epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Аркуш

Вавэль

Каля абарончых муроў Вавеля бутафорскі дракон

пэрыядычна

дыхае полымем у бок Віслы,

але зусім ня страшна

нават маленькім дзецям,

якія са сьмехам абступілі страшыдлу

як факіра на сьвяточным кірмашы.

Я зноў блукаю ля тваіх муроў - Вавэль,

здаецца, ведаю цябе зь сівой даўніны

столькі ж, колькі гэтыя Пагоні на тваіх

брамах і сьценах.

Скачуць вершнікі да роднага Полацку,

нясуць весткі з Вавэля -

не загады, бо ня любіць Полацак загадаў, -

толькі весткі пра інтрыгі, балі і фаварытаў,

альбо просьбы аб вайсковай дапамозе;

ня шмат тваіх слаўных сыноў, Полацак,

наведвалі гэтыя шыкоўныя залі,

ступалі на гэты ганаровы брук,

дзівіліся з гэтых шэдэўраў-габэленаў,

якімі шчодра завешаны сьцены палацу;

а хто і патрапляў сюды,

на вочы караля суседняе краіны,

ці заўсёды ён памятаў пра цябе,

вялікі Полацак?

Ці не асьляпляла яго багацьце

і пашанота двара манарха?

Ці не прачыналася тут, сярод бляску

і велічы, пачуцьцё зайздрасьці і сваёй

непаўнавартасьці?

І тады, забыўшыся на гонар,

сьпяшаліся зайздросьнікі засьведчыць

сваю адданасьць чужому каралю,

зракаліся сваіх звычаяў, традыцыяў, мовы,

забыўшыся на цябе, Полацак.

 

Быў у гэтых краёх, прынамсі, адзін палачанін,

які выправіўся юнаком у далёкі Кракаў,

звалі яго Францішак;

толькі не блукаў ён па каралеўскіх залях,

не разглядваў біблійных сюжэтаў

на вялікіх - на ўсю сьцяну - габэленах,

не частаваўся смажанай алянінай са стала манарха -

па веды выправіўся ў чужаніцу Францішак.

 

Я ступаў на тыя самыя сходы,

па якіх хадзіў дапытлівы палачанін,

гукаў у тыя самыя сутарэньні,

якія памятаюць голас юнака зь берагоў Дзьвіны,

дакранаўся да сьценаў храму навукі,

якія захоўваюць цеплыню ягоных далоняў,

пытаўся ў прафэсараў: як пабачыць земляка?

Усе паціскалі ў адказ плячыма.

 

Дзіўным чынам я знайшоў яго...

На хвіліну Скарына адарваўся ад пільнага занятку

і, як сучасны кампутар, імкліва счытаў з майго твару

апошнія навіны з Бацькаўшчыны.

Ня буду доўга замінаць, дружа Францішак,

о! колькі наперадзе ў нас працы!

Да пабачэньня! Плёну дзеля велічы роднага Полацку!

 

Вечарам зь сябрам выправімся

ў містычную рэстарацыю «Ружы і кроў»,

дзе замовім чырвонага віна,

якое, перш чым наліць у нашыя фужэры,

даюць пакаштаваць на смак.

Мы вып'ем за Полацак і за тваё здароўе, дружа Францішак!

Я буду па-беларуску

апавядаць сябру пра чароўнае месца,

дзе Палата сустракаецца зь Дзьвіною,

дзе Ян Баршчэўскі напаткаў свае фантастачныя прыгоды,

дзе Ластоўскі шукаў таямнічыя лябірынты...

Мой суразмоўца, які ніколі ня быў у Полацку,

будзе ветліва слухаць,

часам незаўважна пакідаючы цьмяную залю-сутарэньне

дзеля якіхсьці тэрміновых развагаў і думак.

Я гатовы апавядаць гэтым сьценам, манэкену мніха,

які стаіць за маёй сьпіной,

і нетаропкай афіцыянтцы...

 

Заўтра Вавэль будзе такім самым, якім памятаю яго з мінуўшчыны,

і пазаўтраму, і праз год, і праз стагодзьдзе,

і толькі Полацак будзе мяняцца:

адновіцца ўнівэрсытэт, вярнуўшыся ў муры былога Езуіцкага калегіюму,

адбудуецца сабор сьвятога Стэфана,

паўстануць помнікі героям, якія праславілі места,

народзіцца пантэон выбітных людзей Краіны,

а пад старажытнымі скляпеньнямі ўніверсытэту

зноў галава Дзядка, якая ўмее гаварыць на тузіне

эўрапейскіх моваў, будзе даваць парады полацкім шкалярам.

Калі ты прыедзеш адпачыць да нас у Полацак,

я абавязкова зваджу цябе да гэтай разумнай галавы,

каб ты сам-насам запытаўся ў яе пра ўласнае патаемнае,

пасьля чаго я правяду цябе па полацкіх лёхах

да самых Бельчыцаў,

дзе мы зойдзем у рэстарацыю «У братоў базыльянаў»,

замовім чырвонага віна і вып'ем за цябе, Вавэль!

 

Кракаў-Полацак, травень 1999 г.


1999

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае