epub
 
падключыць
слоўнікі

Алег Дзярновіч

Кроніка Менскай Вясны - 96

Кроніка падзеяў
  Дзень Канстытуцыі
    15 сакавіка (пятніца). Па ўсёй краіне адбываюцца акцыі ў абарону Канстытуцыі і супраць палітыкі прэзыдэнта А.Лукашэнкі, чые ўказы Канстытуцыйны Суд прызнае неканстытуцыйнымі.
  Дзень Волі
    24 сакавіка (нядзеля). Масавыя акцыі, прысьвечаныя 78-м угодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (25.03.1918).
    25 сакавіка (панядзелак). 78-я ўгодкі абвяшчэньня БНР.
    29 сакавіка (пятніца). Сэрыя акцыяў супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі.
    31 сакавіка (нядзеля). Улады праводзяць акцыю ў адказ на дзеяньні апазыцыі - з усёй краіны ў Менск на мітынг спэцыяльнымі аўтобусамі звозяцца "прадстаўнікі працоўных калектываў".
    1 красавіка (панядзелак)
  Супраць "інтэграцыі" ў Расею
    2 красавіка (аўторак). Па ўсёй краіне праходзяць акцыі пратэсту супраць падпісаньня ў Маскве прэзыдэнтамі Б.Ельцыным і А.Лукашэнкам Дамовы пра ўтварэньне "Супольнасьці Расеі й Беларусі", у выніку якой для Беларусі значна ўзмацнілася пагроза страты сувэрэнітэту. Тэкст дамовы да апошняга моманту невядомы ні дэпутатам Вярхоўнага Савету, ні народу на вуліцы. Пратэсты беларускай грамадзкасьці паўплывалі на тое, што апошні варыянт Дамовы быў скарэктаваны ў напрамку захаваньня зьнешніх прыкметаў сувэрэнітэту Беларусі.
    5 красавіка (пятніца)
    12 красавіка (пятніца)
    13 красавіка (субота)
    20 красавіка (субота)
    24 красавіка (серада)
  Чарнобыльскі Шлях
    26 красавіка (пятніца). 10-я ўгодкі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
  Масавыя арышты
    27 красавіка (субота)
    28 красавіка (нядзеля)
    29 красавіка (панядзелак)
    30 красавіка (аўторак)
  Дзень Працы
    1 траўня (серада). Адзначэньне Дня працы.
    2 траўня (чацьвер)
    4 траўня (субота)
    8 траўня (серада)
  Дзень Перамогі
    9 траўня (чацьвер). Адзначэньне Дня перамогі ў Другой сусьветнай вайне.
    14 траўня (аўторак). Гадавіна антыбеларускага рэфэрэндуму.
    15 траўня (серада)
    16 траўня (чацьвер)
    17 траўня (пятніца)
    18 траўня (субота)
    19 траўня (нядзеля)
    21 траўня (аўторак)
    25 траўня (субота)
    27 траўня (панядзелак)
    29 траўня (серада)
  За свабоду палітычных вязьняў
    30 траўня (чацьвер)
    4 чэрвеня (аўторак)
    5 чэрвеня (серада)
    7 чэрвеня (пятніца)
    14 чэрвеня (пятніца)
    18 чэрвеня (аўторак)
    20 чэрвеня (чацьвер)
    22 чэрвеня (субота). Дзень пачатку Другой сусьветнай вайны.
  Заканчэньне


Сьцюдзёная "Менская Вясна - 96" - гэта сэрыя масавых акцыяў пратэсту супраць аўтарытарнага рэжыму прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі. Мітынгі, пікеты, зьбіцьцё дэманстрантаў, арышты, галадоўкі, палітычныя суды, пагромы, ператрусы, - усім гэтым на працягу трох веснавых месяцаў было напоўненае грамадзкае і палітычнае жыцьцё краіны. Усё гэта стала галоўнай тэмай матэрыялаў незалежнае прэсы, дакумэнтаў і ўспамінаў, якія склалі гэтую кнігу.

 

Кроніка падзеяў

 

Дзень Канстытуцыі

 

15 сакавіка (пятніца). Па ўсёй краіне адбываюцца акцыі ў абарону Канстытуцыі і супраць палітыкі прэзыдэнта А.Лукашэнкі, чые ўказы Канстытуцыйны Суд прызнае неканстытуцыйнымі.

 

Менск. Мітынг кааліцыі дэмакратычных партыяў каля Опэрнага тэатру. Сярод выступоўцаў - дэпутаты парлямэнтаў Польшчы і Ўкраіны. Удзельнічаюць больш за 3 тыс. чалавек. За будынкам тэатру дзяжурыць каля дзясятка грузавікоў з салдатамі ўнутраных войскаў. Гэта першая масавая акцыя ў Беларусі пасьля рэфэрэндуму 1995 г. Пачатак "Менскай Вясны".

Віцебск. Пікет у абарону Канстытуцыі, які выставілі актывісты БНФ, разагнаны міліцыяй. Пяцёра пікетчыкаў затрыманыя.

Горадня. Пікеты, арганізаваныя БНФ, разагнаныя міліцыяй. Трох чалавек затрымалі. У цэнтры горада падчас пікету зьбіраліся подпісы ў абарону Канстытуцыі і супраць палітыкі А.Лукашэнкі.

Лёзна (Віцебская вобласьць). На 40-мэтровым коміне райбыткамбінату - самай высокай кропцы ў горадзе - вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Цыдулка з патрыятычным вершам, прымацаваная да сьцягу, падпісаная "Мірон".

Магілеў. Пікет дэмакратычных партыяў у абарону Канстытуцыі. Супрацоўнікі КГБ здымаюць пікетчыкаў на відэа.

 

Дзень Волі

 

24 сакавіка (нядзеля). Масавыя акцыі, прысьвечаныя 78-м угодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (25.03.1918).

 

Менск. Масавае несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Незалежнасьці і мітынг каля Опэрнага тэатру, арганізаваныя БНФ. Удзельнічаюць ад 20 да 30 тысячаў чалавек, якія скандуюць лёзунгі "Жыве Беларусь!", "Незалежнасьць!", "Далоў Лукаша!". На мітынгу на прапанову Сяргея Антончыка ўдзельнікі зьбіраюць грошы "на білет Лукашэнку да Масквы". Апазыцыя спрабуе дамагчыся тэлевізійнага эфіру каля будынку Тэлерадыёкампаніі. Улады ўжываюць сілу. Пасьля акцыі пратэсту спэцаддзелы міліцыі нападаюць на людзей, якія ўжо разыходзяцца. А 17-й гадзіне на праспэкце Ф.Скарыны, каля будынку КГБ, спэцназ учыняе сапраўднае пабоішча. Арыштавана каля 30 ўдзельнікаў мітынгу. Ёсьць параненыя.

 

25 сакавіка (панядзелак). 78-я ўгодкі абвяшчэньня БНР.

 

Менск. Адкрыцьцё выставы мастацкай суполкі "Пагоня" мае характар палітычнай акцыі.

Уначы з 25-га на 26-га Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык выяжджаюць зь Беларусі. Пачатак сярэднеэўрапейскага турнэ лідараў БНФ (Украіна, Чэхія, Польшча) з мэтай інфармаваць міжнародную грамадзкасьць пра становішча ў Беларусі.

Горадня. На мітынг зьбіраецца каля тысячы чалавек. Над будынкам абласной бібліятэкі імя Карскага ўзьняты бел-чырвона-белы сьцяг, які правісеў там два дні.

 

29 сакавіка (пятніца). Сэрыя акцыяў супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі.

 

Менск. Пікетаваньне расейскае амбасады. Лёзунг: "Не выйдет, господа!" Пікет каля Галоўнага паштамту.

 

31 сакавіка (нядзеля). Улады праводзяць акцыю ў адказ на дзеяньні апазыцыі - з усёй краіны ў Менск на мітынг спэцыяльнымі аўтобусамі звозяцца "прадстаўнікі працоўных калектываў".

 

Менск. На праспэкце Машэрава, у раёне, дзе адбываўся пракамуністычны мітынг, міліцыя затрымлівае студэнтаў-удзельнікаў пікету. Студэнты трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі й скандуюць "Жыве Беларусь!".

 

1 красавіка (панядзелак)

 

Менск. Ператрус у штаб-кватэры БНФ, учынены супрацоўнікамі гарадзкой пракуратуры. Сканфіскавана некалькі тысячаў улётак.

Менск. Каля Галоўнага корпусу Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту каля 60 студэнтаў ладзяць сатырычны пэрфоманс з "Жалобнай інтэграцыйнай цырымоніяй".

 

Супраць "інтэграцыі" ў Расею

 

2 красавіка (аўторак). Па ўсёй краіне праходзяць акцыі пратэсту супраць падпісаньня ў Маскве прэзыдэнтамі Б.Ельцыным і А.Лукашэнкам Дамовы пра ўтварэньне "Супольнасьці Расеі й Беларусі", у выніку якой для Беларусі значна ўзмацнілася пагроза страты сувэрэнітэту. Тэкст дамовы да апошняга моманту невядомы ні дэпутатам Вярхоўнага Савету, ні народу на вуліцы. Пратэсты беларускай грамадзкасьці паўплывалі на тое, што апошні варыянт Дамовы быў скарэктаваны ў напрамку захаваньня зьнешніх прыкметаў сувэрэнітэту Беларусі.

 

Масква. Аб'яднаньне "Дэмакратычная Расея" на чале з В.Навадворскай пікетуе амбасаду Беларусі пад лёзунгам "За нашу й вашу свабоду".

Менск. У шэсьці пратэсту ўдзельнічае да 30 тысячаў чалавек. Мітынг каля Палаца спорту. Галоўны ўдзельнік акцыяў - моладзь ад 16 да 25 гадоў, што характарызуе новы этап разьвіцьця палітычнага працэсу ў Беларусі. Спаміж лёзунгаў - "Моладзь за Беларусь!". Адбываюцца нязначныя сутычкі са спэцназам. Напады міліцыі на журналістаў.

Берасьце. Насупраць будынку абласной адміністрацыі наладжаны пікет супраць падпісаньня беларуска-расейскай дамовы. Міліцыя затрымала 7 удзельнікаў пікету.

Віцебск. Каля 100 чалавек на плошчы Свабоды ўтварылі пікет. Міліцыя затрымала ўдзельнікаў. На 6 чалавек складзеныя пратаколы.

Магілеў. На антылукашэнкаўскі пікет мясцовых філіяў БНФ і БСДГ сабралося каля 200 чалавек.

Магілеў. У Пэдагагічным унівэрсытэце ладзяць збор подпісаў "за далучэньне Магілева да Швэцыі".

 

5 красавіка (пятніца)

 

Менск. КГБ арыштоўвае паэта і журналіста Славаміра Адамовіча, якому інкрымінуецца заклік да тэрарыстычнага акту ў форме верша "Убей президента", апублікаванага ў віцебскай газэце "Выбар".

Менск. Чыноўнікі адукацыі праводзяць нарады з усімі дырэктарамі менскіх школ, на якіх запалохваюць пэдагогаў звальненьнем з працы ў выпадку, калі будзе засьведчаны іх удзел у мітынгу і шэсьці 2 красавіка.

Менск. Цэнтральны РАУС Менску ўзбудзіў адміністрацыйную справу супраць намесьніка старшыні БНФ Лявона Баршчэўскага. Улады абвінавачваюць яго ў арганізацыі мітынгу 2 красавіка каля Палаца спорту.

 

12 красавіка (пятніца)

 

Менск. Каля будынку Пракуратуры РБ наладжаны пікет да гадавіны зьбіцьця дэпутатаў апазыцыі ў Авальнай залі Вярхоўнага Савету. Удзельнічаюць каля 50 чалавек. Арганізатары - экс-дэпутаты С.Антончык і Ю.Беленькі.

Менск. У кватэры экс-дэпутата Сяргея Антончыка апісваюць маёмасьць. С.Антончык лічыць, што гэта - помста адміністрацыі прэзыдэнта за антыкарупцыйны даклад у Вярхоўным Савеце.

 

13 красавіка (субота)

 

Вільня. Саюз беларускай моладзі Віленшчыны ладзіць каля амбасады Рэспублікі Беларусь акцыю "Выгнаньне сатаны".

 

20 красавіка (субота)

 

Менск. У Траецкім прадмесьці адзначаныя 10-я ўгодкі "Чорнай нядзелі". Тады на гэтым месцы нацкаваныя ўладамі вэтэраны Афганскай вайны ўчынілі напад на 12-16-гадовых дзяцей, якія выйшлі адзначыць беларускае народнае сьвята Гуканьне вясны.

Магілеў. Падчас распаўсюджваньня ўлётак антыпрэзыдэнцкага зьместу міліцыя затрымлівае Аляксандра Бярозку. Канфіскавана 450 асобнікаў улётак.

 

24 красавіка (серада)

 

Менск. Ператрус у памяшканьні рэдакцыі газэты "Наша Ніва". Санкцыя выдадзена Генэральным пракурорам з нагоды справы Славаміра Адамовіча, матэрыялы якога друкаваліся ў "Нашай Ніве".

 

Чарнобыльскі Шлях

 

26 красавіка (пятніца). 10-я ўгодкі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

 

Менск. Масавае шэсьце па праспэкце Францішка Скарыны ад Акадэміі Навук і мітынг апазыцыйных сілаў. Удзельнічае больш за 50 тысячаў чалавек. Пачатак акцыі адзначаны спаленьнем расейскага сьцягу. На мітынгу апазыцыі выступае Зянон Пазьняк, які нелегальна вярнуўся ў Беларусь (пасьля акцыі ён зноў мусіў пакінуць краіну). Мітынг адзначаны хвілінай маўчаньня ў памяць пра забітага Джахара Дудаева.

Улады забараняюць акцыю і кідаюць на падаўленьне пратэсту спэцаддзелы: амон, спэцназ, армейскія падразьдзелы, а таксама расейскі амон. Жорсткія сутычкі са спэцназам. Каля 100 чалавек пацярпелі, ёсьць параненыя. Пасьля мітынгу каля Палаца спорту распачаліся арышты. Каля 23 гадзінаў - напад спэцслужбаў на штаб-кватэру БНФ. Затрыманы дэпутат ВС Павел Знавец.

У "Чарнобыльскім шляху" бралі ўдзел прадстаўнікі УНА-УНСО. Напярэдадні адна іхняя група ў 15 чалавек зьнята міліцыяй з цягніка ў Баранавічах. У ліку гэтых людзей - дэпутат украінскага парлямэнту Юры Тыма. Група, што даехала да Менску, арыштаваная там ужо пасьля заканчэньня выступаў апазыцыі.

Магілеў. Мітынг апазыцыйных сілаў (БНФ, БСДГ, АГП). Удзельнічае каля 2,5 тысячаў чалавек. Пасьля мітынгу ягоныя ўдзельнікі арганізуюць дэманстрацыю па цэнтральнай вуліцы. Скандуюць лёзунгі "Жыве Беларусь!" і "Луку на муку!"

Полацак. Міліцыя арыштоўвае 10 удзельнікаў пікету, які праводзілі прадстаўнікі БНФ.

 

Масавыя арышты

 

27 красавіка (субота)

 

Менск. Раніца. Працяг арыштаў. Інтэрнаванае амаль усё кіраўніцтва БНФ. Усяго 26-27 красавіка арыштавана больш за 200 чалавек.

 

28 красавіка (нядзеля)

 

Менск. Пачатак галадоўкі пратэсту Юрыя Хадыкі й Вячаслава Сіўчыка.

 

29 красавіка (панядзелак)

 

Менск. Нарада ў рэзыдэнцыі А.Лукашэнкі кіраўнікоў усіх сілавых структураў Беларусі; А.Лукашэнка незадаволены іх дзеяньнямі 26 красавіка. Пагрозы рэпрэсіяў у бок удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху".

Канстытуцыйны Суд прызнае неадпаведным Канстытуцыі Беларусі ўказ А.Лукашэнкі ад 29.12.1995, паводле якога ад органаў улады патрабуецца выконваць указы прэзыдэнта Беларусі, якія былі прызнаныя неканстытуцыйнымі.

 

30 красавіка (аўторак)

 

Менск. Вызвалены два лідары БНФ - Лявон Баршчэўскі й Вінцук Вячорка. Арыштаваны Андрэй Рамашэўскі - лідар Партыі Аматараў Піва. Падстава арышту - спаленьне 24 траўня 1995 г. сьцяга БССР перад рэзыдэнцыяй А.Лукашэнкі.

 

Дзень Працы

 

1 траўня (серада). Адзначэньне Дня працы.

 

Менск. Адбываюцца дазволеныя ўладамі альтэрнатыўныя шэсьці, арганізаваныя камуністамі і БСДГ. Мітынг на плошчы Незалежнасьці. Спалены партрэт А.Лукашэнкі. Напады спэцслужбаў на беларускіх і замежных журналістаў, гвалтоўна канфіскуюцца відэакасэты й фотастужкі.

Магілеў. Затрыманы падчас санкцыянаванага мітынгу прадстаўнікі БСДГ, Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі й Свабодных прафсаюзаў.

Беласток. Польскія беларусы і беластоцкая арганізацыя Вуніі Працы пікетуюць Генэральны кансулят Рэспублікі Беларусь у знак пратэсту супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Удзельнічае каля 50 чалавек. Спалены партрэт А.Лукашэнкі.

 

2 траўня (чацьвер)

 

Менск. На вуліцы схоплены 30-гадовы рабочы Аляксандар Міхалевіч, які падчас першамайскага мітынгу спаліў партрэт А.Лукашэнкі. У той жа дзень ён асуджаны на пяць сутак.

 

4 траўня (субота)

 

Менск. БНФ атрымлівае пісьмовае папярэджаньне зь Міністэрства юстыцыі. Адна з галоўных прэтэнзіяў - выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі.

 

8 траўня (серада)

 

Горадня. Пікет БНФ у падтрымку галадоўнікаў Ю.Хадыкі і В.Сіўчыка. Такія ж пікеты адбываюцца 10 і 12 траўня.

 

Дзень Перамогі

 

9 траўня (чацьвер). Адзначэньне Дня перамогі ў Другой сусьветнай вайне.

 

Менск. Міліцыя чыніць перашкоды Беларускаму дэмакратычнаму аб'яднаньню вэтэранаў, дэлегацыя прадстаўнікоў якога пад нацыянальнымі сьцягамі прыйшла ўскласьці кветкі да Манумэнта перамогі. З рук вэтэранаў вырываюць бел-чырвона-белыя сьцягі.

 

14 траўня (аўторак). Гадавіна антыбеларускага рэфэрэндуму.

 

Віцебск. У ноч з 13 на 14 на коміне Віцебскай ЦЭЦ былі вывешаныя два бел-чырвона-белыя сьцягі.

Менск. Масавы пікет каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта з патрабаваньнем вызваліць палітычных вязьняў. Удзельнічае больш за 3 тысячы чалавек. Асноўныя ўдзельнікі - моладзь. Адбылося шэсьце да турмы (на вул. Валадарскага), дзе ўтрымліваюцца палітвязьні. Міліцыя зьдзейсьніла напад на здымачную групу кінарэжысэра Віктара Дашука.

Менск. Спэцслужбы затрымліваюць дэлегацыю польскага прафсаюзу "Салідарнасьць" на чале зь яе лідарам Мар'янам Кшаклеўскім і дэпартуюць зь Беларусі.

 

15 траўня (серада)

 

Магілеў. Камэрсанты спынілі працу сваіх гандлёвых кропак у знак пратэсту супраць шантажу з боку ўладаў.

Беласток. Тысячная маніфэстацыя пратэсту каля Генэральнага кансуляту Беларусі. Удзел браў Мар'ян Кшаклеўскі.

Вільня. Саюз працоўных Летувы правёў перад будынкам амбасады Беларусі маніфэстацыю пратэсту супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

 

16 траўня (чацьвер)

 

Менск. Лібэральная фракцыя ў парлямэнце "Грамадзянскае дзеяньне" распачала збор подпісаў за вызваленьне Юрыя Хадыкі й Вячаслава Сіўчыка.

Менск. Стыхійны мітынг на Гадзіньнікавым заводзе з патрабаваньнем выплаціць запазычанасьці па зарплаце. Удзельнічаюць каля 2 тыс. рабочых.

 

17 траўня (пятніца)

 

Менск. Пасьля 20-ці сутак галадаваньня вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе Вячаслаў Сіўчык.

Варшава. Акцыя ў падтрымку дэмакратыі й незалежнасьці Беларусі каля будынку амбасады Беларусі, якую ладзіць Канфэдэрацыя Незалежнай Польшчы. Удзельнічае каля тысячы чалавек.

 

18 траўня (субота)

 

Менск. Каля турмы на вул. Валадарскага міліцыя затрымала чатырох удзельнікаў пікету, якія патрабавалі вызваленьня Юрыя Хадыкі.

 

19 траўня (нядзеля)

 

Омск (Расея). Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын заявіў, што "вымушаны даць прэзыдэнту Беларусі ўрок дэмакратыі і прымусіць яго вызваліць двух апазыцыйных дзеячоў, арыштаваных пасьля антыўрадавай дэманстрацыі".

 

21 траўня (аўторак)

 

Менск. З-пад варты вызвалены прафэсар Юры Хадыка, галадоўка якога доўжылася 23 сутак. Крымінальная справа супраць Юрыя Хадыкі, як і супраць Вячаслава Сіўчыка, ня спынена, ён вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе. Юры Хадыка дастаўлены ў шпіталь.

Менск. Беларускі Хельсынскі Камітэт засноўвае Фонд для сучасных ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

 

25 траўня (субота)

 

Менск. Дзень памяці Максіма Багдановіча. Да помніка паэту ўскладаюцца кветкі. Сабралося каля чатырохсот чалавек. Міліцыя напала на ўдзельнікаў акцыі. Арыштавана пяць чалавек.

 

27 траўня (панядзелак)

 

Менск. Пасьля выступу ў Опэры аркестру "Віртуозы Масквы" міністар культуры спрабуе зачытаць прывітаньне ад А.Лукашэнкі. Публіка наладзіла абструкцыю і засьвістала чытаньне ліста, прымусіўшы міністра пакінуць сцэну.

 

29 траўня (серада)

 

Менск. Чарговы ператрус (чацьверты за красавік-травень) у штаб-кватэры БНФ. Шукаюцца матэрыялы, зьвязаныя з акцыяй пратэсту, заплянаванай на 30 траўня.

 

За свабоду палітычных вязьняў

 

30 траўня (чацьвер)

 

Менск. Пікет салідарнасьці з палітвязьнямі каля рэзыдэнцыі А.Лукашэнкі. Удзельнічае каля 5 тысячаў чалавек. На праспэкце Скарыны спэцаддзелы міліцыі напалі на ўдзельнікаў пікету й простых мінакоў, жорстка іх зьбіваючы. Схоплена каля сотні чалавек, сярод іх і тыя, хто ня ўдзельнічаў у акцыі.

 

4 чэрвеня (аўторак)

 

Менск. БНФ вынесена чарговае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі, што стварае юрыдычныя падставы для забароны БНФ.

 

5 чэрвеня (серада)

 

Вашынгтон. Дэманстрацыі пратэсту перад амбасадамі Расеі і Беларусі, арганізаваныя Кааліцыяй у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

 

7 чэрвеня (пятніца)

 

Менск. Міліцыя робіць ператрус у рэдакцыі газэты "Беларуская маладзёжная".

Менск. Загад старшыні Дзяржкамдруку аб прыпыненьні дзеяньня пасьведчаньня рэгістрацыі "Белорусской деловой газеты".

Вашынгтон. Выступ Тома Дылея ў Кангрэсе ЗША, прысьвечаны сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

 

14 чэрвеня (пятніца)

 

Менск. Уначы міліцыянты з аховы прэзыдэнта абстралялі машыну дэпутата В.Ганчара. Цяжка параненая сакратарка Ганчара.

 

18 чэрвеня (аўторак)

 

Вашынгтон. Дзярждэпартамэнт ЗША распаўсюджвае заяву прэс-сакратара Нікаласа Бэрнса аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

 

20 чэрвеня (чацьвер)

 

Віцебск. Суд аштрафаваў Юрыя Мароза, які зьбіраў подпісы ў падтрымку С.Адамовіча.

 

22 чэрвеня (субота). Дзень пачатку Другой сусьветнай вайны.

 

Менск. Масавае шэсьце апазыцыі, ускладаньне кветак і мітынг. Па ацэнках міліцыі ўдзельнічала каля 15 тыс. чалавек.

Пад залеваю цёплага дажджу кветкі да помніка Перамогі спачатку ўсклалі некалькі соцень афіцыйных дэманстрантаў, пасьля - праз паўгадзіны - шматтысячная калёна дэманстрантаў апазыцыі. Людзі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі правялі свой мітынг каля Опэрнага тэатру. Афіцыйны мітынг, заплянаваны ў парку Горкага, не адбыўся. Так апошняй масавай акцыяй апазыцыі закончылася Менская Вясна 1996 году.

 

Заканчэньне

 

Вясна 1996-га наступіла ў Беларусі як жаданая, але сталася нечаканаю.

Жаданаю, бо для беларускай грамадзкасьці існавала патрэба самарэабілітацыі за паразы й нявыкарыстаныя шанцы ў адбудове сучаснай краіны. Адчувалася: далей - альбо нічога, альбо зьяўленьне новай дынамікі. Адсюль і бескампраміснасьць прадстаўнікоў беларускага грамадзтва - бо гэта постшокавая рэакцыя.

Нечаканаю, бо ніхто не прагназаваў, што гэтая вясна так пачнецца, што галоўнымі героямі падзеяў будуць новыя генэрацыі. Чакалася - вось зусім разваліцца эканоміка й тысячы галодных людзей выйдуць на вуліцу. Вывелі ж людзей на вуліцу нават не палітычныя, а грамадзянскія лёзунгі. Менская Вясна 1996 г. пачыналася зь лёзунгу абароны Канстытуцыі, далей дамінуючым стаў лёзунг абароны Незалежнасьці. Гэта, апроч іншага, зафіксавала працэс зараджэньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Спэцыфіка гэтага працэсу - неспрыяльныя ўмовы.

Але ў Беларусі яшчэ працягваецца пагаршэньне эканамічных умоваў жыцьця. Кожны месяц прыносіць паніжэньне стандартаў правоў чалавека. Далейшы лёс Беларусі залежыць ад таго, ці знойдуць паразуменьне й варыянты супрацоўніцтва старая апазыцыя, якая дасталася рэжыму прэзыдэнта А.Лукашэнкі "ў спадчыну"; новая моладзевая стыхія, новая апазыцыя, "народжаная" ўжо гэтым рэжымам; новыя плыні людзей, незадаволеных умовамі жыцьця, якое пагаршаецца з-за спэцыфічнай антырынкавай палітыкі рэжыму.

Беларусі ўсё ж не ўдалося пазьбегнуць усіх драматычных сюжэтаў лёсу Сярэдняй Эўропы ў ХХ ст. Вясною 1996 г. у Беларусі зьявілася свая фотагісторыя, зьявіліся свае палітычныя вязьні.

У Беларусі зьявілася Сучасная гісторыя.


1996

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая