epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Пысін

«Далёкі тупат кананады...»

Далёкі тупат кананады.

Бягуць грымоты, як сланы.

Ідзём без строю, без каманды,

Пад балалайку ў тры струны.

Патроны. Антрацыт махоркі.

Адстаў прастуджаны баян

З абозамі. Скорагаворкі

Вясковай песні любы нам.

За ворагам мы будзем гнацца

З гранёнай ярасцю штыкоў.

«Сямёнаўну»

                      сяржант Ігнацьеў

Вядзе з смаленскіх бальшакоў.

З-пад хвояў выступае вёска,

Салёна пахнуць палыны.

«Сямёнаўну»

                      спявае войска,

Нібы вяртаемся з вайны.

Спяваем мы, пакуль пяецца,

Спявае вецер і сасна;

Не ведаем, дзе абарвецца

Неадспяваўшая струна.

Сухі пясок, сухія гаці,

Сухі туман балтыйскіх вод.

На дзюны ўпаў сяржант Ігнацьеў

Пад біўні зломленых грымот.

Чарнеюць спаленыя дзюны,

Чарнее глыба валуна.

Парваныя сцякаюць струны:

Сямёнаўна,

                    Іванаўна...

 

1965

 


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая