epub
 
Падключыць
слоўнікі

Аляксей Талстой

Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны

Сталяру Джузэпэ трапілася пад руку палена, якое пішчала чалавечым голасам
Джузэпэ дорыць палена, якое ўмее гаварыць, свайму сябру Карла
Карла майструе драўляную ляльку і называе яе Бураціна
Цвыркун, які ўмее гаварыць, дае Бураціна мудрую параду
Бураціна ледзь не гіне праз уласную легкадумнасць. Тата Карла склейвае яму адзенне з каляровай паперы і купляе азбуку
Бураціна прадае азбуку і купляе білет у тэатр лялек
У час паказу камедыі лялькі пазнаюць Бураціна
Сіньёр Карабас Барабас, замест таго каб спаліць Бураціна, дае яму пяць залатых манет і адпускае дадому
Па дарозе дадому Бураціна сустракае двух жабракоў — ката Базіліо і лісіцу Алісу
У харчэўні «Трох печкуроў»
На Бураціна нападаюць разбойнікі
Разбойнікі вешаюць Бураціна на дрэва
Дзяўчынка з блакітнымі валасамі выратоўвае Бураціна
Дзяўчынка з блакітнымі валасамі хоча выхоўваць Бураціна
Бураціна трапляе ў Краіну Дурняў
Паліцэйскія хапаюць Бураціна і не даюць яму сказаць ніводнага слова ў сваё апраўданне
Бураціна знаёміцца з жыхарамі сажалкі, даведваецца аб прапажы чатырох залатых манет і атрымлівае ад чарапахі Тарцілы залаты ключык
Бураціна ўцякае з Краіны Дурняў і сустракае таварыша па няшчасцю
П'еро расказвае, якім чынам ён, верхам на зайцы, трапіў у Краіну Дурняў
Бураціна і П'еро прыходзяць да Мальвіны, але ім адразу ж прыходзіцца ўцякаць разам з Мальвінай і пудзелем Артамонам
Страшэнны бой на ўзлессі
У пячоры
Нягледзячы ні на што, Бураціна вырашае выведаць у Карабаса Барабаса таямніцу залатога ключыка
Бураціна даведваецца пра таямніцу залатога ключыка
Бураціна першы раз у жыцці прыходзіць у роспач, але ўсё канчаецца шчасліва
Бураціна нарэшце вяртаецца дадому разам з татам Карла, Мальвінай, П'еро і Артамонам
Карабас Барабас урываецца ў каморку пад лесвіцай
Што яны знайшлі за патайнымі дзвярыма
Новы тэатр лялек дае першы спектакль


Сталяру Джузэпэ трапілася пад руку палена, якое пішчала чалавечым голасам

 

Даўным-даўно ў гарадку на беразе Міжземнага мора жыў стары сталяр Джузэпэ, па мянушцы Шызы Нос.

Аднойчы яму трапілася пад руку палена, звычайнае палена, якое кладуць у печ для ацяплення ў зімовы час.

— Нядрэнная рэч, — сказаў сам сабе Джузэпэ, — можна змайстраваць з яго што-небудзь накшталт ножкі для стала...

Джузэпэ надзеў акуляры, абматаныя вяровачкай, — таму што акуляры былі таксама старыя, — пакруціў у руцэ палена і пачаў яго часаць сякеркаю. Але толькі ён пачаў часаць, як нечы вельмі тоненькі галасок прапішчаў:

— Ой-ой, асцярожней, калі ласка!

Джузэпэ ссунуў акуляры на кончык носа, пачаў аглядаць майстэрню, — нікога...

Ён заглянуў пад варштат, — нікога...

Ён паглядзеў у кошыку са стружкамі, — нікога...

Ён высунуў галаву за дзверы, — нікога на вуліцы...

«Няўжо мне здалося? — падумаў Джузэпэ. — Хто б гэта мог пішчаць?..»

Ён зноў узяў сякерку і зноў, — толькі ўдарыў па палене...

— Ой, балюча ж, кажу! — заскуголіў тоненькі галасок.

На гэты раз Джузэпэ спалохаўся не на жарт, у яго нават акуляры запацелі... Ён агледзеў усе куткі ў пакоі, залез нават у печ і, задраўшы галаву, доўга глядзеў у комін.

— Няма нікога...

«Можа, я выпіў чаго-небудзь благога і ў мяне звініць у вушах?» — разважаў сам з сабою Джузэпэ.

Не, сёння ён нічога благога не піў... Крыху супакоіўшыся, Джузэпэ ўзяў гэблік, стукнуў малатком па задняй яго частцы, каб у меру, — не надта многа і не надта мала, — вылезла лязо, паклаў палена на варштат і — толькі ўзяў стружку...

— Ой, ой, ой, ой, слухайце, чаго вы шчыпаецеся? — запішчаў тоненькі галасок...

Джузэпэ выпусціў гэблік з рук, адступіўся назад і сеў проста на падлогу: ён здагадаўся, што тоненькім галаском гаварыла само палена.

 

Джузэпэ дорыць палена, якое ўмее гаварыць, свайму сябру Карла

 

У гэты час да Джузэпэ зайшоў яго даўні прыяцель, катрыншчык, якога звалі Карла.

Калісьці Карла ў шыракаполым капелюшы хадзіў з цудоўнай катрынкай па гарадах і спевамі і музыкай зарабляў сабе на хлеб.

Цяпер Карла быў ужо стары і хворы, і катрынка яго даўно паламалася.

— Дзень добры, Джузэпэ, — сказаў ён, зайшоўшы ў майстэрню. Чаму ты сядзіш на падлозе?

— А я, ведаеш, згубіў маленькую шрубку... Ды ну яе! — адказаў Джузэпэ і скоса глянуў на палена. — Ну, а ты як жывеш, стары?

— Дрэнна, — адказаў Карла. — Усё думаю — як бы мне зарабіць на хлеб... Хоць бы ты мне памог, параіў бы, ці што...

— Вельмі проста, — сказаў весела Джузэпэ і падумаў сам сабе: «Пазбаўлюся я зараз ад гэтага праклятага палена». — Вельмі проста: бачыш — ляжыць на варштаце цудоўнае палена, вазьмі ты гэтае палена, Карла, і занясі дадому...

— Эх-хе-хе, — нявесела адказаў Карла, — а далей што? Прынясу я дадому палена, а ў мяне нават і печкі ў каморцы няма.

— Я табе не абы-што кажу, Карла... Вазьмі ножык, выраж з гэтага палена ляльку, навучы яе гаварыць розныя смешныя словы, спяваць і танцаваць, ды і насі па дварах. Заробіш на кавалак хлеба і на шклянку віна.

У гэты час на варштаце, дзе ляжала палена, піскнуў вясёлы галасок:

— Брава, цудоўна прыдумана, Шызы Нос!

Джузэпэ зноў затросся ад страху, а Карла толькі здзіўлена азіраўся, — адкуль голас?

— Ну, дзякуй, Джузэпэ, што параіў, вазьму, бадай-што, тваё палена.

Тады Джузэпэ схапіў палена і хутчэй сунуў яго сябру. Але ці ён нязручна сунуў, ці яно само падскочыла і стукнула Карла па галаве.

— Ах, вось якія твае падарункі! — пакрыўджана крыкнуў Карла.

— Даруй, дружа, гэта не я цябе стукнуў.

— Значыцца, я сам сябе стукнуў па галаве?

— Не, дружа, — відаць, само палена цябе стукнула.

— Хлусіш, ты стукнуў...

— Не, не я...

— Я ведаў, што ты п'яніца, Шызы Нос, — сказаў Карла, — а ты яшчэ і манюка.

— Ах, ты — лаяцца! — крыкнуў Джузэпэ. — А ну, падыдзі бліжэй!..

— Сам падыдзі бліжэй, я цябе схаплю за нос!..

Старыя абодва надзьмуліся і пачалі наскакваць адзін на аднаго. Карла схапіў Джузэпэ за шызы нос. Джузэпэ схапіў Карла за сівыя валасы, што раслі каля вушэй.

Пасля гэтага яны пачалі заўзята дубасіць адзін аднаго кулакамі. Прарэзлівы галасок на варштаце ў гэты час пішчаў і падбухторваў:

— Лупі, лупі як след!

Нарэшце старыя стаміліся і засапліся. Джузэпэ сказаў:

— Давай памірымся, ці што...

Карла адказаў:

— Ну што ж, давай памірымся...

Старыя пацалаваліся. Карла ўзяў пад паху палена і пайшоў дахаты.

 

Карла майструе драўляную ляльку і называе яе Бураціна

 

Карла жыў у каморцы пад лесвіцай, дзе ў яго нічога не было, апрача прыгожага камінка — у сцяне насупраць дзвярэй.

Але прыгожы камінак, і агонь на камінку, і кацялок, што кіпеў на агні, былі не сапраўдныя, а намаляваныя на кавалку старога палатна.

Карла зайшоў у каморку, сеў на адзінае крэсла каля бязногага стала і, пакруціўшы і так і гэтак палена, пачаў нажом выразаць з яго ляльку.

«Як жа мне яе назваць? — думаў Карла. — Назаву хіба я яе Бураціна. Гэта імя прынясе мне шчасце. Я ведаў адну сям'ю, — усіх іх звалі Бураціна: бацька — Бураціна, маці — Бураціна, дзеці — таксама Бураціна... Усе яны жылі весела і бесклапотна...»

Перш-наперш ён выразаў на палене валасы, потым — лоб, потым — вочы...

Раптам вочы самі расплюшчыліся і ўтаропіліся на яго...

Карла і выгляду не падаў, што спалохаўся, толькі ласкава спытаў:

— Драўляныя вочкі, чаму вы так дзіўна гледзіце на мяне?

Але лялька маўчала, — мабыць таму, што ў яе не было рота.

Карла выстругаў шчокі, потым выстругаў нос — звычайны...

Раптам нос сам пачаў выцягвацца, расці, і атрымаўся такі доўгі востры нос, што Карла нават крэкнуў:

— Нядобра, даўгаваты...

І пачаў зрэзваць кончык носа. Але зрабіць гэта было не так проста. Нос круціўся, выкручваўся, так і застаўся — доўгім-доўгім, цікаўным, вострым носам.

Карла ўзяўся за рот. Але толькі паспеў выразаць губы, — рот адразу адкрыўся:

— Хі-хі-хі, ха-ха-ха!

І высунуўся з яго, дражнячыся, вузенькі чырвоны язык.

Карла, ужо не звяртаючы ўвагі на гэтыя штукарствы, працягваў стругаць, вырэзваць, калупаць... Зрабіў ляльцы падбародак, шыю, плечы, тулава, рукі...

Але як толькі скончыў выстругваць апошні пальчык, Бураціна пачаў лупіць кулачкамі Карла па лысіне, шчыпацца і казытаць.

— Паслухай, — сказаў Карла строга, — я ж яшчэ не скончыў цябе майстраваць, а ты ўжо дурэць пачынаеш... Што ж потым будзе... Га?..

І ён строга паглядзеў на Бураціна. І Бураціна круглымі вачыма, як мыш, глядзеў на тату Карла.

Карла зрабіў яму з лучынак доўгія ногі з вялікімі ступнямі. На гэтым закончыўшы работу, паставіў драўлянага хлапчука на падлогу, каб навучыць хадзіць.

Бураціна пахістаўся, пахістаўся на тоненькіх ножках, ступіў раз, ступіў другі, скок, скок, — проста да дзвярэй, цераз парог і — на вуліцу.

Устрывожаны Карла пайшоў за ім.

— Гэй, дураслівец, вярніся!..

Дзе там! Бураціна бег па вуліцы, як заяц, толькі драўляныя падэшвы яго — тукі-тук, тукі-тук — пастуквалі па бруку...

— Трымайце яго! — закрычаў Карла.

Прахожыя смяяліся, паказваючы пальцамі на шустрага Бураціна. На скрыжаванні стаяў высозны паліцэйскі з закручанымі вусамі і ў трохкутным капелюшы.

Убачыўшы драўлянага чалавечка, які бег па бруку, ён шырока расставіў ногі, загарадзіўшы імі ўсю вуліцу. Бураціна хацеў праскочыць у яго паміж ног, але паліцэйскі схапіў яго за нос і так трымаў, пакуль не падаспеў тата Карла...

— Ну, пачакай жа ты, я з табой ужо распраўлюся, — аддыхваючыся, прагаварыў Карла і хацеў засунуць Бураціна ў кішэню курткі...

Бураціна зусім не хацелася ў такі вясёлы дзень пры ўсім народзе тырчаць нагамі дагары з кішэні курткі, — ён спрытна выкруціўся, бразнуўся на брук і прыкінуўся мёртвым.

— Ай, ай, — сказаў паліцэйскі, — справа, здаецца, кепская.

Пачалі збірацца прахожыя. Гледзячы на распластанага Бураціна, ківалі галовамі.

— Небарака, — гаварылі адны, — мабыць, з голаду...

— Карла яго да смерці прыбіў, — гаварылі другія, — гэты стары катрыншчык толькі прыкідваецца добрым чалавекам, ён ліхі, ён злы чалавек...

Чуючы ўсё гэта, вусаты паліцэйскі схапіў няшчаснага Карла за каўнер і пацягнуў у паліцэйскае аддзяленне.

Карла пыліў чаравікамі і моцна стагнаў:

— Ох, ох, на бяду сабе я зрабіў драўлянага хлапчука!

Калі вуліца апусцела, Бураціна падняў нос, агледзеўся і, падскакваючы, пабег дадому...

 

Цвыркун, які ўмее гаварыць, дае Бураціна мудрую параду

 

Прыбегшы ў каморку пад лесвіцай, Бураціна пляснуўся на падлогу каля ножкі крэсла.

— Што б такое яшчэ прыдумаць?

Не трэба забывацца, што Бураціна ішоў усяго першы дзень ад нараджэння. Думкі ў яго былі маленькія-маленькія, кароценькія-кароценькія, дробязныя-дробязныя.

У гэты час пачулася:

— Крры-кры, крры-кры, крры-кры.

Бураціна пакруціў галавой, аглядваючы каморку.

— Гэй, хто тут?

— Тут я, — крры-кры...

Бураціна ўбачыў стварэнне, крыху падобнае на таракана, але з галавой, як у коніка. Яно сядзела на сцяне над камінкам і ціха патрэсквала, — крры-кры, — глядзела пукатымі, як са шкла, вясёлкавымі вачыма, варушыла вусікамі.

— Гэй, ты хто такі?

— Я — цвыркун, які ўмее гаварыць, — адказала стварэнне, — жыву ў гэтым пакоі больш за сто гадоў.

— Тут я гаспадар, прэч адгэтуль.

— Добра, я пайду, хоць мне вельмі шкада пакідаць пакой, дзе я пражыў сто гадоў, — адказаў цвыркун, — але раней чым я пакіну пакой, выслухай карысную параду.

— Надддта мне патрэбны парады старога цвыркуна...

— Ах, Бураціна, Бураціна, — прагаварыў цвыркун, — пакінь сваволіць, слухайся Карла, без патрэбы не бегай з дому і заўтра пачні хадзіць у школу. Вось мая парада. Інакш цябе чакаюць жахлівыя небяспекі і страшэнныя прыгоды. За тваё жыццё я не дам і здохлай сухой мухі.

— Ччччаму? — спытаў Бураціна.

— А вось ты пабачыш — ччччаму, — адказаў цвыркун.

— Ах ты, стогадовая казяўка-маляўка! — крыкнуў Бураціна. — Больш за ўсё на свеце я люблю страшэнныя прыгоды. Заўтра, як толькі развіднее, уцяку з дому — лазіць па платах, разбураць птушыныя гнёзды, дражніць хлапчукоў, цягаць за хвасты сабак і кошак... Я яшчэ не тое прыдумаю!..

— Шкада мне цябе, шкада, Бураціна, праліеш ты горкія слёзы.

— Ччччаму? — зноў спытаў Бураціна.

— Таму што ў цябе дурная драўляная галава.

Тады Бураціна ўскочыў на крэсла, з крэсла на стол, схапіў малаток і шпурнуў яго ў галаву цвыркуна.

Стары разумны цвыркун цяжка ўздыхнуў, паварушыў вусамі і папоўз за камінак, — назаўсёды з гэтага пакоя.

 

Бураціна ледзь не гіне праз уласную легкадумнасць. Тата Карла склейвае яму адзенне з каляровай паперы і купляе азбуку

 

Пасля здарэння з цвыркуном, які ўмее гаварыць, у каморцы пад лесвіцай стала зусім сумна. Дзень цягнуўся і цягнуўся. У жываце ў Бураціна таксама было сумнавата.

Ён заплюшчыў вочы і раптам убачыў смажаную курыцу на талерцы.

Жвава расплюшчыў вочы, — курыца на талерцы знікла.

Ён зноў заплюшчыў вочы, — убачыў талерку маннай кашы папалам з малінавым варэннем.

Расплюшчыў вочы, — няма талеркі маннай кашы папалам з малінавым варэннем.

Тады Бураціна здагадаўся, што яму страшэнна хочацца есці.

Ён падбег да камінка і сунуў нос у кацялок, што кіпеў на агні. Але доўгі нос Бураціна праткнуў наскрозь кацялок, таму што, як мы ведаем, і камінак, і агонь, і дым, і кацялок былі намаляваны бедным Карла на кавалку старога палатна.

Бураціна выцягнуў нос і паглядзеў у дзірку, — за палатном у сцяне было нешта падобнае на невялікія дзверцы, але там было так заткана ўсё павуціннем, што нічога не разабраць.

Бураціна пайшоў шукаць па ўсіх кутках, — ці не знойдзецца скарыначкі хлеба або курынай костачкі, абгрызенай кошкай.

Ах, нічагусенькі, нічагусенькі не было ў беднага Карла прызапашана на вячэру!

Раптам ён убачыў у кошыку са стружкамі курынае яйка. Схапіў яго, паставіў на падаконнік і носам — цюк-цюк — разбіў шкарлупіну.

Унутры яйка піскнуў галасок:

— Дзякуй, драўляны чалавечак.

З разбітай шкарлупіны вылезла кураня з пухам замест хваста і з вясёлымі вачыма.

— Да пабачэння! Мама Кура даўно мяне чакае на двары.

І кураня выскачыла праз акно, — толькі яго і бачылі.

— Ой, ой, — закрычаў Бураціна, — есці хачу!..

Дзень, нарэшце, перастаў цягнуцца. У пакоі сцямнела.

Бураціна сядзеў каля намаляванага агню і ад голаду паціхеньку ікаў.

Ён убачыў: з-пад лесвіцы, з-пад падлогі паказалася тоўстая галава. Высунулася, панюхала і вылезла шэрая жывёліна на нізкіх лапах.

Не спяшаючыся, яна пайшла да кошыка са стружкамі, залезла туды, нюхаючы і шныпарачы, — сярдзіта зашамацела стружкамі. Мабыць, яна шукала яйка, якое разбіў Бураціна.

Потым яна вылезла з кошыка і падышла да Бураціна. Панюхала яго, круцячы чорным носам з чатырма доўгімі валаскамі з кожнага боку. Ад Бураціна ядою не пахла, — яна пайшла міма, цягнучы за сабой доўгі тонкі хвост.

Ну, як яе было не схапіць за хвост! Бураціна зараз жа і схапіў.

Гэта быў стары злосны пацук Шушар.

З перапуду ён, як цень, кінуўся быў пад лесвіцу, цягнучы Бураціна, але ўбачыў, што гэта ўсяго толькі драўляны хлапчук, — павярнуўся і з шалёнай злосцю накінуўся, каб перагрызці яму горла.

Цяпер ужо Бураціна спалохаўся, выпусціў халодны пацукоў хвост і ўскочыў на крэсла. Пацук — за ім.

Ён з крэсла пераскочыў на падаконнік. Пацук — за ім. З падаконніка ён цераз усю каморку пераляцеў на стол. Пацук — за ім... І тут на стале ён схапіў Бураціна за горла, паваліў, трымаючы яго ў зубах, саскочыў на падлогу і павалок за лесвіцу, пад падлогу.

— Тата Карла! — паспеў толькі піскнуць Бураціна.

— Я тут! — адказаў гучны голас.

Дзверы расчыніліся, увайшоў тата Карла. Сцягнуў з нагі драўляны чаравік і шпурнуў ім у пацука.

Шушар, выпусціўшы драўлянага хлапчука, скрыгатнуў зубамі і знік.

— Вось да чаго даводзіць свавольства! — прабурчаў тата Карла, падымаючы з падлогі Бураціна. Паглядзеў, ці ўсё ў яго цэлае. Пасадзіў яго на калена, выняў з кішэні цыбулінку, ачысціў.

— На, еш!..

Бураціна запусціў галодныя зубы ў цыбуліну і з'еў яе, хрумстаючы і прыцмокваючы. Пасля гэтага пачаў церціся галавой аб шчаціністую шчаку таты Карла.

— Я буду разумненькі-разумненькі, тата Карла... Цвыркун, які ўмее гаварыць, сказаў мне хадзіць у школу.

— Слаўна прыдумана, малеча...

— Тата Карла, але ж я — голенькі, драўляненькі, — хлапчукі ў школе мяне засмяюць.

— Эге, — сказаў Карла і пачухаў шчаціністы падбародак. — Праўду кажаш, малеча!

Ён запаліў лямпу, узяў нажніцы, клей і абрыўкі каляровай паперы. Выразаў і склеіў куртачку з карычневай паперы і ярка-зялёныя штонікі. Змайстраваў туфлі са старой халявы і шапачку — каўпачком з кутасікам — са старой шкарпэткі.

Усё гэта надзеў на Бураціна:

— Насі на здароўе!

— Тата Карла, — сказаў Бураціна, — а як жа я пайду ў школу без азбукі?

— Эге, праўду кажаш, малеча...

Тата Карла пачухаў патыліцу. Накінуў на плечы сваю адзіную старую куртку і пайшоў на вуліцу.

Ён хутка вярнуўся, але без курткі. У руцэ ён трымаў кніжку з вялікімі літарамі і цікавымі малюнкамі.

— Вось табе азбука. Вучыся на здароўе.

— Тата Карла, а дзе твая куртка?

— Куртку я прадаў... Нічога, абыдуся і так... Толькі ты жыві на здароўе.

Бураціна ўткнуўся носам у добрыя рукі таты Карла.

— Вывучуся, вырасту, куплю табе тысячу новых куртак...

Бураціна з усяе сілы хацеў у гэты першы ў яго жыцці вечар жыць без свавольства, як навучыў яго цвыркун, які ўмее гаварыць.

 

Бураціна прадае азбуку і купляе білет у тэатр лялек

 

Назаўтра раніцай Бураціна паклаў азбуку ў торбачку і, падскакваючы, пабег у школу.

Па дарозе ён нават не глядзеў на ласункі, выстаўленыя ў крамах, — макавыя на мёдзе трыкутнічкі, салодкія піражкі і ледзянцы ў выглядзе пеўнікаў, насаджаных на палачку.

Ён не хацеў глядзець на хлапчукоў, якія пускалі папяровага змея...

Вуліцу пераходзіў паласаты кот Базіліо, якога можна было схапіць за хвост. Але Бураціна ўтрымаўся і ад гэтага.

Чым бліжэй ён падыходзіў да школы, тым мацней непадалёку, на беразе Міжземнага мора, іграла вясёлая музыка.

— Пі-пі-пі, — пішчала флейта.

— Ла-ла-ла-ла, — спявала скрыпка.

— Дзінь-дзінь, — бразгалі медныя талеркі.

— Бум! — біў барабан.

У школу трэба было паварочваць направа, музыка чулася злева. Бураціна пачаў спатыкацца. Самі ногі паварочвалі да мора, дзе:

— Пі-пі, пііііі...

— Дзін-лала, дзін-ла-ла...

— Бум!

— Школа ж нікуды ж не падзенецца ж, — сам сабе гучна пачаў гаварыць Бураціна, — я толькі гляну, паслухаю і бягом — у школу.

З усёй моцы ён кінуўся бегчы да мора. Ён убачыў палатняны балаган, упрыгожаны рознакаляровымі сцягамі, якія трапяталі ад марскога ветру.

Наверсе балагана, прытанцоўваючы, ігралі чатыры музыкі. Унізе тоўстая цётка ўсміхаючыся прадавала білеты. Каля ўвахода стаяў вялікі натоўп — хлопчыкі і дзяўчынкі, салдаты, прадаўцы ліманаду, мамкі з груднымі дзецьмі, пажарнікі, паштальёны, — усе, усе чыталі вялікую афішу:

«Тэатр лялек.

Толькі адзін спектакль.

Спяшайцеся!

Спяшайцеся!

Спяшайцеся!»

Бураціна тузануў за рукаў аднаго хлапчука.

— Скажыце, калі ласка, колькі каштуе ўваходны білет?

Хлопчык адказаў скрозь зубы, не спяшаючыся:

— Чатыры сольда, драўляны чалавечак.

— Разумееце, хлопчык, я забыўся дома мой кашалёк... Вы не можаце мне пазычыць чатыры сольда?..

Хлопчык зняважліва свіснуў:

— Знайшоў дурня!..

— Мне страшшшшэнна хочацца паглядзець тэатр лялек! — скрозь слёзы сказаў Бураціна. — Купіце ў мяне за чатыры сольда маю цудоўную куртачку...

— Папяровую куртачку за чатыры сольда? Шукай дурня.

— Ну, тады мой прыгожанькі каўпачок...

— Тваім каўпачком толькі лавіць апалонікаў... Шукай дурня.

У Бураціна нават пахаладзеў нос — гэтак яму хацелася трапіць у тэатр.

— Хлопчык, тады вазьміце за чатыры сольда маю новую азбуку...

— З малюнкамі?

— З ччччароўнымі малюнкамі і вялікімі літарамі.

— Давай хіба, — сказаў хлопчык, узяў азбуку і неахвотна адлічыў чатыры сольда.

Бураціна падбег да тоўстай цёткі і прапішчаў:

— Паслухайце, дайце мне ў першым радзе білет на адзіны спектакль тэатра лялек.

 

У час паказу камедыі лялькі пазнаюць Бураціна

 

Бураціна сеў у першым радзе і з захапленнем глядзеў на апушчаную заслону.

На заслоне былі намаляваны чалавечкі, якія танцавалі, дзяўчынкі ў чорных масках, страшныя барадатыя людзі ў каўпаках з зоркамі, сонца, падобнае на блін з носам і вачыма, і іншыя цікавыя малюнкі.

Тры разы ўдарылі ў звон, і заслона паднялася.

На маленькай сцэне справа і злева стаялі кардонныя дрэвы.

Над імі вісеў ліхтар у выглядзе месяца і адбіваўся ў кавалачку люстэрка, на якім плавалі два лебедзі, зробленыя з ваты, з залатымі насамі.

З-за кардоннага дрэва выйшаў маленькі чалавечак у доўгай белай кашулі з доўгімі рукавамі. Яго твар быў абсыпаны пудрай, белай, як зубны парашок.

Ён пакланіўся шаноўнай публіцы і сказаў сумна:

— Добры дзень, мяне завуць П'еро... Зараз мы пакажам вам камедыю пад назвай: «Дзяўчынка з блакітнымі валасамі, або Трыццаць тры разы па карку». Мяне будуць лупцаваць палкай, даваць аплявухі і біць па карку. Гэта вельмі смешная камедыя...

З-за другога кардоннага дрэва выскачыў другі чалавек, увесь у клетку, як шахматная дошка.

Ён пакланіўся шаноўнай публіцы:

— Добры дзень, я — Арлекін!

Пасля гэтага павярнуўся да П'еро і даў яму дзве аплявухі, такія звонкія, што ў таго са шчок пасыпалася пудра.

— Ты чаго хныкаеш, дурніца?

— Я сумны таму, што я хачу жаніцца, — адказаў П'еро.

— А чаму ты не ажаніўся?

— Таму што мая нявеста ад мяне збегла...

— Ха-ха-ха, — зайшоўся ад смеху Арлекін, — бачылі дурніцу!..

Ён схапіў палку і адлупцаваў П'еро.

— Як завуць тваю нявесту?

— А ты не будзеш больш біцца?

— Ну не, я яшчэ толькі пачаў.

— У такім выпадку яе завуць Мальвіна, або дзяўчынка з блакітнымі валасамі.

— Ха-ха-ха, — зноў зайшоўся Арлекін і тройчы ўдарыў П'еро па карку. — Паслухайце, шаноўная публіка... Ды хіба бываюць дзяўчынкі з блакітнымі валасамі?

Але тут ён, павярнуўшыся да публікі, раптам убачыў на пярэдняй лаўцы драўлянага хлапчука з ротам да вушэй, з доўгім носам, у каўпачку з кутасікам...

— Глядзіце, гэта Бураціна! — закрычаў Арлекін, паказваючы на яго пальцам.

— Жывы Бураціна! — залямантаваў П'еро, узмахваючы доўгімі рукавамі.

З-за кардонных дрэў выскачыла мноства лялек — дзяўчынкі ў чорных масках, страшныя барадачы ў каўпаках, калматыя сабакі з гузікамі замест вачэй, гарбуны з насамі, падобнымі на агурок...

Усе яны падбеглі да свечак, што стаялі ўздоўж рампы, і, углядаючыся, загаманілі:

— Гэта Бураціна! Гэта Бураціна! Да нас, да нас, вясёлы дураслівец Бураціна!

Тады ён з лаўкі скочыў на суфлёрскую будку, а з яе на сцэну.

Лялькі схапілі яго, пачалі абдымаць, цалаваць, шчыпаць... Потым усе лялькі заспявалі «Польку Птушку»:

 

Птушка польку танцавала

На палянцы ў ранні час.

Нос налева, хвост направа, —

Гэта полька Карабас.

 

Два жукі — на барабане,

Жаба дзьме у кантрабас.

Нос налева, хвост направа, —

Гэта полька Барабас.

 

Птушка польку танцавала,

Бо вясёлаю жыла.

Нос налева, хвост направа, —

Вось дык полечка была...

 

Гледачы былі расчулены. Адна мамка нават усхліпнула. Адзін пажарнік плакаў наўзрыд.

Толькі хлапчукі на задніх лаўках злаваліся і тупалі нагамі.

— Хопіць лізацца, не маленькія, працягвайце спектакль.

Пачуўшы ўвесь гэты шум, з-за сцэны высунуўся чалавек, такі страшэнны з выгляду, што можна было здранцвець ад жаху, калі толькі зірнуць на яго.

Густая нячэсаная барада яго валаклася па падлозе, вылупленыя вочы круціліся, велізарны рот ляскаў зубамі, нібы гэта быў не чалавек, а кракадзіл. У руцэ ён трымаў сяміхвосты бізун.

Гэта быў гаспадар тэатра лялек, доктар лялечных навук сіньёр Карабас Барабас.

— Га-га-га, гу-гу-гу! — зароў ён на Бураціна. — Дык гэта ты перашкодзіў паказу маёй цудоўнай камедыі?

Ён схапіў Бураціна, занёс у кладоўку тэатра і павесіў на цвік. Вярнуўшыся, пагразіў лялькам сяміхвостым бізуном, каб яны працягвалі спектакль.

Лялькі сяк-так закончылі камедыю, заслона закрылася, гледачы разышліся.

Доктар лялечных навук сіньёр Карабас пайшоў на кухню вячэраць.

Запхнуўшы ніжнюю частку барады ў кішэню, каб не замінала, ён сеў перад камінкам, дзе на ражне смажыўся цэлы трус і двое куранят.

Паслініўшы пальцы, ён пакратаў смажаніну, і яна здалася яму сырой.

У камінку было мала дроў. Тады ён тры разы пляснуў у далоні.

Прыбеглі Арлекін і П'еро.

— Прынясіце мне гэтага абібока Бураціна, — сказаў сіньёр Карабас Барабас. — Ён зроблены з сухога дрэва, я яго падкіну ў агонь, мой абед у момант сасмажыцца.

Арлекін і П'еро ўпалі на калені, упрошвалі злітавацца над няшчасным Бураціна.

— А дзе мой бізун? — зароў Карабас Барабас.

Тады яны, плачучы, пайшлі ў кладоўку, знялі з цвіка Бураціна і прывалаклі на кухню.

 

Сіньёр Карабас Барабас, замест таго каб спаліць Бураціна, дае яму пяць залатых манет і адпускае дадому

 

Калі лялькі прывалаклі Бураціна і кінулі на падлогу каля камінка, сіньёр Карабас Барабас, страшэнна сапучы носам, мяшаў качаргой вуголле.

Раптам вочы яго наліліся крывёю, нос, потым увесь твар сабраўся ў папярочныя маршчыны. Мабыць, яму ў ноздры трапіў кавалачак вугалю.

— Аап... аап... аап... — завыў Карабас Барабас, закочваючы вочы, — аап -чхі!..

І ён чхнуў так, што попел узняўся слупам у камінку.

Калі доктар лялечных навук пачынаў чхаць, дык ужо не мог спыніцца і чхаў пяцьдзесят, а часам і сто разоў запар.

Ад такога незвычайнага чхання ён бяссілеў і рабіўся дабрэйшым.

П'еро цішком шапнуў Бураціна:

— Паспрабуй з ім загаварыць паміж чханнем...

— Аап-чхі! Аап-чхі! — Карабас Барабас набіраў разяўленым ротам паветра і з трэскам чхаў, трасучы галавой і тупаючы нагамі.

На кухні ўсё калацілася, брынчалі шыбы, гойдаліся скавароды і каструлі на цвіках.

Паміж гэтымі чханнямі Бураціна пачаў енчыць жаласным тоненькім галаском:

— Бедны я, няшчасны, нікому мяне не шкада.

— Кінь раўці! — крыкнуў Карабас Барабас. — Ты мне перашкаджаеш... Аап-чхі!

— На здароўе, сіньёр, — усхліпнуў Бураціна.

— Дзякуй... А што — бацькі ў цябе жывыя? Аап-чхі!

— У мяне ніколі, ніколі не было мамы, сіньёр. Ах, я няшчасны! — І Бураціна закрычаў так пранізліва, што ў вушах у Карабаса Барабаса пачало калоць, як іголкай.

Ён затупаў падэшвамі:

— Кінь вішчаць, кажу табе! Аап-чхі! А што — бацька ў цябе жывы?

— Мой бедны бацька яшчэ жывы, сіньёр.

— Уяўляю, як прыемна будзе твайму бацьку, калі ён даведаецца, што я на табе засмажыў труса і двух куранят. Аап-чхі!

— Мой бедны бацька ўсё роўна хутка памрэ з голаду і холаду. Я яго адзіная падтрымка на старасці. Пашкадуйце, адпусціце мяне, сіньёр.

— Дзесяць тысяч чарцей! — зароў Карабас Барабас. — Ні пра якую літасць не можа быць і размовы. Трус і кураняты павінны быць засмажаны. Лезь у камінак.

— Сіньёр, я не магу гэтага зрабіць.

— Чаму? — спытаў Карабас Барабас толькі для таго, каб Бураціна вёў далей размову, а не вішчаў у вушы.

— Сіньёр, я ўжо спрабаваў аднойчы сунуць нос у камінак і толькі праткнуў дзірку.

— Што за глупства! — здзівіўся Карабас Барабас. — Як ты мог носам праткнуць у камінку дзірку?

— Таму, сіньёр, што камінак і кацялок над агнём былі намаляваны на кавалку старога палатна.

— Аап-чхі! — чхнуў Карабас Барабас з такім шумам, што П'еро адляцеў налева, Арлекін — направа, а Бураціна закруціўся круцёлкай.

— Дзе ты бачыў камінак, і агонь, і кацялок намаляванымі на кавалку палатна?

— У каморцы майго таты Карла.

— Твой бацька — Карла! — Карабас Барабас усхапіўся з крэсла, узмахнуў рукамі, барада яго разляцелася. — Дык, значыцца, гэта ў каморцы старога Карла знаходзіцца патайная...

Але тут Карабас Барабас, відаць, не жадаючы прагаварыцца пра нейкую таямніцу, абодвума кулакамі заткнуў сабе рот. І так сядзеў нейкі час і глядзеў, вылупіўшы вочы, на пагасаючы агонь.

— Добра, — сказаў ён нарэшце, — я павячэраю недасмажаным трусам і сырымі куранятамі. Я табе дарую жыццё, Бураціна. Мала таго...

Ён залез пад бараду ў кішэню камізэлькі, дастаў пяць залатых манет і падаў іх Бураціна.

— Мала таго... Вазьмі гэтыя грошы і занясі іх Карла. Пакланіся і скажы, што я прашу яго ні ў якім разе не паміраць з голаду і холаду і самае галоўнае — не выязджаць з яго каморкі, дзе знаходзіцца камінак, намаляваны на кавалку старога палатна. Ідзі выспіся і ранічкай бяжы дадому.

Бураціна паклаў пяць залатых манет у кішэню і адказаў з ветлівым паклонам:

— Дзякую вам, сіньёр. Вы не маглі даверыць грошы ў больш надзейныя рукі...

Арлекін і П'еро завялі Бураціна ў лялечную спальню, дзе лялькі зноў пачалі абдымаць, цалаваць, штурхаць, шчыпаць і зноў абдымаць Бураціна, які так незразумела пазбег страшнай пагібелі ў камінку.

Ён шэптам гаварыў лялькам:

— Тут нейкая таямніца.

 

Па дарозе дадому Бураціна сустракае двух жабракоў — ката Базіліо і лісіцу Алісу

 

Раніцай Бураціна пералічыў грошы, — залатых манет было столькі, колькі пальцаў на руцэ, — пяць.

Сціснуўшы манеты ў кулаку, ён, падскакваючы, бег дадому і напяваў:

— Куплю тату Карла новую куртку, куплю многа макавых трыкутнічкаў, ледзянцовых пеўнікаў на палачках.

Калі знік з вачэй балаган тэатра лялек і сцягі, што развяваліся на ветры, ён убачыў двух жабракоў, якія панура валакліся па пыльнай дарозе: лісіцу Алісу, што кульгала на трох лапах, і сляпога ката Базіліо.

Гэта быў не той кот, якога Бураціна сустрэў учора на вуліцы, а другі, — таксама Базіліо і таксама паласаты. Бураціна хацеў прайсці міма, але лісіца Аліса сказала яму лісліва:

— Дзень добры, добранькі Бураціна. Куды так спяшаешся?

— Дадому, да таты Карла.

Лісіца ўздыхнула яшчэ ліслівей:

— Ужо і не ведаю, ці застанеш ты жывым беднага Карла, ён зусім зблажэў ад голаду і холаду...

— А ты гэта бачыла? — Бураціна разняў кулак і паказаў пяць залатых.

Убачыўшы грошы, лісіца міжвольна пацягнулася да іх лапай, а кот раптам шырока расплюшчыў сляпыя вочы, і яны бліснулі ў яго, як два зялёныя ліхтары.

Але Бураціна нічога гэтага не заўважыў.

— Добранькі, харошанькі Бураціна, што ж ты будзеш рабіць з гэтымі грашыма?

— Куплю куртку для таты Карла... Куплю новую азбуку...

— Азбуку, ох, ох! — сказала лісіца Аліса, ківаючы галавой. — Не давядзе цябе да дабра гэтая навука... Вось я вучылася, вучылася, а — бачыш — хаджу на трох лапах.

— Азбуку, — прабурчаў кот Базіліо і сярдзіта фыркнуў у вусы. — Праз гэтую праклятую навуку я вочы страціў...

На сухой галіне каля дарогі сядзела пажылая варона. Слухала, слухала і каркнула:

— Няпр-раўда! Няпр-раўда!

Кот Базіліо адразу ж высока падскочыў, лапай збіў варону з галіны, выдраў ёй паўхваста, — ледзь яна вырвалася. І зноў прыкінуўся, быццам ён сляпы.

— Вы за што яе так, кот Базіліо? — здзіўлена спытаў Бураціна.

— Вочы ж сляпыя, — адказаў кот, — здалося — гэта сабачаня на дрэве...

Пайшлі яны ўтраіх па пыльнай дарозе. Лісіца сказала:

— Разумненькі, найразумненькі Бураціна, хацеў бы ты, каб у цябе грошай стала ў дзесяць разоў больш?

— Вядома, хачу! А як гэта робіцца?

— Прасцей простага. Пойдзем з намі.

— Куды?

— У Краіну Дурняў.

Бураціна крыху падумаў.

— Не, я ўжо лепей цяпер дадому пайду.

— Калі ласка, мы цябе на вяроўцы не цягнем, — сказала лісіца, — тым горш для цябе.

— Тым горш для цябе, — прабурчаў кот.

— Ты сам сабе вораг, — сказала лісіца.

— Ты сам сабе вораг, — прабурчаў кот.

— А то б твае пяць залатых ператварыліся ў кучу грошай...

Бураціна спыніўся, разявіў рот...

— Хлусіш!

Лісіца села на хвост, аблізнулася:

— Я табе зараз растлумачу. У Краіне Дурняў ёсць чароўнае поле, — называецца Поле Цудаў... На гэтым полі выкапай ямку, скажы тры разы: «Крэкс, фэкс, пэкс», пакладзі ў ямку залаты, засып зямлёй, зверху пасып соллю, палі як след вадой і ідзі спаць. Да раніцы з ямкі вырасце невялікае дрэўца, на ім замест лісця будуць вісець залатыя манеты. Зразумеў?

Бураціна ажно падскочыў.

— Хлусіш!

— Хадзем, Базіліо, — пакрыўджана зморшчыўшы нос, сказала лісіца, — нам не вераць — і не трэба...

— Не, не, — закрычаў Бураціна, — веру, веру!.. Хадземце хутчэй у Краіну Дурняў!..

 

У харчэўні «Трох печкуроў»

 

Бураціна, лісіца Аліса і кот Базіліо спусціліся з гары і ішлі, ішлі — праз палі, вінаграднікі, праз сасновы бор, выйшлі да мора і зноў павярнулі ад мора, праз той жа бор, вінаграднікі...

Гарадок на ўзгорку і сонца над ім паказваліся то справа, то злева...

Лісіца Аліса гаварыла, уздыхаючы:

— Ах, не так гэта лёгка трапіць у Краіну Дурняў, усе лапы сатрэш...

Пад вечар яны ўбачылі збоку ад дарогі стары дом з плоскім дахам і з шыльдай над уваходам: харчэўня «Трох печкуроў».

Гаспадар выбег насустрач гасцям, сарваў з лысай галавы шапачку і нізка кланяўся, просячы зайсці.

— Не шкодзіла б нам падсілкавацца хоць сухой скарыначкай, — сказала лісіца.

— Хоць скарыначкай хлеба пачаставалі б, — паўтарыў кот.

Зайшлі ў харчэўню, селі каля камінка, дзе на ражнах і скавародках смажылася ўсялякая ўсялячына.

Лісіца ўвесь час аблізвалася, кот Базіліо паклаў лапы на стол, вусатую морду — на лапы, утаропіўся на яду.

— Гэй, гаспадар, — важна сказаў Бураціна, — дайце нам тры скарыначкі хлеба...

Гаспадар ледзь не ўпаў ніцма ад здзіўлення, што такія паважаныя госці так мала патрабуюць.

— Вясёленькі, дасціпненькі Бураціна жартуе з вамі, гаспадар, — захіхікала лісіца.

— Ён жартуе, — буркнуў кот.

— Дайце тры скарыначкі хлеба і да іх — вунь таго цудоўна засмажанага баранчыка, — сказала лісіца, — і яшчэ тое гусяня, ды два галубы на ражончыку, ды, бадай-што, яшчэ пячоначкі...

— Шэсць штук самых тлустых карасёў, — загадаў кот, — і дробнай рыбы сырой на закуску.

Карацей кажучы, яны ўзялі ўсё, што было на камінку; для Бураціна засталася адна скарыначка хлеба.

Лісіца Аліса і кот Базіліо з'елі ўсё разам з касцямі. Жываты ў іх надзьмуліся, морды заблішчалі.

— Адпачнем гадзінку, — сказала лісіца, — а роўна апоўначы выйдзем. Не забудзьце нас пабудзіць, гаспадар...

Лісіца і кот разваліліся на двух мяккіх ложках, захраплі і засвісталі. Бураціна прыкархнуў у кутку на сабачай падсцілцы...

Яму снілася дрэўца з кругленькімі залатымі лістамі... Толькі ён працягнуў руку...

— Гэй, сіньёр Бураціна, пара, поўнач ужо...

У дзверы стукалі. Бураціна ўсхапіўся, працёр вочы. На ложку — ні ката, ні лісіцы, — пуста.

Гаспадар растлумачыў яму:

— Вашы паважаныя сябры мелі ласку раней устаць, падсілкаваліся халодным пірагом і пайшлі...

— Мне нічога не загадалі перадаць?

— Вельмі нават загадалі, — каб вы, сіньёр Бураціна, не трацячы ні хвіліны, беглі па дарозе да лесу...

Бураціна кінуўся да дзвярэй, але гаспадар стаў на парозе, прыжмурыўся, упёр рукі ў бокі:

— А за вячэру хто будзе плаціць?

— Ой, — піскнуў Бураціна, — колькі?

— Роўна адзін залаты...

Бураціна адразу ж хацеў прашмыгнуць міма яго ног, але гаспадар схапіў ражон, — шчаціністыя вусы, нават валасы над вушамі ў яго сталі дыбам.

— Плаці, нягоднік, а не — дык праткну цябе, як жука!

Давялося заплаціць адзін залаты з пяці. Пашмыгваючы ад такой крыўды, Бураціна пакінуў праклятую харчэўню.

Ноч была цёмная, — гэтага мала — чорная, як сажа. Усё навокал спала. Толькі над галавой Бураціна нячутна лятала начная птушка Сплюшка.

Закранаючы мяккім крылом яго нос, Сплюшка паўтарала:

— Не вер, не вер, не вер!

Ён са злосцю спыніўся:

— Чаго табе?

— Не вер кату і лісіцы...

— Ды ну цябе!..

Ён пабег далей і чуў, як Сплюшка стракатала наўздагон:

— Бойся разбойнікаў на гэтай дарозе...

 

На Бураціна нападаюць разбойнікі

 

На ўскрайку неба з'явілася зеленаватае святло, — узыходзіў месяц.

Наперадзе паказаўся чорны лес.

Бураціна пайшоў хутчэй. Хтосьці ззаду за ім таксама пайшоў хутчэй.

Ён кінуўся бегчы. Хтосьці бег за ім следам бясшумнымі скачкамі.

Ён азірнуўся.

Яго даганялі двое, — на галовах у іх былі надзеты мяшкі з прарэзанымі дзіркамі для вачэй.

Адзін, ніжэйшы ростам, размахваў нажом, другі, вышэйшы, трымаў пісталет, у якога дула пашыралася, як лейка...

— Ай-ай! — запішчаў Бураціна і, як заяц, кінуўся да чорнага лесу.

— Стой, стой! — крычалі разбойнікі.

Бураціна, хоць і быў страшэнна перапалоханы, усё ж здагадаўся, — сунуў у рот чатыры залатыя манеты і звярнуў з дарогі да агароджы, якая зарасла ажынай... Але тут двое разбойнікаў схапілі яго...

— Кашалёк або жыццё!

Бураціна, нібы не разумеючы, чаго ад яго хочуць, толькі часта-часта дыхаў носам. Разбойнікі трэслі яго за каршэнь, адзін пагражаў пісталетам, другі абшукваў кішэні.

— Дзе твае грошы? — роў высокі.

— Грошы, паршшшывец! — шыпеў нізенькі.

— Разарву на шматкі!

— Галаву адгрызу!

Тут Бураціна ад страху так затросся, што залатыя манеты зазвінелі ў яго ў роце.

— Вось дзе ў яго грошы! — завылі разбойнікі. — У роце ў яго грошы...

Адзін схапіў Бураціна за галаву, другі — за ногі. Пачалі яго падкідаць. Але ён толькі мацней сціскаў зубы.

Перавярнуўшы яго дагары нагамі, разбойнікі стукалі яго галавой аб зямлю. Але і гэта яму было хоць бы што.

Разбойнік, той, што ніжэйшы, пачаў шырокім нажом разнімаць яму зубы. Вось-вось ужо і разняў... Бураціна злаўчыўся — з усяе сілы ўкусіў яго за руку... Але гэта была не рука, а каціная лапа. Разбойнік дзіка завыў. Бураціна ў гэты час выкруціўся, як яшчарка, кінуўся да агароджы, нырнуў у калючую ажыну, пакінуўшы на калючках шматкі штонікаў і куртачкі, пералез на той бок і памчаўся да лесу.

На ўзлессі разбойнікі зноў дагналі яго. Ён падскочыў, схапіўся за галіну і палез на дрэва. Разбойнікі — за ім. Але ім заміналі мяшкі на галовах.

Ускарабкаўшыся на верхавіну, Бураціна разгойдаўся і пераскочыў на суседняе дрэва. Разбойнікі — за ім...

Але абодва тут жа сарваліся і грымнуліся вобземлю.

Пакуль яны кракталі і чухаліся, Бураціна саслізнуў з дрэва і кінуўся бегчы, так хутка перабіраючы нагамі, што іх нават не відаць было.

Ад месяца дрэвы адкідвалі доўгія цені. Увесь лес быў паласаты...

Бураціна то знікаў у цені, то белы каўпачок яго мільгаў у святле месяца.

Так ён дабраўся да возера. Над люстранай вадой вісеў месяц, як у тэатры лялек.

Бураціна кінуўся ўправа — гразка. Улева — гразка... А ззаду зноў затрашчала сучча...

— Трымай, трымай яго!..

Разбойнікі падбягалі ўжо, яны высока падскаквалі з мокрай травы, каб убачыць Бураціна.

— Вось ён.

Яму заставалася толькі кінуцца ў ваду. У гэты час ён убачыў белага лебедзя, які спаў каля берага, засунуўшы галаву пад крыло.

Бураціна кінуўся ў азярцо, даў нырца і схапіў лебедзя за лапы.

— Го-го, — загагатаў лебедзь, прачынаючыся, — што за непрыстойныя жарты! Пакіньце мае лапы ў спакоі!

Лебедзь распасцёр вялізныя крылы, і ў той час, калі разбойнікі ўжо хапалі Бураціна за ногі, што тырчалі з вады, лебедзь паважна паляцеў цераз возера.

На тым беразе Бураціна выпусціў яго лапы, пляснуўся, усхапіўся і па мохавых купінах, праз чарот кінуўся бегчы проста да вялікага месяца — над узгоркамі.

 

Разбойнікі вешаюць Бураціна на дрэва

 

Ад стомленасці Бураціна ледзь перастаўляў ногі, як муха восенню на падаконніку.

Раптам праз галінкі арэшніку ён убачыў прыгожую палянку і пасярод яе — маленькі, асветлены месяцам домік на чатыры акенцы. На аканіцах намаляваны сонца, месяц і зоркі.

Навокал раслі вялікія блакітныя кветкі.

Дарожкі пасыпаны чыстым пясочкам. З фантана біў тоненькі струмень вады, у ім падскакваў паласаты мячык.

Бураціна рачком узлез на ганак. Пастукаў у дзверы. У доміку было ціха. Ён пастукаў гучней, — мабыць, там моцна спалі.

У гэты час з лесу зноў выскачылі разбойнікі. Яны пераплылі возера, вада лілася з іх ручаямі. Убачыўшы Бураціна, нізенькі разбойнік агідна зашыпеў па-кацінаму, высокі заяхкаў па-лісінаму...

Бураціна грукаў у дзверы рукамі і нагамі:

— Памажыце, памажыце, людзі добрыя!..

Тады ў акенца высунулася кучаравая прыгожанькая дзяўчынка з прыгожанькім кірпатым носікам. Вочы ў яе былі заплюшчаны.

— Дзяўчынка, адчыніце дзверы, за мною гоняцца разбойнікі!

— Ах, якое глупства! — сказала дзяўчынка, пазяхаючы прыгожанькім ротам. — Я хачу спаць, я не магу расплюшчыць вачэй...

Яна ўзняла рукі, сонна пацягнулася і знікла ў акне.

Бураціна ў роспачы ўпаў носам у пясок і прыкінуўся мёртвым.

Разбойнікі падбеглі да яго:

— Ага, цяпер ад нас не ўцячэш!..

Цяжка ўявіць, чаго толькі яны не выраблялі, каб прымусіць Бураціна разявіць рот.

Калі б у час пагоні яны не згубілі нажа і пісталета, — на гэтым месцы і можна было б скончыць расказ пра няшчаснага Бураціна.

Нарэшце разбойнікі вырашылі яго павесіць уніз галавой. Прывязалі да ног вяроўку, і Бураціна павіснуў на дубовай галіне... Яны селі пад дубам, выцягнуўшы мокрыя хвасты, і чакалі, калі ў яго вываляцца з рота залатыя манеты...

На світанні ўзняўся вецер, зашумелі на дубе лісты. Бураціна гойдаўся, як дзеравячка. Разбойнікам надакучыла сядзець на мокрых хвастах...

— Павісі, дружа, да вечара, — сказалі яны злавесна і пайшлі шукаць якую-небудзь прыдарожную харчэўню.

 

Дзяўчынка з блакітнымі валасамі выратоўвае Бураціна

 

За галінамі дуба, дзе вісеў Бураціна, пачынала світаць.

Трава на палянцы зрабілася шызай, блакітныя кветкі пакрыліся кропелькамі расы.

Дзяўчынка з кучаравымі блакітнымі валасамі зноў высунулася ў акенца, працерла і шырока расплюшчыла заспаныя прыгожанькія вочы.

Гэтая дзяўчынка была самай прыгожай лялькай з тэатра лялек сіньёра Карабаса Барабаса.

Не маючы сілы цярпець грубыя выхадкі гаспадара, яна ўцякла з тэатра і пасялілася ў адзінокім доміку на шызай палянцы.

Звяры, птушкі і некаторыя з казюлек вельмі палюбілі яе, — мабыць, таму, што яна была выхаваная і лагодная дзяўчынка.

Звяры прыносілі ёй усё, што патрэбна для жыцця.

Крот прыносіў спажыўныя карэнні.

Мышы — цукар, сыр і кавалачкі каўбасы.

Высакародны сабака — пудзель Артамон — прыносіў булкі.

Сарока крала для яе на рынку шакаладныя цукеркі ў сярэбраных паперках.

Жабы прыносілі ў арэхавых шкарлупінах ліманад.

Коршак — смажаную дзічыну.

Хрушчы — розныя ягады.

Матылькі — пылок з кветак — пудрыцца.

Вусені — пасту для чысткі зубоў і змазвання рыпучых дзвярэй.

Ластаўкі знішчалі паблізу дома восаў і камароў...

Дык вось, расплюшчыўшы вочы, дзяўчынка з блакітнымі валасамі адразу ж убачыла Бураціна, які вісеў уніз галавой.

Яна прыклала далоні да шчок і крыкнула:

— Ах, ах, ах!

Пад акном, матляючы вушамі, з'явіўся высакародны пудзель Артамон. Ён толькі што абстрыг сабе заднюю палавіну тулава, што рабіў кожны дзень. Кучаравая поўсць на пярэдняй палавіне тулава была расчасана, кутасік на канцы хваста перавязаны чорным бантам. На пярэдняй лапе — сярэбраны гадзіннік.

— Я гатоў!

Артамон павярнуў убок нос і прыўзняў верхнюю губу над белымі зубамі.

— Пакліч каго-небудзь, Артамон! — сказала дзяўчынка. — Трэба зняць небараку Бураціна, перанесці ў дом і запрасіць доктара...

— Гатоў!

Артамон ад гатоўнасці так закруціўся, што сыры пясок паляцеў з-пад яго задніх лап...

Ён кінуўся да мурашніка, брэхам пабудзіў усё насельніцтва і паслаў чатырыста мурашак — перагрызці вяроўку, на якой вісеў Бураціна.

Чатырыста сур'ёзных мурашак папаўзлі адна за адной па вузенькай сцяжынцы, залезлі на дуб і перагрызлі вяроўку.

Артамон падхапіў пярэднімі лапамі Бураціна і занёс яго ў дом... Паклаўшы Бураціна на ложак, сабачым галопам памчаўся ў лясны зараснік і адразу ж прывёў адтуль славутага доктара Саву, фельчарыцу Жабу і народнага лекара Багамола, падобнага на сухі сучок.

Сава прыклала вуха да грудзей Бураціна.

— Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы, — прашаптала яна і адвярнула галаву назад на сто восемдзесят градусаў.

Жаба доўга ціскала вільготнай лапай Бураціна. У роздуме глядзела вытрашчанымі вачыма адразу ў розныя бакі.

Прачаўкала вялікім ротам:

— Пацыент хутчэй жывы, чым мёртвы...

Народны лекар Багамол сухімі, як травінкі, рукамі пачаў кратаць Бураціна.

— Адно з двух, — прашапацеў ён, — або пацыент жывы, або ён памёр. Калі ён жывы — ён застанецца жывым або ён не застанецца жывым. Калі ён мёртвы — яго можна ажывіць або нельга ажывіць.

— Шшшарлатанства, — сказала Сава, узмахнула мяккімі крыламі і паляцела на цёмныя вышкі.

У Жабы ад злосці надзьмуліся ўсе бародаўкі.

— Якое брррыдкае невуцтва! — квакнула яна і, шлёпаючы жыватом, паскакала ў сыры склеп.

Лекар Багамол на ўсякі выпадак прыкінуўся высахлым сучком і вываліўся за акенца.

Дзяўчынка пляснула прыгожанькімі рукамі:

— Ну як жа мне яго лячыць, грамадзяне?

— Рыцынай, — квакнула Жаба з-пад падлогі.

— Рыцынай! — пагардліва зарагатала Сава на вышках.

— Або рыцынай, або не рыцынай, — праскрыгатаў за акном Багамол.

Тады падрапаны, у сіняках, няшчасны Бураціна прастагнаў:

— Не трэба рыцыны, я вельмі добра сябе адчуваю.

Дзяўчынка з блакітнымі валасамі клапатліва нахілілася над ім.

— Бураціна, прашу цябе — зажмурся, заткні нос і выпі.

— Не хачу, не хачу, не хачу!..

— Я табе дам драбок цукру!..

У той жа момант па коўдры на ложак узлезла белая мыш, яна трымала драбок цукру.

— Ты яго атрымаеш, калі будзеш мяне слухацца, — сказала дзяўчынка.

— Адзін цууууукар дайце...

— Ды зразумей жа, — калі не вып'еш лекаў, ты можаш памерці...

— Лепш памру, чым піць рыцыну...

Тады дзяўчынка сказала строга, дарослым голасам:

— Заткні нос і глядзі ў столь... Раз, два, тры.

Яна ўліла рыцыну ў рот Бураціна, адразу ж сунула яму драбок цукру і пацалавала.

— Вось і ўсё...

Высакародны Артамон, які любіў усё, што добра канчалася, схапіў зубамі свой хвост, круціўся пад акном, як віхор з тысячы лап, тысячы вушэй, тысячы бліскучых вачэй.

 

Дзяўчынка з блакітнымі валасамі хоча выхоўваць Бураціна

 

Назаўтра раніцай Бураціна прачнуўся вясёлы і здаровы, нібы нічога не здарылася.

Дзяўчынка з блакітнымі валасамі чакала яго ў садзе, седзячы за маленькім сталом, застаўленым лялечнай пасудай.

Яе твар быў свежа вымыты, на кірпатым носіку і шчоках — кветкавы пылок.

Чакаючы Бураціна, яна з прыкрасцю адмахвалася ад надакучлівых матылькоў:

— Ды ну вас, сапраўды...

Акінула вачыма драўлянага хлапчука з галавы да ног, зморшчылася. Загадала яму сесці за стол і наліла ў маленькі кубачак какавы.

Бураціна сеў за стол, заклаў пад сябе нагу. Міндальныя пірожныя ён запіхваў у рот цалкам і глытаў не жуючы.

У вазу з варэннем залез проста пальцамі і з асалодай іх аблізваў.

Калі дзяўчынка адвярнулася, каб кінуць некалькі крошак пажылому жужалю, ён схапіў кафейнік і выпіў усю какаву праз носік.

Папярхнуўся, разліў какаву на абрус.

Тады дзяўчынка сказала яму строга:

— Выцягніце з-пад сябе нагу і апусціце яе пад стол. Не ежце рукамі, для гэтага ёсць лыжкі і відэльцы.

Ад абурэння яна міргала вейкамі.

— Хто вас выхоўвае, скажыце, калі ласка?

— Калі тата Карла выхоўвае, а калі ніхто.

— Цяпер я займуся вашым выхаваннем, будзьце спакойны.

«Вось дык уліп!» — падумаў Бураціна.

На траве вакол дома ганяўся пудзель Артамон за маленькімі птушачкамі. Калі яны садзіліся на дрэвы, ён задзіраў галаву, падскакваў і брахаў з падвываннем.

«Здорава птушак ганяе», — з зайздрасцю падумаў Бураціна.

Ад прыстойнага сядзення за сталом у яго па ўсім целе паўзлі мурашкі.

Нарэшце пакутлівае снеданне скончылася. Дзяўчынка загадала яму выцерці з носа какаву. Паправіла складачкі і банцікі на сукенцы, узяла Бураціна за руку і павяла ў дом — займацца выхаваннем.

А вясёлы пудзель Артамон гойсаў па траве і брахаў, птушкі, ніколькі не баючыся яго, весела свісталі, ветрык весела лятаў над дрэвамі.

— Здыміце вашы лахманы, вам дадуць прыстойную куртку і штонікі, — сказала дзяўчынка.

Чацвёра краўцоў — майстар-адзіночка, пануры рак Шаптала, шэры Дзяцел з чубком, вялікі жук Рагач і мыш Лізета — шылі са старых дзявочых сукенак прыгожы хлапчукоўскі касцюм. Шаптала кроіў, Дзяцел дзюбай пратыкаў дзіркі і шыў, Рагач заднімі нагамі сукаў ніткі, Лізета іх перагрызала.

Бураціна было сорамна надзяваць дзявочыя абноскі, але прыйшлося ўсё-такі пераадзецца. Сапучы носам, ён схаваў у кішэню новай курткі чатыры залатыя манеты.

— Цяпер сядзьце, пакладзіце рукі перад сабой. Не горбіцеся, — сказала дзяўчынка і ўзяла кавалачак крэйды. — Мы зоймемся арыфметыкай... У вас у кішэні два яблыкі...

Бураціна хітра падміргнуў.

— Хлусіце, ніводнага...

— Я кажу, — цярпліва паўтарыла дзяўчынка, — дапусцім, што ў вас у кішэні два яблыкі. Нехта ўзяў у вас адзін яблык. Колькі ў вас засталося яблыкаў?

— Два.

— Падумайце як след.

Бураціна зморшчыўся, — гэтак здорава падумаў.

— Два...

— Чаму?

— Я ж не аддам Нехту яблык, хоць ён нават біцца будзе!

— У вас няма ніякіх здольнасцей да матэматыкі, — з засмучэннем сказала дзяўчынка. — Зоймемся дыктантам.

Яна ўзняла да столі прыгожанькія вочы.

— Пішыце: «А ружа упала на лапу Ажура». Напісалі? Цяпер прачытайце гэтую чараўнічую фразу наадварот.

Нам ужо вядома, што Бураціна ніколі нават не бачыў пяра і чарніліцы.

Дзяўчынка сказала: «Пішыце», — і ён адразу ж сунуў у чарніліцу свой нос і страшэнна напалохаўся, калі з носа на паперу ўпала чарнільная клякса.

Дзяўчынка пляснула рукамі, у яе нават пырснулі слёзы.

— Вы брыдкі свавольнік, вы павінны быць пакараны!

Яна высунулася ў акенца.

— Артамон, завядзі Бураціна ў цёмную каморку.

Высакародны Артамон з'явіўся ў дзвярах, паказваючы белыя зубы. Схапіў Бураціна за куртачку і, адступаючы задам, пацягнуў у каморку, дзе па кутках у павуцінні віселі вялікія павукі. Замкнуў яго там, пагыркаў, каб як след напалохаць, і зноў памчаўся за птушкамі.

Дзяўчынка кінулася на лялечны карункавы ложак і заплакала ад таго, што ёй давялося абысціся так жорстка з драўляным хлопчыкам. Але калі ўжо ўзялася за выхаванне, справу трэба давесці да канца.

Бураціна бурчаў у цёмнай каморцы:

— Вось дурная дзяўчынка... Знайшлася выхавальніца, падумаеш... У самой фарфоравая галава, тулава, ватай напханае...

У каморцы пачуўся тоненькі скрып, нібы хтосьці скрыгатаў дробнымі зубамі:

— Слухай, слухай...

Бураціна падняў запэцканы ў чарніла нос і ў цемры распазнаў кажана, які вісеў пад столлю ўніз галавой.

— Табе чаго?

— Дачакайся ночы, Бураціна.

— Цішэй, цішэй, — шамацелі павукі па кутках, — не гайдайце нашых сетак, не адпужвайце нашых мушак...

Бураціна сеў на пабіты гаршчок, падпёр шчаку. Ён трапляў у перапалкі і горшыя за гэтую, але абурала несправядлівасць:

— Хіба так выхоўваюць дзяцей?.. Гэта пакута, а не выхаванне... Гэтак не сядзі ды гэтак не еш... Дзіця, можа, яшчэ буквара не засвоіла, — яна адразу за чарніліцу хапаецца... А сабака нябось ганяецца за птушкамі, — яму нічога...

Кажан зноў запішчаў:

— Дачакайся ночы, Бураціна, я цябе павяду ў Краіну Дурняў, там чакаюць цябе сябры — кот і лісіца, шчасце і весялосць. Чакай ночы.

 

Бураціна трапляе ў Краіну Дурняў

 

Дзяўчынка з блакітнымі валасамі падышла да дзвярэй каморкі.

— Бураціна, дружа мой, вы каецеся нарэшце?

Ён быў вельмі сярдзіты, да таго ж у яго зусім іншае было ў галаве.

— Вельмі трэба мне каяцца! Не дачакаецеся...

— Тады вам давядзецца праседзець у каморцы да раніцы...

Дзяўчынка горка ўздыхнула і пайшла.

Настала ноч. Сава зарагатала на вышках. Жаба выпаўзла з-пад падлогі, каб шлёпаць жыватом па адбітках месяца ў лужынах.

Дзяўчынка легла спаць у карункавы ложачак і доўга з жалем усхліпвала, засынаючы.

Артамон, уткнуўшы нос пад хвост, спаў каля дзвярэй яе спальні.

У доміку гадзіннік з маятнікам прабіў поўнач.

Кажан сарваўся са столі.

— Пара, Бураціна, уцякай! — піскнуў яму над вухам. — У кутку каморкі ёсць пацучыны ход пад падлогу... Чакаю цябе на палянцы...

Кажан вылецеў праз дахавае акно. Бураціна кінуўся ў куток каморкі, блытаючыся ў павуцінні. Услед яму злосна шыпелі павукі.

Ён папоўз пацучыным ходам пад падлогу. Ход быў усё вузейшы і вузейшы. Бураціна цяпер ледзь пралазіў пад зямлёй... І раптам галавой уніз паляцеў пад падлогу.

Там ён ледзь не трапіў у пацучыную пастку, наступіў на хвост вужу, які толькі што напіўся малака са збанка ў сталовай, і праз кашэчы лаз выскачыў на палянку.

Над блакітнымі кветкамі бясшумна лятаў кажан.

— За мной, Бураціна, у Краіну Дурняў!

У кажаноў няма хваста, таму кажан лятае не проста, як птушка, а ўверх і ўніз — на перапончатых крылах, уверх і ўніз, падобны на чорціка; рот у яго заўсёды адкрыты, каб, не трацячы часу, па дарозе лавіць, кусаць, глытаць жыўцом камароў і начных матылькоў.

Бураціна бег за ім па шыю ў траве, мокрая дзяцеліна хвастала яго па шчоках.

Раптам кажан высока рвануўся да круглага месяца і адтуль крыкнуў камусьці:

— Прывёў!

Бураціна адразу ж кулём паляцеў уніз з крутога абрыву. Каціўся, каціўся і шлёпнуўся ў лопух.

Падрапаны, поўны рот пяску, з вылупленымі вачыма, сеў.

— Ух, ты!..

Перад ім стаялі кот Базіліо і лісіца Аліса.

— Смеленькі, адважненькі Бураціна, мабыць, зваліўся з месяца, — сказала лісіца.

— Дзіўна, як ён жывы застаўся, — панура сказаў кот.

Бураціна ўзрадаваўся старым знаёмым, хоць яму здалося падазроным, што ў ката перавязана анучай правая лапа, а ў лісіцы ўвесь хвост запэцканы балотнай тванню.

— Не было шчасця, дык няшчасце памагло, — сказала лісіца, — затое ты трапіў у Краіну Дурняў...

І яна лапай паказала на паламаны мост цераз высахлы ручай. На тым баку ручая сярод кучаў смецця відаць былі старэнькія домікі, чэзлыя дрэвы з абламаным галлём і званіцы, пахіленыя ў розныя бакі...

— У гэтым горадзе прадаюцца славутыя курткі на заечым футры для таты Карла, — аблізваючыся, спявала лісіца, — азбукі з каляровымі малюнкамі... Ах, якія прадаюцца салодкія піражкі і ледзянцовыя пеўнікі на палачках! Ты ж не згубіў яшчэ сваіх грошай, цудоўненькі Бураціна?

Лісіца Аліса памагла яму ўстаць на ногі, наслініўшы лапу, пачысціла яму куртачку і павяла цераз паламаны мост.

Кот Базіліо панура клыпаў ззаду.

Была ўжо сярэдзіна ночы, але ў Горадзе Дурняў ніхто не спаў.

Па крывой гразкай вуліцы бадзяліся худыя сабакі ў калючках, пазяхалі ад голаду:

— Э-хе-хе...

Козы з абшарпанай шэрсцю на баках скублі запыленую траву каля тратуара, трэслі агрызкамі хвастоў.

— Б-э-э-э-э-так...

Апусціўшы галаву, стаяла карова; у яе косці тырчалі скрозь скуру.

— Мууучэнне... — паўтарала яна задуменна.

На камяках гразі сядзелі аскубеныя вераб'і, — яны не ўзляталі — хоць тапчы іх нагамі...

Хісталіся ад знямогі куры з выдранымі хвастамі...

Затое на скрыжаваннях стаялі навыцяжку лютыя бульдогі-паліцэйскія ў трыкутных капелюшах і ў калючых нашыйніках.

Яны крычалі на галодных і шалудзівых жыхароў:

— Пррраходзь! Тррымай прррава! Не затрррымлівайся!..

Лісіца цягнула Бураціна далей па вуліцы. Яны ўбачылі сытых катоў у залатых акулярах, якія гулялі пры святле месяца па тратуары, пад ручку з кошкамі ў каптурыках.

Гуляў тоўсты Ліс — губернатар гэтага горада, важна задраўшы нос, і з ім — фанабэрыстая лісіца, якая трымала ў лапе кветку начной фіялкі.

Лісіца Аліса шапнула:

— Гэта гуляюць тыя, хто пасеяў грошы на Полі Цудаў... Сёння апошняя ноч, калі можна сеяць. К раніцы збярэш кучу грошай і накупляеш усялякай усялячыны... Хадзем хутчэй...

Лісіца і кот прывялі Бураціна на пустку, дзе валяліся пабітыя гаршкі, падраныя чаравікі, дзіравыя галёшы і анучы... Перабіваючы адзін аднаго, залапаталі:

— Капай ямку.

— Кладзі залатыя.

— Пасып соллю.

— Зачарпні з лужыны, палі як след.

— Ды не забудзься сказаць «крэкс, фэкс, пэкс».

Бураціна пачухаў нос, запэцканы ў чарніла.

— А вы адыдзіце ўсё-такі далей...

— Божа мой, ды мы і глядзець не хочам, дзе ты закапаеш грошы, — сказала лісіца.

— Божа збаў, — сказаў кот.

Яны адышліся трошкі і схаваліся за кучай смецця.

Бураціна выкапаў ямку. Сказаў тры разы шэптам: «Крэкс, фэкс, пэкс», паклаў у ямку чатыры залатыя манеты, засыпаў, з кішэні дастаў жменьку солі, пасыпаў зверху. Набраў з лужыны прыгаршчы вады, паліў.

І сеў чакаць, калі вырасце дрэва...

 

Паліцэйскія хапаюць Бураціна і не даюць яму сказаць ніводнага слова ў сваё апраўданне

 

Лісіца Аліса думала, што Бураціна пойдзе спаць, а ён усё сядзеў на кучы смецця, цярпліва выцягнуўшы нос.

Тады Аліса загадала кату застацца вартаваць, а сама пабегла ў бліжэйшае паліцэйскае аддзяленне.

Там, у накураным пакоі, за сталом, закапаным чарнілам, густа хроп дзяжурны бульдог.

Лісіца галасочкам, поўным самага добрага намеру, сказала яму:

— Пане мужны дзяжурны, ці нельга затрымаць аднаго беспрытульнага зладзюжку? Страшэнная небяспека пагражае ўсім багаценькім і паважаненькім грамадзянам гэтага горада.

Спрасонку дзяжурны бульдог так гыркнуў, што пад лісіцай ад страху расплылася лужынка.

— Крррасці! Гам!

Лісіца растлумачыла, што небяспечны зладзюжка — Бураціна — заўважаны на пустцы.

Дзяжурны, усё яшчэ гыркаючы, пазваніў. Уварваліся два доберманы-пінчэры, сышчыкі, якія ніколі не спалі, нікому не верылі і нават саміх сябе падазравалі ў злачынных намерах.

Дзяжурны загадаў ім даставіць небяспечнага злачынцу жывым або мёртвым у аддзяленне.

Сышчыкі адказалі коратка:

— Цяў!

І памчаліся на пустку асаблівым хітрым галопам, заносячы заднія ногі ўбок.

Апошнія сто крокаў яны паўзлі на жыватах і адразу кінуліся на Бураціна, схапілі яго пад пахі і пацягнулі ў аддзяленне.

Бураціна дрыгаў нагамі, упрошваў сказаць — за што? за што? Сышчыкі адказвалі:

— Там разбяруцца...

Лісіца і кот, не трацячы часу, выкапалі чатыры залатыя манеты. Лісіца так спрытна пачала дзяліць грошы, што ў ката апынулася адна манета, а ў яе — тры.

Кот моўчкі ўчапіўся кіпцюрамі ёй у морду.

Лісіца моцна абхапіла яго лапамі. І яны абое некаторы час качаліся клубком па пустцы. Каціная і лісіная поўсць ляцела клоччам пры святле месяца.

Абадраўшы адзін аднаму бакі, яны падзялілі манеты папалам і ў тую ж ноч зніклі з горада.

Тым часам сышчыкі прывялі Бураціна ў аддзяленне. Дзяжурны бульдог вылез з-за стала і сам абшукаў яго кішэні.

Не знайшоўшы нічога, апрача кавалачка цукру і крошак міндальнага пірожнага, дзяжурны люта засоп на Бураціна:

— Ты зрабіў тры злачынствы, нягоднік: ты — беспрытульны, бяспашпартны і беспрацоўны. Завесці яго за горад і ўтапіць у сажалцы.

Сышчыкі адказалі:

— Цяў!

Бураціна спрабаваў расказаць пра тату Карла, пра свае прыгоды. Усё дарэмна! Сышчыкі падхапілі яго, галопам зацягнулі за горад і з моста кінулі ў глыбокую брудную сажалку, поўную жаб, п'явак і лічынак вадзянога жука.

Бураціна плюхнуўся ў ваду, і зялёная раска сышлася над ім.

 

Бураціна знаёміцца з жыхарамі сажалкі, даведваецца аб прапажы чатырох залатых манет і атрымлівае ад чарапахі Тарцілы залаты ключык

 

Не трэба забывацца, што Бураціна быў драўляны і таму не мог утапіцца.

Усё ж ён да таго напалохаўся, што доўга ляжаў на вадзе, увесь аблеплены зялёнай раскай.

Вакол яго сабраліся жыхары сажалкі: усім вядомыя сваёй дурнотай чорныя пузатыя апалонікі, вадзяныя жукі з заднімі лапамі, падобнымі на вёслы, п'яўкі, лічынкі, якія елі ўсё, што траплялася, нават саміх сябе, і, нарэшце, розныя дробныя інфузорыі.

Апалонікі казыталі яго цвёрдымі губамі і з асалодай жавалі кутасік на каўпачку. П'яўкі запаўзлі ў кішэню куртачкі. Адзін вадзяны жук некалькі разоў узлазіў на яго нос, які высока тырчаў з вады, і адтуль кідаўся ў ваду — ластаўкай.

Дробныя інфузорыі, звіваючыся і таропка дрыжучы валаскамі, якія замянялі ім рукі і ногі, спрабавалі падхапіць якую-небудзь спажыву, але самі траплялі ў рот лічынкам вадзянога жука.

Бураціна гэта, нарэшце, надакучыла, ён заплюхаў пяткамі па вадзе:

— Пайшлі прэч! Я вам не здохлая кошка.

Жыхары сажалкі шмыгнулі хто куды. Ён перавярнуўся на жывот і паплыў.

На круглых лістах гарлачыкаў пры святле месяца сядзелі жабы з вялікімі ратамі, вылупленымі вачыма пазіралі на Бураціна.

— Нейкая каракаціца плыве, — квакнула адна.

— Нос, як у бусла, — квакнула другая.

— Гэта марская жаба, — квакнула трэцяя.

Бураціна, каб перадыхнуць, вылез на вялікі ліст гарлачыка. Сеў на ім, шчыльна абхапіў калені і сказаў, ляскаючы зубамі:

— Усе хлопчыкі і дзяўчынкі напіліся малака, спяць у цёплых ложках, адзін я сяджу на мокрым лісце... Дайце паесці чаго-небудзь, жабы.

Жабы, як вядома, вельмі халаднакроўныя. Але не варта думаць, што ў іх няма сэрца. Калі Бураціна, дробна ляскаючы зубамі, пачаў расказваць пра свае няшчасныя прыгоды, жабы адна за адной падскочылі, мільганулі заднімі нагамі і нырнулі на дно сажалкі.

Яны прынеслі адтуль здохлага жука, страказінае крыльца, кавалачак твані, зернетка ракавай ікры і некалькі гнілых карэньчыкаў.

Паклаўшы ўсе гэтыя прыдатныя для яды рэчы перад Бураціна, жабы зноў ускочылі на лісты гарлачыкаў і сядзелі, як каменныя, узняўшы галовы з вялікімі ратамі і вылупленымі вачыма.

Бураціна панюхаў, пакаштаваў жабіны пачастункі.

— Мяне знудзіла, — сказаў ён, — якая брыда!..

Тады жабы зноў — усе адразу — боўтнулі ў ваду...

Зялёная раска на паверхні сажалкі загайдалася, і з'явілася вялікая, страшная змяіная галава. Яна паплыла да ліста, дзе сядзеў Бураціна.

У яго ўстаў дыбам кутасік на каўпачку. Ён ледзь не зваліўся ў ваду ад страху.

Але гэта была не змяя. Гэта была нікому не страшная, пажылая чарапаха Тарціла, з падслепаватымі вачыма.

— Ах ты, бязмозглы, даверлівы хлапчук з кароценькімі думкамі! — сказала Тарціла. — Сядзеў бы ты дома ды старанна вучыўся! Занесла цябе ў Краіну Дурняў.

— Дык я ж хацеў здабыць чым болей залатых манет для таты Карла... Я надзвычччай добры і разважлівы хлопчык...

— Грошы твае ўкралі кот і лісіца, — сказала чарапаха. — Яны прабягалі каля сажалкі, спыніліся напіцца, і я чула, як яны хваліліся, што выкапалі твае грошы, і як пабіліся за іх... Ах ты, бязмозглы, даверлівы хлапчук з кароценькімі думкамі!..

— Не лаяцца трэба, — прабурчаў Бураціна, — тут памагчы трэба чалавеку... Што я цяпер буду рабіць? Ой-ой-ой!.. Як я вярнуся да таты Карла? Ай-ай-ай!..

Ён цёр кулакамі вочы і хныкаў так жаласна, што жабы раптам усе адразу ўздыхнулі:

— Ух-ух... Тарціла, памажы чалавеку.

Чарапаха доўга пазірала на месяц, штосьці ўспамінала...

— Аднойчы я вось гэтак жа памагала аднаму чалавеку, а ён потым з маёй бабулі і майго дзядулі нарабіў чарапахавых грабянцоў, — сказала яна. І зноў доўга пазірала на месяц. — Што ж, пасядзі тут, чалавечак, а я папоўзаю па дне, — можа, знайду адну карысную рэч.

Яна ўцягнула змяіную галаву і паволі апусцілася пад ваду.

Жабы прашапталі:

— Чарапаха Тарціла ведае вялікую таямніцу.

Мінула шмат-шмат часу. Месяц ужо хаваўся за ўзгоркі...

Зноў загайдалася зялёная раска, з'явілася чарапаха, трымаючы ў роце маленькі залаты ключык.

Яна паклала яго на ліст ля ног Бураціна.

— Бязмозглы, даверлівы хлапчук з кароценькімі думкамі, — сказала Тарціла, — не бядуй, што лісіца і кот укралі ў цябе залатыя манеты. Я даю табе гэты ключык. Яго ўпусціў на дно сажалкі чалавек з барадой такой даўжыні, што ён яе запіхваў у кішэню, каб яна не замінала яму хадзіць. Ах, як ён прасіў, каб я адшукала на дне гэты ключык!..

Тарціла ўздыхнула, памаўчала і зноў уздыхнула так, што з вады пайшлі бурбалкі.

— Але я не памагла яму, я тады была вельмі злосная на людзей за маю бабулю і майго дзядулю, з якіх нарабілі чарапахавых грабянцоў. Барадаты чалавек шмат расказваў пра гэты ключык, але я ўсё забылася. Памятаю толькі, што трэба адамкнуць ім нейкія дзверы, і гэта прынясе шчасце...

У Бураціна закалацілася сэрца, загарэліся вочы. Ён адразу забыўся на ўсе свае няшчасці. Выцягнуў з кішэні куртачкі п'явак, паклаў туды ключык, ветліва падзякаваў чарапасе Тарціле і жабам, кінуўся ў ваду і паплыў да берага. Калі ён чорненькім ценем паказаўся на краі берага, жабы вухнулі яму ўслед:

— Бураціна, не згубі ключык!

 

Бураціна ўцякае з Краіны Дурняў і сустракае таварыша па няшчасцю

 

Чарапаха Тарціла не паказала дарогі з Краіны Дурняў.

Бураціна бег куды вочы глядзяць. За чорнымі дрэвамі блішчалі зоркі. Над дарогай звісалі скалы. У цясніне ляжала воблака туману.

Раптам наперадзе Бураціна заскакаў шэры камячок. Тут жа пачуўся сабачы брэх.

Бураціна прыціснуўся да скалы. Міма яго, сярдзіта сапучы насамі, прамчаліся два паліцэйскія бульдогі з Горада Дурняў.

Шэры камячок кінуўся з дарогі ўбок — на адхон. Бульдогі — за ім.

Калі тупат і брэх аддаліліся, Бураціна кінуўся бегчы так шпарка, што зоркі хутка-хутка паплылі за чорнымі галінамі.

Раптам шэры камячок зноў пераскочыў дарогу. Бураціна паспеў разгледзець, што гэта заяц, а на ім верхам, трымаючы яго за вушы, сядзіць бледны маленькі чалавечак.

З адхону пасыпаліся каменьчыкі, — бульдогі ўслед за зайцам пераскочылі дарогу, і зноў усё заціхла.

Бураціна бег так шпарка, што зоркі цяпер, як шалёныя, імчаліся за чорнымі галінамі.

Трэці раз шэры заяц пераскочыў дарогу. Маленькі чалавечак, зачапіўшыся галавой за галіну, скінуўся з яго спіны і шлёпнуўся проста пад ногі Бураціна.

— Ррр-гаў! Трымай яго! — праскакалі ўслед за зайцам паліцэйскія бульдогі: вочы іх былі так наліты злосцю, што не заўважылі ні Бураціна, ні бледнага чалавечка.

— Бывай, Мальвіна, бывай назаўсёды! — плаксівым голасам прапішчаў чалавечак.

Бураціна нахіліўся над ім і са здзіўленнем убачыў, што гэта быў П'еро ў белай кашулі з доўгімі рукавамі.

Ён ляжаў галавой уніз у каляіне і, відаць, лічыў сябе ўжо мёртвым і прапішчаў загадкавую фразу: «Бывай, Мальвіна, бывай назаўсёды!» — развітваючыся з жыццём.

Бураціна пачаў яго трэсці, пацягнуў за нагу, — П'еро не варушыўся. Тады Бураціна знайшоў п'яўку, што завалялася ў кішэні, і прыставіў яе да носа чалавечка, які ўжо не дыхаў.

П'яўка, доўга не думаючы, цапнула яго за нос, П'еро шпарка сеў, заківаў галавой, адарваў п'яўку і прастагнаў:

— Ах, я яшчэ жывы, як відаць!

Бураціна схапіў яго за шчокі, белыя, як зубны парашок, цалаваў, пытаўся:

— Як ты сюды трапіў? Чаму ты імчаўся верхам на шэрым зайцы?

— Бураціна, Бураціна, — адказаў П'еро, палахліва азіраючыся, — схавай мяне хутчэй... Гэта ж сабакі гналіся не за шэрым зайцам, яны гналіся за мною... Сіньёр Карабас Барабас ловіць мяне дзень і ноч. Ён наняў у Горадзе Дурняў паліцэйскіх сабак і пакляўся схапіць мяне жывым або мёртвым.

Удалечыні зноў зацяўкалі сабакі. Бураціна схапіў П'еро за рукаў і пацягнуў яго ў зараснік мімозы, усыпанай кветкамі ў выглядзе круглых жоўтых пахучых пухіркоў.

Там, лежачы на прэлых лістах, П'еро шэптам пачаў расказваць яму:

— Разумееш, Бураціна, аднойчы ноччу шумеў вецер, ліў дождж як з вядра...

 

П'еро расказвае, якім чынам ён, верхам на зайцы, трапіў у Краіну Дурняў

 

— Разумееш, Бураціна, аднойчы ноччу шумеў вецер, ліў дождж як з вядра. Сіньёр Карабас Барабас сядзеў каля камінка і курыў люльку. Усе лялькі ўжо спалі. Я адзін не спаў. Я думаў пра дзяўчынку з блакітнымі валасамі...

— Знайшоў пра каго думаць, вось дурань, — перабіў Бураціна. — Я ўчора ўвечары ўцёк ад гэтай дзяўчынкі — з каморкі з павукамі...

— Як! Ты бачыў дзяўчынку з блакітнымі валасамі? Ты бачыў маю Мальвіну?

— Падумаеш — дзіва! Плакса і прыставайла...

П'еро ўсхапіўся, размахваючы рукамі.

— Вядзі мяне да яе... Калі ты мне паможаш знайсці Мальвіну, я табе адкрыю таямніцу залатога ключыка...

— Як! — закрычаў Бураціна радасна. — Ты ведаеш таямніцу залатога ключыка?

— Ведаю, дзе ключык ляжыць, як яго дастаць, ведаю, што ім трэба адамкнуць адны дзверцы... Я падслухаў таямніцу, і таму сіньёр Карабас Барабас шукае мяне з паліцэйскімі сабакамі.

Бураціна страшэнна захацелася зараз жа пахваліцца, што таямнічы ключык ляжыць у яго ў кішэні. Каб не прагаварыцца, ён сцягнуў з галавы каўпачок і запхнуў яго ў рот.

П'еро ўпрошваў весці яго да Мальвіны. Бураціна пры дапамозе пальцаў растлумачыў гэтаму дурылу, што зараз цёмна і небяспечна, а вось калі развіднее — яны пабягуць да дзяўчынкі.

Прымусіўшы П'еро зноў схавацца пад кусты мімозы, Бураціна прамовіў шарсцяным голасам, паколькі рот яго быў заткнуты каўпачком:

— Шашкажвай...

— Дык вось, — аднойчы ноччу шумеў вецер...

— Пра гэта ты ўжо шашкажваў...

— Дык вось, — працягваў П'еро, — я, разумееш, не сплю і раптам чую: у акно нехта моцна пастукаў...

Сіньёр Карабас Барабас забурчаў: «Каго гэта прынесла ў такое сабачае надвор'е?»

— Гэта я — Дурамар, — адказалі за акном, — прадавец лячэбных п'явак. Дазвольце мне абсушыцца каля агню.

Мне, разумееш, вельмі захацелася паглядзець, якія бываюць прадаўцы лячэбных п'явак. Я ціхенька адхінуў ражок фіранкі і прасунуў галаву ў пакой. І — бачу:

Сіньёр Карабас Барабас падняўся з крэсла, наступіў, як заўсёды, на бараду, вылаяўся і адчыніў дзверы.

Зайшоў цыбаты, мокры-мокры чалавек з маленькім-маленькім тварам, такім зморшчаным, як грыб смарчок. На ім было старое зялёнае паліто, на папружцы віселі абцугі, кручкі і шпількі. У руках ён трымаў бляшаную банку і сачок.

— Калі ў вас баліць жывот, — сказаў ён, кланяючыся, нібы спіна была ў яго зламана пасярэдзіне, — калі ў вас моцна баліць галава ці стукае ў вушах, я магу вам паставіць за вушы паўтузіна найлепшых п'явак.

Сіньёр Карабас Барабас прабурчаў:

— К чорту лысаму, ніякіх п'явак! Можаце сушыцца каля агню колькі ўлезе.

Дурамар стаў спінай да камінка.

Адразу ж ад яго зялёнага паліто пайшла пара і запахла тванню.

— Дрэнна ідзе гандаль п'яўкамі, — сказаў ён зноў. — За кавалак халоднай свініны і шклянку віна я гатовы вам прыставіць да сцягна тузін цудоўных п'явачак, калі ў вас ламата ў касцях...

— К чорту лысаму, ніякіх п'явак! — закрычаў Карабас Барабас. — Ежце свініну і піце віно.

Дурамар пачаў есці свініну, твар яго сціскаўся і расцягваўся, як гумавы. Наеўшыся і напіўшыся, ён папрасіў на люльку тытуню.

— Сіньёр, я сыты і сагрэты, — сказаў ён. — Каб заплаціць вам за вашу гасціннасць, я вам адкрыю таямніцу.

Сіньёр Карабас Барабас пасоп люлькай і адказаў:

— Ёсць толькі адна таямніца на свеце, якую я хачу ведаць. На ўсё астатняе я пляваў і чхаў.

— Сіньёр, — зноў сказаў Дурамар, — я ведаю вялікую таямніцу, яе паведаміла мне чарапаха Тарціла.

Пры гэтых словах Карабас Барабас вылупіў вочы, усхапіўся, заблытаўся ў барадзе, паляцеў проста на спалоханага Дурамара, прыціснуў яго да жывата і зароў, як бугай:

— Шаноўнейшы Дурамар, найдаражэйшы Дурамар, кажы, кажы хутчэй, што табе паведаміла чарапаха Тарціла!

Тады Дурамар расказаў яму наступную гісторыю:

«Я лавіў п'явак у адной бруднай сажалцы каля Горада Дурняў. За чатыры сольда ў дзень я наймаў аднаго беднага чалавека, — ён раздзяваўся, залазіў у сажалку па шыю і стаяў там, пакуль да яго голага цела не прысмоктваліся п'яўкі.

Тады ён выходзіў на бераг, я абіраў з яго п'явак і зноў пасылаў яго ў сажалку.

Калі мы налавілі такім чынам колькі трэба было п'явак, з вады раптам паказалася змяіная галава.

— Паслухай, Дурамар, — сказала галава, — ты перапалохаў усё насельніцтва нашай цудоўнай сажалкі, ты каламуціш ваду, ты не даеш мне спакойна адпачываць пасля снедання... Калі скончыцца гэты непарадак?..

Я ўбачыў, што гэта звычайная чарапаха, і, ніколькі не баючыся, адказаў:

— Пакуль не вылаўлю ўсіх п'явак у вашай бруднай лужыне...

— Я гатова адкупіцца ад цябе, Дурамар, каб ты пакінуў у спакоі нашу сажалку і больш ніколі не прыходзіў.

Тады я пачаў здзекавацца з чарапахі:

— Ах ты, стары плывучы чамадан, дурная цётка Тарціла, чым ты можаш ад мяне адкупіцца? Хіба сваёй касцяной чарапашынай, куды хаваеш лапы і галаву... Я прадаў бы тваю чарапашыну на грабеньчыкі...

Чарапаха пазелянела ад злосці і сказала мне:

— На дне сажалкі ляжыць чароўны ключык... Я ведаю аднаго чалавека, — ён гатовы зрабіць усё на свеце, каб атрымаць гэты ключык...»

Не паспеў Дурамар вымавіць гэтыя словы, як Карабас Барабас залямантаваў з усяе сілы:

— Гэты чалавек — я! я! я! Паважанейшы Дурамар, дык чаму ж ты не ўзяў у чарапахі ключык?

— Вось яшчэ! — адказаў Дурамар і сабраў у маршчыны ўвесь твар, так што ён зрабіўся падобны на вараны смарчок. — Вось яшчэ! Прамяняць найцудоўнейшых п'явак на нейкі ключык... Карацей кажучы, мы пасварыліся з чарапахай, і яна, узняўшы з вады лапу, сказала:

«— Прысягаю — ні ты і ніхто іншы не атрымае чароўнага ключыка. Яго атрымае толькі той чалавек, хто прымусіць усё насельніцтва сажалкі прасіць мяне аб гэтым...

З узнятай лапай чарапаха апусцілася ў ваду».

— Не трацячы ні хвіліны, бегчы ў Краіну Дурняў! — закрычаў Карабас Барабас, паспешліва засоўваючы канец барады ў кішэню, хапаючы шапку і ліхтар. — Я сяду на беразе сажалкі. Я буду ласкава ўсміхацца. Я буду прасіць і маліць жаб, апалонікаў, вадзяных жукоў, каб яны прасілі чарапаху... Я абяцаю ім паўтара мільёна самых тлустых мух... Я буду рыдаць, як адзінокая карова, стагнаць, як хворая курыца, плакаць, як кракадзіл. Я стану на калені перад самым маленькім жабянём... Ключык павінен быць у мяне! Я пайду ў горад, я зайду ў адзін дом, я прабяруся ў пакой пад лесвіцай... Я адшукаю маленькія дзверцы, — міма іх усе ходзяць, і ніхто не заўважае іх. Усаджу ключык у замочную шчыліну...

— У гэты час, разумееш, Бураціна, — расказваў П'еро, седзячы пад мімозай на прэлых лістах, — мне так стала цікава, што я ўвесь высунуўся з-за фіранкі.

Сіньёр Карабас Барабас убачыў мяне.

— Ты падслухоўваеш, нягоднік! — і ён рынуўся, каб схапіць мяне і кінуць у агонь, але зноў заблытаўся ў сваёй барадзе і са страшэнным грукатам, перакульваючы крэслы, расцягнуўся на падлозе.

Не памятаю, як я апынуўся за акном, як пералез цераз плот. У цемры шумеў вецер і хвастаў дождж.

Над маёй галавой чорная хмара асвятлілася маланкай, і за дзесяць крокаў ззаду я ўбачыў Карабаса Барабаса і прадаўца п'явак, якія беглі за мною. Я падумаў: «Загінуў», — спатыкнуўся, упаў на нешта мяккае і цёплае, схапіўся за чыесьці вушы...

Гэта быў шэры заяц. Ён са страху заверашчаў, высока падскочыў, але я моцна трымаў яго за вушы, і мы памчаліся ў цемры цераз палі, вінаграднікі, агароды.

Калі заяц стамляўся і садзіўся, пакрыўджана жуючы раздвоенай губой, я цалаваў яго ў лобік.

— Ну, калі ласка, ну яшчэ трошкі праскачам, шэранькі...

Заяц уздыхаў, і зноў мы імчаліся невядома куды — то ўправа, то ўлева...

Калі хмары разагнала і ўзышоў месяц, я ўбачыў пад гарою гарадок з пахіленымі ў розныя бакі званіцамі.

Па дарозе да горада беглі Карабас Барабас і прадавец п'явак.

Заяц сказаў: «Эхе-хе, вось яно, заечае шчасце! Яны ідуць у Горад Дурняў, каб наняць паліцэйскіх сабак. Гатова, мы прапалі».

Заяц зусім абвяў. Уткнуўся носам у лапкі і апусціў вушы. Я прасіў, я плакаў, я нават кланяўся яму ў ногі. Заяц не варушыўся.

Але калі з горада выскачылі галопам два курносыя бульдогі з чорнымі павязкамі на правых лапах, заяц дробна задрыжаў усёй скурай, — я ледзь паспеў ускочыць на яго верхам, і ён даў шалёнага драла па лесе...

Астатняе ты сам бачыў, Бураціна.

П'еро скончыў расказ, і Бураціна спытаў яго асцярожна:

— А ў якім доме, у якім пакоі пад лесвіцай знаходзяцца дзверцы, што адмыкае ключык?

— Карабас Барабас не паспеў расказаць пра гэта... Ах, ці не ўсё роўна нам, — ключык на дне возера... Мы ніколі не ўбачым шчасця...

— А гэта ты бачыў? — крыкнуў яму ў вуха Бураціна. І, выцягнуўшы з кішэні ключык, пакруціў ім перад носам П'еро. — Вось ён!

 

Бураціна і П'еро прыходзяць да Мальвіны, але ім адразу ж прыходзіцца ўцякаць разам з Мальвінай і пудзелем Артамонам

 

Калі сонца ўзнялося над скалістай горнай вяршыняй, Бураціна і П'еро вылезлі з-пад куста і пабеглі цераз поле, па якім учора ўночы кажан звёў Бураціна з дома дзяўчынкі з блакітнымі валасамі ў Краіну Дурняў.

На П'еро смешна было глядзець, — так ён спяшаўся хутчэй убачыць Мальвіну.

— Паслухай, — пытаўся ён праз кожныя пятнаццаць секунд, — Бураціна, а што, яна будзе рада мне?

— А я адкуль ведаю...

Праз пятнаццаць секунд зноў:

— Паслухай, Бураціна, а раптам яна не будзе рада?

— А я адкуль ведаю.

Нарэшце яны ўбачылі белы домік з намаляванымі на аканіцах сонцам, месяцам і зоркамі.

З коміна ўзнімаўся дымок. Вышэй яго плыло невялікае воблака, падобнае на кашэчую галаву.

Пудзель Артамон сядзеў на ганку і час ад часу гыркаў на гэтае воблака.

Бураціна не вельмі хацелася вяртацца да дзяўчынкі з блакітнымі валасамі. Але ён быў галодны і яшчэ здалёку пацягнуў носам пах паранага малака.

— Калі дзяўчынка зноў надумаецца нас выхоўваць, нап'ёмся малака, — і нізавошта я тут не застануся.

У гэты час Мальвіна выйшла з доміка. У адной руцэ яна трымала фарфоравы кафейнік, у другой — кошык з пячэннем.

Вочы ў яе ўсё яшчэ былі заплаканыя, — яна была ўпэўнена, што пацукі выцягнулі Бураціна з каморкі і з'елі.

Толькі яна села за лялечны стол на пясчанай дарожцы, — блакітныя кветкі загайдаліся, матылькі ўзняліся над імі, як белыя і жоўтыя лісты, і з'явіліся Бураціна і П'еро.

Мальвіна так шырока расплюшчыла вочы, што абодва драўляныя хлопчыкі маглі б свабодна туды скочыць.

П'еро, убачыўшы Мальвіну, пачаў мармытаць словы — такія няскладныя і неразумныя, што мы іх тут не прыводзім.

Бураціна сказаў як быццам нічога і не было:

— Вось я яго прывёў, — выхоўвайце...

Мальвіна нарэшце зразумела, што гэта не сон.

— Ах, якое шчасце! — прашаптала яна, але адразу ж дадала дарослым голасам: — Хлопчыкі, ідзіце зараз жа мыцца і чысціць зубы. Артамон, правядзі хлопчыкаў да студні.

— Ты бачыў, — прабурчаў Бураціна, — у яе бзік у галаве — мыцца, чысціць зубы. Каго хочаш са свету зжыве чысцінёй...

Усё ж яны памыліся. Артамон кутасікам на канцы хваста пачысціў ім куртачкі...

Селі за стол. Бураціна аплятаў яду за абедзве шчакі.

П'еро нават не адкусіў ні кавалачка пірожнага; ён глядзеў на Мальвіну так, нібы яна была зроблена з міндальнага цеста.

Ёй гэта нарэшце надакучыла.

— Ну, — сказала яна яму, — што вы такое ўбачылі ў мяне на твары? Снедайце, калі ласка, спакойна.

— Мальвіна, — адказаў П'еро, — я даўно ўжо нічога не ем, я складаю вершы...

Бураціна затросся ад смеху.

Мальвіна здзівілася і зноў шырока расплюшчыла вочы:

— У такім разе — пачытайце вашы вершыкі.

Прыгожанькай рукой яна падперла шчаку і ўзняла прыгожанькія вочы да воблака, падобнага на кашэчую галаву.

П'еро пачаў чытаць вершыкі з такім завываннем, нібы ён сядзеў на дне глыбокай студні:

 

Прапала Мальвіна, нявеста мая...

Праз гэта спакою не ведаю я.

Рыдаю, не знаю — куды мне падацца,

З жыццём, можа, лялечным лепш развітацца?

 

Не паспеў П'еро прачытаць, не паспела Мальвіна пахваліць вершыкі, якія ёй вельмі спадабаліся, як на пясчанай дарожцы з'явілася жаба.

Страшэнна вылупіўшы вочы, яна прагаварыла:

— Сёння ноччу чарапаха Тарціла, якая на старасці год зусім страціла розум, расказала Карабасу Барабасу ўсё пра залаты ключык...

Мальвіна спалохана крыкнула, хоць нічога не зразумела. П'еро, няўважлівы, як усе паэты, зрабіў некалькі недарэчных воклічаў, якія мы тут не прыводзім. Затое Бураціна адразу ўсхапіўся і пачаў пхаць у кішэні пячэнне, цукар і цукеркі.

— Уцякайма як мага хутчэй. Калі паліцэйскія сабакі прывядуць сюды Карабаса Барабаса — мы загінулі.

Мальвіна збялела, як крыло белага матылька. П'еро, думаючы, што яна памірае, перакуліў на яе кафейнік, і прыгожанькую сукенку Мальвіны заліла какава.

З моцным брэхам падскочыў да іх Артамон, — гэта ж яму прыходзілася мыць Мальвініны сукенкі, — схапіў П'еро за каўнер і пачаў трэсці, пакуль П'еро не прагаварыў, заікаючыся:

— Хопіць, калі ласка...

Жаба паглядзела на гэтую мітусню і зноў сказала:

— Карабас Барабас з паліцэйскімі сабакамі будзе тут праз чвэртку гадзіны...

Мальвіна пабегла пераадзявацца. П'еро ў роспачы ламаў рукі і спрабаваў нават падаць дагары тварам на пясчаную дарожку. Артамон цягнуў клункі з хатнімі рэчамі. Дзверы грукалі. Вераб'і страшэнна расціўкаліся на кусце. Ластаўкі праносіліся над самай зямлёй. Сава для павелічэння панікі дзіка зарагатала на вышках.

Адзін Бураціна не разгубіўся. Ён узваліў на Артамона два клункі з самымі неабходнымі рэчамі. На клункі пасадзіў Мальвіну, адзетую ў прыгожанькую дарожную сукенку. П'еро ён загадаў трымацца за сабачы хвост. Сам стаў наперадзе:

— Ніякай панікі! Уцякайма!

Калі яны, — гэта значыць Бураціна, што смела крочыў наперадзе сабакі, Мальвіна, якая падскаквала на клунках, і ззаду П'еро, нашпігаваны замест здаровага сэнсу недарэчнымі вершамі, — калі яны выйшлі з густой травы на гладкае поле, — з лесу высунулася ўскудлачаная барада Карабаса Барабаса. Ён далонню прыкрыў вочы ад сонца і аглядаў наваколле.

 

Страшэнны бой на ўзлессі

 

Сіньёр Карабас Барабас трымаў на прывязі двух паліцэйскіх сабак. Убачыўшы на роўным полі ўцекачоў, ён разявіў зубасты рот.

— Ага! — закрычаў ён і спусціў сабак.

Раз'юшаныя сабакі спачатку пачалі драць заднімі лапамі зямлю. Яны нават не гыркалі, яны нават глядзелі ў другі бок, а не на ўцекачоў, — так ганарыліся сваёй сілай.

Потым сабакі павольна пайшлі да таго месца, дзе ў жаху спыніліся Бураціна, Артамон, П'еро і Мальвіна.

Здавалася, усё загінула. Карабас Барабас касалапа ішоў следам за паліцэйскімі сабакамі. Барада яго штохвіліны вылазіла з кішэні курткі і блыталася пад нагамі.

Артамон падкурчыў хвост і злосна гыркаў. Мальвіна трэсла рукамі:

— Баюся, баюся!

П'еро апусціў рукавы і глядзеў на Мальвіну, упэўнены, што ўсё скончана.

Першы апамятаўся Бураціна.

— П'еро, — закрычаў ён, — бяры за руку дзяўчынку, бяжыце да возера, дзе лебедзі!.. Артамон, скідай клункі, здымай гадзіннік, — будзеш біцца!..

Мальвіна, ледзь толькі пачула гэтае смелае распараджэнне, саскочыла з Артамона і, падабраўшы сукенку, пабегла да возера. П'еро — за ёю.

Артамон скінуў клункі, зняў з лапы гадзіннік і бант з кончыка хваста. Ашчэрыў белыя зубы і скочыў улева, скочыў управа, размінаючы мускулы, і таксама пачаў з адцяжкай драць заднімі нагамі зямлю.

Бураціна ўзлез па смалістым ствале на верхавіну італьянскай сасны, што адзінока стаяла ў полі, і адтуль закрычаў, завыў, запішчаў на ўсё горла:

— Звяры, птушкі, насякомыя! Нашых б'юць! Ратуйце ні ў чым не вінаватых драўляных чалавечкаў!..

Паліцэйскія бульдогі нібы толькі цяпер убачылі Артамона і разам кінуліся на яго. Спрытны пудзель выкруціўся і зубамі хапіў аднаго сабаку за агрызак хваста, другога за сцягно.

Бульдогі нязграбна павярнуліся і зноў кінуліся на пудзеля. Ён высока падскочыў, прапусціўшы іх пад сабой, і зноў паспеў абадраць аднаму бок, другому — спіну.

Трэці раз кінуліся на яго бульдогі. Тады Артамон, апусціўшы хвост да травы, памчаўся кругамі па полі, то падпускаючы блізка паліцэйскіх сабак, то кідаючыся ўбок перад самым іх носам...

Кірпатыя бульдогі цяпер па-сапраўднаму раззлаваліся, засаплі, беглі за Артамонам не спяшаючыся, упарта, гатовыя лепш здохнуць, але дабрацца да горла мітуслівага пудзеля.

Тым часам Карабас Барабас падышоў да італьянскай сасны, ухапіўся за ствол і пачаў трэсці:

— Злазь, злазь!

Бураціна рукамі, нагамі, зубамі ўчапіўся за галіну. Карабас Барабас затрос дрэва так, што загайдаліся ўсе шышкі на галінах.

На італьянскай сасне шышкі — калючыя і цяжкія, велічынёй з невялікую дыню. Стукнуць такой шышкай па галаве — дык ой-ёй!

Бураціна ледзь трымаўся на галіне, якая гайдалася. Ён бачыў, што Артамон ужо высунуў язык чырвонай анучай і бегае ўсё павальней.

— Аддавай ключык! — загарланіў Карабас Барабас, разявіўшы ляпу.

Бураціна папоўз па галіне, дабраўся да здаравеннай шышкі і пачаў перакусваць сцябло, на якім яна вісела. Карабас Барабас страсянуў мацней, і цяжкая шышка паляцела ўніз, — бах! — проста яму ў зубастую пашчу.

Карабас Барабас ажно прысеў.

Бураціна адарваў другую шышку, і яна — бах! — Карабасу Барабасу проста ў цемя, як у барабан.

— Нашых б'юць! — зноў закрычаў Бураціна. — На дапамогу ні ў чым не вінаватым драўляным чалавечкам!

Першымі на дапамогу прыляцелі стрыжы, — брыючым палётам пачалі стрыгчы паветра перад носам у бульдогаў. Сабакі дарэмна ляскалі зубамі, — стрыж не муха: як шэрая маланка — ж-жык міма носа!

З воблака, падобнага на кашэчую галаву, упаў чорны каршун — той, што звычайна прыносіў Мальвіне дзічыну; ён упіўся кіпцюрамі ў спіну паліцэйскага сабакі, узляцеў на цудоўных крылах, падняў сабаку і выпусціў яго...

Сабака, скуголячы, пляснуўся дагары лапамі.

Артамон збоку наляцеў на другога сабаку, ударыў яго грудзьмі, паваліў, укусіў, адскочыў...

І зноў памчаліся па полі вакол адзінокай сасны Артамон і за ім памятыя і пакусаныя паліцэйскія сабакі.

На дапамогу Артамону ішлі жабы. Яны цягнулі двух вужоў, якія аслеплі ад старасці. Вужам усё роўна трэба было паміраць — альбо пад гнілым пнём, альбо ў жываце ў чаплі. Жабы ўгаварылі іх загінуць геройскай смерцю.

Высакародны Артамон вырашыў цяпер распачаць адкрыты бой.

Сеў на хвост, ашчэрыў іклы.

Бульдогі наляцелі на яго, і ўсе ўтрох пакаціліся клубком.

Артамон ляскаў сківіцамі, драў кіпцюрамі. Бульдогі, не звяртаючы ўвагі на ўкусы і драпіны, чакалі аднаго: дабрацца да Артамонавага горла — мёртвай хваткай. Віск і выццё стаялі на ўсім полі.

На дапамогу Артамону ішла сям'я вожыкаў: сам вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнія цёткі і маленькія вожычкі.

Ляцелі, гулі тоўстыя чорна-аксамітныя чмялі ў залатых плашчах, шыпелі крыламі злосныя шэршні. Паўзлі жужалі і куслівыя жукі з доўгімі вусамі.

Усе звяры, птушкі і насякомыя дружна накінуліся на ненавісных паліцэйскіх сабак.

Вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнія цёткі і маленькія вожычкі згортваліся ў клубкі і з хуткасцю кракетнага шара білі іголкамі бульдогаў у морду.

Чмялі, шэршні з налёту джалілі іх атрутнымі джаламі. Сур'ёзныя мурашкі не спяшаючыся залазілі ў ноздры і там пускалі ядавітую мурашыную кіслату.

Жужалі і жукі кусалі за пупок.

Каршун дзёўб то аднаго сабаку, то другога крывой дзюбай у чэрап.

Матылькі і мухі шчыльным воблачкам таўкліся перад іх вачыма, засланяючы святло.

Жабы трымалі напагатове двух вужоў, гатовых памерці геройскай смерцю.

І вось, калі адзін з бульдогаў шырока разявіў пашчу, каб вычхнуць атрутную мурашыную кіслату, стары сляпы вуж кінуўся галавой наперад яму ў горла і вінтом пралез у страўнік.

Тое ж здарылася і з другім бульдогам: другі сляпы вуж кінуўся яму ў пашчу.

Абодва сабакі, сколатыя, зджаленыя, падрапаныя, — задыхаючыся, пачалі бездапаможна качацца па зямлі.

Высакародны Артамон выйшаў з бою пераможцам.

Тым часам Карабас Барабас выцягнуў нарэшце з велізарнага рота калючую шышку.

Ад удару па цемені ў яго вылезлі на лоб вочы. Хістаючыся, ён зноў схапіўся за ствол італьянскай сасны. Вецер развяваў яго бараду.

Бураціна заўважыў, седзячы на самай верхавінцы, што канец барады Карабаса Барабаса, падхопленай ветрам, прыклеіўся да смалістага ствала.

Бураціна павіс на суку і, дражнячыся, запішчаў:

— Дзядзечка, не дагоніш, дзядзечка, не дагоніш!..

Саскочыў на зямлю і пачаў бегаць вакол сасны. Карабас Барабас, выставіўшы рукі, каб схапіць хлапчука, пабег за ім, хістаючыся, вакол дрэва.

Абабег раз, вось-вось ужо, здаецца, і схапіў сагнутымі ў крук пальцамі хлапчука, які ўцякаў ад яго, абабег другі, абабег трэці раз...

Барада яго абкручвалася вакол ствала, шчыльна прыклейвалася да смалы.

Калі барада скончылася і Карабас Барабас упёрся носаму дрэва, Бураціна паказаў яму доўгі язык і пабег да Лебядзінага возера — шукаць Мальвіну і П'еро.

Змардаваны Артамон на трох лапах, падкурчыўшы чацвёртую, шкандыбаў за ім кульгавым сабачым трушком.

На полі засталіся два паліцэйскія сабакі, за жыццё якіх, відаць, нельга было даць і здохлай сухой мухі, і разгублены доктар лялечных навук сіньёр Карабас Барабас, шчыльна прыклеены барадой да італьянскай сасны.

 

У пячоры

 

Мальвіна і П'еро сядзелі на сырой цёплай купіне ў чароце.

Зверху іх прыкрывала павуцінавая сетка, засмечаная крыльцамі стракоз і высмактанымі камарамі.

Маленькія блакітныя птушачкі, пералятаючы з чарацінкі на чарацінку, з вясёлым здзіўленнем паглядалі на дзяўчынку, якая горка плакала.

Здалёку даляталі страшэнны лямант і віск, — гэта Артамон і Бураціна, відаць, дорага прадавалі сваё жыццё.

— Баюся, баюся! — паўтарала Мальвіна і лісточкам лопуху ў роспачы закрывала мокры твар.

П'еро спрабаваў суцешыць яе вершамі:

 

Мы на купінцы сядзім

І на кветачкі глядзім,

Жоўтыя, бліскучыя,

Да чаго ж пахучыя.

Будзем жыць мы лета

На купінцы гэтай,

Жыць адны мы будзем —

На здзіўленне людзям...

 

Мальвіна затупала на яго нагамі:

— Вы мне абрыдлі, абрыдлі, хлопчык!.. Сарвіце свежы лопух, — хіба ж не бачыце — гэты ўвесь прамок і ўвесь на дзірках.

Раптам шум і віск удалечыні заціхлі. Мальвіна павольна пляснула рукамі:

— Артамон і Бураціна загінулі...

І кінулася тварам на купіну, у зялёны мох.

П'еро бесталкова затупаў каля яе. Вецер ціха пасвістваў мяцёлкамі чароту.

Нарэшце пачуліся крокі. Бясспрэчна, гэта ішоў Карабас Барабас, каб груба схапіць і засунуць у свае бяздонныя кішэні Мальвіну і П'еро. Чарот расхінуўся, — і з'явіўся Бураціна: нос — тырчком, рот да вушэй. За ім накульгваў падрапаны Артамон з двума клункамі цераз спіну...

— Бач ты іх — захацелі са мной біцца! — сказаў Бураціна, не звяртаючы ўвагі на радасць Мальвіны і П'еро. — Што мне кот, што мне лісіца, што мне паліцэйскія сабакі, што мне сам Карабас Барабас — цьфу! Дзяўчынка, узлазь на сабаку, хлапчук, трымайся за хвост. Пайшлі...

І ён мужна пакрочыў па купінах, локцямі рассоўваючы чарот, — вакол возера на той бок...

Мальвіна і П'еро не адважыліся нават спытаць яго, чым закончыўся бой з паліцэйскімі сабакамі і чаму за імі не гоніцца Карабас Барабас.

Калі дабраліся да таго берага возера, высакародны Артамон пачаў скуголіць і кульгаць на ўсе лапы. Трэба было зрабіць прывал, каб перавязаць яму раны. Пад вялізнымі карэннямі сасны, якая расла на камяністым пагорку, убачылі пячору. Туды зацягнулі клункі, і туды ж запоўз Артамон.

Высакародны сабака спачатку аблізваў кожную лапу, потым працягваў яе Мальвіне. Бураціна раздзіраў Мальвініну старую кашулю на бінты. П'еро іх трымаў, Мальвіна перавязвала лапы.

Пасля перавязкі Артамону паставілі градуснік, і сабака спакойна заснуў.

Бураціна сказаў:

— П'еро, марш да возера, прынясі вады.

П'еро паслухмяна паклыпаў, мармычучы вершы і спатыкаючыся, па дарозе згубіў вечка і прынёс вады толькі на дне чайніка.

Бураціна сказаў:

— Мальвіна, збегай назбірай галля для вогнішча.

Мальвіна з дакорам паглядзела на Бураціна, паціснула плечыкам і прынесла некалькі сухіх сцяблінак.

Бураціна сказаў:

— Вось насланнё з гэтымі добра выхаванымі...

Сам прынёс вады, сам назбіраў галля і сасновых шышак, сам расклаў каля ўвахода ў пячору агонь, такі шумлівы, што захісталіся галінкі на высокай сасне. Сам зварыў какавы на вадзе.

— Жыва! Сядайце снедаць...

Мальвіна ўвесь гэты час маўчала, сцяўшы губы. Але цяпер яна сказала — вельмі цвёрда, дарослым голасам:

— Не думайце, Бураціна, што калі вы біліся з сабакамі і перамаглі, выратавалі нас ад Карабаса Барабаса і ў далейшым паводзілі сябе мужна, дык гэта пазбаўляе вас ад неабходнасці мыць рукі і чысціць зубы перад ядой...

Бураціна так і сеў: вось табе і маеш! — вылупіў вочы на дзяўчынку з жалезным характарам.

Мальвіна выйшла з пячоры і пляснула ў далоні:

— Матылькі, вусені, жукі, жабы...

Не прайшло хвіліны — прыляцелі вялікія матылькі, запэцканыя пылком з кветак. Прыпаўзлі вусені і панурыя жукі-гнаевікі.

На жыватах прышлёпалі жабы...

Матылькі, уздыхаючы крыльцамі, селі на сцены пячоры, каб унутры было прыгожа і каб зямля, што асыпалася, не трапляла ў страву.

Жукі-гнаевікі згортвалі ў шарыкі ўсё смецце на дне пячоры і выкідвалі іх прэч.

Тлусты белы вусень успоўз на галаву Бураціна і, звесіўшыся з яго носа, выціснуў крыху пасты яму на зубы. Хочаш не хочаш, прыйшлося іх пачысціць.

Другі вусень пачысціў зубы П'еро.

З'явіўся заспаны барсук, падобны на калматае парася... Ён браў лапай карычневых вусеняў, выціскаў з іх карычневую пасту на абутак і хвастом вельмі добра вычысціў усе тры пары чаравікаў — у Мальвіны, Бураціна і П'еро.

Пачысціўшы, пазяхнуў: а-ха-ха, — і пайшоў, перавальваючыся з боку на бок.

Заляцеў мітуслівы, стракаты, вясёлы ўдод з чырвоным чубком, які ўставаў дыбам, калі ён з чаго-небудзь дзівіўся.

— Каго прычасаць?

— Мяне, — сказала Мальвіна. — Зрабіце завіўку і прычашыце, я раскудлачана...

— А дзе ж люстэрка? Паслухайце, душачка...

Тады лупавокія жабы сказалі:

— Мы прынясём...

Дзесяць жаб зашлёпалі жыватамі да возера. Замест люстэрка яны прывалаклі люстранога карпа, такога тлустага і санлівага, што яму было ўсё роўна, куды яго цягнуць пад плаўнікі.

Карпа паставілі на хвост перад Мальвінай. Каб ён не задыхаўся, яму ў рот лілі з чайніка ваду.

Мітуслівы ўдод завіў і прычасаў Мальвіну. Асцярожна ўзяў са сцяны аднаго з матылькоў і прыпудрыў ім нос дзяўчынкі.

— Гатова, душачка...

І — ффрр! — стракатым клубком вылецеў з пячоры.

Жабы зацягнулі люстранога карпа назад у возера. Бураціна і П'еро — хочаш не хочаш — вымылі рукі і нават шыю.

Мальвіна дазволіла сесці снедаць.

Пасля снедання, змахнуўшы крошкі з каленяў, яна сказала:

— Бураціна, мой дружа, мінулы раз мы з вамі спыніліся на дыктанце. Прадоўжым урок...

Бураціна захацелася выскачыць з пячоры — куды вочы глядзяць. Але нельга ж было кінуць бездапаможных таварышаў і хворага сабаку! Ён прабурчаў:

— Пісьмовых прылад не ўзялі...

— Няпраўда, узялі, — прастагнаў Артамон. Дапоўз да клунка, зубамі развязаў яго і выцягнуў бутэлечку з чарнілам, пенал, сшытак і нават маленькі глобус.

— Не трымайце ручку сутаргава і вельмі блізка да пяра, інакш вы выпацкаеце пальцы ў чарніла, — сказала Мальвіна. Узняла прыгожанькія вочы да столі пячоры на матылькоў і...

У гэты час пачуўся хруст галля, грубыя галасы, — міма пячоры прайшлі прадавец лячэбных п'явак Дурамар і Карабас Барабас, які ледзь валок ногі.

На лбе ў дырэктара тэатра лялек чырванеў вялізны гуз, нос распух, барада — касмылямі і выпацкана смалой.

Вохкаючы і адплёўваючыся, ён гаварыў:

— Яны далёка не маглі ўцячы. Яны дзе-небудзь тут, у лесе.

 

Нягледзячы ні на што, Бураціна вырашае выведаць у Карабаса Барабаса таямніцу залатога ключыка

 

Карабас Барабас і Дурамар павольна прайшлі міма пячоры.

У часе бою на раўніне прадавец лячэбных п'явак, дрыжучы ад страху, сядзеў за кустом. Калі ўсё скончылася, ён пачакаў, пакуль Артамон і Бураціна не схаваюцца ў густой траве, і тады толькі ледзь-ледзь ададраў ад ствала італьянскай сасны бараду Карабаса Барабаса.

— Ну і даў жа вам хлапчук, — сказаў Дурамар. — Прыйдзецца вам паставіць на патыліцу два тузіны самых лепшых п'явак...

Карабас Барабас зароў:

— Сто тысяч чарцей! Хутчэй у пагоню за нягоднікамі!..

Карабас Барабас і Дурамар пайшлі па слядах уцекачоў. Яны рассоўвалі рукамі траву, аглядалі кожны куст, абмацвалі кожную купіну.

Яны бачылі дымок вогнішча каля карэнняў старой сасны, але ім і ў галаву не прыйшло, што ў гэтай пячоры хаваліся драўляныя чалавечкі ды яшчэ расклалі агонь.

— Гэтага нягодніка Бураціна разрэжу складаным нажом на кавалачкі, — бурчаў Карабас Барабас.

Уцекачы прытаіліся ў пячоры.

Што цяпер рабіць? Уцякаць? Але Артамон, увесь забінтаваны, моцна спаў. Сабака павінен быў спаць дваццаць чатыры гадзіны, каб загаіліся раны.

Няўжо ж пакінуць высакароднага сабаку аднаго ў пячоры?

Не, не, ратавацца — дык усім разам, гінуць — дык усім разам...

Бураціна, П'еро і Мальвіна ў глыбіні пячоры, уткнуўшыся насамі, доўга раіліся. Вырашылі: перачакаць тут да раніцы, уваход у пячору замаскіраваць галлём і, каб хутчэй паправіўся Артамон, зрабіць яму спажыўную клізму.

Бураціна сказаў:

— Я ўсё-такі хачу, чаго б гэта ні каштавала, даведацца ў Карабаса Барабаса, дзе тыя дзверцы, якія адмыкае залаты ключык. За дзверцамі захоўваецца штосьці цудоўнае, дзівоснае. І яно павінна прынесці нам шчасце...

— Баюся без вас заставацца, баюся! — прастагнала Мальвіна.

— А П'еро вам нашто?

— Ах, ён толькі чытае вершыкі...

— Я буду абараняць Мальвіну, як леў, — прагаварыў П'еро хрыплым голасам, якім размаўляюць буйныя драпежнікі, — вы мяне яшчэ не ведаеце...

— Малайчына, П'еро, даўно б так!

І Бураціна кінуўся бегчы па слядах Карабаса Барабаса і Дурамара.

Ён іх неўзабаве ўбачыў. Дырэктар тэатра лялек сядзеў на беразе ручая, Дурамар ставіў яму на гуз кампрэс з лістоў конскага шчаўя. Здалёк было чуваць страшэннае бурчанне ў пустым жываце ў Карабаса Барабаса і сумнае папіскванне ў пустым жываце ў прадаўца лячэбных п'явак.

— Сіньёр, нам неабходна падсілкавацца, — гаварыў Дурамар, — пошукі нягоднікаў могуць зацягнуцца да глыбокай ночы.

— Я з'еў бы цяпер цэлае парася і парачку качачак, — панура адказаў Карабас Барабас.

Прыяцелі павалакліся да харчэўні «Трох печкуроў» — яе шыльда віднелася на прыгорку. Але хутчэй, чым Карабас Барабас і Дурамар, кінуўся туды Бураціна, прыгінаючыся да травы, каб яго не прыкмецілі.

Каля дзвярэй харчэўні Бураціна падкраўся да вялікага пеўня, які, знайшоўшы зернетка ці кавалачак кураняцінай кішкі, ганарліва трос чырвоным грабеньчыкам, шаркаў кіпцюрамі і з трывогаю клікаў курэй на пачастунак:

— Ко-ко-ко!

Бураціна падаў яму на далоні крошкі міндальнага пірожнага:

— Частуйцеся, сіньёр галоўнакамандуючы.

Певень строга зірнуў на драўлянага хлапчука, але не ўтрымаўся і дзеўбануў яго ў далонь.

— Ко-ко-ко!..

— Сіньёр галоўнакамандуючы, мне трэба было б прайсці ў харчэўню, але так, каб гаспадар мяне не заўважыў. Я схаваюся за ваш цудоўны рознакаляровы хвост, і вы даведзяце мяне да самага камінка. Добра?

— Ко-ко! — яшчэ з большым гонарам вымавіў певень.

Ён нічога не зразумеў, але каб не паказаць, што нічога не зразумеў, важна пайшоў да адчыненых дзвярэй харчэўні. Бураціна схапіў яго пад крылы за бакі, прыкрыўся яго хвастом і на кукішках прабраўся на кухню, да самага камінка, дзе мітусіўся лысы гаспадар харчэўні, круцячы на агні ражны і скавародкі.

— Пайшоў прэч, старое булённае мяса! — крыкнуў на пеўня гаспадар і так паддаў нагой, што певень:

— Ку-дах-тах-тах! — з роспачным крыкам вылецеў на вуліцу да псрапалоханых курэй.

Бураціна, незаўважаны, шмыгнуў міма ног гаспадара і прысеў за вялікім гліняным збаном.

У гэты час пачуліся галасы Карабаса Барабаса і Дурамара.

Гаспадар, нізка кланяючыся, выйшаў ім насустрач.

Бураціна залез у гліняны збан і там прытаіўся.

 

Бураціна даведваецца пра таямніцу залатога ключыка

 

Карабас Барабас і Дурамар падсілкоўваліся смажаным парасём. Гаспадар падліваў віна ў шклянкі.

Карабас Барабас, абсмоктваючы парасячую нагу, сказаў гаспадару:

— Дрэнь у цябе віно, налі хіба мне вунь з таго збана! — і паказаў косткаю на збан, дзе сядзеў Бураціна.

— Сіньёр, гэты збан пусты, — адказаў гаспадар.

— Хлусіш, пакажы.

Тады гаспадар падняў збан і перакуліў яго. Бураціна з усяе сілы ўпёрся локцямі ў бакі збана, каб не вываліцца.

— Там нешта чарнеецца, — прахрыпеў Карабас Барабас.

— Там нешта бялеецца, — пацвердзіў Дурамар.

— Сіньёры, скула мне на язык, прастрэл мне ў паясніцу, — збан пусты!

— Калі так, стаў яго на стол — мы будзем кідаць туды косці.

Збан, у якім сядзеў Бураціна, паставілі паміж дырэктарам тэатра лялек і прадаўцом лячэбных п'явак. На галаву Бураціна пасыпаліся абгрызеныя косці і скарынкі.

Карабас Барабас, выпіўшы шмат віна, падставіў да агню бараду, каб з яе капала наліплая смала.

— Пакладу Бураціна на далонь, — выхваляючыся, гаварыў ён, — другой далонню плясну, — мокрае месца ад яго застанецца.

— Нягоднік цалкам гэтага заслугоўвае, — пацвярджаў Дурамар, — але спачатку яму добра было б паставіць п'явак, каб яны выпілі ўсю кроў...

— Не! — стукаў кулаком Карабас Барабас. — Спачатку я адбяру ў яго залаты ключык...

У размову ўмяшаўся гаспадар, — ён ужо ведаў пра ўцёкі драўляных чалавечкаў.

— Сіньёр, вам няма чаго стамляць сябе пошукамі. Зараз я паклічу двух кемлівых малайцоў, — пакуль вы падмацоўваецеся віном, яны хутка абшукаюць увесь лес і прыцягнуць сюды Бураціна.

— Добра. Пасылай малайцоў, — сказаў Карабас Барабас, падстаўляючы да агню вялізныя падэшвы. І паколькі ён быў п'яны ўжо, дык на ўсё горла заспяваў песню:

 

Дурны і рахманы

Мой народ драўляны.

Уладарнік лялек —

Вось хто я, каб зналі...

Грозны Карабас,

Слаўны Барабас...

Лялькі прада мною

Сцелюцца травою.

Нават і на кралю

Біч не мае жалю,

Біч у сем хвастоў,

Біч у сем хвастоў.

Як махаць ім стану —

Мой народ слухмяны

Песенькі спявае,

Грошыкі збірае

У маю кішэнь,

У маю кішэнь...

 

Тады Бураціна змененым голасам завыў з глыбіні збана:

— Адкрый таямніцу, няшчасны, адкрый таямніцу!..

Карабас Барабас ад нечаканасці гучна ляснуў сківіцамі і вылупіўся на Дурамара.

— Гэта ты?

— Не, гэта не я...

— Хто ж сказаў, каб я адкрыў таямніцу?

Дурамар верыў у забабоны; апрача таго, ён таксама выпіў шмат віна. Твар у яго пасінеў і зморшчыўся ад страху, нібы грыб смарчок.

Гледзячы на яго, і Карабас Барабас заляскаў зубамі.

— Адкрый таямніцу, — зноў завыў таемны голас з глыбіні збана, — інакш не ўстанеш з гэтага крэсла, няшчасны!

Карабас Барабас паспрабаваў усхапіцца, але не мог нават і прыўзняцца.

— Яку-ку-кую та-та-таямніцу? — спытаў ён, заікаючыся.

Голас адказаў:

— Таямніцу чарапахі Тарцілы.

Ад жаху Дурамар павольна палез пад стол. У Карабаса Барабаса адвісла сківіца.

— Дзе знаходзяцца дзверы, дзе знаходзяцца дзверы? — нібы вецер у коміне ў асеннюю ноч, правыў голас.

— Адкажу, адкажу, замоўкні, замоўкні! — прашаптаў Карабас Барабас. — Дзверы — у старога Карла ў каморцы, за намаляваным камінкам...

Толькі ён прагаварыў гэтыя словы, з двара ўвайшоў гаспадар.

— Вось надзейныя малайцы, за грошы яны прывядуць да вас, сіньёр, хоць самога чорта...

І ён паказаў на лісіцу Алісу і ката Базіліо, якія стаялі на парозе. Лісіца пачціва зняла стары капялюш.

— Сіньёр Карабас Барабас падорыць нам на беднасць дзесяць залатых манет, і мы аддадзім вам у рукі нягодніка Бураціна, не сыходзячы з гэтага месца.

Карабас Барабас залез пад бараду ў кішэню камізэлькі, выняў дзесяць залатых.

— Вось грошы, а дзе Бураціна?

Лісіца некалькі разоў пералічыла манеты, уздыхнула, аддаючы палавіну кату, і паказала лапай:

— Ён у гэтым збане, сіньёр, у вас пад носам...

Карабас Барабас схапіў са стала збан і раз'юшана шпурнуў яго на каменную падлогу. З чарапкоў і кучы абгрызеных костак выскачыў Бураціна. Пакуль усе стаялі, разявіўшы раты, ён, як страла, кінуўся з харчэўні на двор проста да пеўня, які ганарліва разглядаў то адным вокам, то другім здохлага чарвячка.

— Гэта ты мяне выдаў, стары катлетны фарш! — злосна выцягнуўшы нос, сказаў яму Бураціна. — Ну, цяпер імчы што маеш духу...

І ён моцна ўчапіўся ў яго генеральскі хвост. Певень, нічога не разумеючы, растапырыў крылы і кінуўся бегчы на цыбатых нагах. Бураціна — у віхры — за ім, — з гары, цераз дарогу, па полі, да лесу.

Карабас Барабас, Дурамар і гаспадар харчэўні апамяталіся нарэшце ад здзіўлення і выбеглі ўслед за Бураціна. Але колькі яны ні азіраліся, яго нідзе не было відаць, толькі далека па полі імчаўся з усяе сілы певень. Але паколькі ўсім было вядома, што ён дурань, то на гэтага пеўня ніхто не звярнуў увагі.

 

Бураціна першы раз у жыцці прыходзіць у роспач, але ўсё канчаецца шчасліва

 

Дурны певень змарыўся, ледзь бег, разявіўшы дзюбу. Бураціна выпусціў нарэшце яго пакамечаны хвост.

— Ідзі, генерал, да сваіх курэй...

І адзін пайшоў туды, дзе скрозь лісце ярка блішчала Лебядзінае возера.

Вось і сасна на камяністым узгорку, вось і пячора. Навакол параскідана наламанае галлё. Трава прымята слядамі колаў...

У Бураціна моцна закалацілася сэрца. Ён саскочыў з узгорка, заглянуў пад каравыя карэнні...

Пячора была пустая!!!

Ні Мальвіны, ні П'еро, ні Артамона.

Толькі валяліся дзве анучкі. Ён іх падняў, — гэта былі адарваныя рукавы ад кашулі П'еро.

Сяброў нехта выкраў! Яны загінулі! Бураціна ўпаў ніцма, — нос яго глыбока ўваткнуўся ў зямлю.

Ён толькі цяпер зразумеў, як моцна прывык да сваіх сяброў. Няхай Мальвіна займаецца выхаваннем, няхай П'еро хоць тысячу разоў запар чытае вершыкі, — Бураціна аддаў бы нават залаты ключык, каб зноў убачыць сяброў.

Каля яго галавы бясшумна ўзняўся пульхны пагорачак зямлі, вылез аксамітны крот з ружовымі далонямі, пісклява чхнуў тры разы і сказаў:

«— Я сляпы, але я вельмі добра чую. Сюды пад'язджала каламажка, запрэжаная авечкамі. У ёй сядзеў Ліс, губернатар Горада Дурняў, і сышчыкі. Губернатар загадаў:

— Забраць нягоднікаў, якія збілі маіх лепшых паліцэйскіх пры выкананні абавязкаў! Забраць!

Сышчыкі адказалі:

— Цяў!

Кінуліся ў пячору, і там пачалася шалёная тузаніна. Тваіх сяброў звязалі, кінулі ў каламажку разам з клункамі і паехалі».

Што за карысць была ляжаць, уткнуўшы нос у зямлю. Бураціна ўсхапіўся і пабег па слядах колаў. Мінуў возера, выйшаў на поле з густой травой.

Ішоў, ішоў... У яго не было ніякага плана ў галаве. Трэба выратаваць таварышаў, — вось і ўсё.

Дайшоў да кручы, адкуль пазаўчарашняй ноччу зваліўся ў лопух. Унізе ўбачыў брудную сажалку, дзе жыла чарапаха Тарціла. Па дарозе да сажалкі спускалася каламажка; яе цягнулі дзве худыя, як шкілеты, авечкі з абадранай воўнай.

На козлах сядзеў тлусты кот, з надзьмутымі шчокамі, у залатых акулярах, — ён служыў пры губернатары патайным нашэптвальнікам у вуха. Ззаду яго — важны Ліс, губернатар... На клунках ляжалі Мальвіна, П'еро і ўвесь забінтаваны Артамон, — заўсёды такі расчасаны хвост яго валокся кутасікам па пыльнай дарозе.

Ззаду за каламажкай ішлі два сышчыкі — доберманы-пінчэры.

Раптам сышчыкі ўзнялі сабачыя морды і ўбачылі наверсе кручы белы каўпачок Бураціна.

Моцнымі скачкамі пінчэры пачалі ўзбірацца па крутым схіле. Але раней чым яны дабеглі да верху, Бураціна, — а яму ўжо нікуды ні схавацца, ні ўцячы, — склаў рукі над галавой і — ластаўкай — з самага крутога месца рынуўся ўніз, у брудную сажалку, зацягнутую зялёнай раскай.

Ён апісаў у паветры крывую і, вядома, трапіў бы ў сажалку пад абарону цёткі Тарцілы, калі б не моцны парыў ветру.

Вецер падхапіў лёгенькага драўлянага Бураціна, закруціў, завярцеў яго «двайным штопарам», шпурнуў убок, і ён, падаючы, бразнуўся проста ў каламажку, на галаву губернатара Ліса.

Тлусты кот у залатых акулярах ад нечаканасці зваліўся з козлаў, і паколькі ён быў падлюга і баязлівец, дык прыкінуўся, што самлеў.

Губернатар Ліс, таксама страшэнны баязлівец, з віскам кінуўся ўцякаць па схіле і тут жа залез у барсукову нару. Там яму давялося не соладка: барсукі сурова распраўляюцца з такімі гасцямі.

Авечкі кінуліся ўбок, каламажка перакулілася. Мальвіна, П'еро і Артамон разам з клункамі пакаціліся ў лопух.

Усё гэта адбылося так хутка, што вы, дарагія чытачы, не наспелі б палічыць усіх пальцаў на руцэ.

Доберманы-пінчэры вялікімі скачкамі рынуліся ўніз з кручы. Падскочыўшы да перакуленай каламажкі, убачылі тлустага ката ў непрытомнасці. Убачылі ў лопуху параскіданых драўляных чалавечкаў і забінтаванага пудзеля. Але нідзе не было відаць губернатара Ліса.

Ён знік, — нібы скрозь зямлю праваліўся той, каго сышчыкі павінны ахоўваць, як сваё вока.

Першы сышчык, узняўшы морду, у роспачы залямантаваў па-сабачы.

Другі сышчык зрабіў тое ж самае:

— Ай, ай, ай, ай-у-у-у!..

Яны кінуліся і абшукалі ўвесь схіл гары. Зноў тужліва завылі, таму што ім ужо бачыліся бізун і жалезныя краты.

Збянтэжана віляючы азадкамі, яны пабеглі ў Горад Дурняў, каб нахлусіць у паліцэйскім аддзяленні, нібыта губернатар быў узяты на неба жывым, — так па дарозе яны прыдумалі ў сваё апраўданне.

Бураціна паціхеньку абмацаў сябе, — ногі, рукі былі цэлыя. Ён папоўз у лопух і вызваліў ад вяровак Мальвіну і П'еро.

Мальвіна, не кажучы ні слова, абхапіла Бураціна за шыю, але пацалаваць не магла — перашкодзіў яго доўгі нос.

У П'еро да локцяў былі адарваны рукавы, белая пудра абсыпалася са шчок, і выявілася, што шчокі ў яго звычайныя — румяныя, нягледзячы на яго любоў да вершаў.

— Я здорава біўся, — грубым голасам сказаў ён. — Каб мне не далі падножку — нізавошта б мяне не ўзялі.

Мальвіна пацвердзіла:

— Ён біўся, як леў.

Яна абхапіла П'еро за шыю і пацалавала ў абедзве шчакі.

— Досыць, досыць лізацца, — прабурчаў Бураціна, — уцякайма. Артамона пацягнем за хвост.

Яны ўхапіліся ўсе трое за хвост няшчаснага сабакі і пацягнулі яго па схілу гары.

— Пусціце, я сам пайду, мяне гэта зневажае, — стагнаў забінтаваны пудзель.

— Не, не, ты вельмі слабы.

Але ледзь толькі яны ўскарабкаліся да палавіны гары, як наверсе паказаліся Карабас Барабас і Дурамар. Лісіца Аліса паказвала лапкай на ўцекачоў, кот Базіліо тапырыў вусы і агідна шыпеў.

— Ха-ха-ха, вось дык цудоўна! — зарагатаў Карабас Барабас. — Сам залаты ключык ідзе мне ў рукі!

Бураціна хуценька прыдумваў, як выблытацца з новай бяды. П'еро прыціснуў да сябе Мальвіну, маючы намер дорага прадаць жыццё. На гэты раз не было ніякай надзеі на выратаванне.

Дурамар хіхікаў наверсе гары.

— Хворага сабачку-пудзеля, сіньёр Карабас Барабас, вы мне аддайце, я яго кіну ў сажалку п'явачкам, каб мае п'явачкі растаўсцелі...

Тоўсты Карабас Барабас ленаваўся спускацца ўніз, ён вабіў уцекачоў пальцам, падобным на сардэльку:

— Ідзіце, ідзіце да мяне, дзеткі...

— Ні з месца! — загадаў Бураціна. — Гінуць — дык весела! П'еро, гавары якія-небудзь свае самыя брыдкія вершыкі. Мальвіна, рагачы на ўсё горла...

Мальвіна, нягледзячы на некаторыя недахопы, была добры таварыш. Яна выцерла слёзы і засмяялася вельмі крыўдна для тых, хто стаяў наверсе схілу.

П'еро зараз жа склаў вершы і завыў вельмі непрыемным голасам:

 

Алісы лёс лядачы —

Па ёй палка плача.

Кот Базіліо старац —

Зладзюга, паганец.

Дурамар, наш дурачок,

Найагіднейшы смарчок.

Карабас ты Барабас,

Не баімся надта вас...

 

У гэты час Бураціна крыўляўся і дражніўся:

— Гэй ты, дырэктар тэатра лялек, старая піўная бочка, тлусты мяшок, напханы дурнотай, спусціся, спусціся да нас, — я табе наплюю ў аскубленую бараду!

У адказ Карабас Барабас страшэнна зароў, Дурамар узняў худыя рукі да неба.

Лісіца Аліса крыва ўсміхнулася:

— Дазвольце скруціць шыі гэтым нахабнікам?

Яшчэ хвіліна, і ўсё было б скончана... Раптам са свістам прамчаліся стрыжы:

— Сюды, сюды, сюды!..

Над галавой Карабаса Барабаса праляцела сарока, гучна лапочучы:

— Хутчэй, хутчэй, хутчэй!..

І наверсе ўзгорка з'явіўся стары тата Карла. Рукавы ў яго былі закасаны, у руцэ сукаваты кій, бровы нахмураны...

Ён плячом піхнуў Карабаса Барабаса, локцем — Дурамара, дубінкай перацягнуў па спіне лісіцу Алісу, ботам адшпурнуў убок ката Базіліо...

Пасля гэтага, нагнуўшыся і пазіраючы з горкі ўніз, дзе стаялі драўляныя чалавечкі, сказаў радасна:

— Сын мой, Бураціна, дураслівец, ты жывы і здаровы, — ідзі ж хутчэй да мяне!

 

Бураціна нарэшце вяртаецца дадому разам з татам Карла, Мальвінай, П'еро і Артамонам

 

Нечаканае з'яўленне Карла, яго дубінка і нахмураныя бровы нагналі жах на нягоднікаў.

Лісіца Аліса адпаўзла ў густую траву і адтуль дала драла, часам толькі спыняючыся, каб пакурчыцца пасля ўдару дубінкай.

Кот Базіліо, адляцеўшы крокаў на дзесяць, шыпеў ад злосці, як праколатая веласіпедная шына.

Дурамар падабраў крыссе зялёнага паліто і пасунуўся з узгорка ўніз, паўтараючы:

— Я ні пры чым, я ні пры чым...

Але на крутым месцы сарваўся, пакаціўся і са страшэнным шумам і плёскатам плюхнуўся ў сажалку.

Карабас Барабас застаўся стаяць, дзе стаяў. Ён толькі ўцягнуў усю галаву да макаўкі ў плечы; барада яго вісела, як пакулле.

Бураціна, П'еро і Мальвіна ўскарабкаліся наверх. Тата Карла браў іх па аднаму на рукі, гразіў пальцам:

— Вось я вас ужо, свавольнікі!

І клаў за пазуху.

Потым ён спусціўся на некалькі крокаў з узгорка і прысеў над няшчасным сабакам. Верны Артамон узняў морду і лізнуў Карла ў нос. Бураціна адразу ж высунуўся з-за пазухі:

— Тата Карла, мы без сабакі дадому не пойдзем.

— Э-хе-хе, — адказаў Карла, — цяжкавата будзе, але ўжо ж як-небудзь данясу вашага сабачку.

Ён ускінуў Артамона на плячо і, сапучы ад цяжкага грузу, палез наверх, дзе, усё гэтак жа ўцягнуўшы галаву, вылупіўшы вочы, стаяў Карабас Барабас.

— Лялькі мае... — прабурчаў ён.

Тата Карла адказаў яму сурова:

— Эх ты? З кім на старасці год звязаўся, — з вядомымі ўсяму свету жулікамі, з Дурамарам, з катом, з лісіцай. Маленькіх крыўдзіце! Сорамна, доктар!

І Карла пайшоў па дарозе ў горад.

Карабас Барабас з уцягнутай галавой ішоў услед за ім.

— Лялькі мае, аддай!..

— Нізашто не аддавай! — залямантаваў Бураціна, высоўваючыся з-за пазухі.

Так ішлі, ішлі. Мінулі харчэўню «Трох печкуроў», дзе ў дзвярах кланяўся лысы гаспадар, паказваючы абедзвюма рукамі на скавародкі, якія шыпелі на агні. Каля дзвярэй узад і ўперад, узад і ўперад пахаджваў певень з выскубленым хвастом і з абурэннем расказваў пра хуліганскі ўчынак Бураціна. Куры спачувальна падтаквалі:

— Ах-ах, які жах! Ух-ух, певень зух!..

Карла ўзышоў на пагорак, адкуль відаць было мора, дзе-нідзе пакрытае матавымі палоскамі ад павеву ветрыка, ля берага — стары гарадок пясочнага колеру пад спякотным сонцам і палатняны дах тэатра лялек.

Карабас Барабас, стоячы на тры крокі ззаду Карла, прабурчаў:

— Я табе дам за лялькі сто залатых манет, прадай.

Бураціна, Мальвіна і П'еро перасталі дыхаць — чакалі, што скажа Карла.

Ён адказаў:

— Не! Калі б ты быў добрым, добрым дырэктарам тэатра, я табе, так і быць, аддаў бы маленькіх чалавечкаў. А ты — горшы за ўсякага кракадзіла. Не аддам і не прадам, ідзі прэч!

Карла спусціўся з узгорка і, ужо больш не звяртаючы ўвагі на Карабаса Барабаса, увайшоў у гарадок.

Там на пустой плошчы нерухома стаяў паліцэйскі. Ад гарачыні і нуды ў яго абвіслі вусы, павекі зліпліся, над трохкутным капелюшом кружыліся мухі.

Карабас Барабас раптам засунуў бараду ў кішэню, схапіў Карла ззаду за кашулю і закрычаў на ўсю плошчу:

— Трымайце злодзея, ён украў у мяне лялькі!..

Але паліцэйскі, якому было горача і нудна, нават і не зварухнуўся. Карабас Барабас падбег да яго, патрабуючы арыштаваць Карла.

— А ты хто такі? — ляніва спытаў паліцэйскі.

— Я доктар лялечных навук, дырэктар славутага тэатра, кавалер вышэйшых ордэнаў, бліжэйшы сябар Тарабарскага караля, сіньёр Карабас Барабас...

— А ты не крычы на мяне, — адказаў паліцэйскі.

Пакуль Карабас Барабас з ім спрачаўся, тата Карла, таропка стукаючы кіем па бруку, падышоў к дому, дзе ён жыў. Адамкнуў дзверы ў паўцёмную каморку пад лесвіцай, зняў з пляча Артамона, паклаў на ложак, з-за пазухі выняў Бураціна, Мальвіну і П'еро і пасадзіў у радок на стол.

Мальвіна адразу ж сказала:

— Тата Карла, перш за ўсё займіцеся хворым сабакам. Хлопчыкі, зараз жа мыцца...

Раптам яна з роспаччу пляснула рукамі:

— А мае сукенкі! Мае новенькія туфелькі, мае прыгожыя стужачкі засталіся на дне яра, у лопуху!..

— Нічога, не бядуй, — сказаў Карла, — увечары я схаджу, прынясу твае клункі.

Ён асцярожна разбінтаваў Артамонавы лапы. Выявілася, што раны амаль ужо загаіліся і сабака не мог паварушыцца толькі таму, што быў галодны.

— Талерачку аўсянай заціркі ды костачку з мазгамі, — прастагнаў Артамон, — і я гатовы біцца з усімі сабакамі ў горадзе.

— Ай-яй-яй, — журыўся Карла, — а ў мяне дома ні крошкі, і ў кішэні ні сольда...

Мальвіна жаласліва ўсхліпнула. П'еро цёр кулаком лоб, разважаючы:

— Я пайду на вуліцу чытаць вершы, прахожыя надаюць мне кучу сольда.

Карла паківаў галавой:

— І будзеш ты начаваць, сынок, за валацужніцтва ў паліцэйскім аддзяленні.

Усе, апрача Бураціна, засумавалі. Ён жа хітра ўсміхаўся, круціўся так, нібы сядзеў не на стале, а на перакуленай кнопцы.

— Сябры, даволі хныкаць! — Ён саскочыў на падлогу і штосьці выцягнуў з кішэні. — Тата Карла, вазьмі малаток, адарві ад сцяны дзіравае палатно.

І ён задзёртым носам паказаў на камінак, і на кацялок над камінкам, і на дым, намаляваныя на кавалку старога палатна.

Карла здзівіўся:

— Навошта, сынок, ты хочаш зрываць са сцяны такую цудоўную карціну? У зімовы час я гляджу на яе і ўяўляю, што гэта сапраўдны агонь і ў кацялку сапраўдная поліўка з баранінай і з часнаком, і мне робіцца крыху цяплей.

— Тата Карла, даю чэснае лялечнае слова, — у цябе будзе сапраўдны агонь на камінку, сапраўдны чыгунны кацялок і гарачая поліўка. Сарві палатно!

Бураціна сказаў гэта з такой упэўненасцю, што тата Карла пачухаў патыліцу, паківаў галавой, пакрактаў, — узяў абцугі і малаток і пачаў адрываць палатно. За ім, як мы ўжо ведаем, усё было зацягнута павуціннем і віселі дохлыя павукі.

Карла старанна абмёў павуцінне. Тады сталі відаць невялікія дзверцы з пацямнелага дубу. На чатырох вуглах на іх былі выразаны твары, якія смяяліся, а пасярэдзіне — чалавечак з доўгім носам, чалавечак гэты танцаваў.

Калі з яго сцерлі пыл, Мальвіна, П'еро, тата Карла, нават галодны Артамон закрычалі ў адзін голас:

— Гэта партрэт самога Бураціна!

— Я так і думаў, — сказаў Бураціна, хоць ён нічога такога не думаў і сам здзівіўся. — А вось і ключ ад дзверцаў. Тата Карла, адамкні...

— Гэтыя дзверцы і гэты залаты ключык, — прамовіў Карла, — зроблены вельмі даўно нейкім дасціпным майстрам. Паглядзім, што схавана за дзверцамі.

Ён усунуў ключык у замочную шчыліну і пакруціў... Пачулася нягучная, вельмі прыемная музыка, нібы зайграў арганчык у музычнай скрынцы.

Тата Карла піхнуў дзверцы. Са скрыпам яны пачалі адчыняцца.

У гэты час пачуліся паспешлівыя крокі за акном, і голас Карабаса Барабаса зароў:

— Іменем Тарабарскага караля — арыштуйце старога ашуканца Карла!

 

Карабас Барабас урываецца ў каморку пад лесвіцай

 

Карабас Барабас, як мы ведаем, дарэмна стараўся ўгаварыць соннага паліцэйскага, каб ён арыштаваў Карла. Нічога не дамогшыся, Карабас Барабас пабег па вуліцы.

Яго раскудлачаная барада чаплялася за гузікі і парасоны прахожых. Ён штурхаўся і ляскаў зубамі. Услед яму прарэзліва свісталі хлапчукі, шпурлялі ў спіну яму гнілымі яблыкамі.

Карабас Барабас прыбег да начальніка горада. У гэты спякотны час начальнік сядзеў у садзе, каля фантана, у адных трусіках і піў ліманад.

У начальніка было шэсць падбародкаў, нос яго ўтапіўся ў ружовых шчоках. За спінай яго, пад ліпай, чацвёра панурых паліцэйскіх тое і рабілі, што адкаркоўвалі бутэлькі з ліманадам.

Карабас Барабас кінуўся перад начальнікам на калені і, барадой размазваючы слёзы па твары, заенчыў:

— Я няшчасны сірата, мяне пакрыўдзілі, абакралі, набілі...

— Хто цябе, сірату, пакрыўдзіў? — адсопваючыся, спытаў начальнік.

— Самы злосны вораг, стары катрыншчык Карла. Ён украў у мяне тры самыя лепшыя лялькі, ён хоча спаліць мой славуты тэатр, ён падпаліць і абрабуе ўвесь горад, калі яго зараз жа не арыштаваць.

Для падмацавання сваіх слоў Карабас Барабас выцягнуў жменю залатых манет і паклаў у туфель начальніка.

Карацей кажучы, ён такога наплёў і нахлусіў, што напалоханы начальнік загадаў чатыром паліцэйскім пад ліпай:

— Ідзіце за шаноўным сіратой і зрабіце ўсё патрэбнае іменем закону.

Карабас Барабас пабег з чатырма паліцэйскімі да каморкі Карла і крыкнуў:

— Іменем Тарабарскага караля — арыштуйце злодзея і нягодніка!

Але дзверы былі замкнуты. У каморцы ніхто не адклікнуўся. Карабас Барабас загадаў:

— Іменем Тарабарскага караля — ламіце дзверы!

Паліцэйскія націснулі, гнілыя палавінкі дзвярэй сарваліся з завесаў, і чатыры бравыя паліцэйскія, бразгаючы шаблямі, з грукатам зваліліся ў каморку пад лесвіцай.

Гэта было ў тую самую хвіліну, калі праз патаемныя дзверцы ў сцяне, нагнуўшыся, выходзіў Карла.

Ён знік апошнім. Дзверцы —

Дзынь!.. —

Зашчоўкнуліся. Ціхая музыка перастала іграць. У каморцы пад лесвіцай валяліся толькі брудныя бінты і парванае палатно з намаляваным камінкам...

Карабас Барабас падбег да патаемных дзверцаў, загрукаў у іх кулакамі і абцасамі:

Тра-та-та-та!

Але дзверцы былі моцныя.

Карабас Барабас разагнаўся і ўдарыў у дзверцы задам.

Дзверцы не паддаліся.

Ён затупаў на паліцэйскіх:

— Ламіце праклятыя дзверы іменем Тарабарскага караля!..

Паліцэйскія абмацвалі адзін у аднаго — хто пабіты нос, хто гузак на галаве.

— Не, тут работа вельмі цяжкая, — адказалі яны і пайшлі да начальніка горада сказаць, што імі ўсё зроблена па закону, але старому катрыншчыку, відаць, памагае сам нячысцік, таму што ён уцёк праз сцяну.

Карабас Барабас ірвануў сябе за бараду, паваліўся на падлогу і пачаў раўці, енчыць і качацца, як шалёны, па пустой каморцы пад лесвіцай.

 

Што яны знайшлі за патайнымі дзвярыма

 

Пакуль Карабас Барабас качаўся, як шалёны, і рваў на сабе бараду, Бураціна наперадзе, а за ім Мальвіна, П'еро, Артамон і — апошнім — тата Карла спускаліся па крутой каменнай лесвіцы ў падзямелле.

Тата Карла трымаў агарак свечкі. Яе мігатлівы агеньчык адкідваў ад Артамонавай калматай галавы ці ад працягнутай рукі П'еро вялікія цені, але не мог асвятліць цемры, куды вяла лесвіца.

Мальвіна, каб не заплакаць ад страху, шчыпала сябе за вушы.

П'еро — як заўсёды, ні к сялу ні к гораду — мармытаў вершыкі:

 

Скачуць цені на сцяне, —

Больш нішто не страшна мне.

Хоць крутыя сходцы тут,

Хоць і цёмны кожны кут, —

Толькі ж, пэўна, не к бядзе

Шлях падземны прывядзе.

 

Бураціна апярэдзіў таварышаў, — яго белы каўпачок ледзь бачны быў глыбока ўнізе.

Раптам там штосьці зашыпела, упала, пакацілася, і пачуўся яго жаласны голас:

— Сюды, на дапамогу!

У момант Артамон, забыўшыся на раны і голад, паваліўшы Мальвіну і П'еро, чорным віхрам рынуўся ўніз па лесвіцы.

Заляскалі яго зубы. Агідна завішчала нейкая істота.

Усё сціхла. Толькі ў Мальвіны гучна, як у будзільніку, стукала сэрца.

Шырокі прамень святла знізу асвятліў лесвіцу. Агеньчык свечкі, якую трымаў тата Карла, зрабіўся жоўты.

— Глядзіце, глядзіце хутчэй! — гучна паклікаў Бураціна.

Мальвіна — задам наперад — паспешліва пачала спускацца з прыступкі на прыступку, за ёю заскакаў П'еро. Апошнім, нагнуўшыся, сыходзіў Карла, раз-пораз губляючы драўляныя чаравікі.

Унізе, там, дзе заканчвалася крутая лесвіца, на каменнай пляцоўцы сядзеў Артамон. Ён аблізваўся. Каля яго ног валяўся задушаны пацук Шушар.

Бураціна абедзвюма рукамі прыўзнімаў спарахнелы лямец, — ім была завешана адтуліна ў каменнай сцяне. Адтуль лілося блакітнае святло.

Першае, што яны ўбачылі, калі пралезлі ў дзірку, — гэта яркія праменні сонца. Яны падалі са скляпенчатай столі праз круглае акно.

Шырокія праменні, у якіх танцавалі пылінкі, асвятлялі круглы пакой з жаўтаватага мармуру. Пасярод яго стаяў цудоўны тэатр лялек. На заслоне блішчаў залаты зігзаг маланкі.

Па баках заслоны ўзнімаліся дзве квадратныя вежы, размаляваныя так, нібы яны былі складзены з маленькіх цаглінак. Высокія дахі з зялёнай бляхі ярка блішчалі.

На левай вежы быў гадзіннік з бронзавымі стрэлкамі. На цыферблаце супроць кожнай лічбы намаляваны вясёлыя тварыкі хлопчыка і дзяўчынкі.

На правай вежы — круглае акенца з рознакаляровых шкельцаў.

Над гэтым акенцам, на даху з зялёнай бляхі, сядзеў цвыркун, які ўмее гаварыць. Калі ўсе, разявіўшы раты, спыніліся перад цудоўным тэатрам, цвыркун прагаварыў павольна і выразна:

— Я папярэджваў, што цябе чакаюць жахлівыя небяспекі і страшныя прыгоды, Бураціна. Добра, што ўсё скончылася шчасліва, а магло скончыцца і нешчасліва... Вось як...

Голас у цвыркуна быў стары і крыху пакрыўджаны, таму што цвыркуну, які ўмее гаварыць, у свой час усё ж папала па галаве малатком і, нягледзячы на стогадовы ўзрост і прыродную дабрату, ён не мог забыць незаслужанай крыўды. Таму ён больш нічога не дадаў, — таргануў вусікамі, нібы страсаючы з іх пыл, і павольна папоўз кудысьці ў адзінокую шчыліну — далей ад мітусні.

Тады тата Карла прамовіў:

— А я дык думаў, мы тут, прынамсі, знойдзем кучу золата і серабра, а знайшлі ўсяго толькі старую цацку.

Ён падышоў да гадзінніка, устаўленага ў вежу, пастукаў пазногцем па цыферблату, і паколькі збоку гадзінніка на медным цвічку вісеў ключык, ён узяў яго і завёў гадзіннік...

Пачулася гучнае ціканне. Стрэлкі рушылі ў дарогу. Вялікая стрэлка падышла да дванаццаці, маленькая — да шасці. Унутры вежы загуло і зашыпела. Гадзіннік звонка прабіў шэсць...

Адразу ж на правай вежы расчынілася акенца з рознакаляровых шкельцаў, выскачыла завадная стракатая птушка і, затрапятаўшы крыламі, праспявала шэсць разоў:

— Да нас-да нас, да нас-да нас, да нас-да нас...

Птушка схавалася, акенца зачынілася, зайграла катрыначная музыка. І заслона ўзнялася...

Ніхто, нават тата Карла, ніколі не бачыў такой прыгожай дэкарацыі.

На сцэне быў сад. На маленькіх дрэвах з залатымі і сярэбранымі лісцікамі спявалі завадныя шпакі велічынёй з пазногаць. На адным дрэве віселі яблыкі, кожнае з іх не большае за зерне грэчкі. Пад дрэвамі пахаджвалі паўліны і, прыўзнімаючыся на дыбачках, дзяўблі яблыкі. На палянцы скакалі і браліся ў рожкі двое казлянят, а ў паветры ляталі матылькі, ледзь прыкметныя воку.

Так прайшла хвіліна. Шпакі змоўклі, паўліны і казляняты падаліся назад, за бакавыя кулісы. Дрэвы праваліліся ў патайныя люкі пад падлогу сцэны.

На задняй дэкарацыі пачалі разыходзіцца цюлевыя воблакі. Паказалася чырвонае сонца над пясчанай пустыняй. Справа і злева, з бакавых кулісаў, выкінуліся галінкі ліян, падобныя да змей, — на адной сапраўды вісела змяя ўдаў, на другой разгойдвалася, ухапіўшыся хвастамі, сям'я малпаў.

Гэта была Афрыка.

Па пяску пустыні пад чырвоным сонцам праходзілі звяры.

Трыма скачкамі прамчаўся грывасты леў, — хоць быў ён не большы за кацяня, але страшны.

Перавальваючыся, праклыпаў на задніх лапах плюшавы мядзведзь з парасонам.

Прапоўз агідны кракадзіл, — яго маленькія брыдкія вочкі прыкідваліся добранькімі. Але ўсё ж Артамон не паверыў і загыркаў на яго.

Прамчаўся насарог, — для бяспекі на яго востры рог быў надзеты гумавы мячык.

Прабегла жырафа, падобная на паласатага, рагатага вярблюда, які з усёй сілы выцягнуў шыю.

Потым ішоў слон, сябар дзяцей, — разумны, лагодны, — памахваў хобатам, у якім трымаў соевую цукерку.

Апошнім пратупаў бачком страшэнна брудны дзікі сабака — шакал. Артамон з брэхам кінуўся на яго, — тату Карла ледзь удалося адцягнуць яго за хвост ад сцэны.

Звяры прайшлі. Сонца раптам пагасла. У цемры нейкія рэчы апусціліся зверху, нейкія рэчы высунуліся з бакоў. Пачуўся гук, нібы правялі смычком па струнах.

Загарэліся матавыя вулічныя ліхтарыкі. На сцэне была гарадская плошча. Дзверы ў дамах расчыніліся, выбеглі маленькія чалавечкі, палезлі ў лялечны трамвай. Кандуктар зазваніў, вагонаважаты крутнуў ручку, хлапчук жвава прычапіўся да каўбасы, міліцыянер засвістаў, — трамвай рушыў у бакавую вуліцу паміж высокіх дамоў.

Праехаў веласіпедыст на колах — не большых за сподачак для варэння. Прабег газетчык, — у чатыры разы складзеныя лісткі адрыўнога календара — вось якой велічыні былі ў яго газеты.

Марожаншчык пракаціў цераз пляцоўку каляску з марожаным. На балкончыкі дамоў выбеглі дзяўчынкі і замахалі яму, а марожаншчык развёў рукамі і сказаў:

— Усё з'елі, прыходзьце другім разам.

Тут заслона апусцілася, і на ёй зноў заблішчаў залаты зігзаг маланкі.

Тата Карла, Мальвіна, П'еро не маглі апамятацца ад захаплення. Бураціна, засунуўшы рукі ў кішэні, задраўшы нос, сказаў, выхваляючыся:

— Што — бачылі? Значыцца, недарэмна я мок у балоце ў цёткі Тарцілы... У гэтым тэатры мы паставім камедыю — ведаеце якую? — «Залаты Ключык, або незвычайныя прыгоды Бураціна і яго сяброў». Карабас Барабас лопне ад зайздрасці.

П'еро пацёр кулакамі наморшчаны лоб:

— Я напішу гэтую камедыю цудоўнымі вершамі.

— Я буду прадаваць марожанае і білеты, — сказала Мальвіна. — Калі вы знойдзеце ў мяне талент, паспрабую іграць ролі прыгожанькіх дзяўчынак...

— Пачакайце, дзеткі, а вучыцца калі ж? — спытаў тата Карла.

Усе разам адказалі:

— Вучыцца будзем раніцай... А вечарам іграць у тэатры...

— Ну, то-та ж, дзеткі, — сказаў тата Карла, — а я ўжо, дзетачкі, буду іграць на катрынцы, каб весяліць паважаную публіку, а калі пачнем ездзіць па Італіі з горада ў горад, буду кіраваць канём ды варыць поліўкў з бараніны з часнаком...

Артамон слухаў, задраўшы вуха, круціў галавой, глядзеў бліскучымі вачыма на сяброў, пытаўся: а яму што рабіць?

Бураціна сказаў:

— Артамон будзе загадваць бутафорыяй і тэатральнымі гарнітурамі, яму дадзім ключы ад кладоўкі. У час спектакля ён можа падрабляць за кулісамі рык ільва, тупат насарога, скрыгат кракадзілавых зубоў, выццё ветру — шляхам хуткага вярчэння хваста — і іншыя неабходныя гукі.

— Ну, а ты, ну, а ты, Бураціна? — пыталіся ўсе. — Чым хочаш быць пры тэатры?

— Дзівакі, у камедыі я буду іграць самога сябе і праслаўлюся на ўвесь свет!

 

Новы тэатр лялек дае першы спектакль

 

Карабас Барабас сядзеў перад камінкам у дрэнным настроі. Сырыя дровы ледзь тлелі. На вуліцы ліў дождж. Дзіравы дах тэатра лялек працякаў. У лялек адсырэлі рукі і ногі, на рэпетыцыях ніхто не хацеў працаваць, нават пад пагрозай бізуна ў сем хвастоў. Лялькі ўжо трэці дзень нічога не елі, віселі на цвіках у кладоўцы і злавесна перашэптваліся.

З раніцы не было прададзена ніводнага білета ў тэатр. Ды і хто пайшоў бы глядзець у Карабаса Барабаса нудныя п'есы і галодных, абшарпаных акцёраў!

На гарадской вежы гадзіннік прабіў шэсць. Карабас Барабас панура павалокся ў глядзельную залу, — пуста.

— Чорт бы пабраў усіх шаноўнейшых гледачоў, — прабурчаў ён і выйшаў на вуліцу. Выйшаўшы, глянуў, міргнуў і разявіў рот так, што туды лёгка магла б заляцець варона.

Насупраць яго тэатра перад вялікай новай палатнянай палаткай стаяў натоўп, не звяртаючы ўвагі на сыры вецер з мора.

Над уваходам у палатку на памосце стаяў даўганосы чалавечак у каўпачку, трубіў у хрыпучую трубу і нешта крычаў.

Публіка смяялася, пляскала ў далоні, і многія заходзілі ў палатку.

Да Карабаса Барабаса падышоў Дурамар; ад яго, як ніколі, пахла тванню.

— Э-хе-хе, — сказаў ён, збіраючы ўвесь твар у кіслыя маршчыны, — нікуды не варты справы з лячэбнымі п'яўкамі. Вось хачу пайсці да іх, — Дурамар паказаў на новую палатку, — хачу папрасіцца ў іх свечкі запальваць ці падмятаць падлогу.

— Чый гэты пракляты тэатр? Адкуль ён узяўся? — зароў Карабас Барабас.

— Гэта самі лялькі адкрылі тэатр лялек «Маланка», яны самі пішуць п'есы ў вершах, самі іграюць.

Карабас Барабас заскрыгатаў зубамі, ірвануў сябе за бараду і пашыбаваў да новай палатнянай палаткі.

Над уваходам у яе Бураціна выкрыкваў:

— Першы паказ цікавай, займальнай камедыі з жыцця драўляных чалавечкаў. Праўдзівы расказ пра тое, як мы перамаглі ўсіх сваіх ворагаў з дапамогай дасціпнасці, адвагі і смеласці...

Каля ўвахода ў тэатр лялек у шкляной будачцы сядзела Мальвіна з прыгожым бантам у блакітных валасах і не паспявала раздаваць білеты ўсім, хто хацеў паглядзець вясёлую камедыю з жыцця лялек.

Тата Карла ў новай аксамітнай куртцы круціў катрынку і весела падміргваў шаноўнейшай публіцы.

Артамон цягнуў за хвост з палаткі лісіцу Алісу, якая прайшла без білета.

Кот Базіліо, таксама безбілетны, паспеў уцячы і сядзеў пад дажджом на дрэве, гледзячы ўніз злоснымі вачыма.

Бураціна, надзьмуўшы шчокі, затрубіў у хрыпучую трубу:

— Спектакль пачынаецца!

І збег па лесвіцы, каб іграць першую сцэну камедыі, у якой паказвалася, як бедны тата Карла выстругвае з палена драўлянага чалавечка, не думаючы, што гэта прынясе яму шчасце.

Апошняй прыпаўзла ў тэатр чарапаха Тарціла, трымаючы ў роце ганаровы білет на пергаментнай паперы з залатымі ражкамі.

Спектакль пачаўся. Карабас Барабас панура вярнуўся ў свой пусты тэатр. Узяў бізун у сем хвастоў. Адамкнуў дзверы ў кладоўку.

— Я вас, паршыўцы, адвучу ленавацца! — люта зароў ён. — Я вас навучу завабліваць да мяне публіку!

Ён ляснуў бізуном. Але ніхто не адказаў. Кладоўка была пустая. Толькі на цвіках віселі абрыўкі вяровачак.

Усе лялькі — і Арлекін, і дзяўчынкі ў чорных масках, і чараўнікі ў спічастых шапках з зоркамі, і гарбуны з насамі, як агурок, і арапы, і сабачкі, — усе, усе, усе лялькі ўцяклі ад Карабаса Барабаса.

Страшна выючы, ён выскачыў з тэатра на вуліцу. Ён убачыў, як апошнія з яго акцёраў уцякалі цераз лужыны ў новы тэатр, дзе весела іграла музыка, чуўся рогат, плясканне ў далоні.

Карабас Барабас паспеў толькі схапіць мультановага сабачку з гузікамі замест вачэй. Але на яго, ні адсюль ні адтуль, наляцеў Артамон, паваліў, выхапіў сабачку і памчаўся з ім у палатку, дзе за кулісамі для галодных акцёраў была прыгатавана гарачая поліўка з баранінай і часнаком.

Карабас Барабас так і застаўся сядзець у лужыне пад дажджом.

 

1936 г.



Пераклад: Алесь Бачыла

Беларуская Палічка: http://knihi.com