epub
 
Падключыць
слоўнікі

Альда Барэйс

Пакаштаваць Сусьветнага Вяпрука

Дзікі вяпрук разрывае блакітны каберац сваім вогненным лычам і нараджаецца маленькі, зухаваты бог. Дазвольце пазнаёміць. Гэта Аўсень. Малеча, але ж хутка шыхтуе свайго радзімца: «Аюсь!» і шпарка зьнікае разам зь ім на захадзе, каб адпачыць у валадарстве Жыжаля.

Вось і прыйшла ноч. Ты не адзін. У небе багата зорак і ходзіць Месяц. Ты можаш адпачыць ад сьпёкі, ад працы, ад тлуму й прысьвяціць свой час Богу, Вечнасьці, Вялікаму  Н і ш т о.

Н о ч. Богі прачынаюцца. Іх вечныя сады й палацы загараюцца яснымі агнямі сузор'яў. Яны клічуць цябе ў госьці. Ты ў захапленьні глядзіш на грандыёзны баль. Нарэшце, ты па-сапраўднаму  з ь в е д в а е ш  багоў.  В е д а  прыходзіць з космасу ночы. Вялес, Мара, Пярун, Параскева, Аўсень, Лада, Ярыла, Майя, Кума, Зьніч... Што можа быць прасьцей за спасьціжэньне Бога? Нават тысяч ягоных абліччаў?

Богі ядуць сакральнага вепрука. Толькі Пярун ня есьць. Ён кідае мяса двум ваўкам - Стаўру ды Гаўру.

Праз усе нябесныя царствы цячэ малочная рака, зь якой богі п'юць вечную маладосьць. І на паўночным захадзе спадае на зямлю, увасабляецца ў Дзьвіну, і жамчужына-зорка Эрыдан навечна мацуе гэты водны зьвяз нябеснае й зямное цьвердзі.

Бліжэй да золку на ўсходзе зьявіцца Яшчар. Ён не падымецца высока ў неба. Толькі ледзь-ледзь лізьне корань Сусьветнага Дрэва. Ён - хаатычны й непрадказальны. Ён ранкам параніць Дрэва Жыцьця й народзіць дзікага вепрука, які захіне сваім мажным целам божы сьвет. І нарабіўшы шкоды, хуценька схаваецца ў залатым жыце нябёсаў. Але гэта будзе потым.

А пакуль - прыходзіць Вялес. Змора цалуе твае павекі, ты заплюшчваеш вочы й вось ужо пціца-палугрыца нясе цябе ў высокія харомы. І ты балюеш разам з багамі. Ты сустракаеш  д з я д о ў. Ты перажываеш надзвычайныя прыгоды, праходзіш выпрабаваньні, сустракаеш паразы й перамогі, сутыкаесься з пачварамі, ратуеш казачных прыгажунь, размаўляеш з продкамі...

Сьвітанак. Мара цалуе Вялеса. Сон-ца - сон цара. Ты міргаеш.




Беларуская Палічка: http://knihi.com