epub
 
Падключыць
слоўнікі

Аляксей Пысін

Іван-чай

Вабіць незнаёмая дарога,

І сабе ты скажаш: прыкмячай.

А калі дарог на свеце многа,

Друг мой, Іван-чай?

 

Ды тваіх, смаленскіх, не забуду

У снягах, дажджах і сіняве.

Тройчы адбівалі вёску Буду,

Тройчы паміралі за яе.

 

А пад Будай - хлопцы пахаваны,

А пад Будай - многія сябры.

Аляксеі, Віктары, Іваны...

Гліна коўзкая. Падзол сыры.

 

Узышлі травой і гарыцветам,

Узышлі на радасць ці жальбу?

Вунь Іван стаіць па-над кюветам,

Галавой ківае: «Вось жыву.

 

Не здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны;

Восем куль было - крывёю сцёк.

Скора восень. Каркаюць вароны.

Жоўты каля ног маіх лісток.

 

Хочаш - пачастую нашым чаем,

Я ж цяпер навекі вадахлёб».

Не, Іване, з чаем - пачакаем,

Закурыць не лішне нам было б.

 

Мы цыгарку скруцім па-былому,

Пусцім шызы дым на правады.

Першая зацяжка - мне, жывому,

Бо занадта ў сэрцы гаркаты.

 

Чырвань, чырвань, колер праваты...

 

1964

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com