epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Асташонак

Метамарфоза

Лёс не надзяліў грамадзяніна Паваляева багата якімі вартасцямі, што звычайна лічаць мужчынскімі, і таму ён з маладых гадоў вымушаны быў з горыччу прызнаць, што працуе бухгалтарам.

Паваляеў ненавідзеў сваю прафесію і ў салодкіх начных мроях бачыў сябе то футбалістам, то дырыжорам, зусім не разумеючы таго, што шлях ён абраў няхай і насуперак кволым жаданням, якія жылі калісьці ў яго ў сэрцы, але ж якраз адпаведна сваёй прыродзе пісьмавода.

І дальбог жа, панове, гледзячы на Паваляева, так і карцела словы шукаць для гаворкі аб ім старадаўнія ды самавітыя. Такі ўжо ён быў чалавек — выгляду мудрагелістага і антыкварнага.

У любую пару года, якое б ні было надвор’е, не лічачы зімы, Паваляеў выходзіў на вуліцу ў капелюшы — то фетравым, то саламяным,— і можна было смела меркаваць, што купляліся яны яшчэ ў той далёкі час, калі першыя аўтамабілі толькі пачыналі ўзрушваць гарадскія світанкі мелодыямі клаксонаў. Былі ў яго, вядома ж, і бабровы каўнер, і тройка, і брэгет — усяго адразу не пералічыш.

У кватэры сваёй трымаў ён старыя венскія крэслы, вялікі насценны гадзіннік з дзівосным боем-перазвонам, бронзавыя падсвечнікі (кандэлябры, перапыніў бы нас Паваляеў) і шмат чаго іншага ў падобным стылі. Сцены яго кватэры былі скрозь пазавешваныя фатаграфічнымі карткамі шматлікае радні, большасць якой даўно ўжо спачыла. Самы прыкметны быў работы менскага майстра Міранскага фотапартрэт прадзеда Паваляева — Апалінарыя Ферапонтавіча Валасовіча, паручніка імператарскае гвардыі, пры ордэнах, з шабляю і на белым кані.

Словам, усё, дарэшты ўсё ў апартаментах нашага героя было, як і ў яго ў гардэробе, часоў далёка не наскіх.

У маленькай установе, дзе служыў Паваляеў, на яго рабочым стале (бюро) можна было ўбачыць сапраўдны атрамантавы прыбор, а побач — лічыльнікі, што даўно ўжо выцвілі ад доўгага жыцця ў розных вялікіх і маленькіх установах.

Інжынер па навуковай арганізацыі працы Роберт Захарэвіч ажно вар’яцеў ад злосці, угаворваючы дрымучага рэтраграда карыстацца новенькай лічыльнай машынкай, якая пылілася на крэсле каля паваляеўскага стала, хрыпеў, даводзячы яе бясспрэчную перавагу, аднак ні на адным з калькулятараў не мог абагнаць узброенага лічыльнікамі апанента.

На першы погляд усё ў жыцці ў нашага героя было наладжана спакойна ды памяркоўна.

Ён сядзеў за сталом намесніка галоўнага бухгалтара, грошы за тое меў хоць і сціплыя, ды, прынамсі, яму іх хапала, а пасля выхаду свайго начальніка ў адстаўку павінен быў перабрацца за супрацьлеглы стол, каб узначаліць дэпартамент і... і... (як усё ж карцела часам яму дачакацца гэтага дня!) і абагнаць урэшце інжынера па НАП, што бог ужо ведае як абрыдаў яму і ў штатным раскладзе.

Было Паваляеву ўсяго толькі трыццаць сем, і хоць узрост Хрыста даўно мінуў, а якіхсьці яркіх здзяйсненняў на ягоным жыццёвым рахунку пакуль не было і, бадай што, ужо не прадбачылася, душу яго маглі цешыць выдатнае здароўе і некаторыя зберажэнні — так што можна было ўпэўнена лічыць, што ўсё ў Паваляева толькі яшчэ наперадзе.

Апроч кіраўніцтва ў дэпартаменце сядзелі Яніна Вінцэнтаўна, пышная фарбаваная бландзінка гадоў гэтак пад сорак, і даўганогая, чарнявая Хрысцінка — асоба ўзросту даволі няпэўнага, але, як на погляд Паваляева, дык зусім яшчэ маладая. І таму з асаблівым хваляваннем чакаў ён той жаданы дзень, калі зменіць стол: сарамлівец мусіў урэшце атрымаць мажлівасць глядзець на жанчын не ўпотайкі, як рабіў ён гэта звычайна, не збоку (сталы падначаленых стаялі ў рад — акурат насупраць стала галоўнага бухгалтара), а зусім адкрыта, па праве службовай пасады — у самы твар і нічога не баючыся.

Але Паваляеў і тут забываў пра сваю прыроду. Назначэнне гэтае адно прынесла б яму безліч розных клопатаў, бо быў ён незвычайна, проста неверагодна сарамлівы, і, вядома ж, было б яму лепш за ўсё заставацца заўсёды ўбаку.

Так, ён вельмі любіў паглядаць паціху на Яніну Вінцэнтаўну, толькі страшэнна канфузіўся, калі тая з уласцівай ёй вольнасцю адказвала яму падкрэсленай узаемнасцю. Асабліва бянтэжыла Паваляева вельмі ўжо спакуслівае дэкальтэ ў яе сукенцы, што не пакідала яму, як уладальніку ашчаднае кніжкі, аніякіх сумненняў наконт планаў незамужняе какеткі: галоўнаму бухгалтару было ўжо пяцьдзесят дзевяць, і ён зацята збіраў металічныя гузікі, аддаючы захапленню ўсе свае сілы і вольны ад працы час.

Не лічачы аднае гісторыі, якая здарылася з Паваляевым у Ялце, калі ён не быў яшчэ намеснікам галоўнага бухгалтара і ўвогуле працаваў у іншай маленькай установе, яго інтымнае жыццё заставалася, па сутнасці, непачатым. Паваляеў не любіў успамінаць тую дробненькую, падобную да мышы жанчыну, бо здарылася прыгода гэтая пры абставінах не вельмі для яго прыемных, і заўсёды чырванеў, калі пасля залішне смелага позірку на Яніну Вінцэнтаўну бачыліся яму шэры гасцінічны нумар і непрыбраны ложак. У ялцінскай пасіі, гэткай жа немаладой і неспрактыкаванай, як і ён сам, ды надта ўжо настойлівай і вынаходлівай, таксама было нешта накшталт дэкальтэ, і таму Паваляеў панічна баяўся ўсялякіх жаночых прыдумак.

Але хоць ён і не быў абыякавы да жаночых вартасцей Яніны Вінтэнтаўны, яму ўсё ж шмат больш і зусім інакш падабалася Хрысцінка. На яе ён глядзеў з бясконцым сумам.

Паваляеў разумеў, што Хрысцінка не для яго. Працуючы ў маленькай установе, ён не мог не ведаць, што пасля работы яе праводзіў дадому Захарэвіч.

Нягледзячы на тое, што агніста-рыжы адэпт НТР быў нязграбны і доўгі, што жэрдка, ды яшчэ і неверагодна рабы, Паваляеў нават і ў думках не мог змагацца з ім за Хрысцінку: джынсы Захарэвіча і бездакорны прабор у пышнай маркоўнай шавялюры здаваліся яму вартасцямі незвычайнымі.

Намеснік галоўнага бухгалтара не мог дазволіць сабе джынсы ні як чалавек на самавітай пасадзе, ні як паслядоўны прыхільнік стылю «рэтра». Што ж да прабору, дык тут была ягоная галоўная бяда — пачатак усіх няшчасцяў і пакутлівых сноў.

Паваляеў не мог дазволіць сабе адмысловы прабор. Ён увогуле не мог дазволіць сабе аніякага прабору.

Паваляеў быў лысы — і лысы безнадзейна.

Яго ўжо не маглі ўратаваць ніякія хітрыкі, на якія ён з адчаем пускаўся апошнія гады: ні штодзённае мыццё валасоў, ні іх мудрагелістае зачэсванне.

Ратавалі хоць неяк толькі капелюшы — таму так упарта трымаўся за іх Паваляеў.

Менавіта з-за іх любіў ён антыкварыят.

Паваляеў быў не толькі сарамлівы, але і з гонарам.

Таму так пакутаваў ён калісьці, калі ўпершыню даставаў з сямейнае шафы старэнькі дзедаў капялюш. Ён быў бы шчаслівы мець мажлівасць хоць на які час прыкрываць свой заўчасны сорам, але ж больш, чым усіх дэкальтэ, баяўся, што ўвесь свет будзе смяяцца з яго заўсёдных галаўных убораў — ім трэба было знайсці нейкае тлумачэнне.

У той дзень ён дастаў дзедаў капялюш толькі дзеля таго, каб яшчэ раз паглядзець на сябе ў люстра, перш чым ісці ў краму купляць капялюш сабе, дастаў, каб уявіць тое жахлівае імгненне, калі ён, чырванеючы перад маладзенькай прадаўшчыцаю, стане мармытаць што-небудзь у сваё апраўданне — пра непазбежны эфект спадчыннасці, напрыклад,— як раптам невыносны пах нафталіну падказаў яму бліскучую ідэю, з якой і пачалося другое яго жыццё.

У гэты ж дзень ён падаў заяву на звальненне, прыдбаў самы неабходны антыкварыят і перайшоў на працу ў іншую ўстанову... Не, ён перайшоў у іншы дэпартамент, стаў грамадзянінам (назвацца панам яму не дазвалялі трывалыя перакананні) і пачаў не працаваць, а служыць.

Гады два ён з захапленнем збіраў старызну, але потым энтузіязм яго стаў спакваля слабець, пакуль не ператварыўся ў глыбокую і неадольную меланхолію: дэкарацыі мяняліся, але лысіна заставалася ранейшая, а Хрысцінка рабілася ўсё больш недаступная.

Нарэшце Паваляеву так абрыдла вымушаная гульня ў апраўданне капелюшоў, што ён узненавідзеў і чарніліцы, і лічыльнікі, і кандэлябры, не кажучы ўжо пра самі капелюшы.

Шчаслівы ён быў хіба што ноччу, калі яму сніліся гіганцкія шарыкавыя ручкі, камп’ютэры і электрычныя свяцільнікі.

Снілася яму яшчэ калі-нікалі Яніна Вінцэнтаўна, але ж гэтае шчасце было не з лёгкіх: жанчына нібыта сыходзіла з карціны Рубенса, і тады Паваляеў неспакойна варушыўся, пакуль не прачынаўся зусім ужо мокры ад поту. Іншы раз у сны яго прыходзіла Хрысціна, і тады ён шчасліва ўсміхаўся, папраўляючы галаву на складзеных па-дзіцячы руках, ды кожны раз псаваў усё сваім нечаканым з’яўленнем ненавісны Захарэвіч.

Але болей за ўсё на свеце стаў ненавідзець Паваляеў фотапартрэт прадзеда, паручніка імператарскае гвардыі Апалінарыя Ферапонтавіча Валасовіча.

Справа была ў тым, што паручнік, як і яго праўнук, быў безнадзейна лысы, нягледзячы на параўнальна малады ўзрост, і ратавала яго ад ганьбы толькі фуражка.

Да таго ж, разам з лысінаю нашчадку дасталося ад прадзеда яшчэ і прозвішча, якое Паваляеў насіў раней і ў якім стаў бачыць жорсткую насмешку лёсу.

Дзякуй богу, колькі гадоў назад Паваляеву ўдалося пераканаць пашпартыстаў у тым, што не можа быць больш ганебнага здзеку з чалавека, чым яго недарэчнае прозвішча, якое само смяецца са свайго ўладальніка. Пашпартысты хоць і не знаходзілі нічога непрыстойнага ў прозвішчы Валасовіч, ды ўсё ж задаволілі просьбу дзівака, такі ўжо гаротны прыйшоў ён да іх.

Цяжка, праўда, сказаць, чаму Валасовіч-праўнук выбраў сабе прозвішча Паваляеў, крыху ўсё ж такі незразумелае ў тым асаблівым выпадку, калі чалавек мяняе сваё абазначэнне: ён жа мог бы стаць Барысаглебскім, Серпухаўскім альбо хоць Лапо-Заянчкоўскім! Але Паваляеў быў чалавек сціплы.

Трэба, дарэчы, адзначыць, што лысіна не дужа ўжо і псавала Паваляева — наадварот, яна нават неяк пасавала яму і рабіла па-свойму сімпатычным. Прынамсі, ён моцна памыляўся адносна намераў Яніны Вінцэнтаўны, кіруючыся якімі, тая паглыбляла сваё прынаднае дэкальтэ,— выцякалі гэтыя намеры з самае шчырае сімпатыі да саслужыўца.

Герой наш увогуле надзіва добра захаваўся для свайго ўзросту і важнае службовае пасады. У яго быў цудоўны колер твару, не было зморшчын і ўстаўных зубоў — відавочны вынік таго, што ён ніколі не курыў, не піў нічога, апроч малака, якое заўсёды купляў толькі на рынку, і сокаў уласнага прыгатавання, хіба што зрэдку дазваляючы сабе гарбату, а тая інтрыжка ў ялцінскай гасцініцы заставалася ў яго жыцці адзінаю. Да таго ж, ён вельмі ўжо выйграваў на фоне галоўнага бухгалтара, што высах і пажаўцеў у нястомных пошуках новых гузікаў.

А самым дзіўным было тое, што гэты сарамлівы лысы ашуканец, які спекуляваў на паважлівых адносінах да моднага стылю «рэтра», падабаўся таксама і Хрысцінцы — сваёй сціпласцю і разважнасцю. Дый знешнасць яго адпавядала яе ідэалам, набытым у час няўдалага замужжа з экземплярам з пароды прыгажуноў.

Не бездакорнаму прабору Захарэвіча, а не менш бездакорнай лысіне Паваляева без аніякіх сумненняў аддавала перавагу Хрысцінка.

Яна адно вымушана была цярпець заляцанні апалагета навукова-тэхнічнае рэвалюцыі: ніхто іншы дадому яе не праводзіў, а грэбаваць адзіным кавалерам было ёй не пад сілу.

Ды Паваляеў нічога гэтага не заўважаў, смеласці жанчынам не хапала, і нашаму герою часта здавалася, што ён так і дажыве да таго непазбежнага дня, калі яго капелюшы павіснуць на цвічках у сямейнай шафе чакаць наступнага лысага з роду... Тут Паваляеў-Валасовіч з жахам разумеў, што наступнага ўжо не будзе, і яму рабілася тужліва і зябка.

Але неверагодны сон даў раптам пачатак трэцяму яго жыццю, поўнаму самых дзіўных падзей.

Нішто не паказвала на тое, што неспакойнаю быць ночы, калі Паваляеў клаўся ў той вечар спаць пасля заўсёднае шклянкі маркоўнага соку (любы іншы быў бы ў гэтым выпадку залішне рэзкі),— хіба што ўспамін пра беззаганны прабор Захарэвіча крыху сапсаваў даволі някепскі настрой.

Патушыўшы свечкі, Паваляеў ціхамірна склаў на грудзях рукі...

А выйшла так, што гэтай ноччу Паваляеў-ранейшы памёр...

Снілася Паваляеву, што ён ніяк не можа прадзерці шчоткаю капу неверагодна густых валасоў, што ў розныя бакі тырчалі на яго ашчасліўленай галаве. Апошнія гады ён карыстаўся рэдзенькім грабеньчыкам, асцярожна ўкладаючы кожны валасок, і цяпер, не верачы, у трывожным захапленні круціўся ў ложку. Раптам хтосьці вельмі высокі ў чорным скураным паліто і цёмных акулярах працягнуў да яго кудлатае галавы няўпэўненую руку, і Паваляеў, спалохаўшыся, што зараз у яго адбяруць гэтае раптоўнае багацце, прачнуўся.

Ён схапіўся за галаву — усё ў ім так і абмерла. Запаліўшы святло (было ўжо не да свечак), кінуўся да люстра. Глянуўшы, спачатку абамлеў, пасля падскочыў.

Не, Паваляеў стаў бухгалтарам зусім невыпадкова: ён не думаў шмат аб прычынах метамарфозы, а заняўся адным яе сэнсам. Усю ноч ён нястомна расчэсваў валасы, наводзячы ў іх бездакорны прабор, яшчэ больш адмысловы, вырашыў ён, радасна ўзіраючыся ў люстра, чым у самога Захарэвіча.

Адразу, калі ён з’явіўся на працу (ён тады ўжо і чуць не хацеў ні пра якія дэпартаменты!), ніхто і ўвагі не звярнуў на яго валасы, гэтак усе прывыклі да паваляеўскай лысіны.

А тым часам са сціплага і непрыкметнага маўчуна ён стаў на вачах ператварацца ў развязнага, амалоджанага лавеласа.

Спачатку Паваляеў упершыню ў жыцці не толькі не адвёў сарамліва вочы ад Яніны Вінцэнтаўны, якая раптам глянула на яго, але нават сам даволі адкрыта зазірнуў у дэкальтэ яе новай сукенкі, вельмі збянтэжыўшы тым самым саслужывіцу.

Пасля, засунуўшы рукі ў кішэні, чаго ніколі раней не рабіў, падышоў да Хрысцінкі і весела спытаўся ў яе пра настрой. Тая здзіўлена ўздрыгнула.

Праз паўгадзіны жанчыны шапталіся ў калідоры, гадаючы, што магло здарыцца з Паваляевым. У тым, што яны так яшчэ і не прыкмецілі валасоў, якія з’явіліся ў яго на галаве, не было нічога дзіўнага: новыя паводзіны саслужыўца былі для іх з’яваю шмат больш складанай і нечаканай.

І толькі ў пачатку абедзеннага перапынку, калі галоўны бухгалтар узняў нарэшце галаву ад стала, у пакоі пачуўся першы крык здзіўлення, а неўзабаве і жаночы віск, які перадаў самую неверагодную гаму пачуццяў.

Усе распытвалі ў Паваляева, адкуль у яго валасы, пасля перасталі верыць, што гэта ўвогуле ён, пакуль той без адзінай памылкі праверыў імгненна на лічыльніках тузін прыходна-расходных артыкулаў, якія прачытала скорагаворкай Хрысцінка.

Недавер пахіснуўся, і Яніна Вінцэнтаўна па прапанове самога Паваляева стала цягаць яго за валасы, бо настойвала ўсё ж на тым, што гэта парык. У канцы абедзеннага перапынку ўсе сумненні нарэшце зніклі: як ні старалася жанчына, але вырваць валасы не змагла. Паваляеў мужна цярпеў і пераможна пазіраў на саслужыўцаў.

Жанчыны таксама разглядвалі Паваляева і прыкідвалі, які ж лепшы — новы ці стары?

Увечары гэтага ж дня Паваляеў прылюдна спаліў у двары свайго дома ўсе фотапартрэты і астатні рэквізіт ранейшага жыцця, хоць узрушаныя суседзі і пераконвалі яго, што гэта страта немалых прыбыткаў, якія ён мог бы мець у антыкварнай краме ці на кінастудыі.

— Пляваў я на ўсе прыбыткі! — адно крычаў у адказ узбуджаны экс-аматар старызны.

З асабліваю асалодаю кінуў ён у агонь старазапаветны капялюш і фотапартрэт прадзеда.

Пасля аўтадафэ старога Паваляева новы Паваляеў у экстравагантным мадэльным касцюме рушыў адразу ж у рэстаран — упершыню ў жыцці. Там яго чакалі запрошаныя ім Хрысцінка і Яніна Вінцэнтаўна. У рэстаране Паваляеў шмат танцаваў, спрабаваў закурыць і цалаваўся з жанчынамі на брудэршафт. Перад сном ён піў замест звычайнага соку піва, і не са шклянкі, а з вялікага куфля, ноччу ж, калі яму прыснілася Яніна Вінцэнтаўна, сон яго быў даволі спакойны і роўны, нават прыемны.

Назаўтра ён заляцаўся на працы да Яніны Вінцэнтаўны, не забываючы і пра Хрысцінку, стараючыся, аднак, з кожнаю быць элегантным неўпрыкметку для іншай.

У паўзах ён з вялікім спачуваннем паглядаў на галоўнага бухгалтара, які літаральна зліваўся з паперамі, нібыта сам ператвараўся ў адзін застылы прыходна-расходны артыкул.

Увечары Паваляеў быў ужо ў другім рэстаране і, будучы ў стане лёгкага ап’янення, няспынна запрашаў жанчын на танец — без разбору і нават не гледзячы на мужчын, з якімі тыя сюды прыйшлі.

Крывая яго падзення была проста неверагодная.

Паваляеў уваходзіў у смак новага жыцця з той самай ліхаманкавай паспешнасцю, з якой толькі што ўратаваны ад галоднае смерці чалавек накідваецца на ежу.

Ён з усяе сілы імкнуўся быць абаяльным і проста прагнуў падабацца кожнай жанчыне, якая толькі трапляла на яго вочы.

Але новы Паваляеў ніяк не выклікаў захаплення ў Яніны Вінцэнтаўны, што страціла раптам свае апошнія надзеі, і зусім ужо быў непрыемны Хрысцінцы — тая цярпець не магла самаўпэўненасці і развязнасці, у якіх бачыліся цяпер Паваляеву сіла і натуральнасць. Ды сам ён нічога гэтага не заўважаў і пачаў літаральна абкладваць Яніну Вінцэнтаўну, ужо і не стараючыся рабіць гэта неўзаметку для Хрысцінкі.

Пасля працы ён па-ранейшаму наведваў рэстараны і, даходзячы да стану лёгкага ап’янення, які вельмі яму палюбіўся, праводзіў дадому жанчын. Ні іх узрост, ні сямейнае становішча, ні іх далейшыя планы і любыя іншыя падрабязнасці асабістага жыцця не цікавілі яго аніяк.

Неўзабаве многія паненкі і кабеты ці не з усіх мікрараёнаў горада сталі расказваць сяброўкам пра вельмі далікатнага і цікавага ў інтымным абыходжанні мужчыну, ці то рэстаўратара, ці то палеантолага — Паваляеў, вядома, ніяк ужо не мог назвацца ў падобных выпадках бухгалтарам.

Усё гэта, дарэчы, не дужа перашкаджала яму працягваць няспынныя заляцанні да Яніны Вінцэнтаўны, у выніку якіх ён атрымаў ад яе ўрэшце ў калідоры поўху за празмерную смеласць, а сама жанчына вымушана была змяніць сукенку з глыбокім дэкальтэ на гольф з высокім каўняром, нямала страціўшы ў сваёй спакуслівай абаяльнасці.

На трыццаць трэці дзень свайго новага жыцця (нейкім чынам таксама ўзрост Хрыста) Паваляеў запрасіў у рэстаран Хрысцінку, і тая пасля некаторых сумненняў згадзілася правесці вечар разам з ім.

У рэстаране ёй вельмі не спадабалася залішняя далікатнасць Паваляева, яго напускная дасціпнасць, частыя хцівыя позіркі на жанчын, зноў-такі, вядома ж, без разбору,— адным словам, усе тыя якасці, якія ён набыў разам з праборам.

Ужо ў той дзень ад старога Паваляева ў новым не заставалася літаральна нічога: ён змяніў усё, аж да бялізны — цяпер тая ў адпаведнасці з новым ладам жыцця была не горшая, чым у замежных каталогах.

Не вытрываўшы, расчараваная Хрысцінка расказала яму пра ўсё: і пра тое, як падабаўся ён ёй раней, і пра тое, як стаў не падабацца цяпер. Яна звярнула ўвагу Паваляева на тое, што колер твару ў яго вельмі пагоршыўся, а лічыць ён стаў проста жудасна кепска. Паваляеў карыстаўся цяпер лічыльнай машынкай і рабіў памылкі адна за адною. Галоўны бухгалтар ледзь паспяваў выпраўляць іх і маўчаў толькі таму, што не хацеў сварыцца з даўнім і любімым супрацоўнікам перад самым выхадам на пенсію.

Засмучаны Паваляеў, выпіўшы, як ён растлумачыў, з гора добрую чарку гарэлкі, абяцаў неадкладна выправіцца.

У канцы вечара ён з захапленнем дэманстраваў, як паглядна навучыўся курыць, пускаючы мудрагелістыя кольцы дыму, а затым запрасіў Хрысцінку да сябе дамоў паслухаць новыя пласцінкі звышмодных замежных рок-гуртоў (зусім нядаўна ён нават Кабзона залічваў у авангард). Як Хрысцінка ні адмаўлялася, ён усё ж такі здолеў угаварыць яе.

Дома Паваляеў зведаў неўзабаве аплявуху шмат больш гарачую за тую, што атрымаў ад Яніны Вінцэнтаўны, але назаўтра жартаваў з абедзвюма жанчынамі, як быццам нічога і не было. Няўдачы ён тлумачыў сваёй цельпукаватасцю і быў перакананы, што поспех не за гарамі: усе якасці, якіх яму яшчэ не хапае, ён нажыве, трэба толькі крыху пацярпець і асвоіцца ў новай скуры.

Увечары трыццаць чацвёртага дня Паваляеў быў затрыманы органамі правапарадку за хуліганства ў рэстаране: ён пачаў бойку з мужчынам, жонку якога спрабаваў вывесці з залы.

Назаўтра галоўны бухгалтар пайшоў урэшце на пенсію, але ўрачыстыя яго праводзіны былі перанесены: на тэрмінова сабраным пасяджэнні мясцовага камітэта разбіралі Паваляева.

На пасяджэнні той заявіў, што яму на ўсё напляваць і жыць ён будзе так, як падабаецца яму і як ён сам лічыць неабходным у наш такі хуткаплынны час. Што ж да розных там паніжэнняў, пра якія тут завялася гаворка, засмяяўся Паваляеў, дык імі няхай яго не палохаюць: ён яшчэ мае розум, у бліжэйшыя сорак гадоў жаніцца не збіраецца, так што хопіць яму любога акладу — знойдзецца каму і прыстанак яму даць, і шмат што яшчэ зрабіць, чаго вам усім, папяровым душам, і ў снах не зведаць.

Дарэчы, ашчаднае кніжкі ў Паваляева ўжо не было: новы лад жыцця танным назваць было нельга. Прагуляўшы ўсе свае зберажэнні, Паваляеў пачаў выцягваць патроху грошы з жанчын, не грэбуючы і рублём на абед.

Прайшоў дзень, і Паваляеў, насуперак шматгадовым прагнозам усіх саслужыўцаў і сваім колішнім спадзяванням, застаўся за старым сталом: на месца галоўнага бухгалтара спешна ўзялі маладога, самалюбівага, з заўчаснай лысінай выпускніка наргаса.

Паваляеў не звярнуў на яго з’яўленне аніякае ўвагі. Ён нават дэманстратыўна прыйшоў на працу на падпітку, салютуючы гэтакім чынам свайму новаму начальніку. За ўвесь дзень былы прэтэндэнт на самавітую пасаду і дакрануцца не падумаў да службовых папер, груды якіх у яго на стале прыкметна раслі, адно расказваў анекдоты, часта падміргваючы жанчынам у адпаведнасці з не вельмі далікатным зместам любімых твораў гарадскога фальклору.

Малады чалавек зрабіў Паваляеву папярэджанне — ціха, але досыць упэўнена. Тады Паваляеў адвёў яго ўбок і не менш цвёрда папярэдзіў, што людзі тут усе цёртыя і таму занадта шумець не варта.

А ўвечары ён стаў ужо Валер-Алтайскім, бо здолеў раней пераканаць пашпартыстаў у тым, што нельга яму насіць такое двухсэнсавае прозвішча, як Паваляеў: ён, між іншым, не цюхцяй, якога можна вось так проста паваляць, а мужчына што трэба.

На трыццаць сёмы дзень Паваляеў, не, прабачце, Валер-Алтайскі, спрабуючы пацалаваць Хрысцінку на рабоце, атрымаў ужо ад яе не адну аплявуху, а цэлую серыю, якую, аднак, расцаніў хіба што як няўдалы жарт, што можа сапсаваць крыху іх адносіны,— ды бяда гэтая была для яго невялікая.

— Смяхоцце якое, мнішка знайшлася! — сказаў ён Яніне Вінцэнтаўне і, гарэзліва падміргнуўшы кабеце, прапанаваў ёй прабавіць разам цудоўны інтымны вечар. Слоў у адказ жанчына не знайшла — і Паваляеў прыняў маўчанне за знак згоды.

У паўзах між сваімі эскападамі ён лёгка забываўся на каляжанак і хадзіў расказваць анекдоты жанчынам з суседніх аддзелаў, запрашаючы ўсіх па чарзе ў госці. Але, як ні карыстаўся Паваляеў апошні час папулярнасцю ў пэўным асяродку жанчын сваёй маленькай установы, цяпер ужо ніводная з іх не змагла пераадолець сарамлівасці.

Між тым, службовыя паперы, што чакалі сваёй чаргі, на стале ў яго ўжо не ўмяшчаліся, і Валер-Алтайскі стаў паціху перакладваць іх на стол свайго маладога начальніка.

Старанны выпускнік наргаса напісаў на Валер-Алтайскага дакладную дырэктару ўстановы. Парушальнік працоўнай дысцыпліны, якому далі шанц выправіцца, прапанаваўшы памяняцца месцам і акладам з Янінай Вінцэнтаўнай, з лёгкасцю напісаў заяву на звальненне: клопату яму цяпер і без працы хапала, на адных жанчын дзе дастаць было часу — хоць разарвіся, дый толькі.

А Яніна Вінцэнтаўна, баючыся яго заляцанняў, уцякла з працы, і дарэмна Валер-Алтайскі з гадзіну ляпаў у дзверы яе кватэры: жанчыны і да раніцы дома не было, бо начавала яна ў сяброўкі. Раз’юшаны Паваляеў, памятаючы пра маўклівую «згоду» каляжанкі, спрабаваў нават зламаць дзверы, але, не здолеўшы (натуральна, з-за няспынных гулянак ён прыкметна знядужыў), махнуў урэшце рукою і пайшоў да іншых знаёмых жанчын — на рэстараны ён стаў патроху ўжо забывацца, бо ў кішэні зазвычай больш як двух-трох рублёў не было.

Не знайшоўшы нідзе прытулку, ён набраў на апошнія грошы нейкай парфюмернай вадкасці і познім вечарам вяртаўся дадому ў стане моцнага ап’янення, якому пачаў аддаваць цяпер відавочную перавагу. Вясёлы, нягледзячы ні на якія няўдачы ён то гучна спяваў песню «У кахання кароткі век», то аб’яўляў на ўвесь праспект, што ён — ВАЛЕР-АЛТАЙСКІ.

Раптам да яго імкліва падышоў высокі мужчына ў чорным скураным плашчы і цёмных акулярах і, сарваўшы з ягонай галавы валасы, знік у натоўпе.

Валер-Алтайскі пахіснуўся і грымнуўся вобзем.

Быў снежань, набліжалася завіруха, і лысіна ў яго — а хадзіў ён цяпер толькі з непакрытаю галавой — імгненна ссінела.

Людзі вакол абарочваліся і са здзіўленнем глядзелі на старога, стомленага чалавека, апранутага па самай крыклівай модзе, якая ледзь яшчэ даходзіла да найбольш зацятых франтаў, блізкіх да замежных турыстаў.

Разгублена трымаючыся за галаву, няшчасны прапоўз па зледзянелым тратуары колькі метраў. Твар у яго крывіўся ад невыноснага болю.

— Аддайце мае валасы! — закрычаў ён раптам з усяе, якая яшчэ засталася, сілы і з адчаем, у бясконцай роспачы ўчапіўся нягнуткімі пальцамі ў лёд...


1986-1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Асташонак А. Фарбы душы: Апавяданні, настроі, аповесць. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 92-106