epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Асташонак

Чарга

Людзі стаялі ў вялікай чарзе — і я паміж іх. Што будуць даваць, не ведаў ніхто, але ніхто не пакінуў чаргу, хоць і спяшаўся некуды кожны. Было ў той чарзе нейкае хваляванне.

Нарэшце да нас падышоў чалавек са скрынкаю, і ўсе зразумелі, што ў ёй — тое дабро, дзеля якога стаялі.

«Разбярыся па нумарах!» — закрычаў чалавек, і ўсе, не ведаючы навошта, адразу ж і разабраліся — пералічылі сябе.

«Трымайце цяпер нумары!» — сказаў чалавек і пачаў раздаваць нейкія карткі, дастаючы іх са скрынкі.

Першы ў чарзе атрымаў картку за нумарам першым, другі — за другім, і гэтак далей. Мне дасталася нешта з самай сярэдзіны. Усе засоўвалі карткі ў кішэні, гледзячы ў рот чалавеку — чакалі яго тлумачэнняў.

«Гэта цяпер ваш нумар у гэтым жыцці»,— сказаў чалавек і сабраўся з намі развітвацца.

«Нумар? Які? Што ён азначае?» — сталі пытацца з чаргі.

«Гэты нумар ёсць вызначэнне вашага месца ў агульным парадку жыцця»,— сфармуляваў чалавек сутнасць таго, што адбылося, развітаўся і некуды рушыў, не чакаючы лішніх пытанняў.

Нішто сабе, думаў я. Як сталі ў чаргу, тое і атрымалі. Не, гэта нікуды не варта!

«Пастойце!» — спыніў я чалавека.

«Што ў вас?» — спытаў той.

«Я не хачу жыць пад нумарам, які вы далі мне».

«Чаму?»

«Я не ўпэўнены, што вашая нумарацыя адпавядае парадку рэчаў».

Хто стаяў бліжэй да пачатку чаргі, узрушыўся, хто далей — стаў спачуваць і спадзявацца, што ўсё яшчэ пераробяць.

«Як, як?» — спытаў чалавек.

Я паўтарыў.

«Вы сталі ў чаргу далёка не першы»,— з жалезнай логікай абгрунтаваў чалавек праведзеную працэдуру і, мудры і справядлівы,— глядзіце ўсе! — карцінна развёў рукамі.

Першая частка чаргі з захапленнем лямантавала, другая пакуль яшчэ ціха стагнала — гадала, што з гэтага можа выйсці.

«Ваш адзіны крытэрый — неаб’ектыўны,— перайшоў я ў наступленне.— Яму ніяк не стае абгрунтаванасці, каб быць абсалютным і непахісным»,

«Вы ўпэўнены?» — спытаў чалавек, і я зразумеў, што ён быў не вельмі мне рады: надта ж пільна глядзеў на мяне.

«А што, калі я проста спазніўся ў чаргу? Яечня, якую мне згатавала на снеданне жонка, была надта гарачая ці проста ў дзяўчыны, што перабегла вуліцу перад маімі вачыма, былі прыгожыя ногі — я і загледзеўся? Што тады? Адкажыце!»

«Тады,— не думаўшы шмат, сказаў чалавек,— не трэба есці яечню, а ногі... што ж ногі — няхай вам хапае жончыных ног».

Натоўп здрыгануўся. Некаму не спадабалася тое, што сказаў чалавек, а хтосьці, паказваючы ўпотай у мой бок, зашаптаў, што гэты разумнік — распуснік і злодзей, з птушкафабрыкі, дзе працуе, яйкі крадзе.

«Дазвольце! — закрычаў я з усяе сілы.— Якое, урэшце, мае значэнне тое, калі я прыйшоў у чаргу? Я мог бы прыйсці хоць апошні — і атрымаць першы нумар!»

Бадай што кожны ў натоўпе ўчарнеў.

«О нахабства!» — толькі й чуцен быў енк.

Скалануліся нават тыя, што стаялі з панурага краю — з недаверам глядзелі цяпер на апошняга, якога тузала за рукаў зусім ужо раззлаваная жонка.

«Як гэта?» — абвёўшы натоўп вачыма, усміхнуўся раздатчык картак.

«Трэба было правесці, мусіць, даследаванні — дазнацца ў выніку, хто чаго варты, і расставіць усіх па справядлівасці».

Спераду незадаволена зашапталіся.

Ззаду ж узнялі страшэнны гвалт, забыўшыся нават на тое, што нядаўна яшчэ я збіраўся, прыйшоўшы апошні, забраць сабе першы нумар.

«Ён кажа праўду!» — закрычалі нарэшце яны.

Чалавек зразумеў, што я хлопец няпросты і магу тут усё сапсаваць. Пакуль людзі шумелі, ён адвёў мяне ўбок і ціха сказаў:

«Добра, аддайце мне ваш нумар. У мяне застаўся нумар восьмы — з броні».

«Навошта мне вашая бронь? І што гэта за бронь? — узрушыўся я.— Дайце мне мой нумар — якога я варты!»

Чалавек зірнуў на мяне як на вар’ята, пасля, разгледзеўшы мой ясны позірк, стаў падбіраць да мяне ключ. Быў ён знешне спакойны, але ўжо крыху напалохаўся.

«Падумайце,— паволі вымавіў ён,— калі правесці даследаванні, вы атрымаеце ў лепшым выпадку той самы нумар, які цяпер маеце. Я вас бачу наскрозь: вы — чалавек сярэдні!»

Ён абмацваў мяне сваім позіркам, лез вачыма ў душу.

Я адчуваў, што ён маніць, вызначаючы мой узровень,— хоць, урэшце, я быў з ім згодны, бо ніколі не знаў за сабой асаблівых вартасцей. Ён ніяк не мог мяне зразумець, не бачыў мяне зусім, колькі ні намагаўся,— я быў для яго зусім невядомы тып, новы ў яго багатай калекцыі памяці — гома інкогнітум.

«Не,— стаяў я на сваім.— Нашто мне чужы нумар? Я хачу, каб усё было проста па справядлівасці. Каб я адчуваў сябе на сваім — заслужаным мною — месцы і не думаў, што займаю чужое. На версе ад таго, што прызначана мне, будзе няўтульна, на нізе — крыўдна».

Раптам на твары ў раздатчыка картак мільганула здагадка. Нейкі час ён быццам апошні раз узважваў мяне на далоні.

«Я магу даць вам нумар шосты»,— ледзь прашаптаў чалавек, так адняло яму голас ад хвалявання.

«Смеяцеся? — здзівіўся я.— За каго вы мяне прымаеце? Дайце тое, што мне законна належыць».

Чалавек быў збянтэжаны. Ён губляў кантроль над сабою і глядзеў на мяне з жахам. Відаць, ён не меў інструкцый на такі нечаканы выпадак.

У натоўпе, між тым, усчалі барацьбу — тайную і адкрытую. Адны палезлі ў бойку за нумары, другія хітрылі, мяняючы іх, трэція сталі запісвацца ў маклеры. Словам, жыццё віравала, то тут, то там энергія масы перавышала звычайную і рабілася небяспечная.

Чалавек паглядаў ліхаманкава то на мяне, то на чаргу. Урэшце, прыняўшы рашэнне, ён з хваляваннем папрасіў мяне пачакаць хвілінку.

«Можа, знойдзем што лепшае»,— шматзначна дадаў ён, кіруючыся да людзей.

«Не трэба мне ніякага нумара»,— сказаў я і аддаў яму сваю картку.

Людзі не бачылі гэтага. Колькі я ні глядзеў з дакорам на іх, колькі ні заклікаў зрабіць тое ж самае, колькі ні задаваў ім пытанняў і чаго толькі ім ні тлумачыў — ніхто мяне не пачуў, ніхто не звярнуў на мяне ўвагі.

Тады я, адчуўшы за іх горыч, пайшоў.

Усё ж я быў шчаслівейшы за іх, хоць адзінота не магла мне прынесці сапраўднага шчасця. Аднак я чалавек без нумара, незалежны ад латарэйнага лёсу. Няхай я цяпер адзін, але з пачуццём уласнае годнасці і справядлівасці.

Раптам я адчуў на спіне чыйсьці погляд. Усхваляваны, я азірнуўся.

Раздатчык картак з нудою глядзеў мне ўслед.

«Чакайце! — крыкнуў ён раптам.— Я пайду з вамі!»

Я кіўнуў галавою ў знак згоды.

Цяпер мы ішлі ўдвух.


1986-1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Асташонак А. Фарбы душы: Апавяданні, настроі, аповесць. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 107-111