epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аляшкевіч

Ронда старых палацаў

Навела

Чырвонае вока сонца ўжо схілілася на пажухлым восеньскім даляглядзе, адкідваючы ружовую пасму-цень на сіняватыя азёрныя хвалі, што неспакойна ўздыхалі перад велічным замкам. Ён, бы той непрыступны бастыён, узнімаўся на пакатым узвышшы.

Панна Ядвіга, прыпыніўшы белую кабылу, спрытна саскочыла з потнай спіны жывёлы на жоўтую пляму сцяжыны. Яська перахапіў у панны ляйчыну, і яны паволі пад прыцішанае ржанне стомленых коней рушылі ўздоўж векавых дрэваў. Парывісты паўночны вецер шапацеў сухім пажоўклым лісцем. Зрываючы яго з магутных дрэваў, ён віхурай уздымаў іх угору, потым акуратна апускаў уніз, слаў тонкай коўдрай на сцяжыну. Панна Ядвіга зашпіліла каўнер свайго прыталенага кажушка. Было прахалодна. Ноччу, падобна, будуць замаразкі. Прыгожы бялюткі твар панны Ядвігі сёння быў задуменным, у вялікіх вачах адбівалася занепакоенасць. Амаль усю вячэрнюю прагулку панна ехала па пералеску моўчкі. Яна час ад часу нервова падганяла кабылу ў трывожную рысь — яе яўна штосьці турбавала. Яська быў насцярожаны. Калі маладая панна рэзка скакала ў гушчар зялёных прысадаў, ён моўчкі даганяў яе, асаджваў нервовы парыў ейнай кабыліцы. Спытацца ў Ядвігі аб прычыне дрэннага настрою хлопец адважыўся толькі зараз, калі яны набліжаліся да радавога гнязда маладой панны. Ён вельмі моцна кахаў панну Ядвігу, і ўжо больш за год тая адказвала яму ўзаемным пачуццём, але Яська нават на хвіліну не забываўся, што ён — просты сялянскі хлопец, служка князя, а панна — князёўна знакамітага на ўсю Еўропу роду...

— Цябе нешта турбуе, мая панна? — пацікавіўся хлопец.

Страпянуўшыся, панна Ядвіга прыцішыла хаду.

— Бацька даведаўся пра нашы адносіны,— сумна ўздыхнула яна.

— Ён табе нешта казаў пра гэта? — насцярожыўся Яська, міжволі тузануўшы ляйчынамі.

— Не, нічога не казаў, але...

Дзяўчына ўспомніла, калі раніцай бацька-князь нечакана зайшоў у яе пакоі, яўна чымсьці ўзрушаны. Ён убачыў у люстэрку яе пышныя валасы, якія яна расчэсвала вялікім грэбенем, сіняк на паўаголенай дзявочай руцэ — учора на вячэрняй выездцы яна няўдала саскочыла з каня. Густыя бровы князя насупіліся.

— Бачу, малады слуга не вельмі наглядае за сваёй паннай! Трэба замяніць яго на старэйшага і больш вопытнага. І наогул, трэба маладой панне падумаць ужо пра шлюб. Досыць быць без надзейнага мужчынскага пляча...

Павярнуўшыся, князь тут жа выйшаў з пакояў, але тыя словы пра маладога слугу яшчэ доўга трывожным водгукам адзываліся ў дзявочым сэрцы. І яшчэ гэты ўспамін пра надзейнае мужчынскае плячо... Ад прыслугі панна Ядвіга ўжо чула, што бацька паслаў ганцоў да аднаго яснавяльможнага пана ў Польшчу для перамоў аб іхнім шлюбе... Ён збіраецца выдаць яе замуж, нават не запытаўшыся ейнай згоды...

— Князь збіраецца хутка выдаць мяне замуж за аднаго яснавяльможнага пана,— сумна прамовіла панна Ядвіга і, азірнуўшыся на бязлюдны парк, наблізілася да хлопца, схіліла ў самоце галаву да яго грудзей.— Ах, Яська, чуе маё сэрца бяду.

— Што б ні здарылася, буду кахаць цябе ўсё жыццё, чуеш, мая панначка? — Хлопец ласкава абняў хударлявыя дзявочыя плечыкі.

— І я цябе буду кахаць, Яська, да самай смерці. Лепш што-небудзь з сабой зраблю, а замуж за другога не пайду!

— Што ты, панна... Пакінь такія думкі! — уздрыгануўся хлопец.— Ці можна нават думаць пра такое?..

— Але ж трэба штосьці рабіць,— ціха запярэчыла яму дзяўчына.— Мой бацька, калі што надумаў, ад свайго не адступіць. Нам трэба бегчы, Яська,— раптам тузанула яна хлопца за плячо.— Неадкладна! У Вільню, да цёткі. Панна Альжбета мяне любіць, і яна вельмі добрая — дасць нам прытулак! Сёння апоўначы, калі ў палацы ўсе заснуць, выводзь ціхенька коней у двор. Буду чакаць цябе ў парку на нашай лаўцы ля маладой вярбы.— Ядвіга падняла вочы на хлопца, збянтэжанага ад падобнай прапановы.— Ты чуеш мяне, Яська?

— Я прывяду апоўначы коней, мая панначка,— нарэшце парушыў маўчанне хлопец.

Яны пайшлі да высокіх замкавых вежаў, увайшлі ў шэрую пашчу брамы.

— Да сустрэчы, мая панначка,— ціха прамовіў Яська ўжо ў двары, адкуль чуліся галасы княжацкай прыслугі, што была занятая сваімі вячэрнімі клопатамі.

— Да сустрэчы, каханы,— ласкава прашаптала Ядвіга.

Яна, павярнуўшыся, таропка пайшла да палаца. Яська некалькі хвілін утрапёна пазіраў ёй услед, потым накіраваўся да канюшні.

Ступіўшы на прыступкі будынка, дзяўчына, узрушаная ад толькі што прынятага рашэння, нават не прыкмеціла, як у двары Яську схапілі княжацкія стражнікі. Яны зацягнулі яго ў змрочнае падзямелле — туды, дзе пакутавалі за кратамі тыя, хто пазбаўлены ласкі святлейшага князя...

Панна Ядвіга, прайшоўшы ў свае пакоі, пераапранулася ў хатнюю сукенку і прысела насупраць люстэрка, у якім, бы наяве, убачыла першую сустрэчу з Яськам...

Тады бацька-князь упершыню ўзяў яе на паляванне ў дзікі лес, які высокай густой сцяной стаяў за некалькі вёрст ад замка. Пасля доўгай скачкі на прыткіх конях яна спынілася на вялікай лясной паляне адпачыць. Адусюль гучалі прызыўныя рогі і галасы загоншчыкаў, брэх паляўнічых сабак, якія цікавалі ў лесе дзіка. Панна Ядвіга схілілася над россыпам лясных суніц. Мядовы водар траў кружыў галаву, вымушаў забыцца пра рэчаіснасць. Раптам яна пачула спалоханыя галасы прыслугі. Узняўшы галаву, дзяўчына ў жаху ўбачыла, як з лесу проста на яе нясецца вялікі шэры дзік. Ад сполаху ногі нібы ўраслі ў зямлю, у чаканні жудаснага яна міжволі заплюшчыла вочы. Адкрыла іх толькі тады, калі пачула гучны енк дзіка. У здзіўленні яна пазірала на незнаёмага хлопца, які змагаўся з дзіком на акрываўленай траве і паласаваў звера доўгім паляўнічым нажом. Калі дзік нарэшце сціх, хлопец выбраўся з-пад яго, выцер кроў, якая струменіла з параненай нагі. Князь, які неўзабаве галопам падскакаў на кані да дзяўчыны — белы, што тое палатно,— саскочыўшы на зямлю, трывожна агледзеў панну Ядвігу, пяшчотна абняў яе, потым павярнуўся да мужнага хлопца, які з захапленнем пазіраў на маладую панну.

— Хвалю за храбрасць, малады служка. Будзеш з сённяшняга дня асабістым ахоўнікам панны. Дапамажыце яму,— загадаў ён стражы, якая падскакала да іх.

З таго дня пачалося разгарацца ў сэрцы панны Ядвігі шчырае пачуццё да простага хлопца...

Дзяўчына адвяла затуманены позірк ад люстэрка, узняўшыся з табурэта, ступіла ў кут пакоя і апусцілася на калені ў шчырай малітве насупраць абраза Маткі Боскай, просячы ў яе заступніцтва і дапамогі ў сённяшнім начным падарожжы. Яна ўстала з каленяў, калі двор ужо агарнула густая цемра. Хуценька склала неабходныя рэчы ў хустку і завязала на вузел, затым падышла са сваёй ношай да гардэробных шафаў, але ні паліто, ні прыталенага лёгкага кажушка, у якім яна звычайна хадзіла на штодзённыя прагулкі, у іх чамусьці не аказалася. “Мабыць, прыслуга вырашыла нанач прасушыць гэтую вопратку...” — падумала Ядвіга. Хвіліну паразважаўшы, яна абула свае маленькія ногі ў боты і ў адной сукенцы, ціхенька пераадолеўшы зацемнены доўгі калідор, выйшла з палаца ў двор...

Праз некаторы час дзяўчына была ўжо ў парку. Прысеўшы на настылую лаўку, яна сцепанула хударлявымі плечыкамі — было надзвычай холадна, па зямлі слалася белае павуцінне першых восеньскіх замаразкаў. Ядвіга з надзеяй пазірала ў стылую начную цемру. Яна чакала, калі з-за дрэваў мільгане знаёмая постаць любага.

А ў гэты час княжацкія стражнікі прывязалі Яську да тоўстай бэлькі ў патаемным падземным пакоі, які ледзь асвячала адзіная свечка на шырокім дубовым стале. Яны катавалі хлопца, дамагаючыся прызнання пра яго адносіны да маладой князёўны, але той, нягледзячы на ўсе старанні катаў, упарта маўчаў.

Было ўжо апоўначы, калі ў вузкіх дзвярах патаемнага пакоя раптам узнікла змрочная постаць князя. Служкі перасталі сцябаць маладое цела акрываўленымі бізунамі, схілілі свае потныя спіны перад гаспадаром.

— Што, маўчыць? — Прайшоў князь на сярэдзіну пакоя.

— Маўчыць, яснавяльможны пан,— хутка адказаў старэйшы стражнік.

— Развяжыце гэтага халопа, падвядзіце бліжэй, каб я мог выразна бачыць яго,— пачуўся рэзкі загад.

Калі Яську развязалі і падвялі да стала, князь пагардліва паглядзеў на яго дзіравыя лахманы, якія засталіся ад яго адзення і праз якія было відаць акрываўленае цела, утаропіў свой гнеўны позірк на хлопца.

— Кажы праўду, што ў цябе было з паннай? — злосна запытаў ён.— Ты разумееш, аб чым я пытаюся?

Але Яська не адвёў позірк убок. У яго стомленых вачах не было страху, а толькі боль і нейкае незразумелае князю перажыванне.

— Вы вельмі дрэнна думаеце, яснавяльможны князь, пра панну Ядвігу. Яна — сама дасканаласць, нябесная чысціня і святло...

— Ты быў прыстаўлены да маладой панны, каб верна служыць і ахоўваць яе, а не для таго, каб разважаць пра яе дасканаласць і чысціню! — груба перапыніў князь.— Але я дарую табе твой ганебны ўчынак, калі падпішаш гэта...

Ступіўшы бліжэй да стала, князь грэбліва паклаў на яго тоўсты скураны кашэль і пажаўцелы ліст паперы.

— Гэта тваё пакаянне ў нядобрым учынку — адказ ад сваіх пачуццяў да панны,— злосна патлумачыў ён.— Я ведаю, панна навучыла цябе пісаць. Падпішы яго і атрымаеш волю. І яшчэ — вось гэтыя грошы,— кіўнуў князь у бок кашаля,— тут іх столькі, што хопіць, каб купіць маёнтак з добрай зямлёй і служкамі. Купіш яго і сам станеш панам, выбераш у жонкі дзяўчыну, якую пажадаеш. І я назаўсёды забудуся, халоп, пра твае адносіны да маладой панны.

Хлопец моўчкі апусціў галаву, адмоўна захітаў:

— Я прысягаў перад нябёсамі панне Ядвізе быць верным усё жыццё...

Твар князя імгненна наліўся злоснай чырванню:

— Халоп!.. Ды як ты смееш пярэчыць мне, святлейшаму князю?!. Пану, са словам якога лічацца самыя знатныя роды Еўропы! Неадкладна пакараць! — Ён павярнуўся да стражы: — І біць гэтага няўдзячнага халопа датуль, пакуль не падпіша гэты ліст! — Князь гнеўна стукнуў кулаком па паперы на стале і пакінуў патаемны пакой.

Стражнікі тут жа падступіліся да хлопца, зацягнулі яго ў кут. Бізуны раз за разам з д'яблавым свістам апускаліся на Яську, пакуль той, нежывы, не асунуўся на халодную падлогу...

Панна Ядвіга ўсё сядзела на настылай лаўцы ў парку. Прамерзлая, спакутаваная, яна чакала любага. На ўсходзе небасхіл пачынала ўжо прабіваць сіняватае перадсвітальнае марыва. Яна не адчувала восеньскага марозу, які балюча шчыпаў праз тонкую сукенку яе хударлявыя плечы. Вяртацца дамоў сэнсу ўжо не было. Ядвіга зразумела: бацька дазнаўся пра іх планы і Яську схапіла стража. А як ставіцца князь да тых, хто трапляе да яго ў няміласць, панна ведала. Таму, яшчэ раз тужліва зірнуўшы на бязлюдную сцяжыну, дзяўчына звярнула свой светлы позірк у нябеснае покрыва. Яна вырашыла чакаць каханага, калі спатрэбіцца, нават цэлую вечнасць...

Такой яе і знайшлі княжацкія слугі раніцой у парку — застылая адзінокая дзявочая фігура, погляд летуценных вачэй скіраваны ў бясконцасць...



Тэкст падаецца паводле выдання: У Храме зямнога кахання : аповесці, апавяданні / уклад. Алесь Лесавік. — Мінск : Маст. літ., 2009. — 271 с. — (Вера. Надзея. Любоў)