epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

Ткачы

Раней ніхто й не здагадваўся, што ў нашым горадзе жывуць ткачы. Нават старажылы ня памятаюць, каб былі тут якіясь ткацкія фабрыкі. Прычым, гэтыя ткачы да нас ніадкуль не прыехалі, гэта ня нейкія там мігранты з баваўнянай Сярэдняй Азіі. Як раз не. Гэта свае, тутэйшыя. Тут нарадзіліся, гадаваліся й сталелі. Але як ім удалося дасюль хаваць сваю прыналежнасьць да тае спэцыфічнае прафгрупы? Загадка.

Раней я быў па-дзіцячаму наіўны. Мне падавалася, што калі ты каваль, дык мусіш вырабляць на кавадле працоўныя прылады з мэталу, а калі ткач - ткаць халсты. Нічога падобнага. Можна быць ткачом і ня ведаць, што такое ткацкае абсталяваньне й чым бавоўна адрозьніваецца ад нэйлёну. Карацей, быць поўным прафанам у ткацтве. Калі я даведаўся, што такое магчыма, дык страшэнна зьдзівіўся. Можна сказаць, што ў маёй галаве адбылася рэвалюцыя. На ўзор сэксуальнай. Прабачаюся, але колькі словаў мушу сказаць пра сэксуальную рэвалюцыю.

За савецкім часам на сэксуальную сувязь да ўзяцьця шлюбу глядзелі як на паўкрымінальную правіну. Гэта сьцьвярджалі ўсе інстытуты грамадзтва - мараль, ідэалёгія, адукацыя, сям'я. Таму ўласна сэксуальная сувязь ва ўяўленьні моладзі паўставала ў выглядзе гэткай д'ябальскай спакусы. Гэткага сатанінскага ўчынку. Побач зь якім проста не існавала месца каханьню. Каханьне ўсё ж такі боскае пачуцьцё. Ня цяжка ўявіць, што нараджалася ад сэксу без каханьня. Сэксуальная рэвалюцыя выбухнула як супраціў татальнаму падману. Як ахоўчая рэакцыя маладых арганізмаў і душаў. Сацыяльная экалёгія, што згубіла раўнавагу, патрабавала ратаваньня. Трэ было вярнуць каханьне чалавечым адносінам. Памятаю, мая аднакурсьніца, апраўдваючы дашлюбную сэксуальную сувязь, казала, што гэта небясьпечна - браць шлюб без выпрабаваньня свайго суджанага. Маўляў, навошта ўскладняць сабе будачае жыцьцё. Дзяўчына была прагматычнаю й думала пра будучае. Сатанінскі сэкс ня думае ні пра што.

Ткачы, мне падаецца, нарадзіліся ад сатанінскага сэксу. Ткачы проста ня ўмеюць думаць. Яны жывуць рэфлексамі. Для іх не існуе ніякіх тармазоў.

Сусьветная гісторыя сьведчыць, што ткачы масава зьяўляюцца падчас пэўных грамадзкіх узрушэньняў. Яны гуртуюцца ў паўвайсковыя аддзелы, падобныя да зграяў шакалаў. Прычым, разабрацца, хто ў іх галоўны - немагчыма, бо ніякай формы яны ня носяць, ня кажучы ўжо пра пагоны й пятліцы. Здаецца, што й загадаў ніхто ў іх асяродзьдзі не аддае. Відавочна, загадам для іх робіцца тая мэта-задача, якая патрапляе ў іх галовы. Больш агрэсіўных і дэструктыўных людзей цяжка ўявіць. Яны на вялікай адлегласьці адчуваюць ворага. Найбольш іх разражняе што-кольвечы разумнае й мудрагелістае. Першымі сваімі ворагамі яны лічаць рознага кшталту «мудрацоў». Няма чаго думаць і балбатаць, - кажуць яны, - трэба дзейнічаць. За галоўную абразу сярод іх уважаецца слова «прафэсар».

Ведаючы, на што здатныя ткачы, я не выходжу на вуліцу без газавага пісталета. Сябры мне прапаноўвалі сапраўдны «вальтэр». Я адмовіўся. Усё адно забіць чалавек я няздольны. Навошта «вальтэр», калі й «газавік» падобны да сапраўднага. Напужаць ткача я магу і ім. Ніколі раней не паверыў бы, што прызвычаюся да гэтае «цацкі» й нават палюблю яе. «Газавік» мяне ратуе. Ня столькі ў фізычным пляне, колькі ў духовым. Бо лепш бараніцца, чым, абмінаючы небясьпеку, прыстаўляцца, выдаваць сябе за свайго, за ткача. Удаваць я ня ўмею.

Часам я чую ад ткачоў слушныя словы. Але яны падобные да пажухлае лістоты. У іхніх словах няма жыцьця. Слушнасьць не бывае вечнай ці хаця б доўгатэрміновай. Прамоўленыя сёньня слушныя словы, заўтра становяцца зусім няслушнымі й нават хлусьлівымі. Ткачам гэта цяжка зразумець.

Раней я спрабаваў ткачам нешта давесьці, патлумачыць. Але хутка пераканаўся ў марнасьці маёй асьветнай дзейнасьці. Яны ўпарта стаяць на сваім. Усё кепскае, што надараецца ў краіне, яны тлумачаць наступствам змовы. Ня цяжка здагадацца, хто вінаваты ў тых змовах.

Я ня раз задумваўся: у чым прырода гэтай хлусьні? Аднойчы мне ўзгадаліся бачыны мэмуараў былых гулагаўцаў: тых, што выжылі. Часам, менавіта хлусьня ім дапамагала захаваць жыцьцё. Напрыклад, у новага канвою вязьняў, што прыгналі ў лягер, пытаюцца, ці ёсьць сярод іх рахункаводы. Некалькі чалавек выходзіць з шыхтоў. Сярод іх той, хто ніколі ня быў рахункаводам. Чалавек падмануў і выжыў. Захаваў сябе ад нечалавечых пакутаў на лесапавале або ў рудніку.

Ткачы таксама, напэўна, імкуцца выжыць. У час грамадзкага ўзрушэньня. Іншага тлумачэньня я ня бачу. Яны выйшлі з агульнага шыхту й гучна прамовілі - МЫ ТКАЧЫ. Толькі ніхто іх у ніякі гулаг яшчэ ня гнаў. Пра мажлівасьць гулагу прайшла толькі першая пагалоска. Баючыся спазьніцца, яны загадзя падманулі і аб'ядналіся ў хаўрус. Каб выжыць...

 

2000 г.


2000

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае