epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Пысін

«Сады, як белагрудыя мядзведзі...»

Сады, як белагрудыя мядзведзі,

Павіслі на рагацінах падпор.

Сцвярджаючы, што дол і высь - суседзі,

Сышліся ярусы пладоў і зор.

 

Паўзе туман з нізін. Платы намоклі.

Струменіць цішыня.

                                  І ля двара

Запахлі раптам дзедавы каноплі -

Прынада позняя для снегіра.

 

Дрымотную знямогласць даспявання

На яблынях няцяжка прыкмячаць.

Дзе ж тое дрэва мудрага пазнання

Дабра ці зла?

                      Маўчаць сады. Маўчаць.

 

Не ўспыхвае і не трапеча лісце,

Хоць тут усё авеяна агнём,

Калі сузор'і яблыкаў пякліся

І гаслі са знявечаным галлём.

 

Пякліся яблыкі.

                          І цень Адама

Віднеўся між счарнелых голых дрэў.

Тады не райская гарэла брама.

І не спакуснік зваблівы дурэў...

 

Такія ж зоры, яблыкі такія,

Як год, як шмат гадоў таму назад...

І я кажу: не бойся, Еўдакія,

Ступіць у сённяшні прыціхлы сад.

 

1967

 


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая