epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Астраўцоў

Сула

(кароткі раман на клясычны сюжэт, напісаны не дактылічным гекзамэтрам)

I
ІI
ІІI
IV
V
VI
VII
VIII
ІX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XІX
XX
XXI
XXІI
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIІI
XХІX
XХX
XХХІ
XХХІI
XХХІІI
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXXVII
XXXVIII
XХХІX
XL
XLI
XLII
XLIII
XLIV
XLV


I

 

Было шэсць гадзінаў дня. Сонца стаяла ў зэніце.

Кагорты другога і пятага легіёнаў пашыхтаваліся насупраць паўночнай Колінскае брамы. Другі легіён зьнерухомеў у паходнай калёне ўздоўж Салянога шляху, а пяты - уздоўж Наментанскае дарогі. На сонцы ільсьніліся срэбным бляскам арлы-аквілы ў руках сьцяганосцаў-акваліфэраў, сталёвыя шлемы, кальчугі, паножы, маланкі з крыламі на шчытах і мэталёвыя пласьціны на скураных лёрыках сэгмэнтата. Легаты, трыбуны і простыя легіянарыі на чале з цэнтурыёнамі моўчкі чакалі загаду.

Лікторы найперш падвялі Сулу белага каня, але ён застаўся на гнядым - не пачуваўся трыюмфатарам. Сула меркаваў пра іншае - параўноўваў сябе з Ганібалам, які стаяў з войскам на гэтым самым месцы сто дваццаць два гады таму і заліваўся гістэрычнымі слязьмі. Плакаў пуніец ад крыўды за тое, што рымляне ня трэсьліся ў жаху пры яго зьяўленьні, а самым нахабным чынам паслалі з Остыі адзінаццацітысячную вайсковую дапамогу ў Гішпанію на чале з валасацікам Публіем Карнэліем Сцыпіёнам, сынам і пляменьнікам тых самых Сцыпіёнаў, якія недарэчна загінулі ад войскаў Газдрубала. Да таго-ж - гэта ўжо быў няпрыхаваны зьдзек - рымляне выставілі на аўкцыён зямлю ля Апіевай дарогі, на якой месьціўся лягер войскаў Гамількаравага сына. І - о, ганьба Ганібалу! - знайшоўся пакупнік, які выклаў за надзел справядлівыя грошы бяз усякіх скідак.

Параўноўваць Сулу было што, бо намеры яго і намеры Ганібала супадалі - абодва хацелі захапіць Горад. Праўда, мэты мелі розныя: аднавокі пуніец марыў зьнішчыць Рым, а намер Сулы быў уратаваць яго. І ўратаваць не ад карфагенянаў ці галаў, не ад кімвраў ці нумідзійцаў. І нават ня супраць «адданых» італійскіх саюзьнікаў ён кіраваў свае легіёны гэтым разам.

 

ІI

 

Богі пажадалі, каб ён выступіў супраць найслыньнейшага грамадзяніна, вялікага палкаводца, шасьціразовага консула і ўратавальніка Рыма ад тэўтонскае навалы (Мары, праўда, апантана прыпісваў сабе і перамогу над кімврамі ля Верцэлаў, але ён, Сула, добра ведаў: гэта - брыдкая хлуьсня, бо ўласна сам секся з калматымі барбарамі поруч з Катулам, калі легіёны Марыя разьмінуліся ў паднятым сотнямі тысячаў ног пылу з ворагам, выйшлі да лягера непрыяцеля і, замест таго, каб выправіць памылку, як варты свайго палкаводца пазбаўлены годнасьці натоўп чэрні, кінуліся рабаваць).

Але і ў Сулы душа не на месцы ляжала. Ці дзіва - першы раз за ўсю гісторыю існаваньня Рыма квірыт-патрыцый прыйшоў пад старажытныя, за часам караля Сэрвія Тулія этрускамі пабудаваныя муры, на чале трыццаці пяці тысячаў цяжка ўзброенае пяхоты і некалькіх тысячаў вершнікаў з мэтаю захапіць Горад. Ці апраўдаюць яго дзеяньні Марс і Квірын, ці дапаможа яму Белона? Сула ніколі ня быў набожным, але цяпер у думках зьвяртаўся да багоў, тлумачыў ім свае дзеяньні выключна імкненьнем пагасіць смуту, распаленую Марыем - гэтым плебейскім вырадкам, які пайшоў на змову з гнюсным гладыятарагадоўшчыкам - народным трыбунам Сульпіцыем, пасеяў анархію і масавымі, дзікімі ў жорсткасьці забойствамі лепшых зь лепшых прывучыў сьмердаў і чэрнь непавазе да высакародных грамадзянаў.

І яшчэ. Як выбітны палкаводзец, прывучаны дасканала прадумваць наперад усе аспэкты наступных падзей, Сула пралічыў, што падышоў да Рыму з войскам у год шэсцьсот шэсцьдзесят шосты ад даты заснаваньня Горада Ромулам Вялікім. Не падабалася яму гэта.

 

ІІI

 

«Тартарыйская лічба!» - з хваляваньнем думаў ён.

Сула хоць і з гумарам ставіўся да містыфікацыйных выбрыкаў Піфагора наконт рэінкарнацыі душы, але на яго мудралюбства, як уласна тлумачыў род сваіх заняткаў самоскі чараўнік фліўніцкаму тырану, а асабліва на тэорыю лічбаў і іх прапорцыяў, пазіраў не без павагі, не глядзеў на тое, што менавіта пра кратонскага гуру зьневажліва азваўся так улюбёны ім Геракліт, маўляў, шматведаньне розуму не дадае. Піфагор казаў, што шчасьце - у веданьні дасканаласьці лічбаў, а паколькі, а яго-ж словаў, пачатак - палова справы, Сула шмат аддаў-бы за тое, каб зразумець: DCLXVI - добры для яго знак, альбо наадварот?

Разважаць было позна. Ён з ганьбай прагнаў прэтораў Сэрвілія і Брута, якім легіянеры ягоныя нават фасцыі паламалі, падмануў амбасадараў сэнату і распаўсюдзіў ідэалягічную плётку, быццам сама верная паплечніца бога вайны блаславіла яго ў сьне. Войска толькі чакала загаду.

Сула азірнуўся і паглядзеў у вочы легіянэрам, быццам хацеў зазірнуць у іхныя душы, прачытаць іхныя памкненьні і жаданьні. Не, не за вынікі вайсковае апэрацыі хваляваўся ён, бо побач стаялі выпрабаваныя ў пераможных бітвах Саюзьніцкае вайны ваяры. Ды і заставалася адно толькі схапіць Марыя, пасекчы і разагнаць ягоных быдлячых прыхільнікаў, бо ўвайсьці ў Горад ніхто ня мог перашкодзіць - Рым быў фактычна ўзяты: папярэдне сябра па консульству Квінт Пампей зь сёмым легіёнам заняў Колінскую браму, сам Сула захапіў з першым легіёнам Эсквілінскую і ўмацаванні вакол яе, легіён Гая Мумія ўзяў пад кантроль мост цераз Тыбр, каб пазбавіць абаронцаў магчымасьці па рацэ атрымаць дапамогу і харчы, а трэці легіён пакінулі ў рэзэрве.

Але ці адчувалі жаўнеры тыя-ж хістаньні, што і ён - Сула?

Твары былі спакойныя, бяз эмоцыяў. Яны цалкам давяраліся на сумленьне палкаводца. Жаўнеры пакідалі яму права вырашаць усе маральныя пытаньні за іх, а зьвязаны з уласнай просьбы прадказальнік Пастумі - той літаральна лез са скуры, каб падбадзёрыць яго.

Непамерна вялізарная адказнасьць. Так цяжка перад сечай яму яшчэ ніколі ня было.

- Пайшлі, - па-будзённаму прамовіў Сула, махнуў адданаму легату Басілу і першым крануў аброць.

 

IV

 

Мані Карнэлі - бацька Сулы, які нарок сына Луцыем, належаў да адной з сотні слынных фаміліяў айцоў-заснавальнікаў Горада, а таму справядліва не раўняў сябе зь бязроднымі выскачкамі, за кошт якіх у апошнія стагодзьдзі, пасьля чарговае чысткі, рэгулярна павялічваўся сэнат. Жыў ён у беднасьці, але выхоўваў сына ў годнасьці, бо добра памятаў засвоены пакаленьнямі Карнэліяў урок, пакінуты ў спадчыну самым знакамітым продкам - Публіем Карнэліем Руфінам, двойчы консулам, які за жорсткім цэнзарам Гаем Фабрыцыем быў асуджаны на выгнаньне з сэната, бо меў ва ўласным ужытку больш за дазволеныя законам дзесяць фунтаў срэбнага посуду.

Дзе тыя запаветныя часы?! Сёньня падобнае не магло быць успрынята інакш як нахабны зьдзек.

Мані Карнэлі добра разумеў, што дабрабыт сям'і накопліваецца пакаленьнямі, а з нуля багатым можа стаць толькі амаральны тыпус альбо скончаны вар'ят. Забясьпечыць матэрыяльна сына ён ня мог, а таму імкнуўся выхаваць адукаванай і духоўнай асобай, на што грошай ніколі не шкадаваў. І гэта мела плён.

Луцы Карнэлі рос прагным да навукі, разумным хлапчуком, вельмі рана авалодаў грэцкай мовай і хутка стаў ня толькі захапляцца творамі слынных аўтараў старажытнасьці, але і сам паспрабаваў выкласьці трысьняговай асадкай на папірусе думкі і вобразы, якія нараджаліся ў галаве, што сталася вынікам штодзённых шматгадзінных наведваньняў публічных бібліятэк. Здавалася, з хлопца вырасьце калі не знакаміты пісьменьнік ці гісторык, дык выдатны аратар, які здолее зрабіць пасьпяховую кар'еру палітыка і дзяржаўнага дзеяча.

Каб не адно «але»...

Гэтым «але» быў прыкры фізычны недахоп, які можна было сьмела назваць перахопам: у Луцыя Карнэлія быў вялікі, ня проста вялікі, а вялізны нос, чырвоны і мясісты.

 

V

 

Пазьней, калі ён стаў чалавекам, па надзеленасьці ўладай зь якім мог паспрачацца адно далёкі кітайскі імпэратар, лепшыя дактары сьвету прыходзілі да высновы, что анамальны нос зьявіўся вынікам атрыманай у «спадчыну» ад сына таго самага консула Руфіна разам зь мянушкай Сула і залатушнае хваробы. Што толькі з носам тым не рабілі! І прымочкі ўсемагчымыя, і мазі, бальзамы прапісвалі лекары. Нават хірургічнае ўмяшальніцтва прапаноўвалі смельчакі. Але нічога не дапамагло. Рукі ў дактароў апускаліся: маўляў, тут не даў-бы рады і сам Гіпакрат, бо пацыент надта нядысцыплінаваны, з адданасьцю кідаецца ў загулы, нястрыманы ў спажываньні віна, якое на падпідку пачынае жлукціць па-барбарску, не разьведзенае ў кратары вадою. А нос, як вядома, ад такога занятку не памяншаецца, а толькі расьце.

Малыя дзеці, як кажуць, - малыя праблемы. Памылковая показка, якую прыдумалі дарослыя, замкнёныя ў сабе, заклапочаныя сваімі нястрыманымі амбіцыямі, уласным жыватом і тым, што ніжэй за яго. І застаюцца ў тым памылковым няведаньні да тае пары, покуль ня зьдзіцянеюць у старэчым маразьме. А на самой справе пасярод малых віруюць страсьці абвостраныя, нястрыманыя разумовымі межамі. Жорсткія дзеці, бязьлітасныя.

Дарослыя змоўкнуць, адвядуць позірк, абмінуць увагай. Дзеці - ніколі.

Ці трэба казаць, што калі Луцы Карнэлі зьяўляўся на вуліцы, усьлед яму неслася гырканьне, зьдзеклівы сьмех, ляцелі камякі бруду, крывыя стрэлы зь дзіцячых лукаў, дробнае каменьне з цацачнае прашчы. І само сабою атрымаў ён ад вулічнай хлапцоўскае хеўры крыўдную мянушку: празвалі яго Таўрус, што азначае «бык».

 

VI

 

- Гэй, Бык! - роў штораз правадыр мясцовых задзіраў, якога па ўласным патрабаваньні клікалі ня йнакш, як Пантэра. - Зноў кальцо з носу дома пакінуў? А ну, быдла, хутчэй удзень назад, бо за што-ж я вяроўку прывяжу?

У Луцыя цямнела ў вачах ад крыўды. Найбольш разьюшвала нават не згадка пра Нос, а тое, што яго - патрыцыя! - абзывала быдлам смярдзючая чэрнь, плебейскі вырадак (бацька Пантэры загінуў у Гішпаніі, калі служыў шэраговым легіянарыем у войску консула Гастылія Маньціна). У такіх выпадках шляхетнага гневу Сула палохаў адным сваім выглядам: твар палатнеў, вочы загараліся шалым агнём.

Але нос...

Нос яго не спалатнеў ні разу. Наадварот, у выпадках гневу ён чырванеў яшчэ болей і ператвараўся ў цёмна-барвовую пляму на твары.

Луцы Карнэлі ніколі ня рэтыраваўся, ніколі не пабег у страху перад праціўнікам; які колькасна пераўзыходзіў яго. Ён заўсёды павяртаўся тварам да небясьпекі і, нават калі на перамогу ніякай надзеі быць не магло, з кулакамі кідаўся ў бойку адстойваць сваю годнасьць, бараніць свой гонар і помсьціць за пачварны нос. Узнагародай яму былі атрамантавыя разводы пад вачыма, абадраныя лакаткі, зьбітыя калені, драпіны, а таксама адвага, спрытнасьць і кулакі, якія цяжэлі з дня на дзень, быццам бронза ўлівалася ў іх.

Самае дзіўнае, з гадамі яму гэта пачало падабацца. Не, не самі зьдзекі, што магло-б нагадаць рабскую асалоду ад бізуна. Падабалася яму біць, адстойваць сябе і атрымліваць перамогу. Цяпер, калі ён выходзіў на вуліцу і ня чуў зьдзеклівых воклічаў, Луцы Карнэлі пачынаў разгублена, зь відавочным шкадаваньнем азірацца па баках. Пры гэтым адчуваў сьверб у кулаках. Але ўсё менш і менш заставалася ахвотных пакпіць з Сулавага Носа.

 

VII

 

З таго часу тэма выгляду ягонага твару сталася табу да такой ступені, што людзі ў яго прысутнасьці баяліся ня толькі вымавіць слова «нос», але нават высмаркацца ў насоўку. Толькі дактарам ён дазваляў у голос разважаць на гэтую тэму, але заўсёды пільна сачыў, каб размова не пакідала межаў прафэсыйнага кансіліюма.

Паколькі праціўнікаў не засталося і Луцыю Карнэлію болей ня было куды патраціць назапашаную энэргію, а не марнаваць яе розуму яму хапала, ён пачаў сыстэматычна, разам з чытаньнем кніг, практыкавацца ў навуцы вайсковай. Цяпер яго можна было сустрэць альбо ў бібліятэцы, альбо ў гімназіі, дзе ён апантана займаўся «фізухай». Калі-ж дзіцячыя забавы скончыліся і ад фехтаваньня драўлянымі мячамі ён перайшоў да практыкаванняў з сапраўднай зброяй, Сула адчуў моцную псіхалягічную палёгку.

Усё жыцьцё душа яго разьдзіралася між дзьвюх навязьлівых ідэяў, якія палохалі маніякальнасьцю: яму альбо хацелася адсекчы свой ненавісны нос халодным лязом гострага стылету, альбо схаваць твар пад непрагляднай маскай. Калі-ж ён займаўся прыёмамі рукапашнага бою, з аднога боку, у руках ён трымаў зброю, вольны распарадзіцца ёю на ўласны капыл, але з другога, твар яго заставаўся нябачны пад непрагляднай сеткай сталёвага дроту, а таму страшныя жаданьні зьнікалі самі па сабе. Так яшчэ падлеткам Луцы Карнэлі вырашыў, што стане вайскоўцам, для якога хаваць твар не ганебна, а наадварот - прафэсійная адзнака. Менавіта гэтым і тлумачыцца яго пазьнейшая любоў да карынфскага шлема, які ў адрозненьне ад рымскага, атычнага ці пунічнага хаваў ня толькі шчокі, але і нос, нягледзячы на тое, што іх насілі лакадэманяне, а спартанцаў, як вядома, Сула зьневажаў за ханжаства і непавагу да маста цтваў.

 

VIII

 

Варта адзначыць: хаця Луцы Карнэлі прыняў такое рашэньне, літаратуру не закінуў. Потым, калі стаў знакамітым палкаводцам, ён вельмі ганарыўся, што выклікае павагу і няпрыхаваную зайздрасьць за вольныя навукі, як рымляне называлі веды, набытыя не для заробку на хлеб. Нават у тыя дні, калі войска рыхтавалася да бітвьі, Сула вылучаў часіну, каб пасядзець над уласнымі «Успамінамі». Гэтую звычку разам з астатнімі рысамі характару свайго куміра, за ценем славы якога ганяўся ўсё жыцьцё, пераняў потым Гай Юлі Цэзар. Аднойчы, ськінуты ў мора падчас няўдалага нападу на Егіпет і вымушаны разам з шэрагоўцамі ўплаў дабірацца да трырэмаў, што падасьпелі на дапамогу, ён кінуў зброю, але трымаў над галавою свой рукапіс - найдаражэйшую каштоўнасьць.

 

ІX

 

Як толькі войскі ўвайшлі ў Рым, плебеі, што пазабіраліся на дамы і назіралі адтуль за падзеямі, з падачы падбухторшчыкаў вырашылі прыняць удзел у міжусобіцы на баку Гая Марыя, якога падтрымліваў папулярны народны трыбун Сульпіцы. Яны разьбіралі стрэхі і закідвалі зьверху легіянэраў цяжкай дахоўкай. Узьняўся вэрхал, крыкі, чулася вычварная лаянка, зьявіліся першыя параненыя. Сула, які зь неверагоднай цяжкасьцю датуль спрабаваў захаваць вонкавую раўнавагу, імгненна разьюшыўся. Ён павярнуўся і, схаваны ад цаглінаў шчытамі ліктораў, выгукнуў з усяе моцы загад, каб чэрнь пачула таксама: «Палі дамы!» Амаль тут жа ў неба ўзьняліся чорныя клубы, уедлівы дым пачаў асядаць на дно вузкіх вулак, чад выядаў вочы вайскоўцам. Але жорсткая мера прынесла плён: гаспадары падпаленых дамоў кінуліся гасіць пажары, а астатнія прыціхлі. Далей войска рушыла бяз перашкодаў у суправаджэньні ненавідных позіркаў, пасярод злавеснае цішы. Чуліся толькі бразгат жалеза ды рэдкія воклічы апцыёнаў.

Сула разумеў, што змагаецца супраць хоць і састарэлага, але дасьведчанага палкаводца, які будзе чакаць яго на шляху да галоўнае мэты, а таму вырашыў зрабіць абхадны манэўр, і замест таго, каб рушыць проста на капіталійскі Форум, кагорты яго легіёнаў прасмакталіся скрозь ускраінныя кварталы і выйшлі на вуліцу Патрыцыяў. Але не пасьпелі яны беглым крокам прайсьці і трох стадыяў у напрамку цэнтра, як убачылі наперадзе ўзброеных магістратаў і апалчэнцаў Сульпіцыя. Войскі Марыя займалі ўсю плошчу інсулы на скрыжаваньні са Свяшчэннай дарогай, якую гараджане неафіцыйна называлі Эсквілінскім форумам.

 

X

 

У Сулы задрыжэлі рукі ад злосьці і хваляваньня, калі ўбачыў наперадзе сігніфэраў з сымбалямі цэнтурыяў у руках. Ён зразумеў, што наступае кульмінацыйны момант у гісторыі Рыма, калі ўпершыню міжусобная варожасьць перарасьце ў адкрытую вайну.

Войскі спыніліся, і ворагі-суседзі ў разгубленасьці пазіралі адзін на аднаго. Яны зразумелі: як толькі пральецца першая кроў, усе маральныя перашкоды будуць парушаны, што ў будучыні можа прывесьці толькі да хаосу - перамогі ў такой бойцы быць ня можа.

Сула амаль са зьдзіўленьнем адчуў, што гатовы забыцца на асабістую нянавісьць да Гая Марыя і пайсьці на замірэньне. Ён у задуменьні азірнуўся на легатаў і зьбіраўся ўжо параіцца зь імі наконт перамоваў, калі пачуў ваяўнічыя гукі трубы - праціўнік перахапіў ініцыятыву і рушыў у атаку.

- Ах ты, быдла, чэрнь плебейская! - вылаяўся Сула. Затым ён рэзка павярнуў каня, ад чаго той узьвіўся дыбам, агаліў меч і ўскінуў руку з бліскучым лязом.

- Quod bonum, - з усяе моцы пракрычаў ён вядомы дэвіз у імкненьні быць першым хоць у гэтым, - felix, faustum, fortunatum que sit populo Roma!

 

XI

 

Пазбаўлены нармальных зносінаў з аднагодкамі, Луцы Карнэлі мала бавіўся ў дзіцячых гульнях. Вельмі рана ён зьмяніў гнутае з лазы колца і гліняныя шарыкі на кнігі, а цацачны меч - на сапраўдны, рос дзікаватым, малатаварыскім і, як кажуць, раньнім дзіцём, не па гадах разважлівым і зьедліва-кплівым зь «неразумных аднагодкаў». Такія паводзіны і характар непазьбежна прывялі-б да самаізаляцыі, каб ён выпадкова не патрапіў юнаком у кампанію мімаў і блазнаў, вакол якіх круцілася процьма літаратараў, музыкаў, мастакоў і проста «геніяў», якія з імпэтам, вартым лепшага ўжытку, лаяліся і зьдзекаваліся над усім - прамовамі аратараў, перамогамі і паразамі ваеначальнікаў, скульптурамі і карцінамі, кнігамі і п'есамі драматургаў. Паслухаць было іх, дык толькі яны адны ведалі, як па-сапраўднаму робіцца палітыка і выйграюцца войны, як пішуцца, адліваюцца і граюцца шэдэўры, але за п'янкамі і загуламі ім катастрафічна не хапала часу займацца падобнай лухтою. Ва ўсе часы і ва ўсіх народаў падобныя багемныя тусоўкі вядуць неўпарадкаваны лад жыцьця, і Сула, выхаваны на фрывольнай грэцкай літаратуры і творах выяўленчага мастацтва, дзе ў кожнага ваяра, які трымаў у руках шчыт і меч, з-пад тунікі абавязкова вызіралі гронкі зброі зусім іншага гатунку, калі апынуўся ў кубле з сэксуальных паталёгій, вельмі хутка закахаўся ў актора Метробія, які граў жаночыя ролі, і завязаў інтымныя кантакты з добра вядомай сваёю лёгкадаступнасьцю Мікопалай, кабетай сталага веку, але досыць багатай.

Такім чынам ён пазьбег напазьбежнага, здавалася-б, комплексу непаўнавартасьці.

 

XII

 

Лішне казаць, што ўсё гэта крыху не адпавядала марам старога Манія Карнэлія наконт асобы сына, а таму Сула быў вымушаны рана сысьці з бацьуоўскае хаты і здымаць прыватную кватэру за тры тысячы сестэрцыяў. Чым ён іх зарабляў, мусіць, не такая ўжо і вялікая таямніца.

Пра гэта было ня прынята казаць, але правамерна дапусьціць, што менавіта бісэксуальнасьць Луцыя Карнэлія Сулы і агрэсіўнае няпрыняцьце гомасэксуальнасьці Гаем Марыем паслужылі распальваньню варожасьці паміж імі, бо ў нянавісьць яна перарасла якраз пасьля шырокага агучваньня гісторыі, зьвязанай з пляменьнікам Марыя Гаем Лузіем, забітым уласным падначаленым - шараговым легіянэрам прыгажуном Трэбоніем, якога Лузі спрабаваў згвалціць у сваім намёце, калі войска нудзілася лягерным жыцьцём у чаканьні тэўтонаў. Як вядома, Гай Мары тады, па вяртаньні з Рыму, насуперак чаканьням, ня толькі апраўдаў Трэбонія, але і ўсклаў яму ганаровы вянок, што паслужыла яшчэ большаму росту папулярнасьці палкаводца сярод плебса і прадвызначыла ягонае абраньне консулам на трэці тэрмін.

Як гомасэксуаліст Сула ня мог уявіць, як чалавек можа быць шчасьлівым у межах традыцыйнае маралі. Пераважную большасьць свайго часу ён бавіў з такімі-ж мужчына-жанчынамі, якой была Мікопала, і яго перапаўняў сарказм да тых, хто ашчаджаў сябе самога і сваіх блізкіх ад п'яных дэбошаў і ганебнага для цывілізаваных квірытаў сэксуальнага барбарскага «экспэрымэнтатарства». Сулу і ягоным сябрам, асабліва ў эйфарычным стане, калі не настаў час непазьбежнае ранішняе ломкі і спустошанасьці душы, прыносіла асалоду карэжыцца над нармальнымі людзьмі.

 

XIII

 

Яны чамусьці лічылі, што тыя не марнуюць вычварэньнямі жыцьцё толькі з-за баязлівасьці альбо адсутнасьці грошай, але ніяк не ад сьвядомай адсутнасьці жаданьня гэта рабіць. Апрача таго, Сула сам быў бедны, як плебей, але ўжо тады па-дурному ненавідзеў і зьневажаў безграшовую чэрнь.

Але кожнай раніцы пасьля чарговага шабасу і ночы з Метробіяй ці Мікопалай, калі скрозь боль у мазгах пачыналі варушыцца больш-менш цьвярозыя думкі, Сула чырванеў да каранёў сваіх валасоў (можна нават не згадваць пра колер ягонага носу ў такіх выпадках), бо пачынаў абвострана разумець, што ён - не сапраўдны мужчына, а ў лепшым выпадку toy-boy. Тады ён пырскаў у твар сьцюдзёнай вадою і бег у гімнасій, дзе пачынаў апантана, да цемры ў вачах, уздымаць цяжкасьці і махаць мячом. Ён хацеў даказаць усім, а найперш сабе самому, што ён - мужчына.

Мужчына!

Менавіта адсюль у Сулы штораз выяўлялася нечалавечая жорсткасьць, якая даходзіла да зьверскага садызму, бо ўсё жыцьцё ён мусіў марна даказваць тое, што даказаць было немагчыма.

Што-б там ні было, але Мікопала не на жарт прывязалася да, хай сабе і насатага, але зухаватага ў ложку юнака. У хуткім часе яна памерла ад старасьці і пакінула Сулу ў спадчыну сваю маёмасьць, што значна спросьціла Луцыю Карнэлію набыцьцё афіцэрскага чыну. Пяшчотнае-ж каханьне да Метробія ён пранёс праз усё жыцьцё да самае сьмерці.

 

XIV

 

Сула недаацаніў апалчэнцаў Марыя. Яму дакладалі, як той ліхаманкава спрабаваў сабраць войска, як пераступіў праз усе законы і запаветы продкаў, годнасьці пазбавіўся, калі абвесьціў волю тым з рабоў, хто пойдзе змагацца за яго, як іх прыйшло - гэта не магло ня ўсьцешыць самалюбства Карнэлія - усяго тры чалавекі, што не магло ня выклікаць зьдзеклівай усьмешкі. Але Сула хутка зразумеў, у якой нявыгоднай пазыцыі аказаліся ягоныя легіёны. Яны былі больш дасьведчаныя за праціўніка ў вайсковай справе, значна лепш узброеныя, пераважалі колькасна. Тым ня менш скарыстаць перавагу аказалася немагчыма, бо войска выцягнулася бясконцай калёнай, а між сьпісаных рэкламай муроў па баках вуліцы фронтам мог пашыхтавацца ў баявы шэраг ня болей за адзін кантуберні.

Як любіў апраўдвацца Мары, бразгат зброі заглушыў голас розуму і голас закону.

Ваяры Сульпіцыя не далі авангарднай маніпуле Сулы выйсьці на пляц інсулы і рушылі ў атаку. У руках яны трымалі даўжэзныя завостраныя палі, на ўзор македонскіх сарысаў, і іх удар аказаўся страшны. Калі першыя шэрагі былі зьмеценыя, з-за дамоў выкацілі скарпіёнаў, і град камянёў пасыпаўся на галовы легіянарыям, якія былі ня ў стане нават паварушыцца, бо ззаду іх падціскалі свае. Ім засталося толькі хавацца за шчыты. Тут-жа асьмялела чэрнь на дахах, і зьверху зноў пасыпалася дахоўка.

У такой сытуацыі цяжкаўзброеныя прынцыпсы і трыярыі аказаліся на дзіва небаяздольнымі. Тут больш далі-б рады аўкзылі, ці нават адзьдзелы дапаможных войскаў зь ліку саюзьнікаў, якіх Сула пакінуў за брамай, - яны маглі разагнаць плебеяў стрэламі лукаў і каменьнем прашчы.

Другі легіён ня вытрымаў і пачаў адыходзіць, у той час як пяты працягваў рух наперад. Атрымалася таўкатня, прагучалі першыя енкі заціснутых, жахлівыя крыкі. Пачалася паніка.

 

XV

 

Сула недаацаніў састарэлага Марыя. Ён паставіў на ім крыж як на саперніку пасьля нядаўняга эпізоду Саюзьніцкае вайны, у якім на заклік слыннага італійца Пампедыя Сілона: «Калі ты вялікі палкаводца, Мары, выходзь біцца са мною», схаваны за ўмацаваннямі лягера Мары адказаў з пляцоўкі брамнае вежы: «Калі сам ты вялікі палкаводца, дык паспрабуй прымусіць мяне зрабіць гэта супраць маёй волі!» Сула пасьмейваўся і казаў сябрам: «Прыйдзецца нам ганяцца па Рыме за Марыем і ўгаворваць яго выйсьці з намі на бой».

І памыліўся.

Сула з жахам зразумеў, што загадамі не ўратуеш войска ад катастрофы.

Твар яго зьбялеў, як крэйда, нос стаў барвяным, але таго ніхто не ўбачыў пад шлемам, упрыгожаным чырвоным плюмажам. Толькі маланкі позіркаў зіхацелі праз адтуліны для вачэй.

- Стаяць! - зароў Сула нечалавечым голасам.

Ён убачыў спалоханы твар аквіліфера другога легіёна, які тырчэў з ільвінае пашчы, выхапіў з яго рук аквіла, узьняў срэбнага арла высока над галавою і кінуўся ў гушчар бою.

 

XVI

 

Усё пачалося з-за Югурты.

Мары быў легатам у Мецела, які бадай адзіны сярод сэнатараў меў рэпутацыю, не заплямленую карупцыянізмам. Консул у нялёгкай крывапралітнай вайне разьбіў войскі ненавіснага нумідзійскага караля, які налева і направа сыпаў золатам, набываў галасы сэнатараў і судзьдзяў, зьдзекаваўся з Рыма і зьневажаў ягоных грамадзянаў: «0 падкупны горад! Ты-б хутка загінуў, каб на цябе знайшоўся пакупнік!» Югурта ўжо хаваўся ў цесьця - караля Маўрытаніі Бокха, якому не надта падабалася пэрспэктыва разборкі з Рымам з-за драпежнага мужа дачкі, які аднаго за адным спакойна адправіў сваіх названых пляменніка і братоў - сыноў нябожчыка-караля Міцыпсы - на сустрэчу да бацькі зь дзедам. Ужо ніхто не сумняваўся ў канчатковай перамозе. Але Мары не дазволіў Мецелу стаць трыюмфатарам.

Усяго за дзесяць дзён да консульскіх выбараў ён пакінуў лягер, загнаў некалькі коней, але дабраўся за два дні да ўзьбярэжжа, сеў на карабель і з дапамогай спадарожнага ветру праз чатыры дні высадзіўся ў Остыі. Рымскі плебс ягонае зьяўленьне сустрэў с захапленьнем.

Сула знаходзіўся ў Рыме і на ўласныя вочы назіраў перадвыбарчую кампанію Марыя. Той паводзіў сябе, як шаман дзікунскага племені: гучнымі прамовамі на пляцах перад нязьлічоным натоўпам, у якіх разьюшана шэльмаваў сэнат, патрыцыяў і астатніх радавітых грамадзянаў, даводзіў чэрнь да слыхавога аргазму. Плебс, які з-за цемрашальства і малапісьменнасьці звонкасьцю прамоў вымяраў веліч духу аратара, шалеў ад радасьці, калі чуў Марыя.

 

XVII

 

Народ узьнімаў яго, быццам штандар барацьбы супраць арыстакратаў, узносіў і правакаваў Марыя ісьці далей па чыіх заўгодна галовах, абы падабацца, бо на самой справе гул натоўпу заўсёды палохаў яго, і кожны мог пахвалою альбо лаянкай прымусіць яго акрыяць душою ці ўпасьці духам.

У сэнаце Марыя ня ўспрынялі ўсур'ёз, бо там цудоўна ведалі, чаго вартыя абяцанкі паклапаціцца пра народ, накарміць яго, забраць маёмасьць у багатых і раздаць бедным. І сапраўды, Мары дамагаўся прыхільнасьці плебсу толькі дзеля таго, каб узьняцца вышэй за ўсіх. Станавіцца пры гэтым самым лепшым у пляны ягоныя не ўваходзіла. Як чалавек нізкага паходжаньня, ён лічыў хлусьню неад'емнай уласьцівасьцю мужчыны доблеснага, адважнага і разумнага, а таму нават ня зьбіраўся выконваць свае шчодрыя абяцанкі, апроч тых, што тычыліся расправы з сэнатам.

Праціўнікам Марыя на выбарах выступіў праконсул Мецел, вядомы сваёй прыроджанай непадкупнай сумленнасьцю. А паколькі цёмная чэрнь ня ведала і не жадала ведаць словы Піндара «Праўдзівасьць ёсць пачаткам дабрачыннасьці», шанцы Мецела раўняліся нулю.

Калі пасьля падліку абвесьцілі вынікі галасаваньня і стала вядомым імя новага консула - Гай Мары, Сула напіўся ў кампаніі сяброў. У той вечар ён, звычайна вясёлы і добразычлівы, быў непадобны сам да сябе. Сядзеў змрочны, маўклівы, і толькі калі нос яго набрыняў максімальнай чырваньню, працэдзіў скрозь зубы:

- Выкручваецца, як чарвяк на патэльні, а быдла чаруецца, быццам таньчыць удаў.

Тым ня менш, Сула накіраваўся ў Афрыку разам з Марыем у якасьці квестара фінансавага адміністратара войска, якое новы консул значна папоўніў за кошт сваіх гарачых прыхільнікаў - жаўнераў зь ніжэйшых рымскіх цэнтурыяў.

 

XVIII

 

Некалькі разоў яны перамаглі Югурту і Бокха, і нарэшце маўрытанскі кароль, які і раней разумеў, што з рымлянамі лепей жыць мірна, чым біцца, вырашыў адным махам пакончыць з вайною - выдаць яе завадатара Югурту. Да такога кроку яго падштурхоўваў і Сула, які ад імя Марыя вёў перамовы. Бокх палічыў, што Мары хоць і консул, але надта плебейскага паходжаньня, каб мець гонар захапіць асобу каралеўскае крыві, а таму вырашыў здаць зяця асабіста патрыцыю Сулу, што і зрабіў пасьля нядоўгіх хістаньняў і разваг. Вайна скончылася. Мары наладзіў грандыёзнае шоў: калі ён уяжджаў у Рым на трыюмфальнай калясьніцы, наперадзе крочыў апрануты па-каралеўску і закуты ў ланцугі Югурта, які праз шэсьць дзён памёр у жахлівым Туліянуме - вільготным каменным мяху з паўсфэрычным скляпеньнем, выдзяўбаным у Капіталійскай скале.

Але ў хуткім часе распаўсюдзіліся чуткі, што да захопу ненавіснага Югурты Мары не мае ніякага дачыненьня, маўляў, тое цалкам заслуга Сулы. Гэта нэрвавала падазронага і камплекснутага на сваім паходжаньні Марыя. Разьюшаны, ён недвухсэнсоўна даў зразумець Сулу, што той можа нажыць сабе небясьпечнага ворага. Але Луцы Карнэлі, які ад пачатку зьневажаў Марыя, не спалохаўся. Наадварот, ён самым нахабным чынам замовіў сабе ў вядомага тарэнцкага дактыліягліфа камею з выявай Бокха, які перадае яму асабіста караля Югурту, уштукаваў яе ў пярсцёнак і насіў заўсёды на пальцы, што дзейнічала на Марыя, як на быка - чырвоная ануча.

 

XІX

 

Ваяры бачылі Сулу, які зь неверагоднай цяжкасьцю прадзіраўся скрозь сустрэчны натоўп, у што ператварыліся зусім нядаўна пашыхтаваныя кагорты і цэнтурыі, быццам Сула плыў супраць плыні імклівае ракі з занятымі рукамі, якія сьціскалі дрэўка аквіла. Легіянеры пачалі спыняцца. Кожны цудоўна разумеў: калі страцяць у баі палкаводца разам са сьцягам, легіён ня проста расфармуюць - дэцыміцый не пазьбегнуць. Голаў губляць нікому не хацелася, і ўцёкі спыніліся. Настала напружаная ціша (толькі чуліся крыкі і бразгат мэталу з боку сутычкі). Сула агледзеў твары бліжэйшых жаўнераў і закрычаў хрыплым голасам:

- Каго спалохаліся, сучыныя дзеці?! Чэрні, рабоў, гладыятараў Сульпіцыя?!

Адказам яму была цішыня.

- Марыя спалохаліся?! - Па тварах ваяроў Сула зразумеў, што патрапіў дакладна. - Марыя?! Гэтага вырадка, які згубіў розум у блюзьнерстве перад сьмердамі?

Ваяры прысаромлена апускалі вочы долу.

- Вы - войска, легіёны вялікага Рыма, спалохаліся ўзброенага быдла, якім кіруе бязмозглы маразматык! - Ён болей ня пытаўся, а сьцьвярджаў. - Перад вамі ня войска, а натоўп, падобны да меч-рыбы, у якой зброя ёсць, але мазгоў няма!

Цішыня.

- У бой!!! - зароў Сула.

Войска павярнула назад, і воі безаглядна кінуліся ў сечу.

Сула загадаў пятаму легіёну рухацца кварталамі Субуры ўздоўж схіла Вімінала, каб абысьці Марыя з боку Капітолія, і накіраваў ганца да Пампея з загадам тэрмінова ўвесьці ў бой рэзэрв, які бавіў час на Субурскім шляху за Эсквілінскай брамай.

 

XX

 

Войска Марыя бяз энтузіязму прыняло бой са сьвежымі сіламі і жаўнерамі, у чыіх душах няпэўнасьць і нерашучасьць саступілі месца разьятранай злосьці. Гукі лютага бою чуліся цяпер зь некалькіх бакоў. Мары зразумеў, што сытуацыя мяняецца на карысьць ненавіснага ворага - яго пачалі адсоўваць да храма Зямлі. Ён пырскаў сьлінай і вішчаў на Сульпіцыя, каб той разаслаў па ўскраінах начальнікаў малодшых трыбаў з заклікам плебсу ўзбройвацца і рушыць ім на дапамогу. Ён зноў абяцаў волю рабам, але па горадзе ўжо пранесьліся чуткі аб загадзе Сулы паліць дамы тых, хто выступіць супраць консулаў, і ніводзін чалавек ня прыйшоў на дапамогу тым, хто біўся пад Эсквілінам. А калі паказаліся кагорты Пампея і прыхільнікі Марыя зразумелі, што іх абкружаюць, пачаліся агульныя ўцёкі.

Мары з Сульпіцыем пабеглі стрымгалоў да Капітолія, дзе яны спачатку спадзяваліся абараніцца на Форуме з дапамогай верных рудыярыяў і бязмозглых маладзёнаў з так званага сульпіцыйскага «супрацьсэната», але калі пачалі ўздымацца на грудак і ўбачылі зьверху літаральна наводнены легіёнамі Сулы горад (прычым яны добра разумелі, што гэта толькі частка падрыхтаванага да вайны з базылеўсам Мітрыдатам войска, якое засталося аддана чакаць свайго консула ў Ноле), жах спаралюшаваў іх душы і волю, і яны кінуліся з Рыма ўпрочкі, каб уратавацца.

Марыю ўдалося дабрацца да Остыі і сесьці на гандлёвае судна, якое адпраўлялася ў Афрыку. Але калі экіпажу стала вядома, кім зьяўляецца пасажыр (пра грашовую ўзнагароду за галаву Марыя іх папярэдзілі марскія пехацінцы з борту хуткаснай квінкверэмы берагавой аховы), маракі падманам высадзілі яго на бераг, а самі зьбеглі, бо забіць такую знакамітасьць яны не наважыліся нават за грошы.

 

XXI

 

Мары, быццам воўк, што патрапіў у аблогу, хаваўся брудны, галодны і ў лахманах у мінтурнійскіх балотах.

Дэмагог Сульпіцы спрабаваў схавацца ў марсаў, якія не без ягонае дапамогі разам з вольнаадпушчэнцамі атрымалі права за грошы набываць сабе рымскае грамадзянства (надзелены плебеямі заканадаўчай уладай злачынца Сульпіцы непрыхавана падлічваў свой угандляваны прыбытак на стале пасярод Форуму). Яго выкрыў уласны раб, якому Сула напачатку абвес;ціў волю, але тут-жа загадаў скінуць з Тарпейскае скалы: за зьвесткі пра ворагаў патрабавалася заахвочваньне, але раб меў толькі адно права - заставацца да канца адданым свайму гаспадару. Сульпіцыя знайшлі і забілі віжы, і ніхто не пашкадаваў пра ўсчыншчыка разьні, які працягнуў цынічны закон, што забараняў сэнатарам браць у пазыку болей за дзьве тысячы драхмаў, а сам пакінуў па сабе тры мільёны драхмаў пазыкі.

Як толькі бойка на вуліцах Рыма спынілася, Сула прынародна пакараў нешматлікіх злодзеяў зь ліку сваіх легіянэраў, хто спрабаваў заняцца марадзёрствам у родным горадзе, пасьля чаго выставіў каравулы ва ўсіх раёнах і асабіста абыходзіў іх усю ноч разам з Пампеем, каб ня было болей сутычак між напалоханым плебсам і вайскоўцамі.

На наступны дзень ён склікаў на Форуме народны сход і па праву пераможцы безапеляцыйна абвесьціў, што адгэтуль на галасаваньне грамадзянам ня будуць выстаўляцца пытаньні, не зацьверджаныя сэнатам, каб рашэньне іх залежала не ад разбэшчанай п'янствам і жабрацтвам безмаёмаснае чэрні, а ад уласьнікаў, надзеленых гаспадаркай, разважлівасьцю і цьвярозым розумам. Да таго-ж само галасаваньне мусіла цяпер праводзіцца не па трыбах пад наглядам іх начальнікаў-трыбунаў, а па цэнтурыях, якія кантраляваў сэнат.

 

XXІI

 

А каб павысіць уплыў і значнасьць гэтага воргана кіраваньня, у склад сэнатараў, адчувальна прарэджаны апошнім часам марыеўскімі забойцамі, было ўведзена адразу трыста новых грамадзянаў зь ліку найбольш слынных і забясьпечаных вершнікаў.

Сула правёў консульскія выбары. Пасьля гэтага ён палічыў, што парадак і спакой у краіне ўсталяваны, і накіраваўся з войскам у Грэцыю на вайну а Пантыйскім базылеўсам Мітрыдатам VI Эўпатарам.

 

XXIII

 

Тое, што яны з Марыем - смяротныя ворагі і па адной зямлі доўга ім не хадзіць, Сула зразумеў на тым паседжаньні сэната, калі разглядалася кандыдатура палкаводца, які ўзначаліць войска для вайны зь Мітрыдатам. Большасць цудоўна разумела, што лепшай кандыдатуры за Сулу ня знойдзеш, але стары і слабы розумам Мары са скуры лез, каб дамагчыся гэтай пасады для сябе.

Мары - чалавек малаадукаваны, які ўсё жыцьцё пагарджаў навукай дзеля справы вайсковай, які перамог у нязьлічонае колькасьці бітваў і шэсьць разоў запар абіраўся консулам, чаго не дамогся болей ніводзін рымлянін, які назьбіраў у сваім доме каралеўскія багацьці, той самы Мары ніяк ня мог супакоіцца і спыніцца. І ў гэтым вар'яцкім імкненьні да славы і багацьця ён быў, бадай, самы няшчасны, бо так і не спазнаў заспакаеньня - нават перад сьмерцю ён трызьніў у ложку, быццам вядзе легіёны на бой супраць Мітрыдата. Усё жыцьцё ён мроіў пра лепшую «сьветлую» будучыню, пагарджаў розумам і адукацыяй - адзіным цьвёрдым апірышчам і ежай для душы, асновай шчасьця і ўсіх дабротаў, а таму ніколі ня здолеў спатоліць ненажэрную сквапнасьць.

Калі аргумэнты Марыя на ўласную карысьць прагучалі блякла і нявыразна, ён прыбег да апошняга і самага небясьпечнага - Гай цудоўна разумеў - сродку. Ён прыгадаў сэнатарам стары звычай, згодна якога продкі абіралі ваеначальнікаў: ім мог стаць толькі чалавек з халодным розумам, што вызначалася па спалатнеласці твару падчас гневу. Калі-ж угняўлёны кандыдат чырванеў ад злосьці, значыцца, кроў біла яму ў галаву і не давала магчымасьці цьвяроза меркаваць, прымаць адказныя рашэньні.

- Але разважнасьць Луцыя Карнэлія Сулы ня можа ставіцца пад сумненьне! - усклікнуў будучы консул Актаві. - Бледнасьць яго твару, быццам пасыпанага мукою, даўно стала прытчай.

 

XXIV

 

- Гэта толькі здаецца, - зьедліва аспрэчыў Мары. - На яго твары ёсць адна дэталь, якая таксама даўно стала прытчай, толькі з-за сваёй чырвані!

У курыі ўсталявалася напружаная цішыня. Сула адчуў лёгкае галавакружэньне.

«Няўжо ён скажа гэта ўголас?» - з жахам падумаў кожны.

- Гэта дэталь - нос! - усклікнуў Мары.

Сэнатары апусьцілі вочы долу, але ўпотай назіралі за рэакцыяй Сулы.

У Луцыя Карнэлія пацямнела ў вачах. Твар яго зьбялеў, нават вусны набылі зямельную шэрань. Ненавісны нос-жа набрыняў крывёю да колеру абпаленае гліны. Адным багам было вядома, якіх тытанічных высілкаў каштавала яму змаўчаць, сьціснуць зубы, уседзець на месцы, а не падбегчы тут-жа да Марыя і не задушыць ворага голымі рукамі.

Сэнат застаўся на баку Карнэлія, але сам ён з таго часу адчуваў няпэўнасьць і брыдкае трымценьне ў душы. Крыху супакоіўся Сула толькі пасьля крывавага разбору з прыхільнікамі Марыя.

 

XXV

 

Нечакана для Мітрыдата, які быў на вяршыні посьпеху, спраўдзіліся самыя змрочныя прагнозы, зробленыя пасьля таго, як у Пергамскім тэатры абрынулася і разьляцелася на дробныя кавалкі статуя Нікі, што павінна была ўскласьці вянок яму на голаў. Сам паламаны вянок пакаціўся тады па падлозе.

Яго справы ў Грэцыі пагоршылся яшчэ да высадкі там легіёнаў Сулы, у чым быў вінаваты легат прэтора Македоніі Сентыя Бруці Сура, які вельмі пасьпяхова дзейнічаў супраць Мітрыдатава палкаводца Архелая. Гэта прадвызначыла тое, што грэцкія полісы адзін за адным адчынялі брамы перад Карнэліем - эліны добра памяталі словы базылеўса Піра пра тое, што з рымлянамі ваяваць немагчыма, бо яны ніколі ня прызнаюць сябе пераможанымі.

Сула спачатку паводзіў сябе з грэкамі мякка, амаль як з саюзьнікамі. Толькі, у адрозненьне ад Ціта Фламініна, што выгнаў з Грэцыі Антыёха, ды Манія Ацылія з Эміліем Паўлам, якія разграмілі македонскіх базылеўсаў, але ня толькі не кранулі элінскіх сьвятыняў, а наадварот, самі папоўнілі іх новымі дарамі, ушанавалі і ўзьвялічылі, Сула загадаў абіраць храмы, разрабаваў дэльфійскую славутасьць і парушыў недатыкальнасьць агульнагрэцкіх запаветных сховішчаў у Эпідаўры і Алімпіі. Ён цудоўна ўяўляў папрокі ў свой адрас. Апраўдвацца Сула ня зьбіраўся, бо добра разумеў, што Фламінін, Ацылі і Павал кіравалі карэннымі рымскімі грамадзянамі з высокім маёмасным цэнзам, выключна зь якіх у тыя часы набіраліся легіёны, а значыцца, людзьмі збольшага стрыманымі, якія прызвычаіліся неаспрэчна падначальвацца загадам. Гэтыя палкаводцы маглі дазволіць сабе лісьлівасьць перад жаўнерамі лічыць ганебнейшай за страх перад ворагам. Але апошнім часам сытуацыя карэнным чынам зьмянілася, і ў першую чаргу з-за Марыя і ягоных сяброў - народнікаў-дэмакратаў, якія давялі да таго, што Рым пасьля перамогі над «саюзьнікамі» ў цяжкай крывавай вайне, да чаго ён, Сула, асабіста прыклаў багата высілкаў, цалкам алягічна выканаў усе патрабаваньні італійцаў, з-за якіх, уласна, вайна і пачалася.

 

XXVI

 

Усе гэтыя напаўдзікія і вечна галодныя умбры, сабіны, фаліскі, эквы і іншыя самніты ўраўняліся з рымлянамі ў правах і пачалі актыўна вербавацца ў войска. Такім чынам, Сула меў пад сваім началам натоўп марадзёраў і, каб ператварыць яго ў войска, вымушаны быў шчодра кідаць жаўнерам грошы на спатолу плебейскіх патрэбаў і тым набываць іхнюю працу.

Сула ненавідзеў палітыку Марыя, якая прывяла да гандлю радзімай, што давала дзесяткі і нават сотні тысячаў галасоў «новых» грамадзянаў, чые прэтэнзіі ўласна ён ня прызнаваў. «Богі жывуць на небе, - разважаў Луцы Карнэлі. - І хоць яны бачаць усё, у першую чаргу кідаецца ім у вочы тое, што бліжэй. Рым - найвышэйшы за астатніх, бліжэй да неба, да багоў, а таму ня дзіўна, што богі любяць яго болей. А італійцы - перакормленыя свіньні, каму скардзіцца - грэх. Што тады застаецца рабіць дзікунам-барбарам, якія так нізка ад багоў, так далёка ад іх, што зьліваюцца на агульным тле з жабамі, сьлізьнякамі і кузюркамі?!»

Былі пайшлі чуткі, што Сула ўсё-ж такі выяўляе мяккасьць асабіста да грэкаў з-за павагі да іх былой велічы і прыхільнасьці да іх старажытнае літаратуры і культуры, але выпадак з Афінамі прымусіў забыцца на падобныя меркаваньні.

Афіны не расчынілі гасьцінна браму перад рымскім праконсулам, бо гэтага не пажадаў распусны і жорсткі дыктатар Арыстыён. Сула актыўна павёў аблогу па ўсіх правілах вайсковае навукі. Рымляне абклалі адначасова Афіны і Пірэй, збудавалі мноства машын і іншых прыстасаванняў, на бярвеньне і дошкі дзеля каторых высеклі нават славутыя гаі - платонаўскі Акадэм і арыстоцелеўскі Лікей. Сула сьпяшаўся, бо ён кожную гадзіну чакаў дрэнных навінаў з радзімы - сытуацыя там зноў пагоршылася.

 

XXVII

 

Грэкі трымаліся да апошняга, нават калі ад голаду пачалі пухнуць дзеці, а гапліты елі вараныя сандалі.

Першым паў Пірэй і быў бязьлітасна спалены, у тым ліку слынная тытанічная пабудова - арсэнал Філона. Афіны аказаліся канчаткова адрэзанымі ад мора і ад надзеі на ўратаваньне. Калі рымляне ўварваліся ў горад, Сула аддаў яго на разрабаваньне сваім ненажэрным жаўнерам.

Афіны захлынуліся крывёю. Пра колькасьць палеглых грамадзянаў пазьней меркавалі адно па працягласьці вуліцаў, дзе зь цяжкімі выпарэньнямі цяклі барвовыя рэкі. Кроў тых, хто загінуў толькі на пляцы перад Прапілеямі, заліла ўвесь Керамік аж да Дыпіла, а некаторыя казалі: яна хлынула за браму і затапіла прадмесьце.

Сула не стаў чакаць заканчэньня бітвы і тэрмінова вярнуўся ў лягер, бо ён належаў да касты вярхоўных жрацоў-панціфікаў, а таму ня меў права знаходзіцца побач з памерлымі, каб не запэцкаць душу духамі сьмерці. Зрабіў ён гэта дарэчы, бо вуліцы горада былі завалены гарамі мерцьвякоў.

Чаму Сула так учыніў з Афінамі, вядома: калі гараджане галадалі, а ўжываньне віна на час вайны было забаронена Арыстыёнам пад пагрозай сьмяротнае кары, сам мярзотны тыран у сваім палацы кожны вечар праводзіў брыдкія оргіі, пасьля якіх бавіўся - выпаўзаў п'яны на мур і пачынаў рыкаць у бок рымскага лягера. Кажуць, ён брудна лаяў Сулу, і той проста вар'яцеў ад злосьці. За нядоўгі час аблогі Арыстыёну ўдалося-такі на сваю галаву і на бяду афінянаў давесьці рымляніна да шалу.

Чым менавіта дыктатар мог так выводзіць Сулу зь сябе?

 

XXVIІI

 

Цяжка ўявіць, што звычайнай шынкарскай лаянкай, бо Сула хоць і зьневажаў спартанцаў, але на вайне заўсёды імкнуўся трымацца згодна зь іх прынцыпамі, адзін зь якіх: сапраўдны мужчына павінен умець адказаць на крыўду і моўчкі стрываць абразу. Луцы Карнэлі разумеў: ніякага парадоксу ў тых словах няма, проста ў першым выпадку меўся на ўвазе годны праціўнік, а ў другім - ідыёт, якім і быў, у прыватнасьці, Арыстыён. Некаторыя, праўда, выказвалі думку, быццам Сула вельмі крыўдаваў, таму што п'яны дыктатар бэсьціў яго трэцюю жонку Мецелу. Але мы разумеем, што гэта малаверагодна, нават каб Арыстыён закрануў Метробія.

Толькі калі Сула пачуў апошні гук, які вырваўся з глоткі Арыстыёна, ён супакоіўся - шаленства як ня было. Сула разумеў, што ўсяго толькі выканаў волю багоў, каторыя, як і ён асабіста, ненавідзелі дыктатараў і народы, што моўчкі трываюць ганебнае тыранічнае рабства. Багі недвухсэнсоўна прадэманстравалі гэта: Арыстыён наглуха замкнуўся на Акропалі і мог праседзець у няпрыступнай фартэцыі як заўгодна доўга, але вельмі хутка вымушаны быў здацца з-за дзіўнае для сакавіцкіх ідаў сьпёкі і, як наступства, нявыноснае смагі. А калі ён пад канвоем са зьвязанымі ззаду рукамі сышоў уніз, неба ў тую-ж хвіліну зацягнула хмарамі, і пачалася страшная залева, якая за паўгадзіны запоўніла ўсе рэзэрвуары пітное вады на Акропалі.

Самой кары Сула не бачыў, бо пад час яе заваліўся з келіхам віна ў зручны фатэль у сваім намёце, які месьціўся ў самым цэнтры вайсковага лягера.

Затое ён усё чуў.

Кат, які адсек галаву Арыстыёна, не даў таму дагаварыць. Але Сула безь цяжкасьцяў здагадаўся, што хацеў крыкнуць перад сьмерцю наравісты дыктатар.

 

XХІX

 

Ён зьбіраўся паўтарыць тое-ж, што кожны вечар рыкаў з мура. Аб'ектам ягоных кпінаў быў нос рымскага палкаводца.

 

XХX

 

Вестку пра тое, што Мары высадзіўся ў Этрурыі, Сула атрымаў якраз пасьля сваёй бліскучай перамогі пад Херанэяй. Яму маляўніча апісалі, як тое адбылося, і Карнэлі атрымаў сапраўднае задавальненьне. Ён яскрава ўяўляў, як няголены, у жабрацкіх лахманах, Мары румзаў, мазаў бруд па твары, безнадзейна спрабаваў выканаць гіблую справу - прыхаваць лысіну рэдкімі валасінамі, каб расчуліць этрускаў, пераканаць іх даць яму войска.

«Быдла! - з пагардай думаў Сула. - Гонару - на тысячу талантаў, а годнасьці - ні на ас!»

Але ня ўсе этрускі думалі такім чынам, і хутка Мары на чале шасьці тысячаў ваяроў у рагатых шлемах рушыў адтуль на злучэньне з былым консулам Цынам, які здрадзіў абяцаньням, дадзеным Сулу, і зьбег з Рыма пасьля ўсчыненай ім пачварнае разьні з прыхільнікамі вернага Карнэлію Актавія, пад час якой загінула каля дзесяці тысячаў чалавек, і прыбраў да сваіх рук адно з тых войскаў, што засталіся ў землях незамірымых марсаў яшчэ з часоў Саюзьніцкае вайны. Разам яны рушылі на Рым.

Актаві спрабаваў абараніць горад, але скліканыя ім войскі перайшлі на бок Марыя: надта трывалым быў ягоны аўтарытэт, а Сула - далёка. Тады сэнат выслаў амбасадараў з паведамленьнем пра капітуляцыю і шчырай просьбай ня ўсчыняць бойню ў горадзе. Цына сустрэў іх апрануты ў консульскую прэтэксту. Ён быў вельмі далікатны і ласкавы, шмат гаварыў пра тое, што яны не пойдуць са зброяй на землякоў. Але па змрочным позірку Марыя, які стаяў побач і паглядаў з-пад ілба, усе зразумелі, што чакаецца страшная разьня.

Людзей забівалі паўсюль: на вуліцах, у дамах, у храмах і курыях. Кожны зь пераможцаў мог бестурботна зьвесці рахункі любой даўніны зь кім заўгодна. Жах, боль і нечалавечыя пакуты абрынуліся на жыхароў Рыма, горад быў аддадзены на разрабаваньне.

 

XХХІ

 

Асабліва бушавалі некалькі тысячаў рабоў, якія былі заўжды п'яныя, абкружалі Марыя й забівалі кожнага, каму іх патрон не адказваў на прывітаньне, - гэта быў своеасаблівы знак. Зь нечалавечай жорсткасьцю яна адразалі галовы, гвалтавалі юнакоў, дзяўчат, матронаў. І ня зьбіраліся спыняцца. У рэшце рэшт Квінт Сэрторы вымушаны быў напасьці на іх лягер уначы і перабіць усіх да апошняга. Нават Цына быў у жаху ад таго, што робіцца, і пасьпеў пашкадаваць, што паклікаў з Афрыкі Марыя, у якога відавочна паехаў дах: той загадаў зносіць адсечаныя галовы асабістых ворагаў і складаць іх пірамідай у трыклініюме на стале, за якім сам беспрабудна п'янстваваў разам з такімі-ж вар'ятамі. На самае бачнае месца ён асабіста ўсклаў голаў аратара Марка Антонія, які перад сьмерцю адважна ўсклікнуў: «Калі Мары бог, дык з Рымам нічога не здарыцца, бо мы перад ім нічым не зграшылі, калі-ж ён чалавек, дык знойдзецца хтосьці мацнейшы за яго!»

Вуліцы горада былі завалены трупамі, з галовамі і без, і хутка спакутаваныя жыхары перасталі зьвяртаць на іх увагу, нават дзеці. У такім антуражы Мары ў сёмы раз абраўся консулам (можна было сьмела сьцьвярджаць, што ён абраў сам сябе).

Сям'ю Сулы сябры пасьпелі ўратаваць. Блізкіх палкаводца ўпотай вывезьлі з Рыма і пераправілі морам да яго ў вайсковы лягер, у якім яны вымушаны былі заставацца да канца вайны (Метробі ўжо даўно быў там). Шмат хто з сэнатараў таксама зьбег у Грэцыю пад Сулаву абарону.

Усе чакалі, што Сула пачне шукаць замірэньня з Мітрыдатам, каб хутчэй вярнуцца дадому. Але ён вырашыў спачатку давершыць адну справу, а потым ужо брацца за другую. Тым ня менш, па Рыме пайшлі чуткі, што Сула вяртаецца са сваім войскам.

 

XХХІI

 

Гэтая навіна прымусіла Марыя, які дамогся нарэшце сваёй запаветнае мары і стаў дыктатарам, захварэць і зьлегчы ў ложак. Ён зразумеў, што гэтым разам яму будуць супрацьстаяць не слабахарактарныя і бязвольныя сэнатары з дрэннаўзброеным натоўпам, а сам Сула на чале пераможнага войска! Ён зразумеў, што ўсё жыцьцё ненавідзеў Сулу таму, што заўсёды баяўся яго самога і ягонай зьедлівае ўсьмешкі.

Адкрыцьцё тое сталася для Марыя страшным ударам, якога ён ня перажыў і памёр на васемнаццаты дзень свайго консульства.

На зьдзіўленьне Сулы, навіна гэтая зусім ня выклікала ў яго радасьці.

 

XХХІІI

 

Квірыты нядоўга радаваліся з нагоды сьмерці тырана, бо пасьля яго пахаваньня яны нечакана адчулі на ўласнае скуры, што імі кіруе новы дыктатар - сын Марыя, чалавек больш жорсткі і болей цынічны за бацьку. Менавіта таму Сула нават не зьвярнуў увагі на зьмену і з тым-жа імпэтам працягваў барацьбу з абрыдлай анархіяй за навядзеньне традыцыйнага парадку, хоць пачынаў яе пры бацьку, а скончыў пры сыне. У ягоным уяўленьні абодва зьліліся ў адзіны вобраз крыважэрнага тырана.

Сула разважаў цьвяроза і добра ведаў, што яго чакае наперадзе.

«Ганарыстыя і палахлівыя грэкі, - думаў ён, - якія ўвесь час ваявалі паміж сабою за мізэрныя лапікі абязводжанае безжыцьцёвае зямлі, і якія ня здолелі аб'яднацца разам нават пад пагрозай таго, што іх утрамбуюць у сухі пясок мірыяды мірыядаў ног ваяроў Ксэркса! Яны заўсёды лічылі, што калі ў горадзе завёўся тыран, які прыбраў да рук уладу, а вольных грамадзянаў ператварыў у асабістых рабоў, самому полісу не па сілах адолець такую навалу без вонкавае дапамогі!»

Менавіта таму грэкі з трымценьнем ставіліся да памяці тыраназабойцаў Гармодзія і Арыстагітона, адзіных за ўсю гісторыю Элады. І гэта пры тым, што забілі хлопцы не самога тырана, а толькі ягонага брата ці сына - кожны аўтар тое падаваў па-рознаму, - ад чаго дыктатар быццам-бы так разгубіўся, што ўзяў ды памёр. Па сутнасьці яны былі злачынцамі, якія забілі бязьвіннага чалавека. Тым ня менш, калі ў таго Дыягена, што зьняважыў самаго Аляксандра Вялікага, спыталіся, зь якога мэталу трэба адліваць статуі, ён адказаў: зь якога адлітыя статуі Гармодзія і Арыстагітона.

Дыяген не ведаў, што гэта за мэтал, бо статуі былі вывезеныя з Афінаў Ксэрксам і згубіліся на неабсяжных прасторах Азіі.

 

XXXIV

 

Пазьней іх знайшоў Аляксандр Македонскі ў Бабілёне і адправіў назад на радзіму.

Яны былі зь медзі.

«Медзь - занадта сьціпла, - вырашыў Сула. - Чалавек, які ўратуе айчыну ад тырана, заслугоўвае коннае статуі, адлітай а чыстага золата. Бо справа няпростая. І ня ў тым праблема, каб расправіцца з уладалюбівым маньякам, а ў тым, каб утаймаваць чэрнь, што, як быдла, заўсёды аддана любіць толькі таго, у чыёй руцэ бізун. Адукаваныя грэкі лічылі тое немагчымым. Наіўныя! Не, краіна можа пазбавіцца дыктатара без чыёй-небудзь дапамогі, але толькі тады, калі зьявіцца дыктатар яшчэ жахлівейшы!»

 

XXXV

 

Як тое ні дзіўна, паскорыў вяртаньне Сулы сам Мары. У неўтаймаваным жаданьні вырваць трыюмф у асабістага ворага ён накіраваў на вайну з Мітрыдатам сваё войска на чале з Валерыем Флакам. Самога Флака хутка забіў крывавы прыхільнік Марыя Фімбрыя, які аказаўся ня толькі ўдалым забойцам, але і неблагім палкаводцам. Яму ўдалося атрымаць некалькі перамог у Фракіі, і Мітрыдат быў вымушаны вяртацца ў Малую Азію. Тады ён хутка накіраваўся ў Дарадан, дзе правёў асабістыя перамовы з Сулам (Пантыйскі базылеўс добра ведаў пра сутуацыю ў Рыме, а таму вырашыў, што лепш падпісаць пагадненьне з патрыцыем, чымсьці з адданым сябрам плебса). Мір усталяваўся.

Вяртаньне Сулы было страшным.

Калі сорак тысячаў яго выпрабаваных жаўнераў высадзіліся ў Брундызіі, двухсоттысячнае войска марыянцаў, набранае з суцэльнага зброду, у жаху разьбеглася. Супраціўляўся толькі горад Прэнэсты, у якім зачыніўся сам Мары. Праўда, пад мурамі Рыма адбылася бітва зь італійцамі-самнітамі, луканамі і кампанцамі, але Марк Крас, які кіраваў правым крылом войскаў Сулы, зайшоў ім у тыл, і яны былі разьбітыя.

Прыхільнікі Марыя разьбягаліся па ўсім сьвеце, як прусакі хаваюцца па шчылінах ад сьвятла. Але Сула разаслаў сваіх легатаў ва ўсе бакі, і кара даганяла ўцекачоў паўсюль: у Верхняе Італіі, на Сіцыліі і Сардыніі, у Гішпаніі і Афрыцы. Сам Мары ня стрываў і скончыў жыцьцё самагубствам, пасля чаго адразу здаліся Прэнэсты.

Здавалася, усё скончана. Так думалі ўсе, хто добра ведаў Сулу, які раней вызначаўся добрым, сьмяшлівым і пакладзістым характарам.

Але Сула быў сэнтымэнтальным.

 

XXXVI

 

Сэнтымэнтальным быў і Мары. Ён аддаваў загады на шматтысячныя забойствы людзей, але мог пусьціць сьлязу, калі бачыў задушанае кацянё ці дохлае птушаня.

Сула ліў сьлёзы па радзіме, згвалтаванай цёмнай чэрню. І ён сьвядома вырашыў стаць тыранам, каб адбіць на будучыню ахвоту ў каго заўгодна паўтарыць злачынствы Гая Марыя. Ён цьвяроза разумеў ва ўсякім выпадку напачатку свайго кіраваньня, - што становіцца на вельмі небясьпечны для ўласнае душы шлях. Але апраўданьнем яму было тое, што Мары стаў дыктатарам дзеля паталагічнага ўладалюбства, а ён, Сула, становіцца дыктатарам выключна дзеля ўратаваньня радзімы.

Насамрэч тое справы не зьмяняла: дыктатар - ён і ёсьць дыктатар.

Рымляне спадзяваліся, што нарэшце ў краіне настане мір і спакой. Яны не адразу зразумелі, што адбываецца, калі даведаліся пра падзеі ў Прэнэстах, дзе дванаццаць тысячаў жыхароў вывелі на пляц і ўсіх да апошняга расстралялі з лукаў. Затым шэсьць тысячаў легянэраў з войска Марыя, якія здаліся па ўласнае волі, былі пашыхтаваныя бяззбройнымі на Марсавым полі, пасьля чаго, як на разьні, іх пасеклі ваяры Сулы пад час паседжаньня сэната ў суседнім храме Белоны. Сула якраз прамаўляў, калі пачалася сеча. Быццам нічога не адбылося, ён запатрабаваў увагі, калі сенатары пачалі ў жаху азірацца.

Затым наступіла чарга праскрыпцыяў - сьпісаў грамадзянаў, якія абвяшчаліся па-за законам. Іх з бухгалтарскай мэтадычнасьцю кожную раніцу вывешвалі на Форуме, і натоўпы людзей з трымценьнем учытваліся ў іх. Крыкі жаху вырываліся ў таго, хто знаходзіў там сваё імя.

Рэзалі і забівалі ўсіх. Брат забіваў брата, а потым прасіў Сулу дзеля ўласнага апраўданьня ўнесьці імя забітага ў праскрыпцы, як зрабіў мярзотнік Катыліна, забівалі каханкаў жонак і багатых камэрсантаў, каб завалодаць іх багацьцем, забівалі сапернікаў у любоўных справах і проста тых, хто не падабаўся.

 

XXXVII

 

За галаву кожнага марыянца было абяцана дванаццаць тысячаў дынарыяў, а за такія грошы маглі забіць кожнага. У дом Сулы стаяла чарга крывавых забойцаў, якія трымалі адсечаныя галовы пад пахай.

Рым апусьцеў, і ў дамы багацеяў сяліліся Сулавы адданыя рабы-вольнаадпушчэнцы (усе дзесяць тысячаў іх атрымалі прозвішча Карнэліі), яго асабістая ахова. Цяпер яны маглі раскошай побыту паспрачацца з базылеўсамі і каралямі.

Магілу Марыя раскапалі і выкінулі вонкі ягоны прах, зьнішчылі ўсе помнікі ў гонар нязьлічоных перамогаў палкаводца.

Каб утаймаваць шал, які апанаваў яго, Сула абрынуўся ў распусту і п'янства, ад чаго шалеў яшчэ болей. Калі адзін зь легатаў вылавіў яго аднойчы зранку на адносна цьвярозую галаву і спытаўся, як доўга яшчэ будуць працягвацца забойствы, Сула зморшчыўся ад нязноснага болю ў скронях і адказаў: «Сам ня ведаю. А пакуль вазьмі вось гэта».

Ён працягнуў новы праскрыпцый.

Нос Сулы азыз і пачырванеў, як ніколі. Цяпер ён заўсёды бачыў яго, бо нос закрываў значную частку панарамы, і Сула не мог забыцца на яго нават у сьне - па начах яму трызьніўся жах, як ён уласнаручна адсякае мячом свой «перахоп».

Сула дамогся ўсеагульнага пакланеньня. Калі па праскрыпцыях забілі ўсіх, каго ён памятаў, і ў сьпісы пачалі заносіцца імёны тых, каго ён узгадаць ня мог, яго пачалі называць імпэратарам. Калі колькасьць забітых кансуляраў пераваліла за дзесяць, сэнатараў падыходзіла да ста, а вершнікаў даўно перавысіла двухтысячную адзнаку (плебеяў ніхто не лічыў - іх забілі нешта каля ста тысячаў), Сулу ўсталявалі на Форуме конную статую з чыстага золата.

 

XXXVIII

 

На ёй ён быў у вайсковых латах, на галаве - карынфскі шлем (знаходка скульптара, а дапамогай якой ён абышоў пытанне, што рабіць з носам мадэлі; такім чынам мастак уратаваў сабе жыцьцё). У выніку жоўты бліскучы помнік болей нагадваў бога Марса, чым Луцыя Карнэлія, таму тлумачальны надпіс на пастаменце быў дарэчы.

З жабамі-«саюзьнікамі», якіх Сула саркастычна называў «паўнапраўнымі грамадзянамі» ён разабраўся ня менш жорстка. Сто дваццаць тысячаў яго адданых легіянарыяў атрымалі дазвол выганяць гаспадароў і забіраць упадабаную маёмасьць у Этрурыі, Лацыюме і Кампані, жыхары якіх найбольш актыўна падтрымалі Марыя.

Сэнат моўчкі абраў Сулу пажыцьцёвым дыктатарам, пасьля чаго той пад корань высек усе парасткі дэмакратыі, якая асацыявалася ў яго выключна з вобразам ненавіснага Марыя. Толькі пасьля гэтага ў краіне наступіла адноснае зацішша.

Сула дамогся ўсяго, пра што можа марыць смяротны. Неразумныя людзі празвалі яго Шчасьлівым, бо толькі Метробі ведаў, як насамрэч было Луцыю Карнэлію цяжка.

Сула працягваў піць.

Нарэшце ён перастаў ганяцца за прывідам Марыя. Але душэўнай раўнавагі Сула не набыў, а таму з імпэтам кінуўся ў пагоню за ценем уласнага носа.

Былі ў глябальным маштабе прагледжаны ўсе літаратурныя, гістарычныя творы і проста дзёньнікі-ўспаміны ўсіх аўтараў на абсягах велізарнай дзяржавы, адкуль няшчадна вынішчаліся старонкі з апісаньнем зьнешнасьці Сулы. Былі разасланыя шпегі і ў не падпарадкаваныя Рыму краіны, дзе яны грунтоўна «папрацавалі» ў бібліятэках Александрыйскага Музеёна, Бабілёна і іншых гарадоў. Зьнішчалі ня толькі папірус і пергамент, але і мастацкія партрэты - скульптурныя і жывапісныя.

 

XХХІX

 

У выніку не засталося ніводнае згадкі пра нос рымскага дыктатара, і захаваліся толькі дзьве выявы Сулы - залатая статуя і бюст на Форуме, які ўсталявалі яшчэ за часам ягонага консульства.

У адрозненьне ад коннай статуі, той скульптурны партрэт быў выкананы ў рэалістычнае манэры.

 

XL

 

Усё адбылося на сатурналіі.

Ішла трэцяя ноч няўрымсьлівага вясельля, якое ўпершыню за апошнія гады выплюхнулася вонкі з дамоў на вуліцы Рыма, калі спакутаваныя людзі паспрабавалі забыцца на перажытыя жах і страх. Яны радаваліся, што проста засталіся жывымі.

Сула ішоў у натоўпе, і замест ліктораў яго абкружалі сябры-сабутэльнікі на чале з Метробіем. Сам дыктатар ня прыцягваў да сябе ўвагу, бо пераапрануўся ў селяніна і хаваўся пад маскамі двуаблічнага Януса, прычым выява старога была замацаваная на патыліцы, а маладога-хавала твар. На правай руцэ ў яго была напісана лічба CCC, а на левай - LXV, што ў суме складала колькасьць дзён у годзе.

Метробі быў апрануты жонкай Януса - німфай Ютурнай, а комік Росьці граў іхняга «сына» - бога крыніцаў і фантанаў Фонса. Мім Сорык быў «жрацом» і нёс атрыбуты Януса - посах і ключы.

Усе былі нападпітку, сьмяяліся, бяззлобна кпілі адзін а аднаго. Нечакана Сула зьнярухомеў.

- Гэй, Янус! - пацягнуў яго за крысо Метробі. - Хадзем у «Залатога асла»! Ты хоць памятаеш яшчэ «Залатога асла»? Памятаеш, колькі вясёлых начэй мы правялі там у маладосьці?

Сула не крануўся зь месца.

- Хадзем! Там на іды завезьлі фракейскага віна з новага ўраджаю!

І тут Метробі зразумеў, што адбываецца: на імправізаванай сцэне ў двух дзесятках крокаў ад іх правінцыйныя акторы пры сьвятле паходняў спрабавалі разыграць нягеглую містэрыю. Адзін зь іх граў быка - на ім была маска з рагамі і пачварным носам, у ноздрах якога тырчала меднае колца. Метробі паспрабаваў захінуць падмосткі ад позірку Сулы сваёй буйнагабарытнай постацьцю, але ў гэты момант камедыянт гучна ўсклікнуў са сцэны:

 

XLI

 

- Рымляне заўсёды казалі: «Што дазволена Юпітэру - не дазволена быку!»

Сябры з жахам паглядзелі на Сулу, але гэта было ня ўсё.

- Рымляне не маглі ўявіць, што бык можа стаць Юпітэрам! - дадаў актор.

Сула пачаў ліхаманкава азірацца па баках.

- Луцы! - ласкава пазваў яго Метробі і схапіў каханка за руку.

Але той вырваўся, падбег да ўзброенага магістрата з начной варты, выхапіў у яго з похваў меч і кінуўся ў бок сцэны.

- Ты што робіш?! - абурыўся разгублены міліцыянт.

Ніхто не пасьпеў нічога зразумець, як Сула ўжо падбег да падмосткаў, адным скачком узьняўся на сцэну і ўвагнаў меч у грудзі неразумна-сьмеламу актору. Той паваліўся з хрыпам на сьпіну, і ў яго горлам пайшла кроў.

Гледачы з жахам кінуліся ў бакі. Пачуліся адчайны віск і енк.

Сула ўтыркаў і ўтыркаў меч у грудзі ўжо забітага камедыянта. Кроў біла фантанам.

- Ах ты злодзей! - апамятаўся магістрат.

Ён загірчэў і накінуўся ззаду на Сулу, сарваў ягоныя маскі, і крык захрас у тысячах глотак сьведкаў пачварнае сцэны - у адно імгненьне ўсе пазналі таго, хто стаяў перад імі.

Сула цяжка дыхаў і зацкавана азіраўся на спалатнелыя твары. Гаспадар мяча гатовы быў страціць прытомнасьць.

Дыктатар хацеў нешта сказаць, але ніводны гук не сарваўся зь ягоных вуснаў. Ён бездапаможна, быццам выкінутая на бераг рыба, хапануў ротам паветра, потым махнуў рукою і пабег. Ніхто не крануўся зь месца, толькі Метробі кінуўся быў за ім з жаласным заклікам: «Луцы!» Але ногі заблыталіся ў нязьлічоных складках столы, і актор паваліўся на брук.

 

XLII

 

Сула ў поўнае цемры мітусіўся між калёнамі і пастамэнтамі Форума. Ён заблукаў тут пасярод ночы, быццам у хваёвым лесе. Вочы нічога не бачылі, грудзі храплі, рукі трэсьліся, цела апанавала ліхаманка, у галаве гуло.

Нарэшце ён спыніўся, і слушная думка ўскалыхнула сьвядомасьць. Тады ён пачаў паступова абыходзіць усё вакол навобмацак. Гэтага ня было бачна, але ягоныя пальцы пакідалі на белым мармуры крывавыя сляды. Так цягнулася досыць доўга, покуль не пачуўся радасны вокліч:

- Ёсць!

Сула намацаў на адным з пастамэнтаў выразаны ў камяні надпіс SULLА.

Ён паваліўся ў стоме пад калёнай і цэлую гадзіну праседзеў ціха - нават не паварушыўся. Толькі калі над Эсквілінам запунсавеў далягляд, Сула ўзьняўся і пачаў углядацца ў профіль бюста. Раптам ён падскочыў да ўласнага прыжыцьцёвага помніка, прыўзьняўся на дыбачкі і з усяе моцы секануў акрываўленым мечам. Пачулася храбусьценьне мармуру, і на зямлю зваліўся нос скульптурнае постаці. Сула падняў яго і падкінуў на далоні. На вуснах Карнэлія грала вар'яцкая ўсьмешка. Ён адчуў невымерную палёгку, і гэтую асалоду немагчыма было параўнаць ні зь якім іншым пачуцьцём у сьвеце.

Сула адшпурнуў меч і пайшоў. Ён цудоўна разумеў, што насы статуям ненавісных тыранаў заўсёды адсякаюць шчасьлівыя грамадзяне толькі пасьля сьмерці дыктатара. Ягоны бюст першым падвергнуўся падобнае кары пры жыцьці арыгінала. Праўда, зрабіў тое Сула ўласнаруч, але сутнасць справы гэта не зьмяняла.

Ён болей ня быў дыктатарам.

 

XLIII

 

Сьвята была скамячана - весяліцца ні ў кога жаданьня болей ня было. Сам Сула сядзеў дома, нікуды ня выходзіў і нікога да сябе не дапускаў, пра што шкадаваў, мусіць, адзін Метробі.

Калі празь некалькі дзён Сула зьявіўся на Форуме, натоўп рассоўваўся перад ім. Хоць ішоў ён бязь сьвіты і ліктораў з фасцыямі, апрануты ў тогу просталюдзіна, нязвыкласьць відовішча выклікала яшчэ болей падазраваньняў і недаверу. Сула ўзьняўся ва ўсталяванае цішы на аратарскую трыбуну і зьвярнуўся да народнага сходу з просьбаю запатрабаваць ад яго справаздачы. Але настолькі трывалы быў жах перад ім, што ніводзін чалавек не наважыўся парушыць агульнага маўчаньня. Сула чакаў досыць доўга, потым моўчкі сышоў з трыбуны і рушыў прэч.

І тады за ім увязаўся неразумны юнак, які з вар'яцкай адвагай бэсьціў Сулу і лаяў яго брыдкімі словамі. Ён цягнуўся за Карнэліем да самага дому, і толькі на парозе Сула азірнуўся.

- Ты будзеш прычынай і віною таго, што больш ніколі ніводзін дыктатар па ўласнае волі не адмовіцца ад улады, - ціха вымавіў ён і зачыніў аа сабой дзьверы.

 

XLIV

 

Апошнія месяцы жыцьця Сула проста балдзеў - лавіў рыбу браднікам і на кручок, хадзіў на паляваньне, піў віно зь сябрамі, займаўся сэксам з каханкамі і гетэрамі. Зрэдку ён зьяўляўся на Форуме як шараговы грамадзянін, але яму нязменна выказвалі імпэратарскую пашану.

Калі Сула памёр, яго пахавалі на Марсавым полі - выключна каралеўская прывілея - каля храма багіні вайны Белоны, якая ўсё жыцьцё апекавалася ім. Гэта ўжо потым залатую статую пераплавілі на аўрэі, а бязносы бюст акрыялыя «дэмакраты» з воклічам «Няхай жыве вялікі Мары!» ськінулі з Тарпейскае скалы, дзе ён паціху схаваўся пад тоўстым пластам друзу.

У канцы дзевятнаццатага стагодзьдзя на яго натрапілі археолягі, што корпаліся на месцы сярэнявечнага сьметніка ў падножжы Капітолія. Дробную недарэчнасьць - адсутнасць носа - хутка выправілі. Рэстаўратар, якому даручылі адказную справу, правёў глыбокі фізіягнамічны аналіз і прымацаваў да бюста адсутную дэталь. Атрымалася нешта сярэдняе між насамі Актавіяна Аўгуста і Адрыяна.

 

XLV

 

Так была сьцерта яшчэ адна белая пляма гісторыі.


1990-2005?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае