Пяць мелодый катрынка спявае,
Толькі ведай - круці рукавятку.
Люд у скрыню да старца кідае
Неўміручага жыта зярняткі.
Грай, катрынка,
Спявай безупынку.
Лес прачнуўся, дзе зараз палі -
Гонкіх дрэў загулі вершаліны.
Пераспелі на сонцы маліны,
А ў цямрэчы яшчэ не цвілі.
Грай, катрынка,
Спявай безупынку.
Як дакладна чаргуюцца гукі -
Металёвая нудзіцца скрынка,
Спрацаваныя, ссохлыя рукі
Круцяць жыцці ў тужлівай катрынцы.
Грай, катрынка,
Спявай безупынку.
Гук мелодый, як позірк забыты,
Як вада з ледзяшамі ў палонцы.
Люд кідае апошняе жыта,
А у скрыні ўсё роўна на донцы...
Грай, катрынка...