epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Кулакоўскі

Тут я жыву...

Трошкі з даўняга
Якаў мой, Якаў!..
Зоня
Голас Марыі Нілаўны
Смялейшы будзь!
Надзя, каго ты любіш?..
«Ночка цёмна ды нявідная...»
Бывае, што і глухі пачуе
Які ў нас зімою лес?..
Чалавек на горцы
Госці нечаканыя...
Палатка-адзіночка
Вясна


Трошкі з даўняга

Хлопчыку — каля васьмі год, а дзяўчынцы яшчэ няма і шасці. У мінулую восень, калі ўсё іх крыху старэйшае таварыства ўпершыню падалося ў школу, гэтыя дзеці таксама не хацелі адставаць. З зайздрасцю паглядаючы на чужыя ранцы, яны дайшлі да самай Чырвонамакаўскай школы. Хацелася ім хоць трохі пасядзець там у класе, паглядзець на вялікую чорную дошку, на настаўніцу. Але Росцік Шыпулька, не ў меру худзенькі і вельмі ўжо жвавенькі першакласнік, падказаў тэхнічцы, што гэтыя малыя яшчэ не вучні, і тая не пусціла дзяцей у клас. Вяртаючыся дадому, дзяўчынка ледзь не плакала ад крыўды, а хлопчык усю дарогу маўчаў, толькі перад самымі Дабрасельцамі з папрокам сказаў сястры:

— А чаго ты ўчора слязу пусціла, калі Росцік адабраў у цябе спелую ігрушу, ды яшчэ хацела маме на яго паскардзіцца?

Цяпер гэтыя дзеткі па некалькі разоў на дзень ходзяць да Чырвонамакаўскай школы, але пра вучобу ўжо і не думаюць, бо цяпер — вайна. Неўзабаве перад тым днём, калі ўсе гады пачыналася вучоба, нахлынулі ў Чырвоныя Макі акупанты і занялі школу пад нейкі свой штаб. У іншых вёсках яны ўжо з самага лета, а тут не было. У Дабрасельцах і цяпер няма, толькі клышаногі Пятрэся (так звалі тут аднаго недарэку — Петруся) сяды-тады праходжваецца са стрэльбаю па вуліцы. Каля школы ж заўсёды стаіць ці патупвае ад холаду вартавы з аўтаматам. Ён не падпускае да школы нават малых. Хоць не падпускае, а хлопчык з дзяўчынкаю ходзяць. Спыняюцца каля паркана і пачынаюць углядацца ў шырокае акно, закратаванае цяпер калючым дротам. Там, за гэтым акном, — іх мама.

Аднаго разу дзецям неяк удалося ўпрасіць вартавога, каб ён дазволіў надысці да акна. Не страшны быў гэты вартавы, хоць і з вялікімі рыжымі вусамі. Спачатку ён грозна натапырваў вусы, памахваў руляю аўтамата. А потым памякчэў. Стаўшы на прызбу, дзеці ўбачылі сваю матулю. Яна сядзела на падлозе, падкурчыўшы ногі і апусціўшы галаву. Хлопчык прасадзіў руку між дротам і шкрабануў па шыбе. Маці здрыганулася, глянула на акно. Пазнаўшы дзяцей, неяк сутаргава замітусілася на месцы, стала намагацца ўстаць, ды не магла. Заківала малым галавой, заварушыла плячамі, відаць, хочучы паказаць нешта рукой, ды рукі былі звязаны. Жанчына падпаўзла да сцяны і, сабраўшы апошнія сілы, устала. Твар яе апынуўся зусім блізка ад дзяцей. Яна старалася ўсміхнуцца сваім дзеткам, падбадзёрыць іх вачамі і знакамі галавы, а слёзы залівалі пахуднелы, з чорнымі падцёкамі ля вачэй, твар. Дзяўчынка пачала моцна плакаць, і вартавы ссадзіў яе з прызбы. Пацягнуў ён за світку і хлопчыка, але той доўга не паддаваўся. Ухапіўшыся за калючы дрот, ён нібы прырос да акна. Не адчуваў болю ў далонях, не чуў пагроз вартавога...

Ідучы дадому, дзяўчынка яшчэ доўга плакала, а хлопчык паглядаў на свае акрываўленыя далоні і маўчаў. Панура ступаючы па свежым, яшчэ не рыпучым снезе, ён думаў, за што гэта фашысты арыштавалі маму. Наколькі яму было вядома, дык матуля нікуды далёка не хадзіла, ні з кім з чужых людзей не зналася. Яна толькі сяды-тады насіла ў млын торбу жыта, таго, што ў мінулым годзе атрымалі на працадні. Млын, праўда, стаяў далекавата, каля самага лесу, але ж не толькі яна адна хадзіла ў млын.

Хлопчыку думалася, што немцы павінны выпусціць маму. Уяўлялася нават, што гэта адбудзецца якраз тады, калі ён з сястрой будзе стаяць каля школы. Адчыніць вартавы школьныя дзверы, і адтуль выйдзе матуля з развязанымі рукамі, нават з торбаю жыта за плячыма, якую яна, мабыць, не данесла да млына. Каб ёй не цяжка было ісці, хлопчык забярэ ў яе гэтую торбу і панясе сам. Няхай хоць цэлы пуд яна заважыць. Зойдуць яны спачатку ў млын, аддадуць змалоць гэтае жыта, бо трэба пячы хлеб, а тады пойдуць дадому. Маці больш не будзе насіць жыта ў млын і муку з млына, а ўсё гэта будзе рабіць ён сам — аж да таго часу, пакуль скончыцца вайна і не прыйдзе з фронту бацька.

З такімі спадзяваннямі і ходзяць малыя да Чырвонамакаўскай школы, стаяць ля паркана, пакуль ногі не пачынаюць дубянець. Усё ім здаецца, што вось-вось падыдзе да акна мама, нешта скажа, усміхнецца або хоць кіўне галавою.

Іншы раз даносіўся сюды адчайны матчын голас. Дзеці кідаліся на пералазнік, каб быць бліжэй да акна, але вартавы махаў на іх чорнаю руляю. Цяжка было зразумець, што гэта быў за голас: ці плакала маці ў горы і роспачы, ці стагнала ад катаванняў, ці, можа, клікала да сябе іх, сваіх дзетак?..

Прайшло многа зімовых дзён. Вось ужо каля тыдня дзеці не чуюць матчынага голасу. Ледзь не кожны дзень з самай шчырай ласкавасцю просяць яны вартавога, каб пусціў паглядзець у акно, але той усё махае руляю. Сталі тады малыя дзяжурыць ля школы ледзь не па цэламу дню. Хацелася ім дачакацца, калі выйдзе на варту той вусаты, што аднаго разу пусціў іх да акна. Дачакаліся, вусаты выйшаў, хоць не на варту, а так некуды, бо ў руках у яго быў пакет. Дзеці да яго: скажыце, дзе наша мама?

Былы вартавы пазнаў малых і зразумеў іх пытанне. Адвёўшы дзяцей ад школы, ён дзе словамі, а дзе знакамі растлумачыў, што ўжо некалькі дзён таму назад іхнюю маму пасадзілі ў вялізную машыну і павезлі.

— Куды яе павезлі? — пытаўся хлопчык. — У які бок?

Вартавы махнуў рукою, а што ён гэтым хацеў сказаць, нельга было зразумець.

Чакалі дзеці сваю матулю доўга. Чакалі і суседзі, якія дапамагалі малым сяк-так пракарміцца. Хлопчык яшчэ многа разоў хадзіў у Чырвоныя Макі, стараўся распытаць, што-небудзь выведаць. Нічога так і не дазнаўся. Пажыўшы яшчэ нейкі час дома, ён падаўся ў бліжэйшыя вёскі шукаць сваіх родзічаў, а дзяўчынку забрала да сябе дваюрадная цётка, што жыла на Палессі.

 

 

Якаў мой, Якаў!..

 

Пра ўсё гэта я даведаўся толькі пасля вайны, калі вярнуўся з арміі. Стала мне вядома і тое, пра што не ведалі тады ні хлопчык, ні дзяўчынка. Цяпер, праўда, усе мае аднавяскоўцы пра гэта ведалі, ды і не толькі аднавяскоўцы. Вельмі многім было вядома, што маці гэтых дзяцей была падпольшчыца, у торбе з жытам яна разносіла лістоўкі і загінула ў фашысцкіх засценках смерцю гераіні.

Бацька малых таксама не вярнуўся з фронту, і нікога з гэтай вельмі блізкай мне сям'і ў вёсцы не было. Хацелася даведацца пра дзяцей. Пытаўся я ў сваіх хатніх, у суседзяў — ніхто пэўна не мог сказаць, як і дзе цяпер жывуць малыя Семігоны (такое было іх прозвішча). Гаварылі, што дзяўчынка так і асталася на Палессі, што яна цяпер вучыцца ў школе, а пра хлопчыка нічога не гаварылі, нават не ведаў ніхто, жывы ён ці не.

Нямала людзей з маёй вёскі не вярнулася з вайны, нямала дзяцей і дарослых загінула ў часы пякельнага рэжыму фашысцкай акупацыі. Сама вёска цяпер толькі што звалася вёскай: сям-там тырчалі абгарэлыя калодзежныя жураўлі, у некаторых дварах (цяпер іх толькі ўмоўна можна было назваць дварамі) стаялі голыя печы з высокімі комінамі. Амаль усе печы былі ўжо старанна выбеленыя — у нас такі звычай, што гаспадыня не падыдзе да непабеленай печы.

Вельмі многіх не было цяпер з маіх блізкіх і знаёмых. Аднак лёс Семігонаў чамусьці асабліва хваляваў і непакоіў мяне. Пра дзяўчынку хоць трошкі было вядома, а наконт хлопчыка ўзнікалі розныя думкі і вельмі няпэўныя, падчас змрочныя меркаванні. Можа, пайшоў ён у свет, ды так і не знайшоў сваіх родзічаў, не напаткаў харошага чалавека, які б мог даць яму прытулак? Можа, вельмі доўгая і цяжкая дарога выпала малому і ён загінуў у гэтай дарозе ад голаду і холаду?

Аднаго разу падышоў я да таго месца, дзе некалі быў Семігонаў сэдас. Хата калісьці стаяла ў канцы вёскі і трохі на водшыбе. Вокны яе, прыгожа абшаляваныя і пацягнутыя бяліламі, весела ўсміхаліся кожнаму, хто ехаў па дарозе з раённага цэнтра або ішоў з прырэчнага лесу. Глядзеў я на хацішча, на рэшткі саду, на халоднае, прыхаванае маладой пораслю вуголле, і ўсе жудасці вайны ўяўляліся мне больш востра, чым на фронце. Вось недалёка ад хацішча тырчыць абвуглены камель старой грушы-фунтоўкі з тоўстай адвеснай галінай.

Некалі гэтая фунтоўка раскошна і маляўніча развіналася над хатай, яе лісце было да таго густое, што пры невялікім дожджыку ўвесь ценявы бок страхі аставаўся сухі. Распускалася фунтоўка вясною — дык і хата набывала радасны вясенні выгляд; адцвітала — дык хата пакрывалася белай квеценню, нібы першым сняжком. А калі выспявалі грушы, дык хто б ні ехаў, хто б ні ішоў паўз хату, абавязкова прыпыняўся, здзіўлена круціў галавой.

Улетку, як мне расказвалі, малы Яшка (цяпер я ўспомніў і імя хлопчыка) спаў з бацькам на вышках. Ноччу спелая грушка, сапраўды з фунт вагою, падала на гонту, і хлопчык прачынаўся, спалохана туліўся да бацькі.

— Не бойся, — шаптаў яму бацька, — гэта фунтоўка. Спі, мой сынок, спі.

А раніцай малы не крыўдаваў на падалкі за тое, што яны яго ноччу пужалі. Ён заўзята бегаў па расе і каторую з іх не заўважаў, то намацваў босымі нагамі. Адвезеная раліна таксама мела некалі сваю прыгажосць і найлепшую зручнасць. Сваім ласкавым голлем яна нахілялася ледзь не да самай травы і нібы падавала малым спелыя фунтоўкі. На ёй жа была прыладжана гушкалка. Лётаў, бывала, Яшка на гэтай гушкалцы, галінкі калыхаліся, і найбольш жоўтыя грушы падалі ад лёгкага калыхання...

 

Той раз мне не давялося доўга пабыць у сваёй вёсцы, а прыехаў я зноў сюды ўжо больш як праз дзесяць год. Стаяла позняя восень. Выйшаў раннем за ваколіцу, і пацягнула мяне ў недалёкі лясок, пад раку, у тыя мясціны, дзе некалі праходзіла маё пастушынае маленства. Ведаў, што наўрад ці асталося навекі памятнае ў тым выглядзе, у якім яно было раней. Аднак вельмі хацелася пайсці туды, агледзець усё і пастарацца знайсці хоць адзін штрышок з таго, што заўсёды хвалюе душу пры ўспамінах, што часта бачыш у неспакойных снах. Лёгкі, відаць, першы ў гэтых месцах, марозік трошкі падбяліў платы на агародах, надаў пругкасць траве на ўзмежках і на выгане. Наступаючы на такую траву, адчуваеш, як яна, нібы жывая, паскрыгвае пад нагамі, сціскаецца, а потым устае. І ступаеш тады ціха, асцярожна. Калі трапляецца маленькая, нават непрыкметная ў траве лужынка, яна хрусне пад абуткам, нібы топкае шкло. I здрыганешся ад гэтага.

Помнілася мне з малых год, што недзе ў гэтым баку павінен быць велікаваты і глыбокі лужок, нібы азярцо. Ён ніколі не высыхаў, ніколі не зацягваўся ржой і тванню. Мы вадзілі сюды пасвіць коней. Калі ўзышло сонца, перада мною бліснуў нейкі лужок, але я не мог зразумець, той гэта ці не той. Вельмі ж хутка я дайшоў да яго, а некалі мы ехалі сюды вярхамі на конях і хоць не паспявалі добра намуляцца, усё ж гопкаліся нямала. Відаць, дарога тады ішла кругам. Вада ў лужку прыстыла так ціха і пакорліва, што, здавалася, — заснула. Усё на плёсе было нерухомае: кволы кусток пашкадаванага вясковымі хлапчукамі аеру, ражэнчык, што не паспеў даплысці да берага, нават самае топкае каліва асакі, нахіленае над вадой. Вербалозніку раней тут было многа, а цяпер толькі адзін нізкі куст, пацягнуты тонкім нетрывалым інеем, быў відзён на супрацьлеглым беразе. Углядаючыся ў далёкі шызы куст, я адчуў, што гэта ўсё ж той самы лужок, толькі змяніўся ён за гэтыя гады, як і ўсё навакол.

Непадалёку ад лужка пасвілася вялікая чарада авечак, а пры самай дарозе сядзела смуглявая дзяўчына. Яна сядзела на ўзмежку і нешта вышывала. Рукі чырвоныя, ледзь не да локцяў аголеныя.

— Вам не холадна? — спытаў я, падышоўшы.

— Не, — адказала дзяўчына і на момант узняла на мяне ўважлівыя цёмна-карыя вочы.

— І рукі не мерзнуць?

— А чаго ім? Пры рабоце не мерзнуць.

Мне няёмка было адрываць дзяўчыну ад работы, таму я намерыўся ісці далей, аднак яна сама раптам паклала на калені сваю вышыўку і, усміхаючыся, нібы знаёмаму, спытала:

— Вы, мабыць, у горад хочаце прайсці?

— Не, — стараючыся асабліва не здзіўляцца пытанню, адказаў я. — Хачу вось у лясок, да ракі. А што за горад вы маеце на ўвазе?

— Ды вунь, — дзяўчына паказала рукою ў той бок, дзе хадзілі яе авечкі, — там будуюць у нас. Выйдзеце на гару, дык убачыце.

Спыніўшыся на гары, якую тут спрадвеку завуць Вялікай, а цяпер яна здалася мне зусім малой, я аглянуў пакрытае лёгкім туманчыкам наваколле. Убачыў сваю вёску ўжо не такой, якою пакінуў яе дзесяць год таму назад. Не нагадвала яна і тую, што помнілася з маленства. Мне здалося, што і стаіць яна не на сваім месцы. Збольшага ўбачыў тое, што дзяўчына назвала горадам: высокі частакол абноскі, насыпы над катлаванамі, вялізныя клеткі цэглы, белай і жоўтай, слупы з манцёрамі наверсе, самазвалы, бульдозеры, аўталаўку на горцы... Я чуў раней, што ў гэтых месцах павінны будаваць вялікі хімічны камбінат і горад, аднак што работы ўжо ідуць, не ведаў. Скасаваўся адразу мой намер пайсці да ракі — я павярнуў на будаўніцтва і прабыў там ледзь не да паўдня.

Калі вяртаўся назад, ужо ні авечак, ні маладой пастушкі не было на ранейшым месцы. Палянка ля лужка нібы асела пасля таго, як з яе апаў іней, а сам плёс пачаў ледзь прыкметна варушыцца, утвараючы нешта падобнае на лёгкія хвалі. На Вялікай гары стаяў самазвал, і маладыя дзяўчаты рыдлёўкамі насыпалі на яго чысты жоўты пясок.

«Усё тут неўзабаве пераменіцца», — падумалася мне. Уяўляліся тыя планы вялікага будаўніцтва, пра якія толькі што расказвалі мне інжынеры. Цяпер дзяўчаты бяруць з гары пясок для фундаментаў тых дамоў, у якіх яны будуць жыць, а потым з нетраў зямлі яны дастануць такое багацце, што заквітнеюць не толькі пяскі гэтых месц, а і многіх іншых. Здавалася, не так даўно я стаяў каля Семігонавага сэдаса і глядзеў на халоднае вуголле, на той абгарэлы сук, дзе некалі вісела Яшава гушкалка. А цяпер на гэтым месцы проста на вачах узнімаецца з зямлі фундамент вялікага шматпавярховага дома.

Эх, Яша, Якаў мой, Якаў! Дзе ты цяпер, як жывеш, што робіш?..

Дарожка цераз палянку ішла пакуль што малаезджаная, але і на ёй было ўжо слізкавата. На вялікай жа дарозе, якая вяла на будаўніцтва, машыны гулі натужна, нават з нейкай жалобай. Шкада было матораў гэтых машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Чым бліжэй падыходзіў я да дарогі, тым больш надрыўным здаваўся мне гул машыны.

Яшчэ зводдаль можна было заўважыць, што адзін грузавік ляжыць наўзбоч у адхоне. Каля яго сныдаецца і часта нахіляецца над маторам нейкі чалавек у чорнай куртцы і, як здалося мне, залішне цыбаты. Убачыўшы, што я бяру напрамак да машыны, ён яшчэ старанней замітусіўся, а потым уголас пачаў лаяць шафёра:

— Хіба гэта вадзіцель! Партач, а не вадзіцель! На вадавознай клячы яму ездзіць, а не на машыне! Мала таго, што тэхніку паламаў, матэрыял пакрышыў, дык яшчэ і кінуў усё тут: няхай бярэ хто што хоча, няхай расцягвае!

У адхоне сапраўды ляжала нейкая частка таго шыферу, што быў у кузаве; можна было меркаваць, што некаторыя лісты і патрэскаліся. Што ж да самой машыны, то ўсякаму было відно, што яна цэлая, бо спусцілася ў адхон, мабыць, павольна.

— А дзе ж ён, вадзіцель? — з трывогай спытаў я. — Можа, з ім што здарылася?

— Што б ні здарылася, — упэўнена адказаў чалавек, — ён не меў права пакідаць машыну з каштоўным грузам. За гэта судзяць. От мне трэба ісці ў трэст, — дадаў ён, паказаўшы рукой на вёску, — а тут стой, пільнуй. Гэта ж добра, што ішоў якраз, убачыў.

— Дык вы ідзіце, — прапанаваў я чалавеку, — а я пабуду каля машыны, папільную.

— А вы адкуль, з Саўнаргаса?

— Не бойцеся, — запэўніў я, — усё тут будзе добра. Я не адыду ад машыны да таго часу, пакуль не з’явіцца шафёр або хто-небудзь іншы.

— Хутка прышлю людзей, — сказаў цыбаты і шырокімі крокамі накіраваўся ў вёску. Ён ні разу не азірнуўся на месца аварыі, але мне здавалася, што я ўвесь час бачыў яго твар белы, даўгаваты і да таго маладжавы, што з першага пагляду не зразумееш, за каго прымаць такога чалавека — за дзецюка ці за дарослага.

Першы грузавік адразу спыніўся, калі я паказаў шафёру на машыну, што ляжала ў адхоне, а астатнім і няёмка было не спыніцца, і не вельмі лёгка абмінуць. Праз некаторы час цэлая калона сабралася каля месца аварыі. Гуртам мы паставілі грузавік на калёсы, выцягнулі яго буксірам; тады я, падзякаваўшы хлопцам за дапамогу, стаў пакрысе падносіць бліжэй да машыны раскіданы ў адхоне шыфер.

Работа мая падыходзіла ўжо к канцу, калі да машыны падбег хлопец у сіняй спяцоўцы і вайсковым бушлаце наросхрыст. Шапка на ім была яшчэ летняя і таксама вайсковая, хоць па ёй ужо нельга было вызначыць былога роду войск. Хлопец паказаўся мне вельмі прыгожым, нават падумалася, што кожнаму ён можа кінуцца ў вочы. Нягледзячы на вялікую зморанасць — а гэта заўважалася ў паходцы, у апушчаных руках з кволымі пальцамі, па потным ілбе з чорным валікам бліскучых валасоў пад казырком, — яго адкрытыя, здавалася для ўсіх на свеце, вочы глядзелі весела і даверліва, вусны раз-пораз збіваліся на добрую ўсмешку, паказваючы роўныя прыгожыя зубы. Убачыўшы мяне з лістом шыферу ў руках, ён быццам бы і не здзівіўся, і не намерваўся распытваць пра што-небудзь. Падышоўшы зусім блізка, павітаўся і працягнуў да мяне рукі, каб узяць мой ліст. Я панёс сваё бярэмца да машыны, тады ён нагрузіўся шыферам асобна. Потым хлопец складваў у кузаве лісты ў штабялькі, а я падаваў. Інстынкт падказваў мне, што юнак збольшага ведае мяне, а сам я ніяк не мог успомніць, бачыў я недзе яго, ці гэта толькі здаецца, што ў ім ёсць нешта знаёмае. Часта бывае так, што зусім незнаёмы чалавек нагадвае некага блізкага.

— Што ж вы так пакінулі на дарозе машыну? — без папроку спытаў я. — Тут быў нейкі малады чалавек, крычаў, абураўся.

— Ногі, як хадулі? — весела перапытаў хлопец.

Я прамаўчаў.

— Гэта Росцік Шыпулька, — упэўнена сказаў хлопец. — Нічога, ён пакрычыць, пакрычыць ды супакоіцца.

— Шыпулька?..

Пры сустрэчы з ім мне нават і ў галаву не прыйшло, што гэта мой аднавясковец, хоць Росцю я трохі ведаў у часы яго маленства. У яго ніводнай рыскі не асталося з дзіцячых год.

— Са мной вялікае няшчасце здарылася, — спакойна пачаў гаварыць шафёр, складваючы шыферныя лісты. — Добра, што ўсё так абышлося. Еду, трымаю скорасць, бо тут сесці можна, калі не ўзяць разгону, бачу — гусі пераходзяць дарогу. Я разлічыў, што яны павінны праклыпаць, пакуль я даеду, але адно гадавалае гусяня, мабыць з перабітымі нагамі, перавальваецца з боку на бок і якраз меціць пад колы. Я ўсю ўвагу на яго, а ў гэты момант, як з-пад зямлі, — хлопчык з дубчыкам у руках. Адкуль ён вынырнуў, зусім не помню, не іначай у адхоне сядзеў. Я тармазнуў, але машына ўжо выскачыла з твані і са слізкага ўзгорачку пасунулася ўперад. Сам ужо не ведаю, як рулянуў у адхон. Заплюшчыў вочы, учапіўся з усёй сілы за руль. Павяло мяне некуды, потым штуршком быццам апусціла ў вельмі глыбокую яму. Нешта затрашчала, загрохала, і адразу ўсё сціхла. Расплюшчыў вочы, патрос галавою — чую боль каля вуха, але нічога — хлопчык у мяне на памяці. Неяк у першы момант і не зразумеў, што ляжу, а не сяджу. Бяруся за бліжэйшую ад сябе ручку дзверцаў, спрабую адкрыць. Куды там — мокрую траву бачу пад шклом. Падаюся да верхніх дзверцаў, сяк-так вылажу. Хлопчык ляжыць тут жа, ля адхону, рукі і світачка ў гразі. Побач — шапка і лазовы дубчык. Я ўпаў перад малым, прытуліўся вухам да грудзей. Чую — дыша, толькі вельмі часта, перарывіста, нібы плач яго давіць недзе там, унутры. Падняў на рукі, адзеў яму шапачку і пабег, не чакаючы нікога. Бег аж да Чырвоных Макаў, да медпункта, наўпрост цераз палеткі, цераз агароды. У дарозе хлопчык задыхаў мацней, а потым пачаў плакаць. «Дзе табе баліць, братка? — спытаў я, — што баліць?» — «Нага, — кажа. — Куды вы мяне несяце?» — «Да доктара, сынок, от ужо хутка дабяжым». — «А што ён будзе рабіць са мною, той доктар? Уколы даваць?» — «Не, не будзе, — суцяшаю малога. — Ён так паглядзіць, што там у цябе на ножцы, ды калі трэба, то перавяжа. Чаго ж ты лез пад машыну, хіба не ведаеш, што нельга выбягаць на дарогу, калі машына ідзе?» — «Я хацеў нашу гуску адагнаць».

Бягу так і радуюся, што хлопчык пры памяці, і сэрца шчыміць ад думкі, што, магчыма, ён скалечаны, што, можа, не ўдасца нічым памагчы яму. На шчасце, урач быў на месцы.

Мы раздзелі малога, урач агледзеў яго, аслухаў. Ножка была цэлая, толькі, відаць, трохі зачапіла яе колам, калі машына сунулася ў адхон. На галёнцы быў сіняк. Калі я расказаў усё, урач выказаў меркаванне, што хлопчык вельмі спужаўся, апынуўшыся ля буфера, магчыма, што яго трохі і задзела буферам. Паслізнуўшыся, упаў і ад спалоху страціў прытомнасць.

Я зноў узяў малога на рукі, і мне раптам уявілася, што ўжо ніколі не пакіну яго і нікому не аддам.

«Чый жа гэта?» — пацікавіўся ўрач. І тады я зразумеў, што трэба несці яго дадому, шукаць матку, бацьку, выслухаць ад іх страшэнную лаянку і праклёны.

«Каторая ж твая хата, ведаеш?» — спытаў я, уваходзячы ў дабрасельскую вуліцу. «Ведаю, — адказаў хлопчык. — Вунь там, з таго канца».

Маці якраз ішла да калодзежа. Угледзела нас, кінула на зямлю вядро, стала і стаіць, як укапаная. Я пазнаў, што гэта Шымеціха, жонка кладаўшчыка з першай пляцоўкі.

«Не бойцеся, — кажу, — ваш Віця (я ўжо ведаў, як завуць малога) зусім хутка паправіцца, у яго толькі на ножцы...»

Жанчына кінулася насустрач, не даўшы мне дагаварыць, выхапіла хлопчыка з маіх рук, а ён абняў яе за шыю і просіць: «Мамка, схадзі гусак прыгані дадому. Яны недзе там, ля дарогі».

Маці засмяялася, а на вачах слёзы. Распытала ў мяне, як усё было, а сама і радуецца, што сынок выратаваны, і скардзіцца на яго. «Гэта ж вось пастух гусячы. Гусачкі для яго даражэй за ўсё. Не адыходзіць ад іх, гатоў бы і спаць разам. Хацела зарэзаць пару, вунь бацьку на полудзень насіць няма чаго, дык не дае. Я, кажа, гэтых гусачак люблю так, як і вас... А як жа вы самі? — пачала непакоіцца жанчына. — Вас хоць нічога, не пашкодзіла?» «Ды нічога», — адказваю ёй, а сам думаю, што яшчэ ж я не разабраўся ў гарачцы, можа, і ў самога што ёсць.

— Машына хоць у парадку мая, як вы думаеце?

— Здаецца, у парадку, — адказаў я. — Тут глядзелі шафёры.

Пакуль я слухаў хлопца, сачыў за яго тварам, у мяне ўсё больш расло перакананне, што гэта — дабрасельскі чалавек і, відаць, нехта з тых, каго я некалі ведаў.

— Вы не Івана Семігона сын? — спытаўся я, калі мы ўжо ехалі на будаўніцтва.

Хлопец павярнуў да мяне твар, усміхнуўся.

— Я думаў, што вы адразу мяне пазналі, бо я то вас ведаю: угледзеў учора і распытаў.

— Значыць, Яша, Якаў Іванавіч?

— Ён самы. Кружыў, блукаў па свеце, ды вось вярнуўся на радзіму.

— І даўно тут?

— З лета. Далі вось машыну, езджу. Можа, адбяруць пасля сённяшняга выпадку.

— У цябе ж яшчэ сястра была? — з асцярогай, якая часта бывае, калі пытаешся пра што вельмі даўняе, прамовіў я.

— Надзя? А яна тут, — весела паведаміў Якаў. — Вунь, авечкі сёння пасе. У іхняй брыгадзе збег авечы пастух, дык яны па чарзе выганяюць.

Я ўспомніў, што нейкая знаёмая рыска мільганула ў гэтай дзяўчыны, калі я размаўляў з ёй, але лавіў сябе на тым, што тут у кожным сустрэчным мне хочацца бачыць знаёмага.

— Надзя ўжо гады два тут, — гаварыў далей Якаў. — Жыла ў цёткі, пакуль жылося, потым цётка памерла, а яе пацягнула сюды, як і мяне. Мы пакуль што ў Антосіхі жывём. Помніце Антосіху?

Цётку Настулю я помніў добра, вельмі паважаў некалі яе мужа, сябраваў з сынамі. Нікога не асталося цяпер у жанчыны, загінулі на вайне і муж і сыны. Мне чамусьці адразу падумалася, што калі ў каго і жыць Якаву ў Дабрасельцах, дык толькі ў Антосіхі.

— Заходзьце вечарком да нас, — папрасіў Якаў. — Пасядзім разам, паўспамінаем. І цётка Настуля будзе рада, і мы.

Увечары таго ж дня зайшоў у хату Антосіхі і доўга размаўляў з Якавам і яго сястрою.

 

 

Зоня

 

Па сваёй службе мне часта даводзілася бываць на будаўніцтве, сустракацца з Якавам і яго сябрамі. Што далей, то ўсё больш і больш блізкімі станавіліся мы адзін аднаму. Якаў нічога не хаваў ад мяне, гэтак жа, як і я ад яго. Ён расказаў мне пра ўсё сваё мінулае, а тое сучаснае, пра што будзе ісці гаворка далей, адбывалася, як кажуць, на маіх вачах.

Пайшоўшы некалі са сваёй вёскі, Яша з дапамогай людзей адшукаў сякіх-такіх родзічаў, але жыў у іх толькі да канца зімы. У сваёй роднай хаце яму было цяжка пасля таго, як не вярнулася маці, а ў чужой дык і зусім не хапала сілы жыць. Асвойтаўшыся з тамашнімі хлапчукамі, ён праведаў, што да аднаго дзядзькі завітваюць партызаны. Падпільноўваў іх некалькі дзён, нарэшце дачакаўся і рушыў неўпрыкметку за імі, калі тыя вярталіся ў лагер. Ішоў да самага лесу, а там употай пацікаваў, куды яны павярнулі. Назаўтра ўзяў акрайчык хлеба за пазуху, насыпаў у кішэні патронаў, тых, што назнаходзіў у розных мясцінах, і з самага ранку падаўся ў лес. Ледзь не цэлы дзень хадзіў, блукаў і ўсё ж натрапіў на адну заставу. Два пажылыя дзядзькі адагрэлі яго ў зацішку каля маленькага агеньчыку, потым адзін астаўся ля кулямёта, а другі ўзяў малога за руку, вывеў на дарогу і сказаў:

— Вось, сынок, бяжы так проста па дарозе і прыбяжыш дадому, пакуль яшчэ не сцямнела. А партызанаў гэт-та ніякіх няма, мы гэт-та лес каравулім.

— Дзядзечка, — пачаў прасіцца Яша,— не праганяйце мяне дадому, бо я ўсё роўна не пайду. Няма мне куды ісці.

— Як жа гэта няма? — запярэчыў дзядзька. Адкуль прыйшоў, туды і ідзі. Хто там у цябе дома?

— Нікога няма, — стараўся хуценька расказаць хлопчык.— Я не з гэтай вёскі, з якой прыйшоў. Я з Дабрасельцаў. А там у мяне няма нікога: бацька на фронце, а матку немцы арыштавалі, і цяпер няма.

Дзядзька рантам памякчэў:

— А як жа звалі тваю матку, ведаеш?

— Чаму ж гэта не ведаю? — ледзь не пакрыўдзіўся хлопчык. — Аксеня. Як гэта можна не ведаць?

— Ну, ёсць такія ў тваім узросце, што і не ведаюць, — заўважыў дзядзька. Затым ён зноў узяў хлопчыка за руку...

Камандзір атрада, былы інструктар райкома партыі, добра ведаў Яшавых бацькоў, па яго заданнях Аксеня і працавала ў падполлі. Хоць і не надта зручна было пакідаць малога ў атрадзе, але камандзір разумеў, што іначай зрабіць нельга. Куды ж сірата пойдзе, у каго гэта хопіць сумлення яго адправіць? Да таго ж, і шкада стала хлопчыка. У самога камандзіра недзе ёсць такі. Ёсць, а можа цяпер ужо і няма. Жонка з дзецьмі паспела выехаць з раёна, а як там далей, невядома. Можа, не здолела апярэдзіць фронт і трапіла ў лапы фашысцкай пачвары.

Камандзір сам потым наглядваў за хлопчыкам, сам даваў яму некаторыя даручэнні, калі малы партызан ужо добра прызвычаіўся да баявога жыцця і мог нават памагаць атраду. Трэба было, дык Яша хадзіў і ў разведку, быў нават у Дабрасельцах. Аднаго разу клышаногі Пятрэся ледзь не злавіў яго, каб не цемрадзь, то можа і не ўдалося б уцячы. Затое самога Пятрэсю хутка партызаны схапілі, бо Яша высачыў, што ў пэўныя дні і нават гадзіны паліцай ходзіць па нейкіх справах у суседнюю вёску.

Пасля таго як Беларусь была вызвалена і атрад, тады ўжо брыгада, з’яднаўся з Савецкай Арміяй, Яшу перадалі ў дзіцячы дом. Тут ён стаў вучыцца, але пачынаць прыйшлося з другога класа, бо як ні стараўся хлопец паказаць сваю партызанскую адукаванасць, на большае не выцягнуў.

Здаваў ён ужо апошнія экзамены за сёмы клас, як аднойчы, зусім неспадзявана для сябе пачуў з’едлівую насмешку адной выхавацельніцы:

— Прывезлі вось гэтакага... А цяпер куды з ім? Жаніць хіба?.. Ды яшчэ і падленьваецца, кажуць настаўнікі...

Праз некалькі дзён Яша сабраў свае манаткі і развітаўся з дзіцячым домам. Выйшаў на шашу, падняў руку першаму ж грузавіку. Шафёр, малады, плячысты хлопец, насадзіў дзетдомаўца ў кабіну, побач з сабою, спытаў, ці ёсць курыва. Яша курыў нішкам яшчэ ў партызанах, але камандзір не раз прабіраў яго за гэта. Нямала было папрокаў і ў дзетдоме, таму хлопец адмоўна пакруціў галавой, хоць махорка ў яго ў кішэні трохі вялася.

Шафёр насмешліва сказаў:

— Што гэта за дзетдомавец, калі не курыць!

Потым уважліва паглядзеў на свайго пасажыра, змераў яго вачамі з ног да галавы і спытаў:

— Куды едзеш, начальнік?

— Сам не ведаю, — ціха адказаў Яша і вінавата ўсміхнуўся.

— Не ведаеш? — весела перапытаў шафёр. — От гэта номер. Значыцца, махнуў з дзетдома і не ведаеш, у які бок падацца?

— Так, — кіўнуў галавою Яша.

Шафёр пасмяяўся, паздзіўляўся з хвіліну, потым рашуча прапанаваў:

— А ведаеш што, начальнік! Хлопец ты, бачу, дзябёлы, рукі, хоць і белыя, але здаровыя. Давай к нам на лесараспрацоўкі! Там прымаюць такую рабочую сілу. А не будзеш дурнем, дык на сваю машыну стажорам вазьму.

Так Яша і апынуўся на лесараспрацоўках. Плячысты шафёр сапраўды ўзяў яго на сваю машыну з прычэпам, але не так стажорам, як памочнікам па ўсялякіх нялёгкіх справах. Яша запраўляў грузавік, сачыў за спраўнасцю прычэпа, напампоўваў скаты пасля таго, як не заўсёды цвярозы шафёр наязджаў на які-небудзь цвік або калючы дрот, па вечарах насіў вёдрамі ваду і мыў машыну.

Мыць амаль заўсёды даводзілася непадалёку ад леспрамгасаўскай канторы. Іншы раз на ганак выходзіла Глафіра, мажная белашчокая прыбіральшчыца і кур’ерша леспрамгаса. Яна садзілася на лаўку і не то са спачуваннем, не то з насмешкай сачыла за Яшавай работай. Яна сачыла і спакойна жавала што-небудзь, а ў Яшы рукі станавіліся як чужыя і ногі ступалі квола, быццам волавам налітыя. Гнаў ён ад сябе няпрошаную думку, але ўсё ж варушылася ў галаве, што вось у гэтай Глафіры рукі белыя, чыстыя і не пахнуць бензінам, як у яго. Нічога не робіць жанчына, толькі прабяжыцца туды-сюды з паперамі і атрымлівае такую ж самую зарплату, як і ён. У партызанах было цяжка, праўда. Але ж то была вайна...

Дацягнуўшы сяк-так да чарговага авансу, Яша зноў сабраў свае, цяпер ужо наскрозь прапахлыя бензінам, манаткі і зноў выйшаў на дарогу. Ехаў цяпер ён доўга, у некаторых месцах прыпыняўся, перасядаў, і сам таго не заўважыў, як апынуўся ў вялікім горадзе. Пачаў хадзіць па вуліцах, прыглядацца, дзе ж тут можа быць тая хоць трохі лягчэйшая работа?

Да змроку, здавалася, увесь горад абышоў, выбіўся на нейкую ўскраіну, а далей ужо і ногі не ідуць. Сеў на лаўку ў якімсьці зарослым скверы, адчуў у целе прыемную палёгку, а ў галаве шумела, перад заплюшчанымі вачамі мільгалі розныя аб’явы, то на слупах, то на дошках. Якіх толькі аб’яў не начытаўся за дзень! Слова «патрабуецца» аж скакала ў вачах. Але ж хто патрабуецца? Машыністкі, рахункаводы, грузчыкі, качагары. Аднаго ён не ўмее, а другое — залішне цяжкае. Пайсці хоць у якую лазню пакуль што?

Разважаў так сам з сабою, думаў і неўпрыкметку заснуў. Прачнуўся ад сыраватай прахалоды і ламоты ў шыі. Кароткая летняя ноч, аднак карак паспеў намуляцца, пакуль пачало днець. Прыляцела нейкая птушачка, маленькая, нібы толькі з яйца, заціліўкала над самай галавою. Хлопец расплюшчыў вочы. Над ім — раскошны калінавы куст, на шырокіх, яшчэ свежых лісцях паблісквае раса. У гусцяжы, асабліва з сонечнага боку, ужо вісяць цяжкія, круглыя гронкі, але яшчэ зялёныя. Угледзеўся Яша ў спакойную засень каліны, і сон у яго адразу знік. Вельмі прыгожая каліна. Некалі расла ў іхнім агародзе, ды не такая, значна меншая. Якой бы яна была цяпер, каб не вайна?..

Цішыня ў скверы, акрамя птушыных галасоў, нічога не чуваць. Пасядзець бы тут, пакуль усё ўсюды закрыта. А паадкрываецца, тады зноў у горад, чытаць аб'явы...

Раптам пачуліся людскія галасы. Нейкія мужчыны гаманілі далекавата, але на золку амаль усё было чутно. Хлопец прыслухаўся.

— Я сам дапамог бы вам, — гаварыў чалавек. — Але ж вы ведаеце, што часу ў мяне няма. Такое няшчасце!.. Яша ўстаў і пайшоў на галасы. Тут ён убачыў, што начаваў не ў скверы, а на могілках, густа зарослых арэшнікам і калінай.

— Вось хіба ён паможа мне, — лагодна засмяяўшыся, сказаў дзядуля, у шырокай навыпуск кашулі і з рыдлёўкай у руках. — Начаваў тут, відаць, пасля добрага кілішка, то няхай і папрацуе за дарэмны начлег. А сам я гэтак хутка не магу.

— Я вас прашу, — звярнуўся чалавек да хлопца. — Такое няшчасце ў мяне...

Якаў паклаў пад арэхавы куст свой клуначак, узяў рыдлёўку і па ўказцы дзеда пачаў капаць...

Пражыў хлапец у гэтага дзеда, вартаўніка могілак, аж да позняй восені. Дапамагаў яму ў рабоце, а стары карміў яго, пускаў на начоўку ды яшчэ і прыплачваў нядрэнна.

Пайшоў шукаць іншую работу толькі тады, калі замерзла зямля. Уладкаваўся ў пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Насіў муку, чорны хлеб, а потым і на булкі быў пераведзены. Адсюль прызвалі ў армію.

Адыходзіў вясною і вярнуўся вясною, толькі не наступнаю, а трэцяю. Некаторыя вуліцы горада аж цяжка было пазнаць, так яны змяніліся за гэтыя гады. Той невялічкай. амаль што загараднай хаткі, дзе ён некалі кватараваў, працуючы ў пякарні, цяпер зусім не было. На гэтым месцы стаяў вялікі двухпавярховы дом, і завулак ад яго ішоў гладкі, асфальтаваны. Спачатку Якаў хацеў зайсці ў гэты дом, пашукаць там сваіх ранейшых гаспадароў, але перадумаў: навошта заходзіць, калі няма яшчэ ніякай работы?

Зноў замільгалі перад яго вачамі розныя аб’явы, як прыкры ўспамін мінулага, аднак цяпер яны ўжо не асабліва хвалявалі. У кішэні шафёрскія правы, атрыманыя ў арміі. Хоць трэцяга класа, хоць на цягачы вымучаныя, але ж правы.

Павярнуў у завулачак, якім некалі хадзіў у пякарню, і закрочыў лёгка, вольна. Ні гразі цяпер тут, ні ранейшых выбоін. Трымаў намер такі: якая трапіцца першая аб’ява на шафёра, туды і пайсці.

Насустрач ішлі людзі, відаць, жыхары гэтага дома, але Якаў стараўся не надта пераймаць іх вачыма. Яму ўяўлялася, што ўсё гэта пекары, а з імі хлопцу не хацелася сустракацца, цяпер неяк сорамна было за сваю ранейшую работу.

Раптам нечы голас зводдаль паклікаў яго. Хлопец азірнуўся, — насустрач няўпэўнена ішла жанчына са свежымі букетамі радыскі ў руках.

— А я ду-умаю, ду-умаю: ён гэта ці не ён? — пявуча загаварыла яна. — Прайшоў, ледзь аб рука-аў не шаргануўся, а не глянуў. Паклічу, думаю, ці аглянецца?

— Я не заўважыў вас, Марыя Нілаўна, — пачаў апраўдвацца Якаў. — Ішоў вось, задумаўся.

— Ды нічо-ога,— без крыўды сказала жанчына.— Чаго мяне заўважаць, старую? Ты ж куды гэта?

— Ды вось, у горад, шукаць работы.

— І з клу-ункам? Хіба ў нас там закрыта? Я ж хлопца дома пакідала.

— Ды я не заходзіў, не шукаў, — ужо нават пачырванеўшы ад няёмкасці, гаварыў Якаў. — Хаткі вашай няма...

— Хаткі няма,— падхапіла жанчына, — а мы ёсць. Пайшлі! Адпачнеш, паснедаеш, — вось радыскі са смятанай прыгатую. Тады і ў горад. У нас цяпер калі не хатка, дык кватэра з двух пакояў і кухняй. А мы ўтраіх, як і раней.

Ледзь не за руку ведучы хлопца дадому, Марыя Нілаўна, былая кватэрная гаспадыня Якава, усё збоку паглядвала на яго, усё з захапленнем гаварыла:

— Ой, які ж ты стаў прыго-ожы, зграбны. І камандзі-ір жа нават нейкі. Што б так армія змяніла чалавека!.. Проста пазна-аць цябе нельга.

 

У горадзе першай трапілася на вочы аб’ява з канторы лесабудгандлю. «Кантора дык кантора», — падумаў Якаў, запісаў адрас і пайшоў. Там пасядзеў трохі ў цемнаватым калідоры, у якім пахла півам, бо непадалёку быў буфет, дачакаўся, пакуль з кабінета выйшлі людзі, і пастукаў. Кіраўнік канторы, добра паголены, але даўно не стрыжаны, сіваваты чалавек, абвёў Якава марудным паглядам, нібы рэч для куплі-продажу, памаўчаў з хвіліну, потым запрасіў сесці. Відно было па яго вачах і па малапрыкметных рухах галавы, што дэмабілізаваны малодшы сержант спадабаўся кіраўніку канторы. Уважліва разглядваючы затым дакументы Якава, ён з поўным даверам у голасе пытаў:

— На грузавых працаваў? Так? Праўда?

І сам жа адказваў:

— Бачу, што на грузавых, на цягачах пераважна. Ну, а ў мяне, брат, легкавая, нават зусім лёгкая — «Масквіч». Можна, вось як нам з табой, падняць яе пры неабходнасці і панесці. Камсамолец?! Не?

 

— Камсамолец, — адказаў Яша. — У арміі ўступіў.

— Так, так...

Вярнуўшы дакументы, кіраўнік канторы ўсім целам нахіліўся да тэлефоннага століка, той жа рукой, што трымаў трубку, набраў нумар і коратка паведаміў:

— Гэта я. Машына будзе праз гадзіну. Трэба? Не? Ну, вось так!

Адарваў з настольнага календара ўчарашні лісток, напісаў там нешта і падаў Якаву.

— Паедзеш потым вось па гэтаму адрасу, а гараж табе пакажуць. Загад аддам зараз жа.

Падышоў Якаў да той машыны, якую яму паказалі ў гаражы, з усіх бакоў агледзеў яе. У параўнанні з тымі маркамі, на якіх ён ездзіў у арміі, яна здалася маленькай і слабенькай, як дзіцячая каляска. Не ўяўлялася нават, як можна залезці ў такую маленькую кабіну.

Загадчык гаража заўважыў яго разгубленасць і, нібыта хочучы дапамагчы, падшпіліў:

— А завесці хоць умееш?

Якаў асцярожна, нібы ў шчыліну, палез бокам у кабіну. Стараўся на вачах загадчыка гаража зрабіць гэта зграбна, быццам маючы ўжо немалую звычку, аднак зачапіў галавою за верхні край кабіны, і новая, хораша абкантаваная шапка зляцела.

Загадчык гаража павольна падышоў і падаў хлопцу шапку.

— Давай старцёр, — абыякава сказаў ён.

Якаў наском бота націснуў на старцёр, а потым пяткай так лэпнуў на газ, што загадчык гаража замахаў на яго рукамі і закрычаў самым адчайным голасам, не шкадуючы, вядома, адборных слоў. Ад страшэннага гулу матора Якаў не чуў гэтых слоў.

— Вылазь к чортавай матары! — закрычаў загадчык, адчыніўшы дзверцы. — Ты што, машыну спаліць хочаш?

Якаў разгублена ўхапіўся за ключык замка, але ён, ужо трохі прыпсаваны, не круціўся. Машына раўла, аж дрыжала, бо ступня ўсё яшчэ нейкім чынам ціснула на газ.

— Вон з гаража! — яшчэ з большым абурэннем крыкнуў загадчык, а сам, здавалася, толькі дакрануўся пальцам да ключыка, і машына заглохла. Якаў, зачырванеўшыся ад няёмкасці, пачаў вылазіць з кабіны і, хоць на гэты раз помніў пра верхні кант, усё ж зноў выцяўся аб яго галавой, і шапка асталася ўжо ў кабіне.

— Ты што? — з самай адкрытай непрыязнасцю насядаў на яго загадчык гаража. — Ты хоць трохі ездзіў калі-небудзь на машынах ці проста па блату атрымаў правы?

— Ездзіў на грузавых, — адказаў Якаў.

Ён стаяў перад загадчыкам без шапкі, апусціўшы ўніз рукі. Тут, вядома, вайсковая звычка мела значэнне, але і загадчык здаўся яму чалавекам, вартым павагі: ужо немалады, грузны, нават лысаваты, як прафесар. Праўда, лаяўся ён не як прафесар, але ж у арміі здаралася, што старшына роты лаяўся яшчэ горш.

— Тут можна надумаць,— ужо трошкі мякчэй працягваў загадчык, — што ты зусім не ездзіў, можа, хіба толькі панюхаў бензіну. Глядзі, як усё гэта робіцца.

Нягледзячы на сваю грузнасць і, здавалася, непаваротлівасць, ён так спрытна і ладна сеў у машыну, што збоку магло ўявіцца, быццам сама кабіна падсунулася і ласкава прыняла яго постаць. Спачатку загадчык шпурнуў з кабіны вайсковую шапку, якую хлопец падхапіў на ляту, а потым лёгенька пстрыкнуў замком, лёгенька націснуў на старцёр, і машына весела і паслухмяна загаманіла.

— Разумееш, у чым тут фокус? — спытаў ён у Якава, падаўшы яму знак падысці да кабіны. — Не трэба ступнішчамі навальвацца, а браць легкатой і ласкай. Машына гэтая далікатная, яна не любіць, калі дакранаецца да яе які-небудзь таптун, а не сапраўдны вадзіцель.

Загадчык раптам засмяяўся, і Якаў адчуў, што гэта не такі ўжо дрэнны чалавек.

— Вось, давай садзіся! — прапанаваў ён хлопцу, а сам проста нібы выскачыў з кабіны.— Садзіся і давай! Скідай боты, калі праз падэшву ты ўсёй гэтай далікатнасці не адчуваеш.

Выехаўшы пасля добрай трэніроўкі з гаража, Якаў прыпыніўся на ражку адной ціхай вуліцы, выцер пот з твару і палез у кішэню па каляндарны лісток. Чорт яе ведае, дзе тая вуліца, што тут запісана?.. Потым жа і правілы гэтыя. На вайсковых машынах усё больш па лесе ды па полі даводзілася ездзіць. Хто там вельмі цікавіўся вулічным рухам? За ўсю службу толькі разы са два трапілася праехаць горадам, дык і то ў калоне.

У запісцы значылася такая вуліца, якой хлопец ніколі і не чуў. «Тут не праз гадзіну прыедзеш, — падумаў ён, — а хоць бы праз дзве. Начальніку, пэўна, ужо званілі».

— Вы не ведаеце, дзе гэтая вуліца? — адчыніўшы дзверцы, звярнуўся ён да чалавека, які ішоў паблізу. Хлопец, усё роўна як непісьменны, падаў чалавеку каляндарны лісток.

Той узяў лісток, дастаў з верхняй кішэні акуляры, прачытаў спачатку адрас, потым перавярнуў паперку і стаў чытаць даты нараджэння і смерці гістарычных асоб. Прачытаўшы, зноў зірнуў на адрас і абыякава сказаў:

— Не ведаю, дзе такая вуліца. Едзьце на праспект, а там спытаеце ў паставога.

Больш ужо Якаў нікому не даваў у рукі лістка, а пытаўся яшчэ некалькі разоў. Пазбягаў толькі сустрэч з міліцыянерамі. Машына ішла лёгка, але ўжо да таго лёгка, што невядома было, як і дакранацца да газу.

Даблудзіўся хлопец да патрэбнага месца ўжо ў другой палове дня. За час пошукаў так прамільгаліся яму назвы вуліц і нумары дамоў, што гэты зялёны дамок, заценены невялічкім садком, Якаў праехаў бы, каб не заўважыў у садку самога кіраўніка канторы.

— А-а, нарэшце! — голасна ўсклікнуў той, пазнаўшы хутчэй машыну, чым шафёра. — Я, відаць, шпарчэй хаджу, чым ты ездзіш.

— Шукаў доўга на першы раз, — вінавата прамовіў Якаў. — Ды і машына чамусьці глохла ў дарозе. Паедзем куды?

— Не, я ўжо, відаць, не паеду сёння, — адказаў начальнік. — Пазваніў намесніку. А вось... Вярушка! Чуеш? — раптам загукаў ён, ступіўшы бліжэй да акна. — Вось яна збіралася некуды ехаць.

Вярушка хутка выйшла, і новы шафёр, як толькі глянуў на яе, падумаў: «Як жа яна ўлезе ў гэтакую машыну?» Непрыкметна забраў з задняга сядзення завадную ручку, якую трымаў напашэве, і ў чаканні першага пасажыра стаў прыкідваць, як ён тут развернецца, як будзе выязджаць на праспект. Мала яму даводзілася ездзіць з пасажырамі, а з жанчынамі, дык і ніколі не даводзілася. Трэба ж так здарыцца: першы пасажыр на новай рабоце, і жанчына. Ды яшчэ каб побач сядзела, а то ззаду. Будзе ўглядацца ў патыліцу, крытыкаваць вушы, валасы...

— А куды мне цяпер ужо ехаць? — грозна спытала жанчына, звяртаючыся да мужа. — Што там ужо ёсць?

Голас яе быў тонкі, але прарэзлівы, з мужчынскімі ноткамі. Гаспадар не сказаў ні слова, і Якаву стала сумна ад прадчування, што з сённяшняга дня начальнікам яго будзе не капітан, іхні камандзір аўтароты, нават не кіраўнік канторы лесабудгандлю, а вось гэтая жанчына. Ён ужо гатоў быў прыняць рэзкае слова і ў свой адрас, аднак жанчына, падышоўшы бліжэй, чамусьці падабрэла.

— Як вас мы будзем велічаць? — спытала яна, лагодна ўхмыльнуўшыся і не спускаючы вачэй з новага шафёра.

— Якавам, — адказаў хлапец.

— О, добра. Яшам, значыць. А мяне будзеце зваць Верай Пятроўнай. Ёсць у нас яшчэ дачка, яна зараз паедзе з вамі. Яе завуць, як і ўсіх тут, Наташа.

Дзяўчына неўзабаве подбегам падляцела да машыны, асцярожна, каб не памяць сваіх складачак, уселася на пярэднім сядзенні і тады стрымана павіталася.

— У педінстытут, — ціха сказала яна, калі Якаў развярнуў машыну.

Ён трохі ведаў, дзе гэты інстытут, — дарога тут яго менш непакоіла. Газ таксама цяпер ужо не так сваволіў, а вось рукі нібы падмяніў хто. Увесь час здавалася, што дзяўчына глядзіць на яго рукі, сочыць за кожным рухам. Цягнула павярнуць галаву і праверыць, ці так гэта, можа, яна зусім у другі бок глядзіць. І не хапала адвагі. Здавалася, што калі хоць на момант адвядзеш вока, то машына абавязкова наскочыць на што-небудзь. А вельмі ж хацелася давезці гэтую дзяўчыну без ніякіх прыгод.

— Чакайце тут, — сказала Наташа, калі Якаў затармазіў каля інстытуцкага пад’езду. Сказала і знікла.

«Каго чакаць? — неяк міжвольна адзначыў у думках хлопец. — Яе ці каго іншага? Чаму б не сказаць: чакайце мяне тут».

Аднак жа стаяць усё роўна трэба. Некалькі хвілін прыемна было адпачыць, а потым паступова находзіла нейкая непераадольная сумота і нават крыўдна рабілася за сваё такое становішча. У арміі рэдка калі даводзілася стаяць на месцы і чакаць. Калі ж даводзілася, то вядома было, каго чакаць і да якога часу.

...На рагу вялікага дома па другі бок вуліцы вісіць гадзіннік. Стрэлкі яго добра відны з таго месца, дзе стаіць машына. Якаў стараецца не глядзець на гадзіннік, адварочваецца ад яго, пачынае ўглядацца ў што-небудзь далёкае. Глядзіць доўга, увесь час яму хочацца павярнуць галаву і хоць адным вокам зірнуць на стрэлкі. Але ён стрымлівае сябе, намагаецца знайсці яшчэ што-небудзь цікавае, хоча нават забыць пра гадзіннік. Нарэшце хлопцу здаецца, што прайшло ўжо вельмі многа часу, ён паварочваецца, з надзеяй глядзіць на гадзіннік і расчаравана апускае галаву: прайшло ўсяго дзесяць хвілін.

І ўсё ж зноў нехаця сочыць за кволымі, лянымі стрэлкамі...

У ціхай вулачцы ўжо гарэлі рэдкія ліхтары, калі Якаў вяртаўся дадому. Адчувалася такая стомленасць, якой ніколі не было ў арміі. Адчуваўся таксама голад. Толькі цяпер хлопец успомніў, што ён з самага ранку нічога не еў. Міжвольна ўзнікала думка, што каб зайсці цяпер у пякарню, то не было б лепшай асалоды. Не толькі здоба, гарадскія булачкі, а і чорны хлеб быў бы найлепшым пачастункам.

Марыя Нілаўна сустрэла свайго кватаранта з трывогай і нават з папрокамі.

— Як жа гэта так по-озна? Мы ўжо думалі, што зусім не прыйдзеш, пакінуў нас. Ваня чакаў-чакаў ды заснуў, бедны.

Ваня — гэта сынок Марыі Нілаўны, вучань сёмага класа. Ён вельмі ўзрадаваўся, калі маці сказала раніцою, што Якаў будзе жыць разам з ім, у адным пакоі. Яшчэ да арміі яны неяк па-свойму, трохі прыхоўваючыся, сябравалі. Можа, таму, што жыў без бацькі, Ваня вельмі любіў Якава, ва ўсім верыў яму і, бадай, вышэй за ўсё на свеце ставіў яго аўтарытэт.

У Ваневым пакоі, ва ўтульным месцы, стаяў акуратны і вузкі, як аднаму спаць, ложак. Пасцель на ім была клапатліва разабрана: высока ўзбітая падушка бялела ў паўзмроку, ражок мяккай коўдры, падшытай прасціной, быў прывабна адкінуты і, здавалася, чакаў, калі яго з асалодай возьмуць у пальцы і пацягнуць да сябе. Глянуў Якаў на гэты ложак і душою адчуў, што ўсё прыгатавана для яго. Можа, нават гэта той самы ложак, на якім спаў ён да адыходу ў армію.

— Дык ты ўжо ста-аў на работу ці не? — спагадліва пыталася гаспадыня. — Можа, цяжка знайсці, то ідзі да нас, у пяка-арню. Там месца заўсёды будзе.

— Знайшоў, — нявесела адказаў Якаў. — Ужо рабіў нават.

І пры ўспамінах, як ён сёння рабіў, пачынала ныць у сэрцы.

У дзверы нехта ціхенька пастукаў,— званка тут яшчэ не было.

— Зо-оня, — радасна сказала Марыя Нілаўна і пабегла адчыняць.

Якаву раптам стала няёмка: сапраўды, была ж тут раней яшчэ і Зоня, дзяўчынка-сямікласніца, вось як цяпер Ваня. Бегала з кароткімі коскамі і часта скардзілася маці на Ваню, таму што той, хоць і меншы, а ледзь не кожны дзень крыўдзіў яе. Харошая ж дзяўчынка, а Якаў нават ні разу не спытаў пра яе. То гэтыя пошукі работы былі вельмі ўжо ў галаве, то вось цяпер сама работа. Магчыма, што і Марыі Нілаўне гэта непрыемна?

У пакой увайшла Зоня, у рабочай спяцоўцы, старанна ачышчанай ад гліны і вапнянкі, у маленькай касынцы-трыкутнічку. Якаў устаў, яна падышла, падала руку і павіншавала са зваротам з арміі.

— Ой, як я стамілася, — пачала яна скардзіцца мацеры, — ледзь не адна ўвесь комін вывела. Анька з Лінкай толькі падавалі мне.

— Дзіва, што стамілася, — паспачувала маці. — Ці твая гэта работа — печы класці? Няхай бы хлопцы вашы...

— А яны — хто куды: хто курыць, хто ваду піць, а мы працуем. Я ўсё хачу ўмець. І печы класці таксама.

— Гэта ж рамантуюць нейкі яшчэ даваенны інтэрнат, — пачала гаварыць маці Якаву, пакуль Зоня недзе там, у ванне, мылася і пераадзявалася. — Ёй-то і не жыць у гэтым інтэрнаце, але ж вось ужо каторы дзень: зранку вучацца, а потым дацямна працуюць.

— А дзе Зоня вучыцца? — не ўтрымаўся, каб не спытаць, Якаў. У першыя хвіліны ён падумаў, што яна недзе працуе.

— У будаўні-ічым тэхнікуме, — не надта задаволена адказала Марыя Нілаўна. — Пасля васьмі класаў туды пайшла. А кім адтуль выйдзе, то я, сказаць табе папраўдзе, і не ведаю.

— Будаўніком і выйду, — весела сказала Зоня, раптам паказаўшыся ў дзвярах ужо ў сукенцы і з прыгожа распушчанымі валасамі. — А што, хіба гэта дрэнна? Будаваць будзем, цяпер многа трэба будаваць!

«Гэта зусім не дрэнна», — гледзячы на загарэлы твар дзяўчыны, падумаў Якаў. Унутры трошкі кальнула ад усведамлення, што і самому трэба было вучыцца. Зоня будзе мураваць дамы, а ён — вазіць Наташу.

— Садзіся вячэ-эраць, будаўнік! — з бадзёрай ласкай у голасе сказала дзяўчыне маці. — Колькі ўжо часу я суп гарачым трымаю! Садзіся і ты, Якаў!

Зоня збегала на кухню, прынесла адтуль талеркі, спрытна расставіла іх на ўжо засланым круглым століку. Потым села перад адной талеркай і неяк зусім проста, нібы гэта быў Ваня, а не Якаў, сказала:

— Ну, садзіся ж.

А Якаву ў гэты момант здалося, што яму ўжо зусім не хочацца есці. Ён бачыў за сталом Зоню і адчуваў, што не можа так проста сесці побач з ёю і ўзяць у руку лыжку. Перад ім нібы тая ж самая дзяўчынка-сямікласніца. Яна такая ж простая, вясёлая і да яго адносіцца, як раней, па-сямейнаму, па-сяброўску. Але ўсё ж ёсць і нешта іншае. Яно прымушае апускаць вочы, калі хочацца нешта сказаць, сачыць за сваімі рукамі, якія, чамусьці, увесь час не ведаюць, куды дзецца.

Падышла, нарэшце, Марыя Нілаўна, паставіла на стол каструлю з супам і ледзь не сілаю зацягнула хлопца вячэраць. Зоня гаварыла пра сваю работу і за вячэрай. Яна адразу папрасіла маці пабудзіць яе ў шэсць гадзін раніцы, бо іхнія дзяўчаты вырашылі папрацаваць заўтра на будаўніцтве да пачатку заняткаў. Потым у яе ішлі розныя планы на летнюю і зімнюю практыку. Планы гэтыя аздабляліся далёкімі паездкамі, цікавымі падарожжамі. Якаў моўчкі слухаў яе і ў душы здзіўляўся: вось жа стамілася дзяўчына, прыйшла ўся ў пыле, здавалася, вочы патухлі ад зморанасці, а настрой вясёлы, гуллівы. Як ні было цяжка сёння, а ёй хочацца ісці на гэтую работу заўтра, і паслязаўтра, і кожны дзень. Пойдзе яна заўтра раненька, а прыйдзе зноў прыцемкам і будзе гаварыць з матуляй звонкім, зусім не стомленым голасам. Маці будзе толькі ўсміхацца і не зводзіць з яе вачэй...

А Якаву не хацелася ісці заўтра на работу. Непрыемна было ўяўляць сустрэчу з загадчыкам гаража, з Верай Пятроўнай, нават з кіраўніком канторы. Прыкра гучаў у вушах гэты катэгарычны, нібы вайсковы загад Наташы: «Заўтра ў восем!» Хлопец намагаўся ўспомніць, ці выпадаў калі ў яго такі дзень, каб яму вельмі хацелася пайсці на работу? Ці была такая раніца, каб ён прачнуўся і адчуў душэўную цеплыню ад таго, што ўжо трэба ісці прымацца за справу? Бадай-што не было яшчэ такога дня, не было такой раніцы...

Хоць і вялікую зморанасць адчуваў Якаў, аднак спаў ноччу неспакойна. Увесь час снілася яму вельмі няўдалая язда на «Масквічу» па разбітай, каляіністай дарозе.

 

 

Голас Марыі Нілаўны

 

«Масквічок» быў ужо не новы, ды і ездзіў Якаў не з асаблівай асцярогай, таму даводзілася часта палежваць пад рысорамі. На гэты ж раз легчы-то ён лёг, нават ключы разлажыў побач, а рамантаваць ужо зусім не хацелася. З-пад пярэдняй восі была відна спусцістая паласа асфальтаванай дарогі, знаёмай, нібы свая вуліца. Ледзь не кожны дзень выпадала праязджаць тут. Машына на тормазе, а там, на спуску, — недароблены мост цераз рэчку. Колькі год ужо людзі аб’язджаюць гэты мост! Едзеш — і цяжка стрымаць машыну, здаецца, што нейкая нячыстая сіла цягне яе проста ў рэчку.

«От, даць бы ёй цяпер волю, — мільгае ў Якава спакуслівая думка. — Вылезці, адпусціць тармазы ды яшчэ папхнуць з горкі. Няхай хоць раз пракоціцца так, як ёй заўсёды хацелася каціцца ў гэтым месцы».

У нейкія моманты Якаву здавалася, што калі ён убачыць аскабалкі свае машыны ў рэчцы, яму самому стане лягчэй, што быццам бы вось гэтая скрыпучая і лескатучая антылопа вінавата ва ўсіх яго цяперашніх непрыемнасцях.

А яшчэ зусім нядаўна ўсё выглядала іначай.

Паступова Якаў прывык да сваёй машыны, стаў не кепска ездзіць на ёй, толькі даглядаць не надта любіў. Кватэра Марыі Нілаўны стала для яго нібы родным кутком, і сям’я кіраўніка канторы ўжо быццам бы не выклікала асаблівай прыкрасці. Перад адыходам дадому амаль кожны раз з’яўлялася прыемнае, радаснае цяпло на душы. І яшчэ больш яно ўзрастала, калі, прыйшоўшы, хлопец заўважаў, што яго тут чакалі, без яго нават не вячэралі. Былі такія дні, калі Марыя Нілаўна працавала ў начную змену. Тады Зоня чакала яго адна, бо Ваня лажыўся рана. Пакуль Якаў умываўся, яна падавала ўсё на стол, і яны разам вячэралі.

Потым прыйшоў такі адвячорак, калі яго, бадай, не чакалі. Доўга сядзеў хлопец на сваім неразабраным ложку, не разуваўся, не раздзяваўся. Душою адчуваў, якая тут магла быць прычына, толькі не верылася, што Зоня і Марыя Нілаўна могуць зазлавацца на яго, перастаць паважаць, — вельмі ж цяжка было ўяўляць іхнюю крыўду.

Калі ў кватэры ўсё ўціхла і Марыя Нілаўна заснула недзе там каля кухні, Якаў падышоў да Зоні і прысеў на крайку яе ложка. Дзяўчына не адштурхнула яго. Яна толькі прыняла руку, калі Якаў дакрануўся да локця, і неяк баязліва пацягнула на сябе коўдру. Потым чамусьці расплакалася. Якаў сядзеў доўга, як ні прасіў, Зоня нічога не гаварыла і ні ў чым яго не папракала. Толькі ўжо калі ўстаў, ціха прамовіла:

— Няхай бы ты сам сказаў мне, што ты з гэтаю самаю...

Той дзень, што надыходзіў, быў выхадны — у Якава не было Наташынага загаду выязджаць, таму ён устаў позна. У кватэры панавала нейкая жалобная маўклівасць. Нават Ваня і той сядзеў, апусціўшы над кніжкай галаву, і на Якава стараўся не глядзець.

Гаспадыня холадна, як закінутага ўсімі родзіча, запрасіла Якава за стол, і калі ён сяк-так, амаль што прымушаючы сябе, паснедаў, сказала:

— У нас, Якаў, больш, мабыць, нельга табе быць. У нас з таго часу, як пакінуў бацька, не было ніякага ашуканства.

Якаў глянуў на Зоню. Яна сядзела на зэдліку, каля свайго ложка і не ўзняла вачэй, нават не варухнула павекамі. Маленькія рукі бязвольна ляжалі на каленях.

Ваня закрыў кніжку, устаў.

— Чаму вы гэтак, мама?

Якаў шырока ступіў да таго месца ў сваім пакоі, дзе вісеў на цвіку яго вайсковы рукзак, ні з кім не развітаўшыся, выйшаў. За ім выбег устрывожаны Ваня:

— Ты яшчэ прыйдзеш, Якаў? Прыходзь! Гэта нічога! Прыходзь!..

Ніводным словам не адказаў яму былы кватарант. Ён нават мала чуў гэтую шчырую просьбу. У яго вушах гучаў спакойны, але поўны душэўнага абурэння голас Марыі Нілаўны: «Мы паверылі табе, а ты...»

Голас балюча свідраваў нутро, ад яго неяк дранцвелі рукі, ногі. Пачынала марачыць у галаве, цямнець у вачах.

«Што ж гэта здарылася? — намагаўся ўсвядоміць Якаў. — Іду, нават бягу з кватэры?.. З той кватэры, якую лічыў амаль што роднай?.. І куды бягу, да каго?..»

Успомніліся словы Зоні: «Чаму ты не сказаў, што ў цябе ёсць другая?»

А хто ж гэта сказаў? Няўжо Марыя Нілаўна штосьці заўважыла ды пусціла ў ход сваю балючую падазронасць некалі пакінутай жанчыны? Якая ж гэта другая, хто яна? У гэты час здавалася, што не існавала ніякай другой. Была толькі Зоня: яна перад вачыма, яна і ў сэрцы.

Потым паступова пачало ўзнікаць у памяці, што, мабыць, усё-такі была і другая, калі ёю папракаюць. Гэта, мабыць, Наташа, дачка кіраўніка канторы. З ёй даводзілася часта ездзіць. Яна амаль заўсёды маўчала ў дарозе, а яе кароткія загады наконт чакання ці падачы машыны абражалі Якава, выклікалі раздражненне. І падачы, і чаканні, і самыя паездкі былі пакутай для хлопца, ён ужо не раз падумваў аб тым, што вельмі нешчаслівая была першая аб’ява на дошцы, што трэба ўсё ж такі перамяніць службу.

І неяк выйшла аднаго разу, што Наташа, вылазячы з машыны, быццам бы зусім знячэўку, прыхінулася да шафёра. Якаў адчуў над сваім вухам яе дыханне, мяккія венчыкі валасоў казытнулі шчаку.

Дзяўчына не аддала на гэты раз ніякага загаду, а толькі глянула на Якава і хораша ўсміхнулася. І хлопец зразумеў, што будзе чакаць яе хоць цэлы дзень.

Па другі бок вуліцы і цяпер відзён быў электрычны гадзіннік. Ён быў нават бліжэй, як раней. Здавалася, што калі прыслухацца, то можна пачуць, як пераскокваюць з адной рыскі на другую стрэлкі. Але час зусім не сцягваўся, і шафёрскі сум, які часта апаноўвае на стаянках, як рукой зняло. Над вухам таямніча лунала Наташынае дыханне. Яно было цёплае, нязведана прывабнае. Ад успамінаў пра мяккія венчыкі загараліся шчокі...

Калі ехаў хлопец з Натаю дадому, яму часамі ўяўлялася, што не едзе ён, а быццам плыве па небе. «Масквіч» быў, як ніколі, паслухмяны, матор яго ўвесь час шаптаў нешта прыемнае і ласкавае...

У той вечар Якаву но хацелася ехаць у гараж, хоць Наташа яго не затрымлівала. Назаўтра ён яшчэ на світанні імчаў на работу, каб хутчэй выехаць з гаража ды над’ехаць да зялёнага доміка...

Наташа ўсё часцей выдумляла ўсялякія прычыны для паездак удваіх. Цяпер ужо Якаў ведаў, што тая першая прыгода ў машыне не была выпадковай. Наташа нахілялася да яго ўжо не раз і нават шапнула аднойчы нешта чароўнае і быццам бы ніколі раней не чуванае. За гарачынёй яе вуснаў Якаў не разабраў слоў.

...Так, гэта тая самая другая. Была яна, ці ёсць і цяпер? Мабыць, ёсць. Якаў сам не заўважыў, як узяў напрамак у той бок, дзе стаяў зялёны домік, не адчуў, як жвавей пайшлі яго ногі...

Дзверы ў прыхожую былі адчынены — домработніца выпускала дым з кухні. Якаў зайшоў без стуку, сеў на канапку, бліжэй да жылых пакояў, і стаў чакаць, пакуль выйдзе хто-небудзь з гаспадароў. Тут сядзеў ён ужо не раз, чакаючы распараджэнняў. У зале ішла бойкая размова. Не любіў Якаў прыслухоўвацца, пра што гаварылі там, у пакоях. Нават калі чуцён быў Наташын голас, дык і то не стараўся разбіраць слоў. А тут галасы проста аж глушылі — гаворка ішла зусім блізка і на поўнай ноце.

— Я ўжо ўсюды была! — з папрокам гаварыла Вера Пятроўна. — Ніхто і слухаць не хоча. Многа цяпер такіх, як я. Вось бацьку прасі, няхай ён сходзіць ці хоць пазвоніць, куды трэба.

— Нікуды я не пайду і званіць не буду! — рашуча заявіў бацька. — Пасылаюць у вёску, і едзь, куды пасылаюць!

— Нікуды я не паеду! — у тон бацьку ледзь не закрычала Наташа. — Не хочаце дапамагчы, сама знайду выхад, а ўсё роўна мяне пакінуць тут!

— Хіба замуж выйдзеш? — без здзіўлення спытала маці.

— І выйду, думаеце не?

— За каго ж ты, хіба за гэтага Якава?

— Хопіць у мяне і без Якава!

— Чаго ж, ён хлопец рахманы, з ім можна, калі ўжо гэтак, і зладзіцца... Потым разыдзецеся, калі застанешся ў горадзе. Скажы яму, што я і на гарнітур не пашкадую, калі будзе такая згода.

— Ты, Вярушка, з глузду з’ехала, — з абурэннем, аднак стрымана сказаў гаспадар, — як гэта можна так гаварыць? Пры Наташы?

А Наташа раптам пачала смяяцца. Яе траскучы, прарэзлівы смех заглушаў бацькаў голас, біў па сценах, па ўсіх кутках дома...

Гэты нечуваны раней смех звінеў у вушах Якава нават і тады, калі хлапец быў ужо далёка ад зялёнага доміка.

Некалькі дзён Якаў нікуды не выязджаў з гаража, тут дняваў і начаваў. Калі даходзіў выклік з зялёнага доміка, прасіў каго-небудзь перадаць, што ў машыне адказалі тармазы.

«Масквіча» сапраўды трэба было рамантаваць, але да яго прыкра было падысці. Таму вось і цяпер, калі, абклаўшыся інструментамі, хлопец ляжыць пад машынай, яму хочацца раптам устаць, шыбануць машыну нагой на спуск, а самому пайсці і век больш не варочацца ў гэты горад, век не сустракацца з тымі людзьмі, якія так бессардэчна абразілі, ашукалі яго, з-за якіх ён сам стаў ашуканцам.

Дзе тое шчасце, якое так прывабна ўсміхалася, чаму яно так імгненна знікла, нібы з’яўлялася толькі ў сне? Над Якавам — разбітая кабрыялеціна. У вушах — вісклівы Наташын смех, а ў душы — сумны голас Марыі Нілаўны. Доўга, мабыць, не змоўкне гэты голас...

Хацелася жыць без натугі, без асаблівых клопатаў, мець белыя рукі і заўсёды насіць чыстую гімнасцёрку, каб Наташы не прыкра было сядзець побач, каб яна не адварочвала свой пераборлівы носік ад бензінавага паху. Гэта здавалася сапраўдным жыццём, нават шчасцем...

Прыпудраны кірпаты носік не быў пакрыўджаны, а вось наконт сапраўднага жыцця трэба яшчэ многа думаць...

Па дарозе снавалі машыны, у адзін бок і ў другі. Якаў часта міжвольна падкурчваў ногі. Ад трохтонак і самазвалаў дрыжаў пад спінаю асфальт. Адзін шафёр на «газіку» праехаў вельмі блізка і траха не зачапіў колам абцас. «Мабыць, вочы сабе заліў», — падумаў Якаў. І, успомніўшы шафёрскую павадку, ледзь не вылаяўся на ўвесь голас.

Шафёр абмінуў «Масквіча», узяў яшчэ больш к адхону і затармазіў.

— Што там у цябе здарылася? — гучна спытаўся ён, вылезшы з кабіны. — Можа, дапамагчы?

— Ды не трэба, — адказаў Якаў, а сам міжвольна здрыгануўся, зняў з гайкі ключ. Голас нагадаў яму некага вельмі знаёмага.

Шафёр з «газіка» падышоў бліжэй, апусціўся на карачкі і заглянуў пад машыну.

— У мяне інструмент добры ёсць, — ужо цішэй сказаў ён.

Якаў маўчаў. Ён углядаўся ў твар гэтага чалавека і не мог паверыць сваім вачам. Чалавек таксама трошкі сумеўся, заўважыўшы здзіўленне і разгубленасць Якава.

— Чаго маўчыш? — не зусім здаволена спытаў ён, і сам пачаў аглядваць былога вайскавіка.

— Павел Іванавіч?! — яшчэ няўпэўнена, яшчэ толькі для праверкі сваіх прадчуванняў, прамовіў Якаў.

Шафёр з «газіка» не надта здзівіўся, відаць, такія нечаканыя сустрэчы былі ў яго і раней, аднак руку працягнуў нерашуча і крыху разгублена.

— Давай, вылазь, салдат, — па-сяброўску сказаў ён. — Зараз высветлім, што тут да чаго.

Якаў жвава, нібы па вайсковаму загаду, устаў, паправіў гімнасцёрку, выцягнуўся.

— Пачакай, пачакай, — стаў нешта прыпамінаць шафёр з «газіка». — Няўжо гэта Яша, наш маленькі партызан?

— Гэта я, таварыш камандзір атрада.

— Якаў, дружа ты мой!

Цяпер ужо здзівіўся камандзір, бо сустрэча была сапраўды незвычайнай. З таго часу, як хлопчык-партызан быў накіраваны ў дзіцячы дом, Павел Іванавіч аб ім нічога не ведаў. Амаль што ніякіх вестак не меў пра свайго былога камандзіра і Якаў. У кожнага з іх жыццё склалася па-свойму. Як пражыў усе гэтыя гады былы партызан, мы ўжо збольшага ведаем, а калі хоць трошкі сказаць пра былога камандзіра, то трэба ўспомніць, што Павел Іванавіч канчаў вайну ў Берліне, потым доўга служыў у паліторганах Савецкай Арміі і толькі з год таму назад выйшаў у афіцэрскі запас.

Былы камандзір і былы партызан паспускалі ногі ў адхон і ўсчалі, седзячы, такую гаворку, што каб не трэба было абодвум ехаць, то прагаварылі б, пэўна, да вечара.

— Дык цяпер, значыць, на гэтай машынцы? — спытаў Павел Іванавіч, даведаўшыся пра ўсё ранейшае Яшава жыццё.

— На гэтай, — сумна адказаў хлопец. Ён хацеў і яшчэ сёе-тое сказаць пра сваю гарадскую работу, але Павел Іванавіч і так зразумеў, што Якаву нельга больш там аставацца.

— А дома ты ўжо быў? — цікавіўся далей Павел Іванавіч. — Там жа цяпер сястра твая. Ведаеш?

— Ведаю, што сястра, — адказаў Якаў. — Даўно ведаю. Але ўсё ж такі гэта не дом. Які гэта дом: ні кала, ні двара, нікога нават са сваякоў.

— А што там вялікае будаўніцтва пачынаецца, чуў?

— Трохі чуў.

— Дык вось, Якаў, — цвёрда сказаў Павел Іванавіч і ўстаў. — Давай, разлічвайся са сваёй канторай і пагазуем заўтра да нас. Хочаш, магу нават заехаць па цябе.

— А вы таксама на гэтым будаўніцтве?

— На гэтым.

— Дык я сам прыйду, куды скажаце.

Назаўтра адвячоркам Якаў ледзь заўважыў, як праляцеў на «газіку» тое месца, дзе ўчора ляжаў пад самім «Масквічом». На душы адчувалася палёгка, а ў памяці ўсё яшчэ гучаў голас Марыі Нілаўны...

За рулём сядзеў Павел Іванавіч, вясёлы, падцягнуты, у зграбным кіцелі.

— Гэта вы ў арміі навучыліся вадзіць машыну? — спытаў Якаў.

— У арміі, — адказаў Павел Іванавіч.

— Я таксама ў арміі...

 

 

Смялейшы будзь!

 

Калі пасля нашай першай сустрэчы Якаў прыехаў у трэстаўскі гараж, Росцік Шыпулька доўга прабіраў яго:

— Хіба сапраўдны вадзіцель можа пакінуць на дарозе машыну? Хіба сапраўдны вадзіцель можа забыць, які груз знаходзіцца ў кузаве? Вадзіцель павінен здалёк бачыць, калі якое гусяня ці што іншае хоча сунуцца пад колы.

Гэтае «іншае» было чалавекам. Маленькім яшчэ, пяцігадовым, але чалавекам. Спачатку Якаву хацелася неяк растлумачыць гэта загадчыку гаража. Калі б хоць на момант забыцца, што гэта Шыпулька, то можна было б і паспрабаваць апраўдвацца. Але як жа забудзеш? Росціка Якаў ведаў даўно. Па свойму заггар праўду гаворыць, а што да якіх там адчуванняў, перажыванняў, то аб гэтым лепш памаўчаць, бо ўсё роўна ён не зразумее. І Якаў маўчаў. Шыпулька накрычаўся, намахаўся рукамі і праз нейкі час таксама змоўк.

Калі назаўтра Якаў выязджаў з гаража, той ужо разважна крочыў ля кабіны і бубніў, нібы сам сабе пад нос.

— Ты не крыўдуй, Яша. Знаеш — служба. З мяне, знаеш, яшчэ больш патрабуюць. Прыходзь сёння ўвечары сюды, пад клуб, то мо пайграю трохі.

«Што на яго крыўдаваць? — падумаў Якаў. — Сёння вярнуся, можа, без ніякіх здарэнняў, а ўсё роўна пакрычыць. Ён на ўсіх шафёраў крычыць, мо таму і лічыцца добрым загадчыкам гаража».

Было яшчэ цемнавата. Каля майстэрні машынапракатнай базы, непадалёку ад гэтага, пакуль што невялічкага гаража, гарэў вялікі ліхтар. Ён быў прыладжаны на такім высокім слупе і меў такі вальтаж, што ноччу нават здалёк на яго цяжка было глядзець. Ліхтар заліваў святлом не толькі майстэрню і частку двара, а і трэстаўскую кузню, што стаіць па другі бок дарогі. У майстэрні яшчэ няма нікога, а ў кузні ўжо звініць адно маленькае кавадла. Да чаго ж знаёмы звон! Пачуўшы яго ўпершыню, Якаў аднаго разу доўга стаяў ля машыны, слухаў. Некалі ў маленстве ён кожны дзень чуў такі ж самы звон. Потым загадка прасвятлілася: у трэстаўскай кузні працаваў той жа самы дзядзька Алесь, які быў некалі калгасным кавалём. Ён перайшоў сюды са сваім уласным кавадлам.

На першай будаўнічай пляцоўцы Якаў павінен быў знайсці прараба і ўзяць у яго нарады на сённяшнія перавозкі. Уключыўшы фары, калі святло ліхтара ўжо не дапамагала, ён на малой хуткасці паехаў туды. Дарога невялікая, тут бы якраз пехатою прайсціся, але ў гэтым, можа, і бяда шафёра, што яму рэдка калі даводзіцца хадзіць пешшу. Каторы ўжо раз тут праязджае Якаў, і заўсёды хочацца спыніць машыну. Калі не пахадзіць тут, не паглядзець на ўсё, дык хоць так пастаяць хвіліну, успомніць гады маленства. Хоць і змянілася тут вельмі многае, але некаторыя рыскі асталіся. Гэтыя рыскі, мабыць, для кожнага чалавека свае, асобныя.

Сёе-тое з даўняга асталося вось і на гэтай дарозе, па якой цяпер зручна ездзіць на будаўніцтва. Масток, магчыма, і падноўлены, але выглядае так, як і раней. Быльнік па краях адхону, слабенькі, узорысты іней на ім, канаўка побач на поплаве, ледзь-ледзь толькі застыглая. Бывала, ніякага свята так не чакалі, як таго дня, калі замерзне гэтая канаўка. Яна вяла аж да Чырвоных Макаў, да самай школы. Якое шчасце было некалі — выйсці на гэтую канаўку з канькамі або хоць з адным самаробным каньком. Па дарозе ідзеш-ідзеш, а па канаўцы не паспееш аглянуцца, як ужо і школа.

Потым жа каля гэтай канаўкі была пратаптана сцежка, калі гестапаўцы ператварылі школу ў турму. Гэтую сцяжынку пратапталі яны ўдваіх з Надзяй, ходзячы да матулі. Канаўка тады толькі яшчэ пачынала замярзаць, але каб і замерзла, то не ў галаве былі тыя канькі...

На пляцоўцы таксама гарэлі ліхтары, але не такія, як каля майстэрні. Тут яны толькі блішчалі, злёгку асвятляючы найбольш важныя будаўнічыя аб’екты. Якаў яшчэ больш прыцішае ход машыны, перад святлом фараў марудна, але паслухмяна расступаецца ранішні наземны туман. Даўно тут усё змянілася, бадай-што і рыскі не асталося ад мінулага, а Якаву раптам уяўляецца, што недзе тут збоку, куды не даходзіць святло фараў, стаіць іхняя хата, з белымі вокнамі, з пеўнікам на лабку. Пярэдняе кола ўпіраецца ў нешта цвёрдае і моцнае. Якаў націскае на тормаз і адчыняе дзверцы кабіны. Яму здаецца, што наехаў на пень грушы-фунтоўкі, якая некалі тут расла...

Не, не груша гэта, а проста вялікі камень, трохі ўмёрзлы ў гразь. Ад грушы і пня цяпер не асталося, ён даўно выкарчаваны.

На пляцоўцы пачыналася ранішняе жыццё, шумлівае, гаманлівае. З Дабрасельцаў і навакольных вёсак прыходзілі будаўнікі, усё больш маладыя, усё з тых, што прыехалі сюды па камсамольскіх пуцёўках. Кожнаму хацелася паздароўкацца з таварышам, а то і слоўцам перакінуцца хоць на хаду — расказаць што-небудзь смешнае ды вясёлае. Якаву цяжка было праехаць за бульдозерамі і самазваламі. Іх маторы часамі глушылі не толькі гаворку, а і самыя гучныя выклікі будаўнікоў самыя высокія ноты ў песнях.

Сярод дзяўчат і хлопцаў рупліва патупваў стары Васіль Тумаш, з блішчастай сякерай за поясам. Гэта дабрасельскі жыхар, і ў яго, вядома, камсамольскай пуцёўкі няма. Ён сам прыйшоў на будаўніцтва. Калі горад быў яшчэ толькі закладзены, стары ледзь не штодня выходзіў за агароды, прыкладваў да лба перавітую маршчынамі далонь і глядзеў у той бок, дзе пачыналася гэтае незвычайнае будаўніцтва. Многа ён будаваў на сваім вяку, але ўсё па вёсках, у вялікім горадзе нават не быў ні разу. А тут побач гэтакі горад! Навастрыў аднаго разу сякеру і пайшоў. Як узлез упершыню на высокія рыштаванні, здалося, што паўсвету адкрылася перад ім. Не мог выняць з-за пояса сякеру, пакуль не агледзеў усё навакол. Вёска адна, другая, трэцяя... Там — знаёмыя хаты... Некаторыя будаваў ён даўно, яшчэ да вайны, некаторыя пасля вайны. Старому цесляру здаецца, што ён пазнае іх па высаце стрэх, па прыгажосці лабкоў. Хто ж гэта не пазнае сваю работу?

Прараба не відно было паблізу, а кладаўшчык Вінцэсь Шымет падбег да Якава, як толькі ўбачыў яго грузавік.

— Ты ўчора прывёз шыфер? — патрабавальна спытаў ён.

— Я, — адказаў Семігон. — А што?

— Пастаў машыну, пойдзем са мною!

Якаў заглушыў матор, хоць мог і не паслухаць кладаўшчыка. Для загадаў хапае іншых начальнікаў. Шымет у гумавых ботах, хоць гразь ужо ўсюды падмерзла, у шэрым лёгкім палітцы, хоць цяпер не пашкодзіла б і што-небудзь цяплейшае, паспешна крочыў па пляцоўцы, раз-поразу пераступаючы цераз цэментавыя пліты, дошкі, лёгка пераскокваючы цераз нешырокія катлаваны. Якаў ледзь паспяваў за ім.

Падышоўшы да таго месца, дзе ўчора быў згружаны шыфер, кладаўшчык пачакаў, пакуль Якаў параўняецца з ім, і паказаў на некалькі патрэсканых лістоў.

— Што гэта такое? — з абурэннем спытаў ён. — Як ты мог прывезці гэтакі матэрыял.

— А як здароўе вашага хлопчыка? — пацікавіўся Якаў.

— Хлопчык хлопчыкам! — падхапіў кладаўшчык. — Я, канешне, дзякую табе за тое, што прынёс малога, але ж гэта — дзяржаўная маёмасць. Разумееш? Учора мяне якраз не было, ты згрузіў. Тут, можа, і лістоў не хапае?

— Можна пералічыць лісты, — заўважыў Якаў. — Сам я перакладваў іх пасля аварыі і бачыў, што ўсе штабялькі былі поўныя.

— Ну, пералічваць ужо не будзем, — крыху падабрэўшы, сказаў кладаўшчык. — Я веру табе. Але ж сам падумай, што такое шыфер для нашага будаўніцтва? Не будзе шыферу — не будзе нічога. А вось сёння ты прывёз некалькі бракаваных лістоў, заўтра, будзем казаць, другі шафёр, паслязаўтра — трэці... Разумееш?

— Ды разумею, — сумна прамовіў Якаў і пайшоў да свае машыны.

Рэйс выпаў далёкі, потым яшчэ пагрузка на месцы зацягнулася, дык вярнуўся дадому ўжо зусім позна. Каля гаража патупваў вартаўнік, стары Талімон, і саступіў з дарогі толькі тады, калі святло фараў апярэдзіла яго. Добра бачыў гэты чалавек, мог яшчэ доўга стаяць на нагах, а слыху добрага не меў. У дабрасельскіх хатах ужо не відаць было святла, цёмнымі плямамі выглядалі і вокны трэстаўскага, а ў недалёкім мінулым эмтээсаўскага клуба.

Якаў ішоў падмарожанай вуліцай, і яму здавалася, што яго салдацкія боты грукаюць вельмі моцна. У хаце Антосіхі свяціліся вокны, але вельмі цьмяна. Можа, гэта ў параўнанні з трэстаўскім ліхтаром так здавалася? Якаву падумалася, што яго чакаюць. Нехта, пэўна, не спіць: ці Надзя, ці сама гаспадыня. А можа, абедзве паснулі, а лямпачку забылі выключыць?

Лёгенька пастукаў у акно, і за фіранкай адразу мільгануў цень. Значыць, чакалі. Пацяплела на душы ад гэтага, на нейкі момант паўстала перад вачыма Зоня, шчырая, вясёлая. Ступіў на ганак, і раптам пазмрачнелі ўспаміны: ці з гэтакай радасцю ступаў некалі на парог таго доміка ў завулку? Ці такая пяшчота была на сэрцы? Мабыць, ужо ніколі не вернеш той радасці!..

Дзверы адчыніла Надзя.

— Чаму ты так позна? — з трывогай спытала яна. — Хіба зноў што здарылася?

— Не, нічога, — шэптам адказаў Якаў, заўважыўшы, што гаспадыня спіць. — Няхай бы ты святло выключыла, а то, бачыш?..

— Я лямпачку хусткай абгарнула, — прашаптала Надзя. — А цётка Настуля казала, што нічога не трэба, ёй святло не замінае.

— Ты што рабіла, чытала?

— Трохі чытала, а потым узялася вышываць.

— I не заснула за гэтым сваім вышываннем?

— Я за вышываннем магу двое сутак сядзець і не засну. Вось мне трэба ўжо да зімовай сесіі рыхтавацца, а я як вазьму ў рукі сурвэтку, дык пра ўсё забываю.

Пакуль Якаў вячэраў, Надзя расказвала пра сягонняшні вечар у клубе. Расказвала ўвесь час шэптам, каб не прачнулася цётка Настуля, але ад такога шэпту цяжка было не прачнуцца. Калі Антосіха ўсё ж такі не чула гамонкі, то, пэўна, ад таго, што ўставала вельмі рана, ды і на ферме тупанні было нямала.

Надзя не магла стрымаць смеху, калі ўспамінала, як Росцік Шыпулька прыйшоў на змярканні да клуба, пачаў граць на гармоніку, а дзяўчаты праходзілі міма і ніводная не захацела танцаваць. Граў седзячы на ганку, пад ліхтаром, аж пакуль рукі не сталі качанець.

— А з шахтбуда хіба ніхто не прыходзіў? — спытаў Якаў. — Валянціна не было?

— Ён прыйшоў пазней, — адказала Надзя. Тут яна знізіла свой шэпт сапраўды да ціхасці, дробненька замаргала густымі чорнымі вейкамі, нібы крыльцамі. — Гэты як зайграе, дык ніхто не ўстаіць. Але не было калі граць — сёння з дэпутаткай сустракаліся.

— З кім гэта?

— Ды вось з нашай суседкай, старшынёй сельсавета. Цікава расказвала. Людзей прыйшло многа, не было дзе сесці.

— Вось хутка пабудуем свой клуб, — заўважыў Якаў. — Гарадскі. А гэта — што за клуб! Для адной МТС некалі будаваўся.

— Пра нашу маму яна ўспамінала, — нахіліўшыся ніжэй над сталом, сказала Надзя. — Я ледзь не заплакала.

— Павел Іванавіч выступаў? — пацікавіўся Якаў.

— Выступаў, — зноў так зашаптала Надзя, што лепш ужо голасам гаманіць, чым гэтак шаптаць. — Таксама ўспамінаў пра вайну, а потым доўга расказваў, які будзе наш горад і як тут усё зменіцца, калі хімічны камбінат пачне даваць мінералы. Сапраўды — пясок усюды, а пад ім — скарбы цэлыя.

Якаў устаў з-за стала, ціха ступаючы па даматканаму палавічку, прайшоўся да парога, потым назад. Позна ўжо было, пара б і спаць класціся, але нейкая трывога на душы не давала спакою, адганяла сон. Цэлы дзень сёння чамусьці ўспамінаўся канторскі «Масквічок», і падчас паходзілі моманты, калі цяперашняя трохтонка крыху нагадвала яго. Увесь час вынырала аднекуль глухая, падсвядомая нездаволенасць то работай, то сустрэчай з кладаўшчыком, то яшчэ чым-небудзь.

— Шкадую, што спазніўся, — ціха пачаў Якаў, калі Надзя стала рыхтаваць яму пасцель на шырокай дашчанай канапе. — Паслухаў бы, што там гаварылі. Люблю слухаць пра мінулае, успамінаецца тады ўсё партызанскае, кожную гадзіну смерць на пяты наступала, а было неяк весела, настрой ніколі не псаваўся.

— Ну, а цяпер чаго ты? — уважліва паглядзеўшы на брата, спытала Надзя. — У цябе ёсць работа, цябе тут паважаюць. Чаго ж яшчэ хацець, не так даўно прыехаўшы?

— Сам не ведаю, чаго хачу, — працягваў Якаў, — але адчуваю, быццам нешта гняце мяне, не дае парадавацца той работай, што зрабіў, або той, што яшчэ буду рабіць. Часта мне здаецца, што раблю не тое, што трэба, або не гэтак, як трэба. І жыву быццам бы не гэтак...

— Сумуеш ты, Яша, — спагадліва прамовіла Надзя, сеўшы на краёк той канапы, на якой толькі што паслала пасцель. — Па ёй сумуеш, і сам, магчыма, не разумееш гэтага.

Якаў змоўк. Ён сапраўды не мог бы ад душы сказаць, сумуе па Зоні ці не. Успамінаецца яна часта, бывае, што доўга стаіць перад вачыма. Але ж амаль заўсёды побач з ёю з’яўляецца Марыя Нілаўна са сваім цяжкім апошнім словам, сямікласнік Ванька з даверлівымі трывожнымі вачыма і нарэшце — зялёны Наташын домік з усім тым, што там было. Іншы раз гэты домік паўстае не ў зеляніне, не ў квецені паўзучага гарошку, а ў полымі. Домік гарыць, а Якаў уяўляе сябе непадалёку і пачынае думаць: трэба тушыць гэтае полымя ці не трэба?..

— Не, не ў гэтым прычына! — быццам бы і зусім рашуча гаворыць Якаў, а Надзя шчыра глядзіць на яго, і на яе свежых таўставаценькіх вуснах зайчыкам бегае ўсмешка. — Не толькі ў гэтым! — папраўляецца Якаў, заўважыўшы недавер’е сястры. — У мяне вось і з работай усё неяк неўпапад. Хочаш як найлепш, робіш, як тваё сумленне падказвае, а радасці мала, таму што ўсё роўна каму-небудзь не дагодзіш. Учора з гэтым хлопчыкам...

— Шымеціха проста не ведае, як аддзякаваць табе за Віцьку, — з запалам прамовіла Надзя. — Кажа, колькі жыцьме, то ўсё будзе памятаць цябе, і сыну накажа, каб памятаў.

— Яна вось так, — Якаў спыніўся каля сястры і таксама прысеў на канапу. — А муж яе, кладаўшчык з першай пляцоўкі?!. Пытаюся сёння, як здароўе яго сына, а ён як сыпане мне цэлую кучу абвінавачанняў! Быццам я наўмысля ўзяў ды грымнуўся ў адхон, каб пакрышыць лісты!

— Я вельмі мала ведаю гэтага чалавека, — разважліва сказала Надзя. — Чула ад цёткі Настулі, што раней ён працаваў тут, у МТС, таксама кладаўшчыком і лічыўся вельмі добрым работнікам. Гавораць таксама пра яго і тое, што некалі нейкі п’янчуга адкусіў яму кончык носа. Бачыў? У яго і цяпер відзён гэты рубчык.

— Чорт яго бачыў! — махнуў рукою Якаў. — Не вельмі я прыглядаўся да яго носа.

— Дык вось, — працягвала Надзя. — На гэтага п’яніцу Шымет падаў у суд. А потым п’яніца прыйшоў да яго на кватэру, прынёс чатырыста рублёў, і кладаўшчык усё дараваў яму, скасаваў справу ў судзе.

— Прадаў, значыцца, свой нос!

— Ну, вось так гавораць.

— Тут цяжка мне, новаму чалавеку, разабрацца, — яшчэ з большай задумлівасцю сказаў Якаў. — Можа потым, як пажыву, больш спазнаю людзей...

— А ты смялейшы будзь! — са шчырай непасрэднасцю перабіла яго Надзя. — От і ў нас у калгасе ёсць такі брыгадзір — Кашкін. Як нап’ецца, дык прыходзіць на поле ў звяно і крычыць, лаецца, на чым свет стаіць. Усё яму не гэтак, усё хочацца пераіначыць, перарабіць па-свойму. А мы на яго як рынемся гуртам, дык ён назад-назад, а потым — дай божа ногі! Толькі і бачылі яго на полі!.. Табе проста стражэйшым трэба быць і, можа, трохі больш верыць у самога сябе, у сваю работу. Ты не гневайся, што я, малодшая, ды вось надумалася раіць табе.

— Чаго ж тут гневацца? — згадзіўся Якаў. — Ты лепш ведаеш тут усё, і добра, што шчыра гаворыш. От яшчэ Павел Іванавіч у мяне... Каб не вы ўдваіх, то, можа, і наогул цяжка было б мне тут прыжыцца.

 

 

Надзя, каго ты любіш?..

 

Прыгожая цяпер дабрасельская вуліца. А ўвосень было гразкавата, бо не прывыкла вуліца да такіх цяжкіх гумавых колаў, да шырокіх уедлівых гусеніц. Выйдзеш часам увечары з двара, абапрэшся на вароты і думаеш, як жа тут перайсці на другі бок у чаравіках, як дабрацца хаця б да клуба? Некаторыя жанкі дык цэлую восень і не пераходзілі вуліцы. Стаіць адна ў сваім двары, другая, насупраць, у сваім, і перакідваюцца слоўцамі так, што аж на будаўніцтве чуваць.

Толькі моладзь, як мясцовая, так і прыезджая, не зважала ні на што. Веласіпеды лёталі па вечарах сюды-туды адзін за адным. І без ліхтароў падчас, і без асаблівага выбару дарогі. На сядле — веласіпедыст, а на раме яшчэ веласіпедыстка. Ніхто ні разу ў гразь не пляснуўся, ніхто не пераносіў свой самакат цераз лужыну ў руках.

Цяпер, пры марозіку, усё тут сцвярдзела, зраўнялася, затым яшчэ сняжку нядаўна падсыпала, дык ужо, ідучы, можаш падумаць, што сапраўдны брук у цябе пад нагамі або нават асфальт. Той самы ліхтар каля майстэрні, хоць і далекавата стаіць, хоць толькі адзін пакуль што, але многа хараства надае вуліцы. А ў вокнах жа таксама электрычны бляск. Іней на платах і на дрэвах так і пераліваецца, так і іскрыцца ад гэтага бляску.

Але ж хіба дагодзіш кожнаму? Якаў аднаго разу стаяў каля свайго двара, калі вяртаўся з работы Васіль Тумаш. Было ўжо нярана, а стары бурчаў некаму, што яму цёмна, як у мяшку, не відно, куды ступаць. І ведаў Якаў, што каму-каму, а Паўлу Іванавічу, які часова кватаруе ў Тумаша, наўрад ці давядзецца сёння спакойна адпачываць. Стары паддасць яму крытыкі, выкладзе нямала сваіх патрабаванняў.

А ці даўно гэты ж самы «крытык» спакойна і звычна мераў гразь на сваёй вуліцы, ды яшчэ, часам, у лапцях, бо хоць і былі ў яго сякія-такія боты, але добрым, з паранага клёну лапцям часта аддавалася перавага.

Пасля Тумашовага гаманку Якаў пачуў у канцы вуліцы спачатку дзявочы смех, а потым і хлапечы стрыманы голас. Здалёку нельга было разабраць, чый гэта голас, тым больш, што ён перабіваўся і іншымі галасамі, аднак Якаў здагадваўся, што гэта Валянцін Палянскі са сваімі шахтбудаўцамі ідзе ў клуб.

Апошнія некалькі дзён Якаў абслугоўваў участак шахтбуда: падвозіў туды цэглу, некаторыя дэталі пад’ёмнай тэхнікі, цэмент. Пакуль згружалася машына, наглядаў за работай. Каля буравых вышак стаялі спецыялісты высокай рукі, і Якаў не вельмі прылягаў да іх. А тыя дзяўчаты і хлопцы, з якімі быў Валянцін, рабілі пакуль што зусім простую справу — бетаніравалі фундаменты пад халодныя ўстаноўкі. Пры дапамозе гэтых установак пазней будзе замарожвацца грунт для праходкі ствалоў.

І вось, як толькі падыдзе Валянцін да якой-небудзь купкі дзяўчат або хлопцаў, адразу там узнімаецца вясёлы смех. Здаецца, нічога і не кажа хлопец, проста возьме часам рыдлёўку і капае, а ва ўсіх адразу мяняецца настрой, кожнаму хочацца засмяяцца або сказаць што-небудзь пацешнае. Скажа хто трапнае слова — Валянцін прыложыць, і пайшоў гуляць вясёлы жарцік па ўсёй брыгадзе. Дакочваецца падчас і да Якава. Раз дакаціўся, другі — Якаў толькі вачамі трошкі ўсміхаўся. А потым пацягнула і яго да гэтых прывабных рознарабочых з вясёлымі характарамі. Стаў ён цікавіцца, што гэта за людзі. Былі там некаторыя з тутэйшых, нават з Дабрасельцаў было некалькі дзяўчат. Але Якаў спачатку нікога не пазнаваў, бо не пазнавалі і яго.

Тут не так важна было тое, адкуль гэтыя людзі, як многае іншае. Працавала моладзь і на іншых участках, добра працавала — Якаў бачыў гэта. Але там не адчувалася таго, што адчуваецца тут. Не ўсё можна выказаць словамі. Ніхто не здолеў бы, вядома, сфармуляваць гэта ў загадзе або ў якім-небудзь цыркуляры. Тут неяк іначай рабілі, як у іншых месцах, іначай спявалі, іначай смяяліся. Магчыма, што ўсё гэта толькі здавалася, а можа, каларыт гэты быў проста мясцовы? Бывае ж так, што дзве вёскі стаяць побач, а людзі жывуць не аднолькава і нават гавораць па-рознаму, хоць і на адной мове.

Цяжка было ўсё гэта вызначыць Якаву, але адна акалічнасць вельмі кранула яго і здзівіла, калі даведаўся пра яе. У абедзвюх брыгадах, што працавалі пад началам Валянціна, толькі адна ці дзве дзяўчыны былі пасля сямігодак і вучыліся цяпер у вячэрняй школе. Астатнія ж усе: і дзяўчаты і хлопцы — мелі сярэднюю адукацыю. Большасць з іх былі завочнікамі вышэйшых навучальных устаноў. Што ж датычыць самога Валянціна, то ён прыехаў на будаўніцтва пасля заканчэння політэхнічнага інстытута. Дыплом у яго з адзнакай выдатніка — па адукацыі ён мог заняць на будаўніцтве немалую інжынерскую пасаду. Яму і прапаноўвалася такая пасада, але хлопец адмовіўся ад яе і пайшоў на пляцоўку майстрам. Тут далі яму дзве брыгады рознарабочых. Што ні дзень, то ўсё іншую работу даводзіцца выконваць: то капаць, то цэментаваць, то цэглаю катлаваны выкладваць. Валянцін і сам робіць разам з усімі, не пахаджвае, заклаўшы рукі за спіну, як часам некаторыя здаравілы-дзесятнікі на рамонце шашы.

У першыя дні Якаў нават не ведаў, што Валянцін тут за старшага. Ён прыкмячаў яго толькі па смеху сярод дзяўчат. А потым, калі аб усім даведаўся, стаў лавіць сябе на тым, што крыху зайздросціць гэтаму хлопцу. Інжынер, а бярэ ў рукі рыдлёўку і капае разам з усімі. Ад таго, што пакапае з месяц ці больш, паходзіць, як кажуць, у радавых, годнасць яго не ўпадзе, затое кіраўнік з яго будзе потым сапраўдны. Міжвольна ўспомнілася, што некалі вось гэтак жа, як цяпер за Валянцінам, ён наглядаў за леспрамгасаўскай прыбіральшчыцай і думаў зусім іначай. Нават ужо і не так даўно, у горадзе пасля арміі, узнікалі думкі зусім не падобныя на цяперашнія. Валянцін, пэўна, шчаслівы і задаволены сваім жыццём, хоць і на работу, і на вечарынку прыходзіць у тым жа паношаным плашчы з паддзёўкай.

І вось цяпер шахтбудаўцы ішлі па дабрасельскай вуліцы. Што бліжэй яны падыходзілі да Настулінага двара, дзе стаяў Якаў, то ўсё выразней чуўся іх бадзёры гоман. Якаў чакаў іх. Сам ён не меў пэўных планаў на сённяшні вечар, а гэтых маладых будаўнікоў, асабліва Валянціна, чаму б не пабачыць, чаму б не прайсціся з імі?

Яшчэ не дайшоўшы да Якава і, можа, нават не заўважыўшы яго, Валянцін прыцішыў крок. Відаць, ён прыпыніўся б тут, калі б і не ўбачыў нікога. А ўгледзеўшы хлопца, нібы нават узрадаваўся, спыніў каля Настулінага двара ўсіх сваіх шахцёраў.

— Пойдзем з намі ў клуб, — звярнуўся ён да Якава. — Там мы табе на рэпетыцыі адну цікавую ролю дамо.

— Якую ж гэта? — усміхнуўся Якаў.

— Калгаснага пастуха. Возьмеш?

Усе гучна засмяяліся.

Не паспеў Якаў прайсці з шахцёрамі і трох двароў, як яго дагнала Надзя.

— Табе ж трэба было да сесіі рыхтавацца, — з дабрадушным смяшком сказаў брат. — Твае падручнікі не заплачуць?

— Вытрымаюць, — без крыўды адказала дзяўчына. — Я хачу іхнюю рэпетыцыю паглядзець.

У клубе ўжо быў Росцік Шыпулька і яшчэ некалькі хлопцаў і дзяўчат з горада. «Гарадскія», як часам тут звалі будаўнікоў з першай пляцоўкі, чакалі шахцёраў. Усе грамадскія мерапрыемствы былі тут сумесныя, таму што будаўнічыя работы праводзіў усюды адзін і той жа трэст. Вакол Шыпулькі згрудзіліся хлопцы, і там раз-поразу ўспыхваў смех. Скрозь гэты смех чуўся і Росцікаў голас, але чамусьці занадта ўзнёслы, са смяшлівымі хрыпінкамі.

— Ну, што гэта за спектаклі цяпер? — пытаў Шыпулька, паглядваючы цераз галовы хлопцаў на Валянціна, які толькі што ўвайшоў.— Усё пра кароў ды пра надоі. Спектакль павінен быць вясёлы, смешны, і каб там артысты былі смешныя, вось, скажам, як я. Праўда?

— Вядома, праўда! — падтаквалі хлопцы.— Ты — добры артыст. Асабліва калі пад чаркаю...

— Я і пад чаркаю і без чаркі магу! — падхапіў Шыпулька.— Некалі ў школе я папа іграў. Хочаце, зараз прадстаўлю вам сапраўднага бацюшку.

— Цікава, — падхапіў нехта з хлопцаў. — Ніколі я не бачыў такога даўгавязага папа.

— Ну, вось зараз пабачыш.

Шырока развёўшы не зусім паслухмяныя ад хмелю рукі, загадчык гаража выйшаў з хлапцоўскага круга і шыбануў проста на заслону. Каля сцэны трохі хістануўся, ставячы доўгую нагу на падмостак, але зноў памаглі рукі: імі ён прыдаваў сабе раўнавагу, як падбітая птушка крыламі. У заслоне трохі заблытаўся, спароў з галавы вушанку, разблытваючыся, потым наступіў на яе і ледзь не бразнуўся са сцэны.

— Зараз я пакажу вам, як папы хрысцяць дзяцей! — урачыста абвясціў Шыпулька.— Наўрад ці вы калі бачылі гэта. Надзя, ідзі сюды! Будзеш у мяне за куму! А ты, Якаў,— за кума! Падайце мне вось гэтую чырвоную трыбуну — будзе служыць амвонам. Заслона-а! — расцяжна закрычаў няпрошаны артыст і на ўсю шырыню расставіў ногі і развёў рукі.

Даўгалэпага хрысціцеля, з прычыны яго залішняй ахмялеласці, хлопцы звялі са сцэны. Пакуль яны там рыхтаваліся да рэпетыцыі, а потым рэпетыравалі, Шыпулька супакоена сядзеў у кутку побач з Надзяй і крыўдліва бубніў:

— Ну, чаму ты не пайшла да мяне на сцэну? Чаму? ЦІ табе цяжка было пабыць некалькі хвілін кумою? Ты ж вясёлая, сама любіш жарты і пацехі.

— Таму, што з п’яным папом дзяцей не хрысцяць, — смеючыся, адказала Надзя. — А ты сёння п’яны.

— Які ж я п’яны? — не згаджаўся Шыпулька. Выпіў адзін сучок, дык што? Зарабляю, то магу і выпіць. Хіба аблаяў каго ці зрабіў што дрэннае? Я, можа, гэтую пастаноўку для таго і выдумаў, каб ты падышла да мяне.

— Я не артыстка, — стрымана заўважыла Надзя. — На сцэне выступаць не ўмею.

— Ага, не ўмееш,— вёў сваё загадчык гаража. — Скажы проста, што не хочаш са мною сустракацца, туляешся ад мяне. Даўно бачу. Няхай вось ён толькі пальцам кіўне, дык і пабяжыш.

— Хто гэта ён?

— Ды вунь! — Шыпулька паказаў на сцэну, дзе Валянцін расстаўляў артыстаў. — Ты дзеля яго і сюды прыйшла. Я ж прасіў цябе ўчора пабыць сённяшні вечар са мною, напрошваўся прыйсці. Дык ты сказала, што нейкі рэферат будзеш пісаць. А вось жа...

— Напісала і прыйшла, — ціха сказала дзяўчына. — А што, можа, мне трэба было ў цябе папытацца, ісці ў клуб ці не ісці?

— Не, ты мне ўсё-такі скажы, — намагаўся Шыпулька. — Прызнайся, а то я збягу з гэтага будаўніцтва: каго ты любіш?

— Нікога, — яшчэ цішэй сказала Надзя.

— Не, я папраўдзе, слухай!

— І я папраўдзе. Якава свайго люблю, а больш нікога.

Якаў тым часам наглядаў за рэпетыцыяй, і ў асобныя моманты яму здавалася, што перад ім сапраўдныя артысты, а не шахтбудаўцы, вельмі цікавы спектакль, а не рэпетыцыя. Ва ўсіх удзельнікаў былі ў руках сшыткі з адпаведным тэкстам, але яны мала і заглядвалі ў гэтыя сшыткі. Калі дзе хто крыху запінаўся, Валянцін адразу падказваў. Сваю ж ролю ён вёў зусім па памяці.

«Калі ён усё гэта вызубрыў?» — падумаў Якаў, а праз некаторы час задаў гэтае ж пытанне аднаму шахтбудаўцу, што сядзеў побач.

— А ён і не зубрыў, — з навагай да свайго майстра адказаў той.— Памяць у яго такая, што два разы прачытае і помніць. От бачыш жа: ён тут і суфлёр, і рэжысёр, і галоўны артыст. Зубрачы, гэтага не зробіш.

«А як бы я іграў таго самага пастуха, што ён мне прапаноўваў?» — нечакана ўзнікла ў Якава пытанне. Ён паспрабаваў уявіць сябе на сцэне, побач з гэтымі артыстамі ды артысткамі перад вачыма многіх людзей. Ці здолеў бы ён што-небудзь сказаць у такіх умовах, ці трымалася б у памяці тое, што трэба? Наўрад. Хутчэй за ўсё — павыскоквалі б з галавы патрэбныя словы і лыпаў бы тады вачыма, намагаючыся ўлавіць Валянцінаву падказку.

— А пастух тут ёсць, у гэтым спектаклі? — зноў звярнуўся Якаў да свайго суседа.

— Ёсць, — адказаў хлопец. — Хутка паявіцца.

— Хто ж яго тут іграе?

— Ды ўсё ён пакуль што, Валянцін. Сумяшчае.

Якаў нічога не сказаў на гэта, хоць неяк падсвядома адзначыў для сябе гэтае быццам бы недарэчнае тут слова «сумяшчае». У спектаклі, мабыць, усё можна сумяшчаць.

«А слоў многа там?» — хацеў яшчэ спытаць у суседа, але, падумаўшы, вырашыў, што не варта больш пытацца пра спектакль, бо ўсё роўна гэтая ношка не па яго плячах.

Пасядзеўшы яшчэ з паўгадзіны, ён выйшаў з клуба, каб не раздражняць сваю душу. Пайшоў ціха па вуліцы. Надзя асталася, ну, няхай сабе астаецца. Сядзіць з Росцікам, а выскачыла на голас Валянціна.

Каторы ж ёй бліжэйшы?..

 

 

«Ночка цёмна ды нявідная...»

 

Не, зусім не гэтая ночка. Гэтая ноч, ці, лепш сказаць, позні вечар, быў нават залішне светлы. Можа дзе там у лесе, каля рэчкі, было і цямней, а тут, проста над самымі Дабрасельцамі, з лагоднай усмешкай плыў вясёлы поўнік, высозныя ліхтары шахтбуда гарэлі неяк асабліва ярка, і гарадок ззяў нібы перад якой урачыстасцю. Пад нагамі ў Якава прыемна і свежа парыпваў снег, нязлосны, без ветру марозік гулліва пашчыпваў вушы, трошкі сціскаў шчокі. Для чыіх шчок і вушэй гэта, можа, і немалы марозік, а для Якава — амаль зусім непрыкметны, бо ў апошнія часы рэдка выпадаў той дзень, каб не быць у паездцы, ды яшчэ ў далёкай, з познім вяртаннем.

Якаў радаваўся свайму вольнаму вечару, было жаданне як мага лепш выкарыстаць яго. І, можа, таму вечар мог прайсці якраз не надта добра. На рэпетыцыі не ўсядзелася, і тут доўга не паходзіш адзін: вуліца хоць і светлая, але бадай-што пустая ў гэты час.

...Нечыя крокі зашуршалі непадалёку. Якаў заўважыў постаць, але не на вуліцы, а на той палавіне агародаў, што ледзь не даходзілі да гарадка. Нехта ішоў з будаўнічай пляцоўкі агародамі дадому. «Няхай сабе ідзе: ці мала рабочых жыве ў Дабрасельцах?» Падышоўшы бліжэй, пазнаў Вінцэся Шымета, і яшчэ менш надаў гэтаму значэння: кладаўшчыку найбольш работы на пляцоўцы, ён можа вяртацца і зусім позна.

...У канцы вёскі, там, дзе не так даўно раскатваўся вясёлы смех шахтбудаўцаў, пачуліся таксама галасы, але стрыманыя і з перапынкамі. Відаць, людзі спяшаліся дадому і на хаду перакідваліся толькі найбольш неабходнымі словамі. Ці не паглядзець, што гэта за людзі?..

Сярод іх быў Павел Іванавіч. Убачыўшы Якава, ён прыадстаў ад сваіх спадарожнікаў, павітаўся з хлопцам за руку.

— Куды ты, на ноч гледзячы? — добразычліва спытаў і пачаў даставаць з кішэні папяросы.

— Нікуды, — адказаў Якаў. — Так сабе праходжваюся. Толькі што на рэпетыцыі быў у клубе.

— Ну і як там у іх? Выходзіць трохі?

— Па-мойму, добра выходзіць, — пахваліў Якаў. — Гэты самы Валянцін — проста артыст. Усё ў яго так гладка...

— Ён не толькі артыст, — падхапіў Павел Іванавіч, — ён наогул добры культработнік. Але шкада адрываць хлопца ад спецыяльнасці.

— Справіцца па сумяшчэнню, — заўважыў Якаў і ўспомніў, што нядаўна чуў гэтае слова. — Што гэта за людзі былі з вамі? — пацікавіўся Якаў, калі яны, не спяшаючыся, пайшлі ўздоўж вуліцы.

— А гэта вячэрнікі, — неяк залішне хутка, нібы здзівіўшыся пытанню, адказаў Павел Іванавіч. — Тут частка з калгаса, а большасць нашы, будаўнікі. Хіба ты нікога не пазнаў?

— Я неяк не звярнуў увагі, — прызнаўся Якаў. — Ішоў, думаў пра сёе-тое, пасля ўбачыў вас.

— Гэта нашы вячэрнікі, — паўтарыў Павел Іванавіч, — народ, варты таго, каб іх заўважаць і паважаць. От яны цэлы дзень працавалі, а ўвечары — на занятках. Гэта сёння яшчэ рана пайшлі дадому — аднаго ўрока не было. А то кожны раз — амаль да дзвюх гадзін ночы. Ды не які-небудзь вечар у тыдзень, а чатыры вечары. Некаторым яшчэ ісці кіламетраў за пяць. І ходзяць. Тут розныя людзі і па ўзросту, і па рабоце. Некаторыя брыгадзіры вучацца, а то — работнікі райкома партыі. Ён некалі скончыў партыйную школу, а дакументаў за дзесяцігодку не мае.

— З шафёраў, мабыць, ніхто не вучыцца? — спытаў Якаў і чамусьці ўздыхнуў, быццам даўно быў упэўнены, што іначай і быць не можа.

— Вучыцца адзін, — нечакана адказаў Павел Іванавіч. — Праўда, ён на машынапракатнай станцыі, там трохі лягчэй планавацца з часам. Але ходзіць хлопец у дзевяты клас. Ды што я кажу: хлопец. Сямейны чалавек ужо: жонка і двое дзяцей. Вучыцца найлепш і, наколькі мне вядома, не прапусціў яшчэ ніводных заняткаў.

— А восьмага класа там, мабыць, няма?

— Ёсць восьмы. — Павел Іванавіч збавіў крок і павярнуўся да Якава. — Але давай будзем бліжэй да справы. Я адчуваю, што цябе непакоіць, не адзін раз і сам пра гэта думаў. Ты хочаш вучыцца, праўда?

— Мне вельмі трэба вучыцца, — пацвердзіў Якаў, — але як гэта зрабіць, як спланавацца пры маёй рабоце? Пачытаць што-небудзь я мог бы іншы раз і ў дарозе: бывае, што сядзіш некалькі гадзін ля машыны, пакуль прыйдзе чарга грузіцца. А вось як хадзіць на заняткі? Прыязджаю амаль кожны дзень позна. Наогул, графік маёй работы нейкі не ўладжаны.

— Гэта трэба ўладзіць, — упэўнена сказаў Павел Іванавіч. — Я пагавару з начальнікам работ. Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Пагавару таксама з дырэктарам школы. Няхай прымуць цябе хоць вольным слухачом пакуль што. Ты ж спазніўся. Канешне, на першых часах нялёгка будзе, але пачнеш вучыцца, уцягнешся, і ўсё стане на сваё месца. А школа тут добрая, настаўніцкі калектыў харошы. Я сам іншы раз заходжу на ўрок, саджуся і слухаю. Нядаўна быў на занятках па гісторыі: вёў урок наш тутэйшы настаўнік, з Дабрасельцаў. Павінен сказаць табе, што ні адной лекцыі ў вышэйшай школе я не слухаў з такой цікавасцю.

Якаў ішоў моўчкі, нават ступаць намагаўся ціха. На яго нахлынулі далёкія ўспаміны. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Здавалася, што на свеце няма лепшага і прыгажэйшага чалавека. Нябожчыца маці кожную восень гаварыла: «Яшчэ годзік пачакай. Яшчэ... А там і пойдзеш ужо, будзеш вучыцца...»

А потым, пасля вядомага ўжо страшнага выпадку, Якаў думаў, што, можа, на працягу ўсяго свайго жыцця не здолее падысці да гэтай школы. Вельмі доўга стаялі ў памяці вокны, пераплеценыя калючым дротам, звілістая сцежка каля акон, па якой і днём і ноччу тупаў узброены вартавы. Нарэшце — вочы матулі ў акне, апошні яе пагляд...

І вось цяпер давядзецца ісці ў гэтую школу, магчыма, нават у той клас, у якім некалі фашысты катавалі маці. І цяжка падумаць пра гэта, і не вучыцца нельга...

— Як жа там умяшчаюцца людзі? — адчуўшы, што Паўла Іванавіча занепакоіла такая задумлівасць, спытаў Якаў. — Класы маленькія, ды і колькі іх там.

— Цеснавата,— згадзіўся парторг. — Гэтая школа для нас — толькі часовы прыпынак.

— І святла няма, — уставіў Якаў.

— Няма і святла, — Павел Іванавіч сказаў гэта з выразнай ноткай абурэння. — Гэта сапраўды чорт ведае што! Куды ні глянь, усё навокал электрычнасцю заліта, а ў школе вячэрнія заняткі праводзяцца пры закураных лямпах. Заўтра думаю ў раёне пагаварыць наконт гэтага.

— Многа яшчэ ўсякіх непаладак у гэтым калгасе, — нібы ўспомніўшы тое, пра што даўно хацелася сказаць, пачаў Якаў. — Вось і Надзя і Антосіха, гаспадыня мая. часта гавораць. Вельмі ж адсталы ён быў раней. Землі тут пясчаныя, неўрадлівыя, ды са старшынямі не шанцавала. Спадчына асталася такая, што цяпер, хоць і стараюцца людзі, а ўсё роўна ёсць промахі і недагляды...

— Рукі яшчэ да ўсяго не даходзяць, — заўважыў Павел Іванавіч. — Я, калі пачынаю думаць пра гэта, дык, па праўдзе сказаць, перш за ўсё віню самога сябе. Няма ў нас добрага суседства з мясцовымі камуністамі, актывам, інтэлігенцыяй. І вы, камсамольцы, трымаеце сябе падчас неяк ганарыста, адасоблена ад вясковай моладзі. Помню, на саракагоддзе камсамола: сабраліся ў клуб, паставілі кантралёраў пры ўваходзе, а тутэйшым камсамольцам, нават настаўнікам, ніводнага білета не паслалі.

— Я таксама не трапіў на той вечар, — сказаў Якаў. — Тады чамусьці толькі адзін актыў пускалі.

— Ну вось. Тады актыў, другі раз — пасіў, а то проста збяруцца, танцуюць, а вясковыя хлопцы і дзяўчаты па падвоканню туляюцца... Да чаго я гэта гавару, — працягваў Павел Іванавіч. — Нам трэба працаваць у большым кантакце: калгаснікам з намі, а нам з імі. Тады лягчэй будзе пераадольваць усё цяжкае. Вось пра школу мы гаварылі. Пакуль што, вядома, трэба зрабіць усё для таго, каб тут і будаўнікі вучыліся. А потым адкрыецца ў нас свая сярэдняя школа. І не толькі школа. Будзе ў нас столькі розных курсаў і вучылішчаў, што і тутэйшыя і самыя далёкія прыйдуць сюды вучыцца. Мне заўсёды радасна за вас, маладых, і падчас робіцца крыху сумна, калі падумаю аб сабе, аб маім пакаленні. Мы і ў маладосці і ў сталасці, на жаль, не мелі такіх шырокіх магчымасцей для вучобы, для росту. То войны, то цяжкасці ўзнаўлення. Іншы раз так хочацца скінуць з сябе хоць гадкоў дваццаць ды ўліцца ў вашу бурлівую шарэнгу...

Параўняўшыся з Настуліным дваром, Павел Іванавіч па-сяброўску развітаўся з Якавам і трошкі больш жвавым крокам пайшоў у напрамку свае кватэры. Якаў ведаў, што ён яшчэ не пойдзе на кватэру, а спачатку завітае ў клуб, пацікавіцца, як прайшла рэпетыцыя, што камсамольцы плануюць на заўтра. Там, у клубе, можа трапіцца пад руку яшчэ якая-небудзь важная справа, і Павел Іванавіч забудзе, што яму таксама трэба адпачыць. Можа, якія хлопцы прыехалі на работу і ім няма дзе пераначаваць? Павел Іванавіч пойдзе па хатах, самымі ласкавымі словамі будзе ўпрошваць гаспадынь прытуліць будаўнікоў. Не ўпросіць, дык аддасць сваю маленькую бакоўку, а сам зноў пойдзе да каго-небудзь у падсуседзі. Ёсць дзеці ў чалавека, ёсць жонка. Сумуе Павел Іванавіч па іх, часам пакутуе ў адзіноце, але нікога сюды пакуль што не бярэ — кожны метр жылплошчы вельмі патрэбны будаўнікам...

Надзі яшчэ не было дома, Якаў паслаўся на сваёй канапцы і лёг. Заўтра яму трэба было рана ўставаць, аднак сон чамусьці не адольваў. Быў бы час у Паўла Іванавіча, дык пагаварыць бы з ім яшчэ. Неяк адразу святлей усюды робіцца, калі пагаворыш з гэтым чалавекам, менш потым апаноўваюць розныя супярэчлівыя думкі. Ходзіць чалавек — гаспадар па сваёй зямлі, і поступ яго такі прываблівы, што хочацца, узмахваючы рукамі, крочыць за ім. І, пэўна, успамінаецца гэтаму чалавеку, як па гэтай жа зямлі, вось тут, каля Дабрасельцаў, была праліта яго кроў у цяжкай барацьбе з фашысцкімі паганцамі. Тады Якаву ўдалося першаму падпаўзці да яго, жгутом са свае кашулі пераціснуць нагу вышэй раны...

 

Якая ўчора была відная ноч, такая сёння цёмная. Снег валіць такі, што фарамі прабіць нельга. Якаў адчувае, што машына ідзе ўсё цяжэй і цяжэй. Мякка і слізка робіцца пад коламі, ды ў кузаў, мабыць, наваліла цэлыя тоны. А ў кузаве, пад брызентам — аконнае шкло ў цалёвачных скрынках. Пры вялікім ціску зверху ды пры хуткай неасцярожнай яздзе можна толькі аскабалкі прывезці на будаўніцтва.

Якаў трымае зусім малую хуткасць. Матор раздражнёна бурчыць, зрываецца на скрыгаценне, а шафёр не можа даць яму палёгкі нават і з горкі, бо вельмі мала бачыць перад сабою, усяго толькі на якія два-тры крокі.

«Ночка цёмна ды нявідная...» Даўно-даўно была пачута гэтая песня, яшчэ, мабыць, ад маці, а можа, ад бабулькі. А цяпер чамусьці ўспомнілася яна. Можа, гэта сумны і часамі нават жалобны гул матора нагнаў яе? А можа, цемра і непагадзь такая, што за ўсё жыццё падобнай не прыпомніш? Ехаць яшчэ далёка, і час не ранні. Трэба збіраць у адно ўсе свае сілы, каб не падвялі вочы, не самлелі рукі, а даўняя невясёлая песенька лезе ў галаву, і ніякай рады не дасі. Няхай бы які-небудзь марш, якая-небудзь «Лявоніха», а то старасвецкая сумная песня...

...Наперадзе мост, той самы недароблены мост, у які аднаго разу хацелася сапхнуць «Масквіча». Цяжка нават вызначыць, хутка будзе гэты мост ці яшчэ няхутка? Асцярожнасць патрэбна яшчэ большая. Калі ж гэта прыедзеш дадому? Вось табе і першы палёгачны рэйс, вось табе і першы дзень вячэрніх заняткаў...

Як ні рана Якаў сёння ўстаў, Павел Іванавіч усё роўна апярэдзіў яго. Ля гаража ён сеў побач у кабіну і, пакуль яны ехалі да канторы начальніка работ, паведаміў, што пабываў ужо на кватэры дырэктара школы і дамовіўся наконт вучобы. Сёння Якаў павінен быў вярнуцца дадому да васьмі гадзін вечара і пайсці ў школу. Рэйс далі нецяжкі, усё належным чынам спланавалі. Толькі бюракратаў не ўлічылі, якія затрымалі Якава на базе, ды не прадбачылі страшэннага снегападу. Выязджаючы з горада, Якаў думаў, што хоць гадзін у дзесяць прыедзе дадому і паспее яшчэ на якія два-тры ўрокі, а цяпер усё паказвала на тое, што і да поўначы не прыграбешся да месца.

Хаця б груз завезці цэлым...

Змрочная і нават дзіўная пустата на шашы. Няма стрэчных машын, ніхто не наганяе, не абганяе. Няўжо сённяшнія шафёры былі такія разумныя, што не паехалі ў гэтакую непагадзь, няўжо ўсім можна было не ехаць? Хаця б лягкач які паказаўся: газік з двайною цягаю ці дарожная цыбатая «Пабеда». Ёсць жа такія начальнікі, што не захочуць начаваць не дома.

Вось, пэўна, ужо і масток. Якаў спыніў машыну, каб лепш прыглядзецца, узяць правільную арыентацыю. Масток замошчаны для праезду толькі напалавіну, гэтая палавіна вузкая. Калі трохі збочыш, то трапіш на занесеныя снегам брусы і можаш саслізнуцца ў рэчку. Магутныя фары новай трохтонкі крыху варушылі густую снежную завесу толькі спераду, а па баках нічога нельга было ўбачыць, нічога нельга было разабраць. Якаў выйшаў з кабіны, паспрабаваў прайсці некалькі крокаў уперад, выявіць знаёмыя прыкметы перад мастком на адхонах. Тут ужо даўно валяліся цэментавыя слупы, каменне. Цяпер усё гэта было занесена снегам, але ўсё ж такі Якаў намацаў іх нагою. Вярнуўшыся, убачыў, што на кузаве такі велізарны каптур, нібы цэлую снежную гару нехта ўзваліў на машыну. Было відно, што калі яшчэ так праехаць, то не толькі шкло не вытрымае, а і рысоры наўрад ці астануцца цэлыя.

Якаў дастаў з-пад сядзення рыдлёўку і, стаўшы на падножку, пачаў скідаць з кузава снег, а мокрыя снежныя камы зверху проста асядалі на яго шыі, прыкрытай сёння стракатым шалікам (Надзя прымусіла ўзяць гэты шалік), на плячах, на ўсё яшчэ летняй вайсковай шапцы. Цёплая сцёганка, таксама яшчэ з вайсковага камплекту, была ўжо ўся белая, канцы рукавоў пачыналі макрэць.

«Ці памятае хто, каб валіў тут, у нас, гэтакі снег?!» — думаў Якаў, старанна ўзмахваючы рыдлёўкай.

Выбраўшы ў снежнай гары яму, ён залез у кузаў і стаў спіхваць снег цэлымі глыбамі. Хутка ўбачыў на дарозе далёкія водбліскі фараў — нехта ехаў з горада. Адразу стала весялей: шафёр у цяжкай дарозе — брат родны. Святло набліжалася і ярчэла даволі хутка, але раптам згасла. Якаў крыкнуў і замахаў рыдлёўкай. Ён нават забыўся, што цяпер нікому нічога не відно.

Святло не паяўлялася. «Можа, што здарылася з чалавекам ці з машынай?» — падумаў хлопец, але потым рашыў, што ў такім выпадку шафёр падаў бы голас. Тут ужо можна пачуць голас, адлегласць невялікая. Значыць, не хоча вадзіцель пад’язджаць бліжэй — убачыў чырвоны сігнал і спыніўся. Ну, калі так, то няхай стаіць, ёлуп.

Якаў згроб з кузава снежны каптур, абтросся збольшага сам і сеў за руль. Памаленьку пераехаў масток, потым крыху больш націснуў на газ. Здалося, што машына пайшла трошкі лягчэй: некалькі кіламетраў можна праехаць, а там зноў прыйдзецца ваяваць са снегам.

За сабою Якаў нічога не бачыў. Люстра яго ўвесь час залеплівалася снегам, а высоўвацца з кабіны было і нязручна і рызыкоўна. Машына ж за мостам не выходзіла з памяці. Праехаўшы яшчэ крыху, ён усё ж такі ўзяўся трохі ўбок і затармазіў. Вылазіць не хацелася, бо і так былі мокрыя каўнер, шапка, рукавы. Заглушыўшы матор, адкрыў кабіну і пачаў прыслухоўвацца, ці не чутно на дарозе гулу. Не пачуўшы, высунуўся, паглядзеў назад: святла таксама не відно было. І толькі працягнуў руку да ключыка замка, як ля вуха быццам хлестануўся нейкі абрывак не то крыку, не то моцнага стогну. Зноў прыслухаўся, ужо насцярожана, трывожна. Крык паўтарыўся, але вельмі ўжо глуха. Якаў хутка выскачыў з кабіны і пабег да мастка. У занесенай снегам рачулцы ляжала дагары коламі грузавая аўтамашына. Яна яшчэ чарнела, снег не паспеў абяліць яе і згладзіць контуры. Калі Якаў скочыў на раму, пярэдняе кола яшчэ нават круцілася. Па стогну чалавека зразумеў, што той у кабіне. Учапіўшыся рукамі за кола, шуснуўся ў снег. На шчасце, лёд, падмацаваны снегам, трымаў. Захлынуцца тут нельга было, хоць і праваліўся б лёд, аднак пакупацца давялося б і яму, і таму, хто ў кабіне.

— Трымайся, брат! — гукнуў Якаў, пастукаўшы кулаком у зачыненыя дзверцы кабіны.

Потым і рукамі, і нагамі пачаў разграбаць снег, які быў яму ледзь не па вушы.

— Пацярпі, брат, крыху, пацярпі! Ты там адзін?

У кабіне стала зусім ціха: ні адказу, ні стогну. Яшчэ старанней узяўся хлопец разграбаць, пашкадаваў, што не прыхапіў з сабою рыдлёўку. Але цяпер ужо не было калі мчацца па яе: дарагой была кожная хвіліна. Можа, зайшоўся чалавек ад кантузіі і перапалоху, а можа, ён там прыціснуты чым-небудзь і не можа паварушыцца, вымавіць слова?

Снежная яма ля кабіны хутка глыбела і расшыралася. Нарэшце Якаў з усёй сілы налёг на ручку і пацягнуў дзверцы на сябе. Праз шчыліну, якая ўтварылася пасля першага штуршка, дыхнула на яго спіртным перагарам, а потым з кабіны пачала высоўвацца ўскудлачаная галава. Якаў пацягнуў дзверцы яшчэ, схапіў мокрымі, скачанелымі рукамі кудлатую галаву і раптам адхіснуўся, прыняў рукі: галава здалася яму вельмі гарачай і слізкай. Памогшы чалавеку выбрацца з пасткі, Якаў нырнуў у перавернутую кабіну і пачаў шукаць яго шапку, каб накрыць магчыма пашкоджаную галаву. Абмацаў раскіданы інструмент, дамкрат, ледзь не парэзаў рукі аб патрушчаныя пляшкі, а шапкі не знайшоў. Калі зноў павярнуўся да чалавека, той сядзеў ужо ў снезе, як у пярыне. Галава яго адразу стала белая ад верхняга спору. Якаў надзеў яму сваю шапку і ўзяў пад пахі.

— Стаяць можаш? — спытаў ён, прымяркоўваючы, як падсадзіць чалавека на кузаў машыны, а адтуль на мост.

Чалавек не адказаў, аднак крыху выпрастаўся ў нагах і прытуліўся плячом да пярэдняга ската.

Калі яны ішлі ўжо да Яшавай машыны, чалавек раптам выціснуў з сябе хрыпучае і спалоханае:

— Якаў, гэта ты?

Семігон у здзіўленні спыніўся, крыху адхіліў ад сябе чалавека, якога ледзь не валок на плячах, і стаў углядацца ў яго твар. Нічога нельга было разабраць у страшэннай цемры: нейкія вельмі невыразныя абрысы трохі вылучаліся, бо на твары снег раставаў, але нікога знаёмага яны не нагадвалі. Голас таксама нічога не падказваў, таму што наогул ён мала быў падобны на чалавечы.

— Хто ты? — затармашыў Якаў шафёра.— Адкуль ты мяне ведаеш?

Чалавек зноў не адказаў нічога, толькі засоп больш трывожна і цяжэй узваліўся на Яшава плячо. У кабіне ён бездапаможна ўткнуўся тварам у куток між дзверцамі і спінкаю сядзення, сціснуў далонямі заснежаныя скроні і пачаў скуголіць, нібы пакрыўджанае шчанё:

— А масы-ы-на? Дзе мая масы-ы-на?..

— Машыну тваю заўтра выцягнем, — сказаў Якаў і раптам насцеражыўся. Такое сэканне было яму трохі знаёмае: адзін чалавек заўсёды сэкаў, калі добра напіваўся. Але, можа, тут проста супадзенне нейкае, бо таго чалавека лёгка было б пазнаць.

Якаў уключыў святло. Чалавек яшчэ больш уціснуўся ў куток, хоць у гэтым цяпер ужо не было ніякага сэнсу; відаць, толькі інстынкт самааховы ці сорам прымушалі яго туліцца.

— Ты, Росцік?

Якаў узяў яго за плечы, лёгенька адцягнуў ад дзверцаў.

— Як жа гэта здарылася? Што ў цябе баліць? Можа, перавязаць дзе трэба? Пакажы галаву.

Ён зняў з Шыпулькі сваю шапку і пачаў аглядаць яго кудлы, шыю, вушы. Сінія гузакі відны былі на лбе, падцёкі — ля скроняў, а на самой галаве нічога небяспечнага не заўважалася. Магчыма, валасы закрываюць, у Шыпулькі густыя канапельныя валасы.

Якаў стаў паціху абмацваць галаву, але Росцік маўчаў, толькі соп, як кавальскі мех, і нібы ўсхліпваў.

— Не баліць тут, тут?

Росцік квола пакруціў галавой.

— А што ў цябе, скажы?

— Плечы вельмі баляць, — ледзь вымавіў Шыпулька, — і ногі.

— Гэта ты выцяўся, як ляцеў з моста. А пералому няма? Дай паглядзім! Сагні нагу, разагні! Цяпер гэтую!

Шыпулька паслухмяна выконваў усё, што загадваў Якаў.

— Хутчэй дадому, — рашуча сказаў Семігон і націснуў на старцёр. — Цябе трэба ў бальніцу.

— А як жа мая масына? — зноў спытаў Шыпулька. — Давай паспрабуем выцягнуць ды возьмем на буксір.

— Ты не бачыш, што на двары? — ужо крыху з раздражненнем спытаў Якаў. — Тут самі можам не даграбціся, а не то што яшчэ з адным грузавіком. Яго і не выцягнеш нашымі сіламі — трактар патрэбен. Што там у цябе ў машыне?

— Ды нічога,— ціха адказаў Шыпулька.— Гэта я ў горад да родзічаў ездзіў. Пазванілі, што там цётка пры смерці, матчына сястра.

— Ну, і як жа яна?

— Ды выжыве, чорт яе не возьме, а вось самому што цяпер рабіць? Гэта ўсё маці мая: паедзь ды паедзь, праведай. Выперла проста.

— А чаму ж і не паехаць? — насцярожана сочачы за дарогай, заўважыў Якаў. — Мог нават сесці са мною. Пакуль я там чакаў гэтага шкла, ты дваццаць цётак абышоў бы.

— Я спачатку не думаў ехаць, а потым...

— Чаму ты спыніўся перад мостам, калі заўважыў сігналы маёй машыны?

— Бо не хацеў, каб ты мяне бачыў.

— Чаму гэта?

— Транспарт узяў без дазволу, — з пакаяннем у голасе загаварыў Шыпулька. — Не было якраз начальніка. Ды хто б гэта дазволіў браць грузавік для асабістых спраў. Цяпер, вядома, мне не апраўдацца.

— Дык трэба было хоць ужо не піць, — рэзка папракнуў Якаў.

 

 

Бывае, што і глухі пачуе

 

Пакуль Росцік Шыпулька падлечваў свае бакі і ногі, Якаў нешта каля месяца выконваў абавязкі загадчыка гаража. За гэты час ён уладкаваўся са сваімі вячэрнімі заняткамі і блізка пазнаёміўся яшчэ з двума харошымі чалавекамі: кавалём дзядзькам Алесем і вартаўніком гаража Талімонам.

Я таксама добра ведаў гэтых людзей, памятаў іх яшчэ са свайго маленства. Талімон многа год быў у Дабрасельцах пастухом, пасвіў каровы. Слава аб ім ішла далёка, і перш за ўсё — за дзівосны голас. Калі гукне, бывала, на світанні: «Каровы выганяй!», дык не толькі кожная гаспадыня ў Дабрасельцах пачуе, а ў добрую пагодлівую раніцу нават пастухі суседніх пасёлкаў усхопяцца, на бягу праціраюць вочы. І пачыналася ў іх тады своеасаблівае спаборніцтва, хто мацней гукне. Талімон браў першае слова спаважна і на сярэдняй ноце, а калі пераходзіў на другое, дык падымаўся ўсё вышэй, вышэй і даваў такі прастор свайму голасу, што ён гучным водгуллем разліваўся па ўсёй ваколіцы. Гэта была сапраўдная песня, яна мела нават сваю мелодыю, хоць усе варыяцыі грунтаваліся на адным слове «выганяй». Склады «выы-гаа» гучалі ўрачыста, але спаважна. Яны служылі нібы ўступам да асноўнай мелодыі. А тая патрабавала ўжо толькі апошняга складу «няй», які спачатку пераходзіў у «аа-аа, аа-аа...», а потым — у «го-го, го-го...» і нарэшце завяршалася моцным акордам на складзе «гу». За гэта вясковыя хлапчукі некаторы час звалі дзядзьку Талімона «гусь», але неўзабаве адступіліся ад гэтай мянушкі. Пастухова песня на золаку была такая прыгожая і так ім падабалася, што ўсе яны стараліся ўставаць як мага раней, каб не прапусціць гэтай песні. Да таго ж яшчэ вялікай радасцю было пабыць у дзядзькі Талімона чарговым падпаскам.

Талімонава мелодыя шанавалася ў Дабрасельцах, яна ж служыла і пэўнай прыкметай дня. Калі пастух спяваў вельмі хораша і голас яго гучаў чыста і звонка, то гэта перш за ўсё азначала, што пачынаўся ясны, пагодлівы дзень. Калі ж голас крыху здаваў і чуліся ў ім хоць маленькія хрыпінкі, то людзі і надвор’я чакалі нядобрага і адразу высвятлялі, у каго Талімон сталаваўся (пастух у Дабрасельцах начаваў і сталаваўся па чарзе ў кожнага, хто меў карову). Кепска Талімон спяваў, значыць, гаспадыня была кепская, дрэнна пакарміла.

Потым сталі людзі заўважаць, што пастух асабліва хораша і весела спявае, калі кватаруе ў светлавокай удавіцы — Тэклі. Гадоў у сорак прыстаў Талімон у прымы, стаў хоць бедным, але гаспадаром, уступіў неўзабаве ў калгас і вось пагадаваў з Тэкляй дзяцей, памог кожнаму з іх выйсці на сваю дарогу.

Калі ж гаварыць пра дзядзьку Алеся, то ён запомніўся мне па іншых цікавых асаблівасцях. Бывала, калі мы, яшчэ падлеткі, вадзілі пасвіць у лес коней, дзядзька Алесь таксама іншы раз адрываўся ад свае кавальскае справы і далучаўся да нас. Пасвіў ён толькі на ранках, бо ўдзень яго ўжо не пускала кузня. І вось дзядзька каваль заўсёды здзіўляў нас тым, што за адну толькі раніцу мог сплесці вялікі кош і пару лапцей. І не то што з гатовага матэрыялу ці з чыёй дапамогай! За гэтую ж раніцу ён упраўляўся надраць з-пад маладога сасняку карэння, абчысціць яго, падрыхтаваць для работы, затым выразаць з ядлоўцу дужкі і спіцы, абстругаць і адпаведна пагнуць іх.

Мы абсядалі дзядзьку Алеся з усіх бакоў і сачылі за спрытам яго рук, уменнем не траціць дарэмна ніводнага руху. У нашых вачах ён быў нейкім чарадзеем. Кожны з нас, для таго каб сплесці невялічкі кошык, на ранках драў і чысціў карэнне, затым, на другіх ранках ці ўдзень, калі выпадала павесці коні, лазіў па ядлоўцавых кустах і шукаў дужак, потым падпарваў іх на агні і гнуў. Часам удавалася добра сагнуць, часам не ўдавалася, але калі за дзве раніцы кош быў пачаты, то гэта лічылася пэўным поспехам. Такі канапас, абвешаны маткамі карэння, спаважна ехаў праз усю вёску і з гонарам паглядаў на пукатыя рэбры свайго новага каша. Зусім жа гатовы кош ён вёз не раней, як праз два-тры дні. «Што ні тыдзень, то кош», — казалі пра самых старанных і спрытных канапасаў.

А дзядзька Алесь спраўляўся з усім гэтым менш чым за адну раніцу. Зацягнуўшы зубамі апошні карэньчык ля верхняй спіцы, каваль з усмешкай адкідаў ад сябе гатовы, здавалася, яшчэ гарачы, прыгажун-кош. Мы падхоплівалі яго ледзь не на ляту і аглядвалі, абмацвалі, ці правільна ўсё зроблена, ці няма тут якога тандэту. І яшчэ больш здзіўляліся, калі бачылі, што і змайстравана ўсё найлепш, і па форме дзядзькаў кош не ўступіць ніводнаму нашаму.

Пакуль мы аглядалі навінку, руплівы каваль вастрыў аб гладкі камень свой складаны нож. Гэты нож быў у яго вялікі, з тоўстым драўляным тронкам, каб трымаць было добра, і блішчаў лязом на сонцы, як свежаадбітая каса. Мы і на гэты нож з зайздрасцю паглядвалі, бо кожны з нас ведаў, што дзядзька каваль зрабіў яго сам. А калі сам зрабіў, то, пэўна, няма на свеце больш вострага нажа. Можа, таму і стружа ён так хутка і гладка.

Падвастрыўшы гэты свой цясак, дзядзька Алесь адыходзіў на нейкі час ад гурту і вяртаўся з цэлым бярэмем светла-жоўтай, яшчэ вільготнай ядлоўцавай кары. Тут жа хуценька раўняў яе, абкантоўваў, і пакуль хто-небудзь з нас абвяшчаў: «Коні браць, коні браць!», у яго ўжо была гатова пара лапцей.

Я рад быў, калі даведаўся, што Якаў блізка сышоўся з дзядзькам Алесем і Талімонам. Пра іх у Дабрасельцах ніхто не мог сказаць кепскага слова. Талімон адступіў ад цяжкай работы, таму што паслабеў здароўем, а дзядзька Алесь і цяпер кожны дзень на досвецці прыходзіць у трэстаўскую кузню і пачынае дробненька і рупліва званіць у сваё кавадла. Горан у яго ўжо даўно электрычны, механізаваны, а кавадла старое, купленае некалі за ўласныя сродкі.

Вядома, цяпер ужо няма ў дзядзькі Алеся такога незвычайнага спрыту ў рабоце, які быў раней, аднак жа рукі яго ходзяць яшчэ спраўна і ўпэўнена: адчуваецца тая ж дакладнасць, жвавасць у рухах, прафесійны ўклад. Якаў часта заходзіў у кузню ранічкаю, калі дзядзька Алесь быў там яшчэ адзін, садзіўся дзе-небудзь збоку, каб не замінаць, і сачыў за кавальскай работай. За дзядзькавым майстэрствам цікава было паназіраць. Стары каваль браў якую-небудзь новую і даволі складаную работу, перш чым пачаць яе, глядзеў нават у чарцяжы. А потым усё ішло так лёгка, нібы ён, гуляючы, паўтараў даўно вядомае. Не верылася, што і пад яго малатком — жалеза, а ўвесь час хацелася думаць, што чалавек мае справу з воскам.

Іншы раз Якаў прыносіў што-небудзь з машыны. Сам ён там мала што мог разабраць, хоць апошнія месяцы многа займаўся тэхнікай: і чытаў, і ў маторах штодня пароўся. А стары каваль браў гэта ў рукі і, хоць ніколі раней у вочы яго не бачыў, адразу прасіў падаць адвёртку. Праз хвіліну ён ужо тлумачыў, што тут не на месцы і як яго трэба паправіць. Тлумачыў і паказваў чорным ад вугалю пальцам. За гэтым працавітым пальцам уважліва сачылі яго вучні, у большасці дабрасельскія хлопцы, сачыў і Якаў. Несучы потым наладжаную частку ў гараж, Семігон не мог надзівіцца ўмельству звычайнага каваля, такога здатнага самавучкі. «Даць бы такому чалавеку навуку, — з захапленнем думаў ён, — самалёты сам выдумляў бы, незвычайныя машыны».

І трошкі зайздрасць брала да тых хлопцаў, што працуюць разам з кавалём. Каб была такая магчымасць, чаму б і самому не павучыцца ў гэтага чалавека? Можа, не так рабоце, як уменню любіць сваю справу. Ужо даўнавата ў Якава пачало выспяваць перакананне, што тэхніка — яго суджаная дарожка. Часам здавалася, каб ён стаў побач з дзядзькам ля горна, то любіў бы сваю работу, можа, яшчэ больш, як сам каваль.

У гаражы хапала ўсялякай вазні, таму падоўгу бываць у кузні было не лёгка. І ўсё ж, што дзень далей, то ўсё больш цягнула Якава да старога майстра. Прачынаўся хлопец яшчэ прыцемкам і пачынаў услухоўвацца: дзынкае ўжо старэнькае кавадла ці не. Калі да слыху далятала гэтае, здавалася, сапраўды музычнае дзынканне (хата Антосіхі стаяла недалёка ад кузні), Якаў больш не мог заснуць, хоць па сваёй рабоце можна было ўстаць і крыху пазней. Хутка адзяваўся, снедаў і бег у кузню. Тут, пакуль збіраліся ў гараж шафёры, пакуль разагравалі машыны, Якаў стараўся чым-небудзь памагчы дзядзьку Алесю.

І той ахвотна прымаў яго дапамогу, нават ахвотней, чым ад сваіх штатных памочнікаў. Пэўна, адчуваў каваль, што гэты малады шафёр бліжэй душою да ўсяго тэхнічнага, чым прыстаўленыя да яго хлопцы. Да таго ж, ён ужо меў нешта ў руках — добра вадзіў машыну. У гэтым дзядзька Алесь трохі нават падзайздрошчваў Якаву. Бывалі такія часіны, што кавалю самому хацелася навучыцца ездзіць. Ды каб не абы-як, а па-сапраўднаму. Абы-як ён не любіць рабіць нічога.

Неяк яшчэ ўлетку, ідучы з абеду, каваль убачыў, як чырванамакаўскі поп ехаў па вуліцы на матацыкле. Імчаўся так, што аж кудлы развяваліся ззаду.

«Калі поп авалодаў гэтай хітрасцю, — падумаў дзядзька Алесь, — то чаму ж не паспрабаваць мне?» І, прыйшоўшы ў гараж, угаварыў Шыпульку, каб той дазволіў яму хоць раз сесці за руль. Росцік сеў побач, паказаў, як заводзіць, пераключаць скорасці, і чалавек адразу ўсё ўцяміў. Яшчэ Шыпулька не скончыў сваю лекцыю, як каваль завёў грузавік і рушыў з месца. Хоць са штуршком на першы раз, але рушыў. Ледзь не грудзьмі ўзлёгшы на руль, выехаў з гаража, узяўся на дарогу і тут адчуў, што і рукі млеюць, і вочы слаба свецяць. Вылез з кабіны потны і засмучаны. Цяжка было прызнацца сабе, што прайшлі ўжо тыя гады, калі ўсё, што задумваў, мог зрабіць адразу. Каля горна, на звычнай рабоце — яшчэ нішто, а за рулём бадай-што і рукі мацнейшыя трэба, і ногі, і вочы больш вострыя.

І ўсё ж, калі выдаваўся такі дзень, што Якаў даўжэй затрымліваўся ў кузні, стары распытваў у яго пра розныя складанасці язды: што там за натура, скажам, у легкавой аўтамашыне, што яна любіць пры рабоце і чаго не любіць? Разглядаў потым знойдзены недзе чарцёж хадавой часці «Масквіча» і таксама цікавіўся кожнай дэталлю.

— Вось гэтую я мог бы зрабіць, — гаварыў ён. — І гэтую, і яшчэ, бадай, некаторыя. На астатнія ж інструменту не хопіць пакуль што.

— А каб быў патрэбны інструмент, то ўсё зрабілі б? — з цікавасцю пытаўся Якаў.

— Матора, канешне, не зраблю, — задумліва адказваў дзядзька Алесь, — колаў не зраблю, а астатняе, каб гэта крыху раней, як вочы лепш бачылі, то зрабіў бы ўсё.

Часта ў кузні адбываліся і больш працяглыя гутаркі і з большай колькасцю ўдзельнікаў. На дварэ сцямнее, усе разыдуцца з гаража, з рамонтнай майстэрні, а стары Талімон у гэты час прыходзіць на варту. Зойдзе ў гараж, агледзіць, які транспарт на месцы, якога яшчэ няма, тады кідае позірк на дзверы кузні. Бывае, што блішчаць шчылінкі ў дзвярах, таму што там гарыць святло, а бывае, што і не блішчаць. І ўсё роўна Талімон падыдзе да дзвярэй. Чалавек ён начной работы, а па характару свайму — лагодны, кампанейскі, любіць сустрэцца з людзьмі, пагаманіць. А дзе іх сустрэнеш ноччу? Вось і ідзе стары ў кузню. Тут яго і клубы, тут яго і сходы, тут усё. Калі свецяцца шчыліны, значыцца, там некалькі чалавек, калі ж не свецяцца, то сядзіць адзін каваль ды, пэўна, Якаў, калі ў яго не вучэбны вечар.

Сапраўды, рэдка быў той вечар, каб у кузні не збіраліся пасля работы людзі. Тут, мабыць, дзейнічаў даўні вясковы звычай. У Дабрасельцах ужо не тая кузня, што была раней, не тыя і кавалі, аднак жа сабрацца ў кузні ды ў ахвоту папасмяяцца, пажартаваць, падзяліцца навінамі любяць вяскоўцы і цяпер. І не толькі вяскоўцы. Бывае, што сёй-той і з шафёраў, і з рабочых майстэрні, нават з будаўнікоў раптам возьме ды і не пойдзе ў клуб, а прыйдзе ў кузню і сядзіць. Хіба ў клубе пачуеш тое, што можна пачуць тут? У кузні гавары колькі хочаш, каб толькі смешна было і цікава. На любую тэму могуць узнікнуць тут самыя незвычайныя ўспаміны, самыя вострыя параўнанні і, вядома, самыя смешныя анекдатычныя навіны.

Зайшла гутарка, скажам, пра мінулае — і калі ласка: Талімон можа расказаць пра Тумашову пярэстую кабылу, якая, пры ўсёй сваёй нікчэмнасці на выгляд, мела надзвычайную хітрасць, і каб ускорасці не здохла, то дайшла б, мабыць, да разумення чалавечай мовы. Васіль Тумаш некалі цягнуў воз гною на гэтай кабылцы цэлага паўдня, бо, выйшаўшы з возам з двара, кляча адразу ж спынялася і чакала, пакуль падыдзе на дапамогу гаспадар. Васіль падыходзіў, браўся за гуж (канешне, у літаральным сэнсе), і так клыпалі яны ўпрыпрэжку аж да вялікай гары. Там пярэстая зноў спынялася.

— Ну, чаго ўжо? — злосна пытаў гаспадар.

Кабылка паварушвала хвастом.

— Но-о! — тузаў Васіль за повад, а сам аж слізгаўся босымі нагамі ў пяску, цягнучы за гуж.

Пярэстая і не краналася з месца.

— От, каб цябе ваўкі зарэзалі, каб ты была выдахла, падла натурыстая! — зганяў чалавек у лаянцы злосць. А потым кідаў воз і ішоў шукаць дзе-небудзь якой травіцы ці хоць руні каліва, каб падкарміць жывёліну. Ведаў Тумаш, што не пойдзе клячына без гэтага, хоць бі яе, рэж, хоць забі на месцы.

Можа, пра бывалешнія лякарствы вам цікава што пачуць ці пра дактароў? Талімон крыху папорацца ў сваёй памяці і знойдзе сёе-тое і наконт гэтага. Ён можа расказаць пра сваю нейкую сваццю, якая гадоў сорак таму назад лячылася ў Кіеве. Лячылі яе там і ўсялякімі мікстурамі, і парашкамі, і чаем, а яна ўсё крактала, усё кволілася. А потым прыехала дадому, зачэрпала са свайго калодзежа вядро халоднай вады, напілася і адчула, што ёй адразу стала лягчэй. Жыла потым гадоў да сотні і больш, ні разу не ездзіла па дактарах.

Часцей за ўсё, вядома, узнікае гаворка аб тым, што кожнаму бліжэй, — аб новым будаўніцтве. Тут ужо ўсе прымаюць удзел. Калі няма ў кузні самога дзеда Тумаша (а ён таксама часам наведваецца сюды), то могуць праехацца і па яго адрасу. Шырока расплыўся па Дабрасельцах лагодны смяшок аб тым, як стары Тумаш зашалёўваў на пляцоўцы першы лабок адной гаспадарчай будыніны. Скончыў работу, злез з рыштаванняў і пакрочыў ад будыніны, не азіраючыся. Прайшоўшы пэўную адлегласць, стаў, павярнуўся тварам да лабка і пачаў уважліва аглядаць яго. То ў правы бок падасца, паглядзіць, прыставіўшы далонь к брывам, то ў левы. А другой рукой усё чухае патыліцу. Чухаў ён гэтак, чухаў, а назаўтра прыйшоў і зноў палез на рыштаванні. Тры разы перарабляў дзед Васіль свой лабок, пакуль не вымайстраваў, не адшліфаваў яго так, што не толькі ўдзень, на сонцы, а і ноччу, пры месяцы, ён свеціцца.

Вясёлы рогат узнімаецца ў кузні, калі хто-небудзь умела раскажа пра кладаўшчыка Шымета, які аднаго разу забыўся, што ў кішэні яго штаноў было гвоздзе. Прыйшоўшы дадому позна, ён лёг спаць у гэтых штанах і пракалоў сабе сцягно.

Усе пакручваюць галовамі і пачмыхваюць ад смеху, калі пачынаецца гаворка пра некаторых навічкоў-будаўнічкоў, якія сваю, пакуль што яшчэ не надта вагавітую, палучку растрачваюць за некалькі дзён, а потым просяць у гаспадынь пазычыць траячку і жывуць на адным маргарыне. Аднойчы гэтакі навічок да таго наеўся маргарыну, што потым не мог і гадзіны ўседзець на рыштаваннях.

Калі вядзецца такая гамонка, стары Талімон з асаблівым стараннем настаўляе свае тугаватыя вушы. Два яго сыны таксама працуюць на будаўніцтве і таксама не надта добра ўладжваюцца са сваімі заробкамі. Тут неяк трэба было б памагаць гэтаму, яшчэ зялёнаму рабочаму класу вучыцца жыць па-гаспадарску.

Адзін зімні вечар у кузні асабліва запомніўся Якаву. Асталіся яны пасля работы ўдвух з дзядзькам Алесем, а потым прыйшоў і Талімон. Святла не ўключалі, бо вельмі хораша і ўтульна свяцілі вугалі ў горне. Яны трохі і грэлі, таму ўвесь маленькі сход размясціўся паблізу ад гэтага, амаль хатняга, цяпла.

Гаворка пачалася з Шыпулькавай мыліцы. Некалькі дзён таму назад Росцік выйшаў з бальніцы, але на адну нагу яшчэ не мог добра наступаць. Разам з бюлетэнем далі яму напракат мыліцу. Спачатку хлопец не мог і кроку ступіць на мыліцы, а потым успомніў, як хадзіў некалі на кандыбах, і зашпацыраваў на трох нагах лепш, як на дзвюх. Вельмі ж да густу яму прыйшлося хадзіць на мыліцы па гарадскім пасёлку, нашым раённым цэнтры. У які магазін ні зойдзе, усе расступаюцца перад ім. Патрабуе самы дэфіцытны тавар, і прадаўцы падаюць. Аднойчы заўпарціўся нейкі заўмаг, дык Шыпулька як падняў над прылаўкам мыліцу, як закрычаў, што інвалідаў Айчыннай вайны не паважаюць, то адразу з’явілася ўсё неабходнае.

Праз нейкі час яму ўжо і не патрэбна была мыліца, мог хадзіць з кійком, але расставацца з такой аўтарытэтнай прыладай вельмі не хацелася. Дактары прысылалі паведамленні, патрабавалі вярнуць бальнічную ўласнасць, бо яна патрэбна іншым, а Шыпулька ўсё адцягваў, усё выдумляў розныя прычыны, каб пакульгіцаць трохі яшчэ. Нарэшце, калі ўжо выкруціцца ніяк нельга было, ён ушчапіўся на Яшаву машыну, калі той ехаў у Мінск. Там абхадзіў з мыліцай усе галоўныя магазіны і пасля гэтага аддаў яе.

Гаварылі так утрох, пасмейваліся, а потым неяк прымоўклі, і дзядзька Алесь, можа, дзеля таго, каб парушыць цішыню ці каб усё-такі высветліць тое, што яго непакоіла, звярнуўся да Талімона з такімі словамі:

— От ты вазьмі ды цяпер скажы яму пра Шыпульку тое, што мне казаў.— Дзядзька кіўнуў худзенькім падбародкам у бок Якава.— Ён хлопец свой, ды і сакратаром нядаўна выбраны тут у гаражы. Паможа нам разабрацца.

— Ды што гаварыць, — быццам з крыўдай азваўся Талімон. — Больш я табе і казаць нічога не буду. Што яму ні кажы, — Талімон павярнуўся ўжо да Якава,— усё не верыць. Яму здаецца, што ўсе людзі такія, як ён: усё жыццё насіў толькі ў кузню, а з кузні і ламанага цвіка не вынес.

— Ты кажы, кажы! — падахвочваў дзядзька Алесь.

— Што? — Талімон падняў да вуха руку, пальцы якой ледзь паказваліся з доўгага аўчыннага рукава.

— Ты расказвай! — паўтарыў каваль.

— Ды што расказваць? От я яму і кажу, — зноў павярнуўся дзед да Якава, — кажу, што калі б гэта, на ліхі канец, у нашым калгасе?.. Асабліва калі ўзяць некалькі год назад. А гэта ж такая святая справа пачынаецца, і вось душа мая чуе... Я хоць глухаваты, але чую, дзе трэба, і вочы маю...

— Ну, гавары ты ўжо! — не мог сцярпець дзядзька Алесь.

— От я і гавару...

— Расказвай, што бачыў!

— Дык я і расказваю...

Нарэшце каваль сам расказаў, што, вартуючы па начах гараж, Талімон некалькі разоў заўважаў, як Шыпулька апоўначы або пад дзень выязджаў некуды на грузавой машыне. Росцік біў на тое, што вартаўнік глухі, будзе моцна спаць і нічога на пачуе са свае будкі. А Талімон усё чуў і бачыў.

 

 

Які ў нас зімою лес?..

 

Пакуль не наступіла прадвесне і не пачало ўсё навакол чарнець і шарэць, мне хочацца расказаць, які ў нас зімою лес, як ён выглядае ў прыгожы пагодлівы дзень. Харошы ў Дабрасельцах лес. У гэтую зіму, калі снег ідзе ледзь не кожны дзень, ён іншы раз падобны на казку. Можна прывесці сюды малых дзяцей і расказваць ім пра розныя цуды на зямлі. Дзеці павераць, бо гэтыя казачныя цуды будуць перад іхнімі вачамі. Можа, хто з іх захоча ўбачыць чарадзейныя вароты ў нейкі лясны палац? Калі ласка. Вось адна маладая, але выносістая хваінка не вытрымала першага шчодрага снегу, нахілілася. Паглядзела на яе гэтакая ж маладая ялінка і таксама нахілілася, бо ёй яшчэ цяжэй было ўстаяць — яе галінкі больш пушыстыя. Сустрэліся хваінка з ялінкаю, абняліся. Тады на іх яшчэ пайшоў снег і яшчэ. Выгнуліся гэтыя два дрэўцы, утварылі арку, а тады ўжо чаго толькі не намудрылі на гэтай арцы снег з марозам! Тут і розныя ўзоры, і скульптурныя фокусы, такія, што свет не бачыў, і арнаменты невядома якіх вякоў і народаў.

А можа, каму цікава паслухаць, як звоняць лясныя званочкі? Спыніцеся, не ідзіце далей у лес і ўслухайцеся. Па верхавінах хвойніку праплыве невялічкі ветрык, і да вашага слыху даляціць лёгенькае, мілагучнае дзіньканне. Вы пачняце ўглядацца ў густую зеляніну, шарыць вачыма па неабсяжнай выстаўцы снежнага мастацтва і з першага разу можаце нічога не заўважыць. Потым, калі яшчэ раз наведаецца ветрык і зноў задзінькаюць званкі, ваш слых ужо больш навострыцца, вока звыкнецца з кантрастам вельмі белага і цёмна-зялёнага. Тады можа паказацца, што на адной заснежанай галінцы сядзяць вавёркі і лёгенька паварушваюць хвастамі. Але не верце сваім вачам, падыдзіце бліжэй. Смела ідзіце — гэтыя вавёркі не ўцякуць. Падыдзеце бліжэй і ўбачыце, што гэта не вавёркі, а вымытае снегам і загартаванае марозам лісце маладога дубка. Яно вісіць на тонкіх, але моцных нітачках і пры кожным дотыку ветру звоніць.

Можна паказаць дзецям і больш ім знаёмае — сапраўдныя зайчыкавыя хаткі. Вось недалёка да дарогі стаяць разгалістыя, але яшчэ нярослыя ялінкі. На іх кволыя верхавіны і на ніжнія лапкі столькі наваліла снегу, што з ялінак атрымаліся белыя копчыкі. Але гэта здалёк — копчыкі. А калі падысці бліжэй, то адразу можна заўважыць, што гэта хаткі. Не з таго боку, дык з другога, але абавязкова ў кожнай хатцы ёсць хоць адно акенца: дзе круглае, дзе кантовае. Ёсць таксама дзверцы каля самай зямлі. І калі зазірнуць у гэтую хатку, то можна ўбачыць, што ў ёй зусім няма снегу. Там суха, утульна, дол высланы жоўтымі шыпулькамі.

Хіба не можа тут пераначаваць зайчык?

А вось доўгая лясная прасека, і канца ёй не відаць. Яна роўная, як алея ў парку. Па ёй толькі што нехта праехаў на санях. Відаць, дзядзька ляснік, бо толькі яго конь прывучаны хадзіць па глыбокім снезе. Адным полазам саней нагнула і працёрла ялінку. Яна хутка ўстане, а пакуль што так прывабліва пахне смалой, што ад гэтай пераеханай ялінкі не хочацца адыходзіць.

Аднаго разу ў выхадны пагодлівы дзень шахтбудаўцы ўгаварылі Якава заправіць сваю трохтонку і паехаць у Дабрасельскі лес. Чаму ж сапраўды не паехаць? Гэта ў хуткім часе — гарадскі парк. Сюды не толькі ездзіць, а і пехатою ўсе будуць хадзіць.

Росцік Шыпулька пасоп трохі, адвярнуўшыся ад Валянціна, які быў ініцыятарам паездкі, пакруціў у паветры качарэжкай, што замяняла цяпер мыліцу, і падпісаў пуцявы ліст. Сам, аднак, не паехаў, хоць Валянцін і запрашаў яго. Схапіўшы вымову за сваю таямнічую камандзіроўку, а цяпер яшчэ адчуўшы, што некаторыя камсамольцы не вельмі прыязна адносяцца да яго, Росцік не адважыўся ехаць. Многа ахвотнікаў, вядома, не паехала, бо каб пасадзіць усіх, то і дзвюх машын не хапіла б.

Непадалёку ад рэчкі выбралі найбольш прыгожае і ўтульнае месца з меншым заносам, і Якаў паставіў там машыну. Дзень быў адліжны, цёплы. Як выскачылі ўсе з кузава, тупанулі па разу, дык у адну хвіліну цэлая палянка стала цвёрдай і абжытай. Хутка нанасілі лам’я, расклалі вялізны агонь. Ён страшэнна дымеў, не паспяваючы пранізваць усё новыя і новыя бярэмы галля. Кожнаму хацелася прынесці як мага больш дроў, і найлепшых. І хлопцы і дзяўчаты разбягаліся ва ўсе бакі, іншы раз па пояс правальваліся ў снег. Хто далей забяжыць, хто хутчэй назнаходзіць і назбірае такога лам’я, каб дым ад яго быў відзён аж у Дабрасельцах? Не страшна, калі разам з дровамі прынясеш і поўную халяву снегу, калі змакрэе вопратка, пакачанеюць, а то і зойдуцца з пары рукі. На агні ўсё прасушыцца, адагрэецца.

Пабег неўзабаве і Якаў. Ён трошкі прамёрз, пакуль, лежачы пад машынай, правяраў рулявую цягу. У апошнія часы ў яго часта так бывала: здасца што-небудзь у час язды, і тады ён ужо не будзе спакойны, пакуль сам усё не агледзіць, не абмацае сваімі рукамі. Часцей за ўсё — гэта дробязь якая-небудзь, а ўсё роўна яму хочацца заглянуць у матор або падлезці пад раму. І, як возьме ў рукі ключ, можа забыцца, што не снедаў ці не абедаў, можа нават не заўважыць, як узыдзе або зойдзе сонца.

Сёння ў машыне не было да чаго прычапіцца, таму ён адчуў, як пачало халадзіць у спіну, і хутка вылез.

— Пачакай, Якаў, — пачуў ён голас Валянціна, калі ўжо трохі адбегся ад агню. — У цябе сякера, давай пабяжым разам.

Брызентавы Валянцінаў плашч быў ужо макраваты, бо гэта не першы раз хлопец ішоў па дровы, гумавыя боты блішчалі ад вільгаці, як лакіраваныя. А твар палаў свежай чырванню. Шэрая кепка сядзела на самым цемі і ледзь прытрымлівала зачэсаныя назад густыя, з цёмным адлівам валасы.

Маючы сякеру, хлопцам не цяжка было ўзяць над іншымі перавагу. Яны ссеклі дзве шырокія, пругкія галіны, якія маглі служыць ім санямі, нагрузілі на гэтыя імправізаваныя розвальні ўсялякага сухога і сырога лам’я, збуцвелых пенчукоў, ядлоўцавых карчоў, выцягнутых з-пад снегу, і лёгка сабе, без асаблівай натугі павезлі ўсё гэта на агонь.

— Ну, як там у цябе ў гаражы? — спытаў па дарозе Валянцін. І, заўважыўшы, што Якаў не зусім ведае, што адказаць, дадаў: — Я маю на ўвазе ранейшую нашу з табой размову наконт Шыпулькі.

— Нічога пакуль што не магу сказаць, — вяла пачаў Якаў. — Наглядаў некалькі начэй... Росцік жа цяпер і ездзіць не можа. Куды яму з гэтакай нагой, не гнецца ў суставе. Тут, мабыць, стары Талімон прысніў трохі, а я дарэмна ўзяў гэта на веру і табе пераказаў.

— Не думаю, што дарэмна, — заўважыў Валянцін. — Ты ж сам выцягваў яго ноччу з-пад моста.

— Выцягваў, ну дык і што?

— А тое, што ездзіў жа некуды чалавек.

— Ездзіў па няшчаснаму выпадку, гэта можа здарыцца з кожным.

— Схлусіў ён табе!

— Што? — Якаў спыніўся са сваімі розвальнямі і здзіўлена паглядзеў на Валянціна.

— Збрахаў ён, — паўтарыў Валянцін. — І не толькі табе. Цётка ў Мінску, праўда, у яго ёсць, але яна ніколі і не думала пра якую-небудзь занямогу. Наадварот, нядаўна чацвёртым наваратам замуж выйшла і, мабыць, на гэтым яшчэ не спыніцца. Шыпулька тады нават не заязджаў да яе.

— Няўжо? А дзе ж ён быў?

— Вось гэта нам пакуль што невядома. Давай, паехалі!

Якаў зрушыў з месца свае розвальні, аднак вёз іх павольна, ледзь пераступаючы з нагі на нагу. Яму не хацелася набліжацца да агню, пакуль не выпытана ўсё, што Валянцін ведае. Таму, ідучы, хлопец не пакідаў здзіўляцца:

— Ну як жа гэта, проста ўцяміць не магу. Чалавек бярэ самавольна машыну, едзе немаведама куды, затым гробіць гэтую машыну, і яму толькі вымова. Ды калі б так зрабіў я ці іншы з нашых шафёраў, з гаража прагналі б, пад суд аддалі б.

— Заступіліся, відаць, за яго, — з няпэўнасцю прамовіў Валянцін. — Там у яго цётка, а тут знайшоўся дзядзька.

— Раскажы ты ўсё адразу, — папрасіў Якаў, — не цягні. Ты ж ведаеш, што я не пабочны тут.

— К таму і размова, што не пабочны, — згадзіўся Валянцін. — Ты павінен памагчы нам разабрацца ў гэтай справе. Калі мы на пабудкоме прыціснулі Шыпульку (ты якраз быў у камандзіроўцы), ён пачаў прызнавацца, што ездзіў не да цёткі, магчыма, сказаў бы і яшчэ што-небудзь, але ў гэты момант уляцеў у пакой кладаўшчык першай пляцоўкі Шымет і ўзяў усю віну на сябе. Ён заявіў, што ў яго на складзе быў выяўлены недахоп дэфіцытных матэрыялаў, таму неабходна было тэрмінова праверыць накладныя некаторых вадзіцеляў. Шыпулька нібыта для гэтага і ездзіў у горад, на базу. Вядома ж, што перш чым заявіць нам, ён, пэўна, дваццаць разоў заявіў аб гэтым кіраўніцтву. Цяперашні мой аб’ект якраз непадалёку ад упраўлення начальніка работ. Мне відно, як Шымет амаль кожны дзень раніцай або пад вечар бяжыць у кантору. Гаварыў я там. Не ведаю, як Павел Іванавіч, а начальнік работ верыць гэтаму чалавеку.

— Дык чаму не паверыць? — сумна заўважыў Якаў. А сам раптам успомніў пра хлопчыка пад машынай, пра казённыя, але прынцыповыя словы Шымета на будаўнічай пляцоўцы. — Чалавек ён, мабыць, вельмі адданы справе.

— Начальнік работ так і сказаў, між іншым, — стаў гаварыць Валянцін далей. — Прывёў нават адзін прыклад. Калі пачыналася будаўніцтва і ў часовай сталоўцы неабходна было тэрмінова наладзіць пліту, Шымет аддаў трэсту сваю ўласную цэглу, прыгатаваную на рамонт печы. Жонка яго крычала, плакала, а ён сваімі рукамі пагрузіў цэглу на машыну і завёз. Печ у яго хаце і цяпер дыміць.

— Значыцца, няма чаго тут больш і думаць, — хацеў заключыць гаворку Якаў. — Усё стала ясна, і давай не будзем мы лішне насцярожвацца. Шыпулька няхай астаецца Шыпулькам, Шымет — Шыметам, а мы — самі сабой. Хапае ў нас работы і без усялякіх нагляданняў.

— Не, гэта не так, — цвёрда сказаў Валянцін. — Ты тут памыляешся, таму што не ўсё ведаеш. Цяпер ідзе праверка аховы і выкарыстання матэрыялаў на ўсіх будаўнічых пляцоўках. Учора Шымет сказаў у канторы, што ў яго ўсё ж такі можа выявіцца некаторы недахоп матэрыялаў, але толькі па віне несумленных шафёраў. І тут, між іншым, ён кіўнуў на цябе.

— Што ты?! — Якаў зноў спыніўся. Яго здзіўленне спалучылася з самым глыбокім абурэннем. — Няўжо гэта так? Валянцін?!

— Так, Якаў, — абціраючы рукавом успацелы лоб, пацвердзіў хлопец. — Але ты не думай, што я веру. Ніхто ў камітэце не паверыць. Аднак гэта азначае, што складваць рукі мы не павінны. Ты сакратар камсамольскай арганізацыі ў гаражы, маеш сур’ёзнае даручэнне і старайся яго выканаць. Камсамольцы з гаража і з кузні памогуць табе. А мы ад камітэта пусцім сваю лёгкую кавалерыю па ўсіх пляцоўках. Чаму Шымет выбраў такі ход? Тут нельга не задумацца.

— Я зараз жа еду дадому! — з суровай катэгарычнасцю заявіў Якаў. — Дай сюды маю сякеру!

Валянцін слухмяна працягнуў яму мокрае ад снегу тапарышча, аднак тут жа сказаў:

— Не раю табе цяпер ехаць. Чуеш? За гэтыя некалькі гадзін ты нічога не вырашыш, а людзей спалохаеш, насцярожыш. Глядзі, як весела ўсім, які харошы дзень! Шкада яго псаваць. Мне здаецца, што тут трэба дзейнічаць спакойна, прадумана, без гарачкі. Гэта таксама барацьба. Думаеш, не? Толькі скрытая. Адкрыта, можа, нават лягчэй было б змагацца.

Убачыўшы такі дзівосны транспарт з дровамі, хлопцы кінуліся яму насустрач, з шумам і рогатам адціснулі з вупражы Якава і Валянціна, пацягнулі галлё на агонь. Валянцін паспеў усё ж выхапіць для сябе хоць пару ламачын, а Якаў вярнуўся да вогнішча толькі з сякерай.

— Дзе ж твае дровы? — весела спытала Надзя. — Глядзі, прыйдзе ляснік, дык і сякеру адбярэ!

З вялікім задымленым дручком у руках яна скакала каля агню, як дзяўчынка, то з аднаго боку, то з другога папраўляла, падпіхвала на сярэдзіну галлё. Рукавы яе выхаднога палітца з чорным коцікавым каўняром былі трохі закасаны, вязаны вішнёвы шалік, што служыў ёй хусткай, ледзь не зусім з’ехаў на патыліцу. Яна ўвесь час смяялася і жартавала, наколькі магла дазволіць яе дзявочая сціпласць. Узбуджаныя весялосцю вочы шукалі падтрымкі ў іншых. Падай хто-небудзь прыклад — і яна пайшла б каля агню ў скокі, падхапіла б самую развясёлую песню, самыя вострыя прыпеўкі.

Па другі бок вогнішча раптам грымнуў рогат. Надзя паставіла каля сваіх ног дручок, узнялася на дыбачкі. Здавалася, што яна хоча, як спартсменка, падскочыць на гэтым дручку, каб цераз высокія клубы дыму ўбачыць, хто там смяецца. Канешне ж, гэта Валянцін там прыткнуўся. Дзяўчына сапраўды робіць скачок, у момант абягае вогнішча. Хлопцы прыціхаюць, убачыўшы Надзю, а Валянцін ніякавата апускае вочы: значыць, не для дзявочага вуха нешта было сказана.

- Ну і чэрці! — кідае ім дзяўчына, а сама падбягае да купкі сваіх равесніц. Каля іх прабіваюцца ўжо скрозь галлё белыя і, здаецца, зусім не гарачыя языкі агню. Дзяўчаты працягваюць рукі, некаторыя ледзь не загортваюць агонь прыгаршчамі і раптам ускрыкваюць: пячэцца ўсё-такі!

Агонь пачынае прабівацца і тут і там. Ён хутка ўзрастае, падымаецца, жвавее. У суладнасці з ім узнікаюць і гучаць усё мацней і мацней звонкія маладыя песні. А вось ужо чубаты хлопец сабраў вакол сябе кружок. Пажаўцелы ад дыму снег разлятаецца пад яго нагамі. І не трэба яму ніякая музыка, няхай толькі мацней пакрыкваюць у такт тыя, што сабраліся навакол, ды з усёй сілы пляскаюць у далоні. Хлопец на момант прыпыніўся, страсянуў светлым чубам (шапка яго даўно ўжо ў нечых руках) і падляцеў да гурту дзяўчат. Адтуль у гэты ж момант выскачыла адна, невялічкая, стройная, як балерына, у маленькіх юфтавых ботах і зграбнай фуфайцы. Яна нават забылася, што ў яе хлапечая шапка ў руках, пусцілася па кругу з такой хуткасцю і лёгкасцю, затупацела і закружылася так жвава і імкліва, што нельга было згледзець яе ног. Хлопец усміхнуўся ёй шырока і радасна, на хаду змахнуў са сваіх плеч паддзёўку. Гімнасцёрка яго (відаць, таксама нядаўна дэмабілізаваны) ужо трошкі цямнела на плячах, але што гэта значыць для такога танца?..

Галля ў агонь больш не падкладалі, бо кожнаму было зразумела, што не толькі ў пошуках дроў і не толькі ў густым дыме ўсе прыгажосці сённяшняй прагулкі. Наперадзе яшчэ многа цікавага.

Калі пасярэдзіне вогнішча полымя пачало асядаць, а з бакоў сталі ўтварацца прывабныя, адасобленыя адзін ад аднаго агеньчыкі, некаторыя з хлопцаў зафукалі на вынятыя з кішэнь складанчыкі. Якраз жа надыходзіла пара для запаветных ражэнчыкаў пад сала, а дзе іх узяць? Трэба, каб ражэнчык быў гладкі, прыгожы, не вельмі гнуўся і не пах смалой. Сюды падыходзіць бярозавая галінка або арэшнік, ракіта. Але нічога гэтага тут, паблізу, няма. Прыйдзецца бегчы пад самую рэчку.

І пабеглі. Хутка ва ўсіх у руках былі ражэнчыкі, хораша абцярэбленыя, завостраныя. Хто з кузава машыны, хто з унутраных кішэнь сталі даставаць клуначкі, пакункі з паперы. Надзя вынесла свой клуначак з недалёкага ядлоўцавага куста, кіўнула Якаву. Той падышоў з расшчэпленым ножыкам у руках. Трошкі ў баку ад агню яны прыселі, Надзя паклала на снег, нібы летам на траву, свой клуначак і пачала разгортваць. З белай, злёгку аздобленай вышыўкай сурвэткі (у Надзі ўсё было з вышыўкай) яна дастала спачатку добры акраец хлеба і падала яго брату. Затым пашамацела ў паперы і выняла кусок белага як снег, прыцвярдзелага ад холаду сала. Узяла з Яшавых рук ножык і маўкліва паглядзела брату ў вочы. Той адразу ўлавіў яе думкі, згодліва кіўнуў галавой. Надзя хораша і спрытна перарэзала кусок на тры роўныя часткі і зноў узняла на брата свае прыгожыя карыя вочы. Якаў устаў і, убачыўшы сярод хлопцаў Валянціна з ражэнчыкам у руках, падаў яму знак падысці.

— Давай будзем перакусваць разам, — сказаў ён, калі Валянцін наблізіўся. — Вазьмі вось, наніжы на ражэнчык сала.

— Дзякую, — прыязна адказаў Валянцін, дастаючы з кішэні вялікі газетны пакунак. — У мае гаспадыні сала няма, дык я купіў цэлы абадок кілбасы. Хіба падзелімся?

— Давайце вашы ражны! — загадала Надзя. — А то вы ўжо, мабыць, забыліся, як трэба нанізваць.

Яна ўсміхалася маўкліва і стрымана, а ў вачах так і іскрылася шчырая радасць. Пракалоўшы ножыкам скуру, дзяўчына хуценька нанізала кусочкі, аддала пруткі хлопцам, а сама бежкам пусцілася да агню.

Там ужо ледзь не над кожнай галавешкай вісеў пруток з салам. Некаторыя падвэнджвалі і кілбасу, але гэта ў адступленне ад правілаў. Цікавей за ўсё было падсмажыць на агні кусок сала. Ды не абы-як, а каб яно зрабілася жоўценькае і пахучае ды каб ніводная кропля тлушчу не ўпала ў агонь, а ўвабралася ў скібку хлеба. Тады гэтую скібку можна з’есці і так, нават без сала, а смажанінай падзяліцца з тым, у каго на прутку кілбаса.

Безліч агеньчыкаў стала па краях прыгаслага шырачэзнага вогнішча. Як ні стараліся ўсе збіраць тлушч на хлеб, усё ж ён капаў на вуголле і з прыемным шыпеннем гарэў.

— Глядзі-глядзі, тваё сала ўцякае! — гукаў хто-небудзь няўважліваму суседу, а ў самога ў гэты час скварка пачынала чарнець ад нечакана ўзнікшага дымку. Іншы аматар жартаў намагаўся надставіць сваю скібку пад чужое сала, але пад агульны смех прагадваў, бо жвавы і хітры агеньчык раптам ускокваў на яго пруток, і каб яшчэ трошкі, то сала апынулася б у попеле.

Той чубаты хлопец, што нядаўна да сямі патоў адбіваў казачка, толькі каля самага агню ўзяў з рук у дзяўчыны сваю падношаную вушанку і надзеў на галаву. Надзеў, відаць, не ад холаду, а каб валасы часам не прысмаліла. Танец трохі нагнаў голаду, а тут гэты дзівосны пах са скібкі. Хлопец не вытрымлівае і выкусвае ледзь не ўвесь прапітаны гарачым тлушчам мякіш. Задзірае галаву і з асалодай жуе.

— Сашка-а! — крычыць яму тая дзяўчына, што нядаўна трымала яго шапку. — Дзе ж твая прыкуска?

Хлопец рыўком вымае з агню ражэнчык, смяшліва, аднак ужо з насцярогай глядзіць: сала няма. Нахіляецца над вуголлем, другім канцом прутка пачынае разграбаць лёгкі шыпулькавы попел. Усе, хто бачыць гэта, упрысед рагочуць. Хлопец памахвае ў паветры ражэнчыкам, тужыцца сказаць нешта пагражальнае, але яго рот повен мякішу — ніводнага слова не вымавіш. Нарэшце, ледзь не падавіўшыся, ён заяўляе, што такога «здзеку» нікому не даруе, што лепш аддасць каму хочаш апошнія штаны, чым гэтую, так хораша падсмажаную, скварку.

Сашаву смажаніну, спрытна знятую з ражэнчыка ў той час, калі хлопец жаваў хлеб, падаюць яму на запасной лусце хлеба. Саша здаволена смяецца.

Пасля вясёлага і смачнага полудня амаль усе збіраюцца пакінуць ласкавае лясное вогнішча. Каму хочацца прайсціся па роўненькіх прасеках лесу, каму і ўпоперак прасекаў не страшна было б прагуляцца. Некалькі хлопцаў узялі ў Якава сякеру і хочуць паспрабаваць шчасця на рэчцы: можа, якраз рыбка пакажацца ў палонцы. Аднак жа і вогнішча пакідаць неяк шкада. Здаецца, яму крыўдна аставацца тут аднаму і паступова астываць, тухнуць. Амаль кожны падкідае ў агонь што-небудзь з рэштак паліва: то сухую галінку, што непрыкметна ляжала пад кустом, то шышку, то недагарак. І каб зусім не было крыўдна тут агню, хлопцы хаваюць непадалёку свае ражэнчыкі. Гэта азначае, што кожны наведаецца яшчэ сюды. Яшчэ не раз ажыве і весела зашугае гэты лясны касцёр, тут можна будзе смажыць сала аж да таго часу, пакуль усюды не з’явяцца пафарбаваныя лавачкі, а цяперашнія прасекі не стануць алейкамі.

Надзя занесла ў кусты і асобна схавала тры ражэнчыкі: Валянцінаў, Яшаў і свой. Ні Валянцін, ні Якаў не бачылі, дзе яна іх схавала. Няхай паспрабуе каторы прыедзе ці прыйдзе сюды без яе, няхай паспрабуе знайсці ражэнчык!

Вішнёвы шалік прыгожа мільгаў сярод маладых ялінак, калі дзяўчына бегла назад. Потым ён замільгаў далёка, а Якаў астаўся ля машыны. Да яго падбегла круглашчокая дзяўчына ў хлапечай вушанцы і сінім ватнічку.

— А вы чаго ж тут адзін? — бліснуўшы белымі зубамі, спытала яна. — Хадзем з намі!

— Я не магу пакінуць машыну,— з адценнем жалю сказаў хлопец.

Гэтую, невялічкую па росту, але вельмі жвавую і спрытную ў рабоце дзяўчыну Якаў заўважаў і раней — яна працавала на будаўніцтве горада. Відаць, заўважала і яна яго. Чаму б не прайсціся з ёю хоць тут, непадалёку? Хіба з машынай што здарыцца, ваўкі ў яе залезуць? Уся бяда ў тым, што няма ўжо ранейшай весялосці... І што задумаў гэты Шымет, нашто яму спатрэбілася такая хлусня? Увесь час у душы толькі і боль аб тым, каб непашкоджаным прывезці матэрыял, каб крупінка з машыны не ўпала. Спіш дома — і ў сне бачыш гэты шыфер, гонту, шкло, бляшаныя лісты, скрынкі з цвікамі і фарбамі. А тут знаходзіцца чалавек і пускае ў душу чарнату...

Якаў падымаецца на падножку машыны і з гэтай сваёй вышыні аглядае лес. Нікога паблізу ўжо няма, і вішнёвы шалік зусім знік. То ў адным, то ў другім месцы чуюцца дзявочыя галасы, але яны ўсё больш і больш аддаляюцца.

— «А я тут за вартаўніка», — з адчуваннем нейкай крыўды думае Якаў і садзіцца ў кабіну, каб прагрэць матор.

...Рухавік гурчыць роўна, аднатонна і яшчэ больш наганяе сум. Якаў цярпліва паглядае на ручку перадач, на баранку. Іх халодная гладкасць адчуваецца на далонях, нястрымна вабіць, хоць рукі спакойна ляжаць на каленях. Хочацца пусціць машыну ў ход, паехаць і неадкладна знайсці недзе Паўла Іванавіча, пагаварыць з ім. Няўжо ён больш паверыць Шымету, чым свайму былому партызану?

Толькі дзе шукаць яго? Дома ён рэдка бывае, ды хто ведае, дзе сёння яго дом?..

Сустрэцца б цяпер з кладаўшчыком і ўзяць яго за горла! «Кажы, злыдзень, у чым віна, пакажы! Не скажаш, не адступішся ад сваіх слоў, дык праклянуць цябе ўсе сумленныя людзі, пракляне твой сын, якога я выратаваў ад смерці!..»

...На малых абаротах матор неназойліва падае свой голас, злёгку падтрэсвае кабіну. Потым, нібы пакрыўдзіўшыся, што яму не даюць сапраўднай работы, глухне. Якаў выключае замок. У кабіне раптам становіцца да таго ціха і ўтульна, што аж боязна паварушыцца. З’явілася адчуванне, што гэта нейкая наўмысная цішыня, што калі кранешся з месца ці падымеш руку, то нешта вельмі моцна трэсне ці загрыміць. Ніколі раней не адчувалася гэтага ў кабіне, бо яна не для ціхага адпачынку.

Няўжо нічога не чуваць і ў лесе, няўжо ўсе так прыціхлі ці далёка зайшлі? Якаў адчыняе дзверцы. Сапраўды, навакол нічога не чутно, толькі лёгкі ветрык ледзь прыкметна пакалыхвае вольныя ад снегу верхавіны дрэў ды прымушае ледзь-ледзь пабліскваць найбольш трывалыя вугалі на вогнішчы.

«Мабыць, няскора ўсе вернуцца, — самотна думае хлопец. — Прыйдзецца доўга чакаць...»

Ну што ж! Ён згодзен пачакаць, нават і пасумаваць тут дзеля гэтых харошых людзей. Няхай пагуляюць, павесяляцца. Колькі гарачых слоў сёння будзе сказана, колькі маладых сэрцаў раскрыецца адно перад адным!

Няхай памагае гэтым шчырым сэрцам наш Дабрасельскі лес!

Трошкі сцягваецца час. Хочацца Якаву пагаманіць з кім-небудзь, падзяліцца думкамі. Можа, усе забыліся, што шафёру, які прывёз іх, таксама хочацца перакінуцца словам, павесяліцца? Дзяўчына ў вушаначцы падышла, але не асталася, не адстала дзеля яго ад свае кампаніі. Нават сястра — і тая не асталася. Ці варта крыўдаваць? У іх свая дружба, свае інтарэсы. Каб была тут Зоня, то, можа, і не пакінула б аднаго...

Але цяжка цяпер пра гэта думаць, адчуваць, што ты вінаваты. Не кожнаму пад сілу зберагчы сапраўдную дружбу, не кожны можа нават спазнаць яе...

Надзя не забылася пра Якава, хоць і не ведала, што ён тут зусім адзін: чорная вушаначка якраз падляцела да машыны, калі дзяўчына адбягала ад вогнішча. Калі ўжо і варта было на каго кіўнуць, то хутчэй на Валянціна. Надзя колькі разоў гаварыла яму, што трэба ісці, што ўжо наогул пара збірацца дадому, а Валянцін выпрошваў яшчэ хвілінку, усё адкладваў, запэўняючы, што Якаў не пакрыўдзіцца.

— Мы апошні раз у гэтым лесе, — не то з жалем, не то з радасцю гаварыў ён. — Ды ўдваіх з табою...

— Чаму гэта апошні? — насцярожана пыталася дзяўчына. — Хіба цябе пасылаюць куды?

— Не, не пасылаюць, але пакуль мы збяромся набываць яшчэ раз, будзе вясна, а вясной гэты лес ужо стане паркам.

— Дык мы прыйдзем у парк, — весела паабяцала Надзя.

— У парк, ды не ў лес.

Маленькімі крокамі яны ідуць па вузкай сцежцы, відаць, самай першай ад рэчкі. Сцежка просценькая, як стрэлка, і зімою нават цяжка разабраць, прасека гэта, пракладзеная ўмелай рукой, ці такая роўная праталінка, захаваная прыродай з часоў пасадкі. Снег на ёй не вельмі глыбокі, можна б ісці нават і ў чаравіках, калі асцярожна ступаць. Надзя і Валянцін у ботах, дык ім не трэба вельмі ўжо глядзець пад ногі. Што крок далей, то ўсё больш цікавае і прывабнае адкрываецца перад імі. Вось звычайны ядлоўцавы куст. Хто на яго звяртае ўвагу ў любую пару года? Ён калючы, чорныя горкія ягады растуць на ім. А Валянцін спыняецца каля гэтага куста і з захапленнем гаворыць:

— Глядзі, Надзя, які прыгажун!

Дзяўчына глядзіць на вострыя верхавінкі, толькі ў некаторых мясцінах прыцярушаныя снегам (на іх і снег не хоча трымацца), потым узнімае вочы на хлопца. Пагляд яе даверлівы, але крышку смяшлівы: ну якая ж тут прыгажосць? Ёй успамінаецца, што калі пад такім кустом схаваешся ўлетку ад дажджу, то за шыю насыплецца шыпулек, калі захочаш выламаць з яго дубчык, то паколеш рукі, калі пакаштуеш ягадку, то будзеш гадзіну плявацца.

— Паглядзі лепш, што вунь за ялінка! Якраз як у нашым клубе на Новы год!

Надзя выцягвае перад сабою абедзве рукі, подскакам набліжаецца да дрэўца. Пальцы яе трошкі пачырванелі, але дзяўчына не надзявае сваіх вышываных рукавічак і прыгаршчамі здымае з яловых лапак мяккі, падатлівы снег.

— З пары зойдуцца! — крычыць, падбягаючы, Валянцін. Ён траха не на ляту ловіць яе рукі, грэе іх у сваіх жорсткіх, але цёплых далонях. Затым прыкладае да шчок. Надзя адчувае, што шчокі яго зусім гарачыя, і хоча прыняць рукі. Ад такой гарачыні пальцы сапраўды могуць зайсціся з пары.

— Мая ты любачка, — ледзь чутна шэпча Валянцін. — Зорка ты мая...

Надзя амаль не чуе, пра што ён шэпча. Яна светла глядзіць на яго і па выразных, усхваляваных вуснах здагадваецца, што словы гэтыя вельмі харошыя. Рукі яе гарачэюць. Яна ведае, што іх трэба прыняць, апусціць уніз ці схаваць у кішэні, але не можа саўладаць з жаданнем скрануць іх трошкі ўперад і абняць Валянціна за шыю. Шыя ў хлопца трохі зарослая, прыкрытая не надта свежым шалікам, але Надзі здаецца, што калі абхапіць яе, то ўжо не знойдзецца сілы расшчапіць рукі.

— Хадзем ужо, Валя, — настойліва, але ласкава просіць дзяўчына. — Шахцёры твае загуляюцца, на рэпетыцыю не прыйдуць.

— Яшчэ як прыйдуць! — з усмешкай гаворыць Валянцін. — Сашка ўсіх збярэ.

— Гэта каторы Сашка? Што танцаваў?

— Той самы. Ён брыгадзірам у мяне, а другі брыгадзір — слабаваты. Можа б, ты пайшла на яго месца?

— Я ад зямлі не пайду, аграномам буду!

Над лесам пачуўся раскацісты гул самалёта. Валянцін падняў галаву, і Надзя ўбачыла яго падбародак: чысты, ружаваты і, мабыць, да пяшчотнасці мяккі. Яна, нібы ў спалоху, вырвала свае рукі.

— Дзе гэта самалёт? — ціха спытала дзяўчына. Яна не падымала галавы, каб не сустрэцца з хлапечым позіркам. Яна адчувала, што гэты позірк незвычайны.

Гул усё больш і больш нарастаў, відаць, самалёт ішоў нізка.

— Вунь ён, — паказаў рукою Валянцін. Якраз над нашымі галовамі. Гэта паштовы.

— І што ён павёз, як ты думаеш?

Цяпер ужо і Надзя пачала сачыць за крылатым паштальёнам.

— Пісьмы людзям, — усё роўна як малой дзяўчынцы, пачаў тлумачыць Валянцін. — Газеты і часопісы, усялякія новыя паведамленні: аб палёце на Месяц, аб тым, што тваё льнаводчае звяно хутка стане камуністычным.

— Ты жартуеш, Валя, — без крыўды сказала дзяўчына. — А я, калі ўгледжу паштальёна, то заўсёды думаю, што ён нясе некаму вялікае шчасце. Можа, не ў гэтую хвіліну і не ў гэтую гадзіну. Не сёння, дык заўтра, але абавязкова прынясе. І мне радасна глядзець на паштальёна...

 

 

Чалавек на горцы

 

Якаў не схапіў Шымета за горла, як яму хацелася ўчора ў лесе, але, перш чым накіравацца ў далёкі рэйс, усё ж заехаў на пляцоўку. Кладаўшчык быў ужо там. Замятаючы то адным, то другім рукавом снег з клеткі цэглы, ён усё пра нешта гаварыў маладжаваму прарабу, хоць той кожную хвіліну памыкаўся адысці.

— Нашто вы псуяце паліто? — не сцярпеў нарэшце прараб. — Сняжок ідзе, дык усё роўна прысыпле клеткі.

— Не магу я, знаеце, — яшчэ старанней зашоргаўшы рукавом, прамовіў Шымет. — Не магу глядзець, калі вось... Здаецца, зняў бы з сябе ўсё ды накрыў бы, каб не мокла. Снег ужо не зімні.

— Цэгла не баіцца снегу, — заўважыў прараб. — Тым больш, што не доўга ёй тут ляжаць — нойдзе ў работу.

— А ўсё ж не магу я, — паўтарыў Шымет. — Навесаў у нас мала, трэба больш навесаў.

— Пабудуем, — упэўнена сказаў прараб і ўжо рашуча ступіў убок, паказваючы гэтым, што яму вельмі трэба ісці.

— Адну хвіліначку, — працягнуў Шымет да яго рыжыя ад цэглы рукавы. — Я вось яшчэ адно... Там у мяне дрывоценька каля хаты... Дровы мае, колькі іх там ёсць, могуць і на двары паляжаць, а што-небудзь з такога важнага матэрыялу...

— Тады жонка зноў скандал закоціць, — ужо раздражнёна сказаў прараб. — Будзем уладжвацца тут!

— Ды што жонка! — пакрыўдзіўся кладаўшчык. — Хіба аб гэтым варта гаварыць? Пакрычыць ды і сціхне. — Убачыўшы Якава, загаварыў мацней: — Тут сэрца баліць, дзень і ноч думаеш, як уберагчы тое дзяржаўнае, якое табе даверылі. Як усачыць за ўсім? Я тут адзін, а людзей...

— За кім гэта сачыць? — ледзь стрымліваючы абурэнне, спытаў Якаў.

Ён стаў насупраць кладаўшчыка і паглядзеў на яго так, што той міжвольна падаўся назад. Прараб выкарыстаў гэты момант і рухава пашыбаваў да бліжэйшага аб’екта.

— Не за табою, вядома, — крыху разгублена прамовіў Шымет, прытуліўшыся спінаю да штабеля. — Аднак сачыць трэба. Тут жа не толькі свае шафёры, а і з аўтакалоны, і з іншых трэстаў.

— Чаму вы сказалі ў канторы, што я краду шыфер?

Кладаўшчык ледзь не ўссеў на клетку, каб аддаліцца ад Якава, але хлопец падступаў бліжэй.

— Я так не сказаў, — з асцярогай адводзячы вочы, прамовіў Шымет. — Гэта няправільная інфармацыя.

— Вы так не сказалі, — згадзіўся Якаў. — Вы капнулі танчэй, далікатней. Вы толькі намякнулі — у вас ёсць вялікая здольнасць намякаць. Але ж сутнасць справы тая самая. Хто вам даў права ўзводзіць на мяне паклёп? Дзе вашы падставы?

— Я нічога не гаварыў, — яшчэ раз запэўніў кладаўшчык і шаргануўся спінаю аб цэглу, падаючыся ўбок.

— Не, пачакайце, — спакойна, але рашуча сказаў Семігон і зноў стаў насупраць кладаўшчыка. — Нікуды вы адсюль не пойдзеце, пакуль не скажаце, у чым справа. Гэта вам не жарты!

— Едзь, куды цябе пасылаюць! — агрызнуўся Шымет, аднак вылузвацца з сваіх ціскоў не адважыўся. — Прыедзеш, будзе больш часу, тады і разбяромся.

— Гаварыце, у чым справа! — грозна паўтарыў Якаў. — Мне разбірацца няма чаго, душа мая чыстая. Вы можаце зразумець, што гэта азначае? Наўрад ці вы зразумееце. Калі я зараз жа не пачую адказу, то сілаю пасаджу вас у кабіну і павязу да начальніка будаўніцтва або да Паўла Іванавіча. Іх не знайду — у раён паедзем, да сакратара райкома.

— Выходзіць, што гэта мая душа нячыстая, — крыва ўсміхнуўшыся, прамовіў Шымет. — Але май на ўвазе, што калі ты яшчэ ракам пад стол поўзаў, то я ўжо займаў адказныя пасады. Не такія каштоўнасці, як гэтыя, былі на маіх руках. Мне давяралі, давяраюць і будуць давяраць! Мяне тут ведаюць!

— Значыць, каго не ведаюць, на таго можна...

— Я гэтага не сказаў! — узняўшы на шафёра жоўтыя, як у ката, вочы, крыкнуў Шымет. — Я хачу сказаць!..

— Што вы хочаце сказаць?

— Тое, што матэрыялаў не хапае ў нас: камісія быццам бы робіць такое заключэнне. А калі так, то, значыцца, нехта вінаваты, у некага, будзем казаць, усё ж нячыстая душа. Калі ні ў каго з вашай браціі, тады, выходзіць, у мяне. А можа, ты скажаш, што прараб вінаваты ці сам начальнік будаўніцтва?

— Я ніколі не скажу, чаго не ведаю, — з цяжкай крыўдай прамовіў Семігон.— Але не дазволю, каб і на мяне кляпалі. Вы пажылы чалавек, вас усюды хваляць, і мне хацелася вас паважаць. Цяжка мне было гэта, але я прымушаў сябе. Цяпер вы пакрывілі душой, замахнуліся на маё сумленне, каб лягчэй было выкруціцца самому. Як вас можна назваць чалавекам? Некалі ў партызанах мне гаварылі, што маю маці выдаў фашыстам адзін нягоднік, ратуючы сваю шкуру. Я не верыў гэтаму, я не мог уявіць, што ў нас мог знайсціся такі чалавек. Цяпер мне здаецца, што гэта, быццам, вы! Не крывіцеся, не лыпайце вачыма! Калі вы маглі сказаць на мяне такую няпраўду, дык маглі і прадаць чалавека. Я не супакоюся да таго часу, пакуль не дакажу ўсім людзям, што вы нягоднік!

Якаў крута павярнуўся і пайшоў да машыны. Кладаўшчык нейкі час стаяў ля цэглы нерухома, нібы атарапела, а потым раптам сарваўся з месца і пабег услед за Якавам.

— Чаго ты так ужо расхадзіўся? — пачаў ён, калі Семігон падымаўся ў кабіну.— Нагаварыў тут немаведама чаго. Не бойся ўжо гэтак! Калі што, будзем казаць, і здарыцца, то я ж без глузду не ўссяду на цябе. Апошнюю кашулю прадам, сям'ю на хлеб і ваду пасаджу, а вярну дзяржаве ўсё, што трэба. Для мяне дзяржаўнае — гэта больш, чым святое, бліжэй, чым дзіця роднае. Таму я часам і бываю такі строгі, можа, нават і залішне патрабую, будзем казаць, прыдзіраюся да вас, шафёраў. Натура ў мяне такая. Нам з табою не сварыцца трэба, а жыць у згодзе, па-суседску... Тады ўсё будзе... Тады нам нішто не будзе...

Якаў завёў машыну, і гул матора заглушыў Шыметавы словы. Кладаўшчык бег побач з кабінай, але Семігон не глядзеў на яго і не слухаў, што ён гаворыць. Едучы па свайму маршруту, ён толькі раз-поразу вяртаўся ў думках да няяснага, заблытанага пытання: чаму гэта Шымет якраз на яго пускае цень, чаму на іншых шафёраў не гаворыць нічога? Няўжо тут ёсць які-небудзь пачварны намер?

Калі б здарылася так, што Якаў зрабіў што-небудзь дрэннае кладаўшчыку, хаця б палаяў яго ці абразіў. А то ж ніколі слова кепскага не сказаў, нават у думках не трымаў чаго нядобрага.

Што наогул выйшла нядобрае за гэтыя часы работы на будаўніцтве? Хіба тое, што малога Віцьку ратаваў, што Шыпульку выцягнуў з-пад маста, што пасябраваў з Валянцінам ды з дабрасельскімі старажыламі? А можа, не падабаецца кладаўшчыку, што Яшава трохтонка не ведае стомы, што бегае яна ў самыя далёкія і цяжкія рэйсы, што заўсёды дастаўляе самыя каштоўныя і тэрміновыя грузы?

Калі ўспомніў Якаў пра Шыпульку, думкі яшчэ больш згусціліся. Сапраўды, падобна на тое, што Шымет задумаў нешта нядобрае якраз пасля недарэчнага выпадку ля мастка. Ці няма тут якой сувязі паміж гэтымі з’явамі? Цяжка паверыць. Магчыма, гэта проста выпадковае супадзенне, а падумалася так ад балючай крыўды?

З таго часу, калі выбег Якаў з зялёнага доміка колішняга начальніка канторы, яму не траплялася на дарозе гэтакая людская несумленнасць. Яна не зацямняла зрок, не блыталася пад нагамі. Часта ўзнікала радасць ад уяўлення, што цяпер ужо і не будзе такіх з’яў. Няхай дзе-небудзь у гнілым куточку, у якімсьці зялёным доміку. А тут, сярод рабочых людзей?..

Лепш не думаць пра гэта, не трывожыць душу лішнімі асцярогамі.

Калі пачыналі дакучаць такія разважанні, Якаў перш за ўсё аглядаўся на сябе. Ці зрабіў ён у сваім жыцці што-небудзь дрэннае людзям? Магчыма, і зрабіў, але не наўмысля. Ці здолеў бы ён нашкодзіць чалавеку дзеля сваёй выгады, свядома і абдумана?

Тут прыходзіла на памяць тое, аб чым некалі ішла гаворка з Паўлам Іванавічам.

...Партызанскі разведчык, хоць ён і падлетак, павінен быць гатовы да ўсяго. Могуць быць няўдачы, памылкі. Партызанскі разведчык можа трапіць у рукі фашыстаў. Яму паабяцаюць залатыя горы, калі раскажа ўсё, што ведае аб партызанах. Яго падвесяць жывым на тонкай бярозе і будуць выколваць вочы і драць скуру палосамі, калі не загаворыць...

Бярозка гнецца, а хлопчык вісіць...

Як павінен трымаць сябе партызанскі разведчык? Вядома як: выцерпець усё, а не паддацца, памерці, але не сказаць ніводнага слова!

Нялёгка ўявіць сябе падвешаным на бярозе. Якаву ўспамінаецца, што некалі ён не раз уяўляў гэта і задаваў сабе пытанне: хопіць сілы вытрымаць ці не хопіць? Правяраў у душы кожную сваю жылку. І адчуваў, што хопіць.

Паўставалі часам такія пытанні і цяпер, уяўлялася тое, што і некалі раней.

Ці хапіла б сілы?..

Бралася на праверку душа, прасвечваліся ў ёй усе закуткі. І ўзнікала яснае перакананне: хапіла б!..

Перад вачыма ўсплывала светлае і радаснае. Не трэба далёка і хадзіць. Усяго толькі з тыдзень назад Якаў прывёз на першую пляцоўку цэглу. З ім прыйшло і яшчэ з дзесятак машын з аўтакалоны. Дарога была кепская і на нагрузцы затрымліваліся, дык прыехалі зусім позна. Каб выехаць на досвітку зноў, трэба было хутка разгрузіцца, а на пляцоўцы засталі толькі вартаўніка.

— Пачакайце трошкі, — сказаў Якаў шафёрам, большасць з якіх былі нетутэйшыя.— Я збегаю ў вёску, пазаву хоць кладаўшчыка.

Бегучы па цёмнай вуліцы (святла ўжо ў вокнах не было), ён сустрэў Сашку, брыгадзіра шахтбудаўнікоў. Відаць, той праводзіў з клуба сваю зграбненькую танцорку і цяпер вяртаўся дадому.

— Калона машын на пляцоўцы,— сказаў яму на хаду. — А разгружаць няма каму.

— На нашай пляцоўцы? — спытаў Сашка.

— Не, у горадзе!

Сашка пабег, нічога не сказаўшы, а праз некалькі хвілін на пляцоўку ўжо імчаліся Валянцін ледзь не з усімі шахцёрамі, хлопцы-будаўнікі і хлопцы-калгаснікі. Хто спаў, хто яшчэ не спаў — усе падняліся па сігналу. Як гулялі разам у клубе, так і рушылі на выгрузку. Пакуль з’явіўся заспаны кладаўшчык, пляцоўка напоўнілася вясёлымі галасамі. Ад Шымета патрабавалі толькі ўказваць месцы для новых клетак. Работа ішла ўперамешку з жартамі, запеўкамі і прыпеўкамі. Не прайшло і гадзіны, як усе трохтонкі былі разгружаны.

Якаў трохі раней паехаў і ўжо з гаража чуў, як хлопцы дружна спявалі, ідучы дадому. Не вельмі сціпла было гарланіць у такую познюю пару, можна нарвацца і на праклёны якой-небудзь бабулькі. Але, відаць, песня ўзнікала сама сабою, не пытаючыся ні ў кога дазволу. Хлопцам спявалася таму, што добра папрацавалі, і таму, што іх песню, вядома ж, чулі ў вёсцы. Спіць ужо Сашкава танцорка, спіць Надзя і іншыя дзяўчаты. Але каторая з іх не прачнецца ад звонкай хлапечай песні, каторая не прыслухаецца, каб улавіць найбольш знаёмы голас, а можа, і мілы сэрцу, незабыўны...

Слухаючы гэтую песню, Якаву самому хацелася заспяваць. Вось так бы ўсё жыццё ісці побач з гэтымі людзьмі, усё жыццё мець права адкрыта і шчыра глядзець ім у вочы...

Шкада толькі, што не ўсё гэтакае ж яснае сярод людзей. Вінцэсь Шымет не пайшоў разам з хлопцамі дадому і, вядома ж, не падхапіў вясёлую песню. Ён яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. На світанні пераняў на дарозе аблінялы «газік» і далажыў начальніку работ, што асноўны будматэрыял прыбыў, што ён увесь згружаны і складзены ў клеткі. Начальнік паціснуў кладаўшчыку руку, а пасля міжвольна абцёр сваю. У Шымета былі ў пяску і гліне не толькі рукі, а і рукавы, і крыссі паліто. Нават цыгейкавая вушанка парудзела ад густога гліннага пылу.

У такім жа рудым колеры Шымет сустрэў на пляцоўцы галоўнага інжынера і прараба, а тады зняў шапку і выцяў ёю па крыссях паліто. Калі жонка прынесла снеданне, нагнуўся каля фундамента аднаго з дамоў і памыў у адліжным снезе рукі. Еў потым, седзячы на ніжняй прыступцы ганка, і, хто ні праходзіў блізка, скардзіўся кожнаму:

— От, найго ліха, служба! Паснедаць няма калі схадзіць дадому. І ўсю ноч тут тарчыш, і ўвесь дзень.

Будаўнікі спачувальна ківалі галовамі.

Здараецца часам, што ідзеш уранні па гладкай зімняй дарозе, перад табою горка, стрэчны чалавек спускаецца з гэтай горкі. З-за ляска выглянула сонца, хоць і халоднае, але вясёлае, з іскрыстымі праменнямі. Дарога перад чалавекам выглядае залатой, а сам чалавек на горцы — такім прывабным, велічным. Вопратка на ім здаецца самай лепшай, постаць высокая, зграбная, паходка прыгожая. Калі гэта жанчына, то падумаеш, што сама каралева ідзе табе насустрач, калі мужчына — то прымеш яго сама мала за Крываносава, а то нават і за Паддубнага.

А наблізіцца гэты чалавек — і адразу знікае ранейшае ўяўленне. Дзівішся, бачачы, што і невялічкі ён, і ногі ў яго крывыя, і вопратка старая, неахайная. Усё сплыло з чалавека, як толькі ён спусціўся з горкі і як сышлі з яго сонечныя праменні...

Бываюць, вядома, з’явы і адваротныя. Бачыш сустрэчнага па той бок горкі. Сонца на дарозе няма, туманчык плыве з лесу. І здаецца табе гэты чалавек маленькім і крывенькім, думаеш, што нейкі карлік узбіраецца на горку.

Потым, што больш ён узыходзіць, што бліжэй становіцца да цябе, то ўсё вырастае і выпростваецца. Нарэшце ты бачыш, што гэта вельмі прыгожы чалавек: постаць стройная і высокая, паходка камандзірская. Усё ў яго прывабнае: і твар, і вопратка, і нават валасы, што трошкі паказваюцца з-пад шапкі. Каля такога чалавека хочацца прыпыніцца, сказаць яму ласкавае слова або хоць спытаць, куды ён ідзе і адкуль.

Не зусім проста пазнаць чалавека і на горцы, і за горкай. Трэба ўглядацца зблізку.

 

 

Госці нечаканыя...

 

Доўга мучыла і непакоіла Якава размова з Шыметам. Яна прыходзіла на памяць у дарозе, на пагрузках і разгрузках, нават у школе, у час вячэрніх заняткаў. Потым пастаў момант, калі ўскладнілася ўсё яшчэ горш. Памятаючы наказ Валянціна, ды і па сваёй трывозе, Якаў штодня наглядаў за гаражом, ды нічога падазронага не заўважыў. Але вось аднаго разу ноччу нехта пастукаў яму ў акно.

Якаў толькі што прыйшоў са школы, яшчэ не раздзеўся. Адхінуў фіранку і пазнаў кажух гаражнага вартаўніка. Паспешна выйшаў на ганак.

— Што здарылася, дзядзька Талімон?

— Яно, можа, і нічога, — не паказваючы хвалявання, адказаў стары, — але нехта паехаў на тваёй машыне.

— Даўно?

— От толькі што. Я, прызнацца, быў трохі задрамаў у будцы — позна ўжо. Дык не пазнаў, хто паехаў.

Якаў на бягу схапіў бушлат і памчаўся ў гараж. Талімон прыклыпаў ужо тады, калі ён на другой машыне выязджаў з варот.

— У які бок паехаў? — больш знакамі, як голасам, спытаў шафёр.

— Туды, на будаўніцтва!

Узяў напрамак на першую пляцоўку. Пад’ехаў да клубнага будынка, паклікаў вартаўніка.

— Ці быў тут хто на машыне?

Вартаўнік адказаў, што не было, але неяк разгублена залыпаў вачыма.

Якаў вылез з кабіны і, стоячы на прыступцы, акінуў позіркам усё наваколле. Каля самага далёкага пасёлка нешта бліснула. Фары гэта ці не? Вельмі падобна на фары, бо так які бляск наўрад ці быў бы відзён на такой адлегласці.

Усе дарогі тут Якаў ведаў добра, таму паехаў у пасёлак, не ўключаючы святла. На малой хуткасці ўехаў у невялічкую вуліцу. Адразу заўважыў каля аднаго двара шырокі кузаў машыны. Бліснуў фарамі, пазнаў свой нумар, але ў гэты момант машына рэзка рванула з месца і пагрукацела ў цемру. Якаў уключыў дальняе святло і таксама даў газ. Маркі машын былі аднолькавыя, але Якаў адчуваў, што яму цяжка паспяваць за ўцекачом. Тая машына спраўная, дагледжаная, а гэтая марудна набірае хуткасць. Можа, таму гэты лайдак, што ўцякае, і схапіў тую машыну?

«Цяпер усё будзе залежаць ад спрыту, — падумаў Якаў. — Калі там сядзіць біты ліхач, то не даганю яго, уцячэ, а потым цяжэй будзе даказваць. Калі ж гэта Шыпулька, то нідзе не дзенецца, бо шафёр з яго такі ж самы, як і загадчык гаража. Каб толькі хапіла гаручага».

Узяўшы добры разгон, Якаў неўзабаве пачаў даганяць уцекача. Яшчэ праз некалькі хвілін фары яго трохтонкі ледзь не пранізвалі кузаў пярэдняй, але абагнаць не хапала сілы. І хуткасці такой не дасі, каб раптам заскочыць наперад, і ўцякач старанна сочыць за намерамі. Возьмеш трошкі ўбок, і ён бярэцца туды ж. Аставалася толькі выбраць зручны выпадак і перахітрыць праціўніка, як на вайне.

Але тут дарогі палявыя. Калі б нават і ўдалося выйсці на паралель, дык ён можа рэзка павярнуць убок і выскачыць на другую дарогу. Можа павярнуць і назад. Значыць, трэба як-небудзь вызначыць, куды ён паверне. Калі на раённы цэнтр, тады мець на ўвазе адну спробу, калі на горад — другую.

Якаў сцішыў ход і толькі фарамі трымаў пярэднюю машыну на прыцэле. Няхай чалавек супакоіцца, абдумае, куды яму ўзяць курс, тады і пагоня прыме адпаведную тактыку. Яшчэ ж не позна павярнуць і ў гараж.

Аднак не павярнуў чалавек ні дадому, ні ў раённы цэнтр, а выпраміўся проста на горад. Тут Якаў адчуў, што можа не справіцца з задачай, бо гаручага ў яго мала, а ў пярэдняй машыне поўны бак. Збіраючыся на досвітку выязджаць, Якаў падрыхтаваў сваю машыну яшчэ з вечара. Відаць, злыдзень і ўлічыў гэта. Будзе газаваць да горада, а там схаваецца дзе-небудзь.

Такім чынам, надзея адна. Праз дзесятак кіламетраў невялічкі аб’езд, там рамантавалі дарогу. Калі ўцякач не ведае, што там на крайні выпадак можна праскочыць, дык возьме на аб’езд, калі ж ведае, то прыйдзецца самому апошні дух выняць з машыны, а перасцігнуць лайдака. Тут зноў жа — хто ў машыне. Калі Шыпулька, то ён не паедзе на шлагбаум. Ён, пэўна, і не ведае, што там наперадзе, і вельмі баіцца ўсялякіх масткоў, грэбляў, насыпаў. Асабліва пасля апошняга нырання ў раку.

Набліжаўся самы рашучы момант. Заўважыўшы дашчаты шлагбаум, пярэдні шафёр прытармазіў машыну: відаць, не адразу сцяміў, кудою лепш праехаць. Якаў выкарыстаў гэта і пад'ехаў зусім блізка. Пярэдні звярнуў на аб’езд, а Якаў даў поўны газ, збіў на хаду шлагбаум і на кучах мёрзлага гравію выскачыў наперад. Уцякач паспрабаваў даць задні ход, але забуксаваў, трапіўшы ў слізкую калдобіну. Пакуль ён валтузіўся са скарасцямі, Якаў рыўком адкрыў яго кабіну і з-пад носа выхапіў ключы. Машына заглохла.

— Вылазь, зладзюга! — са злосцю крыкнуў Семігон, яшчэ не ведаючы, каму крычыць, з кім збіраецца ўступаць у бойку. У руках у яго быў развадны ключ, і намер выспяваў цвёрды: хто б тут ні быў, хоць два чалавекі, хоць тры, а не выпусціць адсюль нікога і не паддацца.

— Вылазь, а то як агрэю па шкле, зубоў не пазбіраеш! — Якаў адвёў руку з ключом.

— Ну, чаго ты так ужо?! — раптам пачуўся зусім лагодны голас. — Чаго ты прывязаўся да мяне?

— Вылазь! — сурова паўтарыў Якаў, хоць ужо і ведаў, што гэта Шыпулька.

— Ну і вылезу, — згадзіўся Росцік, — няўжо ты думаеш, што я тут начаваць буду?

— Лезь у кузаў!

— Ну і палезу. Ныпрыш ты за мною, проста кроку ступіць нельга.

— Сядзі там і не варушыся, а то звяжу, як вепрука.

— Ну і сядзецьму.

Якаў хуценька адагнаў пярэднюю машыну, потым завёў сваю і выехаў на дарогу. Тут, умела манеўруючы, развярнуўся.

— Падай з кузава буксір! — загадаў ён Шыпульку, вылезшы з кабіны.

Той падаў і пахукаў сабе ў далоні, ссутуліўся.

— Нікуды я вельмі і не пабягу з маёй нагою,— загаварыў ён, хоць Якаў нічога ў яго не пытаў. — Хіба толькі змерзну тут, бо адзяваўся не ў вялікую дарогу.

Семігон узяў заднюю машыну па цвёрды буксір і, паглядваючы назад, паспрабаваў скрануцца. Цягнуць можна, толькі пасадзіць бы каго за руль. Няўжо ніхто не нагоніць?

Прыслухаўся, што там робіцца ў кузаве, але нічога не пачуў. Не прасіўся Шыпулька, не стукацеў, не грукацеў. Сядзеў, відаць, спакойна і пакорліва, можа, нават скурчыўшыся, апусціўшы галаву. І Якаву неяк шкада стала хлопца. Прыглушыў машыну і, адчыніўшы дзверцы, сказаў:

— Лезь у тую кабіну, калі хочаш! Будзеш руляваць.

Шыпулька паслухмяна выбраўся з кузава і, кульгікнуўшы да Якава, жаласліва папрасіў:

— Дасі хоць у гараж мне самому ўехаць. Га? Брыдка ж мне, разумееш?

— Рабі, што загадваюць! — сказаў Семігон і, як толькі Шыпулька сеў у кабіну, рушыў з месца.

Ехаў і ў думках дакараў сам сябе. Вось жа злавіў чалавека, кожнаму цяпер зразумела, што вінаваты ён, магчыма, нават злачынец, а верыць у гэта чамусьці не хочацца. Каб, можа, хто іншы, а то Шыпулька. Ён і вялікага дабра не зробіць, і на злачынства наўрад ці пойдзе.

Стары Талімон не спаў, калі дзве трохтонкі ўязджалі ў гараж, і ўхвальна кіўнуў Якаву.

«Што ж цяпер рабіць? — надумаў Якаў. — Дагэтуль было ясна: лавіць, даганяць. А далей? На дварэ ноч, ды позняя ўжо. Акрамя Талімона, нікога паблізу няма».

— Пойдзем са мною! — сказаў ён Шыпульку, калі той вылез з кабіны і разгублена ўтаропіўся яму ў твар.

Росцік моўчкі пайшоў. Каля вартаўнічай будкі ён падаў знак Талімону зачыніць вароты, а калі трохі адышліся, загаварыў пакрыўджана і ўсхвалявана:

— Ну, куды мы пойдзем? Куды? Да начальніка будаўніцтва, да Паўла Іванавіча? Па-першае, іх нікога няма дома, усе на нарадзе ў Мінску. А па-другое, каму гэта трэба. Няўжо ты сапраўды думаеш, што я такі, як ты назваў мяне там, на аб’ездзе?

— А які? — Семігон спыніўся, пранікліва паглядзеў Шыпульку ў вочы.

— Дурнаваты трохі, — моцным шэптам прамовіў загадчык гаража, — а больш ніякі. Калі сказаць табе чыстую праўду, то вялікага праступку я і сёння не зрабіў. Толькі, прашу цябе, Надзі нічога не кажы: у адной кабеціны на пасёлку хацеў пабываць. Вось і ўсё. Пехатою дайсці не магу, а начальства якраз няма...

— Брэшаш ты! — абурана заявіў Якаў. — Не веру! Ты і мінулы раз нахлусіў мне. І што тут Надзя? Чаго ты яе прыплятаеш?

— Не прыплятаю, а не хачу, каб яна пра гэта ведала. Каб хлусіў, то не баяўся б. — Шыпулька апусціў галаву і загаварыў ледзь не скрозь слёзы. — Усё-такі я кахаў яе і цяпер кахаю. З малых год яна была мне блізкая. Хіба вінаваты я, што яна мяне не любіць, цяпер нават адварочваецца, калі дзе сустрэнемся?

— Чаго ж ты ўцякаў, калі гэтак?

— Таму і ўцякаў. Не хацеў, каб мяне тут бачылі. Кабетка гэтая не ў вялікай славе. Акрамя таго, адчуваў, што толькі ты можаш за мной пагнацца. Я сам не памятаю, як уключыў матор, як рвануўся з месца. А ўжо калі рвануўся...

— Слухай! — перапыніў яго Семігон. — Не буду я тут забаўляцца тваімі байкамі, не буду і пытацца больш ні пра што. Пойдзем у Чырвоныя Макі, здам цябе ўчастковаму, і няхай робіць з табою, што хоча.

— Дык яго таксама няма дома, — нібы нават шкадуючы, што так усё не клеіцца, паведаміў Шыпулька. — У іх нейкі злёт у вобласці, дык ён яшчэ ўчора паляцеў туды на сваім матацыкле.

— Выходзіць, што ты ўсё гэта ведаў, калі выязджаў, — заўважыў Якаў. — Пайшлі да Валянціна Палянскага, ён цяпер тут у канцы вёскі кватаруе.

— Яша! — вінаватым голасам прамовіў Шыпулька. — Ну, нашто нам турбаваць ноччу людзей, нашто падымаць трывогу? Толькі смяяцца будуць і з мяне, і з цябе. Хіба ты думаеш, што я ўцяку куды за гэтыя некалькі гадзін да раніцы? Неўзабаве пачне днець, табе сёння не трэба вельмі рана выязджаць, вось раніцаю і раскажам усё Валянціну. У чым я вінаваты, няхай з мяне за тое і спагоняць. Я не буду віляць, ухіляцца ад адказу. А каб ты спакойна спаў, вось на вазьмі сам мае шафёрскія правы і ўсе дакументы.

Паспаць Якаву ў гэтую ноч так і не давялося. Толькі ён лёг і, можа, на якую гадзіну забыўся першым сном, як нехта зноў пастукаў у акно. Стукат быў моцны і патрабавальны. Якаў усхапіўся, адразу стаў адзявацца. Ля акна стаяла быццам бы незнаёмая постаць, пэўна ж не Талімон і не Шыпулька. Хто ж мог грукацца так позна?

Семігон у адной гімнасцёрцы і без шапкі адчыніў дзверы ў сенцах. На ганку стаяў Шымет, у шэрым паліто з настаўленым каўняром і ў цыгейкавай шапцы з распушчанымі вушамі. Якаву здалося, што ён дрыжыць не то ад холаду, не то ад хвалявання.

— Гаворка наша гаворкаю, — ціха пачаў ён, каб нікога не разбудзіць, — а справа справаю. Ехалі нядаўна хлопцы паўз пляцоўку дарогаю. Сказалі вартаўніку, што адзін шафёр з аўтакалоны пацярпеў аварыю кіламетраў за дваццаць адсюль. Матэрыял у яго наш. Каштоўны матэрыял, важны, але справа, вядома, не ў матэрыяле. Чалавек нам перш за ўсё, ты ж разумееш. Тут, на месцы, якраз сёння няма нікога — я ўжо збегаў на пасёлак, да прараба. Хочам прасіць цябе праехаць, паглядзець, што там такое. Калі сам не здолееш памагчы, то адразу варочайся, падумаем тут разам.

Якаў хутка сабраўся і праз некалькі хвілін выехаў...

 

 

Палатка-адзіночка

 

Яго прывезлі ў раённую бальніцу амаль зусім без памяці. Дактары паклалі яго ў тую ж самую палату, дзе не вельмі даўно ляжаў Росцік Шыпулька. Далі знаць у Дабрасельцы, хутка прыехала Надзя і ўжо не адыходзіла ад яго ўвесь крытычны час. Нічога ён не гаварыў сам, нічога не адказваў, калі ў яго пыталіся, бо пры аварыі моцна выцяўся галавою.

К поўдню прыехалі Павел Іванавіч і Валянцін. Доўга сядзелі моўчкі каля Яшавага ложка. Ад дактароў яны ведалі, што Якаў цяпер не загаворыць, наўрад ці нават расплюшчыць вочы, але сядзелі і чакалі. Можа, усё ж такі гляне, можа, хоць трошкі лягчэй яму стане, калі ўбачыць, што ён тут не адзін. Потым яны раіліся з дактарамі, як лепш лячыць хворага, можа, трэба выклікаць спецыяліста з цэнтра? А перад ад’ездам запрасілі Надзю ў асобны пакой і расказалі ёй жудасную гісторыю.

Праз некалькі хвілін пасля таго, як ноччу Семігон выехаў на дапамогу таварышу, прымчаўся ў гараж Шыпулька і стаў паспешна заводзіць машыну. Хоць Талімон глядзеў на яго падазрона і нават хацеў зачыніць вароты, каб не выпусціць, Шыпулька вырваўся з гаража і на самай вялікай хуткасці пагазаваў услед за Якавам. Дагнаць Якава ён не паспеў, аварыя здарылася раней. Калі Росцік пад’ехаў да гэтага няшчаснага месца, Якава ўжо ўкладвалі ў сваю машыну нейкія незнаёмыя хлопцы.

Вярнуўшыся, Шыпулька прагнаў дадому Талімона, зачыніўся ў вартаўнічай будцы і сядзеў там, пакуль добра развіднела. Людзям трэба было пуцёўкі выпісваць, а яго ніхто не мог знайсці. Потым ён праз маленькае акенца ўбачыў трэстаўскі «газік», выскачыў, кінуўся да шафёра:

— Хто прыехаў?

— Павел Іванавіч, — адказаў шафёр, — а начальніка яшчэ няма. Заўтра паеду па яго.

Усім вымахам сваіх цыбатых ног Шыпулька памчаўся да Паўла Іванавіча. Там ён прызнаўся, што пасля таго, як аддаў дакументы Якаву, не пайшоў дадому, а пабег на пляцоўку, дзе яго чакаў Шымет. Да гэтага між імі было ўгаворана прывезці з пасёлка схаваны там шыфер і такім чынам выкруціцца, схітрыць у час праверкі.

Кладаўшчык ужо ведаў пра няўдачу і адразу спытаў:

— Можна так зрабіць, каб Семігонава машына ехала і не ехала?

— Як гэта? — здзівіўся Шыпулька.

Хрыпучы шэпт кладаўшчыка быў злавесны і настойлівы. Відаць, Шымет абдумаў усё яшчэ да прыходу загадчыка гаража.

— А так! — рашуча паўтарыў ён. — Шафёр павінен выехаць з гаража і нічога не заўважыць пры выездзе, а там далей трохі пакруціцца ў адхоне або чокнуцца з сустрэчнай машынай.

— Нельга так, нельга! — спалохана загаварыў Шыпулька.

— Брэшаш, можна! Я раіўся з трохі большымі спецыялістамі, як ты.

— Дык гэта ж!..

— Рабі, што загадваю! — кладаўшчык ледзь не ўткнуўся сваім жоўтым і вострым, як цясак, падбародкам у Шыпулькавы грудзі, зыркнуў на хлопца шалёнымі бельмамі. — Я адзін не пайду за краты, май гэта на ўвазе! А гэты твой жаданы швагрык увесь час сачыў за табою і напаў на след. Ён ведае, куды ты ездзіў... Пакуль з ім там будуць вазіцца на дарозе, мы тут што-небудзь прыдумаем.

Выкарыстаўшы Талімонаву глухату, Шыпулька па-зладзейску прабраўся ў гараж і прыпсаваў у Семігонавай машыне рулявую цягу.

Дома ён не мог заснуць ад страшэннай пакуты. Валяўся на пасцелі адзеты, уставаў, хадзіў з кута ў кут, паглядваў чагосьці ў акно. Прачнулася маці, пачала на яго крычаць. Тады ён выйшаў з хаты. Сныдаючыся сюды-туды па двары, усё намагаўся ўявіць, што ён не зрабіў такога нечуванага злачынства свайму таварышу, што гэта быў толькі сон. Якаву не пагражае катастрофа, Якаў будзе жыць, раніцою яны сустрэнуцца і пойдуць разам да каго-небудзь з кіраўнікоў будаўніцтва. Якаў не будзе гаварыць там злосных слоў... Ён добры... Хоць і замахваўся нядаўна жалезам, але не выцяў бы... Не можа ён выцяць невінаватага чалавека... Верыць. Хлусіў яму, а ён верыць. Ні ў цёткі не быў, ні ў кабеты... Усё гэта Шымет, пракляты вырадак. Абкруціў, аблытаў...

І раптам здалося, што Шымет наскрозь праколвае яго сваім жоўтым падбародкам-цесаком. Адчуваецца рэзкі боль у грудзях... Шымет тут, перад вачыма. Значыць, праўда, даваў ён загад... На пальцах халодная мазута, на далоні шчыміць чырванаваты рубчык ад ключа... А што, калі Якаў зараз паедзе? Што, калі ён ужо ў машыне?..

Шыпулька рынуўся ў гараж, паехаў следам, але спазніўся.

 

На радасць усім добрым людзям Якаў папраўляўся хутка. Малады здаровы арганізм браў сваё: галаўныя болі паступова сцішаліся, менш непакоілі цяжкія ўшыбы.

За гэты час рэдка хто з шахтбудаўцаў не пабываў у яго. Наведаўся нават аднаго разу Талімон, як чалавек найбольш вольны ўдзень. Перадаў паклон ад сваіх неспакойных аднадумцаў — старога Тумаша і каваля. Седзячы потым на табурэтцы і хаваючы пад яе свае вялізныя жоўтыя бахілы, стары скоса паглядаў на нязвычны для яго белы халат, што накінулі яму на плечы, і маўчаў. Ведаў, што калі пачаць добрую гаворку, то пры вушной тугаватасці трэба крычаць. А ці можна крычаць тут, у бальніцы? Можа, і хвораму гэта шкодна? Толькі перад адыходам паківаў галавой, патужыў, што вось каб не ён, стары пень, то, можа, і ўсё добра было б. Трэба было яму тады бегчы ноччу, стукаць у акно!..

Адказ на гэта ён не так пачуў, як зразумеў па знаках Якава і па выразу яго твару. Якаў дзякаваў старому вартаўніку за помач. Цяпер хоць прасвятлілася многае і не будзе сядзець чорным жмуткам на душы.

У руплівыя прадвясеннія дні ў Надзі вельмі многа было работы, але яна прыходзіла да Якава амаль кожны дзень. Ведаючы, што брату найбольш цікава слухаць пра дабрасельскія справы, яна цэлымі гадзінамі расказвала аб сваім звяне.

— Усё ў нас будзе цяпер не так, як летась, — радуючыся за сваіх дзяўчат, гаварыла яна. — Усё зменіцца.

— А што, замуж павыскокваеце? — усміхаўся Якаў. — Жаніхоў цяпер хапае.

— Можа, хто і выскачыць, — згаджалася Надзя, — але галоўнае не ў гэтым. Будзем працаваць па-новаму і жыць зусім не так, як раней. Вось гэтымі днямі абедзве брыгады Палянскага сабраліся, пастанавілі змагацца за права стаць брыгадамі камуністычнай працы. А мы таксама сабраліся. Чым мы горшыя за іх? Там гэтакія ж самыя дзяўчаты, як і ў нас. Многія нават вучыліся разам з нашымі. Яны будуць на шахтах, а мы — на льне. Яны са сваёй тэхнікай, а мы са сваёй.

Пры такіх размовах Якаў заўсёды прыкмячаў, што пра шахтбудаўцаў Надзя гаворыць не менш, як пра сваё звяно. І вельмі добра ведае аб усім, што там робіцца. Гэта трошкі забаўляла яго і радавала, бо ў душы ён ухваляў, што сястра неяк сама, без яго ўплыву, выбрала для свае ўвагі такі калектыў, які падабаецца і яму. У калектыве, вядома, не без адметнай асобы. Але і гэтая асоба па душы. Колькі разоў здаралася: стамляўся, пачынаў сумаваць у дарозе, уяўляліся нават адзінота, адарванасць ад людзей. А прыходзіла на памяць, што сёння яго чакаюць хлопцы, што Валянцін, пэўна, ужо сядзіць у Антосішынай хаце, каб потым разам ісці ў клуб або ў школу на палітзаняткі, — і адразу рабілася весялей.

Прыбегла аднаго разу Надзя ў палату і яшчэ не паспела перадаць хлапечыя і дзявочыя падарункі, паклоны ад Антосіхі, як паведаміла навіну:

— Табе, Яша, пакой у новым доме намецілі. Ачуньвай хутчэй, будзем спраўляць наваселле!

У голасе, у вачах столькі радасці, што гатова б пусціцца ў скокі, каб не бальніца.

— Чаму гэта мне аднаму? — быццам бы не падзяляючы радасці, спытаў Якаў. — Павел Іванавіч абяцаў нам з табой дваім.

Надзя неяк адразу асеклася, пачырванела.

— Хіба ты не пойдзеш разам са мною ў новую кватэру?

— Ведаеш, — ніякавата загаварыла дзяўчына, — табе лепш аднаму перасяліцца. Усё ж такі, ведаеш?..

І Якаў зразумеў, што ў яе іншыя планы, што радуецца дзяўчына не толькі ад таго, што брату паабяцалі пакой.

— Значыцца, і тваё наваселле? — пранікнёна глянуўшы на сястру, спытаў Якаў. — Асобнае, больш урачыстае?

— Ды не, — запярэчыла Надзя, аднак апусціла вочы. — Усё ж такі, разумееш?.. Трэба тут глядзець трохі і наперад. Не будзеш жа ты ўвесь час адзін.

— А, вось куды ты! — без здзіўлення, але і без радасці прамовіў Якаў. — Аб гэтым я цяпер не думаю.

— Чаму? — зусім сур’ёзна спытала Надзя. — Хіба ты горшы за людзей? І мне будзе радасна, калі ў цябе будзе свая сям’я.

Якаў маўчаў, адвярнуўшыся да акна. Яму цяжка было ўшчынаць гэтую гаворку, бо толькі ўстрывожыцца сэрца, а да ніякага ладу тут не прыйдзеш.

— Хіба ты ўжо цяпер і не пішаш ёй? — не пакідала дапытвацца Надзя. — І нічога не ведаеш пра яе?

— Яна не адказала мне ні на адно пісьмо, — азваўся нарэшце Якаў. — Як жа мне пісаць? Там нават забылі, што ёсць на свеце нейкі шафёр.

— Ты дарэмна так, — з усёй дзявочай ласкавасцю запярэчыла Надзя. — Я ніколі не бачыла яе, ведаю толькі па тваіх расказах. Але чамусьці мне здаецца, што яна вельмі кахае цябе. Кахае, мучыцца, а не піша. І гэта ад гордасці, разумееш? Я шкадую цябе — ты не крыўдуй за гэтае слова. Мне цяжка, калі бачу, душой адчуваю, што ты пакутуеш, перажываеш. Але я паважаю яе за такую гордасць! Я сама такая. Не дай божа, хто са мною гэтак абыдзецца, як у цябе выйшла з ёю! Памру, а не дарую! Вырву з сэрца маё каханне, заглушу нават памяць аб ім! Няхай адна навек астануся, няхай палохае і сніцца самотная, пакутніцкая старасць, усё роўна не адступлюся ад свайго закону, не звярну са свае сцежкі.

— Ты вельмі ўжо суровая, — ціха сказаў Якаў пасля доўгага маўклівага роздуму. — Бывае, што іншаму чалавеку і трэба дараваць. У кожнага жыццё ідзе па-свойму.

— Да цябе я, можа, і не была б такая суровая, — трошкі змякчылася Надзя. — Тут гаворка пра наўмысныя ўчынкі, а ты, вядома ж, не такі, каб наўмысля рабіць каму шкоду. Зоня мала ведае пра гэта. Тваю выпадковую памылку яна прыняла, мабыць, за праяву характару. Мне здаецца, Яша, што як толькі ўстанеш і зноў возьмешся за работу, адразу з’ездзі на сваю былую кватэру. Раскажы там усё. І табе лягчэй будзе і... нам.

Якаў здзіўлена ўзняў вочы.

— Мне, я хацела сказаць, — паправілася Надзя. — Не думай, што мне лёгка глядзець, як ты часам апускаеш галаву.

«Ужо і Валянцін пра гэта ведае, — мільгнула ў Якава думка. — Прагаварылася дзяўчына».

У першы момант неяк трохі няёмка стала і крыўдна на сястру, што яна не ўхавала яго тайны. А потым, удумаўшыся, Якаў зразумеў, што здзіўляцца і крыўдаваць тут няма чаго. Валянціну ён і сам мог усё расказаць, а Надзя яшчэ больш верыць гэтаму чалавеку. У іх, мабыць, ужо такія ўзаемаадносіны, што сакрэтаў не можа быць. За гэта нельга Надзю папракаць. Яна шчаслівая, гордая і шчырая ў сваёй сапраўднай дружбе, у сваім першым і светлым каханні. Так і павінна быць у харошых людзей.

Якаву хацелася яшчэ раз зазірнуць сабе ў душу, яшчэ раз перабраць у памяці ўсё, аб чым нагадала сёння сястра. Але неўзабаве дзверы ў палату ціха адчыніліся, і на парозе паказалася жанчына, якую ў белым халаце Якаў ледзь пазнаў.

— Ці можна да вас? — нясмела спытала яна і ўсё трымалася за дзвярную ручку, не адважваючыся ступіць далей.

— Заходзьце, заходзьце, — першай запрасіла Надзя. — Сядайце вось тут, — яна ўступіла месца на белай табурэтцы, а сама прысела на ложак.

Жанчына падышла, сарамліва паглядваючы на сляды на падлозе ад сваіх мокрых валёнак, асцярожненька, спакваля села і раптам утуліла твар у адварот халата, ціха заплакала.

Гэта была Анэта, Шыметава жонка. Якаў не то што здзівіўся яе прыходу, хоць, вядома, не чакаў такога наведвання, але ўсё ж адчуў сябе даволі ніякавата, бо не мог прадбачыць, што яна будзе гаварыць, і не ведаў, як пачаць гаворку самому.

Загаварыла першая Анэта. Голас яе быў шчыры, зжалоблены слязамі.

— Вы, Якаў, мабыць, думаеце, што і я ў гэтым вінавата, што я ўсё ведала. Паклянуся вам усім, што ёсць у мяне самае дарагое — сваім дзіцём, якога вы ўратавалі ад смерці, што я нічога не ведала. Ён вельмі скрытны быў ад мяне і, мабыць, ад усіх. Ніколі я не чула, каб ён што гаварыў ці пра матэрыялы, ці пра якія грошы. Ды ў нас жа нічога і няма! З чым прыехалі сюды яшчэ ў МТС, з тым і цяпер жывём. Які быў пусты дворык са старой хаткай, такі ён і цяпер. Гусей толькі чародку развяла...

Жанчына крыху падняла бледны заплаканы твар, паглядзела спачатку на Надзю, потым на Якава і, трохі ўцёршыся ражком халата, пачала гаварыць далей:

— Праўда, неяк аднаго разу, павячэраўшы, кажа ён мне: «Паедзем, Анэта, на той год у Алупку (там у яго нейкія родзічы ёсць), купім там пляц з вінаградам, пабудуем уласны домік і будзем жыць з адных кватарантаў».

Я, вядома, прыняла гэта за смех. Мала пра што можа надумацца чалавек, добра павячэраўшы? На чорта мне, кажу, гэтая твая Алупка. Мне і тут добра. Давай лепш падладзім крыху гэтую хату, што нам далі, а то разваліцца.

— Дык за што ж яе падладзіш?

— А за што пляц з вінаградам?

Засмяяўся і маўчыць. Больш я ніколі ад яго слова пра гэта не чула. Хто яго ведае, ці ён збіраўся кідаць нас з Віцькам, ці спадзяваўся, што мы ўсё-такі паедзем, калі прыйдзе на гэта пара. Ні пра Шыпульку ні разу не чула, ні пра вартаўніка. Там жа яшчэ нейкі майстар замешаны — Шыпулька пра ўсё расказаў. Каб ведала, то жыцця не пашкадавала б, а не дапусціла б да таго, што цяпер выйшла. Верыце вы ці не?

Жанчына зноў абвяла позіркам Якава і Надзю і прытуліла да ўстрывожаных вуснаў ражок халата.

— Мы ведаем, што вы не вінаваты, — зноў за абаіх адказала Надзя.

Якаў толькі злёгку кіўнуў галавой.

— Ну, а як ваша здароўе? — крыху супакоіўшыся, спытала жанчына. — Гэта ж трэба так зрабіць, трэба так надумацца!..

— Ужо лепш цяпер, — даверліва адказаў Якаў. — Неўзабаве думаю выпісвацца.

— То і дзякуй богу, — з палёгкай прамовіла Анэта. — Я, мабыць, і пайду ўжо, не буду вам замінаць ды трывожыць вас сваімі слязьмі. Гэта ж мне так цяжка было на сэрцы... Хацелася праведаць ды пагаварыць... Дзякуй вам за ўсё: і за Віцьку і за тое, што сёння не прагналі...

— Пачакайце трошкі, цётка Анэта, — сказала Надзя. — Пойдзем дадому разам.

Праз некаторы час Якаў астаўся ў палаце адзін. Невялічкая палатка-адзіночка. Сюды перавялі яго ў свой час, як вельмі цяжка хворага. Цяпер Якаў і не цяжка хворы, але яго не чапаюць, не загадваюць пераходзіць. Можа, таму, што ў бальніцы няма больш цяжка хворых, а хутчэй за ўсё — Павел Іванавіч закінуў слоўца. Кожны дзень звоніць, пытаецца ў медыкаў пра здароўе, перадае вітанні. Забараняе кранацца, пакуль сам не прыедзе, не забярэ дадому.

А так бы хацелася ўстаць, выбрацца паціху з гэтай палаткі і галаснуць на вуліцы першаму сустрэчнаму шафёру!

Хоць бы побач пасядзець з ім, калі ўжо нельга ўзяцца за баранку. А то як задрыжаць у акне шыбы ад зісаўскага матора, як зашоргае дарожны гравій пад шынамі, дык аж сэрца пачынае калаціцца. Здаецца, што толькі ў сне быў той час, калі сам сядзеў за рулём, калі паслухмяная трохтонка магла мчаць дзень і ноч і замчаць хоць на край свету.

Можа, цяпер і зусім нельга будзе сесці на машыну? Можа, дактары знойдуць што-небудзь такое ў вачах ці ў вушах?..

Ад такой думкі камянее сэрца. За гэтыя часы бальнічнага жыцця вельмі многа перадумана. Ніколі так ясна не паўставаў свой шлях. Не роўны ён, не гладкі, але прасветлены наскрозь. Не толькі трохтонка павінна быць ласкавай у руках Якава, а ўсялякая аўтатэхніка. Няхай доўгія месяцы на гэта спатрэбяцца, няхай гады!.. Можа, не ўдасца ўсяго дамагчыся тут на месцы, як гэта робяць Надзя і яе дзяўчаты, як хлопцы з брыгады Валянціна. Можа, не заўсёды давядзецца крочыць побач з гэтымі брыгадамі — шафёру цяжка быць у брыгадах, — але душою і сэрцам ён заўсёды будзе з імі.

Глянуць бы хоць адным вокам, як яны цяпер працуюць. На шахтбудзе, пэўна, ужо глыбакавата пройдзены ствалы, у гарадку ўзняліся новыя карпусы. Не так і многа часу прайшло, а ўяўляецца, што вельмі вялікія змены адбыліся на ўсіх будаўнічых пляцоўках. Прыйдзеш — не пазнаеш.

Каб толькі не шкодзіў больш ніхто, каб не з’яўляліся больш шыметы...

У верхнюю шыбу адзінага, закругленага пад столлю акна весела паглядвае сонечны прамень. Ён ужо даўнавата паглядвае, толькі спачатку ў адзін краёк шыбы, потым у сярэдзіну, а цяпер у процілеглы краёк. Якаў ведае, што гэта ўжо развітальны побліск сонца. Хутка настане вечар — самая сумная для хворага пара. А там яшчэ ноч. Можа, будзе трохі спацца, а можа, і не...

Невядома адкуль зноў пачуўся голас Анэты, уявіліся нават яе блішчастыя ад слёз вочы:

«Не думайце, што і я вінавата...»

Не думаў гэтак Якаў, але добра, што яна прыйшла. Каб не прыйшла, то як было б успомніць пра яе? Хто гэта сказаў бы, што муж вінаваты, а жонка не? Тады яшчэ горш было б на душы. Няхай Шымета не адразу мог раскусіць, а то магло выйсці, што і гэтая жанчына, такая ласкавая, шчырая, выглядала б немаведама як.

Цяпер усё стала на сваё месца. Канешне, Шымет не мог давярацца сваёй жонцы. Відаць, ён і Шыпульку не зусім давяраў, толькі выкарыстоўваў яго як слабавольнага і схільнага да градусаў чалавека. Але памыліўся. Нават Шыпулька — і той не пайшоў без аглядкі за ім. З кожным днём усё цяжэй і цяжэй розным шыметам сярод нашых людзей...

Якавам раптам авалодаў прыкры неспакой: можа, таму яшчэ і сустракаюцца шыметы, што вось такія людзі, як ён сам, бываюць часам залішне даверлівыя. Калі яны самі не могуць зрабіць нічога дрэннага, дык ім здаецца, што і ніхто іншы на гэта не здатны. Можна было раней вывесці на чыстую ваду гэтага лайдака Шыпульку: кожны дзень сустракаліся, кожны дзень абменьваліся нібыта сяброўскімі словамі. А калі ўжо трапіўся ў рукі, то трэба было залыгаць моцна, не раздумваць, не вагацца.

Шымет і раней непакоіў, стаяў у думках. Але ж гэта — не Шыпулька. Той гэтак умеў прыкідвацца і маскіравацца, што нават блізкія да яго людзі нічога не заўважалі. Два процілеглыя чалавекі жылі ў адным...

Наступны бальнічны дзень пачаўся гэтак жа, як і мінулы. Якаў яшчэ спаў, калі ў палату зайшла медсястра. Зайшла яна ціха, а градуснік паставіла так, што Якаў прачнуўся. Было яшчэ зусім рана, у акне толькі ледзь-ледзь пачынала шарэць. Спаць больш не хацелася — градуснік адагнаў сон. І ад ляжання пабольваюць бакі. Як сёння пройдзе дзень? Ніхто не абяцаў прыйсці, і Надзя вельмі занята. Можа, пазвоніць Павел Іванавіч. Адкуль? З будаўніцтва ці з Мінска? Каб можна было самому падысці да тэлефона. Паслухаць бы ды распытаць аб усім. А то зойдзе ў палату медсястра і суха скажа: «Вам званілі». І цэлы дзень у адзіноце, у нейкім трывожным чаканні: што пакажа градуснік, што скажуць урачы? Хто здагадаецца хоць вестку перадаць аб тым, што робіцца за бальнічнымі сценамі? Тут, што больш ляжыш, то ўсё мацней надакучае думка, быццам усе людзі хворыя, у кожнага што-небудзь баліць і ён лечыцца або павінен лячыцца...

Так цягнуўся ў Якава час ледзь не да самага паўдня. Потым, неяк задумаўшыся, ён квола звёў вочы, супакоіўся і заснуў. Сон гэты быў рэдзенькі, слабенькі, як позняя павуцінка. Скрозь яго ўсё чулася і амаль што бачылася, толькі што не хацелася варушыцца, расплюшчваць вочы. Можа, заўтрашні дзень будзе весялейшы ці гэтак жа сцягнецца. Магчыма, прыйдзе хто-небудзь... А калі гэтак усе дні, то лепш уцячы адсюль, не чакаць ні выпісвання, ні якіх іншых фармальнасцей.

...Калі ў дзверы ціха пастукалі, Якаў здрыгануўся, але не паверыў, што гэта стукаюць, падумаў — здалося. Праз нейкі час зноў пастукалі, ужо трошкі мацней. Якаў нібы і прачнуўся, але голасу не падаў — усё яму думалася, што гэта нейкі зман, бо не надта хто стукае, калі заходзіць да яго. Падцягнуў да падбародка прасціну, адхіліўся трохі ад акна, каб не вельмі жаўцела ад святла ў заплюшчаных вачах. Зноў супакоіўся і зноў вярнуўся да яго той жа самы рэдзенькі сон. Колькі ён ліпеў, гэты сон, невядома, але прачнуўся Якаў ад лёгкага скрыпу табурэткі. Прачнуўся, расплюшчыў вочы, здзіўлена, з недаверам замаргаў. На табурэтцы сядзела дзяўчына і з нясмелым чаканнем глядзела па яго.

Якаў ухапіўся рукамі за твар, з радасцю, якая можа быць толькі ў спе, працёр вочы. Глянуў і раптам устаў:

— Зоня?!

— Ляжы, Яша, ляжы, — ціха сказала дзяўчына. — Урачы табе яшчэ не дазваляюць уставаць.

— Няўжо гэта?.. — не верачы шчасцю, усхвалявана загаварыў Якаў. У голасе і бязмежная радасць і трывога. — Няўжо гэта ты, Зонечка? — Ён з парывам узяў яе руку, цёплую, трошкі дрыжачую, стаў, як малы, гладзіць цвердаватыя костачкі, а потым, сам не ведаючы як, паднёс да вуснаў.

Зоня мякка, але настойліва адняла сваю руку.

— Ты лажыся, — патрабавальна сказала яна. —Раскажы, як сябе адчуваеш, што ў цябе баліць. Гэта ж трэба — такі выпадак. Я толькі ўчора дачулася, проста аж у сэрцы забалела.

Якаву не хацелася лажыцца. Ён першы раз устаў за ўсё сваё лячэнне і не адчуваў, што гэта яму цяжка. Трошкі марачыла, пастуквала ў галаве, але, можа, гэта ад хвалявання, ад такой нечаканасці, што нялёгка вытрымаць.

— Я пасяджу з табою, — нібы просячыся, загаварыў Якаў. — Мне добра. А калі ты прыехала? Надоўга ці так?..

Ён не дагаварыў і стаў намагацца паправіць за спінаю падушкі, каб узлегчы на іх.

Зоня хуценька ўстала, спрытна, здавалася, зусім нячутна памагла яму і, захінуўшы спераду белы халацік, зноў села на ранейшае месца.

— Я толькі ўчора і прыехала, — з прыкметным стараннем быць зусім спакойнай сказала яна. — На практыку наш курс разаслалі. На месяц.

— От добра, — не спускаючы з дзяўчыны радасных вачэй, сказаў Якаў. — А я... Ой, як тут выйшла!.. Каб дома быў, то хоць памог бы табе. Дзе ты жывеш, у каго? Няхай бы напісала хоць перад выездам.

— Уладзілі мяне, — з ноткай абыякавасці сказала Зоня. — На нейкім пасёлачку. Дзяўчаты ўзялі да сябе.

— А што ты, кім ты, як?.. — не ведаў хлопец як і пытацца.

— Проста рабочай, — адказала Зоня. — На шахтбудзе, разам з усімі дзяўчатамі.

— Хто там майстрам, Валянцін?

— Не ведаю, як яго завуць, але малады такі хлопец, у плашчы.

— Гэта Палянскі, — пацвердзіў Якаў сваю здагадку і прымоўк. — Між іншым, дружок мой цяперашні, — дадаў потым і зноў прымоўк.

Хацелася гаварыць не пра гэта, але цяжка было пачаць тую гаворку, якая так многа разоў гучала ў снах і ўяўленнях. Што скажа Зоня, як яна будзе глядзець на яго ў час такой размовы. Загарыцца яе свежы, чысты твар ці пазмрачнее? Засвеціцца нейкім дзівосным, няўлоўным святлом яе высокі лобік пад ружовым берэтам ці прыморшчыцца, як гэта часта бывала, калі ёй што не падабалася? А можа, раптам устане і пойдзе, ля парога пажадае для ветлівасці хутчэйшай папраўкі...

Няёмкае, напружанае маўчанне стала ўжо гнясці Якава, ён адчуваў, што і Зоня разгублена адводзіць вочы, намагаецца знайсці што-небудзь прыкметнае ў палаце ці за акном. Няхай бы яна смялей гаварыла, няхай бы пыталася, пра што толькі хацела! Ён рад быў бы яе пытанням і адказаў бы на ўсякае, якое яно ні было б.

Але дзяўчына маўчала. Тады Якаў, глыбока ўдыхнуўшы паветра, каб вымавіць адразу ўсё, што хацеў, запытаўся:

— Чаму ты, Зонечка, не пісала мне, не адказала ні на адно маё пісьмо?

Дзяўчына спыніла на Якаве доўгі ўважлівы пагляд, нібы хочучы ўбачыць яго сэрца, душу, потым сумна апусціла вочы і не сказала ні слова.

— Зоня!.. — быццам напомніў Якаў.

— Не будзем пра гэта, — ледзь чутна сказала дзяўчына. — Усё даўно ўжо мінулася.

— Мне было вельмі цяжка, — прызнаўся Якаў. Вельмі! Каб я мог табе ўсё расказаць!..

— Не трэба, — ціха паўтарыла Зоня.

Чаму яна так сказала? Якаву аж балюча стала. Няўжо нельга заўважыць, адчуць, што ён гаворыць шчыра, ад усёй душы, што яму лягчэй было б пранізаць самога сябе, чым сказаць ёй няпраўду.

Зоня, мабыць, адчувала гэта, бо праз некаторы час дадала:

— Я доўга ляжала пасля таго, як ты пайшоў ад нас... Аж у бальніцы...

Сказала гэта і раптам закрыла твар рукамі. Плечы яе пачалі ўздрыгваць.

— Зонечка, — ласкава і чулліва пачаў суцяшаць Якаў. — Зонечка, мілая. — Ён асцярожна дакрануўся да яе берэта.

— А потым мама была хворая, — скрозь плач дадала дзяўчына і разам з табурэткай адсунулася ад ложка. — Ты ж ведаеш, што ў нас дома... Бацька нас некалі ашукаў, пакінуў... Мама і цяпер не можа гэтага забыць. Як толькі што, дык цяжка перажывае, пакутуе.

Якаў у роспачы нахіліўся бліжэй, працягнуў да Зоні рукі, але ў гэты момант у галаве моцна зашумела, і ён з цяжкім стогнам адкінуўся на падушкі.

— Памаленьку! — спалохана выкрыкнула Зоня і ўсхапілася, каб памагчы. — Што з табой, што? Можа, пазваць каго?

— Не, не, — глуха прамовіў Якаў. — Не трэба.

— Устрывожыла я цябе сваімі слязамі. Паляжы спакойна, забудзь пра ўсё. А я пайду ўжо, там аўтобус трэстаўскі... Чакаюць мяне.

— Пабудзь яшчэ хоць трошкі, — папрасіў Якаў. — Сядзь, пасядзі.

— Я прыйду яшчэ, можа, вырвуся...

Праз некаторы час яна, ціха і роўненька ступаючы, пайшла да дзвярэй, а Якаў праводзіў яе журботным і ласкавым паглядам. Потым яму вельмі хацелася зноў устаць, каб паглядзець у акно, развітальна паківаць галавой, усміхнуцца, але сілы яшчэ было мала.

 

 

Вясна

 

Больш трох тыдняў прайшло, пакуль Якаву дазволілі выпісацца з бальніцы. Надзеў ён сваю, прапахлую бензінам, вопратку, глянуў на раскіданую пасцель і да спалоху здзівіўся: як можна было вылежаць столькі часу? Выйшаў на ганак. На памостку гуляў вясёлы сонечны зайчык, а прыступкі былі сухія і, мабыць, ужо цёплыя. Ступіць бы на іх босымі нагамі, як некалі ў маленстве дома!

Следам выйшла Надзя, а Павел Іванавіч нечага затрымліваўся ў бальніцы, мабыць, размаўляў з урачамі.

— Дзе машына? — нецярпліва спытаў Якаў.

— Там, — паказала Надзя за вугал, — у бальнічным двары.

Якаў ледзь не пераскочыў цераз прыступкі і шпарка рушыў да «газіка».

— Памаленьку ты, — непакоілася Надзя, бегучы за ім. — Чаго так спяшаешся?

Якаў з ходу адчыніў дзверцы і ў момант апынуўся за рулём. Узяўся абедзвюма рукамі за баранку, паставіў ногі на педалі, і здалося яму, што машына вось-вось загудзе, зрушыцца з месца і віхрам пранясе яго праз гэты двор, праз мястэчка...

Успомніў, што ў шафёрскіх кішэнях павінны знайсціся запасныя ключы. Запусціў туды абедзве рукі, пашарыў сярод розных шрубак, болцікаў і падчапіў пальцам драцяны абручык. Прымераў адзін ключ, другі...

— Садзіся! — крыкнуў ён Надзі і спрытна завёў машыну. Калі дзяўчына, здзіўлена ўсміхаючыся, умясцілася на заднім сядзенні, Якаў зрабіў майстэрскі круг па двары і плаўна затармазіў каля самага ганка.

— Што гэта такое? — пачуўся з калідора голас Паўла Іванавіча. Ён выйшаў на сонечны ганак у шынялі наапашкі і шапку яшчэ трымаў у руцэ. — Ты што гэта, Якаў?

— Дазвольце, Павел Іванавіч!

— А ключы дзе ўзяў? — Павел Іванавіч хапіўся за сваю кішэню: няўжо забыў? От шафёр!

— У кожнага вадзіцеля знойдзецца сёе-тое ў запасе, — лагодна, каб не прагнявіць чалавека, сказаў Якаў. — Я хоць з мястэчка выеду.

— Не, Якаў, — запярэчыў Павел Іванавіч. — Табе яшчэ рана садзіцца за руль. Толькі што гаварыў з урачамі. Раяць дзён некалькі пагуляць, адпачыць на вясковым сонцы, а тады ўжо...

— Каб вы ведалі, Павел Іванавіч!..

Рукі Якава хораша ляжалі на баранцы, вочы глядзелі ў ветравое шкло. І нейкая незвычайная прагнасць і замілаванне адчувалася ў гэтым ясным, маладым паглядзе. Матор гурчаў ціха і роўна. Здавалася, не дрыжаў ён, не даваў абаротаў, а задуменна спяваў нейкую доўгую старэчую песню.

Павел Іванавіч моўчкі сеў побач з Якавам.

Лёгка, хутка і быццам без ніводнага штуршка праехалі самую доўгую і самую выбітую местачковую вуліцу. Якаў нібы нічога не рабіў машыне: не муштраваў яе нагамі, не выварочваў рукамі. Кожны сказаў бы, гледзячы з боку, што яна сама ведала, што рабіць: павольна сцішала ход, калі трэба было пераехаць лужыну ці канаўку, ахвотна набірала скорасць, дзе дарога была гладчэйшая. Дзе бачком, дзе сярэдзінкаю, але заўсёды выскоквала на сухое, роўнае месца і, нібы гуляючы, рвалася наперад.

«Куды ж ён паедзе? — думаў Павел Іванавіч, неўпрыкметку любуючыся Якавам. — Няхай едзе, куды хоча».

Паступова адыходзіў намер забраць у хлопца руль, як толькі выедуць за гарадскі пасёлак. Ці можна з такіх рук што-небудзь забіраць? Такімі рукамі можна толькі захапляцца. Колькі часу спатрэбілася б Паўлу Іванавічу, каб навучыцца так ездзіць? Ды яшчэ на незнаёмай машыне.

«На ўсё патрэбна здатнасць», — гавораць мудрыя людзі.

А для Якава вельмі кароткай здавалася дарога. Неяк вельмі ж хутка мінулася палянка за раённым цэнтрам, на ёй ужо відзён быў жоўты пясок.

Непрыкметна сплыла пад колы лясная дарога з шырокімі пачарнелымі каляінамі. Закружыліся потым калгасныя палеткі, нібы выхваляючыся, што яны ўжо вольныя ад снегу, што над імі наперабой адзін перад адным выспеўваюць жаваранкі. Закружыліся і нібы толькі прамільгнулі каля машыны. Вось ужо і тое скрыжаванне дарог, якое прымушае спыняцца ледзь не кожнага шафёра. Яно яшчэ не мае дарожных стрэлак. Адна дарога вядзе ў новы горад, адна — у Дабрасельцы, адна — у Чырвоныя Макі.

Павел Іванавіч нічога не сказаў, калі Семігон павярнуў на горад. Не падала голасу і Надзя, хоць ёй вельмі трэба было наведацца ў сваё льнаводчае звяно. Хочацца Якаву пабываць на будаўніцтве, як жа яго мінуць? Але і шкада яму, што так хутка праляцела дарога і быццам нечакана скончылася тое, аб чым так соладка марылася ў бальнічнай палаце. Няхай бы гэтая дарога была бясконцая, каб можна было ехаць і ехаць, нібы ляцець у паветры; каб можна было за адзін дзень праехаць усю тую адлегласць, што не праехаў з-за хваробы, зрабіць усе тыя справы, што асталіся нязробленыя...

Гарадок прыветна ўсміхаўся новымі вокнамі. Няўжо так многа стала вокан? Здаецца, і не вельмі многа часу прайшло, а як папрыгажэў і пасталеў гарадок! Клуб ужо амаль гатовы. А колькі вокан і шыбак у адным гэтым клубе!

Навел Іванавіч паказвае рукою:

— Вунь, Якаў, твой дом!

Якаў маўчыць, бо ён яшчэ не спыніў машыну, а Надзя зацікаўлена пытае:

— Каторы ён, каторы?

Павел Іванавіч зноў паказвае рукою, але адчувае, што здалёк Надзя можа і не ўгадаць гэтага дома. Многа там стаіць будынкаў, ледзь не цэлы квартал. Усе яны з гэтага боку зіхацяць вокнамі, усе фанабэрацца высокімі дахамі і крутымі лабкамі, усе нібы паварочваюцца да цябе і з гонарам паказваюць прыгожыя, з белай цэглы, фасады.

Якаў таксама не ўгадвае свайго дома, толькі прыкладна адчувае, дзе ён павінен быць, але ўязджае ў горад з такой радасцю, якой раней не адчуваў. Усе гэтыя шкляныя лісты, што так хораша ажылі цяпер у вялікіх і малых шыбах, прывёз сюды ён. Значная частка шыферу і цэглы таксама дастаўлена яго працавітым грузавіком. Мала яшчэ зроблена, от і гэты прыкры выпадак перашкодзіў, але радасна, што не адчуваеш сябе тут пабочным. Вунь з кузава трохтонкі сочыць за «газікам» круглашчокая дзяўчына, усё яшчэ ў чорнай вушанцы, хоць на дварэ ўжо і не холадна. Яна рухава перадае сваім напарніцам цэглу і раз-пораз пазірае на машыну. Не «газік», вядома, яе цікавіць, а той, хто ў «газіку». Калі Якаў нарэшце спыняецца і выходзіць з кабіны, круглашчокая аб нечым дробненька гаворыць дзяўчатам, і ўвесь іхні ланцужок на хвіліну прыпыняе работу. Дзяўчаты, хоць і не ўсе знаёмыя, але ўсе ветліва ўсміхаюцца Якаву і памахваюць брызентавымі рукавіцамі.

Непадалёку — корпус гарадской бальніцы. Сцены ўжо вымураваны, а на сценах — хлопцы. Вышэй за ўсіх стаіць і прабуе рукой моц кроквы стары Васіль Тумаш, цяперашні майстар над усімі гэтымі бязвусымі цеслярамі. Ён без шапкі, вялікая лысіна блішчыць на свежым сонцы. Стары нешта гаворыць хлопцам, але яны не чуюць яго слоў, бо навокал узнімаецца вясёлы гаманок, у канцы корпуса чуюцца сяброўскія ўсклікі. Майстар спачатку не разумее, у чым справа, прыкладае да лба далонь і неахвотна ўглядаецца ў тое месца, куды глядзяць усе. Затым пазнае Якава і таксама пачынае махаць рукою. Твар яго дабрэе, сівая барада шырыцца ад усмешкі і лёгкага ветру.

Да Паўла Іванавіча пад’ехалі на матацыкле адразу два чалавекі: адзін старэйшы, у добрым паліто, шыя абгорнута рабенькім шалікам, другі малодшы, у рабочай спяцоўцы. Старэйшы — гэта прараб, мы з ім ужо сустракаліся, а малодшы — новы кладаўшчык гэтай пляцоўкі. Абодва падышлі і да Якава. У поціску іх рук чулася не толькі прывітанне, але і ўдзячнасць, якую цяжка выказаць словамі.

Не ўзяўся б і сам Якаў расказаць, як ён тут працаваў, як пакутаваў ад трывожных думак, калі сустракаўся з Шыметам. Не заўсёды і трэба расказваць, няхай толькі будзе ў душы адчуванне, што ты не лішні сярод добрых людзей.

З першай пляцоўкі заехалі ў Дабрасельцы. Каля Антосішынага двара вылезла з машыны толькі Надзя, а Якаў па-ранейшаму трымаў рукі на баранцы. Тут Павел Іванавіч і паўслова не сказаў, бо пэўна ведаў: высадзі Якава, дык пехатою пойдзе, а ўсё роўна пабывае на шахтбудзе. Калі гарадок не мінуў, дык як ён міне шахтбуд? Вядома ж, у снах бачыў шахтбудаўцаў, асабліва некаторае новае папаўненне... І Надзя і Павел Іванавіч ужо ведалі пра гэтае папаўненне і разумелі, што яно азначае для Якава.

На самым верхнім мастку адной з буравых вышак стаяў чалавек і падаваў нейкія знакі ўніз. Якаў здалёк заўважыў яго, але пазнаць не мог, хоць ведаў тут амаль усіх. Чалавек быў распрануты, у адной толькі спяцоўцы, і шапка насунута на вочы, каб не замінала сонца.

Рухі яго былі рэзкія і энергічныя. Відаць, ён і гаварыў нешта сваім памочнікам, але за шумам «газіка» слоў нельга было пачуць.

— Палянскі штосьці нервуецца, — разважна сказаў Павел Іванавіч. — Мабыць, нешта не ладзіцца з трэцяй вышкай.

— Хіба гэта Валянцін? — здзіўлена спытаў Якаў і прыбавіў газу.

— Ён, — коратка адказаў Павел Іванавіч. — Замяшчае цяпер буравога майстра, захварэў той.

Якаў яшчэ больш здзівіўся, а Павел Іванавіч, заўважыўшы гэта, дадаў:

— Палянскі вельмі здольны інжынер, а такому ўсё даецца ў рукі.

Як ні быў Валянцін заняты, усё ж убачыў Семігона, калі той вылез з кабіны. Твар у Валянціна памякчэў, засвяціўся радасцю.

— Проста з бальніцы? — гучна спытаў ён, гледзячы і на Якава і на Паўла Іванавіча.

— Без перасадкі, — жартаўліва адказаў парторг.

— Шкада, што не магу злезці, — паскардзіўся Валянцін. — Тут у нас заела. Увечары будзеш дома?

— Буду, — адказаў Якаў, — прыходзь!

— Прыйду, абавязкова.

— А дзе твае брыгады?

Валянцін паказаў рукою на палетак, але тлумачэння ўжо не мог даць, бо ў гэтую хвіліну ў механізмах нешта зашумела, заскрыгатала, і ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за нейкі рычажок. Больш дакладна адказаў Павел Іванавіч:

— Там у нас няўпраўка на заводзе жалезабетонных вырабаў, дык яго брыгада накіравана туды.

Якаў глянуў на «газік».

— Едзь, — сказаў Павел Іванавіч, — а я застануся тут, пагляджу, у чым нелады. Заедзеш потым.

— Я, можа, прайдуся, — няўпэўнена адказаў Якаў. — Тут жа не надта далёка.

— Ты яшчэ слабы хадок, — усміхнуўшыся, сказаў Павел Іванавіч. — Калі ёсць машына, то садзіся і газуй.

Ні да адной пляцоўкі не пад’язджаў Якаў з такім хваляваннем, як да гэтай. Прыпыніў машыну на ўзгорку, пачаў углядацца, не вылазячы з кабіны. Людзей працуе многа: адны бліжэй, другія далей, хто на рыштаваннях, хто на зямлі, а чые толькі галовы зрэдку паказваюцца з траншэй. Тут нават Валянцінавых брыгад адразу не заўважыш, не тое што аднаго чалавека.

І ўсё ж такі здаецца, што Зоню можна ўбачыць, адрозніць ад усіх, калі яна толькі тут. Няхай хоць на зямлі яна працуе, хоць пад зямлёй. Гэта нічога, што пэўна ж не ў ружовым берэціку. У што б ні адзелася, усё роўна не будзе падобна на іншых, нават здалёк. Зусім лёгка пазнаць яе рукі, калі яна трымае ў іх цэглу ці рыдлёўку, скажаш адразу, што гэта яе паходка, калі ўбачыш, што яна на пару з кім-небудзь нясе цэментны раствор ці іншы матэрыял, здрыганешся ад адчування знаёмага, калі яе галава хоць трошкі пакажацца з траншэі.

Сёй-той з будаўнікоў ужо звярнуў увагу на дзіўнага начальніка, які прыехаў на пляцоўку, а вылазіць з машыны не хоча. Якаў заўважаў, што людзі паглядваюць на «газік» і, пэўна, смяюцца: «От так яны і кіруюць, некаторыя». Аднак працягваў перабіраць вачамі ўсіх, хто хоць крышачку нагадваў Зоню.

Сярод бліжэйшых дзяўчат не відно было падобнай. Якаў намерваўся пераехаць на другое зручнае месца і адтуль яшчэ паглядзець, але хутка ўбачыў, што да яго ідзе нейкі чалавек, відаць, прараб.

«Раззлуецца, калі ўбачыць, што тут не начальнік», — падумаў Якаў і, вылезшы з кабіны, пайшоў насустрач.

Чалавек наблізіўся; прыветна ўсміхаючыся, працягнуў шырокую, як лешч, руку і спытаў:

— Чым вы тут у нас цікавіцеся?

— Ды тут брыгады з шахтбуда, — крыху разгублена загаварыў Якаў. — Хацеў пабачыць, як яны там?..

— А, дык калі ласка! — ахвотна падхапіў чалавек. — Магу вас правесці. А хто вы будзеце, прашупрабачэння? Я тут чалавек новы, мала каго ведаю.

— Я шафёр, — проста сказаў Семігон. — У бальніцы доўга ляжаў, а сёння выпісаўся, дык вось захацелася пабачыцца са сваімі.

— Ну што ж, давай! — сказаў чалавек і паспешна закрочыў убок. — Давай! Яны недзе там!

Якаў амаль што і не чуў слоў гэтага чалавека, не адразу заўважыў, як ён адышоў. Сэрца ягонае трапяталася ад чакання, ад той радасці, якая вось-вось можа напаткаць яго. Раптам выйдзе дзяўчына з-за якога насыпу ці штабеля цэглы... Што тады сказаць ёй, як сустрэць?.. Можа, пры людзях яна і не захоча прызнавацца ў іхнім знаёмстве?.. Але ж ці толькі знаёмства было? І цяпер для Якава яна не проста знаёмая...

Аддзяліўся ад купкі дзяўчат і падышоў да Якава Саша.

— Здароў, — па-простаму, але шчыра павітаўся ён. — Устаў ужо? Ну, віншую! Чаго ты не падыходзіш? Усе нашы здалёк пазналі цябе.

— Ты тут Валянціна замяняеш? — без асаблівай цікавасці да гэтага спытаў Якаў.

— Замяняю пакуль што.

— А што гэта за чалавек падыходзіў да мяне? Вунь ён.

— Майстар нейкі, — безуважна адказаў хлопец. — Ходзіць тут, пакрыквае.

— Слухай, Саша! — Якаў узяў яго пад руку і адвёў яшчэ далей ад брыгады. — Толькі гэта між намі. Разумееш? Тут павінна быць адна новенькая, з будаўнічага тэхнікума. Чаму яе сёння не відно?

— Зоня? — тонам сапраўднай таварыскасці спытаў Саша.

— Так, яна.

— Сёння чамусьці не выйшла на работу. Я і сам не ведаю, чаму. А ўчора і ўсе дні была. Тут яе на брыгадзіра ставілі часова, яна ж на практыцы. Дык адмовілася. Разам з нашымі дзяўчатамі раствор носіць, а трэба, дык і муляра можа замяніць. Вельмі спрытная дзяўчына. І прыгожая, павінен сказаць табе папраўдзе.

Відаць, у падзяку за давер, Саша хацеў расказаць пра дзяўчыну як можна больш харошага і прыемнага.

— А дзе яна кватаруе, ты, часам, не ведаеш? — зніжаным голасам спытаў Якаў.

— Добра не ведаю, не скажу, у якім доме, але чуў, што ў пасёлку, каля першай пляцоўкі.

Хлопец гаварыў аб гэтым з такой ахвотай, з такой гатоўнасцю памагчы Якаву, што, здавалася, вось-вось ён сарвецца з месца і сам пабяжыць шукаць дзяўчыну.

— Дзякую табе, — шчыра сказаў Якаў.

Увечары гэтага дня толькі Антосіха ў сваёй хаце не страчвала звычайнага настрою. Хвілінамі яна радавалася, што вярнуўся з бальніцы Якаў, і не на мыліцы, як некалі Шыпулька, і нават без ніякіх павязак. Хвілінамі сумавала, што кватаранты хутка пакінуць яе хату і зноў давядзецца жыць адной.

Гаспадыня намагалася больш і цікавей гаварыць, каб адарваць ад нейкіх зацяжных і, бадай, невясёлых думак сваіх кватарантаў. Яшчэ прыйшоўшы з фермы яна заўважыла, што Якаў чамусьці задумлівы, хоць яму якраз дарэчы было б сёння весяліцца: вылечыўся, у добры час сказаць, папрыгажэў нават там, у бальніцы. Надзя спачатку ўсё аб нечым шаптала брату, відаць, старалася развеяць яго цяжкія думкі, а потым ні з сяго ні з таго сама пачала задумвацца, раз-пораз паглядваць у акно.

Чаго засумавала Надзя? Калі вярнуўся з будаўнічых пляцовак Якаў, ён сказаў сястры, што бачыў Валянціна на вышцы, што хлопец паабяцаў увечары прыйсці. Яны чакалі яго абое. Надзя па вядомай прычыне, а Якаў хацеў з ім пагаварыць наконт Зоні. Валянцін мог ведаць і чаму яе не было сёння на рабоце, і больш пэўна сказаць, дзе яе можна знайсці.

Пакуль добра змеркла, Надзя і Якаву не давала сумаваць. Затым усё перамянілася. Якаў думаў аб сваім, яна — аб сваім. Якаву хацелася кінуць тут усё і пайсці самому на пасёлак, перабраць усе хаты... Надзю таксама нешта падбівала кінуць тут усё і пабегчы на шахтбуд, паглядзець на тую злашчасную вышку, на якой сёння быў Валянцін. Можа, ён і цяпер там, можа, нават без абеду, без вячэры?..

Якаў, хоць і пакутуе, раздумвае, як тут лепш зрабіць, але знешне стараецца быць спакойным. Надзя ж месца не знаходзіць. Якаў глядзіць на яе і нават трохі злуецца ад думкі, што, мабыць, з-за роднага брата дзяўчына б так не хвалявалася, не перажывала б. Нарэшце, ён устае, паспешна накідвае на плечы сцёганку, надзяе шапку і выходзіць з хаты.

— Куды ты, Яша? — крычыць наўздагон сястра.

Але Якаў нічога не адказвае. У двары ён нейкі час вагаецца ў сваіх намерах: добра было б і ў гараж схадзіць, паглядзець сваю машыну, пагаманіць з Талімонам ды з дзядзькам Алесем, калі ён яшчэ не пайшоў куды. Можа, там ужо самаробны аўтамабільчык стаіць дзе-небудзь у кутку? Стары каваль не адступіцца, калі што надумаў зрабіць.

Бярэ верх больш неадкладнае, і хлопец ідзе ў пасёлак. Калі б можна было спадзявацца, што ўсюды падсохла, Якаў рушыў бы паўпрост, цераз агароды і палеткі. Але гэта трохі рызыкоўна, бо можна ўгразнуць дзе-небудзь цёмначы, вывазіцца так, што і ў пасёлак брыдка будзе паказацца. Лепш трымацца дарогі.

У пасёлку амаль ва ўсіх хатах ярка гараць агні. На невялічкай, ужо зарослай вішняком вуліцы не цёмна, бо святло і з вокан падае і крыху даходзіць ад ліхтароў гарадка.

Хочацца ўспомніць, між іншым, што жыхары гэтага пасёлка падчас лічаць сябе не надта шчаслівымі. Яны перасяліліся сюды за некалькі год да вайны. Месца зручнае: і жыць добра, і да калгасных палеткаў блізка. За вайну не асталося ад гэтага пасёлка нават гарэлага кала. Зноў пабудаваліся, пасадзілі сады. Цяпер пайшлі чуткі, што пасёлак перанясуць, паколькі яго тэрыторыя ўваходзіць у гарадскую. Адны гавораць, што перанясуць, а другія — што ён застанецца на месцы, толькі будзе трохі падладжаны пад гарадскую архітэктуру. Ідуць пакуль што спрэчкі, а людзі хвалююцца.

Каля першай хаты Якаў спыняецца, пачынае думаць, як жа тут шукаць таго, хто трэба? На будоўлі і то не лёгка было разабрацца, а тут усе людзі ў хатах. Як на тое, нават ніякага падшывальца на вуліцы няма. Хоць ты стукай у шыбы ды пытай.

Ідзе паціху, паглядвае на вокны. Спадзяванне ў душы такое: можа, мільгане хто ў акне, можа, якраз хто і знаёмы пакажацца.

Мінае адзін двор, другі... Раптам з недалёкага дворыка выскачыла дзяўчына і так хутка знікла ў суседнім, што Якаў нават постаць не паспеў разгледзець. Падыходзіць да той хаты, прытульваецца да слупка брамкі. Ад слупка ўправа ідзе невялічкі агародчык і туды выходзяць вокны: адно толькі трошкі асветленае, а другое больш. Відаць, лямпачка ўключана за перагародкай.

Углядаецца ў цьмянае з адшморгнутай фіранкай акно, і яму здаецца, што ў хаце стаіць перад сценным люстэркам і папраўляе пышную прычоску Зоня. Аж горача стала ў грудзях: няўжо такі шчаслівы выпадак? Рэдка ў жыцці бывала, каб ішлі ў рукі ўдачы, а тут, можа, і сапраўды збудзецца жаданае. Дзяўчына трошкі паварочваецца да акна, у паўзмроку Якаў бачыць профіль яе твару. Вось яна падыходзіць да стала, перакладвае з аднаго месца на другое нейкія часопісы, потым яшчэ больш набліжаецца да акна. Якаву здаецца, што яна бачыць яго, і ён у нейкай разгубленасці апускае вочы. Няма сілы ўзняць іх, хоць трэба абавязкова глянуць, падаць знак, каб Зоня выйшла.

Але дзяўчына, відаць, сама здагадваецца, што яе чакаюць. Праз якую хвіліну Якаў чуе лязгат дзвярной клямкі і, нібы ў спалоху, адрываецца ад слупка. Смела, ледзь не рыўком, адчыняецца штакетная брамка, і дзяўчына весела пытае:

— Вы, можа, да нас?

Якаў глядзіць на дзяўчыну і ў першы момант не ведае, што адказаць. Гэта не Зоня перад ім, гэта тая самая круглатварая, з першай пляцоўкі, толькі без вушаначкі. Валасы яе сапраўды падобныя на Зоніны, а твар не падобны. Як жа магло здацца?

— Не, — ледзь чутна гаворыць Якаў. — Прабачце. Мне тут даручана...

— Ах, вы па даручэнню? — смяецца дзяўчына. — Што ж вам такое даручана?

— Не то што даручана, — папраўляецца Якаў, — а так, трэба было адну практыкантку пабачыць.

— Ах, практыкантку? — зноў смяецца і яўна кпіць дзяўчына. — З горада? Дык пераблыталі адрасок. Яна вунь... У трэцім доме адсюль.

— Дзякую вам, — разгублена гаворыць Якаў і адразу шырокім крокам адступае, каб зараз жа падацца далей.

— Няма за што! — усё гэтак жа з’едліва адказвае дзяўчына.

Калі Якаў крыху адышоў, за яго спінай пачуўся перш моцны стук брамкі, а ўслед за гэтым кплівы голас дзяўчыны:

— Эй ты, адналюб! Практыкантачка твая маханула адсюль сёння раніцою! І клуначак з ружовым берэцікам забрала!

От якая востраязыкая гэтая дзяўчына! А Якаў думаў, што яна добрая, такі тварык у яе мяккі і лагодны. Можа, наўмысля так гаворыць, каб укалоць?

Але дзе там наўмысля! Для пэўнасці Якаў праверыў яе калючку — і выйшла, што праўду круглатварая сказала. Не было Зоні там, дзе яна спынілася на кватэры. Паехала дадому, і ніхто з дзяўчат-суседак не ведаў, вернецца яшчэ яна сюды ці не.

Хлопцу да таго сумна стала, што нават у бальніцы так не было. Ішоў ён назад, ледзь перастаўляючы ногі. Што цяпер можна падумаць, што згадаць? У бальніцу Зоня другі раз не прыйшла, хоць абяцала наведацца. Ну, тут маглі быць розныя прычыны. Можа, работу нельга было пакінуць, можа, сама не вельмі была здарова. А вось паехаць і нічога не сказаць, нават запіскі ніякай не пакінуць! Гэта ўсякаму цяжка было б зразумець. Тут можа быць толькі балючая непавага, нежаданне знацца, падтрымліваць не толькі дружбу, а нават і знаёмства. А хіба гэта можна цяпер!..

Якаву ўяўляецца, што гэта зусім немагчыма, што гэта было б такім няшчасцем, якое чалавек не здолеў бы перанесці. Зоня стала такой блізкай і каханай, што без яе не знойдзеш цяпер сілы жыць. Яна ў думках, яна ў марах. Рукі не падымуцца для работы, калі не будзе яе. Чароўныя вясеннія досвіткі ператворацца ў туманныя, слотныя вечары.

Як яна перамянілася, як папрыгажэла за гэты час!..

Так, гэта будзе вялікае няшчасце, калі Зоня не вернецца. Няшчасце для яго, для Якава. А для яе?..

Тут паплылі думкі ўразнабой. Калі асталося каханне, калі яно яшчэ больш паглыбела за час разлукі, як у яго самога, тады гэта будзе няшчасцем і для яе. Можа, і яна вельмі многа перажывала, многа пакутавала.

Але магло быць і не гэтак. Вялікая крыўда магла вытруціць з душы ўсё, пакінуць толькі сумныя ўспаміны. Цяжка нават уявіць, якой вострай і балючай магла быць гэтая крыўда!

Зоня заплакала тады ў бальніцы пры ўспамінах аб сваёй хваробе. Якаў многа думаў аб прычыне гэтых слёз. Яна не сказала, як і на што хварэла. Што ж тут можна ўявіць?..

Каб надзейнае здароўе, каб не розныя іншыя перашкоды, сесці б досвіткам на машыну ды ў горад. Можа, з ёй што здарылася, можа, які цяжкі выпадак прымусіў яе дачасна выехаць? Яна ж наведвалася ў бальніцу. Чаму б не наведацца да яе?

Думкі перабіліся толькі ўжо ў дабрасельскай вуліцы, бо тут нечакана яго нагнала Надзя.

— Адкуль ты ідзеш? — часта дыхаючы, спытала яна.

— А ты адкуль?

— Можаш не гаварыць, — весела бліснуўшы вачамі, сказала дзяўчына. — Я і сама здагадваюся, куды ты хадзіў. А вось я прывітанне нясу табе ад Валянціна. І яшчэ нешта.

— А што ж гэта такое «нешта»? — без асаблівай цікавасці спытаў Якаў.

— Ты падумай! — нібыта і абурана, але з пэўным гонарам прадаўжала Надзя. — З самага світання не адыходзіць ад гэтай вышкі і цяпер там. Прыйшоў ужо туды Сашка і яшчэ некалькі хлопцаў з іхніх брыгад. Нешта там сапсавалася, дык цэлую ноч збіраюцца ладзіць. За дзень не ўправіліся.

— Дык што ён яшчэ перадаў? — паўтарыў Якаў сваё пытанне.

Цікавасць усё ж такі разбірала яго. З’явілася нават прадчуванне, што Валянцін мог ведаць нешта вельмі важнае.

— Ён хацеў яшчэ ўдзень табе гэта сказаць, — гаварыла далей Надзя, — ды нельга было спусціцца з вышкі. І ўвечары не здолеў прыйсці. Зоня паехала дадому, таму што брат яе, Ваня, прыслаў тэлеграму. Нешта маці занядужала. Зоня абяцала прыехаць. Прывітанне табе перадавала.

— Праўда? — Якаў спыніўся, парывіста схапіў сястру за плечы. — Ты не выдумала?

— Ну што ты?

— Я пайду туды! — рашуча заявіў ён. — Я таксама трохі разбіраюся ў механізмах. Дапамагу!

— На ўсю ноч? Як жа ты? — пачала адгаворваць Надзя. — Ты ж яшчэ не акрыяў пасля бальніцы, ды не вячэраў нават.

— Нічога!

Якаў ласкава адхіліў ад сябе сястру і размашыста пакрочыў на агеньчыкі шахтбуда.

 

Назаўтра была нядзеля, выхадны дзень. Дабрасельцам-то не вельмі і выпадала святкаваць, бо вясна стаяла на дварэ і надвор’е выдалася такое, што хоць усім на поле ідзі. Але тут ужо так звыкліся: калі ў будаўнікоў выхадны, то і калгаснікі ў большасці выпадкаў не працуюць.

Праўда, дзень сёння асаблівы, сапраўды святочны. Людзі чакалі гэтага дня і, як маглі, стараліся, каб ён настаў хутчэй. На гэты дзень было намечана перасяленне многіх будаўнікоў з прыватных кватэр у гарадскія дамы.

Пачалося яно з самага ранку. Ледзь не ўсе дабрасельскія кватаранты выйшлі на вуліцу са сваімі клункамі, чамаданамі і куфэркамі. З песнямі і музыкай рушылі на дарогу, а там у гэтую незвычайную калону ўліліся яшчэ хлопцы і дзяўчаты з Чырвоных Макаў і з пасёлкаў. Ледзь не кожнага кватаранта ці кватарантку праводзіў хто-небудзь з былых гаспадароў, а то і цэлымі сем’ямі выйшлі некаторыя, каб памагчы сваім былым жыльцам у такой важнай, урачыстай справе. Пешаходаў абганялі нагружаныя машыны. Не толькі дарога, а і ўсе прасохлыя абочыны былі заняты людзьмі — сапраўды, вялікае перасяленне.

Якаў ішоў побач з Валянцінам — меліся быць агледзіны. Увесь спадручны багажык Якава змяшчаўся ў тым жа вайсковым рукзаку, і толькі каб не ісці з пустымі рукамі, Антосіха і Надзя неслі сёе-тое з пасцелі, пасуды і іншых прыладак першай неабходнасці. Надзя пакуль што была праважатай, як і Антосіха, але мала хто тут не ведаў, што хутка і яна пераселіцца ў новы дом.

— Мы з табой будзем насупраць, — гаворыць Якаву Валянцін. — Цераз калідор.

Гаворыць ён ціха і паглядвае на Надзю, ці чуе яна.

Чуе не толькі Надзя, а і Антосіха. Яна глядзіць на сваіх кватарантаў, і вочы яе туманяць слёзы. Гэта і ад радасці за шчасце людское, і ад жалю, што ў яе, можа, ужо не будзе такіх харошых жыльцоў.

...Учацвярых яны заходзяць у калідор самага блізшага ад Дабрасельцаў дома.

— Вось гэтая твая, — гаворыць Валянцін і паказвае Якаву на філёнкавыя, пацягнутыя бяліламі, дзверы. — А гэта... — і ён спыняецца насупраць.

Якаў, Надзя і Антосіха заходзяць у першы пакой. Тут яшчэ пахне свежай фарбай і пакостам. На падлозе — кавалкі шпалераў, гэта азначае, што ступаць яшчэ не ўсюды можна. Па гэтых шпалерах Якаў ідзе да акна, глядзіць, куды яно выходзіць. І здаецца яму, што гэтае акно якраз такое ж самае, як і было некалі ў роднай бацькавай хаце. І сонца гэтак жа ветліва свеціць у яго, і дабрасельскія агароды відны, і вялікая груша-фунтоўка павінна быць недзе тут, за вуглом...

Аглядае ўвесь пакой, маленькую кухню. Нічога няма лішняга, усё тут зроблена сціпла і ўтульна. Тут ложак, там столік... Можна і яшчэ што-небудзь паставіць, павесіць на сцяне, разаслаць на падлозе...

Нічога нідзе лішняга, якраз усё як трэба. А новаму гаспадару здаецца, што быццам бы нечага не хапае, вельмі істотнага...

Ён задумліва глядзіць у адзін пусты куток, а Надзя пераймае яго пагляд.

— Тут маленькі столік будзе стаяць, — упэўнена гаворыць яна. — З люстэркам.

Сапраўды, там яму месца. Ад яго яшчэ больш утульна стане ў пакоі.

 

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кулакоўскі А. Збор твораў у чатырох тамах. Том другі. Аповесці. - Мінск: Беларусь, 1970. - 392 с.
Крыніца: скан