epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Асташонак

Супер

Звычайнага пачуцця нядзельнае бадзёрасці не было. Ён позна прачнуўся, доўга валяўся ў ложку. Устаўшы, нават не стаў мыцца — пасунуўся, не адзеўшыся, на кухню і нетаропка паснедаў. Зазірнуў у залу дый прасядзеў там да самага абеду каля тэлевізара, які мала калі глядзеў. Узяўся быў за часопіс, пасля за другі, трэці, але, хутка іх прагартаўшы, адкінуў убок.

Нічога не хацелася рабіць.

«Халера з ім, з часам! — урэшце падумаў ён, апраўдваючы сваё лайдацтва.— Магу ж я пражыць хоць дзень проста так, нікуды не спяшаючыся?..»

Звычайна часу на меланхолію не заставалася — рытм жыцця не дазваляў.

Дзень пачынаўся з гімнастыкі і душа. Да абеду — заняткі ў інстытуце. Пасля — гадзіна ў лінгафонным кабінеце. Там і па праграме працавалі шмат, але ён штодня наведваў гэты пакой самахоць: зацятасць вядзе да поспеху. Пасля абеду — арыгіналы Мантэня, Сартра, Фрома, «Брахма-сутра» і «Даа цэ Дзін»... Філасофія была яго захапленнем. А прафесію перакладчыка ён выбраў, улічваючы бацькавы сувязі. За інстытуцкія заданні браўся пасля вячэры. Трох гадзін падрыхтоўкі хапала — у залікоўцы былі толькі пяцёркі. Два разы на тыдзень, каб падтрымаць фізічную форму, ён гуляў у тэніс. Раней займаўся культурызмам і каратэ, але, зразумеўшы, што часу на ўсё не хопіць, кінуў. Постаць у яго і так была не горшая, чым у любога кінагероя. Не мог ён марнаваць час на другарадныя рэчы. Калі ўжо ўгрызацца ў жыццё, дык з усяе сілы — інакш свайго не дамагчыся. У інстытуце яму далі мянушку — Супер. Ён спраўджваў яе ва ўсім. Хто ні быў побач, адчуваў нязменна яго перавагу. Бацька ласкава зваў яго маладым ваўком: яму падабалася мэтанакіраванасць, з якою сын пачынаў жыццё.

Паабедаўшы, Супер лёг спаць.

Але тут прыехаў Коша і выцягнуў яго ў госці да Хэлпа.

Супер пагарджаў абодвума: эксперты па пласцінках і джынсах. Коша вучыўся ў сельскагаспадарчым інстытуце — бог ведае як яму ўдавалася там утрымацца, бо ён і дагэтуль наўрад ці мог адрозніць пшаніцу ад жыта. А Хэлп, выключаны нядаўна з тэатральна-мастацкага, працаваў цяпер на нейкім заводзіку мастаком. Сяброў Супер не меў. Былі адно знаёмыя, з якімі ён бавіў час, калі хацеў.

Хэлп жыў далёка ад цэнтра. Ехалі да яго ўпершыню — і дарога здалася вельмі доўгаю.

Знайшлі прыяцеля хутка, у двары яго дома. Ён з цікавасцю слухаў высокага, змрочнага хлопца. Абодва былі на падпітку. Калі знаёміліся, Клешч — такая была ў хлопца мянушка — затрымаў свой цяжкі позірк на Кошу. Той, як заўсёды і ўсюды, быў тут ужо «свой» і не звярнуў на погляд ніякай увагі.

Неўзабаве стала ясна, чаму Хэлп так уважліва слухаў яго: той расказваў пра сваё нядаўняе жыццё ў «зоне». Кошу здалося забаўным, што яны апынуліся ў кампаніі такога тыпа, і ён весела паглядваў на прыяцеляў, паказваючы вачыма на Кляшчовы рукі. Татуіроўка на іх — царкоўныя купалы і магільны крыж — была адмысловая. Далібог, усміхнуўся сам сабе Супер, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

— Не круці галавой, фраер,— раптам сказаў Кошу Клешч.

Цяпер позірк яго быў зусім ужо калючы — і Коша стаў слухаць нібыта заварожаны, не зводзячы з Кляшча ліслівых вачэй. Супер з пагардаю назіраў за прыяцелем — хоць і сам не надта добра пачуваў сябе побач з гэтым шорсткім хлопцам. Мільганула трывожная думка, што знаёмства з ім можа скончыцца бойкаю, але ён адразу ж узяў сябе ў рукі: які б гэты арангутан люты ні быў, ды наўрад ці валодае каратэ.

Расказваючы, Клешч раз-пораз паглядваў на Кошу. Той быў коратка падстрыжаны па апошняй модзе — гэтаксама коратка, праўда, прасцей, па модзе прымусовай, падстрыжаны быў і Клешч.

— Ты на нашай кічы не чаліўся? — спытаўся ён у Кошы, прымружыўшы вочы.

Коша паглядзеў на Хэлпа. Відаць, думаў, як лепш адказаць, бо нічога не зразумеў.

— За што яму было сядзець у ізалятары? — засмяяўся Хэлп.— За двойкі хіба што ці за фарц на чырвонец?..

— А я цябе за стукача аднаго прызнаў быў,— усё яшчэ ўзіраўся ў Кошу Клешч.— Тваё шчасце, што Хэлп цябе ведае: даўжок за казлом застаўся.

Коша змушана ўсміхнуўся.

— Дыхай глыбей,— сказаў Клешч.— Удых — выдых.

Суперу захацелася сказаць Кляшчу што дзёрзкае, бо сорамна стала і за сябе: усё ж такі менавіта з Кошам прыйшоў ён сюды. Але жаданне гэтае аказалася слабейшае за насцярогу перад загадкавай сілаю.

А тут яшчэ да іх падышла дзяўчына — невысокая, поўная, у скамечаных, завэдзганых штанах і ў зашмальцаваным паліто. Ад яе таксама пахла гарэлкаю.

— Ну што? — спытаўся ў яе Клешч.

— Не дае,— адказала тая ледзь не хлапечым голасам, папраўляючы нямытыя разбэрсаныя валасы. На руцэ ў яе сінела крывая літара Н.

Супер з гідлівасцю ўглядаўся ў яе непрыгожы, бляклы твар, выцвілыя вочы, густа нафарбаваныя вусны.

— Нічога, Нінок,— сказаў Клешч і дастаў з кішэні гадзіннік, новы, адмысловы.— Як, нішто будзільнічак? Зняў у падзельніка. Стары даўжок. Трэба было б лыч разраўняць, ды нельга мне пакуль: удвая накінуць, як павяжуць.

У Супера раптам заныла ўсярэдзіне: самому б не трапіць у даўжнікі да гэтага крымінальніка. А што, калі ён, як прыйдзецца біцца, нож выцягне?.. Тады і каратэ можа не ўратаваць.

Ён усур’ёз пачынаў пабойвацца зэка, сіла якога, бадай што, пераважала ягоную. Даўно ўжо ён не зведваў нічога падобнага.

— Здай,— працягнуў Клешч Хэлпу гадзіннік.

— За што? — не маргнуўшы, спытаўся Хэлп.

— А як хочаш. Але каб на дзве белай выйшла.

Супера збянтэжыла, як лёгка згадзіўся Хэлп — прыяцель, аказваецца, быў здольны і на такое.

Заўважыў Супер і тое, што Клешч не давяраў Хэлпу, і прыяцель нават не пакрыўдзіўся — хоць бы слова вымавіў у адказ. Можа, трапляўся ўжо з падманам?.. Бліснула ж у вачах у Кляшча пагарда чалавека больш вартага.

А што, падумаў Супер, няхай і дзікун... Асоба ў сваёй сістэме. І дужа многія ў ёй, пэўна, супраць яго — дробная рэшта, шпана. Толькі ён, Супер, і ў гэтай кампаніі — аніяк не ў рэшце. А можа, у патэнцыяле Клешч і для вышэйшага ўзроўню быў колісь асобаю?.. Не, неандэрталец, варта адно ў твар угледзецца.

Супер то супакойваў сябе, то зноў насцярожваўся.

Калі Хэлп пайшоў, Клешч разгаварыўся з Нінкаю. З іх размовы Супер зразумеў, што тая таксама выйшла нядаўна з турмы, а некалі яны былі вялікія сябры.

Чакаць Хэлпа прыйшлося нядоўга. Вярнуўся той з дзвюма бутэлькамі гарэлкі. Твар у яго быў задаволены, і Супер здагадаўся, што гадзіннік ён прадаў з выгадай.

— Хадзем,— запрасіў усіх Клешч.

Зайшлі ў закутак двара, спыніліся ў невялічкай, напалову зруйнаванай будыніне, якую, відаць, не паспелі яшчэ знесці да канца.

Адкаркаваўшы бутэльку, Хэлп працягнуў яе Кляшчу. Як лідэру, з раздражненнем адзначыў Супер. Ведама ж, з такою пысай і вопытам тут толькі ў лідэрах і хадзіць.

Праламаная падлога была запляваная, усюды валяліся недакуркі, у куце стаялі пустыя бутэлькі... «Буджак» — дзе толькі дастаюць цяпер гэтую атруту?.. І дзе Хэлп мог узяць у такую пару ды яшчэ ў нядзелю гарэлку?.. Мусіць, бабулю нейкую ведае... А вунь флакончыкі з-пад «Трайнога»... Ну і свінушнік... А кампанія, а кампанія!.. Як той казаў, «не вельмі пажондная, але бардзо ганаровая». Цьфу ты!..

Божа, як змарнаваў ён дзень!.. Бацька ж толькі ўчора прывёз яму з Галандыі «Філасофію вольнага духу» Бярдзяева... Крэцін, стой цяпер тут... Дзень спляжыў... Гэта яшчэ не самае страшнае... Глядзі, прыхопіць тут міліцыя — не абярэшся клопату. І бацька не дапаможа.

— Не бойцеся, хлопцы,— быццам адчуўшы Супераву трывогу, сказала Нінка.— Мянтоўка сюды не сунецца. Мейсца свежае, у двары, падазрэнняў ніякіх: гуляй, Вася!.. А выжлы няхай па пустках носяцца — няма дурных у цверазільнік трапляць.

Клешч перадаў бутэльку Кошу.

— Засандальвай! Пакажы, на што здатны!

Коша ўмела прыклаўся.

— Ну ты, начальнік,— прытрымаў яго за руку Клешч: Коша адпіў шмат больш, чым прызначалася яму аднаму.— Дзе ж гэта цябе так навучылі? Ва універсітэце?

— Ён у інстытуце вучыцца, у сельскагаспадарчым, — усміхнуўся Хэлп.— Добра дагледзіць калгасныя палі. Паямо хлебца!

Клешч ажно крактануў смеючыся.

— Паямо!

— Я ў садочку навучаўся,— задаволена ляпнуў Коша.— З самага маленства да нектару прывыкаў. Карысная рэч. Эсенцыя духу.

— А вучышся ты як? — спытаўся Клешч.— Не горш, чым цяпер балбочаш?

— Ён вучыцца, што мучыцца,— зарагатаў Хэлп.

— А працаваць як будзеш, калі дыплом атрымаеш? — зноў спытаўся Клешч.— Нешта ж трэба ведаць?

— Возьме ксёнжку «Тысяча і адна карысная парада» і пойдзе ў народ. З народу выйшаў, да яго і вернецца. А ў масах, простых і даверлівых, ён не прападзе!

— Гэта што ж за кніга такая? — наіўна зацікавіўся Клешч.

— Евангелле для прайдзісветаў,— зноў зарагатаў Хэлп.— «Дый навошта яму яргафія — рамізнік сам давязець!..» Ён у нас прамы нашчадак літаратурнага героя. Недаростак.

І рагатаў, і рагатаў, паказваючы пальцам на цыбатага Кошу...

— Ды заткніся ты! — злосна перапыніла яго раптам Нінка.— Слухаць моташна. Сам хто?

Хэлп паблажліва залапатаў:

— Цю-цю-цю!.. Ну не жартуй, Нінка!.. Што ж ты сябра крыўдзіш, мілка?.. Нядобра...

— Глухні, кажу! Якая я табе мілка? Сябар...

Хэлп змоўкнуў. Але на твары ў яго мільганула нічым не прыкрытая нянавісць да Нінкі. Супер грэбліва зірнуў на прыяцеля. Неданосак, перад кім бісер сыпле! Толькі думаць пра гэта часу ўжо не было: Клешч працягваў яму бутэльку.

Суперу ніколі яшчэ не даводзілася піць гарэлку з рыльца. Але Клешч выпрабавальна глядзеў на яго — так што нічога іншага не заставалася. Супер з цяжкасцю, пераадольваючы сябе, ледзь адпіў сваю долю. Коша яшчэ раз прыклаўся да бутэлькі — з маўклівае ўхвалы Кляшча, за Хэлпа. Гарэлка хутка ўдарыла ў галаву, усе адчулі сябе ямчэй.

У Кошы развязаўся язык. Ён пачаў расказваць анекдот за анекдотам — не верылася нават, што хвілін якіх яшчэ з дзесяць назад ён і паварушыцца баяўся. Але, асмялеўшы дарэшты, сам усё і сапсаваў.

— У мяне барыга адзін знаёмы,— пачаў ён,— дык той таксама сядзеў. Расказваў, такая ўжо сучая зона была...

Клешч, не даўшы Кошу дагаварыць, згроб у кулак каўнер яго кашулі:

— Слухай, ты, ваўчара... Ты мне тут воз не каці... Я на нарах пяць гадоў адзвінеў, не табе мне гэтак пра зону расказваць... Уцяміў?.. Ураз начышчу ўмывальнік...

— Не трэба, Клешч, адпусці,— ціха сказала яму Нінка.— Ну, ботае троху па фені, дык і хрэн з ім...

— Ды я... пяцярык адцягнуўшы...— пачаў быў зноў Клешч, але Нінка адразу ж перапыніла яго:

— Канчай разборы.

— Знай сваё седала каля парашы, чуеш? — папярэдзіў Кошу Клешч, адступаючы.— Казёл...

Супер здзівіўся дый толькі, убачыўшы, як лёгка паслухаўся Нінку гэты бамбіза. А сам ён цяпер ужо і не падумаў заступіцца за Кошу, адно апраўдваў сябе тым, што прыяцель сапраўды вінаваты: дурасці ў галаве зашмат, вось і нарваўся, ёлуп, на «ласку»...

Коша збянтэжана папраўляў кашулю і невядома нашто атрэсваў джынсы — працверазеў умомант.

— Бярыце, ешце. Зусім забылася на іх,— дастала Нінка з кішэні цукеркі.

Супер з недаверам паглядзеў на дарагія труфелі.

— Што зекры вылупіў, інтэлігент? — спыталася раптам Нінка, злавіўшы ягоны позірк.— Думаеш, мы і цукерак нармалёвых не можам купіць? Ды я цябе самога куплю з усім тваім г...

Супер убачыў у Нінчыных вачах, якія яшчэ зусім нядаўна здаліся пустымі, халодны бляск. Як раней Клешч на Хэлпа, яна глядзела на яго з акрэсленай перавагаю чалавека больш годнага.

Але адказваць ударам на ўдар зараз не хацелася.

Супер употай зірнуў на Кляшча. Той стаяў убаку, спінаю да іх. Толькі Хэлп разглядваў збянтэжанага прыяцеля, дзіўна ўсміхаючыся,— бачыў такім Супера ўпершыню.

— У мяне тры дні назад дзень нараджэння быў,— памаўчаўшы крыху, усё роўна як аб’явіла Нінка.— Можна сказаць, што й сёння яшчэ нараджаюся... Мяне матулька ў пакутах на гэты свет выпускала. Вось ён дагэтуль і не прымае мяне — у пакутах.

Яна засмяялася, толькі ў смеху гэтым чулася горыч.

Дапілі рэшту. Пасля трэцяга разу Коша нават пахіснуўся, але ж не адмовіўся і ад чацвёртае долі, якую, не дапіўшы сваё, прапанаваў яму Хэлп.

— Клешч, скажы, каму я сёння не прастаўляла? — прыкметна ап’янеўшы, спыталася Нінка.

— Усім, Нінок, усім,— супакоіў яе Клешч.— Ты ў нас жмоткаю ніколі не была.

— Жмоткаю? Ні жмоткаю, ні шасцёркаю — ніколі,— залапатала яна, глытаючы словы.— А гэтыя дні ўвесь двор гуляе. Уся вуліца! Дваццаць гадоў усё ж такі. Гэх, мама!..

«На Дерибасовской открылася пивная»,— зацягнуў раптам гугнявым фальцэтам Коша.

Клешч знішчальна зірнуў на яго. Коша змоўк, але ўжо не так баязліва.

Пастаяўшы яшчэ трохі ў будыніне, прайшлі ў альтанку непадалёк. Клешч некуды знік. Атрымалася так, што Супер апынуўся на лаўцы побач з Нінкаю. Тая насмешліва паглядзела яму ў вочы і сказала:

— Сядай бліжэй. І абдымі: холадна мне.

Збянтэжаны, ён паклаў ёй на плячо руку.

— Не, не так. Ніжэй,— сказала яна і адразу ж, ледзь ён пераклаў руку на талію, дадала: — Толькі віды не строй. Не абломіцца. Ты мне ўсё роўна да фені. Пагрэеш: даўно ўжо мяне не абдымалі... Ні-іхто... не абдымаў...

У гэтым «ні-іхто», мусіць, самой сабе сказаным, пачуліся Суперу смутак і безабароннасць. Ён трохі мацней прытуліў яе да сябе: стала раптам шкада гэтай непрыгожай недарэкі.

Паціху яны разгаварыліся.

Сядзела яна за тое, што адлупцавала з сяброўкай на танцах адну дзяўчыну: тая адбіла ў сяброўкі хлопца. Магло б усё абысціся і ўмоўным тэрмінам, расказвала Нінка, ды былі да таго прыводы ў дзіцячы пакой міліцыі, вось ёй і далі тры гады — на перавыхаванне. А цяпер яна жыла ціха, толькі на гэтым тыдні загуляла з нагоды дня нараджэння. Выйшла ж нейкі месяц назад, як і Клешч. Але дзень яшчэ пагудзіць — і шабаш. Адблатавала. Трапіць туды яшчэ раз не хоча. Трэба неяк па-новаму жыць пачынаць. Пойдзе, відаць, працаваць швачкаю ў атэлье: у калоніі вывучылася... Чаму ўсё так атрымалася? Бацька з маткаю ўсё прапілі — у хаце голыя сцены ды два крэслы. Трэцяга крэсла, каб ёй урокі рабіць, не было. Куды ж яшчэ ад такога жыцця ісці, як не ў альтанку ці на танцы? Ну, а там адно: цыгарэты, «чарніла», бойкі... Тая ж гісторыя, што і ў Кляшча. Толькі ён ужо бацьку свайго не тое што п’янага, ніякага не бачыў — колькі іх, тых «бацькоў» на ноч, у маці ягонай перабывала!.. А сеў ён зусім ужо ні за што: ліхтаром у восьмым класе пасвяціў старэйшым хлопцам, у завуголлі каля дзяўчыны стаяўшы,— вось і паплыў у калонію як «харавік», бо нагаварылі на яго і тая дзяўчына і тыя падзельнікі. Так і прачаліўся праз тое глупства ажно пяць гадоў. А выдатны быў малец, вучыўся ў школе нішто... З турмы вось толькі прыйшоў нейкі злы, заводзіцца з паўабароту. Але з некаторымі ён добры, нават вельмі. З тою ж маці, напрыклад: цяпер яе хворую даглядае, у калясцы на вуліцу выкочвае — ногі ў яе праз гарэлку адняліся. Злосць у яго ад крыўды: за што ж яго, пацана, на столькі гадоў за дрот загналі?!.

Жаль, што на нейкі час узнік у Супера, прайшоў. Ведаем мы гэтыя гісторыі паводле Мапасана пра маці-шлюху і бацьку-алкаголіка, думаў ён з усмешкаю. Анёлы, дый годзе, хоць ты іх напрасткі ў рай вядзі — і чысцец не патрэбны.

Урэшце, калі Нінка вельмі ўжо слёзна пачала шкадаваць Кляшча, стаўшы меркаваць пра тое, хто б з яго мог выйсці, каб не гэты ліхтар, Супер не вытрымаў:

— Дык адкуль тады ў яго даўжнікі? За месяц волі набыў? Ці старыя, як сам кажа? Тады не ў ліхтары справа.

— Адкуль? З турмы яны ўсе, даўжнікі ягоныя. Разам кантаваліся, толькі тыя раней выйшлі.

— Перавыхаваўся, так сказаць. Ты ж толькі паглядзі на яго: жывая ілюстрацыя да падручніка Ламброза.

— Каго? — адхінулася ад яго Нінка.

— Ламброза,— паўтарыў ён.— Быў такі прафесар-крыміналіст. Распрацаваў тэорыю, што ў асноўным людзі робяцца злачынцамі непазбежна — у адпаведнасці з іх антрапалагічнымі... біялагічнымі, значыць, прыкметамі.

— Гэта якімі ж?

— Ну, чэрап, скажам, форма і велічыня лба,— пачаў быў тлумачыць Супер, але адразу ж спыніўся, заўважыўшы ў Нінчыных вачах непрыемны агеньчык,— ну і ўсё такое.

— Ламброза, кажаш? Бачу я, разумнік ты. Дзе вучышся?

Супер адказаў.

— Спікаеш, значыць? Арыстакрат!.. Прафесараў начытаўся... Ну, а хто тады я?.. Таксама ілюстрацыя?.. Што маўчыш, га?.. Адказвай, калі я пытаю.

— А ты — нічога,— яшчэ больш насцярожыўся Супер.

— Нармалёвая? — спыталася яна з пагрозаю.

— Нармалёвая,— паспрабаваў ён лагодна ўсміхнуцца.— Дзеўка ў парадку. У цябе так... выдаткі лёсу...

— Выдаткі лёсу?.. Бач ты...

І дзе толькі гэтыя гады навучыліся так вачыма душу выварочваць, думаў ён пад яе невыносным позіркам.

— Тлумач.— Яна ўстала і выйшла на сярэдзіну альтанкі, усё роўна як суд над ім збіралася чыніць.

Супер глянуў убок, куды раней адышлі былі Коша з Хэлпам.

Тыя, мабыць, пачуўшы іх такую ўжо пяшчотную ўпачатку размову, далі ім магчымасць застацца ўдваіх.

Трэба спыніць гэтую гамонку, занепакоіўся ён, а то хто яго ведае, што з усяго гэтага можа выйсці... Ну, і дэградат: напраўду пачаў ужо быў цеплыню яе таліі адчуваць — гэта ж трэба, жанчыну сустрэў!.. І думай, што вярзеш, а то ляпнуў: «Ілюстрацыя...»

Нінка таксама стала ўзірацца некуды ў двор. Супер павярнуў галаву туды ж.

Набліжаўся Клешч.

У сутонні ягоная постаць, якая нібыта выплывала аднекуль здалёк, проста палохала: хрэстаматыйны забойца з дэтэктыўнага фільма. Монстр. Раздушыць, як муху.

— Дык тлумач, што маўчыш? — зноў утаропілася яна ў яго пагардліва-халоднымі вачыма. Стаяла быццам укапаная, усё на тым самым месцы.

— Не пашэнціла табе — вось і ўсё.

— Гэта я зразумела. Ты пра яго,— кіўнула яна на Кляшча.

На сябрука ківае, гадаўка, вылаяўся сам сабе Супер. Ведае, на што ціснуць...

— Ну, я не стаў бы ліхтаром свяціць. У пятнаццаць гадоў ён бы мог і разумнейшы быць,— не адразу знайшоў ён адказ.

Клешч спыніўся каля Кошы з Хэлпам, загаварыў з імі.

— Гэта ты праўду кажаш,— згадзілася раптам Нінка.— Толькі чэрап у яго не горшы за твой. Клешч — чалавек. Сумленны і справядлівы. І не дурнейшы за цябе — дарма што ты кніг начытаўся. Так што носа не задзірай: супраць яго ты ўсё роўна слізняк. Разумееш? Сліз-няк.

Гэта быў ужо здзек. Але вытрываць прыйдзецца. Зірнуўшы яшчэ раз у бок Кляшча, ён падумаў, што зноў, пэўна, трэба будзе заняцца каратэ, бо ніякая гэта не другарадная рэч: хліпкі ты яшчэ, братка, перад кім сцелешся...

— Усёк? — спыталася Нінка.

Кіўнуўшы галавою, ён слаба ўсміхнуўся. Нібыта згаджаўся — і разам з тым было ў гэтай кіславатай усмешцы паблажлівае «ну-ну».

Але, разгледзеўшы праз гэтую маску ягоную баязлівасць, Нінка здаволілася.

— Ну, вось і добра. А чаго з імі цягаешся? — зноў сеўшы побач з ім, паказала яна на Кошу з Хэлпам.

— Ну, як табе адказаць?.. Трэба ж з кімсьці...

— Дык чаму не з тымі, з кім вучышся? — перапыніла Нінка.

— Ведаеш, не хачу раскрывацца.

Адлягла ўсярэдзіне халадэча.

— Значыць, ёсць што хаваць?

— Ды не вельмі...

— Так я табе і паверыла.— Яна нібыта працінала яго сваім позіркам.

— Думай, як хочаш...

Хоць і напалохала нечаканая яе праніклівасць, але ўсё ж Нінчыны пытанні былі яму прыемныя: з’явіўся раптам шанц прыўзняцца ў вачах гэтай дзеўкі.

Толькі шчыраваць усё роўна не варта, адразу ж стрымаў ён сябе. Няма перад кім вылузвацца, дый увогуле непатрэбна гэта нідзе: душу сваю напаказ выстаўляць. Душа, гэта як сховішча: пакуль тоіш — тваё, адкрыў — дрыжы за яго. З гэтай прасцячкай, каб уразіць, усяго можна наплесці — ад каго ж яшчэ пачуе такое? Але навошта?

— Проста лепш так,— адказаў ён,— нібыта я ў загадкавым арэоле.

— Не разумею...

— Што не разумееш?.. Арэ...

— Ды не выпінайся ты ўжо,— абарвала яна яго.— Ведаю я, што за арэол. Усе ў лікбезе вучыліся. Не разумею, што ты за чалавек — вось што.. Няма ў цябе, мусіць, сяброў... Я ж іх наскрозь бачу: фарцы,— кіўнула яна на Кошу з Хэлпам.— Гэты твой Хэлп — такіх, як ты, тры слізнякі.

Супер зноў сцярпеў.

— За анучу з лэйбаю маці прадасць. Дый пустэча... Ты хоць пра Ламброзаў можаш расказаць... Паважаю, калі хто многа чытаў... Ты ж не ведаеш, як я любіла чытаць — жах!.. «Эфі Брыст» чытала, «Джэн Эйр»... «Сястру Кэры»... Бог ты мой, пазабывала ўсё... А цяпер вось «Вясновыя воды» чытаю... Тургенева... Во, хоць аднаго аўтара ўспомніла... І гад жа ён быў, га?

— Хто? — збянтэжыўся Супер.

— Ну, не Тургенеў жа... Гэты, як яго... Санін... Дзмітрый Паўлавіч... Ты як думаеш?

— Я?.. Ды як тут сказаць? — пачаў ён выкручвацца, не ведаючы, што і сказаць: «Вясновых водаў» ён не чытаў, як, урэшце, і наогул Тургенева, памятаў толькі сёе-тое са школьных падручнікаў па літаратуры.— З аднаго боку...

— Што з таго, што з гэтага,— перапыніла яна.— А, ты ўсё роўна не зразумееш!.. Вы ж, мужчыны,— лічы што не людзі. Здраднікі ўсе і падлюгі. Такое, за што Тургеневу душа балела, вам — салодкая вадзічка... Абы глотку заліць ды пагуляць. Вас я ўжо ведаю. І тут і на зоне бачыла — пад завязку, болей не трэба. Чэрствыя ўсе, драўляныя нейкія. Мякчэеце толькі, як падкаціцца хочаце. Так і прэ з вас тады ліслівасць — моташна глянуць! Ды што з вас возьмеш: каты марцовыя... Аднаго Кляшча прызнаю за чалавека!.. Аднаго яго. Я не кажу, канечне, пра тых, хто кніжкі піша. Гэтыя — іншыя. Калі толькі не маняць... Ды дзе яны?

Яна зноў адхінулася ад яго.

— Слухай, ты ж, можа, бачыў каго з іх — з пісьменнікаў?.. Я дык бачыла аднаго!.. Не, у школу да нас калі-нікалі прыходзілі. Канферэнцыі розныя там, кніжкіны тыдні... А то раз сама сустрэла, у горадзе, іду сабе так неяк зімой па праспекце, гляджу — бог ты мой, на самым людным мейсцы, сярод тратуара дзядзька ляжыць. Тратуар такі зледзянелы — і цвярозы пакоціцца, не тое што п’яны. Дык ён упаў і ўстаць не можа. А ўсе яго абыходзяць. Ну чаму?.. Хоць і п’яны — усё адно ж чалавек!.. Падышла да яго...

Слухаючы Нінку, Супер паглядаў на Кляшча з Кошам і Хэлпам — чаму яны там стаяць, не падыходзяць? Ды няхай бы лепш і не вярталіся: спакайней без гэтага бандзюгі.

А можа, і напраўду зладзіць што з ёю?.. Не святая ж... Смех, ды толькі: «Эфі Брыст»... Цырк на дроце. Звар’яцець можна ад яе пераходаў — во дзе выкруты! Дык тым цікавей будзе: экзотыка. Табе ж даспадобы, здаецца, вострыя пачуцці? Такую лэдзі ўзяць, з гэткімі вывертамі — не жарт. Дый талія ў яе нічога... бюст...

— Дапамагла ўстаць, павяла, куды папрасіў,— расказвала Нінка.— Ідзём. Тут ён па дарозе мне і кажа : пісьменнік я, ганарар атрымаў — за вершы. Нават сказаў, дзе іх надрукаваў, ды я не запомніла. Давяла яго ажно да самай хаты. І што? Жонка так і наляцела на мяне: што, са старымі, вош малая, цягаешся? А я назаўтра ўзяла дый расказала ўсё ў школе — на ўроку літаратуры. Настаўніцу толькі шкада было, стагналі ж усе ад рогату... Але які гэта пісьменнік?.. Хіба пісьменніку так можна?.. Як у яго нахабнасці хапіла прызнацца ў такім выглядзе, хто ён?.. Ты ж, калі свіння, дык хоць імя сваё не гань — пісьменнік... Ты ж святы павінен быць, раз вучыш нас розным гэтым штучкам — дабрыня там, шчырасць, чысціня, сумленне... Як вучыш, так і сам жыві!.. А ён яшчэ, відаць, і з дзеўкамі гуляў, раз жонка ягоная з-за мяне такі гвалт усчала... Дый спатканне ж мне, корч стары, назначыць пнуўся, ціснуўся ўсё да мяне, хоць і лыка не вязаў!.. Я тады адно смяялася з дзядзькі: хай, думаю, пажартуе — не разумела ж яшчэ нічога. А цяпер дык наскрозь яго бачу: так і з’еў бы мяне вочкамі, кот памыйны!.. А жонка за яго ў сто разоў была прыгажэйшая. Дарма што крыклівая — нясоладка ёй, відаць, з такім валацугам было, ад яго ж самога ўся і бяда... Вершы свае мне чытаў. Не спадабаліся: пыхлівыя нейкія... Пра каханне многа было... Ён яшчэ, свіння, і пра гэта мог... Дык ты сапраўднага бачыў?.. Пісьменніка?

— Бачыў, канечне. Да бацькі, бывае, прыходзяць.

Супер не зманіў. У іх дома і кампазітары бывалі, і вучоныя: бацька любіў запрашаць вядомых людзей. Але хоць вонкава і ставіўся да іх з павагаю, на справе лічыў сябе вышэйшым. Ва ўсякім разе, трымаў сябе з імі на роўных, а пасля таго, як яны выходзілі з дому, пасмейваўся з многіх. А што: у «фазэра» і грошы не меншыя, і становішча стабільнае. А то хадзіў да іх колькі гадоў назад адзін драматург: дык тады на «Вольва» да іх прыязджаў, а цяпер абдзірос натуральны — Супер неяк бачыў яго на вуліцы.

— Што, праўда прыходзяць? — перапытала Нінка.

— Кажу табе.

Нейкі час яна маўчала. Па твары было відаць, што думала. Пасля раптам зноў утаропілася ў яго шалёнымі вачыма.

— Ну і што, што ты бачыў, а я не ба-чыла?.. Да твайго бацькі пісьменнікі ходзяць, а да маці маёй — на-сосы. Што з таго?

— Нічога,— не зусім упэўнена адказаў Супер, бо хоць і перастаў ужо здзіўляцца зменам у яе настроі, затое ўсплыло падазрэнне: можа, усе гэтыя фортэлі — толькі тэатр прайдзісветкі?

— А не веру я — вось і ўсё. Ні ў пісьменнікаў, ні ўвогуле ў людзей. Хлусня ўсё гэта. Памерлі пісьменнікі. І людзі таксама. Яшчэ да таго, як мы нарадзіліся. У хлусні ўсё патанула, і ніколі з яе ўжо не выплыве. Усе вакол — мёртвыя. Каму верыць? — ціха, да шчымлівасці адкрыта спыталася Нінка, ажно ён адчуў сябе трохі разгубленым.— Нікому я не веру. У мяне і маці няма...

— Дык ты што, адна жывеш? — з раптоўнай надзеяй спытаўся Супер, і абарваліся ў ім і спачуванне, і разуменне.

— З маці,— адказала Нінка. Голас яе задрыжэў.— Толькі як няма яе ўсё роўна... Яна нават туды толькі раз да мяне прыязджала, хоць я і зусім недалёка адсюль сядзела... Клешч адзін — болей нікога няма... Ён мяне пакрыўдзіць не дасць. Адзін з усіх, каго ведаю,— чалавек... Я яму — як сястра...

— Ды што ты завялася з гэтым Кляшчом? — не вытрываў Супер, зусім забыўшыся на тое, што вось ён, побач, хвіліна хады,— ахоўнік яе і абаронца.

Але замест таго каб кінуцца ў новы выверт, якога ён ужо чакаў, Нінка прыпала раптам да яго вуха гарачымі вуснамі і прашаптала:

— Пацалуй мяне...

Гэта быў такі ціхі шэпт, што ледзьве словы можна было пачуць, Супер нават падумаў, што тое яму здалося, але Нінка так на яго паглядзела, што ён зразумеў усё...

— Выпіць хочаш? — абарвала яна пацалунак.

Суперу аж дух заняло. Так усё было неспадзявана і востра, што кружылася галава — нічога падобнага ён, здавалася, і не адчуваў ніколі. Гэта быў доўгі пацалунак жанчыны — і разам з тым пяшчотны дотык дзіцяці. Відаць, выпакутавала яна гэты свой шэпт...

Супер зноў прыхінуўся да яе. Ён нічога не бачыў ужо, нават Кляшча, які зірнуў у бок альтанкі і, здзіўлены, застыў.

Але Нінка лёгенька адштурхнула яго і спыталася яшчэ раз:

— Дык хочаш ці не?

Піць яму зусім не хацелася, ды абдала прыемным халадком раптоўная здагадка.

— Давай,— адказаў ён.

— Хадзем.

— Куды? — спытаўся Супер.

— Што пытаешся? — здзекліва ўсміхнулася Нінка.— Не люблю я, калі распытваюць. Раз вяду, значыць, ведаю. Ці баішся? Дык не трэба: не згвалчу.— Яна гучна зарагатала.

Суперу стала ніякавата, а Клешч, пачуўшы яе смех, супакоіўся.

Нінка прывяла Супера ў пад’езд і загадала пачакаць. Ён расчаравана згадзіўся. Вярнулася яна хвілін праз пяць.

— Дома маці? — спытаўся ён.

— Ты прабач,— неяк вінавата пачала Нінка, нібыта і не пачуўшы пытання,— няма чаго... выпіць... Але затое я во што прынесла.— Яна дастала з кішэні і працягнула яму фотакарткі.— Глядзі. Пазнаеш?.. Гэта я ў дзіцячым садочку... А гэта вось з мамай... у першым класе... А гэта...

Супер не мог даць веры, што гэтая маленькая прыгожая дзяўчынка, няшмат большая за партфель у яе руках, з вялікімі бантамі ў валасах і шчаслівай усмешкай на твары, і ёсць цяперашняя Нінка... Але здзіўленне яго не было надта доўгае і вялікае, бо цікавіла іншае.

— А ты нічога... дзяўчынка была,— сказаў ён і палез цалавацца, прасоўваючы руку пад кофтачку.

— Не трэба,— гэтаксама лёгенька, як і ў альтанцы, адхіліла яна яго.— Хадзем.

Аддаючы фотакарткі назад, ён зазірнуў ёй у вочы — і ўсё зразумеў. Яна і не збіралася частаваць яго пітвом, калі вяла сюды, як і не думала пра тое, аб чым думаў ён, а нашто вяла, саромелася прызнацца.

Уломваць цябе яшчэ трэба, са злосцю падумаў ён, гледзячы Нінцы ў спіну, калі пасунуўся следам за ёй да альтанкі. Фотакарткі стала паказваць! Фільм індыйскі будзе мне тут круціць...

А можа... Можа, так яно і лепш, раптам усцешыўся ён здагадкаю. Не час яшчэ заводзіцца: няхай Клешч знікне. Гэтая ведае, што робіць. Расчараванне і злосць адразу ж прайшлі. У альтанку ён вярнуўся нават вясёлы, з парога засмяяўся грубаму Нінчынаму жарту наконт нязграбнага, даўжэзнага Кошы.

А той, мусіць, зусім ужо не баяўся Кляшча: сядзеў поруч з ім, паклаўшы яму галаву на плячо. Хлопцы, відаць, пакуль былі адны, выпілі яшчэ. Хэлп ляжаў, выпрастаўшыся на лаўцы, а Клешч бы скамянеў — глядзеў некуды ў цемру нерухомымі журботнымі вачыма.

Нінка раптам дала Суперу знак, каб ён перастаў смяяцца, і ціха прысела насупраць Кляшча.

— Чакайце! — сказаў той праз якую хвіліну, варухнуўшы рукою.

— Пець зараз будзе,— шапнула Нінка Суперу на вуха.— Яму б у операх выступаць... Ён колісь у хоры спяваў, пры Палацы піянераў. Салістам быў. Яго па тэлевізары нават паказвалі... Дыктар так і сказаў: наш беларускі Раберціна Ларэці... А ты: Ламброза...

Клешч набраў поўныя грудзі паветра і гучна зацягнуў:

 

Выхожу один я на дорогу;

Сквозь туман кремнистый путь блестит;

Ночь тиха. Пустыня внемлет богу,

И звезда с звездою говорит.

 

Спяваў ён выдатна — толькі дрыжаў крыху голас. Супер здзіўлена ўзіраўся ў Кляшча.

 

В небесах торжественно и чудно!

Спит земля в сияньи голубом...

Что же мне так больно и так трудно?

Жду ль чего, жалею ли о чем?

 

— Бачыш, душа якая? — шапнула Суперу Нінка, выціраючы слёзы.

Хэлп узняўся і сеў. Нават Коша заварушыўся. Магутны быў голас...

 

Уж не жду от жизни ничего я,

И не жаль мне прошлого ничуть;

Я ищу свободы и покоя!

Я б хотел забыться и заснуть!

 

— Усё. Адспяваў,— спыніўся раптам Клешч і закрыў велізарнымі далонямі твар. На нейкі момант стала ціха-ціха, быццам замерла ўсё наўкол, але тут хтосьці ў доме ўлупіў на ўсю моц «Песню варажскага госця» ў выкананні Марка Рэйзена; прагучала тое нібыта здзек з вулічнага спевака-«гарлапана».

Суперу здалося, што Клешч заплакаў. Ва ўсякім разе, рукі, якімі ён прыкрываў твар, ледзь прыкметна дрыжэлі. Але неўзабаве ён апусціў іх, абвёў усіх сваім цяжкім позіркам і загадаў Хэлпу дастаць гарэлку. Той нагнуўся і выцягнуў з-пад лаўкі бутэльку.

— Прыходзіў тут адзін даўжнік да Кляшча, так што праставіў, пакуль вас не было,— растлумачыў Хэлп Суперу.

Распілі і гэтую, апошнюю ўжо бутэльку. Кошу ягоная доля зусім ужо лішняя была: гарэлка так і цякла па яго падбародку. І Хэлпа, толькі ён адпіў глыток, ледзь не званітавала. Супер зразумеў, чаму той так ахвотна ўступаў раней сваю долю Кошу: проста так адмовіцца піць перад Кляшчом не хацеў.

Прайшла якая хвіліна, і Коша стаў лапатаць нешта сам сабе па-англійску. Зірнуўшы на яго, Клешч узняўся і сказаў, што, відаць, час ужо разыходзіцца.

Хэлп з Суперам узялі Кошу пад рукі, і ўсе пабрылі з двара на вуліцу. Коша ледзь цягнуў па асфальце ногі і ў адказ на Хэлпавы кухталі і праклёны толькі мыкаў нешта сабе пад нос.

Клешч спыніў таксі. Коша, невядома адкуль узяўшы сілы, кінуўся раптам цалаваць свайго нядаўняга злосніка. Кляшчу з цяжкасцю ўдалося пасадзіць яго ў машыну. Таксіст адмаўляўся браць такога пасажыра, але Клешч так паглядзеў на яго, што той змоўк.

— А ты? — спытаўся Клешч у Супера, убачыўшы, што той адышоў убок.

— Я застаюся,— адказаў Супер, трываючы нялёгкі Кляшчоў позірк.

— Як хочаш,— сказаў Клешч, глянуўшы на Нінку,— тая моўчкі заплюшчыла вочы.

— Хто ж тады з ім? — кіўнуў Клешч на Кошу, які прыладзіўся ўжо спаць, і перавёў позірк на Хэлпа. Таму прыйшлося сесці ў машыну.

Таксі паехала, а Клешч знік у цемры.

— Ну што, хадзем? — спытаўся Супер у Нінкі.

— Хадзем,— адказала тая.

Па дарозе ён выглядваў месца, дзе можна было спыніцца.

— Тут,— сказаў ён, прыгледзеўшы тую самую будыніну, у якой яны пілі гарэлку.

— Не,— крутнула Нінка галавою.

Супер падумаў, што яна проста ведае лепшае месца. А то ў будыніне і напраўду надта ўжо брудна было. Дый заскочыць хто мог неспадзеўкі. Ён упэўнены быў, што яны разумеюць адно аднаго. Нінка завяла яго ў нейкі двор. Агледзеўшыся, зайшла ў пад’езд, стала ўздымацца па лесвіцы. Перад апошнім паверхам спынілася.

Вось яно што, вырашыў Супер. Чорт з ім, можна і тут. Светла вось толькі, мо захоча, каб лямпачку разбіў?.. Ён прываліў Нінку да сцяны і, расшпільваючы кофтачку, палез цалавацца.

— Адчапіся, ну! — адштурхнула яна яго і пайшла ўверх.

З кватэры, каля якой яна спынілася, чулася музыка.

— Куды мы? — спытаўся Супер.

— У госці,— бы ў сне, адказала Нінка, думаючы пра нешта сваё.— Выпіць трэба.

— Навошта? — дзівіўся ён.— Мы ж і так ужо...

— А, кінь, арыстакрат,— з раздражненнем перапыніла яна.— Ну што, што разумееш ты ў жыцці?

Зноў выверт, падумаў Супер. Забылася, мусіць, што Кляшча тут паблізу няма. Але даруем ёй гэта. Ды толькі ж навошта, навошта ісці зараз у нейкія госці?

Нінка ступіла крок да дзвярэй, пацягнула ручку на сябе і ўвайшла ў кватэру, нават не пазваніўшы. Пастаяўшы трохі ў калідоры, яны прайшлі ў пакой: Нінка — спераду, Супер — за ёю. І ў пакоі, і ў калідоры быў даўні ўжо і, відаць, звычны разрух. Нарэшце трапілі на кухню.

Там, за сталом, застаўленым пустымі бутэлькамі і талеркамі з рэшткамі ежы, сядзелі дзве п’яныя дзеўкі: адна — здаравенная, гарбаносая, другая — маленькая, бледная, з дробнымі, птушынымі рысамі твару. Яны пра нешта спрачаліся.

— Здарова! — сказала Нінка.

— Здарова,— здзіўлена ўзіраючыся ў Нінку, павольна адказала гарбаносая, агледзела Супера з галавы да ног і кіўнула на зэдлікі.— Сядайце.

Маленькая намацала на стале рваны пачак «Прымы». Той быў пусты. Яна выбрала з талеркі з-пад вінегрэту, дзе валяліся недакуркі, даўжэйшы бычок і закурыла. Супера ажно перасмыкнула.

З Нінчынай размовы з дзеўкамі, маруднай і скупой на словы, Супер зразумеў, што гарбаносая і была тая самая сяброўка, разам з якою судзілі Нінку, і што адносіны іх у калоніі былі дужа сапсаваныя. «Што ж ты прысунулася сюды, ідыётка?» — збянтэжана глядзеў ён на Нінку.

Праз некалькі хвілін прыйшлі два хлопцы — нейкія дробныя, тузаныя, з сінімі ад татуіроўкі рукамі. Супер адразу ж скеміў: зэкі. Можа, і не мацёрыя, у іх сістэме без асаблівага аўтарытэту, але ўсё ж такі відавочна блатныя. Прыйшлося паціснуцца — Нінка села Суперу на калені. Той употай узіраўся ў гасцей.

— А хто гэта з табою? — спыталася раптам гарбаносая ў Нінкі, кіўнуўшы на Супера.

— Брат,— адказала Нінка.

Усе засмяяліся.

— Бра-ат,— ухмыляючыся, прасіпеў хлопец са шрамам на шчацэ. Смеючыся, ён апусціў павекі. Супер убачыў на іх наколку: «Вор спит».

Хоць бы мяне гэтыя не ўходалі, адчуў ён страх. І якога чорта пасунуўся за прыпыленай — нібыта лепшай заўтра не знойдзеш? Закарцела дзятлу гульнуць.

Але ён хутка адагнаў трывогу, выпіўшы чарку цёплай, прыкрай гарэлкі, якую яму, падміргваючы, наліў блатны з татуіроўкаю на павеках. Да таго ж, Супер трохі супакоіў сябе яшчэ і тым, што гэтыя малойчыкі з выгляду былі хліпкія, не раўня Кляшчу — з імі ён ужо, калі што, як-небудзь справіцца.

Неўзабаве падступіла млоснасць. І гарэлка ўжо ў горла не лезла, і задуха на кухні была страшэнная. Ён хацеў папрасіць Нінку ўстаць, каб можна было выбрацца з-за стала, але тая ўзнялася сама і, пахістваючыся, прайшла ў ванную. Пачакаўшы крыху, туды ж, не пастукаўшыся, уваліўся і ён. Нінка стаяла каля ўмывальніка і зашпільвала кофтачку.

У Супера нават і млосць адступіла — нібыта і не было яе зусім. Зачыніць дзверы на засаўку, ніхто і не пачуе... Ён прыціснуў яе да сцяны, але Нінка адштурхнула яго і выскачыла...

Калі высунуўся ў калідор, пачуў шум. Зэкі чамусьці выпіхвалі Нінку з вітальні на лесвічную пляцоўку. Нешта, відаць, пакуль яго не было, у іх там на кухні здарылася. Нінка плакала і ўпарцілася, хацела вярнуцца назад — яе ледзь стрымлівалі каля дзвярэй. Дзеўкі — яны засталіся на кухні — пакрыквалі: «Умантульце ёй, умантульце!.. Што вы там з ёю цацкаецеся?..»

Супер замёр. Яму ўсё ж такі не хацелася звязвацца і з гэтымі блатнякамі, якія б слабыя яны ні былі — нават Нінку не маглі выпхнуць. Ім тут і дзеўкі на дапамогу кінуцца. Морду, пэўна, ужо скрывавяць...

Але глядзець на ўсё гэта было яму нялёгка.

Урэшце адзін з хлопцаў не вытрымаў і з усяе сілы ўдарыў Нінку ў твар. Тая ўпала, і яе пацягнулі ўніз па лесвіцы.

Пачакаўшы крыху, Супер на дыбачках прайшоў у вітальню і выслізнуў з кватэры. Гвалту ўжо не было чуваць. І хмель у яго ўмомант прайшоў. Гэта ж трэба было ўлезці ў такі гадзючнік!..

Асцярожна спусціўшыся на першы паверх, ён выглянуў з пад’езда.

Зэкі праганялі Нінку з двара — тая з плачам адступала назад і, адчайна жэстыкулюючы, нешта ім даводзіла.

— Вы ж не ведаеце,— данеслася да Супера,— як тое ўсё было... Не вінаватая я зусім... Гэта ж яна мяне...

Ён не ведаў, што рабіць. І шкада было гэтую вар’ятку, але ж ці саўладае ўсё-такі ён з двума?.. Гэтыя няйначай як толькі з нажом і ходзяць. П’яны ён, дый няма, як кажуць гэтыя дэбілы, прыёма проці лома. Не, лепш неяк знікнуць. Бегчы?.. Могуць дагнаць, хоць і дохлыя. І ганьбы не абабрацца. Во было б смеху, калі б заўтра Нінка расказала пра такое Хэлпу!.. Трэба выбраць зручны момант, каб ніхто яго не ўбачыў.

Ён агледзеўся ў пад’ездзе. Позірк яго спыніўся на дзвярах, што вялі ў сутарэнне. Туды! Штурхнуўшы дзверы, зрабіў крок уніз і адразу ж вылаяўся: хоць і цёмна было, ды ўсё ж адчуў, у што ступіў. Зрабіў яшчэ крок і ўпаў, зачапіўшыся нагою за прэнт. Цяпер ён сядзеў, паціраючы выцятае калена, ціха ныў і, на чым свет стаіць, кляў і сябе, і ўсіх тых, праз каго тут апынуўся. Урэшце асцярожна, ледзь не на карачках дабраўся да ніжэйшых дзвярэй. Штурхнуўшы гэтыя, зноў мацюкнуўся: дзверы былі замкнёныя. Што рабіць? Не заставацца ж тут... Гэтыя, як надумаюцца заскочыць сюды пашукаць яго, затаўкуць. Давялося зноў лезці наверх. У пад’ездзе ён адразу ж выглянуў на двор. Зэкі білі Нінку і рукамі і нагамі — яна ледзь паспявала прыкрыць то твар, то жывот.

А што, як усё ж такі накрыць іх са спіны і ўпластаць аднаго за адным на асфальт?.. Хліпакі — ён іх ураз аформіць... Галоўнае — хуткасць... Яны і ўцяміць нічога не паспеюць... Напружыўшыся, Супер нават тузануўся быў уперад.

Не, адумаўся ён, не шукай сабе прыгоды. Заўтра сход курса. Дэкан казаў, што могуць выбраць старастам. Займацца грамадскай работай, як ні шкада часу, усё ж такі неабходна: інакш да размеркавання першым не прыйсці. А што, калі ён, увязаўшыся ў гэтую гісторыю, трапіць у міліцыю?..

Было позна, Нінка чамусьці не крычала, і ў доме, напэўна, ніхто і не чуў, што робіцца на дварэ.

А раз’ятраныя зэкі на ўсё ўжо забыліся і бачылі толькі Нінку.

Можна было ліняць.

Ён атрос джынсы, выцер аб падлогу чаравікі, заправіў кашулю і імкліва выйшаў на ганак. Да выратавальнага рога, за якім ён стаў бы зусім тут нябачны, было метраў сем-восем.

Але прайсці непрыкметна не ўдалося: зэк з татуіроўкаю на павеках раптам зірнуў у ягоны бок.

— Чакай, хлопчык, не спяшай,— спыніў ён Супера, толькі той ступіў два крокі.— Нам і з табой пагаманіць трэба.

На твары ў Супера расплылася рахманая ўсмешка:

— Ну, што яна там адмачыла? — выціснуў ён з сябе, з усяе сілы намагаючыся трымацца спакойна.

Угледзеўшыся Суперу ў твар, зэк сплюнуў:

— Плявузгае шмат, падла!.. І дзе ж толькі ты яе падчапіў?.. Ну, валі адсюль! І каб я ценю твайго тут не бачыў! Кыш!

Ён зноў кінуўся да Нінкі.

Прайшоўшы за рог, Супер затаіўся: было-такі цікава, чым усё скончыцца.

Неўзабаве Нінка ўпала і скурчылася на асфальце. Ударыўшы яе яшчэ некалькі разоў нагамі, хлопцы нешта сказалі адзін аднаму і пасунуліся ў пад’езд.

Праз якую хвіліну Нінка ўстала і, усхліпваючы, пацягнулася ў суседні двор.

Абагнуўшы дом з другога боку, пайшоў за ёю і Супер.

Не мог ён згадзіцца, каб гэты і без таго нікчэмны дзень скончыўся поўным яго паражэннем: надта ўжо шмат знявагі перажыў ён, каб адпусціць за так лярву, што столькі вадзіла яго за нос, бы хлопчыка. Якія ж толькі рылы ні здзекаваліся з яго сёння!

Ён павінен быў сцвердзіць сябе, паставіць урэшце на калені гэтую дзеўку.

І няўжо яна не хацела таго ж, чаго дамагаўся ён? Гэтага проста быць не магло: навошта ж тады ўся гэтая п’янка, абдымкі і пацалункі?..

Яму здавалася, што яна п’яная і не чула, не магла чуць ягонай размовы з зэкам. Напачатку трэба было суцешыць яе: без хітрасці нічога не выйдзе. Вачыма ён зноў шукаў месца, дзе б можна было нагнаць яе і спыніцца. Урэшце зраўняўся з ёю і абняў за плячо.

Нінка ажно скаланулася.

— Не чапай мяне! Ненавіджу! — Яна ўсхліпвала, расціраючы слёзы па твары запэцканымі ў зямлю і кроў рукамі.— Заступіцца не мог!.. Такіх мазглякоў пабаяўся!

— Аб чым ты?

Супер зноў абняў яе — Нінка адштурхнула яго, але сілы ў яе, відаць, не было ўжо ніякай.

Ён стаў хлусіць, што нічога не бачыў, бо доўга быў у ваннай, а на двары апынуўся, калі гэтыя блатныя ўжо ішлі да пад’езда — ты раскажы, што здарылася.

— Не дакранайся! — вочы ў яе былі поўныя агіды.

— Ты што, звар’яцела, дурніца? — засмяяўся Супер.

— Ты, ты,— дрыжэла яна ўся,— гніда... Думала, ёсць яшчэ ў табе чалавечае нешта... Я ж бачыла, як ты хацеў уцячы...

Яна задыхалася, рот у яе крывіўся.

Лютасць захліснула яго.

Ён зразумеў урэшце, што нічога ўжо не будзе, нічога — і адчуў нясцерпнае жаданне зараз жа адплаціць ёй за ўсё. Размахнуўся нагою і з усяе сілы ўдарыў Нінку ззаду. Але, падаючы, яна ўсё ж устояла, выпрасталася, заенчыла і пабегла. Дагнаўшы яе, ён ударыў яшчэ раз, ды Нінка і цяпер не ўпала.

— А-а-а-а! — ужо галасіла яна, ухіляючыся ад новых удараў.

Нінка крычала так гучна, проста ўзвыла, што яму самому зрабілася жудасна. Падумалася раптам, што і тут могуць апынуцца яе дружбакі. Халера з ёю, сказаў ён сабе і спыніўся.

А Нінка ўсё бегла — хістаючыся, пятляючы — і нема крычала.

Яму здавалася, што яе чуюць цяпер ва ўсіх дамах навокал. Гэта ж трэба так раўці!.. У адным з вокнаў запалілася святло, пасля ў другім, трэцім...

Яго нібыта абклалі, што ваўка... Усё роўна як загналі ў пастку, адкуль не выбрацца... абклалі гэтымі электрычнымі агнямі, быццам паляўнічыя флажкамі... Яго, маладога ваўка... Зараз выскачаць на двор, будуць лавіць яго, біць... Хамы... За што?..

У горле сушыла. Ён аблізаў вусны языком — той бы здранцвеў.

— Змоўкнеш ты, падла, ці не? — слабым голасам крыкнуў ён Нінцы ўслед.

Яна ўжо адбегла ад яго метраў на трыццаць, але галасіла яшчэ гучней.

А што, калі напраўду выскачыць хто з дому? Трэба матаць адсюль, дурань... даўно трэба...

І што гэта на яго найшло?.. Затарможаны нейкі, тлум у галаве... Гарэлка праклятая...

Ён агледзеўся: куды ж ірвануць?.. Непадалёк вымалёўвалася ў цемры цьмянымі абрысамі тая самая будыніна, у якой яны пілі гарэлку. Дык во куды яго зноў занесла... Далей адсюль, далей...

Ён ступіў крок, другі — і тут раптам адчуў на плячы чыюсьці руку. У яго ажно дыханне перахапіла. Ногі сталі зусім ватныя, нібыта і не яму ўжо належалі. Усё, сказаў ён сабе: Клешч... Так і ўявіў перад сабою ягоны каменны твар...

Не, пабаіцца... Сам казаў: удвая, як павяжуць, накінуць... А яму маці ў калясцы трэба выкочваць... І што гэтая вар’ятка так лямантуе дагэтуль?..

Ён азірнуўся, як ні цяжка і страшна было гэта зрабіць.

Перад ім стаяў і па-дурному лыбіўся ў самыя вочы Хэлп.

Супера мала не закалаціла. Ён занёс руку і з усяе сілы ўдарыў Хэлпа кулаком у жывот, пасля ў скроню.

Той пахіснуўся і грымнуўся вобзем.

Назаўтра ўвечары Супер сядзеў у бары і пацягваў кактэйль.

З алкаголем скончана. Толькі цяпер вось, каб аправіцца пасля шоку, ён дазволіць сабе шклянку кактэйлю. Псіхіку неабходна загартоўваць: элементарна мог бы ўчора зліняць, калі б трымаў сябе ў руках. А яшчэ лічыў сябе сфармаванай асобай, сапляк!..

Коша з Хэлпам не існавалі ўжо для яго. Знайшоў дружбакоў!.. А што, калі б хто з факультэта ўбачыў яго ў горадзе з імі?.. У тых на лбе напісана, што яны за прадукты эпохі. Згаворлівых цёлак ён і без прыяцеляў заўсёды знойдзе. І ўвогуле, як гэта сказана ў «Дхамападзе»?.. «Да тае пары, пакуль у мужчыны захоўваецца цяга да жанчыны, розум яго падобны да цяляці, што ссе малако ў маткі...» Бабы шмат каго загубілі... Бацька расказваў, колькі міністраў ды розных паслоў-аслоў на іх пагарэлі... Не, усё ж такі лухта гэта тут у індыйцаў. Ад салодкіх уцех ён не адмовіцца. А інакш дзеля чаго жыць? Дзеля аднаго самасцвярджэння?.. Гэтага мала. Проста ва ўсім, з тымі ж самымі цёлкамі, трэба шукаць разумную сярэдзіну, каб не страчваць розум і не марнаваць час, як учора...

Удзень ён зноў займаўся каратэ. Трэніравацца вырашыў штодня. Як ніколі раней, адчуў: трэба ўсё ж такі быць вышэйшым за астатніх ва ўсім. Працаваць над сабой яшчэ прыйдзецца... А тое, што здарылася ўчора,— жахлівы сон, які ніколі больш не паўторыцца. Калі і трапіцца дзе які Клешч, дык зубы будуць вастрэйшыя. Што ўнурыўся, га?.. Вышэй галаву, малады воўк!

Старастам курса яго абралі. Замест былога, які не заўсёды адзначаў адсутных у журнале.

А перад сходам да яго падышоў гэты стары прыдурак, загадчык кафедры параўнальнага мовазнаўства. Рыцар Мінервы. Спакушаў аспірантурай і перспектыўнай тэмай пад яго кіраўніцтвам.

Якая ж была ў яго пыса, калі ён пачуў адказ!

Знайшоў, пень, Эльдарада! Што яны будуць мець, гэтыя ідыёты-маладзёны, якія прынялі ягоную прапанову? Калі і здзейсняць свой навуковы подзвіг, дык нажывуць гемарой, пэўную ступень крэтынізму і доктарскую зарплату, гэта значыць, чатырыста рэ максімум.

А ён жыць хоча, бачыць свет, мець прыстойнае месца ў прэстыжным офісе, каб не сорамна было зірнуць у вочы любому, каб не прыйшлося стаяць у прадуктовым магазіне ў чарзе па доктарскую каўбасу. Вось, вось: доктарскую. Гэта і будзе ў іх на стале верх дабрабыту.

Дык ён, Супер, адказаў: прабачце, шаноўны таварыш прафесар, але я не маю схільнасці да тэарэтычных дысцыплін і хачу працаваць перакладчыкам. Спаслаўся яшчэ на страшэнную занятасць такімі важнымі ў наш час грамадскімі навукамі.

Тыя два абухі з суседніх груп згадзіліся без сумненняў. Во дзе недаробкі: размяняць паездкі за мяжу, чэкі, валюту на сядзенне за дысертацыйнай лухтою!

Што ж, чалавецтва счаўрэла б у таўкатні падобных адно да аднаго носьбітаў дабрачыннасці. Усё запланавана ад самага пачатку: Ной узяў у каўчэг кожнае жыўнасці пару. Гэтаксама і сярод людзей: ёсць ваўкі і вярблюды, авечкі і тыгры. Кожны сам выбірае свой лёс. Няхай прававерныя сунуцца ў Меку, а ён пойдзе да свайго Тулона.

Але калі, дарэчы, прыйдзе як-небудзь дзень і яму абрыдне бадзяцца па свеце, захочацца спакойнае старасці ў ціхім прытулку вечна мудрай і немітуслівай навукі, дык «фазэр» знойдзе яму месца ў якойсьці аспірантуры па гэтых самых страшэнна важных сёння грамадскіх навуках. Па нейкіх, скажам, перспектыўных праблемах міжнароднага жыцця. Тады і філасофія спатрэбіцца.

Вось яно як выходзіць: не толькі для сэрца, але і на ўсякі выпадак — ягонае захапленне.

А файную думку сустрэў ён сёння ў Чжуан-цзы:

«Таго, хто ўкраў паясную спражку, караюць, той, хто крадзе царства, робіцца валадаром».


1986-1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Асташонак А. Фарбы душы: Апавяданні, настроі, аповесць. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 62-91