epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Пысін

«Адчыняйце вокны - гром пялёснуў...»

Адчыняйце вокны - гром пялёснуў,

Маладая свежасць наплыла.

І няма ні сушы, ні нябёсаў,

І няма ні змроку, ні святла.

 

Перакатным валам б'е стыхія,

Круціць валуны і пер'е траў.

Ну, а хіба мы былі сухія

На любой з бяздонных перапраў!

 

Нездарма цыганкі варажылі,

Гаварылі штосьці пра віры;

Хвалі, як дзяцей малых, кружылі,

Закалыхваючы без пары.

 

А няма ні лодкі, ні парома,

Ні абломка слізкага вясла.

Толькі быстрыні адной вядома,

Куды столькі юных панясла.

 

Абдымалі хлопцы не русалак,

Абдымалі чорныя дубы.

Ты, вада, учора паласкала

Асаку ці шорсткія чубы?

 

Пераправы тыя бачыць будзем

Кожны раз у бляску грамавым.

Сціхні, навальніца! - не разбудзім

Тых, хто лёг пад ліўнем агнявым.

 

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая