epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

А калі разабрацца...

На старонках нашага друку за апошні час усё часцей абмяркоўваюцца праблемы сучаснай савецкай оперы. Гэта добра. Пара, нарэшце, ад агульных заклікаў да неабходнасці стварэння сучаснай оперы перайсці да сапраўднага разгляду прычын адставання гэтага жанру.

...Я ўжо даўно заўважыў такую акалічнасць: як толькі з’яўляецца ў свет слабы твор, дык адразу пішацца на яго столькі рэцэнзій, што імі хоць грэблю масці. У той жа час значна менш з’яўляецца рэцэнзій на твор самабытны, арыгінальны, новы па матэрыялу і вырашэнню, пры разглядзе якога патрэбна выявіць свой густ, свае эстэтычныя погляды і даць абгрунтаваную ацэнку. Відавочна, каб заўважыць новае, ці першыя, нават яшчэ нясмелыя, яго парасткі, трэба мець не толькі добрае мастацкае чуццё, але і быць па-сапраўднаму зацікаўленым у адкрыцці гэтага новага. З якой удзячнасцю ўспамінаем мы цяпер многіх вялікіх крытыкаў мінулага таму, што яны ў свой час смела адкрывалі новыя невядомыя імёны. І як шкада, што ў нас такіх крытыкаў цяпер вельмі мала.

Відаць, у крытыцы, якая павінна быць заўсёды наперадзе, дае сябе адчуваць скаванасць мыслення, прыхільнасць да ўжо гатовых схем, як спадчына таго часу, калі ўсе ацэнкі даваліся толькі ў катэгарычнай форме. Некаторым і цяпер уяўляецца, што дзвюх розных ацэнак твора існаваць не можа.

Адсутнічае сапраўдная зацікаўленая крытыка, глыбокая і грунтоўная, доказная і справядлівая, якая б сваёй бескарыслівай увагай і дасканалым аналізам садзейнічала фарміраванню самага складанага музычнага жанру — опернага. Адразу ж хочацца нагадаць тут словы вялікага рускага пісьменніка Льва Талстога, які гаварыў:

«Значэнне крытыкі ў тым, каб адзначаць усё тое добрае, што ёсць у тых ці іншых творах мастацтва, і кіраваць такім чынам думкаю публікі, густы якой у большасці грубыя і большасць якой не чулая да прыгожага.

...Асабліва бессэнсоўны і танны звычай крытыкаў выказваць адносна чужых твораў усе свае думкі, якія маюць з імі малую сувязь; гэта самая бескарысная балбатня».

Дарэчы, такая балбатня яшчэ не вывелася і цяпер. Аўтары асобных артыкулаў нават і не ставяць перад сабой задачы раскрыць аўтарскую задуму, глыбока прачытаць твор і паказаць яго станоўчыя і адмоўныя бакі. Звычайна такі крытык імкнецца навязаць аўтару сваю волю і, зыходзячы з таго, як яму хацелася б бачыць вырашэнне той ці іншай тэмы, і разглядае твор аўтара. А ў выніку — яго аналіз не толькі не дае аб’ектыўнай ацэнкі твора, але і дэзарыентуе самога аўтара. Ні для каго не сакрэт, што адна і тая ж тэма не можа быць аднолькава ўбачана некалькімі сапраўднымі мастакамі. Кожны яе вырашыць па-свойму.

Творчасць таму і называецца творчасцю, што ніколі не робіцца па загадзя вядомых рэцэптах ці ўзорах. Эталонаў тут няма і быць не можа. Кожны раз гэта «язда ў нязведанае». Адзінае, што можа служыць компасам у такой яздзе — правільнае разуменне ідэй і задач часу, канкрэтнае і глыбокае веданне той галіны жыцця, якая з’яўляецца аб’ектам адлюстравання.

У апошні час можна пачуць выказванні (са спасылкамі на факты шматлікіх творчых няўдач), што нібыта опера, як жанр, не прыдатная да паказу сучаснага жыцця, што яна аджыла ўжо свой век, а таму, маўляў, не варта і клапаціцца аб яе развіцці. Скажам адразу, выказванні больш чым дзіўныя. Оперны жанр не аджыў свой век. Яму, як і многім іншым музычным жанрам, наканавана доўгае жыццё. Аджылі толькі атрыбуты старой оперы. Тут, як і ў кожнай іншай справе, трэба ўмець своечасова ўбачыць парасткі новага і заўважыць тое, што ўжо стала тормазам далейшага развіцця. Практыка паказвае, што ніводзін жанр мастацтва не стаіць на месцы, ён увесь час мяняецца, як мяняецца і само жыццё, і эстэтычныя крытэрыі, і запатрабаванні народа. Не ўлічваць гэтыя змены — значыць, быць неаб’ектыўнымі суддзямі.

Нядаўна я прачытаў у газеце «Літаратура і мастацтва» артыкул Л. Александроўскай «На опернай сцэне». У ім старэйшы майстар опернага мастацтва выказвае шмат слушных думак. Асабліва каштоўныя канкрэтныя заўвагі пра работу акцёра-вакаліста над роллю, прапановы аб паляпшэнні выхавання маладых кадраў спевакоў, якім належыць стварыць яркія вобразы нашых сучаснікаў. Усе гэтыя парады, вядома, прынясуць немалую карысць тым, хто працуе на опернай сцэне. Аднак артыкул, асабліва першая яго частка, не адказвае на многія пытанні, пастаўленыя самім жа аўтарам. І не адказвае не выпадкова. Паспрабуем коратка ва ўсім разабрацца.

Якія ж гэта пытанні? Паколькі іх добра сфармулявала сама Л. Александроўская, я прывяду цытату. Вось яна:

«Чаму на нашых спектаклях гледачу часта бывае сумна? Чаму ён не хвалюецца? Чаму не заўсёды яго кранаюць вобразы оперных герояў?»

І сапраўды, чаму? Каму ж, як не старэйшаму майстру опернай сцэны, трэба было паспрабаваць разабрацца ў гэтых пытаннях? Гэта ж пры ўдзеле Л. Александроўскай і на яе вачах ажыццёўлена пастаноўка чатырнаццаці оперных і балетных спектакляў. Матэрыялу для аналізу і вывадаў больш чым дастаткова. Аднак у артыкуле гэты матэрыял не выкарыстаны таму, што тады трэба было б гаварыць не толькі пра здабыткі, вартыя далейшага развіцця. Справа ў тым, што наш оперны тэатр многія гады не меў сапраўднай рэжысуры, сапраўднага неспакойнага мастацкага кіраўніцтва, якое б шукала і новыя тэмы, і новыя формы, і новыя сучасныя праблемы, вырашаныя опернымі сродкамі. Нашу рэжысуру вельмі ж моцна трымалі ў абдымках традыцыі старой оперы. Новы матэрыял падганяўся пад звыклыя ўяўленні. Адхіленне ад усталяваных асаблівасцей жанру, ці, тым больш зліццё асобных рыс розных жанраў у нешта новае, успрымаліся ледзь не як парушэнне праўды мастацтва. Каб не хадзіць далёка па прыклады, успомнім нядаўнія спрэчкі вакол оперы «Калючая ружа». Якіх толькі супярэчлівых думак не выказвалася. І асабліва па самому жанру. Лірыка-камічная опера? Сярэдняе паміж операй і аперэтай? Не, такога быць не можа. І настойліва раілі аўтарам «дацягваць» оперу да аперэты. Л. Александроўская ў сваім артыкуле нават рашыла супрацьпаставіць два розныя жанры і аб’явіць, нібыта опера «Яснае світанне» з’яўляецца творам «больш дасканальным і цэласным», чым «Калючая ружа». Я не думаю, што мяне можна абвінаваціць у неаб’ектыўнасці да таго ці іншага твора, бо з’яўляюся аўтарам лібрэта абедзвюх опер. Аднак супрацьстаўляць творы розных жанраў, розных па характару і па матэрыялу, і разглядаць іх без уліку аўтарскай задумы і жанравых асаблівасцей, па меншай меры, справа несур’ёзная. Невыпадкова Л. Александроўская ў сваім артыкуле не называе пастаноўшчыкаў спектакляў, бо калі назваць іх імёны, кожнаму стане ясна, што яна абараняе толькі той твор, які сама, як рэжысёр, ставіла на сцэне.

Кажуць, што пра густы не спрачаюцца. Гэта так. Аднак пры ацэнцы твора прыхільнасць крытыка да таго ці іншага жанру ці стылю мае немалаважнае значэнне. Ад гэтага ў многім залежыць правільнасць ацэнкі. Л. Александроўская, як я заўважыў, не з’яўляецца прыхільніцай камічных твораў, і гэтая акалічнасць дае сябе адчуваць. Я памятаю, як яшчэ пры першым абмеркаванні лібрэта «Калючай ружы» яна выступала супраць гэтага жанру, патрабуючы карэннай перапрацоўкі твора. Ёй хацелася, каб я пісаў не лірыка-камічны твор, а «сур’ёзную» оперу, з гераіняй, падобнай на Кармэн. Я не пагадзіўся тады з гэтай думкай і дапрацаваў твор так, як ён быў задуманы і як гэтага вымагаў жыццёвы матэрыял.

Дарэчы, і пазней асобныя крытыкі папракалі мяне і кампазітара Ю. Семяняку, аўтара музыкі «Калючай ружы», за тое, што мы не стварылі ў сваёй оперы гераічных вобразаў нашай моладзі, вартых пераймання. Вось тут, як кажуць, у гародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька. Мы пісалі лірычную камедыю, а крытыкі пры разглядзе твора падыходзяць да яго з законамі іншага жанру.

У сваім артыкуле Л. Александроўская, пярэчачы тым таварышам, якія пры ацэнцы твора раяць улічваць думку публікі і наведванне ёю спектакляў, піша: «У пытаннях выхавання мастацкага густу, маральных якасцей новага чалавека — будаўніка камунізма, мы павінны кіравацца высокай патрабавальнасцю, весці гледача за сабой, а не ісці па лініі найменшага супраціўлення».

У прынцыпе пярэчыць такому сцвярджэнню нельга. Яно правільнае. Але ж катэгарычна прыняць яго і адарвацца ад інтарэсаў слухача таксама нельга. Бо тут жа зноў узнікае не менш важнае і заканамернае пытанне: а якім жа чынам мы павядзём слухача за сабою, калі ён слаба наведвае сучасныя спектаклі, калі яму на нашых спектаклях «часта бывае сумна», калі «ён не хвалюецца» і «не заўсёды яго кранаюць вобразы оперных герояў»? Пры такім становішчы заклік весці гледача за сабой — прыгожая ілюзія, марная надзея. На нашу долю застаецца задача выхавання не густу гледачоў, а густу... пустых крэслаў.

Выхоўваць гледача — гэта значыць уздзейнічаць на яго сілай пачуццяў. А гэта могуць зрабіць толькі тыя творы, якія хвалююць гледача. І па тым, колькі людзей у зале, мы можам меркаваць аб масавасці гэтага ўздзеяння. Хоць лічбы ў мастацтве — не галоўны аргумент, але і іх мы не маем права ігнараваць, бо пры сур’ёзным аналізе лічбы могуць на многае адкрыць нам вочы, у прыватнасці, на тое, што асобныя нашы творы страляюць міма цэлі, не дасягаючы і сотай долі таго, на што мы спадзяваліся. Гэта ж не сакрэт, што са словамі «сучасная опера» ў слухача асацыіруецца паняцце — нецікавая опера. Мы павінны разбурыць гэтае ўяўленне, але не на словах, а на справе. Савецкая опера павінна быць і цікавай, і хвалюючай, і яркай па рэжысёрскаму ўвасабленню. На оперных спектаклях слухач павінен не толькі слухаць спевакоў, але і знаходзіць адказы на шматлікія хвалюючыя пытанні жыцця. Опера мае вельмі вялікія магчымасці ў гэтым плане. Пакуль што яны амаль не выкарыстоўваюцца.

Большая ўвага павінна аддавацца і прапагандзе савецкай оперы. Артыкулы ў друку, выступленні музыказнаўцаў з папулярнымі лекцыямі па радыё, перад моладдзю ў рабочай і студэнцкай аўдыторыі павінны быць пастаяннымі. Шмат чаго можа зрабіць для прапаганды новых оперных спектакляў і разумна арганізаваная рэклама. Добра было б, каб пра кожную прэм’еру загадзя абвяшчалася кідкімі каляровымі афішамі ў самых людных месцах горада, а таксама ў навуковых і навучальных установах, інтэрнатах.

Патрабуе перагляду і рэжысёрская практыка. Старымі прыёмамі новай тэмы не вырашыш. Складанасць рэжысёрскага ўвасаблення «Калючай ружы» ў тым і заключалася, што для яе пастаноўкі былі непрыдатны ранейшыя оперныя сродкі. Рэжысуры шмат давялося папрацаваць, каб знайсці адпаведнае тэме новае мастацкае вырашэнне. І героі адразу ажылі, нават хор перастаў быць статычнай масай. Мы бачым людзей у дзеянні, а не оперны хор, як, напрыклад, у «Ясным світанні». Каму, як не рэжысёрам і крытыкам-музыказнаўцам, у першую чаргу патрэбна было на ўвесь голас загаварыць пра гэта, не баючыся закрануць самалюбства таго ці іншага творчага работніка?

У заключэнне хочацца зрабіць яшчэ адну заўвагу пра артыкул Л. Александроўскай. Я маю на ўвазе тое месца яго, дзе аўтар абвінавачвае дырэкцыю тэатра і пастаноўшчыкаў у тым, што яны «ўключаюць у рэпертуарны план творы, якія не маюць нават сваёй назвы, калі лібрэтыстам яшчэ не напісана ніводнага радка, а кампазітарам — ніводнае ноты. А потым час падганяе, трэба выконваць абяцанні, і ў выніку на сцэне з’яўляецца няспелы твор. Так яно было з «Калючай ружай».

Так з «Калючай ружай» не было. «Калючая ружа» была ўключана ў рэпертуарны план толькі пасля таго, як былі абмеркаваны на пашыраным пасяджэнні мастацкага савета тэатра сумесна з актывам кампазітараў не толькі лібрэта, але і музыка оперы. Прычым абмеркаванне вялося пасля праслухоўвання опернага клавіра ў жывым выкананні салістамі партый. Дарэчы, на гэтым жа абмеркаванні прысутнічала і сама Л. Александроўская.

Неабгрунтаваныя папрокі ёсць і ў іншых месцах артыкула. Чытаючы іх і ўспамінаючы выступленне Л. Александроўскай на з’ездзе кампазітараў, адчуваеш па падтэксце, што яна імкнецца стварыць уражанне, нібыта, калі яна працавала ў тэатры, справы там ішлі лепш, а вось пакінула тэатр — і ўсё пайшло на заняпад. Было б куды лепш, калі б Л. Александроўская выкарыстала свой вопыт не на такія справы. Яе веды і багатыя нагляданні для нас куды даражэйшыя і цікавейшыя, чым асабістая крыўда на некаторых работнікаў тэатра. Творчыя справы павінны быць вышэй за асабістыя інтарэсы.

Да музычнай крытыкі беларускія пісьменнікі маюць нямала прэтэнзій. І галоўная з іх — прэтэнзія на безуважнасць да разгляду таго станоўчага, што зроблена паэтамі рэспублікі ў галіне оперных і балетных лібрэта. Ніводнай сур’ёзнай працы. Пра лібрэтыстаў крытыка ўспамінае толькі тады, калі шукае прычын няўдачы опернага ці балетнага спектакля. Хацелася б, каб і тут становішча змянілася ў лепшы бок.

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 158-164
Крыніца: скан