epub
 
падключыць
слоўнікі

Алег Аблажэй

Броўнаўскія думкі (2001-2003)

 

Цяжка мастаку дастукацца да сэрца гледача. Але куды цяжэй - да ягонага кашалька.

 

Спробы быць добрымі для УСІХ канчаюцца тым, што ворагамі робяцца УСЕ.

 

Нельга верыць п'яніцам. Але ні ў якім разе нельга верыць таму, хто не п'е зусім.

 

Не заўсёды той, хто здольны схапіць зорку з неба, умее пакласці яе ў свой кашалёк...

 

"Новае - забытае старое!" - не зусім дакладны выраз. Новае - гэта вечнае, якое вярнулася з адпачынку.

 

Для людзей не мае значэння, ёсць Бог ці не. Значэнне маюць тыя інстытуцыі, якія абслугоўваюць гэту ідэю.

 

Божа, дай сілы вытрымаць дачыненні з Тваімі служкамі!

 

Рэлігія - святло і цемра ў адным флаконе.

 

Горш рэлігіі толькі атэізм.

 

Ці можна назваць некаторыя ўчынкі Бога нялюдскімі?

 

Жанчыны - лепшыя за мужчын. Апроч тых, каторыя прытрымліваюцца такой думкі.

 

Усё цяжэй сустрэць на вуліцы асобу ў спадніцы. І найчасцей гэта будзе шатландзец...

 

Калі ты стомлены, паранены, прыніжаны - яшчэ можаш змагацца. І толькі ўсраўшыся не паваюеш...

 

Найчасцей слова даюць тады, калі больш за ўсё хочацца маўчаць...

 

Хачу жыць доўга. Але ў сваёй хаце, а не ва ўспамінах.

 

Не робіць памылак той, хто не робіць нічога. Так і чыняць "святыя старцы".

 

Ёсць рэчы, якія нельга растлумачыць, але можна зразумець.

 

Ёсць людзі якія пазбаўлены органаў зроку ці слыху. А ёсць - пазбаўленыя органаў дружбы.

 

Паэт - супраць Бога. Але за пасаду плацяць не яму - ён сам плаціць жыццём.

 

Я стварыў свой свет, свае вобразы, сваю тэхніку. Засталося зрабіць свайго гледача.

 

Не бывае крызісаў эканамічных. Бываюць толькі маральныя.

 

Бяда не ў тым, што час праходзіць. Бяда, што ён няспынна топча нас...

 

Нельга перашкаджаць людзям памыляцца. Праз гэтыя памылкі здзяйсьняецца іх Лёс.

 

Урэшце мы маем сапраўды монатэістычнае грамадства. Бог - адзіны. Імя яму -грошы.

 

Проза жыцця змушае нас быць паэтамі.

 

Цікава, што пусты чалавек, спусташаючы суразмоўніка, аніколькі не напаўняецца сам!

 

Мастак мае справу з людзьмі - палітык з натоўпам. Вось у чым розніца.

 

У жыцці настойлівы дурань можа дабіцца куды больш, чым сарамлівы мудрэц.

 

Там, дзе таўкатня і цісканіна вакол любога куміра - мяне няма і ніколі ня будзе.

 

Мяне цікавіць і я веру толькі ў таго Бога, які праяўляе сябе праз Прыгажосць. І я буду служыць толькі і выключна такому Богу і ніякім іншым!

 

Я навучыўся размаўляць на многіх мовах, але ўсё часцей не маю з кім...

 

Крытыкі вельмі любяць мастакоў, якія парушаюць правілы паводле іхніх правілаў...

 

Вечна сыты страўнік шкодна ўплывае на вочы - яны робяцца пустымі. Натоўп - гэта скапленне вызваленых дэманаў.

 

Цікавая рэч - у мастацтве свабода і несвабода прыводзяць да аднолькавых вынікаў - да дыктатуры пасрэднасці.

 

У маім мастацтве няма нічога новага - апроч таго, што я сам новы.

 

Ці не пара ў карны кодэкс унесці артыкул "Распальванне міжполавай варожасьці"!

 

Не разумею, чаму жанчыне мець 18 гадоў не сорамна, а 48 - сорамна? Сорамна выглядаць абы-як, а не жыць доўга!

 

Нашыя "адраджэнцы" раптоўна палюбілі літару "Г" - кажуць "ГІТ, ГІРОНІЯ, ГАКЕР", нават ГАРАБЫ. Слухаеш, абураешся, а потым думаеш - ну і ГУЙ з вамі!

 

Не трэба мне "нацыянальНАВА адраджэння"!

 

Сучасныя мастакі звялі мастацтва да ўзроўню смецця. І самі сталі смеццем - сацыяльным.

 

Т. зв. "постмадэрністы" - сейбіты неразумнага, нядобрага і знявечанага. Калі нешта знаходзіш - заўсёды нешта губляеш.

 

Сапраўдная Прыгажосць - самадастатковая. І не патрабуе ані ідэалагічнага, ані маральнага, ані яшчэ якога абгрунтавання.

 

У сапраўднага мастака рукі разумнейшыя за галаву.

 

Неяк зусім забыта, што мастацтва існуе не для таго, каб крытыкі рабілі свае экзэрсізы, а для чагось большага!

 

Тыя, хто ня здольныя любіць, замяняюць гэта пачуццё такім жа моцным -нянавісцю...

 

Занеслі ў кнігу рэкордаў Гінэса. Уперад нагамі...

 

Змагары за свабоду вельмі крыўдзяцца, калі высвятляецца, што ты хочаш быць свабодным і ад іх.

 

Калі глядзіш ТV - адна надзея, што ўсіх нас выратуе рвотны рэфлекс...

 

Палітык, якому не прыемны інтрыгі, нагадвае баксёра, які не любіць біць чалавека па твары...

 

Ці былі б напісаны санеты ў гонар Лаўры, калі б яна была "бізнесвуман".

 

Як гэта феміністкі мірацца з тым, што тэрмін "фемінізм" - мужчынскага роду?

 

Жанчыны так баяцца лішняй вагі, што нават тэксты жаночых часопісаў пазбаўлены калорый!

 

Калі вар'яцтва вырастае да каласальных памераў, яго можна выдаваць за

 

высокародную ідэю.

 

У ХХ стогаддзі адбылася - і яшчэ не скончылася - ІІІ сусветная вайна. Вайна з Прыгажосцю.

 

Ёсць шчаслівыя людзі, якія крочаць у нагу з натоўпам, але перакананы, што шлях яны выбралі самі ў выніку цяжкіх духоўных пошукаў...

 

Кожны ўпадак любіць выдаваць сябе за росквіт.

 

Калі не ведаеш, што рабіць - не рабі прынамсі таго, што пазбаўлена сэнсу.

 

Як надакучыла зіма, беднасць і тоўстыя бабы ў портках.

 

Часам адзіны сэнс якогась дзеяння - тое, што гэта стварае ілюзію сэнсу жыцця.

 

Чаго хоча кабета, таго хоча Бог. Але адзін Бог ведае, чаго хоча кабета!

 

Настаў час для подзвігу, якія мужчыны павінны здзейсніць у імя жанчын - выратаваць жаночую прыгажосць ад саміх жанчын...

 

Каб пазнаць праўду - трэба да яе наблізіцца, каб пазнаць глупства - трэба ад яго аддаліцца.

 

Наш час не б'е па галаве дубінаю. Капае кроплямі. Метадычна і балюча...

 

Барацьба за свабоду не заўсёды канчаецца паразаю тырана. Але ў любым выпадку - паразаю саміх барацьбітоў.

 

У Дэкларацыю правоў чалавека трэба ўнесьці пункт: "Кожны мае права быць нармальным".

 

О, Беларусь, мая АЙЧЫМА...

 

"Блочнае" будаўніцтва - архітэктурныя джынсы.

 

У мастацтве самае жывучае тое, што ўжо даўно мёртвае.

 

Вільня яшчэ не стала поўнасцю еўрапейскім горадам - у ёй няма ані неграў, ані азіятаў...

 

Бог сурова выпрабоўвае некаторых мнішак - ён надзяляе іх гэткімі пышнымі бюстамі...

 

Жаданні часам спаўняюцца і супраць тваёй волі...

 

Таленавітага чалавека можа ўратаваць ад самагубства ўсведамленне банальнасці такога ўчынку.

 

Калі выглядаеш лепш чым жывеш - гэта маленькая перамога над Лёсам.

 

Калі не ведаеш, як жыць - жыві так, быццам аб гэтым няведанні не ведаеш...

 

Мяне больш хвалююць пытанні, на якія заведама няма адказу.

 

Калі ты носіш у сабе крыўду, то яна грызе цябе, а не таго, хто цябе пакрыўдзіў.

 

Гора Фідыю, які нарадзіўся ў эпоху вандалаў...

 

Палітра бяды куды больш разнастайная, чым палітра шчасця.

 

Там добра, дзе нас няма. Можа, пагэтаму й добра?

 

Калі феміністка кажа пра мужчыну "баба" - ці з'яўляецца гэта кампліментам?

 

На візітных картках Цемры заўсёды напісана "Святло".

 

Празмерную сціпласць амаль немагчыма адрозніць ад чапярыстасці.

 

Трэба вярнуць мастацтву Годнасць, вось у чым пытанне.

 

Пачуў, што ёсць асобы, якія калекцыянуюць цюбікі ад зубной пасты. То можа знойдуцца й дзівакі, што будуць збіраць мае творы?..

 

Параліч волі - адна з самых страшных хваробаў, якая можа напаткаць мастака... Ілюзіі - гэта вітаміны, якія дапамагаюць знесці рэчаіснасць... Не бывае сяброў каля карыта.

 

Ранейшая фраза "Я, как коммунист" замянілася на "Я, как глубоко верующий..."

 

Чым больш на цябе падае святла, тым лягчэй у цябе пацэліць.

 

Старэнне - гэта калі ўсё больш хочацца гаварыць самому, а не слухаць іншых.

 

Як не навучышся глядзець знізу ўверх на тых, хто глядзіць на цябе зверху ўніз -так унізе й застанешся. Але будзеш вышэй іх.

 

Дыяген з ліхтаром шукаў не проста чалавека, а такога, з якім можна было памаўчаць.

 

Па сутнасці людзям патрэбны не адказы на пытанні - а як найбольш праўдападобныя ілюзіі такіх адказаў.

 

"Добрых часоў" не бывае - бываюць толькі добрыя лёсы.

 

"Выдатны" таму і выдатны, што аб яго ўсе спатыкаюцца.

 

З усіх мастацтваў найважнейшым з'яўляецца мастацтва жыць.

 

Я не люблю цябе, Радзіма,

Дзе дом пакінуты сумуе.

Я не люблю цябе, адзінай.

Там бруд, і цемра там пануе.

 

І недзе там каменны ганак

Травою дзікай зарастае.

І праз вакенца кожны ранак

Прамень дарма мяне шукае.

 

Ні гутаркі чутно, ні смеху.

Сялянаў сон схіліў найніжай.

Над іх галовамі не стрэхі,

А камяні цяжкія з крыжам

 

І ад старой і хворай хаты,

Дзе кросны матчыны стаялі,

Я ўцякаў на ўсход і захад,

А сны назад мяне вярталі.

 

І цяжкі выбар, цяжкі роздум

Мяне даводзіць да вар'яцтва:

Мне страшна з'ехаць назаўсёды,

Але яшчэ страшней застацца

 

І так мінаюць вёсны й зімы,

Ды час нічога ўжо не значыць.

Я не люблю цябе, Радзіма

Я не люблю цябе - і плачу...

 

 

 


2001-2003

Тэкст падаецца паводле выдання: Куфэрак Віленшчыны № 1 (9) 2004