапраўды ўсё адбывалася добра і гладка аж да самага абмеркавання кандыдатур у новае бюро. Недзе другой ці трэцяй была названа кандыдатура Высоцкага, хоць сам ён гэтага зусім не чакаў — на ўсе выбраныя і ганаровыя месцы вылучалі, як правіла, кіраўніка трэста, а не галоўнага інжынера. Падышла чарга абмеркавання, і Леанід Аляксандравіч адвёў сваю кандыдатуру, спаслаўшыся на тое, што не мае амаль ніякага вопыту партыйнай работы. У зале многія нязгодліва зашумелі, пасыпаліся прапановы паставіць адвод на галасаванне.

Старшыня канферэнцыі, намеснік сакратара парткома, выканаў просьбу дэлегатаў канферэнцыі. За прапанову Высоцкага паднялося ў зале ўсяго дзве-тры рукі, а супроць прагаласавалі амаль усе. Кандыдатура Высоцкага была пакінута на тайнае галасаванне.

Старшыня канферэнцыі, чалавек трохі блізарукі, паднёс спісак да акуляраў, каб прачытаць наступнае прозвішча, і ў гэты момант з сярэдніх радоў пачуўся звонкі жаночы голас. Усе пярэднія азірнуліся, заднія прыўзняліся.

— У мяне слова! — паўтарыла жанчына, відаць, не спадзеючыся, што першы раз яе пачулі ў прэзідыуме.

— Калі ласка! — дазволіў старшыня і паклаў спісак наступных кандыдатур на стол. — Вы па кандыдатуры? Просім сюды, на трыбуну!

— Я адсюль, — запярэчыла жанчына, але некалькі галасоў аднадушна запатрабавалі, каб адвод рабіўся з трыбуны, перад вачыма ўсіх.

Высоцкі не пазнаў па голасе, хто гэта папрасіў слова, а паварочвацца амаль што назад не адважваўся і не хацеў. І толькі ўжо калі жанчына ішла на трыбуну, то ўспомніў тую самую, што падыходзіла некалі да гарадскога фантана і пазней сяды-тады траплялася на вочы, — Аленчыну маму.

— У яе ж ног няма... — пачуўся шэпт амаль каля самай спіны Высоцкага...

— Нічога, абы галава...

— А ідзе роўна. Бачыш?

Жанчына лёгка ўзышла на сцэну, узялася абедзвюма рукамі за краі трыбуны і пачырванела ад разгубленасці. Відаць, са свайго месца ёй сапраўды лягчэй было б гаварыць.

— Я не дэлегатка, — павярнуўшыся да прэзідыума, загаварыла жанчына. — Але як камуніст, якому дазволілі тут прысутнічаць, хачу выказаць тое, што мяне трывожыць.

— У залу гаварыце! У залу! — папрасіў старшыня канферэнцыі.

Жанчына выпусціла з рук трыбуну, неяк нязграбна ўзлягла на яе, потым прыўзнялася і пачала з адчаем глядзець у нейкую далёкую кропку ў самым канцы залы. Высоцкі хацеў злавіць яе позірк, ды не змог.

— Я ўжо даўно тут, — гаварыла далей жанчына. — Працую ў школе рабочай моладзі. Як былая разведчыца, амаль кожны раз жахаюся, калі сустракаю былога паліцая. Не часта гэта бывае, але ўсё ж бывае: тут у нас ёсць некалькі такіх. Ну-у... хто быў вінаваты, ды адбыў сваё... Хто быў сілаю загнаны... Кожны мае права на працу і няхай сабе працуе, скажам, на шахтах ці на рыштаваннях. Аднак жа калі такі чалавек ды на вельмі адказнай рабоце... Ды яшчэ калі яго кандыдатуру прапануюць у партком...

«Вось хто пісаў ананімку», — падумаў Высоцкі і трошкі здрыгануўся ад думкі, што прыйдзецца выступаць, даваць тлумачэнні. Горш за ўсё на свеце ён не любіў выступаць з апраўданнямі.

— Вы, канечне, здагадваецеся, пра каго ідзе гаворка. Я нічога не маю супроць таварыша Высоцкага — усе кажуць, што ён харошы чалавек і здольны інжынер. Можа я ў чым памыляюся, але калі бачу яго, то мне ўспамінаецца паліцай, што паходжваў з аўтаматам каля яўрэйскага гета. Пісала ў нашу шматтыражку, але пасля гэтага ніякіх змен не ўбачыла. І вось падумала сёння... Проста каб высветліць... Няхай таварыш Высоцкі, як чалавек новы, раскажа пра сябе. Вось і ўсё.

Яна пачала сыходзіць з трыбуны занадта асцярожна, нібыта з бояззю паглядваючы на прыступкі. У зале стаяла такая цішыня, якой, мабыць, ужо даўно тут не адчувалі. Гэта была не ўвага, не павага да чаго-небудзь надзвычайнага, гэта быў хутчэй за ўсё нейкі змрок, сумны, пакутлівы ды вельмі балючы напамінак аб часах мінулых, аб вайне.

Высоцкі ўстаў, але пакуль што не падаваў голасу, бо ў прэзідыуме таксама ўсе задумліва маўчалі, а старшыня вельмі ўжо старанна праціраў свае акуляры.

— Дазвольце? — сказаў нарэшце Леанід Аляксандравіч і выставіў да прэзідыума руку.

Старшыня канферэнцыі ўхапіўся за гэта, замахаў акулярамі ў знак згоды. Але ў гэты час устаў са свайго месца ў прэзідыуме Жамчужны і кіўнуў Высоцкаму, каб той пачакаў.

— Я прашу, таварышы... — звярнуўся ён спачатку да прэзідыума, а потым да ўсіх прысутных.— Прашу вас даць спачатку некалькі слоў мне, а тады, калі трэба будзе, то выступіць і Леанід Аляксандравіч.

Старшыня канферэнцыі, нібы ажыўшы, энергічна абапёрся рукамі на стол, гучна запытаў у дэлегатаў:

— Як, таварышы? Дадзім?

Падтрымка была аднадушнай і таксама гучнай, бо, мабыць, кожны ў зале хацеў, каб хутчэй тут нешта рашылася ды стала ўсім святлей і спакайней.

Мечыслаў Юльянавіч, звычайна красамоўны і абаяльны на трыбуне, на гэты раз быццам не знаходзіў першага слова, не мог сабрацца з думкамі. Можа з хвіліну стаяў на сцэне моўчкі, бялеў, чырванеў, разгублена і вінавата паглядваў на Высоцкага.

І ўсё ж, калі пачаў гаварыць, то натрэніраваны голас прагучаў упэўнена і выразна.

— Кандыдатуру Леаніда Аляксандравіча першы назваў я, — сказаў ён адным выдыхам. — Не чакаў адводу, думаю, што і ўсе вы не чакалі. Ну, а калі так здарылася, то выкажу перад вамі ўсё, што ў мяне на душы... Наталля Канстанцінаўна Вішнеўская, як і кожны з нас, вядома ж, магла тут выступіць і сказаць, што думае, у чым сумняваецца, каму з названых кандыдатур не давярае ці адносіцца з асцярожнасцю.

— Я можа і давяраю, — пачуўся жаночы голас з прыцішанай залы, — але хачу яшчэ раз высветліць...

— Правільна! — падхапіў Жамчужны. — Гэта тваё, Наташа, права, можна нават сказаць — абавязак. Ніхто цябе ў гэтым не папракне, наўрад ці хто скажа, што гэта несумленна. Наадварот, у пратаколе можна запісаць, што ўсё было вельмі прынцыпова і высакародна. Але мне, вось палажыўшы руку на сэрца, хацелася б сказаць, што на душы астаўся нейкі асадачак ад гэтага твайго выступлення. Па-першае, Наташа, давай начыстату! Не можа быць, каб ты не ведала, што Леанід Аляксандравіч ні ў чым не вінаваты, што ў тым падполлі ён быў па асобаму заданню райкома партыі і зрабіў там вельмі многа карыснага. Аб гэтым усе цяпер ведаюць, гэта даказана, і судовае абвінавачанне з таварыша Высоцкага даўно знята.

— Я хацела паслухаць яго самога! — зноў данёсся выгук з залы.

— Паслухаеш, калі трэба будзе, — спакойна адказаў Мечыслаў Юльянавіч. — А пакуль што паслухай мяне. Другое, што я хацеў сказаць: мы з табою не першы год знаёмыя, у вайну былі ў адной партызанскай брыгадзе. Дарэчы, у гэтай жа брыгадзе ваяваў і Высоцкі. Калі ў цябе ўзнікалі якія сумненні наконт нашага партызана, то мы маглі ў любы момант сустрэцца і ўсё высветліць.

— А я ніколі не бачыла яго ў нашай брыгадзе! — настойліва запярэчыла жанчына і ўжо нават прыўзнялася са свайго месца.

— Гэта магло быць, — згадзіўся Жамчужны. — Леанід Аляксандравіч таксама не ведае цябе. Калі ён быў радавым, потым — камандзірам роты, вы, мабыць, не сустракаліся. А як стаў камандзірам атрада замест Бранаўца і часта бываў у штабе брыгады, цябе ўжо там не было, эвакуіравалі пасля ранення. І вось пішаш у газету —не падпісваешся... Тут выступаеш быццам бы і смела, але я не магу прыняць гэта за смеласць. Мы часам баімся паверыць чалавеку нават і тады, калі ён ужо не мае патрэбы ў такой веры, скажам, тваёй, маёй... Лічым гэта нейкім велікадушшам і не адчуваем, што праяўляем самае звычайнае маладушша.

...Прабач, Наташа! Я можа і не гаварыў бы сёння так рэзка, калі б меў на ўвазе толькі цябе. Магчыма, што не было б у мяне і столькі душэўнага болю і пакутлівых адчуванняў... Хоць чыстая праўда і тое, што Леанід Аляксандравіч — мой лепшы друг, і за яго я гатоў стаць гарою... Бяда ў тым, што выступаю я... супроць самога сябе... Калі не зусім сённяшняга, як мне думаецца, дык на поўную меру супроць учарашняга. Я многа перадумаў і нямала адпакутаваў за апошнія часы. Пра сваё нядаўняе хачу тут сказаць, што дапускаў часам душэўную слабінку, таму здараліся разрывы паміж маімі намерамі і справамі. Тваю ананімку, Наташа, я чытаў як член рэдкалегіі. І скажу шчыра, што здагадваўся... Падумаў, што ты напісала... Больш тут не было каму гэтак напісаць. А вось знайсці зручны выпадак, каб сустрэцца ды пагаварыць, не здолеў.

Былі ў мяне і яшчэ некаторыя сур’ёзныя ўпушчэнні. — Тут ён зноў пранікліва паглядзеў на Высоцкага. — Але галоўнае, бадай, не ў гэтым. Пасля доўгіх роздумаў і перажыванняў, а яшчэ каб найлепш пераканаць цябе, Наташа, я хачу сёння сказаць, што сам асабіста ведаў аб тым часовым падполлі Высоцкага. Мне сказаў пра гэта Меркуш, неўзабаве перад тым як загінуў. Чаму я не выступіў у свой час, чаму не бараніў друга і саратніка, калі над ім навісла чорная хмара? Можна знайсці многа прычын: мы былі далёка адзін ад аднаго, я вельмі позна даведаўся аб тым цяжкім здарэнні... Але апраўдвацца не буду. Колькі год насіў гэтую віну і боль у душы! Колькі яшчэ буду насіць, але ўтойваць такую праўду больш не магу. І ніякую! Магчыма, пазнавата прыйшоў да гэтага пераканання, але прыйшоў. Судзі мяне, Леанід, як хочаш! Судзіце вы ўсе, таварышы! А сам я, карыстаючыся сваім правам і гэтым незабыўным для мяне выпадкам, хачу толькі папрасіць вас усіх зняць маю кандыдатуру ў бюро парткома. Усім сваім сумленнем адчуваю, што не магу, не маю маральнага права аставацца на кіруючай партыйнай рабоце...

Ён нейкі час яшчэ стаяў каля трыбуны, шчыра і адкрыта глядзеў у залу, быццам намагаючыся ўбачыць вочы кожнага з тых, хто там быў, і ўважліва слухаў. Потым квола адышоў і сеў на сваё месца, паклаў абедзве рукі локцямі на стол. У гэты момант ні на што, ні на каго не глядзеў, акрамя сваіх рук, і, бадай, ні аб чым не думаў, як толькі пра свае апошнія словы. Мабыць, для таго, каб не выглядаць вельмі ўжо застылым, неўзабаве паварушыў рукамі, а праз нейкі час падняў далоні і спавольна апусціў на іх галаву. У зале было ціха, як і пасля выступлення Наталлі Вішнеўскай, нават яшчэ больш насцярожана і няпэўна. У прэзідыуме першы адхіліўся ад стала і ніякавата кашлянуў старшыня. Ён нібы толькі цяпер успомніў, што трэба ж нешта рабіць, неяк весці канферэнцыю. Узяў у рукі лісток з кандыдатурамі, наблізіў яго да акуляраў і раптам задаволена кіўнуў галавою.

— Таварышы! — прамовіў гучна і ўпэўнена, відаць, хочучы паказаць, што ніякія сітуацыі яго не саб’юць з дарогі. — Аказваецца, кандыдатура таварыша Жамчужнага ідзе ў нас следам за Высоцкім. Так што цяпер мы, відаць, і абмяркуем кандыдатуру Мечыслава Юльянавіча, толькі спачатку паставім на галасаванне кандыдатуру Леаніда Аляксандравіча. Вы пакідаеце ў сіле сваю просьбу аб самаадводзе? — Ён усім тулавам падаўся над сталом уперад і наставіў свае мутнаватыя акуляры на Высоцкага.

Леанід Аляксандравіч устаў і спакойна сказаў:

— Цяпер мне хацелася б, каб таварышы дэлегаты вырашылі гэта самі, без маіх просьбаў і прапаноў. Я нават і слова не папрасіў: калі ў каго ёсць пытанні, гатоў адказаць.

— Ёсць у каго пытанні да таварыша Высоцкага?

— Ды ўсё ясна! — пачулася ў зале некалькі галасоў. — Стаўце на галасаванне!

— Таварыш Вішнеўская! — звярнуўся старшыня канферэнцыі да былой партызанкі. — Хоць вы і не з’яўляецеся сёння дэлегаткай, але я хачу спытаць: гэта ў вас быў адвод ці проста інфармацыя?

— Адводу не было, — ледзь чутна прагаварыла жанчына.

— Тады хто за тое, каб пакінуць кандыдатуру таварыша Высоцкага ў спіску для тайнага галасавання?

Паднялося многа рук. Акуляры ў старшыні ўжо крыху прыпацелі, дык яму нават уявілася, што ўсё ўсюды пажаўцела ў зале, што ад кутка да кутка адны толькі рукі і відны.

— Здаецца, усе галасуюць? — паціху спытаў ён у членаў прэзідыума.

— Усе, — адказаў сусед па сталу.

— Хто супроць? — Памаўчаў з хвіліну. — Няма! Хто ўстрымаўся? — Яшчэ трохі памаўчаў. — Няма. Аднагалосна! — не стрымліваючы ўрачыстага тону, абвясціў старшыня.

— ...Якія будуць меркаванні наконт самаадводу таварыша Жамчужнага?

Не першы раз намеснік сакратара парткома вёў розныя канферэнцыі і сходы і, як спрактыкаваны масавік, здагадваўся, якія могуць быць тут меркаванні. Былі б правы толькі ў аднаго яго, то напэўна адразу паставіў бы самаадвод на галасаванне. Але ў гэтым даволі незвычайным выпадку яму не хацелася спяшацца, фарсіраваць працэдуру. Ён разумеў, што тут трэба быць асабліва ўдумлівымі чулым, а галоўнае — не паказваць ні рухам, ні голасам свайго неспадзяванага прадчування, што цяпер на першараднае месца зусім нечакана-негадана можа выплысці яго кандыдатура, хоць колькі ўжо выбараў ён аставаўся заўсёды другарадным. Работу вёз вялікую і ўмеў везці. Да таго ж быў спрытны, рухавы і старанне меў такое, што на некаторых і на двух хапіла б. Але як ні актыўнічаў, а чамусьці аставаўся ў цяні.

З другога ж боку, да гэтага прымешвалася і не зусім уласцівае яго натуры: Жамчужнага ён глыбока паважаў, проста любіў, таму цяпер у душы ўзнікала і нейкае спачуванне да гэтага чалавека, нават жаллівасць.

Міжвольна захапіўшыся ўласнымі развагамі, старшыня ўсё ж з пэўным напружаннем глядзеў у залу і намагаўся адгадаць настрой і намеры дэлегатаў. На сцэну амаль не паглядваў, таму што баяўся сустрэцца з вачыма Жамчужнага. І раптам прыглушаны голас пачуўся якраз са сцэны: слова папрасіў Крывашып, які сядзеў у прэзідыуме.

Грузна і квола, нібы пасля хваробы, падышоўшы да трыбуны, ён вымавіў першыя словы занадта ціха і ні на каго не гледзячы. Гэта быў нейкі ўступчык, нешта такое афіцыйнае і нязначнае. Гэтыя словы мала хто і пачуў. Калі ж Яўмен Захаравіч дайшоў да галоўнай сутнасці, голас яго не толькі памацнеў, але і набыў звычную салідна ўнушальную афарбоўку.

— Пра Высоцкага тут недадумана падымалі пытанне, — прамовіў ён, скоса глянуўшы на тое месца, дзе сядзела Вішнеўская. — Такі чалавек не мог быць здраднікам. А калі ў сувязі з гэтым з’явілася неабходнасць пагаварыць наконт Жамчужнага, то я тут і хачу сказаць. Памойму, гэты чалавек таксама не вінаваты... Аб’ектыўна не вінаваты, хоць з першага ўражання можна падумаць зусім іначай. Вядома, праўда астаецца праўдай: не выступіў ён у свой час у абарону Высоцкага, не рынуўся, як кажуць, у атаку. Так, не рынуўся. Былі ў чалавека розныя там прычыны. А што б было, калі б, скажам, рынуўся? Памагло б гэта ў той адрэзак часу таварышу Высоцкаму? Наўрад! Можна тут цвёрда сказаць, што не памагло б. Хіба каб тыя жывы былі, што непасрэдна пасылалі? Дык і то я мала спадзяюся: не памаглі б тады і яны. Якія часы былі? Хто тут старэйшы — памятае... Так што я лічу — Жамчужны можа аставацца ў спіску, тым больш, што сам прызнае і добра разумее сваю гэтую самую трагедыю. А трагедыя тут, я сказаў бы, і не зусім яго асабістая, а ўсяго таго часу і мінулай вайны. Чаго толькі не нарабіла, чаго толькі не напакідала нам яна, гэтая вайна? Перамогу дала вялікую, але і бедаў усякіх прынесла нямала, калецтваў фізічных і духоўных.

Пасля выступлення кіраўніка трэста, як па бывалешніх правілах, то наўрад ці і трэба было даваць яшчэ каму слова. Але старшыня канферэнцыі разумеў, што цяперашні дух партыйнай дэмакратыі зусім не такі, як быў тут некалькі год назад, і што ў гэтым выпадку нельга абмежавацца толькі адным выступленнем. Устаўшы з месца, ён зноў пачаў настойліва і патрабавальна ўглядацца ў залу і ледзь не перабіраць усе рады. Злавіў позірк Запрагаева і ажывіўся:

— Можа вы, Адам Адамавіч, хочаце выступіць? Калі ласка!

Той паварушыўся, прамармытаў нешта неразборлівае, аднак з месца не ўстаў.

— Дазвольце мне! — выгукнуў інжынер Кажушка і падняў руку.

— Я лічу, — прамовіў ён, засвяціўшы над усімі ласнёнай галавою,— што Яўмен Захаравіч зусім правільна сказаў, і я поўнасцю далучаюся да яго думак, меркаванняў і прадуманых, абгрунтаваных вывадаў.

— Тады што ж?.. — няпэўна звярнуўся да ўсіх старшыня. — Можа прыступім да галасавання? — І тая міжвольная надзея, што яшчэ зусім нядаўна адольвала яго думкамі, раптам пачала адплываць і нібы толькі трымцець у нейкім далёкім тумане.

— Прашу — мне два словы! — ужо амаль нечакана данёсся зусім незнаёмы голас. Старшыня хутка зрэагаваў, павярнуў туды галаву. У адным з сярэдніх радоў стаяў Віктар Бранавец і чакаў дазволу.

— Калі ласка! — паспешна і з поўнай згодай прамовіў старшыня.

Віктар без нервовасці і спешкі выйшаў са свайго рада і стройнай, зграбнай паходкай накіраваўся да трыбуны. Там спачатку ніяк не мог знайсці месца сваім рукам, разы два ніякавата кашлянуў, а потым загаварыў прыемным і даволі асталелым голасам:

— Я зусім яшчэ нядаўна ў партыі... І наогул... Як кажуць, толькі пачынаю разбірацца, што да чаго... Мечыслава Юльянавіча паважаю за яго прастату, за таварыскасць... Але не магу зразумець, як гэта ён у свой час не мог сказаць тую чыстую праўду, у якую верыў? Ён жа ведаў, што ў яго руках была тады цвёрдая праўда ў адносінах таварыша Высоцкага. Ведаў і змаўчаў: выходзіць, схлусіў сам сабе і людзям.

...Наша брыгада яшчэ не камуністычная, мы толькі змагаемся за гэтае званне. Але калі б хто з нас пакрывіў душой перад калектывам, перад сваімі таварышамі, сябрамі, мы б гэтага не сцярпелі. Мне здаецца, што кожны наш чалавек нават і жыцця свайго не павінен шкадаваць за нашу праўду, савецкую, камуністычную! А што датычыць... — тут намякалі аб нейкім спісванні на вайну, на час... То мы ўжо і так шмат чаго наспісвалі! Наша праўда... Яна і тады аставалася праўдай... І людзі былі праўдзівыя. Тысячы, мільёны!.. За гэтую праўду кроў пралівалі, гінулі... Бацькі нашы, мацеркі... Зноў жа — тысячы, мільёны!.. Хіба можна забыць гэта?..

Віктар адвёў вочы ад усіх, хто глядзеў на яго з залы, і стаў неяк напружана і маўкліва ўглядацца ў акно каля сцэны. Глядзеў і маўчаў. Магчыма, гэта ад няёмкасці за сваю раптоўную ўсхваляванасць, а можа ад жадання і адсюль убачыць той запаведны помнік, бо акно выходзіла на поўдзень...

— Вось гэта я хацеў сказаць, — ужо зусім сцішана заключыў ён і, быццам незнарок прыкрываючы далонню крыху залішне расчырванелы ад хвалявання твар, пайшоў на сваё месца ў зале.

— Хто яшчэ, таварышы? — відаць, трымаючы намер не надта затрымліваць увагу на выступленні Бранаўца, спытаў старшыня канферэнцыі. Сам ён мог бы і паспрачацца з маладым чалавекам, аднак лічыў больш мэтазгодным уцягваць у спрэчкі іншых. Ад добрага пачуцця да Жамчужнага ён разумеў, што трэба было б выступіць яшчэ хоць аднаму дэлегату, каб хоць трохі прыгладзіць, прытушаваць Віктаравы словы. Але чамусьці больш ніхто не падымаў рукі і не падаваў голасу. У зале стаяла суровая і, як уяўлялася старшыні, даволі пэўная цішыня.

— Будзем галасаваць? — вымушаны быў запытацца старшыня.

У перапынку перад тайным галасаваннем Мечыслаў Юльянавіч знайшоў у фае Высоцкага і дружалюбна ўзяў яго пад руку. Яны выйшлі ў халаднаваты вестыбюль тэатра і спыніліся каля акна, у баку ад усіх курцоў.

— Ну, што ты цяпер скажаш? — прыглушана, быццам не сваім голасам, спытаў Жамчужны.

Высоцкі маўчаў, задумліва паглядваў у акно.

— Я сам сабе не мог прызнацца, — гаварыў далей Мечыслаў Юльянавіч. — Іншы раз мне здавалася, што гэта і не са мною так выйшла, а з нейкім другім чалавекам, вельмі далёкім мне і чужым. Былі моманты, што нават пачынаў верыць у сваю невінаватасць, і табе аднаго разу пра гэта сказаў. А потым яшчэ больш мучыўся, сам сябе ненавідзеў. Асабліва калі часта стаў бачыць цябе... І вось сёння...

— Мне здаецца, што самае важнае і адбылося якраз сёння, — заўважыў Высоцкі.

Потым яны разам атрымлівалі бюлетэні, разам галасавалі. Леанід Аляксандравіч пачуў, як Жамчужны цяжка ўздыхнуў, не ўбачыўшы ў бюлетэні свайго прозвішча. Колькі ні было выбараў і перавыбараў у партыйных арганізацыях, дзе працаваў Мечыслаў Юльянавіч, ён заўсёды балаціраваўся. За ўсе пасляваенныя гады ўпершыню быў надрукаваны выбарчы бюлетэнь без таго прыкметнага ўсім радка з яго прозвішчам.

Высоцкі глядзеў на свой радок у бюлетэні зусім нязвычным і нават крыху здзіўленым паглядам: яго прозвішча было ўстаўлена сюды ўпершыню. Намерыўся чыркнуць па ім вечным пазалочаным пяром і нерашуча адвёў руку: пры абмеркаванні не пярэчыў, то чаго супраціўляцца цяпер? Уявілася, як будуць выкрэсліваць прозвішча іншыя дэлегаты: якраз жа і стаіць яно другім зверху. І быццам бы не проста, як усе, стаіць, а вытыркае, так і просіцца, каб яго затушавалі чарнілам, якое доўга не высыхае і пасля якога ўжо ніводнай літары не разбярэш.

...Вынікаў галасавання Высоцкі чакаў з трывогай, а Жамчужны сядзеў побач нібыта да ўсяго абыякавы і хмуры. І ўсё ж, калі было абвешчана, што Высоцкі прайшоў аднагалосна, былы парторг устрапянуўся, схапіў Леаніда за руку і паціснуў моцна і шчыра.

...Высоцкага запрасілі на першае пасяджэнне новага бюро парткома, а Жамчужны астаўся чакаць яго, каб разам ісці дадому.

Той адвячорак быў не надта прыветны: дзьмуў разкаваты вецер, пацярушваў снег.

 

XIV

Людзі кажуць: вясна і вясна. Усё лепшае ў жыцці параўноўваецца з вясною. А вёсны таксама бываюць розныя. Калі, для прыкладу, узяць ды паставіць побач леташнюю вясну і цяперашнюю, дык гэта — неба і зямля.

Летась у гэтую пару яшчэ ляжаў снег. Тры бярозкі, што стаяць на дарозе ад камбіната да Галубоўкі, мала і адчувалі тую вясну: плакучае голле іх было тады яшчэ застылае, амаль не абагрэтае сонцам, часамі мокрае, а то і скаванае галалёдам. Толькі паблісквалі галінкі, калі часам выглядвала з-за густых хмар сонца, а развівацца, пускаць свежыя, ліпкія пупышкі быццам і не збіраліся.

Сёлетняя вясна зусім інакшая: яна і раней прыйшла, яна і трымаецца ўвесь час на адну толькі радасць людзям. Цяпер рэдка хто можа абыякава праехаць ці прайсці каля гэтых трох бярозак: абавязкова спыніцца, залюбуецца. Можа, і ніколі не былі яны такія вясёлыя і на дзіва прывабныя. Маладое, яшчэ нібы малочнае, лісце не толькі свеціцца, а быццам прасвечваецца навылет. Усім вядома, што бяроза не пахне нават у час цвіцення. Аднак не верылася ў гэта. Мабыць, кожнаму ўяўлялася, што калі нарваць такі зялёны букецік, то ён будзе пахнуць, як мята.

...Едучы з работы дадому, Высоцкі таксама спыніўся каля бярозак. У мінулым годзе ён затрымаўся тут не па сваёй ахвоце, а каб перачакаць дождж. Размыў тады лівень дарогу, нарабіў многа непрыемнасцей тутэйшым людзям. Можа і пракліналі яго некаторыя, а Леанід Аляксандравіч прыняў той лівень як сваё доўгачаканае шчасце. І ўвесь час гэта адчувае. І ўсё жыццё будзе помніць той непагодлівы вясенні дзень.

Сёння затармазіў машыну і выйшаў з кабіны. Хацелася на поўныя грудзі ўдыхнуць жыватворны водар вясновых дрэўцаў ды зноў з поўнай шчырасцю ўспомніць мінулую вясну, хоць і макрэзную, зацяжную, з хмурнымі днямі і халоднымі непрыветнымі начамі. Тады быў пачатак вялікай работы і... — вось як у жыцці здараецца! — пачатак вялікага і сапраўднага кахання...

Мінулай вясною глядзеў ён скрозь стылае бярозавае голле на малады будаўнічы пейзаж. Сям-там узвышаліся тады краны, бялелі і чырванелі карпусы. Але над усім гэтым яшчэ ўладарылі калгасныя лугі і палеткі, якія ўпіраліся ў недалёкі сасновы лес.

Цяпер ужо лесу адсюль не ўбачыш. Зрок перацінаюць збудаванні камбіната, і на першым плане — «арачныя палацы», як тут усе завуць склады для сільвініту. Неўзабаве пойдзе ў ход і такое прадпрыемства, роўнага якому, відаць, яшчэ няма ва ўсёй нашай краіне. Гэта — каралева ўсіх тутэйшых збудаванняў, магутная і гордая прыгажуня, абагачальная фабрыка з самымі новымі і складанымі агрэгатамі, з самым удасканаленым абсталяваннем. Дзеля большай карысці і прыладнасці яе на новых выкапнях нямала папрацаваў і Леанід Аляксандравіч.

Горад вырас за год амаль удвая, а прагажосць набыў — і не скажаш у колькі разоў больш у параўнанні з мінулым годам.

Учора ў канцы дня Высоцкі заехаў у рэдакцыю па Еву, і потым яны ўдваіх паехалі на вуліцу Бранаўца. Ішлі там пехатою, любуючыся шырокімі тратуарамі ды маладымі, ужо кранутымі зелянінаю прысадамі. Па дарозе зайшлі ў двор да Бранаўцоў. Ірына і Віктар былі ў палісадніку. Убачыўшы гасцей, яны ўзрадавана падаліся насустрач, а з імі хлапчанятка, ужо сваім ходам і ўжо, мабыць, са сваім першым запасам слоў. Высоцкаму здалося, што яшчэ зусім нядаўна ён бачыў яго ў калясцы з соскаю ў губах.

— Як цябе завуць, малышык? — спытаў з ласкай і захапленнем.

— Толя, — сарамліва адказаў хлопчык і прытуліўся белай галавою да бацькавых штаноў.

«Сапраўды, той самы».

— Вы, мабыць, хацелі сваю кватэру паглядзець? — здагадліва спытаў Віктар.

...Яны пайшлі па вуліцы ўсе разам. Старанна перавальваючыся з нагі на нагу, Толя бег наперадзе і ні разу не спатыкнуўся аж да таго яшчэ незакончанага дома, дзе выдзелілі кватэру Высоцкім. Ужо скрозь тут не было аб што спатыкацца нават такому «бегуну», як самы меншы Бранавец.

...Ева з Ірынаю адразу выйшлі на балкон. З другога паверха добра відзён быў той лес, які цяпер лічыўся прыгарадным паркам. Перад ім яшчэ крыху аставалася вольнага поля. Па ім хадзіў трактар з плугамі. Мабыць, ужо апошні раз. Ён даходзіў да круглай, свежа пафарбаванай агарожы і тут рабіў паварот. Гэтая агарожа з прысадамі нагадвала адсюль вялікі зялёны букет з выемкай пасярэдзіне. У гэтай выемцы стаяў гранітны помнік Мікіту Бранаўцу.

...Выйшаў на балкон Леанід Аляксандравіч, а за ім Віктар з Толем на руках.

— Тут мы кветак насеем ды насаджаем, — радасна прамовіла Ева. — Праўда? — Яна ласкава паглядзела на Высоцкага і ціха дадала толькі яму аднаму: — І мяткі... Абавязкова мяткі... Няхай заўсёды расце ў нас пад вокнамі, як там у цябе дома. Няхай заўсёды пахне... Я так люблю, калі дома пахне мяткаю...

Гэта было ўчора. А сёння Высоцкі ехаў з работы на сваю вясковую кватэру, у бацькаву хату. Як толькі выйшаў з машыны насупраць сваіх варот, што выходзілі на выган, дык адразу і ўбачыў, што Ева ўжо дома. Яна прыветліва замахала яму рукою праз адчыненае акно і ў той жа момант выбегла насустрач.

Каля хаты пад акном вырвала свежае, як раса, трошкі пушыстае, з кволымі маладымі зубцамі каліўца мяты і падала мужу:

— Глядзі, якая ўжо вырасла!.. Проста па вачах.

 

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Кулакоўскі А. Збор твораў у чатырох тамах. Том другі. Аповесці. - Мінск: Беларусь, 1970. - 392 с.
Крыніца: скан