epub
 
падключыць
слоўнікі

Алена Васілевіч

«Многа задум, многа хваляванняў...»

 

У Вісарыёна Гарбука ёсць невялікая аповесць пад назвай «Фіранка на скразняку»... Гэта не толькі назва новага твора — гэта ў пэўнай ступені і вельмі дакладная метафара ў адносінах да творчага і жыццёвага побыту Вісарыёна Гарбука.

У свае пражытыя семдзесят год ён і сёння трымаецца як быццам на бясконца напорыстым, кожны момант вельмі рызыкоўным скразняку. Аднак ён не заканапачвае шчылін у сценах свайго дома, не зачыняе глуха вокан і дзвярэй — і яго дзверы і вокны, як і сама няўрымслівая душа яго, шырока раскрыты насустрач сонцу, ветру, жыццю.

А жыццё яго, не баючыся юбілейнага пафасу, можна назваць адным словам — подзвіг. Подзвіг салдата, які не здаўся ні вайне, ні смерці. Выжыў, і перамог, і вярнуўся ў строй, мужна адваёўваючы ў жорсткага лёсу кожны дзень, кожную гадзіну жыцця.

Нельга сённяшняму чытачу, асабліва юнаму, якому Вісарыён Гарбук піша і прысвячае свае кніжкі, не ведаць гэтага жыцця.

...Вісарыён Сцяпанавіч Гарбук нарадзіўся ў 1913 годзе на Полаччыне. Рана асірацеўшы, ён выхоўваўся ў людзей, якія замянілі яму роднага бацьку і якія памаглі яму прабіцца ў навуку — скончыць спачатку ШКМ (школу калгаснай моладзі) у Чашніках, а затым педтэхнікум у Лепелі. Гэта былі яго дзядзькі — настаўнікі пачатковай школы Іосіф Васільевіч і Прохар Васільевіч Ключонкі, удзячнасць да якіх Вісарыён Гарбук пранёс праз усё жыццё.

...Пасля педтэхнікума ён два гады панастаўнічаў у Дварэцкай сямігодцы, а потым паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Там ён адразу ж уліўся ў вірлівы студэнцкі побыт, стаў актыўным удзельнікам усіх інстытуцкіх літаратурных падзей, а неўзабаве стаў наведваць і літаратурнае аб’яднанне пры Саюзе пісьменнікаў БССР, дзе блізка пазнаёміўся з яго кіраўніком, паэтам М. Хведаровічам, і гутарыў з такімі вядомымі пісьменнікамі, як Змітрок Бядуля і Міхась Чарот. Ці трэба казаць, як акрылялі маладога пачаткоўца тыя гутаркі і парады!

Перад самай вайной Вісарыён Сцяпанавіч працаваў ужо выкладчыкам рускай і беларускай літаратуры ў сярэдняй школе. Гэта была шчаслівейшая пара яго жыцця: была маладосць, была ўжо самастойная дарога ў жыцці, былі імклівыя надзеі і спадзяванні на будучыню.

...Усё гэта зруйнавала вайна.

Гарбук прайшоў вайну сапёрам. (А сапёр, як вядома, памыляецца адзін толькі раз...) Пад бомбамі, пад кулямі ўзводзіў ён пераправы і будаваў умацаванні пад Масквой і ў Варонежы, у Гомелі і на Магілёўшчыне. Прайшоў па Валыні, па Камень-Кашырскай зямлі, прайшоў Польшчу — Кутна, Седлец, Рэмбертаў, Сандомеж, плацдарм на Вісле... Па гэтых мясцінах праклаў свой агнявы шлях 1-шы Беларускі фронт.

І сапёры, як заўсёды, былі на самых адказных рубяжах — на размініраванні дарог і будынкаў, на будаўніцтве мастоў і перапраў... Вісарыён Гарбук быў сапёрам.

У красавіку 1945 года разам з часцю, у якой ён служыў, Гарбук дайшоў да Берліна... Там, у Берліне, ён стрэў і адсвяткаваў перамогу разам з сябрамі, каму лёсам наканавана было дайсці, дажыць да гэтага шчаслівага дня. Ён дайшоў да яго, дажыў.

Наперадзе чакала вяртанне на радзіму, чакала мірнае жыццё і праца.

Але вайна не адпусціла яго так. Яна сплаціла салдату за ўсё — і за тое, што ён яе адолеў і што выжыў, што перамог... Не мінуліся яму так ні ледзяныя па пояс балоты, ні акопы над Віслай, ні вясна на Одэры... Усё роўна як вораг з-за вугла, помсліва падкраўся і бязлітасна ўдарыў яго жорсткі раматус. І на доўгія гады прыкаваў да шпітальнага ложка. Ні падняцца, ні сесці, ні зрабіць кроку... Прайшлі гады, пакуль ён здолеў — чаго каштавала яму гэта перамога! — узяць зноў у рукі аловак і зноў зрабіць першы крок (!) на мыліцах...

Зараз Вісарыён Сцяпанавіч Гарбук жыве і працуе ў цудоўным сонечным горадзе Пяцігорску.

«Працуе» — гэта слова ў адносінах да яго змяшчае такі напружаны, такі рознабаковы і творчы змест, якім можна не толькі захапляцца, а і па-добраму зайздросціць.

Двойчы, будучы ў Пяцігорску, я наведвала Вісарыёна Сцяпанавіча ў яго дома, на вуліцы Пушкіна, і абодва разы вярталася ад яго захопленай, узнёслай і як быццам памаладзелай.

Так умее ён, сам бязмежна любячы жыццё, натхніць і запаліць кожнага, хто з ім страчаецца!

Яго рабочы пакой запоўнены сонцам, кветкамі і кнігамі. Кнігі на паліцах за шклом, на часопісным століку, на яго стале (зробленым па спецыяльнаму чарцяжу), за якім ён працуе... На гэтым стале заўсёды ляжыць рабочы рукапіс (ён працуе, піша рэгулярна, абавязкова штодзённа, у пэўныя — ранішнія — гадзіны). Ляжыць раскрытая кніга, якую ён чытае за гэтым сталом. (На гэты раз, калі я прыйшла, чытаўся 5-ты том падпіснога выдання Янкі Брыля.) На рабочым стале ў пэўным парадку раскладзены свежыя газеты і часопісы, ранішняя пошта, якую ён праглядае, прачытвае і ўсім прачытаным захоплена, зацікаўлена ці абурана (але ніколі не абыякава!) дзеліцца са сваім субяседнікам — госцем, ці суседам, ці са сваімі хатнімі.

...Ён рэдка калі бывае адзін. Прыходзяць яго чытачы — дзеці, вучні, падлеткі. З імі ён адпраўляецца ва ўсе паходы іх школьнага, піянерскага і дваровага жыцця-быцця. Усе свае вынаходніцтвы і адкрыцці, паражэнні і перамогі, усе свае непаладкі і разлады — усё яны, не саромеючыся і не бянтэжачыся, нясуць яму — на яго вярхоўны суд. Высокі і справядлівы. І самае галоўнае — на суд роўнага сярод роўных. Бо ён не толькі ўмее раіць і справядліва судзіць, ён яшчэ ўмее, як і яны, марыць, умее бяскрыўдна рагатаць не толькі з чые-небудзь, а і са свае ўласнае прамашкі... Роўны сярод роўных. Сябар.

Прыходзіць сусед-прафесар, і яны на самых грунтоўных, на самых апошніх навуковых доказах абмяркоўваюць, скажам, праблему сучаснай фармакалогіі. Скажам, сённяшняя, перакладная з балгарскай мовы, навінка «Лекарственные травы» і травалячэнне ў практыцы найславутага Абу Алі ібн Сіны (Авіцэны)... Абодва заядлыя «траўнікі». Абодва захоплены, вераць і прапагандуюць абавязкова чай, завараны і настоены на квецені... канюшыны чырвонай. І самі, вядома ж, п’юць яго. (Канюшынавая «заварка» прывезена гэтакімі ж аматарамі цудадзейнага чаю з летняй батанічнай камандзіроўкі. Недзе аж з нагор'яў вакол Нальчыка.) Экстракт, сканцэнтраваны ў кветках канюшыны, папярэджвае склероз сасудаў, спрыяе жыццядзейнаму настрою — адганяе, карацей кажучы, старасць!

...Забягае да Вісарыёна Гарбука ў госці моладзь. Студэнты. А той ці тая недзе працуе і вучыцца — завочна або на вячэрнім.

...Абавязковы, штодзённы наведвальнік і госць «дзядзі Вісарыёна» далікатны сусед-філосаф пяцігадовы Светазарык. З ім кожны раз, як адкрыццё сённяшняга дня, разглядаецца «каменная калекцыя», сабраная Вісарыёнам Сцяпанавічам і жонкай Людмілай Пракопаўнай у Кактэбелі і Гаграх. Усё гэта унікальныя мініяцюры з галечніку: дзяўчынка з косамі, партрэт дамы, 9-ты вал, маска, сонны вулкан, дзедаў валёнак, кардыяграма пітэкантропаса, «всевидяшее око»...

— Гэта ўсё мы збіралі з маёй Лю (з жонкай — Людмілай Пракопаўнай). Цікава жыць на свеце! — захапляецца Вісарыён Сцяпанавіч.

І ты не можаш не згадзіцца: сапраўды — на свеце жыць цікава...

— А звярніце ўвагу вось на гэты зрэз,— паказвае ён на белую пласціну з пенапласту на сцяне.— Такімі пласцінамі ў нас тут ацяпляюць гаражы. Можа, яна нагадае вам штосьці і вы падорыце нам яе новую назву?

Прыглядаюся — і сапраўды: «Сюжэт карціны» нечым вельмі нагадвае касмічныя сюжэты Чурлёніса... Так і кажу Вісарыёну Сцяпанавічу. Ён не адмаўляе.

— А што вы думаеце! Сапраўды... У нас вядзецца запіс назваў, якія прыдумваюць гэтай карціне свежыя людзі. Вось паслухайце: Белае маўчанне. Сонечны вецер. Фіранка на скразняку. Гукі цішыні. Лямант. Марскі прыбой. Голас Маякоўскага ў эфіры... А нядаўна адзін малады закаханы чалавек даў такую назву: «Валасы дзяўчыны, з якімі гуляе гарэзлівы вецер»...

Сваім «касмічным» рэльефам карціна (міжвольна і сам згаджаешся: так, карціна...) і сапраўды абуджае фантазію. І заклікае ў сааўтары.

І гэта цешыць і захапляе і саміх гаспадароў і гасцей.

У гэтым доме можна цэлы дзень праседзець і не заўважыць, як міне гэты дзень. Тут любяць і тут рады гасцям. І госці адсюль, з гэтага дома, выходзяць нібыта абноўленымі.

Сюды паштарка штодня нясе торбу пошты: газеты, часопісы, пісьмы, бандэролі, падпісныя выданні. З Мінска, з Беларусі, пошта асабліва важкая і дарагая. І нядзіўна, што Гарбук ведае пра ўсе літаратурныя падзеі — значныя і нязначныя — ці не лепш, скажам, за мяне, якая толькі тыдзень які, як выехала з Мінска... Як пра шчаслівы сон успамінае ён пра нашы лясныя Каралішчавічы — Дом творчасці пісьменнікаў, дзе яны з Людмілай Пракопаўнай гасцілі адно грыбное лета. Збіраецца, марыць прыехаць яшчэ. Не трэба адкладваць... Час не ашчаджае ні цябе самога, ні старых сяброў. То адзін адышоў, то другі адляцеў у вырай...

— Трэба спяшацца! Ёсць яшчэ вельмі многа задум, многа хваляванняў.

Позірк у Вісарыёна Сцяпанавіча малады і гарачы. Твар адухоўлены. І сівізны зусім не відно. (Ці, можа, гэта мне не кінулася ў вока яго сівізна?..)

Вісарыён Гарбук напісаў не адну кніжку... Пісаць пачаў ён у шпіталі. Піша на беларускай і рускай мовах. Вось пералік некаторых яго кніг: «Не шукаю спакою» (1963 г.), «Лицо в полоску» (1967 г.— паводле аднайменнага апавядання з гэтай кнігі пастаўлены тэлефільм для дзяцей), выйшлі ў Стаўрапалі кніжкі для дзяцей «Мышки и мишки» (1964 г.), «Танюшкины рассказы» (1974 г.), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977 г.). Пераклаў і апрацаваў для дзяцей казкі народаў Паўночнага Каўказа «Напітак волатаў» (1969 г.).

Героі яго кніг — часцей за ўсё дзеці — як птушкі, разляцеліся па нашай краіне, па розных (у перакладзе) рэспубліках і сталі вядомымі і любімымі ў сваіх чытачоў.

Яго кніга выбранага «Горад без папугайчыкаў» сабрала пад сваім дахам старых нашых (Гарбуковых) знаёмых і гасцінна прытуліла новых... Я не ставіла сваёй мэтай пераказваць змест гэтае кнігі. (Кнігі трэба чытаць кожнаму самому.)

А вось пра пісьменніка, ветэрана Айчыннай вайны, заслужанага дзеяча культуры БССР Вісарыёна Сцяпанавіча Гарбука, расказаць юным чытачам я палічыла за неабходнае.

І гэта быў расказ — пра сапраўднага Чалавека.

Алена Васілевіч

 


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан