epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

«А мары, як чайкі, на свой маяк імкнуцца...»

Пісаць пра сябра, з якім не адзін год ідзеш па зямлі Паэзіі, не так ужо і лёгка. І не таму, што зблізку губляецца выразнасць абрысаў і трэба адысціся наводдаль, каб яны лепш табе адкрыліся. Не. Цяжкасць у іншым. Слова гэта — не грунтоўнае даследаванне творчасці паэта, і каб скласці ўяўленне аб ім, давядзецца з мноства жыццёвых фактаў выбраць найбольш характэрныя. І ты не застрахаваны ад таго, што не прапусціш чаго-небудзь істотнага, характэрнага. А за шэсцьдзесят год жыцця пражыта нямала, а перажыта — яшчэ больш.

На долю нашага пакалення, да якога належыць і Аляксей Русецкі, выпала шмат нялёгкіх выпрабаванняў. Юнацтва экзаменавала нас на шчырасць і трываласць, камсамол правяраў на вернасць і адданасць камуністычным ідэалам, Вялікая Айчынная вайна выпрабоўвала нас ужо як камуністаў на мужнасць і гатоўнасць аддаць усяго сябе жаданай Перамозе. На кожным адрэзку часу пазнавалася сваё, і заўсёды — не самым лёгкім чынам.

Засваенне светлых чалавечых ідэалаў пачыналася для Русецкага яшчэ са школьных год, з дня ўступлення ў піянеры.

«Няважна, што хуліганістыя хлопцы нас хапалі за гальштукі,— піша ў сваёй аўтабіяграфіі А. Русецкі.— Поле бою часцей за ўсё пакідалі не мы, піянеры, а яны».

Разам са старэйшымі таварышамі, камсамольцамі, Алёша Бурдзялёў (псеўданім «Русецкі» ён бярэ пазней, калі літаратурная праца стане асноўным заняткам у жыцці) удзельнічае ў пастаноўцы спектакляў як «артыст» і як «паэт» піша для вуснай газеты вершы, у якіх высмейвае самагоншчыкаў, п’яніц, хабарнікаў, бюракратаў.

«Тады я адчуў сілу вершаванага слова. Неўзабаве атрымаў першы «ганарар».

І вось які быў гэты «ганарар».

«У клуб у час рэпетыцыі чарговага спектакля ўварваліся п’яныя бамбізы і надавалі па каркам «артыстам». Мне дасталося больш за ўсіх».

Аднак такая «плата» не збянтэжыла вясковага хлапчука. Наадварот, пераканала ў праваце яго справы, надала сілы для барацьбы з усім варожым у жыцці. Не хапала толькі ведаў. Адчувалася патрэба ў навуцы. І хлопцы ў даматканых світках, не зважаючы на кепікі сынкоў багацеяў, рушылі здабываць веды. Куды ісці вучыцца — было не так важна. Важна было — вучыцца. І Аляксей пасля шостага класа па пуцёўцы райкома камсамола падаецца на трохмесячныя падрыхтоўчыя курсы, заканчвае іх і паступае ў аршанскі Белпедтэхнікум.

Годы, як і падзеі, мяняюцца хутка. Настаўнічаць не давялося. Паехаў у Маскву. Паступіў у зааветінстытут. Закончыў — і адразу на практыку ва Узбекістан.

«Верхам на кані... вандраваў тры месяцы па кішлаках Ферганскай даліны».

А няўрымслівая натура прагла новых прастораў. Ненадоўга затрымаўся і ў Маскоўскім мікрабіялагічным інстытуце. Прывабілі Краснаярскі край і Хакасія. Паехаў працаваць туды. І толькі ў пачатку 1938 года — на Беларусь.

Мірна працаваў тры гады. Пачалася вайна. Разам з натоўпам мінчан праз полымя і дым, пад бамбёжкамі фашысцкіх самалётаў і абстрэлам выбіраецца ён на Маскоўскую магістраль. На душы неспакойна. Цяпер ужо не да вершаў. Рашаецца большае — лёс Радзімы. І як бы ні было горка за першыя ваенныя няўдачы, паэта ні на хвіліну не пакідае вера ў Перамогу. Дзеля яе ён у якасці афіцэра пройдзе доўгія франтавыя дарогі і сустрэне апошні дзень вайны паблізу Рыгі, у Курляндыі. Дадому ў Мінск вернецца толькі ў 1947 годзе, пасля паходу праз высокі Хінган і паўтарагадовай армейскай службы ў Порт-Артуры.

Некалі ў бесклапотныя гады маладосці паэта вабіла рамантыка падарожжаў. Хацелася як мага больш пабачыць свету. Цяпер гэтага свету ён нагледзеўся ўволю. І далёка ад Радзімы, у Порт-Артуры, са шчымлівай тугой адчуў, як яму не хапае роднага паветра.

 

...А мары, як чайкі, на свой маяк

Імкнуцца да ўзгоркаў сініх.

Спытайце, сябры, у карабля, і той,

Што ў бурах ссівеў — бывалы,—

Ён скажа, як хочацца мне шчакой

Да родных прыпасці прычалаў.

 

«Зямля, свет пачынаецца для кожнага з яго незабыўных родных мясцін». Так пачынае Аляксей Русецкі сваю аўтабіяграфію ў кнізе «54 дарогі». Пачаткам «зямлі» і «свету» паэта быў родны Студзянец на Магілёўшчыне, дзе «на ўзлессях стаялі калісьці векавыя дрэвы з борцямі, на супесках улетку цвілі грэчкі і на дне невялікіх рэк чарнелі магутныя дубы, паваленыя даўнімі разводдзямі». Цяпер ён спяшаўся да гэтага «свету», гэтай «зямлі». Спяшаўся, хоць адчуваў — шмат чаго не ўбачыць там. Прыгадваліся першыя дні вайны, палаючы Мінск, здратаваныя танкамі нівы.

 

Чула сэрца маё іх пякучае гора,

ад якога

збавення не знойдзеш і ў сне —

я імчаўся ў разбураны

родны горад,

дзе чакаць не было каму дома мяне.

 

Ехаў, з горам такім не сядзець у закутку,

а гарачыя рукі прыкласці да спраў.

Не кажу, колькі ціха

глынуў я смутку

і начэй недаспаў.

 

Толькі далёкая пара маленства з яе гулкім громам, які перапыняў сны хлапчука на начлезе, абуджала светлыя пачуцці. Успаміналася зялёная Магілёўшчына.

 

Яшчэ ляжыць там шмат маіх падушак —

грудкоў і купін, на якіх я мог

і мармытанне ўчуць начных дарог,

і піск травінкі,

і трызненне птушак.

 

За іх заплачана вялікімі пакутамі на вайне, заплачана крывёю лепшых сяброў. Сумленне франтавіка не магло не аддаць ім належнай пашаны.

 

Вяснянкі-краскі, сядзьце ўсе наўкол,

абвіце ўзгорак жоўты, шэры камень,

няхай пад ім учуюць, як на дол

кладуцца сэрцы нашыя з вянкамі.

 

З пачуццём споўненага сыноўняга абавязку перад Радзімай у маі 1947 года вяртаецца паэт на тую зямлю, якую сніў «без акопаў, пажарышчаў...» У сапраўднасці яна была спярэшчана акопамі, руінамі, пажарышчамі. Давялося расстацца са снамі і прымаць яе такою, якою яна была. Прымаць, каб зрабіць такою, якой бачылася ў сне, а можа, нават крыху лепшай, асветленай промнямі будучыні.

Дзеля будучыні і стараецца паэт. З-пад яго пяра адна за адною выходзяць кнігі паэзіі: «У заўтрашні свет», «Святло акон тваіх», «Усход і Захад», «Служба святла», паэма «Яго Вялікасць...». У іх — пульс яго душы, трывог, роздуму, надзей, хваляванняў.

 

Было нам нялёгка даходзіць да ісцін,—

 

без перабольшання прызнаецца паэт у сваёй паэме-споведзі «Яго Вялікасць...».

 

...Цяпер самому ў залатым масіве

усе агрэхі прыкрыя відны.

Дзе збеднена было жывое схемай,

дзе дні сяўбы зацягваў, марнаваў,

там ёсць і зябер — лютая трава,

што за грахі карае процьмай стрэмак.

Усё сажну, ачышчу каласы

ад пустазелля, каб на гэтай ніве,

хто б ні рабіў у іншыя часы,

без крыўды мог сустрэць свой лепшы жнівень.

 

Гэтай працай з поспехам і займаецца Аляксей Русецкі.

Як і ў кожнага з нас, у яго ёсць свая запаветная мэта.

 

Мне б кнігу напісаць,

каб ад яе, з вітрыны,

пачуўся белы сад

і покліч жураўліны.

 

Што, дарагі дружа, удачы табе ў напісанні гэтай кнігі і традыцыйнага добрага здароўя,— каб усё, што задумана,— здзейснілася.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 258-261
Крыніца: скан