epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алег Ждан

Суправаджальнік

Калі пасля смерці Пілуховіча прачыталі тастамент, у якім ён прасіў пахаваць яго на радзіме, побач з маці, гэта стала пэўнай нечаканасцю: ён мог разлічваць і на якія-небудзь ганаровыя маскоўскія могілкі. І яшчэ: пахаваць прасіў па праваслаўным абрадзе і каб адпяваў тамтэйшы святар айцец Тарасій. Нечаканасць - гэта часцей за ўсё тое, што рабіць не хочацца, нецікава, непрыемна, цяжка... Дый сапраўды: везці цела з Масквы ў нейкі забыты Богам беларускі гарадок ці мястэчка, дзе, як высветлілася, не засталося аніводнага роднага чалавека... Але ж нічога не зробіш, была ўтворана дзяржаўная камісія, справа пайшла. Тэлебачанне абвясціла пра смерць Пілуховіча, у некаторых газетах з'явіліся сціплыя - адпаведна часу - некралогі, у аэрапорце Быкава падрыхтавалі спецсамалёт.

Канечне, на той момант Пілуховіч «не цягнуў» на гэтыя клопаты, аднак стасус - колішні прыяцель Самога Прэзідэнта - дабаўляў вагі. Старшынёю камісіі прызначылі Вайцахоўскага: па-першае, таксама беларус, па-другое, сам папрасіўся, відаць, меўся ў яго там нейкі асабісты інтарэс.

Труну з целам паставілі для развітання ў Малой зале міністэрства, і людзей было даволі многа - а як жа, ого. Нават маладыя супрацоўнікі, якія яго ніколі не бачылі, і тыя прыйшлі ў залу, з цікавасцю пазіраючы не столькі на нябожчыка, колькі на ягоных сяброў. Не без прыхаванай іроніі, зразумела: адваяваліся?

Тыя, хто ведаў Пілуховіча больш-менш блізка, гадалі: якая з жонак прыйдзе на развітанне? Апошнія гады ён жыў адзін. Прыйшлі абедзве - у сціплых жалобных строях; другая - з прыкметамі колішняй прыгажосці, першая ўжо без аніякіх прыкметаў. Яе, ад Пілуховіча, сын жыў цяпер у Штатах, і зноў гадалі: прыляціць ці не прыляціць. Не прыляцеў. І то: не зважаючы, што гадаваўся пад крыламі бацькі, не меў асаблівае прыязнасці да яго. Дый адкуль прыязнасць? Пілуховіч усё жыццё працаваў адно дзеля сябе ды вялікай Радзімы. Ну а Вялікая не забывалася на яго. Дарэчы, цяпер яму ўсё роўна, што вялікая, што малая, усё роўна, дзе і як пахаваюць, але ж для атачэння апошняя воля - справа святая, адзін з тых прынцыпаў, што дапамагаюць неяк самападманвацца, таму і замітусіліся.

Яшчэ без асаблівай пэўнасці чакалі Прэзідэнта - мажліва, захоча ўважыць колішняга сябра. Вядома, прыедзе, гаварылі адны. Не, казалі іншыя, не прыедзе. Даўно ўсё тое было. Жыццё і смерць падзяляе вечнасць, не да паніхіды яму... Аднак Прэзідэнт прыехаў, і не адзін, а з жонкай. Хвіліну пастаяў у ганаровай варце і раптам зрабіў няпэўны крок да труны, але жонка схапіла за локаць, утрымала. Што ён хацеў убачыць? Мінулае, будучае?

Паніхіда была кароткай, але ўражлівай - прысутнасць Прэзідэнта натхняла прамоўцаў, большыла чыноўніцкую журбу. Дый забытыя факты біяграфіі Пілуховіча гучалі ўнушальна. А як прапанавалі ўсім пакінуць залу, каб даць хвіліну развітацца блізкім, выявілася, што такіх тут наогул няма. Ну, няма дык няма.

Такім чынам, ляцець у Менск, а затым «піліць» у самую, што ні на ёсць, глухамань, выпала Вайцахоўскаму. Рэч у тым, што апроч пэўнага абавязку (менавіта нябожчык перацягнуў яго ў свой час у Маскву, хаця на карысць тое пайшло Вайцахоўскаму ці не - пытанне на ўсё жыццё), трэба было пабачыць старых прыяцеляў - Лесніковіча найперш.

Спецаўтобус чакаў. Труну пагрузілі, для родных і сваякоў была напагатове «Волга». Аднак і першая, і другая жонкі адно тужліва пазіралі на дзверцы, за якімі знікла труна. Вайцахоўскі для прыліку пачакаў некалькі хвілін і загадаў рухацца.

 

Самалёт прызямліўся ў аэрапорце «Менск-2». Вайцахоўскі, як толькі ступіў на трап, адразу ўбачыў чорную «Волгу» з зацемненымі вокнамі і Лесніковіча побач. Абодва ўзрадаваліся - як-ніяк разам вучыліся і ў школе, і ва ўніверсітэте, - і ў той жа час засмуціліся: прыкметна пастарэлі за дзесяць гадоў. Але ж моцны поціск рук суцешыў: ёсць порах.

Шафёр адразу завёў матор.

Па дарозе ўспаміналі аднакласнікаў, а пра свой клопат Вайцахоўскі пакуль што маўчаў. У ранейшыя часы, як сустракаліся, успаміналі дзяўчат-аднакласніц, аднакурсніц, цяпер не тое: дзяўчаты пастарэлі, а цяга да маладосці засталася ранейшай. Цяпер дзяўчаты калі былі, дык у кожнага свае, - што пра іх гаварыць? Іншая рэч - былыя прыяцелі. Мільганулі прозвішчы Гармаша, Вострыкава. Адно з гэтых імёнаў вельмі цікавіла Вайцахоўскага. Аднак пра сур'ёзнае лепш гаварыць сам-насам. Шафёру, хутчэй за ўсё, няма да іх справы, і ўсё ж - па ранейшым вопыце - чужое вуха насцярожвала.

Пра Пілуховіча таксама не гаварылі. Ёсць людзі і службы, яны прывязуць труну, паставяць там, дзе трэба, усё падрыхтуюць. Тут, у Менску, ужо вырашылі, што адразу везці цела ў той гарадочак нельга, трэба арганізаваць адпяванне. А як жа інакш? Перагрузілі і павезлі? Чалавек столькі гадоў працаваў тут...

Па нейкіх няпэўных прыкметах - жывасці вачэй, энергіі голасу - Вайцахоўскі рашыў, што і ў Лесніковіча ёсць свая справа да яго, а ўзаемны інтарэс - надзейны рухавік у любой справе. Зноў жа, інтарэс у кожнага адносны, справы не лёсавызначальныя - гэта вызваляла ад залежнасці. Тым не менш маленькі інтарэс можа вырасці ў вялікі, гэта вядома кожнаму.

- Ну і як ён, Гармаш?

- Нармальна, - адказаў Лесніковіч. - Можна спаткацца.

Настрой у Вайцахоўскага ўзляцеў, як аўтамабіль на гладкім пад'ёме, захацелася нават сціснуць локаць прыяцеля. Аднак лепш пачуцці пакінуць на час развітання. Ён адкінуўся на сядзенні, быццам ніякай асаблівае інфармацыі не атрымаў. Што тычыцца Вострыкава - гэтае імя не зацікавіла. Не, не так. Зацікавіла, але ж сустракацца з ім не хацелася.

Пілуховіч у сваёй паліраванай труне з вытанчанымі ножкамі таксама рухаўся ў гэты час да сталіцы.

 

...І ўсё ж такі, якія мы не абачлівыя, як мала ўяўляем сваю будучыню, думаў Вайцахоўскі, пазіраючы на насы сваіх наваксаваных яшчэ ў Маскве туфляў. Не, уявіць, што нехта памрэ - прыкладам, Пілуховіч ва ўзросце 65 гадоў, - няцяжка, смерць - рэч звычайная, здзіўляе нешта зусім іншае: нечаканасць, жорсткасць, загадкавасць і гэтак далей. Напрыклад, было немагчыма ўявіць, што адпяваць Пілуховіча будуць у кафедральным Свята-Духавым саборы і, зноў жа, не тое дзіўна, што махае кадзілам патрыяршы экзарх, а тое, што побач з труной стаяць яны: Вайцахоўскі, Лесніковіч, Гармаш, Вострыкаў ды іншыя. Усе разумелі недарэчнасць такой сітуацыі і адзін на аднаго не глядзелі, пазіралі на нябожчыка, дый на яго не хацелася глядзець, а хацелася, каб як мага хутчэй знік з вачэй, пазбавіў сораму і няпраўды. Думалі яны пра гэта, трэба заўважыць, не настойліва: ніхто не верыў ні ў першае, ні ў другое прышэсце, аднак... Хто і што ведае напэўна? Не хацелася да ранейшых грахоў дадаваць яшчэ адзін.

Справа ў Вайцахоўскага была не надта тонкая. У Маскву ён трапіў на пачатку 90-х, калі Прэзідэнт збіраў сваю вялікую каманду і запрасіў Пілуховіча. Пілуховіч таксама фарміраваў сваё атачэнне - і запрасіў Вайцахоўскага. То былі іх агульныя памылкі. Прэзідэнт хутка пачаў аддаляцца ад Пілуховіча, а Пілуховіч, было падобна, увогуле забыў пра Вайцахоўскага. Давялося самому, без чыёй-небудзь дапамогі прыладкоўвацца да новага месца, шукаць сяброў ды апекуноў. Праз год-другі Вайцахоўскі ўзненавідзеў Маскву. Ну, а потым, як вядома, пачаліся часы незвычайныя. Масква дзяліла народныя грошы, прыхадні былі не патрэбныя ёй. Менску ж не патрэбныя былі эмігранты.

Карацей, Вайцахоўскі хацеў вярнуцца ў Менск. Гармаш, імя, якім так зацікавіўся Вайцахоўскі, скончыў універсітэт на два гады раней і лёгка рабіў кар'еру. Ужо тады любіў пратэжыраваць, у нечым дапамог і Вайцахоўскаму з Лесніковічам. Ён быў сярод тых, хто не раіў Вайцахоўскаму пераязджаць у Маскву. «Ты не ведаеш Пілуховіча, - гаварыў ён. - Ты яму не патрэбны. Яму ніхто не патрэбны. Або патрэбен для нейкай канкрэтнай мэты». Нешта падобнае выказаў і лепшы сябар, Лесніковіч: «Сядзі тут. Такія, як ты, кар'еры не робяць». І нават Вострыкаў патэлефанаваў: «Не рабі глупства. Рамантыка ў тваім узросце - ганьба».

Вось чаму ўсё ж паехаў: бо адгаворвалі. Вярнуцца ніколі не позна, лічыў ён. Вось і Гармаш пажартаваў на развітанне: «Надакучыць - вяртайся». Вайцахоўскі спадзяваўся, што гэты свой жарт ён помніць.

 

...Яны таксама пазіралі на свае боты, хаця цікавей для кожнага было - як выглядаюць астатнія. Але не так мала стоптана падэшваў у калідорах улады вялікай ды малой, каб хоць што-небудзь, акрамя пратакольнае скрухі, праявілася на тварах. Ну, а пра што думалі, слухаючы надта прыгожы голас экзарха? Можа, пра вечнае жыццё, пра цудоўнае выратаванне. Не. Розныя якасці выхоўвае ўлада, і перш за ўсё недавер - усім, ва ўсім. Ніхто сярод іх не верыў, што цудоўнае выратаванне ёсць. Няма яго і не будзе ні для ворагаў, ні для сяброў. Больш таго, усе яны не надта і праглі выратавання. Не трэба. Дастаткова. Калі новае жыццё ёсць нейкі працяг цяперашняга, то не трэба. Вельмі цяжка пераадольваць яго. А як яно зусім новае, то які ў ім сэнс і радасць?

На адпяванні прысутнічала некалькі былых супрацоўнікаў Вайцахоўскага. Як толькі паніхіда скончылася, яны, радасна ўсміхаючыся, акружылі яго. А што? Справа зроблена. Цяпер Пілуховічу шлях адкрыты - хоць у рай, хоць у пекла, гэта ўжо як там прызначаць. Ды і што гараваць, калі ніхто Пілуховіча не любіў, ды і дзе гэта было - любоў у калідорах улады. Да таго ж на дзяржаўных паніхідах не гаруюць, іх спраўляюць па зацверджаным на самым высокім узроўні сцэнарыі.

Вайцахоўскі таксама добразычліва паглядаў на іх і зноў адчуў: так, так, хоча назад, у Беларусь.

Групкі раздзяляліся, драбіліся, зноў збіваліся. Вось што такое ўлада: нават паніхіда накшталт фуршэту.

Гармаш таксама тусаваўся з нейкімі маладымі хлопцамі. А як апынуўся паблізу Вайцахоўскага, весела спытаў: «Назусім? Даўно пара!» І гэта было цудоўна. Усё памятае і разумее.

Між іншым, ён слабавата паснедаў сёння, а час падышоў якраз да абеду, так што думкі раз-пораз вярталіся да яды. Па ідэі Лесніковіч перад дарогай мусіць запрасіць паесці і кульнуць кілішак-другі. Там яны і абмяркуюць усё.

Яшчэ будзе сустрэча ў Магілеве з начальствам і толькі потым дарога ў той гарадок, дзе калісьці Пілуховіч з'явіўся на свет, дзе яго ўжо чакаў айцец Тарасій - тэлеграмы пайшлі туды з абедзвюх сталіц.

Абедаць з Лесніковічам паедуць хутчэй за ўсё ў былую цэкоўскую сталоўку, а лепш было б тут, паблізу, у рэстаран «Патсдам». Раней яны часцяком наведваліся сюды. А ў студэнцкія гады, здаецца, на першым курсе, Лесніковіч крыўдна пажартаваў з яго: сказаў аднойчы, што паабедаў у гэтым рэстаране і назваў страву - па яго словах, смачную і недарагую, самае тое, як грошай няма. Вайцахоўскі адразу пабег і заказаў, не зірнуўшы ў меню, як заўсёднік. Страва аказалася з мясам, бульбачкай-фры, гарошкам, свежым гурочкам сярод зімы, памідорам - еў і дзівіўся смаку. А калі прынеслі рахунак...

Ён таксама разыгрываў у тыя часы Лесніковіча. Шапнуў аднойчы, што Кацечка Ласункіна нікому не адмаўляе, як націснуць пяшчотна на пупочак, гэтак, маўляў, у яе адкрываецца эратычны канал. «Ну? - спытаў, калі той вярнуўся са спаткання з Кацечкай. - Адкрыўся? - У Лесніковіча было падбітае вока. - Ясна. Адкрыўся - і ў брыво. Падчас аргазму».

Раптам Вайцахоўскі ўбачыў, што застаўся адзін. Нешта здарылася? Ён азірнуўся вакол. Групкі, як маленькія віхурчыкі на плыні ракі, збіраліся, знікалі, слізгалі некуды ўніз па цячэнні. Дзе ж Лесніковіч? Ага, вось ён.

- Прабач, - сказаў Лесніковіч, - давядзецца табе аднаму абедаць. Тут такое здарылася... Мо завітаеш да мяне потым? Усё абмяркуем, абдумаем.

Здарылася? Але ж што магло вось гэтак раптам здарыцца? Хутчэй за ўсё нейкая чыноўніцкая валтузня, бура ў шклянцы вады, правінцыйны ідыятызм. Лесніковіч знік.

Крыўда была такая, што апетыт прапаў, і чыноўніку, што падскочыў з запрашэннем на абед, адказаў суха і рэзка: «Няма часу сядзець». І адразу ж загадаў выпраўляцца ў дарогу.

Апетыт вярнуўся, калі выехалі за горад. Але ж - позна, давядзецца трываць. Адно ясна: ні ён, ні ягоны пачэсны груз нікому тут не патрэбныя. Усе рады, што сплаўляюць.

 

Катафалк ехаў асцярожна, упарта трымаў восемдзесят кіламетраў у гадзіну, і гэта было невыносна. «Можа, абгонім яго? - прапанаваў шафёр Валодзька. - Даедзе без нас. Скажам Сямёну, каб руліў да аблвыканкома». Так і трэба было зрабіць, ды застарэлае чыноўніцкае пачуццё татальнай адказнасці і асцярожнасці стрымлівала. Яшчэ трэба было спыніцца ля якой крамы, што трапляліся ля шашы, і купіць хоць бы пернікаў, ды не хацелася ў вачах шафёра выглядаць пакрыўджаным і галодным.

Думкі круціліся вакол фразы Лесніковіча «тут такое здарылася». Такое! Можна падумаць, ён не ведае гэтых кланавых падзей і здарэнняў. Нейкі нікчэмны ведамасны скандальчык, пра які заўтра ўжо і не ўспомніць ніхто. Магчыма, ён чымсьці пагражае Лесніковічу, і ўсё ж не так часта яны сустракаюцца, каб пакінуць Вайцахоўскага аднаго, разумеючы ягонае становішча ды ўвогуле сітуацыю. «Мо завітаеш да мяне потым?» Што ж, завітае, калі так атрымалася, вымушаны завітаць, аднак у душы гэтага не даруе ніколі. Ён пачаў канструяваць небяспечную сітуацыю для Лесніковіча, калі ў самы галоўны, крытычны момант таксама скажа яму: «Прабач. Тут такое здарылася...» Не, ён будзе больш спагадлівы, чым Лесніковіч, дапаможа яму, але ж і нагадае пра сапраўдныя каштоўнасці.

Стрэлка спідометра па-ранейшаму паказвала 80.

Дарога была знаёмая, усплывалі ў памяці назвы пасёлкаў і вёсачак. Ужо прамільгнуў Чэрвень з гарматкай-саракапяткай, якая нібы пагражае з пастамента ўсім магчымым ворагам.

Шмат хто з аднакурснікаў былі з гэтых мясцін, напрыклад, той жа Лесніковіч. На другім курсе ён запрасіў усю іх немалую кампанію да сваіх бацькоў, на свежыну. За некалькі дзён яны з'елі палову кабанчыка, падчысцілі ўсе грыбы-агуркі, выпілі тры графіны вішнёвай наліўкі, а як ад'язджалі, паміралі са смеху, калі цягнулі ў багажнік аўтобуса другую палавіну кабанчыка, азіраючыся на разгубленых бацькоў Лесніковіча, маладушных школьных настаўнікаў. Гучней за ўсіх смяяўся сам Лесніковіч, вось толькі вочы былі самотныя, ды надта ўжо незалежна махнуў рукою бацькам.

Людзі павінны радавацца іх прыездам, лічылі яны ў тыя гады, і праз два тыдні на зімовых канікулах той жа кампаніяй паехалі ў Чавусы - гарадок, міма якога яны сёння яшчэ мусяць праехаць, - да другога прыяцеля зноў жа на свежыну.

 

Шафёр Валодзька быў не надта гаваркі. Яму такая язда за катафалкам моцна дзейнічала на нервы, і ён то абганяў яго, то адставаў, раз'юшана пазіраючы на шафёра. Але ж той нібыта не заўважаў ягонае мітусні. У Валодзькі псаваўся настрой, ён лаяўся, пазяхаў.

У Беразіно малады лейтэнант-даішнік спыніў катафалк, доўга і падазрона разглядаў дакументы, пуцявы ліст і - не даў веры, папрасіў падняць вечка. Убачыў - і пабялеў, а Вайцахоўскі і Валодзька павесялелі. Вось так, камандзір. Мо і гэтаму не дасі веры? Калі ласка, падымі павекі, памацай пяткі. Не трэба? А раптам якое ашуканства? Раптам жывога ды здаровага вязём у труне?

Паліраваная труна на вытанчаных ножках уразіла лейтэнанта, і ён з павагаю пацікавіўся:

- Хто гэта?

- У-у, - азваўся шафёр, маўляў, не маю права казаць, і лейтэнант таргануў галавою: ясна. Або вялікі начальнік, або знакаміты бандыт.

- Гэй, прыяцель, - звярнуўся Вайцахоўскі да шафёра катафалка. - Падкінуў бы ты на спідометр кіламетраў дваццаць.

- Не магу, - адказаў той. -Не маю права.

- Ага, зразумела. Нябожчыкі не выносяць хуткай язды.

І ўсё ж лягчэй: Беразіно - палавіна дарогі да Магілева, трэцяя частка да таго апошняга прытулку. Ды і пачуццё голаду адступіла. Дарога прыгожая: лясы, ужо кранутыя восеньскім агнём, - быццам ён заняўся дзесьці там, у гушчары, і вось-вось шугане ўгору, загудзе.

Тут, на Беразіне-рэчцы, у студэнцкія часы здарылася, а дакладней, не здарылася, нешта, што паўплывала на яго жыццё. Ён быў закаханы ў татарку Ісіду Шакіраву, - якая, відаць, са школьнага падручніка пазычыла сабе легендарнае імя. Яна добразычліва прымала ягоныя заляцанні, аднак сябе паводзіла загадкава. Была яна з тых татар, што аселі ў Беларусі яшчэ ў XVI стагоддзі і да канца не асіміляваліся, хоць мову сваю ўсё ж страцілі. Ды і веры даўно былі хрысціянскай.

Кампанія ў іх была невялікая, шэсць чалавек, тры пары, і яны прыехалі сюды, на ўлонне прыроды, на суботу і нядзелю, з трыма бутэлькамі таннага віна ды трыма бляшанкамі рыбных кансерваў. Увесь дзень купаліся, смажыліся на ліпеньскім сонцы, а надвячоркам, як пахаладнела ды нацягнула хмары, вырашылі рабіць буданы - кожная пара сабе. Сякеры былі падрыхтаваныя загадзя, так што рэч не ў надвор'і, а ў тым, што калі духоўнай і душэўнай блізкасці можна дасягнуць і пад чыстым небам, то для фізічнай пажадана аддзяліцца ад усяго свету. Вайцахоўскі ў тыя часы начытаўся Русо, і калі сябры дружна ўзмахнулі сякеркамі і падатліва затрапяталі бярозкі, ён замёр перад аблюбаваным дрэўцам, не маючы душэўнае сілы ўскінуць сякеру. Хадзіў ад дрэва да дрэва, а яна, Ісіда, недаўменна паглядала на яго. Не, жар кахання ўсё ж мацнейшы, чым думкі Русо, і ён урэшце раз'юшана пачаў секчы бярозкі з асінамі. Будан атрымаўся на славу.

А як толькі сцямнела, пачуліся грымоты, хлынуў лівень - будан, само-сабою, не ахаваў ад яго. Мокрыя з галавы да пят, яны абдымаліся, цалаваліся, распраналіся, і калі, здавалася, адступіць ужо немагчыма, усё, што можа быць паміж мужчынам і жанчынаю - будзе, яна раптам вырвалася з ягоных рук і, схапіўшы мокрае адзенне, выбегла з будана. Ён не зразумеў, што здарылася, і нейкі час чакаў, што вернецца, потым пайшоў па лесе, ціха гукаючы яе, затым да пошукаў далучыліся сябры, але ж Ісіда не адгукалася. Знайшлася яна толькі ў Менску, аднак цяпер цуралася і яго, і ўсяе іхняе ўчора яшчэ такой дружнай кампаніі. Шмат гадоў пазней, перад самым ад'ездам у Маскву, ён сустрэў яе на вуліцы, і яны, смеючыся, сталі ўспамінаць маладосць, тую паездку на Беразіну. Калі ён спытаў, што ўсё ж такі здарылася, Ісіда адказала, што ў тое імгненне, як яна ўжо хацела прыняць яго ў сябе, пачуўся выбух грому, і яна зразумела гэта як знак папярэджання, перасцярогі. Вось, аказваецца, і ўсё. Звычайнае паганства, прымхі. А яму тая гісторыя каштавала даражэй, чым можна ўявіць. І рэч не ў тым, што спалохаўся, каб не здарылася што-небудзь з дзяўчынаю ў незнаёмым вялікім лесе, а ў тым, што ён, Вайцахоўскі, з таго часу перастаў разумець жаночыя ўчынкі і зараней гасіў у сабе агеньчыкі ды бліскавіцы ўсялякіх моцных пачуццяў.

Аказалася, яна месяц таму развялася з мужам; запрасіла Вайцахоўскага да сябе, і ён чакаў, што вось-вось зноў выкруціцца з ягоных рук, знікне. Не дачакаўся. Цяпер то была іншая жанчына, і яе больш не звалі Ісідаю, яна вярнула сабе сапраўднае сваё імя - Фамія. Усходнія рысы яўна выступілі на яе твары.

Можа быць, ён і ў Маскву не паехаў бы, каб не той выпадак на Беразіне. Раптам падумалася, што прапанова Пілуховіча - вялікая ўдача, і ён спалохаўся, што выслізне з рук. Пасля той начной навальніцы ён увесь час баяўся, што - гэта альбо тое - выслізне. Яны доўга моўчкі ляжалі побач, і Вайцахоўскаму хацелася расказаць, як паўплываў на ягоны лёс той выпадак, аднак, калі расказваць падрабязна і шчыра, было б падобна на крыўду, і ён не стаў гаварыць. А яна, мажліва, думала аб тым, што жыццё ў любым выпадку не ўдалося, што грымотнае папярэджанне спраўдзілася. Такая ў яго галоўная ўласцівасць - не ўдавацца. «Я пайду?» - ціха спытаў ён нарэшце. «Ідзі», - азвалася яна. Спакойна, мірна, добразычліва. Вось што робіць узрост. І радасць, і смутак былі цяпер у іх аднаго кшталту. Ні прымхлівае асцярогі, ні якіх-небудзь асаблівых надзей.

Пад'язджалі да Бялынічаў. Тут у яго аніякіх успамінаў не было, і ён спакойна паглядаў на маленькі гарадок.

 

І яшчэ меўся недарэчны выпадак, які нешта вызначыў у ягоным жыцці.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Вайцахоўскі захапіўся гульнёй у прэферанс. У той жа кампаніі аказаўся Вострыкаў. Гуляў ён слаба, амаль заўсёды прайграваў, быў мішэнню пастаянных жартачкаў. «Табе нельга гуляць у карты, - сказаў неяк і Вайцахоўскі. - Зноў прайграеш: мы разумныя, а ты - не». То быў час, калі ўсе яны пакеплівалі адзін з аднаго. «Нішто, - адказаў Вострыкаў. - Я мо яшчэ паразумнею, а вы - не». Раніцаю, як усе ўжо ачмурэлі ад бяссонніцы і тытунёвага дыму, Вострыкаў прапанаваў згуляць у нейкую новую, простую, як «ачко», гульню. І Вайцахоўскі хутка прайграў пад агульны рогат і тую зарплату, што атрымаў учора, і тую, што атрымае праз месяц, і тую, што праз год. Самае страшнае было - немагчымасць спыніцца. Азарт нарастаў разам з пройгрышам. «Бачыш, - прыгаворваў Вострыкаў, - я паразумнеў ужо, а ты?»

Больш ён ніколі не гуляў у карты. З часу таго недарэчнага пройгрышу ён пазбягаў любой сітуацыі, якая б нагадвала няпэўнасць гульні.

Тым не менш некалькі сітуацый усё ж былі падобнымі да яе: гісторыя жаніцьбы або зноў жа пераезду ў Маскву.

 

Змяркалася, калі пад'язджалі да Магілева. А да таго гарадка, на могілках якога Пуліховіч пажадаў спачыць, яшчэ больш за сто кіламетраў. Можна ўжо не спяшацца. Не хаваць жа чалавека ноччу, пры святле месяца...

Давядзецца ў Магілеве заначаваць. Што ж, гарадскія ўлады, пэўна, прадугледзелі такі варыянт. Хутчэй за ўсё, труну з целам на ноч паставяць у морг. Не пакідаць жа на аўтастаянцы. Ну, а самі яны з гарадскім ды абласным начальствам пойдуць у гатэльны рэстаран, у якую-небудзь маленькую банкетную залу. Як наладжваюць такія неафіцыйныя вячэры, Вайцахоўскі ведаў добра.

Чаканне было самае прыемнае. Вось ён, вядомы на ўсю рэспубліку «Дом саветаў». Катафалк запаволіў ход, прапусціў Вайцахоўскага ўперад. Ага, вунь яна, група сустракаючых. Знаёмая карціна. Ніхто ніколі не дамаўляецца, але заўсёды атрымліваецца так, што выстройваюцца па ранжыру. Усе з прыкметамі загадкавай усмешкі і журбы - адначасова. Усмешка Вайцахоўскаму, журба Пілуховічу. Спыніліся. Катафалк сціпла замёр убаку. Вось розніца паміж жывым і мёртвым. Нябожчык адразу становіцца сціплым. Што захочуць людзі вакол яго - тое і будзе. Самыя велічныя і магутныя становяцца пакорлівымі. І самы дробны чыноўнік у параўнанні з ім - магутны і велічны.

Паважна прывіталіся, пазнаёміліся.

- Сумнае ў вас падарожжа, - пранікліва ўздыхнуў чалавек, імя і пасаду якога Вайцахоўскі не разабраў, але ж відаць - галоўны тут.

- Так, невясёлае.

- Ехалі без прыгодаў?

- Дзякуй Богу.

- Значыць, захацеў Андрэй Андрэевіч у роднай зямельцы супакоіцца?

- Так завяшчаў. Апошняя воля - святая рэч.

- Вядома, гэта само сабой. Магілка гатовая, у найлепшым месцы. Волю Андрэя Андрэевіча выканаем у поўным аб'ёме. Дарога туды добрая, гэтым летам падрамантавалі, праз якую гадзіну-дзве будзеце на месцы.

Ён гаварыў яшчэ і яшчэ, толькі Вайцахоўскі ўжо не слухаў. Хутка ўцяміў, што больш за ўсё яны не хочуць, каб застаўся начаваць у Магілеве, спрабуюць сплавіць яго адсюль, прапіхнуць, выпіхнуць. Ён для іх - як Пілуховіч, нават горш: з ім трэба размаўляць, вячэраць, потым снедаць, а з Пілуховічам нічога не трэба. Цікава, пажадаюць зірнуць на знанага земляка ці не? І як прагучыць такая фраза: «Пакажыце нам спадара Пілуховіча ў труне», - так? Дзякуй Богу, не папрасілі.

- Шафёры дарогу ведаюць? Можам даць суправаджэнне да выезду з горада.

- Не трэба.

Такім чынам іх выправаджвалі. Вось што значыць незалежнасць ды самастойнасць. Што ім цяпер тая Масква! Разам з тым пабойваліся, што паскардзіцца - таму ж Лесніковічу, усміхаліся, ківалі дружна галовамі, амаль кланяліся.

- Ладна, паедзем, - сказаў ён і таксама ўсміхнуўся. Паказваць, што пакрыўджаны і зняважаны, нельга. - Дасць Бог - сустрэнемся, - намякнуў невыразна для іх і ясна для сябе: як сустрэнемся пры іншых абставінах, успомнім гэтую дзіўную вандроўку. Ну а не, дык не. Крыўдаў і зняваг у жыцці шмат, з усімі не разлічыцца, а вось у памяці будзем захоўваць усё.

Пакіраваў да аўтамабіля. Эх, ляпнуць бы зараз дзверцамі ды сарвацца з месца так, каб віскнулі шыны. Але ж дзверцы не ляпнулі, а шафёры кіравалі асцярожна, машыны як нежывыя, папаўзлі па плошчы. Вайцахоўскі адчуў, што яго трасе ад нянавісці. А як папраўдзе, дык больш ад таго, што не накармілі. Голад, а не абыякавасць сустрэчы, крыўдзіў і зневажаў яго. Ён, чыноўнік высокага рангу, есці прывык смачна і ў пэўны час.

Праехалі хіба што кіламетраў дзесяць, як катафалк раптам спыніўся пасярод дарогі. Сямён мядзведзем выкуліўся з кабіны, абышоў вакол катафалка, пабіў ботамі шыны.

- Што здарылася? - спытаў Валодзька, апусціўшы шкло акна.

- Бензін скончыўся.

- Бензін?.. Што ж раней думаў? У такую дарогу!..

- Дык я думаў...

- Што ты думаў? - Сямён зноў пачаў біць у шыны. Валодзька і Вайцахоўскі пераглянуліся. Што ж зробіш, трэба падзяліцца.

- Каністра ці вядро ёсць?

- Не...

Валодзька хмыкнуў, прынёс каністру.

- Давай шланг.

Але і шланга не было ў Сямёна. Валодзька зірнуў на яго, як на асабістага ворага.

- Іванавіч, - звярнуўся да Вайцахоўскага, - давай пакінем яго тут са жмурыкам! - Аднак прынёс шланг, працягнуў Сямёну: - Ссі!

Сямён, вядома ж, стараўся, толькі, відаць, у Валодзькі таксама было няшмат бензіну - наглытаўся, пакуль нацадзіў літр-другі.

Паехалі.

- Недзе тут павінна быць запраўка, - сказаў Валодзька. - Не прапусціць бы...

Пілуховіч успомніў пра Вайцахоўскага толькі ў апошні год свайго жыцця. Званіў калі-нікалі, прапаноўваў: павячэраем? Чамусьці заўсёды выбіраў вялікія і мітуслівыя рэстараны, кшталту «Арбата», аднак усаджваўся як мага далей ад сцэны, моўчкі назіраў за тым, што рабілася на ёй. Гаворку падтрымліваў неахвотна, вяла, і хутка іх размовы звяліся да абмену думкамі наконт закусак.

Гэтыя тайныя вячэры не сталі сакрэтам для супрацоўнікаў. Тут для іх было шмат няяснага: перацягнуў у Маскву, а дапамагаць умацоўвацца не стаў, да сябе не наблізіў. Наадварот, як падлізнікі прапаноўвалі прыўзняць Вайцахоўскага, пахмурна адмоўчваўся. Разам з тым, калі ў Вайцахоўскага ўзнікалі непрыемнасці, адразу прыкрываў яго... Ведамасныя аматары-аналітыкі нават шукалі ў генеалагічным дрэве Пілуховіча галінку Вайцахоўскага і не знаходзілі. А мо прычына ў татальнай адзіноце гэтага чалавека? Сын даўно ў Штатах і наўрад ці вернецца, жанчыны ад яго збеглі. Трэба ж кожнаму чалавеку чалавек, які давярае табе, а ты - яму. Нельга не прызнаць і тое, што гэты рыжы беларус - хлопец неблагі: работнік старанны, чалавек больш-менш адкрыты. Урэшце не пашкодзіць чалавеку і суправаджальнік, які хоць і перанёс інфаркт, але ж ад пляшкі каньяку на дваіх не хочацца адмаўляцца.

Апошнім разам, прыкладна месяц таму, нечакана для Вайцахоўскага паехалі ў маленькі рэстаранчык на Шабалаўцы. І калі выпілі па кілішку, Пілуховіч працягнуў ліст паперы з нейкім чарцяжом ці схемаю.

- Гэта гарадскія могілкі на маёй радзіме. Гэта - цэркаўка, - аловак «sanford» уткнуўся ў крыжык. - Тут - дарожка, тут старая ліпа, асінка. Я ў мінулым годзе быў там - не спілавалі, абедзве стаяць. Між імі магілка маёй маці. Ні помніка, ні крыжа няма, проста грудок зямлі. Так трэба. Пахаваеш мяне побач з ёю.

- Ды яшчэ пажывём, Андрэй Андрэевіч, - запярэчыў Вайцахоўскі.

- Ясна, пажывём... Помнік таксама не трэба ставіць. І крыж не патрэбен. Аркестр, прамовы - усё гэта лішняе. Няхай будзе ціха. Бацюшка там - Тарасій. Запрасі яго на адпяванне. І заплаці добра. Далакопам таксама заплаці ўдвая: карані ліпы будуць ім замінаць.

Пілуховіч надоўга змоўк.

- Чаму ў такой глушы?

- Чалавека трэба хаваць там, дзе нарадзіўся, - тады можна спадзявацца на зварот. Чалавек нараджаецца не дарэмна, так? Не дарэмна і памірае. Гэта дзве раўназначныя падзеі, і адбыцца яны павінны ў адным месцы. Увогуле, я хацеў бы ў магілу маці, то было б самае правільнае, але ж, пэўна, нельга...

Тое, што Пілуховіч вернік, хаця і далёкі ад праваслаўнага канона, не прыходзіла Вайцахоўскаму ў галаву. Магчыма, увераваў, адчуўшы блізкасць смерці?

- Ты навошта паехаў у Маскву? - спытаў Пілуховіч, калі іх вячэра заканчвалася. Нібыта не ён угаварыў яго.

- Не ведаю, - шчыра адказаў Вайцахоўскі. - Цікава было. Усё ж Масква...

- А я хацеў паслужыць Радзіме. Час быў такі: як служыш Радзіме - жыццё ўдалае, не - пражыў дарэмна... Не атрымалася. Амаль што ва ўсіх не атрымліваецца. А калі здаецца, што ў кагосьці атрымалася, дык тыя і не збіраліся служыць.

І вось вынік ягонага служэння: не спаляць у крэматорыі, а закапаюць на кладзішчы Богам забытага гарадка. Акрамя таго, чым далей ад'язджалі ад Масквы ды Менска, тым меншае значэнне мела ягонае цела. У Маскве і Менску гэтаму целу яшчэ выказвалі шанаванне, а ў Магілеве не захацелі нават зірнуць.

 

Заправіцца пашанцавала адно ў Чавусах. На апошніх кроплях пад'язджалі да запраўкі...

Дзесьці тут, за пяць-шэсць кіламетраў ад гарадка, ціха жыла тая вёсачка, куды яны ездзілі на свежыну. О, тая вандроўка запомнілася нават лепш. Па-першае, хатка прыяцеля аказалася цеснаю, гасцей давялося сяліць па суседзях. Па-другое, бацькі, ацаніўшы вясёлую кампанію, перадумалі калоць кабанчыка, і елі яны штодня бульбачку з мінулагоднім салам. Па-трэцяе, усе дні канікулаў працавалі з ранку да вечара - ездзілі на кані ў лес па дровы, пілавалі-калолі. Так што фраза «паехаць на свежыну» стала метафарай і азначала - атрымаць пстрычку па носе.

Прозвішча гэтага прыяцеля было Вострыкаў.

На паніхідзе ў Менску ён - патаўсцелы, паружавелы - вандраваў ад адной групкі да другой, і было заўважна, што чалавек ён усюды свой, усюды жаданы. Яшчэ па дарозе з аэрапорта Лесніковіч сказаў пра яго: багаты, як ваш Беразоўскі. Гэтага для агульнай пашаны і цікавасці дастаткова. Падыходзіў Вострыкаў і да Вайцахоўскага. «Як ты? - запытаўся насмешліва. - У карты не гуляеш? Можна скласці пульку». - «Не гуляю, - адказаў ён. - Баюся шулераў». Быў упэўнены, што без шулерства ў той гульні не абышлося.

Яшчэ Лесніковіч сказаў, што Вострыкаў ахвотна пазычае грошы, асабліва тым, хто быў у іх колішняй кампаніі і пастаянна выйграваў у прэферанс. Канвертуе пройгрышы ва ўцеху дабрачыннасці.

Заправіліся так, каб хапіла і на дарогу назад.

- Ну, весялей! - гукнуў Валодзька.

Катафалк сарваўся з месца і на павароце так крутнуўся, што колы адарваліся ад зямлі.

- Дурны? - узрадаваўся Валодзька.

Памчаў навыперадкі. Але тут катафалк пачаў неяк небяспечна торгацца, губляць хуткасць і ўрэшце зусім спыніўся.

- Відаць, вада трапіла ў карбюратар, - сказаў Сямён.

- Я таксама запраўляўся, а мне не трапіла, - заўважыў Валодзька.

- Дзьмухануць трэба. У цябе пераноска ёсць?

- А ў цябе няма?

Потым выявілася, што ў Сямёна няма ключа на трынаццаць, няма помпы, каб «дзьмухануць» у каналы... Валодзька ўжо не злаваўся, хіба што насмешліва паглядаў на Сямёна. Разабралі, сабралі - рухавік увогуле не завёўся. Зноў разабралі-сабралі - дарэмна.

- Што будзем рабіць? - спытаўся Вайцахоўскі. Усе маўчалі.

- Давай трос, - прыняў рашэнне Валодзька.

- Няма ў мяне троса.

Валодзька зарагатаў, адчыніў свой багажнік. Сямён прыніжана, на паўсагнутых пабег чапляць трос. Ён быў у два разы старэйшы за Валодзьку, а цяпер іх узроставыя цэнзы памяняліся.

Асцярожна крануліся, павольна паехалі.

- Такога, каб цягнуць нябожчыка на буксіры, яшчэ не было, - весела гаварыў Валодзька. - Зараз я іх пракачу.

Ён пачаў дадаваць газу. Сямён спалохана заміргаў фарамі, а Валодзька газаваў яшчэ мацней.

- Я цябе навучу ездзіць!

- Хопіць, - сказаў Вайцахоўскі. - Кульнёмся з нябожчыкам - будзе карціна.

- Не кульнёмся!

«Ну і д'ябал з табой», - раптам падумаў Вайцахоўскі, адкінуўся на сядзенні і заплюшчыў вочы. Ад сустрэчных машын блукалі пад павекамі чырвоныя цені, і Вайцахоўскі чакаў: вось-вось пачуецца ўдар, гром, звон - і падарожжа скончыцца. Далейшае яго не тычыцца, там паклапоцяцца іншыя людзі. І, мусіць, тое было б добра.

Не. Праляталі міма, дый Валодзька, здаецца, скінуў хуткасць. «Як дзіўна ўсё гэта, - падумаў Вайцахоўскі. - Хіба я гэта мчуся некуды з Валодзькам, Сямёнам і нябожчыкам Пілуховічам?..»

Цяпер Валодзька трымаў шэсцьдзесят-семдзесят. Яму было сумна, аб чым сведчыў і ягоны твар, асветлены лямпачкамі на панелі. Вось натрапіў у запасніках памяці на нешта цікавае, ажыў.

- Я сёння на вяселлі павінен быць, - сказаў ён. - Сусед рашыў ажаніцца... Дзеўка яна, канешне, нішто сабе, булка здобная, але ж - курва! Другую ўгаворваць трэба, а гэтая - каб хутчэй. Я сам яе - дзе толькі не качаў! А цяпер на вяселлі сядзець? Гэта ўжо як зусім няма сораму... І што яго так прыпякло? Не, не разумею... Яму адкрытым тэкстам - не верыць. Думаю, яна і пасля вяселля ўсім даваць будзе. Такая натура. Давалка.

Вайцахоўскі адчуў раздражненне.

- На дарогу глядзі! - амаль што крыкнуў ён. Валодзька з асцярогай пакасіўся на яго і змоўк.

Самым незразумелым учынкам у жыцці Вайцахоўскага была жаніцьба. Здарылася гэта на пятым курсе, а нявестаю аказалася тая самая Кацечка Ласункіна, у якой, лічылася, пупочак - эратычны цэнтр. Ён нават заляцацца не збіраўся, запрасіў на танец адно, каб даведацца падрабязнасці, пры якіх яна падаравала свінцовую аплявуху Лесніковічу, і раптам адчуў, што гэты «цэнтр» сапраўды ёсць і нястрымна прыцягвае яго да сябе. Пагалоска пра Кацю ішла не вельмі добрая. Прынамсі, у студэнцкім фальклоры бытавала фраза: а ці не схадзіць нам паласавацца? Але каб ажаніцца з ёй у Вайцахоўскага і ў галаве не было.

А яшчэ адчуў, што яго не цікавяць думкі сяброў пра Кацечку, пра яе мінулае жыццё і страшна толькі адно: страціць яе. Як у той картачнай гульні з Вострыкавым, калі ён прайграваў, і гэта адно надавала азарту.

Вяселле атрымалася шумным. Маладых завалілі падарункамі, і самымі шчодрымі былі тыя, хто паласаваўся.

Шлюб аказаўся няўдалым. Разыходзіліся, сыходзіліся... Часам ёй здавалася, што ўрэшце зацяжарыла, твар за некалькі дзён пакрываўся пігментнымі плямамі, - не, спадзяванне дарэмнае. Зноў разыходзіліся-сыходзіліся... І гэта таксама была прычына, з-за якой ён з радасцю паехаў у Маскву - далей ад яе, ад усяго, што іх звязвала.

Цяпер Кацечка была ўжо зусім немаладая жанчына. Успамінаў пра яе Вайцахоўскі рэдка. А калі збіраўся ў Менск, зноў пачала трызніцца былая жонка. Нічога не паведамляў ёй, але ж спадзяваўся чамусьці, што прыйдзе на паніхіду.

Раптам уся гэтая вандроўка памроілася яму фантасмагорыяй. А мо такой яна і была: семсот кіламетраў па небе, трыста па шашы. Побач з паліраванаю труной. Асабліва дзіўным усё гэта выглядала ў начной цемры. Вельмі слушным быў бы зараз голас Бога: куды спяшаецеся?

Пачуццё голаду то, як лязо, праразала вантробы, то зусім знікала.

 

Ясна, што ў Маскве ў яго таксама была жанчына, Святлана Іосіфаўна. Яна заўсёды звярталася да яго па бацьку, - праўда, на «ты» і з усмешкаю, дакладней - з іроніяй; гэтак жа прасіла звяртацца да яе - маўляў, мы проста супрацоўнікі, калегі, а тое, што адбываецца паміж намі, смешнае ды недарэчнае супадзенне. Іронія не здраджвала ёй нават у самыя інтымныя моманты блізкасці.

Яна пабыла ўжо два разы замужам, і абодва нядоўга: іронія не спрыяе каханню. А яшчэ яна любіла выводзіць людзей «на чыстую ваду». «Не, тваю ролю я не разумею, - гаварыла, быццам запрашала да пакаяння. - Чаго ты прыехаў у Маскву? Ты тут чалавек выпадковы». - «Навошта табе разумець? - неахвотна бараніўся Вайцахоўскі. - Можа, я і сам не ўсё разумею». - «Няпраўда, пра сябе мы ведаем усё». - «Але ж табе ведаць - навошта?»

Яна замаўкала, быццам пагаджалася - так, не трэба. Ноччу ў ложку можна доўга маўчаць.

Часам іх ролі мяняліся, іронія пераходзіла на іншае. «Нават тваё стаўленне да мяне - няяснае. Што хочаш ты ад мяне?» - «Чаго можна хацець ад жанчыны? Прыемнасцей». - «Не, няпраўда. Мы з табой ужо не маем ранейшых прыемнасцей...»

Кожны раз, пакідаючы Святлану Іосіфаўну, Вайцахоўскі з палёгкаю ўздыхаў: усё, усё, апошні раз. Аднак прыходзіла нядзеля, і яны зноў былі разам. «Не разумею, навошта ты пазваніў мне...» Па-ранейшаму звярталася па бацьку. «Можа, пяройдзем на імёны?» - пасмейваўся ён. «Не, не трэба, нам хутка расставацца...»

Усё гэта таксама было адной з прычын, па якой ён хацеў вярнуцца ў Менск - сам сабою развязаўся б гэты вузельчык, як калісьці развязаўся з Кацяй.

- А ё-маё! - Валодзька адчыніў дзверцы «бардачка», пашарыў рукою і выцягнуў жменю сушак-абаранкаў. - Зусім забыў. З апошняй камандзіроўкі ляжаць. Хочаце?

Вайцахоўскі адмовіўся. У страўніку панавала раўнаважная ціша, і ён баяўся яе парушыць. Да горада было ўжо блізка, а там, пэўна, іх чакала хаця б лёгкая, а мо і сапраўдная вячэра. У маленькіх гарадках умеюць сустракаць гасцей. Так, прынамсі, было ў ранейшыя часы. І ўсё ж праз хвіліну пашкадаваў, што адмовіўся. Як толькі Валодзька захрумстаў абаранкамі, усе сокі зноў хлынулі ў пошуках стравы, сліна заліла рот.

- Ванільная, - сказаў Валодзька. - Не люблю з парфумаю, але іншых не было. Гэта мы ў Шаркаўшчыну з Лесніковічам ездзілі. Таксама прыехалі позна, недзе а дзесятай, - ды не пакрыўдзілі. Такі стол накрылі... у-у! Павячэралі. Абаранкаў я ўжо назаўтра купіў. Ці мала што? Сядзі тады і ляскай зубамі.

Трохі пад'еўшы, Валодзька павесялеў, стаў гаваркі, а Вайцахоўскі зноў адчуў раздражненне.

- Не згубі Сямёна на павароце, - сказаў ён.

- Куды ён дзенецца? - засмяяўся шафёр: - Не, дзве пляшкі ён мне аддасць. - Памаўчаў, потым задаволена і вольна ўздыхнуў: - Якая тут прыгажосць!

Ніякай асаблівае прыгажосці не было - пагоркі, асветленыя слабым месячыкам, цёмныя палоскі лясоў то злева, то справа, прывіднае свячэнне маленькіх рачулак... У добрым настроі такія просценькія карціны краналі і Вайцахоўскага. Зараз жа ён абыякава глядзеў у акно. Адно было жаданне: хутчэй, хутчэй! Адно пачуццё: нянавісць да грузнага цела, што мчалася ззаду. Яно, у сутнасці сваёй нязначнае, выклікала занадта многа клопатаў і турбот.

 

...Вось і скончылася доўгая вандроўка. Свяціла сонейка, і лёгкі ветрык пяшчотна кранаў фіранкі на вакне гасцінічнага нумара. Вайцахоўскі прачнуўся і адразу ўспомніў - дзе і чаму. Выглянуў у акно і ў маленькім скверы насупраць гасцініцы ўбачыў групку мужчын чыноўнага выгляду - у касцюмах, пры гальштуках. Чакалі. У іх, здаецца, быў добры настрой: нешта азартна абмяркоўвалі, ахвотна смяяліся. Ды раз-пораз кідалі заклапочаныя позіркі на гадзіннікі, на дзверы і вокны гасцініцы, на катафалк. Нічога, пачакаеце, падумаў Вайцахоўскі. Пілуховіч, напрыклад, шэсцьдзесят пяць гадоў чакаў. Чыноўнікі павінны ўмець чакаць, гэта іх асноўны занятак.

Увогуле, гарадок выглядаў даволі прывабна: зялёны, у квецені. Учора, як прыехалі, ён яму не спадабаўся: ні агеньчыка вакол, ні жывога ценю. Горад, калі ў ім цябе ніхто не чакае, здаецца асабліва непрыемным. Ён уявіў жыхароў у сне: аднолькава раўнадушныя, непрыгожыя твары, як у Пілуховіча ў цемры катафалка. І вось - сонейка, вясёлыя галасы за акном.

Пагаліўся, спаласнуў твар сцюдзёнаю, відаць, са свідравіны, вадою. У дзвярах азірнуўся на пакой свайго начнога прытулку: нічога не забыў? Хутчэй за ўсё, ён сюды ўжо не вернецца. Не спяшаючыся пайшоў уніз па лесвіцы, уяўляючы сустрэчу, што мае быць праз хвіліну: службовую бадзёрасць, сумленныя, простыя, але ж не без патаемнай хітрасці, твары, тое безумоўнае шанаванне, якое яны выкажуць яму, высокаму суправаджальніку і яго ганароваму грузу. Уявіў справы, што сёння чакаюць: пахаванне, памінкі, дарога назад. Са сваёй задачай справіўся добра, вось толькі няма каму ацаніць. Добра жыць вернікам, у іх заўсёды ёсць справядлівы ацэншчык і суддзя. Добра Пілуховічу, ніякія ацэнкі людзей яго ўжо не хвалююць.

І раптам Вайцахоўскі як уткнуўся ў шкляную сцяну. Насупраць парадных дзвярэй ён убачыў яшчэ адны, вузкія, абшарпаныя, з вялікімі шчылінамі. Скрозь шчыліны сюды, на змрочную лесвіцу, біла сонца, і Вайцахоўскаму памроілася, што там, за дзвярыма, заўсёды такое яснае сонечнае святло. Ён асцярожна, быццам не меў на гэта ніякага права, прачыніў іх і ўбачыў невялікі дворык, агароджаны невысокім штыкетнікам, каня, запрэжанага ў калёсы, маладога дзецюка, што завіхаўся з віламі ля пуні, і маладую жанчыну, якая стаяла побач і ласкава глядзела на дзецюка. Яшчэ, здаецца, шэры каток ляжаў, угрэўшыся, амаль пад нагамі жанчыны ды куры нешта рупліва выглядалі на зямлі.

Вайцахоўскаму невыносна захацелася выйсці ў гэты двор, пастаяць побач з жанчынаю, а потым, не азірнуўшыся, пайсці з яго - у другі, трэці, чацвёрты, і ўрэшце пакінуць горад і ніколі больш не з'явіцца ні тут, ні ў Менску альбо ў Маскве - нідзе.

Але ж праз хвіліну ён прычыніў дзверы і пакрочыў туды, куды належала: да чыноўнікаў, што чакалі яго. Яны адразу азірнуліся на стук дзвярэй, і твары іх выказалі і смутак, і радасць, а таксама гатоўнасць дзейнічаць. Такія ж пачуцці адбіліся на яго бадзёрым, сумленным, заклапочаным твары.




Беларуская Палічка: http://knihi.com