epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

У чаканьні другога прышэсьця

Анатоль Сыс па сёньняшні дзень зьяўляецца для мяне таямніцай. Дзе ў ім шчырасьць? Дзе гульня? Дзе блюзьнерства? Ці ведае ён сам?

Усё было ўчора. Усё было на нашых вачах. А мы разважаем і мяркуем пра той час як пра нейкую смугу-мінуўшчыну - няўцямнымі дэфініцыямі заўчасна састарэлых крытыкаў і пустамельствам кандыдацкіх манаграфій. А часьцей увогуле не зьвяртаем на набыткі і страты 90-х якой-кольвечы ўвагі. Можа, сапраўды, вялікае бачыцца на адлегласьці? Вось толькі хто будзе разглядаць тое вялікае? І хто будзе шанаваць нашу спадчыну, калі мы яе самі не шанавалі?

Беларускай літаратурай усё яшчэ верхаводзяць атавістычна-савецкія «міжганарарныя» дачыненьні. Гіерархі айчыннага краснага пісьменства ня здолелі выйсьці за кола, намаляванае чырвонай крэйдай, і ператварыць літаратуру, якая была і дасюль застаецца для іх выключна прафэсійным заняткам, у жыцьцё. Калі ў сваіх артыкулах я пісаў, што прыйшоў час рабіць літаратуру не за грошы, я меў на ўвазе менавіта гэтую праблему. Праблему ўяўнага кола, якога рэальна даўно няма, але які дзіўным чынам упарта захоўваецца ў нашых галовах. Рэзэрвацыю пакінула толькі частка пісьменьнікаў з пакаленьня «тутэйшых». Разбалансаваны мэханізм беллітаратуры пачало трэсьці і «рваць» на шматкі. Спачатку зьнікла агульная культурніцкая прастора. Мудроў і Федарэнка, Сідарук і Казлоў, Бабкоў і Дранько-Майсюк апынуліся на розных выспах, у розных кантэкстах, нібыта адны зьехалі ў эміграцыю, а другія засталіся пад сваімі саламянымі стрэхамі. Валянцін Акудовіч слушна назваў гэтую сытуацыю «архіпэлягам Беларусь». Затым зьнікла якая-кольвечы гіерархічнасьць...

У найгоршую сытуацыю сёньня патрапілі тыя, хто не прыбіўся ані да якога берагу. Сярод апошніх ці не галоўнай ахвяраю стаўся Анатоль Сыс.

Ніхто з беларускіх паэтаў напрыканцы 80-х ня меў такой славы, як трыццацігадовы Толя Сыс. Я й сёньня выразна згадваю тое пачуцьцё, якое выклікаў у мяне Анатоль чытаньнем верша «Маналог "Тутэйшага"» на мітынгу ў Верхнім горадзе. Як бегалі мурашкі па сьпіне, перасыхала ў горле, здавалася, усім целам адчуваеш энэргетыку пранікнёнага вершаванага слова.

Чытаю вершы «Пацір», «У гэтай краіне ня маю я дому...», «Ляцелі ў вырай ветракі...», «Спаўзаючы зь церня...», «Злачынцы брыдуць на споведзь...», «Дух», «Пан Лес» і выразна чую голас аўтара. Інтанацыю, вібрацыю голасу, характэрны нэрвовы надрыў, рытм. Нібыта слухаеш гуказапіс. Творчае гарэньне гэткага напалу патрабавала ад паэта асаблівых духоўных сілаў. Адчуваючы да сябе штодзённую хваласьпеўную ўвагу, у стане «зорнай» эйфарыі Анатоль безразважна кінуўся ў вір паэзіі, расьцярушваючы свае сілы і талент у багемным блудніцтве. Сыс у Менску нагадваў падсечаную хвою, якая сьцякала смалою-паэзіяй. У такім наркатычным стане ня думаецца пра заўтрашні дзень...

А гэты дзень прыйшоў. І высьветлілася, што за славу ня купіш нават бохан хлеба; што слава - уяўная капрызьлівая, распусная дзеўка; што сёньня паэзія - хутчэй справа сьвятарская, чым карчмарская. (Нездарма Алег Бембель, якога Сыс назваў сваім настаўнікам, у свой судны дзень сышоў у манастыр). Паэзіі, як і Богу, трэба слугаваць, зьмірыўшы сваю плоць і пажаду.

Сысу не было на што абаперціся. Хлопец з Гарошкава ў горадзе мог толькі бавіць час. Бавіць як паэт. Зусім іншага чалавечага і грамадзкага чыну ад яго патрабаваў найноўшы дзень. Крэйдавы круг прафэсійнай літаратуры не дазваляў паэту вырвацца ў жыцьцё. А жыць пры літаратуры стала немагчыма. У сьвеце няма такой прафесіі - «паэт». Ёсьць Боскае наканаваньне, душэўная патрэба, графаманская хвароба, грамадзянскі абавязак. Прафесіі - няма. Гэта бальшавікі па-езуіцку куплялі душы (дакладней, целы) паэтаў і прымушалі майстроў слова, як нявольнікаў на галерах, веславаць у «сьветлае заўтра», у нікуды, у беспрасьветнасьць. Цяжка ўявіць амэрыканскага паэта, які б уступіў няхай сабе ў самы аўтарытэтны амэрыканскі «Саюз пісьменьнікаў» і гэткае «дасягненьне» палічыў бы дастатковым, каб жыць і існаваць далей. Калі за мяжою, прадстаўляючыся, я казаў, што маўляў паэт я, вершы пішу, дык мяне абавязкова перапытвалі: «А кім Вы працуеце?» Бо ніхто ў сьвеце ня можа ўявіць, як можна жыць зь вершаў.

Вось і «Тутэйшыя» ў свой час паўсталі нібыта супраць «прыкарытнікаў». Аднак, сёньня гэта выразна бачна, тэарэтыкамі «паўстаньня» не былі дакладна расстаўленыя кропкі над «і». «Тутэйшаўцаў» хутчэй не задавальняла якасьць савецкай беларускай літаратуры. Гэта была барацьба за месца пад сонцам. Маўляў, мы прыйдзем і навядзём парадак. А парадак не залежыў ад таго, хто прыйдзе. Парадак магла ўсталяваць толькі карэнная рэформа літаратурнага цэху. Сьветаглядная і арганізацыйная.

Анатоль Сыс, былы лідэр «Тутэйшых», уступіўшы ў СП, патрапіў як муха ў смалу. Ён стаў вязьнем містычнага страшнага крэйдавага кола. Як Бажавоўк.

Анатоль Сыс мог толькі пісаць вершы. Геніяльныя вершы. Але нікому яны ўжо не былі патрэбныя. Абсалютна нікому! Толя і з сяброўскім білетам СП заставаўся звычайным вяскоўцам, якога лёс закінуў у чужы няўтульны горад, адарваўны ад Поля, ад Лугу, ад Лесу, «прыгнечанага каменным горадам, // Разьбітага няўдачамі і паўсядзённай мітусьнёй, // Раздражнёнага бюракратамі і крывадушнікамі». У горад ён прыйшоў шукаць сваю долю.

Калі сад не даглядаць, ён дзічэе. Калі Сьвятому не слугаваць, Сьвятое перастае быць сьвятым. Талент і паэзія Сыса пачалі прафаніравацца і прапівацца. З дапамогаю шматлікіх прыхільнікаў і сябрукоў, якія віліся вакол Прарока камарэчай, словы і справа паэта пачалі імкліва разыходзіцца. Сьвет абрынуўся. Слава выпарылася.

 

Мне на плячо, калі пануе змрок,

Сядае сокал зь вечнаю высновай -

Што зь Белраусі (з такой сымбалічнай памылкай надрукавана ў кнізе «Пан Лес». - А.А.)

Не сыйшоў Прарок

І што з Прарокам ацалела Слова.

 

Прарокам у Беларусі заўсёды не шанцавала. Сыс, відавочна, прымерваў да сябе Купалаву славу. Напрыканцы 80-х лёс Купалы яшчэ не выглядаў такім трагічным і безнадзейным. Сыс самахоць выбраў шлях да сваёй Галгофы: «Я сам, я сам прыдбаў яго - гайворана віновай масьці».

Летась Анатоль Сыс прыяжджаў у Полацак на прэзэнтацыю чарговага нумару часопіса «Калосьсе». Было балюча на яго глядзець. У Сысавым голасе бясследна зьніклі былыя магнэтызм, жарсьць, сіла. На другім вершы ён заплакаў. Публіка ня ўцяміла, што да чаго, нехта глядзеў на сталічнага госьця з агідай. Маё сэрца сьціснуў роспачны боль.

Увечары, выпіўшы, ён назваў мяне сваім вучнем. Так, я вучыўся ў Сыса і лічу яго сваім настаўнікам. Бо ён уплываў на ўсё сваё пакаленьне.

Паэт даў і іншы ўрок - сваім лёсам, сваёй трагедыяй.

А наконт ягонай паэзіі... Памятаеце:

 

Але нябесныя вятры

Ягоны прах па сьвеце

зьбяруць, як семя ў макатры,

жывой вадой асьвецяць.

 

І ўратаваны, зь неба Дух

Зноў сыйдзе чалавекам,

Зноў будзе жыць сярод падлюг

Ды іх марыянэтак.

 

Прыйдзе час, і Дух паэзіі Анатоля Сыса сьветлым птахам вернецца ў Беларусь: «На сьмерць ня трэба апранах - яны сіло для крыл маіх».

А можа, той Дух і не адлятаў? Доўгіх гадоў табе, Анатоль. Дзякуй за вершы і вучобу!

 

2001 г.


2001

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае